Трэбнік - Дабраславеньне і асьвячэньне Артаса на Вялікдзень

Артас - хлеб (прэсны, альбо паска) з выяваю крыжа.

Асьвячаецца пасьля Заабмоннай малітвы на Літургіі на Вялікдзень, перад іканастасам, альбо ў алтары.

Дыякан: Госпаду памолімся.

Хор: Госпадзе, памілуй.

Сьвятар: (чытае малітву) Божа Ўсемагутны і Госпадзе Ўсеўладарны! Ты слузе Тваяму Майсею пры выхадзе Ізраіля зь Ягіпту, дзеля звальненьня людзей Тваіх ад горкае працы фараонавае, загадаў закалоць ягня, што стала правобразам на крыжы заколатага дзеля нас Агнца, які ўзяў грахі ўсяго сьвету, Улюблёнага Сына Тваяго, Госпада нашага Ісуса Хрыста. Ты й цяпер, пакорна молім Цябе, паглянь на хлеб гэты і дабраслаў і асьвяці яго. Бо мы, слугі Твае, у чэсьць і славу, і на ўспамін слаўнага Ўваскрасеньня Сына Тваяго, Госпада нашага Ісуса Хрыста, што праз Яго ад вечнае працы варожае і ад пякельных кайданаў звальненьне, волю і вяртаньне атрымалі, перад Тваёю вялічнасьцю цяпер, у гэты ўсясьветлы, усяслаўны і збавіцельны дзень Пасхі, прыносім. А нас, што прыносім яго й цалуем і спажываем, быць прычасьнікамі Тваяго нябеснага дабраславеньня сатвары, і ўсякую хваробу й немач ад нас Тваёю сілаю адгані, здароўе ўсім даючы.

(выгалас) Бо Ты ёсьць крыніца дабраславеньня й збаўленьня Падацель, і Табе славу ўзносім, Безпачатковаму Айцу з Адзінародным Тваім Сынам, і Прасьвятым, і Добрым, і Жыцьцятворчым Тваім Духам, цяпер, і ўвесь час, і на вякі вечныя.

Хор: Амін.

Сьвятар: кропіць сьвянцонай вадой, выгалошваючы:

               Дабраслаўляеца і асьвячаецца артас гэты акрапленьнем вады гэтае сьвянцонае ў імя Айца+, і Сына+, і Сьвятога+ Духа+. Амін. (3)

Сьвятар ставіць Артас на аналой, а людзі цалуюць яго, калі прымаюць антыдор.

Comments