БОЖАЙ МІЛАСЬЦЮ СЬВЯШЧЭННЫ САБОР ЕПІСКАПАЎ БЕЛАРУСКАЕ АЎТАКЕФАЛЬНАЕ ПРАВАСЛАЎНАЕ ЦАКВЫ НА ЧУЖЫНЕ Да ўсечэснога Духавенства, прэпадобнага Манаства й усіх багалюбівых вернікаў нашых на Чужыне й на Бацькаўшчыне прабываючых КЛЛЯДНАЕ ПАСЛАНЬНЕ „Вось я абвяшчаю вам вялікую радасьць: НАРАДЗІЎСЯ вам СПАСІЦЕЛЬ у месьце Давідавым" (Лк. 2, 10-11). УЛЮБЛЕНЫЯ ДЗЕЦІ НАШЫЯ! Шэсьць дзён у тыдні мы працуем для патрэбаў цела нашага. Шмат клопатаў і турботаў мы тут перажываем, а часам і смутак западае ў сэрцы нашыя. Але, вось, прыходзіць сьвятая Нядзелька, і стаецца дзіва: мы адразу забываемся на ўсе клопаты свае, старыя й маладыя, багатыя й бедныя пачынаюць радавацца. Чаму? Бо гэта дзень сьвяты, дзень Гасподні, дзень патрэбаў душаў нашых, калі яны сьпяшаць да Тварца свайго, і радуюцца. Але ёсьць асаблівы Дзень, або ціхі Сьвяты Вечар, Сьвятая Ноч, калі мы пережываем непараўнальна большую радасьць, радасьць незямную, калі радуюцца Неба й зямля, і ўсякае стварэньне на ёй. Гэта той слаўны Вечар, гэта тая ціхая урачыстая Сьвятая Ноч, калі Зорка Віфлеемская зазьзяла на небе, калі зьявілася воінства Нябеснае, калі Ангел сьвяты апавясьціў Віфлеемскім пастыром: Радуйцеся! Хрыстос Гасподзь, Спасіцель, НАРАДЗІЎСЯ вам у месьце Давідавым! I ўсякае стварэньне, асабліва-ж людзі, падаюць на калені ад захапленьня, натхненьня й радасьці нявымоўнае! Сталася тое, на што душы людзкія так доўга чакалі! Нарадзіўся, прыйшоў Той, Каторы ізноў зрабіў нас дзяцьмі, сынамі Госпада, прымірыў нас з Богам, як Ён ужо праз Прарока апавясьціў: „Хоць і сказаў Я: вы — багі, усе вы сыны Усявышняга" (Пс. 81, 6). Больш таго, дзеля Свае бязьмежнае Любові да людзей, Ён прыйшоў да нас у нашым людзкім целе, як малое Дзіцятка, як Чалавек, як і кажа нам сьв. Апостал: „Каторы, будучы ў постаці Боскай, ня лічыў захопам быць роўным Богу, але панізіў Сябе Самога, прыняўшы абраз раба, і здаўшыся выглядам як Чалавек" (Філ. 2, 6-7). Запраўды, радасьць нявымоўная для душаў нашых, бо-ж Хрыстос, Вог наш, нарадзіўся як Чалавек, выбеліў, асьвяціў, абожыў прыроду нашую, каб мы ўжо маглі быць разам зь Ім у Царстве вечнае Славы Яго! I душы нашыя ўжо адчуваюць і назіраюць чакаючую на іх гэтую радасьць незямную! I дрыжаць яны ў захапленьні й насалодзе, весяляцца, і радасна сьпяшаць да свайго Уладыкі, злучаюцца зь Ім, стаюць падобаю Божаю, якою й былі створаныя для бясконцае радасьці ў Раю! Яны ўжо не баяцца сьмерці, бо яны ўжо апранаюцца ў Хрыста, Богачалавека, у Несьмяротнасьць! Бо Сам Бог зыйшоў зь Нябёсаў да нас, каб мы маглі бачыць Яго й злучыцца зь Ім. Бо: „Дзіцятка Нарадзілася нам, Сын даны нам, і Валадарства на плячох Яго" (Іс. 9,6). Вось чаму, дарагія, мы натхнёна спатыкаем і нявымоўна радуемся з РАСТВА ХРЫСТОВАГА. Але ёсьць яшчэ іншая прычына гэтае радасьці нашае, якая гаворыць нам, чаму асабліва наш Беларускі Народ цешыўся й цешыцца з гэтага нашага слаўнага Сьвята. Ён, Хрыстос, Бог наш, нарадзіўся ў беднай пячэры, быў спавіты й паложаны ў ясьлях на сене, вось жа, у вялікай бядзе, і пасьля перажыў ня толькі многа гора й пакутаў, але й памер на Крыжы. Усім Сваім Жыцьцём на зямлі Ён засьветчыў, што Ён прыйшоў перадусім для ўбогіх, бедных, перасьледваных, для тых, што найболып патрабуюць дапамогі, Апекі й Ласкі Божае, а прабываючы сярод іх, Ён падняў іх на вышыні Нябесныя, узмацніў і напоўніў надзеяй на сьвётлую будучыню, якая прынясе ім дабрабыт, і радасьць, і свабоду, і Спасеньне. Вось чаму ўсе мы: на выгнаньнях, удома, на катаргах і высылках цешымся й радуемся ў ціхі Сьвяты Вечар пры ясьлях Дзіцятка! Цешымся ўсе, навет тыя, што пакутуюць у няволі, і тыя, што плачуць над сваімі блізкімі, якія памерлі й загінулі ад рукі сучаснага Ірада, бо асабліва ў гэты ціхі Сьвяты Вечар Ён, найболыпы Пакутнік, Спасіцель наш, бальзамам Любові й Ласкі Свае пацяшае нас, лечыць глыбокія раны сэрцаў нашых, прамаўляе да нас: Ня плачце! Пакутнікі вашыя радуюцца й весяляцца на Небе, а да вас жывых Я ўжо даўно сказаў праз Прарока: „Пабожныя возьмуць зямлю ў валаданьне, і жыць на ёй будуць навекі" (Пс. 36, 29). Неўзабаве ўсе вы разам будзеце радавацца ў сваей любай Вольнай Беларусі! Таму цешцеся й радуйцеся! ХРЫСТОС НАРАДЗІЎСЯ! ЯГО СЛАЎЦЕ! Слаўце вуснамі, і добрымі чынамі сваімі. Складайце Яму найболей любы падарунак і падзяку за ўсю Ягоную Ласку да нас, асабліва-ж за Ягоную й нашую сьв. Праваслаўную Царкву фіміамам любові сэрцаў сваіх, і Ён будзе з вамі, багаславіць вас. I з гэтаю падзякаю, Вераю, Любоўю й Надзеяй на Нованароджанага Бога й Спаса нашага, вітаем вас усечэсныя Айцы й любыя Браты й Сёстры зь вялікім і радасным Сьвятам РАСТВА ХРЫСТОВАГА, і з надыходзячым НОВЫМ ГОДАМ. Жадаем усім вам пацехі й радасьці зь Неба, Шчадротаў Духа Сьвятога ў гэтыя слаўныя Сьвятыя Дні, і пасылаем вам нашае Архіпастырскае багаславенства. Будзьце ўсе аднолькавае думкі, адно, у духу Божым, і Бог будзе з вамі. Ласка і Мір Госпада нашага Ісуса Хрыста, Любоў Бога й Ай-ца, і Прычасьце Сьвя'тога Духа няхай будуць з усімі вамі. АМІНЬ. Сьмірэнны Архгепіскап С Е Р Г I Й Глава Сьвяшчэннага Сабору Епіскапаў Беларускае Аўтакэфальнае Праваслаўнае Царквы Сьмірэнны Архіепіскап В А С I Л I Сакратар Сьвяшчэннага Сабору Епіскапаў БАПЦ на Чужыне. Дана Году Божага 1958 месяца сьнежня Аўстралія - Амэрыка. ------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------ М А Л I Т В А Прачытаная Яго Высокапрэасьвяшчэнствам, Архіепіскапам Васіліем пры Высьвягэньні Кафедральнага Сабору сьв. БАПЦарквы імя сьв. Кірылы Тураўскага ў Ню-Ёрку. Госпадзі Божа, Валадару Неба й зямлі, Спасе наш! Ты Сам сказаў: Збудую Царкву Маю, і ніякія сілы пякельныя не перамогуць Яе! Сьвятая Царква Твая, гэта Дом Твой, стоўп і ўмацаваньне Праўды. Сваею Чэсною Крывёю Ты ачысьціў і асьвяціў Яе, зрабіў Яе слаўнаю, сьвятою, беззаганнаю Нявестаю Сваею. Праз Сваю сьвятую Царкву Ты злучаешся зь любячымі Цябе, бо Ты Хлеб Жывы, што зыйшоў зь Неба: Хто есьць Цела Маё і п'е Кроў Маю, ува Мне прабывае, і Я ў ім. Я ёсьць Уваскрасеньне й Жыцьцё, і хто веруе ў Мяне, хоць памрэ, жыць будзе, як Ты Сам вучыш нас, а Ты Пастыраначальнік наш, Глава сьвятое Царквы Твае й нашае. I мы складем Табе бясконцую падзяку нашую, што Ты з Ласкі Свае памог нам, недастойным слугам Тваім, збудаваць гэты велічны Дом Твой, сьв. Царкву нашую, і цяпер Духам Тваім Сьвятым высьвяціў Яе. Неба й Неба нябёсаў ня могуць зьмясьціць Цябе, тым меней гэты Храм, які мы збудавалі. Але глянь ласкавым вокам Тваім на нас і выслухай малітвы нашыя, прыймі падзяку й хвалу нашу. Выслухай на месцы гэтым малітвы ўдоваў і сіротак, усіх церпячых і сумуючых, пацехі й Ласкі Твае патрабуючых. Выслухай на месцы гэтым малітвы ўсіх, што прыдуць сюды злажыць Табе фіміам любові свае, падзякаваць Табе, папрасіць Ласкі Твае. Усіх, усіх выслухай, пацеш, памілуй, парадуй, спасі сьвятымі Малітвамі Прачыстае Жыровіцкае Маці Божае, патрона нашага сьв. Кірылы Тураўскага, нашага Златавуснага, і ўсіх Сьвятых Тваіх. Прадвечны Божа, Спасе наш! Некалі Ты праявіў вялікую Ласку Тваю да раба Тваяго Саламона: пазволіў яму збудаваць велічны Храм для ўсяго народу Ізраільскага. Ты добра бачыш, што церпячы Народ наш Беларускі ня можа мець цяпер такога Храму свайго, у якім ён мог бы вольна аддаваць хвалу Табе, прасіць Ласкі Твае. Таму ўчыні, каб гэты сьвяты Храм наш стаўся Сьвятыняю ўсяго нашага Народу, выслухай малітвы нашыя тут, і памажы яму, аблягчы цярпеньні яго, вызвалі з цяжкое няволі, бо Ты вялікі й цуды чыніш! Таму мы просім Цябе, Божа й Ойча наш, будзь з намі, пасяліся ў доме душаў нашых, каб Твая Божая Любоў, Выбачэньне, Міласэрдзе, Згода, Паразуменьне стала прабывалі ў сэрцах нашых, каб мы ўсе былі Адно, зьзялі Тваею Божаю Красою, і так упрыгожвалі сьвяты Храм гэты, складалі Табе добрыя плады свае. Каб так усе народы кругом нас пазналі, што мы народ Твой, што мы выпаўняем Запаведзі Твае, любім Цябе, славім і праслаўляем Сьвятое Імя Тваё у Прэсьвятой Тройцы Адзінага: Бога АЙЦА, і Бога СЫНА, і Бога ДУХА СЬВЯТОГА сяньня, і заўсёды, і навекі вечныя. Амінь. ------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------ П О М Н I... Н Е Б А (Працяг) 3 папярэдніх нашых апавяданьняў мы ўжо ведаем, што Неба, як вечная Бацькаўшчына нашая, існуе; што Неба гэта Прастол, Пасад Госпада Бога, Айца нашага Нябеснага, Царства вечнае Славы Яго; што там прабываюць, цешацца й радуюцца нявымоўна слугі Божыя: Ангелы й усе Праведнікі; што Яно прызначанае для ўсіх нас, таму здабыць сабе месца там і ёсьць Мэтаю нашага жыцьця тут на зямлі. Як жа мы можам здабыць сабе месца там? Мы павінны стала памятаць, што Гасподь Бог гэта Сьвятло, Зьзяньне нявымоўнае, у Ім няма ніякае цені, нячысьціні. Аб гэтым мы ведаем як з Старога. так і з Новага Запавету. Гасподзь Бог зьяўляўся Майсею на гары Сінай у воблаку, а калі Майсей прасіў Яго паказаць яму Славу Сваю, Гасподзь Бог адказаў яму: ,,Аблічча Маяго табе бачыць ня можна, бо чалавек ня можа ўбачыць Мяне й застацца ў жывых" (Вых. 33, 20). I ўсё-ж, калі Майсей пасьля зыйшоў з гары й людзі пабачылі яго, дык у страху пападалі на зямлю, бо аблічча яго зьзяла сьвятлом вялікім, таму ён закрыў яго пакрывалам. I калі Гасподзь наш Ісус Хрыстос перамяніўся на гары Фаворскай, дык аблічча Яго зазьзяла як сонца, і адзежа Яго сталася белаю як сьнег! I ня дзіва, бо-ж гэта было тое самое аблічча, што зьяўлялася Майсею на гары Сінай, тое самае Сьвятло бясконцае! Таму й ўсё воінства Нябеснае, Ангелы сьвятыя й ўсе Праведнікі чыстыя, сьветлыя, бліскучыя. Вось жа, нішто нячыстае ня можа быць там, як і вучаць нас сьв. Апосталы: „Не ашуквайце сябе: ані блуднікі, ані распусьнікі, ані чужаложцы, ані зладзеі, ані п'яніцы, ані зламоўнікі, ані драпежнікі ня возьмуць у спадчьгау Царства Божага" (1 Кар. 6, 9-10). „I ня ўвойдзе ў Неба нішто нячыстае ды робячае агіду, ілжу, а толькі запісаныя ў Кнізе Жыцьця Ягняці" (Адкр. 21, 27). Таму такім, што блудзяць, у цемры прабываюць, Бога ў сэрцах сваіх ня маюць, Ён у свой час скажа: „Я ніколі ня ведаў вас. Адыйдзеце ад Мяне вы, творцы зла" (Мц. 7, 23). Магчыма нехта скажа: як жа нехта можа тварыць зло, калі мы бяз волі Божае нічога рабіць ня можам? Вось жа, Бог пазваляе нам рабіць зло! Няхай жа, дарагія чытачы, ніхто з вас так ня думае, бо навет думка такая ўжо вялікі грэх. Бог адвечнае Дабро, і Ён нам стала памагае дабро рабіць. Але, калі нехта ня слухае голасу Яго, не стараецца здабыць Ягоную дапамогу й Ласку, а наадварот, сьведама й свабодна выракаецца, адыходзіць ад Яго, тады такі нямінуча пападае пад уладу злога духа, і чыніць толькі волю яго — зло. Гасподзь Міласэрны, Каторы добра ведае сэрцы нашыя, зь вялікае Ласкі Свае стараецца яшчэ памагчы такому, як тому Блуднаму Сыну, апамятацца, пакаяцца, вярнуцца на шлях дабра, да Ято, Чалавекалюбнага Айца нашага. Розным спосабам Ён гэта робіць: Сваім Словам Божым, навукаю Пастыраў, голасам сумленьня, несупакоем душы, урэшце рознымі цярпеньнямі-выпрабаваньнямі, як найлепшы Айцец наш. Аднак, калі чалавек ужо так зацьвярдзеў у грахох сваіх, што на ўсе гэтыя папярэджаньні зусім не зьвяртае ўвагі, тады такі, ЯК кажа сЬВ. Апостал Павал, ужо сын пагібелі, і Бог пакідае яго як слугу шатана. I такіх сыноў пагібелі, слугаў шатана, сьведамых богаборцаў асабліва цяпер многа на зямлі. I гэта адзін з тых знакоў, па слову Спасіцеля нашага, якія зьявяцца на зямлі перад Ягоным Другім Прыходам: „I тады спакусяцца многія... I многія фальшывыя прарокі паўстануць, і многіх падмануць" (Мц. 24, 10-11). Вось жа, стала памятай аб гэтым, памятай, што Хрыстос сказаў: „Неба й зямля прамінуць, але словы Мае не прамінуць" (Мц. 24, 35). А іншым разам Ён сказаў: „Запраўды кажу вам: пакуль не праміне неба й зямля, ніводная йота ці рыса не праміне з Закону, пакуль ня выпаўніцца ўсё" (Мц. 5, 18). Аб гэтым вучаць нас і сьв. Апосталы: ,,Прыйдзе дзень Гасподні (Другі Прыход), як злодзей уначы, і тады нябёсы з шумам пройдуць, распаленыя-ж стыхіі разбурацца, а зямля й усе дзелы на ёй згараць" (2 Пётр. 3, 10). „...і неба счэзла, як скручаны лісток, і кожная гара й абток скрануліся з месц сваіх. Бо настаў вялікі дзень гневу Ягонага, і хто здолее ўстаяці?" (Адкр. 6:14,17). А вось што сказаў Гасподзь Бог аб гэтым ужо ў Старым Запавеце: „Вось прыходзіць дзень Госпада люты, поўны ярасьці й гневу, каб зрабіць зямлю пустыняю, і зьнішчыць усіх грэшнікаў на ёй. Зоркі нябесныя й сьвяцілы перастануць зьзяць, сонца пацямнее пры ўсходзе сваім, і месяц ня дасьць сьвятла. Я пакараю сьвет за зло, і нягодных за беззаконьні іх" (Іс. 13, 9-11). А сьв. Апостал Павал кажа нам аб гэтым: „Яны (грэшнікі) прымуць кару — вечную загубу ад аблічча Госпада, і ад славы Сілы Яго" (2 Фес. 1, 9). А што будзе пасьля? Што пасьля будзе, аб гэтым Гасподзь Бог сказаў праз Прарокаў і Апосталаў так: ,,Вось Я твару новае неба й новую зямлю, ранейшыя ўжо ня будуць успамінацца, і ня прыдуць на сэрца" (Іс. 65, 17). „Мы-ж чакаем паводля Яго абяцаньня новага неба й новай зямлі, на якіх праўда жыве" (Пётр. 3, 13). „Прад вякамі зямлю заснаваў Ты, і неба твор рук Тваіх. Яны згінуць, Ты-ж застанешся. Як шаты струхлеюць яны, як вопратку Ты іх пераменіш, і яны пазьмяняюцца" (Пс. 101, 26-27). „I ўбачыў я новае неба й новую зямлю, бо першае неба й першая зямля мінулі, і мора ўжо няма" (Адкр. 21, 1). Калі гэта станецца? Аб гэтым наступным разам. А тымчасам скажам пару словаў адносна такое справы: душа нашая стала імкнецца да Бога, да свае вечнае Бацькаўшчыны — Неба. Калі мы чынім дабро, жывем па Божаму, яна цешыцца й радуецца, калі-ж мы зробім найменшы няпрыгожы чын, яна сумуе, бо ўжо навет няпрыгожая драбніца зьнячышчае нас, аддаляе ад Неба, Сьвятла бясконцага. Да такіх, здавалася-б драбніц, належыць і тое, як мы пішам сьвятыя словы: зь вялікае, ці з малое літары. Калі-б мы, напрыклад, напісалі ня Бог, а бог, як гэта робяць бязбожнікі, душа нашая адразу запратэстуе сваім несупакоем, вялікім жалем. Яна таксама запратэстуе сваім несупакоем і тады, калі-б мы напісалі: „гасподзь", ,,ісус хрыстос", „дух сьвяты", або „маці божая", замест: Гасподзь, Ісус Хрыстос, Дух Сьвяты, Маці Божая. Але яна запратэстуе й тады, калі-б мы напісалі „неба", „рай" замест Неба, Рай, бо гэта месца Бога, і яе вечная Бацькаўшчына. Для паясьненьня скажам: калі-б нехта напісаў „беларусь", усе мы адразу запратэстуем, бо гэтае слова для нас любае, сьвятое. Тым болей сьвятымі для душаў нашых ёсьць словы: НЕБА, РАЙ. Таксама сьвятымі для душаў нашых зьяўляюцца слугі Божыя: Ангелы, Мучанікі, Угоднікі, Праведнікі, Апосталы, Прарокі, а таксама Божая й нашая сьв. Беларуская Праваелаўная Царква, і ўсё, што складае Яе: Прастол, Анцімінс, Іканастас, Абразы, Чаша й г. д. Яе мы называем таксама Храмам, Домам Божым. Хрыста мы інакш называем Словам, Спасіцелем, Спасам, Сынам Божым, Адкупіцелем, а Маці Божую Богародзіцаю, Прачыстаю, Заўсёдыдзеваю, Уладычыцаю, Царыцаю Нябеснаю, Матуляю. Усе Службы Божыя: Літургія, Усеначная, Вячэрйя, Утраня, Малебен, Паніхіда, Хрост, Шлюб, Паховіны, Хіратонія й г7 д. пішам толькі зь вялікае літары. Ясна, такія словы, як: Крыж Хрыстовы, Цела й Кроў Яго, Галгофа, Сіла, Ласка, Любоў, Міласэрдзе Ягоныя, Падаўца, Цудоўны Лекар, Айцец Нябесны, Добры Пастыр, Дзьверы, Праўда, Шлях і Жыцьцё, нашае Уваскрасеньне й г. д. пішам толькі зь вялікіх літараў. Хто хоць некаторыя гэтыя сьвятыя словы піша з малое літары, той грашыць, засмучае душу сваю навет тады, калі гэта ён робіць нясьведама. Ён усё роўна стае падобным да бязбожнікаў і абражае свае Сьвятасьці, памяць сваіх пабожных продкаў, зло чыніць. Таму, дарагі чытачу, стала памятай аб гэтым, і душа твая ўзнагародзіць цябе сваею радасьцю, бо й гэтым ты будзеш злучаць яе з Богам і ўсімі Сьвятымі, рабіць яе сьветлаю, бліскучаю, годнаю шчасьця нявымоўнага — месца на Небе. (Працяг будзе). С. Клім. ------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------ У СЬВЯТУЮ КАЛЯДНУЮ НОЧ Звонкі гул сырэнаў апавясьціў канец працоўнага дня. Работнікі пакідалі свае варштаты, сьпяшылі да выхадаў. Усе весела гаманілі, узаемна й радасна сябе віталі з нагоды заўтрашняга вялікага Сьвята Калядаў. Толькі адзін Сьцяпан, новы эмігрант, ішоў моўчкі. Ночка ўжо спусьцілаея на зямлю, і павьппывала бліскучымі зоркамі цёмны аксаміт небасхілу. Ярка асьветленыя вуліцы гораду бурлілі жыцьцём. Людзі канчалі працу, і сьпяшылі дамоў, да сем'яў, да бліскучых ялінак, каб у кругу дарагіх, родных, блізкіх спаткаць Віфлеемскую Зорку, супольна правясьці Сьвяты Вечар. Сьцяпан нікуды не сьпяшаўся. Ён быў адзін, і ніхто не чакаў на ягоны паварот з працы. Вясёлыя размовьі й настроі ягоных сяброў па працы, як і ўсяго натоўпу, толькі паглыблялі вялікі боль ягонага сэрца, узмацнялі сум ягоных вачэй. Бо-ж і чаго яму цешыцца? Вось сяньня Сьвяты Вечар. Людзі кругом яго радуюцца, вітаюць адзін другога, у кажнага поўна падарункаў, а праз пару хвілін, яны будуць ужо разам з роднымі, з прыяцелямі сядзець за сталом каля чароўных ялінак, каля цудоўных ясьляў Дзіцятка, спажываць Сьвятую Вячэру. А ён адзінокі ў сваім вялікім горы. Асабліва-ж у гэты Сьвяты Вечар цяжкое гэтае адзіноцтва, да таго ў чужым горадзе, сярод чужых людзей. А быў жа такі час, калі ўсё выглядала іначай. Тут думкі Сьцяпана маланкаю панясьліся далёка, далёка, у родны край. Закружыліся яны як ластаўкі ля родных месцаў любае вёскі й хаткі, дзе ён вырас. Яны абнялі знаёмыя ніўкі-палі, аселіцы, сенажаці, гай і рэчку, дзе ён малым хлопчыкам бястурботна гайсаў, дзе пасьвіў свой статак. Тады й у яго была сям'я. Тады й ён радаваўся, і быў шчасьлівы, асабліва-ж у гэты цудоўны Сьвят Вечар: ён з пачуцьцём натхнёна сьпяваў Калядкі, хадзіў ад хаты да хаты ў групе сваіх равесьнікаў з бліскучаю каляроваю Зоркаю! Але, усё гэта, так мілае сэрцу, такое прыгожае, засталося толькі любым успамінам, прайшло. Наляцела жахлівая бура падзеяў, сіверам праняслася праз любую вёску, пакідаючы толькі папялішчы. Яна бязь літасьці зьмяла бацькаўскае гняздо, разбурыла сям'ю, а яго сваім страшным крылом закінула вось сюды, аж за акіян. I дзеля чаго я жыву, калі ўсе мае родныя загінулі? Навошта я хаджу па белым сьвеце, па зямлі, калі яны ўжо спачываюць у ёй? з болем і сумам ужо няведама каторы раз ён пытаецца ў самога сябе. Ён цяжка ўздыхнуў, падняў вочы свае ў зорнае неба й зашаптаў: Ці бачыш мяне Ты, Божа, у гэтым натоўпе людзей? Ці Ты чуеш балючы голас майго сэрца сярод гэтага гоману людзкога? Няўжо Ты пакінуў мяне? Там, сярод родных палёў і гаяў, я заўсёды адчуваў Тваю прысутнасьць, Тваю Апеку, Ласку, тады як тут... На гэтым думкі й разважаньні Сьцяпана абарваліся, бо нехта моцна затрос ім. Калі ён апрытомнеў, дык пабачыў каля сябе старэнькага работніка, стоража з фабрыкі, які радасна гаварыў: Што з табою, Сьцяпане? Выбачай, што я так моцна затрос табою, але ты спачатку нічога ня чуў, а я рад, што спаткаў цябе. Мяне форман затрымаў, інакш я бы раней падыйшоў да цябе, і забраў з сабою. Хадзі, зямляча, пойдзем да нас. Мая бабка й Лёнік чакаюць ужо, каб сесьці за стол, спажываць Куцьцю, Сьвятую Вячэру. Сьцяпан быў моцна зьбянтэжаны, пачаў упірацца, тлумачыць, але старэнькі не зьвяртаў на гэта ўвагі, рашуча ўзяў яго пад руку, і павёў з сабою. Вось я табе, Аўдоля, гасьця прывёў, сказаў ён некалькі хвілін пазьней сваёй жонцы, паказваючы на Сьцяпана. На гэтыя словы зараз жа прыбег хлопчык, гадоў дзесяці, які ўжо канчаў упрыгожваньне невялікае ялінкі, а цяпер пільна аглядаў незнаёмага. Ах, як добра, што ўрэшце ты прыйшоў Андрэю,, а яшчэ лепш, што ты сяньня прывёў нам гасьця. Госьць у хату, Бог у хату, таму я вельмі дзякую табе, добры чалавеку, што прыйшоў да нас. Але Сьвятая Вячэра ўжо гатовая, пара Куцьцю есьці. А як цябе называюць? Сьцяпан? Ну, дык, Сьцяпанку, калі ласка, сядайце да стала. У невялічкім пакойчыку старэнькіх адчуваўся ўрачысты, сьвяточны настрой. 3 кухні даходзіў пах розных Калядных страваў: смажаных селядцоў, грыбкоў, мёду, кісялю, сушаных фруктаў, а на стале пад абрусом ляжала навет жменька духмянага сена, ні аб чым не забылася Аўдоля, ды ўсё гэта ўзмацнялася яшчэ сьвежым водырам Каляднае ялінкі, зь якое моцна й адкрыта цешыйся перадусім малы Лёнік, а Сьцяпан, ужо крыху павесялеўшы, шаптаў: як тады... у вёсцы... Памаліўшыся Богу, усе прыступілі да Сьвятое Вячэры. Скора распачалася гутарка, усё болей шчырая, сардэчная, цёплая, прыемная. Сьцяпан ужо амаль зусім забыўся на свой жаль і смутак, таму ахвотна падтрымоўваў яе. Урэшце Андрэй прынёс свае фатаграфіі, і пачаў паказваць іх госьцю, паясьняючы кажную зь іх сваімі ўспамінамі. А вось гэтая жанчына, Зося, маці нашага Лёніка. Як бачыце, яна трымае свайго, а цяпер нашага, маленькага Лёніка на руках, сказаў старэнькі, перадаючы фатаграфію маладое жанчыны Сьцяпану. Пазнаёміліся мы зь ёю ў бежанстве. Яна была такая добрая,мілая й заўсёды сумная, бо доля яе была надта цяжкая: адна сярод чужых людзей, да таго з маленькім дзіцяткам. Мужа яе забралі на вайну, калі Лёнік толькі што нарадзіўся. Ніколі яна ня ведаеш ці жыве, ці загінуў. Бацькоў жа яе спалілі ворагі разам з іншымі жыхарамі вёскі ў стадоле. Яна была тады ў другой вёсцы, таму й уратавалася. Мы вельмі палюбілі яе. I, вось, калі аднойчы варожыя самалёты кідалі бомбы каля нас, было многа забітых, а сярод іх і яна, маці Лёніка. Тады мы забралі хлопчыка да сябе, і так ён да сяньня падзяляе з намі нашую долю й нядолю. Баліць сэрца, што будзе зь ім, калі нас ня стане. Ён вельмі добры, разумны, слаўны хлопчык... Але, што гэта з вамі, Сьцяпане? Можа вы хворы? усклікнулі разам старэнькія, калі пабачылі, што Сьцяпан раптам задрыжаў і пабялеў як сьцяна. Але Сьцяпан нічога ня чуў, нічога ня бачыў, а ўсьцяж толькі, як бы да сябе самога, паўтараў: Ня можа быць! Ня можа быць! Гэта-ж яна, Зося! і наш маленькі сыночак! Раптам сьлёзы ручаямі паліліся па ягоным абліччы, і ён ускрыкнуў: Лёнік! Сыночак мой даражэнькі! Вось куды прывёў мяне Бог, Ягоная Зорка Віфлеемская! Сьцяпан ужо моцна абыймаў Лёніка, і, прыціснуўшы яго да грудзей сваіх, зрошваў яго сваімі сьлязамі радасьці. Лёнік нічога не разумеў, навет спалохаўся. Старэнькія таксама нічога не разумелі й моцна дзівіліся з такога дзіўнага захаваньня свайго гасьця, ды зьбянтэжаныя ня ведалі, што гаварыць, што рабіць. Тады Сьцяпан, крыху супакоіўшыся, дастаў свае паперы, і ўзяў зь іх адну фатаграфію, паказваючы старэнькім напіс на адваротным баку: Даражэнькаму татачку й мужу ад любячых Лёніка й Зосі Т. I Сьцяпан палажыў яе на стол, такую самую, якую толькі што паказаў яму Андрэй. Зьдзіўленьне ўсіх было вялікае, усе ўжо разумелі, якое велічнае дзіва здарылася перад вачамі іхнымі ў гэтую Сьвятую Калядную Ноч. Нязвычайна ўсхваляваныя, усе маўчалі перад гэтым Цудам Божым, толькі сэрцы іхныя, злучаныя з Хорам Ангелаў над Віфлеемам радасна й натхнёна пяялі гімн хвалы Нованароджанаму Боскаму Дзіцятку. I ў гэты мамэнт зь вежаў Сьвятыняў паплыў мілагучны сьпеў званоў, заклікаючы верных да ясьляў Нованароджанага Дзіцятка, Бога й Спаса нашага. I гэтая незямная музыка званоў злучалася з радасным сьпевам сэрцаў гэтых бедакоў, закінутых на чужыну, а цяпер знайшоўшых нявымоўную радасьць у Богу каля ясьляў Яго. I расла, і мацнела музыка гэтая, падымалася ўсё вышэй, да Нябёсаў, і злучылася з Гімнам Воінства Нябеснага: СЛАВА НА. ВЫШЫНЯХ БОГУ, I НА ЗЯМЛІ МІР ЛЮДЗЯМ ДОБРАЕ ВОЛІ! Галя ------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------ ДА ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСКАЕ ПРАВАСЛАЎНАЕ ЦАРКВЫ Прэпадобны АЎРААМ СМАЛЕНСКІ, цудатворца. На бачынах „Голасу Царквы" мы ўжо пазналі аднаго нашага вялікага й слаўнага суродзіча з Смаленску, выдатнага сына нашае Бацькаўшчыны: Мітрапаліта Клімента Смаляціча. Цяпер жа мы вельмі цешымся, што можам пазнаць і другога такога слаўнага слугу Божага, таксама вялікага суродзіча нашага з Смаленску, айца Багасловія, палымяннага прапаведніка й цудатворца, прэпадобнага АЎРААМА СМАЛЕНСКАГА. Пра Аўраама Смаленскага ёсьць багатая літаратура, многія аўтары пішуць пра гэтага нашага слаўнага Сьвятога. Але на пачатку мы ўспомнім толькі аднаго зь іх, П. Нікіціна, які ўспамінае пра Аўраама Смаленскага ў сваей кнізе „Історія города Смоленска", у якой ён, між іншым, кажа, што ў Смаленску ёсьць чатыры гары: Саборная, Васкрасенская, Казанская й Аўраамаўская, з чаго мы ўжо бачым, якую вялікую пашану мелі жыхары Смаленску да сьв. Аўраама, калі ў памяць яго назвалі адну з сваіх гораў, як асноваў гораду. Акрамя таго, ён піша, што ў IX ст. купцы гораду Смаленску былі вельмі багатыя, і, паводля Імпэратара Канстанціна Багранароднага, прыбывалі з сваімі караблямі, поўнымі розных цэнных тавараў, у Візантыю (бач. 12). Але нас будзе тут цікавіць і тое, што П. Нікіцін піша пра самы Смаленск і ягонае жыхарства. Ён кажа, што Смаленск заснавалі Крывічы, якія заснавалі таксама й Полацк, Менск, Магілёў, Цьвер, Пскоў і многа іншых прыгожых гарадоў „рускіх" (бач. 8). Ужо гэтае ,,рускіх" настарожвае нас. I не надарэмна, бо далей Нікіцін пазваляе сябе цьвярдзіць, што Смаленск доўгі час ваяваў з Полацкам, а пасьля зь Літвою, бо моцна любіў сваю радзіму — Расею (!), усякім спосабам бараніў яе, і ўрэшце асягнуў сваю мэту: злучыўся з гэтаю Расеяй! Ніякіх тлумачэньняў тут хіба непатрэбна, бо-ж напэўна П. Нікіцін добра ведаў аб тым, што беларускі Смаленск звыш двох стагодзьдзяў мужна абараняў сваю самастойнасьць, Царкву, культуру й дабрабыт супраць гэтае барбарскае Расеі! Але слова з песьні цяжка выкінуць, таму гэты самы П. Нікіцін прымушаны сказаць, што мова прп. Аўраама мае ў сабе многа „юго-западных" (чытай: беларускіх) словаў. Пра мову гэтага нашага слаўнага Сьвятога мы будзем гаварыць пасьля, а цяпер глянем на ягонае жыцьцё й дзейнасьць. Жыцьцё й дзейнасьць прп. Аўраама Смаленскага паданыя нам у многіх манастырскіх ды іншых Сьпісках, якія хоць і розьняцца ў дэталях, але ў аснаўным згодныя між сабою. Найболей поўным такім апісаньнем ёсьць пераказ прп. Яфрэма, вучня прп. Аўраама, з ХІІІ ст., пад казовам: "ЖЫЦЬЦЁ I ЦЯРПЕНЬНЕ ПРЭПАДОБНАГА АЙЦА НАШАГА АЎРААМА, ПРАСЬВЕТЛЕНАГА Ў ЦЯРПЕНЬНЯХ МНОГІХ, НОВАГА ЦУДАТВОРЦЫ Ў СЬВЯТЫХ ГОРАДУ СМАЛЕНСКУ. БАГАСЛАВІ ГОСПАДЗІ!" Гэты твор прп. Яфрэма вялікі, абыймае 25 абшырных бачын, таму мы прымушаныя перадаць яго ў скарочаньні. Акрамя таго, хочам наперад даць пэўныя кыясьненьні. Прп. Яфрэм, які гарача любіў свайго Вучыцеля, прп. Аўраама, пры сваім апісаньні Жыцьця й дзейнасьці яго трымаўся асабліва тады пашыраных узораў апісаньня Жыцьця вялікіх Сьвятых, таму й сваю працу ён папяраджае Уступам і канчае Паслоўем. Акрамя таго, у самым апісаньні ён часта робіць розныя адхіленьні, параўнаньні, і дае гістарычныя зацемкі. Усё гэта для нас вельмі важна, бо паказвае нам вялікую асьвету й духоўнае багацьце як самога аўтара, так тым болей прп. Аўраама, які быў Вучыцелем, Настаўнікам і Узорам для многіх сваіх вучняў, а перадусім для прп. Яфрэма. Хоць з прыступных нам крыніцаў мы ня ведаем, але можам дагадвацца, што прп. Аўраам меў сваю багаслоўскую школу, у якой выбраным вучням сваім тлумачыў сьв. Пісаньне, узбагачаў іх духова, памагаў ім вывучаць грэцкую і лацінскую мовы, дасканаліў іх для належнага служэньня Богу й свайму народу, стараўся, каб ніхто з вучняў яго ня быў невукам. А таму, што сам быў таленавітым і палымянным слугою Божым, шчырым прыяцелем кажнага веруючага, ня дзіва, што ягоныя вучні, асабліва-ж прп. Яфрэм, горача любілі свайго Вучыцеля, і дзякавалі Богу за яго. Дзеля гэтага таксама прп. Яфрэм і пачынае сваю працу такім Уступам: О, Прэсьвяты Цару, Ойча, і Сыне, і Сьвяты Духу, Слова Божае, існуючы ад прадвеку, стварыўшы Неба й землю, бачанае й нябачанае, ад нябыцьця нас у быцьцё прывёўшы, і не захацеўшы нас пакінуць у спакусах сьвету гэтага, але паслаўшы на спасеньне нашае Сына Сваяго Адзінароднага! Бо гаворыць праз Прарока Дух Сьвяты: Не хадатай, ані не Ангел сьветлы, але Сам схіліў Нябёсы, і зыйшоў, і нарадзіўся ад Сьвятое, і Прачыстае, і Ненявестнае Заўсёдыдзевы Марыі без насеньня ад Сьвятога Духа, і жыў як Чалавек на зямлі, і пакуты перацярпеў ад тварэньня Сваяго, і сьмерць скаштаваў на Крыжы, будучы несьмяротным Боствам, і ў гроб лёг, і ўваскрос на трэйці дзень, зьявіўся вучням Сваім, і напоўніў іх Вераю, і узыйшоў на Неба да Айца, і сеў праваруч Яго, і ласлаў Сваяго Сьвятога Духа на сьвятых Апосталаў, і гэтым усе народы асьвяціў, і навучыў праўдзіва вераваць і славіць Бога, і, гэтае запаведаўшы, сказаў: Вось Я з вамі ўва ўсе дні ды да канца веку. I вось перад пісаньнем малю Цябе, Госпадзі Ісусе Хрысьце, Сыне Божы, Малітвамі Прэсьвятое, Прачыстае Дзевы Марыі, і ўсіх Нябесных сіл, і ўсіх Сьвятых/мальбамі, дай мне розум прасьветлены Ласкаю Тваею, падай мне, недастойнаму й грэшнаму болей усіх, светлы чын жыцьця й цярпеньня пячаць, што аб жыцьці прэпадобнага Аўраама, былога Ігумена й Архімандрыта Манастыра гэтага, Сьвятое Уладычыцы нашае Багародзіцы, яго-ж дзень Усьпеньня сяньня сьвяткуем і памяць славім. Бо, браты, успамінаючы Жыцьцё Прэпадобнага, а ня маючы апісаньня яго, я праз усё сваё жыцьцё сумаваў і маліўся Богу: Гаспадзі, удастой мяне дакладна апісаць Жыцьцё баганоснага Айца нашага Аўраама, каб і наступныя пасьля нас інакі, прыняўшы цярпеньні, і бачучы мужа, і шануючы цноты й шляхотнасьці ягоныя, маглі ўсхваліць Бога, і, Угодніка Яго праслаўляючы, узмацняліся на далейшыя чыны свае, а перадусім у краіне гэтай, дзе такі Муж зьявіўся, вялікі Угоднік Божы. Аб такім бо сказаў Гасподзь праз Прарока: Ад улоньня маці Я паклікаў цябе! Жадаючы-ж пачаць апісаньне, наперад малюся Богу, гаворачы: Уладыка мой, Уседзяржыцелю, Падаўца ўсякага Дабра, Ойча Господа нашага Ісуса Хрыста, прыйдзі ў помач мне, і прасьвятлі сэрца маё на разуменьне Запаведзяў Тваіх, і цудаў, і на хвалу сьвятога Тваяго Угодніка, і няхай славіцца імя Тваё, бо Ты памочнік усім, што надзеюцца на Цябе, навекі. ------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------ ЖЫЦЬЦЁ Прэпадобны Аўраам нарадзіўся ў 1146 г. ад багатых і знатных бацькоў Семеона й Марыі. Бацька служыў у Князя, быў вельмі пабожны й шчодры, стала памагаў бедным, удовам і сіротам. Таксама й маці яго ўсякімі цнотамі зьзяла. Яны мелі 12 дочак, але ні аднаго хлопчыка. I часта горача маліліся яны Богу падараваць ім сына, і многія ахвяры Цэрквам і Манастыром дзеля гэтага складалі. I выслухаў іх Бог, і падараваў ім хлопчыка. I яшчэ калі ён быў ува ўлоньні маці Ласка Хрыстовая праявілася на ім, і асьвяціў яго Бог і падаў яго так, як Анне Самуіла. Была бо нейкая дзева, боганатхнёная манашка. I пачула яна голас, гаворачы да яе: ідзі, бо Марыя нарадзіла сына, і ты ахрысьці яго. I голас гэты быў моцны, і яўны. I ўвайшла я, кажа манашка, у дом маці, і яна мыла хлопчыка, і многія сьвяціцелі гатовіліся яго асьвяціць, і вось нейкая жанчьгаа, зьзяючая ў сьвятле вялікім тут стаяла, і адзежа на ёй была бялейшая за сьнег, і слугам, пытаючым у яе: каму, дабрадзейка, даць хлопчыка гэтага, загадала прынясьці яго да сябе. Яна жа, сьветлаю сваею рызаю адзеўшы хлопчыка, аддала яго маці. Хлопчык жа рос, і Ласка Божая была зь ім, і Дух Божы ўжо ад малога пасяліўся ў ім. Бацькі жа, калі падрос, пачалі ўсякім добрым кнігам яго вучыць, і ніякімі гульнямі ён не цікавіўся, але моцна палюбіў сьвятыя кнігі, і сьвяты царкоўны сьпеў, з чаго бацькі радаваліся, а іншыя моцна дзівіліся розуму яго. I вырас, і быў целам вельмі прыгожы, і бацькі хацелі яго ажаніць, і не захацеў, бо задумаў аддаць сябе Богу, стаць манахам. I скора памерлі бацькі, і ўсю сваю вялікую маёмасьць раздаў бедным, і пайшоў за голасам Хрыста: Усё, што маеш, раздай бедным, і будзеш мець скарб на Небе. I вазьмі крыж свой на сябе ды ідзі за Мною. I раздаў, і пайшоў, і замест багатых бліскучых адзежаў надзеў на сябе звычайную сялянскую вопратку, і хадзіў па дарогах: і вёсках з Словам Божым, быў, як казалі, юродзівым. Скора, аднак, пакінуў гэтае сваё жыцьцё, і Смаленск, і пайшоў у мясцовасьць Селішча, і пастрыгся там у манахі ў Манастыры Маці Божае. Тым болей цяпер Сьвяты злучыўся з Богам і слугамі Яго. Ён стала ў думках сваіх хадзіў разам з Ісусам Хрыстом па Палестыне, ён стала быў у пустынях разам зь вялікімі Праведнікамі й духоўнымі Айцамі сваімі: Антоніем, Саваю, Іларыонам. Штодзённа чытаючы ў грэцкіх арыгіналах Богам натхнёныя творы сьв. Іоана Златавуснага, сьв. Васілія Вялікага, сьв. Рыгора Багаслова ды іншых Айцоў, бязупынна молячыся, ён карміў сябе хлебам Нябесным, Словам Божым, як працавітая пчолка зьбіраў пахучы мёд з твораў іх, многае сваею ўласнаю рукою выпісваючы, а яшчэ болып з дапамогаю пісароў, вучняў сваіх, каб, як добры пастух, заўсёды ведаў стада сваё, і на якім пасовішчы пасьвіць яго, і якою ежаю карміць, а не як невук, ня веда-ючы стада, якое часам галадае, а часам па горах разьбягаецца блудзячы ды многім зьверам у ляпу пападаючы. Каб гэта было ведама ўсім невукам. бяручым на сябе высокі сан свяшчэнства. Таксама й карабельнік, і спрытныя рулявыя, ведаючы шлях і прыстанішча, ад Бога міласьці й спрыяльнага ветру чакаючы, ня супраць буры й хвалям морскім, але з Божай дапамогай, каб як найлепш прыйсьці да мэты бяз шкоды й патапленьня. I калі хочам пайсьці ў месца далёкае, дык запытаемся ў ведаючых, бо небясьпечныя ёсьць шляхі ды месцы рабаўнікоў і ўсяго гэтага баімся, і молім Бога, каб абмінуць усякую бяду. Але вернемся да папярэдняга, да дароў Слова Божага, даных Богам прэпадобнаму Аўрааму. Як хто хоча быць прызначаным ваяводаю праз цара, ці-ж не зьбірае ён усіх вояў і з дапамогаю Божаю сгаіць моцна: абараняе, наступае й перамагае, так і гэты ўсе свае дары выкарыстаў на пазнанье сьв. Пісаньня, уважаючы, як бы карабель душы свае з дапамогаю Божаю ад бураў уратаваць, ад напасьцяў бесаў і злых людзей, і ўсякіх бедаў непашкоджаным захаваць, і ў тое прыстанішча, у цішыню Нябеснага Ерусаліму Бога нашага прыйсьці. I радаваўся Ігумен і браты, усе сьпяшылі да прп. Аўраама за пацехаю й навукаю, бо ніхто не адважыўся перад ім ад кніг гаварьгці. Бачучы жа такое харошае, праведнае й мудрае жыцьцё інака Аўраама ды шануючы такую насалоду ад размоваў зь ім, ад ведаў сьв. Пісаньня, прымусілі яго прыняць сан Сьвяшчэньніка. Гэта было ў часы панаваньня хрысталюбівага Князя Смаленскага Мсьціслава, які вельмі любіў манахаў. I запалаў яшчэ большаю пільнасьцю, і духоваю красою прп. Аўраам. Кажны дзень ён пачаў адпраўляць Службу Божую, каб магчы кажны дзень прыняць у сябе свайго любага Госпада: Ягонае Прачыстае Цела й Ягоную Чэсную Кроў, і любоў яго да Хрыста й Спаса кажным днём расла, узмацнялася, а гэтым і любоў Хрыста да яго. Адначасна сьв. Аўраам, у знак свае поўнае пакоры перад Богам, выконваў усе свае абавязкі манаха, а навет яшчэ іншым памагаў. Бачучы такую ягоную дасканаласьць, вораг роду людзкога запалаў гневам да яго, і пасеяў у сэрцах слабых духам клірыкаў зайздрасьць і нянавісьць да Сьвятога, ад чаго Праведнік гэты многа пацярпеў. Дзеля таго, што ўсё болей і болей людзі пачалі прыходзіць да Сьвятога, каб адкрыць перад ім грахі свае, каб ачысьціць, узмацніць, прасвятліць, пацешыць душы свае ды парадаваць іх натхнёным Словам Божым з вуснаў прэпадобнага, а між гэтымі прыяцелямі яго было ня мала людзей з гораду, гэта вельмі не спадабалася Настаяцелям многіх Цэркваў ды некаторым манахам. Ня могучы знайсьці ў прэпадобным аніякае віны, яны, гэтыя зайздросьнікі, пачалі пашыраць супраць яго розную ілжу й паклёп, і гэтым усё болей падбуралі нясьведамых людзей. Урэшце яны намовілі супраць прэпадобнага й самога Ігумена, які таксама паддаўся спакусе злога духа, і сьв. Аўраам мусіў адыйсьці ў Смаленскі Манастыр Чэснога Крыжа. Але сьвяцільнік усюды сьвеціць. Неўзабаве зазьзяў сьв. Аўраам і тут красою душы свае, сваімі дарамі Божымі, талентамі. I ня дзіва, што й тут не замоўклі вусны яго, і пачалі ўсе, маладыя й старыя, простыя й знатныя, і рамесьнікі сьпяшыць да яго. Адныя паслухаць ягоную багаслоўскую мудрасьць, другія на малітву, іншыя на царкоўны сьпеў, і днём і ўначы, а ён сьлёзна маліў Бога памілаваць людзей Сваіх, адхіліць гнеў Свой, паслаць міласьць Сваю, ад бедаў уратаваць, мір-супакой падаць. Многа ахвяраў складалі ўсе гэтыя пабожныя людзі яму, але ён іх ужываў перадусім на ўпрыгожаньне Манастыра, а пасьля на помач бедным, удовам і сіроткам. Адначасна ён быў і таленавітым іконапісцам, сам намаляваў дзьве Іконы: „Страшны Суд" і ,,Выпрабаваньне мытарстваў-пакутаў", якія стала паказваў сваім вернікам, прыпамінаючы ім аб тых страшных выпрабаваньнях, мытарствах душы, калі яна разлучаецца з целам ды пераходзіць на Суд Хрыстовы, і калі раскрываюцца кнігі сумленьня нашага перад Седзячым на Прастоле, а вагнявая рэчка працякае й гатовая праглынуць кажнага грэшніка. Сам прэпадобны часта прабываў у пастох, і гэта было відаць на пахудалым абліччы яго. Косьці яго, як гаворыцца ў Псальме, высахлі як сушыла, і ўсе іх можна было пералічыць. Сваім палымяным словам ён хацеў быць падобным Златавуснаму, а Васілію Вялікаму навет і выглядам. Калі ён аблачаўся ў рызы, быў вельмі падобны сьв. Васілію: меў такую жа лысую галаву й чорную бараду. I тут прп. Яфрэм зазначае, што ён падае гэтае апісаньне ня дзеля таго, каб паказаць сваю хітрасьць, ці мудрасьць, а толькі таму, каб пазьнейшыя чытачы маглі мець перад сабою й выгляд ягонага Вучыцеля. А на пацьверджаньне таго, што й гэта важна, прп. Яфрэм прыводзіць такія словы Хрыстовыя: „Слуга лянівы й лукавы, легпп бы ты аддаў серабро Маё таргуючым, і Я бы атрымаў Сваё зь ліхваю", і канчае: Гэтае я напісаў, каб паслухаўшы, мы праславілі Бога, Каторы даў нам гэтую Ласку й помач Смаленску — прэпадобнага Аўраама. I запалаў шатан нянавістю да сьв. Аўраама ізноў, бо-ж такога Угодніка Свайго Бог ізноў праславіў. Ня раз прабаваў шатан спакусіць Сьвятога, навет у часе Службаў Божых, стараючыся праз мала сьведамых, праз размовы й шэпты ў Царкве, парушыць супакой і знэрваваць Праведніка. Але й гэта не памагло, бо прэпадобны служыў нязвычайна натхнёна, быццам сам Ангел зь Неба. Тады шатан ізноў пайшоў па шляху ілжы: герэтык, чарадзей, чужаложнік, прарокам сябе называе; спаліць, утапіць, бічаваць яго трэба, пачаў ён усюды крычаць праз слабых духам ды зайздросьнікаў. (Працяг будзе) ------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------ CLERGY OF BYELORUSSIAN AUTOCEPHALIC ORTHODOX CHURCH (B.A.O.CH). His Excellency Most Rev. Archbishop SERGIJ — The Head of B. A. O. CH. 43 Drynan St., Perth-Baywater. W. A. Australia. His Excellency Most Rev. Archbishop VASІLI — The Secretary of Holy Sinod of B. A. O. CH. 108 Wyckoff St., Brooklyn 1, N. Y. Rt. Rev. Archimandryt MODEST, 83 North Rd., Newport, W. 15. Vic. Australia. Very Rev. M. SZCZURKO, 8 John St. Flinders Park; S. A. Australia. Very Rev. V. Z1ELINSKI, 53 Aurelia St. Sidney-Toongabbie. N.S.W. Australia. Rev. B. KAMISKI, Perth, Australia. Very Rev. T. DANILUK, 379 Vermont St., Brooklyn 7, N. Y. Very Rev. St. WOJTENKO, 332 Mansfield St.. Highland Park, N. J. Very Rev. M. MAKAREWICZ, 3517 \V. 25 St., Cleveland 9. Ohio. Rev. E. YAKIMENKO. 1708 E. 31st St. Lorain. Ohio. Very Rev. A. KRYT, 14 Southey Place, Bradford 3. England. Rev . K. SMARSCOK, D. Ph. Post box 52. Mechelen I, Belgium. Very Rev. M. MACUKІEVICZ. 15 Montrose Ave.. Toronto 3, Out.. Canada. Rev. Archdeacon K. SAVІCKІ. 2389 W. Tremont St., Cleveland 13, Ohio. CONDUCTORS OF CHOIRS : M. TULEJKO, New York. A. KAPTUROVICH, New York. F. RODZKO, New Brunswick. K. KISLY, Cleveland. P. SLAWKO, Toronto, Canada. P. NIESLYKHOVSKY, Cambridge, England. M. BURALOM, Adelaide, Australia. ------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------ XРОНIКА НЮ-ЁРК. Сьв. Апостал Павал у сваім Пасланьні да Галятаў вучыць нас: Робячы дабро, не падайма духам, бо ў свой час пажнем, калі не аслабеем. I мы горача дзякуем Госпаду Міласорнаму, што нашыя Браты й Сёстры ў Ню-Ёрку, з Ласкі Яго, не аслабелі духам, а таму й пажалі багатыя плады свае любові да Бога й нашае сьв. БАПЦарквы, да свайго любага Народу ў дзень 30-га жнівеня. У гэты слаўны дзень, у дзень Сустрэчы Беларусаў Амэрыкі й Канады, мы ўсе мелі вялікую радасьць, а таксама й вялікі гонар, бо Сам Бог багаславіў нашую самаахвярную, любую Яму працу: Мы высьвяцілі наш слаўны Кафедральны Сабор імя сьв. Кірылы Тураўскага, беларускага Златавуснага. Вялікая гэта была ўрачыстасьць, на якой было каля 300 нашых Братоў і Сёстраў з Амэрыкі й Канады. У суботу была адслужана ўрачыстая Усеначная, а ў Нядзелю Яго Высокапрэасьвяшчэнства, Архіепіскап Васілі, у саслужэньні Саборнага Духавенства: Мітрафорных Пратаіереяў, айцоў Хведара Данілюка й Сьцяпана Войтэнкі, і Пратаіерэя а. Міхаіла Мацукевіча ўрачыста высьвяціў наш Кафедральны Сабор Архіерэйскім Чынам. У часе Малога Выхаду на сьв. Літургіі Уладыка Васілі ўрачыста ўзнагарадзіў санам Пратаіерэя а. Міхаіла, натхнёна вітаючы яго за ягонае адданае, самаахвярнае й любові поўнае служэньне Вогу, нашай сьв. БАПЦ і ўсяму нашаму Народу. Нязвычайна прыгожа й натхнёна сьпявалі два Хоры: Кліўлэндзкі пад кіравецтвам нашага слаўнага Дырыгэнта Сп. К. Кіслага, які асабліва радасна ўсхваляваў усіх сваей кампазыцыяй „Многія лета", і мясцовага пад кіравецтвам ужо ўсім нам ведамага самаахвярнага нашага Дырыгента Сп. М. Тулейкі, які таксама сваім сьпевам радаваў усіх, будучы ўзмоцненым харыстамі й харысткамі зь Ню Брансьвіку з сваім Дырыгентам, таксама самаахвярным і адданым нашай сьв. БАПЦ Сп. Ф. Родзькам. Вось жа, уся Служба Божая, Чын Высьвячэньня й сьв. Літургія, была такая ўрачыстая й слаўная, што запраўды ўсе вернікі ня ведалі дзе яны: на Небе, ці на зямлі. Усе натхнёна й радасна дзякавалі Госпаду Міласэрнаму за гэтую Ягоную Ласку да нас, за Ягоную нагароду нашае добрае, мілае Яму працы, за нашую любоў да Яго. Прыгожую пропаведзь сказаў Прат. а. Міхаіл. Перад канцом Службы Божае ўсе вернікі на каленях выслухалі прыгожую Малітву Уладыкі Васілія, прысьвячаную Высьвячэньню нашага Сабору, якую мы падаем у іншым месцы, ды таксама на каленях усе разам прапяялі наш Царкоўны Гімн „Магутны Божа". Так з Ласкі Божае адбыўся вялікі гістарычны Акт нашае роднае, любае сьв. БАПЦарквы: заснаваньне й Высьвячэньне яе Кафедральнага Сабоду ў Ню-Ёрку. I, дзякуючы любасьці й адданасьці да яго нашых Братоў і Сёстраў, ён увесь час далей упрыгожваецца, усё болей радуе ўсіх нас. Слава ўсім ахвярадаўцам і будаўніком яго! Пасьля Службы Божае адбыўся супольны абед у вялікай і прыгожай залі пад Царкваю, які ўпрыгожылі сваей прысутнасьцю Афрыканскі Праваслаўны Архіепіскап Эрнэст, Індыйскі Праваслаўны Архіепіскап Пілі, Епіскап Ню-Ерку Уілкі й Прэзыдэнт Індыйскіх Хрысьціянскіх Цэркваў др. Рамкрышна Модак, акрамя нашага Духавенства на чале з Архіепіскапам Васіліем, ды шматлікія прадстаўнікі іншых брацкіх нам народаў. Прадстаўнік брацкага нам Народу Казакоў падараваў, як свайму прыяцельл Уладыцы Васілію прыгожы Архіерэйскі Посах. Старшыня Камітэту Беларускага Грамадзкага Цэнтру Сп. Я. Ніхаёнак прыгожа прывітаў усіх прысутных на абедзе й пажадаў усім прыемна й радасна правясьці яго. Шмат было іншых прыгожых прамоваў як ад Беларусаў, так і ад прадстаўнікоў іншых народаў, а сярод іх асабліва прыгожа прывітаў прысутных др. Модак і сказаў індускую малітву. Урэшце натхнёна прывітаў усіх Уладыка Васілі і закончыў абед супольна прасьпяванаю Малітваю. Вечарам адбылася ўрачыстая Акадэмія Сустрэчы з прамовамі й багатаю мастацкаю часткаю, у якой прынялі ўдзел хоры й салісты, танцоры й дэкляматары з Кліўлэнду пад кіравецтвам Сп. К. Кіслага, зь Ню-Ёрку пад кіравецтвам Сп. М. Тулейкі, а таксама з Дэтроіту. 3 салістых неабходна асабліва адзначыць прыгожыя галасы I. Каляды, Г. і А. Орсаў і В. Лубнік. Уся Акадэмія была выразам непахіснае волі Беларусаў да аднаўленьня Незалежнае й Сувэрэннае Беларускае Дзяржавы ды паказала высокі ўзровень нашае культуры й нашага мастацтва. СЬВЕЖАЯ МАГІЛКА У канцы верасьня адыйшоў ад нас у вечнасьць добры сын Беларускага Народу, выдатны Бацька свае сямейкі, і мілы цесьць усімі паважанага нашага дзеяча Сп. В. Кажана, Сп. Янка ПРОНЬКО, і пахаваны Уладыкаю Васіліем у Стамфордзе. Пакойны да апошняе хвіліны свае працаваў на агародзе, цешыўся з унукаў сваіх, і напэўна марыў аб тым, што яшчэ будзе цешыцца з працы на сваей вялікай гаспадарцы ўдома, у вольнай Беларусі. Але Бог судзіў іначай, і за ягоную любоў да ўсіх, за ягонае добрае сэрца, паслаў яму лёгкую сьмерць. Няхай жа Яму будзе зямелька Вашынгтона пухам. Вечная Яму Памяць. СЬВЯТА НАШЫХ ГЕРОЯЎ Сьвята нашых Герояў на чале з Слуцкімі Змагарамі адбылося тут 30-га лістапада вельмі ўрачыста. Уладыка Васілі ў саслужэньні Мітрата а. Хведара Данілюка адправіў Заўпакойную Літургію й Паніхіду. Прыгожую пропаведзь сказаў удзельнік Слуцкага Змаганьня а. Хведар, а пасьля таксама прыгожа прамовіў і Уладыка Васілі. Вельмі прыгожа спяваў Хор пад кіравецтвам Сп. М. Тулейкі, узмоцнены Дырыгентам Сп. Ф. Родзькам з сваімі харыстымі й харысткамі. У часе Паніхіды наш Сабор зьзяў ад сьвятла сьвечак у руках амаль усіх вернікаў, а было іх звыш 200 асоб. Наперадзе стаяла ганаровая варта Вэтэранаў з трох асобаў: Сп. Сп. Д. Клінцэвіча, В. Захаркевіча й Б. Емельяновіча з Вэтэранскім Сьцягам, які ў адпаведных месцах Паніхіды схіляўся ўніз. Усё гэта нязвычайна ўзмацняла ўрачыстасьць Службы Божае, напаўняла сэрцы ўсіх гарачаю любоўю да загінуўшых Пакутнікаў - Герояў нашых разам з падзякаю ім, вечнаю памяцьцю аб іх. Напэўна сярод прысутных было ня мала такіх, што страцілі некага з сваіх родных ці блізкіх, таму не адно аблічча зрасілася прыгэтым гарачымі сьлязамі. 3 усяго гэтага напэўна радаваліся яны, вечна жывыя Героі нашыя, ды дзякавалі Богу за нас, асабліва-ж за тое, што Ён падараваў нам нашую сьв. БАПЦаркву, у якой мы можам належна памаліцца за вечны пакой душаў іх. Пасьля Службы Божае ў залі пад Царквою адбыўся супольны абед і ўрачыстая Акадэмія, якую адкрыў Заступнік Старшыні Вэтэранаў Сп. Д. Клінцэвіч, а галоўны рэфэрат наагул аб нашых Паўстаньнях удала прачытаў Генэрал Сп. Ф. Кушаль. Вельмі цешыліся ўсе з мастацкае часткі, у якой выступаў Хор пад кіравецтвам Сп. М. Тулейкі й выклікаў бурнае „біс" усяе залі. Бурнымі воплескамі былі таксама ўзнагораджаныя нашыя выцатныя салісткі Сп-шні К. Ярашэвіч, Г. Орса й Л. Маркоўская, а таксама малыя дэкляматары Ларыска Клінцэвіч і Юрка Курыла. Мастацка акампаньявала, шанаваная ўсімі, нашая выдатная Праф. музыкі, Сп-ня Е. Зубковіч. Акадэмія пачалася Малітваю й Амэрыканскім Гімнам, і закончылася Малітваю й Беларускім Гімнам, і выклікала надзею, што неўзабаве мы будзем сьвяткаваць гэты наш вялікі Дзень ужо ў Вольнай Беларусі! ------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------ Высокапрэасьвяшчэньнейшых Уладыкаў нашых, Архіепіскапаў СЕРГІЯ й ВАСІЛІЯ, Высокапрэпадобных Архімандрытаў, Мітрафорных Пратаіерэяў, Пратаіерэяў, Прэпадобных Айцоў, дастойных Дырыгэнтаў, Хвальныя Царкоўныя Рады, Брацтвы й Сястрыцтвы, Дзяржаўныя й Навуковыя Установы, усе Грамадзкія Арганізацыі, і ўсіх вернікаў нашае сьв. БАПЦарквы сапдэчна вітае з РАСТВОМ ХРЫСТОВЫМ і НОВЫМ — 1959 — ГОДАМ: Цешцеся й радуйцеся, і натхнёна сьпявайце й слаўце Нованараджанага Госпада Бога й Спаса нашага Ісуса Хрыста! ЦАРКОЎНАЯ РАДА сьв. БАПЦарквы ў Ню-Ёрку. |
Літаратура / Literature > Голас Царквы >