Асьвячэньне пасак і іншае вялікоднае ежы звычайна бывае пасьля Сьв.Літургіі ў першы дзень Вялікадня, каля царквы, альбо ў прытворы царквы. Калі асьвячэньне пасак не адразу пасьля багаслужбы, альбо - ў хаце, то пачатак як на Вялікоднай Ранішняй: Сьвятар: Слава Сьвятой, Адзінаіснай і Жыцьцятвор-чай і Непадзельнай Тройцы, заўсёды, і цяпер, і ўвесь час, і на вякі вечныя. Амін. Хрыстос уваскрос... Хор: Хрыстос уваскрос... (3) Сьвятар: Ды ўваскрэсьне Бог... (і так - усе стыхіры) Хор: Хрыстос уваскрос... (а потым малітвы) Калі асьвячэньне Пасак - пасьля Багаслужбы, то: Дыякан: Дабраслаў Уладыка. Сьвятар: Дабраславёны Бог наш, цяпер, і ўвесь час, і на вякі вечныя. Хор: Амін. Хрыстос уваскрос зь мёртвых, сьмерцяю сьмерць паканаў, і тым, што ў магілах, жыцьцё дараваў. (3) Дыякан: Госпаду памолімся. Хор: Госпадзе, памілуй. Малітва на дабраслаўвеньне хлеба (пасак). Сьвятар: Уладыка Сьвяты, Ойча Ўсеўладарны, Прадвечны Божа! Дабраслаў асьвяціць хлеб гэты Тваім сьвятым духоўным дабраславеньнем, каб быў ён усім, хто спажывае яго, на збаўленьне душы, на здароўе цялеснае, і абаронаю супраць усякае немачы, усякага варожага подступа, - праз Госпада нашага Ісуса Хрыста, што зь неба сышоў, дае жыцьцё й збаўленьне сьвету, з Табою жыве і ўладаруе ў яднаньні Сьвятога Духа, цяпер, і ўвесь час, і на вякі вечныя. Хор: Амін. Дыякан: Госпаду памолімся. Хор: Госпадзе, памілуй. Малітва на дабраславеньне агнца Пасхальнага. Сьвятар: Паглянь, Госпадзе Ісусе Хрысьце, Божа наш, на агнца гэтага і на стравы мясныя, дабраслаў і асьвяці іх, як асьвяціў агнца, якога Табе прывёў верны Абрагам, і агнца, якога Табе Авель прынёс ад пладоў, таксама й цяля гадованага, якога закалоць загадаў для сына блуднага, што зноў павярнуўся да Цябе. Як той удастоіўся Тваёй дабрыні насаладзіцца, так і мы ад Цябе, гэтых дабраславёных і асьвячаных страў спажываючы, Тваё дабраславеньне са здароўем атрымаем, дзеля чэсьцьнага Крыжа Тваяго й трыдзённага зь мёртвых Уваскрасеньня. Бо Ты ёсьць сапраўдная Пажыва й Падацель дабра, што ўсё дабраслаўляеш і асьвячаеш, Хрысьце Божа наш, і Табе славу ўзносім з Безпачатковым Тваім Айцом, і з Прасьвятым, і Добрым, і Жыцьцятворчым Тваім Духам, цяпер, і ўвесь час, і на вякі вечныя. Хор: Амін. Дыякан: Госпаду памолімся. Хор: Госпадзе памілуй. Малітва на дабраслаўвеньне сыра і яек. Сьвятар: Уладару Госпадзе Божа наш, Сатварыцелю ўсіх, дабраслаў малако згусьцеўшае, зь ім жа і яйкі й іншую ежу, і нас захавай у дабрыні Тваёй, каб спажываючы Тваіх шчодра паданых дароў, насыцілі-ся і невымоўнае Тваёй дабрыні дзеля прасьветлага зь мёртвых трыдзённага ўваскрасеньня Госпада нашага Ісуса Хрыста. (выгалас) Бо Твая ёсьць Дзяржава, і Тваё ёсьць Уладарстава, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер, і ўвесь час, і на вякі вечныя. Хор: Амін. Сьвятар: кропіць паскі і людзей сьвянцонай вадой, выгалошваючы: Хрыстос Уваскрос! Людзі адказваюць: Сапраўды Ўваскрос! Альбо спачатку: Сьвятар: Дабраслаўляецца і асьвячаецца пажыва гэтая акрапленьнем вады гэтае сьвянцонае ў імя Айца+, і Сына+, і Сьвятога+ Духа+. Амін. (3) У часе асьвячэньня пасак хор пяе Сьціхіры Вялікадня. Потым Вялікодны водпуст. (Чын асьвячэньня пасак можа паўтарацца некалькі разоў на працягу першага дня Вялікадня. Таксама - можа адбывацца ў сыботу перад сьвятам Вялікадня па далёкіх ад царквы месцах.) |
Літаратура / Literature > Трэбнік >