А Н А Ф Е М А Аляксандру Лукашэнку

posted Nov 22, 2020, 2:20 PM by Belarusian Church   [ updated Nov 22, 2020, 2:30 PM ]

А Н А Ф Е М А

былому прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку, які творыць беззаконьні, перасьледвае й забівае праваслаўных і іншых мірных хрысьціянаў за праўду ў Беларусі.


Выгалашана на сьвятой Літургіі ў нядзелю 9 (с.ст.) / 22 (н.ст.) лістапада 2020 г. з амбону Беларускае праваслаўнае царквы сьв. Кірылы Тураўскага ў г. Таронта, Канада.

----------------------------------------------------------------------------------------------------


АРХІПАСТЫРСКАЕ ПАСЛАНЬНЕ

АБ АБВЯШЧЭНЬНІ АНАФЕМЫ БЫЛОМУ ПРЭЗІДЭНТУ АЛЯКСАНДРУ ЛУКАШЭНКУ – ДЫКТАТАРУ, ЗАБОЙЦЫ Й МУЧЫЦЕЛЮ НАРОДА ПАБОЖНАГА БЕЛАРУСКАГА.


Пастырам і вернікам Праваслаўнае Царквы Беларускае

і ўсяму пабожнаму народу Беларускаму.


Бог міру бразьне сатану пад ногі вашыя неўзабаве.

Мілата Госпада нашага Ісуса Хрыста з вамі! Амін.”

(пасланьне ап. Паўла да Рымлянаў, 16:20)


Любыя браты й сёстры ў Хрысьце!


Пабожны Беларускі народ трапіў цяпер у цяжкі час, калі паводле загаду самазванца – быўшага прэзідэнта А.Лукашэнкі, апантанага д’яблам, дзяцей нашых забіваюць і зьдзекуюцца з братоў і сёстраў нашых. Гэты кат і ягоныя хаўрусьнікі чыняць крывавыя расправы над мірнымі людзьмі на вуліцах і ў турмах у сталічным Менску і ў розных гарадох шматпакутнае Беларусі, услаўляючы й працягваючы багаборніцкую палітыку бальшавікоў, адкрыта парушаюць Запаветы Божыя, разбураюць памятныя мемарыялы супачылых. І гэтыя гвалт і зьневажаньне права й законнасьці адбываюцца пры падтрымцы ўсходняга суседа Беларусі, які называе сябе “праваслаўным” і “старшым братам”, але ўвесь цывілізаваны сьвет падтрымоўвае змаганьне Беларускае нацыі за свае правы.

Царква – установа духоўная й непалітычная, навучаючы паству змагацца за праўду, ня можа проста назіраць за генацыдам Беларусаў, а павінна, паводле Сьвятога вучэньня Хрыстовага, быць сумленьнем свайго народу, што прымушае нас выгаласіць наступнае:


Уладаю, дадзенаю Нам ад Бога, адлучаем ад Сьвятое Праваслаўнае Царквы і абвяшчаем Анафему быўшаму прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку, які хоць і носіць імя хрысьціянскае і толькі па нараджэньню належыць да Царквы Праваслаўнае, забараняем прыступаць яму да Тайнаў Хрыстовых, ўспамінаць яго ў Праваслаўных Набажэнствах і малітвах да поўнага ягонага пакаяньня перад Царквою і народам Беларускім. Заклікаем тых, хто яшчэ служыць ягонай сатанінскай уладзе, не выконваць злачынные загады, бо інакш чакаюць вас пракляцьце нашчадкаў у жыцьці зямным і пекла – у жыцьці нябесным.

Молімся за здароўе параненых і зьняволеных, і за супакой забітых мірных пратэстоўцаў – абаронцаў Беларусі, чые пакуты і ахвяры – не дарэмныя, яны надхняюць суайчыньнікаў на супраціў злу і хлусьне дзеля дабра, дзеля свабоды й незалежнасьці нашае Бацькаўшчыны.

Вораг наш – д’ябал будзе пасаромлены й разьвеюцца прыбечнікі ягоныя сілаю крыжа Хрыстовага. Дабраслаў, Божа, народ Беларускі, і пазбаў усіх нас ад ліхога. Амін.


Зь любасьцю й малітвамі,

сьмірэнны Сьвятаслаў, Архіяпіскап Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы

лістапад 9/22 дня 2020 лета Божага ад Н.Х.,

царква сьв. Кірылы Тураўскага ў г. Таронта, Антарыё, Канада.

Comments