Вялебныя айцы і любасныя браты й сёстры ў Хрысьце! Штогод сьвяткуюем Каляды і не перастаем зьдзіўляцца цуду нараджэньня Сына Божага, аднаго з трох асобаў Прасьвятое Тройцы, ад Духа Сьвятога і Марыі Дзевы, успрымаючы гэта як прыйсьце Божага збаўленьня людзям. Сьвята гэтае ўказвае нам на сувязь бачнага матэрыяльнага сьвету зь нябачным духоўным. Нацыянальныя традыцыі ягонага сьвяткаваньня робяць гэтую гістарычную падзею сучаснаю для нас.
І праз дзьве тысячы гадоў можам убачыць схожыя падзеі і схожых персанажаў. Як пасьля Хрыстовага Нараджэньня цар Ірад забіваў немаўлятаў, баючыся згубіць уладу, так і сёньняшні ірад забівае дзяцей Беларусі. Забойствы дзетак успамінаюцца ў Евангельлі каб мы разумелі бязьлітаснасьць граху, дзеля перамогі над якім і прыйшоў на зямлю Сын Божы. У часы ганеньняў нашае веры хрысьціянаў катавалі прылюдна, каб іншыя баяліся прымаць праўдзівую веру, якая робіць чалавека вольным ад улады граху над ім. Схожа паступае й цяперашняя ўлада на нашай Радзіме. Але Хрысьціянства вытрымала цяжкія пакуты, бо яно прынесла ў сьвет нябачную раней любоў паміж людзьмі, якая ёсьць падмуркам цяперашніх маральных і дзяржаўных законаў у вольных разьвінутых краінах.
Перад намі, як і перад сучасьнікамі Нараджэньня Хрыстовага, ляжыць выбар – прымаем мы да свайго сэрца Хрыста альбо адпрэчваем Яго, і тады адпаведна – змагаемся са злом альбо ўпакорваемся злу. Такі выбар ёсьць найбольшай адказнасьцю ў нашым жыцьці. Чуем часам ад сьвятароў пра неабходнасьць, дзеля прымірэньня ў супольстве, пакаяньня, але яно ў першую чаргу неабходна ўладзе, якая адкрыта парушае законы Божыя і дзяржаўныя. Царква сёньня змушана ня толькі маліцца за здароўе зьняволеных і адпяваць забітых мірных суайчыньнікаў, але й выказаць сваё бачаньне сучасных падзеяў у Беларусі паводле Хрыстовага вучэньня, якое прапаведвае. Але здараецца, калі й сьвятараслужбоўцы, прыкрываючыся Хрысьціянствам, служаць бязбожным уладам. Людзі, якія прынялі да свайго сэрца Хрысьціянскую веру, разумеюць і адчуваюць, што ёсьць ад Бога, а што – ад д’ябла. Беларусь ва ўсе часы мела сыноў і дачок, якія змагаліся са злом, часам аддаючы жыцьцё за свой народ, яны ўвайшлі ў гісторыю нашае нацыі як праўднікі, якія атрымалі пашану людзей на зямлі і ўзнагароду ад Госпада ў нябёсах.
Няхай нашая вера ў Госпада Ісуса Хрыста змацоўвае нас у змаганьні за праўду і ў любові да блізкіх, асабліва ў сучасных выпрабаваньнях, і хай Калядная зорка ўказвае нам шлях да нацыянальнае згоды й да Ўладарства Божага. Зычу ўсім, каб у Новым годзе, замест ірада, які мае страх і гнеў, Беларусь атрымала сапраўднага пабожнага дзяржаўнага Гаспадара, які б служыў свайму народу, кіруючыся Божымі Запаветамі, і каб каляднікі прыходзілі да кожнага беларускага памешканьня на Бацькаўшчыне і ў Замежжы, віншуючы ўсіх – Хрыстос Нарадзіўся ! Слаўце Яго !
Зь любасьцю й малітвамі, ☨Сьвятаслаў, Архіяпіскап Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы. Каляды 2020 / 2021 лета Божага. |
Навіны - Галоўная >