№ 14. Каляды, 1961 Год 7


БОЖАЙ МІЛАСЬЦЮ
СЬВЯШЧЭННЫ САБОР ЕПІСКАПАЎ БЕЛАРУСКАЕ АЎТАКЕФАЛЬНАЕ ПРАВАСЛАЎНАЕ ЦАРКВЫ НА ЧУЖЫНЕ

Да ўсечэснога Духавенства, прэпадобнага Манаства, і ўсіх багалюбівых вернікаў нашых на Чужыне й на Бацькаўшчыне прабываючых
КАЛЯДНАЕ АРХІПАСТЫРСКАЕ ПАСЛАНЬНЕ

„НАРОДЖАНЫ ад Дзевы, Божа, 
памілуй нас" 
(Калядная Сьціхіра).

УЛЮБЛЕНЫЯ ДЗЕЦІ НАШЫЯ!
Вялікі прарок Давід усклікнуў: „Уваходзьце ў брамы Госпада з натхнёнымі сэрцамі, у панадворкі Яго з песьнямі хвалы! Дзякуйце Яму, слаўце імя Ягонае! Бо добры ёсьць Гасподзь: вечная Ласка Яго, і вернасьць з роду ў род!" (Пс. 100, 4-5).
Запраўды, верны Гасподзь Бог з роду ў род, і Ласка Ягоная да Нябёсаў сягае! Бо, вось, споўніў Ён абяцаньне Сваё: сярод ціхае Ночы й цемры грахоўнае ўсяго сьвету зазьзяла на небе Зорка Віфлеемская! Бог Прадвечны НАРАДЗІЎСЯ! Зыйшоў зь Нябёсаў Адзінародны Сын Божы, Ісус Хрыстос, Спасіцель наш на зямлю, стаўся Чалавекам! Як Сонейка яснае з вышыняў Усходу зазьзяў Ён Боскім Сьвятлом Сваім па ўсім сьвеце. Бясплодная пустыня паганская зацьвіла цудоўнымі краскамі Веры, Любові й Надзеі. Па высахшых, амярцьвелых нівах душаў і сэрцаў людзкіх пацяклі жыцьцядайныя ручаі Любові й Ласкі Божае! „Замест цярноўніка пачалі ўзрастаць стройныя кіпарысы, замест крапівы — мірты" (Іс. 55, 13). Пустынныя месцы пакрыліся Дамамі Божымі — Цэрквамі, у якіх, як у брамах Госпада, падобна сьпеву птушак вясеньніх, прыміраныя з Богам людзі запяялі песьні хвалы Народжанаму Боскаму Дзіцятку, Спасу нашаму!
Бясконцая тайна Прамудрасьці й Любові Усявышняга выявілася, сталася! Бог, як Чалавек зьявіўся, Нарадзіўся ад Прачыстае Дзевы ў Віфлееме. Зьявіўся, каб нас, людзей асьвяціць, абнавіць, зрабіць дзяцьмі Сваімі, падняць да вышыняў Нябесных, адчыніць нам дзьверы Раю! Радасьць нявымоўная на Небе й на зямлі! I Ангелы сьвятыя запяялі перад Віфлеемскімі пастырамі свой гімн цудоўны: „Слава на вышынях Богу, і на зямлі мір людзям добрае волі" (Лк. 2, 14).
Так, Хрыстос, Бог і Спас наш, прынёс нам зь Неба мір-супакой, як аснову Царства Божага на зямлі. Царства ўзаемнае пашаны й любові, радасьці й шчасьця. I ад таго часу, празь вякі, Ён, Бог Прадвечны, прыпамінае нам аб гэтым штогоду Сваёю Любоўю, Ласкаю, Сваімі Цудамі. Запраўды, у гэты Сьвяты Вечар усе людзі добрае волі адчуваюць Ягоную прысутнасьць між сабою, душамі сваімі бачаць Яго, і цуды творацца: людзі забываюцца на ўсе свае турботы й клопаты, крыўды й болі, бо ў ясьляў Дзіцятка душамі сваімі злучаюцца зь Ім, Прадвечным Богам, крыніцаю міру-супакою, радасьці й шчасьця, усёабыймаючае любові й выбачэньня. Для такіх радасных душаў няма ўжо ніякіх ворагаў, кожнага яны гатовыя абняць, пацалаваць, прымірыць, каб супакой Божы запанаваў усюды. I гэтую радасьць незямную адчуваем і перажываем у ясьляў Боскага Дзіцятка ня толькі мы тут у вольным сьвеце, яе перажываюць і нашыя церпячыя суродзічы ўдома, і тыя на катаргах і высылках! Усе мы пяем хвалу Нованароджанаму Дзіцятку, Богу й Спасу нашаму, разам з Ангеламі сьвятымі, і напаўняемся радаснай надзеяй на перамогу міру-супакою Божага на зямлі, на вызваленьне нашага шматпакутнага народу з бязбожнае няволі.
Нажаль, зло ўсё яшчэ пануе на зямлі. Варожасьць усё яшчэ цьвіце. Людзі ў болыпыні блудзяць па фалыпывых шляхох. Яны хочуць асягнуць мір-супакой шляхам войнаў і крыві, жалезам і вагнём. Сьляпыя яны! Бо гэта ня шлях Князя міру-супакою, Хрыста, а шлях злога духа дзеля агульнага зьнішчэньня. Мір-супакой Божы, як аснова Царства Божага на зямлі, у сярэдзіне нас, у нашых сэрцах, і здабываецца ён не варожасьцю й зброяй, а любоўю.
Вось гэтага Божага міру-супакою мы й жадаем усім вам у часе сьвятых дзён РАСТВА ХРЫСТОВАГА. Няхай у сэрцах і душах вашых гучаць у гэтыя слаўныя дні словы Ангелаў сьвятых, як натхнёная гармонія Нябёсаў, як сьвятло Зоркі Віфлеемскае, ясьляў Дзіцятка, як асьвячваючая нас Ласка Божая, прыносячая нам запраўдны супакой, задаваленьне, натхненьне, радасьць незямную. I няхай гэтая радасьць стала прабывае з вамі, і робіць вашае жыцьцё бязупынным сьвятам, а кожны Новы Год адкрывае вам новыя крыніцы шчасьця. I няхай Нованароджаны Хрыстос, Бог і Спас наш, падаруе гэты Свой мір-супакой і Ласку вам і нашай шматпакутнай Радзіме, бо толькі Ён засудзіць на пагібель нашых бязбожных панявольнікаў, і, па Веры нашай, падаруе Свабоду Сваю нашай любай пакутніцы Маці-Беларусі.
I з гэтаю Вераю, Любоўю й Надзеяй на Нованароджанага Госпада Бога й Спаса нашага, вітаем вас усечэсныя Айцы й любыя Браты й Сёстры зь вялікім і слаўным Сьвятам РАСТВА ХРЫСТОВАГА, і з надыходзячым НОВЫМ ГОДАМ! Пасылаем вам Нашае Архіпастырскае багаславенства, і ўсклікаем: НАРОДЖАНЫ ад Дзевы, Божа, памілуй нас!
Ласка й Мір Госпада нашага Ісуса Хрыста, Любоў Бога й Айца, і Прычасьце Сьвятога Духа няхай будзе з усімі вамі. АМІНЬ.

СЬМІРЭННЫ АРХІЕПІСКАП СЕРГІЙ
Глава Сьвяшчэннага Сабору Епіскапаў
Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае
Царквы

СЬМІРЭННЫ АРХІЕПІСКАП ВАСІЛІ
Сакратар Сьвяшчэннага Сабору Епіскапаў
БАПЦ на Чужыне.

Дана Году Божага 1961
месяца сьнежня
Аўстралія-Амэрыка.

ПОМНІ...
НАШ ЧАС

Цяжкі гэта час. Сілы зла, голаду, руіны й пагібелі ўсьцяж пашыраюць непакой, напаўняюць страхам увесь сьвет. Толькі некалькі год таму закончылася страшная сусьветная вайна, а падзеі ў Карэі, Ветнаме, Кубе, Конго, Лаосе ды Бэрліне, атамныя ды вадародныя бомбы, далёкасяглыя ракеты гавораць пра ўсё іншае, толькі не пра мір-супакой на зямлі.
I пытаюцца многія: што гэта ўсё значыць? Куды мы ідзем? Што нам рабіць? Звычайны чалавек памагае сабе тут проста: якось там будзе. Розныя нашыя палітыкі навет, быццам, ня дрэнна кажуць: нажаль, моцныя сьвету гэтага ня слухаюць нашых радаў, але нічога, мы ўсё роўна пераможам, няхай толькі распачнецца вайна. А дзяржаўныя мужы трацяць вялікія сяродкі, каб толькі даведацца, што мае вораг, які ён моцны, ды кажуць: вось тут, ці там вораг мацнейшы за нас, таму мы павінны ўзмоцніць гэтыя свае пазыцыі. А розныя „філёзафы" кажуць: вайна — пагібель, таму, каб пазьбегчы яе, неабходна з ворагам дагаварыцца, пайсьці яму на ўступкі, а навет і паддацца, абы .. . жыць!
Нажаль, да гэтых апошніх далучаюцца навет галасы прадстаўнікоў розных цэркваў. Некаторыя зь іх навет уважаюць, што бязбожны вораг гэты працуе згодна з ... плянамі Божымі, бо ўзмацняе свой тэхнічны патэнцыял, вось жа, садзейнічае прагрэсу (!), таму заданьнем нашага часу ёсьць: палепшаньне жыцьцёвых умоваў працуючых! А балыпыня цэркваў, не разумеючы часу нашага, стараецца ўцячы ад гэтага важнага пытаньня, таму маўчыць.
I некалі гісторыкі параўнаюць наш час з часам упадку Рымскае Імпэрыі, ды скажуць: ах, якія сьляпыя былі тады людзі! Калі-б яны зразумелі свой час, дык не дапусьцілі-б да такое руіны, вялікую славу сабе здабылі-б. Гэта будзе добры адказ, але нам ад яго ня будзе ўжо ніякае карысьці. Адказ на цяперашні час мы мусім знайсьці самі, бо ад гэтага будзе залежаць ня толькі нашая доля, але й доля нашае Беларусі, і доля сьвету.
Нам здаецца, што мы агулам добра падалі разважаньні цяперашніх як сьвецкіх, так і духоўных прадстаўнікоў адносна нашага часу, нашых заданьняў. I што-ж мы тут бачым? Ніхто зь іх навет не ўспамінае аб Гаспадары ЎСЯКАГА часу, аб ПЛЯНАХ Яго, аб Богу! Бо, калі-б успомніў, дык прыйшоў бы да дзьвёх рэчаў.
Папершае, пабачыў бы, што наш час падобны да многіх часоў Старога Запавету. Мы добра ведаем, як Ісус Навін здабыў Ерыхон. Ён здабыў яго не гарматамі, а вераю й малітвамі! Калі ў часе вайны Майсей маліўся на гары падняўшы рукі, даючы нам гэтым абраз Крыжа Хрыстовага, як пераможцы над усякім злом, дык войска Майсея перамагло многа мацнейшага ворага.
Хто з вас ведае такое імя: Халеў? I ня дзіва, што калі не чытае сьв. Пісаньня, дык і ня ведае, бо гэта ня быў ані прарок, ані выдатным ваяводца, а звычайны селянін, толькі моцны ў Веры, таму й вартасны ў Бога. Майсей зрабіў адзіную памылку, за што й быў пакараны Богам: паслаў 12 разьведчыкаў у зямлю Абяцаную, дык сярод іх быў і Халеў з Ісусам Навінам. Калі разьведчыкі вярнуліся, дык 10 зь іх сказалі: не, мы ня можам увайсьці туды. Гарады там моцныя, а народ вялікі, дужы, ваяўнічы. Вось жа, за гэтай матар'яльнай моцай яны ня бачылі непараўнальна болыпай моцы: Бога, Каторы іх і вёў туды. I толькі Халеў з Ісусам Навінам цьвердзілі: пойдзем, і пераможам! Аднак, народ паслухаў балыпыні разьведчыкаў, і не пайшоў.
I разгневаўся Бог на малаверны народ гэты, і сказаў: Ніхто з вас ня ўвойдзе ў зямлю Абяцаную акрамя двох: Халева ды Ісуса Навіна, бо толькі яны годныя Ласкі Мае дзеля цьвёрдае Веры свае. I так сталася! Каля міліёну людзей зьнікла дзеля свайго малаверра, у тым ліку ня мала й духавенства (няхай же яно памятае аб гэтым асабліва цяпер), а толькі двох з усіх іх засталіся ў памяці людзей навекі.
I ўсё роўна ПЛЯН Божы споўніўся: іудэі прыйшлі ў зямлю Абяцаную, як Гасподзь Бог і гаварыў аб гэтым Патрыархам. Ды прыйшлі амаль безь ніякае вайны. Бо, як вучыць нас сьв. Апостал Павал: Усё, што я раблю, ня я раблю, а Хрыстос, Каторы ўва мне прабывае. Так было й там. Народ ужо меў цьвёрдую Веру, і верны Бог кожнаму слову Свайму: Ён Сам зрабіў дарогу яму.
Падругое, Сам Хрыстос сказаў: Калі будзеце мець Веру, дык зробіце тое, што Я раблю, бо ўсё будзе магчымае для вас! Таму, вось, усякія аблічаньні сілы бязбожнага ворага гэта толькі абраза Бога збоку веруючых! Бо гэта спадзяваньні толькі на сябе, а ня ў першую чаргу на Бога. Усё, што павінен ведаць тут запраўды веруючы, гэта тое, што зь ім Усемагутны Бог, ды што ўсе слугі шатана засуджаны Плянам Божым на пагібель.
Таму, калі-б людзі вольнага сьвету запраўды мелі Веру, яны ведалі-б, што зь імі Сіла Божая! I калі-б з гэтаю Вераю й Сілаю яны пайшлі на багаборцаў, дык сталася-б тое, што сталася зь Ерыхонам: шчэзьлі-б гэтыя багаборцы амаль без вайны! Мы ведаем, што многія тут скажуць: ну, гэта ўжо звычайная містыка! Аружжа можна перамагчы толькі аружжам! На гэта мы адкажам: а чым вы тут розьніцеся ад таго міліёну ў пустыні? I вы кажаце, што вы хрысьціяне? А дзе Вера вашая? Глядзеце толькі, каб і вы ня былі сярод таго міліёну, бо час ужо вельмі блізкі.
Бо Плян Божы, а гэта й ёсьць разуменьне часу нашага, усё роўна СПОЎНГЦЦА! Што-ж гэта за Плян Божы? Мы дакладна ня можам ведаць, ці мы беспасярэдня знаходзімся перад прыходам Антыхрыста, а гэтым і Другім Прыходам Хрыстовым, ці перад Валадарствам Сьвятых, аб якім гаворыць прарок Даніель. Аднак, адно для нас ясна: неўзабаве Гасподзь Бог тым ці іншым спосабам ўсім, што адзін Ён — Валадар і Законадаўца сьвету! Таму неўзабаве ўсе бязбожнікі згараць як салома, а праведнікі возьмуць зямлю ў валаданьне. Мы ня можам ведаць дня, але бальшавіцкая тыранія, якая адкрыта пярэчыць Плянам Божым, нямінуча шчэзьне з паверхні зямлі. Сучасны Бабілён гэты ўжо ад пачатку свайго засуджаны.
Ну, вось, і добра, скажуць многія. Значыць, дэмакрацыя пераможа! Папершае, і гэта частка разуменьня часу нашага, не дэмакрацыя пераможа, а толькі Бог! Падругое, якая дэмакрацыя? Тая, што стала спараджае бязбожжа, балыпавізм? Тая дэмакрацыя, якая навет у нашыя алакалілтычныя часы ня бачыць сьв. Шсаньня, Бога й Сілы Яго? Не, і дэмакрацыя гэтая засуджаная! Чаму, скажаце, ці-ж у Плянах Божых няма свабоды ? Якраз таму, што ў аснове Плянаў Божых ёсьць свабода! Бо Сам Бог гэта, між іншым, СВАБОДА, па слову сьв. Апостала Паўла: Дзе Дух Гасподні, там і Свабода. А гэта значыць: мы толькі тады маем свабоду, калі асноваю яе ёсьць Бог! Усякая іншая свабода — фалын, бо яна раней ці пазьней, дзякуючы засьлепленасьці людзей, павяртае да асновы свае: ілжы, абману, тыраніі, рабства й пагібелі.
Людзі толькі тады будуць свабоднымі й шчасьлівымі, творчымі й магутнымі, калі ўпадуць на калені, ды шчыра з пакораю скажуць: Божа! Ты адзіны Валадар, Законадаўца й Кіраўнік на Небе й на зямлі. Таму кіруй намі, каб мы сталіся слугамі й супрацоўнікамі Тваімі, і гэтым цешыліся й радаваліся ў Свабодзе Тваёй!
Але магчыма нехта скажа: а хто-ж навучыць нас належна разумець Волю й Свабоду Божую? На гэта мы адкажам словамі Самога Хрыста да Апосталаў: Не бядуйце, што вы будзеце гаварыць перад паганскім судом, бо Дух Сьвяты навучыць вас тады, што вы маеце гаварыць. I так было. Вось жа, калі мы зь любоўю аддамо сябе ў рукі Божыя, дык Ён Сам навучыць нас усяму Духам Сваім Сьвятым праз сумленьне нашае.
I ў гэтым значэньне часу нашага. Бог паказвае нам цяпер, які слабы наш розум людзкі, да якіх бедаў і няшчасьцяў ён можа нас прывясьці. Людзі зрабілі страшную памылку ў сваім змаганьні за свабоду: яны аперліся толькі на свой розум людзкі, а на аснову ўсяго, на Бога, забыліся, або навет выступілі супраць Яго. I Ён пазволіў ім пазнаць плады розуму гэтага: пагібель. Вось так Бог пазволіў людзям кінуць самых сябе на зямлю, каб яны ўрэшце вочы свае паднялі да Неба. I гэтую сваю пагібель людзі ўжо пабачылі, але вачэй сваіх падняць да Неба ўсё яшчэ ня хочуць, таму й ратунку не знаходзяць. А ратунак адзіны: з пакораю ўсім, сьвецкім і духоўным, стаць на калені й шчыра прасіць: Божа! Заблудзілі мы! Выбач нам! Навучы, памажы, уратуй! Няхай прыйдзе Валадарства Тваё на зямлю, бо Ты адзінае нашае спасеньне.
Але словаў яшчэ мала. Гэта добры пачатак, але не канец, таму й не ратунак. Бог глядзіць не на вусны, а на сэрцы — чыны нашыя. Вось жа, неабходна духова сябе абнавіць так, каб мы стала рабілі толькі адно: дабро, пашыралі толькі адно: любоў, ворагам сваім уважалі толькі аднаго: багаборца, славілі толькі аднаго: Бога. Тады розум наш увойдзе ў гармонію з Прамудрасьцяй Божай, мы станемся супрацоўнікамі ў Плянах Яго, а пладамі гэтага будзе наш ратунак, свабода й шчасьце.
Адначасна будзем стала дзякаваць Госпаду Міласэрнаму, што Ён падараваў нам нашую сьв. ЕАПЦаркву, каб мы з дапамогаю яе былі ў гармоніі з Плянамі Яго. Зь міліёну іудэяў у пустыні ў зямлю Абяцаную ўвайшло толькі двох. Таму справа ня ў тым, сколькі нас, а ў тым: ЯКІЯ мы! Каб мы маглі збудаваць Беларусь такую, якая бы пайшла па шляху Свабоды Божае, была ў гармоніі з Плянамі Яго: была Валадарствам Ягоным, а таму запраўды свабодная, слаўная, шчасьлівая, ды да канца веку.
I аб гэтым стала ПОМНІ, калі жадаеш дабра сабе й свайму народу. Нашая сьв. БАПЦ стараецца разумець Волю Божую й Пляны Яго, і вясьці сваіх вернікаў у нашую зямлю Абяцаную на Славу Яму, і дабро нашае. Таму падумай, ці ты зь ёю, ці ты належна ўзмацняеш яе? Калі так, дык ты зразумеў значэньне часу нашага, і можаш радавацца. Супакой Божы будзе з табою, бо ты ўжо будаўнік Валадарства Божага, а гэтым і нашае будучае слаўнае Дзяржавы — Беларусі. Таму нічога ня бойся. Якая бы катастрофа не прыйшла, ты не загінеш! Гасподзь Міласэрны ўратуе цябе, як некалі ўратаваў Ноя, Лота й трох юнакоў з печы вагняное! Бо ў Бога ўсё магчыма. Таму захавай словы гэтыя, стала іх чытай, і так рабі.

НОВЫ АМЭРЫКАНСКІ ЗАКОН ДЛЯ БАПЦ

Бяручы пад увагу адзнаку Аўтакефальнасьці Царквы як яе самакіраваньне, пачаткі гэтае Аўтакефальнасьці Беларускае Праваслаўнае Царквы адносяцца ўжо да першых Праваслаўных Епархіяў Беларускіх удзельных Княсьтваў: у Полуцку — 992, Турава-Пінску — 1005, Смаленску — 1101. Узмацненьне й афармленьне самастойнасьці Беларускіх Праваслаўных Епархіяў наступіла ў 1291 г. пры зарганізаваньні Наваградзкае Мітраполіі, якая ўзяла пад сваю апеку ўсе існуючыя Епархіі. У 1316 г. Патрыарх Іван ХПІ Глікіс ратыфікаваў Наваградзкую Мітраполію, якая цешылася вялікай павагай у праваслаўным сьвеце. Наваградзкія Мітрапаліты бралі ўдзел у паседжаньнях Царгародзкага Патрыаршага Сыноду ў 1317, 1327, 1329 гг.
На Саборы Праваслаўнае Царквы Вял. Княсьтва Літоўскага ў 1415 г. беларусы ўжо скарысталі з Аўтакефальнасьці свае Праваслаўнае Царквы: самі выбралі сабе Мітрапаліта Рыгора Цамблака.
У часе паняволеньня Беларусі Расеяй царскі ўрад сілай, а таму й некананічна, падпарадкаваў БАПЦаркву маскоўскаму патрыарху. Таму, калі толькі надарылася магчымасьць ў часе Напалеонаўскае Кампаніі, беларускі Архіепіскап у Магілеве Варлаам ізноў, хоць і на кароткі час, аднавіў Аўтакефалію БПЦарквы. Гэта мы бачым з пазьнейшых царскіх абвінавальных Актаў, у якіх сказана, што Арх. Варлаам хацеў стацца Беларусскім Мітрапалітам, за што й загінуў.
Пасьля ўпадку царскае Імпэрыі, у 1922 г., на Саборы ў Менску Беларуская Праваслаўная Царква аднавіла сваю Аўтакефалію на чале з Мітрапалітам Мэлхісецэкам, і такім чынам вярнула сабе сваё ранейшае палажэньне, незалежнае ад маскоўскага патрыарха. I хоць маскоўскія бязбожнікі замучылі Мітрапаліта Мэлхіседэка ў 1925 г., аднак, Сабор у Менску яшчэ раз ў 1927 г. пацьвердзіў Аўтакефалію БАПЦ. Нажаль, балыпавіцкі тэрор скора поўнасьцю зьліквідаваў ня толькі сьв. БАПЦ, але й амаль усе яе Духавенства й мноства вернікаў.
Але, вось, у 1942 г., на Саборы ў Менску сьв. БАПЦарква была ізноў адноўленая, толькі, нажаль, не надоўга: балыпавіцкая перамога прынясла для яе новае зьнішчэньне. Але дзякаваць Богу гэтым разам нашая сьв. БАПЦ ўжо не перастала існаваць, ня гледзячы навет на моцны ўдэр для яе ўжо тут на эміграцыі ў 1946 г.
Бо, вось, самаахвярная й патрыятычная частка нашага Духавенства й міран на Саборыку ў Канстанцы ў 1948 г. падняла патаптаны сьцяг нашае сьв. БАПЦарквы, і аднавіла яе жыцьцё й дзейнасьць на Славу Богу, і на дабро ўсяго нашага Беларускага Народу, як непарушную духовую аснову ягонае сувэрэннасьці.
I Бог багаславіў гэты ахвярны чын нашых суродзічаў вялікаю Ласкаю Сваею: падараваў нам Сьвяшчэнны Сабор Епіскапаў. Ад гэтага часу яна пачала сваю збаўленную для нас дзейнасьць: пашыраць і ўзмацняць свае Парафіі па ўсім вольным сьвеце.
Насьледкам гэтага 29-30-га травеня 1960 г. адбыўся Епархіяльны Сабор нашае сьв. БАПЦарквы ў Ню-Ёрку. Тут быў прыняты й зацьверджаны Епархіяльны Статут для кіраваньня нашым царкоўным жыцьцём згодна з Канонамі Сьв. Праваслаўнае Царквы. Больш таго, для ўнармаваньня праўнага становішча БАПЦ ў ЗША, Епархіяльная Управа зьвярнулась да законадаўчых уладаў Штату Ню-Ёрк з просьбаю выдаць для нашае сьв. БАПЦ спэцыяльны Закон. I з Ласкі Божае гэта сталася. Нашую просьбу прыняла Ассамблея Штату Ню-Ёрк дня 7-га красавіка, дня 22-га красавіка гэтую пастанову Ассамблеі зацьвердзіў Губэрнатар Штату, і ўжо 19-га травеня сярод іншых самастойных Цэркваў у Амэрыцы была апублікаваная й нашая сьв. Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква, для якой быў прызнаны новы Закон праз увядзеньне новага ХVIII-га артыкулу спэцыяльна для БАПЦ.
Вось так, прынамсі ў вольным сьвеце, нашая сьв. БАПЦарква сталася поўнапраўнаю, самостойнаю сярод іншых цэркваў. I гэта цешыць ня толькі нас тут на эміграцыі, але з гэтага напэўна цешацца й нашыя церпячыя суродзічы ўдома. Бо-ж гэты, хай сабе й чыста адміністрацыйны мамэнт, усё-ж узмацняе наш нацыянальны гонар, папулярызуе імя Беларусі. Таму дзень 19-га травеня важная дата ў гісторыі нашае сьв. БАПЦарквы.
А цяпер дзешто скажам адносна яе чыста духоўнага палажэньня. На працягу вякоў нашая сьв. БАПЦарква была поўнасьцю кананічная, бо была ў Сьпіску-Каноне ў Царгародзкіх Патрыархаў. Фактычна й цяпер яна засталася такою самаю. Бо ліквідацыя, падпарадкаваньне яе маскоўскім патрыархам адбылося сілаю, а таму й некананічна. Гэта мы бачым з Томасу Царгародзкага Патрыарха Аўтакефальнай Праваслаўнай Царкве ў Полыпчы, дзе ясна сказана: Ліквідацыя Беларускае й Украінскае Мітраполіяў маскоўскімі патрыархамі адбылася некананічна.
Таму таксама сказаў нашай дэлегацыі сьв. п. Мітрапаліт Палескі Аляксандар: вашая БАПЦарква поўнасьцю кананічная, бо яна была зарганізаваная паводля ўсіх Правілаў-Канонаў царкоўных: на сваёй зямлі, сваім Саборам Духавенства й міран. Таму й ня дзіва, што з нашымі Епіскапамі служаць Епіскапы Усяленскага Патрыарха, а з нашым Духавенствам служыць грэцкае Духавенства. Болып таго, Экзарх Усяленскага Патрыарха ў Эўропе ня толькі сам служыць ужо на працягу гадоў з нашым сьвяшчэньнікам, але навет даручыў яму часова выконваць функцыю Настаяцеля свайго Сабору. Што ўсё гэта значыць ? Тое, што Усяленскі Патрыарх добра ведае, што нашая сьв. БАПЦарква дэ-факто кананічная, і толькі жыцьцё тымчасам адцягвае мамэнт поўнага яе афармленьня праз аднаўленьне яе месца ў Сьпіску-Каноне, як і сказаў сьв. п. Мітрапаліт Аляксандар.
Але на гэтым вартасьць нашае сьв. БАПЦарквы не канчаецца. Магчыма неўзабаве мы вернемся ў вольную Беларусь. I што-ж будзе там? Бальшавіцкая іерархія, ясна, не застанецца на нашай Радзіме. Якая-ж будзе там Царква? Вось тут мы прыходзім да тае вялізарнае шкоды, якую стараюцца нам прыгатаваць дзеякія „багасловы", якія цьвердзяць, што яны маюць кананічную „царкву". Сколькі бы ня было такіх „цэркваў", усё роўна ЦАРКВЫ зь іх ня будзе, бо гэта толькі ПРЫХОДЫ. Хто-ж бы прыйшоў туды, калі-б ня было нашае БАПЦ? Туды прыйшла бы Расейская Царква! Гэта ў незалежную Беларусь! Папробуйце тады змагацца зь імі! Адразу пачнуць даказваць, што Беларуская Рэспубліка перасьледуе Царкву! Паляцяць мэмарыялы, пратэсты! А для большае важнасьці такія пратэсты падпішуць і тыя „беларускія" епіскапы, якія спрычынілі нам крывавыя раны!
Мы маем „аўтаномію"! Мы толькі „часова" належым да Расейскае Царквы! Мы, вось, неўзабаве абвесьцім сваю Аўтакефалію, як толькі атрымаем багаславенства ад свае . .. „маці"! Нашая дэлегацыя ўжо выяжджае ў Маскву! Таму, будзьце цярплівыя, пачакайце!
Здаецца ўсё ясна. Нязьлічоныя ахвяры, мора крыві нашага пабожнага народу хочуць зьмяшаць з балотам. Фальшыва прыкрываючыся канонамі, хочуць выкапаць яму пад нагамі нашага народу.
Толькі надарэмна стараюцца. Балыныня нашых суродзічаў ужо бачыць гэта, разумее, і радуецца з свае сьв. БАПЦарквы, усякім спосабам узмацняе яе й ганарыцца ёю, бо яна сувэрэнная база нашага
духовага жыцьця тут і аснова нашага дзяржаўнага жыцьця ў вольнай Беларусі. Таму, слава Богу на вышынях! 

Я. Клім

ЛАСКА ДЗІЦЯТКА

Невялікае мястэчка Н. Спакойнае жыцьцё тут. Як і ў бальшыні нашых мястэчкаў, тут ёсьць царква, касьцёл і сынагога. Людзі тут ветлівыя, сардэчныя, таму й жыцьцё іхнае, хоць і не багатае, але прыгожае. Штотыдня тут адбываюцца кірмашы, а ў сьвяты Службы Божыя, калі да мястэчка зьяжджаюцца сяляне з вакалічных вёсак, тады тут асабліва весела й цікава. Часам тут ладзяцца розныя забавы з скокамі. На такія забавы прыходзіць моладзь зь бліжэйшых вёсак, і ніхто не пытае тут: адкуль ты? Калі ласка, баўся сабе на здороўе, абы толькі прызваіта, хораша.
I на адну такую забаву прыйшоў Васіль з суседняе вёскі, дзе ён працаваў у аднаго заможнейшага селяніна. Васіль быў сірата, і можа таму ён быў асабліва працавіты, старанны, ветлівы. I ня толькі гаспадар, але й усе ў вёсцы любілі яго. Аднак, яму ўсё чагось бракавала, ён усё чагось шукаў, сумны быў.
На забаве яму ўпала ў вока адна дзяўчына. Аднак, ён нічога не сказаў ёй аб гэтым, бо быў надта сарамязьлівы. Толькі падумаў сабе: я мушу быць блізка яе, таму мушу знайсьці сабе працу ў мястэчку. I гэта сталася. Неўзабаве ён ужо працаваў у найлепшага шаўца, стаўся вучнем у яго. I гэты гаспадар скора палюбіў Васіля, бо было за што. Праз пару год ён ужо сам шыў усякі абутак: чаравікі й боты. Ды як шыў! Гаспадар ня мог нахваліцца ім, бо кожны хацеў мець боты ад Васіля. А дзяўчаты чаравікі! Ясна, тая дзяўчына, што ўпала яму ў вока, атрымала ад яго такія чаравікі, што кожны толькі заглядаўся на іх! А дзяўчына гэтая, Галінка, пачала заглядацца на майстра. На кожнай забаве толькі й чакала на яго. А Васіль толькі й углядаўся, дзе ягоная Галінка.
I ня дзіва, што яны неўзабаве пажаніліся. Яшчэ лепш пачаў працаваць Васіль, ды ўжо ня толькі на сябе, але й на жонку, і на дзетак. I ў хаце ў іх быў дастатак, супакой, радасьць. Асабліва тады, калі ўсё мястэчка выбрала яго сваім бургомістрам. Здавалася-б, большае радасьці ўжо ня трэба. Аднак, жонка часта заўважала, што яе Васіль часам вельмі сумны. 3 трывогаю яна пытала ў яго: што з табою, Васільку? Чаго ты сумуеш? Па тату, маме? А Васіль толькі цяжка ўздыхаў і пяшчотліва адказваў ёй: не пытай, Галінка, сэрца маё. Хрыстос паможа. Мне здаецца, што наш царкоўны стараста дзешто ведае. Ня раз ужо я гаварыў зь ім, пытаўся ў яго адкуль ён? Але ён, як ведаеш, вельмі скупы на словы, і навет гневаецца на мяне, што мне вельмі прыкра, бо-ж гэта залаты чалавек.
Гэта ты гаворыш пра старога Андрэя? Ах, Васільку, гэта запраўды залаты чалавек, і як усе любяць яго! Яшчэ малою дзяўчынкаю я палюбіла яго, і часта прасіла маму даць мне пару грошаў на сьвечачку, каб так загаварыць зь ім, зрабіць яму прыемнасьць. I ніхто ня ведае адкуль ён. Мама мне толькі апавядала, што ён доўга быў работнікам у бацюшкі, а пасьля выбралі яго царкоўным старастам. Але, але, Галінка, ніхто ня ведае, але Бог хіба ведае, і можа мы некалі даведаемся.
Прайшло некалькі год. Было Раство Хрыстовае. На другі дзень, пасьля Службы Божае, сьвяшчэньнік сказаў прысутным: наш царкоўны стараста хоча сказаць вам нешта. Таму прашу ўсіх да залі. Ясна, Васіль з Галінкаю зараз-жа пасьпяшылі туды. I вось, стары Андрэй пачаў апавядаць.
Любыя мае! Я ўжо скора памру. Я ўжо выспавядаўся й прычасьціўся. На сповядзі я ўсё расказаў нашаму Айцу, і тое, што я не Андрэй, а Сьцяпан. I ён разграшыў мяне. Але ў мяне на сэрцы такі цяжкі камень, такі грэх, што я не магу пазбавіцца яго, і баюся стаць зь ім перад Богам. Таму я прашу вас усіх выбачыць мне, калі можа я спрычыніў каму крыўду якую, але кажу: гэты камень мог бы зьняць зь мяне толькі мой сынок, Васіль.
Многа год таму я быў вялікім п'яніцаю, чым спрычыняў многа гора й бяды сваёй залатой Марыльцы ды малому сынку. I, вось, аднаго разу, на Раство, я прыйшоў дамоў моцна п'яны. Мая Марылька пачала плакаць. Я вельмі раззлаваўся, і... выкінуў яе з хаты, а быў вялікі мароз, да таго яна ўжо была хворая. Мой сынок пача|ў моцна плакаць і прасіць мяне, каб я забраў маму ў хату. Але я.... і яго ... выкінуў на мароз. А пасьля пайшоў на забаву, і там моцна покалечыў аднаго чалавека, за што прасядзеў некалькі год у турме.
Там я апамятаўся, але ўжо было позна. Вышаўшы з турмы я даведаўся, што мая Марылька памерла, а пра Васілька й цяпер нічога ня ведаю. Хіба ён, бедны, таксама недзе загінуў. Многа ночаў я праплакаў, маліўся за яго й Марыльку, прыносіў кветкі на яе магілку, прасіў выбачэньня ў яе. Можа яна й прыняла мае сьлёзы, выбачыла мне, ня ведаю. Але, вось, свайго Васілька я ніяк знайсьці ня мог. I ня ведаю, ці я пазнаў бы яго, каб і пабачыў, бо-ж было яму тады толькі чатыры гадкі. О, як хацеў бы я знайсьці яго, папрасіць: Васільку, сынок, выбач свайму старому тату. Дай спакойна памерці...
Усе ў залі пачалі плакаць, асабліва жанчыны. I раптам скочыў Васіль, моцна абняў старога. Тату, дарагі тату! Гэта я, ваш Васіль! Я выбачаю, ад усяго сэрца выбачаю! I дзякую Дзіцятку ў ясьлях, што Яно памагло мне знайсьці вас!
А стары, увесь у сьлязах, толькі паўтараў: Васільку, Васільку. . . ты, такі начальнік у мястэчку, мой сын! Ніколі ня мог бы й падумаць ... О, як я дзякую табе! Але асабліва дзякую Табе, Хрысьце Ісуее ў ясьлях, за такую вялікую Ласку Тваю ў дзень Раства Твайго! Цяпер я магу спакойна памерці.
А тут падскочыла Галінка: тату, пойдзем да нашае хаты, там пабачыце ўнучкаў сваіх, і там разам падзякуем Боскаму Дзіцятку за Ягоную Ласку да ўсіх нас!
О, Божа, памажы мне зьмясьціць усю гэтую радасьць у сэрцы маім! ужо весялей закончыў шчасьлівы Сьцяпан, а ўся заля пачала натхнёна пяяць: Раство Тваё, Хрысьце Божа наш. ..
Пасьля Вялікадня памёр Сьцяпан. Усё мястэчка хацела яго пахаваць на сваіх могілках, але ён, паміраючы, прасіў Васіля: сынку,
пахавай мяне каля мамы. 

Галя

УСЕПРАВАСЛАЎНАЯ КАНФЭРЭНЦЫЯ НА РОДОСІ, ГРЭЦЫЯ

Такая Канфэрэнцыя адбываецца тут зь ініцыятывы Усяленскага Патрыарха Атэнагораса. Канфэрэнцыя не прыймае ніякіх пастановаў, а толькі мае разглянуць такія, асабліва важныя для Праваславія, справы: суадносіны між паасобнымі Праваслаўнымі Юрысдыкцыямі; суадносіны Праваслаўных да не-Праваслаўных; становішча Праваславія да Сабору Рыма-Каталіцкае Царквы; магчымасьць аб'еднаньня Армянскае й Каптыйскае Цэркваў з Праваслаўнаю Царквою; перагляд кананічнага права; пераклад Бібліі й літургінных кнігаў; адзінства ў Чынах; кананізаваньне новых сьвятых; спосаб выбіраньня Архіепіскапаў; манаства; перагляд законаў посту; праца сьвецкіх у Царкве; шлюбы й разводы, ды іншыя сацыяльныя пытаньні.
На Канфэрэнцыю пакліканыя прадстаўнікі Усходніх Патрыархаў ды прадстаўнікі маскоўскага патрыарха, і ягоных царкоўных сатэлітаў: Румыніі, Баўгарыі, Польшы, Чэха-Славакіі, Македоніі й Албаніі. Ані адна Царква на эміграцыі не пакліканая.
Як падае прэса, дэлегацыю маскоўскага патрыарха, а гэтым дэ-факто й дэлегацыі сатэлітных цэркваў, ачольвае архіепіскап Нікадым, галава замежных дачыненьняў маскоўскае патрыархіі. Між іншым, паводля вестак з прэсы, гэты самы Нікадым яшчэ пару год таму насіў уніформу ахвіцэра бясьпекі. Ён жа нядаўна суправаджаў патрыарха Аляксея ў ягоных адведзінах Усходніх Патрыархаў, і безь яго Аляксей не зрабіў ані кроку, хоць пры гэтым быў і заступнік Аляксея, мітрап. Піцірым. Але апошні нідзе ні ў якіх візытах Усходнім Патрыархам удзелу ня браў ...
I, вось, арх. Нікадым адразу паставіў на парадак дня Канфэ-рэнцыі пытаньне: барацьба з нацыяналізмамі. Ужо гэтае пытань-не ясна кажа нам, што арх. Нікадыма зусім не цікавіць Праваславіе, а толькі адно: выканаць волю свайго гаспадара — Мікіты. У таго адзін „савецкі" народ па назове, а па сутнасьці — суцэльная русыфікацыя, таму й барацьба з „буржуазным" нацыяналізмам, а ў гэтага тое самае: адзінае „Праваславіе" з адзіным гаспадаром: Мікітаю, парапрашаем, маскоўскім патрыархам!
Ясна, уся справаздача арх. Нікадыма зьвялася да аднаго: поўнае свабоды Рэлігіі й Царквы ў СССР! Тымчасам аб гэтай „свабодзе" гаворыць нам сама савецкая прэса наступнае: у Беларусі закрыта 300 цэркваў і манастыр у Горадні. Пад пагрозаю закрыцьця знаходзіцца й адзіная духоўная Сэмінарыя ў Жыровіцах. На Украіне закрытыя ўжо дзьве духоўныя Сэмінарыі: у Кіеве й Адэсі, і ў стане ліквідацыі знаходзіцца апошняя ў Луцку. У апошнім часе 20 Епархіяў у СССР засталіся без кіруючых епіскапаў, бо ўсе яны арыштаваныя, або памерлі, а новых няма. На ўсей Беларусі фактычна толькі АДЗІН епіскап!
Такі фактычна жахлівы стан царкоўна-рэлігійнага жыцьця ў СССР. Хвалі тэрору, арыштыў духавенства, закрываньне цэркваў, вымушаньне падпісаў веруючых аб адрачэньні ад рэлігіі й царквы з аднаго боку, і хваласьпевы арх. Нікадыма аб „свабодзе" рэлігіі ў СССР на Усеправаслаўнай Канфэрэнцыі!
У сувязі з гэтым, ды прыймаючы пад увагу нашыя апакаліптычная часы, хочацца запытацца ў кіравецтва Канфэрэнцыі: камо градзешы? Адзіным, праўда, пасрэдным пазытыўным мамэнтам яе ёсьць толькі тое, што грэцкі ўрад забараніў Нікадыму падарожжа на Афон.

ПРАКТЫЧНАЕ АБ'ЕДНАНЬНЕ

У сваёй нядаўняй прамове адносна настаўленьня Рыму да Праваславія Патрыарх Атэнагорас сказаў: „Каталікі ўжо не называюць нас схізматыкамі, але чаму яны заклікаюць нас як „раз'еднаных братоў"? Калі мы браты, дык мы не раз'еднаныя. Чаму папа ўжывае слова „паверненьне" адносна не-каталікоў ? Гэта ня ёсьць належны спосаб да аб'еднаньня... Сяньня аб'еднаньне цэркваў немагчымае, бо існуюць разыходжаньні, якія багасловы мусяць узгодніць. Але няхай мы, як дзеці Госпада, пачнем ПРАКТЫЧНАЕ аб'еднаньне".

ХРОНІКА

НЮ-ЁРК. ХРАМАВАЕ СЬВЯТА. Усе Сьвятьш радасна пяюць хвалу Госпаду ў Прастолу Славы Яго ды моляцца за нас. Ясна, Угоднікі Божыя зямелькі нашае моляцца да Госпада й за родны ім церпячы Беларускі Народ. Таму яны — нашыя Апякуны-Патроны. I сярод іх наш слаўны сьв. Кірыла Тураўскі, Патрон нашага Кафедральнага Сабору. Ягонымі малітвамі й любоўю да нас, наш Кафедральны Сабор усьцяж прыгажэе, усё больш радуе ўсіх нас.
Таму вельмі радасным было нашае Храмавае Сьвята сёлета, 14-га травеня. Уладыка Васілі ў асысьце мітраф. прат. а. Сьцяпана адслужыў сьв. Літургію, а пасьля Малебен да нашага слаўнага Патрона й Златавуснага сьв. Кірылы Тураўскага. Сабор быў запоўнены вернікамі зь Ню-Ёрку й ваколіцаўУ сваёй натхнёнай пропаведзі Уладыка моцна парадаваў душы й сэрцы ўсіх духоўным мёдам, хараством, незямною насалодаю й любоўю Божай твораў сьв. Кірылы, які паўстаў перад намі як вечна жывы й дзейны, сьвяты й слаўны наш Патрон і любы суродзіч. Вельмі прыгожа пяяў Хор пад кіравецтвам Сп. М. Тулейкі.
Пасьля гэтае духоўнае насалоды каля дзьвёх сотняў вернікаў перажылі яшчэ іншую радасьць пры супольным абедзе, за які вялікая падзяка нашым жанчынам. Наш слаўны Патрон, ды ўсе іншыя нашыя Сьвятыя былі й тут з намі, бо-ж мы й тут на чужыне перахоўваем нашыя традыцыі й звычаі, мілыя Богу й ім. I ў гэтым сэнсе прыгожа прамаўлялі многія прысутныя, а таксама й Уладыка Васілі. Усе горача дзякавалі Богу й сьв. Кірыле за гэтую нашую радасьць, якая злучыла нас у адну брацкую сямейку пры сьв. БАПЦ, дзякуючы якой Ласка Божая да нас яшчэ павялічыцца.

ГАДАВЫ ЦАРКОЎНЫ СХОД. Нашая дасюляшняя Царкоўная Рада пад кіравецтвам Сп. М. Тулейкі працавала два з паловаю гады. I вельмі добра працавала. Яна, між іншым, правяла шматлікія рамонты будынку, сярод якіх былі такія вялікія, як уладжаньне цэнтральнага аграваньня ды памаляваньне будынку звонку. Таму й ня дзіва, што бюджэт за гэты час падняўся да 18-ці тысячаў даляраў, зь якіх было выдаткавана звыш 16-ці тысяч. I зразумела, што Агульны Сход, які адбыўся 19-га лістапада, выказаў Царкоўнай Радзе шчырую падзяку, і моцна прасіў усіх сяброў яе застацца на наступныя два гады.
Нажаль, дасюляшні выдатны Старшыня яе Сп. М. Тулейко, дзеля многіх іншых абавязкаў, ня мог далей выконваць функцыі Старшыні, але пагадзіўся застацца ў Царкоўнай Радзе. Таксама амаль усе іншыя сябры Царкоўнае Рады пагадзіліся працаваць далей, таму быў выбраны толькі новы Старшыня Сп. Іван Казьлякоўскі, і два новыя сябры. Усе прысутныя прывіталі такую новую Царкоўную Раду, бо былі пэўныя, што яна таксама добра выканае свае абавязкі.
Агульны Сход прыняў пастанову перарэгістраваць Прыход нашага Кафедральнага Сабору на прызнаны нам спэцыяльны артыкул 18.

СЬВЯТА НАШЫХ ГЕРОЯЎ. Гэтае сьвята адбылося тут вельмі ўрачыста 3-га сьнежня. Уладыка Васілі адправіў Заўпакойную сьв. Літургію й Паніхіду. Малітоўны настрой вернікаў Уладыка ўзмоцніў і натхніў сваёю пропаведзьдзю, у якой паказаў, як Гасподзь Міласэрны прыняў ахвяру крыві нашых Герояў, яе асьвяціў, і нас багаславіў, падараваўшы нам нашую сьв. БАПЦаркву, як духовуго аснову нашае будучае незалежнае дзяржавы. Вельмі прыгожа пяяў Хор пад кіравецтвам рэгента Сп. М. Тулейкі. У часе Паніхіды наш Сабор зьзяў сьвятлом сьвечак у руках усіх вернікаў. Наперадзе краоавала ганаровая варта Вэтэранаў з сваім сьцягам. Усё гэта вельмі ўзмацняла ўрачыстасьць Службы Божае ды напаўняла сэрцы ўсіх вялікаю падзякаю Богу, і любоўю да нашых незабыўных Мучанікаў-Герояў, нашаю Вечнаю Памяцьцю аб іх. 3 гэтага напэўна радаваліся яны, вечна жывыя Героі нашыя, бо яны бачылі, што мы добра выпаўняем ідэі іхныя.
Пасьля адбыўся супольны абед і Акадэмія, якую адкрыў Старшыня ЗБВ Сп. Ул. Курыла. Акадэмія пачалася гімнам Герояў: Сьпі пад курганам ..., і закончылася Нацыянальным Гімнам, якія прыгожа прапяяў Хор пад кіравецтвам Сп. М. Тулейкі.


КАНАНІЧНЫЯ ВІЗЫТАЦЬН ЎЛАДЫКІ ВАСІЛІЯ

КЛІЎЛЭНД. Тут ужо зьзяе сваёю красою й нашым нацыянальным гонарам нашая пракрасная Царква. Тут ужо ёсьць наш выдатны Настаяцель а. Аляксандар, ды наш цудоўны Хор пад кіравецтвам пракраснага рэгента й кампазытара Сп. К. Кіслага. Вялікая радасьць! Але радасьць у Богу бязьмежная. Таму, каб узмоцніць гэтую сваю радасьць у дзень нашага Храмавага Сьвята Жыровіцкае Маці Божае, 21-га травеня, быў запрошаны да нас Уладыка Васілі.
На станцыі яго спаткалі: Айцы Аляксандар і Калістрат, рэгент Сп. К. Кіслы, Царкоўная Рада, многія вернікі ды Сп-шня Іра Каляда з букетам кветак. Уладыка быў крануты такім прыгожым спатканьнем, таму й пагадзіўся зрабіць супольныя зьнімкі.
У сыботу Уладыка адслужыў Усяночную, а ў Нядзелю сьв. Літургію з Малебнам. На сьв. Літургіі Уладыка служыў у асысьце Айцоў: Аляксандра, Евфімія, Калістрата й двох украінскіх сьвяшчэньнікаў. Цудоўна пяяў Хор пад кіравецтвам Сп. К. Кіслага. Як на Усяночнай, так і на Літургіі Уладыка глыбока крануў сэрцы ўсіх сваімі натхнёнымі пропаведзямі аб Прачыстай Жыровіцкай Маці Божай, аб Яе Ласцы да ўсяго нашага народу. Таму асабліва горача ўсе дзякавалі Йй і ў часе Малебну маліліся да Яе, як да нашае надзеі на сьветлую будучыню.
I гэтая радасьць нашая прадаўжалася на супольным абедзе, уладжаным нашымі выдатнымі гаспадынямі. Многа было тут пракрасных прамоваў ды цудоўных песьняў беларусаў і казакоў, нашых прыхажан. Агульны зьмест прамоваў быў: ня толькі радасьць, але й гонар з таго, што мы так удала працуем на Славу Божую, і на дабро нашае любае Беларусі, а таксама й Амэрыкі.

НЮ БРАНСЬВІК. Сёлета, 24-га верасьня, тут адбылася падвойная ўрачыстасьць: Храмавае Сьвята Жыровіцкае Маці Божае, і 10-цігадовы Юбілей Царквы. Уладыка Васілі адразу пасьля прыгожага спатканьня яго ў Царкве парадаваў нас сваім натхнёным Словам. I ў гэтым натхненьні пачалася сьв. Літургія, пасьля якой быў адслужаны Малебен да Жыровіцкае Маці Божае. Уладыцы асыставаў наш заслужаны Настаяцель мітраф. прат. а. Сьцяпан. Многа чаго прышлося перажыць кожнаму з нас за гэтыя 10 год. Былі тут радасьці, але, нажаль, і цяжкасьцяў ня мала. Таму кожны горача дзякаваў Прачыстай Жыровіцкай Маці Божай як за радасьці, так і за помач у перамаганьні цяжкасьцяў, ды з пакораю прасіў Ласкі Яе на будучыню. I аб гэтай Ласцы Прачыстае да нас натхнёна гаварыў Уладыка ў сваёй пропаведзі. I не адна сьляза пацякла прыгэтым па абліччах асабліва ў жанчын, бо-ж асабліва яны добра ведаюць, што гэта ёсьць Ласка Маці Божае. Вельмі прыгожа пяяў наш Хор пад кіравецтвам нашага заслужанага рэгента Сп. Ф. Родзькі.
Пасьля адбыўся супольны абед, гонар нашых гаспадыняў. Гэта быў абед ня толькі радасьці, але й працы, бо тут таксама гаварылася аб працы на будучыню. Былі два рэфэраты: др. В. Войтэнкі „БАПЦ 1940-1950 гг.", і інж. В. Русака „БАПЦ 1950-1961 гг.". Тут былі адзначаныя заслугі нашых Уладыкаў Сергія й Васілія, нашых Айцоў Сьцяпана, сьв. п. Хведара ды іншых. Рэфэраты дапоўніў Сп. Ф. Родзько, таксама адзін з будаўнікоў нашае сьв. БАПЦ.
Былі шматлікія прывітаньні ад нашых Царкоўных, Дзяржаўных і Грамадзкіх Установаў. Пасьля загучэлі пракрасныя песьні, выклікаючыя розныя ўспаміны, любоў да Бацькаўшчыны, ды заклікаючыя да чыну й вытрываласьці.
На заканчэньне Старшыня Царкоўнае Рады Сп. А. Стагановіч падзякаваў усім, а Уладыка Васілі ўсіх багаславіў і пажадаў нам наступнае гэтае Сьвята абходзіць ужо ў сваёй собскай Царкве.

Высокапрэасьвяшчэньнейшых Уладыкаў нашых, Архіепіскапаў СЕРГІЯ й ВАСІЛІЯ, Высокапрэпадобных Архімандрытаў, Мітрафорных Пратаіерэяў, Пратаіерэяў, Прэпадобных Айцоў, дастойных Рэгентаў і Харыстых, Хвальныя Царкоўныя Рады, Брацтвы й Сястрыцтвы, дзяржаўныя, навуковыя й грамадзкія Установы, усіх вернікаў сьв. БАПЦ, і ўвесь наш Беларускі Народ сардэчна вітае 3 РАСТВОМ ХРЫСТОВЫМ I НОВЫМ — 1962 — ГОДАМ:
ХРЫСТОС НАРАДЗІЎСЯ! ЯМУ ХВАЛУ СЬПЯВАЙЦЕ! ЗЬ ІМ ПЕРАМОЖАМ!

ЕПАРХІЯЛЬНАЯ УПРАВА БАПЦ АМЭРЫКІ Й КАНАДЫ.


Comments