Кароткія зьвесткі аб набажэнствах Вялікага Посту

І. Найважнейшым з пастоў Праваслаўнай Царквы лічыцца Вялікі Пост, або сьвятая Чатырыдзесятніца, устаноўлена з часоў апостальскіх на ўспамін 40-дзённага посту Хрыста Збаўцы. Сьвятая Царква рыхтуе вернікаў да Вялікага Паста за тры тыдні (у 4 нядзелі). У першую Нядзелю мытара і фарысэя евангельскім чытаньнем прытчы аб мытніку й фарысэі вучыць пакоры: толькі пакора набліжае нас да Бога. Але каб пры ўсведамленьні свайго грахоўнага стану мы не запалі ў роспач, у наступную нядзелю Царква нагадвае нам аб бясконцай міласэрнасьці Божай чытаньнем евангельскай прытчы пра блуднага сына; у гэтай прыпавесьці паказваецца вобраз грэшніка, што сапраўдна каецца. Але, каб пры надзеі на бясконцую міласэрнасьць Божую, мы не запалі ў бестурботнасьць ў справе маральнага ўдасканаленьня (абыякавасьць да свайго выратаваньня), сьв. Царква нагадвае нам аб бясконцым правасуддзі Божым чытаньнем Евангельля аб Страшным Судзе; Нядзеля гэтая называецца Скаромнай, бо ў гэты дзень яшчэ ядуць мяса, а пасьля яе спыняецца яго спажываньне.
У Нядзелю Сырную чытаецца Евангельле аб прабачэньні крыўд і пра тое, у чым павінен заключацца праўдзівы пост, у царкоўных сьпевах гэтае нядзелі згадваецца выгнаньне прабацькоў з раю ў напамін таго, што як прабацькі спажываньнем забароненых пладоў пазбавіліся раю, так і мы, стрыманасьцю на працягу паста ад забароненай Царквой ежы, можам вярнуць страчанае шчасьце ў Богу. У Вялікі Пост забараняецца ўжыванне рыбы (дазволена толькі на Дабравешчаньне і Вербніцу), віно і алей дазваляюцца ў суботу й нядзельныя дні й некаторыя іншыя (святочныя) дні.

II. Асаблівасьці паставога набажэнства заключаюцца ў тым, што многія сьпевы й малітвы сьпяваюцца або вымаўляюцца зь зямнымі паклонамі. Так, на Вячорні пры сьпеве трапароў: Багародзіце Дзева, радуйся...; Хрысьціцелю Хрыстовы... і інш., пасьля кожнага - зямны паклон. На кожным набажэнстве і на кожным чынапасьледаваньні вымаўляецца сьвятаром гучна (перад райскімі дзьвярыма) малітва сьвятога Ахрэма Сірына, якая ў беларускім перакладзе чытаецца так:

"Госпадзе і Ўладыка жыцьця майго, духа ляноты, безнадзейнасьці, ўладалюбства й пустаслоўя ня дай мне (зямны паклон).

Духа ж цноты, пакорлівай мудрасьці, цярпеньня й любові дай мне, слузе Твайму (зямны паклон).

Так, Госпадзе Ўладару, дай мне бачыць беззаконьні мае і не асуджаць брата майго, бо дабраславёны Ты на вякі вечныя (зямны паклон).

Пасьля гэтага 12 малых (паясных) паклонаў, молячыся:

Божа, ачысьці мяне грэшнага і памілуй мяне.

Пасьля гэтага ўсю малітву: "Госпадзе і Ўладыка жыцьця майго ..." (зямны паклон).

На кожнай Гадзіне вымаўляюцца сьвятаром і сьпяваюцца хорам асаблівыя трапары Гадзіны, пры трохразовых сьпевах якіх робяцца тры зямныя паклоны. Увечары зьдзяйсьняецца асаблівае чынапасьледаваньне, якое зьвецца – Вялікае Павячор’е (ажыцьцяўляецца толькі ў дні Вялікага Посту, за выключэньнем сыбот і нядзельных дзён, а напярэдадні Калядаў і Хрышчэньня Госпадавага - Вялікае Павячор'е злучаецца з Ранішняй - на Ўсяночным Пільнаваньні (на Ўсяночнай).

На Вялікім Павячорры ў першы Тыдзень Вялікага Посту чытаецца кранальны пакаянны Канон сьв. Андрэя Крыцкага. У канцы Вялікага Павячор’я - кранальныя трапары: Госпадзе сіл, з намі будзь... і  Госпадзе, калі б ня мелі мы сьвятых Тваіх малітоўнікаў..., пасля кожнага - зямны паклон. Вялікае Павячор'е сканчаецца, замест водпусту, малітваю: Уладыка Шматлітасьцівы, Госпадзе Ісусе Хрысьце, Божа наш..., якую ўсе вернікі выслухоўваюць, упаўшы тварам на зямлю (ня толькі сьхіліўшы калені, але павінны легчы тварам на зямлю і не падымаць галовы, пакуль ня скончыцца чытаньне малітвы).

III. У сераду й пятніцу ў дні Вялікага Посту, а таксама ў чацьвер 5-га Тыдня Вялікага Посту (ажыцьцяўляецца дзеля чытаньня Канону сьв. Андрэя Крыцкага, які чытаецца на Ранішні ўвесь цалкам, у першы ж Тыдзень на Павячор’і - па частках) і ў першыя тры дні Пакутнага Тыдня (таксама ў некаторыя іншыя будзёныя дні – калі прыпадае вялікае сьвята, альбо паховіны сьвятара) зьдзяйсьняецца так званая Літургія Першасьвячаных Дароў. Праваслаўная Царква ў дні Вялікага Посту, за выключэньнем суботніх і нядзельных дзён, дзеля таго глыбокага хваляваньня аб грахах і пакаяньні, не дазваляе зьдзяйсненьня звычайнай Боскай Літургіі (сьв. Эўхарыстыі), як урачыстага набажэнства.

Але каб не пазбавіць магчымасьці прычашчэньня хворых, старых і падзьвіжнікаў, якія звыклі прычашчацца штодня, сьвятой Царквой усталяваны адмысловы чын Літургіі, названы Літургіяй Першасьвячаных Дароў, таму што яна ажыцьцяўляецца на раней асвячоных Дарах. Тут няма ўласна Літургіі, або зьдзяйсненьня Эўхарыстыі, тайны  Ператварэньня Сьв. Дароў. Тут толькі падаюцца вернікам Сьв. Дары, асвячоныя на поўнай Літургіі (як бывае пры прычасьці хворых).

Таму на Літургіі Першасьвячаных Дароў няма Праскамідыі, няма малітваў, якія складаюць галоўную частку Боскай Літургіі, калі асвячаюцца Сьв. Дары; пасьля Херувімскае песьні (на літургіі Першасьвячаных Дароў замест яе пяецца песьня: Цяпер Сілы Нябесныя...) і вялікага ўваходу - Прасіцельная Екценя, Ойча наш , і адбываецца прычасьце. Паколькі ў дні Вялікага Паста  3, 6 і 9 Гадзіны з чытаньнем так званых Выяўленчых (Ізабразіцельных – ц.сл.) злучаюцца з Вячорняй, то й Літургію Першасьвячаных Дароў папярэджвае чытаньне паставых Гадзін з кранальнымі трапарамі, пры сьпеве якіх робяцца зямныя паклоны, - з пакаяннымі малітвамі (на кожнай Гадзіне) сьв. Ахрэма Сірына:  Госпадзе і Ўладыка жыцьця майго... - зь зямнымі паклонамі. Чын Выяўленчых пачынаецца сьпевам: У Царстве Тваім... і дзевяці запаветаў дабрашчасьця (блажэнстваў – ц.сл.), прычым кожная з запаветаў заканчваецца сьпевам малітвы разважлівага разбойніка: Успомні мяне, Госпадзе, калі прыйдзеш у Царства Тваё. Па “слава і цяпер” сьпяваецца тры разы Успомні нас, Госпадзе ... кранальным працяглым напевам, прычым пасьля кожнага робяцца зямныя паклоны.

Пасьля Водпусту на Выяўленчых пачынаецца Вячорня, якая на Літургіі Першасьвячаных Дароў замяняе Літургію агалошаных (Вячорняй пачынаецца й поўная Літургія ў навячор’е Каляд і Вадохрышча, у Вялікі Чацьвер і Сыботу, і ў гэтым выпадку яна ажыцьцяўляецца замест Літургіі агалошаных). Пасьля малога ўваходу, які адбываецца з кадзілам, калі няма чытаньня Евангельля (у першыя тры дні Пакутнага Тыдня - зь Евангельлем, паколькі чытаецца Евангельле), сьпеве: Сьвеце ціхі... і пракімена, чытаюцца дзьве Парыміі.

Першая Парымія бярэцца з кнігі Быцьцё - пра жыцьцё старазапаветных праўднікаў. Пасьля прачытаньня 1-е Парыміі зьдзяйсьняецца адмысловы абрад: адчыняюцца Райскія Дзьверы, сьвятар са сьвечкай і кадзілам у руцэ жагнае (+) прысутных і прамаўляе: Сьвятло Хрыстова прасьвятляе ўсіх. Сэнс і значэньне гэтага: сьвятло Хрыстовага вучэньня прасьвятляе нас, адукоўвала і старазапаветных праўднікаў (аб якіх прапаноўвалася чытаньне), так і яны ўсе выратаваліся верай у будучага Хрыста, як мы ратуемся верай у Хрыста, што прыйшоў. Пры гэтым усе прысутныя павінны легчы на
​​зямлю (не калені толькі схіліць, але нахіліць галаву да зямлі) пры словах дыякана: Павяліце..., якія вымаўляюцца перад воклічам: Сьвятло Хрыстова прасьвятляе ўсіх.

Пасьля прачытаньня 2-е Парыміі сьпяваюцца кранальныя песьні: Няхай паднясецца малітва мая...;  Госпадзе, клічу да Цябе..., пры сьпеве якіх усе вернікі стаяць на каленях. Толькі сьвятар стаіць перад Прастолам, кадзячы. Пры сьпеве: Няхай накіруецца ... апошні раз і сьвятар схіляе калені. Замест Херувімскае песьні сьпяваецца: Цяпер Сілы Нябесныя...  У палове сьпеваў адбываецца Вялікі ўваход са Сьв. Дарамі, якія пераносяцца сьвятаром на галаве з Ахвярніка на Прастол, прычым ён не кажа ніякіх слоў, як бывае на поўнай Літургіі. Але, успамінаючы крыжовыя пакуты і смерць Хрыста Збаўцы, сьвятар у думках моліцца малітвай разважлівага разбойніка: Успомні мяне, Госпадзе..., у Царстве Тваім...  Усе прысутныя павінны легчы на
​​зямлю і пакланіцца Хрысту Збаўцу, таму што пераносіцца не звычайны хлеб і віно, а сапраўднае Цела і Кроў Хрыста (ня трэба падымаць галавы да таго часу, пакуль ня споўніцца ўваход). У канцы Літургіі пры першай і апошняй з'яве Сьв. Дароў пакладзена рабіць таксама зямны паклон.

IV. Пакутны Тыдзень так называецца таму, што ў дні яго згадваюцца пакуты (страсьці – ц.сл.) Хрыста Збаўцы. У першыя тры дні сьпяваецца кранальны трапар: Вось Малады йдзе... і пасля прачытаньня Канону,- так званы, экзапастылары (ад грэцкага слова экзапостэлло - высылаю, - выходзіць сьпявак на сярэдзіну): Палац Твой бачу, Збаўца..., - пяюцца па тры разы, прычым прысутныя ў храме павінны рабіць у канцы кожнага сьпеву зямны паклон. У царкоўных сьпевах і Евангельскім чытаньні на Ранішняй і Літургіі ў Вялікі Панядзелак успамінаецца ўсушэньне смакоўніцы (Мц. 21: 18-43), у Вялікі Аўторак - гутаркі Ісуса Хрыста аб Страшным Судзе, прытчы аб талентах і пра дзесяць дзеў (Мц. 25); ў Вялікую Сераду - памазаньне ног Хрыста на вячэры ў Віфаніі і здрада Юды (Мц. 26:1-16).

V. У Вялікі Чацьвер успамінаецца Тайная Вячэра і ўсталяваньне сьв. тайны Эўхарыстыі (ператварэньня сьв. Дароў і Прычасьця). Кранальны сьпеў ірмасаў Канону і стыхіраў мімаволі пераносіць вернікаў да той вялікай справы, якая ажыццяўлялася на Тайнай Вячэры. Літургія (сьв. Васіля Вялікага) ў Вялікі Чацьвер (як і ў Вялікую Сыботу) служыцца разам зь Вячорняй.

VI. Ранішня ў Вялікую Пятніцу заўсёды выконваецца зь вечара (па патрабаваньню Царкоўнага Статуту, у дзьве гадзіны ночы /царкоўны час/, - адказвае восьмай гадзіне вечара /сьвецкі час/) і называецца Стаяньнем, альбо: Пакуты Госпадавыя. На Ранішні Вялікай Пятніцы чытаюцца 12 Дабравесьцяў, якія слухаюць вернікі з запаленымі сьвечкамі - у знак таго, што сьвятло Боскасьці ў Ісусе Хрысьце ня згасла й падчас Яго Крыжовых Пакутаў (гл.  Ян. 18: 6; Мц. 27: 45, 51-54; Лк. 22:50).

VII. У Вялікую Пятніцу Літургія, як вобраз Галгофскае ахвяры (крыжовых пакут і сьмерці Хрыста), ня служыцца, але адбываюцца асаблівыя, так званыя, Каралеўскія (Царскія) Гадзіны (Каралеўскія Гадзіны чытаюцца яшчэ ў навячэр’е сьвятаў Калядаў і Вадохрышча) з чытаньнем абраных (прарочых) Псальмаў, Парымій, Апостала й Эвангельля на кожнай Гадзіне і сьпевам кранальных трапароў і стыхір.

VIII. А 9-й гадзіне дня (па-царкоўнаму), або ў 3-ю пасля поўдня (час крыжовай сьмерці Ісуса Хрыста), у Вялікую Пятніцу служыцца ўрачыстая Вячорня з чытаньнем Парымій (прарочых), Апостала й Эвангельля, а ў канцы Вячорні пасьля сьпеваў Табе, што апранаешся... служыцца ўрачыста-кранальны абрад вынасу Плашчаніцы з алтара (і абносіцца спачатку навокал храму – там, дзе гэта прынята) на сярэдзіну храма пры сьпеве  Дабралікі Язэп... (Благаабразны Іосіф... – ц.сл.), чым малюецца зьняцьце з Крыжа цела Боскага Пакутніка Язэпам і Нікадзімам.

IX. У Вялікую Сыботу на Ранішняй пасьля сьпеваў Бог Госпад... і трапара Дабралікі Язэп..., сьпяваюцца (перад Плашчаніцаю) Беззаганныя (Непарочныя – ц.сл.) - 17-я кафізма, якая пачынаецца словамі: Дабрашчасныя беззаганныя... (Блаженны непарочныя... – ц.сл.), - з новазапаветнымі сьпевамі, якія зьмяшчаюць у сабе выяўленьне пахаваньня Хрыста Збаўцы, плач Маці Божае, жонак-міраносіц і вучняў Хрыстовых па памерлым Настаўніку. Гэта сапраўды пахавальныя сьпевы, таму вернікі стаяць у гэты час з запаленымі сьвечкамі. У канцы Вялікага Славаслоўя пры сьпеве пахавальным напевам: Сьвяты Божа... зьдзяйсьняецца Крыжовы ход з Плашчаніцаю вакол храма, якім паказваюцца паховіны Хрыста Збаўцы, запячатаньне магілы і прыстаўленьне варты да магілы, аб чым чытаецца пасьля гэтага і Евангельле (Мц. 27: 62-66).

X. Літургія ў Вялікую Сыботу адбываецца разам зь Вячорняй (як і ў Вялікі Чацьвер), на якой чытаецца 15 Парымій (Быц. 1:1-13; Іс. 60:1-16; Зых. 12:1-11; Ёна 1:1-16, 2:1-11, 13:1-10, 4:1-11; Нав. 5:10-15; Зых. 13:20-22, 14:1-32, 15: 1-19. Саф. 3: 8-15, 3 Цар. 17: 8-23; Іс. 61: 10-11, 62: 1-5; Быц. 22: 1-18; Іс. 61: 1-9, 4 Цар. 4: 8-37; Іс. 63: 11-19; 64:1-5; Ерам. 31: 31-34; Дан. 3: 1-88)., якія зьмяшчаюць у сабе прароцтвы й правобразы аб крыжовай сьмерці й Уваскрасеньні Ісуса Хрыста. Шостая парымія ўтрымоўвае ў сабе апісаньне пераходу ізраільцян праз Чырвонае мора, сканчаецца песьняй Майсея:  Запяем Госпаду, хвалебна бо праславіўся..., - сьпяваецца шмат разоў; апошняя Парымія - аб цудоўным выратаваньні трох хлапцоў у вавілонскай печы, заканчваецца песьняй: Госпаду сьпявайце..., таксама сьпяваецца некалькі разоў .

Пасьля прачытаньня Апостала сьпяваецца верш: Уваскрэсьні Божа..., падчас якога сьвятары з чорнага царкоўнага адзеньня пераапранаюцца ў белае - у напамін таго, што Анёлы, якія абвясьцілі міраносіцам пра Ўваскрэсеньне Збаўцы, былі ў белай вопратцы. Евангельле чытаецца ўжо пра Ўваскрэсеньне Хрыста Збаўцы. Замест Херувімскае песьні сьпяваецца кранальная песьня "Хай маўчыць усякая плоць...". У канцы Літургіі асьвячаюцца хлеб і віно ў напамін, што хрысьціяне першых стагоддзяў пасьля заканчэньня Літургіі ў гэты дзень не выходзілі з храму і, падмацаваўшы сябе ежай, усю ноч праводзілі ў царкве, слухаючы чытаньне Дзеяў Апостальскіх. А апоўначы пачыналася Вялікоднае набажэнства. Таму Царкоўны Статут і загадвае заканчваць Літургію ў Вялікую Сыботу ў дзве гадзіны ночы (адпавядае 8 вечара), пасля чаго да пачатку Вялікоднай Ранішні чытаецца кніга Дзеяў Апостальскіх.