№ 15. Вялікдзень, 1962 Год 8


БОЖАЙ МІЛАСЬЦЮ
СЬВЯШЧЭННЫ САБОР ЕПІСКАПАЎ БЕЛАРУСКАЕ АЎТАКЕФАЛЬНАЕ ПРАВАСЛАЎНАЕ ЦАРКВЫ НА ЧУЖЫНЕ

Да ўсечэснога Духавенства, прэпадобнага Манаства, і ўсіх багалюбівых вернікаў нашых на Чужыне й на Бацькаўшчыне прабываючых
ВЯЛІКОДНАЕ АРХІПАСТЫРСКАЕ ПАСЛАНЬНЕ

„ХРЫСТОС УВАСКРОС, 
сьмерць паканаў і нам жыцьцё дараваў" 
(Вялікодны Трапар).

УЛЮБЛЕНЫЯ ДЗЕЦІ НАШЫЯ!
ХРЫСТОС УВАСКРОС! ВЯЛІКДЗЕНЬ! Агульная, вялікая радасьць! Гэта: „Дзень, што яго стварыў Гасподзь! Будзем радавацца й весяліцца ў ім!" (Пс. 117, 24). У чым тут аснова радасьці нашае? Усе мы ведаем, што ў сьвеце дзеюць дзьве супрацьлежныя сілы: Жыцьцё і Сьмерць. Побач з усёажыўляючай сілай як у сьвеце матар'яльным, так і ў духовым, бязупынна дзее й другая сіла, што руйнуе, спрычыняе сьмерць усяго існага, у тым ліку й чалавека. Чалавек істота ня толькі цялесная, але й духовая. Аднак, ён можа цялесна жыць, а духова памерці па слову Апостала: „А хто ня любіць брата свайго, той перабывае ў сьмерці" (I 10.3, 14). I гэта зразумела, бо: „Грэх, гэта джала сьмерці" (1 Кар. 15, 56). Вось жа, чалавек можа падвойна памерці: цялесна й духова — душою.
Такое сумнае было жыцьцё людзкое даўней, да Уваскрасеньня Хрыстовага, дзеля вялікага грэху Адама. Там сьмерць панавала ўсюды: у сьвеце матар'яльным і духовым. Там сьмерць чалавека была канцом ягонага існаваньня, як і ўсякае іншае жывое істоты. Але, вось, настаў сьветлы й бясконца радасны для нас мамэнт: Хрыстос, Сын Божы, з гробу ўстаў, сьмерць паканаў, перамог, УВАСКРОС!
Няма ўжо сьмерці для нас! Мы ўжо несьмяротныя! Як Ён і Сам сказаў: „Запраўды кажу вам: хто слухае слова Маё, і верыць Паслаўшаму Мяне, мае жыцьцё вечнае, і на суд не ідзе, але перайшоў ад сьмерці ў жыцьцё" (Іо. 5, 24). I сьв. вярхоўны Апостал Павал усклікае: „Гасподзь Бог і нас, мёртвых грахамі, ажывіў разам з Хрыстом, і ўваскрасіў зь Ім" (Эф. 2, 5-6). Сталася тое, што Гасподзь Міласэрны сказаў людзям ужо праз прарока: „Сьмерць! дзе тваё джала? Пекла! дзе твая перамога?" (Ос. 13, 14).
Так, Хрыстос, як Богачалавек, як Першы з нас, зламаў джала сьмерці, Сваёю Чэсною Крывёю змыў наш грэх першародны, адкрыў нам дзьеры Раю, дараваў жыцьцё вечнае! Душа кожнага з нас, веруючага ў Яго, нашага Адкупіцеля й Спаса, ужо не ўмірае, ужо вечна жыве, вечна радуецца ў Нябёсах!
Вось чаму, любыя дзеці нашыя, Уваскрасеньне Хрыстовае такі Вялікі й слаўны для нас Дзень, такое радаснае для нас Сьвята. Гэта Сьвята над Сьвятамі! Бо-ж Хрыстовая перамога — нашая перамога! Бо-ж Ягонае Уваскрасеньне — нашае ўваскрасеньне! А каб мы заўсёды памяталі аб гэтым, каб душы нашыя маглі стала радавацца, Ён заснаваў на зямлі Сваю Сьвятую Царкву, каб яна ўсьцяж прыпамінала нам словы Яго: „Вось Я з вамі ўва ўсе дні да сканчэньня веку" (Мц. 28, 20). Так, Ён стала з намі! Асабліва-ж Ён з намі ў часе Ягонага найболыпага праяўленьня Любові Свае да нас: у часе Сьмерці й Уваскрасеньня, на Вялікдзень!
I асабліва ў гэты Вялікі Дзень Ён прамаўляе да нас: Вы — Мае! Я Ўваскрос, уваскрэсьнеце й вы! I ня дзіва, што калі толькі душы нашыя пачуюць сьпеў: ХРЫСТОС УВАСКРОС! дык яны ўжо радасьці свае паўстрымаць ня могуць! Бо яны бачаць Яго, Творцу й Спаса свайго, бачаць расчыненыя Нябёсы! I яны ў захапленьні й любові гатовыя абняць увесь сьвет, кожнага, навет былога няпрыяцеля свайго, абдарыць чыстым Вялікодным пацалункам, прывітаць яго: Браце! ХРЫСТОС УВАСКРОС! Будзем радавацца й вяеяліцца!
I ў многіх з нас яшчэ ў памяці, якое мора радасьці й весялосьці разьлівалася па нашых вёсках на Вялікдзень! Сам Хрыстос тады там прабываў, па зямлі хадзіў, багаслаўляў, усіх пацяшаў. А цяпер? Дарагія, і цяпер Ён з намі тут і з нашым народам удома, на катаргах і высылках. Таму й там наш народ цешыцца й весяліцца, з надзеяй натхнёна прамаўляе: ХРЫСТОС УВАСКРОС! АЛЕЛЮЯ! Бо асабліва там наш народ верыць, што Гасподзь Бог ужо праз прарока сказаў праўду: „Як тае воск перад агнём, та счэзнуць бязбожнікі перад абліччам Божым" (Пс. 68, 3). Таму й мы тут будзем радавацца й весяліцца, натхнёна вітаць сябе Вялікодным пацалункам, зь любоўю й надзеяй прамаўляць: ХРЫСТОС УВАСКРОС! А Ён любіць нас, памагае нам будаваць аснову Царства Божага на зямлі: Ягоныя й нашыя сьв. Праваслаўныя Цэрквы! I гэтым Ён ясна сьветчыць нам, што неўзабаве з гробу ўстане, уваскрэсьне й нашая любая пакутніца Маці-Беларусь, зазьзяе ў славе Яго!
Таму так радасна вітаем вас, усечэсныя Айцы, любыя Браты й Сёстры, і ўвесь наш слаўны Беларускі Народ, у поўнай Веры й Надзеі як на шчасьце вечнае, так і на нашае хуткае вызваленьне, зь Вялікім, Сьветлым і Радасным Сьвятам, перамогай і трыумфам душаў нашых: УВАСКРАСЕНЬНЕМ ХРЫСТОВЫМ, ВЯЛІКАДНЕМ! Радуйся й весяліся Беларускі Народзе! Чыстым і натхнёным сэрцам сьпявай хвалу Господу: ЗАПРАЎДЫ ХРЫСТОС УВАСКРОС! Неўзабаве праменьне Праўды й Свабоды Яго разьвее ўсю злую цемру на Радзіме нашай на радасьць і спасеньне ўсіх нас, бо для таго Ён і УВАСКРОС!
Ласка й Мір Госпада нашага Ісуса Хрыста, Любоў Бога й Айца, і Прычасьце Сьвятога Духа няхай будзе з усімі вамі. АМІНЬ.

СЬМІРЭННЫ АРХІЕПІСКАП СЕРГІЙ 
Глава Сьвяшчэннага Сабору Епіскапаў
Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы

СЬМІРЕННЫ АРХІЕПІСКАП ВАСІЛІ
Сакратар Сьвяшчэннага Сабору Епіскапаў
БАПЦ на Чужыне.

Дана Году Божага 1962 
месяца красавіка
Аўстралія-Амэрыка.

МАЛІТВА
УЛАДЫКІ ВАСІЛІЯ Ў СЭНАЦЕ ЗША

У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа. Усемагутны Божа, Ойча наш! Мы, дзеці Твае, у пакоры й радасьці славім Тваю Боскую ласкавасьць, і шчыра складаем Табе глыбокую падзяку за багаславенства, якім Ты абдарыў Амэрыку й яе народ.
Мы шчыра просім Цябе, Спасе наш, будзь міласьцівы да нашага любага Прэзыдэнта: узмацні яго, і памажы яму ў ягоных заданьнях, у ягоным кіравецтве змаганьнем за свабоду па ўсім сьвеце. Багаславі нашага Віцэ-Прэзыдэнта, дай навагі й мудрасьці сябром Сэнату гэтага, гэтай цьвярдыні міру, справядлівасьці й свабодьі. Міласэрны Ойча! Мы просім Ласкі Твае для душаў усіх тых нашых вояў-герояў, што памерлі на полі бою, супакой іх у Валадарстве вечнае Славы Твае.
Прадвечны Божа, Спасе наш! Пры нашым нараджэньні ўжо Ты ўлажыў у сэрцы нашыя імкненьне да свабоднага жыцьця, Мы горача просім Цябе сяньня, у дзень 44-х Угодкаў Абвешчаньня Незалежнае Беларускае Дзяржавы, глянь ласкавым вокам Тваім на наш паняволены Народ, узмацні надзею яго й памажы яму вызваліцца ад бязбожнае крамлёўскае тыраніі.
Усемагутны Божа й Ойча ўсіх народаў! Мы молім Цябе, памажы нам, каб Беларускі Народ і ўсе іншыя паняволеныя народы здабылі Тваю багаслаўленую свабоду, і гэтым занялі належны ім пасад сярод вольных народаў сьвету пад Тваім агульным кіравецтвам, пад Тваею апекаю, у Тваей любові й справядлівасьці.
Мы з пакораю схіляем галовы свае перад Табою, Божа й Спасе наш, і зь Вераю молім Цябе: прымі гэтую малітву нашую, багаславі Злучаныя Штаты Амэрыкі, і нашую Маці-Беларусь.
Няхай цудоўнае імя Тваё, Божа й Ойча наш, пануе й зьзяе ў сэрцах нашых, славіцца й багаславіцца цяпер, і заўсёды, і навекі. Амінь.

ПОМНІ...
СТАРАСЬЦЬ

Часта нам прыходзіцца чуць такія словы жалю: о, вы малады, а што мне старому рабіць? Мне ўжо 70 год! Бяда дый толькі!
Старому! Бяда! Але, ці гэта праўда? Скажаце, залежыць ад таго, як... Але, ад таго, як. Але ад чаго залежыць гэтае „як"? Ці ЎСЕ старыя людзі няшчасныя? Не, скажаце вы, ня ўсе. У чым жа справа? У грашох? Не, не ў грашох, бо-ж навет тыя, што кажуць — бяда, найчасьцей не галадуюць, і маюць страху над галавою. Асноваю гэтага іхнага „бяда" бываюць розныя іншыя прычыны: цялесныя слабасьці, хваробы, ды, што самае галоўнае, нараканьні блізкіх, што наш стары „зьдзіцянеў".
Вось гэтае апошняе можа й зьяўляецца найбольшаю бядою старэйшых людзей. I гэта свайго роду хвароба. Кожны баіцца старасьці, каб не „зьдзіцянець", а гэтым ня стацца непатрэбным цяжарам, нямінучым злом. А тымчасам гэтая хвароба ня толькі не нямінучая, але й проста звычайнае непаразуменьне. У якім сэнсе? У тым, што як мы ведаем з гісторыі ды з свайго ўласнага жыцьця, старасьць гэта ГОНАР як для самых старых, так і для іхных блізкіх.
I гэта ня словы, а факты. Мы ведаем, што ў шмат якіх дзяржавах існуюць Рады Старэйшых. На гэтым прынцыпе таксама пабудаваныя Сэнаты (ад лацінскіх словаў: сэнэкс — стары, сэнэктус — старасьць) ў дэмакратычных дзяржавах. 3 гісторыі мы ведаем, што даўней кіраўнічыя дзяржаўныя ўстановы складаліся толькі зь людзей старых. Ці людзі тады памыляліся? Не, ніколі. Яны добра разумелі й дбалі пра свой дабрабыт. Балыпыня запраўдных вучоных, філёзафаў, мудрацоў, дзяржаўных мужоў, гэта явычайна старэйшыя людзі. I ў нас некалі па вёсках было па адным-два такіх мудрацоў, людзей векам так каля сто год! I як усе іх паважалі, шанавалі, прасілі радаў іхных! Вось жа, ужо гэта гаворыць нам, што з тым „зьдзіцянеў" нешта не ў парадку!
У чым жа справа? Пятая Запаведзь кажа нам: Шануй бацькоў сваіх, і добра табе будзе, і ДОЎГА ты будзеш жыць на зямлі. А гэта словы запраўдныя Божыя. Калі малады Ровоам стаўся царом Іудэйскім, ён склікаў Раду Старэйшых і запытаўся ў іх: ці я маю абнізіць падаткі майго бацькі Саламона? дык Старэйшыя сказалі: хутчэй зрабі гэта, бо яны надта цяжкія, і народ ушануе цябе. Гэтая рада не спадабалася Ровоаму. Ён паклікаў сваіх- маладых прыяцеляў, і запытаўся ў іх аб гэтым самым. I сказалі тыя: што? абнізіць падаткі? Наадварот, ты налажы яшчэ болыпыя! I Ровоам так зрабіў. I ў выніку гэтага наступіла катастрофа: царства спачатку распалася на дзьве часткі, а хутка й зусім зьнікла. Сьв. Пісаньне дае нам многа болын прыкладаў мудрасьці старых і бязглузьдзя маладых, а яно-ж выяўляе нам волю Божую, гаворыць аб праўдах вечных.
I гэта зразумела, бо мудрасьць залежыць ад дзьвёх рэчаў: злучэньня з Богам і досьледу жыцьцёвага. Якая-ж тут для ўсіх навука? Падвойная: 1) для ўжо старых, і 2) для маладых. Ты ўжо стары, аднак, мудрасьці яшчэ не здабыў. Што ты маеш рабіць? Хоць у старасьці сваей злучыся з Богам усім сэрцам тваім. Стала чытай сьв. Пісаньне, і ты пабачыш, як зазьзяеш сьвятлом мудрасьці Божае. Гэта заўважаць перадусім твае ўнукі, і палюбяць цябе можа больш, чым сваіх неразважных бацькоў. Неўзабаве гэта пабачаць і дзеці тваіх знаёмых і таксама палюбяць цябе. Ты й для іх станешся любым „дзедкам". Сьвятло Божае прасьвятліць розум твой, і ты знойдзеш раду на шмат якія пытаньні, і ўсе добрыя людзі пачнуць шанаваць цябе, і твае слабасьці цялесныя будуць менш дакучаць табе. А калі ты зразумееш, што стаіш на парозе жыцьця вечнага й бясконца шчасьлівага, радасьць твая будзе тым болыная, і ты будзеш багаслаўляць старасьць сваю, і славіць Бога! Гэта табе захочацца рабіць перадусім у сьв. Царкве, у якую ты будзеш вадзіць з сабою ўнукаў сваіх, за што Гасподзь Міласэрны яшчэ болып палюбіць цябе, і так ты ўжо на зямлі будзеш у Царстве Божым! Шчасьце тваё будзе поўнае!
Для маладых. Добра здабыць мудрасьць Божую у старасьці, але многа лепш перад ёю. I калі ты маеш 35-40 год, гэта ўжо найвышэйшы час для цябе. Не адкладай на пазьней, як гэта звычайна робіцца. Таму кожны такі й сумуе, што, вось, надыходзіць старасьць. Наадварот, з кожным далейшым годам ты ўсё больш радавацца будзеш! А гэта пры адной толькі ўмове, што ты будзеш жыць і дзеяць не для сябе, а для Бога, калі ты ўсё будзеш рабіць на славу Яго!
Калі ты пазнаеш, што ўся нашая людзкая „мудрасьць" гэта толькі цьвет палявы, а запраўдная мудрасьць, гэта: тварыць волю Божую.
А воля Божая, гэта адзінае нашае дабро, радасьць і шчасьце. Электрычная лямпа сьвеціць толькі тады, калі яна злучаная з крыніцаю свайго сьвятла, так і мы зьзяем сьвятлом-мудрасьцю толькі тады, калі мы злучаныя з крыніцаю бясконца большага Сьвятла, з крыніцаю Абсалютнае Красы, Дасканаласьці й Прамудрасьці: з Богам! Таму злучыся зь Ім усім сэрцам сваім, і ты зазьзяеш сьвятлом незямным, 1 радасьць твая будзе вялікая! Ты пазнаеш тады, што ты запраўдны волат, сын Сьвятла, дзіця Божае! Кожны твой чын будзе толькі адно: дабро, любоў, мудрасьць, бо ты ўжо будзеш падобны да ангелаў! Ты будзеш стала радавацца, ты будзеш багаслаўляць кожны свой наступны год, ты будзеш радасна вітаць свою старасьць,
бо ты ўжо будзеш мудры й шчасьлівы! Таму, калі хочаш быць такім, ПОМНІ аб гэтым ужо цяпер, і радасьці твае ніхто не адыйме
ад цябе, бо ты ўжо будзеш з Богам! 

С. Клім

КАЛЫСКА ХРЫСЬЦІЯНСТВА

Вялікі край, шматсьпеўны край, 
Легендаў вечных мудры бай!
Алесь Салавей

Тысяча сто год на зямлі беларускай старадаўны Полацак стаіць увасабленьнем хрысьціянскага сьвятла, культуры й асьветы, нацыянальнае годнасьці й гордасьці нашага народу. Тысяча сто год як Крывічы-Палачане выяўляюць свой творчы талент, свае волялюбныя імкненьні, свае багатыя духовыя скарбы.
Калі Вільня для нас — сталіца нашае старое культуры й асьветы, калі Менск — сталіца новага дзяржаўнага будаўніцтва, дык Полацак — сталіца беларускага хрысьціянства, найдастойнейшым прадстаўніком якога — Сьвятая Еўфрасіньня, князёўна Полацкая, духовая Апякунка Беларускага Народу.
Раньняе хрысьціянства знайшло ў Полацку ня толькі свою калыску й сваю дбайную спавівальніцу-апякунку Прадславу, унучку Вялікага князя Усяслава Чарадзея, будучую манашку Еўфрасіньню, да якое сяньня моляцца ўсе Беларусы. 3 Полацку, сьледам Прадславы, якая ў сваім імі ўвасабляла ўжо будучы росквіт роднага места, выйшаў іншы волат хрысьціянства, Францішак Скарына, перакладнік і друкар Бібліі. 3 гэтага-ж самага места над Дзьвіной, што вырасла было ў статысячны горад, у ХУП-м стагодзьдзі манах Сымон Полацкі, у духу запаветаў Хрыста аб любові да бліжняга, панёс у Маскоўшчыну плады хрысьціянства й навукі, каб стацца там заснавальнікам школаў паэзіі ды ўзгадавальнікам царскіх дзяцей. Ня ведаў Сымон Полацкі, што стагодзьдзе пазьней ягоны родны горад, у мамэнт захопу яго расейскай імпэратаркай Катарынай, із статысячнага цэнтру ператворыцца ў руіны з чатырма тысячамі недабіткаў. На месцы колішняе вялікакняскае сталіцы засталася кучка хатаў ды сьветкі з XI й ХІІ-га стагодзьдзяў: саборы сьв. Сафіі й Спаса-Еўфрасіньнеўскага манастыра.
У народзе-ж засталася незабыўная памяць, як па зямлі ягонай хадзілі гвалтаўнікі з усходу й захаду, як Іван Грозны тапіў у Дзьвіне непакорных Палачанаў ды як Пётр, Іванаў нашчадак, сваёй рукой сёк полацкіх манахаў, як руйнавалі замчышчы, палілі сёлы, секлі людзей, а пасьля забаранілі нат жаль выліваць у сваёй роднай мове, думалі, што забудуцца і слава і сьлёзы. Але лясны край перахаваў і самога сябе, і сваю мінуўшчыну. Абуджальным звонам гучэлі над ім зьбярэжаныя званы сьв. Сафіі, перагудам стагодзьдзяў шумелі суворыя пушчы, і край уцалеў, каб ніколі ўжо не забыцца ні на Еўфрасіньню, ні на Скарыну, ні на Іванаў Грозных.
I сяньня, у тысяча сотыя ўгодкі Полацку, як ніколі хочацца паўтарыць за паэтам:

3 капцоў паўстала даўніна, 
3 аддаляў выйшаў год за годам; 
I адпаўзла ў нябыт мана, 
I вечны скон прыйшоў нягодам.

А непакорная Дзьвіна
Плыве з былым і з новым згодам, 
I новым днём гудзе здавён 
Сьвятой Сафіі грымны звон.

(3 паэмы Алеся Салаўя „Зьвіняць званы Сьв. Сафіі).

А. Будзіч

ДУХ БОЖЫ ДЗЕЕ

Вядомы амэрыканскі журналіст Г. Э. Солсбэры, карэспандэнт „Ню Ёрк Таймсу", нядаўна пабываў у Саветах, і на бачынях гэтае газэты перадаў розныя свае ўражаньні адносна стану духовага жыцьця сучаснае савецкае інтэлігенціі, царквы й моладзі. Нас тут цікавяць перадусім новыя думкі сярод запраўдных савецкіх вучоных адносна таго, як паўстаў сьвет, хто яго стварыў? Гэтыя думкі важныя для нас таму, што як ведама, афіцыйная савецкая „навука" і далей цьвердзіць, што ніякае іншае сілы акрамя матэрыі няма, а таму й няма ніякага Творцы-Бога, а сьвет паўстаў сам еабою, сіламі самой матэрыі.
Назіраньні й размовы Г. Солсбэры з савецкімі вучонымі падаем скарочана, аднак, згодна з арыгіналам.
Савецкія павадыры ня раз цьвердзілі, што асноваю рэлігіі й Веры ў Бога ёсьць капіталізм. Таму даволі толькі зьнішчыць яго, і рэлігія сама сабою зьнікне. Тымчасам жыцьцё паказала, што гэтае цьверджаньне поўнасьцю фалыпывае, бо-ж там ужо дзесяткі гадоў таму капіталізм зьнішчаны, а рэлігія й далей ня толькі існуе, але й пашыраецца! Болып таго, яна пранікае навет у шарэгі самых бязбожнікаў, партыйцаў!
I вось гэты бяспрэчны факт прымусіў многіх выдатных савецкіх вучоных паставіць пытаньне: чаму гэта? Чаму рэлігія й Вера ў Бога ня толькі не зьнікае, а наадварот, навет у іхным „сацыялістычным грамадзтве пашыраецца? Гэтае пытаньне прывяло іх да другога пытаньня: ці матар'ялізм ды вынік ягоны — атэізм (бязбожжа) адпавядае праўдзе? Ці гэта запраўдная навука? У выніку такіх разважаньняў, а таксама дзеля навейшых навуковых адкрыцьцяў у сфэры атамнае энэргіі, многія лепшыя савецкія вучоныя пачалі шукаць выхаду. I так сярод іх паўстаў новы кірунак у паглядах, які выразна адкідае матар'ялістычныя тэорыі, і схіляецца да ідэалістычных, духовых паняцьцяў адносна сусьвету.
Солсбэры кажа: той факт, што многія вучоныя ў размове зь ім выяўлялі думку, што ў сусьвеце мусіць існаваць сіла, ці ўлада бясконца вышэйшая ня толькі за матэрыю, але й за ўсякую людзкую сілу, вельмі занепакоіў партыйных павадыроў. ЁН кажа, што імёнаў тут падаць ня можна, і зразумела чаму. Аднак, ён зазначае, што тут фігуруюць асобы з шарэгу самых выдатных савецкіх фізыкаў, матэматыкаў, астраномаў і г. д.
Імёны іхныя гавораць многа, маюць вялікі ўплыў. Таму й зразумела, што іхныя пагляды пачынаюць пашырацца. Гэтыя вучоныя, паводля аўтара, не зьяўляюцца веруючымі ў сэнсе догматаў Праваслаўнае Веры. Яны падобныя да сваіх веруючых калегаў на Захадзе, якія шляхам навукі прыйшлі да пазнаньня Вышэйшае Сілы — Бога, і таму яны ўжо не бязбожнікі.
Для паясьненьня гэтае свае думкі Солсбэры прыводзіць словы савецкага пісьменьніка В. Тэндрякова, які падзяляе пагляды вучоных і кажа: я не ўяўляю сабе Бога такім, якім ЁН прадстаўлены на Іконах (нашая заўвага: Бога такім мы прадстаўляем сабе толькі вобразна. Істоту Бога ня толькі на Іконе, але й ніякімі словамі выявіць ня можна, бо Ён ёсьць Дух Сьвяты. На Іконах мы прадстаўляем толькі Хрыста як Богачалавека, Каторы Сам падараваў нам Свой Нерукатворны Абраз, каб нашаму слабому розуму лягчэй было злучацца зь Ім. Таксама й Абразы Бога Айца й Бога Духа Сьвятога гэта толькі зразумелыя для нас сымбалі далёка незразумелае для нас Істоты Божае). Таму й Тэндрякоў далей зусім слушна кажа: для мяне Бог гэта духовая Істота, прычына зьяўленьня галяксыяў, зораў, плянэтаў і ўсяго іншага, што існуе, жыве, множыцца. А гэта ўжо тое, што й мы кажам: Бог, гэта Першапрычына, Творца ўсяго бачанага й нябачанага.
Такім чынам, гэтыя новыя, здаровыя думкі вучоных адбіваюцца ўжо рэхам і сярод пісьменьнікаў. Ясна, многія маладыя сьвяшчэньнікі таксама ўжо добра карыстаюцца імі ў сваіх пропаведзях, асабліва-ж у дыскусыях з бязбожнымі прапагандыстымі, і вельмі пасьпяхова. У выніку такіх дыскусыяў усё болей моладзі пачынае хадзіць у царкву маліцца, бо бачыць, што навет іхныя вучоныя апраўдваюць рэлігію й Веру ў Бога.
I зразумела, што гэтая новая хваля ажыўленьня рэлігіі й Веры моцна занепакоіла павадыроў у Крамлі. Некалькі гадоў яны стараліся калі ня поўнасьцю вынішчыць, дык прынамсі аслабіць рэлігію шляхам „навуковага" запярэчаньня яе, выдаючы міліёны бязбожных кнігаў і брашураў, пасылаючы тысячы прапагандыстых на барацьбу зь ёю. Аднак, цяпер, пасьля такіх новых паглядаў сярод сваіх жа вучоных і пісьменьнікаў, пабачылі, што ўся іхная бязбожная „навука" поўнасьцю скрахавала. Таму яны пайшлі па старому шляху: фізычнага вынішчэньня.
I тут яны ўжо зрабілі ня мала. На працягу апошняга году ўжо закрыта ці зруйнавана каля 2000 цэркваў. Закрыта палавіна Духоўных Сэмінарыяў, якіх засталося толькі пяць, якіх, скажам, ня многа для самой толькі Беларусі. Трыццаць Епархіяў засталіся безь епіскапаў. Нядаўна закрытая Пячэрская Лаўра ў Кіеве. У першую чаргу закрываюцца цэрквы ў Беларусі й Украіне. Нядаўна былі засуджныя тры епіскапы за ... неаплату падаткаў! У розных частках СССР адбыліся суды над сьвяшчэньнікамі й бацькамі за тое, што яны вучылі дзяцей Закону Божаму, а ў Малдавіі засудзілі на кару сьмерці чатырох вернікаў за тое, што яны пабілі двох прапагандыстых, якія білі вернікаў пры царкве. У Летуве засудзілі чатырох сьвяшчэньнікаў на многія гады зьняволеньня за... спэкуляцыю! А гэта толькі факты зьдзекаў і гвалтаў, узятыя з бязбожніцкае прэсы, якіх ня можна было схаваць. Тымчасам прэса Маскоўскае Патрыархіі навет аб гэтых фактах нічога не падае. Наадварот, яна бязупынна трубіць аб... свабодзе рэлігіі ў СССР! Тымчасам, як бачым, гэтую свабоду мае там толькі тэрарыстычная ўлада слугаў шатана.
Аднак, дні іхныя ўжо палічаныя! Навошта Ты нас мучыш перадчасна? пыталіся аднаго разу злыя духі ў Хрыста, калі ЁН выганяў іх з хворага. 3 гэтага пытаньня мы ясна бачым, што злыя духі добра ведаюць свой час. Ведаюць, што хутка прыйдзе час, і яны разам з слугамі сваімі будуць засуджаныя на пагібель. Гэты час ужо блізкі. I Гасподзь Міларэрны зь вялікае Ласкі Свае дае магчымасьць многім навет у краіне Ягоных ворагаў пазнаць Праўду, Сябе, Творцу нашага, Законадаўцу й Спаса. I асабліва цяпер там дзее Дух Божы; прасьвятляе, узмацняе, натхняе кожнага, хто яшчэ канчаткова не прадаў душу сваю шатану, хто яшчэ здольны да пакаяньня й спасеньня. Той жа факт, што бязбожнікі змагаюцца зь Верай у Бога перадусім у Беларусі, ясна гаворыць нам, што наш слаўны народ і цяпер застаўся верным Богу, што ён складае ўсе свае надзеі на Яго таксама, як і мы тут. I ў гэтым нашая сіла й перамога! Бо-ж: калі Бог з намі, хто супраць нас? Дух Божы жыве й дзее сярод нас, а таму — жыве й будзе жыць Беларусь!

ІНТРАНІЗАЦЫЯ ПАТРЫЯРХА Ў ПОЛЬШЧЫ

Нядаўна, як падала прэса, адбылася важная падзея ў Праваслаўнай Царкве ў Польшчы. У Варшаву прыбылі прадстаўнікі Праваслаўных Патрыархаў з мэтаю інтранізацыі Мітрапаліта ўсяе Польшчы на Патрыарха. Першым патрыархам Праваслаўнае Царквы ў Польшчы меў стацца мітрапаліт Цімафей. Аднак, інтранізацыя не адбылася. Прычынаю гэтага, быццам, было тое, што Цімафей захварэў.
Але, прычыны былі зусім іншыя. У Праваслаўнай Царкве ў Полыпчы існуюць розныя разыходжаньні, якіх не ўдалося палагодзіць. Сярод духавенства й вернікаў, якіх налічваецца роўна 500 тысяч, і абсалютная бальшыня якіх Беларусы, вытварыліся тры розныя групы. Група мітрапаліта Цімафея ачольвае найболып сьвяшчэньнікаў, якія пачуваюць сябе „расейцамі", аднак, маюць жаданьне быць незалежнымі ад маскоўскага патрыархата. Другая група, якая перашкодзіла інтранізацыі мітрапаліта Цімафея, за ўсякую цану стараецца, каб Праваслаўная Царква ў Полынчы была пад беспасярэдняю „апекаю" маскоўскае царквы. Трэйцяя група стараецца спалянізаваць Царкву, надарэмна намагаючыся ўвясьці польскую мову ў багаслужбы.
Адносна гэтага падзелу мы скажам дзешто ніжэй, а цяпер для паясьненьня падамо пару іншых фактаў. Цяперашні архіепіскап Цімафей заняў пасад мітрапаліта ў травені 1961 г. пасьля сьмерці в. п. мітрапаліта Макара. Яшчэ за жыцьця апошняга быў хіратанізаваны ў епіскапа архімандрыт Васілі Дарашкевіч, сьведамы беларускі патрыёт. Усе мы чыталі ягонае натхнёнае й патрыятычнае Пасланьне, зьмешчанае ў нашым царкоўным Каляндары й у „Сіле Веры". Уладыка Васілі мае сваю кафедру ў Бельску.
Бязумоўна, палажэньне Праваслаўнае Царквы ў сучаснай Польшчы таксама ня лёгкае, аднак, яно ўсё-ж многа лепшае, чым у СССР. У Варшаве існуе Духоўная Сэмінарыя, а таксама тэалёгічны факультэт пры Багаслоўскай Акадэміі. Паколькі-ж абсалютная бальшыня вернікаў Беларусы, дык ясна, што й балыпыня студэнтаў як Духоўнае Сэмінарыі, так і тэалёгічнага факультэту таксама Беларусы. А нацыянальная сьведамасьць нашых суродзічаў у Полыпчы цяпер дзякаваць Богу вельмі высокая. Яна была высокая ўжо ў часе вайны, калі Беларускі Камітэт у Беластоку меў 32 Аддзелы па ўсёй Беласточчыне, выдаваў сваю тыднёвую газэту тыражом 35 тысяч, ды ў 1943 г. меў звыш 200 школаў з сваім уласным Школьным Інспэктаратам. А цяпер гэтае палажэньне там у сэнсе культурнанацыянальнага жыцьця паднялося яшчэ вышэй, бо-ж там акрамя пачатковых школаў ёсьць тры пэдагагічныя ліцэі, факультэт Беларускае філялёгіі ў Варшаве, ды багаслоўскія школы амаль выключна беларускія.
Вось-жа, зусім нармальная рэч, што й палажэньне й Праваслаўнай Царкве ў Полыпчы цяпер многа болей спрыяльнае для нас, чым гэта было ў часе вайны. Тады Беларускі Камітэт у Беластоку ўсьцяж ваяваў з „сваім" епіскапам, пакойным Бэнэдыктам, за ўвядзеньне Беларускае мовы прынамсі ў пропаведзях ды ў размовах духавенства зь вернікамі, і — надарэмна! Гэты „беларускі" епіскап і слухаць аб гэтым не хацеў! А цяпер ягоны наступнік, Васілі Вельскі, сам заклікае сваіх вернікаў і духавенства карыстацца толькі Беларускаю моваю, любіць сваю Маці-Радзіму, сваю Гісторыю, ганарыцца імям Беларус! Як бачым, розьніца вялікая! Гэты епіскап ужо запраўдны Беларус! Так, высока ўзьнялася там нашая нацыянальная сьведамасьць!
Таму, вось, і ўспомнены падзел на тры групы, ніяк не адпавядае праўдзе. Мы зусім згодныя, што там існуюць дзьве апошнія групы: масквафільская й палянафільская. I гэта зразумела. А таму таксама зразумела й тое, што ўсе, ці абсалютная балыпыня расейцаў, якіх карэспандэнт залічвае да першае групы, належаць да дзьвёх апошніх, а ніколі да першае, таму на пачатку мы й узялі іх у чужыслоўе. А хто-ж тады належыць да першае групы? Нам цяжка зразумець духовую ўбогасьць карэспандэнта, які падаў гэтыя весткі, ды навет зазначыў, што абсалютная бальшыня 500 тысяч вернікаў Праваслаўнае Царквы ў Полынчы Беларусы, тымчасам месца ў групах для іх не знайшоў! Не знайшоў сьведама, ці нясьведама. I гэта ня так ужо для нас важна, бо яно тут сытуацыі ані не мяняе. Важна толькі тое, што ён ня мог знайсьці належнага адказу на тое, чаму інтранізацыя Цімафея ў Патрыарха не адбылася, і што там дзеецца.
На нашую думку Беларусы ў Полыпчы сталіся й на ніве- царкоўнай вельмі дзейнымі, і гэта яны належаць да першае групы, і толькі яны. Гэта яны падзеялі на Цімафея стацца патрыархам, і мы можам тут толькі пакланіцца ім! Бо хто-ж іншы мог запрасіць дэлегацыі праваслаўных патрыархаў для гэтае мэты акрамя самога Цімафея, і каго іншага яны маглі паслухаць? А як мог бы гэта зрабіць Цімафей, калі-б ягоная група складалася з расейцаў? Мы яшчэ не забыліся аб тым, што іхны прадстаўнік, архім. Смарагд, забіў мітрапаліта Юрага за гэтае самае! I дзе на сьвеце мы маем расейцаў, якія бы імкнуліся да незалежнасьці ад Масквы? Такіх няма.
Таму й зразумела, што гэтыя расейцы належаць да другое й трэйцяе групы, і гэта толькі яны перашкодзілі інтранізацыі, а зрабіць гэта было для іх цяпер там ня цяжка: Цімафей мусіў захварэць! Аднак, сам факт прыбыцьця дэлегацыяў праваслаўных патрыархаў у Варшаву дзеля інтранізацыі нязвычайна цешыць нас. Многа ён нам гаворыць. ЁН гаворыць нам: сколькі працы, энэргіі, розуму й сэрца мусілі ўлажыць нашыя суродзічы там, каб зрабіць яшчэ адзін крок наперед па шляху свае незалежнасьці! I ці-ж ня мусяць чырванець ад сораму перад імі тыя нашыя „патрыёты" тут, якія ўсё яшчэ чапляюцца за чужыя, а часта й варожыя нам вазы, свайго бачыць ня хочуць, кроку наперад зрабіць ня думаюць! На гэта ім можна сказаць словамі Хрыстовымі: Па ўчынках вашых будзе вам! Беларусь так ці іначай неўзабаве станецца вольнай і незалежнай дзяржавай, а тады запытаецца ў іх: а вы што зрабілі? Няхай жа гэты прыгожы прыклад нашых суродзічаў удома выкліча ўрэшце пастанову ў іх: найвышэйшая пара пакінуць чужое, вярнуцца да свайго, да свае сьв. БАПЦарквы, як да дабра ўсяго нашага народу.

МЫ ЦЕШЫМСЯ, АЛЕ ...

Нядаўна Усяленскі Патрыарх Атэганорас публічна сказаў: „Мы гатовыя прыступіць да Аб'еднанага фронту ўсяго хрысьціянскага сьвету. Гэта можа наступіць так: мы ўсе зьбярэмся, разам заплачам над грахамі сваімі, шчыра выявім свой жаль над тымі памылкамі, якія мелі месца ў нашым мінулым, і — будзем супольна радавацца!"
Мы цешымся з такой дабрароднай навагі Главы Праваслаўнага сьвету ўжо можа таму, што гэтае самае мы сказалі адносна справы аб'еднаньня хрысьціян, да таго амаль даслоўна каля двох гадоў таму ў нашым № 9 „Голасу Царквы". Але ... Але розныя сумлівы непакояць нас. Чаму? Праўда, ужо прыгожныя словы цешаць нас, аднак, гэтага яшчэ мала, асабліва ў нашыя часы. Асабліва цяпер патрэбныя чыны. Папершае, чаму гэта ўсё яшчэ й дасюль няма навет праваслаўнага аб'еднанага фронту? Ці можа за такі трэба ўважаць аб'еднаньне з... бязбожнаю Масквою?! А калі не, дык хто павінен аб гэтым дбаць? Ці гэта не заданьне бацькоў? Падругое, калі любіць толькі адзін, а другі не выяўляе такое любові Вожае, дык якое тут можа быць аб'еднаньне? Патрэйцяе, ці для такога Богу мілага аб'еднаньня патрэбны прымус? Калі так, дык магчыма хрысьціян аб'еднае нехта трэйці. Толькі такім трэйцім можа стацца той, які ўсьцяж імкнецца да таго, каб наагул усё хрысьціянства палажыць у... магілу!
Таму, найвышэйшая пара перайсьці ад словаў да чынаў: да запраўднае, дзейнае Хрыстовае любові, да выпаўненьня сьв. волі Яго. Яшчэ ня позна, але, калі гэтая справа жыцьця й сьмерці ўсьцяж будзе адкладацца на — заўтра, дык: па ўчынках вашых будзе вам!

ЦАРКОЎНАЕ СУПРАЦОЎНІЦТВА

Беларусы маюць быць ціхія, згодныя людзі. У справах веры гаворыцца аб „таляранцыі". Але-ж „таляранцыя", лацінскае слова, у істоце сваей разумее сьцерпліваньне нечай прытарнай прысутнасьці. Мы можам цярпець суседзтва нейкага ворага, але мы павінны любіць свайго брата беларуса. Таму слова таляранцыя ў адношаньні да суродзічаў даволі абразьлівае.
Хай у іншых народаў брат брату лезе жыўцом у сэрца. Адылі ў нас казалася: брат на брата горш ката! Беларусы сварацца, лаюцца, а то й кулакамі махаюць. А гэта таму, што нам хочацца, каб наш брат быў лепшым, падцягаўся ўзвыш. Беларус мусіць быць лепшым, разумнейшым, слаўнейшым, выдатнейшым над каго колячы ў сьвеце.
Мы злуемся на біткавасьць суродзічаў: што ўбіў, то й уехаў. Мы хочам памагчы ім ўзыйсьці на творчы шлях, які вядзе да сапраўднага шчасьця. Злосьць, калі такі брат ня слухаецца нашай рады. Горш, калі бачыш, як вольны чалавек верне назад у залежнасьць, парабства, бяз пугі лезе ў нечы хамут.
Усе беларусы сабе браты. Так, як усюды казалася: брат ты мой, а ня пан, спадар, ці вашэця. Як браты павінны ўзяцца за супрацоўніцтва, прынамсі ў царкоўных справах, калі яшчэ не дарасьлі да ўсенароднага зразуменьня супольнасьці. Сварэмся й супрацоўнічаем. „Трасі як грушу й любі як душу".
Мы можам мяшацца ў царкоўныя справы сваякоў. Каталікі хочуць памагчы праваслаўным хутчэй асягнуць царкоўнае адраджэньне. Праваслаўныя сумуюць, што каталікі яшчэ не дабіліся свае роднае ерархіі. Усім нам баліць, што яшчэ шмат братоў іншых вераў блукаецца па чужынцах ды моліцца Богу не па свойму. Тут мы мусім мяшацца, бо-ж гэта нашыя браты. Іхная бяда — нашая бяда, іхны боль адчуваецца ў нашых сэрцах.
Спрэчкі, сваркі, але й супрацоўніцтва, каб супольнаю натугай прабіцца праз шкодныя напластаваньні, нарослыя гадамі няволі. У царкоўным адраджэньні гэта значыць: супольнасьць царкоўнай палітыкі, беларушчаньне рэлігійнага жыцьця, сапраўдная беларуская царкоўная абычайнасьць. Трэба, каб вера кожнага з нас адпавядала душы беларускай, а не якой іншай, хоць хто й будзе верыць у міжнароднае кіравецтва свае Царквы, Касьцёлу, Субожні й г. д. Хай там недзе й існуюць такія кіраўнікі, але тут сярод нас маюць быць свае, беларускія духаўнікі, ад нізу й да верху.
Кожны вернік павінен пашыраць сваю веру. Але гэты рэлігійны абавязак можна выконваць палюдзку й пабыдлячаму. Людзкім ёсьць пашыраць сваю веру сярод паганаў. Але нялюдзкім заганяць веруючых у свой агарод, а гэта таму, што мая вера, быццам, лепшая за суседнюю. Душахвацтва было й ёсьць праступствам. Пагатоў праступствам ёсьць наварочваньне на веру дзеля палітычных мэтаў.
Кожны з мазгамі ў галаве разумее гэта. Бяда, аднак, што сярод нас ёсьць пару такіх, што хоць мазгі й маюць, але ня розум у іх. Не ў карысьць і той, хто прыняўшы новую веру, стаўся „болыпым каталіком ад папы рымскага".
Усім ведама, што гэта не віна ўладыкі Часлава, што яго высьвяцілі ўва ўсходнім абрадзе, хоць нашыя каталікі ўжо даўно змагаюцца за свайго лацінскага япіскапа. Каталікоў гэтым змушаецца вырачыся адвечнага ім лацінскага абраду, пакінуць „веру" бацькоў. Прытым лацінская літургічная мова зьяўляецца амаль догмаю каталіцкае веры. Ці гэта не ўвядзе яшчэ адну „веру" у нашым народзе? Ці гэта не вядзе да дзьвёх каталіцкіх ерархіяў, ды дзьвёх каталіцкіх сьвятыняў у беларускіх вёсках? А гэтым самым ці не прымушаецца беларускіх каталікоў-лацінікаў трымацца польскага прымаса? А таму, ці гэта не варожая акцыя нашаму адраджэньню, ня шкода беларускаму народу?
Мінулае Берасьцейскае вуніі падчырквае й кляйміць цяперашнюю дзейнасьць пашыральнікаў вуніі, як выразна варожую адраджэньню нашага народу. Яно ад пачатку было толькі дзяржаўнапалітычным ходам, і ня мела нічога супольнага з дабром людзкіх душаў. А кончылася тым, што зрабіла Тадэўша Касьцюшку, Адама Міцкевіча, Язэпа Пілсудзкага й многа іншых палякамі, а тысячы духовых волатаў беларускага народу загнала ў маскалі.
Сьляпы той, хто паўтарае памылкі мінулага, а дзе розум таго, што даецца вясьці сябе сьляпому? Аднаверства, гэта прымус. А калі гэты прымус датычыць абсалютнае балыпыні насельніцтва, дык гэта ўжо насільле, гвалт. Даволі ўжо наш народ меў розных прымусаў і гвалтаў, каб яшчэ ў сваіх шукаць рабства.
Куды лепш, калі браты розных вераў паразумеюцца, і ўзаемна пачнуць памагаць сабе будаваць радзімае ў Царкве, Касьцёле, Субожні й г. д. Будзем трымацца думкі брацкага супрацоўніцтва на славу Богу й дабро народу. Розныя спосабы слаўленьня, але адзін Бог і адзін народ. Розныя кароны на голавах ерархаў, але розум у голавах павінен быць беларускі, ды сэрцы адданыя шчасьцю беларускага народу. Хай Ватыкан кажа сваё, а ты, браце беларусе, рабі тое, што табе загадвае твой беларускі розум і сэрца.
Спрачаймася з толкам. Памагайма брат брату. „Любі бліжняга твайго", а пагатоў брата-суродзіча, хоць той іншай веры, перакананьня, іншага прэзыдэнта, усходняй-заходняй Беларусі, мае іншы выгляд, ці не падобны да цябе. Дабро чалавека, і дабро народу перад усім. 

Войтанка

ХРОНІКА

НЮ-ЁРК. Традыцыі й звычаі нашае сьв. Праваслаўнае Царквы сваім зьместам маюць славу Божую ды радасьць яе вернікаў. У гэтым мы пераконваемся таксама пры ўжо традыцыйным нашым абходзе з Крашчэнскаю вадою, зь якою й сёлета абыйшоў прыхажан нашага Кафедральнага Сабоду Уладыка Васілі з дапамогаю самаахвярных Сп-оў М. Тулейкі, Б. Данілюка, Я.-Ніхаёнка й А. Каптуровіча.
Усе нашыя прыхажане, а часам і суседзі іхныя горача дзякавалі ім за малітвы й асьвячаньне памешканьняў. Наш Прыход памаленьку, але стала ўзрастае, і гэта праявілася таксама ў шчодрых ахвярах, якія сёлета добра ўзмоцнілі нашую Царкоўнуію Касу сумаю каля 500 даляраў.
Гэтая нашая традыцыя добра парадавала многіх нашых прыхажан, між іншым, і II. 3. У гэтую Нядзельку нашая Парафія разьвітвалася з сваімі маладымі вернікамі А. Кавалём і Р. Данілюком, якія адыходзяць у армію. Каб Гасподзь Міласэрны й там быў зь імі, і там меў іх у Сваей апецы, Уладыка Васілі адслужыў дзеля гэтага спэцыяльны Малебен, а пасьля адбыўся супольны абед з удзелам каля 100 асобаў. Многія, асабліва мамы навабранцаў, прыгэтым плакалі ад узварушаньня й сымпатыяў прысутных, і ўсе радаваліся з такога прыгожага нашага звычаю. Уладыка Васілі падараваў адыходзячым сьв. Евангельлі, і багаславіў іх.

САКАВІКОВЫЯ ўРАЧЫСТАСЬЦІ ў НЮ-ЁРКУ
Першым мамэнтам гэтых Урачыстасьцяў было прыняцьце нашае дэлегацыі мэрам Ню-йрку й атрыманьне Праклямацыі аб тым, што Дзень 25-га Сакавіка зьяўляецца Днём Беларускае Незалежнасьці ў гэтым горадзе.
Другім мамэнтам было прыбыцьцё нашае дэлегаціі ў складзе Яго Высокапрэасьвяшчэнства Архіепіскапа Васілія й Сп. К. Мерляка, Старшыні Галоўнае Управы ВАЗА, у Сэнат ЗША для прачытаньня Налітвы за Амэрыку й Беларусь. Важным пытаньнем для нашае дэлегаціі было: ці будзе прысутны сам Віцэ-Прэзыдэнт Л. Джонсон? Ніхто аб гэтым ніколі дакладна ня ведае. Але, вось, за некалькі мінут перад адкрыцьцём сэсіі Сэнату наш прыяцель, пастар Сэнату, сказаў: Віцэ-Прэзыдэнт ужо тут! Запраўды, неўзабаве Віцэ-Прэзыдэнт ужо вітаў нашых дэлегатаў як сваіх добрых знаёмых.
Пасьля прывітаньня ён запрасіў іх да сябе ў кабінэт на АУДЭНЦЫЮ. Ясна, радасьць нашых дэлегатаў была вялікая. Тым болей, што хоць размова была й кароткая, але прыяцельская, можна сказаць сяброўская. Нашым дэлегатам здавалася, што яны не ў кабінэце Віцэ-Прэзыдэнта наймагутнейшае дзяржавы сьвету, а ў сваім доме ў Ню-Ёрку. Мінуты хутка ўцякалі. Віцэ-Прэзыдэнт папрасіў нашага Уладыку стаць ля дзяржаўнага герба ЗША, сам стаў зьлева ад яго, далей пастар, сэнатары, Сп. К. Мерляк і было зроблена некалькі фатаграфіяў.
Але, вось, ужо загаварыў званок, знак, што сэсія Сэнату пачынаецца. Віцэ-Прэзыдэнт сказаў нашай дэлегацыі: Прашу перадаць вашым суродзічам мае шчырыя прывітаньні й найлепшыя пажаданьні з нагоды 25-га Сакавіка! Беларусь будзе незалежнаю Дзяржаваю! Пасьля ўзяў Уладыку пад руку, прывёў яго на сваю трыбуну ў Сэнаце, і сказаў: Зараз прачытае Малітву Яго Высокапрэасьвяшчэнства Васілі, Архіепіскап БАПЦарквы ў ЗША. Усе сэнатары й госьці ўсталі, і Уладыка Васілі запраўды натхнёна прачытаў яе. Віцэ-Прэзыдэнт шчыра падзякаваў яму й сказаў: а цяпер вы госьць нашага Сэнату, можаце паслухаць нашыя дэбаты, з чаго Уладыка Васілі й скарыстаў, пабыўшы ў Сэнаце каля паўгадзіны ў прыемных размовах з шмат якімі сэнатарамі. Ясна, тэмаю размоваў была Незалежнасьць Беларусі. I тут прыходзіла думка: калі Бог з намі, хто супраць нас?
I ня дзіва, што Служба Божая Уладыкі Васілія ў Нядзелю 25-га Сакавіка была вельмі ўрачыстая. Наш Кафедральны Сабор быў амаль запоўнены вернікамі зь Ню-Ёрку, Ню Брансвіку, Саўт Рывэру, Стамфорду ды іншых ваколіцаў. Вельмі прыгожа пяяў Хор пад кіравецтвам нашага рэгента Сп. М. Тулейкі. Захапленьне ўсіх вернікаў цяжка перадаць. Гэта быў гімн бязьмежнае падзякі Госпаду Богу сэрцаў Беларускіх. I гэтым гімнам падзякі й хвалы Госпаду была й натхнёная пропаведзь Уладыкі, якую ён закончыў так: Дзень свабоды нашае ўжо блізкі, ужо сьвітае, ужо цудоўнае праменьне яго пранікае ў нашае ваконца, бо: 3 намі Бог! Служба Божая закончылася Малебнам і нашым царкоўным гімнам: „Магутны Божа".

ПАСТЫРСКА-РЭГЕНЦКІЯ КУРСЫ. Ужо хутка год, як у Кліўлэндзе добра працуе гэты, наязвычайна карысны для нашае сьв. БАПЦарквы, Курс. За самаахвярную, Богу й нам мілую працу кіраўнікоў яго, а. Аляксандра _й псаломшчыка-рэгента Сп. К. Кіслага, мы можам сказаць толькі адно: шчырае беларускае дзякуй, а курсантам: памагай Божа вам, будучым будаўніком нашаа сьв. БАПЦарквы!

Высокапрэасьвяшчэньнейшых Уладыкаў нашых, Архіепіскапаў СЕРГІЯ й ВАСІЛІЯ, Высокапрэпадобных Архімандрытаў, Мітрафорных Пратаіерэяў, Пратаіерэяў, Прэпадобных Айцоў, дастойных Рэгентаў і Харыстых, Хвальныя Царкоўныя Рады, Брацтвы й Сястрыцтвы, дзяржаўныя, навуковыя й грамадзкія Установы, усіх вернікаў сьв. БАПЦарквы, і ўвесь наш Вялікі Беларускі Народ сардэчна вітаем з радасным Вялікаднем: ХРЫСТОС УВАСКРОС!

ЕПАРХІЯЛЬНАЯ УПРАВА БАПЦ АМЭРЫКІ Й КАНАДЫ.


Comments