БОЖАЙ МІЛАСЬЦЮ СЬВЯШЧЭННЫ САБОР ЕПІСКАПАЎ БЕЛАРУСКАЕ АЎТАКЕФАЛЬНАЕ ПРАВАСЛАЎНАЕ ЦАРКВЫ НА ЧУЖЫНЕ Да ўсечэснога Духавенства, прэпадобнага Манаства й усіх багалюбівых вернікаў нашых на Чужыне й на Бацькаўшчыне прабываючых ВЯЛІКОДНАЕ АРХІПАСТЫРСКАЕ ПАСЛАНЬНЕ ХРЫСТОС УВАСКРОС! „Сяньня ўсякае стварэньне радуецца й весяліцца, бо: ХРЫСТОС УВАСКРОС, і пекла паланіў" (Вялікодны Канон). УЛЮБЛЕНЫЯ ДЗЕЦІ НАШЫЯ! З Ласкі Божае мы ізноў дачакаліся Вялікага Дня, Сьвята над Сьвятамі, калі Неба й зямля радуюцца й весяляцца, калі Сьвятло Божае, Сонца Праўды, пераможна, велічна й цудоўна зазьзяла з Гробу, калі Ангел апавясьціў Жонам Міраносіцам: „Што шукаеце жывога між памерлымі? Яго няма тут: ЁН УВАСКРОС!" (Лк. 24, 5-6). Так, Ён, Хрыстос, Бог наш, ЗАПРАВДЫ УВАСКРОС! Цемру, зло, сьмерць і пекла перамог, і нам жыцьцё вечнае дараваў! Як жа нам не радавацца, не весяліцца! Злучыўшы нас усіх у Сабе Сваею бязьмежнаю Любоўю, Ён усіх нас прынёс у Сабе Богу Айцу. Таму ў Хрысьце ўсе мы ўжо пасьвячаныя Богу, мы ўжо прыяцелі Яго! (Іо. 15, 14). У Хрысьце нашая грахоўная прырода была ўкрыжаваная, памерла, каб разам зь Ім уваскрэснуць у Славе Яго, бо пасьля Свайго Уваскрасеньня Ён вярнуўся ў Славу Сваю як Бог, і гэтаю Славаю Сваею праслаўляе ўсіх нас (1 Пёт. 1, 21). Таму, хоць поўная слава чакае на нас у будучыні, але жыцьцё вечнае ўжо прабывае з намі, калі Хрыстос прабывае ў нас, калі толькі мы словам і чынам жывем у Царстве Ягонае ўсёабыймаючае Праўды й Любові, і гэтым добра ідзем да мэты свае. Тады мы ўжо новае тварэньне, бо ўжо абожаныя: жывем ў Богу жыцьцём Божым. Дзеля гэтага Хрыстос, як Сын Божы, і прынёс на зямлю жыцьцё Боскае, каб мы празь Яго маглі падымацца да Бога, па слову Яго: „Я — дзьверы, і хто ўвойдзе празь Мяне, спасён будзе" (Іо. 10, 9). Дзеля гэтага Бог Айцец і называе сынамі Сваімі ўсіх тых, у сэрцах якіх прабывае Сын Ягоны, Спасіцель наш. Таму, вучыць нас сьв. Васілі Вялікі,.хто мае Сына Божага ў сэрцы сваім, той ужо праз сьв. Царкву прабывае ў Царстве Божым, у новым раю на зямлі! А сьв. Рыгор Ніскі далей паясьняе: Хрыстос злучыўся з памерлым у грахох чалавецтвам, каб уваскрасіць яго. Нашая сьмерць перайшла на Яго, а жыцьцё й Слава Ягоная на нас! Так, Хрыстос, Сын Божы й Сын Чалавечы перамог нашае найболынае зло: сьмерць і пекла. Злучыўшы ў Сабе Боскую й людзкую прыроду, Ён палажыў асновы новага чалавецтва — богачалавецтва, бо-ж запраўднае хрысьціянскае жыцьцё гэта адначасна жыцьцё чалавечае й жыцьцё Божае. 3 Хрыстом у сэрцах нашых мы душамі сваімі ўжо прабываем у Нябёсах, а на зямлі толькі пасланцы Божыя для выпаўненьня Ягоных адвечных плянаў. Мы ўжо супрацоўнікі Бога! Дзеля гэтага сьв. Кірыла Александрыйскі ўсклікае: Дзякуючы Хрысту, Сыну Божаму. ня толькі павернутая спачатная краса нашае прыроды, але мы ўзьнесеныя вышэй годнасьці яе, бо-ж Хрыстос Сваім злучэньнем зь ёю абожыў яе! Што-ж значаць навет найбольшыя нашыя цярпеньні тут у параўнаньні з гэтаю славаю нашаю! як і вучыць нас сьв. Апостал Павал: „Цярпеньні нашыя недастойныя тае славы, што мае выявіцца ў нас" (Рым. 8, 18). А гэтая нашая слава сталася магчымаю толькі таму, што Хрыстос, як Першы з нас, УВАСКРОС! (1 Кар. 15, 20). Вось чаму пры сьпеве: ХРЫСТОС УВАСКРОС! мы ўжо ня можам паўстрымаць радасьці свае! Мы ўжо, падобна Марыі Магдаліне, сьпяшым падзяліцца ёю зь іншымі: мы кажнага, навет няпрыяцеля, абыймаем, цалуем, кажнаму апавяшчаем: ХРЫСТОС УВАСКРОС! Вось чаму ўся нашая любая Радзіма некалі была поўная радасьці й весялосьці на Вялікдзень! Вось чаму навет і цяпер нашыя суродзічы ўдома, і тыя на катаргах і высылках напэўна разам з намі тут радуюцца й весяляцца, натхнёна пяюць: ХРЫСТОС УВАСКРОС! АЛЕЛЮЯ! Бо й яны разам з Прарокам прамаўляюць: „Уваскрэсьне Бог, і рассыплюцца ворагі Яго, і ўцякуць перад абліччам Ягоным" (Пс. 67, 2). I гэты наш Вялікдзень асабліва радасны для нас, бо мы цьвёрда верым, што запраўды неўзабаве ўсе ворагі Божыя й нашыя рассыплюцца, уцякуць, бо ўжо сьвітае, бо мы ўжо атрымалі вялікую Ласку Божую: сьвяткуем і славім Бога ў нашых родных сьв. Цэрквах! I калі мы будзем цьвёрдымі ў Веры нашай, усе нашыя імкненьні й пажаданьні споўняцца яшчэ легпн, чым мы спадзяемся: неўзабаве закончыцца галгофа нашая, таму будзем радавацца й весяліцца. I ў гэтай Веры, Любові й Надзеі на скорае ўваскрасеньне нашае любое пакутніцы Маці-Беларусі, вітаем вас, усечэсныя Айцы й увесь наш Беларускі Народзе зь Вялікім, Сьветлым і Радасным Сьвятам нашым, з нашаю славаю, з трыумфам Неба й зямлі — УВАСКРАСЕНЬНЕМ ХРЫСТОВЫМ! Хрыстос ЗАПРАЎДЫ УВАСКРОС! Уваскресьне й нашая пакутная й любая Маці-Беларусь! Толькі любеце адзін аднаго як і Хрыстос палюбіў нас, каб мы прабывалі ў любові Яго (Іо. 15, 9), асабліва-ж на Вялікдзень выяўляйце гэтую любоў сваю ў брацкім пацалунку, пацалунку натхненьня, радасьці й надзеі, і Уваскросшы Спасіцель наш памножыць вам Ласку Сваю, багаславіць вас, зь няволі вызваліць, бо Ягоная ёсьць Улада й Дзяржава! Ласка й Мір Госпада нашага Ісуса Хрыста, Любоў Бога й Айца, і Прычасьце Сьвятога Духа будзе з усімі вамі. АМІНЬ. СЬМІРЭННЫ АРХІЕПІСКАП СЕРГIЙ Глава Сьвяшчэннага Сабору Епіскапаў Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы СЬМІРЭННЫ АРХІЕПІСКАП ВАСIЛI Сакратар Сьвяшсэннага Сабору Епіскапаў БАПЦ на Чужыне. Дана Году Божага 1959 месяца травеня Аўстралія-Амэрыка. ---------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------- Натальля Арсеньнева СЬВЯТА Шоўкам зырка-зялёным заткаліся густа далячыні, лагі, малады вербалоз ... Нездарма не асеньняй настылай пусткай, а вясною усьцешнай Хрыстос Уваскрос! Ён Ускрос — і усё аджыло навокал, напілося удосыць вясновай красы, налілося салодкім, імклівым сокам, расьсьпявалася ўсюды на ўсе галасы ... Распусьціўшы па ветры вясновым грывы, выйшлі коні на нівы нарогі бяліць, а за імі, жагнаючы грудзі, у расьцьвілы сіні сьвет, скіраваўся із лубкай сяйбіт. Ён ішоў па ральлі, западаючы ў глебу, і кідаў дождж зарнятаў і проста й наўскос... А ізь сейбітам побач, пад ветрам і небам, гэткім сінім і ветлым, брыў ціха Хрыстос ... I здавалася сейбіту: гэткая сьвята ён ніколі яшчэ у грудзёх не люляў... А Хрыстос усьміхаўся яму ... і зярняты жыта срыбнага прагна прыймала зямля. ---------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------- П О М Н I... ДРУГІ ПРЫХОД ХРЫСТОВЫ У папярэдніх нумарох нашага часапісу мы ўжо падалі словы Самога Госпада нашага Ісуса Хрыста, а таксама прадсказаньні Прарокаў і Апостолаў пра тыя знакі, якія будуць на зямлі перад Страшным Судом — Другім Прыходам Сына Божага, Спасіцеля нашага. Але абраз гэты быў бы ня поўны, калі-б мы ня ўспомнілі яшчэ аб адным, нязвычайна важным здарэньні, якое адбудзецца на зямлі беспасярэдня перад Другім Прьгходам Хрыстовым. Гэтае здарэньне й будзе адказам на нашае пытаньне зь мінулага нумару: Калі гэта станецца? Каб ніхто нас тут фалыпыва не зразумеў, яшчэ раз зазначаем, што мы сьвята верым у словы Спасіцеля нашага: „Аб дні-ж тым і гадзіне ніхто ня ведае, навет і Ангелы Нябесныя, а толькі Айцец Мой адзін" (Мц. 24, 36). Таму мы тут гаворым толькі аб тых знаках на зямлі, якія будуць адбывацца сярод людзей беспасярэдня перад канцом сьвету гэтага. Аб гэтых знаках і гаварыў Спасіцель наш, а таксама Прарокі й Апосталы для нашага дабра, шчасьця й спасеньня. А паколькі апошняе й зьяўляецца мэтаю нашага жыцьця на зямлі, мы й падаем гэты апошні знак, папяраджаючы Другі Прыход Хрыстовы, калі кажны з нас атрымае заплату сваю: жыцьцё й радасьць вечную, або мукі вечныя. Аснаўную навуку пра гэты апошні знак на зямлі падаў нам сьв. Апостал Павал у сваім другім Пасланьні да Салунян, гаворачы ім пра Антыхрыста. Гэта, асабліва цяпер, вельмі непапулярная тэма: многія стараюцца абмінуць яе, як тую хваробу. Ведама, што ў доме цяжка хворага стараюцца не гаварыць аб неабходнасьці апэрацыі, фальшыва уважаючы. што можа хвароба інакш вылячыцца. Найчасьцей гэта канчаецца толькі сьмерцю хворага. Паколькі-ж усе мы цяжка хворыя духоўна. і без адпаведнае апэрацыі мы можам памерці навекі, нам неабходна стала мець перад вачамі сваімі словы сьв. Пісаньня пра Антыхрыста. які будзе старацца прынясьці нам загубу вечную. Магчыма ён прыйдзе скора, магчыма мы не дажывем да ягонага прыходу, тады няхай нашчадкі нашыя выкарыстаюць словы гэтыя на сваё спасеньне. Магчыма нехта скажа: чаму „словы гэтыя", калі яны ўзятыя з сьв. Пісаньня, якое многа болей аўтарытэтнае за „словы гэтыя". Так, гэта праўда, бо-ж мы толькі недастойныя тлумачы сьв. Пісаньня. Але скажыце, калі ласка, хто цяпер чытае сьв. Пісаньне, не гаворачы ўжо аб тым, як ён яго разумее? Нядаўна адна рэлігійная кангрэгацыя ў Амэрыцы правяла інтэрвью з пяцьцю тысячамі сваіх вернікаў. Усе яны мелі ў сваіх дамох Біблію. Пытаньне было: хто зь іх чытае яе? Аказалася. што стала чытаюць яе толькі 13%, а часам „заглядаюць" у яе 20%, у рэшты-ж яна ляжыць неадкрытая. А магчыма, што гэта была яшчэ не найгоршая кангрэгацыя, бо скажыце, калі ласка, дарагія чытачы, як часта вы чытаеце сьв. Пісаньне? Няма часу, скажаце. Але, але, няма часу. А калі гэты час будзе ў вас? Перад сьмерцю? Памятайце, тады ўжо будзе позна, бо чытаць ужо ня зможаце, а магчыма навет і апамятацца. Старэйшыя з нас яшчэ добра памятаюць, як у нас па вёсках пабожныя людзі гаварылі пра таго, ці іншага злога, нягоднага, распутнага чалавека: гэта антыхрыст, а лра болын такіх: гэта антыхрыcты! Вось жа, гэтыя словы: антыхрыст, антыхрысты ня былі чужымі нашаму народу. Адкуль жа ён узяў іх? Выдумаў? Не, ня выдумаў, ён узяў і'х з сьв. Пісаньня, або з сьв. Пераданьня, хоць можа належна й не разумеў значэньня іх, бо навет самы злы чалавек, калі ён хоць крыху веруе ў Адзінага Бога, не антыхрыст, а толькі звычайны грэшнік, які заўсёды можа пакаяцца, пайсьці па шляху Божаму, тады як антыхрыст ніколі, бо ён сьведамы бязбожнік, багаборца, сын пагібелі. Вось пра такога Антыхрыста. які зьявіцца на зямлі беспасярэдня перад Другім Прыходам Хрыстовым і гаворыць нам сьв. Апостал Павал. Салуняне дрэнна зразумелі ягонае Першае Пасланьне да іх, перасталі працаваць, навет пачалі ліквідаваць свае гаспадаркі, бо навошта працаваць, калі справа Другога Прыходу Хрыста гэта справа толькі некалькіх дзён! Таму ў сваім Другім Пасланьні сьв. Апостал Павал пісаў ім: „Няхай не спакусіць вас ніхто аніяк: бо дзень гэты ня прыдзе, дакуль ня прыдзе перш адступленьне, і не адкрыецца чалавек грэху, сын пагібелі, які спраціўляецца, і вывышшаецца панад усё, званае Богам ці Сьвятыняй, дый у Храме Божым заеядзе ён як Бог, паказваючы сябе, што ён Бог" (2 Сал. 2, 3-4). Вось жа, дзень гэты, Другі Прыход Хрыста, ня прыдзе, дакуль ня прыдзе перш адступленьне, і не адкрыецца чалавек грэху-беззаконьня, сын пагібелі — Антыхрыст. Пра „адступленьне" мы ўжо гаварылі, гэта словы Спасіцеля нашага пра апошнія часы на зямлі (Мц. 24): вялікае аслабленьне Веры, страшнае азлабленьне, занік любові, бязьмежная распуста, ня гледзячы на тое. што Евангельля будзе апавяшчацца па ўсей зямлі. Аб гэтым таксама Сам Спасіцель наш сказаў: .,Але Сын Чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе Веру на зямлі?" (Лк. 18. 8). Магчыма нехта скажа: о, тады яшчэ доўгі час да Другога Прыходу Хрыста, бо-ж цяпер усюды хрысьціяне, усюды цэрквы Хрыстовыя, многія прыходзяць на Службы Божыя, моляцца. Нажаль, гэта так толькі на першы пагляд, гэта Вера толькі вонкавая. Бо-ж сколькі мы маем цяпер розных цэркваў, быццам, Хрыстовых? Іх цяпер сотні! Чаму? Таму, што кажны цяпер хоча разумець Хрыста пасвоему. Для многіх Ён цяпер толькі вялікі Прарок, або Вучыцель, а ня Бог. Навуку Ягоную яны тлумачаць так, як гэта ім выгадна, не гаворачы ўжо аб навуцы сьв. Апосталаў і Айцоў Царквы. Нядаўна вялікая хрысьціянская кангрэгацыя ў Амэрыцы выдала новую Біблію, у якой Маці Божая ўжо ня Прачыстая Дзева. а звычайная дзяўчына, якая мела многа дзяцей! Дзе-ж тут тады Хрыстос, як Адзінародны Сын Божы? А што ўжо гаварыць пра сотні розных „хрысьціянскіх" сэктаў! А сколькі цяпер ёсьць кругом такіх. якія борзда й адважна, ня ведаючы навет хто напісаў сьв. Евангельля, не гаворачы ўжо аб тым, што там напісана, уступаюць у дыскусію з духаўнікамі й цьвердзяць, што яны „лепш" разумеюць сьв. Пісаньне! А навошта цяпер такія „доўгія" Службы Божыя? Даволі на 15-20 мінут прыйсьці ў Царкву! I дзеля чаго прыйсьці ? Каб памаліцца? Дзе там! Навошта такому „бязгрэшнаму" маліцца? Даволі паказаць, што й ён быў у Царкве! Цяпер ня тыя часы, цяпер час гэта грошы! Таму час малітвы — страчаныя грошы! Ці-ж гэта не фатаграфія нашага часу? Так, нашыя часы, гэта вялікае адступленьне ад запраўднае Веры Хрыстовае, за якую запраўдны хрысьціянін гатовы ня толькі час, але й жыцьцё сваё аддаць, які прыходзіць у Царкву яшчэ перад пачаткам Службы Божае, каб ня страціць ані аднаго мамэнту яе, каб даўжэй цешыцца й радавацца, каб прыняць у сэрца сваё Хрыста, як Бога й Спаса свайго, каб узмоцніць, натхніць душу сваю да чынаў дабра, любові й міласэрдзя. А ці многа такіх цяпер? Ці балыныня цяперашніх „веруючых" ня прыходзіць у Царкву пад канец Службы Божае? I прыходзіць толькі для таго, каб там спаткаць сваіх знаёмых ды вырашыць зь імі „важнейшыя" справы! Вось жа, ясна для нас, што Вера ў балыпыні людзей цяпер толькі вонкавая, папяровая, а часам навет як рэч мала важная. I гэта ёсьць вынік вялікае, майстэрнае працы злога духа, сатаны, які так спрытна падрыхтоўвае грунт у сэрцах людзкіх для прыходу Антыхрыста. Калі ён зьявіцца, тады ўсе такія папяровыя хрысьціяне, па сыгналу яго, адкрыта, сьведама й рашуча выступяць супраць Хрыста на сваю поўную загубу. Хто мае вочы й вушы, няхай слухае, чуе й памятае! Хто-ж гэта будзе Антыхрыст? Сьв. Апостал Павал добра адпавядае нам на гэтае пытаньне. Ён кажа, што гэта будзе ЧАЛАВЕК. Таму памыляюцца тыя, якія думаюць, што Антыхрыстам будзем сам сатана, які прыйме вобраз чалавека й апавясьціць сябе Хрыстом. Не, гэта будзе не сатана ў вобразе чалавека, а чалавек, празь якога, як праз сваё знарадзьдзе, будзе дзеяць сатана. Сьв. Іоан Златавусны таму кажа: Хто-ж ён будзе, няўжо сам сатана? I адказвае: Не, гэта будзе чалавек, які прыйме ўсю сілу сатаны. НІто-ж гэта будзе за чалавек, паводля сьв. Апостала Паўла? Аб гэтым наступным разам. (Працяг будзе) С. Клім. ---------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------- ПРЭПАДОБНЫ АЎРААМ СМАЛЕНСКІ ЖЫЦЬЦЁ Хутка гэтая вялікая ілжа дайшла й да Епіскапа Ігната, і таксама яго падняла супраць Сьвятога, а неўзабаве й увесь горад усхваляваўся: князі, баяры, духаўнікі й клірыкі, і многія абманутыя людзі выступілі супраць сьв. Аўраама, разважаючы, што зь ім зрабіць, ці спаліць, ці закаваць і кінуць у цямніцу, ці бічаваць, толькі ніхто ня ведаў за што. Урэшце сабралася духавенства й баярства ў Епіскапа, і выслалі стражу прывясьці Сьвятога, як найболыпага праступніка, і многія па дарозе яго моцна ганьбілі. Але маўчаў Праведнік, ані словам нікому не адказваў, ускладаючы адзіную сваю надзею на Бога, гаворачы: Госпадзі, не палічы ім грэху гэтага, і ня выдай раба Твояго ў рукі іх, але суцішы, і забарані, як перад вучнямі Сваімі Ты на моры ветру сьціхнуць загадаў. Так і сталася: Князі й баяры скора сьціхлі, замоўклі, і толькі клірыкі гатовыя былі яго праглынуць. Тымчасам, багабойны й праведны Іерэй Лука маліўся ў Царкве Архістраціга Міхаіла, і вось ён пачуў голас Госпада, што Ягонага Угодніка з двама вучнямі фальшыва судзяць і хочуць паслаць у вагонь, таму зараз жа ідзі й ратуй яго. I пасьпяшыў Лука на суд, і бясстрашна абвінаваціў ня толькі клірыкаў, але й самога Епіскапа, што яны адважыліся рукі свае падняць на Сьвятога ды пагражаючы ім вялікім гневам Божым. I надарэмна князь, вяльможы і клірыкі шукалі віны на праведнага мужа, не знайшлі яе, і, баючыся гневу Божага, пакінулі няправедны суд, аднак, усё яшчэ сьв. Аўраам з двама вучнямі сваімі застаўся пад стражаю ў двары Епіскапа. На другі дзень, налажыўшы на яго кару — высяленьне зь места, адпусьцілі яго. Сьв. Аўраам ізноў вярнуўся ў першы свой Манастыр, дзе, нажаль, амаль ужо нікога з былых вучняў яго ня было. Але тут быў адзін праведнік Лазар, пазьнейшы годны наступнік Епіскапа Ігната, запраўдны слуга Божы. Ён не пабаяўся прыйсьці да Ігната й адкрыта выказаць яму ўсю тую ілжу, дзеля якое яны выступілі супраць Праведніка. I ўбаяўся Ігнат і выдаў загад усім Ігуменам і Сьвяшчэньнікам болей не выступаць супраць Аўраама, і ніякае шкоды яму не чыніць. Аднак, забароны служыць і прапаведваць усё яшчэ не адмяніў. Тымчасам розныя беды прыйшлі на места: эпідэміі, хваробы, ад якіх перадчасна закончылі жыцьцё сваё некаторыя клірыкі, што ўзводзілі няпраўду на сьв. Аўраама, ён жа не асуджаў іх у сэрцы сваім, а гаварыў: Бог ім Судзьдзя. Урэшце прыйшла страшная засуха, ад якой усе сады й нівы пажоўклі й засохлі. Духавенства на чале з Епіскапам стала малілася, хадзіла з Крыжамі й Харугвямі кругом гораду й па палёх, але Бог не прыймаў малітваў гэтых. Тады пабожны Лазар сказаў Епіскапу: Ці-ж не таму Гасподзь Бог ня слухае гэтае іхнае агульнае малітвы, што дзеля няпраўды наложаная забарона на сьв. Аўраама, і ён ня можа адпраўляць Службаў Божых? I ўзварушаны быў гэтымі словамі Епіскап Ігнат, і паклікаў да сябе Аўраама, і яшчэ раз, цяпер ужо па праўдзе, разгледзяў справу яго, і не знайшоў у ім аніякае віны. Тады зразумеў Ігнат і сваю віну, дзеля якое Празеднік столькі перацярпеў, і шчыра пакаяўся перад ім, і папрасіў яго заступіцца сваімі сьвятымі малітвамі перад Госпадам за ўвесь горад, што паслухаў ілжу на яго. Ён дазволіў сьв. Аўрааму ізноў адпраўляць Службы Божыя ды прасіў перадусім умаліць Госпада, каб Ён з Ласкі Свае паслаў дождж на прагнучую зямлю. I адказаў сьв. Аўраам: Хто я грэшны, што ўскладаеш на мяне такое забавязаньне, якое звыш сілаў маіх. Воля Божая няхай станецца з намі, а ты, як Архіпастыр, памаліся за даверанае табе стада, і няхай паслухае цябе Гасподзь. Аднак, сам Прэпадобны зачыніўся ў сваей келіі, і пачаў горача маліцца Госпаду Богу, каб Ён малітвамі Свайго Сьвяціцеля, усіх іерэяў і народу прыняў сьлёзныя просьбы іх і памілаваў горад, і спорым дажджом зрасіў аблічча зямлі, і узьвэсяліў людзей і жывёлы. I як толькі сьв. Аўраам закот*чыў гэтую натхнёную малітву сваю, як стаўся вялікі цуд Божы: р^птам загрымеў гром, і зашумеў, паліўся вялізны лівень, і асьвяжыў усю зямлю, і людзкія сэрцы нявымоўнай радасьцяй напоўніў. I ўсе славілі Госпада Бога, паслухаўшага Угодніка Сваяго. Епіскап Ігнат спачатку меў намер пабудаваць вялікую Царкву ў чэсьць свайго Ангела, і пабудаваць пры ёй Манастыр. Але пасьля перадумаў і пабудаваў Царкву ў памяць Палажэньня Чэсное Рызы Божае Маці ў Влахерне, і сабраў каля яе некалькі манахаў, якія жылі міластыняй епіскапскай, але ніхто не хацеў быць Ігуменам такога малога й беднага Манастыра. Тады Епіскап успомніў, што прэпадобны Аўраам вельмі сумаваў, калі яго выслалі з Манастыра ў горадзе, бо ня мог пацяшаць людзей, што прыходзілі да яго ды многіх духаўнікоў, што прасілі радаў і навукаў ягоных. Таму цяпер Епіскап папрасіў яго прыняць мес-ца Ігумена ў новазбудаваным Манастыры Божае Маці. 3 радасьцяй і любоўю прыняў сьмірэнны Аўраам просьбу Епіскапа, і горача дзякаваў Госпаду, Каторы дараваў любае яму служэньне Маці Божай. Пры ўваходзе ў сьвятыя Дзьверы зазьзяла ў сэрцы яго сьвятло незямное, і яму здавалося, што ён бачыць тую цудоўную лестніцу (драбіну), якую некалі бачыў Патрыарх Якуб, якая злучала зямлю зь Небам. Так узнагарадзіў Гасподзь Вог доўгія цярпеньні Свайго Угодніка, што некалі многімі паніжаны й перасьледваны быў, цяпер жа ўсімі славіўся. Ужо не баяліся прыходзіць да яго духоўныя дзеці ягоныя з усіх канцоў, масамі, часта цэлымі сем'ямі: мужы, жоны й дзеці, навет многія былыя паклёпнікі прыходзілі, і з пакораю падалі да ног яго, прасілі выбаченьня, рады, пацехі, а сьв. Аўраам толькі плакаў ад радасьці, і ўсё дзякаваў Богу. Шматлікімі падарункамі, што стала атрымоўваў, цудоўна ўпрыгожыў ён Дом Прэсвятое Багародзіцы, як слаўную Нявесту: Іконамі, лампадамі, заслонамі. Было многа жадаючых стацца манахамі ў гэтым Манастыры, але ня ўсіх прыймаў ён, а толькі тых, у якіх бачыў запраўдную адданасьць і любоў да Бога й Багародзіцы. Але тых, што прыняў, любіў як дзяцей Божых і сваіх, стала навучаў іх як словам Вожым, гэтым пахучым мёдам Богапазнаньня, так і прыкладамі свайго ўласнага праведнага жыцьця, ды навучаў іх так соладка, быццам сам Ангел зь Неба. I ўсе гэтыя вучні ягоныя былі запраўды любымі Богу сьветачамі чысьціні й праведнасьці. Радаваўся Епіскап, што мае такога Ігумена, радаваўся й сьв. Аўраам, што Любоў і Праўда Божая перамаглі цемру, зло, няпраўду. Ужо ў глыбокай старасьці прэпадобны Аўраам усё часьцей маліўся аб тым, каб яму бяз сораму, дастойна прадстаць перад Страшным Судом Хрыстовым. I дзяцей-манахаў сваіх прасіў маліцца за яго асабліва ў гэтым часе. Пяцьдзесят год манашага жыцьця было прп. Аўрааму, і пасьля кароткай хворасьці аддаў ён чыстую душу сваю Богу, Каторага палюбіў будучы яшчэ дзіцём. Сталася гэтае 21-га жніўня ў другой палавіне (?) ХІІ-га стагодзьдзя. Ужо скора пасьля сзае канчыны, прп. Аўраам быў абвешчаны Сьвятым, і дзень памяці яго ёсьць 21-га жніўня. Смаленскі Багародзічны Манастыр у чэсьць памяці Сьвятога пачаў называцца Аўраамавым. Там і прабывалі мошчы сьв. Аўраама аж да прыходу ўлады бязбожнікаў. Мы падаем тут яшчэ некаторыя думкі В. Ключеўскага зь ягонага твору: „Жыцьця Сьвятых", 1871, бач. 52-58 адносна прп. Аўраама. Аўтара цікавіла перадусім літаратурнае асяродзьдзе таго часу на нашай Бацькаўшчыне. Для належнага зразуменьня культуряага ўзроўня нашых продкаў тады, у XII стагодзьдзі, трэба прыпомніць, што Расея тады была толькі ў зародку, таму ніякае асьветы там наагул бадай што ня было. Аўтар кажа: Што датычыць кніжнае асьветы, Смаленск стаяў тады на чале ўсіх „рускіх" (чытай: беларускіх) гарадоў, а гэтая асьвета й літаратура канцатравалаея перадусім у манастырох. Ужо навет у бібліятэцы такога малога Манастыра, як у Селішчы, прп. Аўраам знаходзіў і чытаў Жыцьці ня толькі такіх Сьвятых, як: Антонія, Савы, Феадосія Пячэрскага, але й творы Іоана Златавуснага, Васілія Вялікага, Яфрэма Сірына, Кірылы Александрыйскага й інш. у грэцкіх арыгіналах, ды навет некаторыя апокрыфы. Ігумен гэтага Манастыра, як піша аўтар Жыцьця, прп. Яфрэм, быў такі „хітры" (мудры) ў сьв. Пісаньні, што ніхто не адважыўся перад ім „ад кніг гаварыці". Аднак, кніжная асьвета сьв. Аўраама не абмяжоўвалася чытаньнем: ён сабраў каля сябэ пісароў, з дапамогаю якіх укладаў і перапісваў новыя Зборнікі, зыбіраючы для іх самае важнае, карыснае й цікавае з прачытанага. Гэтым таксама тлумачыцца багацьце кніжнае асьветы аўтара Жыцьця, вучня, і, праўдападобна, пісара сьв. Аўраама. Гэта ясна выступае перадусім у стылі Жыцьця. Гэта не сухі канцэлярскі пераказ: аўтар часта перарывае яго сваімі ўласнымі думкамі й спасьцярогамі аб выпадках, параўноўвае іх з рознымі падобнымі мамэнтамі й фактамі з Царкоўнае Гісторыі. I тут адкрываюцца іншыя крыніцы літаратурнае асьветы аўтара, асьветы зайздрасьці годнае вышыні. Гаворачы аб перасьледваньнях сьв. Аўраама, ён прыводзіць для параўнаньня расказы з Жыцьця Савы, Златавуснага, прыпамінае два апавяданьні з „Залатой Чэпі". Пры такім сваім кніжным багацьці прп. Яфрэм мог пазнаёміцца з літаратурнымі спосабамі мастацкага апісаньня Жыцьця: ён пачынае сваю працу ўступам і канчае абшырным панегірыкам Сьвятому. I тут цікава бачыць, адкуль ідзе гэты мастацкі ўплыў: багаслоўска-гістарычная малітва, якою пачынаецца ўступ, уложаная па ўзору ўступу да Жыцьця Нестара аб прп. Феадосію. У апісаньні Жыцьця сьв. Аўраама відаць таксама асобу, якой вядомыя дзіцячыя гады сьв. Аўраама, але ён схаваў іх сярод некалькіх словаў, бо так тады падавалі многія аўтары Жыцьці Сьвятых, часта запраўды нічога ня ведаючы аб іхных маладых гадох. Таму тут цяжка таксама ўстанавіць храналёгію Жыцьця Сьвягога. Сьв. Аўраам, паводля прп. Яфрэма, прабываў у манастве 50 год. Рукапалажэньне ў Іераманаха адбылося ў часы панаваньня Князя Мсьціслава (1197-1214) у Смаленску й да 1224 г. у Кіеве. Перасьледваньні сьв. Аўраама й павышэньне ў сан Архімандрыта адносіцца да часу Епіскапа Ігната ў Смаленску, які ўспамінаецца ў летапісе пад 1206 г. Таму мы можам толькі сказаць, што сьв. Аўраам жыў у XII - ХІІІ ст. Гэтая заўвага В. Ключэўскага не пагаджаецца з думкаю Эраста, які ў сваім Слоўніку Сьвятых, 1856, бач. 6, кажа, што першы Смаленскі Епіскап Ігнат быў хіратанізаваны ў 1128 г. Але ўсё-ж, на нашую думку, бліжэй да праўды В. Ключэўскі, прыймаючы пад увагу, што сьв. Аўраам нарадзіўся ў 1146 г. В. Ключэўскі канчае свае заўвагі так: Разглядаючы тэкст Жыцьця па многіх Сьпісках, лёгка пераканацца, што пазьнейшыя пералісчыкі, як невукі, вельмі сапсавалі гэты высока-мастацкі літаратурны твор. У некаторых гэтых пераробках уступ і паслоўе наагул прапушчаныя для „аблягчэньня" працы. (Заканчэньне будзе) ---------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------- ...І памершых вярнуў да жыцьця... Вліскучымі самацьветамі заіскрылася зараніца. Залацістымі праменьнямі ахінула сонейка зямлю. Зьніклі цені ночы. Сьвятло й радасьць кругом: настаў Вялікі Дзень Уваскрасеньня Хрыстовага. У цесным пакойчыку на паддашы бедная жанчына схілілася над пасьцелькай малое дзяўчынкі. „Хрыстос Уваскрос, Магылька!", чула шаптала яна, гледзячы на маленькі, стурбаваны, але такі мілы тварык свайго дзіцятка. Занядбала я цябе, любая, за гэты тыдзень перад Вялікаднем: трэба было столькі бялізны памыць, папрасаваць, разьнясьці яе людзям, каб нешта зарабіць на нашае вялікае Сьвята, гаварыла яна далей, як бы апраўдваючыся перад некім за тое, што яе дзяўчынка прастудзілася, і цяпер ляжала ў гарачцы. Стомленая працаю й цяжкім жыцьцём, яна прысела на краю ложка, і задумалася. Калі-б жыў твой татка, ня мучыліся-б мы гэтак з табою, маё дзіцятка любае, мой скарб найдаражэйшы. Тады й мы, падобна іншым людзям, мелі-б сьвятлейшы, радасьнейшы Вялікдзень. Але што-ж? Татка твой даўно ўжо сьпіць сном вечным у далёкай роднай зямельцы. Ён герой, ён злажыў сваё маладое жыцьцё як жаўнер, грудзямі сваімі баронячы свой родны край, калі напаў моцны, злы вораг. Вораг перамог, і нам ужо ня было месца на Радзіме, трэба было йсьці ў сьвет. Калі-б жа хоць гэты мой брат Міхаська, думала яна далей, не зьмяніўся так моцна, ня стаў мне такім чужым. Каб ён хоць часам сагрэў добрым словам сваю няшчасную сястру. Ён лёгка мог бы памагчы нам, калі-б хацеў. Міхась жыве тут ужо каля 30 год, разбагацеў, мае собскую хфабрыку, вялікі дабрабыт. Праўда, гэта ён памог нам пераехаць у Амэрыку. Аднак, як ён, так і багатая радня ягонае жонкі. холадна аднесьліся да бяздомнай „дыпісткі", паказваючы ёй на кажным кроку, што яна бедная й жыве на ласцы ў іх. Насьця была гатовая ўсё перанесьці дзеля свае малое ^зяўчынкі. Але. калі аднойчы Міхась пачаў абразьліва гаварыць аб ейным пакойным мужу, які, быццам, зусім падурному загінуў за нейкую там нікому няведамую Веларусь, Насьця ўжо сьцярпець не магла. Не магла, ня гледзячы на ўсю сваю бяду й бездапаможнасьць, бо памяць аб мужу была для яе сьвятою, бо яна ўважала яго запраўдным героем, які злажыў сваё жыцьцё за свой Край, за сваю Бацькаўшчыну, і тут на чужыне гэтаяяе пашана да яго яшчэ ўзмацнілася. Таму такое абразы памяці яго яна не магла дараваць нікому, навет брату. I хаця яна ведала, што гэтым шкодзіць сама сабе, бо ідзе на яшчэ болыпую бяду, а ўсё-ж яна пакінула дом брата, і, як ёй здавалася, назаўсёды. Чужыя добрыя людзі памаглі ёй знайсьці працу, і неўзабаве яна з сваей дзўчынкай пераехала ў другі горад. Насталі цяжкія дні для яе, але яна супакойна й цярпліва ўзяла ўсе клопаты жыцьця на свае слабыя плечы, шукаючы помачы, пацехі й узмацненьня ў Бога сваімі сталымі гарачымі малітвамі. I хаця яна часта думала пра свайго брата, але ніякае сувязі зь ім ня мела. Толькі адзін раз, калі мінулае зімы яна зламала нагу, і часова стала няздольнаю да працы, яна, пасьля даўгіх сумліваў і хістаньняў, напісала яму ліст, просячы заапякавацца дзяўчынкаю. Аднак, ніякага адказу не атрымала. Спачатку Насьця вельмі крыўдзілася на брата, сказаўшы сабе, што яна ніколі яму гэтага не даруе. Яна цьвёрда пастанавіла ўжо назаўсёды выкінуць яго з свае памяці. Аднак, калі яе першая горыч прайшла, яна адчула, што сумленьне яе гаворыць ёй нешта іншае. А яно гаварыла ёй: Насьця, Хрыстос, паміраючы ў страшных пакутах на Крыжы, выбачыў тым, што Яго ўкрыжавалі, навет маліўся за іх, а ты свайму блуднаму брату ня хочаш выбачыць. Якая-ж ты хрысьціянка? Гэтым ты засмучаеш Яго, Спасіцеля нашага, і сама абражаеш памяць твайго героя. які быў такі добры для ўсіх. Насьці было вельмі цяжка слухаць гэты голас свайго сумленьня, свае цярпячае душы, аднак, яна перамагла сябе, і пачала маліцца за Міхася. Так праходзілі гады ў змаганьні за жыцьцё, крыўды й жалі перамагаліся малітвамі, роопач зьмянялася надзеяй на Ласку Вожую. I апошняя, ня гледзячы на хваробу дачушкі, панавала ў яе душы ў гэтую раніцу Вялікадня, хоць яна й не спадзявалася на такую вялікую радасьць, якую Гасподзь Міласэрны прыгатаваў для яе на гэты Вялікі Дзень Свайго Уваскрасеньня. Бо, вось, гэтыя хвалі розных думак яе перарваў стук у дзьверы. Хто-ж гэта мог бы быць у такі раньні час? зьдзіўлена сказала яна сама сабе, адчыняючы дзьверы. О, Божа! Ты — Міхась? I што гэта з табою? Якім цудам ты тут ды такі дзіўны: пакалечаны, апаляны, і чаму гэта твая рука ў гіпсе, што яна — зламаная? У гэты мамэнт усе крыўды й жалі, як тая пара, зьніклі зь яе сэрца, і яна ўжо радавалася! Бо, так, перад ёю стаяў яе блудны брат Міхась, які нясьмела прывітаў яе: Хрыстос Уваскрос! і запытаўся, ці ён можа ўвайсьці, пасядзець зь ёю. Насьця была крыху зьбянтэжаная, бо ня ведала, чым зможа пачаставаць такога госьця, хоць і падумала: гэта мой найпрыгажэйшы Вялікдзень тут на чужыне! Але Міхась супакоіў яе, кажучы, што ён аб усім парупіўся, і мае з сабою валізку з усім патрэбным для такога вялікага Сьвята. Як жа ты трапіў сюды да мяне, і што з табою сталася? пачала распытваць Насьця зараз жа, як толькі яны селі за стол з сьвяточным пачастункам. Міхась коратка расказаў ёй аб тым, як ён самалётам хацеў паляцець на Рыўеру ў Францыі, каб там правясьці Вялікдзень. Але зараз жа сталася катастрофа, зь якое толькі ён і пілот выйшлі жывымі. Калі я, прадаўжаў Міхась, апамятаўся ў госпіталі, сястра сказала мне, што я ў часе катастрофы трымаў у моцна заціснутай жмені маленькі крыжык, які ты, сястрыца, падарыла мне, калі яшчэ жыла з намі, сказаўшы, што вельмі непакоішся за мяне, калі я лётаю самалётам. I гэта твае малітвы ўратавалі мяне ад сьмерці. Праз два тыдні ў госпіталі я многа перадумаў і зразумеў, што я моцна вінаваты перад табою. Я быў запраўды памершы, не разумеючы цудоўнае Боскае Навукі аб любові да бліжняга. Цяпер я зразумеў яе, дзякуючы Богу й табе, і буду старацца паправіцпа. Я хачу, каб ты выбачыла мне ўсе тыя крыўды, якія я спрычыніў табе, я вельмі прашу цябе аб гэтым. А я пераканаюся ў тым, што ты выбачыла мне, толькі тады, калі ты пераедзеш да мяне. Я хачу, каб тваё гора скончылася. Ня бойся, і вер мне, сястрыца, што нашае супольнае жыцьцё цяпер будзе ўжо іншае, зусім іншае, запраўды брацкае, сьветлае й радаснае. Бачучы слёзы радасьці й падзякі на абліччы Насьці, Міхась павясялеў, абняў яе, і зь вялікаю пацехаю ўсклікнуў: а цяпер забудземся на ўсе прыкрасьці мінулага, бо сяньня Памершыя Вярнуліся да Жыцьця, бо сяньня Вялікдзень! Т ён першы натхнёна й радасна засьпяваў: .. . Твой бо Сын Воскресе трыдневен от гроба, і мертвыя возьдвігнувы, людзіе весялецеся! ГАЛЯ ---------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------- УСЯЛЕНСКІ САБОР ПАПЫ ІОАНА ХХІІІ Як прэса ўсяго сьвету, асабліва рэлігійная, так і розныя Цэрквы моцна зацікавіліся ідэяй Папы Іоана ХХІІІга склікаць Усяленскі Сабор. Ня гледзячы на тое, што ў зьверненьні Папы да Калегіі Кардыналаў ясна гаворыцца аб тым, што гэты Сабор мае быць каталіцкім, а іншыя хрысьціянскія Цэрквы будуць запрошаныя на яго толькі ў характары гасьцей, самая ідэя скліканьня Сабору выклікала моцнае зацікаўленьне, вялікае рэха. I гэта зусім зразумела, бо-ж імкненьне да аб'еднаньня ўсіх хрысьціянскіх Цэркваў, а перадусім тых, што свой пачатак вядуць ад Самога Госпада нашага Ісуса Хрыста й сьв. Апосталаў, запраўды шчырае й вялікае, асабліва-ж цяпер. калі зарганізаваныя й моцныя атэісты-бальшавікі адкрыта вядуць наступ супраць усякае рэлігіі наагул, пагражаючы ім поўным вынішчэньнем. Адсюль і паўсталі розныя спробы збоку шматлікіх Цэркваў атрымаць з Ватыкану шырэйшае выясьненьне адносна мэтаў, а таксама арганізацыйнае структуры гэтага Сабору. Так, напрыклад, Сусьветная Рада Цэркваў, якая злучае пратэстанскія, англіканскія й дзеякія праваслаўныя Цэрквы, зьвярнулася з такім запытаньнем да Ватыкану. Між іншым, гэтая Рада мела амбіцыю стацца таксама сусьветным аб'еднаньнем Цэркваў, але няўдала павяла сваю працу, бо навязала актыўную сувязь з савецкаю царквою. Вось жа, гэтая Рада на сваім паседжаньні ў Жэневі прыняла такую рэзалюцыю: „Посьпех аб'еднаньня Цэркваў можа быць асягнуты, калі пераговоры пра гэтае аб'еднаньне будуць вясьціся на аснове ўзаемнае пашаны й поўнае роўнасьці ўсіх рэлігіяў". Тымчасам ніякага адказу на гэтую рэзалюцыю з Ватыкану не атрымана. Праўда, гэты Сабор мае адбыцца прыблізна праз два гады, таму Ватыкан яшчэ мае час многае перадумаць. А перадумаць ёсьць што. Каталіцкая Царква на працягу вякоў уважала й цяпер уважае, што толькі яна Царква Хрыстовая, а ўсе іншыя адшчапенцы, таму павінны далучыцца да яе, і тады адбудзецца аб'еднаньне. Але гэтыя самыя вякі паказалі, што справа гэтая безнадзейная дзеля многіх прычьгааў. Тымчасам пагроза збоку бязбожнікаў-камуністых перастала ўжо быць толькі тэаратычнаю й для самае Каталіцкае Царквы, а пагроза страшное трэйцяе сусьветнае вайны ўжо надта рэальная, і ў выпадку выбуху гэтага няшчасьця, бязбожная навала можа дашчэнту зруйнаваць і Каталіцкую Царкву, або — падпарадкаваць яе бязбожнай Маскве. Вось жа, падумаць ёсьць аб чым. Як мы ведаем, маскоўскі бальшавізм у свой час зьнішчыў свабоду шматлікіх нашых народаў галоўным чынам таму, што яны ня вытварылі супольнага фронту, таму падалі адзін па другім. Таму й зьнішчэньне хрысьціянскіх Цэркваў для бязбожнікаў будзе многа лягчэйшым, калі яны застануцца падзеленымі, тым болей будуць далей варагаваць між сабою. У апошнім выпадку некаторыя зь іх будуць навет радавацца, што Каталіцкая Царква руйнуецца. Але й гэтыя нашыя разважаньні не аснаўныя, бо-ж гаворым пра Цэрквы, як Установы Божыя, збудаваныя Самым Хрыстом. Вось жа, аб гэтым пытаньні мы мусім разважыць перадусім у духу Божым. Хрыстос сказаў: Будзе адно стада й адзін Пастыр! I станецца так, бо: Неба й зямля прамінуць, але словы Мае не прамінуць! Толькі тут паўстае пытаньне: Калі гэта станецца? Ці тады, калі ўвесь сьвет будзе ў руінах, і тыя шчасьлівыя, магчыма ў бальшыні Угоднікі Божыя, зыйдуцца й скажуць: Адзін Хрыстос, Бог наш, таму адна Вера й адна Царква! Ці гэта мусіць стацца? Не, ня мусіць. Чаму? Таму, што Бог дае нам па заслугах нашых. Хрыстос, Бог наш, збудаваў АДНУ Царкву, а падзялілі Яе людзі. Таму гэта ня сталася з волі Божае, наадварот, супраць яе. Вось жа, людзі й павінны ЦЯПЕР выправіць гэты свой грэх, стаць на калені перад Адзіным Главою Царквы — Хрыстом, забыцца на мінулае, бо гэтага жадае ад іх якраз ЦЯПЕР, перад страшною пагрозаю для Ягонае Царквы, Хрыстос Бог наш. А калі бы стаўся такі вялікі чын збоку царкоўных кіраўнікоў: калі-б яны не на славах, а чынам паказалі, што яны разумеюць Волю Божую, і падаюць на абліччы свае перд Ёю, просяць выбачэныня ў Госпада, і ў сябе ўзаемна, стаўся-б вялікі цуд Хрыстовы: счэзлі-б бязбожнікі з паверхні зямлі „не рукою чалавека". Так, ёсьць аб чым падумаць, бо гэта слрава не зямная, а Нябесная. I, калі будзе ўгодна Госпаду Міласэрнаму паслаць нам такую вялікую Ласку Сваю, Папа Іоан перадумае, і ніхто яму не супрацьставіцца, хоць бы як хацеў. Дзеля нязвычайнае важнасьці гэтае вялікае справы, будзем інфармаваць вас, дарагія чытачы, далей аб стане яе. С.К. ---------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------- X Р 0 Н I К А НЮ-ЁРК У нашай Парафіі ўжо стаўся традыцыйным абход з Крашчэнскаю вадою на Каляды. I сёлета гэты звычай выканалі Уладыка Васілі й Мітрат а. Хведар. Горача памаліўшыся ў кажным доме за здароўе жыхароў іх ды за родных і блілкіх, яны асьвячвалі памешканьні прыхажан, а часам і суседзяў іхных. Усе з радасьцю спатыкалі й віталі сваіх духаўнікоў, кажны стараўся паказаць сваю іншую традыцыю — беларускую гасьціннасьць, запрошуючы іх на пачастунак. Усе нашыя прыхажане ўжо ведаюць, што абход з Крашчэнскаю вадою гэта самаахвярная праца нашых духаўнікоў на карысьць нашага слаўнага Кафедральнага Сабору, таму такса.ма ўсе складалі шчодрыя ахвяры, у выніку чаго нашая Царкоўная каса атрьшала звыш 300 даляраў. Але любоў нашых прыхажан да свайго Кафедральнага Сабору гэтым не абмяжоўваецца. Калі мінулага году мы пісалі, што спадзяемся на Вялікдзень мець ужо Іканастас, дык цяпер, дзякуючы іхнай вялікай ахвярнасьці, мы яго ўжо ня толькі маем, але й спадзяемся, што ён ужо будзе поўнасьцю памаляваны на белы колер з пазалотаю, і ўжо будзе зьзяць сваею красою ды радаваць будаўнікоў, Сп. Сп. Б. Данілюка й П. Мельяновіча, ахвярадаўцаў і ўсіх вернікаў. Таму гэты Вялікдзень будзе ў нас запраўды радасны й вясёлы! А мы хочам верыць, што гэтая нашая радасьць будзе таксама радасьцю ўсіх нашых суродзічаў на выгнаньні. а перадусім вернікаў сьв. БАПЦарквы. САКАВІКОВЫЯ УРАЧЫСТАСЬЦІ У НЮ-ЁРКУ Сяньня яны былі ў нас па царкоўнай лініі запраўды ўдалыя. Урачыстую Службу Божую адправіў Высокапрэасьвяшчэньнейшы Уладыка, Архіепіскап Васілі ў саслужэньні Мітрафорнага Пратаіерэя а. Хведара. Амаль усе нашыя суродзічы ня толькі з Ню-Ёрку, але й з Ню Брансьвіку, Саўт Рывэру, Стамфорду ды іншых ваколіцаў, у ліку каля 300 асобаў, пасьпяшылі на гэтую слаўную ўрачыстасьць. Вельмі прыгожа сьпяваў мясцовы Хор, узмоцнены прыбылымі сьпявакамі й сьпявачкамі, пад кіравецтвам ужо ўсім вядомага нашага Рэгента, Сп. М. Тулейкі. Усе горача й натнёна маліліся за канчатковую перамогу векапомнага Акту 25-га Сакавіка, за вызваленьне нашае любае пакутніцы Маці-Беларусі. I кажны верыў, што Гасподзь Міласэрны выслухае гэтыя нашыя супольныя малітвы, прыйме іх, і паможа нам здабыць наштую Свабоду. I ў гэтым сэнсе, у цьвёрдай Веры й Надзеі на Ласку Божую, якая ўжо так ясна праявілася да нас, бо-ж мы ўжо маем, або амаль усюды будуем нашыя велічныя Храмы Божыя, узмацняем нашыя любыя, родныя Сьвятыні, БАПЦэрквы, якія ўжо навекі нашыя, ужо ніхто не зруйнуе нам іх, яны ўжо твораць аснову нашае Свабоды побач з нашымі Урадавымі Установамі, прыгожа й натхнёна гаварыў Уладыка Васілі ў сваей пропаведзі. Глыбока западалі гэтыя натхнёныя словы Уладыкі ў сэрцы ўсіх вернікаў, выклікалі й узмацнялі там надзею, адначасна вялікую падзяку Госпаду Богу за ўсю Яго Ласку да нас. У канцы сьв. Літургіі былі прасьпяваныя Многалецьці нашым Іерархам, Духавенству, Рэгентам-Харыстым, Царкоўным Радам, будаўніком і ўпрыгожвальнікам і ўсім прыхажанам нашае сьв. БАПЦ, Беларускаму й Амэрыканскаму Народам ды іхным Прэзыдэнтам і Урадам. Пасьля быў адпраўлены Малебен падзякі Госпаду за наш слаўны Акт 25-га Сакавіка ды за ўсіх творцаў гэтага вялікага чыну. Малебен закончыўся нашым царкоўным гімнам „Магутны Бо-жа". Падчас усяе Службы Божае быў кангрэсмэн Ф. Дорн ды прадстаўнікі іншых паняволеных народаў, якія пасьля дзякавалі Уладыцы Васілію за такую велічную Службу Божую, за тую радасьць, якую яны перажылі падчас яе, ды жадалі яму штонайхутчэй служыць ужо ў Вольнай і Сувэрэннай Беларусі! Пасьля Службаў Божых адбыўся супольны абед у залі пад Царквою, які прыгатавалі нашы добрыя гаспадыні, ды ўсе разам пасьпяшылі на Акадэмію, якая адбылася ў вялікай залі ў Ню-Ёрку, і была даволі ўдалая, асабліва яе мастацкая частка. УЛАДЫКА ВАСІЛІ У КЛІЎЛЭНДЗЕ Як ужо ўсе мы ведаем, нашыя суродзічы, прыхажане сьв. БАПЦ ў Кліўлэндзе, вельмі ўдала купілі вялікі пляц з прыгожым домікам. Яны ўжо перанясьлі туды сваю Царкву, аднак, наш Прыход там даволі вялікі. таму пакой пад Царкву аказаўся замалым, і на даўжэйшы час незадавальняючым. I гэта прысьпяшыла іхную пастанову хутчэй прыступіць да пабудовы абшырнае Царквы. Намер гэты спадабаўся ўсім, і ўжо апрацаваны вельмі прыгожы праект будынку Царквы, у якім пярэдняя вежа прыпамінае будынкі нашых старадаўных Цэркваў у Полацку, акрамя таго, пасярэдзіне знаходзіцца купал Візантыйскага стылю. Праект гэты з апрацаванымі плянамі будовы ўжо зацьверджаны ўладамі, і можна прыступаць да працы. Так, можна прыступаць, але такая будова вымагае шмат тысячаў, а тым-часам іх няма ў касе. Але жаданьне й добрая воля ёсьць. Таму Царкоўная Рада на чале з Настаяцелем, мітраф. Пратаіерэем а. Мікалаем, прыняла пастанову уладзіць вялікую царкоўную ўрачыстасьць з банкетам, на які запрасіць акрамя сваіх прыхажан таксама й гасьцей, уключна з Губэрнатарам і Мэрам гораду, а таксама й свайго Архіпастыра, Уладыку Васілія, каб нешта здабыць на пачатак будовы. Бязумоўна, Уладыка Васілі заўсёды там, дзе трэба памагчы, таму таксама ахвотна прыняў запросіны а. Настаяцеля й Царкоўнае Рады на ўрачыстую Службу Божую, і на банкет у Кліўлэндзе, і прыехаў туды 6-га сакавіка вечарам. На станцыі яго спаткалі сябры Царкоўнае Рады з а. Настаяцелем і Рэгентам Сп. К. Кіслым, і прывязьлі яго да свайго доміку, які зрабіў на Уладыку вельмі прыемнае ўражаньне: унізу мае прыгожае памешканьне а. Настаяцель з матушкаю, побач знаходзіцца царкоўка, на гары жывуць Сп. К. Кіслы, Сп. інж. Калоша й Сп. С. Карніловіч, якія маюць таксама прыгожыя памешканьні. а кругом вялікі пляц ад вуліцы да вуліцы з дрэвамі, акрамя таго ў самым нізе знаходзіцца сьвятліца й школка. У суботу Уладыка Васілі адслужыў у асысьце а. Настаяцеля Вячэрню. на якую сабралася шмат прыхажан, даведаўшыся аб прыезьдзе свайго Архіпастыра, які пасьля Службы Божае кажнага асобна, як сваіх старых прыяцеляў, з прыемнасьцю багаславіў. Скора пасьля гэтага Уладыка Васілі багаславіў гадавы Сход духавенства й прадстаўнікоў усіх Праваслаўных Цэркваў у Кліўлэндзе. Гэты Сход адбыўся ў вялікай залі Расейскае Праваслаўнае Царквы, дзе кажны з духаўнікоў падышоў пад багаславенства Уладыкі. У Нядзелю, 8-га сакавіка, Высокапрэасьвяшчэньнейшы Уладыка Васілі адслужыў сьв. Літургію ў вялікай Украінскай Праваслаўнай Царкве ў асысьце Мітраф. Пратаіерэя а. Мікалая, Пратаіерэя а. Сьцяпана й Айцоў Еўфімія й Сьцяпана. Вялікая Царква была запоўненая вернікамі: Беларусамі, Украінцамі й Казакамі. Нязвычайна прыгожа сьпяваў Беларускі Хор пад кіравецтвам нашага выдатнага Рэгента Сп. К. Кіслага. Уладыка Васілі сказаў дзьве натхнёныя пропаведзі: адну пасьля спатканьня яго ў Царкве, а другую ў канцы еьв. Літургіі. Служба Божая закончылася Многалецьцямі. і нашым царкоўным гімнам - „Магутны Божа". Пасьля Службы Божае адбыўся вельмі ўдалы банкет. Перад распачацьцем яго Уладыка Васілі й Мітрат а. Мікалай далі інтэрвью некалькім карэспандэнтам мясцовых амэрыканскіх газэт. У выніку гэтага зьявілася некалькі артыкулаў у гэтых газатах пра нашую сьв. БАПЦаркву ў Кліўлэндзе, а адна зь іх, „Кліўлэнд Плэйн Дылер" у панядзелак, 9-га сакавіка. побач. абшырнага артыкулу, зьмясьціла фатаграфію Уладыкі Васілія й Мітрата а. Мікалая Макарэвіча, які трымае прыгожы праект Царквы. Ужо з гэтага відаць, што банкет быў вельмі добра падрыхтаваны, бо на ім былі прысутныя ня толькі карэспандіэнты, і некаторыя высока пастаўленыя амэрыканцы, але й Црадстаўнікі шматлікіх Цэркваў. Губэрнатар і Мэр гораду прыслалі свае прывітаньні. У гэтым вялікая заслуга а. Мікалая побач з Царкоўнаю Радаю. Галоўнаю мэтаю банкету было жаданьне сабраць штонайбольш ахвяраў для распачацьця будовы Царквы, і гэтая мэта даволі добра ўдалася, бо было сабрана 4.500 даляраў. На другі дзень Царкоўная Рада з а. Настаяцелем мела паседжаньне разам з Уладыкаю Васіліем. Між іншым. было вырашана яшчэ перад Вялікаднем прыступіць да будовы Царквы, і гэты добры намер Уладыка багаславіў, і пажадаў, каб да восені будова была закончаная. Дай Божа! Усе будзем цешыцца. ЯШЧЭ АДНА МАГІЛКА Неспадзявана для ўсіх нашых суродзічаў, асабліва-ж для жонкі, дня 10-га лютага 1959 году, памер у веку 61 год у Ню Брансьвіку сьв. п. Мікола ДУБЯГА. Нябожчык асіраціў жонку, сына, нявестку й унукаў. Паховіны адбыліся ў Саўт Рывэры, дзе пакойны стала пражываў з сваей сямейкай. Паніхіду па пакойніку адслужыў Уладыка Васілі з Мітратам а. Сьцяпанам на месцы, а пасьля ў Кафедральным Саборы ў Ню-Ёрку. Самыя паховіны выканаў а. прат. I. Жарскі, сваяк памерлага. Сьв. п. Мікола Дубяга належаў да Парафіі БАПЦарквы ў Ню Брансьвіку. Усе яго любілі й шанавалі за ягонае добрае сэрца, за ягоны зраўнаважаны, лагодны характар. Ён ніколі нікога ня скрыўдзіў, нікому не сказаў прыкрага слова, быў запраўдным хрысьціянінам, поўным любові да ўсіх. Таму кажны пасьпяшыў на паховіны, каб аддаць яму апошнюю пашану, памаліцца за супакой ягонае сьветлае душы. Пакойны лятуцеў злажыць свае косьці ў сваей роднай зямельцы. Ня сталася так. Няхай жа пухам будзе яму амэрыканская зямля. Вечны Яму Пакой. ---------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------- Высокапрэасьвяшчэньнейшых Уладыкаў нашых, Архіепіскапаў СЕРГІЯ й ВАСІЛІЯ, Высокапрэпадобных Архімандрытаў, Мітрафорных Пратаіерэяў, Пратаіерэяў, Прэпадобных Айцоў, Хвальныя Цакоўныя Рады, дастойных Рэгентаў і ўсіх Харыстых, Брацтвы й Сястрыцтвы, усіх вернікаў сьв. БАПЦарквы й увесь наш Беларускі Народ сардэгна вітае з радасным Вялікаднем — ХРЫСТОС УВАСКРОС! ЦАРКОЎНАЯ РАДА БАПЦ ў Ню-Ёрку. |
Літаратура / Literature > Голас Царквы >