Паняцьце аб цыклях багаслужбаў


Паняцьце аб цыклях багаслужбаў


Азнаямленьне са зьместам багаслужбаў дазваляе заўважыць, што некаторыя малітвы паўтараюцца за кожнай багаслужбай, а іншыя можна пачуць толькі ў часе некаторых зь іх. Адсюль вынікае, што некаторыя малітвы пастаянныя, а іншыя зьмяняюцца. Акрамя таго можна заўважыць, што некаторыя песьні і малітвы гучаць заўсёды ў канкрэтны дзень тыдня, а іншыя заўсёды ў той-жа дзень году. Паколькі ўсе малітвы паўтараюцца: адны — штодзень, іншыя — штотыдзень, а яшчэ іншыя — штогод, дык залічаюць іх да трох цыкляў: сутачнага, тыднёвага і гадавога. Асноўным цыклем зьяўляецца сутачны, а ўсе астатнія лічацца дадатковымі. Да малітваў, якія зьмяняюцца залічаюцца трапары, кандакі, велічаньні, сьціхіры, дагматыкі, акафісты, антыфоны, пракімны і каноны. Да пастаянных частак багаслужбы належаць пачатак (начало), екцяніі, возгласы і одпусты.



Пастаянныя часткі багаслужбаў


Каб лепш зразумець парадак і сэнс багаслужбаў, трэба сьпярша лепш азнаёміцца з тымі часткамі, якія паўтараюцца за кожнай багаслужбай.

а) Пачатак

Кожная багаслужба пачынаецца воклічам сьвятара, заклікам усхваліць Бога. Такіх воклічаў тры: „Бласлаўлёны Бог наш цяпер і ўвесь час і на векі вякоў”, „Слава Сьвятой, Аднаістотнай і Жыцьцятворнай і Неразьдзельнай Тройцы....” і „Бласлаўлёнае Валадарства Айца і Сына і Сьвятога Духа цяпер і ўвесь час і на векі вякоў”. Пасьля гэтага псаломшчык або хор адказваюць „Амін” і чытаецца „Слава Табе, Божа наш, слава Табе”, „Цару нябесны”, „Сьвяты Божа”, „Прасьвятая Тройца”, „Госпадзе памілуй” (тройчы), „Слава Айцу і Сыну і Сьвятому Духу”, „Ойча наш”, „Прыйдзіце паклонімся Цару нашаму Богу...”.

б) Екцяніі

У іх зьмешчаны просьбы, якія тычацца асноўных патрэбаў і турботаў вернікаў. У адрозьненьні ад іншых малітваў — у екцяніях гаворыцца пераважна аб зямных справах і жывых людзях. Екцяніі дзеляцца наступным чынам.

— Вялікая — званая таксама мірнай. Яна пачынаецца ад слоў „У супакоі Госпаду памолімся”. У ёй вернікі просяць за спакой усяго сьвету, за збаўленьне душаў, за мір, дабрабыт, спрыяльнае надвор’е, здароўе, хадайнічаюць за тых, хто падарожнічае, хто пакутуе, хварэе або знаходзіцца ў зьняволеньні. Вялікая екцянія канчаецца ўзгаданьнем Прасьвятой Дзевы Марыі ды ўсіх сьвятых, заклікам, каб усе вернікі даручылі Госпаду Богу сябе, адны адных і ўсё сваё жыцьцё, і заключным воклічам сьвятара.

— Узмоцненая (царк.-слав.: сугубая) екцянія характарызуецца тым, што пасьля кожнай просьбы хор тройчы адказвае „Госпадзе, памілуй”. Яна пачынаецца словамі „Мовім усе ад усяе душы” („Рцэм всі от всея душы і от всего помышленія нашэго рцэм”).

— Благальная (царк.-слав.: просітельная) екцянія бярэ свой назоў ад слоў „У Госпада просім” і „Падай, Госпадзе”, якімі адказваюць на кожную просьбу.

— Малая екцянія складаецца толькі з трох просьбаў, якія гучаць таксама і ў вялікай екцяніі. Гэта: „Зноў і зноў у супакоі Госпаду памолімся”, „ Заступі, збаў, памілуй” і „Прасьвятую, прачыстаю, слаўную Багародзіцу”.

в) Вокліч

Заканчэньне екцяніі, якое голасна (хаця здараецца, што і ціха, як быццам для сябе) выказвае сьвятар або дыякан. У воклічах (царк.-слав.: возглас) паясьняецца, чаму молячыся Богу спадзяемся атрымаць тое, што просім і чаму ўвогуле асьмельваемся зьвяртацца да Бога з нашымі просьбамі і падзякай, напрыклад: „Бо Ты добры і любіцель людзей — Бог наш і Табе славу ўзносім”.

— Одпуст — г.зн. адушчэньне, вызваленьне і азначае, што ўдзельнікі багаслужбы могуць ужо пакінуць храм. Парадак одпусту наступны: сьвятар заяўляе „Прамудрасьць” і „Прасьвятая Багародзіца, збаў нас”. Хор адказвае.



Багаслужбы сутачнага цыклю


Штодзённы цыкль складаецца з наступных багаслужбаў:

— дзевятай гадзіны,

— вячэрні,

— павячэр’я,

— паўночніцы,

— утрані,

— першай гадзіны,

— трэцяй гадзіны,

— шостай гадзіны,

— і Сьвятой Літургіі.

Сутачны цыкль пачынаецца вечарам згодна старазапаветнай традыцыі, паводле якой суткі пачынаюцца разам з захадам сонца. Вечар быў таксама пачаткам стварэньня сьвету і зьлічэньня часу. Назвы багаслужбаў сутачнага цыклю ўказваюць на пару дня, у якую яны павінны служыцца. І так назоў вячэрня сам за сябе гаворыць, што гэтая багаслужба адпраўляецца вечарам, павячэр’е — пасьля вячэрні, паўночніца — апоўначы, а ўтраня — раніцай. Паводле нашага часу багаслужба першай гадзіны адпавядае нашай восьмай гадзіне раніцы, трэцяя гадзіна — нашай дзесятай, шостая — нашай трынаццатай і дзевятая — шаснаццатай па палудні. Сьвятая Літургія, якая зьяўляецца зьвянчэньнем усіх астатніх багаслужбаў, адпраўляецца на заканчэньне ўсяго цыклю. Звычай адзначэньня малітвай важнейшых падзеяў з жыцьця Хрыста і гісторыі хрысьціянскай Царквы зьявіўся ужо ў 1-м стагодзьдзі. Паўплывала на гэта таксама старазапаветная традыцыя, згодна якой яўрэі тройчы ў дзень маліліся і прыносілі ахвяры (Пс. 54, 18; Дан. 6, 10). Старазапаветны ўплыў асабліва бачны ў выпадку гадзінаў.

Ужо ў апостальскія часы першыя хрысьціяне адзначалі малітвай трэцюю, шостую і дзевятую гадзіны. Акрамя таго зьбіраліся на малітву на раніцы, пры захадзе сонца і ўначы.

У часе прасьледу сумесную малітву абмяжоўвалі толькі да двух разоў у тыдзень: раніцай і ўвечары ў нядзелю.

Зь ліку ўсіх багаслужбаў сутачнага цыклю асаблівую ўвагу зьвернем на тры галоўныя, тыя, якія адпраўляюцца найчасьцей і зь якімі вернікі найчасьцей сутыкаюцца. Гэта вячэрня, утраня і Сьвятая Літургія.

а) Вячэрня

Згодна традыцыі — стварэньне сьвету і пачатак зьлічэньня часу пачаліся вечарам. „І так мінуў вечар і раніца — дзень першы”, — чытаем у 1-й Кнізе Сьвятога Пісаньня. Сьвятар апрануты ў епітрахіль і фелонь адцягвае занавесу на царскіх дзьвярах, званую катапітасмай, выходзіць на салею перад імі і пачынае вячэрню словамі: „Бласлаўлёны Бог наш цяпер і заўсёды і на векі вякоў”. Псаломшчык чытае пачатковыя малітвы і пасьля „Ойча наш” пераходзіць да 103-га псальму. У ім гаворыцца пра стварэньне сьвету і аб прыгажосьці неба, зямлі, жывёлаў і людзей. У часе чытаньня гэтага цудоўнага псальму сьвятар, стоячы перад царскімі дзьвярыма, ціха чытае са службоўніка адмысловыя малітвы. Гэтым самым ён сымбалізуе Адама, які пасьля выгнаньня з раю з пакорай стаіць ля ўваходу ў яго. Пасьля псальму сьвятар або дыякан чытаюць вялікую екцянію і затым хор або псаломшчык сьпяваюць „Госпадзе, я заклікаў Цябе, пачуй мяне” (царк.-слав.: „Господі, воззвах к Тебе, услышы мя”). У гэтым тэксьце яшчэ мацней выказана пакора і раскаяньне нашых прабацькоў.

У далейшых малітвах, званых сьціхірамі, гучаць суцяшальныя словы, што малітва людзей выслухана, а ахвяра — прынята. Вызваленьне ад грэху магчымае толькі празь веру ў Ісуса Хрыста і выкананьне ў жыцьці Ягоных запаветаў. Сьціхіры, якія, гэтак як і „Господі, воззвах”, сьпяваюцца на восем мэлёдыяў і канчаюцца малітвай у гонар Божай Маці. У часе іх выконваньня сьвятар абкаджвае алтар, іканастас і ўвесь храм. Затым хор сьпявае „Сьвятло ціхае” (царк.-слав.: „Свете тіхій”), дзе Хрыстос параўноўваецца да сьвятла, якое асьвятляе цемру духоўнай ночы і прыводзіць да пазнаньня Божай праўды. У часе гэтага гімну сьвятар зноў выходзіць перад царскія дзьверы і чытае пракімен дня, выбраны фрагмэнт псальму, прадбачаны на кожны дзень тыдня. Псаломшчык чытае малітву „Сподобі, Господі”, што значыць „Дазволь, Госпадзе, вечар гэты бяз грэху прабыць нам”. Затым сьвятар чытае благальную екцянію, у якой просіць спакойнага вечару, дараваньня грахоў і годнай сьмерці. Пасьля екцяніі наступаюць, выконваныя таксама на восем мэлёдыяў, сьціхіры на сьціхоўне, у якіх усхваляюцца збаўчыя заслугі Хрыста і дабрадзейнасьці сьвятых. За сьціхірамі чытаецца малітва сьв. Сімяона „Ныне отпушчаешы” („Зараз адпускаеш”), затым сьвятар чытае ўзмоцненую екцянію і на заканчэньне чытаецца одпуст.

Згодна „Тыпікону” існуюць тры віды вячэрні — малая, будзённая і вялікая.

б) Утраня

Гэтая багаслужба была вядомая ўжо ў глыбокай старажытнасьці. Яе парадак паступова зьмяняўся і набываў адметныя рысы ў практыцы паасобных манастыроў.

Сьвятар, адзеты ў епітрахіль і фелонь, пачынае ўтраню воклічам „Бласлаўлёны Бог наш”, пасьля чаго ў часе чытаньня 19-га і 20-га псальму кадзіць алтар, іканастас і ўвесь храм. Затым ён чытае скарочаную сугубую екцянію і, робячы кадзільніцай знак крыжа, выказвае словы „Слава Сьвятой, Аднаістотнай і Жыцьцятворнай і Неразьдзельнай Тройцы”. Пасьля гэтага воклічу наступае анёльская песьня „Слава ў вышынях Богу” і псаломшчык пачынае чытаньне шасьці выбраных псальмоў: 3-га, 37-га, 62-га, 87-га, 102-га і 142-га, у якіх гаворыцца пра небясьпеку і варожасьць, зь якімі сутыкнуўся Давід. Парок Давід увасабляе самога Збавіцеля, а яго перажываньні зьяўляюцца правобразам будучых пакутаў Ісуса Хрыста. У часе чытаньня псальмоў сьвятар стаіць перад царскімі дзьвярыма і ціха чытае адзінаццаць ранішніх малітваў. Ён просіць у іх дараваньня грахоў, дару веры, надзеі і любові, блаславенства і збаўленьня для ўсіх прысутных у храме і ўсіх праваслаўных людзей. Пасьля шасьці псальмоў сьвятар чытае вялікую екцянію і „Бог Госпад ды зьявіся нам”. Словы гэтай песьні гавораць пра зямное жыцьцё Хрыста ад нараджэньня па Ягоны ўезд у Ерусалім незадоўга да Ягонай сьмерці. Паколькі Хрыстос праводзіў сваю публічную дзейнасьць на працягу трох з паловай году, дык і гэтая песьня выконваецца тры-чатыры разы . Затым на тую-ж мэлёдыю сьпяваюцца кафізмы, у часе якіх вернікам дазваляецца сядзець, і псаломшчык чытае 50-ты псальм „Зьмілуйся нада мною Божа”.

Другая частка ўтрані пачынаецца канонам, які складаецца зь дзевяці песьняў. Пасьля 3-й, 6-й і 9-й песьні сьвятар чытае малыя екцяніі, пасьля 3-й чытаецца седален (назоў паходзіць ад таго, што ў гэты час дазвалялася сядзець), пасьля 6-й — кандак ды ікас, а ў часе 8-й песьні сьвятар кадзіць алтар ды іканастас і, затрымаўшыся на салеі перад іконай Божай Маці, выказвае словы: „Багародзіцу і Маці Сьвятла ў песьнях усхвалім”, у адказ на якія хор сьпявае выбраныя фрагмэнты зь 1-га разьдзелу Евангельля паводле Лукі, якія пачынаюцца словамі Божай Маці: „Славіць душа мая Госпада” („Велічіт душа моя Господа і возрадовахося дух мой о Бозе Спасе моем”). У тым часе сьвятар працягвае каджэньне — гэтым разам усяго храму.

Напярэдадні 12-ці вялікіх сьвятаў, Абразаньня Гасподняга і Трох Сьвяціцеляў, пасьля 8-й песьні заміж згаданых слоў у гонар Багародзіцы выконваюцца спецыяльныя прысьпевы разам зь ірамасам 9-й песьні канону. Пасьля 9-й песьні і малой екцяніі чытаецца або сьпяваецца экзапастыларый (калі субота) або сьвяцілен (калі багаслужба адбываецца ў любы іншы дзень). Экзапастыларый — гэта песьня, якая свой назоў атрымала ад грэцкага слова „пасылаю”. У ім гаворыцца пра абяцаньне паслаць Сьвятога Духа. Сьвяцілен — гэта гімн, у якім зьмяшчаецца просьба аб асьвячэньні Богам чалавека.

Трэцяя частка ўтрані пачынаецца сьпевам урыўкаў 148-га, 149-га і 150-га псальмоў, якія пачынаюцца ад слоў „Усякі дух няхай хваліць Госпада” („Всякое дыханіе да хваліт Господа”). Затым сьпяваюцца сьціхіры нядзельныя або ў гонар сьвятых, пасьля чаго псаломшчык чытае (а напярэдадні нядзелі або сьвята сьпявае) вялікае славаслоўе, перад якім сьвятар выказвае словы: „Слава табе, які паказаў нам сьвятло” („Слава тебе, показавшэму нам сьвет”). Гэтыя словы ссылаюцца на тое, што ўтраня, спалучаная зь вячэрняй як усяночная багаслужба, працягвалася неаднойчы да сьвітаньня. Узьняўшы рукі ўверх сьвятар ад імя ўсіх вернікаў дзякуе Богу за новы дзень. Бачнае сонечнае сьвятло сымбалізуе вернікам сьвятло пазнаньня Бога, прынесенае Ісусам Хрыстом. Таму пераходзячы ў думках ад дзённага сьвятла да сьвятла духоўнага вернікі адказваюць словамі „Слава на вышынях Богу”. Вялікае славаслоўе канчаецца словамі „Сьвяты Божа”, пасьля якіх выконваюцца трапары. Затым сьвятар чытае дзьве екцяніі: благальную і ўзмоцненую (сугубую) і ўтраня канчаецца одпустам.

в) Усяночная

Царкоўнаславянскі назоў гэтай багаслужбы — Всеношчное Бденіе — выразна гаворыць пра тое, што некалі яна працягвалася ўсю ноч. Інакш кажучы, вернікі ўсю ноч былі пільнымі, ня спалі, але маліліся. Гэтая багаслужба адносна добра вядомая, паколькі адпраўляецца напярэдадні ўсіх нядзеляў і сьвятаў, калі вернікі найчасьцей наведваюць царкву. Вось таму побач са Сьвятой Літургіяй варта дакладней азнаёміцца з гэтай багаслужбай.

Усяночная складаецца зь вялікай вячэрні, утрані і 1-й гадзіны. Хаця ў ейны склад уваходзяць вышэйзгаданыя вячэрня і утраня, аднак Усяночная — вельмі ўрачыстая багаслужба, з большай колькасьцяй сьпеваў, абрадаў і дзеяньняў.

Багаслужба пачынаецца адкрыцьцём царскіх дзьвярэй, абкаджэньнем сьвятога прастола і алтара ды воклічам „Слава Сьвятой, Аднаістотнай і Жыцьцятворнай, і Неразьдзельнай Тройцы”. Хор адказвае „Амін” і пасьля гэтага сьвятар тройчы заклікае вернікаў: „Прыйдзіце, паклонімся Цару нашаму, Богу”. Затым хор сьпявае 103-ці пасальм — той-жа, які чытаецца ў часе будзённай вячэрні. У гэтым часе сьвятар кадзіць іканастас, вернікаў і ўвесь храм. Каджэньне сымбалізуе дыханьне Сьвятога Духа, які ўздымаўся над водамі (Быцьцё. 1, 2). Урачысты пачатак Усяночнай багаслужбы ўзгадвае стварэньне сьвету і райскую бязгрэшнасьць ды шчасьце нашых прабацькоў. Гэты стан быў — на жаль —кароткатрывалы.

Падзеньне і грэх спрычынілі выгнаньне з раю і з таго часу жыцьцё Адама ды Евы праходзіла ў сьлязах і раскаяньні. Закрыцьцё царскіх дзьвярэй сымбалізуе немагчымасьць вяртаньня прабацькоў у рай. Пасьля 103-га псальму сьвятар чытае вялікую екцянію. Пасьля воклічу хор сьпявае выбраныя фрагмэнты з 1-га, 2-га і 3-га псальмоў, у якіх гаворыцца пра раскаяньне грэшнікаў ды іхнае спадзяваньне на Божую міласэрнасьць. „Шчасьлівы чалавек, які не ідзе за парадай злачынных” — гэтыя словы падкрэсьліваюць, што збаўленьне і блаславенства становяцца здабыткам тых, якія ў адрозьненьні ад Адама і Евы выконваюць Божыя запаветы і не ідуць за прыкладам бязбожных і распусных людзей. Затым наступае малая екцянія, вокліч і хор пачынае сьпяваць „Господі, воззвах” — гэта значыць: „Госпадзе, я заклікаў Цябе” — і сьціхіры, зь якіх апошняя, званая дагматыкам, зьмяшчае вучэньне аб Уцялесьненьні Божага Сына праз Божую Маці, а таксама пра спалучэньне ў Хрысьце двух натураў: Боскай і чалавечай. У часе сьпяваньня „Господі, воззвах” сьвятар абкаджвае алтар, іканастас і вернікаў. У тым часе, калі хор сьпявае дагматык, адкрываюцца закрытыя пасьля 103-га псальму царскія дзьверы, што сымбалізуе адкрыты ўваход у Царства Нябеснае разам з прыходам Божага Сына на Зямлю. Сьвятар абыходзіць прастол, праходзіць праз паўночныя дыяканскія дзьверы, становіцца ў адкрытх царскіх дзьвярах і, робячы ўгары кадзільніцай знак крыжа, заяўляе: „Прамудрасьць, станьма проста” — гэта значыць, што заклікае да сканцэнтраванасьці і ўвагі. Гэтае дзеяньне называецца вячэрнім уваходам, які сымбалізуе публічнае зьяўленьне Хрыста і пачатак Ягонай службы. У гэтым часе хор сьпявае „Сьвятло ціхае”, а сьвятар ідзе за прастол на г.зв. горнае месца і чытае пракімен дня. Напярэдадні вялікіх сьвятаў пасьля пракімну, пры зачыненых царскіх дзьвярах, чытаюцца параміі —фрагмэнты кнігаў Старога Запавету. Сьвятар чытае ўзмоцненую (сугубую) екцянію, а псаломшчык чытае „Сподобі, Госпадзе” („Дазволь, Госпадзе, у вечар гэты бяз грэху заставацца нам”), пасьля чаго чытаецца яшчэ адну екцянію — благальную. Напярэдадні вялікіх сьвятаў у склад Усяночнай уваходзіць ліція з бласлаўленьнем хлябоў. Слова ліція азначае сумесную, гарачую малітву. „Госпадзе, памілуй” сьпяваецца ў яе ходзе 50 разоў. У часе сьціхіраў сьвятар, апярэджаны сьвечнікамі, выходзіць з алтара і становіцца ля ўваходу ў галоўную частку храму. Ён, зьвярнуўшыся ў напрамку алтара, чытае малітвы за збаўленьне духоўных і сьвецкіх уладаў, за кожную хрысьціянскую душу, асабліва за тых, хто абцяжараны пакутамі і турботамі просіць аб усьцеражэньні людзей ад голаду, заразы, землятрусу, паводак, захопнікаў і братазабойчай вайны. Ліція заканчваецца малітвай „Уладыка Шматміласьцівы”, у часе чытаньня якой вернікі пакорліва схіляюць галовы. Затым сьвятар падыходзіць да пастаўленай пасярэдіне храму пасуды зь пяцьцю хлябамі, пшаніцай, віном і алеем — гэтак званага тэтрапоту. Хор сьпявае сьціхіры на сьціхоўне, „Цяпер адпускаеш”, а таксама трапары дня і сьвята. У тым часе сьвятар тройчы абкаджвае тэтрапот і чытае малітву, у якой згадваецца пра цудоўнае насычэньне пяцьцю хлябамі пяці тысяч чалавек. Узяўшы адзін з хлябоў ён робіць ім знак крыжа, паказваючы на кожны з дароў. Блаславенства хлеба, пшаніцы, віна і алею нагадвае старажытны звычай практыкаваны ў часе Ўсяночнай, калі вернікам давалі для падмацаваньня асьвячаныя хлеб, віно і алей. У далейшай частцы Ўсяночнай пасуду з хлябамі забіраюць зь сярэдзіны храму для раздрабленьня хлябоў і пазьнейшай раздачы вернікам. Хор сьпявае „Хай імя Божае будзе бласлаўлёнае ад зараз у векі вякоў”, затым псальм 33﷓ці і сьвятар бласлаўляе вернікаў у храме, кажучы: „Багаслаўленьне Гасподняе на вас”, уваходзіць у алтар, зачыняюцца царскія дзьверы і ўтраняй пачынаецца другая частка Ўсяночнай.

Утраня пачынаецца анёльскай песьняй „Слава ў вышынях Богу” і чытаньнем згаданых ужо шасьці псальмоў. У тым часе сьвятар чытае дванаццаць ранішніх малітваў, пасьля якіх наступае вядомая з будзённай утрані вялікая екцянія, вокліч „Бог Госпад і зьявіся нам” разам з трапаром сьвята або дня. Пасьля гэтага псаломшчык пачынае чытаць кафізмы (на нядзельнай утрані чытаюць 2-ю і 3-ю кафізмы). У склад іх уваходзяць фрагмэнты 15-га, 21-га і 23-га псальмоў, у якіх гаворыцца пра пакуты, сьмерць і ўваскрэсеньне Хрыста. Пасьля кафізмаў сьвятар чытае малую екцянію, царскія дзьверы адчыняюцца і сьвятар выносіць Евангельле, якое кладзе пасярэдзіне храму. У гэтым часе хор сьпявае выбраныя фрагмэнты са 134﷓га і 135﷓га псальмоў, якія пачынаюцца са слоў „Хваліце імя Гасподняе”. Гэтая частка Ўсяночнай называецца паліялеем, што азначае „многа сьвятла” і адначасова „многа міласэрнасьці”. Назва паходзіць ад таго, што ў часе сьпяванага падчас паліялею псальму шмат разоў паўтараецца слова „міласэрнасьць” і таму, што ў гэтым часе храм інтэнсыўна асьветлены: у мінулым аліўкавымі лямпамі і сьвечкамі, а зараз — электрычнасьцяй. Адкрыцьцё царскіх дзьвярэй і вынас Евангельля сымбалізуюць зьяўленьне Ўвскрэслага Хрыста апосталам. Сьпеў у часе паліялею ўказвае на бязьмежную міласэрнасьць і славу, выяўленыя ў цудзе ўваскрэсеньня. Словы псальму заклікаюць вернікаў аддаць хвалу Богу Айцу, Які дзеля нашага збаўленьня паслаў Свайго Адзінароднага Сына. Усхваленьне-ж самога Хрыста выказана ў словах „нядзельных непарочных”, сьпяваных выключна ў часе нядзельнай утрані: „Бласлаўлёны Ты, Госпадзе, навучы мяне Тваіх запаветаў”. У кожнае зь ліку дванаццаці вялікіх сьвятаў, або ў дні прысьвечаныя памяці асабліва шанаваным сьвятым, адразу пасьля вынясеньня Евангельля на сярэдзіну храму сьвятар, а пасьля яго хор, сьпяваюць хвалебны гімн у гонар Ісуса Хрыста, Божай Маці або сьвятога, г.зв. велічаньне. У тым часе сьвятар кадзіць увесь храм, затым чытае малую екцянію і пасьля воклічу хор выконвае сьцяпенныя або антыфоны. У часе нядзельнай утрані гэта антыфон 4-га голасу „От юності моея” („Ад маладосьці маёй”). У ім гаворыцца пра ласку, якую вернікі атрымоўваць праз Хрыста і Яго Царкву. Пасьля антыфонаў гучыць пракімен і чытаецца Евангельле. У часе нядзельнай утрані чытаецца адзін з адзінаццаці фрагмэнтаў, узятых зь Евангельляў паводле ўсіх чатырох евангелістаў. Калі канчаецца ўвесь цыкль ад 1-га ўрыўку да 11-га , тады ён ізноў паўтараецца ад пачатку. У вялікія сьвяты чытаецца спецыяльны фрагмэнт Евангельля, прызначаны адмыслова на гэты дзень, напрыклад, у гонар Божай Маці чытаецца 4-е зачало, фрагмэнт Евангельля паводле Лукі. Пасьля Евангельля (калі гэта нядзельная ўтраня) сьпяваецца „Ўваскрэсеньне Тваё пабачыўшы” і першую малітву ліціі (калі яе не было наогул) „Збаў, Божа, людзей тваіх”. Пасьля воклічу вернікі цалуюць Евангельле ды ікону пасярэдзіне храму, а сьвятар памазвае кожнаму чало асьвячаным алеем. Гэтым самым выказваецца пажаданьне, каб вернікі, быццам пладавітыя аліўкавыя дрэвы, захоўвалі ў сваіх сэрцах алей любові да Бога, які выявіў сваю міласэрнасьць таксама празь сьвяткаваную падзею.

Пасьля алеепамазаньня пачынаецца канон з малымі екцяніямі пасьля 3-й, 6-й, і 9-й песьняў і каджэньне ўсяго храму пасьля воклічу „Багародзіцу і Маці Сьвятла”. Канон канчаецца словамі „Сьвяты Госпад, Бог наш”, пасьля чаго чытаецца або сьпяваецца г.зв. сьвяцілен або экзапастыларый, пра якія ўжо гаварылася пры апісаньні будзённай утрані. Далей наступаюць хвалітныя сьціхіры („Усякае дыханьне няхай хваліць Госпада”) і гімн у гонар Багародзіцы („Прабласлаўлёная Ты, Багародзіца Дзева”). У часе гэтай песьні адчыняюцца закрытыя раней царскія дзьверы ў знак таго, што Божая Маці адкрыла нам уваход у Царства Нябеснае. Сьвятар, узьняўшы рукі ўверх, заклікае: „Слава Табе, што паказаў нам сьвятло”, а хор сьпявае вялікае славаслоўе, затым трапары сьвята або нейкі голас. Калі выпадае 1-ы, 3-і ,5-ы або 7-ы голас, выконваецца трапар „Сёньня зьдзейсьнілася збаўленьне сьвету” („Днесь спасеніе міру бысть”). Калі прыпадае 2-і ,4-ы ,6-ы або 8-ы голас, тады сьпяваецца трапар „Уваскрос з магілы”. На заканчэньне сьвятар чытае ўзмоцненую і благальную екцяніі і одпуст.

У склад поўнай Усяночнай уваходзіць яшчэ таксама багаслужба 1-й гадзіны, якая ў асноўным складаецца з чытаньня псальмоў (5-га, 89-га і 100-га).



Сьвятая Літургія


Гэтая багаслужба займае першае і выключнае месца сярод усіх астатніх праваслаўных багаслужбаў. Ейны назоў паходзіць ад грэцкіх слоў леітос — усеагульны, і эргон — служба, дзеяньне. Сьвятая Літургія зьяўляецца зьвянчэньнем усіх астатніх багаслужбаў, малітваў і абрадаў, якія адбываюцца ў Царкве. У часе Літургіі выконваецца таінства Сьвятой Эўхарыстыі, устаноўленае Ісусам Хрыстом напярэдадні свайго ўкрыжаваньня. У Вялікі чацьвер, пасьля абмыцьця ног вучням у знак пакоры, Хрыстос „узяў хлеб, дабраславіў, паламаў, даў вучням і сказаў: бярыце, ешце, гэта ёсьць Цела Маё”. Затым, узяўшы келіх і ўчыніўшы падзяку, падаў ім і сказаў: „Піце зь яе ўсе, бо гэта ёсьць Кроў мая новага запавету, якая за многіх будзе пралітая на дараваньне грахоў” (Мацьв. 26, 26-28). На заканчэньне Хрыстос рэкамендаваў вучням: „Рабіце гэта на памятку Маю” (Лук. 22, 19).

Згодна з Хрыстовым даручэньнем апосталы выконвалі Сьвятую Эўхарыстыю самі і патрабавалі гэтага ад сваіх вучняў. Усюды, дзе зьяўляліся новыя хрысьціянскія абшчыны, хрысьціяне „непарушна трывалі ў навуцы апосталаў і ў супольніцтве, у ламаньні хлеба і ў малітвах” (Дзеі. 2, 42). Апостал Павал павучаў: „Гэтак часта як вы спажываеце хлеб гэты і п’яце келіх гэты — сьмерць Гасподнюю абвяшчаеце” (1 Кар. 11, 26).

Усе старазапаветныя ахвяры, якіх мэтай было аднаўленьне духоўнай лучнасьці з Богам, знайшлі сваё завяршэньне ў Эўхарыстычнай Ахвяры. Вячэра Божага Сына сталася сымбалем еднасьці Царквы. Прыступаючы да Сьвятога Прычасьця — Эўхарыстыі — хрысьціяне абвяшчаюць сьмерць Збавіцеля, аднак гэта ня проста ўспамін. Кожны раз таінства Эўхарыстыі пацьвярджае рэальную прысутнасьць Сына Божага ў Царкве: „Хто есьць Цела Маё і п’е Кроў Маю, прабывае ўва Мне і Я ў ім” (Яан. 6, 56). Звычайныя прадукты харчаваньня ў Эўхарыстыі становяцца ахвярай новага саюзу, дзякуючы якому Хрыстос аб’ядноўваецца з намі. З часу свайго ўстанаўленьня Эўхарыстыя выконваецца „за ўсіх і за ўсё”. У часе Сьвятой Літургіі ўзносяцца малітвы за ўсіх людзей, жывых і памерлых. Вакол Боскага Баранчыка (Агнца), прынесенага ў ахвяру за грахі ўсяго сьвету, гуртуюцца анёлы, прарокі, патрыярхі, апосталы, пакутнікі і ўсе сьвятыя. Сумеснае Сьвятое Прычасьце будзе таксама ў будучыні знакам еднасьці ўсіх хрысьціян, падзеленых на розныя канфэсіі.

Сьвятая Літургія як „усеагульная служба”, „усенародная справа” зьяўляецца ахвярай прынесенай Богу за ўвесь сьвет і будзе выконвацца да канца сьвету.

а) Віды Сьвятой Літургіі

З апостальскіх часоў Сьвятая Літургія, званая ламаньнем хлеба (Дзеі. 2, 46) або падзякай (эўхарыстыя), мела розныя формы. Кожная лякальная Царква, хаця і вернікі захоўвалі нязьменнай сутнасьць таінства і словы Хрыста, мела сваю Літургію. Захаваліся зьвесткі пра сырыйскую, егіпецкую, персідзкую, візантыйскую, рымскую, міланскую ды іншыя літургіі. Да найстарэйшых належаць сырыйскія літургіі. Згодна традыцыі, апостал Якуб апрацаваў першую літургію непасрэдна на падставе ўказаньняў самога Ісуса Хрыста. Гэтая літургія адпраўлялася ў ерусалімскай Царкве да 4-га стагодзьдзя. Акрамя таго вядомы літургіі сьв. евангеліста Марка і сьв. Клімента Рымскага, якія адпраўляліся ў александрыйскай і рымскай Цэрквах. Абедзьве былі набліжаны да Літургіі сьв. Якуба з той розьніцай, што зьмяшчалі ў сабе менш старазапаветных тэкстаў, якія для хрысьціян, што павярнуліся да веры з паганства, мела меншае значэньне, чымсьці для яўрэяў.

У 4-м стагодзьдзі сьв. Васіль Вялікі, архіепіскап Кесарыі Капададоцкай запісаў поўны тэкст Літургіі. У тым-жа стагодзьдзі іншы выдатны ерарх сьв. Яан Залатавусны, архіепіскап канстанцінопальскі апрацаваў новы парадак Сьв. Літургіі са скарочанымі эўхарыстычнымі малітвамі. Напыканцы 4-га стагодзьдзя ў александрыйскай Царкве зьявілася Літургія Раней Асьвячаных Дароў ( Прэждеосвяшчэнная), тэксты да якой напісалі сьв. Апанас Александрыйскі (памёр у 373 годзе) і Рыгор, епіскап Рымскі званы Дыялёгам або Дваясловам, які лічыцца складальнікам гэтай Літургіі.

Згаданыя літургіі разьвіваліся і ўзбагачваліся новымі тэкстамі. Некаторыя малітвы, такія як „Ойча наш” або псальмы, былі вядомы ўжо да Васіля Вялікага або Яана Златавуснага. Іншыя зьявіліся пазьней і былі ўключаны ў тэкст літургіі. Малітва „Адзінародны Сыне”, у якой зьмешчана вучэньне пра ўцялесьненьне Сына Божага, была ўключана ў 535 годзе. „Сьвяты Божа”— малітва зьвязаная з цудоўным выратаваньнем ад землятрусу ў 5-м стагодзьдзі — была ўключана ў тэкст літургіі ў 439 годзе, Сымбаль Веры — у 488, „Дастойна ёсьць” — у 980 годзе, „Няхай напоўняцца вусны нашы” — у 620 годзе.

Зараз у Праваслаўнай Царкве адпраўляюцца чатыры сьвятыя Літургіі:

1) сьв. Яана Залатавуснага — адпраўляецца у большасьць дзён году за выняткам дзён, калі ўвогуле не бывае літургіі, або апраўляецца іншую.

2) сьв. Васіля Вялікага — адпраўляецца 10 разоў у год: у нядзелі Вялікага Посту (акрамя Вербнай нядзелі), у Вялікі чацьвер, Вялікую суботу, у дзень сьв. Васіля Вялікага, напярэдадні сьвятаў Раства Хрыстовага і Багаяўленьня або і ў самыя сьвяты, калі яны выпадуць у нядзелю або панядзелак. Крыху адрозьніваецца ад Літургіі сьв. Яана Залатавуснага. Іншыя ў ёй эўхарыстычная малітва, малітвы за жывых і памерлых, перад словамі „прыміце, ешце” голасна вымаўляюцца словы „даў сьвятым сваім вучням і апосталам кажучы”. Заміж малітвы „Дастойна ёсьць” сьпяваецца „Аб Табе радуецца”, а падчас одпусту згадваецца асобу Васіля Вялікага.

3) сьв. Якуба — адпраўляецца толькі адзін раз у год у дзень Якуба Ерусалімскага.

4) Літургія Раней Асьвячаных Дароў — адпраўляецца ў серады і пятніцы Вялікага Посту, у чацьвер 5-га тыдня Вялікага Посту, у Вялікія панядзелак, аўторак і сераду. Абшырней пра гэту Літургію будзе сказана пры велікапосных багаслужбах.

б) Неабходныя ўмовы пры адпраўленьні Сьвяьтой Літургіі

Сьвятая Літургія, як галоўная праваслаўная багаслужба, патрабуе выкананьня некаторых важных перадумоваў:

— Адпраўляць яе можа толькі законна высьвячаны епіскап або сьвятар толькі адзін раз у дзень.

— Сьвятая Літургія павінна адпраўляцца выключна на антымінсе, раскладзеным на Сьв. Прастоле або іншым годным месцы таксама толькі раз у дзень. Каб адслужыць другую Літургію трэба абавязкова прымяніць іншы антымінс.

— Неабходныя правільна падрыхтаваныя: эўхарыстычныя хлеб (просфары), чырвонае, вінаграднае віно і ўсе прылады ды эўхарыстычнае адзеньне.

— Сьвятар, які зьбіраецца адпраўляць Сьвятую Літургію павінен захаваць эўхарыстычны пост, які як мінімум павінен працягвацца 8 гадзін перад службай або, як гэта бывае на практыцы, ад поўначы. Ён павінен прачытаць спэцыяльныя малітвы, гэтак званае „правіла”, а таксама прымірыцца з усімі.

— У часе Сьв. Літургіі акрамя сьвятара ў храме павінны быць прынамсі адна або дзьве асобы, якія прадстаўляюць вернікаў. Гэта вынікае са слоў Хрыста: „Дзе два або тры сабраныя ў Імя Маё, там і Я сярод іх”.

На асаблівую ўвагу заслугоўвае належнае падрыхтаваньне прадуктаў неабходных для адпраўленьня Сьв. Эўхарыстыі. Эўхарыстычны хлеб называецца просфарай, што значыць: прынашэньне (ад грэцкіх слоў прос — да і фэро — нясу). Просфара мае форму круглай булачкі сфармаванай з дзьвюх частак: большай і меншай у знак, што Ісус Хрыстос быў сапраўдным Богам і сапраўдным чалавекам. Верхняя частка мае адціснутую пячатку з крыжам і літарамі: ІС ХС НІ КА, што азначае „Ісус Хрыстос перамагае”. Просфара, зь якой вымаецца частку ў гонар Божай Маці, мае адціснутыя літары: МР QУ — Божая Маці, або ейную выяву. Традыцыя патрабуе, каб просфары былі квасныя, паколькі якраз такі хлеб, званы па-грэцку артасам, быў спажываны ў часе Апошняй Вячэры і такі прыносілі першыя хрысьціяне з прызначэньнем для Сьв. Эўхарыстыі. Нарыхтоўка просфараў павінна адбывацца з малітвай, з ужыцьцём найлепшай, пшанічнай мукі, вады і дрожджаў.

Усякія дадаткі дзеля паляпшэньня іхнага смаку зьяўляюцца парушэньнем гэтага прынцыпу і традыцыі.

Такія-ж строгія патрабаваньні тычацца эўхарыстычнага віна. У адпаведнасьці з традыцыяй яно павінна быць абавязкова вінаграднае і чырвонае, каб нагадвала кроў. Да віна даліваецца ваду ў памяць таго, што з прабітага кап’ём боку ўкрыжаванага Хрыста пацяклі кроў і вада. (Некаторыя хрысьціяне, у прыватнасьці рымскія каталікі, ужываюць белае віно, але гэта не падстава, каб адмаўляцца ад сваіх традыцыяў.)

Перад пачаткам Літургіі сьвятар, які выканаў згаданыя ўмовы, у набожным настрою накіроўваецца ў храм, становіцца перад царскімі дзьвярыма і чытае ўваходныя малітвы. У адной з гэтых малітваў ён просіць, каб Бог умацаваў яго перад гэтай службай і дазволіў з пачуцьцём годнасьці прыступіць да алтара і прынесьці Бяскроўную Ахвяру. Пасьля малітваў, перш чым увайсьці ў алтар, ён просіць вернікаў, калі нехта зь іх ужо прыйшоў у храм, дараваць яму ягоныя грахі. Затым тройчы пакланіўшыся перад прастолам цалуе Евангельле і сам прастол, ідзе ў рызьніцу і апранаецца ў літургічнае адзеньне. Сьпярша надзявае падрызьнік, потым епітрахіль, пояс, поручы і на канец фелонь, пры кожным чытаючы адпаведную малітву. Пасьля гэтага сьвятар мые рукі і прыходзіць у алтар, каб пачаць першую частку Сьв. Літургіі — праскамідыю.

в) Праскамідыя

Ейны назоў паходзіць ад грэцкага слова проскамізо — прыношу, і нагадвае старажытны звычай прыносіць вернікамі хлеб і віно з прызначэньнем для Сьв. Эўхарыстыі. Сьвятар, адзеты ў поўны камплект літургічнага адзеньня, стае перад ахвярнікам (царк.-слав.: жэртвеньнік), дзе знаходзяцца загадзя нарыхтаваныя ўся літургічная пасуда, пяць просфар, віно і вада. Пасьля воклічу „Бласлаўлёны Бог наш” левай рукой бярэ ён просфару і нажом у выглядзе малога кап’я тройчы робіць над ёю знак крыжа, кажучы: „У памяць Госпада і Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста”. Затым нарэзвае хлеб з правага боку, з левага, зьверху і зьнізу, выказваючы словы з кнігі прарока Ісаіі: „Як баранчык быў ведзены на бойню....”. Пры апошніх словах ён вымае з просфары шасьцікутнік, кладзе на дзіскас, павяртае пячаткай уніз і нарэзвае на ім, не перарэзваючы аднак цалкам, знак крыжа кажучы: „Ахвяроўваецца Баранчык Божы, які ўзяў на сябе грахі сьвету, за жыцьцё сьвету і збаўленьне”. Потым ізноў кладзе шасьцікутнік, званы па-царкоўнаславянску Агнцам, пячаткай уверх і, прабіваючы левы бок, кажа: „Адзін з ваяроў кап’ём рэбры Ягоныя прабіў і адразу пацякла кроў і вада”. Затым бласлаўляе рукой віно з дадаткам вады і ўсё ўлівае ў келіх. Далей бярэ другую просфару зь ініцыяламі і выявай Божай Маці, вымае зь яе крыху большую частку і кладзе зь левага боку Агнца. Пры гэтым выказвае словы, што гэта частка ў гонар і памяць Багародзіцы. З трэцяй просфары сьвятар вымае дзевяць невялікіх частак (тры па тры рады) у гонар: сьв. Яана Хрысьціцеля, прарокаў, апосталаў, сьвяціцеляў, пакутнікаў, прападобных, бяссрэбранікаў і сьв. Яана Залатавуснага або Васіля Вялікага — у залежнасьці, якая гэта Літургія. Часткі сьвятар кладзе з правага боку Агнца ў тры рады па тры. З чацьвёртай просфары вымае ён дзьве часткі за ўладу духоўную і сьвецкую, а таксама за жывых, якіх імёны яму вядомы і за якіх здароўе і памыснасьць хоча памаліцца. Зь пятай просфары сьвятар вымае частку за ўсіх памерлых і на канец — вяртаючыся ізноў да чацьвёртай — за сябе. Усе гэтыя крошкі, якія сьвятар вымае з просфараў, згадваючы пры гэтым імёны жывых і памерлых, у часе Літургіі апускаюцца ў келіх з Кроўю Гасподняй. Пры гэтым гаворацца словы, якія тлумачыць сэнс гэтага дзеяньня: „Абмый, Госпадзе, грахі ўсіх тут згадваных”. На дзіскасе ўсе часьцінкі акружаюць Агнец, падкрэсьліваючы, што вакол Хрыста Збавіцеля гуртуецца ўся Царква, значыць, і жывыя, і памерлыя. Усе яны ўдзельнічаюць у адкупляльнай Ахвяры Збавіцеля.

Пасьля падрыхтоўкі Сьв. Дароў сьвятар бласлаўляе рукой паднесеную яму кадзільніцу, бярэ зьвязьдзіцу, абкаджвае яе і ставіць на дзіскасе, кажучы: „А прыйшоўшы зорка стала над месцам, дзе было Дзіцё”. Потым абкаджвае малы пакравец і пакрывае ім дзіскас. Тое самае робіць з другім пакраўцом, якім накрывае келіх, а трэцім, найбольшым пакраўцом прыкрывае дзіскас і келіх разам. Гэтак нарыхтаваныя дары сьвятар абкаджвае і моліцца, каб Бог прыняў іх, глянуў на тых, хто іх прыносіць і тых, за якіх яны прыносяцца, а таксама захаваў беззаганнасьць самога сьвятара ў часе адпраўленьня Сьв. Таінства.

Усе згаданыя прадметы і дзеяньні маюць сымбалічнае значэньне. Дзіскас сымбалізуе віфлеемскія ясьлі і неба, зьвязьдзіца — віфлеемскую зорку, пакраўцы — ткань, у якую было загорнутае дзіцятка, прабіцьцё Агнца згадвае прабіцьцё кап’ём боку Хрыста на крыжы. Мука і дрожджы, якія падымаюць і ажыўляюць хлеб, сымбалізуюць душу, вада ўжытая да сьпячэньня просфараў зьяўляецца знакам хрышчэньня, соль азначае навуку Хрыста, які сказаў: „Вы зьяўляецеся сольлю зямлі”(Мацьв. 5, 13). Каджэньне сымбалізуе прысутнасьць Сьвятога Духа. Уся праскамідыя, якая адбываецца пры зачыненых царскіх дзьвярах і адпраўляецца ў цішыні, сымбалізуе Раство Хрыстовае і няведамае жыцьцё Ісуса, а таксама іншыя падзеі зь Яго зямнога жыцьця.

У часе праскамідыі псаломшчык чытае трэцюю і шостую гадзіны, каб вернікі ў малітве падрыхтаваліся да належнага ўдзелу у самой Сьв. Эўхарыстыі. На заканчэньне праскамідыі сьвятар адцягвае занавеску на царскіх дзьвярах і абкаджвае прастол, іканастас і ўвесь храм. Пачынаецца другая частка багаслужбы званая Літургіяй агалошаных або інакш кажучы катэхумэнаў.

г) Літургія катэхумэнаў

Пасьля заканчэньня праскамідыі сьвятар стае перад Сьв. Прастолам і з паднятымі ўверх рукамі моліцца: „Цару нябесны”, „Слава ў вышынях Богу”, „Госпадзе, вусны мае адкрыеш і вусны мае абвесьцяць хвалу Тваю”. Затым, учыняючы Евангельлем знак крыжа над антымінсам, выклікае: „Бласлаўлёнае валадарства Айца і Сына і Сьвятога Духа, цяпер і ўвесь час і на векі вякоў”. Хор адказвае „Амін” пасьля чаго наступае вялікая екцянія і возглас. Каб узмоцніць набожнае чаканьне, хор і згуртаваныя ў храме людзі сьпяваюць фрагмэнты 102-га і 105-га псальмоў, у якіх гаворыцца пра Божыя дабрадзействы ў дачыненьні да роду чалавечага. Гэтыя словы прадстаўляюць, адлюстроўваюць Божую шчодрасьць, міласэрнасьць і справядлівасьць і таму ў царкоўнаславянскай мове яны называюцца ізобразіцельнымі. Паколькі яны таксама выконваюцца на два хоры, называюць іх яшчэ антыфонамі. Падчас вялікіх сьвятаў заміж ізабразіцельных выконваюцца іншыя тэксты: напрыклад, у сьвята Раства Хрыстовага „Збаў нас Сыне Божы, які нарадзіўся ад Дзевы”.

Пасьля другога антыфону хор сьпявае гімн „Адзінародны Сыне”, напісаны ў 5-м стагодзьдзі візантыйскім імпэратарам Юсцініянам у адказ на ерась Нэсторыя, які вучыў, што Хрыстос нарадзіўся як звычайны чалавек і толькі пазьней спалучыўся зь ім Бог. Пасьля гэтага сьвятар чытае малую екцянію і возглас, а хор сьпявае восем блаславенстваў, званых блажэннымі, з Нагорнай казані. У іх зьмяшчаецца практычнае ўказаньне для вернікаў, каб яны, просячы ў Бога размаітых ласкаў, самі былі „ўбогія ў духу”, „прагныя справядлівасьці”, „міласэрныя” і пры гэтым цярпліва пераносілі ўсякія пакуты і прасьлед у імя Хрыста.

У часе блажэнных святар адкрывае царскія дзьверы, бярэ Евангельле і, апярэджаны прыслужнікам са сьвечкай, выходзіць паўночнымі дыяканскімі дзьвярыма, становячыся насуперак прастолу. Робячы рукою знак крыжа сьвятар гаворыць: „Бласлаўлёны ўваход сьвятых Тваіх”. Затым кладзе Евангельле на прастол і бласлаўляе вернікаў у храме. Выхад зь Евангельлем, званы малым уваходам, сымбалізуе пачатак публічнай дзейнасьці Хрыста. Сьвечка, несеная перад сьвятаром, нагадвае Яана Хрысьціцеля, які аб’яўляў пра хуткае зьяўленьне таго, якому „ён нягодны разьвязаць рамень у сандаляў Ягоных”. Хор ад імя ўсіх вернікаў сустракае Хрыста словамі: „Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да Хрыста”. Пасьля гэтага хор выконвае трапар і кандак сьвята або сьвятога. У гэтым часе сьвятар у алтары ў чытанай ціха малітве просіць Бога аб дараваньні сьведамых і нясьведамых грахоў, аб асьвячэньні і духоўнай моцы, каб беззаганна служыць Яму да канца сваіх дзён. Канчатковыя словы „Бо Ты сьвяты, Бог наш і Табе славу аддаем” сьвятар выказвае голасна. Хор сьпявае „Сьвяты Божа” або, калі гэта Вялікдзень або Раство Хрыстовае, „Вы, якія ў Хрыста хрысьціліся, у Хрыста апраніцеся”. Пасьля трысьвятога і воклічаў „Станем уважліва”, „Супакой усім”, „Прамудрасьць” чытаецца пракімен і фрагмэнт кнігі „Апостал”, які прыпадае на гэты дзень. „Апостала” пераважна чытае дыякан або псаломшчык. У часе чытаньня сьвятар абкаджвае алтар, іканастас і вернікаў, што сымбалізуе Сьвятога Духа, якога ласка ўмацоўвала апосталаў і празь іх перадавалася вернікам. Пасьля „Апостала” чытаецца адпаведны фрагмэнт Евангельля, прызначаны адмыслова на гэты дзень. Чытаньне „Апостала” і Евангельля зьяўляецца адным з важнейшых момантаў Сьв. Літургіі, аднак не найважнейшымі, як гэта лічыцца ў пратэстанцкіх багаслужбах. У іх зьмешчана вучэньне Ісуса Хрыста і апосталаў пра Бога, аб адносінах людзей да Бога і адных да адных. Звычайна пасьля Евангельля сьвятар выступае з казаньню, у якой вучыць, аб’ясьняе, заклікае да жыцьця згоднага з Хрыстовай навукай і запаветамі. Казань неаднойчы пераносіцца на заканчэньне багаслужбы, паколькі, на жаль, напрыканцы багаслужбы ў храме больш вернікаў чымсьці на пачатку.

Пасьля Евангельля і казані наступае ўзмоцненая екцянія (сугубая) і екцянія за памерлых, за катэхумэнаў, г.зн. тых, хто яшчэ не хрысьціўся і не належыць да абшчыны вернікаў. У гэтай екцяніі, у прыватнасьці, сьвятар нагадвае ім, каб у адпаведны момант пакінулі храм, паколькі яны яшчэ нягодныя ўдзельнічаць у Сьв. Эўхарыстыі. Гэтыя словы выклікаюць спрэчкі, паколькі ў адрозьненьні ад раннехрысьціянскіх часоў, няхрышчаных зараз мала. Некаторыя лічаць, што няма сэнсу нікога адпраўляць з храму, тым болей што зараз пашырана сэкулярызацыя і трэба радавацца прысутнасьцю кожнага чалавека ў храме. Прыхільнікі захаваньня слоў „аглашэнныя выйдзіце” лічаць, што хаця катэхумэнаў у старажытным сэнсе ў храме няма, аднак нягоднымі ўдзельнічаць у Сьв. Эўхарыстыі павінны сябе адчуваць многія вернікі. Па-першае: мала хто не грашыць, многія не раскайваюцца ў сваіх грахах, рэдка ўдзельнічаюць у багаслужбах і без належнай боязі Божай прыступаюць да сьвятых таінстваў. Сумленьне павінна схіліць нават вернікаў, не кажучы пра няхрышчаных, пакінуць храм у такі важны момант.

д) Літургія верных

Трэця, галоўная частка — Літургія верных — прызначана выключна для хрышчаных і вернікаў. Калі кончыцца екцянія аб катэхумэнах, сьвятар чытае скарочаную вялікую екцянію, а таксама, толькі ціха, малітву, у якой просіць аб духоўным ачышчэньні, каб належна прыступіць да Сьвятога Прычасьця. Малітва канчаецца воклічам „Бо мы ўладаю Тваёю заўсёды ахоўваныя”. Затым адкрываюцца царскія дзьверы і хор пачынае сьпяваць херувімскую песьню. Ейныя словы па-беларуску азначаюць, што „мы, якія ў часе прынясеньня Сьв. Дароў таямніча ўвасабляем херувімаў і разам зь імі сьпяваем „Трысьвятую”, пакінем у такі ўзьнёслы момант усе зямныя клопаты, грэшныя памкненьні, ачысьцім нашы душы, каб узвысіць Цара Славы, Якога нябачна ўздымаюць натоўпы анёлаў, каб затым зь верай і боязьзяй Божай прыняць Сьв. Прычасьце”. Грэцкае слова дорыносіма, якое гучыць таксама у царкоўнаславянскім тэксьце, нагадвае пра старажытны звычай падыманьня ваярамі на шчытах свайго правадыра. У часе першай часткі херувімскай песьні сьвятар ціха чытае малітву, у якой просіць, каб Бог зірнуў на яго і зрабіў яго годным ахвяраваць Найчысьцейшае Цела і Кроў Хрыстовы. Затым ён абкаджвае прастол, ахвярнік, алтар, іканастас і вернікаў у храме і, узьняўшы рукі, тройчы ціха адмаўляе словы херувімскай песьні. Потым падыходзіць да ахвярніка, абкаджвае дзіскас, келіх, вялікі пакравец, званы воздухам, кладзе яго на плячо, бярэ дзіскас і келіх і выходзіць на салею, перад адкрытыя царскія дзьверы. Зьвярнуўшыся тварам да людзей у храме ён згадвае духоўныя і сьвецкія ўлады, духавенства, вернікаў, тых, хто хварэе і таксама памерлых, просячы, каб „Бог згадаў пра іх у Сваім Царстве”. Гэта так званы вялікі ўваход, які сымбалізуе Хрыста, што ідзе на добраахвотныя пакуты і сьмерць. Сьвятар уносіць праз царскія дзьверы дзіскас і келіх у алтар, ставіць іх на раскладзеным антымінсе, здымае зь іх малыя пакраўцы і накрывае адным вялікім. Малітва, якую сьвятар чытае ў гэты момант, гаворыць пра пахаваньне Хрыста. Пасьля гэтага зачыняюцца царскія дзьверы і зацягваецца занавеска на іх, што сымбалізуе апячатаньне магілы. Пасьля гэтага наступае благальная екцянія, якая канчаецца словамі, што мы павінны аднадумна вызнаваць „Айца і Сына і Сьвятога Духа”. У старажытнасьці ў гэты момант вернікі цалавалі адзін аднаго ў знак братэрскай любові, аднак зараз гэты звычай практыкуе толькі духавенства. Сьвятар моцным голасам аб’яўляе: „Дзьверы, дзьверы, у прамудрасьці, будзьма ўважлівыя”. У мінулым гэта быў знак для брамнікаў, каб у часе найважнейшай часткі багаслужбы нікога не пускалі ў храм. Зараз гэтыя словы трэба разумець як заклік да ахоўваньня дзьвярэй свайго сэрца перад нягоднымі і грэшнымі думкамі. Затым наступае „Сымбаль Веры”, у старажытныя часы чытаны, а зараз пераважна сьпяваны агулам вернікаў і духавенства. У часе „Веру” сьвятар падымае і апускае пакравец над дзіскасам і келіхам, што сымбалізуе веяньне Сьвятога Духа. Затым царскія дзьверы адкрываюцца ў знак таго, што празь веру мы маем доступ да ласкі. Словы сьвятара „Станьма добра, станьма з боязьзяй, будзьма ўважлівыя” нагадваюць прысутным, што набліжаецца асноўны момант Сьвятой Літургіі. Ад слоў сьвятара „Падзякуем Госпаду” пачынаецца г.зв. эўхарыстычны канон. Сьвятар ціха чытае эўхарыстычную малітву, якая складаецца з трох частак. У першай ён дзякуе Богу за ўсе Яго дабрадзействы, за стварэньне сьвету і людзей, за выкупленьне нас Ісусам Хрыстом, за ўсё, аб чым ведаем і чаго не ўсьведамляем. У якасьці асаблівага дабрадзейства згадваецца сама эўхарыстычная ахвяра, у прынясеньні якой якраз удзельнічаем, хаця Бога безупынна акружаюць хмары анёлаў. Далейшыя словы „Пераможнай песьні” сьвятар гаворыць голасна, учыняе зьвязьдзіцай знак крыжа над дзіскасам і адкладе яе. Хор працягвае словы гэтай-жа малітвы, сьпяваючы „Сьвят, сьвят, сьвят Госпад Саваоф”. Гэтыя словы ўзяты зь відзежы прарока Езекііля (Ез. 1, 4-24), прарока Ісаіі (Іс. 6, 3) і сьв. Яана Багаслова (Адкрыцьцё. 4, 6-8), якія бачылі Трон Божы, акружаны анёламі ў выглядзе арла, льва, цяльца і чалавека, якія сьпявалі анёльскую песьню. Гэтым самым анёлы і людзі аб’ядналіся ва ўслаўленьні Бога. Да гэтай песьні далучаны таксама словы яўрэйскіх дзяцей, якія віталі Хрыста ў часе Ягонага ўезду ў Ерусалім. У часе гэтай песьні сьвятар ціха чытае другую частку эўхарыстычнай малітвы. У ёй гаворыцца, што Хрыстос, „які прыйшоў і ўсё прадбачанае адносна нас выканаўшы, у тую ноч, калі меў быць выдадзены, калі на самай справе сам сябе выдаў за жыцьцё сьвету, узяў хлеб у Свае прачыстыя рукі, блаславіў, паламаў, даў вучням і сказаў: «бярыце, ешце». Гэта словы Хрыста, сказаныя Ім у часе разьвітальнай вячэры з апосталамі. Пасьля сьвятар уздымае скрыжаванымі рукамі дзіскас і келіх, кажучы: „Тваё ад Тваіх”. Гэта значыць, што віно і хлеб, якія зьяўляюцца таксама Божым падарункам, мы прыносім ад імя ўсіх людзей за ўсе Божыя дабрадзействы. Хор сьпявае „Табе сьпяваем, Табе дзякуем” і ў гэтым часе сьвятар чытае трэцюю частку эўхарыстычнай малітвы, просячы ў ёй, каб Бог „паслаў Сьвятога Духа на людзей і на эўхарыстычныя дары”. Гэта г.зв. эпіклеза — закліканьне Сьв. Духа. Сьвятар уздымае рукі і тройчы паўтарае малітву да Сьв. Духа: „Госпадзе, Які Прасьвятога Твайго Духа а трэцяй гадзіне апосталам Тваім паслаў”, бласлаўляе рукой хлеб і кажа: „Зрабі гэты хлеб Целам Хрыста” і тое самае кажа аб віне, просячы, каб яно ператварылася ў Кроў Хрыстову. Трайное „Амін” запячатвае зьдзейсьнены цуд і гэтым канчаецца найважнейшы, найсьвяцейшы момант Сьв. Літургіі. Хлеб і віно ператварыліся ў сапраўдныя Цела і Кроў Хрыстовыя. Сьвятар і ўсе прысутныя ў храме кланяюцца перад Сьвятымі Дарамі да зямлі.

Эўхарыстыя зьяўляецца падзячнай ахвярай, прынесенай Богу за жывых і памерлых, і таму пасьля асьвячэньня дароў сьвятар згадвае ўсіх тых, за каго яна была прынесена. Перш за ўсё ён згадвае прабацькоў, патрыярхаў, прарокаў, апосталаў, пакутнікаў і ўсіх сьвятых. Сярод іх спецыяльнае месца займае Божая Маці і таму сьвятар голасна адзначае „асабліва за Прасьвятую Багародзіцу”.

У словах „Найперш узгадай, Госпадзе” сьвятар моліцца за духоўныя ўлады, патрыярха, мітрапаліта або епіскапа і просіць, каб Бог дазволіў ім мірна, у добрым здароўі, яшчэ доўгія гады абвяшчаць словы Хрыстовай Праўды.

Пасьля благальнай екцяніі і воклічу „І дазволь нам, Уладыка, сьмела і без пачуцьця віны зьвярнуцца да Яго, Бога Айца” хор або ўсе вернікі сьпяваюць малітву „Ойча наш”, якой навучыў апосталаў сам Ісус Хрыстос. Сьвятар у алтары бярэ Агнец у рукі і, уздымаючы над дзіскасам, гаворыць: „Сьвятая сьвятым”. У гэты час хор сьпявае „Адзіны сьвяты, адзін Госпад, Ісус Хрыстос у славу Бога Айца, Амін”. Разьдзяліўшы Агнец на чатыры часткі, верхнюю частку зь літарамі ІС сьвятар апускае ў келіх і далівае цёплую ваду. Пасьля цалуе антымінс, зьгінаецца над прастолам і чытае малітву: „Веру, Госпадзе, і вызнаю, што сапраўды Хрыстос, Сын Бога Жывога”. Прычасьціўшыся Целам і Крывёю Гасподняй і адчытаўшы падзячную малітву ён з двух частак Агнца рыхтуе маленькія часткі для прычашчэньня вернікаў. Царскія дзьверы адкрываюцца і сьвятар заклікае: „Са страхам Божым і верай прыступіце”. Хор адказвае: „Бласлаўлёны, Які прыходзіш у імя Гасподняе”. Сьвятар чытае голасна малітву перад прычасьцем і вернікі, са скрыжаванымі на грудзях рукамі, кажуць сваё імя і прымаюць Сьвятыя Дары. У часе прычасьця хор працяжна сьпявае: „Цела Хрыстова прыміце, крыніцы бясьсьмерцья пакаштуйце”. Варта адзначыць, што гэтак, як і сьвятар, усе вернікі перад прычасьцем павінны адбыць эўхарыстычны пост, прынамсі восем гадзін да таго не есьці і не піць, а таксама паспавядацца. Калі вернікі прыступалі да споведзі цалкам нядаўна і ня маюць на сумленьні цяжкога грэху або калі гэта малыя дзеці, тады ня мусяць спавядацца. Ад дзяцей таксама не патрабуецца выкананьня эўхарыстычнага посту, гэтак-жа як і ад хворых, якія мусяць, напрыклад, рэгулярна спажываць лякарствы. У гэтым сэнсе Царква паступае надзвычай тактоўна.

Пасьля прычашчэньня вернікаў сьвятар ідзе ў алтар, апускае ўсе астатнія часткі Агнца ў келіх са словамі „Абмый, Госпадзе, грахі ўсіх тут згадваных Тваёю Сьвятой Крывёю”. Затым накрывае пакраўцамі дзіскас і келіх і бласлаўляе рукой людзей у храме, кажучы: „Збаў, Божа, людзей Тваіх”. Хор ад імя ўсіх вернікаў адказвае: „Мы бачылі сьвятло сапраўднае, прынялі Духа Нябеснага, знайшлі веру праўдзівую”. Сьвятар робіць келіхам знак крыжа над антымінсам і са словамі „цяпер і ўвесь час і на векі вякоў”, накіраванымі да вернікаў, пераносіць келіх і дзіскас на ахвярнік. Гэты момант сымбалізуе Ўзьнясеньне Хрыста на неба ў саракавы дзень пасьля Пяцідзесятніцы. Апосталы пакланіліся тады Хрысту і з радасьцяй вярнуліся ў Ерусалім. Таму і хор сьпявае радасную песьню: „Няхай напоўняцца вусны нашыя хваленьнем Цябе”. Затым сьвятар чытае падзячную екцянію, складае антымінс і кладзе на ім Евангельле, кажучы: „Бо Ты — асьвячэньне нашае і Табе славу аддаём”. Потым сыходзіць з салеі і чытае г.зв. заамбонную малітву. У ёй просіць Бога аб збаўленьні і блаславенстве для ўсіх хрысьціян, асьвячэньні тых, хто любіць прыгажосьць Божых храмаў, аб міры для ўсяго сьвету, духавенстве, войску і ўсіх людзях. Хор выказвае адданасьць вернікаў Божай волі і сьпявае словы сьв. Іава: „Няхай Імя Божае будзе бласлаўлёнае ад зараз і на векі”. Сьвятар апошні раз бласлаўляе вернікаў у храме і одпустам заканчваецца Сьвятая Літургія, галоўная праваслаўная багаслужба. Азнаямленьне зь ёю павінна дапамагчы ў годным і належным удзельніцтве ў ёй.



Багаслужбы тыднёвага цыклю


Кожны дзень тыдня прысьвечаны нейкай біблейскай падзеі або сьвятому. Багаслужбы тыднёвага цыклю зьмешчаны ў Актоіху.

— Нядзеля прысьвечана Ўваскрэсеньню Хрыстоваму. Згодна Сьвятому Пісаньню, Уваскрэслы Хрыстос паказаўся вучням ў наступны дзень пасьля суботы (Яан. 20, 26). У гэты дзень апосталы і першыя хрысьціяне зьбіраліся на сумесную малітву і ламаньне хлеба. Нядзельная багаслужба асабліва ўрачыстая. У суботу вечарам адпраўляецца Ўсяночная. На вячэрні выконваюцца „Блажэн муж”, „Госпадзе воззвах”, дагматык і бывае малы ўваход з кадзільніцай. На ўтрані чытаецца другая і трэцяя кафізмы, бывае паліялей, у часе якога чытаецца адно з адзінаццаці нядзельных Евангельляў і сьпяваецца песьня: „Уваскрэсеньне Тваё пабачыўшы”. На нядзельнай утрані звычайна гучаць тры каноны: у гонар Уваскрэсеньня Хрыстовага, Крыжа Сьвятога і Божай Маці. Одпуст на ўтрані, гэтак як і на Літургіі, пачынаецца са слоў: „Хрыстос, што ўваскрос з памерлых”.

— Панядзелак. Гэты дзень прысьвечаны анёльскаму сьвету. У сьціхірах і канонах услаўляюцца анёлы, якія акружаюць Трон Божы і хадайнічаюць за нас. Одпусты багаслужбаў гэтага дня „згадваюць заступніцтва бесьцялесных сілаў анёльскіх”.

— Аўторак. У гэты дзень Праваслаўная Царква шануе памяць прарокаў, вестуноў прыходу на зямлю Сына Божага, якія перказваюць людзям Божую волю. Сярод прарокаў першае месца займае сьв. Яан Хрысьціцель. У сьціхірах і канонах падкрэсьліваецца ягоная роля як Вестуна, Прарока і Хрысьціцеля Гасподняга.

— Серада і пятніца. У гэтыя дні, якія зьяўляюцца поснымі днямі, Царква згадвае важныя падзеі з жыцьця Ісуса Хрыста: у сераду — здарду Юды, у пятніцу — укрыжаваньне Ісуса і Ягоную сьмерць.

— Чацьвер. Гэты дзень прысьвечаны апосталам і сьв. Міколу, архіепіскапу Міраў Лікійскіх, які жыў у 4-м стагодзьдзі.

— Субота. Суботняя багаслужба услаўляе Божую Маці і ўсіх сьвятых. Акрамя гэтага ў суботу Царква моліцца за памерлых.

Одпуст кожнага дня зьмяшчае ў сабе імя сьвятога, якому прысьвечаны дадзены дзень. У серады і пятніцы гаворыцца: „Хрыстос, сапраўдны Бог наш... сілай жыцьцятворнага Крыжа зьмілуецца над намі і збавіць нас, бо ён Добры і Любіцель людзей”.



Багаслужбы гадавога цыклю


Акрамя дзённага і тыднёвага існуе яшчэ гадавы цыкль багаслужбаў. Ён характарызуецца тым, што зьмяшчае багаслужбы, якія паўтараюцца штогод у акрэсьленыя дні. Царкоўны год пачынаецца 1 верасьня. У гэты дзень Хрыстос прыйшоў у храм і паказаўся прысутным (Лук. 4, 16) і таму Царква ў гэты дзень дзякуе Богу за ўсе дабрадзейнасьці і ласкі штогод пасыланыя людзям ды просіць далейшых. У трапары гэтага дня гаворыцца наступнае: „Блаславі вянец году ласкі Тваёй, Госпадзе”. 1 верасьня Тыпікон загадвае, гэтак як у пачатку каляндарнага году, адпраўляць спецыяльны малебен, у якім просіцца, каб Бог „зьберагаў ад усякіх няшчасьцяў слугаў сваіх, зьмякчыў варажнечу, паслаў мір, сапраўдную любоў і каб не зважаючы на нашы заганы, акрыліў нас сваёй міласэрнасьцяй”.

Перакананьне, што Бог любіць людзей і ахоўвае іх, часта паўтараецца ў гімнах і малітвах гадавога цыклю. Выявай гэтай любові зьяўляюцца падзеі, якія паслужылі нашаму збаўленьню: Раство Хрыстовае, Уваскрэсеньне ды іншыя. Кожны дзень году прысьвечаны канкрэтным сьвятым або важным падзеям зь зямнога жыцьця Хрыста. Сьвятыя, сярод якіх асаблівае месца займае Божая Маці, зьяўляюцца для вернікаў узорам жыцьця і веры. Яны таксама хадайнічаюць за намі перад Богам. У некаторыя дні прыпадаюць вялікія сьвяты. Адны зь іх прыпадаюць заўсёду ў тую самую дату, а іншыя залежаць ад даты сьвяткаваньня Вялікадня. Усе яны складзены ня гэтулькі паводле храналёгіі, колькі паводле духоўнага парадку. Кожнае сьвята ёсьць выявай Божага Правіду, Божага пляну збаўленьня і зьяўляецца чарговым крокам да ўключэньня ў гэты плян. Бываюць таксама дні, якія Царква прысьвячае памерлым, у якія загадвае выконваць пост. Тады багаслужба адрозьніваецца ад штодзённай сваім характарам і зьместам. Нашу ўвагу засяродзім цяпер на вялікіх сьвятах, на Вялікім Посьце і характары іх багаслужбаў.

Comments