БОЖАЙ МІЛАСЬЦЮ СЬВЯШЧЭННЫ САБОР ЕПІСКАПАЎ БЕЛАРУСКАЕ АЎТАКЕФАЛЬНАЕ ПРАВАСЛАЎНАЕ ЦАРКВЫ НА ЧУЖЫНЕ Да ўсечэснога Духавенства, прэпадобнага Манаства, і ўсіх багалюбівых вернікаў нашых на Чужыне й на Бацькаўшчыне прабываючых КАЛЯДНАЕ АРХІПАСТЫРСКАЕ ПАСЛАНЬНЕ „Дзе Народжаны Цар Юдэйскі, бо мы ўбачылі ЗОРКУ Яго" (Мц. 2, 2). УЛЮБЛБНЫЯ ДЗЕЦІ НАШЫЯ! Зорка Віфлеемская зазьзяла на небе: ХРЫСТОС НАРАДЗІЎСЯ! Ангелы славословяць Яго, людзі радуюцца! Радуюцца й пакланяюцца Яму, Хрысту, Богу й Спасу нашаму, ня толькі звычайныя пастыры, але й вучоныя, тры каралі: „Дзе Народжаны Цар Юдэйскі? Бо мы ўбачылі Зорку Яго на Усходзе, і прыйшлі пакланіцца Яму. I Зорка йшла перад імі, пакуль не спынілася над месцам, дзе было Дзіцятка. Убачыўшы-ж Зорку, яны ўзрадаваліся радасьцю вялікаю" (Мц. 2, 2, 9-10). Так, гэтаю Зоркаю быў, ёсьць і навекі будзе для нас Хрыстос, Каторы Сьвятлом Сваім у цемры жыцьця нашага зьзяе: „I вы добра робіце, шго зьвяртаецеся да Хрыста, як да Зоркі, што ў цемры сьвеціць" (2 Пёт. 1, 19). Доўга людзі чакалі на гэтую слаўную Зорку. Ужо ў Старым Запавеце Валаам, па волі Божай, усклікнуў: „Бачу Яго, але Яго яшчэ няма, і ня скора прыйдзе Ён. Усходзіць Зорка з дому Якуба" (Чыс. 24, 17). Але вось радасьць вялікая прыйшла для людзей: „Слова Целам сталася, і пасялілася між нас. I Сьвятло ў цемры сьвеціць, і цемра не агарнула яго" (Іо. 1, 14, 5). А што гэтым Сьвятлом-Зоркаю длянас ёсьць запраўды Ісус Хрыстос, тут Ён Сам так сьветчыць нам: „Я, Ісус, паслаў Ангела Маяго пасьветчыць вам гэта ў цэрквах. Я корань і род Давідавы, Зорка сьветлая, ранічная" (Адкр. 22, 16). Але, Зорка сьветлая, ранічная, гэта нашае сонейка яснае: Ісус Хрыстос, Гасподзь Бог і Спасіцель наш! Таму Ангелы сьвятыя ў гэтую цудоўную, ціхую, Сьвятую Ноч натхнёна й засьпявалі: „Слава на вышынях Богу, і на зямлі мір людзям добрае волі" (Лк. 2, 14). Але, Зорка сьветлая, ранічная зазьзяла нам! Дзіцятка Нарадзілася! Сын Божы даны нам! Улада на плячох Яго, бо-ж імя Яго: Эмануіл, 3 НАМІ БОГ! „Бо Гасподзь Бог так палюбіў сьвет, што й Сына Свайго Адзінароднага аддаў, каб кожны, хто ўверуе ў Яго, не загінуў, але меў жыцьцё вечнае" (Іо. 3, 16). I сьв. вярхоўны Апостал Павал усклікае: „Ты ўжо ня раб, не чужы, а сын Богу, а калі сын, то й спадкаемца Божы праз Ісуса Хрыста" (Гал. 4, 7). Вось для чаго зазьзяла Зорка ясная: Хрыстос, Сын Божы, зыйшоў зь Неба на зямлю, нарадзіўся як Дзіцятка! Так, радасьць вялікая для ўсіх людзей добрае волі! Радасьць тым болыпая, што цудоўная Зорка гэтая прасьвятляе цемру й нашага дачаснага штодзённага жыцьця, паказвае нам шлях, суцішае нашыя болі, душы й сэрцы напаўняе супакоем і шчасьцем, як Ён, Хрыстос, і апавясьціў нам праз прарока: „Дух Госпада Бога на Мне, бо Гасподзь памазаў Мяне дабравесьціць убогім, паслаў Мяне лячыць зламаныя сэрцы, вызваляць палонных і вязьняў з цямніцаў, сьляпым адкрываць вочы, прапаведваць лета Гасподняе, пацяшаць тых, што сумуюць, церпяць" (Іс. 61, 1-2). Але, Ён, Хрыстос, нашае Сьвятло, Лек, Шлях, Жыцьцё, Супакой, Радасьць, НІчасьце й Спасеньне! Вось Каго мы спатыкаем у Сьвяты Вечар у сваіх хатах ды ў сьв. Цэрквах! Тут Ён зноў родзіцца ў душах і сэрцах нашых, і мы абнаўляемся, становімся сынамі й дочкамі Яго, Бога нашага, народам Ягоным, сьвятым, паводля словаў Апостала: „Вы — род выбраны, царскае сьвяшчэнства, народ сьвяты, каб апавяшчаць цноты Таго, Хто паклікаў вас з цемры ў цудоўнае Сьвятло Яго" (1 Пёт. 2, 9). Таму сяньня Ангелы й людзі радуюцца, пяюць Хвалу Зорцы ранічнай, Сыну Божаму! ХРЫСТОС РАДЖАЕЦЦА — ЯГО СЛАЎЦЕ! Слаўце Нараджэньне Яго, Бога й Спаса нашага ўжо ў хатах вашых! Сьпявайце Хвалу Яму, Боскаму Дзіцятку: Бог Прадвечны Нарадзіўся! Няхай Ён, Спасіцель наш, зьявіцца вам, і зь любоўю глядзіць на вас, як вы славіце Яго, і споўніць усе просьбы вашыя. I тут успомніце ўсіх тых вашых родных і блізкіх, якіх няма сярод вас, і тых усіх, што аддалі душы свае за Веру й любую Маці нашую Беларусь, і тых, што пакутуюць пад уладаю бязбожнікаў дома, і Боскае Дзіцятка выслухае лросьбы-малітвы вашыя, багаславіць вас і іх. Асабліва цяпер, у нашыя цяжкія часы, дарагія дзеці Нашыя, будзем цьвёрда верыць, што разьвеюцца чорныя хмары над Зямелькаю нашаю, і зноў зазьзяе над ёю Зорка ясная, ранічная — Сонца Божае й нашае Праўды й Свабоды, Хрыстос, Бог і Спас наш, і нашая любая й шматпакутная Маці-Беларусь народзіцца да новага, вольнага й радаснага жыцьця ўжо навекі! Бо: 3 НАМІ БОГ! Яму хвалу складайце! У гэтай Веры, Любові й Надзеі на Нованароджанага Госпада Бога й Спаса нашага Ісуса Хрыста вітаем вас, усечэсныя Айцы, і любыя Браты й Сёстры з сьветлым і радасным Сьвятам РАСТВА ХРЫСТОВАГА, і з надыходзячым НОВЫМ ГОДАМ. Пасылаем вам, і ўсяму нашаму Вялікаму Беларускаму Народу Нашае Архіпастырскае багаславенства, і ўсклікаем: Бог Прадвечны Нарадзіўся! Яго й Прачыстую Дзеву Марыю слаўце! Ласка, Мір і Багаславенства Госпада, для нас Народжанага, Князя Супакою, Правадыра жыцьця нашага Ісуса Хрыста разам з Богам Айцом і Богам Духам Сьвятым няхай будзе з усімі вамі. АМІНЬ. СЬМІРЭННЫ АРХГЕПІСКАП СЕРГІЙ Глава Сьвяшчэннага Сабору Епіскапаў Беларуекае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы СЬМІРЭННЫ АРХІЕПІСКАП ВАСІЛІ Сакратар Сьвяшчэннага Сабору Епіскапаў БАПЦ на Чужыне. Дана Году Божага 1965 месяца сьнежня Аўстралія-Амэрыка. ЗОРК А Ноч была, як, здаецца, і ўсе у далінах сьсівелых Юдэі: Стыг пуцінамі пыл пакрысе, і сьляды, і надзённыя дзеі... Брала моўчкі ў абдымкі сутонь гліну й камень парогаў ... вугольля гэн і гэт недагаслы агонь ... студні... ніўкі... пальмовае гольле ... Найдаўжэй мо' ня спаў Віфлеем: не хапіла вады там сяганьня ні людзям, ні вярблюдам, хай сем вадаёмаў у месьце ... I ганіў, кляў уголас прыбылы народ доўга ўладу, парадкі, аж сьцішыў сон прысталы Давідавы род: патанула і места у цішы ... Ды няхай і была, як усе гэта ноч, — а ў нябёсных суквецьцях, як лялея у срэбнай расе, зьзяла Зорка, нязнаная ў сьвеце. Хто тут бачыў такую калі? Нат дзяды, за свой век гаратлівы час-часом зрок узьняўшы зь зямлі, не спасьціглі шчэ гэткага дзіва. А яна зіхацела, маўляў само сонца. Плыла й зіхацела, аж сьвятлом налілася зямля, хваляваньнем дзіўным затрымцела. Палі пастыры ніцма ў палёх, пазьбіваліся ў гурты авечкі, ветры й тыя стулілі крыльлё — затрымаліся Зорка ... і вечнасьць ... Бо ў пячоры за мескай сьцяной гэтай ночай сыйшліся ўсе згадкі, ўсе чаканьні, жылі што даўно: Нарадзіла Марыя — Дзіцятка! О, маленькая, сьветлая зьзянь на трысьці ды саломе, Табою зь цемры, з вусьцішы чорнай рызьзя сьвет устаў, свайго шчасьця ня ўтоіць. Глянь, сагнулася зло, папаўзло ў ноч спад сэрцаў людзкіх, спад парогаў ... Нарадзілася! Зьзяе сьвятло! Слава-ж, слава на ўзвышшах — Богу! Натальля Арсеньнева ПОМНІ... К А Л Я Д Ы Гісторыя Міласьцяў Божых, Ягонага Провіду над намі, складаецца з двох асноўных частак: Старога й Новага Запавету. Стары Запавет, як першая частка, незакончаны. Сам па сабе ён складаецца з такіх цудоўных Адкрыцьцяў Божых, падобных якім да Прыходу Хаыста няма нідзе на сьвеце. Тут, часта поўная балючых падзеяў, гісторыя беспасярэдніх дачыненьняў Бога да народу Ізраэльскага, пачынаючы ад Аўраама й канчаючы прарокамі. Стары Запавет гэта вялікая скарбніца духовых дыямантаў усяго людзтва. Веліч першых Разьдзелаў Кнігі Быцьця, краса Псальмаў, мудрасьць 10-ці Запаведзяў, маральнае натхненьне Прарокаў, іхная палымянная любоў да Бога, іхныя прадбачаньні празь вякі наперад, усё гэта сьветчыць аб магутных чынах Бога ў Ягонай і нашай Гісторыі, як доказ Ягонае апекі над людзьмі й сьвятасьці кожнага Слова Яго. Аднак, Стары Запавет толькі першая частка Кнігі Божае, таму Кніга незакончаная. Ягоная веліч у радасных для нас Адкрыцьцях Божых. Ён парушае многа пытаньняў, але дае толькі вобразы іх. Ён падае цудоўныя надзеі, але таксама толькі ў вобразах. Ён прыводзіць людзей на збаўленны шлях прымірэньня з Богам, але прымірыць ня можа, бо ня можа вызваліць людзей ад грэху, ад улады шатана, стацца Зоркаю нашаю. Таму Стары Запавет толькі Зараніца нашая, якая вобразна гаворыць аб Прыходзе Зоркі-Сонца. Возьмем тут вобраз 72-га Псальму, які прысьвячаны Салямону, які, аднак, ня стаўся гэтым вобразам. Псальм гаворыць аб ідэальным Валадару, які прынясе народу новую эпоху, эпоху дабра, праўды, справядлівасьці, шчасьця. Ён будзе слаўным правадыром бедных, абяздоленых, будзе князем супакою. Але такога Валадара ў Ізраэлі ня было. Гэта была толькі надзея. Прарок Ісайя жыў у 7-м стагодзьдзі перад Хрыстом, калі малая Юдэйская дзяржава была ўцягнутая ў барацьбу між магутнымі тады Эгіптам і Асырыяй. Для выбранага народу была небясьпека загібелі. I гэты прарок горача заклікаў цара й народ спадзявацца толькі на Бога, Каторы пашле ім Збавіцеля, які народзіцца сярод іх і будзе мець уладу Божую: Вась Дзева Народзіць Сына Эмануіла, што значыць: 3 намі Бог! Гэта будзе ідэальны Цар. Імя Яго: Дзіўны, Раднік, Бог Моцны, Айцец Вечнасьці, Князь Міру. I такога царя ня было ў Ізраэлі. Два вякі пазьней, калі народ ізноў быў перад катастрофаю, прарок Ерамія стаяў перад Храмам і выказваў надзею, якая мела стацца асноваю іхнага жыцьця. Гэта было ў часе, калі Ерусалім быў акружаны войскамі Навухаданосара. Ці гэта гаварыла аб тым, што Бог адмовіўся ад Свайго Запавету зь імі? Не, гэта яны самі, казаў Ерамія, зламалі гэты Запавет сваім няпослухам. Таму й прышла заплата: руіна, сьмерць, выгнаньне. I тут Ерамія падаў новую надзею. Так, казаў ён, вы зламалі Стары Запавет, але Бог зробіць большы, НОВЬІ Запавет, напісаны не на камені, а ў сэрцах людзей, ды ня толькі ў вашых, але ў сэрцах усіх народаў, якія будуць зь любоўю служыць Яму (Ер. 31, 31-33). Але Навухаданосар зруйнаваў Ерусалім і ўсю дзяржаву, і Новы Запавет застаўся надоўга толькі надзеяй. Аднак, гэты час не застаўся пустым. Знайшліся людзі, якія ўсьцяж прыпаміналі народу прароцтвы Ісайі, і гэтым узмацнялі яго. Яны разумелі пад церпячым слугою Божым з 53-га Разьдзелу Ісайі, які возьме на сябе ўсе грахі й немачы сьвету, свой церпячы народ, які за гэта будзе ўзвышаны над усімі народамі. Зноў паўстала надзея. Праўда, яны часам трацілі супакой і заклікалі Бога прыйсьці на зямлю й памагчы ім. Але Бог, як здавалася, маўчаў, а цярпеньні былі вялікія. I тут зьявіўся іншы голас, голас шматпакутнага Іава. Ён спрачаецца з Богам, хоча выклікаць Яго на размову абліччам да аблічча. Няхай Бог, разважае ён, зыйдзе зь Неба, станецца чалавекам! Тады толькі зь Ім можна будзе дагаварыцца аб прымірэньні між Богам і чалавекам (Іаў 9, 32-33, 16:21). Тут парушанае вялікае пытаньне, але яно было тады вышэй усякага розуму людзкога, таму й засталося толькі парушаным. Аднак, Стары Запавет атрымаў сваё заканчэньне. Ягоныя вобразы й прадсказаньні споўніліся: Бог запраўды зыйшоў зь Неба на зямлю! Хрыстос Нарадзіўся! I сьв. Апосталы завяршылі будову сьв. Кнігі Бібліі трыумфам Неба й зямлі. Яны далі адказ на разважаньні прарокаў не таму, што былі мудрэйшымі, а таму, што адказ гэты быў дадзены ім. Бо, вось на мяжы Старога Запавету, у Боскай Гісторыі, зьявіўся Той, Каторы Сам быў АДКАЗАМ, стаўся ЦЕЛАМ вобразаў, прадсказаньняў і Абяцаньняў Божых. I ў гэтым вялікае значэньне, цудоўная ангельская навіна Калядаў, Раства Хрыстовага. I ўся веліч Калядаў зьяўляецца Актам Самога Бога. Тут Ён выпаўніў у Сваім часе й Сваім шляхам надзеі, чаканьні й спадзяваньні вякоў. Гасподзь Бог даў нам ідэальнага Валадара, Валадарства Каторага іншага парадку, чым валадароў зямных, бо ня толькі Дабро, Праўда, Справядлівасьць, але й злучэньне чалавека з Богам шляхам Любові. Так, Ён: Дзіўны, Раднік, Бог Моцны, Айцец Вечнасьці, Князь Супакою! Так, уся ўлада даная Яму! У Ім Бог устанавіў Свой Новы Запавет зь людзьмі: стаўся іхным Айцом! Ён, Хрыстос, стаўся Чалавекам, Пасярэднікам між Богам і людзьмі, і так злучыў іх з Богам. Таму сьв. Апосталы й апавясьцілі: Сьв. Пісаньне споўнілася! Абяцаны Месія прыйшоў! Зазьзяла Зорка Віфлеемская! Хрыстос Нарадзіўся! Распачалася новая Гісторыя людзтва, гісторыя не Закону, а Ласкі Божае, гонару нашага. Нажаль, асабліва цяпер, міліёны намінальных хрысьціян не разумеюць велічы Калядаў, а менавіта, што ў гэтую Сьвятую Ноч Бог зыйшоў зь Неба на зямлю як малое Дзіцятка! Таму яны ня ведаюць Калядаў. Многія цяпер перажываюць шмат розных бедаў, іхныя блізкія яшчэ ў маладым веку паміраюць. I, вось, яны часам разважаюць: ці-ж запраўды Бог такі добры? Ці-ж Ён ня бачыць, што мае блізкія так рана памерлі? А можа Ён наагул ня бачыць бедаў нашых? Нажаль, яны ня ведаюць, што, папершае, мы самі часта спрычыняем беды сабе, бо не жывем згодна з Навукаю Божаю. Падругое, яны ня ведаюць, што Бог часам дапускае на нас розныя выпрабаваньні толькі для дабра нашага. Патрэйцяе, яны ня ведаюць, што запраўды страшная для нас сьмерць ня цела нашага, а нашае душы, бо гэтая сьмерць пазбаўляе нас жыцьця й радасьці вечнае ў Раю. Вось жа, яны ня ведаюць, што Хрыстос Нарадзіўся, каб Сваёю Сьмерцю вызваліць нас ад гэтае запраўднае сьмерці. Таму й такія ня ведаюць Калядаў. I ў нашыя часы ёсьць ня мала людзей, якія жывуць яшчэ паняцьцямі Ст. Запавету, хоць яны ўжо ад прадзедаў хрысьціяне. У Старым Запавеце быў Закон: вока за вока, зуб за зуб. Але Хрыстос даў нам Новую Запаведзь: Любі ўсіх, і няпрыяцеляў тваіх. А тым-часам яны жадаюць ня толькі адно вока, ці адзін зуб за вока й зуб а ўдвая больш! Ясна, для іх Калядаў няма. У нас ёсьць і такія, што некалі моцна зграшылі, і праз гады ня маюць супакою, бо ўважаюць, што яны ўжо навекі страчаныя. Таму й яны ня ведаюць радаснае навіны: Цяпер вам Нарадзіўся Спасіцель, Каторы прынёс усім Любоў Божую, якая бясконца болыпая за ўсякі грэх, калі толькі мы зь Вераю й Любоўю прыймем Яго ў сэрца сваё. Яны падобныя да тых японскіх жаўнераў, якія праз гады былі на абтоку пасьля вайны. Калі-ж іх выкрылі, то адзін зь іх скончыў самагубствам, а іншыя таксама ўважалі, што іх пастраляюць. Але, яны ня ведалі, што вайна ўжо закончылася, і ім ўсё дарована. Вось так і такія нясьведамыя хрысьціяне ўсё яшчэ ня ведаюць, што Хрыстос Нарадзіўся, і Сваёю Крывёю змыў грахі нашыя, і можа дараваць нам усе іншыя грахі, калі толькі мы выйдзем на спатканьне Яму сваёю Вераю, сваім пакаяньнем, і добрымі чынамі. Таму помні, што Каляды, Раство Хрыстовае, гэта радасная навіна, якая кажа нам: з Прыходам Хрыста на зямлю споўніліся спадзяваньні й надзеі вякоў. Ён наш Эмануіл, наш Бог і Айцец Нябесны! Таму адкінь усякія сумлівы й страхі, і асабліва на Каляды выйдзі на спатканьне Яму, выйдзі з даверам да Яго, прыймі Яго ў сэрца сваё, і Ён багаславіць цябе! Толькі помні: Ён — Сьвятло нявымоўнае, таму й ты мусіш быць сьвятлом. На Ягоную бязьмежную любоў да цябе, адкажы й ты Яму сваёю палымяннаю любоўю да Яго й бліжніх тваіх. Няхай гэтая твая любоў растопіць лёд усякае твае варожасьці, тым болей жаданьня помсты, каб гэтая цяплыня сэрца твайго абагрэла й тых многіх, што не ўспрымаюць сьвятла Зоркі Яго. Няхай жа Ён, Каторы прыйшоў да нас як малоэ Дзіцятка, устане у вачох душы твае на Каляды як Князь Супакою, як Пераможца над грэхам і сьмерцю, як любы Айцец твой Нябесны, адначасна як твая Зорка, Сонейка яснае! Тады й табе будуць пяяць Ангелы ў Сьвягы Вечар: Слава на вышынях Богу, і на зямлі мір людзям добрае волі! Тады Каляды будуць і для цябе тым, чаго жадае табеНованароджаны Хрыстос, Бог і Спас наш: радасьцю нявымоўнай! Памажы табе Божа! С. Клім СЛУЖЭНЬНЕ НАРОДУ (Працяг) Як мы ўжо ведаем, прарокі Старога Запавету, якія дбалі пра дабро, славу й веліч свайго народу, заклікалі яго: СЛУЖЫ БОГУ! Тут ясна й прыгожа сказана: „Госпада Бога твайго бойся, і Яму АДНАМУ служы" (Другаз. 6, 13). А што-ж аб гэтым кажа нам Новы Запавет? Гэты Запавет даў нам Сам Гасподзь наш Ісус Хрыстос, Каторы быў на зямлі Богам у нашым людзкім целе. Таму перадусім паслухаем Яго. На спакусы шатана Хрыстос адказаў славамі Старога Запавету: ,,Тады Ісус кажа яму: адыйдзі ад Мяне шатан, бо напісана: Госпаду Богу твайму пакланяйся, і Яму Аднаму служы" (Мц. 4, 10). Таму Ён пасьля й сказаў: „Ня можаце служыць Богу, і мамоне" (Лк. 16, 13). Гэта значыць: мы павінны служыць ТОЛЬКІ Богу. А што гэта Воля Бога Айца, на гэта Хрыстос сказаў: „Я зыйшоў зь Неба ня дзеля таго, каб чыніць волю Маю, але Волю Таго, Хто паслаў Мяне" (Іо. 6, 38). Вось чыю Волю выпаўняў Хрыстос, таму й Воля Ягоная для нас — Воля Бога Айца. Але Бог ёсьць Любоў. Дзеля гэтага Ён і Сына Свайго паслаў за грахі нашыя на Крыж. Таму Ён жадае, каб і мы любілі ня толькі Яго, але й дзяцей Ягоных: бліжніх нашых. Што-ж тут кажа нам Сын Ягоны — Ісус Хрыстос? Тут Ён даў нам дзьве Свае асноўныя Запаведзі. Першая: „Любі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, усёю душою тваёю, і ўсім розумам тваім. Гэта, сказаў Ён, першая й найболыпая Запаведзь, а другая, падобная ёй: любі бліжняга твайго, як самога сябе" (Мц. 22, 37-39). Ці можна тут сказаць, што гэтыя дзьве Запаведзі роўныя сабе? Не, ня можна. Папершае ня можна таму, што тут Хрыстос кажа: а другая ПАДОБНАЯ ёй. Вось жа падобная, а ня роўная. Падругое, каб тут ніхто не памыліўся, Хрыстос сказаў: „I кожны, хто пакінуў дом, зямлю, ці братоў і сёстраў, ці бацьку, ці маці, ці жонку, ці дзяцей дзеля імя Майго, той атрымае ў сто разоў больш, і ўнасьледуе жыцьцё вечнае" (Мц. 19, 29). А ці-ж мог Хрыстос сказаць наадварот: Хто пакінуў Мяне дзеля дому, бацькаў і г. д.? Хіба ясна ўжо, ХТО тут ПЕРШЫ ды ГАЛОЎНЫ! Гэта ня значыць, што мы ня маем любіць сваіх родных і блізкіх. Не, Хрыстос запаведаў нам любіць усіх, навет ворагаў. I аб гэтым мы будзем яшчэ гаварыць. Тут мы толькі сьцьвярджаем, што ёсьць ГАЛОЎНАЕ для нас, што галоўнае й ПЕРПІАЕ для нас любіць Госпада Бога, выпаўняць Волю Яго, служыць Яму: „Бо, хто выпаўняе Волю Айца Маяго, той Мне брат, і сястра, і маці" (Мц. 12, 50). Так вучыць нас Сам Хрыстос. А шго нам тут кажуць сьв. Апосталы? Перадусім, КАМУ яны самі служылі? Тут кожны зараз жа пасьпяшыць з адказам: ясна, лядзям, народам! Яны-ж жыцьцё сваё аддалі ў гэтым служэньні, нясучы ўсюды Сьвягло Навукі Хрыстовае. Так, гэта праўда. Але паслухаем, што яны самі тут кажуць, каму ў першую чаргу служылі Пётра, Павал, Якуб, Юда. Усе яны пачынаюць свае Пасланьні так: ,,Я, Пётра, Павал, Якуб, Юда — слуга й Апостал Ісуса Хрыста". Як бачым, усе яны ўважалі сябе слугамі не ЛЮДЗЕЙ ці НАРОДАЎ, а БОГА: „Сьветка мне Бог, Катораму служу духам маім у дабравешчаньні Сына Яго" (Рым. 1, 9). А Пётра кажа: „Як вольныя, ды ня маючыя волі на прыкрыцьцё зла, але як слугі Божыя" (1 Пёт. 2, 16). I гэта заўсёды: „Не з баязьні, па выбаўленьні з рукі ворагаў нашых, служыць Богу ў сьвятасьці й праўдзе перад Ім ува ўсе дні жыцьця нашага" (Лк. 1, 74-75). Чым яны служылі Богу? Ясна, добрымі чынамі сваімі: „Каб паступалі дастойна Бога, ува ўсім дагаджаючы ЯМУ, прыносячы плод у кожнай добрай справе, і ўзрастаючы ў пазнаньні Бога" (Кал. 1, 10). А вось рада жанчынам: „Каб жанчыны ўпрыгожвалі сябе ня золатам, ня пэрламі, ані шатамі дарагімі, але добрымі ўчынкамі" (2Цім. 1, 10). Жыцьцё нашае мае быць згоднае з Воляю Божаю, а не людзкою: „Каб рэшту часу ў целе жыць вам не паводля чалавечага жаданьня, але згодна з Воляю Божаю" (1 Пёт. 4, 2). Усё мы павінны рабіць не для славы свае, а толькі на славу Божую: „Таму, ці ясьцё, ці п'яцё, ці што іншае робіце, усё рабеце на Славу Божую" (1 Кар. 10, 31). Бо-ж для чаго й для каго мы жывем: „Бо калі жывем, для Госпада жывем, і калі ўміраем, для Госпада ўміраем, бо Хрыстос жывымі й памерлымі валодае" (Рым. 14, 8-9). Важна нам таксама ведаць, як глядзелі Апосталы на сваю працу сярод людзей. Вялікі Апостал Павал кажа тут: „Бо-ж, ці я людзей шукаю, ці Бога? Ці я ЛЮДЗЯМ дагаджаць стараюся' Бо, калі-б я людзям дагаджаў, то ня быў бы слугою Хрыстовым" (Гал. 1, 10). Вялікая мудрасьць тут! Таму вялікае тут і дабро нашае, аб чым мы будзем пасьля гаварыць. Тут мы толькі падаем Навуку Хрыстовую й Апостальскую, якая вядзе нас да запраўднае СЛАВЫ нашае: „Мы пацяшалі вас, і пераконвалі, і сьветчылі, каб вы паступалі дастойна Бога, Каторы паклікаў вас у Сваё Царства, і Славу" (1 Фэс. 2, 12). Хто можа быць з Хрыстом? Толькі той, хто служыць Яму: „Хто Мне служыць, няхай ідзе шляхам Маім, і дзе Я, там і слуга Мой будзе, і ён будзе ў пашане ў Айца Маяго" (Іо. 12, 26). Калі-ж мы робім як слуга той няверны, то бяда нам: „Слуга жа той, што ведаў волю Гаспадара свайго, і не служыў Яму, бо не выпаўняў волі Яго, моцна біты будзе" (Лк. 12, 47). А вось цудоўныя словы Хрыстовыя: „Я лаза, вы галінкі. Хто прабывае ўва Мне, і Я ў ім, той прыносіць багата пладоў, бо безь Мяне ня можаце рабіць нічога. Калі будзеце ўва Мне, і словы Мае ў вас будуць, то чаго хочаце, прасеце, і станецца вам" (Іо. 15, 5-7). А яшчэ: „Калі выпаўніце Запаведзі Мае, то будзеце ў Маёй любові, як і Я выпаўніў Волю Айца Маяго, і застаюся ў любові Яго. Гэтае Я сказаў вам, каб радасьць Мая была ў вас, і каб радасьць вашая была поўная" (10-11). Вось жа, Хрыстос тут ясна кажа нам: Любеце Мяне, служыце Мне, і гэтым пазнаеце й палюбіце Айца Маяго й вашага, Катораму Я служу, і вы будзеце мець радасьць поўную! Што гэта радасьць поўная? Гэта запраўднае шчасьце нашае, бо Багаславенства Божае ўжо тут на зямлі: „Прыдзеце багаслаўленыя Айца Маяго" (Мц. 25, 34). А гэтае Багаславенства Божае на зямлі й ёсьць пачаткам Багаславенства вечнага ў Царстве Славы Яго! Вось так мы тут прывялі асновы ўсяго нашага жыцьця: дабра, супакою, радасьці, шчасьця, славы й спасеньня як у асабістым, сямейным, так і ў дзяржаўным жыцьці з Старога й Новага Запавету. Далей мы пастараемся на гэтай аснове разабрацца, як мы маем жыць і што рабіць цяпер і ў будучыні, каб запраўды добра паслужыць свайму Беларускаму Народу. С. К. НАШАЕ ЦАРКОЎНАЕ ЖЫЦЬЦЁ У В. БРЫТАНІІ Усе мы цікавімся жыцьцём нашае сьв. БАПЦарквы ў вольным сьвеце, таму паглядзім, як яно выглядае ў гэтай краіне. Таму мы й падаем тут Камунікат № 2/65 РАДЫ БЕЛАРУСКАЕ АЎТАКЕФАЛЬНАЕ ПРАВАСЛАЎНАЕ ЦАРКВЫ ў Вялікай Брытаніі. Агульны Гадавы З'езд сьв. БАПЦ ў В. Брытаніі У сыботу 4-га верасьня 1965 г., у памешканьні Беларускага Грамадзкага Дому ў Брадфордзе, адбыўся 2 (5) Гадавы З'езд Праваслаўных Беларусаў, што належаць да БАПЦ ў В. Брытаніі. З'езд распачаўся а гадз. 18.30 малітваю Ойча Наш. Наступна Старшыня Вікарыяльнае Управы Сп. Я. Калбаса прывітаў прысутных, пажадаў добрых посьпехаў у правядзеньні З'езду, і заклікаў усіх да плённае працы на карысьць нашае сьв. БАПЦ. У Прэзыдыюм З'езду былі выбраныя: Сп. Я. Міхалюк — Старшыня, Сп. М. Яськевіч — Сакратар. Па прачытаньні надасланых прывітаньняў ад Яго Высокапрэасьвяшчэнства Уладыкі Васілія, настаяцеля БАПЦ ў Бэльгіі прат. Др. а. Аўгена Смаршчка, настаяцеля Прыходу БАПЦ ў Кліўлэндзе прат. а. Аляксандра Крыта, ды ад іншых Прыходаў і Беларускіх Арганізацыяў, З'езд прыступіў да працы згодна з парадкам дня. Па прачытаньні Пратаколу з папярэдняга З'езду, была прыня тая папраўка, што хоць З'езд гэты зьяўляецца 5-м па чарзе, але ён фактычна ёсьць другім, паколькі папярэднія З'езды склікаліся Гал. Управаю Прав. Брацтва й Сястрыцтва, якое было на папярэднім З'езьдзе развязанае. Справаздачу аб дзейнасьці Вікарыяльнае Управы БАПЦ злажыў ейны Старшына Сп. Я. Калбаса. 3 справаздачы відаць, што Управа правяла вялікую працу. Пры выдатнай помачы й добрым супрацоўніцтве з Парафільнымі Камітэтамі, было добра зарганізаванае рэлігійнае жыцьцё. Парафія ў Ноттынгаме прыдбала й адрамантавала сваю Царкву, а гэта запраўды добрае й прыхожае асягненьне яе. Парафія ў Манчэстары мае сталае месца для Багаслужбаў у Англіканскай Царкве. Парафія ў Брадфордзе ўлажыла шмат працы, і разбудавала новую прыгожую Капліцу ў Беларускім Доме ЗБВБ. 3 справаздачаў Парафіяльных Камітэтаў вынікае, што найлепш зарганізаванае рэлігійнае жыцьцё у трох найболыпых асяродках: Брадфорд, Манчэстар і Ноттынгам. 3 справаздачы Парафіі ў Лёндане выявілася, што там ёсьць дзеякія цяжкасьці й перашкоды, аднак, усё-ж Лёнданская Парафія найбольшую фінансавую дапамогу Вікарыяльнай Управе. Было выказанае пажаданьне, каб і меншыя асяродкі, дзе прабываюць Праваслаўныя Беларусы, зарганізавалі Прыходн нашае сьв. БАПЦарквы. ЗЬМЕНА НАЗОВУ. Агульны З'езд зьмяніў назоў Вікарыяльнае Управы на: РАДА БЕЛАРУСКАЕ АЎТАКЕФАЛЬНАЕ ПРАВАСЛАЎНАЕ ЦАРКВЫ ў ВЯЛІКАЙ БРЫТАШІ. Адрас: 14, SOUTHEY PLACE, ERADFORD, YORKS. Уступаючай Вікарыяльнай Управе БАПЦарквы ў В. Брытаніі было прызнанае Абсалюторыюм з падзякай аднагалосна. НОВАЯ РАДА БАПЦарквы ў В. Брытаніі: Адкрытым галасаваньнем З'езд выбраў яе ў наступным складзе: Сп. Кажаневіч Хведар — Сгаршыня, Сп. Калбаса Янка — Сакратар і Сп. Лемяшонак Хвэдар — Скарбнік. У склад Рады ўвойдуць па адным прадстаўніку ад кожнага Парафіяльнага Камітэту пасьля перавыбараў там. Рада БАПЦарквы ў В. Брытаніі выбраная на тры гады. Сходы Рада будзе праводзіць кожны год. Настаяцелем сьв. Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы ў В. Брытаніі зьяўляецца а. Іван Абабурка, які пражывае ў Манчэстары. Ягоны адрас: 22, Daresbury Street, Cheetham, Manchester 8. Суродзічы Беларусы! Рада сьв. БАПЦарквы зьвяртае вялікую ўвагу, і просіць усіх Беларусаў, дзе толькі магчыма, арганізаваць Царкоўныя Камітэты. Выканайце гэта як найхутчэй, і перашлеце спіскі складу Парафіяльных Камітэтаў, сакратары якіх будуць Вашымі прадстаўнікамі ў Радзе БАПЦарквы. ФІНАНСАВЫЯ КРЫНІЦЫ БАПЦарквы ў В. БРЫТАНІІ. Згодна пастановы З'езду, фінансавыя сродкі на патрэбы Рады складаюцца з дабравольных складкаў і ахвяраў, таму прынята высылаць падпісныя лісты прынамсі два разы ў год на: 1) Каляды дар, і 2) Вялікодны дар. Ветліва просім усіх складаць ахвяры пры кожнай нагодзе, дзе толькі гэта магчыма, і перасылаць на патрэбы нашае сьв. БАПЦарквы ў В. Брытаніі на адрас Рады. ВЫСЬВЯЧЭНЬНЕ НОВАЕ КАПЛІЦЫ БАПЦ ў БРАДФОРДЗЕ. У Нядзелю, 5-га верасьня 1965 г., была высьвячаная новая Капліца ў Брадфордзе Настаяцелем яе а. Іванам. Капліца знаходзіцца ў Доме ЗБВБ. Высьвячэньне пачалося а гадз. 11-ай. Новую Капліцу напоўнілі вернікі, дэлегаты ды шматлікія госьці, якія прыбылі сюды на гэтую нашую вялікую ўрачыстасьць. Прыгожае ўладжаньне Капліцы на доўга застанецца ў памяці ўдзельнікаў, а прыхажанам Брадфорду вялікая падзяка й пашана за іхную самаахвярную працу. Гісторыя гэтае Капліцы сьв. Спаса даўгая. Калі яшчэ тут пражываў прат. а. А. Крыт, прыхажане яе мелі толькі адзін малы пакой, у якім яна была. Але цяпер, калі ў міжчасе бальшыня вернікаў пажанілася й паўсталі новыя сем'і, неабходна было ўладзіць большае памешканьне. Не зьвяртаючы ўвагі на тое, што гэта вымагала многа працы, вернікі прыступілі да яе. Патрэбна было разабраць сьцены аж шасьці пакояў для новае Капліцы. Патрэбныя былі й грошы на закуп будаўлянага матар'ялу, але дзякуючы Гал. Управе ЗБВБ, і харытатыўнай Сэкцыі яго, грошы знайшліся, бо шмат ахвяраў злажылі й мясцовыя прыхажане. Праца, якую выконвалі вечарамі й у сыботы, заняла каля пяці месяцаў часу. Найбольшая заслуга тут была, а таму й падзяка за самаахвярную працу яго належыць Сп. Лемяшонку Хведару, які амаль сам адзін пабудаваў сьцены Капліцы. Падзяку заслужылі таксама Спадары: Юнец Уладзімір, Міхалюк Янка, Сасна Алесь, Мучынскі Аўген, ды шмат іншых за іхную самаахвярнасьць. Рада БАПЦ ў В. Брытаніі складае шчырую падзяку нашай вялікай прыяцельцы й супрацоўніцы Сп-ні Б. Проктор, якая будучы Ангелькай, нязвычайна аддана працуе ўжо ад даўжэйшага часу з намі на грамадзка-рэлігійнай ніве. Радзім кожнаму Беларусу, які завітае ў Брадфорд, зайсьці й паглядзець на нашую новую прыгожую цяпер Капліцу сьв. Спаса. Добра зарганізаваным і міла праведзеным прыняцьцём закончылася нашая ўрачыстасьць ў Брадфордзе. Брадфорд, Лістапад 1965. За Раду БАПЦ ў В. Брытаніі: Я. Калбаса — Сакратар ДА СЯБРОЎ КНІЖНАЕ ДРУЖЫНЫ ЕПАРХІІ БАПЦ Пашыранае паседжаньне Епархіяльнае Управы сьв. БАПЦарквы, 16-га кастрычніка, 1965, паклікала Кніжную Дружыну (Камісію) ў складзе: Уладыка Васіль, Натальля Арсеньнева, Янка Запруднік, Пётра Манькоўскі й др. Віктар Васілеўскі. Заданьнем гэтае Дружыны (Камісіі) зьяўляецца перагляд і прыняцьце кніг, ці іншага друкаванага матар'ялу нашаю Царквою для пашырэньня ў нашых Парафіях. На паседжаньні гаварылася пра выданьне Беларускага МАЛІТОЎНІКА. Матар'ял для яго ўжо прыгатаваны прат. а. Міхаілам і Уладыкаю Васілём. Перад выданьнем яго стаўлю тут пытаньне да сяброў Дружыны: мае гэта быць выключна Беларускі Малітоўнік, ці мяшаны, і што ў ім мае быць падана толькі ў Беларускай мове, а што ў царкоўна-славянскай у беларускай транскрыпцыі? Я за тое, каб Малітоўнік быў выключна беларускі. Таму, што гэта Малітоўнік пераважна для маладых Беларусаў, якія павінны навучацца свае роднае мовы ўсюды, таксама з Малітоўніка. Старыя прыхажане ведаюць малітвы напамяць, таму справа мовы Малітоўніка важная перадусім для маладых. Я за тое, каб у Малітоўніку былі ня толькі малітвы для кожнае асобы, але й агульнаграмадзкага значаньня, а таксама малітвы з Літургіі, Усеначнай, Хросту, Паховінаў ды Трапары галаўнейшых сьвятаў. Таксама песьні, як Магутны Божа й іншыя. Пажаданыя Абразы Хрыста, Жыровіцкае Маці Божае, ды Беларускіх Сьвятых. Мая прапанова звароту да ўсяго Беларускага грамадзтва з заклікам да рэлігійнае творчасьці. Заклік гэты мае на ўвеце ўзмоцніць нашае рэлігійна-праваслаўнае жыцьцё. Пры належным зацікаўленьні й духовым высілку, тут могуць паўстаць нашыя вялікія, духоўныя Беларускія вартасьці. Прыпамінаю таксама, што Епархіяльны Сабор адбудзецца ў наступным годзе. Таму трэба пастарацца, каб ён даў Беларускай Грамадзе нешта запраўды важнае, годнае ўвагі. Таму й прашу ўсіх зацікавіцца нашай царкоўнай кніжнасьцяй. Паседжаньне Кніжнае Дружыны (Камісіі) адбудзецца ля Каляд. Пажадана, каб кожны сябра яе зьявіўся на гэтае паседжаньне з сваімі апрацаванымі пралановамі, а можа й матар'яламі. Спары Божа ў Вашай Працы! В. Войтанка Васілеўскі. ХРОНІКА НЮ-ЁРК. ХРАМАВАЕ СЬВЯТА. I сёлета гэтая нашае слаўнае ўрачыстае Сьвята было прыгожа ўшанаванае 23-га травеня. Уладыка Васілі ў асысьце а. Юрыя адслужыў сьв. Літургію й Малебен да нашага вялікага Патрона й Златавуснага сьв. КІРЫЛЫ Тураўскага, і парадаваў усіх красою Божаю ягоных твораў. I ўсе вернікі нашага Сабору горача дзякавалі Госпаду Богу за свайго любага Патрона, у якога прасілі малітваў за сябе й за ўвесь наш Беларускі Народ. Прыгожа пяяў Хор пад кіравецтвам Сп. А. Каптуровіча. Служба Божая закончылася Многалецьцямі й нашым царкоўным гімнам „Магутны Божа". Пасьля адбыўся супольны традыцыйны абед, за які вялікая падзяка нашым зарадным гаспадыням. КАНАНІЧНЫЯ ВІЗЫТАЦЫІ УЛАДЫКІ ВАСІЛІЯ КАНАДА: САДБУРЫ й ТОРОНТО. На просьбу Настаяцеля й Царкоўнае Рады нашае сьв. БАПЦарквы імя сьв. КІРЫЛЫ Тураўскага ў Торонто, Уладыка Васілі наведаў гэтыя два нашыя асяродкі там. Уладыка прыбыў у Торонто 17-га чэрвеня, а 19-га чэрвеня выехаў з прат. а. Міхаілам і трыма ягонымі парафіянамі ў Садбуры. Тут Уладыку з хлебам і сольлю прывітаў у сваім памешканьні Старшыня Аддзелу ЗБК Сп. Д. Курыловіч. На другі дзень, рана ў Нядзелю, Уладыка прыбыў у мясцовуію Украінскую Праваслаўную Царкву, дзе яго прывіталі дзяўчаткі з кветкамі. Старшыня Царкоўнае Рады з хлебам і сольлю й Настаяцель Царквы а. Юры з сьв. Крыжам і прыгожым словам. Наступна Уладыка адправіў урачыстую Службу Божую ў асысьце Айцоў: Міхаіла, Юрага й Настаяцеля Сербскае Праваслаўнае Царквы — Гвоздана. Велічная, багаслаўленая гэта была ўрачыстасьць. Уладыка сказаў прыгожае Слова на тэму ўзаемнае, Божае Любові ў жыцьці людзей і народаў. Сотні вернікаў: Беларусаў, Украінцаў і Сэрбаў былі глыбока кранутыя гэтымі сьвятымі словамі Уладыкі, і многія плакалі ад радасьці. Перад заканчэньнем Службы Вожае а. Юры прыгожа прывітаў Уладыку Васілія, як свайго духоўнага айца, ад сябе й ад імя свайго правячага Архіерэя Уладыкі Міхаіла, за што Уладыка Васілі падзякаваў яму паўкраінску. Гэта яшчэ болей узмоцніла ўражаньне ягонае пропаведзі адносна любові між народамі Беларускім і Украінскім. Служба Божая закончылася Многалецьцямі Беларускім і Украінскім Іерархам, Духавенству, і народам Беларускаму, Украінскаму й Сербскаму. У канцы прыйшоў журналісты з мясцовае газэты „Тзэ Садбуры Стар", і з дазволу Уладыкі сфатаграфаў яго разам з Айцамі ды з Старшынёю Царкоўнае Рады Сп. I. Базарам і Сп. Д. Курыловічам. Гэтая фатаграфія разам з артыкулам зьявілася на другі дзень у газэце, чым спрычынілася да лапулярызацыі як нашае сьв. БАПЦарквы, так і ўсяго нашага Беларускага Народу сярод тысячаў жыхароў у Садбуры. Далей адбыўся ўрачысты абед у Інтэрнэшнэл Готэл. Тут сабралася каля сотні Беларусаў, Украінцаў і канадцаў. Калі Уладыка ўвайшоў у залю, усе ўсталі, і Сакратар Аддзелу ЗБК Сп. М. Будзька прывітаў Высокадастойнага Гасьця з хлебам і сольлю. Ганаровыя месцы за сталом занялі: Уладыка, прэпадобныя Айцы, Спадары: Д. Курыловіч, М. Будзька, I. Базар, Старшыня КУК-у Сп. Падзямецкі, Старшыня ЗУЖ Сп-ня Жаўневіч, прадстаўнік Кансэрватыўнае Партыі Сп. Б. Кэрр з жонкою, ад Гал. Управы ЗБК Сп. М. Ганько, Сакратар Царкоўнае Рады БАПЦ Сп. Б. Кірка й Сп. Я. Чорны. Многа тут было прыгожых прамоваў і сьпеваў „Многая лета". Кіраваў усім Сп. Д. Курыловіч. Прамаўляў і Сп. Б. Кэрр, які свою прамову паангельску закончыў пабеларуску: Хай жыве Беларуская Народная Рэспубліка! Усім прыгожа адказаў Уладыка Васілі. Гэтая прыемная й карысная для нас бяседа пачалася й закончылася малітваю й багаславенетвам Уладыкі Васілія. Адведзіны Уладыкі Васілія былі радаснай падзеяй для ўсіх нашых суродзічаў у Садбуры. Яны зрабілі добрае для нас уражаньне й у сэрцах многіх жыхаров гораду, якія даведаліся аб іх з прэсы. Вялікая заслуга тут Сп. Д. Курыловіча, Сп. М. Будзька ды ўсяго ЗБК. Слава ім усім! ТОРОНТО. У наступную Нядзелю, 27-га чэрвеня, Уладыка Васілі ачоліў слаўныя ўрачыстасьці тут: Храмавае Сьвята, 10-цігадовы Юбілей Парафіі сьв. Кірылы Тураўскага, і 15-цігадовы Юбілей сьв. БАПЦ ў Канадзе. Урачыстую Службу Божую адправіў Уладыка Васілі ў асысьце прат. а. Міхаіла. Царква была запоўненая вернікамі з Торонто, Ашавы й Лёндану. Уладыка сказаў чулую й зьмястоўную пропаведзь пра нашага слаўнага Патрона сьв. Кірылу Тураўскага ды пра нашыя Юбілеі. Усе радаваліся зь незямное красы твораў гэтага нашага вялікага Брата й Патрона, і горача дзякавалі Богу за яго, ды ў сэрцах сваіх абяцалі таксама аддана служыць Богу й сваёй Маці-Беларусі, каб Усявышні памог нам штонайхутчэй вызваліць Яе з цяжкое няволі. Прыгожа пяяў наш узмоцнены Хор пад кіравецтвам Сп. М. Ганько. Служба Божая закончылася Малебнам, Многалецьцямі, і нашым царкоўным гімнам „Магутны Божа". Пасьля адбыўся традыцыйны абед, які вельмі добра прыгатавалі нашыя слаўныя гаспадыні, тым болей, што колькасьць удзельнікаў паднялася да ліку 100 асобаў. Скора пасьля малітвы Уладыкі распачаліся прыгожыя прамовы й гучныя „Многая лета". Гаспадаром быў Старшыня Царкоўнае Рады Сп. В. Целеш. Ён прыгожа прывітаў Уладыку Васілія, прат. а. Міхаіла, Царкоўную Раду, прадстаўнікоў розных Арганізацыяў і ўсіх вернікаў з Храмавым Сьвятам і Юбілеямі ды хораша падзякаваў усім за самаахвярную працу. Наступна мгр. В. Навіцкі прыгожа расказаў пра 10-цігадовую гісторыю Парафіі. Час, казаў ён, не вялікі, але вялікія былі тут высілкі й энэргія усіх, дзякуючы чаму мы можам сяньня пахваліцца не малымі асягненьнямі, ды добрымі надзеямі на будучыню. Далей прыгожа прамаўлялі: мгр. А. Грыцук, Старшыня ЗБК, др. Жук-Грышкевіч ад каталікоў, Сп. Б. Лісчонак ад Бел. Самапомачы ў Ашаве ды іншыя. Усе яны жадалі посьпехаў нашай сьв. БАПЦаркве, якая так добра служыць Богу й Бацькаўшчыне. Абед закончыўся малітваю й Беларускім Гімнам. Прадстаўнікі з Ашавы прасілі Уладыку спрычыніць радасьць таксама й ім сваімі адведзінамі Ашавы ў наступным годзе. На гэта Уладыка адказаў: калі на тое будзе Ласка й Воля Божая, то я з радасьцю адведаю Вас. Дай жа Божа здароўе Уладыцы Васілію й нам усім, каб мы зноў радаваліся, добра служачы Богу, і свайму Беларускаму Народу. НЮ-БРАНСВІК. Храмавае Сьвята тутэйшае Парафіі імя Жыровіцкае Маці Божае было дзеля важных прычынаў адложанае на Пакровы Прачыстае. Уладыка Васілі прыбыў сюды ў суботу, 16-га кастрычніка, на пасаджаньне Епархіяльнае Управы. Вечарам была адслужаная Усеначная. А ў Нядзелю адбылася ўрачыстасьць Храмавага Сьвята. Уладыка Васілі адслужыў у асысьце Мітраф. Прат. а. Сьцяпана сьв. Літургію, а пасьля Малебен да Прачыстае. Натхнёна служыў Уладыка, бо-ж гэта было ня толькі Храмавае Сьвята, але й Пакровы нашае Царыцы Нябеснае, да таго самаахвярныя ернікі нашае Парафіі цудоўна ўпрыгожылі сваю слаўную Царкву. Таму й пропаведзь Уладыкі была захапляючая! Яна падымала душы й сэрцы вернікаў да нашае Заступніцы Нябеснае, якая праявіла да нас вялікую Ласку Сваю асабліва ў Жыровіцах, і ўсе горача дзякавалі Ёй за гэты Яе Пакроў над намі. Прыгожа пяяў Хор пад кіравецтвам Сп. Ф. Родзько. Служба Божая закончыла Многалецьцямі й гімнам „Магутны Божа". Пасьля адбыўся традыцыйны абед у сваёй царкоўнай залі, таму таксама быў поўны радасьці. Многа тут было прыгожых прамоваў і сьпеваў „Многая лета". Абед закончыўся аж вечарам малітваю й багаславенствам Уладыкі, і Нацыянальным Гімнам. Дай Божа так радавацца разам з Госпадам і Прачыстаю Жыровіцкаю Маці Божаю й у наступным годзе! СЬВЯТА НАШЫХ ГЕРОЯЎ. Сёлета яно адбылося ў нас 28-га лістапада. Уладыка Васілі адправіў у асысьце а. Юрыя Заўпакойную Літургію й супольную Паніхіду. Сэрцы вернікаў у нашым Саборы былі глыбока кранутыя Словам Уладыкі пра нашых Герояў-Мучанікаў. Ахвяра крыві іхнае, казаў ён, гэта каштоўны фундамант нашае сьв. БАПЦарквы й нашае будучае Дзяржавы. Прыгожа пяяў Хор пад кіравецтвам Сп. А. Каптуровіча. Пасьля адбылася Акадэмія пад кіравецтвам Старшыні ЗБВ Сп. У. Русака, якая пачалася Амэрыканскім Гімнам. Акрамя рэфэратаў, былі дэклямацыі й сьпевы. Акадэмія закончылася Беларускім Гімнам. 3 сумам паведамляем, што 1-га лістапада памёр Уладыка Багдан, Мітрапаліт Украінскае Праваслаўнае Царквы. У паховінах Яго ўзялі ўдзел ад нашае сьв. БАПЦарквы Уладыка Васілі, а. Юры, Сп. Я. Казьлякоўскі й Сп. М. Беразоўскі. ВЕЧНАЯ ЯМУ ПАМЯЦЬ! Высокапрэасьвяшчэньнейшых Уладыкаў нашых, Архіепіскапаў СЕРГІЯ й ВАСІЛІЯ, Высокапрэпадобных Архімандрытаў, Мітрафорных Пратаіерэяў, Пратаіерэяў, Прэпадобных Айцоў, дастойных Рэгентаў і Харыстых, Хвальныя Царкоўныя Рады, Брацтвы й Сястрыцтвы, дзяржаўныя, навуковыя й грамадзкія Установы, усіх вернікаў сьв. БАПЦарквы, чытачоў „Царкоўнага Голасу", і ўвесь наш Беларускі Народ сардэчна вітае з РАСТВОМ ХРЫСТОВЫМ I НОВЫМ — 1966 — ГОДАМ: Хрыстос, Бог і Спас наш НАРАДЗІЎСЯ! Яго слаўце! Ён нашая сіла, перамога й свабода! ЕПАРХІЯЛЬНАЯ УПРАВА БАПЦ АМЭРЫКІ Й КАНАДЫ. |
Літаратура / Literature > Голас Царквы >