“Перадусім, на тое мы й Хрысьціяне, ведаючы ўсе навукі быцьця, якое мінае, патрабуем рэчы вечнае – Духоўнага збаўленьня.” (Пранцішак Скарына, перадмова да ўсяе Бібліі, 1517г.)
Любыя браты і сёстры ў Хрысьце ! Ізноў мы сьвяткуем Нараджэньне Хрыстовае – сьвята прыходу ў чалавечым целе на Зямлю Сына Божага, другое асобы Прасьвятое Тройцы. За дзьве тысячы гадоў, якія мінулі ад гэтае гістарычнае падзеі, чалавецтва матэрыяльна вельмі разьвінулася ў навуцы, тэхніцы й дабрабыце, але духоўныя праблемы засталіся – нянавісьць, войны, захоп чужых земляў... Гэта значыць, што навука Ісуса Хрыста і шлях, які Ён указаў людзям, ёсьць сёньня і будуць заўсёды вельмі актуальнымі для ўсіх нас. Таму кожны год сустракаем Каляды ўрачыста й радасна, з надзеяй на перамогу Хрыстовае любові, якую Ён прынёс людзям, каб яны дасягнулі Ўладарства Божага, якое Ён прапаведваў. Беларускі народ, які далучыўся да Хрысьціянства болей тысячы гадоў таму, а пяцьсот год таму выдаў Біблію на роднай мове, на працягу свае вялікае гісторыі ня толькі пабожна цярпеў нягоды у часы акупацыі заходнімі ці ўсходнімі суседамі, але й заўсёды жыў праўдна, змагаючыся за сваю тоеснасьць. А сіла і сьвятасьць – у праўднасьці. Таму з Божаю дапамогаю народ выстаяў, захаваўшы свой край і аднавіўшы сваю дзяржаву. Цяпер таксамака адчуваем небясьпеку дзяржаўнасьці Беларусі ад бязбожнага ўсходняга суседа, таму асабліва за змагароў за яе волю й незалежнасьць моліцца Беларуская Царква, таксама – за ўсіх беларусаў, якія жывуць на Бацькаўшчыне і ў Замежжы, просячы ў Госпада міру сваім суайчыньнікам у новым 2017 годзе, каб захоўваў нашу Бацькаўшчыну ад нашэсьця чужынцаў. Няхай жа Бэтлеемская Зорка зьзяе на Калядных ялінках у кожнай хатцы ў гэтыя сьвяточныя дні, і ў сэрцах і душах кожнага чалавека – няспынна на працягу ўсяго ягонага жыцьця. Хрыстос нарадзіўся ! Слаўце Яго !
Зь любасьцю й малітвамі, + Сьвятаслаў, Архіяпіскап Наваградзкі, Першаярарх Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы.
Каляды 2016 / 2017 л.Б. |
Навіны - Галоўная >