АРХІПАСТЫРСКАЕ КАЛЯДНАЕ ПАСЛАНЬНЕ

posted Jan 6, 2022, 5:39 PM by Belarusian Church   [ updated Jan 6, 2022, 5:40 PM ]

Хрыстос нараджаецца – слаўце,

Хрыстос зь нябёсаў – сустракайце.”

(з Канону сьвята)


Вялебныя сьвятары, і любасныя браты й сёстры ў Хрысьце!


Зноў надыходзіць пачатак гадавога колу, якімі лічым гісторыю чалавецтва, якая, як ведаем, пасьля Нараджэньня Хрыста разьмежавалася на “да” й “пасьля” гэтае падзеі. Бо нарадзіўся Сын Божы, і Ягоны прыход зьмяніў суадносіны чалавека з Богам, прынёс нябачную раней любоў паміж людзьмі, паказаў ім шлях да вечнага жыцьця ўва Ўладарстве Божым, неабходнасьць перавагі духоўнага над матэрыяльным у нашым зямным жыцьці. За дзьве тысячы гадоў Хрысьціянская вера зьмяніла сьвет, дала новыя законы маральныя і дзяржаўныя.

Але далёка ня ўсе прынялі да сэрца вучэньне Хрыста як тады, так і цяпер. Многія з тых, хто на словах вызнае слушнасьць Хрысьціянскага вучэньня, не жывуць паводле яго. Так, у часе згубнае пошасьці каранавіруснае хваробы па ўсім сьвеце, мірны Беларускі народ сутыкнуўся яшчэ і зь нябачнаю хлусьнёю й дзікунствам уладаў Беларусі, якія, узначаленыя самазванцам-ірадам, сталі забойцамі й карацелямі свайго народу. Гэтая незаконная ўлада, якая ёсьць служкаю Крамля, дзейнічае ўсуперак Хрысьціянскіх законаў, яна гатова зьнішчыць наш народ альбо выгнаць яго са сваёй зямлі, зьліквідаваць Беларусь як дзяржаву дзеля захаваньня сябе пры ўладзе. Таму Беларускі народ і паўстаў супраць зла і няволі, за свае нацыянальныя годнасьць і свабоду.

Беларуская Царква, якая існуе ад часоў другое сусьветнае вайны ў Вольным Сьвеце, а на Бацькаўшчыне цяпер – у падпольлі, заўсёды моліцца на Набажэнствах, каб Госпад даў моцную веру й падтрымку пабожнаму Беларускаму народу, асабліва тым, хто цяпер пакутуе ў зьняволеньні й на выгнаньні, хто не зрадзіў Запаветы Божыя і сваіх продкаў, не адступіў ад змаганьня за праўду і не спакусіўся служыць д’ябалу. Узьнясем супольна малітву за Беларускіх змагароў і за іхнія сем’і, і хай каляднікі ў кожным Беларускім памешканьні на Бацькаўшчыне і ў Замежжы павіншуюць ўсіх –


Хрыстос Нарадзіўся! Слаўце Яго!


Зь любасьцю й малітвамі,

Сьвятаслаў,

Архіяпіскап Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы.

Каляды 2021 / 2022 лета Божага.