Праваслаўныя хрысьціяне, у тым ліку і ў Беларусі, моляцца ўдома і ў Бажніцах стоячы. Сам Госпад запавядаў: “...стаіцё на маліцьве...” (Мк 11.25). Таксама Царкоўныя Каноны (20 правіла 1-га Сусьветнага Сабору) загадваюць у храмах “стоячы прыносіць малітвы Богу”. Мужчына знаходзіцца ў храме з адкрытай галавой (без шапкі), а жанчына – з накрытай (у Беларускай Царкве незамужняя дзяўчына звычайна не накрывае галаву). 1. Уваходзячы ў Бажніцу, пабожна накладзі на сябе знак крыжа і ціха вымаві: “Увайду ў дом Твой, пакланюся храму сьвятому Твайму ў страсе прад Табою”. Пасьля супыніся ў прытворы насупраць Райскіх дзьвярэй, пакланіся прачыстым Тайнам Цела і Крыві Госпада нашага Ісуса Хрыста, кладучы тры малых (паясных) паклоны з малітваю: “Божа, літасьцівым будзь да мяне грэшна-га (-е). Які сатварыў мяне, Госпадзе, памілуй мяне. Без падліку саграшы-ў (-ла) я, Госпадзе даруй мне.” І пакланіся направа й налева іконам і прысутным людзям. Потым можна падыйсьці да храмавае (ці сьвяточнае) іконы на аналоі, да іншых іконаў (ці сьвятыняў) і паставіць сьвечкі. Стоячы на адным месцы, слухай малітвы, якія чытаюцца ў царкве (асабістыя малітвы можна чытаць, калі няма Набажэнства – супольнае малітвы). Паводле традыцыі, мужчыны становяцца праваруч (паўдзённая частка храму), а жанчыны й дзеці – леваруч (паўночная частка храму). Жагнацца (накладаць знак крыжа на сябе) патрэбна верна, а паклон трэба рабіць не ў часе, а пасьля яго. Малым дзецям і таксама нямоглым і старым дазваляецца ў царкве сядзець. У Праваслаўных храмах Паўночнае Амерыкі розных юрысдыкцыяў ужо даўна ўсталяваўся звычай сядзець у часе Набажэнстваў. 2. Дазваляецца сядзець у наступных частках сьв. Літургіі: - у часе Вялікае Екценьні: “У спакоі Госпаду памолімся...”, а на сьпеве “Адзінародны Сыне...” устаем і стаім да сканчэньня чытаньня Дабравесьця; - на Трайной Екценьні: “Скажам усе разам...” адразу пасьля Дабравесьця да Херувімскае песьні, - на якой стаім; Таксама калі чытаецца Екценьня за памерлых, то стаім; - на Екценьні “Выканаем малітву нашу...” пасьля Херувімскае песьні, а на выгаласе пасьля яе “Шчадротамі адзінароднага Сына...” устаем і стаім да Екценьні перад “Ойча наш”; - на Екценьні “Усіх Сьвятых успомніўшы...” перад “Ойча наш”, а на “Ойча наш” устаем і стаім да сканчэньня сьв. Літургіі; - на Казані сьвятара. 3. Заўсёды стаім: - у часе чытаньня Апостала й Дабравесьця; - калі сьвятар альбо дыякан кадзіць; - калі сьвятары і вернікі прычашчаюцца; - у часе выгаласу сьвятаром на пачатку і ў часе Водпуста на сканчэньні кожнага Набажэнства; - у часе сьпеву Царкоўных гімнаў (“Магутны Божа”, “Багародзіца” і інш.); - у часе дабраславеньня сьвятаром вернікаў. У Праваслаўнай Царкве прычашчаюцца стоячы (а ў Каталіцкай – на каленях). У розных Памесных Праваслаўных Цэрквах здаўна ўсталяваўся звычай, як вонкавае выяўленьне свае найбольшае пакоры прад Госпадам, - 4. уставаць на калені у гэтых момантах сьв. Літургіі: - у часе Вялікага Ўваходу (сьвятара са сьв. Дарамі) пасьля Херувімскае песьні стаім на каленях да сканчэньня Ўваходу; - у часе асьвячэньня (Ператварэньня) сьв. Дароў, калі пяюць “Цябе хвалім, Цябе дабраславім...”, калі сьвятар прыклікае Духа Сьвятога, ператвараюцца хлеб і віно ў Цела і Кроў Хрыстовыя, – гэта найсьвяцейшая хвіліна ў Літургіі; - у часе сьпеву “Ойча наш”; - у часе чытаньня “Малітвы за Беларускі народ” (якая чытаецца на нацыянальныя сьвяты). 5. Паклоны малыя (паясныя) і зямныя вернікі ў храме павінны рабіць па ўсталяваньню сьв. Апосталаў і сьв. Айцоў, а менавіта: - тры малых паклоны: пры чытаньні “Сьвяты Божа...”, “Алілуя”, “Прыйдзіце, паклонімся...”, “Удастой, Госпадзе...”, “Слава ў вышынях Богу...”; - адзін малы паклон: пасьля словаў “Слава Табе, Хрысьце Божа...” і на кожным (пры канцы малітвы альбо Екценьні) выгаласе сьвятара; - зямныя паклоны належыць рабіць: пасьля выгаласа “Тваё ад Тваіх...”, на пачатку “Ойча наш”, на словах сьвятара з Чашай “Са страхам Божым...” і “Заўсёды, цяпер...”. Шмат зямных паклонаў робіцца ў часе Вялікага Паста: ад Вячорні ўвечары Нядзелі Даравальнае (калі вернікі, просячы прабачэньня ў вернікаў, робяць адзін перад адным зямны паклон), на сьпеве Вялікага канона Андрэя Крыцкага, перад Крыжам ў Нядзелю Крыжапаклонную, на чытаньні малітвы Ахрэма Сірына і інш. 6. Схіляць галаву патрэбна: у часе чытаньня сьв. Дабравесьця, ў часе Вялікага Ўвахода, на словах “Голавы вашыя схіліце...” і “Мір усім” і ў часе каджэньня. У часе Вялікага Посту на Літургіі Першасьвячаных Дароў, калі сьвятар вымаўляе “Сьвятло Хрыстовае”, пры пераносе сьв. Дароў, пасьля “Цяпер сілы нябесныя...”, на Вялікім Павячор’і на сьпяваньні сьвятаром водпуснае малітвы “Уладыка шматміласьцівы...” трэба ставаць на калені і схіляць галаву; на сьпяваньні “Хай узьнясецца малітва мая...” таксама патрэбна схіляць галаву. У дні ад Вялікадня да Літургіі дня Сьв. Тройцы, на Сьвяткі – ад Нараджэньня Хрыстовага да Вадохрышча, на Вялікія (і парафіяльныя) сьвяты, (а для манахаў, сьвятароў і тых, хто наведвае Набажэнствы і ў будні – і ў Нядзелі, акрамя Вялікага Посту) паводле Царкоўных правілаў (20 правіла 1-га Сусьветнага Сабору і 90 правіла 6-га Сусьветнага Сабору) непатрэбна кленчыць (ставаць на калені і рабіць зямныя паклоны). Гэта таму, што сваім Нараджэньнем і Слаўным Уваскрасеньнем Ісус Хрыстос абагавіў нас, зрабіў Сваімі сапраўднымі дзецьмі, альбо як навучаў Апостал Павал: “Па Ўваскрасеньні ты ўжо не раб, але сын, то й спадкаемец Божы праз Хрыста”. Калі дабраслаўляюць, жагнаючы народ крыжом, альбо Евангельлем, альбо вобразам, альбо чашай, то ўсе таксама накладаюць на сябе знак крыжа, схіляючы галаву; а калі жагнаюць рукою (рукамі), альбо сьвячамі, альбо кадзяць, патрэбна толькі схіляць галаву; толькі на Вялікодным тыдні, калі кадзіць сьвятар з трысьвечнікам і крыжом у руцэ, віншуючы: “Хрыстос Уваскрос”, усе жагнаюцца і кажуць: “Сапраўды Ўваскрос!”. Калі прыкладаюцца да сьв. Дабравесьця (якое ляжыць на аналоі), ці да крыжа, да сьв. мошчаў, іконаў і іншых сьвятыняў, павінны пакласьці два паклоны перад цалаваньнем і адзін пасьля (зямныя альбо ў нядзелі і сьвяты – малыя). Прыкладаючыся да сьв. іконаў, патрэбна цалаваць ногі Ісуса Хрыста, руку Божае Маці, лоб Сьвятых. Прымаючы дабраславеньне сьвятара альбо япіскапа, склаўшы рукі крыжом (правую на левую, далонямі ўгару), хрысьціяне цалуюць правіцу сьвятара, не жагнаючыся перад гэтым. На памазаньні асьвячаным алеем цалуецца крыж на поручы правіцы. Не патрэбна цалаваць духаўнікам левую руку, а толькі правую, праз якую надаецца дабраславеньне. Сьв. Антыдор (праскура) і дабраславёны хлеб павінны прымаць пабожна, склаўшы рукі крыжападобна (правую на левую) і цалуючы руку сьвятара, што дае гэты дар. Перад сьв. Прычасьцем патрэбна выслухаць альбо вычытаць Каноны і малітвы да сьв. Прычасьця; падыходзячы да сьв. чашы, патрэбна пакласьці зараней (а не перад самой чарай) зямны (альбо паясны) паклон; перад самым прычасьцем не жагнацца, а стаяць проста, склаўшы рукі крыжападобна на грудзях; пасьля прыняцьця сьв. Тайнаў пацалаваць ніжні край чары, адходзіць спакойна, не роблячы знака крыжа і паклона; пакуль сьв. Прычасьце не запітае, ня можна цалаваць руку сьвятара, а таксама пляваць; пасьля сьв. Прычасьця і сканчэньня Літургіі патрэбна выслухаць альбо вычытаць падзячныя малітвы пасьля Прычасьця. Зямныя паклоны пасьля гэтага ня звершваюцца да вечара гэтага дня. Стой у Бажніцы так, як бы ты стаяў на Нябёсах, асабліва ўважліва ў часе чытаньня Дабравесьця, ператварэньня сьв. Дароў і Прычасьця. Няможна выходзіць з Бажніцы раней сканчэньня Набажэнства. Такім чынам, стой так, як бы ты стаяў перад самім Госпадам.
Архіяпіскап Сьвятаслаў Логін. |