СЬВЯШЧЭННЫ САБОР ЕПІСКАПАЎ БЕЛАРУСКАЕ АЎТАКЕФАЛЬНАЕ ПРАВАСЛАЎНАЕ ЦАРКВЫ НА ЧУЖЫНЕ Да ўсечэснога Духавенства, прэподобнага Манаства й усіх багалюбівых вернікаў нашых на Чужыне й на Бацькаўшчыне прабываючых ВЯЛІКОДНАЕ АРХІПАСТЫРСКАЕ ПАСЛАНЬНЕ „ХРЫСТОС УВАСКРОС, сьмерць перамог і памерлым жыцьцё дараваў". (Вялікодны Канон). УЛЮБЛЕНЫЯ ДЗЕЦІ НАШЫЯ! Адкуль гэта штогоду, у цудоўную поўнач, па ўсім сьвеце раздаецца велічная й радасная вестка: ХРЫСТОС УВАСКРОС? Хто яе прыносіць нам? Яе прыносяць нам Ангелы зь Неба: „Што шукаеце жывота між памерлымі? Яго няма тут: Ён УВАСКРОС!" (Лк. 24, 5-6). I душамі сваімі мы адчуваем гэты далёкі сьпеў Ангелаў, якія славяць Уваскрасеньне Хрыстовае ў Нябёсах. Памалу сьпеў гэты зыходзіць на зямлю, прыбліжаецца да нас, і мы ўжо разам з Ангеламі натхнёна пяем: ХРЫСТОС УВАСКРОС ізь мертвых, сьмерцю сьмерць паканаў, і тым што ў грабох, жыцьцё дараваў! I новае, сьветлае, радаснае жыцьцё магутнымі хвалямі ўліваецца ў нашыя душы, абнаўляе іх, падымае на вышыні Нябесныя! Чалавек у гэты слаўны мамэнт адчувае боскасьць душы свае, чуе словы Господа: „Хоць і сказаў Я: вы — багі, усе вы сыны Усявышняга" (Пс. 81, 6). I ня дзіва, што ў гэты слаўны мамэнт бясконцае Любові Божае да нас, мы забываемся на ўсе свае турботы й клопаты, смуткі й жалі, бо-ж мы ўжо падняліся вышэй самых сябе, выйшлі з свайго сьмяротнага цела, злучыліся з Ангеламі, і на крыльлях Вялікоднае радасьці падняліся на такую вышыню, дзе ўжо няма ніякае варожасьці й злобы, дзе ўжо матэрыя пераможаная духам, дзе ўжо людзі твораць адну брацкую сямейку, адно Цела з Хрыстом, Каторы УВАСКРОС, пекла-сьмерць перамог, каб і нас уваскрасіць да жыцьця вечнага, падняць ад зямлі да Неба. Таму мы так натхнёна й сьпяваем на Вялікдзень: Учора пахавана мяне з Табою, а сяньня: Ты УВАСКРОС і я ўстаю з Табою! Устаю, каб падобна Жонам Міраносіцам і сьв. Апосталам, стацца прычасьнікам Боскае Славы Твае, каб разам з Табою натхнёна ўсклікнуць усім сваім суродзічам: Радуйцеся! Радуйцеся, бо радуюцца й весяляцца Неба й зямля, увесь сьвет, усякае стварэньне, бо зямля ўжо ізноў злучылася зь Небам! Бо пракляцьце ўжо зьнятае зь яе, бо па ёй хадзіў Сам Бог у нашым целе, багаславіў яе, і ўсіх нас! Так, Ласка Божая на Вялікдзень зьзяе ня толькі ў сэрцах і душах нашых, але й па ўсей зямлі. Усё кругом радуецца й весяліцца, бо настаў час перамогі Неба над пеклам, дабра над злом, свабоды над няволяю, бо-ж Сам Творца ўсяго сказаў: Радуйцеся! I ў гэтай радасьці сваей мы гатовыя зь любоўю абняць увесь сьвет, кожнага, навет няпрыяцеля, абдарыць чыстым Вялікодным пацалункам, кожнаму сказаць: браце, радуйся! Бо: ХРЫСТОС УВАСКРОС! I нам жыцьцё вечнае дараваў! I мы, як вашыя Архіпастыры, сьпяшым падзяліцца з вамі, дарагія браты й сёстры, гэтаю сьвятою Вялікоднаю радасьцю ўсюды: на выгнаньнях, удома, на катаргах і высылках, у духу сваім усіх вас абыймаем і цалуем. Усім вам жадаем той радасьці незабыўнай, якая яшчэ так нядаўна зьзяла ў сэрцах нашых суродзічаў на Вялікдзень у нашай любай, слаўнай, веснавымі краскамі ўквечанай Беларусі! Няхай жа не сумуюць сэрцы вашыя, што нашая любая Радзіма ўсё яшчэ перажывае сваю галгофу. Адсюль, з вольнага сьвету, мы пашлем нашаму шматпакутнаму народу радасную вестку: ХРЬІСТОС УВАСКРОС! Кожная галгофа канчаецца ўваскрасеньнем, таму ўваскрэсьнеш і ты, нашая любая Маці-Беларусь! Пераможнае Сьвятло Уваскрасеньня Хрыстовага ўсё мацней зьзяе ў цемры нашае паняволенае Радзімы, і ніякая ,,цемра бязбожніцтва не агарнула яго" (Іо. 1, 5). I гэта сьветчыць нам, што Ласка Божая прабывае з народам нашым. Неўзабаве шчэзнуць як дым усе ворагі Господа Бога нашага. 3 волі Яго Ангел апавясьціць: „Упаў, упаў Бабілён, места вялікае, бо злобным віном блудаў сваіх напаіў усе народы" (Адкр. 14, 8). Таму, радасна славячы вялікую перамогу Господа, будзем прасіць Яго, каб Ён, вызваліўшы нас з палону шатана, вызваліў і наш слаўны народ зь ярма яго. Каб хутчэй прыйшоў той для нас Вялікі Дзень, калі мы вернемся на сваю вольную Радзіму, і радасна прывітаем нашых суродзічаў: ХРЫСТОС УВАСКРОС! нашыя дарагія пакутнікі. Час вашага вызваленьня прыйшоў! I гэта станецца, бо-ж Сам Спасіцель наш сказаў: „Неба й зямля прамінуць, але словы Мае не прамінуць" (Мц. 24, 32). А Ягоная воля, гэта: свабода ўсіх людзей і народаў, як дзяцей Божых. I з гэтаю Вераю, Любоўю й Надзеяй на шчасьце вечнае, і скорае вызваленьне нашае любае Радзімы, вітаем вас, усечэсныя Айцы, Браты й Сёстры, і ўвесь наш Беларускі Народзе зь Вялікім і Сьветлым Сьвятам, трыумфам Неба й зямлі: УВАСКРАСЕНЬНЕМ ХРЫСТОВЫМ! Зь любові да Госпада Бога, і да свае Бацькаўшчыны дзеля яе ўваскрасеньня, адкінем усякую нязгоду, „абыймем адзін аднаго, ўсё выбачым дзеля Уваскрасеньня". Будзем стала ўзмацняць нашую родную сьв. Беларускую Праваслаўную Царкву шляхам узаемнае пашаны й любові, і Ласка Божая памножыцца нам: устане з гробу свайго нашая пакутніца Маці-Беларусь! Ласка й Мір Госпада нашага Ісуса Хрыста, Любоў Бога й Айца, і Прычасьце Сьвятога Духа няхай будзе з усімі вамі. АМІНЬ. СЬМІРЭННЫ АРХІЕПІСКАП СЕРГІЙ Глава Сьвяшчэннага Сабору Епіскапаў Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы СЬМІРЭННЫ АРХІЕПІСКАП ВАСІЛІ Сакратар Сьвяшчэннага Сабору Епіскапаў БАПЦ на Чужыне. Дана Году Божага 1961 месяца красавіка Аўстралія-Амэрыка. ШТАТ НЮ-ЁРК У АСАМБЛЕІ 7-га лютага, 1961. Прадстаўлена Спадаром ТУРШЭН-ам — прачытана адзін раз і надаслана ў Праўную Камісію АКТ дзеля дапаўненьня права рэлігійных карпарацыяў у сувязі з цэрквамі БЕЛАРУСКАЕ АЎТАКЕФАЛЬНАЕ ПРАВАСЛАЎНАЕ ЦАРКВЫ Ў АМЭРЫЦЫ. Народ Штату Ню-Ёрк, рэпрэзэнтаваны ў Сэнаце й Асамблеі, пастанаўляе наступнае: Разьдзел I. Права рэлігійных карпарацыяў гэтым дапаўняецца праз даданьне да яго новага параграфу, паіменна параграфу васемнаццаць, які мае наступны зьмест: ПАРАГРАФ XVIII ЦЭКРВЫ БЕЛАРУСКАЕ АЎТАКЕФАЛЬНАЕ ПРАВАСЛАЎНАЕ ЦАРКВЫ ў АМЭРЫЦЫ. Разьдзелы: 336, 337, 338, 339 ... Такім чынам, гэтым з радасьцю паведамляем усіх вернікаў нашых, што нашая сьв. Беларуская Аўтакефальнае Праваслаўная Царква ўжо залегалізаваная, як самостойная Установа на ўсю Амэрыку, атрымаўшы сваё ўласнае права й свой уласны параграф 18. Падробней аб гэтым яшчэ напішам. Губэрнатар Штату Ню-Ёрк ўжо зацьвердзіў гэты Акт. ПОМНІ... АДЗІНСТВА Старадаўняя мудрая пагаворка кажа: згода будуе, а нязгода руйнуе. Вось жа, згода, адзінства — вялікае дабро, а нязгода — зло. I гэта мы бачым усюды: у сямьі, грамадзе, дзяржаве. Аб гэтым Сам Хрыстос сказаў: Усякі дом падзелены не ўстаіць, разваліцца. I людзі стараюцца тварыць згоду-адзінства, каб іхныя дамы: семьі-грамадзтвы-дзяржавы не развальваліся, а ўстаялі й узмацняліся. Якім жа чынам яны стараюцца гэта асягнуць? Дзяржавы робяць гэта шляхам законаў, распараджэньняў, прымусу, а грамадзтвы, што стараюцца свае дзяржавы зарганізаваць, шляхам нутраных і вонкавых хаўрусаў, блёкаў. Тымчасам, што мы бачым у жыцьці? Дзяржавам не памагаюць ніякія законы й прымусы, яны ўсё роўна валяцца, а многія хаўрусы-блёкі часам не перажываюць сваіх дэклярацыяў. Чаму? Пытаньне гэтае вельмі важнае асабліва для нас, беларусаў. Мы хочам мець сваю дзяржаву, ды сталую, моцную, вечную. Таму мы таксама стараемся асягнуць адзінства як нутраное, так і вонкавае. Звычайна яго патрэбна мець перадусім з сваімі суседзямі. У гэтым сэнсе мы, нажаль, ніяк ня можам мець адзінства з нашым найболыпым суседам: ані сярод ягоных сьвецкіх арганізацыяў, ані сярод духоўных установаў. Чаму? Бо там няма сьвятла Навукі Хрыстовае. Адзін толькі вынятак тут мы маем у Бэльгіі. Нажаль, з гэтымі сьвецкімі й „духоўнымі" павадырамі часам салідарызуюцца й айцы другое суседняе нам Царквы, якія ў сваім „Праваслаўным Слове" урэшце пасьля адзінаццаці год ашчасьлівілі нас такою сваёю ўвагаю: У Ню-Ёрку адбыўся першы Епархіяльны З'езд БАПЦарквы. З'езд выбраў Епархіяльную Управу, якая пачала захады перад амэрыканскаю ўладаю ў справе зарэгістраваньня БАПЦ як самастойнае адзінкі. Калі-б на гэтым быў канец, дык і за гэта трэба было-б падзякаваць айцом братняе нам Царквы. Але не, як гаворыцца, замнога чэсьці. Айцы далей, пярэчачы папярэдняму, прадаўжаюць: Дасюлешнія захады былі амэрыканскаю ўладаю адкіненыя (але!), бо яна ўважае БАПЦ часткаю (але!) Украінскае Царквы, а не незалежнаю (але!). Пакідаем нашым чытачом знайсьці тут толькі. . . тры няпраўды, а злое волі ўжо шукаць ня трэба. У сувязі з гэтым наш дамарослы „філёзаф" шырэй адгукаецца ў „Беларускай Думцы": Праўна БАПЦ еп. Васілія ў Амэрыцы — гэта звычайная, навет не аўтономная, частка Украінскае Праваслаўнае Царквы (але!). А духоўны айцец, як адзін з рэдактароў гэтага часапісу, па прыкладу тых папярэдніх, маўчыць, ня бачыць тут яўнае бязглузьдзіцы, багаслаўляе яе, як і шмат іншых у гэтым артыкуле. I што толькі яны скажуць цяпер, калі прачытаюць Акт Асамблеі Штату Ню-Ёрк адносна нашае, „навет не аўтаномнае", сьв. БАПЦарквы?! Што мы гэтым хочам сказаць? Наступнае: гэтыя-ж аўтары й айцы таксама гавораць аб адзінстве, навет, быццам, імкнуцца да яго. На якім жа духовым узроўні яны знаходзяцца? Прыблізна на такім: Прыходзіць да аднаго з такіх дзядзька й кажа: Паночку, агарод ваш я ўжо загараў. Папершае, я табе не „паночку", адказвае такі філёзаф, а — „браце". Падругое: скажы мне, якімі коньмі ты загараў? Пярэстымі, ці рабымі? — Што ты глядзіш на мяне так зьдзіўлена? Гэтае пытаньне тут самае важнае, я-ж — праўнік! Ясна, такімі разважаньнямі мы ніякага адзінства ня створым, нічога не памогуць тут ніякія папяровыя дэклярацыі. Такое адзінства будзе пабудаванае на пяску. Толькі такое адзінства будзе вартасным, калі ўдзельнікі яго самі сабою будуць вартасьцю, вартасьцю вышэйшага духовага парадку. Якога? Калі шатан, спакушаючы Хрыста, сказаў Яму: Калі Ты Сын Божы, скажы, каб каменьні гэтыя сталіся хлебам. I адказаў Хрыстос: Ня хлебам адным будзе жыць чалавек, але ўсякім словам, выходзячым з вуснаў Божых. Ці Хрыстос тут запярэчыў патрэбу хлеба для нас? Не, ніколі. Але Ён зазначыў, што запраўдныя нашыя вартасьці знаходзяцца не ў матар'яльных, а ў духовых рэчах. Тады шатан папробаваў спакусіць Хрыста рэчамі чыста тэатральнага характару: людзкое славы, асабістага гонару: Кінься ўніз зь вежы храму, і ангелы Твае панясуць Цябе на руках, а людзі, ясна, прыгатуюць авацыі Табе! О, як рады гэта робяць цяпер сучасныя „філёзафы" ды, нажаль, „духоўныя" айцы! Як вядома, Хрыстос адказаў: Не спакушай Госпада Бога твайго! Скрахаваўшы ў сваіх стараньнях адвясьці Хрыста ад Ягоных збаўленных для нас мэтаў спакусамі матар'яльных выгодаў, людзкое славы й гонару, шатан высувае самую моцную спакусу для чалавека: уладу! Сваімі духовымі вачамі мы можам уявіць сабе ў гэты мамэнт Хрыста на гары, адкуль можна было бачыць тагачасныя бліскучыя месты й дзяржавы. Вось шатан і абяцае Хрысту ўвесь гэты багаты сьвет, уладу над ім, толькі. .. пакланіся мне! А сколькі крыві пралілі, сколькі людзей зьнішчылі ўсякія фараоны, імпэратары, павадыры з тымі самымі мэтамі! I тут мы бачым адвечную барацьбу між Небам і Пеклам. Небам, як выразам усякага дабра, і пеклам у ягоных сталых імкненьнях чалавека паняволіць, духова ажабрачыць, зьвясьці да стану жывёлы. I цяпер шатан у позе дабрадзея стала атакуе чалавека ў ягонае самае слабое месца: толькі пакланіся мне, і я за гэтае „нішто" дам табе ўсё: дабрабыт, выгоднае жыцьцё, славу, уладу, гонар, навет „богам" цябе зраблю! Папаўшы ў сетку гэтых атрутных абяцаньняў, людзі трацяць мужнасьць, упадаюць у балота дробных амбіцыяў, ад зямлі вачэй сваіх адарваць ня могуць, таму Неба — запраўдных вартасьцяў, ня бачаць, „жадаючы быць мудрымі, робяцца дурнымі". Гэтага й жадаў шатан сваёю трэйцяю спакусаю: Праз Хрыста ён абяцаў нам уладу над сьветам. Дзеля чаго? Дзеля паняволеньня, зьнішчэньня душаў, імкненьняў да Неба, дэградацыі людзей да жывёльнага стану. Хрыстос перамог усе гэтыя стараньні шатана зьнішчыць перадусім Яго, як Спасіцеля нашага, і даў нам зброю для змаганьня з гэтымі згубнымі для нас плянамі шатанскімі. Адначасна Ён даў нам і ўзор гэтага змаганьня, сказаўшы: Адыйдзі ад Мяне шатан. Бо напісана: Госпаду Богу твайму пакланяйся, і Яму адзінаму служы. Вось гэта й ёсьць той духовы ўзровень, які адзіна можа стацца непарушнаю базаю запраўднага Адзінства. I гэта аснова, якая цяпер дзеліць сьвет. Як ведама, сьвет цяпер падзелены на два аснаўныя лягеры: Усход і Захад. Чым падзелены? Можа матар'яльнымі, эканамічнымі мамэнтамі? Не, а толькі й толькі двама такімі мамэнтамі: Хрыстос і Шатан, або: Дабро й Зло. Праўда й Ілжа. Свабода й Няволя. Спасеньне й Загібель. I сам Хрыстос сказаў: У часе Прыходу Сына Чалавечага ўсе людзі будуць падзеленыя на: Праведных і Няправедных, авец і казлоў, і гэты падзел адбываецца асабліва цяпер на вачох нашых. Трэба толькі глядзець і бачыць, і ўсё стане ясным. Мы пабачым тады, што адзінства між авечкамі й казламі, як між вагнём і вадою, сьвятлом і цемраю, Хрыстом і шатанам, быць ня можа. I толькі тут, у гэтай плашчыні мы можам гаварыць аб Адзінстве. Адзінства можа быць толькі або між праведнымі, або між слугамі шатана. Ніякія кампрамісы тут нічога не памогуць, а паможа толькі духовае абнаўленьне, зразуменьне сваіх заданьняў у пляне Божым, і нашым беларускім. Адзінства вонкавае добрая рэч, і яго трэба тварыць. Але яно ня сталае, і часта не ад нас залежыць. Акрамя таго, не яно творыць нашую сілу й веліч. Толькі нутраное адзінства творыць нашыя сталыя вартасьці, узмацняе нашыя творчыя сілы й здольнасьці, нашую духовую сувэрэннасьць, ды што самае галоўнае: нашую лучнфьць з крыніцаю ўсякае сілы й велічы — з Богам! А гэтую лучнасьць мы ўжо маем праз нашую сьв. БАПЦаркву! Сьвет, паўтараем, падзелены цяпер на два супрацьлежныя лягеры: лягер Хрыста й лягер шатана. I бяда ня ў гэтым, бо-ж гэтьрт падзелам мусіць выявіцца пшаніца й куколь, паводля пляну Самога Госпада. Надыйдзе жніво, і куколь-грэшнікі будуць зьнішчіныя, а пшаніца-праведнікі возьмуць зямлю ў валаданьне. Гэта значыць, што толькі праведнікі могуць тварыць вечныя вартасьці, асновы супакою, дабрабыту й радасьці. Толькі яны, гэта той камень, ^а якім можа быць збудаванае сталае й непарушнае як сямейнае, Гак і грамадзкае й дзяржаўнае жыцьцё. I толькі між імі магчымае ііаразуменьне, Адзінства. Ясна, кожны можа сказаць: хто-ж між намі праведнікі? I хто можа быць тут судзьдзёю? На гэта мы адкажам: нашае сумленьне. Сумленьне, якое ведае й разумее словы Хрыстовыя: Ня той, што стала паўтарае — Госпадзі! Госпадзі!, увойдзе ў Царства Нябеснае, а толькі той, што выпаўняе Запаведзі Мае! Гэта значыць, толькі той, што любіць бліжніх, навет няпрыяцеляў сваіх. Хто стала другім жадае толькі таго, чаго сабе жадае. Хто стала памятае, што каб быць першым, ці слаўнейшым, трэба быць слугою ўсім. Хто ведае, што запраўдныя вартасьці мы можам тварыць толькі тады, калі духовыя вочы свае падымем ад зямлі, пераможам сваё самалюбства, пазбавімся такіх хваробаў, як подступ, абман, злоба, крыўда, зайздрасьць, ачарняньне, будзем імкнуцца да Неба, да ўсякага Дабра, Красы, Дасканаласьці. Тады мы будзем у лягеры Хрыста. Тады Ён і нам скажа: „Пакліч Мяне, і Я адкажу табе, і пакажу табе велічнае й недаступнае, чаго ты ня бачыш і ня ведаеш" (Ерам. 33, 3). Вось гэтага велічнага й недаступнага патрабуем, як солі, асабліва мы, беларусы. I калі толькі мы наважана й шчыра захочам пазнаць рэчы велічныя й магутныя, усе непаразуменьні між намі зьнікнуць як дым, бо мы станемся сынамі Божымі. А што-ж можа быць між такімі? Толькі адно: пашана, любоў, згода, паразуменьне, АДЗІНСТВА. I гэтае Адзінства станецца для нас крыніцаю Жывое Вады: Ласкі Божае, а гэтым і дабрабыту, радасьці й натхненьня ў нашай грамадзе, і ў нашай дзяржаве, і шчасьця вечнага на Небе, бо асноваю яго будзе Сам Хрыстос, Бог і Спас наш. Таму, помні аб гэтым. I не бядуй, што многа пакліканых, а мала выбраных. Галоўнае, ты глядзі, каб ты быў сярод тых выбраных. I гэтым ты добра паслужыш Богу, нашаму Адзінству, і нашаму Народу. 10-ЦІ ГАДОВЫ ЮБІЛЕЙ СЬВ. БАПЦАРКВЫ ў БЭЛЬГІІ Вясною 1950 г., вяртаючы зь Вялікай Брытаніі, пасьля рукапалажэньня а. Аляксандра ў сьвяшчэньніка БАПЦ, Прэасьвяшчэнны Уладыка Васілі адведаў Бэльгію: нашую студэнцкую грамаду ў Лювэне, і асяродкі беларускае эміграцыі ў гэтай краіне. Беларускі Уладыка быў прыняты Яго Магніф. Рэктарам Лювэнскага Унівэрсытэту ў прысутнасьці шматлікіх прафэсароў нашых студэнтаў. Успамінаючы тыя дні падчас сьвяткаваньня нашкга Юбілею, а. Робэрт прасіў перадаць Уладыцы Васілію, што ў памяці ўсіх у Лювэне застаўся абраз запраўднага „беднага епіскапа" у высокім хрысьціянскім значэньні гэтага елова, ды ўспамін вялікага ідэалістага ў сьведамым служэньні Богу, сваей сьв. Царкве й свайму Народу. Тады-ж з усіх беларускіх асяродкаў у Бэльгіі пасыпаліся просьбы да Уладыкі: дайце нам беларускага сьвяшчэньніка. Ясна, у той час лягчэй было папрасіць, чым даць. Аднак, Уладыка хутка задаволіў гэтыя просьбы: з волі Божае зьявіўся адпаведны кандыдат і у асобе дьгалям. псыхалёга Марбурскага Унівэрсытэту, Аўген Смаршчок, які 10-га верасьня 1950 г. і быў рукапаложаны з прызначаньнем душпастыра для Бэльгіі. У канцы кастрычніка 1950 г. Айцец Аўген прыбыў у Лювэн, а 19-га лістапада, у 25-ую Нядзелю пасьля Сёмухі, у часова ўладжанай капліцы Белар. Студ. Дому ў Лювэне адслужыў першую сьв. Літургію. Сьпяваў тады ўжо свой студэнцкі хор пад кіравецтвам незабыўнага нашага кампазытара, сьв. п. Праф. М. Равенскага. Пачатак быў удалы, навет розныя скептыкі былі захопленыя. Ад таго дня сьв. БАПЦ пачала свой паход па беларускіх асяродках, ды Цэрквах УАПЦ, дзякуючы прыхільнасьці Уладыкі Міхаіла, нясучы ўсім сьв. Евангельля Хрыстовае, Слова Божае ў сваей роднай беларускай мове, захапляючы вернікаў беларускай літургічнай музыкай Праф. Равенскага. Ягоны вялізарны ўклад працы пры арганізацыі студэнцкага хору й рэлігійнага рэпэртуару, няхай будзе залатымі літарамі запісаны ў гісторыі сьв. БАПЦарквы. А за ім таксама й пахвала за ахвярную працу студэнтам-харыстам зь Лювэну. Цяжка належна ацаніць і ўсю вартасьць дапамогі ў пачатках душпастырскай працы а. Аўгена, якую ахвотна заахвяраваў а. Робэрт. Дзякуючы яму, і зразуменьню Рэктарату Унівэрсытэту, капліца БАПЦ ў Лювэне была ўладжаная на стала. Супольная праваслаўная капліца прывяла да літургічнага супрацоўніцтва з настаяцелем расейскіх вернікаў у Лювэне, Прэасьвяшчэнным Уладыкаю Рыгорам, цяперашнім Патрыаршым Экзархам у Парыжы. Ад'езд ВП. Уладыкі Міхаіла ў Торонто некарысна адбіўся на супрацоўніцтве а. Аўгена з украінскім духавенствам. Аднак, у бальшыні царкоўных асяродкаў УАПЦ, дзе былі й беларусы, украінскія вернікі й далей цешыліся з духоўнае апекі а. Аўгена. Ужо ў 1952 г. праца БАПЦ пашырылася й за межы Бэльгіі, менавіта на паўночную й усходнюю Францыю й Парыж. Сьмерць Праф. М. Равенскага была балючай стратай для БАПЦ ў Бэльгіі. Тут трэба аддаць пахвалу звычайнаму харыстаму, был. студэнту Уладзімеру Цьвірку, які да абняцьця хору Сп. К. Кіслым, пасьпяхова кіраваў ім. Сп. К. Кіслы вельмі ўдала служыў нам сваім талентам аж да выезду ў Кліўлэнд. У Нядзелю, 20-га сьнежня 1953 г., адбыўся ў Лювэне першы Парафіяльны Сход усіх вернікаў БАПЦарквы ў Бэльгіі, на якім быў выбраны Царкоўны Камітэт, і прыняты Статут Парафіі, зацьверджаны Уладыкаю 26-га студзеня 1954 г. Царкоўны Камітэт складаўся акрамя Настаяцеля з 9-ці асобаў, выбраных з кожнага асяродку вернікаў БАПЦ ў Бэльгіі. Першым Старшынёю быў Сп. К. Кіслы. Акрамя яго адзначыліся сваею працаю: Сп-ня Л. Рагуля, Сп. С. Кузьменка з Звартбэргу, Сп. П. Барысік зь Льежу і Царкоўныя Старасты, студэнты Шацько, Янушэвіч і Ягаўдзік. Статыстыка трэбаў, выконваных а. Аўгенам, паказвае побач Беларусаў, таксама Украінцаў, Сэрбаў, Баўгараў, Расейцаў і Грэкаў. Паступовая эміграцыя людзей у ЗША зьменшыла лік нашых царкоўных асяродкаў з 6-ці на 4, а таксама й лік вернікаў у кожным зь іх. У сувязі з прыбываньнем грэцкіх работнікаў у Бэльгію, у асяродкі працы беларускага сьвяшчэніка, паўстала супрацоўніцтва а. Аўгена з грэцкім архімандрытам у Антвэрпэне, цяперашнім епіскапам Эмільяносам (Тімідіс), прадстаўніком Усяленскага Патрыарха ў Галоўнай Кватэры Саюзу Сусьветных Цэркваў у Жэнэве. Гэтае супрацоўніцтва пашырылася й на ўсіх грэцкіх сьвяшчэньнікаў, што прыбылі дзеля духоўнае апекі грэкаў у Бэльгію. У Лювэне яно вельмі добра праводзіцца праз увесь час з архім. а. Максімосам, якога Усяленскі Патрыарх прыслаў сюды на багаслоўскія студыі. На пачатку сьнежня мінулага году Прат. а. др. Аўген атрымаў вялікі гонар збоку цяперашняга Экзарха Усяленскага Патрыарха, ВП. Архіепіскапа Рыгора, які запрасіў яго адслужыць сьв. Літургію ў ягонай Брусэльскай Царкве ў дзень інтранізацыі яго ў Парыжы. Ад таго дня, на просьбу Экзарха, прат. а. Аўген фактычна выпаўняе функцыі Настаяцеля гэтае Царквы. У лютым, сёлета, Прат. а. Аляксандар Крыт пераехаў з Англіі ў Кліўлэнд. У сувязі з гэтым, Прат. а. Аўген абняў духоўную апеку над Парафіяй БАПЦ ў Англіі, і ўжо пабываў там нядаўна. СЬВЯТА 10-х УГОДКАЎ БАПЦ У БЭЛЬГІІ У Нядзелю, 20-га лістапада мінулага году, у 10-ыя Угодкі першае Службы Божае ў Бэльгіі, а гэтым і 10-х Угодкаў душпастырскае працы Прат. а. др. Аўгена Смаршчка, сабралася вялікая грамада вернікаў і дэлегатаў ад 6-ці народаў: Беларусаў, Украінцаў, Грэкаў, Сэрбаў, Расейцаў і Бэльгійцаў у нашай Праваслаўнай Царкве ў Лювэне. Ад часу яе высьвячэньня ніколі яна ня была так запоўненая вернымі, што нязвычайна радавала сэрца душпастыра, і было найлепшай заплатай яму за ягоную самаахвярную 10-цігадовую працу. Урачыстую Службу Божую адправіў грэцкі архім. а. Максімос. ВПрэасьвяшчэньнейшы Уладыка Васілі прыслаў адумысловае Пасланьне з прывітаньнем і багаславенствам Настаяцелю, сябром Царкоўнага Камітэту, усім вернікам сьв. БАПЦарквы ды яе прыяцелям. Уладыка дзякаваў Настаяцелю за самаахвярную й плённую працу, асабліва-ж за ягонае малітоўнае адзінства з Духавенствам іншых Праваслаўных Цэркваў, уключна з Экзархам Усяленскага Патрыарха. Вернікам наш Архіпастыр дзякаваў за любоў да нашае сьв. БАПЦарквы й свайго Пастыра на працягу 10-ці гадоў. Спэцыяльная паіменная пахвала была выказаная Царкоўнаму Старасьце ў Золдэры, і былому Царкоўнаму Старасьце, таксама цяперашняму рэгенту хору ў Звартбэргу Сп. Борэйку й Сп. Моторнаму, украінцам, што самаахвярна й сьведама працуюць на Славу Божую й нашае сьв. БАПЦарквы. Пасьля прачытаньня Пасланьня й Многалецьця, а. др. Аўген падчыркнуў натхнёны тон словаў Уладыкі ды выраз ягонае радасьці з пасьпяховае разбудовы нашае сьв. БАПЦ на Чужыне, што ёсьць ясным Багаславенствам Божым для нас, асабліва-ж пасьля Высьвячэньня нашае прыгожае Царквы ў Кліўлэндзе. Пры гэтым а. Аўген з прыемнасьцю падчыркнуў прысутнасьць маладога студэнта ў Лювэне Сп. Міхася Стрэчэня, які з сваім самаахвярным бацькам выканалі найболыную частку працы пры пабудове гэтае Царквы. На розных мовах, дзеля зразуменьня, а. др. Аўген горача падзякаваў усім тым, што яго прыязна спаткалі ў Бэльгіі, яму радзілі й памагалі й яму сымпатызавалі на працягу 10-ці гадоў. Гэтая падзяка была зьвернутая перадусім да а. Робэрта, пасьля ВП. Архіепіскапа Міхаіла й ВП. Архіепіскапа Рыгора, Патрыаршага Экзарха. Ёсьць пэўным, заўважыў а. Аўген, што дзякуючы глыбокаму, запраўднаму зразуменьню асноваў Хрысьціянства ўспомненымі Уладыкамі й а. Робэртам, іхнаму шчыраму імкненьню да малітоўнага адзінства ў духу Любові Хрыстовае, мы, беларусы, можам пачуваць сябе ў сваей Лювэнскай Царкве як у сябе ўдома. Калі наяўнасьць Прыходу сьв. БАПЦарквы ў Бэльгіі мела й мае свае асновы існаваньня, казаў а. Аўген на заканчэньне, калі яе сьвяшчэньнік змог хоць часткова выканаць свае абавязкі, дык гэта было толькі дзякуючы Ласцы Божай, дапамозе ўспомненых асобаў духоўных і сьвецкіх, ды супрацоўніцтву вас усіх, за што шчыра дзякую й прашу далей разам працаваць у Вінаградніку Божым. Прашу вас таксама перадаць маю падзяку ўсім тым, каго вы тут рэпрэзэнтуеце. Дэлегацыя асяродку ў Золдэр (Гоутгален і Бэрынгэн) паднясла свайму Настаяцелю, а. др. Аўгену, матар'ял на аблачэньне, як падарунак вернікаў. Пасьля адбыўся супольны абед у Бел. Студ. Доме. Узяўшы слова, а. Робэрт прыгожа падзякаваў прат. а. Аўгену за ягоную падзяку яму ў Царкве, і выявіў сваю радасьць з прысутнасьці ўсіх пры супольным стале ў Бел. Студ. Доме, які зьяўляецца сьветкам ахвярных высілкаў студэнтаў на карысьць БАПЦарквы, ды дзе жыў і працаваў незабыўны кампазытар Праф. М. Равенскі. Дапаўняючы словы а. Аўгена ў Царкве а. Робэрт падчыркнуў радасны факт, што месца й ролю Архіепіскапа Рыгора, цяперашняга Экзарха, былога Настаяцеля Праваслаўнае Царквы ў Лювэне, ужо заняў беларускі сьвяшчэньнік, прат. а. др. Аўген, і выпаўняючы яе, стаўся добрым лучнікам сярод усіх праваслаўных у Бэльгіі, ня гледзячы на мову й нацыянальнасьць. I ня дзіва, што ў выніку такога глыбокага зразуменьня свае Пастырскае працы, усе асяродкі чужынцаў у Бэльгіі, адмістрацыі клінікаў, дамоў старцаў, навет вязьніцаў, лічаць нармальным зьявішчам зьвяртацца да сьвяшчэньніка БАПЦарквы, як духаўніка праваслаўных, будучы пэўнымі, што заўсёды будуць задаволеныя ў сваіх духоўных патрэбах. Зь вялікаю радасьцю а. Аўген падзякаваў за гэтыя словы так высокага прызнаньня свае дзейнасьці. Пры ўсей сьведамасьці належаньня да сьв. БАПЦарквы, і нясеньня гонару яе, маім прынцыпам у працы, казаў а. Аўген, было й ёсьць правядзеньне ў жыцьцё пакліканьня праваслаўнага Пастыра: ня толькі адклікацца на патрэбы, але гуртаваць, злучаць усіх праваслаўных, цікавіцца іхнымі дзеткамі, часам і няхрышчанымі, сужэнствамі, часам без царкоўнага Шлюбу, знаходзіць людзей без духоўпае апекі ў нейкім закутку, ня гледзячы на ўмовы, транспарт, непагоду, усюды ісьці, памагаць, духова лячыць, пацяшаць, бо гэта частка запраўднага апостальства. Урэшце стараста расейскае групы ў Лювэне, Сп. Остапенко, падзякаваў Матушцы а. Аўгена Зоі за ахвярнае супрацоўніцтва, ня гледзячы на прафэсыйнае абцяжаньне, за дабравольную ахвяру шматлікіх гадзінаў сямейнага жыцьця на карысьць душпастырскае працы й служэньня а. др. Аўгена. Абед закончыўся малітваю, і ўсе прысутныя пайшлі на Лювэнскія могілкі, дзе адбылося высьвячэньне памятніка сьв. п. Праф. М. Равенскаму, так слаўна папрацаваўшаму на карысьць нашае сьв. БАПЦарквы. I на заканьчэньне скажам, што наш прат. а. Аўген мае ня толькі дыплём Псыхалёга з Марбурскага Унівэрсытэту, але й здабыў дыплём Доктара на Лювэнскім Унівэрсытэце. Многія лета! Студэнт ЧАЛАВЕК — ДУХ — АНГЕЛ О, Вялікі Коган! Навекі жыві! Што за гонар!, часткова, як гаспадар, шчыра, а часткова, як вучоны, гіранічна ўсклікнуў, пабачыўшы перад сабою Першасьвяшчэньніка Кайафу, слаўны Гамаліэль. Мір-супакой табе й дому твайму, урадава-пышна адказаў Кайафа. Не дзівіся, бліскучы Гамаліэль, што я так проста зайшоў да цябе: маю важную справу. Новае паседжаньне Сынэдрыону? Ізноў справа з вучнямі Назарэя ? Часткова так, часткова не. Учора я да ночы радзіўся з Аннаю ў справе гэтых разбуральнікаў Ізраэля дый у справе твайго становішча да іх. Як гэта ты мог сказаць: Пакіньце гэтых людзей, дайце волю ім. Бо, калі ад людзей справа гэтая, дык яна сама сабою занікне, а калі ад Бога, дык ня здолееце зьнішчыць яе, дый каб самі ня сталіся змагарамі супраць Бога? Мы ня можам цябе зразумець. Ты галоўны Законавучыцель. Волып таго, ты амаль сама Тора. Таму кожнае тваё слова — закон для балыныні сяброў Сынэдрыону. Цябе паважае й шануе народ. А што ты робіш? Ты бароніш ворагаў яго й нашых. Мала таго, твой выдатны вучань, раббі й будучая краса Сынэдрыону — Саўл стаўся ўжо Паўлам, вучнем таго Назарэя Ісуса! Мушу табе сказаць болын: мы з Аннаю тае думкі, што гэта або ты, або Язэп з Нікадымам укралі цела Ісуса, і цяпер вучні Яго ўсюды апавяшчаюць: Ён УВАСКРОС! Яны, быццам, навет бачылі Яго жывога! Ці-ж гэта не катастрофа для Ізраэля? Ці-ж гэтым вы не памагаеце рымлянам? Не падрываеце адзінае базы нашага ратунку: Сынэдрыону? Таго Сынэдрыону, адным з галоўных сябраў якога зьяўляшся ты! Што скажаш на гэта? Вялікі Коган! Вы хочаце зрабіць мяне здраднікам Ізраэля, разбуральнікам Сынэдрыону! Я не хачу бараніць сябе адваротным цьвярджаньнем, што гэтымі разбуральнікамі зьяўляюцца вашыя неразважныя дараднікі. Я толькі прыпомню вам, што вы ўкрыжавалі Ісуса Назарэя за тое, што Ён, быццам, быў разбуральнікам Ізраэля й Сынэдрыону. Праўда, Ён гаварыў вам многа прыкрых рэчаў. А ці вы хоць раз маглі сказаць Яму: Ты гаворыш няпраўду? Не маглі. Вы самі добра ведаеце, у якіх цяжкіх умовах жыве наш народ, а вы сваімі распараджэньнямі ўсьцяж толькі пагаршаеце ягонае жыцьцё, і гэтым аслабляеце ягоныя сілы, ягоны супраціў рымскім легіёнам. Хто-ж тады здраднік Ізраэля? Ня раз гаварыў я вам аб гэтым на паседжаньнях Сынэдрыону, але вы амаль ніколі не паслухалі мяне. I я баюся толькі аднаго, што гэтым сваім становішчам вы яшчэ болей пагоршыце палажэньне Ізраэля. Рымляне тымчасам наглядаюць за намі, зьбіраюць інфармацыі, робяць вывады, і можа стацца, што Ізраэлю наагул прыйдзе канец. I тут вучні Назарэя робяць толькі дабро для Ізраэля, бо яны памагаюць бедным, хворым, удовам і сіротам, і гэтым узмацняюць сілы народу. Калі-б і вы пайшлі па гэтым шляху, дык рымляне напэўна раздумалі-б заатакаваць нас. Што-ж да Цела Ісуса, дык я ня ведаю, ці Яго ўкралі Язэп з Нікадымам, але я гэтага не зрабіў, і зрабіць ня мог, бо, паводля сьв. Пісаньня, я прыйшоў да вываду, што Ён Запраўды Уваскрос! Бо, калі мы запраўды верым нашым вялікім прарокам, дык Ісус запраўды быў Сын Божы, Месія! Так, так, цяпер для мяне ўсё ясна: ты запраўды няпрыяцель наш, а гэтым і Ізраэля! Я так і далажу Анне, і няхай тваю справу вырашае Сынэдрыон. Воля ваша, вялікі коган. Я толькі скажу: высьцярагайцеся адзін цяжкі грэх павялічваць другім, каб гнеў Божы яшчэ мацней ня ўпаў на нас і на нашчадкаў нашых! Ты гэтым яшчэ пагражаеш нам? I аб гэтым далажу Анне. Я нікому гэтым не пагражаю, а толькі перасьцярагаю, бо люблю свой народ і сваю радзіму, а судзьдзёю нам можа быць толькі Бог. Ты ведаеш, што судзьдзёю ў нас ёсьць перадусім Сынэдрыон, і я пытаюся ў цябе яшчэ раз: ці ты й далей будзеш бараніць гэтых разбуральнікаў, ці будзеш разам з намі змагацца зь імі? Я ня буду змагацца зь імі. — Чаму? — Таму, што яны прыяцелі нашыя. Даволі! Бывай! I Кайафа, поўны злобы, устаў і выйшаў. Каго я бачу! Саўл, выбачай, Павал! Якім чынам ты тут? Не баішся ? О, дарагі мой вучыцелю, я нікога не баюся! Але пазволь мне перадусім абняць цябе ды горача падзякаваць за тваю слаўную абарону Апосталаў Уваскросшага Хрыста. Я прыйшоў у Ерусалім, каб пабачыць іх, пагаварыць зь імі, і яны расказалі мне пра тваю мужную абарону іх. I я, як твой былы вучань, ганарыўся табою, і сказаў сабе: я мушу асабіста падзякаваць табе. Выбачай, што я дзешто чуў з твае размовы з Кайафаю, і яшчэ болып ганаруся табою! Ты запраўдны прыяцель хрысьціян! Рад, вельмі рад, што бачу цябе, мой . .. вучыцелю! Дазволь мне расцалаваць цябе. Не дзівіся, што я ўжо называю цябе сваім вучыцелем. Паслухай. Калі я гаварыў з Ісусам, і Ён апавядаў мне пра сьв. Пісаньне, пра сілу Духа Сьвятога, Каторы кожнага з нас можа падняць на вышыні Нябесныя, пра Царства Божае на зямлі, пра брацтва ўсіх людзей і народаў, дык скажу табе, я адчуваў сябе вучнем пачатковае школы, а ніякім прафэсарам. Адначасна дух мой зусім ясна й радасна гаварыў мне: вітай, вітай Яго, бо гэта твой Спас, Месія! I я ўжо тады ўвераваў у Яго. I мае новыя вывучэньні сьв. Пісаньня толькі пацьвердзілі мне, што Ісус з Назарэту й ёсьць абяцаны Месія! I я пасьля яшчэ некалькі разоў гаварыў зь Ім, і ніякіх сумліваў у мяне ўжо ня было. Так проста, ясна ды ўладна мог гаварыць толькі Сын Божы! Уся нашая мудрасьць перад Ім толькі — цьвет палявы! I калі я пачуў, што сталася з табою перад Дамаскам, што Ён зьявіўся табе й гаварыў з табою, я вельмі радаваўся, і, ведаючы твой нязвычайны розум, сказаў сабе: цяпер Павал мой вучыцель. Таму, вось, і не дзівіся, што я пацалаваў тваю руку. Гэтым я пацалаваў руку Самога Хрыста! Гамаліэль, ты бачыш радасьць ня толькі ў маіх вачох, але й у маім сэрцы! Але скажы мне, чаму-ж ты не сярод нас? Бачыш, дарагі мой, на гэта ў мяне ёсьць паважныя прычыны. Ты ведаеш, якую ўладу мае Сынэдрыон, а там многія прыслухаюцца да голасу майго. Ты чуў, як пагражаў мне Кайафа, але я яго не баюся, бо навет Анна ўжо крыху сумляваецца ў сваей праўдзе, ня ведае, ці добра яны зрабілі. Я гэта выразна спасьцярог у размовах зь ім. Таму я там мушу быць. Сынэдрыон ды наш народ учынілі нязвычайны грэх: укрыжавалі запраўднага Месію. А я-ж люблю свой народ. Таму, вось, праз Сынэдрыон я й стараюся зьмягчыць гэты грэх, здабыць надзею на выбачэньне Госпада. Бязумоўна, твая праца непараўнальна важнейшая, і я вельмі цешуся з цябе. Дарагі мой прыяцелю! Цяпер я цябе разумею. Ён, Спас наш, выйшаў з нашага народу, і хацеў спасьці й праславіць перадусім гэты народ, зрабіць яго сьвятлом усяго сьвету. Нажаль, свае не прынялі, адкінулі Яго, і гэтым учынілі страшны грэх. Я таксама люблю гэты мой зграшыўшы народ, і хачу памагчы яму. Хрыстос, Каторы зь бязьмежнае Ласкі Свае да мяне грэшнага, зьявіўся мне ня толькі перад Дамаскам, я ўжо некалькі разоў бачыў Яго й гаварыў зь Ім, прызначыў мяне Апосталам для паганаў. 3 пакораю й радасьцю я прыняў гэтую сьвятую волю Яго. Цяжкое маё заданьне, але я адчуваю ў сабе сілы незямныя, сілы, якія паходзяць з Ласкі Ягонае, і я спадзяюся выканаць гэтае сваё заданьне. Дарагі Паўле! Ты чуў падчас нашае размовы з Кайафаю мае думкі адносна сілы нашага народу. Я гаварыў зь ім надта проста, бяручы на ўвагу ягоны духовы ўзровень. Але ты напэўна зразумеў мяне. Сіла кожкага народу ў сіле духа яго. Нязвычайна моцны сучасны Рым, а я пэўны, што прыйдзе час і ўся моц яго разьвеецца як дым, з сорамам упадзе ён. Чаму? Таму, што пабудаваны толькі на грубай матар'яльнай сіле, а не на сіле духа, асьвячанага Богам. Дзе й у чым прызначэньне кожнага з нас, як чалавека? Яно ў перамаганьні цела-матэрыі духам. Наш шлях і прызначэньне, гэта: Чалавек-Дух-Ангел. Гэта я выразна ня толькі адчуў, але й добра зразумеў у часе сваіх размоваў з Хрыстом ды наглядаючы цуды Яго. Бязумоўна, Ён быў Бог, але жыў Ён на зямлі як звычайны чалавек, і тое, што Ён рабіў, можа рабіць кожны з нас, калі толькі духам сваім будзе цесна злучаны з Духам Ягоным. Зрэштаю, я толькі паўтараю словы Яго. I ў мяне няма ніякага сумліву, Паўле, што й ты цуды чыніць будзеш, бо ты ўжо маеш Духа Яго. I я пэўны, што слава твая, як выраз славы Яго, Бога, пашырыцца на ўвесь сьвет і будзе трываць павек веку. Аднаго толькі прашу ў цябе: вымалі Ласку ў Госпада для нашага няшчаснага народу, каб і ён пайшоў за Хрыстом, бо шчасьлівым будзе толькі той народ, які жыцьцё сваё будзе будаваць на асновах Навукі Яго. О, як прыемна мне чуць гэтыя твае залатыя словы! I як я рад, што яшчэ змог пагаварыць з табою, бо ня ведаю, ці мае абавязкі пазволяць мне яшчэ некалі пабачыць цябе. Але кажу табе: я заўсёды буду мець цябе ў сэрцы сваім, асабліва-ж цяпер, калі пераканаўся, што й ты — слуга Госпада нашага Ісуса Хрыста. На пацяшэньне табе скажу: я ўжо гаварыў з Госпадам адносна гэтага балючага для нас пытаньня. I Ён сказаў мне: прыйдзе час, і наш народ пазнае Яго, пойдзе за Ім, разам з усімі народамі будзе славіць Яго, як Месію-Спасіцеля, разам з усімі будзе натхнёна прамаўляць: ХРЫСТОС УВАСКРОС! Слава Уваскросшаму Госпаду! усклікнуў Гамаліэль. Навекі Слава! Ён ЗАПРАЎДЫ УВАСКРОС! Я — сьветка гэтага! натхнёна й радасна, выціраючы сьлёзы, адказаў вялікі й навекі слаўны Павал. М А Л I Т В А прачытаная Уладыкаю Васіліем у Сэнаце ЗША з нагоды Угодкаў 25-га Сакавіка У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа. Усемагутны й Прадвечны Божа! Гэтую Малітву нашую мы пасылаем да Цябе ў гадавіну Абвешчаньня Незалежнасьці Беларусі, свабода якое была неміласэрна патаптаная грубаю бязбожнаю сілаю, міліёны мучанікаў якое перад сьвятым Прастолам Тваім моляць Цябе: учыні Суд Твой праведны, памажы вярнуць свабоду нам, і ўсім паняволеным народам. У гэты ўрачысты мамэнт мы просім Цябе, Божа й Ойча наш, будзь міласьцівы да нас, бо Ты Вялікі й цуды чыніш! Ты — Адзіны Бог наш, поўны Ласкі й Праўды, Славы й Велічы! Міласьцівы Божа! Ты багаславіў народ Краіны гэтае, бо Ты любіш справядлівасьць, і ненавідзіш беззаконьні. Ты Сам апавяшчаў на зямлі Свабоду, і зрабіў яе асноваю жыцьця людзей. Багаславі кіраўнікоў і законадаўцаў Краіны гэтае, узмацні сэрцы іхныя Ласкаю Тваею, памажы ім у іхным змаганьні за Тваю Праўду й Свабоду ўсюды, для ўсіх церпячых і паняволеных народаў. Мы з пакораю схіляем галовы свае перад Табою, Божа й Спасе наш, і зь Вераю молім Цябе: Прымі гэтую Малітву нашую, багаславі Злучаныя Штаты Амэрыкі й нашую Маці-Беларусь! Няхай цудоўнае імя Твае, Божа й Ойча наш, пануе й зьзяе ў сэрцах нашых, славіцца й багаславіцца цяпер і заўсёды, і навекі. Амінь. Высокапрэасьвяшчэньнейшых Уладыкаў нашых, Архіепіскапаў СЕРГІЯ й ВАСІЛІЯ, Высокапрэпадобных Архімандрытаў, Мітрафорных Пратаіерэяў, Пратаіерэяў, Прэпадобных Айцоў, Хвальныя Царкоўныя Рады, дастойных Рэгентаў і Харыстых, Брацтвы й Сястрыцтвы, усіх вернікаў сьв. БАПЦ, дзяржаўныя й грамадзкія Установы, і ўвесь наш Беларускі Народ сардэчна вітаем з радасным Вялікаднем: ХРЫСТОС УВАСКРОС! ЕПАРХІЯЛЬНАЯ УПРАВА БАПЦ АМЭРЫКІ Й КАНАДЫ. |
Літаратура / Literature > Голас Царквы >