Паняцьце багаслужбы



Паняцьце багаслужбы

Багаслужба — гэта вонкавае выяўленьне перажыванага шанаваньня і абажаньня Бога ў добрых думках, словах, жэстах і ўчынках. Празь іх вернікі выказваюць сваю веру, надзею і любоў, ды ўваходзяць у нябачную, духоўную лучнасьць з Богам, атрымоўваючы прытым Ягоную ласку, якая дапамагае набожна жыць і дасягнуць збаўленьня.

Багаслужба неад’емна зьвязана з натурай чалавека. Увесь чалавек, з душою і целам імкнецца да Бога — Тварца, жадае аб’яднаньня зь Ім і Ягонай падтрымкі. Багаслужба — гэта спроба аднавіць лучнасьць з Богам. На працягу сваёй гісторыі яна зьмянялася і набывала новыя формы ў адпаведнасьці са зьмяненьнем самога чалавека, аднак будзе існаваць да канца сьвету.



Паходжаньне багаслужбы

Багаслужбу ўстанавіў Сам Бог. У якасьці зьнешняй выявы шанаваньня Бога яна паявілася разам зь першым пазнаньнем Бога. Ад самага пачатку, у раі, створаныя на вобраз і падабенства Божае нашы прабацькі выказвалі сваю веру, любоў і ўдзячнасьць Богу. У першых людзей, бязгрэшных і чыстых, Бог узбуджаў і падтрымоўваў пабожныя пачуцьці. Прабацькі назіралі ў навакольным сьвеце адлюстраваньне Божай усемагутнасьці, розуму і дабрыні. Поўныя ўдзячнасьці і захапленьня прыгажосьцяй Божага стварэньня яны выказвалі свае ўзьнёслыя і чыстыя пачуцьці ўсім сваім бязгрэшным жыцьцём. Служэньне Богу і выконваньне Ягонай волі адбываліся ў раі згодна непасрэдным указаньням Божым. Тварэц акрэсьліў прывілеі і абавязкі першых людзей, устанавіў сёмы дзень у якасьці дня адпачынку і забараніў спажываць плады з дрэва пазнаньня дабра і зла. Непасрэдны, блізкі і прыязны спосаб зносін з Богам магчымы быў толькі ў раі. Разам са зьменай сытуацыі першых людзей — іхным падзеньнем — зьмянілася таксама багаслужба.



Гістарычнае разьвіцьцё багаслужбы

Пасьля падзеньня прабацькоў і выгнаньня іх з раю папярэдняя блізкасьць і непасрэдныя зносіны з Богам не былі ўжо магчымымі. Пачуцьцё віны ў адносінах да Бога спрычынілася да таго, што людзі пачалі шукаць іншых спосабаў устанаўленьня лучнасьці з Богам, умаленьня Яго і прабачэньня за свае грахі.

а) Багаслужба ў Старым Запавеце

Шанаваньне Бога пасьля выгнаньня першых людзей з раю характарызавалі ахвяры. Бог прызнаваў іх і прымаў заўсёды тады, калі спадарожнічалі ім вера і чыстае сэрца. Ахвяры з плёну сваёй працы складалі Каін і Авель. У 4-м разьдзеле Кнігі Быцьця чытаем: „Прыхінуўся Госпад да Авеля і да ягонай ахвяры, а да Каіна і да дару ягонага не прыхінуўся” (Быцьцё. 4, 4-5). Пасьля свайго выратаваньня ахвяру ўсёспаленьня злажыў таксама Ной (Быцьцё. 8, 20). У патрыярхальны перыяд, ад імя ўсяго племені, ахвяры прыносілі старэйшыны роду. Рабілі гэта на спецыяльных алтарах, заклікаючы імя Божае (Быцьцё. 12, 7; 13, 4; 26, 25). Усе ахвяры ўспрымаліся як сродак атрыманьня Божай ласкі. Сам Бог пацьвердзіў, што ахвяры Яму мілыя кажучы: „Ня мае бачыць вас зрок Гасподні з пустымі рукамі” (Другапраўе. 16, 16). У залежнасьці ад патрэбы паасобных людзей ці цэлага народу Закон Майсееў падрабязна акрэсьліваў калі і якія ахвяры належала прыносіць. Такім чынам былі ахвяры крывавыя і бяскроўныя, індывідуальныя і агульныя. У якасьці крывавых ахвяраў прыносіліся валы, каровы, авечкі, козы, туркаўкі і галубы (Лев. 9, 3). Прадметам бяскроўных ахвяраў былі каласы збожжа, прэсныя хлябы, алей, соль і віно (Лев. 2, 11). Некаторыя прадукты, напрыклад мёд, не маглі быць прыношаны ў якасьці ахвяры, гэтак як сярод ахвярнай жывёлы не магло быць кульгавых, калекіх або больш чымсьці трохгадовых асобін. Старазапаветныя яўрэі наагул абавязаны былі ахвяроўваць Богу толькі тое, што самі лічылі вартасным, што патрабавала працы і намаганьняў ды выкарыстоўвалася ў якасьці ежы. Лёгкадаступныя і танныя прадукты, напрыклад рыбу, дзічыну або дзікія фрукты лічылі нягоднымі стаць „хлебам Гасподнім” (Лев. 21, 6; Лікі. 28, 2).

Не зважаючы на распаўсюджанасьць ахвяраў у Старым Запавеце, існавала перакананьне, што неабходны адначасова ўнутраная любоў і імкненьне да дабра (Ерамія. 6, 20). Прарок Самуіл гаварыў, што „паслухмянасьць лепшая за ахвяру, пакорнасьць — за тлушч бараноў” (1 Сам. 15, 22). Цар Давід таксама разумеў, што найбольш прыемнай Богу ахвярай зьяўляецца „дух пакаянны і сэрца зламанае” (Пс. 51, 19).

Ахвяры не былі адзіным спосабам лучнасьці з Богам. Спадарожнічала ім малітва, а самыя ахвяры ўспрымаліся як увасобленая малітва. Хаця Майсееў Закон не акрэсьліваў як маліцца, аднак малітва заўсёды была натуральнай патрэбай душы, якая тужыць па Богу і спадзяецца Ягоных ласкаў. Падчас малітвы людзі заўсёды зьвярталіся ў бок месца, на якім прыносіліся ахвяры. Прарок Данііл маліўся ў вавілонскай няволі, зьвярнуўшыся ў напрамку Ерусаліму (Дан. 6, 10). Звычайна малітвы адбываліся раніцай, апоўдні і вечарам, перад і пасьля ежы, найчасцей стоячы (1 Сам. 1, 26), часам з узьнятымі рукамі (1 Цар. 8, 22) або ўкленчыўшы (1 Цар. 8, 54). У Старым Запавеце невядомыя былі пастаянныя тэксты малітваў. Сьвятое Пісаньне прыводзіць толькі некалькі прыкладаў малітваў: падчас ахвяроўваньня першага плёну (Кніга Другапраўя), тэкст трохкратнага блаславенства (Кніга Лікаў) і малітву Майсея, калі забіралі ў дарогу пераносны храм або ставілі яго. Адна з найпрыгажэйшых у Старым Запавеце — малітва цара Саламона падчас асьвячэньня ерусалімскага храму: „Госпадзе, Божа Ізраілеў... неба і нябёсы ня могуць Цябе зьмясьціць, тым болей гэты Дом, які я пабудаваў... Абярніся на малітву слугі Твайго... хай будуць вочы Твае адчынены на Дом гэты ўначы і ўдзень... Ты пачуй зь месца Твайго прабываньня і зьмілуйся, і ўчыні кожнаму, і дай паводле залугаў, бо Ты ведаеш ягонае сэрца, бо Ты ведаеш сэрца кожнага чалавека” (1 Цар. 8, 22-39).

Апрача малітваў і ахвяраў старазапаветныя багаслужбы складаліся са шматлікіх абрадаў. Згодна Майсееваму Закону, пакліканы былі сьвятары (Выхад. 28, 3; Лев. 2, 8), былі ўстаноўлены юбілейныя гады (Лев. 25-ы разьдзел), сьвяты і мноства зьвязаных зь імі абрадаў. Сярод іх варта адзначыць:

— чытаньне і тлумачэньне Сьвятога Пісаньня;

— сумеснае сьпяваньне псальмоў;

— ігра на арфе, гусьлях ды іншых інструмэнтах;

— памазаньне алеем архірэяў і цароў;

— каджэньне падчас прынашэньня ахвяраў;

— рытуальныя абмываньні ды іншыя абрады.

Асаблівае значэньне меў абрад заключэньня саюзу паміж Богам і выбраным народам. Заключылі яго Аўраам і Авімэлех, Якуб, Лаван і Майсей. Аднаўленьне саюзу мела месца пасьля вяртаньня яўрэяў з вавілонскай няволі. Абрад гэты меў выключна рэлігійны характар. Заключаўся ён у тым, што забівалі ялаўку, казу, барана, туркаўку і галубіцу, затым разрэзвалі іх напалову і раскладалі так, каб паміж дзьвюма паловамі маглі прайсьці бакі, якія заключалі саюз. Сымбалем нябачнага Бога быў запалены факел. Абрад канчаўся ўрачыстым банкетам і забавязваў увесь народ да вернасьці сапраўднаму Богу (Быцьцё. 15, 9; Другапраўе. 4, 31).

Іншым, характэрным для Старога Запавету быў абрад абразаньня, які таксама быў знакам саюзу паміж Богам і выбраным народам. Абразаньне пачаў Аўраам, выконваючы Божы загад: „Маючы восем дзён хай будзе абразаны кожны мужчына... а неабразаны мужчына, якому не абрэзалі канцавой скуркі плоці ягонай, хай будзе выгнаны з народу свайго, бо парушыў ён саюз са Мной” (Быцьцё. 17, 12-14). Такім чынам абразаньне лічылася неабходным знакам прыналежнасьці да выбранага народу.

Старазапаветныя багаслужбы адпавядалі характару жыцьця яўрэйскага народу ды ягонага веданьня Бога і Ягонай волі. Галоўнымі часткамі багаслужбы былі малітвы, чытаньне і тлумачэньне Пісаньня, сьпеў і абрады. У такой форме яны паслужылі прыкладам і падставай новазапаветных багаслужбаў.

б) Багаслужба ў Новым Запавеце

Ісус Хрыстос пацьвердзіў уласным прыкладам і асабістым стаўленьнем значэньне багаслужбаў. „Ня думайце, — гаварыў Ён сваім вучням, — што Я прыйшоў парушыць закон, альбо прарокаў: не парушыць прыйшоў Я, а зьдзейсьніць” (Мацьв. 5, 17). Сам Ісус шмат разоў бываў у ерусалімскім храме (Лук. 21, 5), маліўся, кленчыў, уздымаў вочы на неба (Яан. 17, 7). Ён вучыў, што шанаваць Бога трэба ў „духу і праўдзе” (Яан. 4, 23). Хрыстос устанавіў таінства Эўхарыстыі (Мацьв. 26, 26-28), асьвяціў ды ўласным удзелам і прыкладам пацьвердзіў важнасьць іншых таінстваў (Мацьв. 3, 13-17; Яан. 2, 1-11). Апосталы і іхныя пераемнікі ўстанавілі згодна Хрыстовай навуцы парадак хрысьціянскіх багаслужбаў: чытаньне і тлумачэньне Сьвятога Пісаньня, гімны і малітвы. Як сьведчаць Дзеі Апостальскія (2, 42-47), першыя хрысьціяне „трывалі ў навуцы апостальскай, у супольнасьці і ламаньні хлеба ды ў малітвах. І страх зьняў кожную душу і многа цудаў ды азнакаў дзеялася праз Апосталаў. Усе веруючыя былі разам, і ўсё ў іх было супольнае... І кожны дзень аднадушна бываючы ў храме ды ламаючы хлеб у дамах, прымалі страву ў радасьці і прастаце сэрца; славячы Бога і маючы ласку ўсяго народу”. Апосталы старшынствавалі падчас малітоўных сустрэчаў, умацоўвалі веру праз асабісты прыклад і навувку ды зьдзяйсьняючы цуды. Яны выконвалі сьвятыя таінствы і моцай Сьвятога Духа дадзенага ім Хрыстом паклікалі сваіх пераемнікаў.

Падставай новазапаветнай багаслужюбы была малітва. Ісус Хрыстос горача заклікаў сваіх вучняў да пастаяннай, гарачай малітвы. Сам праводзіў на малітве цэлыя ночы, а ў сваёй Архісьвятарскай Малітве (Яан. 17-ы разьдзел), ды ў Гефсіманіі даў прыклад сапраўднай малітвы. „Калі молішся, — навучаў Ісус, — ня будзь як крывадушнікі, якія любяць у сынагогах і на рагах вуліц прастойваць молячыся, каб паказацца перад людзьмі... Ты-ж калі молішся, увайдзі ў пакойчык твой, і, зачыніўшыся, памаліся Айцу твайму, які Сам у тайнасьці, і Айцец твой, які бачыць у тайнасьці, узнагародзіць цябе яўна” (Мацьв. 6, 5-6). Калі вучні пыталі як маліцца, Хрыстос навучыў іх малітвы „Ойча наш”, званай Малітвай Гасподняй. Кніга Дзеяў Апостальскіх цытуе прыклады супольных малітваў падчас малітоўных сустрэч (Дзеі. 4, 23-31). Апостал Павал падахвочаў свайго вучня Цімафея, каб „маліцца, умаляць ды дзякаваць за ўсіх людзей” (1 Цім. 2, 1).

Істотнай часткай багаслужбаў у апостальскія часы было чытаньне і тлумачэньне Сьвятога Пісаньня. Напоўненыя Сьвятым Духам апосталы ды іхныя вучні атрымалі дар тлумачэньня вернікам сапраўднага зьместу Пісаньня. Выбар тэксту для чытаньня, згодна традыцыі перанятай у сынагогах, спачатку быў добраахвотны ды ў залежнасьці ад абставін. У 1-м стагодзьдзі нашай эры выкарыстоўваліся перш за ўсё старазапаветныя кнігі, паступова ўключаны былі тэксты Евангельляў ды іншых, новапастаўленых кніг. Толькі ў 4-м стагодзьдзі, калі быў устаноўлены канон — камплектны сьпіс боганатхнёных кніг, быў праведзены падзел на г.зв. зачала — фрагмэнты тэксту, прызначаныя на кожны дзень году і на розныя патрэбы.

Апрача згаданых частак новазапаветных багаслужбаў у іхны склад уваходзілі псальмы і гімны. Ісус Хрыстос ахвотна з вучнямі Сам сьпяваў яўрэйскія пахвальныя песьні (Мацьв. 26, 30; Марк. 14, 26). Апосталы Павал і Сіла сьпявалі падчас свайго зьняволеньня (Дзеі. 16, 26). Старыя і нованапісаныя песьні выконваліся падчас малітоўных сходаў (1 Кар. 14, 26; Эфэс. 5, 19; Кал. 3, 16).

Раньнехрысьціянскія багаслужбы вылучаліся ўзнёсласьцяй і духам шчырай набожнасьці. Сярод яўрэяў і паганцаў яны адыгрывалі місійную ролю, бо захопленыя прыгажосьцяй багаслужбаў, чысьцінёй жыцьця, любоўю і маральным абліччам першых хрысьціян, паганцы ахвотна прымалі хрышчэньне і памнажалі грамады вернікаў.



Характар і мэта праваслаўнай багаслужбы

Мэта зямнога жыцьця кожнага хрысьціяніна — у дасягненьні збаўленьня. Каб дасягнуць жыцьця вечнага, неабходна ў зямным жыцьці паступаць згодна з Божымі правіламі. Шлях да збаўленьня цяжкі, патрабуе шмат намаганьняў, вырачэньняў і выкананьня шматлікіх умоваў. Апрача актыўнага ўдзельніцтва ў жыцьці Царквы, карыстаньня сьвятымі таінствамі, пабожнасьці, добрых учынкаў, неабходнае таксама ўдзельніцтва ў царкоўных багаслужбах.

Праваслаўныя багаслужбы — гэта ўпарадкаваны на працягу стагодзьдзяў збор малітваў, песьняў, цырымоніяў і абрадаў. Гэта сума шматвяковай творчасьці боганатхнёных пісьменьнікаў і гімнографаў, адлюстраваньне веры і любові да Бога з боку нашых продкаў. Уважнае і дзейнае ўдзельніцтва ў багаслужбах узбагачае вернікаў пабожнымі думкамі і пачуцьцямі, якія самі па сабе маглі-б ніколі ня ўзьнікнуць. Прыклады сьвятых робяць вернікаў больш высакароднымі і падахвочваюць да перайманьня іх. У праваслаўных багаслужбах карысныя для душы ня толькі нейкія паасобныя элемэнты, але цэласьць, усё, што складаецца на багаслужбу. Ейны характар у значнай ступені суствараюць інтэр’ер храму, іконы, сьвятарскія рызы, гук званоў, агеньчыкі сьвечак, запах кадзіла і непаўторны, малітоўны настрой.

Праваслаўная багаслужба выказвае дух праваслаўнай веры: яна ўздымае і захапляе кожнае чульлівае сэрца. Адначасова мае яна і сваё выхаваўчае значэньне. У штодзённых багаслужбах Царква напамінае вернікам усю гісторыю чалавецтва: стварэньне сьвету і людзей, падзеньне нашых прабацькоў, абяцаньне прыходу на сьвет Збавіцеля, Ягонае Уцелясьненьне, навуку, сьмерць, слаўнае Ўваскрэсеньне і Ўзьнясеньне на неба. Такім чынам сымбалічна паказваецца жыцьцё Збавіцеля і далучаецца да яго наша хрысьціянскае жыцьцё. Царква безупынна разбуджае ў верніках сьвятыя пачуцьці веры, надзеі і любові, еднасьць і роўнасьць. Вось таму вельмі важнае і неабходнае рэгулярнае ўдзельніцтва ў багаслужбах, бо хто закідае гэты абавязак, той добраахвотна пазбаўляе сябе лучнасьці з Хрыстом і Ягонай Царквою.



Падзел багаслужбаў

Праваслаўныя багаслужбы дзеляца на ўсеагульныя і прыватныя.

— Усеагульныя — гэта тыя, якія адпраўляюцца з удзелам агулу вернікаў і дзеля ўсіх, каб праз навуку, веру і ўзаемную любоў яны аб’ядналіся ў адну, духоўную сям’ю — Цела Хрыстовае. Усеагульныя багаслужбы выказваюць сумеснае шанаваньне Бога, сумесныя просьбы і еднасьць усіх у Ісусе Хрысьце.

— Прыватныя або індывідуальныя багаслужбы — гэта тыя, якія адбываюцца з думкай пра паасобных людзей, у адпаведнасьці зь іхнымі асабістымі патрэбамі. Можа гэта быць малітва аб дараваньні здароўя, за памыснае вяртаньне з далёкага падарожжа, за супакой душы памерлага ды ў шматлікіх жыцьцёвых акалічнасьцях.

Хаця Царква, у сваёй матчынай дбайнасьці пра кожнае сваё дзіця, кожнаму індывідуальна гатова выстарацца Божае блаславенства, хаця выходзіць насустрач асабістым патрэбам, радасьцям і смуткам, спадарожнічаючы чалавеку ад калыскі па магілу, аднак усеагульныя багаслужбы лепш і паўней чымсьці індывідуальныя выказваюць характар хрысьціянскай веры. „Дзе двух або трох зьбярэцца ў Імя Маё, там і Я сярод іх”, — гаворыцца ў Сьвятым Пісаньні (Мацьв. 18, 20). Супольныя багаслужбы павялічваюць моц малітвы. Лягчэй занікаюць тады ўсялякія розьніцы: паходжаньня, асьветы, грамадзкага статусу, а ў сэрцах людзей абуджаюцца пачуцьці хрысьціянскай любові, братэрства і еднасьці з усімі людзьмі.



Умовы адпраўленьня багаслужбаў

З увагі на натхнёны характар і ўзьнёслую мэту багаслужбы яна патрабуе выкананьня некалькіх перадумоваў:

— багаслужбы маюць права адпраўляць толькі мужчыны, якія маюць дзеля гэтага адпаведную сьвятарскую падрыхтоўку і якія правамоцна высьвячаны на сьвятара архірэем;

— багаслужбы могуць адпраўляцца толькі ў храмах зь неабходным абсталяваньнем або — выняткава — у іншых месцах, якія годныя і дапушчальныя для гэтага;

— прынцыпова — багаслужбы павінны адпраўляцца згодна ўстаноўленаму і замацаванаму традыцыяй парадку або рытуалу.

Неабходна тут адзначыць, што сярод розных хрысьціянскіх канфэсіяў ёсьць значныя розьніцы адносна ня толькі разуменьня галоўных ісьцінаў веры, але наконт сутнасьці самога сьвятарства, таінстваў, багаслужбаў і абрадаў. Усё гэта — вынік адвольнай інтэрпрэтацыі Сьвятога Пісаньня і адыходу ад практыкі і традыцыі раньнехрысьціянскай, непадзеленай Царквы. Прычыны гэтай сумнай зьявы занадта складаныя, каб выясьніць іх у некалькіх сказах.



Галоўныя часткі праваслаўнай багаслужбы

а) Малітвы

Гэта неад’емная частка кожнай багаслужбы. Склалі іх натхнёныя Богам і спецыяльна адораныя для выказваньня рэлігійных пачуцьцяў аўтары. Апрача вядомых са Сьвятога Пісаньня малітваў цара Саламона, прарока Данііла, Іава, мытніка, сьвятога Сімяона, у склад праваслаўных багаслужбаў увайшлі малітвы пазьнейшых аўтараў: сьв. Яфрэма Сырыйца, сьв. Яна Залатавуснага, сьв. Васіля Вялікага, сьв. Яана Дамаскіна, сьв. Андрэя Крыцкага ды іншых пабожных аўтараў.

б) Спецыяльныя малітвы

У праваслаўнай багаслужбе зьяўляюцца імі екцяніі. Назоў паходзіць ад грэцкага слова эктэйно — расьцягаю, і азначае працяглую малітву. Ад найдаўнейшых часоў вядомы чатыры формы екцяніі: вялікая, малая, умольная і асаблівая (у царкоўнаславянскай мове: сугубая).

— Вялікая екцянія пачынаецца са слоў „у супакоі Госпада памолімся” і ўключае шмат просьбаў вымаўленых іярэем або дыяканам. На кожную просьбу хор адказвае „Госпадзе, памілуй”. Екцянія канчаецца заўсёды словамі возгласу, якія вымаўляе сьвятар.

— Малая екцянія зьяўляецца скарачэньнем вялікай: мае толькі просьбы і возглас.

— Асаблівая екцянія або ўзмоцненая, званая ў царкоўнаславянскай мове сугубай екцяніяй, пачынаецца са слоў „Мовім усе” або „Зьмілуйся над намі, Божа”. На кожную просьбу хор трохкратна адказвае „Госпадзе, памілуй”.

— Умольная екцянія характарызуецца просьбамі, якія канчаюцца словамі „Ў Госпада просім”, на што хор адказвае: „Памілуй, Госпадзе”.

в) Чытаньне і тлумачэньне Сьвятога Пісаньня

Апрача малітваў важнае месца ў праваслаўных багаслужбах займае чытаньне і тлумачэньне Сьвятога Пісаньня, інакш кажучы Бібліі. Сьвятое Пісаньне дзеліцца на кнігі Старога і Новага Запаветаў. У склад Старога Запавету ўваходзіць 39 кананічных кніг, прызнаных боганатхнёнымі, і 11 некананічных, аднак карысных і годных чытаньня. У склад Сьвятога Пісаньня Новага Запавету ўвайшло 27 кніг. Кнігі Старога Запавету былі напісаны на працягу 1000 гадоў і былі яны ўкамплектаваны каля 457 году да нараджэньня Хрыста Ездрам і Нееміем пасьля вавілонскай няволі. Усе яны былі напісаны па-старажытнаяўрэйску. Кнігі Новага Запавету напісаны былі на грэцкай мове званай коінэ на працягу шасьцідзесяці гадоў. Поўны сьпіс кананічных кнігаў быў сфармаваны ў 4-м стагодзьдзі нашай эры. Тады таксама Сьвятое Пісаньне было падзелена на фрагмэнты для чытаньня на кожны дзень або пры спецыяльнай нагодзе. Такім чынам іншы ўрывак чытаецца ў гонар апостала, іншы — мучаніка або свяціцеля. Існуюць таксама фрагмэнты тэксту для чытаньня падчас пахаваньня, хрышчэньня, шлюбу, асьвячэньня хаты, вады або іншай патрэбы.

Чытаньню ўрыўка Сьвятога Пісаньня спадарожнічае падчас багаслужбы казань, мэта якой разьвінуць і наблізіць вернікам праўды сфармуляваныя ў Бібліі дзеля таго, каб яны сталіся правадніком, крытэрыем у штодзённай практыцы і натхненьнем для кожнага верніка.

г) Скарочаны зьмест Сьвятога Пісаньня

Бог зь нічога стварыў увесь сьвет і чалавека. Першыя людзі жылі ў раі званым Эдэмам, на ўсход ад Сьвятой Зямлі, у заходняй частцы Азіі. Прабацькі — Адам і Ева — зграшылі непаслухмянасьцяй у адносінах да Бога і былі пакараны пазбаўленьнем папярэдніх прывілеяў. Бог у Сваёй бязьмежнай любові падрыхтаваў аднак плян збаўленьня ўсяго чалавецтва. Дзеля гэтага, прыблізна 1850 гадоў да нашай эры, Бог выбраў і паклікаў Аўраама, зь якім заключыў саюз і ад якога бярэ пачатак багавыбраны народ. Аўраам пасяліўся ў зямлі Ханаан, а ягоныя нашчадкі былі вымушаны жыць некаторы час у Егіпце. Яўрэі, якіх прабываньне ў Егіпце ператварылася там у няволю, размнажыліся ў вялікі народ. Каля 1450 году да нараджэньня Хрыстовага, яўрэі на чале з Майсеем пакінулі Егіпет. Падчас 40-гадовага вандраваньня па Сынайскай пустыні, дзе народ атрымаў ад Бога заканадаўства, яўрэі здабылі Ханаан, Зямлю Абяцаную ім. На працягу наступных 400 гадоў, у перыд судзьдзяў і каралёў, яўрэі стварылі магутную дзяржаву. З часам, 900 гадоў да нашай эры, дзяржава падзялілася на дзьве часткі. Адна зь іх была захоплена суседнімі народамі ў 722 годзе, а другая ў 586 годзе да нараджэньня Хрыстовага. У найцяжэйшы для народу перыяд прадказвалі нараджэньне Збавіцеля. Каля 538 году рэшткі забранага ў вавілонскую няволю народу вярнуліся на Радзіму, збудавалі ерусалімскі храм і дзяржаву. У той час закончылася фармаваньне поўнага сьпіску 22 кніг старазапаветнага Сьвятога Пісаньня. Чатырыста гадоў пазьней нарадзіўся Ісус Хрыстос, абяцаны Збавіцель, Уцялесьнены Сын Божы. Ён, як Богачалавек, згодна Божаму абяцаньню адкупіў сваёй Крыжовай Ахвярай увесь род чалавечы. Хрыстос жыў, навучаў, рабіў цуды, памёр на Крыжы, уваскрэс, узьнёсься на неба і паслаў адтуль сваім вучням і пераймальнікам Сьвятога Духа. Дзякуючы атрыманаму ў дзень Пяцідзесятніцы Духу, на зямлі ўзьнікла новазапаветная Царква Хрыстова. Апосталы і іхныя вучні, абдараваныя моцай Сьвятога Духа, панесьлі Добрую Вестку — Евангельле — ва ўсе куткі зямлі. Да сёньняшняга дня Царква вядзе людзей і ўвесь сьвет да канчатковай мэты жыцьця — збаўленьня і канчатковага зьяднаньня са сваім Тварцом.

д) Найчасьцей чытаныя падчас багаслужбаў кнігі

Зь ліку кніг Старога і Новага Запавету толькі некаторыя пастаянна выкарыстоўваюцца ў багаслужбах.

— Евангельлі — гэта галоўныя кнігі ўсяго Сьвятога Пісаньня. Усе іншыя кнігі зьяўляюцца або ўступам або разьвіцьцём праўдаў аб’яўленых у гэтых кнігах. Кніга Евангельля складаецца з чатырох частак: Евангельляў паводле Мацьвея, Марка, Лукі і Яана.

Першая зь іх, Евангельле паводле Мацьвея, прызначана было для чытачоў зь ліку палесцінскіх яўрэяў. Ейнай мэтай было пераканаць суайчыньнікаў, што Ісус Хрыстос — гэта сапраўды прадказаны прарокамі Месія-Збавіцель. Насуперак спадзяваньням яўрэяў Евангельле абвяшчае Божае, звышнатуральнае Царства. Кніга паявілася ў палове 1-га стагодзьдзя і складаецца з дваццаці васьмі разьдзелаў.

Другая кніга, Евангельле паводле Марка, была прызначана для рымскіх хрысьціян, якія раней былі паганцамі. Аб гэтым сьведчыць факт, што аўтар падрабязна тлумачыць яўрэйскія звычаі і назовы ў адрозненьні ад рымскіх, якія ўспрымае як агульнавядомыя. Мэтай Евангельля Марка было ўмацаваць веру новазьвернутых у хрысьціянства паганцаў у тым, што Хрыстос зьяўляецца сапраўдным Сынам Божым, Уладаром усяго стварэньня. Евангеліст Марк падкрэсьліў у сваёй кнізе цуды і спосаб узьдзеяньня Хрыста на індывідуальнасьць і веру апосталаў. Кніга была напісана каля 60﷓га году нашай эры і складаецца з шаснаццаці разьдзелаў.

Трэцяя кніга, Евангельле паводле Лукі, вучня Паўла, адрасавана была былому паганцу і высокаму чыноўніку Феафілу і напісана з думкай пра паганцаў, якія нядаўна прынялі хрысьціянства. Кніга паказвае, што Ісус — сапраўдны Збавіцель усіх людзей, поўны дабрыні, міласэрнасьці і прабачэньня. Евангеліст абмінае тое, што для паганцаў гучэла непрыемна, а падкрэсьлівае тое, што гучыць у іхную карысьць. Кніга была напісана на пачатку 60-х гадоў 1-га стагодзьдзя і складаецца з дваццаці чатырох разьдзелаў.

Чацьвёртая кніга, Евангельле паводле Яана, была прызначана для хрысьціян у Малой Азіі, сярод якіх пачалі пашырацца ерасі, якія аспрэчвалі боскасьць Ісуса Хрыста. Мэта кнігі заключаецца ў словах: „Гэтае-ж напісана, каб вы паверылі, што Ісус ёсьць Хрыстос, Сын Божы і, веруючы, мелі жыцьцё вечнае ў імя Яго” (Яан. 20, 31). Евангеліст Яан падкрэсьліў у сваёй кнізе сэнс жыцьця і навукі Хрыста, вялікія цуды і Славу Адзінароднага Сына Божага. Паводле Евангельля, Ісус Хрыстос Бог — Слова, вобраз Божы і найлепшае Яго адлюстраваньне. Сын Божы прыйшоў на зямлю ў імя Айца, зь Якім Ён роўны, зь Якім разьдзяляе Славу і складае еднасьць. Кніга была напісана напрыканцы жыцьця апостала, у першыя гады 2-га стагодзьдзя, перад 105 годам.

Зь іншых кнігаў Сьвятога Пісаньня ў багаслужбах выкарыстоўваюцца фрагмэнты званыя параміямі. Яны чытаюцца падчас вячэрніх багаслужбаў напярэдадні вялікіх сьвятаў. Параміяў можа быць пятнаццаць, дванаццаць, восем або тры. Іхны тэкст зачэрпнуты з наступных кнігаў: Быцьця, Выхаду, Левіт, Лікаў, Другапраўя, Ісуса Навіна, Судзьдзяў, Самуіла, Царстваў, Псалтыра, Іава, Іоны, Сафонія, Міхея, Варуха, Захарыі, Іаіля, Малахіі і Гавакука.

Апостал — гэта кніга пастаянна выкарыстоўваецца ў багаслужбах. У ейны склад уваходзяць: Дзеі Апостальскія сьвятога евангеліста Лукі, кніга Апакаліпсы сьвятога евангеліста Яана, сем гэтак званых агульных Лістоў (адзін Ліст апостала Якуба, тры Лісты апостала Пятра і адзін Ліст апостала Юды). Апрача таго ў склад „Апостала” ўвайшло чатырнаццаць Лістоў апостала Паўла: да рымлянаў, два Лісты да карынфянаў, да галатаў, да эфэсянаў, да піліпянаў, да каласянаў, два Лісты да фесалонікійцаў, два — да Цімафея, адзін да Ціта, адзін да Філімона і Ліст да яўрэяў. Кніга „Апостал” падзелена на ўрыўкі прызначаныя для чытаньня ў дадзены дзень або пры спецыяльнай акалічнасьці.

Псалтыр — гэта кніга са ста пяцідзесяці псальмоў, паэтычных твораў сьпяваных і дэклямаваных у Старым Запавеце пад акампанямэнт арфы, ліры або цытры. Большасьць псальмоў напісаў цар Давід. Аўтарамі астатніх зьяўляюцца сьпевакі і левіты, імёны якіх Геман, Этан і Асаф. З „Псалтыра” зачэрпнута большасьць малітваў і гімнаў выкарыстоўваных у праваслаўных багаслужбах. Кніга падзелена на дваццаць частак званых кафізмамі. Кожная кафізма дзеліцца яшчэ на тры часткі па два-тры псальмы.

Неад’емнай часткай багаслужбаў зьяўляюцца песьні ды гімны. Сьпеў і музыка, як выява рэлігійных пачуцьцяў, практыкаваліся ўжо ў Старым Запавеце. Сьвятое Пісаньне адзначае песьні сьвяточныя (Выхад. 30, 29), пры зборы ўраджаю (Выхад. 15-ы разьдзел). Пры ерусалімскім храме былі хоры, якія налічвалі нават да дзьвюх тысяч сьпевакоў. Сярод яўрэяў, якія вярталіся з вавілонскай няволі, апынулася таксама дзьвесьце сорак пяць сьпевакоў (Неемія. 7, 67). Ісус Хрыстос сьпяваў са сваімі вучнямі пахвальныя яўрэйскія песьні (Мацьв. 26, 30; Марк. 14, 26). Раньнехрысьціянскія сьпевы ў значнай ступені бралі прыклад зь яўрэйскіх і грэцкіх гімнаў, якіх узьнёсласьць і прастата адпавядалі характару хрысьціянскіх багаслужбаў. Ужо ў першых стагодзьдзях хрысьціянскія сьпевы значна розьніліся паміж сабою. Песьні выконваліся хорам, сола, двума хорамі на зьмену або сола пры акампанямэнце. Багаслужбы ўвесь час узбагачаліся новымі мэлёдыямі і малітвамі. Сьвятыя Яфрэм Сырыец і Раман Салодкапевец увялі мноства народных элемэнтаў. Сьвяты Яан Дамаскін, выдатны паэт і кампазытар, склаў восем мэлёдыяў, галасоў на восем тыдняў. Сьвяты Фёдар Студыйскі, Яфрэм Сырыец, Касьма, паасобныя манастыры і аддзельныя аўтары таксама ўнесьлі выдатны ўклад у разьвіцьцё царкоўнай музыкі. Праваслаўная Царква, якая прыняла сваю веру зь Візантыі, стагодзьдзямі заставалася пад уплывам візантыйскага сьпеву. Найбольш бачны быў уплыў грэцкіх і балгарскіх сьпеваў у 10—11-м стагодзьдзях. Быў гэта пераважна аднагалосы сьпеў званы унісонным, зь вельмі недасканалым запісам, бяз нотаў і безь пяці лініяў. У 14—16-м стагодзьдзях у тэкстах паявілася мноства памылак, сьпеў быў працяглы і няроўны, а запіс г.зв. кручкамі быў недакладны. У 17﷓м стагодзьдзі, за часоў маскоўскага патрыярха Нікана, была праведзена рэформа царкоўных кнігаў і ўпершыню быў уведзены запіс нотаў з дапамогай лініяў. У 17-м і 18-м стагодзьдзях распаўсюдзіўся сьпеў на тры галасы, пераняты з заходняй, сьвецкай музыкі. Найболей памысным для царкоўнай музыкі быў перыяд канца 18-га і пачатку 19-га стагодзьдзяў. Выдатныя кампазытары: Дз. Бартнянскі (1751-1825), а. П. Турчанінаў (1779-1856), граф А. Львоў (1799-1870) пакінулі пасьля сябе мноства твораў на высокім узроўні майстэрства, якія выконваюцца да сёньняшняга дня. У 19-м стагодзьдзі жылі і дзейнічалі кампазытары, якія рупіліся ня толькі пра музыкальныя якасьці, але і пра малітоўны дух, праваслаўныя традыцыі і рэлігійныя каштоўнасьці. Да такіх належаць П. Чайкоўскі (1840-1893), М. Рымскі-Корсакаў (1844-1908), Г. Ламакін (1812-1885) ды іншыя. У 20-м стагодзьдзі праваслаўная царкоўная музыка стала вядомай ва ўсім сьвеце, выклікаючы зразумелае захапленьне нават з боку сьвецкіх колаў і неправаслаўных слухачоў.

Варта адзначыць, што Праваслаўная Царква, у адрозьненьні ад каталіцкай і пратэстанцкай, ніколі не ўвяла ў багаслужбы музычных інструмэнтаў. Прынцыпова яна ня супраць гэтага, паколькі нават Сьвятое Пісаньне гаворыць: „Слаўце Бога на струнах і арганах”. Нават арган прыняўся на Захадзе ў 8-м стагодзьдзі з Грэцыі, хаця сама Грэцыя, як і іншыя праваслаўныя краіны, лічыць, што чалавечы голас зьяўляецца найболей дасканалым інструмэнтам, а малітва павінна пазьбягаць матэрыяльнага пасрэдніцтва і выплываць з сэрца з дапамогай натуральных сродкаў.

е) Найчасьцей выконваныя песьні

Усе царкоўныя сьпевы дзеляцца на тры катэгорыі: псальмы, гімны і духоўныя песьні. Да першых належаць псальмы з кнігі „Псалтыр”. Гімны — гэта ўзьнёслыя, урачыстыя песьні са Старога і Новага Запаветаў, а духоўныя песьні — творы ўзьніклыя пад узьдзеяньнем Сьвятога Духа. Да гэтых апошніх належаць:

— трапар — песьня, якая выказвае сутнасьць сьвята або заслугі і жыцьцё сьвятога, якому трапар прызначаецца;

— кандак — песьня, якая разьвівае і дадаткова абгрунтоўвае ідэю нейкага сьвята або падкрэсьлівае выключныя рысы характару сьвятога;

— ікас — песьня падобная да кандака, якая разьвівае ягоную тэму. Назоў зачэрпнуты з грэцкай мовы і азначае хату ў сувязі з тым, што хрысьціяне неаднойчы зьбіраліся ў хатах для малітоўных сустрэч і сьпеву;

— сьціхіры — гэта яшчэ іншыя песьні рэлігійнага зьместу або фрагмэнты Сьвятога Пісаньня, найчасьцей з устаноўленай рытмікай, выконваныя падчас вячэрняй багаслужбы і ўтрані;

— антыфоны — песьні, выконваныя пераменна двума хорамі. Увёў іх Ігнацій Баганосец, епіскап антыёхскі;

— пракімен — кароткі фрагмэнт псальму, які папярэднічае чытаньню Евангельля, „Апостала” або параміі. Апрача пракімнаў на кожны дзень, ёсьць таксама вялікія пракімны, сьпяваныя ў сьвяты або ў перыяд Вялікага Посту на вячэрні.

Апрача згаданых ёсьць песьні, якія назоў атрымалі ад свайго зьместу, велічыні і спосабу выконваньня. Васкрэсныя гавораць пра Ўваскрэсеньне Хрыстовае, багародзічныя ўсхваляюць Божую Маці, а дагматыкі гавораць пра фундамэнтальныя праўды, такія як Уцелясьненьне Сына Божага. Канон — гэта гімн зь дзевяці, васьмі, чатырох, трох або двух песьняў. Акафіст — збор гімнаў у гонар Божай Маці, Сьвятога Крыжа або іншых сьвятых, які складаецца з дванаццаці кандакоў і дванаццаці ікасаў. Назоў узяты адтуль, што падчас іх выконваньня нельга сядзець. Некаторыя найменьні ўзьніклі ў залежнасьці ад суседзтва зь іншымі тэкстамі, напрыклад, прычасьцен азначае песьню, якая выконваецца падчас Прычасьця сьвятара. Алілуярый выконваецца падчас сьпеву „Алілуя” пасьля адчытаньня „Апостала”. У залежнасьці ад слоў, якія часта паўтараюцца, ёсьць гэтак непарочныя і блажэнныя.

ё) Сымбалічныя дзеяньні і абрады

Праваслаўнай багаслужбе спадарожнічае мноства сымбалічных дзеяньняў і абрадаў, якія апрача вонкавай формы маюць глыбейшы, духоўны сэнс:

— Знак крыжа. Дзеля гэтага складаем тры пальцы правай рукі ў знак нашай веры ў Сьвятую Тройцу. Два астатнія пальцы сагнутыя да далоні азначаюць дзьве натуры ў Ісусе Хрысьце: Боскую і людзкую. Гэтак зложаныя пальцы кладзем на чало, на грудзі, на правае і на левае плячо. Знак крыжа — найкарацейшае вызнаньне і сымбаль хрысьціянскай веры. Дбайна і набожна роблены знак крыжа паказвае, што Крыж Хрыстовы блізкі нашаму сэрцу, што асьвячае наш розум, сэрца і сілы.

— Паклоны. У штодзённым жыцьці паклон азначае павагу, спадарожнічае просьбам і прывітаньням. У царкве таксама накіроўваем да Бога нашы просьбы, выказваем павагу і шанаваньне. Вось таму нашым пабожным пачуцьцям у натуральны спосаб спадарожнічаюць паклоны. Паклоны бываюць такія: схіленьне галавы, паклон да пояса, нізкі паклон да зямлі.

— Кленчаньне. Звычайна яно выказвае пачуцьцё віны, падпарадкаванасьць каму-небудзь і пакорную просьбу з пазыцыі слабейшага, нягоднага раўнапраўных зносін. Кленчаньне падкрэсьлівае нягоднасьць верніка, які ўсьведамляе свой грэх і таму кленчаньне практыкуецца перш за ўсё ў перыяд Вялікага Посту, калі вернікі праводзяць самааналіз і каюцца ў сваіх грахах.

— Сьвятарскае блаславенства. Гэта знак крыжа зроблены сьвятаром рукою або крыжам. Епіскап бласлаўляе апрача таго запаленымі сьвечкамі — дзікірыем і трыкірыем. Блаславенства зьяўляецца знакам пераказаньня Божай ласкі, выстараньня чалавеку Божага блаславенства. Сьвятар бласлаўляе ад імя Ісуса Хрыста і даручанай яму моцай Хрыста. Атрыманьню блаславенства спадарожнічае паклон як выява ўдзячнасьці за атрыманы дар або нават цалаваньне рукі сьвятара.

— Сьвечкі і аліўкавыя лямпачкі. Вядомыя ўжо ў Старым Запавеце шырока выкарыстоўваюцца ў праваслаўных багаслужбах. Сьвечкі паказваюць нашу палымяную любоў і гарачую веру ў Бога. Нагадваюць таксама сьвятло Божае і тое, якім азораныя сьвятыя. Запаленыя перад іконамі сьвечкі і лямпачкі, званыя таксама лампадамі, зьяўляюцца знакам асьвячэньня, якое дасягаецца пераймальніцтвам добрага прыкладу ад сьвятых, а таксама выказваюць нашу пашану Богу і Ягоным сьвятым. Бель воску сымбалізуе чысьціню нашых сэрцаў, а мяккасьць — хрысьціянскія цноты лагоднасьці і дабрыні.

— Каджэньне. Гэтае дзеяньне таксама вядомае было ўжо ў Старым Запавеце і практыкавалася падчас прынашэньня ахвяраў. Дым са спаленых духмяных рэчываў напамінае вернікам, што іхныя малітвы павінны быць шчырыя і быццам дым узносіцца да неба. Кадзільны дым сымбалізуе таксама Божую ласку і пастаянную яе прысутнасць сярод вернікаў. Каджэньне іконаў выказвае любоў да напісаных на іконах сьвятых, а каджэньне людзей — пашану для вобразу і падабенства Божага ў кожным чалавеку.

— Акрапленьне вадой. Асьвячаная пакліканьнем ласкі Сьвятога Духа вада зьяўляецца крыніцай Божай ласкі, якая перадаецца праз акрапленьне ёю або спажываньне. У Старым Запавеце вада была сымбалем духоўнага ачышчэньня, крыніцай асьвячэньня, аздараўленьня і несьмяротнасьці. Існуюць два рытуалы асьвячэньня вады: малое і вялікае асьвячэньне. Сьвячоная вада зь вялікай пашанай перахоўваецца вернікамі ў хатах і ўжываецца ў розных жыцьцёвых сытуацыях.

— Званы. Упершыню былі ўведзены на Захадзе ў 5-м стагодзьдзі, а на Ўсход прыйшлі ў 9-м стагодзьдзі з Вэнэцыі. Да таго часу ў праваслаўнай царкве іх заступалі білы — драўляныя або мэталёвыя дошкі, у якія ўдаралі малатком ці іншым прадметам. Званы склікаюць вернікаў на багаслужбы, гучаць падчас урачыстых момантаў, а тым, якія адсутнічаюць у царкве, напамінаюць пра Бога і абавязак малітвы. Званы абвяшчалі таксама нейкія важныя падзеі ў сьвецкім жыцьці грамады. Царкоўнае карыстаньне званамі мае дакладна акрэсьлены характар і зьяўляецца некаторым майстэрствам. Дабравест — гэта раўнамерны гук вялікага звана, які склікае вернікаў на багаслужбу. Трызвон або перазвон заключаецца ў аддзельных ударах у чарговыя званы, а потым ва ўсе разам. Званы звычайна завешваюцца на званіцах, будаваных аддзельна або спалучаных з будынкам царквы.



Месцы адпраўленьня багаслужбаў

Ужо ў Старым Запавеце малітвы да Бога і прынашэньне ахвяраў адбываліся ў месцах, дзе Бог аб’явіўся людзям, дзе выяўляў Сваю ласку або ў месцах, якіх прыгажосьць і таямнічасьць настройвалі да кантакту з Богам. Такім месцам была, напрыклад, гара Морыя, дзе Аўраам меў намер ахвяраваць Богу свайго сына Ізаака (Быцьцё. 22, 1-2) і дзе з часам быў пабудаваны храм. Пастаяннымі месцамі адпраўленьня багаслужбаў былі: Майсееў храм, храм Саламона, храм Зарававеля, Ірада, сынагогі і ў Новым Запавеце — хрысьціянскія храмы.

а) Храм Майсея

Першы старазапаветны храм, які ў значнай ступені паслужыў прыкладам для іншых, у тым ліку і для хрысьціянскіх храмаў. Пасьля вызваленьня зь егіпецкай няволі (1450 гадоў да нашай эры) яўрэі пабудавалі на пустыні пераносны, прыстасаваны да падарожжа храм (Выхад. 25, 26, 27 разьдзелы). Храм меў форму падоўжнага шасьціграньніка: 15 мэтраў даўжыні, 5 мэтраў вышыні і 5 мэтраў шырыні са сьценамі з пазалочанай драўніны. Унытры храм падзелены быў на дзьве часткі: сьвятое сьвятых і сьвятое месца. У гэтым пераносным храме знаходзіліся сьвятыя для яўрэяў прадметы. За першай заслонай, куды ўваходзіць маглі толькі сьвятары, знаходзіўся кадзільны алтар, стол для ахвярных хлябоў і падсьвечнік. За другой заслонай, у найсьвяцейшым месцы, куды раз у год мог увайсьці толькі архірэй, знаходзіўся каўчэг запавету, які меў форму скрыні памерамі 125 цэнтымэтраў даўжыні, 75 цэнтымэтраў шырыні і гэтулькі-ж вышыні. Каўчэг быў выкананы з пазалочанай драўніны і перахоўваліся ў ім скрыжалі зь дзесяцьцю запаветамі, жазло Аарона і пасуда з маннай. Каўчэг быў несены на чале шэсьця і падчас войнаў забясьпечваў перамогу. Пасьля ўваходу яўрэяў у Абяцаную Зямлю храм быў сьпярша пастаўлены ў Шылё. У часы Самуіла пераносны храм знаходзіўсяч ў Кірыят-Еарым. Калі Саламон пабудаваў свой ерусалімскі храм, Майсееў храм з усім сваім абсталяваньнем быў памешчаны ў ім. Канчаткова каўчэг быў захоплены і вывезены разам зь іншымі каштоўнымі прадметамі вавілонскім каралём Навухаданосарам у 604 годзе да нараджэньня Хрыста.

б) Храм Саламона

Неўзабаве пасьля пераняцьця ўлады сын цара Давіда — Саламон пачаў пабудову грандыёзнага храму на месцы ўказаным ягоным бацькам. Празь сем з паловай году, у 1004 годзе да нараджэньня Хрыста храм быў гатовы і ўрачыста пасьвячаны (1 Цар. 8 разьдзел). Сам храм меў 30 м даўжыні, 15 м вышыні і 10 м шырыні. Гэтак, як і Майсееў храм, будынак быў падзелены на дзьве часткі. Перад храмам знаходзіліся сенцы памерамі 10 м на 5 м, а вакол расьцягваліся панадворкі для мужчын, для жанчын і для паганцаў. Перад храмам знаходзіўся 5-мэтровы медны ахвярнік, на якім прыносіліся ў ахвяру жывёлы. Багата абсталяваны, грандыёзны ерусалімскі храм быў найсьвяцейшым для ўсіх яўрэяў у Палесціне і на ўсім сьвеце. У ім перахоўваўся каўчэг запавету. Шмат разоў апаганьваны і граблены храм канчаткова згарэў у 586 годзе да нараджэньня Хрыста.

в) Храм Зарававеля

Калі ў 536 годзе да нашай эры пэрсідзкі цар Кір дазволіў яўрэям вярнуцца на Бацькаўшчыну, яны адразу пачалі адбудоўваць ерусалімскі храм. Адбудаваны ў 516 годзе да нашай эры храм памерамі быў большы за папярэдні, аднак значна бяднейшы за яго. Перш за ўсё не было ў ім ужо каўчэгу запавету, які для яўрэяў быў заўсёды знакам Божай прысутнасьці. Заміж каўчэгу ў сьвятым святых быў вялікі камень. У 167 годзе да нашай эры сырыйцы аграбілі храм, а на ахвярніку паставілі статую паганскага ідала — Юпітара. Шэсьць гадоў пазьней, дзякуючы паўстаньню на чале з братамі Маккавеямі, храм быў адбудаваны і асьвячаны.

г) Храм Ірада

Папярэдні храм здаваўся занадта сьціплым амбітнаму, але жорсткаму Іраду. У 20 годзе да нараджэньня Хрыста ён пачаў яго павялічваць і ўпрыгожваць. На працягу васьмі гадоў былі выкананы асноўныя працы, аднак цэласьць была завершана толькі ў 64 годзе нашай эры. На панадворку храму Хрыстос прамаўляў да людзей і адтуль аднойчы прагнаў гандляроў (Лук. 19, 44). Прароцтва Хрыста аб зьнішчэньні храму і гораду зьдзейсьніліся ў 70 годзе нашай эры. Рымляне на чале зь Цітам крывава здушылі чарговае яўрэйскае паўстаньне, захапілі ўсе каштоўнасьці і дашчэнту разбурылі храм. Зараз на месцы славутага храму знаходзіцца мячэць Омара, а з папярэдняга храму засталася толькі частка сьцяны званая сьцяною плачу.

д) Сынагогі

Гэта былі малітоўныя дамы, якія паявіліся ў Палесціне каля 500 гадоў да нараджэньня Хрыста, пасьля вяртаньня яўрэяў з вавілонскай няволі. Згодна яўрэйскім звычаям, сынагога павінна была быць у кожнай мясцовасьці, дзе пражывала прынамсі дзесяцера яўрэяў. Сынагогі будавалі на падвышаным, бачынм месцы. Унутры знаходзіліся спецыяльная шафа, у якой перахоўвалася Сьвятое Пісаньне, кафедра і лаўкі. Багаслужбы адбываліся тры разы ў тыдзень: у суботу, панядзелак і чацьвер. Падчас багаслужбаў мужчыны і жанчыны сядзелі аддзельна. Кожны мужчына меў права гаварыць малітвы, чытаць і тлумачыць выбраныя фрагмэнты Сьвятога Пісаньня. Гэтым правам пакарыстаўся і Хрыстос (Лук. 4, 17), і апосталы, калі пашыралі ў сынагогах Евангельле (Дзеі. 13, 44). Багаслужбы ў сынагогах у значнай ступені паўплывалі на раньнехрысьціянскія багаслужбы.

е) Месцы адпраўленьня хрысьціянскіх багаслужбаў у першыя тры стагодзьдзі

Апосталы і першыя хрысьціяне маліліся на пачатку ў ерусалімскім храме і ў сынагогах. Калі іх пачалі прасьледаваць, яны зьбіраліся ў прыватных дамах. Першымі хрысьціянскімі храмамі былі спецыяльныя, выдзеленыя пакоі званыя ікасамі. Пераважна гэта былі падоўжныя залі з калёнамі, якія дзялілі памяшканьне на дзьве або на тры часткі. У часы найгоршых прасьледаваньняў хрысьціяне зьбіраліся ў недаступных, замаскіраваных месцах. У Рыме, Нэапалі, Александрыі, у Галіі, на Сыцыліі і ў шматлікіх іншых гарадах захаваліся да сёньняшняга дня падзямельныя, выкапаныя ў скале калідоры і залі, званыя катакомбамі. Звычайна яны служылі да хаваньня памерлых, аднак у гэтых месцах, якія шанавалі нават паганцы, хрысьціяне адносна бясьпечна зьбіраліся на малітвы і неаднойчы адпраўлялі Сьвятую Эўхарыстыю непасрэдна на магіле мучаніка. Катакомбныя залі, званыя ў залежнасьці ад сваіх памераў кубікулямі, крыптамі або каэлямі, маглі аднаразова памясьціць ад пару дзесяткаў да ста пяцідзесяці асобаў.

Незалежна ад гэтага ўжо ў першыя тры стагодзьдзі, у перыяды меншых прасьледаваньняў, хрысьціяне будавалі наземныя храмы. Найчасьцей мелі яны форму падоўжанага прамавугольніка зь некалькімі шэрагамі калёнаў уздоўж. Гэтыя будынкі званыя базылікамі бралі прыклад з каралеўскіх і публічных памяшканьняў. Такі тып храму распаўсюджаны быў аж да 4﷓га стагодзьдзя.

ё) Стылі хрысьціянскіх храмаў

Пачынаючы ад 4-га стагодзьдзя базылікі ўступілі месца візантыйскаму стылю. Ён характарызаваўся тым, што храмы будаваліся на пляне крыжа, кола, квадрату або прамавугольніка і ўвенчваліся скляпеньнеми у форме сплюшчанага купалу. Храмы гэтага тыпу былі будаваны да самога падзеньня Візантыі ў палове 15-га стагодзьдзя.

На Захадзе ў 10—13﷓м стагодзьдзях сфармаваўся іншы стыль званы раманскім. Храмы гэтага тыпу мелі форму падоўжанага прамавугольніка, абложанага з двух бакоў двума ніжэйшымі і вузейшымі прамавугольнікамі. Цэласьць перарэзана была папярэчным прамавугольнікам, закончаным паўкруглым месцам на алтар, што разам давала форму падоўжанага крыжа. Скляпеньне было паўкруглае і лагодна сплюшчанае.

Напрыканцы сярэдневякоўя, раманскі стыль здамінаваў гатычны, званы стральчатым стылем. Ён характарызаваўся тым, што храмы мелі сьпічастыя вокны і скляпеньні ды высокія, востраканцовыя вежы. Готыка ўзбуджала ў чалавеку пачуцьцё сваёй нікчэмнасьці ў параўнаньні з магутнасьцяй Бога.

У 15-м стагодзьдзі паявіўся рэнэсансавы стыль. Сьпярша ў Італіі, потым у іншых каталіцкіх храмах пачалі ўжывацца элемэнты старажытнай архітэктуры. Скляпеньні ў іх мелі паўкруглы кшталт, унутры было мноства калёнаў з расьліннымі арнамэнтамі і скульптураў. Якраз скульптуры найболей адрозьніваюць гэты стыль ад папярэдніх і — асабліва — ад праваслаўных храмаў.
Comments