АРХІПАСТЫРСКАЕ КАЛЯДНАЕ ПАСЛАНЬНЕ

posted Jan 5, 2020, 12:23 PM by Belarusian Church   [ updated Jan 5, 2020, 12:28 PM ]

Ня хлебам адньм будзе жыць чалавек,

а ўсякім словам, якое зыходзіць з вуснаў Божых.”

(Дабравесьце паводле Мацея IV.4)


Вялебныя айцы і любыя браты й сёстры ў Хрысьце !


Штогод, сьвяткуючы сьвята Нараджэньня Хрыстовага – Каляды, не перастаем дзівіцца цуду нараджэньня Сына Божага, аднаго з трох асобаў Прасьвятое Тройцы, ад Духа Сьвятога і Марыі Дзевы. Успрымаем гэтую гістарычную падзею як прыйсьце Божага збаўленьня людзям. Сьвята гэтае ўказвае нам на сувязь бачнага матэрыяльнага сьвету зь нябачным духоўным. Госпад нараджаецца, узяўшы на Сабе чалавечае цела, каб далучыць нас да Божае прыроды. Прыход Сына Божага быў прадказаны праз прарокаў ды чаканы. Мэта прыходу Месіі – звальненьне людзей ад граху і ад улады сьмерці, каб мы мелі жыцьцё вечнае й дасягнулі Ўладарства Божага. Хрыстос не зьмяніў запаветы Божыя, раней дадзеныя людзям з вышыні, але прынёс любоў і роўнасьць паміж людзьмі. Калі чалавек жыве паводле Боскіх законаў, то ў зямным жыцьці заўсёды змагаецца са злом, найперш – у сваёй душы. Сьвятое Пісьмо вучыць нас, каб мы ў Бозе багацелі й духоўна ўзрасталі. Ня бачачы Госпада, вера чалавека ў Бога выяўляецца ў любові да блізкіх, якіх бачым штодзённа, і даказваецца нашымі справамі. Прыкладам нам ёсьць нашыя славутыя продкі, якія баранілі Радзіму, сярод якіх – і беларускія паўстанцы, што аддавалі жыцьцё за свой паняволены народ, так і нашыя сучасьнікі – змагары, якія цяпер пакутуюць у зьняволеньні. Яны ўсе – праўднікі, якія атрымаюць пашану людзей на зямлі і ўзнагароду ад Госпада ў нябёсах.

Няхай нашая вера ў Госпада Ісуса Хрыста змацоўвае нас у змаганьні за праўду і ў любові да свайго народу, асабліва ў часе сучасных выпрабаваньняў і пагрозаў падальшага існаваньня Беларускае нацыі і ейнае дзяржаўнасьці. І каб наступныя пакаленьні штогод у гэтыя сьвяточныя дні радасна віталі адзін аднаго віншаваньнем, вядомым зь дзяцінства беларусам на Бацькаўшчыне і ў Замежжы:


Хрыстос Нарадзіўся ! Слаўце Яго !


Зь любасьцю й малітвамі,

Сьвятаслаў,

Архіяпіскап Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы.

Каляды 2019 / 2020 л.Б.

Катэдра сьв. Кірылы Тураўскага, г. Нью Ёрк, ЗША; www.belapc.org