АРХІПАСТЫРСКАЕ КАЛЯДНАЕ ПАСЛАНЬНЕ

posted Jan 6, 2018, 8:11 PM by Belarusian Church

Хрыстова Раджэньне, Хрыстова Раджэньне –

людзям збаўленьне, людзям збаўленьне ...”

(Беларуская калядка)


Любыя браты і сёстры ў Хрысьце !

Болей за дзьве тысячы гадоў таму адбылася падзея, якая падзяліла гісторыю чалавецтва на час да і пасьля Нараджэньня Ісуса Хрыста – цуда прыходу Сына Божага, аднаго з трох асобаў Прасьвятое Тройцы, на Зямлю дзеля збаўленьня ўсіх людзей. Ён, Сьвятое Дзіцятка, у яслях зволіў ляжаць, і зоркаю быў пазначаны, як Творца зорак. Нават хрысьціянам не цалкам зразумелая тайна беззаганнага зачацьця і нараджэньня Дзевай Марыяй Сына Божага, хаця пра гэта пісалі прарокі за стагодзьдзі да прыходу Месіі. Але гэтае вялікае сьвята, званае ў Беларускім народзе – Калядамі, паказвае нам, што бачны матэрыяльны сьвет мае сувязь зь нябачным духоўным сьветам.

Хрыстова вучэньне прынясло любоў і роўнасьць паміж людзьмі. На Законах Божых грунтуюцца законы маральныя і дзяржаўныя цывілізаванага сьвету. Калі б усе, хто сьвяткуе Нараджэньне Хрыстовае, яшчэ б і жылі па Запаветах Божых, то ў сьвеце было б значна меней зла й хлусьні, і значна болей павагі й любові.

Беларуская Царква заўсёды моліцца за свой Беларускі народ, каб ён будаваў сваё нацыянальнае жыцьцё на падмурках Хрысьціянства, стаўся народам сьвятым, сьцьвяржаўся ў вечнасьці і сваё пасланства выканаў.

Жадаю ўсім беларусам, якія жывуць на Бацькаўшчыне і ў Замежжы, вясёлых Калядаў і шчодрага новага 2018 года ад Нараджэньня Хрыстовага, і Ласкі Божае для вас і вашых блізкіх. І каб радасна й шчыра віншавалі адзін аднаго:

Хрыстос Нарадзіўся ! Слаўце Яго !


Зь любасьцю й малітвамі,

+ Сьвятаслаў,

Архіяпіскап Наваградзкі, Першаярарх

Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы.


Каляды 2017 / 2018 л.Б.

Катэдра сьв. Кірылы Тураўскага, г. Нью Ёрк, ЗША; www.belapc.org

Comments