Паводле
звычаю, пасьля Ярдана (вялікага асьвячэньня вады ў дзень Богааб”яўленьня), на
працягу сьвята Вадохрышча (з 6/19 да
14/27 студзеня), а часам і да перадсьвята Стрэчаньня, сьвятар абыходзіць хаты і
гаспадаркі вернікаў, асьвячаючы іх ярданскай вадой.
Гаспадар засьцілае белым абрусом стол, ставіць на ім сьвяты абраз і сьвечку і кладзе запіскі (калі хоча) за здароўе і за супакой. Сьвятар кладзе на стол трэбнік, Дабравесьце, крыж, крапіла і пасудзіну са сьвянцонай вадой, апранае белыя рызы (альбо толькі епітрахіль), становіцца абліччам на ўсход да стала. Пачатак звычайны. Сьвятар: Дабраславёны Бог наш, заўсёды, цяпер, і ўвесь час, і на вякі вечныя. Хор : (альбо Чытар:) Амін. Уладару нябесны, Уцяшыцелю, Духу праўды, што ўсюды прысутны і ўсё напаўняеш, Скарбніца дабра й Жыцьцядацелю, прыйдзі і ўсяліся ў нас, і ачысьці нас ад усяго благога, і ратуй, Добры, душы нашы. Сьвяты Божа, Сьвяты Моцны, Сьвяты Несьмяротны, памілуй нас. (тройчы) Слава Айцу і Сыну і Сьвятому Духу, і цяпер, і ўвесь час і на вякі вечныя. Амін. Прасьвятая Тройце, зьмілуйся над намі; Госпадзе, ачысьці правіны нашы; Уладару выбач беззаконствы нашы; Сьвяты наведай нас і аздараві немачы нашы дзеля імяні Тваяго. Госпадзе, памілуй. (тройчы) Слава Айцу і Сыну і Сьвятому Духу, і цяпер, і ўвесь час, і на вякі вечныя. Амін. Ойча наш, Які ёсьць у нябёсах ! Ды сьвяціцца імя Тваё, ды прыйдзе Ўладарства Тваё, ды будзе воля Твая, як у небе, так і на зямлі. Хлеба нашага надзённага дай нам сёньня, і даруй нам правіны нашы, як імы даруем вінаватым перад намі, і не дапусьці нас да спакусы, але збаў нас ад ліхога. Сьвятар: Бо Тваё ёсьць Уладарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер, і ўвесь час, і на вякі вечныя. Хор: Амін. Сьвятар: І каб удастоіцца нам выслухаць сьвятога Дабравесьця, Госпада Бога молім. Хор: Госпадзе, памілуй. (тройчы) Сьвятар: Прамудрасьць! Стойце проста, выслухаем сьвятое Дабравесьце. Мір усім +. (дабраслаўляе правіцаю людзей) Хор: І духу тваяму. Сьвятар: Паводле Маркі сьвятога Дабравесьця чытаньне. Хор: Слава Табе, Госпадзе, слава Табе. Ярэй (здымае царк. шапку) чытае Дабравесьце (да людзей) - Мк. пач.2 (1:9-11). Сьвятар: Аднаго разу 9. сталася ў тыя дні, што Ісус прыйшоў з Назарэту Галілейскага й хрысьціўся ў Яна ў Ярдане. 10. І хутка ж, выходзячы з вады, угледзіў нябёсы расьхілены й Духа, як галуба, сыходзячага на Яго. 11. І быў голас зь нябёсаў: “Ты Сын Мой улюблёны, у Табе Маё вялікае ўпадабаньне”. Сьвятар цалуе адкрытае Дабравесьце й дае цалаваць яго прысутным, зачыняе і дабраслаўляе ім людзей, робячы знак крыжа. Хор: Слава Табе+, Госпадзе+, слава+ Табе+.
Екценьня. Сьвятар: Зьмілуйся над намі, Божа, паводле вялікай міласьці Тваёй, молім Цябе, выслухай нас і памілуй. Хор: Госпадзе, памілуй. (тройчы) - і так пасьля кожнае просьбы. Яшчэ молімся за Сьвятую Беларускую Аўтакефальную Праваслаўную Царкву, за Сьвяцейшых Усходніх Патрыярхаў Праваслаўных, і за Ўладыку нашага Правялебнага (Высокаправялебнага) (імя), Япіскапа (Архіяпіскапа / Мітрапаліта) (тытул) і за ўсіх у Хрысьце братоў і сёстраў нашых. Яшчэ молімся за багалюбівую і Богам захаваную краіну нашу Беларусь, (за ўрад і хрысталюбнае войска яе,) за ўвесь Беларускі народ наш, што жыве на Бацькаўшчыне й па ўсяму сьвету, за пасланьне ратунку й спакою ўсім. На Чужыне, паза межамі Беларусі, замест папярэдняе просьбы: Яшчэ молімся за багалюбівую і Богам захаваную краіну нашу (назаў), за ўрад (і належныя ўлады; у Вялікабрытаніі, Канадзе, Аўстраліі спачатку – “за яе міласць, Каралеву нашу Альжбету ІІ-ю” ) і Хрысталюбнае войска, і за багалюбівую й Богам захаваную Маці нашу Беларусь і за ўвесь Беларускі народ наш, што жыве на Бацькаўшчыне й па ўсяму сьвету, за пасланьне ратунку й спакою ўсім. * * * Просьба – падзяка за здароўе. Сьвятар: Яшчэ просім Цябе, усядобры Ўладару, няхай будзе Табе гэтая падзяка нашая, як кадзіла духмянае й тлустае ўсепаленьне прад вялікай Тваёй славай; і як шчодры, заўсёды пасылай вялікія Свае дары на слугаў Тваіх (слугу Тваяго / Тваю) (імя) , і ахавай іх (яго / яе), і дай ім (яму / ёй) заўсёды быць здаров-ымі (-ым / -аю) і ў доўгім жыцьці без граху дасягнуць посьпеху добрых учынкаў; мы просім Цябе, Божа, міласьціва выслухай нас і памілуй іх (яго / яе). Хор: Госпадзе, памілуй. (тройчы) Просьба за хворых. Сьвятар: Яшчэ просім Цябе, у жаласьці й скрусе сэрца прыпадаючы да Цябе, Лекару душаў і целаў нашых, Госпадзе, вылечы хваробы й пакуты душы і цела слуг Тваіх (слугі Тваяго / Твае) (імя). Бо Ты добры й шчодры Бог наш, працягні моцную руку Тваю і выбач ім (яму / ёй) усе правіны іхныя (ягоныя / ейныя), вольныя й нявольныя, і хутка падамі іх (яго / яе) з пасьцелі хворых, і ўмацуй іх (яго / яе) здароўем, выслухай нас і памілуй іх (яго / яе). Хор: Госпадзе, памілуй. (тройчы) Просьба за памерлых. Сьвятар: Яшчэ молімся за супакой душаў (душы) (нова-) супачылых слугаў Божых (супачылага слугі Божага / супачылае слугі Божае) (імёны), і за выбачэньне ім (яму / ёй) усякае правіны вольнае й нявольнае. Няхай Госпад Бог аселіць душы іхныя (душу ягоную / ейную) там, дзе праўдзівыя супачываюць. Міласьці Божае, уладарства нябеснага й выбачэньня правінаў іхных (ягоных / ейных) падай ім (яму / ёй), Госпадзе, выслухай нас і памілуй іх (яго / яе). Хор: Госпадзе, памілуй. (тройчы) * * * Сьвятар: Яшчэ молімся за ўсіх тут прысутных людзей і за ўсіх праваслаўных хрысьціянаў. Хор: Госпадзе, памілуй. (тройчы) Сьвятар:Бо Ты міласьцівы й Чалавекалюбны Бог наш і Табе славу ўзносім, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер, і ўвесь час, і на вякі вечныя. Хор: Амін. Ярэй асьвячае памешканьне, кропячы сьвянцонай ярданскай вадой сьцены (усход, захад, поўнач, поўдзень), альбо куты кожнага пакою (жылога і гаспадарчага), сьпяваючы (з хорам, ці з чытаром, ці з гаспадарамі, ці сам) Трапар сьвята Вадохрышча, сьпеў 1: Калі ў Ярдане хрысьціўся Ты, Госпадзе, /Троічнае зьявілася пакланеньне, / бо голас Айцоўскі сьведчыў аб Табе,/улюблёным Сынам Цябе называючы,/ і Дух у выглядзе галубіным / падцьвярджаў словы вяшчаньня, / зьявіўся, Хрысьце Божа, / і сьвет прасьвяціў, слава Табе. Трапар паўтараецца, пакуль не пасьвяціцца ўсё памешканьне, пасьля чаго сьвятар вяртаецца да століка, таксама кропіць усіх прысутных і робіць сьвяточны водпуст з крыжом. Сьвятар: Слава Табе, Хрысьце Божа, спадзяваньне наша, слава Табе. Хор: Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, і цяпер, і ўвесь час, і на вякі вечныя. Амін. Госпадзе, памілуй. (тройчы) Уладыка (ойча) дабраслаў. Сьвятар: Што ў Ярдане зволіў хрост прыняць ад Яна, дзеля нашага збаўленьня, Хрыстос, сапраўдны Бог наш, малітвамі Прачыстае Маці Свае, звышгодных і Баганосных Айцоў нашых і ўсіх сьвятых, памілуе+ й збавіць нас+, бо Ён Добры+ й Чалавекалюбны+. Хор: Амін. Сьвятар жадае ўсяго добрага гаспадаром, дае прысутным цалаваць крыж з віншаваньнем - “Хрыстос хрышчаецца!”, людзі адказваюць – “У рацэ Ярдане!” і адыходзіць. |
Літаратура / Literature > Трэбнік >