(на Ранішняй пасьля Дабравесьця і чыт. 50 Пс., альбо на Сьв. Літургіі пасьля Заамбоннай малітвы) Сьвятар кадзіць галінкі. Хор пяе трапар сьвята, потым: Дыякан: Госпаду памолімся. Хор: Госпадзе, памілуй. Сьвятар: (чытае малітву) Госпадзе Божа наш, што сядзіш на Херувімах, што ўзнёс сілу Сваю і паслаў Сына Тваяго, Госпада нашага Ісуса Хрыста, збавіць сьвет Крыжом і паховінамі і Ўваскрасеньнем Сваім, - які прыйшоў да Ярусаліму на вольную пакуту, сёньня людзі, што сядзяць у цемры й цяні сьмерці, прынялі як Уваскрасеньня адзнаку, галінкі дрэў і лісты пальмавыя, Уваскрасеньне абвяшчаючы. Сам, Уладару, прытрымай і захавай нас, што галінкі гэтыя, за прыкладам гэных у перадсьвяточны гэты дзень нясем у руках. Як і тыя народы й дзеці Табе выголошвалі: “Асанна!”, каб і мы ў песьнях і сьпевах духоўных удастойліся жыцьцятворчага трыдзённага ўваскрасеньня дасягнуць, у Хрысьце Ісусе Госпадзе нашым. Зь Ім жа Ты дабраславёны ёсьць з Прасьвятым, і Добрым, і Жыцьцятворчым Тваім Духам, цяпер, і ўвесь час, і на вякі вечныя. Хор: Амін. Сьвятар: Мір усім. Хор: І духу тваяму. Дыякан: Галовы вашыя схіліце перад Госпадам. Хор: Табе, Госпадзе. Сьвятар: (чытае малітву) Госпадзе Божа Ўсятрыма-целю! Ты ўказаў на Царкву праз вобраз каўчэгу пры праведніку й дагаджальніку Ноі, прадвяшчаючы прышэсьце Прасьвятога Духа праз галуба, што прынёс аліўную галінку. Гэты вобраз зьвершылі дзеці юдэйскія, сустракаючы Цябе з галінкамі аліўнымі і лістамі, выгалошваючы Табе: асанна ў вышынях, дабраславёны, хто йдзе ў імя Госпадавае! Сам, Госпадзе Ісусе Хрысьце, Божа наш, што дабраславіў народ, які сустракаў Цябе з галінкамі, дабраслаў+ ды асьвяці+ і галінкі+ й дрэвы+ гэтыя, каб усе, хто прымаюць іх, прынялі пакроў для душы сваёй і цела; каб сталі гэтыя галінкі лекамі для нашага збаўленьня й тайнаю Ласкі Тваёй; каб усе, хто прыймае іх, дзе б не знахадзіліся, Тваё дабраславеньне атрымалі; Ты ж, прагнаўшы ўсякую супраціўную сілу, пакрыў Сваёю правіцаю тых, каго выкупіў Сваёю чэсьцьнаю Крывёю, каб мы ўсе агульна заспявалі Табе: Асанна ў вышынях, дабра-славёны Ты, што йдзеш судзіць праўдаю, з Айцом і Сьвятым Духам, цяпер, і ўвесь час, і на вякі вечныя. Хор: Амін. Сьвятар: кропіць сьвянцонай вадой галінкі й выгалошвае: Дабраслаўляюцца і асьвячаюцца галінкі (вербавыя, ці - пальмавыя) гэтыя Ласкаю Прасьвятога Духа, акрапленьнем вады гэтае сьвянцонае ў імя Айца+, і Сына+, і Сьвятога+ Духа+. Амін. (3) |
Літаратура / Literature > Трэбнік >