Пасьля Заамбоннае малітвы на Сьв. Літургіі, альбо пасьля Літургіі дыякан кадзіць зельле й насеньне ў прытворы храму, альбо каля храму. Пачатак звычайны, альбо адразу - чытаньне малітваў: Сьвятар: Дабраслаўлёны Бог наш... Хор: Амін. Чытар: Уладару нябесны... Трысьвятое. Прасьвятая Тройце... Ойча наш. Сьвятар: Бо тваё ёсьць Уладарства... Хор: Амін. Дыякан: Госпаду памолімся. Хор: Госпадзе, памілуй. Сьвятар: Госпадзе Божа наш, Вялічны й Прамудры Творца сьвету і ўсяе прыгажосьці яго! Якія вяліч-ныя справы Твае, якія прыгожыя тварэньні Твае ! Але найболей нам бачныя Твая любоў ды апека. Тваю бязьмежную Ласку, Міласэрны Госпадзе, выяўляеш Ты ў вялікіх і ў малых тварэньнях Сваіх да нашага грэшнага чалавечага роду, абдароўваючы нас і зямлю нашу ўсіма родамі раслінаў на пажыву, уцеху й навуку нашу, каб каля іх працуючы, мы навучаліся Тваёй прамудрасьці й душою падносіліся да Цябе, Ойча сьвету, ад якога выходзіць усякая добрая пажыва і ўсякі дар зьвершаны. Дабраслаў жа, Госпадзе, і асьвяці зельле гэтае, якое вырасьціла з Тваёй Ласкі зямля нашая ў гэтым годзе; справы рук нашых накіровуй; ад усякай нячыстаты, што прыстала да іх праз грахі нашыя, ачышчай і асьвячай Сваёю Ласкаю Божаю праз акрапленьне вадой гэтай сьвянцонай. Прамудры Госпадзе, за малітвы Прасьвятое Багародзіцы і ўсіх сьвятых, дабраслаў+, ачысьці+ й асьвяці+ зельле+ гэтае, што верныя слугі Твае для асьвячэньне прынесьлі, і ўсякую расліну і кветы, што на пажыву і ўцеху нашую, на духоўную й цялесную карысьць Ты нам у гэтым годзе ўрадзіў, каб уцяшаючыся і спажываючы іх, мы асьвячаліся сьвятымі Тваімі дарамі й удастоіліся нябеснага тваяго Ўладарства, ды славу Табе ўзносілі, Айцу і Сыну і Сьвятому Духу, заўсёды, і цяпер, і ўвесь час, і на вякі вечныя. Хор: Амін. Сьвятар: кропіць сьвянцонай вадой зельле і выгалошвае: Дабраслаўляецца і асьвячаецца зельле гэтае (травы, кветы, мак, мёд...) акрапленьнем вады гэтае сьвянцонае ў імя Айца+, і Сына+, і Сьвятога+ Духа+. Амін. (3) Хор: спявае Трапары сьвята. |
Літаратура / Literature > Трэбнік >