Галоўная - Навіны / Home - News
Катэдральны Сабор / Cathedral
Парахвіі / Parishes
Кансысторыя / Consistory

Каляндар / Calendar
Літаратура / Literature
Імёны / Names
Кантакт / Contacts
Іншыя Цэрквы / Other Churches
Спасылкі / References

Навіны - Галоўная

Калядная Ялінка ў Нью Ёрку й Таронта

posted Jan 14, 2012 5:19 PM by Belarusian Church   [ updated Jan 14, 2012 5:29 PM ]

У храмах БАПЦ прайшлі набажэнствы на сьвята Нараджэньня Хрыстовага. Паводле традыцыі ў часе Сьвятак (7-17 студзеня) парафіі супольна з Беларускімі таварыствамі ладзяць сьвяткаваньні Калядаў.

У нядзелю 8 студзеня 2012 г. пасьля багаслужбаў у цэрквах, у Парафіяльных Залях Катэдральнага Сабору Сьв. Кірылы Тураўскага ў Нью Ёрку і царквы Сьв. Кірылы Тураўскага ў Таронце былі праведзены Калядныя Ялінкі для дзетак і іхных бацькоў. Гэтыя два гарады з ваколіцамі ёсьць найбольшымі цэнтрамі Беларускай Эміграцыі ў Паўночнай Амерыцы. На сьвяткаваньнях дзеці з бацькамі сьпявалі беларускія Калядкі, вадзілі карагоды, гулялі ў гульні, атрымоўвалі падарункі ад Сьвятога Мікалая.

Сьяткаваньне Калядаў у Кафедральным Саборы БАПЦ у Нью Ёрку


Дзеткі адгадваюць загадкі на сьвяце ў Таронта

АРХІПАСТЫРСКАЕ КАЛЯДНАЕ ВІТАНЬНЕ

posted Jan 6, 2012 3:18 PM by Belarusian Church

Ня бойцеся (Лк.2:10), з намі Бог (Мц.1:23)

Дарагія Айцы, Браты і Сёстры! Хрыстос Нараджаецца, слаўце!

У гэты сьвяты радасны дзень чалавецтва ўжо трэцяе тысячагодзьдзе штогод цешыцца Добраю Весткаю — Хрыстос нараджаецца!

Ён нараджаецца і сёньня ў сэрцах людзей, якія ў шчырасьці прыходзяць да Яго. Госпад нараджаецца, узяўшы на сябе чалавечае цела, каб далучыць нас да Божай прыроды. Сам Бог прыйшоў у сьвет людзей, каб прынесьці Сьвятло Нябеснае ў цемру жыцьця людзкога ды вызваліць усіх з палону грахоў. Таму Нараджэньне Хрыстовае — гэта вялікае, слаўнае ды радаснае сьвята для ўсіх нас, сьвята Сусьвету.

Сапраўды падзея Нараджэньня Хрыстовага зьмяніла назаўсёды рух гісторыі. "Дзеля нас нарадзілася Дзіцятка малое — спрадвечны Бог" (кандак ютрані). "Дзеля нас Ён прыйшоў, каб узьняць сваіх сыноў, што ўпалі. Той, што жыве ў сьвятле, не зважаючы на сваю веліч, паклаўся ў ясьлі дзеля збаўленьня людзей" (ютрань, песьня 6).

Прыход Хрыста на зямлю быў абвешчаны праз прарокаў ды чаканы. Пра Нараджэньне Бога апавясьцілі людзям урачыстым сьпевам Анёлы Божыя і Зорка на небе. Разам з тым мы ведаем, якія пакуты спатыкалі Яго ўжо зь першых дзён нараджэньня. Сын Божы, Уладар Сьвету, нарадзіўся ў цёмнай пячоры ў ваколіцах гораду, бо, калі Сьвятой Маці Божай надышоў час радзіць, не знайшлося ўва ўсім Бэтлееме іншага прыпынішча. І вось у гэтай пячоры, далёка ад якіх-небудзь умоў, у атачэньні жывёлін, бяз хатняга ды сямейнага камфорту адбыўся цуд — Хрыстос нарадзіўся.

Такая рэчаіснасьць сьведчыць пра прыярытэтнасьць жыцьця духоўнага, а ўсё іншае — слава, багацьце — усё гэта часовае, менш каштоўнае у вачах Божых.

Той, прывітаць якога зьявілася з Анёлам шматлікае войска нябеснае (Лк. 2:13), ад самага нараджэньня стае "палітычным уцекачом", бо сьвяты Язэп і Марыя Маці Божая змушаны былі пакінуць бацькаўшчыну і выехаць з Бэтлеему ў Эгіпет дзеля ўратаваньня жыцьця Дзіцяці. Бо тымі днямі 14 тысячаў немаўлят-хлопчыкаў было забіта на загад Ірада ў ягонай апантанай барацьбе, каб зьберагчы царскую ўладу. Яны сталі першымі пакутнікамі, забітымі за Хрыста.

Разважаючы над гэтымі эпізодамі з гісторыі Божага Нараджэньня, можна ўбачыць падобныя матывы і ў гісторыі шматпакутнага беларускага народу. Асабліва за апошнія два стагодзьдзі: нацыянальна-вызвольная барацьба, войны ХХ стагодзьдзя, чырвоны камбайн сьмерці ды няволі, сёньняшні цяжкі ды надзвычайна адказны час.

Таксама сотні тысячаў сыноў і дачок беларускага народу вымушаныя ратаваць сваё жыцьцё ды годнасьць у замежжы, ратаваць сваіх дзетак ад нацыянальнай дэградацыі, што роўна зьнішчэньню народу, падобна да біблійных уцекачоў і выгнаньнікаў. Знайсьці бясьпеку, родную царкву, мову, гісторыю, годнасьць і гонар быць беларусамі, каб зноў і зноў з новымі пакаленьнямі беларусаў станавіцца ў авангард нацыянальна-вызвольнай барацьбы беларускага народу. Барацьбы за вызваленьне ад няволі граху, ад нявольніцкай псыхалёгіі, ад духу абыякавасьці ды крывадушнасьці, ад няволі...

Любыя праз Хрыста Айцы, Браты і Сёстры!

У гэты радасны калядны час узьнімем нашыя малітвы да Ўсёмагутнага Госпада за ўвесь беларускі народ, каб Ён умацаваў усіх нас Духам Сваім Сьвятым, асабліва за зьняволеных і тых, хто ў турмах пакутуе, братоў і сёстраў нашых, каб наведаў іх Госпад ды падтрымаў, за тых, хто пакутуе ды цяжка працуе, адлучаны ад сваіх родных, за хворых, за здароўе усіх, хто патрабуе нашай малітвы ды падтрымкі.

Няхай Нованароджаны Хрыстос шчодра нас усіх дабраславіць мудрасьцю, любоўю, шчасьцем, якімі былі напоўненыя душы пастушкоў ды мудрацоў, што прыйшлі ў свой час да Бога.

У гэты слаўны час ад шчырага сэрца і радаснае душы вітаю ўсіх вас, дарагія Айцы, Браты і Сёстры, зь вялікім сьвятам Нараджэньня Хрыстовага і новым 2012 годам!

Няхай Нованароджаны ў Бэтлееме Збавец наш Ісус Хрыстос дабраславіць усіх людзей добрай волі.

Хрыстос нараджаецца: слаўце Яго!

Студзень 2012

Сабор япіскапаў Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы

ВІНШАВАНЬНЕ І ПАРАДАК БОГАСЛУЖБАЎ У НЬЮ ЁРКУ

posted Dec 30, 2011 5:26 PM by Belarusian Church   [ updated Jan 14, 2012 1:57 PM ]

Паважанае Спадарства!
Парафіяльная Рада і Духавенства Катэдральнага Сабору Сьвятога Кірылы Тураўскага Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы
віншуюць вас са сьвятам Нараджэньня Хрыстовага — Калядамі. Жадаюць усім Божага дабраславеньня, шчасьця, вясёлых сьвятаў у Новым 2012-м годзе!

Запрашаем да царквы на набажэнствы у Студзені — 2012 г.:

6 — пятніца — Сьвяты Вечар.
09:00 вечара — Усяночная служба.
10:30 вечара — Архіярейская Літургія. Нараджэньне Госпада нашага Ісуса Хрыста.

7 — субота — Нараджэньне Госпада нашага Ісуса Хрыста — Каляды.
06:00 вечара — Усяночная служба.

8 — нядзеля — Усхваленьне Багародзіцы.
10:00 раніцы — Літургія.
12:00 дня — калядная ялінка для дзяцей.

13 — пятніца — Адвітаньне сьвята Хрыстовага Нараджэньня.
06:00 вечара — Усяночная служба.

14 — субота — Абрэзаньне Госпадавае. Сьвятога Васіля Вялікага
10:00 раніцы — Літургія.
06:00 вечара — Усяночная служба.

15 — нядзеля — Нядзеля перад Вадохрышчам.
10:00 раніцы — Літургія.

18 — серада — Надвячэр'е Богааб'яўленьня.
06:00 вечара — Усяночная служба. Вялікае асьвячэньне вады.

19 — чацьвер — Богааб'яўленьне. Вадохрышча.
10:00 раніцы — Літургія. Вялікае асьвячэньне вады.

Наведваньне сьвятаром сем'яў у час калядных сьвятаў (з 7 па 17 студзеня) ды абыход са сьвянцонай вадой памяшканьняў у г. Нью Ёрку і ваколіцах (з 19 па 27 студзеня) — па запросінах вернікаў.

ST CYRIL OF TURAU CATHEDRAL, 401 ATLANTIC AVE, BROOKLYN NY 11217, USA
+1 (347) 440-5431, +1 (718) 858-2435, www.belapc.org

Угодкі Слуцкага Збройнага Чыну

posted Dec 5, 2011 7:59 PM by Belarusian Church

Вернікі БАПЦ з суполкі Сьвятой Афрасіні Полацкае на чале з айцом Леванідам прынялі ўдзел у сьвяткаваньні 91-х угодкаў Слуцкага Збройнага Чыну. Зладзілі ж гэтыя ўрачыстасьці прадстаўнікі розных патрыятычных рухаў, канфесій і дэмакратычных партый Беларусі-Літвы. Удзельнікі сьвята на трох аўтобусах адведалі вёскі Грозава, Семежава і Вызну, гарады Слуцак і Старыя Дарогі, дзе ёсьць адпаведныя знакі -- памятныя крыжы і мемарыяльныя дошкі ў гонар Слуцкіх Змагароў за сваю Беларускую Народную Рэспубліку.


У Слуцку адбыўся агульны мітынг пад бела-чырвона-белымі сьцягамі з прамовамі і сьпевамі, рэй у якім вялі кіраўнікі Кансерватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ. А маладыя хлопцы і дзяўчаты прынялі прысягу сябра "Маладога Фронту" на вернасьць Госпаду Богу, Айчыне і БНФ. Айцец Леванід дабраславіў і асяніў крыжом сучасных юных змагароў і прамовіў малітву за ўвесь Беларускі (Літоўскі) Народ.


А на самым пачатку ўрачыстых акцыяў яшчэ ў Грозаве, ля старога мемарыяльнага крыжа па слуцкіх змагарах, а. Леванід зачытаў Зварот Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы з нагоды ўгодкаў Слуцкага Збройнага Чыну. Ува ўсіх вышэй названых памятных мясцінах Слуцкага Збройнага Фронту БНР спраўляліся а. Леванідам ці то ліція , ці то малітва за палеглых у баі або забітых бальшавікамі слуцкіх паўстанцах-змагарах за Бацькаўшчыну, ці то заўпакойная малітва, асьвячаліся крыжы...


У Старых Дарогах, на сядзібе-Музеі нябожчыка Анатоля Белага, таксама, як і ў іншых мясьцінах, да памятных знакаў у гонар Слуцкага Збройнага Чыну ўскладваліся кветкі і вянкі, запальваліся зьнічы... Удзельнікі старадароскай акцыі памянулі нядаўна супачылага і тут пахаванага сьветлай памяці Анатоля Белага, які ў сваім доме-музеі заўсёды гасцінна прымаў у зладжаным сумесным застоллі ўсіх удзельнікаў-вандроўнікаў па гераічным Слуцкім Збройным Чыне.


Ува ўсіх адведаных мясцінах Слуцкага Збройнага Чыну на заканчэньні сьпявалі наш царкоўны гімн "Магутны Божа", а таксама " Мы выйдзем шчыльнымі радамі" ды іншыя хваласьпевы на знак павагі і ўдзячнасьці слуцкім змагарам пад кіраўніцтвам слаўнага барда і экскурсавода па мясцнінах Слуцкага Збройнага Фронту БНР Аляксея Галіча.

Здымкі: Juras Navicki

Пастанова Рады БАПЦ

posted Nov 13, 2011 4:58 PM by Belarusian Church


29 (16) кастрычніка 2011 г. у Катэдральным Саборы Сьв. Кірылы Тураўскага ў Нью Ёрку адбылося паседжаньне Рады БАПЦ, якая (зь ініцыятывы Сабору Япіскапаў і Кансысторыі БАПЦ) пастанавіла склікаць Царкоўны Сабор Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы 21-22 (8-9 ст.ст.) ліпеня 2012 году ў Катэдральным Саборы Сьв. Кірылы Тураўскага ў Нью Ёрку, ЗША.

(Адрас: St. Cyril of Turau Cathedral, 401 Atlantic Ave, Brooklyn, NY, USA)

Правядзеньне Царкоўнага Сабору будзе прысьвечана юбілею абвешчаньня Аўтакефаліі Беларускае Праваслаўнае Царквы : 
- 90-годдзю – на Царкоўным Саборы ў г. Менску (23 ліпеня 1922 г.) 
- 70-годдзю – на Ўсебеларускім Праваслаўным Саборы ў г. Менску (30 жніўня – 2 верасьня 1942 г.).

Дадатковую інфармацыю Кансысторыя дашле ўсім Парахвіям БАПЦ.

Ліція і малітва ў Курапатах

posted Nov 8, 2011 6:14 PM by Belarusian Church

30 кастрычніка 2011 г. ў нядзелю вернікі суполкі Сьвятой Афрасіньні Полацкай зь Менску прынялі ўдзел ў масавым шэсьці апазіцыі з цэнтру сталіцы ў Курапацкі лес да магілаў расстраляных бальшавікамі тысячаў людзей. Калона была хораша аздоблена бела-чырвона-белымі сьцягамі, транспарантамі з словамі ДЗЯДЫ... Маніфестанты несьлі ў Курапаты новыя крыжы, каб іх усталяваць у месцах масавых расстрэлаў бязбожнікамі бязьвінных ахвяраў сталінізму. Пасьля мітынгу на курапацкай Галгофе ля вялікіх трох Крыжоў сьвятар БАПЦ ярэй Леанід Акаловіч справіў Ліцію па загінулых тут пакутніках і Малітву за ўсіх рэпрэсаваных і нявінна забітых у 30-х - 50-х гадох ХХ ст. пры сталінскім рэжыме.



Асьвячэньне крыжоў у Курапатах 30.10.2011

Затым айцец Леанід сказаў слова пра рэпрэсіі тагачаснай бязбожнай улады над сваімі мірнымі суайчыньнікамі, пра тысячы расстраляных, а пасля сьмерці дэспата-Сталіна рэабілітаваных як нявінных...
На заканчэньне памінаньня Дзядоў - курапацкіх пакутнікаў а. Леанід асьвяціў дзясяткі новаўсталяваных сёньня й крыху раней крыжоў на месцах расстрэлаў і пахаваньня людзей Божых розных нацыяў, прафесіяў і станаў... Каля галгофскіх вялікіх крыжоў, ля памятнага каменя-валуна і многіх іншых крыжоў гарэлі лямпады-сьвечкі і ляглі жывыя кветкі..

.

Асьвячэньне крыжоў у Курапатах 30.10.2011

Паломніцтва ў Чарнігаў

posted Sep 19, 2011 7:19 AM by Belarusian Church   [ updated Sep 19, 2011 7:45 PM ]

3-4 верасьня 2011 г. вернікі рэлігійнае Грамады Сьв. Афрасіньні Полацкае г. Менска БАПЦ зьдзейсьнілі паломніцтва ў старажытны горад Чарнігаў (Украіна), дзе адведалі шмат праваслаўных сьвятыняў, сярод якіх – пяць вельмі старажытных храмаў (ХІ – ХІІ ст.ст.), “Антоніевы пячоры” і іншыя манастыры, а таксама магілу беларускага япіскапа Германа (хіратанізаванага ў часе Другое сусьветнае вайны).
 
Айцец Леанід Акаловіч прыняў удзел у набажэнствах у адным з велічных чарнігаўскіх храмаў, дзе паломнікі зь Беларусі спавядаліся і прынялі сьвятое прычасьце. На Бацькаўшчыне багаслужбы ў Грамадах БАПЦ ня ёсьць такімі ўрачыстымі з-за таго, што ўлады Беларусі адмаўляюцца іх рэгістраваць і вернікі Беларускае Царквы пазбаўлены права вольна спавядаць веру сваіх продкаў.


Паломнікі ў манастыры "Антоніевы пячоры"

Гуманітарная дапамога для Нясьвіжскага дому-інтэрнату

posted Aug 31, 2011 7:54 PM by Belarusian Church   [ updated Aug 31, 2011 8:03 PM ]

22 жніўня 2011 г. дэлегацыя Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы перадала гуманітарную дапамогу Нясвіжскаму дому-інтэрнату для састарэлых і інвалідаў, які знаходзіцца ў вёсцы Асмолава Нясьвіжскага раёну Менскае вобласьці, Беларусь. Сьвятары і вернікі БАПЦ азнаёміліся з умовамі жыцьця насельнікаў інтэрнату, якіх там знаходзіцца каля 230 чалавек. 


У актавай зале Ўладыка Сьвятаслаў і а.Леанід супольна з вернікамі рэлігійнае Грамады Сьв. Еўпрасіньні Полацкае г. Менску (якой пакуль адмоўляюць ў рэгістрацыі) і прысутнымі насельнікамі і персаналам адслужылі Малебен за Беларускі Народ. Пасьля чаго сьвятары сказалі словы да прысутных.

Кошты на гэтую дапамогу сабрала Парафія Сьв. Кірылы Тураўскага БАПЦ г. Таронта (Канада).

20 – годдзе Незалежнасьці Беларусі

posted Aug 31, 2011 7:53 PM by Belarusian Church

25 жнівеня 2011 г. выпаўнілася 20 гадоў наданьня Дэклярацыі аб сувэрэнітэце Беларусі статусу канстытуцыйнага закону. З гэтае нагоды ў г. Кіеве (Украіна) каля помніку Т.Шаўчэнку прайшоў сьвяточны мітынг, на пачатку якога ўладыка Сьвятаслаў, кіруючы япіскап Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы, прачытаў па-беларуску Госпадаву малітву “Ойча наш” і дабраславіў сьвяточны сход. На мітынгу выступалі беларускія і ўкраінскія палітычныя дзеячы, у тым ліку дэпутаты Вярхоўнае Рады Ўкраіны. Таксама выступалі беларускія і ўкраінскія сьпевакі, гучаў гімн “Магутны Божа”.

Ушанаваньне ахвяраў Катыні

posted Aug 31, 2011 7:43 PM by Belarusian Church   [ updated Aug 31, 2011 8:03 PM ]

23 жніўня 2011 г. вернікі рэлігійнае Грамады Сьв. Еўпрасіньні Полацке г.Менску Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы прынялі ўдзел у паездцы дэлегацыі зь Беларусі да мемарыялу ахвяраў сталінскага рэжыму, які знаходзіцца каля вёскі Катынь на Смаленшчыне, дзе пахаваныя тысячы афіцэраў Польскае арміі, растраляных вясной 1940 г. Часткаю гэтых ахвяраў ёсьць і беларусы, якія ваявалі ў Польскай арміі. 


Япіскап Сьвятаслаў і а. Леанід Акаловіч адслужылі Ліцію за супакой растраляных камуністычным савецкім рэжымам на так званым “польскім” баку мемарыялу. Таксама была адслужаная засупакойная Ліція на “савецкім” баку мемарыялу, дзе безназоўнымі ляжаць растраляныя ў 1920 – 30-х г.г. жыхары Смаленшчыны, якая ў большасьці ёсьць беларускай этнічнай тэрыторыяй. 



Пасьля гэтага ўдзельнікі пілігрымікі наведалі месца загібелі вясной 2011 г. ўрадовае дэлегацыі Польшчы на чале з прэзыдэнтам, якія накіровываліся да Мемарыялу ў Катыні.

1-10 of 54