У сыботу Сьветлага Вялікоднага тыдня, альбо калі няма Літургіі ў сыботу, то - у нядзелю Тамаша (Антыпасхі) пасьля Заабмоннай малітвы на Сьв. Літургіі Сьвятар чытае малітву над Артасам перад іканастасам, альбо на аналоі, альбо ў аўтары, пасьля чаго ён заносіцца ў аўтар, дзе рэжыцца на кавалкі і пасьля водпусту раздаецца вернікам як антыдор. У манастыры - пасьля Сьв. Літургіі прыносіцца Артас у Трапезную, дзе сьпяваецца: Хрыстос Уваскрос ... (3); з паклонамі чытаецца Ойча наш; як звычайна дабраслаўляецца трапеза, потым: Дыякан: Госпаду памолімся. Хор: Госпадзе, памілуй. Сьвятар: (чытае малітву над Артасам) Госпадзе Ісусе Хрысьце, Божа наш, Хлебе ангельскі, Хлебе жыцьця вечнага, што зь неба сышоў і насыціў нас у прасьветлыя гэтыя дні ежай духоўнай Тваіх боскіх дабрадзействаў, дзеля трыдзённага й збавіцельнага Ўваскрасеньня! Паглянь і цяпер, пакорліва молім Цябе, на просьбы і падзякі нашыя і, як дабраславіў Ты пяць хлябоў у пустыні, так і цяпер дабраслаў хлеб гэты, каб усе, хто будзе есьці яго, удастойліся цялеснага й духоўнага дабраславеньня і здароўя Божаю Ласкаю і шчадротамі Тваяго чалавекалюбства. (выгалас) Бо Ты ёсьць асьвячэньне нашае, і Табе славу ўзносім з Прадвечным Тваім Айцом+, і Ўсесьвятым, і Добрым, і Жыцьцятворчым+ Тваім+ Духам+, цяпер, і ўвесь час, і на вякі вечныя. Хор: Амін. |
Літаратура / Literature > Трэбнік >