БОЖАЙ МІЛАСЬЦЮ СЬВЯШЧЭННЫ САБОР ЕПІСКАПАЎ БЕЛАРУСКАЕ АЎТАКЕФАЛЬНАЕ ПРАВАСЛАЎНАЕ ЦАРКВЫ НА ЧУЖЫНЕ Да ўсечэснога Духавенства, прэпадобнага Манаства й усіх багалюбівых вернікаў нашых на Чужыне й на Бацькаўшчыне прабываючых ВЯЛІКОДНАЕ АРХІПАСТЫРСКАЕ ПАСЛАНЬНЕ ХРЫСТОС УВАСКРОС! „Сяньня спасеньне сьвету, бо: ХРЫСТОС УВАСКРОС! (Вялікодны Канон)". УЛЮБЛЕНЫЯ ДЗЕЦІ НАШЫЯ! За многа вякоў наперад Прарок апавясьціў: „Вось дзень, што яго стварыў Гасподзь: будзем радавацца й весяліцца ў ім!„ (Пс. 117, 24). I сталася. Дзеля Свае бязьмежнае любові да нас Гасподзь наш Ісус Хрыстос дабравольна ўзяў на Сябе грахі й немачы нашыя, за нас дзеля іх памер на Крыжы, і гэтым дараваў нам спасеньне. Хто можа апісаць бязьмежнае гора, нявымоўные цярпеньні Прачыстае Маці Яго? Горка плакала Яна пад Крыжам пакутаў Сына Свайго, і ручаі сьлёзаў абмывалі Прачыстае аблічча Яе вось ужо трэйці дзень. Аж раптам, яшчэ не ўзыйшло сонейка ў Нядзельку, як Ёй зьявіўся Ангел і апавясьціў: „Радуйся, Дзева, радуйся! Радуйся багаслаўленая, радуйся прэпраслаўленая: Твой бо Сын УВАСКРОС на трэйці дзень ад гробу!" (Вялікодная Сьціхіра). Уваскрос? Я ізноў пабачу Яго? О, што за радасьць! I вось ужо Марыя Магдаліна радасна цалуе Яе й апавяшчае: Так, ЗАПРАЎДЫ УВАСКРОС! Калі я сяньня раніцою прыйшла да Гробу, каб намасьціць Прачыстае Цела Яго, я пабачыла там двох Ангелаў, якія запыталіся ў мяне: Жанчына, чаго плачаш? Я аглянулася, і бачу: стаіць якісь мужчына. Я падумала, што гэта содоўнік, і кажу яму: Дабрадзею, калі іты вынес Яго, скажы мне, дзе ты Яго палажыў? А Ён кажа мне: Марыя! I я пазнала Яго, і зь нявымоўнаю радасьцю ўсклікнула: Раввуні-Вучыцелю! (Лк. 20, 13:16).Уваскрос! Уваскрос! радасна паўтарала Прачыстая. ЗАПРАЎДЫ УВАСКРОС! паўтаралі ўжо ўсе іншыя Жоны Міраносіцы й сьв. Апосталы, бо й яны ўжо пабачылі Яго! Гэта быў першы радасны Вялікдзень на зямлі: Вялікдзень малой, але найслаўнейшай грамады за ўсе часы, бо ж Прачыстай Маці Божай, Жонаў Міраносіцаў і Апосталаў на чале з Самым Уваскросшым Хрыстом. Толькі цяпер яны зразумелі словы Яго: На трэйці дзень Я ЎВАСКРЭСНУ! Уваскрэсну, бо: „Я вашае Ўваскрасеньне й Жыцьцё, і хто ўверуе ў Мяне, хоць памрэ, жыць будзе!" (Іо. 11, 25). Так споўніліся прадсказаньні другога Прарока: „Сьмерць! дзе тваё джала? Пекла! Дзе твая перамога?" (Ос. 13,14). I напоўніліся ўжо сьв. Апосталы нязломнаю Вераю ў Гаспада нашага Ісуса Хрыста, і гатовыя былі ўжо памерці за Яго, бо-ж сьмерці ўжо няма для веруючага, а ёсьць ужо толькі жыцьцё вечнае, бо-ж Ён, Хрыстос, як Першы з нас, УВАСКРОС, і нам жыцьцё дараваў! (I Кар. 15,20). Вось чаму, дарагія дзеці нашыя, Вялікдзень такое велічнае, слаўнае й радаснае Сьвята нашае! Бо-ж Хрыстос — Бог наш, любячы нас Айцец наш Нябесны! Таму Ягоная Перамога над злом, пеклам і сьмерцю — нашая перамога! Таму Ягонае Уваскрасеньне, гэта пачатак нашага ўваскрасеньня й радасьці вечнае разам зь Ім! Вось чаму пры сьпеве: ХРЫСТОС УВАСКРОС ізь мертвых..., радасьць душаў нашых ужо такая вялікая, што мы ня можам паўстрымаць яе! У радасьці й любові мы ўжо гатовыя абняць, да сэрца прытуліць, навет няпрыяцеля гатовыя абдарыць чыстым Вялікодным пацалункам, натхнёна апавясьціць яму: ХРЫСТОС УВАСКРОС! I некалі нашыя вёскі на Вялікдзень былі адным суцэльньш морам радасьці й весялосьці! У гэтыя слаўныя дні яны запраўды тварылі адну цудоўную грамаду дзяцей Божых на чале з Уваскросшым Хрыстом! I запраўды Ён тады між імі па зямлі хадзіў, цешыўся й радаваўся зь імі, багаслаўляў іх, сэрцы іхныя напаўняў Сваім Божым мірам-супакоем, задаваленьнем. А Ён жа, Бог і Спас наш, Сам сказаў: ,,Вось Я з вамі ўва ўсе дні да сканчэньня веку. Амінь." (Мц. 28, 20). Таму Ён і цяпер з намі. I цяпер Ён ходзіць сярод нас, асабліва-ж сярод нашага народу ўдома ды сярод тых на катаргах і высылках, і цяпер пацяшае, узмацняе, надзеяй напаўняе. Таму й яны там радуюцца й весяляцца на Вялікдзень, натхнёна вітаюць сябе, цалуюць, прамаўляюць: ХРЫСТОС УВАСКРОС! АЛЕЛЮЯ! Бо асабліва яны прамаўляюць разам з Прарокам: „Прыйдзе час, і праведнікі ўзрадуюцца й узьвесяляцца" (Пс. 68, 4), ды: „Пабожныя ўсьцешацца ў славе Яго" (Пс. 149, 5). Тым болей мы тут будзем радавацца й весяліцца, сардэчна вітаць адзін аднаго Вялікодным пацалункам і натхнёна прамаўляць: ХРЫСТОС УВАСКРОС! Бо-ж мы тут усюды з Ласкі Яго будуем асновы Ягонага Царства Божага на зямлі: нашыя сьв. Праваслаўныя Цэрквы! А гэтая вялікая Ласка Яго да нас сьветчыць нам, што неўзабаве ўстане з гробу свайго нашая любая пакутніца Маці-Беларусь, і зазьзяе ў славе Божай! I з гэтаю Вераю, Любоўю й Надзеяй на нашае скорае вызваленьне, і шчасьце вечнае вітаем вас, усечэсныя Айцы, Браты й Сёстры й увесь Беларускі Народзе зь Вялікім, Сьветлым і Радасным Сьвятам, перамогаю й трыумфам Неба й зямлі — УВАСКРАСЕНЬНЕМ ХРЫСТОВЫМ! 3 цьвёрдаю Вераю, палымяннаю Любоўю й непахіснаю Надзеяй будзем славіць Яго, Бога і Спаса нашага, і Ласка Ягоная нам памножыцца: неўзабаве ўсе мы ўжо на Вольнай Зямельцы нашай будзем натхнёна вітаць сябе: ХРЫСТОС УВАСКРОС! — ЗАПРАВДЫ УВАСКРОС! Уваскрос, усякае зло й сьмерць паканаў, і нам шчасьце й свабоду на зямлі, і радасьць вечную на Небе дараваў! Ласка й Мір Госпада нашага Ісуса Хрыста, Любоў Бога й Айца, і Прычасьце Сьвятога Духа няхай будзэ з усімі вамі. АМІНЬ. СЬМІРЭННЫ АРХІЕШСКАП СЕРГІЙ Глава Сьвяшчэннага Сабору Епіскапаў Беларускае Аўтакефальнае ПпаваслаЎнае Церквы СЬМІРЭННЫ АРХІЕПІСКАП ВАСIЛІ Сакратар Сьвяшчэннага Сабору Епіскапаў БАПЦ на Чужыне. Дана Году Божага 1960 месяца красавіка Аўстралія-Амэрыка. ПОМНI... ДРУГІ ПРЫХОД ХРЫСТОВЫ Сьв. Апостал Павал у сваім 2-ім Пасланьні да Салунян падае нам дакладны абраз Антыхрыста. Ён кажа: „Няхай не спакусіць вас ніхто аніяк: бо дзень гэты (Другі Прыход Хрыстовы) ня прыдзе, пакуль ня прыдзе перш адступленьне, і не адкрыецца чалавек грэху, сын пагібелі, які спраціўляецца й павышаецца панад ўсё, званае Богам ці Сьвятыняй, што ў Храме Божым, засядзе ён як Бог, паказваючы сябе, што ён Бог. Ці не памятаеце, што я, яшчэ як быў у вас, гаварыў вам гэтае? I цяпер ведаеце, што не дае адкрыцца яму ў свой час. Бо тайна беззаконьня ўжо дзее, толькі бы той, што цяпер стрымоўвае, быў забраны спасярод. I тады адкрыецца беззаконьнік, якога Гасподзь заб'е духам вуснаў Сваіх і зьнішчыць зьяўленьнем Прыходу Свайго, ды якога (антыхрыста) прыход, сілаю шатана, будзе з усей магутнасьцяй, і знаменьнямі, і фільшывымі цудамі, і з усякай няправеднай спакусай для тых, што гінуць, за тое што яны не прынялі любові праўды, каб ім спасьціся" (2 Сал. 2, 3-10). Вось жа, папершае, ён будзе „чалавекам беззаконьня". Сьв. Айцы кажуць нам, што ён беззаконна народзіцца, беззаконна будзе жыць, гэтае сваё беззаконьне будзе пашыраць усюды, і ў беззаконьні загіне. Падругое, ён будзе ,,сынам пагібелі", і аб гэтай сваей пагібелі ён сам будзе ведаць. Дзеля гэтага ён будзе старацца штонайбольш людзей пацягнуць за сабою на пагібель. I сьв. Іоан Багаслоў у сваіх Адкравеньнях называе антыхрыста „зьверам з бяздоньня", які на пагібель пойдзе (Адкр. 17, 8). Далей мы бачым, што ён засядзе ў Храме Божым, павышаючы сябе панад усё сьвятое й паказваючы, што ён Бог! Гэта значыць, ён выступіць супраць Госпада нашага Ісуса Хрыста, як спраціўнік Ягоны, адсюль і назоў: антыхрыст. А паколькі ён адважыцца адкідаць усё, або павышаць сябе панад усё, „што мы называем Богам ці Сьвятыняй", ды будзе прымушаць усіх толькі яго славіць, толькі яму аднаму пакланяцца, дык гардыня ягоная будзе бзьмежная, і сораму яго ня будзе канца. Сьв. Апоетал кажа нам, што ён засядзе ў Храме як „бог". Бязумоўна, ён, як чалавек, ня зможа быць адначасна ўва ўсіх Храмах Божых, таму ён і зьявіцца, і засядзе ў адным месцы, у цэнтры свае згубнае дзейнасьці. А як жа ён прымусіць людзей усюды пакланяцца яму й славіць яго? Тут сьв. Пісаньне дае нам паясьненьне такім словам: вобраз зьвярыны. Гэта значыць, ён забярэ Храмы Божыя, і наставіць у іх гэтыя свае зьвярыныя вобразы, якім людзі й будуць пакланяцца, славячы гэтым яго як „бога". А такіх людзей будзе ня мала. Прычыны гэтага праслаўленьня антыхрыста, як „бога", у розных людзей будуць розныя. Адныя будуць славіць проста таму, што яны ўжо прывыклі пакланяцца нейкаму павадыру-ідалу, не пытаючыся, ці гэты ідал варты такога пакланеньня. Другія, ня ведаючы сьв. Шсаньня, запраўды ўверуюць у яго, бо будуць бачыць ягоныя розныя фалшывыя цуды й знаменьні. Іншыя ізноў паклоняцца яму дзеля страху, баючыся ягонае жорсткасьці, зьдзеку, ды стараючыся здабыць ягоную ласку для жыцьцёвых выгодаў і нагародаў, якімі ён будзе шчодра абсыпаць сваіх прыхільнікаў, асабліва выдатнейшых. А такіх прыхільнікаў у яго будзе многа, тым болей, што сілаю шатана ён будзе тварыць многа розных нязвычайных рэчаў, „цудаў". I гэтаю сваею сілаю й уладаю, гардыняю, хітрасьцямі й подступамі ён так узьвялічыць сябе, што многія нясьведамыя людзі запраўды пачнуць пакланяца яму як „богу". У запраўднасьці жа ён будзе толькі згубным чарадзеем, спакусьнікам, забойцам душаў людзкіх. Мы тут прыводзім яшчэ словы сьв. Апостала Паўла: „Ці не памятаеце, што я, яшчэ як быў у вас, гаварыў вам гэтае?" Адсюль мы бачым, што сьв. Апостал гаварыў Салунянам аб гэтым многа болын, чым пасьля перадаў ім у сваім Пасланьні. Вось жа, гэтае пытаньне антыхрыста ён уважаў нязвычайна важным, і ня дзіва, бо-ж аб ім гаварыў Сам Хрыстос. Дзівіцца трэба толькі таму, што людзі, асабліва цяпер, мала думаюць аб гэтым, а таму й ня ведаюць, што слугі антыхрыста ўжо падрыхтоўваюць яму дарогу. Калі-ж ён зьявіцца? Сьв. Апостал тут кажа: I цяпер ведаеце, Што не дае яму адкрыцца ў свой час, толькі бы той, што цяпер стрымоўвае, быў забраны спасярод. 3 гэтых словаў Апостала мы бачым, што Салуняне ведалі аб тым, хто гэта яшчэ стрымоўвае. Нажаль, нам прыходзіцца тут толькі карыстацца тлумачэньнямі сьв. Пісаньня ды сьв. Айцоў. Яны бачылі ў гэтым Ласку Духа Сьвятога. Сьв. Феадарыт кажа: Паколькі Боскі Апостал ведаў словы Госпада: „Евангельле будзе абвяшчацца па ўсім сьвеце ўсім народам, і тады прыйдзе канец" (Мц. 24, 14), таму й сказаў, што спачатку ўсюды зазьзяе збаўленнае сьвято сьв. Евангельля, і тады ўжо выявіцца багаборца. Выявіцца, бо, ня гледзячы на паўсюдна апавяшчэньне сьв. Евангельля, зло запануе ў сэрцах людзкіх, распуста й жорсткасьць заменяць любоў Божую, дасьпее ніва Божая для жніва: ясна падзеляцца куколь і пшаніца для збору, для кары й нагороды. Тады той, што стрымоўвае, Дух Сьвяты, адыйдзе ад кукалю, перашкаджаць ня будзе каму, і антыхрыст зьявіцца. Сьв. Апостал кажа, што антыхрыст прыйдзе ў свой час. Гэта значыць, ён прыйдзе, папершае, не тады, калі яму хочацца, а калі яму прызначана, а падругое, ён зьявіцца ня супраць волі Божай. Ясна, не таму ён прыйдзе, што Бог жадае такога зла людзям, а толькі таму, што людзі самы спрычыняцца да прыходу яго сваею злою воляю. Гасподзь Бог толькі для нашага дабра аддаляе гэты прыход да апошняга мамэнту, даючы такім чынам магчымасьць кажнаму з нас злучыцца зь Ім, Спасам нашым. Калі-ж Ён пабачыць, што няма ўжо жадаючых да злучэньня зь Ім, тады адыйме стрымоўваючую руку Сваю, і зьявіцца антыхрыст. Як мы ўжо зазначылі, шатан адразу пасьля Уваскрасеньня Хрыстовага й Ягонае перамогі над пеклам пачаў руйнаваць сьв. Царкву Яго праз верных слугаў сваіх. Яны ўжо дзеялі у часы сьв. Апостала Іоана, які кажа: ,,Вы чулі, што прыйдзе антыхрыст, і цяпер ужо зьявілася многа антыхрыстаў" (I Іо. 2, 18). Як бачым, у сьв. Іоана антыхрыст і антыхрысты ня тое самае. Першы прыйдзе перад Другім Прыходам Хрыстовым, а гэтыя зьявіліся, як папярэднікі ягоныя, ужо пры Апосталах. Гэта й ёсьць тая „тайна беззаконьня", аб якой гаворыць сьв. Апостал Павал. Тайна таму, што ўсе гэтыя папярэднія й сучасныя антыхрысты, розныя лжэвучыцелі, герэтыкі, багаборцы выконваюць тайны плян шатана: зьнішчэньне сьв. Веры, Царквы Хрыстовае, пашырэньне зла, цемры, варожасьці, распусты, дэмаралізацыі, роспачы, зьняверра, хаосу, як глебы для дзейнасьці самога ўжо антыхрыста. I тады адкрыецца беззаконьнік, якога Гасподзь заб'е духам вуснаў Сваіх. 3 гэтага бачым, што перамога Божая будзе скорая й лёгкая: толькі дыхне, скажа слова Ісус Хрыстос і ўся, быццам, непераможная сіла антыхрыста счэзьне як дым! Гэта ўжо прад-бачыў прарок Ісайя, які сказаў: „Месія-Хрыстос заб'е нячыстага духам вуснаў Сваіх" (Іс. 11, 4),і сьв. Апостал Іоан у сваіх Адкра-веньнях, гаворачы пра Ісуса Хрыста, кажа: „Слова Ягонае, гэта востры меч, што выходзіць з вуснаў Яго" (Адкр. 19, 15). I зьнішчыць Хрыстос антыхрыста Прыходам Сваім. Ясна, зьнішчыць ня толькі яго самога, але й усё тое, што ён зрабіў. Куколь будзе аддзелены ад пшаніцы для вагню, і наступіць Царства Сьвятых. Сьв. Апостал Павал далей яшчэ гаворыць аб подступах антыхрыста, і аб тым, як і каго ён спакусіць. Вялікаю сілаю шатана ён будзе чыніць розныя фалынывыя цуды: па слову яго вагонь будзе зыходзіць зь неба, ягоныя абразы будуць гаварыць, ён будзе па вадзе хадзіць і г. д. Усё гэта будзе, ясна, толькі звычайным абманам пачуцьцяў людзкіх, звычайнымі, як кажуць, фокусамі. Ён зьверне асаблівую ўвагу на вучоных, якіх будзе спакушаць сваімі бліскучымі прамовамі, сваімі рознымі ведамі, рознымі фальшывымі навуковымі тэорыямі. Людзей жа, што служаць толькі целу свайму, ён будзе спакушаць пашырэньнем усякае распусты. Наагул жа, спачатку ён будзе старацца быць добрым да людзей, выяўляць сябе як іхны дабрачынца й збаўца, але, калі ўжо замацуе ўладу сваю, жорсткасьцям і зьдзекам яго над тымі, што не захочуць пакланіцца яму, ня будзе мяжы, але Гасподзь Міласэрны скароціць дні тыя, дзеля выбраных скароціць іх (Мц. 24, 22). I тыя выбраныя, што не паклоняцца антыхрысту, будуць навекі вечныя радавацца й весяліцца з Госпадам нашьгм Ісусам Хрыстом у Царстве Праўды й Славы Яго! I аб гэтым помні стала, штодзённа, дарагі чытачу. Неба й зямля прамінуць, але словы Мае не прамінуць, сказаў Спасіцель наш. Усе прадсказаньні прарокаў, тым болей словы Сына Божага, Ісуса Хрыста, ужо або споўніліся, або споўняцца, таму й гэта нямінуча станецца. Жыцьцё нашае тут на зямлі толькі кароткая хвіліна ў параўнаньні зь вечнасцю. Дзеля міласэрдзя Божага, часы антыхрыста будуць кароткія: паводля сьв. Пераданьня, толькі каля трох год. Таму, хто перажыве гэты кароткі час і не паклоніцца яму, будзе шчасьлівым навекі. А хто-ж не паклоніцца яму? Той, што будзе мець Госпада Бога й Спаса нашага Ісуса Хрыста ў доме душы свае, у сэрцы сваім. Але, каб мець Яго ў сэрцы сваім тады, трэба быць зь Ім ужо цяпер. Ужо цяпер неабходна прыгатаваць сябе да абароны супраць забойцы душаў нашых, нашае загубы, бо іначай, калі ён, антыхрыст, прыйдзе, мы будзем безбаронныя, бязрадныя, бездапаможныя. Таму ўжо цяпер злучымся як словам, так і чынам нашым з нашым Абаронцам: Госпадам Богам, і Ягоная сіла, Ягоны востры меч станецца дабром, сілаю й славаю нашаю, і ўсяго нашага народу ды ўжо навекі. Таму, помні! (Працяг будзе) ПРЭПАДОБНЫ АЎРААМ СМАЛЕНСКІ (Заканчэньне) У перадапошнім нумары „Голасу Царквы" мы прывялі словы В. Ключэўскага аб тым, што пазьнейшыя перапісчыкі „Жыцьця", як невукі, вельмі сапсавалі гэты высока-мастацкі літаратурны твор. На заканьчэньне мы падаем яшчэ думкі С. П. Разанава зь ягонае працы: „Жыцьцё прэпадобнага Аўраама Смаленскага", Пецярб., 1912. Тут ён, між іншым, кажа: „Гэта быў чалавек нязвычайна здольны, самастойны, з моцным характарам. Ён не зьмяшчаўся ў звычайныя тады рамкі царкоўнага жыцьця, і ня толькі ўвайшоў у канфлікт з групаю іншых дзеячоў на гэтай ніве, але й стаўся цэнтрам інтарэсаў усяго тагачаснага грамадзтва ў Смаленску" (бач.1). А далей, (бач. 2). ён, навязваючы да думкі В. Ключэўскага, кажа, што пазьнейшыя перапісчыкі моцна ЗРУСЫФІКАВАЛІ мову прп. Аўраама, замяняючы шмат ягоных словаў расейскімі. Гэтыя беларускія словы прп. Аўрама аўтар называе „юго-западнымы", і, між іншымі, падае такія: „чемерыт" (люты), „нязгода", „ілжа", „нудітца", і др. Некаторыя з гэтых словаў, кажа аўтар, былі зусім незразумелыя для перапісчыкаў, таму яны іх проста прапусьцілі, выкінулі. СЛУЖБЫ прп. АЎРААМУ Аўтар кажа, што ў чэсьць прп. Аўраама былі уложаныя шматлікія Каноны, Сьціхіры, Седальны, Трапар і Кандак. Некаторыя зь іх ён на бач. 16-17 падае, гэта: „Радуйся", „Оугль", „Лествіца", Прэпадобны Отче", „Жытіе", В'сіяв", і „От утробы', а таксама Трапар і Кандак, якія мы ніжэй падаем. Аўтар зазначае, што некаторыя Службы Божыя ўложаныя на памяць прп. Аўрама, а таксама й вучня ягонага, прп. Яфрэма. Акрамя таго ён кажа, што ў некаторых Службах Божых прп. Аўраам называецца ня толькі абаронцам Смаленска, але й сьветачам многасьветлае рускае (чытай: Беларускае) зямлі. Трапар на Гл. 8. Днесь воссія нам памяць твая, свяце, яко сонца златозарно лучамі озарая весь мір, і таму ношчы злы дух от нас отгоня, днесь нябесныя сілы святых ангел і душы праведных мысленно торжествуюць радуюшчэся, днесь і мы грэшныя прыпадаюшчэ молімся: Отче святы, Аўрааме, Хрыста Бога моля, не престай спасьці град і людіе. Кандак на Гл. 3. Дзева днесь воссія, Госпадзі, граду Тваяму яко сьветлае сонца, радасна ўсяленну озарая лучамі, тако і малітвамі Прэсьвятыя Багародзіцы ад усіх бед ізбаві і упразьні шатанія, яко мы, людзіе Твоі, Табою град спасаецца малітвамі Прэпадобнага. Падаем тут таксама адну з Малітваў прп. Аўраама, якую ён улажыў ад імя Маці Божае. Уладыка, Уседзяржыцелю, Сыне, Божа мой! Нахілі вуха Тваё, і пачуў Малітву Маці Твае, молячу імя Тваё Сьвятое, і выслухай усклікаючу да вялікае дабраты Твае, і просячу: памілуй, Уладыка, Валадару, горад гэты Смаленск, і гэты сьвяты Манастыр, і князя, і ўсіх праваслаўных хрысьціян, вызнаючых імя Тваё на ўсякім месцы Валадарства Тваяго! Выбач ім усе іхныя грахі перад Табою, праведнага гневу Тваяго не пашырай на іхныя правіны. Бо, калі й многакротна грашаць, усё-ж зьвяртаюцца да Цябе, Бога праўдзівага, бо іншага Бога ня знаюць, але Цябе, Адзінароднага Сына Айцу, і спрадвечнага з Духам Сьвятым вызнаюць і спаведуюць, ад Мяне цела ўзяўшага. Таму выбач ім усё, усе іхныя няпраўды перад Табою, бо Творцам Цябе называюць, і імя Тваё прызываюць. Амінь. Канец С. Клім ВЯЛІКАЯ СПАДЧЫНА Сярод слаўных імёнаў залатой пары старой беларускай культуры над усімі іншымі высака ўзносіцца імя й постаць Францішка Скарыны — выдатнага вучонага-філёзафа, тэалёга, рэлігійнага дзеяча, пісьменьніка, перакладніка, лекара, батаніка й першага ў нас і на ўсім усходзе Эўропы друкара-выдаўца. Сяньня, з пэрспектывы колькі мінулых стагодзьдзяў, у васобе Скарыны нас уражае й тыповая для эпохі адраджэньня шматкірунковасьць ягоных зацікаўленьняў , і нязвычайна высокая, як на той чае, ступень эдукацыі. У пару, калі пра ўнівэрсытэцкую навуку, пра дакторскія ды іншыя навуковыя ступені ў тагачаснай Пеларусі ня шмат яшчэ чулі, Скарына наважыўся вандраваць за імі, як сьветчыць летапіс Падуанскае Акадэміі, ня раз і пехатою, за тысячы вёрстаў, у далёкія краі Захаду. Пасьля гадоў навукі не на адным, а на колькі слаўных унівэрсытэтах, здабывае ён аж два дактараты — філязофіі й мэдыцыны. Вось дзякуючы галоўна гэтай грунтоўнай шырокай асьвеце, творчая дзейнасьць Скарыны змагла пакінуць незацёртыя сьляды ў многіх дзялянках нашай культуры. Найбольш плодная й цэнная была аднак-жа ягоная дзейнасьць у галіне рэлігійнае асьветы, якая выявілася галоўна ў працы над перакладаньнем на беларускую мову, друкаваньнем ды пашыраньнем рэлігійных кнігаў, перадусім кнігаў сьвятога Пісьма. Зь ягоных прадмоваў да гэтых кнігаў можна бачыць, што ён рабіў гэта з глыбака рэлігійных і ня менш глыбака патрыятычных матываў. Як сам ён кажа ў прадмове да свае першае друкаванае кнігі — праскага Псалтыра 1517 году — выдае ён яе „Богу ка чці" ды „люду паспалітаму к добраму наўчэньню" і „найболей з тае прычыны іжэ мя міласьцівы Бог з таго языка на сьвет пусьціў". Вось у галіне рэлігійнае асьветы, якая ў тую пару была блізу раўназначнаю з асьветаю наагул, Скарына сам адзін выканаў працу вялікае гістарычнае вагі. Сяньня ведама, што пераклаў ён усю Біблію, усе кнігі Старога й Новага Запавету. Бальшыню іх ён змог і надрукаваць. Да кажнае кнігі ён яшчэ даў свае вельмі цэнныя даўжэйшыя ўводныя прадмовы ды паясьненьні, у якіх яскрава адбіліся шырыня Скарынавага інтэлекту, глыбіня здабытае веды ды высокаідэйныя матывы ягонае працы. Апрача біблійных кнігаў, якіх сяньня ведама 24, Скарына яшчэ надрукаваў у Вільні кнігу свайго ўкладу вялічыні каля 900 бачынаў. Гэта ,,Малая Падарожная Кніжыца" — падручны маліцьвеньнік ды праваслаўны каляндарны інфарматар для падарожнікаў, вялікую патрэбу якога Скарына, сам няўтомны вандроўнік, добра адчуваў. У „падарожнай" кніжцы памешчаныя часасловец, акафісты, каноны, шасьцідзенец, духоўныя песьні, кароткія сьвятцы, пасхаліі ды ўвесь Псалтыр. Разам прыкладзеныя інфармацыі пра даўжыню дня й ночы ў розныя поры году, пра зацьменьні сонца ды „месяцаву гібель". У кніжыцы знаходзім такія малітвы, як „у дарогу ідучым і на моры плаваючым", малітву за „палоненых і ў цямніцы зачыненых", малітву „вельмі набожную к Прачыстай", малітву за лепшае „зразуменьне праваслаўнае Веры" і наагул „за ўсіх праваслаўных хрысьціян". За ўсяго колькі год Скарына надрукаваў кнігаў агульнага пайма колькі тысячаў бачынаў. Гэта, як для аднаго чалавека, вялікая праца, асабліва калі ўзяць на ўвагу тое, што да Скарыны друкарства ў нас ня было ды што яму самому давялося тварыць адмысловы, прытарнаваны да патрэбаў тагачаснае беларускае літаратурнае мовы ды да густаў тагачаснага чытача, першы беларускі друкарскі шрыфт. Давялося самому наладжваць нашыя першыя друкарні — адну ў чэскай Празе, другую ў Вільні. Там — у Празе ды Вільні — і паўсталі першыя ў гісторыі беларускія выдавецтвы. Кнігі Скарынавага друку сяньня „белыя крукі" — нязвычайна вялікая музэйная рэдкасьць. Некаторых, як для прыкладу Псалтыр 1517 году, да нашага часу дайшоў усяго адзін экзэмпляр. 3 гэтага бачым, што маглі быць іншыя, якія й зусім загінулі. Цэняцца яны высака ня толькі дзэля свае старыны ды рэдкасьці, але й дзеля дасканалага графічнага афармленьня. Адзначаюцца яны вельмі густоўным кроем літараў радковых, прыгаством ініцыялаў-літараў пачатковых, шматлікімі раскошнымі малымі й вялікімі заставіцамі, ды асабліва — высока-мастацкімі дрэварытамі. Іх Скарына памясьціў, як сам у прадмове да трэцяй кнігі Царстваў кажа, „для таго, абы брація мая... людзі паспалітыя, чтучы маглі лепей разумеці". У некаторых кнігах важнейшыя радкі дадзеныя чырвоным друкам. Адмыслоўцы прызнаюць, што Скары;авы кнігі з графічна - мастацкага гледзішча перавышаюць ня толькі ўсе кірылічныя друкі, што паявіліся да яго, але й усе пасьля скарынавыя аж праз цэлыя два стагодзьдзі. Стаяць яны на вышыні найлепшых тагачасных заходняэўрапейскіх друкаў. Вось дзеля гэтага, мець хоць адну кнігу Скарынавага выданьня, сяньня вялікі гонар і для найболыпых бібліятэкаў сьвету. Слаўная сваімі багатымі зборамі бібліятэка Брытанскага Музэю ў Лёндане мае пяць кнігаў Скарынінскае Бібліі: чатыры кнігі Царсгваў, друкаваныя ў 1518 г. ў Празе, ды першую кнігу друкаваную на беларускай зямлі — Віленскі Апостал 1525 году. Захадамі Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва гэтыя ўсе кнігі сяньня мікрафільмаваныя для навуковых патрэбаў, мікрафільмы перахоўваюцца ў Ню Ёрку. Дзякуючы ім і была магчымасьць бліжэй па знаёміцца 3 кнігамі Царстваў Скарынінскага друку. Прадмовы да кнігаў Царстваў, што займаюць дзесяць бачынаў, выяўляюць нам Скарынавую шырокую эдукацыю — і агульную, і тэалягічную. Ягоная веда гісторыі й гісторыі права бачна ўжо з тых пачатковых радкоў, дзе ён піша, што перад тым, як Хрыстос даў людзям Свой Новы Запавет, „пісма і права, ілі уставы... людзкімі пільнасьцямі папісаны былі... Грэкам цар Фараней, іменем, найпярвей права папісаў. Эгіпціянам Мэркуры трымеіст, Афінеянам Салон філёзаф. Ляцэдімонянам жа Лігург цар іх. А рымлянам Нума Пампеюс, ён жа быў... утары па цару Ромуле. I тым тэж абычаем іныі цары ілі людзі мудрыя іным народам...кнігі, пісма, уставы, права, наукі ілі закон аставілі..." Пераходзячы далей ад правоў людзкіх да Боскіх, Скарына падае чытачом назовы ўсіх кнігаў Бібліі, дзелячы іх на чатыры тэматычныя групы. Найперш пералічае тыя кнігі, што „пішуць наукі і суды Божыя", як чатыры Эвангельлі, або кнігі Майсеевы. Далей падае кнігі, каторыя гавораць пра справы „быўшыя і летапісанія, як кнігі Царстваў". Кнігі трэйція „пішуць а мудрасьці, а розуме, і а науцэ Новага і Ветхага Закона"; да іх Скарына залічае Апостальскія Пасланьні, Салямонавы ды іншыя кнігі. Чацьвертыя, гэта „пісма ад міласэрднага Бога нам даныя", кнігі прароцтваў і аб'яўленьняў. Мова Скарынінскіх прадмоваў і перакладаў — старая беларуская літаратурная мова. Прытым, тыпова для нашых рэлігійных кнігаў тае пары, мова перакладу закрашаная значнаю доляю традыцыйных царкоўна-слав'янізмаў. Мае яна крыху й чэхізмаў, у чым адбіўся факт, што пераклад быў роблены ў Чэхіі ды за галоўнае жарало біблійнага тэксту служыла Скарыне чэская Біблія 1506 году. Даволі чыстая яна, затое, ад палянізмаў, чым моцна пачала грашыць старая беларуская літаратурная мова пазьней, пачынаючы з другой палавіны XVI стагодзьдзя. Скарынава беларуская мова, пэўне-ж, выяўляе й значныя розьніцы ад беларускай мовы сучаснай. Дзівіцца гэтаму ня трэба. Не забывайма, што беларуская мова ягонай пары адлеглая ад нас у часе ледзь не на чатыры з паловаю стагодзьдзі. Мова-ж кажнага народу не стаіць на месцы, а разьвіваецца, мяняецца. Трэба зьвярнуць увагу, што й ангельскі пераклад Бібліі караля Джэмса, роблены на пачатку XVII стагодзьдзя, для сучаснага чытача стаў на толькі цяжкім і незразумелым, што давялося падумаць пра пераклад новы. Гэты пераклад колькі гадоў таму й быў зроблены. Дык ня дзіва, што Скарынава мова, якая ў часе ледзь не на сто гадоў старэйшая за мову Бібліі караля Джэмса, сяньня, асабліва ў першым чытаньні, уражае значнай архаічнасьцяй. Гэтае ўражаньне ўзмацняе яшчэ й Скарынавы правапіс — не фанэтычны, які мы цяпер ужываем, а традыцыйны этымалягічны. Ды ўсё-ж у Скарыны поўна словаў, якія й па сяньня бытуюць у беларускай народнай мове, як: гумно, сені, скрыня, умывальніца,вельмі, муралі, шырыня, даўжыня, вышыня, валы, ласі, львяняты, плошчыца, сіваваронка, усеніца, адзінец, гаспадар, чарадзейнік, крэмень, бубен, быльлё, долата, пуга, гарнец, пекла, узгоркі, ліст, крыўда, смутак, дакука, найміт, дойлід, прыгожы, патрэба, справа, кажны, блудніца, гад, смачны, і г. д. Беларускасьць мовы Скарынінскіх кнігаў пацьвярджаюць скрозь і выдатныя слявісты-моваведы, як Ліндэ, Буслаеў, Аганоўскі, Жыпецкі, Нядзешаў, Карскі, Сабалеўскі, Уладзіміраў, Мурко, Брукнэр, Будзіловіч, ды дзесяткі іншых. Кнігі Скарынінскага друку, дзеля іхняе вялікае рэдкасьці, і па сяньня яшчэ мала вывучаныя, яны яшчэ чакаюць на сваіх грунтоўных дасьледнікаў. Асабліва з моўнага гледзішча ў іх шмат цікавага й важнага для выясненьня не аднаго пытаньня зь гісторыі белерускае мовы. Бясспрэчна сяньня адно: наш вялікі Палачанін пакінуў бязцэнную спадчыну, якая прыносіць вякамі несьмяротную славу ня толькі яму, але й таму народу, "з языка якога міласьцівы Бог яго на сьвет пусьціў". М. Багровіч. ПЯЦЬДЗЕСЯТ ВОІНАЎ ХРЫСТОВЫХ. Патокамі лілася кроў мучанікаў-хрысьціян за часоў страшнога Нэрана: іх кідалі на вогнішчы, у пашчы зьвераў, укрыжоўвалі. Аднак, сьвятая кроў гэтых палымянных воінаў Хрыстовых яшчэ болып узмацняла й цэментавала Веру ў Яго, Бога нашага. Хрысьціянства стала пашыралася, пранікала навет у колы вяльможаў ды ў шарэгі войска, што асабліва непакоіла крывавага Нэрана. Мы й цяпер маем велічнае Сьвята над Сьвятамі: Вялікдзень, слаўнае Уваскрасеньне Хрыстовае. Зь якою радасьцю, зь якім натхненьнем мы гатуемся да гэтага нашага Сьвята Перамогі й Спасеньня ўжо некалькі тыдняў наперад, у часе сьв. Вялікага Посту! А хто з нас можа ўявіць сабе радасьць і натхненьне ў гэтым часе першых хрысьціян, калі сярод іх былі яшчэ навочныя сьветкі Укрыжаваньня й Уваскрасеньня Спасіцеля нашага! Калі сярод іх былі яшчэ сьветкі, якія мелі радасьць на ўласныя вочы пабачыць Уваскросшага Сына Божага, Хрыста. О, так, радасьць іхная была бязьмежная, натхненьне ангельскае, і ніякія вогнішчы й укрыжаваньні не маглі запалохаць іх, наадварот, яны ўміралі з песьнямі, бо цьвёрда, нязломна верылі, што праз гэтую сваю сьмерць яны разам з Хрыстом перамагаюць усякую сьмерць, навекі злучаюцца зь Ім у Нябёсах! Таму, вось, бязьмежная радасьць і захапленьне панавалі сярод грамадаў першых хрысьціян перад Вялікаднем. Гэта было адно суцэльнае мора любові Божае, радасьці незямное, надзеі на шчасьце вечнае! Кажны зь іх толькі гарэў адным жаданьнем: хутчэй прывітаць бліжняго свайго Вялікодным пацалункам, абдарыць яго яечкам і ўсклікнуць: ХРЫСТОС УВАСКРОС! А як праменьні сонейка дзеюць на добрых і злых, так і гэтыя праменьні любові Божае сярод хрысьціян, жыватворчая сіла сьв. Крыжа Хрыстовага, зьзяньне сьвятла Нябеснага з Гробу пры Ягоным Уваскрасеньні збаўленна дзеялі таксама кругом, захаплялі масы паганаў, выклікалі ў іх вялікае зьдзіўленьне, адначасна вялікую пашану да хрысьціян. Добра бачыў гэта Нэран, бачыў і лютаваў. I вось перад Вялікаднем ён выдаў страшны загад: усюды, а перадусім у войску, лавіць хрысьціян, і ўкрыжоўваць іх. Атрымаў гэты загад і Пталамей, камандзір легіону „Маланка" у далёкай Галіі. Ён добра ведаў, што ў ягоным легіоне многа хрысьціян, але ён іх не перасьледваў, бо ўжо самы назоў „Маланка" гаварыў аб тым, што ягоныя жаўнеры былі выдатнымі воінамі, а які камандзір ня любіць адважных, добрых жаўнераў сваіх? Любіў іх і Пталамей. Але, вось, гэты імпэратарскі загад! Што тут рабіць? Пталамей яшчэ належна ня ведаў сілы духа хрысьціян, таму ўважаў, што яму ўдасца намовіць іх адказацца ад гэтае свае Веры. Дзеля гэтага ён стварыў адмысловую камісію з афіцэраў пад сваім старшынствам, і пачаў выклікаць аднаго за другім сваіх жаўнераў. Вы хрысьціянін? пытаўся ён у кажнага. I адзіны адказ быў: Так, я хрысьціянін. Ці вы ня хочаце адмовіцца ад свае Веры? Не! быў адказ. I як ні страўся Пталамей намовіць кажнага адрачыся ад свае Веры, бо-ж іначай ён мусіць аддаць іх на ўкрыжаваньне, адказ быў толькі адзін: Не! I перабраў Пталамей такім чынам увесь свой легіон, і знайшоў пяцьдзесят хрысьціян, якія гатовыя былі памерці за сваю Веру, за Хрыста. I выдаў ён загад: укрыжаваць. I загатовілі пяцьдзесят крыжоў, і прывялі гэтых воінаў Хрыстовых, і пачалі прыбіваць іх цьвякамі да дрэва. Яны хутка здадуцца, голасна й з сьмехам гаварылі афіцэры ды іншыя пагане. Але, вось, пачулася малітва гэтых бясстрашных воінаў Хрыстовых: О, Госпадзі, Ісусе Хрысьце, Божа наш, тут пяцьдзесят воінаў Тваіх, што змагаюцца за Цябе. Мы ўсе ўмаляем Цябе, памажы нам, каб і пасьля гэтага бою нашага нас было таксама пяцьдзесят! Аж раптам, што гэта сталася? Адзін з воінаў гэтых, калі толькі яго хацелі прабіць цьвякамі, падняў рукі й сказаў, што ён адракаецца ад Хрыста. Аднак, на іншых сорак дзевяць гэта не падзеяла, наадварот, яны натхнёна, як адзін, пачалі пяяць: Хрыстос Уваскрос ізь мертвых, сьмерцю сьмерць паканаў... Зьдзіўленьню прысутных ня было канца. Нейкая электрычная іскра ўдэрыла ў сэрцы іхныя, а перадусім у сэрца самога Пталамея. Хто-ж гэта Хрыстос, Каторы выклікаў такую моцную Веру й Любоў у сэрцах гэтых маіх адважных жаўнераў? Гэта ня можа быць звычайны чалавек, не! Запраўды, Ён мусіць быць вялікім Богам! усклікнуў усхваляваны Пталамей. Авідзі! сказаў ён свайму заступніку, я перадаю табе камандаваньне легіонам. Чаму? Таму, што я сам іду да іх, укрыжава ных, бо й я — хрысьціянін! I ўжо ўкрыжаваны, ён радасна разам зь іншымі маліўся: О, Госпадзі, Ісусе Хрысьце, Божа наш, тут пяцьдзесят воінаў Тваіх што змагаюцца за Цябе. Мы ўсе ўмаляем Цябе, памажы нам, каб і пасьля гэтага бою нас было таксама пяцьдзесят! I Спасіцель наш выслухаў малітву гэтых воінаў Сваіх. Натхнёна сьпяваючы: Хрыстос Уваскрос ізь мертвых..., пяцьдзесят непераможных воінаў памерлі, каб уваскрэснуць разам з Хрыстом, і ўжо там, разам з Ангеламі, на Небе, у радасьці нявымоўнай, прывітаць сябе: ХРЫСТОС УВАСКРОС! ЗАПРАВДЫ УВАСКРОС! Г-я. ХРОНIКА СЬВЯТКАВАНЬНЕ 10-х УГОДКАЎ БАПЦарквы. Вельмі ўрачыста адбылося гэтае нашае гістарычнае й радаснае сьвяткаваньне ўва ўсіх Цэрквах і Прыходах па ўсім вольным сьвеце, а ў сэрцах многіх нашых суродзічаў напэўна й удома. Усюды адбыліся ўрачыстыя Службы Божыя, а пасьля іх сьвяточныя Акадэміі. Але асабліва слаўна адбылося яно ў Ню-Ёрку й Мэльбурне, Аўстралія. Урачыстую Службу Божую: сьв. Літургію й Малебен у Ню-Ёрку адправіў Высокапрэасьвяшчэнейшы Уладыка Васілі ў асысьце Мітраф. Пратаіерэяў Хведара й Сьцяпана й Прат. Рамана. Сабор быў запоўнены натхнёнымі вернікамі. Вельмі прыгожа пяяў Царкоўны Хор пад кіравецтвам Сп. А. Каптуровіча. Уладыка Васілі, 10-цігадовы Юбілей Хіратоніі якога злучыўся разам з 10-мі Угодкамі сьв. БАПЦарквы, у сваей пропаведзі, якая да глыбіні душы ўзварушыла ўсіх прысутных, горача дзякаваў Госпаду Богу за ўсю Ласку Яго да нашае сьв. БАПЦарквы й да ўсяго нашага Беларускага Народу. У гэтай сваей натхнёнай прапаведзі Уладыка Васілі, між іншым, сказаў: Асабліва сяньня Господзь Міласэрны прамаўляе да нас: Гляньце, любыя дзеці Мае, на свой слаўны Сабор і разумейце, што гэта Ласка Мая да вас і ўсяго вашага народу. Я багаслаўляю вас, а таксама й вашых суродзічаў усюды там, дзе яны будуюць Дамы Мае, сьв. Цэрквы вашыя, бо гэтым для ўсіх вас прыга-таваныя сьвятліцы ў Царстве Славы Мае! Будзьце толькі й далей цьвёрдыя ў Веры, непахісна ідзеце шляхам Маім і Ласка Мая вам памножыцца! Пасьля гэтых слаўных словаў Божых Уладыка Васілі сказаў: А што-ж мы адкажам на гэта? Толькі адно: Дзякуем, бясконца дзякуем Табе, любы Ойча й Божа наш! Пасьля гэтага духоўнага балю душаў нашых адбылася Акадэмія, супольны абед, удала прыгатаваны нанашымі зараднымі жанчынамі, за што ім належыць вялікая падзяка. На абедзе было каля паўтары сотні людзей. Сярод іх прадстаўнікі ўсіх нашых дзяржаўных, навуковых і грамадзкіх Установаў і Арганізацыяў. Усе яны горача віталі прысутных з 10-цігадовым Юбілеем нашае сьв. БАПЦарквы й Уладыку Васілія з 10-цігадовым Юбілеем ягонае Хіратоніі. У канцы Уладыка Васілі горача падзякаваў усім сваім непахісным наважаньнем і далей аддаваць усе сілы свае на служэньне Богу, нашай сьв. БАПЦаркве й усяму нашаму народу. На абедзе быў сабраны падарунак для Главы нашае сьв. БАПЦарквы Высокапрэасьвяшчэньнейшага Уладыкі Сергія, а таксама для Уладыкі Васілія на новае аблачэньне. Уладыка Васілі атрымаў пісьмовыя прывітаньні ад Настаяцеляў і Царкоўных Радаў сьв. БАПЦарквы ў Ню-Ёрку, Ню Брансьвіку, Кліўлэндзе, То ронто, Брадфордзе, Лювэне, Мэльбурне, й Адэляідзе. Таксама злажылі яму свае прывітаньні: Сп. А. Стагановіч ад БНР, Сп. інж. В. Г. Глазкоў ад Ураду Казачага Прадстаўніцтва, Спадары Г. Ерэменко й Н. Каледін ад Казача-Амэрыканскага Аб'еднаньня, Спадары інж. Ф. Бігдай і I. Качалінскі ад Редакцыі журналу „Казачае Жыцьцё", Сп-ня 3. Станкевіч ад Беларускага Жаночага Згуртаваньня, а таксама ад Праф. др. Я. Станкевіча, як і ад многіх іншых прыватных асобаў, якім ужо або падзякаваў, або гэтым шчыра дзякуе. Высокапрэасьвяшчэньнейшаму Уладыцы Сергію былі зложаныя пісьмовыя прывітаньні зь Ню-Ёрку ад Галоўнае Управы БАЗА, і ад Царкоўнае Рады Кафедральнага Сабору імя сьв. Кірылы Тураўскага наступнага зьместу. Высокапрэасьвяшчэньнейшы Улады-ка Сергій! У дзень нашага ўрачыстага сьвята ў Дзесятыя Угодкі Аднаўленьня Іерархіі Сьв. Белерускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы — узносячы Госпаду Богу малітвы ўдзячнасьці за нашую Сьвятую Царкву, мы, вернікі Сьв. Беларускай Аўтакефальнай Правослаўнай Царквы Амэрыкі, вітаем Вас Высокапрэасьвяшчэньнейшы Уладыка й сардэчна дзякуем Вам за прыняцьцё апекі над пакінутай перад дзесяцьма гадамі ў сіроцтве нашай Царквы. Няхай Бог захавае Вас у сіле й здароўі на доўгія годы, а нас усіх падтрымае ў Веры й сіле для аховы й узьвялічэньня нашае Сьвятыні — Беларускай Аўтакефальнай Праваелаўнай Царквы. Мы молім Бога, каб Ён успамог нашай Царкве ахінуць сабою ўвесь Беларускі Народ, каб адхіліў тыранічную бязбожную ўладу над ім і нам дозволіў быць у вольнай Бацькаўшчыне ды працаваць на хвалу Богу й на славу нашае Сьвятое Царквы. Няхай Бог пашле Вам радасьць і спакой на Сьвята Хрыстовага Нараджэньня, на надыходзячы Новы Год ды на ўвесь час Вашага Пастырскага служэньня Богу й Сьвятой Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царкве. Вашыя духоўныя дзеці: М. Тулейка, Старшыня; М. Міцкевіч, Заступнік Старшыні й Б. Данілюк, Сакратар. У МЭЛЬБУРНЕ Высокапрэпадобны Архімандрыт а. Мадэст адслужыў урачыстую Службу Божую разам з украінскім Духавенствам. Гэтую Службу Божую 10-х Угодкаў сьв. БАПЦарквы ўзначаліў Прэасьвяшчэньнейшы Уладыка Варлаам, Епіскап сьв. УАПЦарквы, за што Уладыцы Варлааму й усяму украінскаму Духавенству гэтым складаем нашую шчырую беларускую падзяку. Пасьля Службы Божае адбыўся супольны абед. Як Служба Божая, так і абед натхнілі ўсіх нашых вернікаў, пацешылі душы іхныя й напоўнілі іхнія сэрцы моцным жаданьнем яшчэ болей горача працаваць на славу Богу, нашай сьв. БАПЦаркве й дабро ўсіх нас. I гэтая самая пацеха, натхненьне й радасьць былі вынікам сьвяткаваньня 10-х Угодкаў сьв. БАПЦарквы й ува ўсіх іншых нашых Прыходах. Памажы нам Божа наступныя Угодкі сьвяткаваць ужо ў Вольнай Беларусі сярод міліёнаў вернікаў сьв. БАПЦ. ЕПАРХІЯЛЬНЫ САБОР БАПЦ Па распараджэньню Высокапрэасьвяшчзньнейшага Уладыкі Васілія склікаецца ў днёх 28-29-га травеня 1960 г. ў Ню-Ёрку Епархіяльны Сабор. Мэтаю гэтага Сабору будзе выбар Епархіяльнае Управы. На Сабор будуць пакліканыя Настаяцелі нашых Цэркваў, Псаломшчыкі-Рэгенты, Царкоўныя Рады й па два на Царкоўных Сходах выбраныя дэлегаты. Паведамленьні аб гэтым Саборы ўсе Настаяцелі й Царкоўныя Рады сваечасова атрымаюць. На Саборы прадстаўнікі ўсіх нашых дзяржаўных, навуковых і грамадзка-культурных Установаў і Арганізацыяў, як госьці, будуць сардэчна вітаныя. ПАРТРЭТ ПРЭЗЫДЭНТА АЙЗЭНГАУЭРА У сувязі з 42-мі Угодкамі Абвешчаньня Незалежнасьці Беларускае Народнае Рэспублікі, Высокапрэасьвяшчэньнейшы Уладыка Васілі й Сп. К. Мерляк, Старшыня Галоўнае Управы БАЗА, зьвярнуліся да Прэзыдэнта Айзэнгаўэра з просьбаю падараваць нашаму Кафедральнаму Сабору ў Ню-Ёрку свой Партрэт з уласнаручным падпісам. Прэзыдэнт Айзэнгаўэр прыняў гэтую іхную просьбу й задаволіў яе. Праз сэнатара зь Ню-Ёрку К. Б. Кіцінга ён пераслаў ужо нам гэты свой Партрэт з уласнаручным падпісам. Гэты вялікі для нас падарунак, а, бязумоўна, і падарунак для ўсяго нашага Беларускага Народу ад Народу Амэрыканскага прысутныя на Акадэміі 25-га Сакавіка ў Ню-Ёрку ўжо пабачылі. Пасьля гэтага ён застаўся дабром нашага Кафедральнага Сабору, як сымбаль прыязьні ЗША й вольнай Беларусі. САКАВІКОВЫЯ УРАЧЫСТАСЬЦІ ў НЮ-ЁРКУ Вельмі ўдалыя былі гэтыя нашыя ўрачыстасьці ў Ню-Ёрку сёлета. Распачаліся яны велічнай Службай Божай у Кафедральным Саборы, якую адправіў Высокапрэасьвяшчэньнейшы Уладыка Васілі ў асысьце Мітраф. Пратаіерэя, а. Хведара й Прат. а. Рамана. Ня толькі нашыя суродзічы зь Ню-Ёрку, але й Ню Брансьвіку, Саут Рывэру, Стамфорду ды іншых ваколіцаў пасьпяшылі на гэтую слаўную, духоўную ўрачыстасьць, а сярод іх быў прысутны й Прэзыдэнт Рады БНР, Сп. М. Абрамчык. Наш вялікі Сабор быў амаль запоўнены вернікамі. Нязвычайна прыгожа пяяў Царкоўны Хор, узмоцнены сьпявакамі й сьпявачкамі зь іншых мясцоў, пад кіраветцтвам рэгента, Сп. А. Каптуровіча. Усе натхнёна й горача дзякавалі Госпаду Богу за наш векапомны Акт 25-га Сакавіка ды шчыра маліліся за ягоную канчатковую перамогу. I з гэтай Верай, Любоўю й Надзеяй на далейшую Ласку Божую да нас, прыгожа й натхнёна гаварыў Уладыка Васілі ў сваей пропаведзі, у якой, між іншым сказаў: У чым галоўная нашая радасьць сяньня? Ня ў тым, што дзяржаўныя мужы вольнага сьвета ўжо прызнаюць нам права на Свабоду Беларусі, а тым, што такая ёсьць Воля Божая. Нашая любая Беларусь ужо адзяваецца ў цела й кроў, і гэтае цела ўжо ажыўленае Духам Божым праз нашую сьв. БАПЦаркву, таму й дзень канчатковае свабоды нашае любае Радзімы ўжо блізкі. Глыбока западалі гэтыя натхнёныя словы Уладыкі ў сэрцы вернікаў, выклікалі й узмацнялі надзею, адначасна вялікую падзяку Госпаду Міласэрнаму за ўсю Ягонаю Ласку да нас. Пасьля сьв. Літургіі быў адпраўлены Малебен падзякі Госпаду Богу за наш векапомны Акт 25-га Сакавіка ды за ўсіх тварцоў яго. У канцы былі прагалашаныя Многалецьці сьв. БАПЦаркве, яе Іерархіі, Беларускаму й Амэрыканскаму Народам, іхным Прэзыдэнтам і Урадам, нашаму дастойнаму Духавенству, Рэгентам, Хвальным Царкоўным Радам, будаўніком і ўпрыгожвальнікам і ўсім прыхажанам нашае сьв. БАПЦарквы. Малебен закончыўся нашым царкоўным гімнам „Магутны Божа". Пасьля Службы Божае адбыўся супольны абед у залі пад Царквою, ды ўсе пасьпяшылі на Акадзэмію ў прыгожай залі Білтмор гатэлю. I Акадэмія сёлета была ўдалая. Сабралася на яе некалькі сотняў асобаў, сярод якіх былі Уладыкі Васілі й Багдан, старшыня Індыйскіх хрысьціянскіх цэркаў, д-р Модак, консулы некалькіх дзяржаў, выдатныя прадстаўнікі Амэрыканскага палітычнага й культурнага сьвету, некалькі сьвяшчэньнікаў, карэспандэнтаў ды шматлікія прадстаўнікі паняволеных народаў з Прэзыдэнтамі УНР і БНР на чале. Акадэмію, распачатую Амэрыканскім гімнам, адчыніў Сп. К. Мерляк, Старшыня Галоўнае Управы БАЗА. На сцэне красаваў партрэт Прэз. Айзэнгаўэра. Галоўнымі прамоўцамі былі Сп. Прэз. БНР М. Абрамчык і конгрэсмэн Ф. Дорн. Вельмі прыгожа дэклямавалі малыя дзеткі й сьпявалі К. Ярашэвіч і Маркоўская, акампаньявала праф. Зубковіч. Былі прачытаныя прывітаньні ад многіх сэнатараў, кангрэсмэнаў , амбасадараў, і Абвешчаньні 25-га Сакавіка Беларускім Днём многімі Губэрнатарамі й Бургомістрамі. На Акадэміі была прынятая Рэзалюцыя аб генасыдзе на Беларусі, і аб свабодзе яе. Акадэмія закончылася Беларускім Гімнам. Высокапрэасьвяшчэньнейшых Уладыкаў нашых, Архіепіскапаў СЕРГІЯ й ВАСІЛІЯ, Высокапрэпадобных Архімандрытаў, Мітрафорных Пратаіерэяў, Пратаіерэяў, Прэпадобных Айцоў, Хвальныя Царкоўныя Рады, дастойных Рэгентаў і ўсіх Харыстых, Брацтвы й Сястрыцтвы, усіх вернікаў сьв. БАПЦарквы й увесь наш Беларускі Народ сардэгна вітае з радасным Вялікаднем —ХРЫСТОС УВАСКРОС! ЦАРКОЎНА РАДА БАПЦ ў Ню-Ёрку. |
Літаратура / Literature > Голас Царквы >