БОЖАЙ МІЛАСЬЦЮ СЬВЯШЧЭННЫ САБОР ЕПІСКАПАЎ БЕЛАРУСКАЕ АЎТАКЕФАЛЬНАЕ ПРАВАСЛАЎНАЕ ЦАРКВЫ НА ЧУЖЫНЕ Да ўсечэснога Духавенства, прэпадобнага Манаства, і ўсіх багалюбівых вернікаў нашых на Чужыне й на Бацькаўшчыне прабываючых ВЯЛІКОДНАЕ АРХІПАСТЫРСКАЕ ПАСЛАНЬНЕ „Бо ХРЫСТОС УВАСКРОС — радасьць вечная!" (Вялікодны Канон). УЛЮБЛЕНЫЯ ДЗЕЦІ НАШЫЯ! Так, ХРЫСТОС УВАСКРОС! Радасьць нявымоўная на Небе й на зямлі! Гэтую радасную вестку апавясьцілі Ангелы Жонам Міраносіцам: „Што вы шукаеце жывога між памершымі? Яго няма тут. Ён УВАСКРОС!" (Лк. 24, 5-6). I з году ў год, празь вякі, гэтая радасьць незямная пачынаецца на Небе цудоўным гімнам Ангелаў і Праведнікаў, зыходзіць да нас на зямлю, і мы злучаемся з хорам іх і таксама натхнёна пяем: ХРЫСТОС УВАСКРОС зь мертвых, сьмерцю сьмерць паканаў, і тым што ў грабох, жыцьцё дараваў! У гэты слаўны мамэнт Неба злучаецца з зямлёю: усе сілы Нябесныя й зямныя разам славяць свайго Валадара, Ісуса Хрыста, Пераможцу над цемраю, злом, пеклам і сьмерцю ды радуюцца й весяляцца! I гэты цудоўны сьпеў захапляе й натхняе душы нашыя, бо адкрывае перад імі Нябёсы! Болын таго, мы, слабыя, зямныя, у гэты слаўны мамэнт становімся жыхарамі Неба, бо ўваходзім у супольнасьць ня толькі з Ангеламі й Праведнікамі, але й з Самым Госпадам Хрыстом, Каторы як ПЕРШЫ з нас Увоскрос, і нам сказаў: „Бо Я жыву, і вы жыць будзеце" (Іо. 14, 19). Вось так мы тут пазнаем, што мы ня толькі цялесныя, але й духоўныя, ня толькі зямныя, але й нябесныя, паводля словаў Апостала: „I як мы насілі абраз зямнога, будзем насіць абраз нябеснага" (1 Кар. 15, 49). Абраз Нябеснага, гэта значыць абраз Госпада нашага Ісуса Хрыста, Каторы Уваскрос, і нам дараваў уваскрасеньне для жыцьця й радасьці вечнае разам зь Ім! Вось чаму на крылах Вялікоднае радасьці мы падымаемся да вышынаў Нябесных, дзе няма ніякае злабы, варожасьці, крыўды, смутку. Мы ўжо ўсе браты й сёстры ў Хрысьце, дзеці Божыя, сьвятое брацтва! Таму ў гэтую часіну слаўнае перамогі душы нашыя забываюцца аб усім зямным, бо яны, як на Фаворы, пабачылі Валадара свайго, Спаса нашага, у Боскай Славе Яго! I свае радасьці яны ўжо паўстрымаць ня могуць. Яны сьпяшаць падзяліцца ёю зь іншымі, каб усе радаваліся й весяліліся! Бо-ж дзьверы Раю для нас ужо адчыніліся, і мы пабачылі Нябесную красу яго! I ў захапленьні мы абыймаем адзін аднаго, навет няпрыяцеля свайго, і натхнёна ўсклікаем: ХРЫСТОС УВАСКРОС! АЛІЛУЙЯ! Вось так мы хоць раз на год выпаўняем Запаведзь Спасіцеля нашага: „Любі Госпада Бога твайго болып за ўсё, і бліжняга твайго, як самога сябе" (Мц. 22, 37, 39). I гэтая радасьць і веліч Уваскрасеньня Хрыстовага, як бязьмежная Любоў і Ласка Божая да нас, цудоўным дыханьнем вясны абыймае ўсю зямлю. Некалі пабожныя продкі нашыя ўсе разам праз некалькі дзён радаваліся й весяліліся на Вялікдзень, абыймалі адзін аднаго, натхнёна віталі: ХРЫСТОС УВАСКРОС! — ЗАПРАЎДЫ УВАСКРОС! I луналі па вёсках і мястэчках нашых цудоўныя Вялікодныя песьні валачобнікаў. „Сам Хрыстос па зямлі хадзіў" вясёла пяялі яны, і запраўды Хрыстос хадзіў зь імі, багаслаўляў іх! А цяпер? О, мы ведаем, многія Юды асабліва цяпер укрыжоўваюць Хрыста. Аднак, Хрыстос і цяпер з намі! I цяпер Ён багаслаўляе нас. 3 Ласкі Свае Ён падараваў нам нашую родную сьв. БАПЦаркву, якая па ўсім вольным сьвеце, а напэўна й дома цешыць і радуе ўсіх, узмацняе, натхняе, надзеяй напаўняе, нас з Богам злучае, дабравесьціць: ХРЫСТОС УВАСКРОС! I адпавядаюць Ёй пакутнікі нашыя ўсюды: ЗАПРАЎДЫ УВАСКРОС! Вось так, з Ласкі Божае, гэтае дыханьне Нябеснае Вясны дабравесьціць усім нам, што зьбліжаецца ўжо й нашая Беларуская Вясна, нашае сьвятло, нашае Вызваленьне. Бо й цяпер Сьвятло Уваскрасеньня зьзяе ў цемры паняволенае Беларусі, і: „Ніякая цемра не агарнула яго" (Іо. 1, 5). Бо Хрыстос ЗАПРАЎРЫ УВАСКРОС! Уваскрэсьне й нашая любая пакутніца Маці-Беларусь! Таму ў гэтай нашай радасьці будзем прасіць Міласэрнага Госпада, каб Ён з Ласкі Свае прысьпяшыў прыход Вясны нашае: вызваліў з палону шатана нашых пакутных братоў і сёстраў. Каб неўзабаве настаў Дзень, калі мы зьбярэмся разам зь імі, радасна абыймем іх і натхнёна прамовім: ХРЫСТОС УВАСКРОС! Вялікі Дзень наш прыйшоў! „Гэта дзень, што яго стварыў Гасподзь, будзем радавацца й весяліцца ў ім!" (Вялікодны Канон). Усечэсныя Айцы, і ўвесь наш Вялікі Беларускі Народзе! Зь Вераю й Надзеяй у сэрцах Нашых, як вашыя Архіпастыры, горача вітаем вас зь Вялікім, Радасным і Пераможным Сьвятам над Сьвятамі: УВАСКРАСЕНЬНЕМ ХРЫСТОВЫМ! Неўзабаве прамовіць Ангел: „Упаў, упаў Бабілён, места вялізнае, бо юрным віном блуду свайго ён напаіў усе народы" (Адкр. 14, 3). Так, упадзе блудніца, счэзьне, і з гробу ўстане, у красе й славе ўваскрэсьне нашая любая Маці-Беларусь! Таму, будзем радавацца й весяліцца! Ласка й Мір Госпада нашага Ісуса Хрыста, Любоў Бога й Айца, і Прычасьце Сьвятога Духа няхай будзе з усімі вамі. АМІНЬ. СЬМІРЭННЫ АРХІЕПСКАП СЕРГІЙ Глава Сьвяшчэннага Сабору Епіскапаў Беларуекае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы СЬМІРЭННЫ АРХІЕПІСКАП ВАСІЛІ Сакратар Сьвяшчэннага Сабору Епіскапаў БАПЦ на Чужыне. Дана Году Божага 1966 месяца красавіка Аўстралія-Амэрыка. МАЛІТВА Яго Высокапрэасьвяшчэнства Уладыкі Васілія, прачытаная ім у Сэнаце ЗША з нагоды 48-х угодкаў Акту 25-га Сакавіка У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа. Усемагутны Божа, Ойча наш Нябесны! Мы нізка схіляем галовы свае перад Табою, славім ласкавасьць Тваю да нас, і прыносім Табе нашую глыбокую падзяку за ўсе багаславенствы, якімі Ты так шчодра абдарыў Амэрыку й яе народ. Госпадзі Божа, Спасе наш! Мы горача просім помачы Твае, каб дух мудрасьці, моцы й любові стала кіраваў Прэзыдэнтам і Віцэ-Прэзыдэнтам Злучаных Штатаў Амэрыкі. Шчодра абдары таксама Тваім багаславенствам мудрасьці й сілы гэтую дабрародную Установу: пашаны годны Сэнат Злучаных Штатаў Амэрыкі, гэтую цьвярдыню супакою, справядлівасьці й свабоды. Прадвечны Божа, Спасіцелю наш! Мы горача молім Цябе сяньня: пашлі Тваю Боскую Ласку й апеку Беларускаму Народу, які 48 год таму абвесьціў Незалежнасьць свае Беларускае Народнае Рэпублікі, і які праз увесь гэты час не перастаў змагацца за сваё вызваленьне зь няволі бязбожных тыранаў, з цьвёрдаю надзеяй, што з Тваёю дапамогай і ён будзе цешыцца тою воляю й свабодай, якія зьяўляюцца асновамі жыцьця ў Злучаных Штатах Амэрыкі. Мы молімся сяньня, каб дабрадзействы свабоды, якія прыносіць дэмакратычны лад усяму вольнаму сьвету, паслужылі добрым прыкладам і заахвочаньнем Беларускаму Народу, бо надзея на вячыстую свабоду ня згасла сярод яго, але як сьветач палымнее ў глыбінях ягоных сэрцаў, імкнецца да свабоды. Міласэрны Божа й Спасе наш! Мы зь Вераю молім Цябе: прымі гэтую Малітву нашую, багаславі Злучаныя Штаты Амэрыкі й нашую Маці Беларусь. Няхай цудоўнае імя Тваё, Божа й Спасе наш, пануе й зьзяе ў сэрцах нашых, і будзе багаслаўленае цяпер і навекі. Амінь. РАДАСЬЦЬ Адтрымцела — у гневе — зямля ... Сплыў натоўп, правіць сьвята, у сховы ... Змрок прыпоўз на Крыжовы Шлях, Твар паклаў на сьлядох Хрыстовых... Чорны ветразь накрыў магіл скальных шчырбы, муры, гасьцінец ... Нат Гальгофа — вось-вось вуглі позьняй весьняй пагары ськіне. Тлее жухла шчэ толькі крыж, той, зь якога із плачам Сына Цела Маці зьняла ... Гарыць ён, як боль Ейны, ці астыне... I здаецца крыжу, не, крыжом (два — ўсьцяж злыдняў трымаюць поруч), — ня стрымаць ані ім ужо, ні шырокаму сьвету — гора ... Ён сканаў — дык сканала і ўсё. I дармо той сявец ці араты ніву кратаў, дармо ля красён гнулі пругкія плечы дзяўчаты, ткала парасткі весьняя ноч, слалі кагаркі гнёзды на скалах, адплывала на ловы чаўно, — ўсё дармо, бо-ж Яго ня стала! Ды ці-ж знаюць, хай ноч, хай сявец, што ад Госпада — наканавана? Басанож па сьцюдзёнай траве Міраносіцы беглі саван зьняць з прабітага Цела, зрасіць і сьлязамі, і пахашчамі раны, — а Сын Божы — ці-ж веры дасі! — Уваскрос! Уваскрос! Асанна! Крылы вецер раськінуў, узьняў над крыжамі й паплыў — даляглядам весьціць радасьць Вялікага Дня, Уваскрошаньня сьветлую радасьць. Радасьць скрозь, бо-ж на сьвеце вясна, сонца, наквець, вясновыя ліўні... Расшуміцца й Табе яна, Край мой родны, і незабыўны! Наталя Арсеньнева ПОМНІ... ВАЛАДАР ЖЫЦЬЦЯ Й СЬМЕРЦІ I сказаў Хрыстос: „Я кладу жыцьцё Маё, каб зноў узяць яго. Ніхто не адыймае яго ў Мяне, але Я сам аддаю яго: бо маю ўладу аддаць яго, і маю ўладу зноў узяць яго" (Іо. 10, 17-18). Баішся ты сьмерці? Многія баяцца, і то незалежна ад таго, ці яна ўжо блізка, ці яшчэ далёка. Знаходзішся ты сярод такіх? Бедны ты тады чалавек! Бо ты тады баішся й жыцьця, сьведама, або нясьведама непакоішся, баішся, што сьмерць можа прыйсьці. I тут прычына страху для многіх. На пэўны час яны могуць вызваліцца ад яго, а ўсё-ж ён, хоць і схаваны, застаецца. Лекары кажуць, што часта цяжка хворы чалавек ня мае ніякага страху сьмерці, бо сьведамасьць яго тады прытупляецца, а часам і зусім зьнікае, таму паміраючы не адчувае ніякіх боляў. Церпяць прыгэтым тількі родныя й прыяцелі ягоныя. Аднак, ці гэтае лекарскае сьцьверджаньне можа супакоіць нас? Жыцьцё нашае кажа нам: не! Страх усё роўна застаецца. Чаму? Ужо таму, што нашая сьмерць гэта ня толькі фізычныя перажываньні. О, мы ведаем, што тут перад намі многа важнейшае пытаньне. Кожны з нас ведае, што справа нашае сьмерці ня толькі фізычнага, але й духовага парадку, а гэта: а што-ж пасьля? Але, наш страх сьмерці ў асноўным не зьяўляецца пытаньнем аб тым, што яна спрычыняе нашаму ЦЕЛУ, а нашай ДУШЫ. Гэта вялікае пытаньне для нас, створаных па вобразу й падобе Божай. Ані лекарскія дасьветчані, ані мудраваньні людзкія, ані самыя бліскучыя паховіны нічого тут зьмяніць ня могуць. Чаму? Таму, што мы створаныя не для сьмерці, а для жыцьця. Сьмерць гэта кара за грахі, і самая важная рэч тут тая, што яна ставіць нас перад абліччам Бога, супраць Каторага мы зграшылі, і Катораму цяпер мусім даць справаздачу. Бо-ж падумаем сабе: з аднаго боку чалавек гэта звычайны пыл зямлі, а з другога, гэты пыл атрымаў розум, мудрасьць, як выраз велічы Бога, Каторы майстраваў гэты пыл. I калі гэтая мудрасьць Божая, як іскра Духа Ягонага, прабывае ў чалавеку, то ён застаецца тым, чым Бог прызначыў яму быць. Але, як толькі чалавек пакіне Бога, ці Бог яго, што-ж іншага тады застанецца ад яго, як толькі пыл зямлі? Таму, калі толькі чалавек адыйдзе ад Бога, зараз жа станецца тое, што Ён сказаў: „Бо зямля ты, і ў зямлю вернешся" (Быц. 3, 19). Зямля, па якой мы хадзілі, над якою панавалі, цяпер дасьць нам магілу: мы зноў станемся пылам яе. Праўда, няпрыгожы абраз! Але справа гэтым не канчаецца, бо гэта толькі фізычны бок яе, а яна мае для нас яшчэ другі, многа важнейшы мамэнт, а гэта: бясконца сумнае палажэньне грэшнае душы, якая вернецца да свайго Судзьдзі! I што яна атрымае тады? Жыцьцё, ці сьмерць? А цяпер уявім сабе, што нехта скажа нам: я маю ўладу аддаць сваё жыцьцё, і маю ўладу зноў узяць яго. Ці паверыў бы ты яму? Хіба — не. Але, калі-б ён гэта зрабіў? О, ты тады напэўна папрасіў бы яго абдарыць і цябе гэтаю ўладаю, ці-ж ня так? Але, скажаш ты, гэта-ж немагчымая рэч! Так, мы ведаем, што кожны такі звычайны чалавек бессаромна лгаў бы, калі-б так гаварыў. Кожны нармальны чалавек сказаў бы, што ён духова хворы, ня ведае, што Аднак, Ісус Хрыстос ня раз сказаў гэта. Верыш ты гэтаму? Міліёны вераць. Чаму? Таму, што Ён чынам пацьвердзіў гэтую ўладу Сваю. I гэта ёсьць тое, аб чым гаворыць нам Вялікдзень. У Вялікую Пятніцу Хрыстос аддаў Сваё жыцьцё, а ў Сьветлую Нядзелю зноў узяў яго. Гэта вачавідны гістарычны факт. Болын таго, калі толькі ты верыш у Яго, і папросіш Яго даць і табе гэтую ўладу, то Ён ахвотна дасьць яе табе. I ты тады ўжо ня будзеш мець ніякага страху перад сьмерцю, ня будзеш мець яго й у жыцьці тваім. Бо, вось, што кажа нам Хрыстос: „I ўсякі, хто жыве й веруе ў Мяне, НЕ ПАМРЭ ніколі" (Іо. 11, 26). Так: „Такія ўжо ня могуць памерці, бо яны роўныя ангелам, і сыны Бога, сыны ўваскрасеньня'' (Лк. 20, 36). Але магчьша нехта скажа: Ён жа Сам памер! Якая-ж тады розьніца між Ім і намі? Так, Ён памер, і добрыя людзі палажылі Прачыстае Цела ў Гроб і навет набальзамавалі Яго. Але што сталася? Цела гэтае ня сталася пылам, і ў зямлю не пайшло! Многа болыны цуд стаўся: Яно навет не засталося ў Гробе! Чаму не засталося? Таму, што апошнія словы Яго на Крыжы былі: Ойча, у рукі Твае аддаю дух Мой! I сьв. Апостал Лука кажа нам, што Ён сказаў гэтыя словы МОЦНЫМ голасам. Вось страціў сьведамасьці, меў поўную ўладу над Сабою. Таму, як бачым, Ён Сам паклікаў сьмерць. Паклікаў, каб зруйнаваць яе як для Сябе, так і для нас, і гэтым паказаў, што быў Валадаром над ёю, а не ахвяраю яе. I сьмерць толькі выканала загад Яго. Таму, калі жаўнеры прыйшлі перабіць калені разбойнікам, якія маглі пакутаваць яшчэ дзень, то Хрыстос ужо памер. Таму, калі Ён быў майстрам над сьмерцю ў Вялікую Пятніцу, то мог быць такім і ў Сьветлую Нядзелю, бо Ён ведаў, што калі аддаў дух Свой у рукі Айца, то можа й зноў узяць яго. I гэтым Хрыстос пасьветчыў нам, што калі Ён меў, як Чалавек, прыняць сьмерць за грахі нашыя, то Сваёю Боскаю ўладаю зьнішчыў яе, як кару за грахі. Справядлівасьць Божая была тут выпаўненая, і кара — сьмерць зьнішчаная! Ягонае Уваскрасеньне было неспадзеўкаю для многіх, але не для Яго. Найбольшаю неспадзеўкаю яно было для сяброў Сынэдрыону, якія загадалі жаўнерам гаварыць, што Апосталы ўкралі Цела Яго, хоць самі добра ведалі, што гэта ілжа. Нажаль, гэтая ілжа пашыраецца й цяпер, навет сярод розных хрысьціянскіх сэктаў, не гаворачы ўжо пра багаборцаў. I як гэта сумна, што людзі, як ахвяры сьмерці за грахі свае, выступаюць супраць Таго, Хто ёсьць Валадаром жыцьця й сьмерці, замест таго, каб з пакораю схіліць галовы свае паред Ім, і атрымаць ад Яго ўладу ўваскрасеньня, несьмяротнасьць! Але навет вучні Яго, якія пасьля бясконца радаваліся на Вялікдзень, спачатку неахвотна верылі ў Ягонае Уваскрасеньне, патрабавалі доказаў. I тут Хрыстос перамог іхныя сумлівы, калі зьявіўся ім, і папрасіў сьв. Апостала Фаму ўлажыць пальцы свае ў Прачыстыя Раны Яго. Першым заданьнем Хрыста на зямлі было: зьнішчыць сьмерць, якая ёсьць заплатаю за грэх. I Ён адпакутаваў за гэты грэх наш. Гэта Ён мог зрабіць толькі таму, што быў майстрам над сьмерцю, а не ахвяраю яе. I Уваскрасеньне Хрыстовае сталася доказам таго, што грэх быў пераможаны, а гэтым была пераможаная й улада сьмерці. Дзеля таго, што Хрыстос дабравольна аддаў жыцьцё Сваё ды зноў узяў яго, Ён і зьяўляецца Валадаром жыцьця й сьмерці, і мы можам карыстацца гэтаю ўладаю Яго. А цяпер глядзі: пэўнага дня гэта станецца з табою. Многія скажуць: ты памер, адыйшоў, супачыў. Адбудуцца твае паховіны, заўпакойныя Службы Божыя, памінкі. Бязумоўна, паводля агульнае думкі, сумнае, балючае здарэньне. Але цяпер запытаем: будзе гэта згодна з праўдаю, што ты ўвесь памер? Не, ніколі, калі толькі ты жыў разам з Хрыстом. Бо-ж Ён ясна сказаў, што кожны, хто веруе ў Яго, ніколі НЕ ПАМРЭ! Бязумоўна, тваё зямное жыцьцё закончыцца. Аднак, гэта зусім ня значыць, што ты, як вобраз і падоба Божая, як істота духовая, памер. Не, дух памерці ня можа. Наадварот, цяпер толькі пачнецца тваё жыцьцё вечнае! I як жа яно можа быць іначай, калі Спасіцель твой сказаў: Я ёсьць Уваскрасеньне й Жыцьцё, і хто веруе ў Мяне, ніколі не памрэ! Якім жа чынам ты мог бы страціць жыцьцё вечнае, якое Ён дае? Калі ты запраўды веруеш у Яго, і разам зь Ім укрыжаваў грахі свае, тады помні: ты ўжо вызвалены ад улады сьмерці! I самая часовая сьмерць цела твайго тады ўжо ня страх для цябе, а твая прыяцелька, бо-ж яна прывядзе цябе да слаўных дзьвярэй, у якіх ты спаткаеш каго? Таго, Каторы памер за цябе, каб ты жыў навекі! Як Хрыстос, Каторы зыйшоў зь Неба на зямлю ды зноў вярнуўся на Неба, так і душа твая, якую Ён паслаў у цела тваё, цяпер зноў вернецца да Яго на Неба! Аднак, калі ты не жывеш зь Ім, ня ведаеш Яго, тады помні: ты запраўды памрэш ня толькі целам, але й душою. Гэта значыць: ты ніколі не пабачыш Сьвятла Аблічча Яго. Вось так ты памрэш навекі, бо душа твая адлучыцца ня толькі ад цела твайго, але й ад Яго, Бога нашага. Вось гэта й ёсьць страшная нашая сьмерць! Болып таго, калі Хрыстос ня твой Спасіцель і ты ня маеш удзелу ў Ягоным Уваскрасеньні, то помні: ты запраўды памер ужо ЦЯПЕР! Разумей: душа твая памерла ў грахох тваіх, адыйшла ад Бога! Ты ўжо толькі жывы нябожчык! Нажаль, асабліва цяпер, людзі многа менш баяцца гэтае запраўднае, духовае сьмерці, чым сьмерці фізычнае. Многія, праўда, баяцца памерці ў грахох, але не баяцца жыць у грахох. Болып таго, яны навет любяць іх, а часам, на пагібель сваю, любяць толькі іх. Многія ганарацца тым, што веруюць у Хрыста, а тымчасам сваёю гардыняю, злабою, варожасьцю, помстаю стала ўкрыжоўваюць Яго! Належыш ты да такіх? Помні, стала пытай сябе: належу я да памерлых, ці да жывых? Жывых духам, душою! Калі ты жывеш з Хрыстом ня толькі языкам, але й чынам, то ты маеш жыцьцё вечнае ўжо ЦЯПЕР. Так, ты ніколі не памрэш, бо ты ўжо перайшоў ад сьмерці да жыцьця. Тваё цела ня мае тут ніякага значэньня, бо галоўнае ў нас душа! Таму помні: ужо цяпер выбірай сабе жыцьцё вечнае! Вось жа, калі ты баішся сьмерці, то мы цяпер пытаем у цябе: а чаму бы ты наагул меў памерці? Памерці тады, калі Хрыстос як ПЕРШЫ з нас Уваскрос! Уваскрос, і зьнішчыў і для нас сьмерць! Адчыніў нам дзьверы Раю для жыцьця вечнага! Калі ты цьвёрда веруеш ў гэта, то ты ўжо далучыўся да Ангелаў і Праведнікаў навекі! Тады ты на нашае: ХРЫСТОС УВАСКРОС зь нявымоўнаю радасьцю адкажаш: ЗАПРАЎДЫ УВАСКРОС! Адкажаш, і ад радасьці заплачаш, бо душа твая ўжо ў Небе прабывае,! У Небе, бо разам з Хрыстом! I сьмерці для цябе ўжо няма! 3 гэтым мы й віншуем табе на Вялікдзень! С Клім ХТО МОЖА ЗЬМЯСЬЦІЦЬ... (Працяг з № 21) Няхай прыйдзе Царства Тваё, Божа, на зямлю! Так мы закончылі нашыя папярэднія разважаньні на гэтую.тэму. Бязумоўна, усё у руках Божых. Ен стварыў чалавека, паказаў шлях і мэту, палажыў яму, як і ўсяму сусьвету, пачатак і канец. Аднак, гэта зусім ня значыць, што чалавек ня можа нічога сам рабіць. Наадварот, Бог даў чалавеку ня толькі розум, але й свабодную волю. Для чаго даў розум? Ясна, многія скажуць, для таго, каб мы ўсё мелі, жылі ў дабрабыце. Але-ж і жывёлы гэта робяць з дапамогаю сваіх інстынктаў. А наш розум не інстынкт, а дар Божы, іскра Духа Ягонага ў нас, і гэта робіць нас вобразам і падобаю Божаю. Таму наш розум павінен стала злучаць нас з Богам, прыпамінаць нам: тількі з Богам мы можам мець ня толькі дабрабыт і культуру, але й супакой, радасьць, шчасьце й жыцьцё вечнае! Вось чаму мы павінны любіць Бога болып за ўсё. Але любоў толькі тады любоў, калі яна праяўляецца поўнасьцю свабодна. Таму Бог і даў нам свабодную волю, і сказаў: хочаце мець супакой, дабрабыт, радасьць і шчасьце, ідзеце шляхам Маім. Тады Я ўзмацню розум ваш, і вы будзеце цуды тварыць. Ня хочаце, уважаеце, што вы ўсё самі бязь Мяне зробіце, добра, ідзеце шляхам сваім. Толькі ведайце: калі гэты шлях ваш прывядзе вас да руіны, то й тады Я гатовы памагчы вам Любоўю й Ласкаю Маёю. Так прыгожа ад вякоў Бог гаварыў і цяпер гаворыць людзям. А што-ж яны? Нажаль, асабліва цяпер, людзі сьляпыя й глухія. Навет хрысьціянскія народы страцілі свою духовую апору: Хрыста-Бога ў жыцьці сваім. Многія стараюцца цяпер знайсьці гэтую апору ў НАЦЫЯНАЛІЗЬМЕ. Што гэта, грэх? Не, гэта дабро, бо Нацыяналізм згодны з Воляю Божаю. А чаму-ж многія нацыяналізмы лрывялі да гора й бяды? Таму, што яны сталіся мэтаю для сябе, забыліся аб тым, што адзінаю мэтаю нашаю ёсьць Хрыстос, Бог наш, як адзінае й запраўднае дабро нашае. Не, многія нацыяналізмы стараліся нахіліць Бога да свайго „дабра", і прыйшла бяда, што мы бачым асабліва ў апошняй людзкой гісторыі, але хто хоча вучыцца ад яе? Не відаць такіх. Хто цяпер хоча зразумець, што Хрысьціянства гэта хрысьціянскае жыцьцё? Сучасныя хрысьціянскія дэмакратычныя дзяржавы сказалі сваім Цэрквам: вы сабе малецеся, а жыцьцём кіраваць будзем мы. Вось жа, не Хрыстос тут апора й мэта, а зданьлівае людзкое дабро, людзкі розум. I адсюль пайшла ўся бяда: Цэрквы сталіся мамэнтам другарадным, часам дапаможным. Ясна, такія цэрквы не могуць мець уплыву на тое, каб жыцьцё будавалася згодна з Навукаю Хрыстоваю, асабліва-ж там, дзе яны знаходзяцца пад уладаю багаборцаў, або й пад уладаю малаверных лібэралаў. I многія цэрквы пайшлі на кампрамісы ня толькі зь лібэраламі, але й з багаборцамі. Для іх ужо важна ня тое, што кажа Хрыстос, а блудны й грэшны сьвет гэты. Што-ж, зайшлі мы ў тупік, зь якога выхаду няма? Не, выхад ёсьць і будзе. Як доўга яшчэ сьвет гэты будзе існаваць, мы ня ведаем. Але мы ведаем словы Хрыстовыя: Збудуго Царкву Маю, і ніякія сілы пякельныя не перамогуць Яе! Гэта значыць: што бы ня сталася на сьвеце, апошняе слова скажа Хрыстос, а таму й Цэрквы Ягоныя. Ясна, ня тыя прывескі. Цяпер дзеюць на сьвеце тры ідэалёгіі: абсалютнага зла, нашага часовага, зданьлівага дабра, і Духа Божага. Аўтарам абсалютнага зла ёсьць шатан, зданьлівага дабра — людзкі розум, дэмакратыя, а Духа Божага — Хрыстос. Ужо з гэтага відаць, што ўрэшце рэшт пераможа толькі адна зь іх: Хрыстовая, Божая. Адсюль для нас многа навукаў: ніякая злаба, ані шатанская, ніякая людзкая сіла, ані атамная зброя, не зруйнуюць зямлі. Гэта станецца толькі з волі Божае ў канцы сьвету гэтага, калі станецца тое, што кажа нам сьв. Апостал Пётра: „А сяньняшнія нябёсы й зямля, тым жа Словам утрымліваныя, захоўваюцца для вагню на дзень суда й загубы бязбожнікаў" (2 Пёт. 3, 7). Адсюль другая навука для нас: як бы ня была моцная ідэалёгія абсалютнага зла, якія бы ня былі вялікія сілы яе, усім тым, што маюць Хрыста ў сэрцах сваіх, ясна, што гэтая згубная ідэалёгія й слугі яе, багаборцы, будуць у свой час зьнішчаныя вагнём зь Неба. Я перамог сьвет, сказаў Хрыстос. Гэтым Ён казаў Апосталам: і вы пераможаце, бо Я дам вам сілу Маю. I яны запраўды перамаглі цемру бязбожжа. А што-ж мы цяпер? Хто з нас скажа: я перамог цемру бязбожжа? Хутчэй мы самі ў болынай ці меншай меры пераможаныя ім. Бо-ж хто з нас можа пахваліцца, што ён выбачае няпрыяцелям сваім, робіць другім толькі дабро? Хто кожнае Нядзелі сьпяшыць да Хрыста ў Царкву таму, што толькі ў Ім бачыць сваё багацьце й шчасьце? Хто з нас любіць прынамсі суродзічаў сваіх? Многія кажуць: як жа я магу любіць таго, хто не падабаецца мне? Што, надта цяжка? А што мы скажам на такую рэч: у каго Хрыстос найвышэйшы аўтарытэт, той хутчэй гатовы памерці, чым адмовіцца ад Яго! I толькі такі можа сказаць: я часткова перамог сьвет. Часткова, бо й такі грэшны, таму часткова пераможаны сьветам гэтым. Але гэта ўжо не бяда, бо такому Хрыстос скажа: Даруюцца табе грахі твае! Таму, патрэйцяе, як вагню будзем высцерагацца ідэалёгіі абсалютнага зла. Ня будзем цешыць сябе, што ўжо праведнікі мы й тады, калі жывем у згодзе з людзкімі законамі. Такія законы былі й у Апостальскія часы, а вось што казаў сьв. Апостал Павал вернікам сваім: Законы пішуцца для грэшных людзей, а вы жа сьвятыя! Бо асьвячаныя Духам Сьвятым, таму родныя Сьвятым, хадзеце-ж у гэтым Сьвятле Божым. I яны хадзілі: тысячы зь іх хутчэй паміралі, чым адмаўляліся ад жыцьця ў Хрысьце! А табе цяжка любіць навет суродзічаў сваіх! Ад цябе ТЫМЧАСАМ ніхто не вымагае паміраць за Хрыста, даволі хоць крыху быць падобным Яму: любіць бліжніх сваіх, але й гэта цяпер цяжкая рэч. Гардыня й лакомства ўсюды, і тут прычына посьпехаў тае згубнае ідэалёгіі. Ніякая дэмакратыя й свабода не перашкаджаюць ёй. Наадварот, свабода для духова слабых людзей часта маральная атрута. Прыклад: сучасная свабода сумленьня пераходзіць у сваю супрацьлежнасьць: у свабоду ад маралі й Веры ў Бога. Даволі глянуць на школы, на пастановы сьвецкіх ды некаторых царкоўяых уладаў. Пра які мір цяпер гавораць? Пра мір у Богу? Дзе там, не! Чаму? Таму, што хочуць асягнуць яго разам з тымі ,што не прызнаюць Бога! Як жа можна іх абразіць? Гэта нічога, што яны адкідаюць Князя Міру — Хрыста! Трэба быць разам? Разам з кім? 3 слугамі аўтара абсалютнага зла! I ня дзіва, што кожнага дня можа прыйсьці вагонь зь Неба. Увесь куколь пойдзе ў вагонь. Гэта будзе такі самы цуд, які стаўся ў часе Зшэсьця вагню Нябеснага, Духа Сьвятога, на Апосталаў, пачатку паўстаньня Хрысьціянства. Але гэта будзе ўжо зусім іншы вагонь, вагонь для многіх сьмяротны. Будзем жа ўважаць, каб нам не пайсьці ў гэты вагонь. (Далей будзе) СЛУЖЭНЬНЕ НАРОДУ (Працяг) У папярэдніх нашых разважаньнях на гэтую важную тэму мы разглянулі навуку прарокаў з Старога Запавету. Чым гэтая навука важная для нас? Тым, што яна была натхнёная самым Духам Сьвятым. Далей мы падалі Навуку Самога Ісуса Хрыста адносна нашага дачаснага й вечнага жыцьця, а таксама навуку вучвяў Яго, Апосталаў, з Новага Запавету. Хрыстос ня раз казаў: Я прыйшоў не судзіць, а паслужыць. Ясна, паслужыць усім людзям і народам. Але ЯК паслужыць? На гйта Ён дае нам ясны адказ: Я прыйшоў, каб выпаўніць волю Айца Маяго Нябеснага. Вось жа, каб паслужыць людзям, неабходна ў першую чаргу служыць Богу, бо-ж, калі мы выпаўняем волю кагось, мы служым яму. А служыць Богу мы можам толькі тады, калі ведаем, чаго Ён жадае ад нас. Хрыстос добра ведаў гэта, таму й дасканала служыў Айцу Сваяму, выпаўняў волю Яго, і гэтым ужо служыў усім людзям. Ці Ён заўсёды дагаджаў людзям? О, далёка не! Наадварот, Ён ня раз асуджаў народ Свой па плоці, асабліва-ж ягоных кіраўнікоў. Асуджаў за тое, што яны не выпаўнялі волі Божае. А кіраўнікі-ж уважалі, што толькі яны належна служаць свайму народу, а Хрыстос перешкаджае ім! А гэта было таму, што яны паводля словаў Хрыста НЯ ВЕДАЛІ БОГА! Болыл таго, Хрыстос казаў ім, што ў іх айцец ня Бог, а творца й айцец ілжы — дыявал! Як бачым, яны ў запраўднасьці часта служылі не народу, а дыявалу! I ня дзіва, што гэтае іхнае служэньне закончылася паўнаю катастрофаю! I сьв. Апосталы добра зразумелі гэтую збаўленную для нас Навуку Хрыстовую, таму й яны часта гаварылі: Каму мы дагаджаем, людзям? Не, мы дагаржаем Богу, бо мы СЛУГІ Ягоныя! Як жа пагадзіць гэта з тым, што яны самаахвярна служылі людзям? Вельмі проста: яны дасканала пазналі Бога, Волю й Пляны Яго адносна ўсяго роду людзкога, і таму былі СУПРАЦОЎНІКАМІ Яго, каб гэтыя Ягоныя Пляны ажыцьцявіць, і гэтым паслужыць людзям: прывясьці іх да Бога. Ясна, гэта многім не падабалася, хоць яны таксама ўважалі, што гэта яны служаць сваім народам, а сьв. Апосталы ворагі іхныя. I дзеля гэтага амаль усе Апосталы закончылі сваё жыцьцё вялікамучанікамі. А што цяпер? Вось так мы ўжо бліжэй падыйшлі да нашае тэмы: Служэньне Народу. Нехта можа сказаць: я служу народу, калі памагаю патрабуючым, хворым, пашыраю культуру, узмацняю нацыянальную сьведамасьць, спрычыняюся да незалежнасьці, або падтрымоўваю яе. На першы пагляд гэта вельмі прыгожае служэньне народу. I патрыёты, і духаўнікі ўсіх народаў так разважалі й дзеялі дасюль. Толькі, вось, бяда: факты сьветчаць, што гэта не належнае служэньне, што чагосьці тут бракуе, бо-ж гэтае служэньне прывяло іхныя народы ды ўвесь сьвет да бяды й страху. Многія „мудрацы" знаходяць тут розныя прычыны. Адныя кажуць: бяда гэтая сталася таму, што многа галодных на сьвеце. Другія: надта многа людзей на зямлі, а калі гэта духаўнікі, то яны прыводзяць словы Хрыстовыя: Накармі галоднага, напаі сасмаглага, прымі падарожнага... Але, гэта Ён сказаў. Больш таго, Ён сказаў навет, што такія ўнасьледуюць Царства Нябеснае! Але што Ён сказаў Апосталам, калі высылаў іх у сьвет? Хрыстос тут не сказаў ім: ідзеце й глядзеце, каб усе галодныя былі накормленыя й г. д., а нешта іншае: Прапаведуйце сьв. Евангельля, навучайце ўсіх выпаўняць тое, што Я запаведаў вам (Мц. 28, 20). Але, прапаведуйце, навучайце! Калі Хрыстос насыціў 5 тысяч людзей 5-цю хлебамі, і яны пасьля шукалі Яго, каб Ён стаўся іхным царом бямным, то Ён вельмі разгневаўся й сказаў: Вы шукаеце Мяне не таму, што бачылі ЦУД, а што елі хлеб і насыціліся. Працуйце-ж ня дзеля ежы, што зьнішчаецца, а дзеля ежы, што застаецца ў жыцьцё вечнае, якое вам дасьць Сын Чалавечы. А калі яны сказалі Яму, што й Майсей карміў бацькоў іх хлебам зь Неба, то Ён сказаў ім: Не Майсей даў ім гэты хлеб, але Айцец Мой (Іо. гл. 6). Што ўсё гэта значыць? 3 аднаго боку Хрыстос багаслаўляе тых, што далі кусок хлеба галоднаму, а з другога асуджае тых, што шукалі хлеба? Тут дзьве розныя вартасьці. Хрыстос Накармі галоднага, бо гэта будзе значыць, што ты маеш любоў і міласэрдзе ў сэрцы тваім, згодна з Навукаю Маёю. Але ня гэта першае й галоўнае заданьне тваё. Калі-б Я толькі гэтаму навучаў, то Я нічым ня розьніўся-б ад звычайных добрых людзей, якія таксама гэта кажуць, а галодныя й абяздоленыя як былі, так і засталіся-б на зямлі. Не, каб усе мелі дабрабыт, супакой, радасьць і шчасьце на зямлі, трэба чагось многа болыпага: трэба, каб людзі духова абнавіліся, паднялі вочы свае да Неба, пазналі, што хлеб зямны не аснова нашага жыцьця, а ВЫНІК яго. Якога жыцьця? Жыцьця чалавека, а не жывёлы, якая таксама мусіць мець свой хлеб. Жыцьця, якое радасьць сваю бачыць ня ў хлебе, а ў злучэньні з Богам. Тады Усемагутны Бог хлеб ваш штодзённы стократна памножыць вам. Тады вы пазнаеце ЦУДЫ Яго! Тады вы пазнаеце й Пляны Яго: стварэньне Царства Божага на зямлі, дзе ніякіх галодных, абяздоленых і паняволеных ня будзе! Вось чаму галоўным нашым заданьнем ёсьць: духоўнае, рэлігійна-маральнае ўзгадаваньне народу, злучэньне з Богам, як крыніцаю ўсякага нашага дабра, нашае радасьці, моцы, красы, велічы й несьмяротнасьці! Вось у чым гэтыя розныя вартасьці. А гэта й ёсьць Навука Хрыстовая й Апостальская, сьв. Евангельля, як радасная вестка для нас. А цяпер няхай кожны скажа: што галоўнае для нас? Наш хлеб штодзённы, ці пазнаньне Бога, злучэньне зь Ім, і служэньне Яму? Але можа нехта скажа: так, гэта праўда, галоўнае гэта пазнаць і палюбіць Бога, і служыць Яму, але-ж шго мы зробім, калі на сьвеце такая няпраўда, усюды зло, калі кожны амаль чалавек і народ стала толькі капае ямы пад нагамі іншым. Так, гэта мы ўжо даўно бачым: кожны стараецца ўсякая праўдаю й няпраўдаю служыць толькі свайму народу навет тады, калі гэта спрычыняе бяду іншым. Толькі зноў запытаем: а што-ж выходзіць з гэтага свайго „дабра"? Бачым, адно бяда й страх. Усюды галосяць: мір-супакой, а дзе ён? Няма! Таму найвышэйшы час, калі мы жадаем запраўднага, Божага дабра свайму Беларускаму Народу, паставіць сабе пытаньне: ЯК мы маем служыць яму? Усе мы ведаем, што каб чалавек мог пабудаваць жалезны мост праз шырокую раку, ён мусіць умець зрабіць яго, ён мусіць быць адпаведным інжынерам. А для гэтага ён мусіць добра й доўга вучыцца. А цяпер запытаем: а для будовы жыцьця свайго народу, і належнага служэньня яму, ня трэба добра й доўга вучыцца? О, бязумоўна, скажаце вы, тут трэба многа больш вучыцца, трэба мець многа болыны РОЗУМ. Бо-ж, калі заваліцца мост, то страта памерна невялікая, а калі заваліцца дзяржаўнае жыцьцё, то гэта ўжо запраўдная катастрофа! Асабліва мы, Беларусы, гэта ба-люча перажываем. Добра гэта разумеў наш духовы волат Янка Купала, калі ўсклікнуў: Паўстань з народу нашага ПРАРОК! Што гэта значыць тут прарок? Гэта значыць: МУДРЫ, а таму моцны й дзейны чалавек. Ці мы маем добрых патрыётаў, разумных людзей, каб яны маглі стацца добрымі будаўнікамі нашае Дзяржавы, належнымі слугамі Народу? Так, бязумоўна, у нас дзякаваць Богу ёсьць ня мала добрых патрыётаў, якія гатовыя навет ахвяраваць сваё жыцьцё за сваю Радзіму Беларусь, і ўжо таму мы можам сказаць, што яны маюць розум. Толькі, нажаль, розум гэта яшчэ ня МУДРАСЬЦЬ. А для адбудовы, а пасьля разбудовы й велічы свае Краіны розуму яшчэ мала, неабходная Мудрасьць, як розум Божы. А ці-ж можа такі разумны будаўнік наш стацца мудрым? Можа, але толькі пры адной умове. Якой? Аб гэтым пагаворым наступным разам. (Працяг будзе) С. К. ХРОНІКА НЮ-ЁРК. АБХОД 3 КРАШЧЭНСКАЮ ВАДОЮ. Запраўды кажу вам: Хто ня хрысьціцца Вадою й Духам, той ня ўвойдзе ў Царства Нябеснае, сказаў Хрыстос, Спасіцель наш. I, каб выпаўніць закон, Ён Сам хрысьціўся ў Іардане ад Іоана. Вось так Сам Ісус Хрыстос прыняў Хрышчэньне вадоію, каб пасьля хрысьціць усіх веруючых у Яго ня толькі вадою, але й вагнём, Духам Сваім Сьвятым, і гэтым багаславіць іх для прыгожага, пабожнага жыцьця ў Ім. Калі-ж Ісус Хрыстос увайшоў у воду Іарданскую, Ен ужо Сваёю Боскаю Асобаю асьвяціў і багаславіў яе для нашага здароўя духовага й цялеснага, як вучыць нас нашая сьв. Праваслаўная Царква. I як ад вякоў, так і цяпер Спасіцель наш даваў гэтае Сваё багаславенства нашым прыхажанам пры абходзе з Крашчэнскаю вадою праз Уладыку Васілія й а. Юрыя. Усе прыймалі прыгэтым у дамох сваім Самога Госпада нашага Ісуса Хрыста, таму радаваліся, горача дзякавалі Яму, як свайму слаўнаму Боскаму Госьцю, а таксама нашаму Духавенству, ды тым, што памагалі яму пры гэтым: Спадаром М. Тулейцы, Б. Данілкжу, Я. Ніхаёнку, А. Міцкевічу й Я. Казьлякоўскаму. Бязумоўна, нашыя пабожныя прыхажане дзякавалі за малітвы й асьвячаньне сваіх дамоў ня толькі словам, ці пачастункам, але й іншым чынам: сваімі шчодрымі ахвярамі. Слава на вышынях Богу, нашай сьв. БАПЦаркве й Духавенству Яе, а таксама ўспомненым памочнікам і ўсім вернікам. НОВАЯ ЦАРКОЎНАЯ РАДА ў КЛІУЛЭНДЗЕ. Дря 13-га лютага тут адбыўся Агульны Перавыбарчы Сход пад кіравецтвам Сп. С. Карнілозіча — Старшыні, і Сп. А. Асіпчыка — Сакратара, які на прапанову Рэвізійнае Камісіі ўдзяліў уступасочай Царкоўнай Радзе абсалюторыюм з падзякай. Наступна выбраў новую Царкоўную Раду ў складзе Спадароў: В. Радзюк — Старшыяя, В. Валюкевіч — Заступнік Старшыні, М. Гумен — Сакратар, М. Ягаўдзік — Скарбнік, М. Трэцякова й А. Лук'янчык — Сябры, М. Пэнда — Царкоўны Стараста, А. Шастак — памочнік яго. У Рэвізійную Камісію былі выбраныя: Спадары: Літвінко, У. Дунец і К. Калоша. Уладыка Васілі, як правячы Епіскап, зацьвердзіў і багаславіў гэтую новую Царкоўную Раду й Рэвізійную Камісію. Жадаем ім плённае працы на славу Божую, нашае сьв. БАПЦарквы, і на дабро іхных прыхажан і ўсіх нас. Нажаль, нешта іншае сталася з Царкоўнаю Радаю Парафіі нашага Кафедральнага Сабору імя сьв. Кірылы Тураўскага ў Ню-Ёрку. Гэтая Царкоўная Рада, выбраная далёка ня ў згодзе з царкоўнымі правіламі й нашым Статутам, у лістападзе 1965 г., адмовіла послух свайму Настаяцелю й правячаму Епіскапу — Уладыцы Васілію навет у чыста царкоўных справах, пачала камандаваць ім шляхам розных ультыматумаў, навет адмовілася плаціць яму тую вельмі скромную ўзнагароду, якую прызначыў яму Агульны Сход Парафіі. Калі ніякія спробы ані Уладыкі Васілія, ані сябры Епархіяльнае Управы аб належным разуменьні сваіх абавязкаў гэтаю Царкоўнаю Радаю не памаглі, то Уладыка Васілі, як правячы Епіскап, прымушаны быў скарыстаць з сваіх царкоўных і статутовых правоў, больш таго, з сваіх абавязкаў, як Главы нашае сьв. БАПЦарквы ў Амэрыцы й Канадзе: ён разьвязаў гэтую Царкоўнаю Раду, і вызначыў часовую Царкоўную Раду, якая мае ў бліжэйшай будучыні склікаць Надзвычайны Агульны Сход Парафіі для выбараў новае Царкоўнае Рады. САКАВІКОВЬІЯ ЎРАЧЫСТАСЬЦІ Ў НЮ-ЁРКУ. 3 Ласкі Божае ды стараньнямі нашых патрыётаў, і цяпер гэтыя ўрачыстасьці распачаліся выданьнем Праклямацыяў Губэрнатараў Штатаў Ню-Ёрк, Ню-Джэрзі й Пэнсыльваніі, і мэра Ню-8рку аб тым, што Дзень 25-га Сакавіка зьяўляецца Днём Беларускага Народу. Далейшым радасным для нас здарэньнем было прачытаньне Малітваў за Амэрыку й Беларусь кс. Урбановічам у Кангрэсе, а Уладыкаю Васіліем у Сэнаце Злучаных Штатаў Амэрыкі. Чытаньне Малітвы ў Сэнаце ЗША за Амэрыку й Беларусь для нас ужо прыемная традыцыя. Тут мы маем ужо много нашых прыяцеляў, а гэта цяперашні Віцэ-Прэзыдэнт дастойны Г. Гамфры, наш сэнатар зь Ню-Ёрку дастой ны Дж. Джэвіц, лідар дэмакратаў дастойны Мэнсфільд, лідар рэспубліканцаў дастойны Дірксан, сэнатар з Каліфорніі дастойны Кукель, беларус з паходжаньня, і многа іншых, Пастар Сэнату дастойны др. Фр. Б. Гарысс. Усе яны вельмі міла спаткалі нашую дэлегацыю, асабліва-ж ведамага ім ужо Уладыку Васілія. А 12-ай гадзіне распачалася Сэсія Сэнату. Віцэ-Прэзыдэнт црывёў Уладыку Васілія на сваю трыбуну й абвесьціў, што зараз Яго Высокапрэасьвяшчэнства Уладыка Васілі, Архіепіскап БАПЦарквы ў Амэрыцы, прачытае Малітву з нагоды Дня Незалежнасьці Беларусі. I Уладыка ўрачыста прачытаў яе. Віцэ-Прэзыдэнт прыгожа падзякаваў яму, і зараз жа многія сэнатары акружылі яго, і жадалі Беларускаму Народу скорага вызваленьня зь цяжкое няволі. Пастар паказаў Уладыцы Васілію прыгожуяо прамову сэнатара Джэвіца з яагоды Дня Незалежнасьці Беларусі. Але, вось, Віцэ-Прэзыдэнт паклікаў Уладыку Васілія да сябе, і ў часе мілае размовы сфатаграфаваўся разам зь ім, а пасьля сэнатары, пастар і нашыя дэлегаты: Сп. інж. М. Горошко, Сп. др. С. Станкевіч і Сп. Праф. Б. Кіт, і таксама было зроблена некалькі фатаграфіяў. Горача дзякуем Вогу й нашым дэлегатам за гэты далейшы прыгожы чын для дабра нашае Маці-Беларусі. УРАЧЫСТЫЯ СЛУЖБЫ БОЖЫЯ. Іх адправіў Уладыка Васілі ў асысьце а. Юрыя цяпер для адных 20-га сакавіка, а для другіх 27-га сакавіка. Асабліва апошняя была ўрачыстая, бо многія ўжо даведаліся, што Уладыка Васілі прачытаў Малітву за Амэрыку й Беларусь у Сэнаце ЗША, і быў вельмі ветліва прыняты разам з нашымі дэлегатамі Віцэ-Прэзыдэнтам ды выдатнымі сэнатарамі. Таму наш Кафедральны Сабор быў запоўнены вернікамі ня толькі зь Ню-Ерку, але й ваколіцаў яго. Усе горача дзякавалі Госпаду Богу за гэтую Ягоную Ласку да нас. Вельмі прыгожа пяяў наш узмоцнены Хор пад кіравецтвам Сп. М. Тулейкі. Натхненьне ўсіх вернікаў было вялікае, і гэтым натхненьнем, падзякаю й хвалою Айцу нашаму Нябеснаму была й пропаведзь Уладыкі Васілія на тэму: 3 НАМІ БОГ! Служба Божая закончылася Малебнам за Беларускую Народную Рэспубліку, Многалецьцямі, і царкоўным гімнам „Магутны Божа". Высокалрэасьвяшчэньнейшых Уладыкаў нашых, Архіепіскапаў СЕРГІЯ й ВАСІЛІЯ, Высокапрэпадобных Архімандрытаў, Мітрафорных Пратаіерэяў, Пратаіерэяў, Прэпадобных Айцоў, дастойных Рэгентаў і Харыстых, Хвальныя Царкоўныя Рады, Брацтвы й Сястрыцтвы, дзяржаўныя, навуковыя й граыадзкія Установы, усіх вернікаў сьв. БАПЦарквы, чытачоў „Царкоўнага Голасу", і ўвесь наш Вялікі Беларускі Народ сардэчна вітаеы з радасным Вялікаднем: ХРЫСТОС УВАСКРОС! ЕПАРХІЯЛЬНАЯ УПРАВА БАПЦ АМЭРЫКІ Й КАНАДЫ. |
Літаратура / Literature > Голас Царквы >