БОЖАЙ МІЛАСЬЦЮ СЬВЯШЧЭННЫ САБОР ЕПІСКАПАЎ БЕЛАРУСКАЕ АЎТАКЕФАЛЬНАЕ ПРАВАСЛАЎНАЕ ЦАРКВЫ НА ЧУЖЫНЕ Да ўсечэснога Духавенства, прэпадобнага Манаства, і ўсіх багалюбівых вернікаў нашых на Чужыне й на Бацькаўшчыне прабываючых КАЛЯДНАЕ АРХІПАСТЫРСКАЕ ПАСЛАНЬНЕ „Дзе НАРОДЖАНЫ Цар Іудэйскі? Бо мы бачылі Зорку Яго й прыйшлі пакланіцца Яму" (Мц. 2, 2) УЛЮБЛЕНЫЯ ДЗЕЦІ НАШЫЯ! ХРЫСТОС РАДЖАЕЦЦА! захоплена ўсклікае кожнае хрысьціянскае сэрца, прагнучае асабліва цяпер цяпла Хрыстовае Любові, Ласкі, Міру-супакою. Бог Прадвечны НАРАДЗІЎСЯ! Гэтая радасная вестка нясецца ўсюды, па ўсім засмучаным сьвеце, напаўняючы сэрцы людзкія надзеяй на перамогу дабра над злом, сьвятла над цемрай, свабоды над няволяй. Людзі ВЕСЯЛЕЦЕСЯ! апавясьціла Неба зямлі ў тую Ціхую Сьвятую Ноч, калі зазьзяла Зорка Віфлеемская. Так, гэтая Сьвятая Ноч прынясла сьвету „дзіўную навіну": Дзева НАРАДЗІЛА Сына! А тым Сынам быў Сам Бог, Каторы зь бязьмежнае любові Свае да людзей стаўся Чалавекам, прыняў нашае людзкое цела, нарадзіўся ў беднай стайні побач авец і валоў, бо „ня было Яму месца ў гасподзе" (Лк. 2, 7). Запраўды, адна навіна дзіўнейшая за другую! I ня дзіва, што перад абліччам тых навінаў, тых бязьмежных тайнаў Боскае Прамудрасьці й Любові, уся прырода затаіла дыханьне ў гэтую Сьвятую Ціхую Ноч, усе людзі добрае волі ад зьдзіўленьня ўпалі моўчкі на калені перад Тварцом сваім, і толькі Ангелы сьвятыя натхнёна запяялі свой цудоўны гімн, гімн новага Адама — Богачалавека, Каторы прыйшоў на зямлю, каб нас падняць на вышыні Нябесныя: „Слава на вышынях Богу, і на зямлі мір людзям добрае волі" (Лук. 2, 14). Так пяялі Ангелы ў зьзяньні Зоркі Віфлеемскае, якая сваімі праменьнямі асьвятляла цемру ночы (грахоўнае), нясла вялікую радасьць людзям, па слову прарока: „Народ, што прабываў у цемры, пабачыў сьвятло вялікае. Для тых, што жывуць у краіне ценю сьмерці, сьвятло зазьзяе" (Іс. 9, 2). I сталася! Зазьзяла й цяпер зьзяе радаснае Сьвятло Зоркі Віфлеемскае ў Ціхую Ноч Нараджэньня Бога нашага па ўсей зямлі! Гэта Сьвятло найясьнейшага Сонца, Сонца Праўды, Хрыста, Бога нашага. Тысячамі й міліёнамі сваіх праменьняў, праменьняў міру-супакою, любові, красы, радасьці й шчасьця, яно пранікае ў нашыя сэрцы, у нашыя хаты асабліва ў Сьвяты Вечар РАСТВА ХРЫСТОВАГА, ахінаючы нас Ласкаю Сваею. I, цуды творацца: адразу зьнікаюць усякія спрэчкі-непаразуменьні, адыходзяць клопаты й смуткі, суціхаюць болі, праясьняюцца абліччы, людзі ўзаемна выбачаюць сабе крыўды розныя, душы радуюцца й весяляцца, бо ў гэты слаўны мамэнт усе яны маюць Бога ў сэрцах сваіх, а дзе Бог, там супакой, задаваленьне, радасьць, натхненьне, як аснова Царства Божага на зямлі. Бо дзеля таго Сын Божы й стаўся Сынам Чалавечым, каб нас зрабіць сынамі Божымі! Дзеля таго стаўся слабым Дзіцяткам, каб нас зрабіць волатамі духовымі, дзеля таго стаўся малым, каб нас зрабіць вялікімі, дзеля таго стаўся бедным, ляжаў у яслях, каб нас зрабіць багатымі! Дзеля таго, як Дзіцятка, заплакаў, каб мы ніколі ня плакалі, дзеля таго ня меў дзе галавы прытуліць, каб мы маглі навекі радавацца ў Царстве Славы Яго, і дзеля таго аддаў Сябе ў рукі паганаў, каб „пабожныя ўзялі зямлю ў валаданьне, і будавалі Ягонае Царства Божае" (Пс. 36, 29). Вось чаму Неба й зямля радуюцца й весяляцца на РАСТВО ХРЫСТОВАЕ! Вось чаму радуемся й весялімся й усе мы: удома, на катаргах, высылках, у лясох, пушчах і на выгнаньнях на РАСТВО ХРЫСТОВАЕ. Бо ўсе мы цьвёрда верым, што неўзабаве ад Сьвятла Зоркі Хрыстовае зьнікне з аблічча зямлі грахоўная бязбожніцкая цемра, шчэзнуць злоба, варожасьць, нянавісьць, насільле, войны! Усюды запануе Мір-супакой, пашана, любоў, брацтва й свабода Божая! Усе людзі й народы будуць мець аднаго супольнага Валадара: Госпада Бога й Спаса нашага Ісуса Хрыста, усе будуць дзяцьмі Яго, сынамі Усявышняга, падобнымі Ангелам сьвятым! Будзем жа радавацца разам з Віфлеемскім воінствам Нябесным! Бо супакой Божы, радасьць і шчасьце нашае, прыйдуць на зямлю! Дзеля гэтага будзем толькі старацца, каб Бог і Спас наш знайшоў у сэрцах і душах нашых Свае Віфлеемскія ясьлі, высланыя фіміамам нашае любові да Яго, каб Ласка Ягоная заўсёды ахінала нас, каб Ён стала быў нашым Вучыцелем, Айцом, Кіраўніком. Тады Ён напэўна шчодра ўзнагародзіць нас ужо тут на зямлі: паможа нам, каб нашая любая пакутніца Маці-Беларусь нарадзілася да новага вольнага, незалежнага й шчасьлівага жыцьця, жыцьця зь Ім і ў Ім, Спасе нашым. Гэта нашыя Калядныя пажаданьні вам. I з гэтаю Вераю, Любоўю й Надзеяй на Нованароджанага Господа Бога й Спаса нашага, вітаем вас усечэсныя Айцы й любыя Браты й Сёстры зь вялікім і радасным Сьвятам РАСТВА ХРЫСТОВАГА, і з надыходзячым НОВЫМ ГОДАМ, пасылаем вам нашае Архіпастырскае багаславенства, і ўсклікаем: Багаслаўленае няхай будзе НАРАДЖЭНЬНЕ Тваё, Хрысьце Божа, Спасе наш! Ласка й Мір Госпада нашага Ісуса Хрыста, Любоў Бога й Айца, і Прычасьце Сьвятога Духа няхай будзе з усімі вамі. АМІНЬ. СЬМІРЭННЫ АРХІЕПІСКАП СЕРГІЙ Глава Сьвяшчэннага Сабору Епіскапаў Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы СЬМІРЭННЫ АРХІЕШСКАП ВАСІЛІ Сакратар Сьвяшчэннага Сабору Епіскапаў БАПЦ на Чужыне. Дана Году Божага 1960 месяца сьнежня Аўстралія-Амэрыка. ПОМНІ... БРАЦТВА Усе мы Браты й Сёстры ў Хрысьце. Вялікія, прыгожыя гэта словы: БРАТЫ й СЁСТРЫ! Яны гавораць нам аб вялікай Ласцы Божай да нас, бо-ж мы, дзякуючы Нараджэньню й Сьмерці Ісуса Хрыста за грахі нашыя, сталіся ДЗЯЦЬМІ Божымі, а таму й Братамі й Сёстрамі сабе. Толькі, ці мы належна карыстаемся гэтым сваім вялікім багацьцем, славаю й гонарам, ці мы запраўды зьяўляемся БРАТАМІ адзін другому? Паглядзім, што тут кажа нам сьв. Пісаньне. I сказаў Бог Каіну: Каін, дзе твой БРАТ Авель? I адказаў Каін: А хіба я СТОРАЖ брата маяго? (Быц. 4, 9). Два першыя браты на сьвеце мелі вялікі клопат. I гэты клопат не залежаў ад расы ці колеру: яны-ж былі кроўныя браты. Аднак, Каін забіў Авеля. I ад таго часу БРАЦТВА сталася праблемаю сьвету гэтага. I моцна памыляецца той, хто праблему гэтую хоча вытлумачыць прыналежнасьцю людзей да тае ці іншае расы, або — нацыі. Асновы праблемы гэтае многа глыбейшыя. Калі Бог пытаўся ў першага забойцы БРАЦТВА: Каін, дзе твой БРАТ Авель, дык, ясна, ня дзеля таго, каб даведацца аб гэтым. Гэта было абвінавачаньне Каіна, які пробаваў уцячы ад яго сваім іншым запытаньнем: А хіба я СТОРАЖ брата майго? Нам здаецца, што мы ўжо добра вырашылі гэтае жыцьцёва важнае пытаньне, таму кажам Каіну: так, ты СТОРАЖ брата твайго, бо-ж, быццам, і Сам Бог чакаў такога адказу ад Каіна. Не, ня гэтага чакаў Бог ад Каіна, таму Ён і пакінуў без адказу Каінавае тлумачэньне. Калі-б Бог хацеў даць Свой адказ на гэтае тлумачэньне, Ён бы сказаў Каіну: Не, ты праўду кажаш, што ты ня стораж брата твайго, і ў гэтым якраз вялікі клопат твой. Ты ўважаў, што ты запраўды зьяўляешся сторажам гэтым, таму можаш навет пазбавіць яго жыцьця. Тымчасам ты меў быць ня СТОРАЖАМ, а БРАТАМ яму! I ад таго часу на сьвеце галоўнаю памылкаю, бядою БРАЦТВА ёсьць тое, што людзі ўважаюць сябе СТАРАЖАМІ братоў сваіх, і сьведама, ці нясьведама ня бачаць вялікае шкоднасьці такога разуменьня справы. Яны ўважаюць, часам у добрым намеры, што яны павінны даглядаць сваіх братоў, апякавацца імі, памагаць ім радамі сваімі. Бязумоўна, часта гэта шляхотныя намеры. Усе мы павінны так рабіць. Толькі, гэта ня ёсьць БРАЦТВА! Паняцьці: Стораж і Брат дзьве зусім розныя рэчы. Многія з вас маюць кроўнага брата. Прадставім сабе, што вы стараецеся быць Сторажам ягоным. Вы можаце мець прыгэтым найлепшыя імкненьні, аднак, вы тут будзеце мець немалы клопат. Папершае, навет калі гэты брат ваш і патрабуе такога стоража, ён магчыма не жадае, каб ім былі вы. Падругое, ён можа быць вельмі ўдзячным вам за вашую апеку, але ён хоча быць сам сабе сторажам, а ад вас жадае быць яму — БРАТАМ! Калі Каін парушыў гэтае пытаньне, ён стараўся ўцячы ад асноўнага, вырашаючага адказу на пытаньне Божае: дзе твой БРАТ? Ён ведаў, што Бог не жадаў ад яго быць Сторажам Авеля. Адначасна ён ведаў, што ён якраз і быў гэтым Сторажам, а ня БРАТАМ Авеля. Бо-ж, калі-б ён быў такім Братам, ён бы любіў Авеля, а тымчасам ён ненавідзеў яго! I дзеля гэтага забіў! Як бачым, моцна памыляюцца тыя, навет добрае думкі, людзі, якія ўважаюць, што Стораж і Брат гэта тое самае. Не, далёка ня тое самае. I гэта мы бачым усюды, як у сямейным, так і ў грамадзкім і дзяржаўным жыцьці. Першае, гэта „апякунства". Людзі любяць даставаць дапамогу ад апякуноў, але не заўсёды любяць іх. Чаму? Таму, што апякун так ці іначай паказвае, што ён наш Стораж, што ён хоча кіраваць намі ды часам дыктаваць свою волю. Таму, вось, БРАЦТВА ня можа быць збудаванае на аснове Старажоўства-Апякунства. Асабліва нашае сучаснае жыцьцё, якое пабудаванае якраз на гэтым прынцыпе „старэйшага брата", ЦІ „белага", або „чырвонага брата", вяртае нас назад да — Каіна: запраўды, яно так ці іначай спачатку апаноўвае, пасьля панявольвае, а ўрэшце — забівае! Ці-ж можа на гэтым прынцыпе паўстаць СЯМЬЯ вольных народаў? Не, ніколі! Цяпер часта навет тыя каляніяльныя народы, якія атрымалі свабоду, ня любяць тых, што далі ім гэтую свабоду! Чаму? Таму, што БРАТЫ ня могуць даваць свабоды БРАТОМ, толькі СТАРАЖЫ могуць гэта рабіць. А ў нашым грэшным сьвеце часта бывае яшчэ й так, што тыя, якія атрымалі свабоду, стараюцца стацца СТАРАЖАМІ іншых народаў, часам навет ліцамерна апіраючыся на волю Божую! Перажылі мы ўжо й гэтае фарысейства! Вольнасьць і роўнасьць вялікія скарбы, але яны яшчэ, як бачым, ня твораць БРАЦТВА. Таму й пытаўся Бог у Каіна: дзе твой БРАТ? Гэтым Бог пытаўся ў яго: Каін, чаму ў сэрцы тваім няма братняе ЛЮБОВІ? I гэта галоўнае: БРАЦТВА вымагае ЛЮБОВІ. Бязумоўна, ня ўсе старажы Каіны: ня усе яны маюць у сэрцах сваіх ягоную страшную нянавісьць да брата свайго, але ці ўсе яны маюць тую любоў Божую, безь якое ня можа быць ніякага БРАЦТВА? Таму й пытаньне: дзе БРАТ твой, вядзе нас да іншага пытаньня: дзе ЛЮБОЎ твая? А мы ведаем, што Бог ёсьць Любоў. Таму гэтая праблема канчаецца пытаньнем: дзе БОГ твой? 3 сьв. Пісаньня мы ведаем, што Авель любіў Бога. Таму, калі Каін не любіў Авеля, дык ён адначасна не любіў і Бога! I наадварот, калі-б Каін любіў Авеля, ён бы любіў і Бога. I ня дзіва, што Бог сказав Каіну: голас крыві Авеля галосіць да Мяне! Зьвярнеце ўвагу: кроў Авеля галосіць да Бога! Гэта значыць: усякая нянавісьць выклікае гнеў Божы! Таму сьв. Пісаньне й вучыць нас: Хто кажа, што ён любіць Бога, а брата свайго ненавідзіць, той няпраўду кажа, няма ў ім ніякае любові. Таму, вось, пытаньне: дзе БРАТ твой, ёсьць пытаньнем: дзе ЛЮБОЎ твая, дзе БОГ твой ? I гэтае пытаньне цяпер можна паставіць міліёнам і міліёнам. I адсюль уся бяда цяпер на сьвеце. Асабліва цяпер, калі сучасны Каін многа горшы за першага. I адзіным лекам на тэтую хваробу зьяўляюцца словы сьв. Апостала Паўла: „Але вы прыступілі да пасярэдніка Новага Запавету, Ісуса, да крыві акрапленьня, якая лепш за Авеляву прамаўляе" (Жыд. 12, 24). I гэта дае нам надзею. I аб гэтым ПОМНІ асабліва цяпер, у часе Нараджэньня гэтага Пасярэдніка, Ісуса, Бога й Спаса нашага. Кроў Авеля гаворыць нам аб нянавісьці людзкой. Кроў Хрыстовая гаворыць нам аб Любові Божай. Каін забіў Авеля, бо ненавідзеў яго. Хрыстос Нарадзіўся й памер за ўсіх, навет за ненавідзячых Яго. Помста! гаварыла кроў Авеля. ЛЮБОЎ! гаворыць нам кроў Хрыстовая. Многа гаворыцца цяпер аб Брацтве людзей і народаў. I гэта добра. Але, пакуль у такіх размовах памінаецца Кроў Хрыстовая, усе гэтыя стараньні надарэмныя. Многа гаворыцца цяпер пра мір-супакой на зямлі, але пакуль людзі ня зробяць перш супакою з Бомаг, ня будзе супакою на зямлі. А гэтага, нажаль, ня бачаць ня толькі сучасныя бязбожныя павадыры, але навет і тыя, быццам, веруючыя. I яны цяпер адпавядаюць Богу адносна забойства не аднаго, а міліёнаў паняволеных сучасным Каінам: А што гэта нас абходзіць? Яны Браты нашыя? А хіба мы СТАРАЖЫ іхныя? Такія цяпер Каінавыя часы на сьвеце. Але Бог усё бачыць, і дае кожнаму паводля ўчынкаў яго. Таму мы пакінем тых, што й цяпер не разумеюць пытаньня Божага: дзе твой БРАТ? Мы будзем стала разумець яго як пытаньне: Дзе твой БОГ ? Дзе твая ЛЮБОЎ? Тая Любоў Божая, якая памагла Блуднаму Сыну вярнуцца да Айца свайго, Госпада Бога. Тая Любоў, якая паможа й нам усім быць запраўднымі БРАТАМІ й СЁСТРАМІ. Тая Любоў, якая прынясе нам мір-супакой, задаваленьне, радасьць, БРАЦТВА й свабоду на зямлі, і шчасьце вечнае на Небе. I толькі тут СІЛА Й ПЕРАМОГА асабліва для нас, Беларусаў. Таму, помні.. . ЕПАРХІЯЛЬНЫ ЗЬЕЗД БАПЦАРКВЫ Нязвычайна цяжкія былі ўмовы жыцьця нашае сьв. Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы ў Амэрыцы й Канадзе першыя дзесяць год. Галоўнаю цяжкасьцю гэтага было тое, што мы нідзе ня мелі сваіх царкоўных будынкаў, і прымушаныя былі маліцца ў нанятых прытулках. Але беларусы вельмі пабожныя, працавітыя, любячыя сваю сьв. Праваслаўную Царкву ды сваю МаціРадзіму. Таму яны ўвесь час балюча адчувалі адсутнасьць сваіх собскіх Цэркваў і Народных Дамоў. I дзеля гэтага, адначасна з палепшаньнем свайго матар'яльнага становішча, яны пачалі зьбіраць фонды на прыдбаньне гэтых сваіх рэлігійных і нацыянальных цэнтраў. А таму, што гэтыя іхныя імкненьні былі мілыя Богу, дык Ён і багаславіў іх: памалу мы пачалі набываць свае собскія Цэрквы й Народныя Дамы з нова пабудованаю прыгожаю Царквою ў Кліўлэндзе ды з Кафедральным Саборам у Ню-Ёрку на чале. У сувязі з гэтымі нашымі асягненьнямі й прыйшоў час на зар-ганізаваньне Епархіяльнае Управы сьв. БАПЦарквы на Амэрыку й Канаду. Дзеля гэтага й адбыўся 28-29-га травеня сёлета Епархіяльны Зьезд сьв. БАПЦарквы ў Кафедральным Саборы ў Ню-Ёрку. На Зьезд прыбылі Настаяцелі нашых Прыходаў: сьв. п. Мітрафорны Пратаіерэй а. Хведар Данілюк, Настаяцель Кафедральнага Сабору; Настаяцель нашае сьв. Царквы ў Ню Брансьвіку й Саўт Рывэры Мітрафорны Пратаіерэй а. Сьцяпан Войтэнка; Настаяцель нашае сьв. Царквы ў Торонто (Канада) Пратаіерей а. Міхаіл Ма-цукевіч, і Настаяцель нашае сьв. Царквы ў Кліўлэндзе, які, дзеля часовага выконваньня сваіх функцыяў, быў прадстаўлены псаломшчыкам Сп. К. Кіслым. Акрамя гэтых прадстаўнікоў нашага Духавенства, на Зьезд прыбылі ўсе Царкоўныя Рады на чале з сваімі Старшынямі, ды па два дэлегаты ад вернікаў з кожнае Парафіі. Епархіяльны Зьезд распачаўся Малебнам і сваю працу ў першы дзень, сыбота, 28-га травеня, закончыў Усяночнаю. Урачыстая Архіерэйская Служба Божая ў Нядзелю закончылася Малебнам падзякі Богу. У часе Службы Божае Духавенства й многія вернікі прыступілі да сьв. Споведзі й Прычасьця. Зьезд праводзіў Яго Высокапрэасьвяшчэнства Архіепіскап Васілі. У Прэзыдыюм былі пакліканыя Настаяцелі й Старшыні Царкоўных Радаў. Пасьля зачытаньня багаславенства й прывітаньня Главы сьв. БАПЦарквы Высокапрэасьвяшчэньнейшага Архіепіскапа Сергія, былі зложаныя, або прачытаныя прывітаньні ад беларускіх нацыянальна-грамадзкіх Установаў і Арганізавыяў. Зьезд выслухаў даклад свайго правячага Архіепіскапа Васілія, і кароткія словы Настаяцеляў і Старшыняў Царкоўных Радаў аб палажэньні ў сваіх Парафіях. Галоўнымі мэтамі Зьезду былі: зарганізаваньне Епархіі сьв. БАПЦарквы на Амэрыку й Канаду, узгадаваньне новых духоўных кадраў і далейшая беларусізацыя нашага царкоўнага жыцьця. Першая мэта была пасьпяхова вырашаная. Аднагалосна была выбраная Епархіяльная Управа ў наступным складзе: Яго Высокапрэасьвяшчэнства Архіепіскап Васілі, як апякун. Мітрафорны Пратаіерей а. Сьцяпан Войтэнка, як кіраўнік Царкоўна-Адміністрацыйнага аддзелу. Сьв. п. Мітрафорны Пратаіерэй а. Хведар Данілюк, як кіраўнік Царкоўна-Судовага аддзелу. Пратаіерэй а. Міхаіл Мацукевіч, як кіраўнік Місыйна-Асьветнага аддзелу. Сп. др. В. Войтэнка, як кіраўнік Гаспадарска-Фінансавага аддзелу, і Сп. Янка Ніхаёнак, як Сакратар. На дапамогу кожнаму кіраўніку аддзелу Зьезд выбраў па двох міран. Былі таксама выбраныя два трасьцістыя ды Рэвізыйная Камісія. Зьезд дакладна й рачова прадыскутаваў гаспадарска-фінансавую справу Епархіі, і аднагалосна пастанавіў: кожная Парафія ўносіць у касу гэтага аддзелу па даляру ў год ад кожнага свайго прыхажаніна незалежна ад веку. Зьезд дакладна й пільна разважыў і другія нашыя мэты: узгадаваньне новых духоўных кадраў ды беларусізацыю нашага царкоўнага жыцьця. Тут, нажаль, мы ўсё яшчэ маем вялікія цяжкасьці пераважна матар'яльнага парадку ў сувязі з будоваю й упрыгожаньнем нашых сьв. Цэркваў, што й далей вымагае вялікіх фінансавых сяродкаў. Аднак, прыймаючы пад увагу нашую пякучую патрэбу, Зьезд пастанавіў неадкладна прыступіть да арганізацыі нашае духоўнае вучэльні ды да адкрыцьця Пастырска-Рэгэнцкіх Курсаў у Кліўлэндзе. Апошняя пастанова, дзякаваць Богу, ужо пачала рэалізавацца, што ёсьць нашым вялікім посьпехам. Што-ж датычыць беларусізацыі, дык гэтая справа, нажаль, не такая простая, як гэта здаецца на першы пагляд. Некаторыя нашыя людзі не разумеюць гэтае справы ўва ўсёй яе глыбіні, таму й так лёгка выказваюць тут свае думкі, якія, аднак, не адпавядаюць рэчаіснасьці. Яго Высокапрэасьвяшчэнства Архіепіскап Васілі прадставіў гэтую справу наступна: Усе мы разумеем і згодныя з тым, казаў ён, што нашая сьв. БАПЦарква павінна карыстацца ў сваім жыцьці й Багаслужбах толькі сваёю роднаю моваю. Дзеля гэтага яна й існуе, і ўсе мы жадаем гэтага. Нажаль, ня ўсе яшчэ належна разумеюць, што гэтага нельга ўжо цяпер поўнасьцю правесьці ў жыцьцё. Ня ўсе ведаюць, што словы Багаслужбаў ды царкоўныя напевы ўзятыя з сьв. Пісаньня — Бібліі, якая складаецца з Старога й Новага Запавету. Вось жа, нашым заданьнем тут павінна быць: штонайхутчэй прыступіць да адпаведнага перакладу Бібліі на Беларускую мову, бо толькі тады мы зможам прыступіць да поўнае беларусізацыі нашых Багаслужбаў. Усякія іншыя разважаньні тут бязьмэтныя, а навет і шкодныя. Бязумоўна, мы поўныя гаспадары ў нашай сьв. БАПЦаркве, і ўсякім способам праводзім беларусізацыю там, дзе гэта магчыма. Уся царкоўная адміністрацыя, часткава Мэтрычныя Кнігі, пропаведзі ў Цэрквах, навука рэлігіі й Закону Божага ў нашых школках праводзяцца толькі ў нашай роднай мове. Вельмі часта, а ў некаторых Цэрквах стала, сьв. Евангельля й Апостал чытаюцца пабеларуску. Больш таго, мы ўжо маем Каціхізіс і Стары Запавет, а неўзабаве выйдзе й Новы Запавет, а магчыма й Малітоўнік у беларускай мове. Бязумоўна, калі-б былі адпаведныя духу нашае сьв. Царквы беларускія напевы, мы таксама й іх выкарыстаем. Зьезд поўнасьцю пагадзіўся з гэтым сьцьверджаньнем Уладыкі Васілія. Наступна дакладна прадыскутаваў праект Статуту Епархіі, і аднагалосна прыняў яго. Статут быў прыняты ў першы дзень Зьезду перад выбарамі Епархіяльнае Управы, што было зроблена на другі дзень. Такім чынам быў зроблены вялікі крок наперад у жыцьці й працы нашае сьв. БАПЦарквы ў Амэрыцы й Канадзе. Пажадаем Ёй далейшых посьпехаў у Яе дзейнасьці на Славу Божую, дабро ўсіх нас, і ўсяго нашага любага й церпячага ў няволі Беларускага Народу. Зьезд выслаў прывітаньні Прэзыдэнту ЗША й Губэрнатару штату Ню-Ёрк. Зьезд закончыўся супольнаю малітваю й багаславенствам Яго Высокапрэасьвяшчэнства Уладыкі Васілія. Шчасьці Божа! Дэлегат ВЕЧНЫ СУПАКОЙ ТАБЕ, ПАСТЫРУ ДОБРЫ! (Замест Некралёгу) 29-га ліпеня 1960 г. на 73-м годзе жыцьця адыйшоў на вечны супачынак Настаяцель Кафедральнага Сабору імя сьв. Кірылы Тураўскага ў Брукліне Мітрафорны Пратаіерэй а. ХВЕДАР Данілюк. Гэта балючая страта для БАПЦ сталася зусім нечакана, бо-ж а. Хведар да апошняга дня свайго жыцьця выконваў свае Пастырскія абавязкі. Страта гэтая тым больш балючая, што з адыходом а. Хведара ня стала ня толькі аднаго з так патрэбных нам сьвятароў, але й шчырага, ахвярнага будаўніка й абаронцы нашае сьв. Царквы. Стаўшы цьвёрда на грунт Аўтакефаліі Беларускае Праваслаўнае Царквы, як дэлегат Усебеларускага Сабору ў Менску ў 1942 г., а. Хведар не адступіў ад яе аж да сьмерці, ня гледзячы на ўсякія прыкрасьці й цяжкасьці адусюль, асабліва тут, на эміграцыі. Ня шукаючы ў сьвятарскім сане жыцьцёвых выгодаў, а. Хведар у цяжкую для БАПЦ пару ў Нямеччыне, а таксама й адкрыўшы Прыход сьв. Кірылы Тураўскага ў Брукліне, не чакаў на грашовую заплату, а фізычнаю працаю зарабляў сабе на пражыцьцё. Затое ў справах Веры ды царкоўных правілаў не папускаў нікому. Гэтую станоўкасьць, вернасьць Праваслаўнай Веры ды Беларускаму Народу, а таксама й адданьне духовым вартасьцям у першую чаргу, можна бачыць ня толькі пад канец жыцьця а. Хведара, але й ад самай маладосьці. Нарадзіўся сьв. п. а. Хведар у шматдзетнай сям'і ў в. Сурынка, Слонімскага пав., 12(25) жнівеня 1887 г. Ня бачучы будучыні сабе на вузкай палосцы, што прыпадала яму ад бацькаўскай гаспадаркі, малым хлопцам накіроўваецца ён у школу пры Жыраўскім манастыры, дзе зарабляе на пражыцьцё пяяньнем у Архіерэйскім хоры. Скончыўшы Духоўнае Вучылішча ў Жыраве, прабуе здабыць сярэднюю асьвету ў Рызе, пазьней у Таганрозе, але дзеля адсутнасьці сяродкаў пакідае й накіроўваецца ў Горадню на псаломшчыцкія курсы. Колькі год пасьля працуе настаўнікам у Слонімшчыне, а пазьней дзяком каля Кобрыня ды ў Вайкавышчыне. Пакліканы ў 1914 г. у расейскае войска, служыць у Модліне, пасьля накіроўваецца ў Таганрог, дзе дапаўняе асьвету ды ўступае ў школу прапаршчыкаў у Гатчына. Пасля лютаўскае рэвалюцыі ў Расеі, ужо афіцэрам, а. Хведар бярэ дзейны ўдзел у Беларускім вызвольным змаганьні, у якім асаблівыя заслугі здабывае на Румынскім фронце ў якасьці беларускага камісара ІV-га Корпусу. Пасля бальшавіцкага перавароту а. Хведар вяртаецца ў Беларусь і тут вядзе нацыянальную працу: сьпярша як Старшыня Бел. Камітэту ў Ваўкавыску, а пасьля як афіцэр Бел. Вайсковай Камандатуры ў Горадні. За гэтую дзейнасьць быў двойчы арыштаваны палякамі, а таксама й бальшавікамі. Уцякаючы зь першага арышту палякамі, а. Хведар трапляе ў Коўню, дзе нейкі час служыць пры Урадзе БНР, а пазьней у літувіскім войску. У 1920 г. а. Хведар вярнуўся ў Бел. войска ў Горадні, адкуль у лістападзе быў накіраваны ў паўстанчую брыгаду ў Слуцак, дзе заняў становішча Начальніка падахвіцэрскае школы, зь якою й быў прымушаны перайсьці польскую мяжу. Пасьля разьвязаньня палякамі Бел. Вайсковае Камісіі, а. Хведар вярнуўся на Бацькаўшчыну, і прысьвяціўся Пастырскай працы сярод Беларускага Народу. 24-га верасьня 1921 г. а. Хведар быў рукапаложаны ў сьвятарскі сан Архіеп. Горадзенскім Міхаілам. Аднак, сумленная Пастырская праца для сьвятара-беларуса ня была лёгкаю пры польскай акупацыі, ды тагачасным царкоўным кіравецтве. Польскія ўлады ўсьцяж чапляюцца да а. Хведара: за навучаньне рэлігіі ў беларускай мове, за супраціў палянізацыі Праваслаўнай Царквы, усьцяж перакідаюць яго, праз паслушныя царкоўныя ўлады, з аднаго Прыходу ў другі. Каб канчаткова зламаць непаслушнага „попа", польскі актыў у 1935 г. робіць на яго фальшывы данос, у выніку чаго а. Хведар быў асуджаны за „абразу польскага народу", а царкоўныя ўлады здыймаюць яго з Настаяцеля прыходу ў Парэччы ды прызначаюць памочнікам сьвятара ў іншым прыходзе. Вялікім коштам толькі ўдалося а. Хведару скасаваць прысуд, што, аднак, не зьмяніла адносінаў да яго збоку польскіх уладаў. У 1939 г. толькі дзякуючы заступніцтву нацыянальна сьведамага актыву, а. Хведар быў звольнены з бальшавіцкага арышту й вярнуўся на Прыход і собскую палоску зямлі у роднай вёсцы. Але ізноў а. Хведару ня было суджана пажыць спакайней. Улетку 1942 г. ён мусіць уцякаць ад чырвоных партызанаў, і заняць становішча другога сьвятара ў Дзярэчынскім Прыходзе, што абыймаў тады некалькі апусьцелых Парафіяў. I ўрэшце ў 1944 г. сталася тое, што балела а. Хведару бязупынна да канца ягоных дзён: давялося разьвітацца з Родным Краем. Пасьля капітуляцыі Нямеччыны ды здрады беларускага епіскапату, а. Хведар не пайшоў у Расейскую царкву, зачыніўшы сабе гэтым магчымасьць заняць Прыход у адным зь лягероў. 3 аднаўленьнем Епархіі БАПЦ а. Хведар дзейна ўвайшоў у царкоўнае жыцьцё: быў благачынным БАПЦ у францускай зоне, рэпрэзэнтаваў БАПЦ на міжнародных духоўных Зьездах і г. д. Пераехаўшы ў Амэрыку, а. Хведар адразу жа ўзяўся за арганізацыю Беларускага Прыходу ў Ню-Ёрку. Сяньня, глянуўшы на будынак Кафедральнага Сабору, здаюцца нябылымі гады Службаў Божых у нанятых крамках, у падсуседзях, гады турботаў аб месцы для Службы Божае ў наступную Нядзелю. Як-жа сумна, што той, хто пачаў гэтую добрую справу, уклаў у яе столькі духовага й фізычнага высілку, адыйшоў так перадчасна, пабачыўшы адно золак, і не дачакаўшыся сонцасьвету жыцьця нашае Сьвятыні, нашае Царквы. Вечны супакой Табе, Пастыру Добры! Ты заслужыў на вечны ўспамін! НАШАЯ МЭТА Сп. Я. Чарнэцкі так назваў у часапісе „Беларуская Царква", Чыкаго, свой заклік да аднае Веры ў беларускім народзе. Ягоны выбар: каталіцкая вера ўсходняга абраду — вунія. Свой выбар ён падмацоўвае: апалячаньнем каталікоў і абмаскоўленьнем праваслаўных. Вунія, лацінскае слова, на злучэньне-адзінства, прынесеная ў 16-м стагодзьдзі ў Вялікае Княства Літоўскае. Намерам вуніі на той час было злучэньне праваслаўнай часткі насельніцтва ў адной Царкве, адзінства ўсіх у каталіцкай веры. Як ведама, пачаткава Беларусь была паганскай. Хрысьціянства было прынятае ў 10-м стагодзьдзі з Грэцыі. I пасьля падзелу хрысьціянства ў 11-м стагодзьдзі Беларусь засталася праваслаўнай. Падобна сталася й з палякамі, толькі зь іншымі вынікамі. Спачатку яны прынялі хрысьціянства ўсходняга абраду, вось жа, былі праваслаўнымі, але пасьля падзелу Цэркваў, дзеля розных прычынаў, засталіся каталікамі. Але між праваслаўнымі беларускімі княствамі й каталіцкімі польскімі была паганская прастора князёў жмудзкіх. Беларусь ужо прыняла назоў Вялікага Княства Літоўскага. Палітычныя абставіны таго часу змусілі нашых князёў шукаць помачы ды накіроўваць свае вочы на Захад у Полыпчу, а гэта выдатна спрычынілася да пашырэньня каталіцызму ў Беларусі, асабліва-ж пасьля прыняцьця яго Вялікім Князем Літоўскім Ягайлам. Хрост жмудзкіх паганаў быў праведзены сілаю. Але падобная дзейнасьць ня была магчымай ані з хрысьціянскімі Сьвятынямі-Цэрквамі, ані з глыбока-рэлігійным, праз стагодзьдзі адданым сваей Веры, беларускім насельніцтвам. Такім чынам Княства падзялілася на каталіцкае кіравецтва-урад, і праваслаўную балыныню насельніцтва. Пачаткава, калі ўлада была пераважна ў праваслаўных руках, існаваньне дзьвёх Вераў не выклікала закалотаў. Але з ростам польскай калянізацыі, а перадусім дзеля наплыву місіянэраў зь Нямеччыны, менш з Італіі, а найболып з Полынчы, праваслаўныя адсоўваюцца ад улады. Аднак, апошнія цьвёрда змагаліся за роўнапраўнасьць. Ім удалося правясьці закон аб карыстаньні дзяржаўнымі ворганамі ўлады толькі мясцовым насельніцтвам ды аб роўнапраўнасьці ўсіх некаталікоў. Але адно — прыняцьце закону, а другое — выконваньне яго. У 16-м стагодзьдзі дайшло да таго, што доступ да ўлады для праваслаўных быў фактычна замкнёны, хаця й зусім няпраўна. Колькасьць асьвечаных праваслаўных усьцяж зьмяншалася. Праваслаўнымі застаюцца таму толькі сяляне й людзі цяжкое працы ды людзі незалежныя ад ласкі князя. Зрабіць іх каталікамі было амаль немагчыма. Рэлігійна яны былі перакананыя й станоўкія, таму праца місіянэраў тут ня мела амаль ніякага посьпеху, а гаспадарча яны былі незалежныя, таму дзяржаўны прымус ня мог падзеяць на іх. Вось жа, трэба было падшукаць нешта такое каталіцкае, што выглядала-б аднолькавым з праваслаўным. Гэтым нечым была — вунія. Вунія разрахоўвала на багаслоўскую нясьведамасьць шэрага беларускага праваслаўнага селяніна. Ён, быццам, не разьбіраўся ў пытаньнях Веры, і прыймаў яе толькі дзеля выгляду сьвятара, формаў Багаслужбы ды царкоўных звычаяў. Дзеля гэтага, каталіцкая зьместам, а праваслаўная формаю й была прыдуманая вунія, як асобная галіна каталіцкае веры. Беларусы як 16-га, так і 20-га стагодзьдзя, прыродна тыя самыя. Аднак, як у спосабах думаньня, так і ў галіне асьветы ў нас цяпер менш невукаў, чым тады было дактароў багаведы. Сяньня толькі выглядам сьвятара ніхто не наверне беларуса на новую веру. Цяпер неабходна даказаць вышэйшасьць і карысьнейшасьць гэтае веры. Нельга думаць, што Сп. Я. Чарнэцкі робіць сьмех з рэлігійнае веды беларусаў. Ён суліць зьмену Веры без выясьненьня вышэйшасьці каталіцкае веры ад той, у якой быў ахрышчаны й ад вякоў узгадаваны праваслаўны беларус, толькі таму, што ён сам каталік. Ён уважае, што гэта само сабою зразумела: мая вера лепшая. Адылі, кожны веруючы мае якраз такі самы пагляд на сваю веру. Кожны перакананы ў праўдзівасьці й вышэйшасьці свае Веры, бо-ж, калі-б ня было так, дык вольны чалавек лічыў бы сваім абавязкам зьмяніць яе на лепшую. А калі-ж не мяняе, дык гэта значыць, што ягоная Вера для яго наймілейшая й найлепшая. Вера, гэта аснова сумленьня, перакананьня, гэта тая сьвятасьць, якую нельга мяняць так, як таго каня, ці самаход, або нейкую іншую гаспадарскую прыладу. У якім жа веку мы жывем? Адна Вера, злучэньне ўсіх духоўна, рэлігійна, царкоўна й народна, бязумоўна, зьяўляецца ідэалам людзкога жыцьця, бо-ж гэта воля Божая. Але, ці гэты ідэал магчымы да ўрэчаісьненьня цяпер? Здаецца тымчасам за шмат ахвяраў патрабуецца, каб гэты ідэал стаўся фактам. Пагатоў цяпер, калі нельга нікога на кастрох паліць, ані тапіць у Дзьвіне, ані сьцінаць галовы рэлігійным дзеячом, ані наагул некаму сказаць: ты мусіш! Цяпер існуе свабода сумленьня, перакананьня й думаньня, свабода веравызнаньня ды свабода карыстаньня гэтымі сваімі правамі ў сваёй собскай Царкве з мэтаю духоўнага, грамадзкага ды супольнага ўзмацненьня сваіх сілаў, дзеля вызваленьня Беларусі. Аднак, калі-б знайшліся ў нас браты, якія канешне захацелі-б змагацца за тое, каб у нас была адна Вера, дык чаму тады ня выбраць Веры й Царквы найбліжэйшае да пачаткаў хрысьціянства, ды найбольш нам блізкай, роднай, беларускай? Чаму ня выбраць Веры, якая прызнае права на рэлігійна-нацыянальныя формы й звычаі ў кожным народзе, у кожнай краіне? Чаму ня выбраць Веры й Царквы з сваім рэлігійным кіравецтвам, словам, беларуска-незалежнай, собскай, кроўнай? Чаму ня выбраць Веры абсалютнай балыпыні беларусаў?! Амаль ужо 1000 год праваслаўе зьяўляецца Верай абсалютнай балыпыні Беларускага Народу. Гэта Вера, за якую загінулі тысячы нашых найлепшых суродзічаў у змаганьні за Божую Праўду й свабоду з нашымі дзяржаўнымі й народнымі ворагамі. Вось жа, нашая беларуская Праваслаўная Вера асьвячаная морам крыві нашых мучанікаў, пакутнікаў. Дзеля гэтага яна й павінна застацца нашаю, народнаю й дзяржаўнаю Вераю. Яна павінна стацца такою й таму, што цяпер яна адна мае незалежнае, поўнае, сваё Беларускае кіравецтва, сваю сьв. БАПЦаркву. А таксама й таму, што яна бадай адзіная, што адносіцца талерантна да іншых хрысьціянскіх вераў ды ніколі ня ўводзіла інквізыцыяў, ці якога іншага прымусу, ня згоднага з Навукаю Хрыстоваю, таму яна запраўды чыстая, беззаганная! I такою хоча застацца назаўсёды. Таксама й багаведна праваслаўе вышэйшае за многія іншыя веры, бо-ж гэта Вера, што непасрэдна й без апрацоўваньня „мудрацамі" паходзіць ад самых Апосталаў, тых Апосталаў, што собскімі вачыма й вушыма бачылі й чулі Самога Ісуса Хрыста. Гэта Вера свабодных людзей, што самы сабою кіруюць ды не патрабуюць прасіць нікога, каб быў ласкавы даў ім Іерарха. Яна дае права сваім вернікам уладжваць свае Сьвятыні паводля свайго найлепшага перакананьня. У сваіх Цэрквах яны могуць маліцца сваёю матчынаю моваю, перахоўваць традыцьіі й звычаі сваіх бяцькоў і дзядоў згодна з воляю агулу. Шлях Сп. Я. Чарнэцкага ды яшчэ каго з нашых суродзічаў, добры на іхнюю думку, вядзе да далейшага разьбіваньня беларусаў на веры, а ў тым аж на дзьве каталіцкія. Якое-ж гэта змаганьне за АДНУ Веру й Царкву, браты? Мэта Я. Чарнэцкага не апраўдваецца й дзяржаўна. Спадзяваньні на помач Каталіцкай Царквы ў справе беларускай дзяржаўнасьці зусім не абаснаваныя на запраўднасьці, а толькі на няпэўных надзеях. Добры Папа паможа беларусам толькі тады, калі гэта будзе дабром для Каталіцкае Царквы. А што тут ёсьць дабром, дык гэта ён сам, а найхутчэй ягоныя дараднікі вырашаюць, а ніколі мы, беларусы. Мэта Сп. Я. Чарнэцкага, таму, ня можа быць мэтаю ніякага сьведамага беларуса, бо яна ад нізу й да верху фальшывая. Яна навет справу каталіцкае веры зводзіць да нуля ў беларускім народзе. Але гэта адзін з тых узрэхаў беларускае творчае думкі, які мы мусім перажыць на нашым шляху да лепшага заўтра, таму мы й безь ніякае варожасьці выказалі тут свае думкі. Віктар Войтэнка X Р О Н I К А НЮ-ЁРК. Нашае царкоўнае жыцьцё тут з Ласкі Божае разьвіваецца й далей вельмі памысна й прыгожа. Нашыя вернікі горача любяць сваю сьв. Царкву, усякім спосабам і далей упрыгожваюць свой Кафедральны Сабор пад мудрым кіравецтвам Царкоўнае Рады на чале з Сп. М. Тулейкам. Але асаблівую радасьць перажылі мы ўсе ў часе нашага Храмавага Сьвята, якое сёлета было спалучанае з другім вялікім Сьвятам: Вазьдвіжаньнем Крыжа Гасподняга. Уладыка Васілі ў асысьце Мітраф. а. Сьцяпана й Прат. а. Рамана адслужыў урачыстую Службу Вожую з Малебнам да нашага Патрона й Златавуснага сьв. Кірылы Тураўскага. У сваёй натхнёнай пропаведзі Уладыка Васілі глыбока крануў сэрцы ўсіх вернікаў цудоўнымі словамі сьв. Кірылы, напаўняючы іх ня толькі радасьцю, але й гонарам. Прыгожа пяяў Хор пад кіравецтвам Сп. М. Тулейкі. Пасьля гэтае духоўнае насалоды, мы ўсе перажылі яшчэ й другую радасьць за супольным сталом на абедзе, які вельмі ўдала ўладзілі нашыя выдатныя гаспадыні. Гэтая нашая радасьць была ў тым, што мы тут, на чужыне, ня толькі перахоўваем, але й узмацняем традыцыі й звычаі нашых пабожных продкаў, словам і чынам творым духовую базу для вызваленьня нашае любае пакутніцы Маці-Беларусі. I ў гэтым сэнсе вельмі хораша прамаўлялі шматлікія нашыя прыхажане. Настрой усіх быў бадзёрьі й радасны, аб чым гаворыць ужо тое, што на працягу якое гадзіны было сабрана 900 даляраў у фонд памаляваньня нашага Сабору звонку. Нажаль, акрамя гэтае радасьці, мы перажылі й ўсё яшчэ перажываем таксама вялікі боль: страту свайго духоўнага Айца й Настаяцеля нашага Сабору, Мітраф. Прат. а. Хведара Данілюка. КАНАНІЧНЫЯ ВІЗЫТАЦЫІ УЛАДЫКІ ВАСІЛІЯ НЮ БРАНСЬВІК. Як кожнага году, так і сёлета, 8-га травеня, нашая Парафія тут перажыла вялікую радасьць на сваім Царкоўным Сьвяце. I гэтым разам яго ачоліў Высокапрэасьвяшчэньнейшы Уладыка Васілі з нашымі Айцамі Хведарам і Сьцяпанам. Раніцою ў Нядзельку ўся нашая грамада з гасьцямі зь Ню-Ёрку й ваколіцаў радасна спаткала Уладыку Васілія перад Царквою. Малыя дзяўчаткі паднясьлі яму букет прыгожых кветак, а Старшыня Царкоўнае Рады Сп. П. Кажура прывітаў яго з хлебам і сольлю й прыгожай прамовай, а ў Царкве прывітаў Уладыку наш Настаяцель Мітраф. Прат. а. Сьцяпан з сьв. Крыжам. Памаліўшыся, Уладыка Васілі глыбока крануў сэрцы ўсіх прысутных, напоўніў іх радасьцю сваімі прачулымі словамі аб Сіле й Ласцы Духа Сьвятога, Каторы ад веку й цяпер узмацняе нас, натхняе на вялікія й прыгожыя чыны. I ў гэтым радасным настроі пачалася ўрачыстая Служба Божая. Прыгожа пяяў наш Хор пад кіравецтвам Сп. Ф. Родзькі. Уладыка Васілі ізноў парадаваў усіх сваім Словам на тэму Расслабленага якое закончыў так: I скажа тады нам Господзь Бог: Устаньце, хадзеце й радуйцеся! Радуйцеся ўваекраееньню вашае пакутніцы Маці-Беларусі да новага й шчасьлівага жыцьця ў Свабодзе Маёй .. . Пасьля Службы Божае адбыўся супольны абед, на якім выступалі шматлікія прамоўцы ўключна з Уладыкаю Васіліем. I тут усе радаваліся, за ўсё дзякавалі Богу й прасілі Яго ў добрым здароўі дачакацьця свайго наступнага Сьвята. КЛІЎЛЭНД. Вялікая радасьць была тут для беларусаў сёлета, 3-5-га верасьня. Радасьць падвойная: Высьвячэньне нашае нова пабудаванае, прыгожае Царквы й Сустрэча Беларусаў Амэрыкі й Канады. Некалькі сот беларусаў тут тры дні радаваліся й горача дзякавалі Міласэрнаму Госпаду за ўсю Ягоную Ласку да нас. Гэта быў і наш вялікі гонар, бо ж нас, беларусаў, падзіўлялі ў гэтыя дні й амэрыканскія дзяржаўныя мужы й журналісты, і віншавалі нам з нашымі посьпехамі. Зьвярнуў увагу на гэты наш посьпех і Экзарх грэцкае Царквы Архіеп. Якуб, які праз Уладыку Багдана выказаў нашаму Уладыцы Васілію сваё задаваленьне. I ня дзіва, бо ўжо красуе ў Кліўлэндзе нашая велічная сьв. Царква, пабудаваная ў нашым беларускім стылі, як памятнік беларускае культуры ў Амэрыцы. I зразумела, што з гэтага радаваліся ўсе, а ў першую чаргу Уладыка Васілі. Натхнёна адслужыў ён тут у сыботу, 3-га верасьня, Усяночную, а ў Нядзелю ўрачыста высьвяціў нашую сьв. Царкву, а пасьля адслужыў сьв. Літургію з Малебнам у асысьце Айцоў Міхаіла, Евфімія й Калістрата. Нязвычайна прыгожа пяяў наш Царкоўны Хор пад кіракецтвам нашага выдатнага рэгента Сп. К. Кіслага. Натхненьне некалькі сотняў вернікаў цяжка апісаць. А што адчувалі ў гэты час будаўнікі нашае сьв. Царквы на чале з Царкоўнаю Радаю й яе Старшынём Сп. М. Гуменам ды найбольш папрацаваўшы Сп. Стрэчань, адзін Бог ведае. Адно можна толькі сказаць, што ЁН радаваўся зь іх ды багаслаўляў увесь наш народ. I гэтае багаславенства Божае асабліва добра адчуваў Уладыка Васілі, таму й Словы Ягоныя ў сыботу й у Нядзелю былі поўныя захапленьня, натхненьня й любові Божае, што яшчэ болып падымала сэрцы ўсіх да Бога, да нашае сьветлае будучыні. Служба Божая закончылася Малітваю Уладыкі Васілія на Высьвячэньне Царквы й нашым царкоўным гімнам ,,Магутны Божа". Пасьля Службаў Божых нашая радасьць прадаўжалася на супольным абедзе, удала ўладжаным Царкоўнаю Радаю. Мы ня маем магчымасьці падаць тут хоць бы зьмест натхнёных прамоваў шматлікіх прадстаўнікоў нашых Арганізацыяў, а таксама й Уладыкі Васілія на гэтым абедзе. Скажам толькі: зьместам гэтых прамоваў былі радасьць і гонар, гонар з таго, што мы, беларусы, так прыгожа ўпісваем сваё імя ў гісторыю іншых народаў у Амэрыцы. Наступна адбылася Акадэмія Сустрэчы й Канцэрт. Прысутнасьць амэрыканскіх сэнатараў, кангрэсмэнаў ды іншых прадстаўнікоў улады, а таксама й журналістых на Акадэміі ўжо само сабою сьветчыць аб іхных сымпатыях да нас. Але цяжка перадаць радасьць нашую, калі сэнатар Ф. Лауш закончыў свою прыгожую прамову пабеларуску: Няхай Жыве Вольная Беларусь!! Ясна, уся заля загрымела ад воплескаў! Што-ж датычыць Канцэрту, якім кіравалі Сп. К. Кіслы й Сп. М. Куліковіч, дык скажам толькі адно: ён пачаўся а 7-й гадз. і меў закончыцца перад 9-аю, а тымчасам зацягнуўся да 10-ае! I ня дзіва, бо быў запраўды бліскучы! Кожны быў зачараваны красою нашае мастацкае культуры, талентамі сьпявачак, сьпявакоў, музыкай ды майстэрствам кіраўнікоў. Кожны толькі думаў: Вожа, памажы нам вызваліць Беларусь! Якую радасьць мы зможам тады мець з нашае культуры! I напэўна Гасподзь Міласэрны паможа нам у гэтым, бо праз Высьвячэньне нашае сьв. Царквы мы здабылі далейшую Ласку Яго, а калі й далей будзем цьвёрда ісьці па шляху Яго, дык Беларусь будзе вольная! Б |
Літаратура / Literature > Голас Царквы >