БОЖАЙ МІЛАСЬЦЮ СЬВЯШЧЭННЫ САБОР ЕПІСКАПАЎ БЕЛАРУСКАЕ АЎТАКЕФАЛЬНАЕ ПРАВАСЛАЎНАЕ ЦАРКВЫ НА ЧУЖЫНЕ Да ўсечэснога Духавенства, прэпадобнага Манаства, і ўсіх багалюбівых вернікаў нашых на Чужыне й на Бацькаўшчыне прабываючых КАЛЯДНАЕ АРХІПАСТЫРСКАЕ ПАСЛАНЬНЕ ХРЫСТОС РАДЖАЕЦЦА — ЯГО СЛАЎЦЕ! (3 Каляднага Ірмасу). УЛЮБЛЕНЫЯ ДЗЕЦІ НАШЫЯ! Прарок Сафонія перадае нам такі голас Госпада: „Радуйся й весяліся дачка Сыону! Бо, вось, Я прыйду й пасялюся сярод цябе. I пасьпяшаць да Мяне многія народы ў той дзень, і будуць Маім народам" (Саф. 2, 10-11). А прарок Ісайя натхнёна ўсклікае: „Бо Дзіцятка нарадзілася нам! Сын даны нам! Валадарства на плячох Яго, і дадуць імя Яму: Дзіўны, Раднік, Бог моцны, Айцец вечнасьці, Князь міру-супакою" (Іс. 9, 6). Так натхнёна гаварылі прарокі пра Нараджэньне Госпада нашага Ісуса Хрыста. Але, вось, споўнілася поўня часу, і Ангел апавясьціў Віфлеемскім пастыром: ,,Ня бойцеся! Бо, вось, я абвяшчаю вам вялікую радасьць, што будзе ўсім людзям! Бо цяпер НАРАДЗІЎСЯ вам у Віфлееме Спасіцель, Каторы ёсьць Хрыстос Гасподзь!" (Лк. 2, 10-11). Нарадзіўся Хрыстос, Спасіцель, радасьць усіх людзей і народаў! Так, запраўды, калі толькі наступае Сьвяты Вечар, усё сьціхае. Уся прырода як-бы адчувае, што да ея ў вобразе дасканалага Чалавекапрыходзіць Сам Бог, і яна ў зьдзіўленьні заціхае перад Ім. Тым болей карона тварэньняў Яго, людзі, у гэты Сьвяты Вечар, па слову прарока, сьпяшаць урачыста й натхнёна спаткаць і прывітаць Яго, Айца вечнасьці. Куды бы мы ня глянулі ў Сьвяты Вечар, усюды цішыня, супакой! Усе людзі добрае волі адусюль спяшаць да сваіх сямеек, да ясьляў Дзіцятка! I кожная такая сямейка гэта вогнішча палымяннае любові да Яго, Бога й Спаса нашага! Усе душы такіх пабожных людзей: старых, маладых і дзетак гэта бліскучае сузор'е навакол Зоркі Віфлеемскае, гэта прамяністыя сьвечкі, запаленыя Нябесным вагнём Духа Сьвятога! I ня дзіва, што ў гэты сьвяты час людзі забываюцца на ўсе свае клопаты, беды, крыўды! Бо ў гэты слаўны мамэнт у іхных сэрцах дабро й сьвятло перамагае ўсякае зло, варожасьць, цемру. Душы людзкія злучаюцца з Богам, і натхнёна пяюць: Бог Прадвечны Нарадзіўся! Зь Неба зыйшоў, сярод нас пасяліўся! А калі Ён з намі, няма бяды, няма страху! I супакой Божы, як багаславенства Дзіцятка, як Ягоны Нябесны дар нам, асьвятляе й ахінае пабожныя душы, злучае іх у адну брацкую, Божую сямейку! Многа цяпер бяды й страху на сьвеце. Усюды цяпер мы чуем: мір! А міру няма! Няма й ня будзе так доўга, пакуль людзі не зразумеюць, што безь Яго, Хрыста, Князя міру-супакою, ніякага міру ня можа быць! А тымчасам ЁН З Ласкі Свае кожнага году зь любоўю прамаўляе да нас асабліва ў Ціхую Сьвятую Ноч Свайго Нараджэньня: „Прыдзеце да Мяне ўсе струджаныя й абцяжаныя, і Я дам вам супакой!" (Мц. 11, 28). I ўсе вы, любыя дзеці нашыя, удома, на катаргах, высылках і выгнаньнях сваімі пабожнымі душамі ня толькі адчуваеце, але й перажываеце гэты цудоўны мір-супакой у ясьляў Боскага Дзіцятка, і — радуецеся! I гэтае радасьці Нябеснае мы жадаем вам ня толькі ў Сьвяты Вечар, але й у Новым Годзе! А яна стала будзе з вамі, калі толькі вы будзеце мець Яго, Хрыста, у сэрцах вашых. Бо-ж ЁН мір-супакой, краса й радасьць! Болып таго, ЁН нашая свабода ўжо тут на зямлі! I што бы не рабілі сучасныя ірады, канец іхны блізкі, бо яны сыны пагібелі. Бо Нарадзіўся Той, Каторы сказаў: „На сьвеце гора мець будзеце, але спадзявайцеся: Я перамог сьвет" (Іо. 16, 33). Шчэзнуць неўзабаве ўсе ворагі Яго з аблічча зямлі, а пабожныя: „Возьмуць зямлю ў валаданьне, і будуць жыць на ёй давеку" (Пс. 37, 29). Вось чаму мы цешымся й радуемся на РАСТВО ХРЫСТОВАЕ! Радуемся, бо пэўныя, што ад сьвятла Зоркі Віфлеемскае зьнікне неўзабаве бязбожніцкая цемра й няволя, а разам зь імі гора, бяда, страх. Запануе на зямлі мір-супакой, свабода Божая! Бо Ён, Хрыстос, Князь міру-супакою, станецца адзіным Валадаром усіх людзей і народаў, а ў тым ліку й яашага слаўнага Беларускага Народу. А каб гэта хутчэй сталася, будзем старацца, каб Ён знайшоў у сэрцах нашых Свае Віфлеемскія ясьлі, высланыя духмяным сенам — фіміамам нашае любові да Яго. Тады Ён напэўна пашле нам вялпсую Ласку Сваю: па слову Яго народзіцца нашая любая Маці-Беларусь да вольнага й шчасьлівага жыцьця ў супакоі, дабрабыце, радасьці, шчасьці, красе й Славе Яго! Гэта нашыя пажаданьні вам у ясьляў Боскага Дзіцятка. I з гэтаю Вераю, Любоўю й Надзеяй на Нованароджанага Госпада Бога й Спаса нашага Ісуса Хрыста, вітаем вас усечэсныя Айцы й любыя Браты й Сёстры зь вялікім, слаўным і радасным Сьвятам РАСТВА ХРЫСТОВАГА, і з надыходзячым НОВЫМ ГОДАМ. Пасылаем вам Нашае Архіпастырскае багаславенства, і ўсклікаем: Радуйцеся! Бог Прадвечны Нарадзіўся! Яго слаўце! Ласка й Мір Госпада нашага Ісуса Хрыста, Любоў Бога й Айца, і Прычасьце Сьвятога Духа няхай будзе з усімі вамі. АМІНЬ. СЬМІРЭННЫ АРХІЕПІСКАП СЕРГІЙ Глава Сьвяшчэннага Сабору Епіскапаў Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы СЬМІРЕННЫ АРХІЕПІСКАП ВАСІЛІ Сакратар Сьвяшчэннага Сабору Епіскапаў БАПЦ на Чужыне. Дана Году Божага 1962 месяца сьнежня Аўстралія-Амэрыка. ПОМНІ... НЯХАЙ БУДЗЕ ВОЛЯ ТВАЯ Ракета Марынэр прыблізілася да Вэнэры. Магчыма яна выясьніць, ці гэтая плянэта мае нейкія ўмовы для людзкога жыцьця. Вось жа, далейшы крок у апанаваньні космасу. I ўжо пачынаюць гаварыць аб „найболынай эры ў гісторыі людзтва". Прэзыдэнт ЗПІА сказаў: Вочы сьвету, вочы міліёнаў стурбаваных людзей накіраваныя на космас: на месяц, плянэты, зоры... Толькі, сколькі тут паўстае розных пытаньняў! Адныя думаюць, што апанаваньне космасу гэта толькі надта дарагая фантазія. Бо, калі ракета Марынэр каштуе 18 міліёнаў, дык ракета на месяц з паваротам на зямлю мае каштаваць 30 міліярдаў! Запраўды, ёсьць над чым задумацца! Аднак, на гэтым пытаньні не канчаюцца. Ставяцца іншыя ды многа важнейшыя пытаньні. Вось некаторыя з прэсы: Чаму космас? Чаму ракеты? Чаму міліярды маюць паляцець у паветра? Ці гэтыя ракеты нас узмоцняць? Зробяць разумнейшымі? Палепшаць нашае жыцьцё? Прынясуць супакой? Падобныя пытаньні прыводзяць нас бліжэй да істоты справы. Таму некаторыя прадаўжаюць іх, і пытаюць: а што адносна Бога? Што Ён думае тут? Зьяўляецца космас прасторай Бога, ці чалавека? Можам мы парушаць тайны плянэтаў? Ня гневаем мы гэтым Бога? Ці не зьявіцца тут пачуцьцё грэху, калі чалавек ступіць на месяц? Існуюць розныя законы. Акрамя законаў прыроды, собскасьці ёсьць законы этыкі, маралі. А законы маралі паходзяць з вышэйшых, Боскіх крыніцаў. Ці не ламаем мы гэтых вышэйшых законаў, калі хочам паставіць свае сьцягі на іншых плянэтах, зорах? Ці ня йдзем задалёка? Іншыя ізноў уважаюць такія пытаньні не „мадэрнымі", надта „наіўнымі" на наш век. Для іх такое пытаньне: ці ня гневаем мы Бога палётамі ў космас, проста дурнота. Бо-ж, кажуць яны, прычым тут Бог? I што гэта Яго абходзіць, што мы хочам паляцець на месяц, або на Марс? Аднак, кажуць іншыя, магчыма тут ніякае дурноты няма. Хоць такія пытаньні можа й прымітыўныя, аднак, яны заслугоўваюць на ўвагу. Ніхто не запярэчыць, што ў нашых сэрцах існуе сьведамасьць Бога, таму й гэтыя пытаньні, што выходзяць з глыбіняў сэрца, вымагаюць нашае ўвагі. Бог глядзіць на нас, на нашыя ўчынкі, тым болей ЁН глядзіць тады, калі мы вырушаем у космас. Ён бачыць ня толькі гэтыя палёты, а навет ужо іхныя пляны на досцы. I толькі ЁН ведае, ці нага чалавека стане на месяцы ў 1970 г. I ці гэта станецца, таксама залежыць перадусім ад Яго. Прарок Ерамія кажа: Хто гэта сказаў: бывае й тое, чаму Гасподзь не загадаў быць? Вось жа, людзі мусяць быць вельмі асьцярожнымі ў сваіх цьверджаньнях, бо інакш ЁН можа паказаць ім іхнае месца. Таму, добрыя гэтыя ўчынкі людзкія ў вачох Бога? Падымаюцца яны завысока? У Кнізе Быцьця чытаем: „I сказалі адзін другому: наробім цэглаў і выпалім іх вагнём. I сталі ў іх цэглы замест каменьняў, а зямляная смала замест вапна. I сказалі яны: збудуем сабе места й вежу вышынёю да неба, і зробім сабе імя" (Быц. 11, 3-4). Ці-ж не падобныя гэтыя намеры да сучасных? Аднак, высока яны не падняліся. Чаму? Не таму, што іхныя цэглы ня былі добрыя, або вапно благое, ці будаўнікі недасьветчаныя. Не! Яны ня мелі ўдачы толькі таму, што іхныя МАТЫВЫ былі фалыпывыя, нягодныя. Яны будавалі, каб праславіць СЯБЕ! I толькі дзеля гэтага скончылі няўдала. Мы ведаем, як Бог гэта проста зрабіў. Ён памяшаў іхную мову. I людзі, што забыліся на Яго, захацелі праславіць самі сябе, бязрадна разыйшліся па сьвеце. I хоць гэтая гісторыя можа не зусім падобная да сучасных спробаў пабудаваць новую Бабілёнскую вежу да неба, аднак, яна памагае нам адказаць на пытаньне: ЯК высока, і КАЛІ мы можам падымацца? 3 біблійнае гісторыі мы ня можам адказаць тут лічбамі міляў, ці сьветлавых гадоў. Але можам адказаць многа важнейшым фактарам: якія тут МАТЫВЫ? Для ЧАГО людзі хочуць дастацца ў космас? Хочуць яны таксама праславіць СВАЁ імя, ці імя БОГА? Вось жа, якія тут матывы? Адказ тут, нажаль, вельмі трывожны. Зразумела, бязбожнікі навет ня думаюць праслаўляць Бога. Яны там Бога ня толькі не знайшлі, але навет яшчэ пасьмяяліся зь веруючых. Але што екажам пра хрысьціянскі Захад? Стараецца ён тут праславіць Бога, ці чалавека? Нажаль, і тут няма ясных пабожных матываў. Адзін часапіс у сваім артыкуле „Чаму космас" заняў такое становішча: „Бо мы любім жыцьцё і баімся сьмерці. Чалавек імкнецца да несьмяротнасьці... Мы баімся, што вадародныя бомбы прывядуць нас да самагубства, пакуль збаўленныя ракеты не памогуць нам уцячы ад вагню. Ракета кажа нам: я пашыру вашае насеньне ў прасторах нябесных, кругом сонца й зораў... Некалі нітка вагню вытча жыцьцё чалавека бясконцым і несьмяротным ад Марса да Плютона..., і пагроза сьмерці для чалавека зьнікне". Вось як! Сьв. Крыж Хрыстовы ўжо... непатрэбны! Нашым „спасіцелем" мае стацца... ракета! Чалавек знойдзе сваю славу й несьмяротнасьць недзе між Марсам і Плютонам! Калі мы зразумеем дурноту ня толькі еавецкага касманаўта, але й такога вось „прарока", дык ясным для нас будзе, што ніякае істотнае розьніцы між будаўнікамі Бабілёнскае вежы й сучаснымі іхнымі нашчадкамі — няма! У нашыя страшныя часы амаль немагчыма перадаць усю адказнасьць Цэркваў Хрыстовых. Асабліва цяпер яны павінны прыпомніць людзям такія словы прарока Ераміі: „Бог стварыў зямлю сілаю Сваёю. Ён умацаваў Усяленную мудрасьцю Сваёю, і розумам Сваім распасьцёр нябёсы" (Ерам. 10, 12). Калі людзі пераступаюць свае зямныя межы, яны павінны тым болей з пакораю схіляць свае галовы й славіць Творцу-Бога. Калі-ж яны гэтага ведаць ня хочуць, тым болей маюць намер знайсьці між плянэтамі несьмяротнасыгь, тады яны могуць чакаць толькі аднаго: катастрофы й суду. Цэрквы павінны ўсьцяж галасіць, што куды бы чалавек не прыйшоў, ён усюды прынясе з сабою грахі й няцноты свае, таму ўсюды патрабуе спасеньня! Усюды ён павінен станавіцца на калені перад Хрыстом, Богам нашым, бо: і ў нашыя касмічныя часы няма іншага імя пад небам для нашага спасеньня! Так, асабліва нашыя часы пагражаюць нашай Веры, нашым Цэрквам. Бо, вось, ужо раздаюцца галасы аб стварэньні НОВАЙ рэлігіі, рэлігіі ракеты! Пасьля такога „філёзафа" хутка можа знайсьціся такі „багаслоў", які „абгрунтуе", што Бога, як Асобы, няма! I без таго ўжо ня мала ёсьць такіх „дактароў", якія крычаць: Хрыстос ня ёсьць Бог, а Маці Божая звычайная жанчына! Ці-ж Цэрквы Хрыстовыя зразумелі тут свае заданьні перад абліччам новага паганства, ды — антыхрыста? Ці час цяпер спрачацца аб тым, хто ПЕРШЫ? Мы ведаем, што сталася з народам Ізраэльскім, калі ён пачаў пакланяцца ідалам! А Спасіцель наш прыйдзе другі раз на зямлю ўжо зь іншымі мэтамі, чым першы раз. А тымчасам людзі хочуць знайсьці спасеньне ў ракетах, задумалі здабыць несьмяротнасьць на плянэтах! Захацелі стварыць сабе собскае „неба"! Засьлеплены розум іх крычыць: Няхай будзе воля МАЯ! Так, людзі блудзяць, і кожнага дня могуць дачакацца Слова й Чыну Божага. Тады ЁН пакажа ім, што яны толькі тварэньні Яго. Пакажа болып ясна й балюча, чым у Бабілёне! Такія думкі й пагляды пашыраюцца цяпер у сувязі з палётамі ў космас. А што-ж скажам мы на гэта? Мы скажам тут словамі прарока: Гасподня ёсьпь зямля й ўсё, што напаўняе яе. Ды словамі Апостала: Усё, што вы робіце, рабеце гэта на Славу Божую! Вось жа, усё належыць Богу: як зямля, так і нябёсы, і ўсюды мы павінны славіць Яго. Таму няма ніякага грэху ў тым, што людзі ляцяць у космас. Грэх як на зямлі, так і там той самы: ці людзі пры гэтым не забываюцца на Творцу ўсяго сусьвету, Бога? Ці яны асабліва там адчуваюць Веліч, Прамудрасьць, Красу й Усемагутнасьць Божую? Ці яны асабліва там зь любоўю схіляюць галовы свае перад Ім, Богам і Спасам нашым, ці наадварот, робяць сабе з свае тэхнікі новых ідалаў? I ўжо з пэўнасьцю мы можам сказаць: спробы балынавіцкіх багаборцаў пашырыць сваю чуму й на іншыя плянэты нямінуча выклічуць гнеў Божы, а гэтым і адпаведную кару. Толькі, магчыма гэтая кара ўпадзе на іх наўзабаве ўжо тут на зямлі. Таму, дарагі чытачу, помні аб гэтым. Помні словы Ераміі: Так гаворыць Гасподзь: пракляты чалавек, які спадзяецца на чалавека, сэрцам сваім адыходзіць ад Бога. ЁН ня ўбачыць, калі прыйдзе добрае. Багаслаўлены чалавек, які спадзяецца на Госпада, і надзея якога: Гасподзь! Вось наш шлях, дабро й спасеньне. Асабліва цяпер усе надзеі свае будзем ускладаць на Госпада. Асабліва цяпер будзем стала прамаўляць: Няхай будзе Воля ТВАЯ! Асабліва цяпер будзем старацца, каб Дух Сьвяты стала прабываў у сэрцах нашых, ачышчаў і асьвячваў нашыя думкі й чыны. Асабліва цяпер зь любоўю будзем успрыймаць кожнае Слова Хрыстовае зь Ягонага сьв. Евангельля, якое заклікае нас да пакаяньня, да ўзмацненьня Веры ў Бога й Спаса нашага Ісуса Хрыста. Асабліва цяпер нашая родная сьв. БАПЦарква заклікае нас да Веры Хрыстовае, Апостальскае, Праваслаўнае, Веры нашых дзядоў і прадзедаў, і кажа нам: Адзіна й толькі Сын Божы, Ісус Хрыстос, Ягоны сьв. Крыж нашае дабро, нашая слава, нашае спасеньне! ПОМНІ жа аб гэтым усюды й заўсёды, ды ня толькі словам, але й чынам: па прыкладу Яго, Хрыста, Спаса нашага, ды Прачыстае Маці Божае, Заўсёдыдзевы Марыі, любі ўсіх, а перадусім суродзічаў тваіх, стала рабі дабро, на Яго толькі спадзявайся, толькі Яго, Госпада нашага, праслаўляй, пакуль яшчэ дзеньі I ты зь Ім і празь Яго праслаўлены будзеш навекі. А праз цябе й нашая любая Беларусь праслаўленая будзе! С. Клім РЭЛІГІЯ Ў СУЧАСНАЙ БЕЛАРУСІ Рэлігія, пад 45-ыя ўгодкі Кастрычніцкае рэвалюцыі, сталася раптам ізноў улюбёнай тэмай савецкае прапаганды. Антырэлігійная прапаганда — зьява, старая ў краі, дзе багамі Маркс зь Ленінам, а „апостоламі" палітычныя верхаводы. Аднак, ёсьць у гэтай зьяве штосьці неспадзявана новага: новае тое, што галоўная рэч, за якую йдзе змаганьне, не царкоўньія будынкі, што спатрэбіліся пад магазыны, і не званы на папаўненьне нястачы запасных частак, а МОЛАДЗЬ: школьнікі, студэнты, часта камсамольцы. На поўную заваёву гэтае моладзі накіраваныя перш-наперш савецкія адміністрацыйныя захады. Паводля апошніх афіцыйных паведамленьняў, у Берасьцейскай вобласьці на працягу 1960-1961 гадоў савецкай уладай было зачынена 108 праваслаўных цэркваў. У Горадзенскай вобласьці ад 1958 г. было зачынена 40 цэркваў, 20 касьцёлаў і манастыр. Разам з гэтым у часапісе „Камуніст Беларусі" (жнівень 1962 г.) кажацца, што „Запраўды, у нашай краіне ліквідаваны сацыяльна-клясавыя карэньні рэлігіі". Аднак, там-жа сказана пра адзін факт, які ставіць пад сумлеў залежнасьць рэлігіі ад „сацыяльна-клясавых карэньняў". Бо калі тых „карэньняў" няма, дык пашто-ж мяняць аж статут партыі? Тымчасам той-жа „Камуніст Беларусі" паведамляе: „У новым Статуце КПСС на КОЖНАГА ЧЛЕНА ПАРТЫІ ўскладаецца абавязак весьці РАШУЧУЮ БАРАЦЬБУ з рэлігійнымі забабонамі". На варту свайго збанкрутаванага матар'ялістычнага сьветагляду высылаюцца статутам ня толькі партыйцы, там-жа стаіць ужо ўся сіла сакрэтнае паліцыі БССР, шэф якое, СтаршЫня Камітэту дзяржаўнае бясьпекі БССР, В. I. Петров, паведамляў сёлета чырвенскаму Цленуму ЦК КПБ: „Нельга не адзначыць, што пад уплывам буржуазнай ідаялёгіі ў асобных палітычна нясьпелых і маральна няўстойлівых асобаў зьяўляюцца няправільныя погляды на савецкую рэчаіснасьць ... Органы дзяржаўнай бясьпекі Беларусі... праводзяць адпаведную работу па ахове грамадзянаў рэспублікі ад тлятворнага ўплыву буржуазнай прапаганды". Але-ж ведама, што ў падсавецкай Беларусі нельга дастаць ані заходняга часапісу, ані кніжкі ані выехаць замяжу, каб даведацца, чым жыве вонкавы сьвет. Праўда, на Беларусі слухаюць перадачы заходніх радыястанцыяў. Але гэтага ўплыву замала, каб толькі ім вытлумачыць тыя захады, пра якія гаварыў шэф дзяржаўнае бясьпекі. Становіцца ясным, што адпорнасьць бязбожнаму марксызму-ленінізму йдзе перш-наперш ад самога народу. „Сярод калгасьнікаў, піша жнівеньскі нумар „Камуніста Беларусі", у тым ліку й сярод моладзі, даволі многа веруючых. Горш таго, рэлігійныя абрады адпраўляюць і некаторыя камсамольцы". Газэта ..Літаратура й мастацтва" пісала 24-га жнівеня сёлета, што ў Гомельскай благачыніі за 1960 г. было ахрышчана 33,5% усіх дзяцей, у 1961 г. — 35,4%. У Мазыры, прыкладам, паводля царкоўнага абраду пахована ў 1961 г. 95,7% нябожчыкаў. У Церахоўскім раёне кажная дзясятая пара вянчалася ў царкве. Дык гэта паводля афіцыйных актаў. А на самай рэчы лікі гэтыя куды болыпыя. Беларускія савецкія газэты перапоўненыя цяпер артыкуламі на антырэлігійныя тамы: Бібліятэкі й кніжныя паліцьі магазынаў заваленыя антырэлігійнымі выданьнямі. Кінапрадукцыя што раз болып канцэнтруецца на антырэлігійных „дакумэнтальных" фільмах; Адміністрацыйным шляхам зачыняюцца цэрквы, перасьледуюцца сьвятары, звальняюцца з працы веруючыя. Засьлепленыя павадыры камуністычных аблудаў у сваім ліхаманкавым бясьсільлі ня цямяць, што сіла Веры ў Бога йдзе зь людзкое душы, якое ніякім чынам нельга падпарадкаваць чародным адміністрацыйным распараджэньням. Будучы працягам дзесяцігодзьдзяў пад перасьледам збоку ўраду й марксыстаўскае бязбожнае філязофіі, рэлігія знайпіла ў сабе адпорнасьць, належны лек на заразу матар'ялістычнага спосабу тлумачэньня людзкога жыцьця, атручваньня душаў. Савецкія прапагандыстыя, працаўнікі газэтных рэдакцыяў, якіх пасылаюць у вёскі пераконваць людзей, што савецкі касманаўт Гагарын быў у „небе" й ня бачыў там Бога, напатыкаюцца на такія бясспрэчныя супрацьдоказы, якіх ніяк ня могуць пераадолець! I толькі пасьля, вярнуўшыся ў рэдакцыю газэты, бездапаможна спаганяюць злосьць чарнілам сваіх пустазвонных артыкулаў. Вось як адзін з гэтых журналістых, В. Холад, апісвае ў камсамольскай газэце „Чырвоная зьмена" (6.6.62) свою сустрэчу з адньга веруючым, Богдзям, трыццацігадовым чалавекам. „Богдзя, піша Холад, аб сабе амаль нічога не расказаў. Няўпэўнена пачаў ён гаварыць аб царкве, аб вялікім „стваральніку" сусьвету. Спачатку мне здалося, што выбіць глебу з-пад яго даволі лёгка. Але я жорстка пралічыўся. Ігнат Богдзя ўсё болып і болын захапляўся, цытаваў Стары Запавет, Новы Запавет, Евангельля. Так, запраўды, сьвятыя айцы царквы, сучасныя тэалёгі нядрэнна папрацавалі над чалавечымі душамі, і ўзброілі такіх як Богдзя новымі тлумачэньнямі сьвяшчэннага пісаньня, добра прыстасаваліся да сучасных дасягненьняў навукі й тэхнікі". „Старое адмірае, перамагае новае" — даўняя праўда ў дачыненьні да розных філязофскіх тэорыяў, якою карысталіся па рэвалюцыі балынавіцкія заскарузлыя дагматыкі, дзеіць бязупынна, дзеіць асабліва цяпер супраць абмярцьвелага марксыцкага сьветагляду, на ратунак якога пастаўленая ў Беларусі паліцыйная служба дзяржаўнае бясьпекі. Не паможа! Не паможа тым болей таму, што ўвесь марксызмленінізм у аснове сваёй фальшывы й згубны для людзей. Ён прыймае пад увагу толькі матэрыю, цела чалавека, а несьмяротную душу, а гэтым і рэлігію, Веру ў Бога адкідае. Адкінуць заўсёды можна, але, вось, зьнішчыць ніяк ня можна. Ручай можна заваліць зямлёю, каменьнямі. Але ці гэтым мы зьнішчым ваду? Не, ніколі! Яна так ці йначай знойдзе сабе выхад, выйдзе на паверхню! Вось так сілаю паліцыйнага апарату можна нішчыць манастыры, цэрквы, сьвятароў, вернікаў, але вады — імкненьняў нашае несьмяротнае душы да свайго Творцы — Бога, ня толькі паліцыяй, але й усім сваім магутным прапагандовым прэсам балынавікі ня зьнішчылі й ня зьнішчаць. Наадварот, перад сілаю Веры нямінуча разьвеецца як дым уся іхная грубая, нялюдзкая, бязбожная сіла! Людзкія ідэі й праўды мяняліся, мяняюцца й будуць мяняцца. Але ёсьць адна Праўда, адна Ідэя, якая ніколі не мянялася й ніколі ня зьменіцца! Гэта Праўда, Ідэя Бога. Яна нязьменная, вечная, і — непераможная! А. Будзіч АБРАКАДАБРА, АБО... АДЗІНСТВА Абракадабра —слова магікаў. Яно значыць: міш-маш, усё ёсьць, нічога нямаш! Але ў нашым выпадку абракадабра мае сваё прадаўжэньне ў — алябарда ды... САКЕРА! Словам, фокус над фокусамі, з пахам ... крыві! Бо, вось, ёсьць у нас у Чыкаго дый у іншых месцах такія фокуснікі. У Чыкаго яны выдаюць часапіс нейкае таёмнае царквы пад назовам „Беларуская Царква". Але, калі царква гэтая таёмная, дык мэты тут зусім ясныя й адкрыта паданыя, гэта: вунія! Што гэта такое вунія, усе мы добра ведаем: гэта гістарычная зьява ў рэлігійным жыцьці й у нас у Беларусі. Бязумоўна, мы маем свабоду сумленьня, і кожны мае права выказваць тут свае погляды. Толькі, паколькі справа сумленьня, рэлігіі, гэта справа душы й сэрца, дык яна вельмі далікатная. Таму кожны, хто хоча тут нешта сказаць, мусіць старацца таксама быць далікатным, не абражаць пачуцьцяў і переконаньняў другога. Так мы стараліся падыходзіць да гэтае жыцьцёва важнае справы ў еваіх артыкулах на бачынях „Голасу Царквы". Мы ўважалі, што й магікі з Чыкаго пойдуць нашым шляхам, шляхам ветлівасьці, пабожнасьці, пашаны да поглядаў іншых. Але ветлівасьць, пабожнасьць, пашана — гэта адзнакі Беларуса. А тымчасам у магікаў нічога гэтага няма ані званьня. Ня гледзячы на тое, што ў нас фактычна няма ніякіх вуніятаў, магікі стараюцца пераканаць нас, што нашае спасеньне ў вуніі! Ведама, справа перамены рэлігіі ня толькі вельмі складаная, але звычайна й вельмі цяжкая. Таму звычайна й праводзіцца такая перамена сілаю такога „хрысьціянскага" аргумэнту як: тэрор, гвалт, насільле, забойствы! Ня маючы ў руках гэтых аргумэнтаў, магікі ў кожным нумары свайго часапісу нягодна паклёпнічаюць на БАПЦ. Чаго тут ужо толькі ня было! Паводля іхных „інфармацыяў" Уладыка Васілі ўжо... адыйшоў ад БАПЦ, болын таго, ужо навет здрадзіў яе! У апошнім нумары яны ўжо паклёпнічаюць і на Уладыку Сергія! Словам, заносяць сваю сакеру на ўсю нашую сьв. БАПЦаркву! Імкнуцца гэтым нагодным шляхам выклікаць сярод нашых вернікаў сваркі, бойкі, развал! Вось якія „хрысьціянскія" мэты „беларусаў" з Чыкаго! I адначасна з такою сваёю „хрысьціянскаю" дзейнасьцю, яны ў кожным нумары вялікімі літарамі друкуюць: Спасеньне беларускага народу ў... Адзінстве! Так, кожны з нас скажа: абракадабра! Абракадабра, якая мае ў сваім капялюшы не Адзінства, а — сакеру! Тую сакеру, якая адрубала ў свой час галаву нашаму народу: адабрала й апалячыла нам нашую кіруючую эліту! Мы цяпер можам толькі сказаць: не паўторыцца! Злазьце з даху! Але абракадабра мае яшчэ й іншую форму. Бяру на днях у рукі часапіс „Царкоўны Сьветач" ведамага выдаўца, і вачом сваім ня веру! Таксама — абракадабра! Бо, вось, тут на першай бачыне артыкул: ПОМНІ... АДЗШСТВА! Дый у якой форме паданы?! Хто чытае „Голас Царквы", адразу скажа: гэта-ж форма загалоўку артыкулу з 4-ае бачыны „Голасу Царквы", толькі перанесеная на першую бачыну! Але, гэта й было заданьнем аўтара гэтага артыкулу прат. М. Лапіцкага. Гэтым ён ясна кажа: вось я пакажу вам, што гэта Адзінства! I тут, па старому свайму звычаю, прат. М. Лапіцкі атакуе БАПЦаркву зь іншага боку, выпускае з свайго капялюша іншую абракадабру. Бо-ж толькі паслухайце, што паводля гэтага магіка ёсьць БАПЦ? Гэта: вуніяцка-крывіцка-абрамчыкавая экспазытура! Атымчасам Беларуская Праваслаўная Царква павінна служыць усім беларусам! Таму, людзі добрыя, уцякайце ад БАПЦ, бо яна праданая! Толькі я не прадам (акрамя Рэгенсбургу), бо маю цьвёрды намер адбудаваць запраўдную БАПЦ! Мы тут зусім ня хочам спрачацца з прат. Лапіцкім, ці даказваць яму, або іншым, як ён дасюль „стараўся" і як цяпер „стараецца" адбудаваць нашую сьв. Праваслаўную Царкву. Уся ягоная папярэдняя й сучасная дзейнасьць гаворыць аб адваротным. Мы хочам тут сказаць нешта ішпае. У сваім артыкуле прат. Лапіцкі паказвае адсутнасьць усякае, навет прымітыўнае культурьі. Бо-ж, мы можам любіць, або не любіць якогась епіскапа, але ніколі навет не падумаем адбіраць у яго гэты сан. Тымчасам прат. Лапіцкі, гаворачы пра Архіепіскапа Сергія, нічтожэ сумняшася, называе яго: С. Охоценко! Ня сорам гэта гаспадзін Лапіцкі? Адкуль гэта вы ўзялі? Уладыка Сергій мае афіцыйнае Пасьветчаньне ад сьв. п. Мітрапаліта Дзіанісія, што ён ёсьць кананічным Епіскапам Усяленскае Праваслаўнае Царквы! Вы гэта напэўна ведаеце! Чыёю-ж моваю вы гэта гаворыце? Мы ведаем чыёю! Моваю Масквы! Моваю Расейскага Сыноду! Бо-ж гэта ён парассылаў лісты ўсім грэцкім Экзархам, што Архіепіскап Сергій ня ёсьць Епіскапам! I гэтую расейскую сакеру вы прапагуеце й цяпер у сваім часапісе, зьмясьціўшы яе ў форме пастановы гэтак званых кананічных епіскапаў, балыныня якіх ня можа служыць у Ерусаліме. Бо-ж чыя ў гэтай камісіі балыпыня? Ясна, расейскіх епіскапаў. Сакера гэтая зьвернутая супраць УАПЦарквы, але яна, бяспрэчна, мае на ўвазе й БАПЦаркву. I вы ўхапіліся за гэтую сакеру! На чыю карысьць? Ня дзіва, што украінская царкоўная прэса добра раскрыла намер гэтае сакеры. Гэтая сакера, кажа гэтая прэса, была занесеная над галавою УАПЦ ў Кіеве рукою мітрап. Ермакова. Дакончылі гэтае забойства ўжо чырвоныя расейцы. Аднак, нажаль для іх, УАПЦ адрадзілася, прыгэтым поўнасьцю кананічна, ды ізноў жыве й дзее! I, вось, новая спроба! Ужо тут у вольнай Амэрыцы! Ня удасца! Так, прат. Лапіцкі, за гіблую, бо за нехрысьціянскую справу, вы ўзяліся! Але на гэтым не канец абракадабры прат. Лапіцкага. Бо-ж загаловак артыкулу: Адзінства. У гэтым сваім артыкуле мы паказалі, што Адзінства між намі ня толькі патрэбнае, але яно й можа быць асягнутае пад умоваю, што ўсе мы будзем мець Яго, Хрыста, Бога й Спаса нашага, у сэрцах сваіх. Не, павучае нас „багаслоў" Лапіцкі! Гэта ня шлях да Адзінства! Шлях да яго гэта далучэньне нашае Праваслаўнае Царквы да Усяленскага Патрыарха! Бо, бачыце, толькі Канстантынопаль нашая Маці, а не... Масква! О, якая адвага! Не Масква! Ад калі гэта Масква перастала для прат. Лапіцкага быць нашаю Маці? На нашую скромную думку, асабліва-ж пасьля тае сакеры, яна не перастала быць для яго такою й цяпер. Тут проста абракадабра! Праз стагодзьдзі нашая сьв. БАПЦарква належала да Усяленскага Патрыарха, і мы пэўныя, што з часам яна ізноў будзе да яго належаць. Калі? Мы ведаем, хто быў прычынаю таго, што нашая Праваслаўная Царква перастала належаць да Усяленекага Патрыарха. Прычынаю гэтага была маскоўская сакера. I калі гэтая сакера шчэзьне, нашая сьв. БАПЦарква ізноў зойме там сваё пачэснае месца. Для гэтага трэба толькі шчыра, сумленна й пабожна працаваць, ды паказаць, што мы ўжо ня дзеці, а дасьпелыя людзі, і ніякае сакеры не спалохаемся. Гэта раз, а два. Скажам, што мы заўтра ўжо належым да Усяленскага Патрыарха. Будзе тады дзеля ГЭТАГА ў нас ужо Адзінства? Не, дзеля гэтага НЯ БУДЗЕ. Чаму? Як па вашаму, ойча Лапіцкі, належыць Расейская Праваслаўная Царква, якую вы напэўна ўважаеце кананічнаю, да Усяленскага Патрыарха, ці не? Вы напэўна скажеце: так, належыць, бо-ж яе епіскапы кананічныя! А цяпер адкажыце на пытаньне: чаму-ж гэта ёсьць аж ЧАТЫРЫ Расейскія Праваслаўныя Цэрквы? Дзе-ж тут, ойча, Адзінства? Цяпер вы хіба самі бачыце, што ўвесь ваш артыкул-імітацыя адзін суцэльны фалып! А калі вы, як магістар багасловія, гэтага ня бачыце, ня бачыце таго, што толькі й толькі Хрыстос, Бог і Спас наш, аснова нашага Адзінства, дык, калі-б навет і памершы ўстаў, і прыйшоў, і пасьветчыў гэтую Праўду, і тады не зразумееце, і не паверыце. На заканчэньне скажам вам: не ладтрымоўвайце сакеры, бо яна блуд, шкода й загуба як для БАПЦ, так і для ўсяго нашага Народу. Пойдзем разам, пойдзем па шляху Божаму, і можаце быць пэўнымі, што гэта найкаротшая дарога да нашага дабра, і да... Усяленскага Патрыарха. С. Клім ВЫСЬВЯЧЭНЬНЕ ПОМНІКА Мітраф. Прат. а. ХВЕДАРУ ДАНІЛЮКУ „ЗМАГАР ЗА ВЕРУ Й БАЦЬКАЎШЧЫНУ (1887-1960). НА ВЕЧНЫ ЎСПАМІН АД СЯМ'І, ВЕРНІКАЎ I ГРАМАДЗТВА" — на гэткія словы ў граніце і ў сэрцах заслужыў за свае 73 гады жыцьця Слуцкі паўстанец, Сьвятар і Патрыёт Айцец Хведар Данілюк. Пад такімі словамі й спачынак лягчэйшы. Высьвячэньне помніка адбылося ў Нядзелю, 29-га ліпеня 1962 г., пагодным сонечным днём. На рэдка заселеным беларускім могільніку ў Іст-Брансвіку шэры камень пазначыў яшчэ адно зазямленьне бурнае жыцьцёвае сьцежкі, што пачалася была 73 гады таму дзесьці ў бярозавым беларускім краю пад сялянскаю страхою. Чын Высьвячэньня выканалі Яго Высокапрэасьвяшчэнства Архіепіскап Васіль і Мітраф. Прат. а. Сьцяпан Войтанка. Два хоры ньюёркаўскага й ньюбрансвікаўскага Прыходаў сьв. БАПЦарквы адпяялі „Вечную Памяць". Воск на сьвечках сплываў ад гарачыні агню, сонца, людзкіх рук і ўзрушаных сэрцаў, і быў сымбалем таго ўзрушанага, самаахвярнага й гарачага жыцьця, якое нябожчык злажыў у ахвяру Богу, нашай сьв. БАПЦаркве й усяму нашаму Беларускаму Народу. Пакойнік не дачакаўся быць пахаваным пад сваім родным небам, а ўсё-ж супачыў на сваім беларускім могільніку, у чым была й ягоная заслуга. Пасьля Паніхіды й Высьвячэньня больш за сто асобаў сабралася ў залі Шакаў ў Саўт Рывэры на хаўтурныя памінкі, каб ушанаваць сям'ю, задумацца над тайніцай жыцьця й сьмерці — гаворачы аб памерлым, узмоцніць дух жывучых. Шматлікія прадстаўнікі Прыходаў і грамадзкіх арганізацыяй цёпла ўспаміналі нябожчыка, і выказвалі сваё гарачае спаўчуцьцё сям'і ў яе глыбокім горы. Няхай жа сярод іх і нас памяць пра Сьвятара й Змагара за Бога й Бацькаўшчыну будзе СЬВЕТЛАЯ Й ВЕЧНАЯ! Я. 3. ПАДЗЯКА Гэтым яшчэ раз выказваем сардэчную падзяку Высокапрэасьвяшчэньнейшаму Архіепіскапу Васілію, Мітраф. Прат. а. Сьцяпану Войтэнко, рэгенту Сп. К. Кісламу, і ўсім тым, хто выявіў пашану сьв. памяці Мітраф. Прат. Айца Хведара Данілюка на заўпакойных Службах Божых і паховінах, хто паклаў кветкі на магілу, хто добрым словам успомніў нябожчыка й пацешыў нас у вялікім горы, хто матар'яльна й маральна — сваёй прысутнасьцяй павялічыў урачыстасьць пахаваньня, і спрычыніўся да пабудовы памятніка. Матушка Марыя Сын Барыс з сям'ёй. СПРАВАЗДАЧА Аб зборы й выдатку ахвяраў на пабудову памятніка на магіле сьв. памяці Мітраф. Прат. Айца Хведара Данілюка: Архіепіскап Васілі: 20.00. Сп. інж. М. Гарошка: 60.00. Спадары: С. Андрэйчык, Др. В. Васілеўскі, П. Жук, М. Міцкевіч, Я. Н. па: 50.00. Сп. М. Тулейка: 25.00. Спадары: А. Александровіч, Др. С. і К. Грынкевіч, Ул. Курыла, В. Стома, М. Тарашкевіч, Др. В. Тумаш і П. 3. па: 20.00. Сп. Я. Казьлякоўскі: 15.00. Спадары: Ф. Бартуль, М. Абрамчык, К. Верабей, М. Верабей, К. Жыхар, В. Кажан, Ю. Касьцюкевіч, Т. Кольба, Ф. Кушэль, А. Ліхач, М. Манькоўская, П. Мельяновіч, К. Мерляк, А. Міцкевіч, Я. Муха, Др. Ул. Набагез, А. Протас, А. Стагановіч, С. Цэлеш, Я. Чыжык, А. Шудзейка, А. Шукелойць, Я. Запруднік па 10.00. Спадары: А. А., К. Вадэйка, Б. Вербіч, М. Галубовіч, Г. Ганчарэнка, П. Кажура, А. Каптуровіч, Я. Лахвіч, Л. Леўковіч, В. Лысюк, П. Пецько, П. П., Ч. Ханяўка й Сп-ня Н. Орса па: 5.00. Сп. П. Беляец: 4.00, Сп. С. Дударэвіч: 3.00, Сп. М. Палюховіч: 2.00. Спадары: А. Махноўскі й П. Пікулік па: 1.00. Працэнт з банку: 17.22. РАЗАМ: 838.22. Выдаткі: Памятнік: 1000.00. Фундамант: 56.00. РАЗАМ: 1056.00. Выдаткі звыш сумы сабраных ахвяраў пакрытыя сям'ёй Сьв. Памяці Айца Хведара. Царкоўная Рада Кафедральнага Сабору Сьв. Кірылы Тураўскага ў Брукліне. Згуртаваньне Беларускіх Вэтэранаў Аддзел Ню-Ёрк ХРОНІКА НЮ-ЁРК. ХРАМАВАЕ СЬВЯТА. Наш Кафедральны Сабор імя сьв КІРЫЛЫ Тураўскага з кожным годам стае прыгажэйшым, таму й гэтае нашае Сьвята цяпер было асабліва ўрачыстае й радаснае. Распачаў яго Высокапрэасьвяшчэньнейшы Уладыка Васілі сьв. Літургіяй і закончыў Малебнам да нашага вялікага й слаўнага Патрона й Златавуснага сьв. КІРЫЛЫ Тураўскага. Сабор быў запоўнены вернікамі эь Ню-Ерку й ваколіпаў. Вельмі прыгожа пяяў Царкоўны Хор пад кіравецтвам рэгента Сп. М. Тулейкі. У сваёй натхнёнай пропаведзі Уладыка Васілі, між іншым, казаў: Але дзе знойдзем належныя словы, каб паказаць ці выявіць усю веліч, красу гэтага вашага слаўнага Брата? Любыя мае! Сьв. Кірыла, гэта акіян духовага 6агацьця й красы Божае! Сьв. Кірыла, гэта выраз духовае велічы нашага Народу ўжо 800 год таму! Сьв. Кірыла, гэта нашыя Ангельскія вусны перад Богам! Сьв. Кірыла, гэта нашыя духовыя арліныя крыльлі да Нябёсаў! Сьв. Кірыла, гэта фіміам нашае любові перад Прастолам Госпада, нашая падзяка Яму, нашая надзея на Яго! Сьв. Кірыла, гэта наш каштоўны дыямант у кароне Сьвятых! Сьв. Кірыла, гэта лвостра пабожнасьці нашага Беларускага Народу! Сьв. Кірыла, гэта наш запраўдны нацыянальны гонар перад Богам! Сьв. Кірыла, гэта нашая зьяючая слава Божая навекі! I ад гэтых цудоўных словаў Уладыкі ў душы кож'нага верніка, як у люстры, паўстаў як вечна жывы й дзейны, сьвяты й слаўны, дарагі й любы нам вобраз нашага слаўнага Патрона й велічнага суродзіча — КІРЫЛЫ! I вусны кожнага натхнёна прамаўлялі: дарагі, любы, сьвяты Браце наш! Мы ганарымся табою, мы дзякуем табе! Малі Бога за нас грэшных! Пасьля гэтага духоўнага й сьвятога балю звыш сотні вернікаў перажылі яшчэ іншую радасьць на супольным абедзе, за майстэрнае ўладжаньне якога ўсе дзякавалі нашым зарадным гаспадыням. Бязумоўна, як наш слаўны Сьв. Кірыла, так і ўсе Сьвятыя Зямелькі нашае былі й тут разам з намі, бо-ж мы 3 тут на чужыне сьвята перахоўваем нашыя збаўленныя традыцыі й звычаі, мілыя Госпаду Богу й ім. I ў гэтым сэнсе, за бяседным сталом, як у сябе ў вёсцы на Беларусі, прыгожа прамаўлялі многія прысутныя, а сярод іх і Уладыка Васілі. Усе горача й радасна дзякавалі Богу й сьв. Кірылу за гэтыя нашыя сьветлыя перажываньні, якія так лёгка й прыгожа злучаюць нас у адну дружную, брацкую сямейку пры нашай роднай сьв. БАПЦаркве, якая Сьвятым Духам Хрыстовым нас ахінае, і прывядзе ўвесь наш Народ да сьветлае будучыні. СЬВЯТА НАШЫХ ГЕРОЯЎ. Вельмі прыгожа адбылося цяпер гэтае Сьвята ў нас, зарганізаванае й праведзенае Згуртаваньнем Беларускіх Вэтэранаў і Царкоўнаю Радаю ў Нядзелю 2-га сьнежня. Уладыка Васілі адправіў у Кафедральным Саборы Заўпакойную сьв. Літургію й урачыстую Панахіду. Малітоўны настрой каля дзьвёх сотняў вернікаў зь Ню-йрку й ваколіцаў Уладыка Васілі ўзмоцніў сваёю натхнёнаю пропаведзьдзю, у якой паказаў, як Гасподзь Міласэрны прыняў і багаславіў ахвяру крыві нашых Пакутнікаў-Герояў, а празь іх багаславіў і ўвесь наш шматпакутны й слаўны Народ, падараваўшы нам нашую родную духовую Маці, сьв. БАПЦаркву. Нашыя Мучанікі-Героі, казаў далей Уладыка, не памерлі для нас! Не, яны й цяпер жывыя, яны несьмяротныя! I цяпер яны яшчэ лепшыя нашыя ЗМАГАРЫ, бо яны моляцца За нас перад Прастолам Госпада! I найпрыгажэйшым вянком нашым на магілкі іхныя будзе супольная й дружная праца ўсіх нас: старых, маладых і дзетак за тыя ідэалы, за якія яны аддалі душы свае! Гэта: за нашуге любую, вольную й шчасьлівую Беларусь! Вельмі прыгожа пяяў узмоцнены Царкоўны Хор пад кіравецтвам рэгента Сп. А. Каптуровіча. У часе Паніхіды ўвесь Сабор зьзяў сьвятлом сьвечкаў у руках усіх вернікаў. Наперадзе велічна красавала ганоравая варта Вэтэранаў з сваім сьцягам, які ў адпаведных мамэнтах Паніхіды схіляўся ўніз, і павялічваў урачыстасьць Службы. 3 усяго гэтага напэўна радаваліся яны, несьмяротныя Героі нашыя, і разам з намі славілі Бога. Пасьля адбылася ўрачыстая Акадэмія, якая складалася з рэфэратаў і мастацкае часткі й была вельмі ўдалая. Акадэміяй кіраваў Старшыня ЗБВ Сп. Ул. Курыла. НОВЫЯ ЗДАБЫЧЫ БАПЦ. Нашая сьв. БАПЦарква ўжо канчаткова аформіла свой Закон, параграф 18, бо ўжо атрьшала Чартар на ўсю Амэрыку ды адпаведную ўрадавую пячатку на Дыяцэзію. Горача дзякуем Госпаду Богу, і амэрыканскім уладам, а таксама Царкоўнай Радзе ў Ню-Ёрку, якая далажыла тут найбольш стараньняў. Дзякуем таксама Епархіяльнай Управе, якая пакрыла бальшыню коштаў. Нашыя самаахвярныя вернікі ў Ню Брансьвіку й Саўт Рывэры купілі прыгожую прасторную Царкву для свае Парафіі з заляй пад Царкваю, і двохпаверхавым домам пры Царкве, а таксама з пляцам узаду яго. Гэта ня толькі іхная, але й нашая супольная радасьць, і вялікая здабыча. Усе мы гэтым горача віншуем ім, і таксама ўсе пастараемся фінансава памагчы ім. АХВЯРА АДЭЛЯІДЗЕ. Нашыя браты ў Адэляідзе, Аўстралія, на чале з сваім самаахвярным Настаяцелем, мітраф. прат. а. М. Шчурком, прыступілі да вялікага й прыгожага чыну: пабудовы свае сьв. Царквы. На дапамогу ім у гэтай для ўсіх нас радаснай справе, нашая Парафія сабрала сярод сваіх вернікаў 309 даляраў, за што ўжо атрымала шчырую падзяку ад Царкоўнае Рады ў Адэляідзе. На гэтую самую мэту Парафія нашае сьв. Царквы ў Кліўлэндзе сабрала 230 даляраў. Так прыгожа нашыя вернікі памагаюць сабе ўзаемна! Высокапрэасьвяшчэньнейшых Уладыкаў нашых, Архіепіскапаў СЕРГІЯ й ВАСІЛІЯ, Высокапрэпадобных Архімандрытаў, Мітрафорных Пратаіерэяў, Пратаіерэяў, Прэпадобных Айцоў, дастойных Рэгентаў і Харыстых, Хвальныя Царкоўныя Рады, Брацтвы й Сястрыцтвы, дзяржаўныя, навуковыя й грамадзкія Установы, усіх вернікаў сьв. БАПЦ, і ўвесь наш Беларускі Народ сардэчна вітае з РАСТВОМ ХРЫСТОВЫМ I НОВЫМ — 1963 — ГОДАМ: ХРЫСТОС НАРАДЗІЎСЯ! ЯГО СЛАЎЦЕ! ЗЬ ІМ ПЕРАМОЖАМ! ЕПАРХІЯЛЬНАЯ УПРАВА БАПЦ АМЭРЫКІ Й КАНАДЫ. |
Літаратура / Literature > Голас Царквы >