БОЖАЙ МІЛАСЬЦЮ СЬВЯШЧЭННЫ САБОР ЯПІСКАПАЎ БЕЛАРУСКАЕ АЎТАКЕФАЛЬНАЕ ПРАВАСЛАЎНАЕ ЦАРКВЫ НА ЧУЖЫНЕ Да ўсечэснога Духавенства, прэпадобнага Манаства й усіх багалюбівых вернікаў нашых на Чужыне й на Бацькаўшчыне прабываючых ВЯЛІКОДНАЕ АРХІПАСТЫРСКАЕ ПАСЛАНЬНЕ ХРЫСТОС УВАСКРОС! "Ангел сьветлы ўсклікнуў Жонам: перастаньце плакаць, бо ХРЫСТОС УВАСКРОС!" (Вялікодны Канон). УЛЮБЛЕНЫЯ Й ДАРАГІЯ БРАТЫ Й СЁСТРЫ! Цяжкія пакуты перажыў Спасіцель наш у часе суду над Ім, асабліва-ж на Галгофе. Над Ім насьмяхаліся, Яго білі, урэшце ўкрыжавалі й у Гроб замуравалі. Ворагі Яго цешыліся: няма ўжо Хрыста, Ён памёр! А хто можа апісаць тыя нявымоўныя цярпеньні, якія перажывала Ягоная Маці Божая як пад Крыжам, так і цяпер! А сьв.Апосталы! А багаслаўленыя Ім Жоны Міраносіцы! Няма ўжо іхнага любага Вучыцеля: Ён памёр! „Сьн Чалавечы будзе выданы ў рукі людзкія, і засудзяць Яго, і ўкрыжуюць, і на трэйці дзень Уваскрэсне" (Мц. 17, 22-23), ня раз гаварыў ім Хрыстос. Але які розум людзкі мог зразумець такое Боскае Адкрыцьцё? Не разумелі гэтага й сьв. Апосталы й слаўныя Жоны, і таму яны цяпер моцна сумавалі й плакалі. Вось ужо й раніца трэйцяга дня па сьмерці Яго. Узыйшло сонейка й таямніча азалаціла ўсё кругом, як бы прамаўляючы да сумуючых: Радуйцеся! Ён ужо ўстаў з Гробу! Але не заўважаюць гэтага ў сваім горы Жоны Міраносіцы, што сьпяшаюцца да Гробу Яго. І вось, раптам, яны тут бачаць сьветлага Ангела й чуюць словы яго: ХРЫСТОС УВАСКРОС! О, што за радасьць! Гэтую радасьць сваю яны паўстрымаць ня могуць! Яны бягуць да сьв. Апосталаў, і натхнёна ўсклікаюць: ХРЫСТОС УВАСКРОС! Тымчасам Ангел ужо зьявіўся Прачыстай Маці Божай, і апавясьціў Ёй: „Радуйся, Дзева, радуйся! Радуйся багаслаўленая, радуйся прэпраслаўленая: Твой бо Сын УВАСКРОС на трэйці дзень ад гробу!" (Вялікодная Сьціхіра). I Марыя Магдаліна ўжо пабачыла Яго, і натхнёна ўсклікнула: Раввуні-Вучыцелю! (Іо. 20, 16). Ужо Яго пабачылі й усе іншыя Жоны Міраносіцы, і пачулі Ягонае прывітаньне: Радуйцеся! I абнялі ногі Яго й пакланіліся Яму (Мц. 28, 9). Ужо прыбеглі ў Ерусалім і Апосталы Клеопа й Лука з Эмаусу й апавясьцілі адзінаццацём і быўшым зь імі, што ХРЫСТОС УВАСКРОС! Яны бачылі Яго й гаварылі зь Ім! Хрыстос ЗАПРАЎДЫ УВАСКРОС, адказалі ім іншыя Апосталы. Яго ўжо пабачыў і сьв. Пётра. А калі яны цешыліся й радаваліся, раптам сярод іх стаў Хрыстос і сказаў ім: Мір вам! (Лк. 24, 33-36). I зьніклі ўжо гора й бяда, страх і сумлівы сьв. Апосталаў. Сэрцы іхныя ўжо напоўніліся супакоем, нязломнаю Вераю, бясконцаю радасьцю й надзеяй на ўваскрасеньне ўсіх веруючых у Хрыста, бо-ж Ён, як Першы з нас, УВАСКРОС! (1 Кар. 15, 20). Гэта быў Першы Вялікдзень на зямлі. Вялікдзень малой грамады разам з Уваскросшым Хрыстом! Толькі цяпер Апосталы зразумелі словы Яго: на трэйці дзень УВАСКРЭСНУ! I ўжо гатовыя былі з радасьцю памерці за Яго, бо-ж сьмерці ўжо няма: Хрыстос Сваею сьмерцю зьнішчыў яе, дараваўшы нам жыцьцё вечнае! I панясьлі яны гэтую радасную вестку па ўсей зямлі: ХРЫСТОС УВАСКРОС! I мы ўваскрэсьнем: „Бо, як у Адаме ўсе паміраюць, так у Хрысце ўсе ўваскрэснуць" (1 Кар. 15, 22). Вось чаму Вялікдзень нашае Сьвята над Сьвятамі! Вось чаму пры сьпеве: Хрыстос Уваскрос ізь мертвых, сьмерцю смерць паканаў. і тым што ў грабох, жыцьцё дараваў, мы ня можам паўстрымаць радасьці свае! Душы нашыя, падобна Марыі Магдаліне, сьпяшаць падзяліцца ёю зь іншымі: для іх ужо ўсе любыя, яны кажнага абыймаюць, цалуюць, кажнаму апавяшчаюць: ХРЫСТОС УВАСКРОС! Вось чаму нашыя вёскі на Вялікдзень былі поўныя радасьці й весялосьці! I хто хоць раз перажыў гэтую радасьць, той ужо ніколі не забудзе яе, бо вочы душы яго, падобна сьв. Апосталам, пабачылі Уваскросшага Хрыста! I падобна ім цьвёрда ўверавалі, што запраўды Ён нашае Уваскресеньне й Жыцьцё (Іо. 11,25). Таму ўжо няма бяды, няма смутку, бо-ж Ягонае Уваскрасеньне адначасна перамога Дабра над злом, Праўды над крыўдаю, Свабоды над няволяю! Таму таксама ўсе тыя нашыя суродзічы, што церпяць і пакутуюць удома, на катаргах і высылках, і яны на Вялікдзень радуюцца й весяляцца, і яны пяюць: ХРЫСТОС УВАСКРОС! АЛЕЛЮЯ! Бо й яны разам з прарокам прамаўляюць: „Спадзявайся на Госпада, ідзі за Ім, дык узвысіць цябе, каб ты узяў зямлю ў валаданьне, і бязбожных загубу ты ўбачыш" (Пс. 38, 24). Так, любыя дзеці нашыя, асабліва гэты Вялікдзень радасны для нас, бо-ж мы сьвяткуем яго тут ужо ў сваіх Храмах Божых, а гэтую Ласку Сваю Спасіцель наш паслаў нам, каб мы належна прыгатавалі сябе да сьв. Храмаў на сваей вольнай Бацькаўшчыне, дзень свабоды якое ўжо блізка! Закончыцца галгофа нашая неўзабаве, таму ўсе, усе радуйцеся й весялецеся! Усечэсныя Айцы й увесь наш Беларускі Народзе! Зь Вялікім, Сьветлым і Радасным Сьвятам, з перамогаю й трыумфам Неба й зямлі — УВАСКРАСЕНЬНЕМ ХРЫСТОВЫМ, зь Вераю і Любоўю вітаем усіх вас! Ужо ўзыходзіць Сонца Праўды й Свабоды над пакутнаю й слаўнаю Зямелькаю нашаю! Ужо Уваскросшы Спасіцель наш прамаўляе да нас: толькі веруйце, ані не сумлявайцеся, і Ласка Мая вам памножыцца: уваскрэсьне й вашая пакутная, у гроб паложаная, любая Маці-Беларусь! I адзінымі вуснамі й адзіным сэрцам адкажам Яму: так, Госпадзі, мы веруем, цьвёрда веруем, бо Ты ЗАПРАЎДЫ УВАСКРОС! Ласка й Мір Госпада нашага Ісуса Хрыста, Любоў Бога й Айца, і Прычасьце Сьвятога Духа будуць з усімі вамі. АМІНЬ. Сьмірэнны Архіепіскап СЕРГІЙ Глава Сьвяшчэннага Сабору Епіскапаў Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы Сьмірэнны Архіепіскап ВАСІЛІ Сакратар Сьвяшчэннага Сабору Епіскапаў ЕАПЦ на Чужыне. Дана Году Божага 1958 месяца красавіка Аўстралія-Амэрыка. _________________________________________________________________________________________ ВЯЛІКДЗЕНЬ НАТАЛЬЛЯ АРСЕНЬНЕВА Але вочы іх былі стрыманы, дык не пазналі Яго. Паводле Лукі сьв. Эвангельле. I была там вясна, як наша, хай ня лозы цьвілі, а міндаль — распаляла на нівах і пашах сонца краскаў ірдзяны вугаль, у далінах бляялі ягняты, маткам тулячыся да ног, і буйных, белых зор зярняты расьсявалі лялеі ў лагох ... Срэбна й шэра курэў арэшнік, лес аліўкаў і вінных лоз ... А вясьне напярэймы, сьцежкай, ціха крочыў Ускрослы Хрыстос. Сам — Нясьцерпнае Зьзяньне — у зьзяньні, сьмерцяй сьмерць растаптаўшы ушчэнт, Ён ішоў ... і нязгойныя раны на чале чырванелі яшчэ... У дзіўным, у святым захапленьні Богу-Сыну малілася ўсё — агарож прыдарожных каменьні, маладых ячмянёў каласьсё, весьні вецер, што згортваў з дарогі вір пялёсткаў... і сонечны пыл . .. і трава, што прабітыя ногі цалавала, сьхіліўшы сьцяблы ... А пасьлей — пацягнуўся шляхамі, ў скрыпе рогату, крыкаў, калёс, і народ... Толькі хто зь іх няўцямных, знаў, што побач — Ускрослы Хрыстос? Праплывалі, сьляпыя, міма Боскіх цёплых, пясьцівых рук юнакі з залатымі вачыма, сьцені старцаў, сагнутых укрук ... I ніхто ня схінуў каленаў, ня прыйльгнуў да сьвятой далані, хай прад сьцерплай ад сьлёз, Магдаленай на імгненьне і ўзьнік Садаўнік ... I ніхто зь іх ня ўскрыкнуў „Раввуні", ды, найрваўшы пальмовых галін, нацянькі, шмарагдоваю руняй, сустракаць не паймкнуў у палі.. . Плыў а плыў, зелянейшы зь зялёных, Дзень Вялікі над цёплай зямлёй... Пагусьцеў сьцень ад сьцен і калёнаў, Пацішэлі гасьцінцы й гальлё, падцікаўся нячутна вечар, сіні зьмерк... I ня ўбачыў ніхто з недарэчных сыноў чалавечых, як іх скрозь пераймаў Хрыстос, як ішоў Ён, схіліўшы на грудзі сьветлы твар, між жывымі — Жывы ... --------------------------------------------------------------- Гора, гора, о, гора Вам, людзі! бо і сяньня — сьляпыя Вы! _________________________________________________________________________________________ ПОМНI... НЕБА Гасподзь Бог наш Ісус Хрыстос быў укрыжаваны, памер і Уваскрос, а пасьля яшчэ сорак дзён прабываў на зямлі, навучаючы й умацоўваючы ў Веры вучняў Сваіх дый увазьнёсься на Неба. Сьв. Пісьмо гаворыць нам аб гэтым так: „I, сказаўшы гэтае, Ён увазьнёсься перад вачамі іхнімі, і воблака ўзяла Яго ад вачэй іх. Калі-ж яны пільна ўглядаліся ў Неба, як Ён адыходзіў, вось двое мужоў сталі перад імі ў белых вопратках, дый скаэалі яны: Мужы Галілейскія! Чаго стаіцё, узіраючыся на Неба? Гэты Ісус, узяты ад вас на Неба, прыдзе гэтак сама, як бачылі вы Яго ўзыходячы на НЕБА" (Дз. 1, 9-11). Адсюль мы бачым перадусім, што Гасподзь наш Ісус Хрыстос прыйшоў зь Неба на зямлю ды ізноў вярнуўся на Неба. Мы часта гаворым пра Неба, мы цьвёрда верым, што Гасподзь Бог з Ангеламі Сваімі й з усімі Сьвятымі прабывае на Небе, а што мы ведаем пра яго? Нажаль, мы ведаем пра яго вельмі мала, а гэта-ж нашая вечная Бацькаўшчына, калі толькі мы будзем годнымі ўнасьледваць гэтае нашае жыцьцё вечнае й нявымоўнае радасьці! Гасподзь Бог наш Ісус Хрыстос прыйшоў зь Неба да нас, памёр і Уваскрос, каб мы маглі быць разам зь Ім на Небе, і гэта МЭТА нашага жыцьця. Таму й сьв. Пісаньне, асабліва-ж Сам Спасіцель наш, як і сьв. Апосталы й Прарокі шмат гавораць нам пра Неба. I тут, любыя чытачы, мы хочам даць вам хоць кароткі абраз Неба на падставе сьв. Пісаньня, каб вы стала мелі перад вачамі сваімі гэтую сваю мэту, вечную Бацькаўшчыну — Неба. У першай Кнізе Майсея чытаем: „На пачатку Бог стварыў Неба й зямлю (1 М. 1). „Валадару! Ты Бог, Каторы стварыў Неба й зямлю, і мора дый усё, што ў іх" (Дз. 14, 15). „I пакляўся Жывучым на вечныя вякі, Каторы стварыў Неба й што ў ім, ды зямлю й пгто ў ёй, ды мора й што ў ім" (Адкр. 10, 6). Але яшчэ раней за зямлю Бог стварыў воінства Нябеснае — Ангелаў: „Ты, Госпадзі, адзін! Ты стварыў Неба й усё воінства яго" (Нэем. 9, 16). „I неспадзеўкі зьявіліся з Ангеламі вялікае войска нябеснае, славячы Бога" (Лк. 2, 13). Неба — месца прабываньня Бога: „Малецеся-ж так: Ойча наш, Каторы ёсьць у Нябёсах" (Мц. 6, 9). Неба — Прастол Божы: „А Я кажу вам: не прысягайце зусім: ні Небам, бо яно — Прастол Божы" (Мц. 5, 34). „Гасподзь паставіў Прастол Свой на Нябёсах, і Валадарства Яго над усім пануе" (Пс. 102, 19). Гасподзь Бог стала акружаны Ангеламі й над Херувімамі прабывае: „Гасподзь Саваоф, Бог Ізраіляў, седзячы на Херувімах! I бачыў я Госпада, седзячага на Прастоле цудоўным, а кругом Яго стаялі Серафімы й усклікалі: Сьвят, сьвят, сьвят Гасподзь Саваоф! Уся зямля поўная славы Твае!" (Іс. 6, 1-3). I ня дзіва, што прарок перад гэтаю веліччу Божай усклікае: „Слава Твая, Госпадзі, узьняслася панад Нябёсы!" (Пе. 7, 2). I ня дзіва, што ўсякае дабро, якое мы робім, ці маем, паходзіць зь Неба, як і кажа сьв. Апостал: „Кажнае добрае даньне, і кажны дасканалы дар зыходзіць з вышыняў, ад Айца Сьветласьцяў, у Каторага няма зьменнасьці" (Як. 1, 17). Ісус Хрыстос прыйшоў да нас зь Неба, як Ён і Сам сказаў: "Бо Я зыйшоў зь Неба ня дзеля таго, каб чыніць волю Маю, але волю паслаўшага Мяне Айца" (Іо. 6, 38), а ў іншым месцы: „Дык цяпер услаў Мяне Ты, Ойча, у Цябе Самога тою славаю, якую Я меў у Цябе раней стварэньня сьвету" (Іо. 17, 5). I пасьля Свайго Увазьнясеньня Ён ізноў вярнуўся на Неба: „Гасподзь жа пасьля гутаркі зь імі (Апосталамі) увазьнёсься на Неба, і сеў праваруч Бога Айца" (Мк. 16, 19). Але цяпер ужо Ён пайшоў на Неба ня толькі як наш Спасіцель, адкрыўшы нам дзьверы Раю — Нябёсаў, а таксама як і нашая Надзея, Пацеха, наш Папярэднік, Пасярэднік і Заступнік: „Бо Хрыстос увайшоў не ў рукатворную Сьвятыню, але ў самае Неба, каб зьявіцца ўжо перад абліччам Божым за нас. Ён зьявіўся там ужо як наш Пасярэднік і Папярэднік, стаўшы Архіерэям навек паводле чыну Мэлхіседэка" (Жыд. 9:24, 6:20). Вось жа, Неба гэта месца прабываньня Бога, і ўсіх праведнікаў, сьвятых, усіх тых, што веруюць у Хрыста, Сьгаа Божага, што здабылі Ласку Яго. I аб гэтым Ён Сам ужо сказаў вучням Сваім: „У доме Айца Маяго многа сьвятліц. Калі-б ня гэтак было, Я сказаў бы вам. Цяпер Я іду прыгатаваць вам месца. I, калі прыгатую вам месца, прыйду ізноў і вазьму вас да Сябе, каб і вы былі, дзе Я. I куды іду, ведаеце, і дарогу ведаеце" (Іо. 14, 2-6). А што Хрыстос і тут гаварыў праўду, аб гэтым сьветчыць нам першамучанік архідыякан Сьцяпан, які ў часе сваіх перадсьмяротных пакутаў, пабіваны каменьнямі, „поўны Духа Сьвятога, глянуў на Неба й угледзяў там славу Божую ды Ісуса, стоючы праваруч Бога Айца, і ўсклікнуў: Вось я бачу Нябёсы расчыненыя, і Сына Чалавечага праваруч Бога Айца!" (Дз. 7, 55-56). I застанецца Ён праваруч Бога Айца, як наш Пасярэднік і Заступнік да Свайго Другога Прыходу на зямлю: „Ён жа, прынёсшы адну ахвяру за грахі, назаўсёды сеў праваруч Бога Айца, ждучы далейшага, дакуль ворагі Яго будуць паложаныя да падножжа ног Яго" (Жыд. 10, 12-13). А тымчасам Хрыстос і тут выпаўняе волю Айца Сваяго: Сваею Навукаю й Сваімі цудамі Ён памагае кажнаму прымірыцца з Богам і атрымаць сваю вялікую нагароду: месца на Небе, як і вучыць нас сьв. Апостал: „Бо ўгодна было Айцу, каб у Ім жыла ўсякая поўня, і каб празь Яго прымірыць з Сабою ўсе, крывёю Крыжа Яго, ці тое, што на зямлі, ці тое, што ў Нябёсах" (Кал. 1, 19-20). I ня дзіва, што перад Ім, Спасіцелем нашым, усякае стварэньне схіляе галовы свае: „Дзеля гэтага Бог Айцец і ўзвысіў Яго, і даў Яму імя панад усякае імя, каб перад Ім схілялася ўсякае калена нябесных, зямных і падземных" (Філ. 2, 9-10). ІІ. Госпаду Богу стала служаць на Небе й славяць Яго ня толькі Ангелы, але й усе Сьвятыя, Праведнікі. Аб гэтым сьветчыць нам сьв. Апостал і Багаслоў Іоан, які яшчэ за жыцьця овайго на зямлі ўдастоіўся пабачыць Пасад Божы на Небе. Між іншым, сьв. Іоан кажа: „Дваццаць чатыры старыкі ўпалі перад абліччам Ягняці, маючы кажны гусьлі й чары залатыя, поўныя пахнідлаў, што ёсьць малітвы сьвятых, і запяялі песьню новую" (Адкр. 5, 8-9), а ўсе Ангелы, што стаялі навакол Пасаду Божага й старыкоў, усклікнулі: „Амінь! Багаслаўленьне й хвала, і мудрасьць, і падзяка, і чэсьць, і моц, і сіла Богу нашаму навекі вечныя! Амінь!" (Адкр. 7, 12). А вось каго яшчэ бачыў сьв. Іоан ля Прастолу Божага, але ня ведаў, хто яны. I пачуў ён голас: „Гэта тыя, што прыйшлі зь вялікага гора. Яны памылі вопраткі свае й выбелілі іх у крыві Ягняці" (14). Вось жа, трэба ўважаць, што гэта былыя грэшнікі, якія шчырым пакаяньнем, у пастох і малітвах ды добрымі ўчынкамі сваімі выбелілі сябе й скарысталі з Крыві Спасіцеля нашага, здабылі Ласку Яго, а гэтым і месца на Небе! Ясна, яны ў захапленьні й бязьмежнай радасьці сваёй стала славяць Бога: „Алелюя! Спасеньне й хвала, і чэсьць, і сіла Госпаду Богу нашаму: бо правільныя й справядлівыя суды Яго!" (Адкр. 19, 1-2). А таксама стала дзякуюць Ягняці Божаму, Спасіцелю нашаму, за Ягоную вялікую Ахвяру на Крыжы — сьмерць за грахі нашыя: „Госпадзі! Ты годзен узяць кнігу ды зьняць пячаці зь яе, бо Цябе ўкрыжавалі, і Ты Крывёю Сваею адкупіў нас Богу з кажнага роду й языка й народу, і зрабіў нас Богу нашаму царамі й сьвятарамі, і будзем валадарыць на зямлі" (Адкр. 5, 9-10). Неба называецца таксама Раем, як сказаў Сам Спасіцель наш: „Запраўды кажу табе: сяньня-ж будзеш са Мною ў Раю" (Лк. 23, 43). Аб гэтым сьветчыць нам таксама сьв. Апостал Павал: „I ведаю такога чалавека (ці ў целе, ці паза целам, ня ведаю: Бог ведае), што быў узяты ў Рай, і там чуў нявымоўныя словы, якіх ня можна перадаць" (2 Кар. 12, 2-4). А таксама Царствам Нябесным: „Шчасьлівыя ўбогія духам, бо іх ёсьць Царства Нябеонае" (Мц. 5, 3). I Царствам Божым: „I прыдуць з Усходу й Захаду, і Поўначы, і Паўдня, і сядуць за сталом у Царстве Божым" (Лк. 13, 29). „Тое-ж скажу вам, браты, што ня могуць цела й кроў унасьледаваць Царства Божае, дый тленнасьць не ўнасьледуе нятленнасьць" (1 Кар. 15, 50). Ісус Хрыстос другая Асоба адзінага Бога, таму называецца таксама Царствам Хрыстовым: „I Я адказваю вам Царства, як Мне адказаў Айцец Мой, каб вы елі й пілі за сталом у Цартве МАІМ" (Лк. 22, 29-30). „Бо гэтак адчыніцца вам вольны уваход у вечнае Царства Госпада нашага Ісуса Хрыста" (2 Пёт. 1, 11). I яшчэ: Новым Ерусалімам: „Хто пераможа, зраблю таго стаўпом у Храме Бога Маяго, і напішу на ім імя Вога Маяго, і імя места Бога Маяго — Новага Ерусаліму" (Адкр. 3,12). Гэта і ёсьць нашая вечная Бацькаўшчына: „Нашае-ж жыцьцё — Бацькаўшчына ў Нябёсах, адкуль мы й чакаем Спасіцеля, Госпада нашага Ісуса Хрыста" (Філ. 3, 20). I гэтая нашая Бацькаўшчына, дом вечны, нерукатворны, прыгатаваная для ўсіх праведнікаў, сьвятых: „Бо мы ведаем, што калі зямны наш дом, хаціна, разваліцца, дык мы маем ад Бога будоўлю на Небе, дом нерукатворны, вечны" (2 Кар. 5,1). I радасьць усіх праведнікаў і сьвятых на Небе, перад абліччам Божым будзе нявымоўная й бясконцая, як ужо прарок сказаў: „Бо Ты, Госпадзі, не пакінеш душы маей у пекле, і не дасі сьвятому Тваяму ўбачыць тленьне. Ты мне пакажаш дарогу жыцьця. Перад абліччам Тваім поўна радасьці, праваруч Цябе насалода навекі" (Пс. 15,11). (Працяг будзе). _________________________________________________________________________________________ МАЛІТВА ПРАЧЫТАНАЯ 24-га САКАВІКА 1958 г. У ПАЛАЦІ СЭНАТУ ЗЛУЧАНЫХ ШТАТАЎ АМЭРЫКІ 3 НАГОДЫ 40-х УГОДКАЎ АБВЕШЧАНЬНЯ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ БЕЛАРУСІ ЯГО ВЫСОКАПРЭАСЬВЯШЧЭНСТВАМ АРХІЕПІСКАПАМ ВАСІЛІЕМ: У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа. Усемагутны Божа! Гэтую Малітву нашую мы пасылаем да Цябе ў гадавіну Абвешганьня Незалежнасьці Беларусі, свабода якое была неміласэрна патаптаная грубаю бязбожнаю сілаю, міліёны мучанікаў якое перад Прастолам Тваім моляць Цябе: учыні Суд Твой праведны, памажы нам вярнуць свабоду нашую й усім паняволеным народам. У гэты ўрачысты мамэнт мы просім Цябе, Божа й Ойга наш, будзь міласьцівы да нас, бо ты Вялікі й цуды чыніш. Ласка Твая да Нябёсаў, а Праўда да аблокаў сягае! Справядлівасьць Твая — быццам Божыя горы, а суды Твае — бездань вялікая! Міласэрны Ойча наш! Ты багаславіў народ Краіны гэтае. Ты памог яму ўстанавіць Уладу з народу, народам і для народу. Прадвечны Божа! Багаславі й ахіні Ласкаю Тваею дзяржаўных кіраўнікоў Краіны гэтае: памажы ім у іх змаганьні за Тваю Праўду й Свабоду для ўсіх паняволеных народаў, каб усе людзі, дзеці Твае, маглі славіць Цябе ў вольных Краінах сваіх. Мы шчыра й горача просім Цябе, Божа й Спасе наш, прымі гэтую Малітву нашую, багаславі Злучаныя Штаты Амэрыкі, і нашую Маці-Беларусь ! Хай цудоўнае імя Твае, Божа й Ойча наш, пануе й зьзяе ў сэрцах нашых, славіцца й багаслаўляецца сяньня, і заўсёды, і навекі вечныя. Амінь. _________________________________________________________________________________________ ДА ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСКАЕ ПРАВАСЛАЎНАЕ ЦАРКВЫ МІТРАПАЛІТ КЛІМЭНТ СМАЛЯЦІЧ (Заканьчэньне) Усе мы ганарымся нашым былым слаўным Вялікім Княствам Полацкім, якое ў 9-13 стагодзьдзях было самаю культурнаю Дзяржаваю на Ўсходзе Эўропы, і якое абыймала амаль усю сучасную этнаграфічную тэрыторыю Беларусі. Нажаль, нашыя розныя ворагі пастараліся амаль дашчэнту вынішчыць усякія гістарычныя памятнікі гэтае нашае слаўнае дзяржаўнае мінуласьці. I калі мы дзешто ведаем пра аднаго з нашых найслаўнейшых Вялікіх Князёў таго часу, пра Усяслава Чарадзея, дык ведаем пра яго толькі як пра выдатнага дзяржаўнага дзеяча, ваеньніка й патрыёта, які дзеля свайго любага Полацку навет адрокся ад Кіеўскага пасаду. Аднак, усякая дзяржава славіцца перадусім сваею асьветаю й культураю, якія ёсьць вынікам ня толькі праўнага ладу, але й дабрабыту насельніцтва яе. Базаю жа, ці крыніцаю асьветы й культуры ў тых часох, як на Захадзе, так і ў нас была толькі Царква, а перадусім манастыры пры ёй. I аб нязвычайна высокім узроўні нашае тагачаснае культуры сьветчыць нам перадусім наш слаўны Мітрапаліт Клімэнт Смаляціч. I калі розныя расейекія царкоўныя гісторыкі ганарацца ім, як бліскучым „рускім" багасловам, прапаведнікам, пісьменьнікам і філёзафам, дык мы ўжо ведаем, што гэта быў наш суродзіч, Беларус з Смаленску, тым болей, што тады, пачатак 12-га стаг., яшчэ наагул ніякае Расеі ня было! Адкуль жа зьявіўся такі выдатны багаслоў, пісьменьнік і філёзаф? Ведама, што бяз школы ня можа быць навет звьгчайнага граматнага чалавека, тым болей багаслова, або філёзафа ці пісьменьніка. Вось жа, такая высокая школа тады ў Беларусі мусіла быць, і яна была. Гэта была слаўная Смаленская Акадэмія, заложаная Князем Расьціславам у 1130 г. Аб гэтым апавядае нам расеец Хр. Лапароў у сваей працы аб Клімэнту Смаляцічу, 1892, бач. 6. Ён кажа, што ў 12-м стаг. „Русь" (чытай Беларусь) ня была барбарскаю краінаю. Яна ўжо пераняла культуру Візантыі, ішла побач зь ёю. Асьвета, грэцкая літаратура й філязофія знайшлі там ураджайную глебу, здабылі пільных і здольных пасьлядоўнікаў, і ўзгадавалі цэлы шэраг выдатных філёзафаў і вучоных сярод Іерархіі Царквы й князёў. Смаленскі князь Расьціслаў залажыў Духоўную Акадэмію, як і шмат іншых школаў, утрымоўваў многа штатных грэцкіх вучоных, настаўнікаў і латыністаў. Ён сам чытаў грэцкую літаратуру ў арыгіналах, і другіх да гэтага заахвочваў... Клімэнт Смаляціч, кажа далей Хр. Лапароў, быў студэнтам гэтае Акадэміі, і атрымаў дасканалую грэцкую асьвету. Ягоныя нязвычайныя прыродныя здольнасьці да філязафічных разважаньняў знайшлі тут для сябе добрую пажыву. Ён чытаў у арыгіналах творы Гомэра, Платона й Арыстоцеля, таму й ня дзіва, што ня раз выклікаў зайздрасьць збоку іншых, менш здольных сваіх сучасьнікаў. Прыкладам гэтага ёсьць прэсьвіцер Фама, які вучыўся разам з Клімэнтам, таксама лёгка чытаў грэцкую літаратуру ў арыгіналах, але не лічыў для сябе патрэбным заглыбляцца ў яе філязофскія праблемы. I такіх знаўцаў грэцкае мовы й літаратуры, заўважае Лапароў, сярод тагачаснага беларускага вышэйшага духавенства, а таксама й сярод інтэлігекцыі наагул было шмат. Гэтае самае пацьвярджае й А. Вастокаў. А Н. Нікольскі ў сваей працы: „Аб літаратурных творах мітрап. Клімэнта Смаляціча", С.-Петерб., 1892, бач. 211-227, між іншым, кажа, што Клімэнт Смаляціч быў адным з самых асьвечаных пісьменьнікаў 12-га ст. Гэта быў кніжнік, знаёмы з працамі Гомэра, Платона й Арыстоцеля, начытаны як у духоўнай, так і сьвецкай літаратуры. Усю сваю вялікую перапіску ён прысьвячаў пытаньням біблійнае эгзэгэтыкі (паясьненьні сьв. Пісаньня). Ясна, і ён мусіў тут кіравацца думкамі прызнаных царкоўных аўтарытэтаў. Для Старога Запавету ён карыстаўся разважаньнямі блаж. Феадарыта, а для Новага Запавету працамі Іраклійскага епіскапа Нікіты. Аднак, ён сам стараўся „тонка" разьбіраць розныя тэксты сьв. Пісаньня, як ён сам казаў у сваім Пасланьні: „Несьць лі лепо пытаці патонку Боскія Пісаныгі", а ў другім месцы: „Што-ж лі мне, браце, Якуб і дзьве жонкі яго — Лія й Рахіля, іже тако пачытаці, а не іскаці падуху". Гэтае вось „патонку пытаці" і было адной з прычьінаў, дзеля якое яго некаторыя асуджалі за „філязафаваньне", Тымчасам ён усюды шукаў вобразаў, сымбаляў, алегорыяў, асабліва-ж у Старым Запавеце. I гэта навяло некаторых царкоўных гісторыкаў, у тым ліку й самога Н. Нікольскага, на думку, што мітрап. Клімэнт быў пад уплывам Антыахійекае школы герменеўтаў. I ў гэтым сэнсе шуканьня й карыстаньня вобразамі, сымбалямі й алегорыямі мітрап. Клімэнт быў вялікім вучыцелем сьв. Кірылы Тураўскага. Тыя вобразы, сымбалі й паясьненьні, якімі карыстаўся Клімэнт, і якія здаваліся прэсьвіцеру Фаме філязофскімі „тонкасьцямі", вельмі хутка глыбока закараніліся ў нашай багаслоўскай літаратуры, асабліва-ж дзякуючы нашаму слаўнаму Златавуснаму, сьв. Кірыле Тураўскаму. I ў гэтым асаблівая, вялікая заслуга мітрап. Клімэнта Смаляціча. Усе працы яго, як заўважае Н. Нікольскі, адзначаюцца жывым, адухоўленым, часта надта харошым стылем, і прасякнутыя адною суцэльнаю думкаю. Трэба толькі вельмі шкадаваць, што з часам яны былі моцна сапсутыя мала граматнымі пазьнейшымі перапішчыкамі. Аб тым, зь якімі глыбокімі й шляхотнымі думкамі мітрап. Клімэнт Смаляціч філязафаваў, сьветчыць ягонае наступнае разважаньне: „Хараство воіну зброя, а караблю вятрылы, так і праведніку чытаньне кніжнае. Вывучаньне сьв. Пісаньня — пачатак добрых чынаў." Н. Нікольскі ў сваей успомненай намі працы заўважае: „Мітрап. Клімэнт Смаляціч быў плённым пісьменьнікам і стварыў новы шлях для таго літаратурнага напрамку, які канчаткова аформіў сьв. Кірыла Тураўскі. Мітрап. Клімэнт Смаляціч, кажа ён далей, быў „русін" (саромячыся адкрыта сказаць — Беларус) з Смаленску". Далей Н. Нікольскі ўспамінае такія творы мітрап. Клімэнта Смаляціча: 1) Пасланьне да прэсьвіцера Фамы. Некаторыя аўтары ўважаюць, што тут Клімэнт Смаляціч, таксама „тонка", выступаў у абароне Аўтакефаліі нашае Праваслаўнае Царквы. 2) Пытаньні Кірыка. 3) Слова аб любові. 4) Слова на Суботу Сырапусную (гл. № 6 „Голасу Царквы"). Е. Галубінскі ў сваей Гісторыі Рас. Царквы, т.І, ч, I, бач. 580, на падставе Пасланьня да Фамы сьцьвярджае, што Клімэнт Смаляціч напісаў таксама Пасланьне „От Оміра (Гомэра), Арыстоля (Арыстоцеля) і Платона", з чаго відаць, заўважае ён, што асьвета запраўды стаяла тады на вельмі высокім узроўні. Нажаль, гэтае Пасланьне загубілася. Акрамя таго, вядомыя таксама Словы мітрап. Клімэнта Смаляціча на Нядзелю Усіх Сьвятых, і Словы ў Пахвалу Сьвятым. Але трэба ўважаць, што гэта ня ўсе творы мітрап. Клімэнта Смаляціча: загубілася не адна праца „От Оміра...", загубілася іх налэўна больш. I ня дзіва, што Ніканаўскі Летапіс, т. IX, бач. 172, кажа: „Мітрап. Клімэнт Смаляціч вялікі багаслоў і вялікая літаратурная сіла". Акрамя, таго, гэты-ж Летапіс, між іншым, падае: „...прылежа малітве, і прочытанію божественных пісаній, і бе скімнік, і зело кніжен і учыцелен, і філосаф велій, і много пісанія напісав предаде". 3 такою самаю пахвалою аб мітрап. Клімэнту СмаляпДчу шшуць таксама іншыя Летапісы, як Іпатскій, С.-Петерб., 1871, бач. 241: „кніжнік і філёзаф, якога на Рускай зямлі не бывала", Цьверскі Летапіс, т. IX, бач. 206 ды інш. Так вось перад нашымі вачамі ўстае вялікая постаць, волат нашага духа з часоў Вялікага Княства Полацкага — мітрап. Клімэнт Смаляціч. Запраўды, асьвета, навука й культура тагачасных нашых продкаў былі на высокім узроўні, бо на ўзроўні тагачаснага цэнтру навукі й культуры — Візаятыі. А было гэта скора тысячу гадоў таму й чатырыста гадоў пасьля апошняга волата нашага духа й дзяржаўнага жыцьця таго пэрыяду — др. Ф. Скарыны, і крыху меней пасьля канцлера Льва Сапегі й князя Кастуся Астрожекага. Пасьля прыйшла розная варожая сіверная навала грубай сілы, дэспатызму, што прыдушыла гені нашага таленавітага Беларускага Народу. Аднак, поўнасьцю зьнішчыць сілу нашага духа ніхто ня эмог. Гені нашага Народу ўсё перажыў і пачаў адраджацца, і мы поўнасьцю верым, што неўзабаве ён асягне сваю Незалежнасьць ды ізноў закрасуе шляхотным узьлётам свайго вольнага духа перад усім чалавецтвам. С. КЛІМ ПАСЛАНЬНЕ МІТРАП. КЛІМЭНТА СМАЛЯЦІЧА ДА ПРЭСЬВІЦЕРА ФАМЫ. Пасланьне гэтае — вялікі багаслоўска-філязофскі твор напісаны вершамі, якіх ёсьць 760. Таму мы ня можам падаць яго тут поўнасьцю, а толькі скарочана, галоўны зьмест. Пасланьне гэтае складаецца зь дзьвёх частак: 1) запярэчаньня закіду ў славалюбстве, і 2) багаслоўска-філязофскіх разважаньняў. — Што я пісаў філязофска, ня ведаю. Хрыстос сказаў вучням Сваім: вам дана ведаць тайны Царства, а іншым у Прытчах. Значыць, філязофія, з дапамогаю якое я „шукаю славы", хіба мірская? Я хачу ведаць алегарычна (прэводне) цуды Хрыстовыя, паданыя ў сьв. Евангельлі. Напрыклад, я разглядаю алегарычна цуды аб дачцы князя Іаіра, аб Хананеянцы, аб церпячай на крывацечу, аб пяці хле-бах і дзьвёх рыбах, аб Самаранцы, меўшай пяць мужаў, аб калодзезі Якуба і г. д. Вось таксама Іраклійскі епіскап кажа мне: Самаранка, гэта душа, а пяць мужаў яе, гэта пяць пачуцьцяў. Сьвяты муж яе, гэта розум, а калодзезь Якуба, гэта спалучнік (запінацель), сыны яго — злыя пачуцьці. Ты ўпаў у спакусу, быцьцам я, пішучы, шукаю славы. Калі ты не зразумеў мяне, дык надарэмна спасылаешся супраць мяне на свайго вучыцеля Рыгора, якога я адкрыта называю прэпадобным, навет сьвятым. Але відаць ён не навучыў цябе кіраваць душамі. Сам ты ня ведаеш Рыгора, а хвалішся. Кажаш мне, што я філёзафа з сябе раблю, а перадусім сам сябе выкрываеш: калі да цябе я што пісаў, дык кажаш філязофію пісаў ды вельмі крыва пісаў, а я скажу табе, што я карыстаўся Гомэрам, Арыстоцелем і Платонам, якія былі слаўнымі ў элінскім сьвеце, ды не пісаў да цябе, а да князя. А калі шкадуеш, што пра цябе ўспомніў, дык Бог сьветка мне, што зусім не хацеў крытыкаваць твайго розуму, а проста толькі ўспомніў. Але, калі ты таго не зразумеў, дык надарэмна прыводзіш на мяне свайго вучыцеля Рыгора, бо-ж кажаш, што я з Рыгорам размаўляў аб спасеньні душы. Людзі, што шукаюць славы, здабываюць дамы, сёлы, рабоў-слугаў, сяброў, лясы, пожні, ляды й інш., а я ад усяго гэтага свабодны. Мне даволі чатырох локцяў зямлі для магілы. Многія ўжо бачылі й ведаюць маю магілу, якую я наведваю штодня па сем разоў. Не разумею, чым мне хваліцца. У мяне адзін шлях: у Царкву, у мяне адна ежа — веда сьв. Пісаньня, мой хлеб. Калі-б я дамагаўся славы, я перадусім шукаў бы ўлады ў сьведамасьці свайго собскага гонару, але я многа разоў маліўся, каб паэбавіцца ўлады, і толькі людзі прымушаюць мяне да гэтага. Калі-ж сталася так, дык супрацьставіцца Боскаму Провіду ня можна. А Салямон, ты думаеш, шукаў славы? I тут мітрап. Клімэнт падае гісторыю Бібліі ад першароднага грэху, гаворыць аб Ліі й Рахілі, аб Зары й Фарэсі, каб паказаць памылкі Фамы. Прыгэтым многія месцы ён выясьняе алегарычна, карыстаючыся славамі Спасіцеля: „Тайны Царства дана ведаць у Прытчах". Напрыклад, выраз Салямона: „Прамудрасьць стварыла сабе Храм і ўмацавала сем стаўпоў", мітрап. Клімэнт разумее так, што Боства стварыла чалавецтва, Хрыстос пасяліўся ў целе Багародзіцы, быццам у Храме, а сем стаўпоў — сем Усяленскіх Сабораў. Далей мітрап. Клімэнт гаворыць аб ехіоне, алкіоне, салямавдры й грыпе. Ехіон — марскі зьвярок, які застанаўляе караблі, зьвястуючы буры. Ён выходзіць на камень і калывае яго, і гэтым хвалюе воду. Матросы, бачучы яго на камені, ведаюць, што скора будзе бура, але ні адзін астраном, гледзячы на зоры, ня можа ведаць гэтага. Так Хрыстос бязупынна клапаціцца аб нашым спасеньні, а ня кажны, навет разумны чалавек, гэта бачыць. У сувязі з гэтым мітрап. Клімэнт перадае прароцтва Іоны. Марская птушка алкіон робіць сабе гняздо ўзімку на беразе мора. Птушаняты выходзяць зь яек праз сем дзён, і ў гэтым часе няма ані ветраў, ані бураў. Так Сам Бог апякуецца імі. Салямандра гасіць вагонь, а сама застаецца не пашкоджанаю. Але не салямандра пагасіла вагонь у пячы, у якую кінутыя тры юнакі, а Ангел — Хрыстос. Урэшце грып успамінаецца ў Александрыі ў апавяданьні аб падрожжы Аляксндра ў паветры. Але ня грып падняў прарока Аввакума, а сіла Божая ў асобе Ангела. Так усюды мы маем мноства вобразаў, алегорыяў, якія мы павінны разумець, каб лепш служыць Творцы ўсяго — Богу й людзям, але ня кажнаму гэта дана... СЛОВА НА НЯДЗЕЛЮ ЎСІХ СЬВЯТЫХ Радуйся Раю й весяліся, бо сяньня ты вітаеш сваіх першых жыхароў, для якіх і створаны быў: Адама, выгнанага дзеля спакусы шатанскае, і дзеля чаго ўсё чалавецтва праклятае й асуджанае было да часу, калі Бог з Ласкі Свае памілаваў Сваё стварэньне, і, каб на першай частцы яго, што падпала грэху й у пекле прабывала, вярнуць годнасьць людзям, Ён паслаў патрыярхаў і прарокаў. Але яны не маглі вызваліць людзей ад улады шатанскае, бо й самы былі пад грэхам, і зыходзілі ў пекла, хоць і праведныя былі. Аўраам жа прыняў ад Бога Закон і добрыя абяцаньні ад Яго атрымаў. I ад яго пайшлі нашчадкі, што жылі па праўдзе, але нічога не маглі зрабіць, аж пакуль не прыйшоў Сын Божы знайсьці загубленае й спасьці загінуўшае, бо-ж Ён сьмерць і дыявала перамог, і пекла адкрыў, і ўсіх сьвятых вывеў, і сторожа — Ангела з вагнявым мячом ад дзьвярэй Раю прыняў, і ўсіх праведнікаў, пачьгааючы ад Адама, у Рай перавёў. Дзеля гэтага й маем сяньняшняе Сьвята ўсіх Прарокаў і Сьвятых. Сяньня ўспамінаем і славім памяць патрыархаў і прарокаў, упрыгожаных вянкамі мучанікаў. I празь іх мы праслаўляем Хрыста-Бога, Каторы запаведаў Сваім Апосталам вывесьці народы з цемры да сьвятла, і сьв. Хрышчэньнем абмыць нас ад няцнотаў-грахоў нашых, каб так ад зямлі на Неба падняць. Радуйцеся жа вярхоўныя Апосталы! За свае труды й пакуты вы цудоўныя вянкі ад Бога атрымалі. Радуйцеся сонмы прарокаў, бо вы прадсказалі людзям Уцелаўленьне Божае! Радуйцеся праведныя патрыархі, Неба спадкаемцы! Радуйцеся еонмы мучанікаў, бо вы за Хрыста кроў сваю пралілі, і яна падняла вас да Неба! Радуйцеся чыны манашыя, што ў пустынях па сабе сьвятло пакінулі, у пастох і малітвах як ангелы жылі, а цяпер райскаю пажываю з усімі сьвятымі раскашуеце! Радуйцеся й вы жанчьгаы-манашкі й мучаніцы, бо, узмоцненыя сілаю Чэснога Крыжа, вы, як слаўныя мужы, сталі волатамі й ворага перамаглі! Радуйцеся праведныя князі, што праўдаю й міластьгаяю лёгка Царства Нябеснае здабылі! Радуйцеся сьв. мучанікі Барыс і Глеб, што ў новаасьвячанай нашай краіне Хрысту дагадзілі! Ад гэтага прыйшла нам Ласка Божая, і ўсякія немачы нашыя перамагаюцца. I ты, Феадосію, начальніку манахаў, маючы сяньня адвагу выступіць перад Богам, з Багародзіцаю й Прадцечаю за нас малецеся, князём нашым над паганамі перамогу дючы, палонных з путаў вызваляючы, хворым здароўе пасылаючы, абяздоленым, пакрыўджаным памагаючы, сумуючых пацяшаючы, з падарожнымі падарожнічаючы, і ўсіх, вас зь Вераю прызываючых, спасайце на ўсякім месцы, і хай славіцца прэсьвятое імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа сяньня, і заўсёды, і навекі вечныя. Амінь. _________________________________________________________________________________________ ПРАВАСЛАЎНАЯ ЦАРКВА Ў ПОЛЬШЧЫ Нямецкая газэта „Эгзыль Цайтунгсдынст", № 21, з 24-га студзеня 1958 г. падае, што балынавікі ў 1945 г., пасьля свайго прыходу ў Полыычу, узялі мітрапаліта Праваслаўнае Царквы ў Польшчы Дзіанісія пад дамовы арышт, бо ён не згадзіўся падпарадкавацца маскоўскаму патрыарху. Цяпер мітрап. Дзіанісі, ужо зусім стары чалавек, жыве ў вялікай бядзе ў царкоўным доме ў Сасновіцах на Шлёнску. Што-ж датычыць іншых епіскапаў і архіепіскапаў Праваслаўнае Царквы ў Полыпчы, дык некаторыя зь іх выэмігравалі на Захад, а рэшту балыпавікі вывезьлі й зьліквідавалі. Маскоўскі патрыарх пасьля гэтага скасаваў Аўтакефалію Праваслаўнае Царквы ў Польшчы, і ўжо з свайго боку надаў ёй свой „статус аўтакефаліі", паслаўшы ў Варшаву свайго „мітрапаліта" Макара Аксіюка, які й дасюль выпаўняе ягоныя загады. Да юрысдыкцыі гэтага „мітрапаліта" падлягаюць праваслаўныя беларусы, украінцы, расейцы й палякі ў ліку каля паўміліёну. Сучасная Праваслаўная Царква ў Польшчы мае 20 благачыніяў, 124 Парафіі, 200 сьвяшчэньнікаў і трох „епіскапаў". Ня гледзячы на моцную акцыю русыфікацыі, якую праводзіць Макар, праваслаўныя беларусы й украінцы ўсьцяж дамагаюцца ад сваіх духаўнікоў, каб яны прапаведвалі й гаварылі зь імі толькі на іхнай роднай мове, а самога Макара й ягоную „аўтакефалію" уважаюць чужымі для сябе. Духавенства жыве вельмі бедна, бо толькі з ахвяраў прыхажан. На гэтым газэта канчае. Але мы хочам зрабіць тут некалькі заўвагаў. Папершае, нас зусім ня дзівіць, што стаўленік Масквы, хоць афіцыйна й „мітрапаліт", праводзіць русыфікацыю, г. зн. дэнацыяналізацыю, руйнуе душы людзкія. У нас яшчэ сьвежыя ўспаміны аб тым, як у часе вайны гэтае самае рабіў навет афіцыйна беларускі епіскап, пакойны Бэнэдыкт, у Беласточчыне. За ўсякую спробу сьвяшчэньнікаў гаварыць пропаведзі пабеларуску, або карыстацца наагул роднаю моваю вернікаў, ён пагражаў ім пазбаўленьнем сану. Тых жа сьвяшэньнікаў, што належалі да Сэктару Беларускага Духавенства, ён называў „сэктантамі"! I толькі дзякуючы бязупынным наляганьням Беларускіх арганізацыяў у Беластоку, ён урэшце, у канцы 1943 г., быў прымушаны дазволіць некаторым сьвяшчэньнікам гаварыць пропаведзі пабеларуску, у тым ліку й у Беластоку. I цяпер, нам здаецца, гэтая важная для беларусаў справа можа быць вырашаная там толькі такім спосабам. Без вырашэньня гэтае справы ніякая культурная праца там ня можа быць поўнасьцю ўдалай, бо-ж духаўнік у першую чаргу мае доступ да душаў людзей, а таму й уплыў на іх. Гаворачы жа парасейску, ён ня толькі зьневажае родную мову сваіх вернікаў, але й духова іх паніжае, калечыць, наводзіць на шлях рэнэгацтва й здрады. Адначасна ён гэтым моцна падрывае аўтарытэт Беларускіх арганізацыяў, асабліва-ж настаўнікаў, якія стараюцца ўзмацніць як у душах дзяцей, так і дарослых, любоў да свае роднае, любае, мілагучнае мовы. Таму, вось, усе гэтыя шляхотныя стараньні будуць цяжкімі да зьдзейсьненьня так доўга, пакуль не абьгамуць і гэтую галіну духовага жыцьця ў сэнсе мовы: пакуль свяшчэньнікі не пачнуць гаварыць як у царкве, так і вонкі яе толькі пабеларуску. У гэтым і ёсьць цяпер вялікае заданьне Беларускіх культурна-грамадзкіх арганізацыяў у Беластоку, а шлях ужо працярэбляны. Падругое, што да таго „статусу аўтакефаліі" Праваслаўнае Царквы ў Польшчы. Як вядома, Канстантынопальскі Патрыарх, сваім Томасам з 1924 г. зацьвердзіў яе Аўтакефалію. Ясна, Масква, ніколі не прызнала гэтага. Таму, як толькі яна прыбрала Польшчу ў свае рукі, дык зараз жа анулявала гэты Томас. У гэтай справе некалькі год таму вялася перапіска між Маскоўскім і Кастантынопальскім патрыархамі. Маскоўскі патрыарх пісаў, што ён ануляваў Томас Канстантынопальскага Патрыарха дзеля таго, што ён некананічны! Чаму? Таму, што Праваслаўная Царква ў Польшчы на працягу стагодзьдзяў належала да Масквы, і тут Усяленскі Патрыарх незаконна (!) ўмяшаўся ў чужую юрысдыкцыю! На гэта Канстантынопальскі Патрыарх адказаў: Праваслаўная Царква ў Польшчы зьяўляецца спадкаемніцаю Беларускае й Украінскае Праваслаўнае Царквы, іхных кананічных Мітраполіяў у Кіеве, Наваградку й Вільні, а гэтыя Мітраполіі былі зьліквідаваныя Расейскаю Праваслаўнаю Царквою некананічна, бо — сілаю! Адказ ясны, і не патрабуе тлумачэньняў. А хто не прызнае гэтых сілавых „кананаў", таго, калі толькі пападзецца ў рукі, зараз жа „кананічна" ліквідуецца, гэта патрэйцяе. Такім гэты наш усходні суеед быў, ёсьць і будзе як у грамадзкім, так і ў духоўным жыцьці, гэта пачацьвертае. Хіба што іншая сіла прымусіць гэтую сілу зьвярнуць увагу на асноўны й галоўны канан: на Навуку Сына Божага, Госпада нашага Ісуса Хрыста, гэта папятае. I добра будзе ня толькі для нас, але перадусім для самога расейскага народу, калі ён заслужыць на гэтую Ласку Божую: пойдзе ўрэшце па шляху любові й пашаны да ўсіх людзей і народаў, гэта пашостае. _________________________________________________________________________________________ ХРОНIКА НЮ-ЁРК Як ужо ўвайшло ў нас у звычай, і цяпер Уладыка Васілі, гэтым разам з дапамогаю нашага паважанага дырыгэнта Сп. М. Тулейкі й Сп. Я. Ніхаёнка, абыйшоў усіх нашых прыхажан з Крашчэнскаю вадою на Каляды й асьвяціў іхныя памешканьні. Гэтым разам асабліва радасна віталі й прыймалі Уладыку Васілія ўсе прыхажане, а часта й іхныя суседзі, бо-ж мы ўжо маем наш слаўны Кафедральны Сабор! I гэтую радасьць нашых вернікаў зь вялікаю прыемнасьцю занатавала й нашая Царкоўная Каса, якая атрымала з гэтага абыходу звыш 250 даляраў. Ня гледзячы на тое, што ўсенашыя вернікі злажылі ўжо паважныя сумы на куплю нашага Кафедральнага Сабору, яны ахвотна й радасна складаюць і далейшыя ахвяры на ўпрыгожаньне яго, дзякуючы чаму ён ужо памаляваны ды збудаванае падвышэньне для Прастолу й Іканастасу. Больш таго, можна мець надзею, што на Вялікдзень ужо будзе збудаваны й Іканастас, прынамсі ў сваіх асновах. Таму, запраўды, гэты Вялікдзень будзе ў нас асабліва радасны й вясёлы! МАЛІТВА ЗА БЕЛАРУСЬ У СЭНАЦЕ ЗША „Госпадзі, Ты вялікі й цуды чыніш!", усклікнуў прарок. Дзехто малаверны ўважае, што можа ў мінуласьці Бог і чыніў цуды, але цяпер гэтага няма. Тымчасам Вог быў, ёсьць і будзе Вялікім Цудатворцам: Ён і цяпер усюды цуды чыніць. I мы запраўды шчасьлівыя, бо толькі ў апошні час мы самы перажылі два такія цуды, як праяўленьне Ласкі й Любові Божае да нас. Першым зь іх было прыдбаньне нашага слаўнага Кафедральнага Сабору, аб якім мы маглі хіба толькі марыць, а другім — нашая Малітва ў Сэнаце Злучаных Штатаў Амэрыкі. Гэты апошні цуд праявіўся ня ў тым, што мы маліліся за нашую любую пакутніцу Маці-Беларусь у Амэрыканскім Сэнаце, а ў самым акце прачытаньня гэтае Малітвы. Бязумоўна, нашая дэлегацыя ў складзе Яго Высокапрэасьвяшчэнства Уладыкі Васілія й сакратара Ураду БНР, Сп. К. Мерляка, была гэтым разам ужо пэўнейшая, калі ехала ў Вашынгтон, бо-ж ужо летась была прачытана Малітва за ЗША й за Беларусь у Амэрыканскім Кангрэсе ў сувязі з Актам 25-га Сакавіка. Аднак, гэтым разам Малітва мела быць прачытаная ў Сэнаце, а Старшынёю яго ёсьць Віцэ-Прэзыдэнт магутнае дзяржавы, які не заўсёды адчыняе сэсію Сэнату сам, а найчасьцей гэта робіць ягоны заступнік. Вось жа, само сабою паўставала пытаньне: ці будзе сам Віцэ-Прэзыдэнт? У СЭНАТАРА АЙЗВА Што далей сталася, перадаць ня лёгка. Нашая дэлегацыя зьявілася ў сэнатара Айвза. Ен нязвычайна ветліва спаткаў яе, і заявіў, што ўсё ў парадку, што Малітва будзе прачытаная ў Сэнаце пры адкрыцьці ягонае сэсіі а дванадцатай гадзіне. Адначасна ён зазначыў, што нашая Малітва вельмі спадабалася яму. Пры гэтым ён некуды зазваніў і задаволена сказаў: Віцэ-Прэзыдэнт ужо чакае на вас! АЎДЭНЦЫЯ Ў ВІЦЭ-ПРЭЗЫДЭНТА Р. НІКСАНА Нашыя прадстаўнікі былі вельмі зьдзіўленыя, не разумеючы сэнсу гэтых словаў. Тады сэнатар Айвз паясьніў: Віцэ-Прэзыдэнт Ніксан зараз прыйме вас на АЎДЭНЦЫІ ў сваім кабінэце! Бязумоўна, радасьць нашых прадстаўнікоў была не малая: Віцэ-Прэзыдэнт магутнае Амэрыкі прыймае на аўдэнцыі Веларускую дэлегацыю! Аб гэтым таксама яна й марыць не магла! Але, калі гэта ўжо запраўды станецца, разважалі нашыя прадстаўнікі па дарозе ў Сэнат разам з сэнатарам Айвзам, дык, ці не згадзіўся-бы Сп. Віцэ-Прэзыдэнт з ласкі свае сфатаграфавацца разам з намі? Нарэшце адважыліся яны запытацца аб гэтым у сэнатара Айвза, а ён зусім спакойна адказаў: так? Вы хочаце сфатаграфавацца зь ім? О, я гэта зраблю, напэўна. Я сам рад сфатаграфуюся з вамі. Бязумоўна, словы сымпатычнага санатара гэта адно, а сам факт гэта зусім другое. Таму, ясна, сумлевы мусілі быць. Тымчасам ужо прыехалі ў Сэнат, пазнаёміліся зь ягоным сымпатычным пастарам, з многімі сэнатарамі, у тым ліку й з лідарам дэмакратаў Джонсанам ды зь іншымі выдатнымі асобамі, а сэнатар Айвз ужо пайшоў у кабінэт Віцэ-Прэзыдэнта. Ясна, сэрцы нашых прадстаўнікоў былі не зусім супакойныя. Гэтае ўсхваляваньне яшчэ павялічылася, калі зараз жа сам Ніксан адчыніў дзьверы свайго кабінэту й ветліва запрасіў нашую дэлегацыю да сябе. Сэнатар Айвз прадставіў яе Віцэ-Прэзыдэнту ды іншым прысутным асобам. Віцэ-Прэзыдэнт заявіў, што ён вельмі рад пазнаёміцца з прадстаўнікамі Беларусі, якой ад душы жадае Свабоды й Незалежнасьці ды пачаў задаваць розныя пытаньві як аб ёй, так і аб нашым рэлігійным і грамадзкім жыцьці ў Амэрыцы, аб якім, як ён сказаў, ужо чуў многа добрага. У час гэтых прыемных размоваў Віцэ-Прэзыдэнт пачаў расстаўляць нашых прадстаўнікоў ды іншыя асобы каля сябе. Зараз жа запрацавалі фота-апараты, і так былі зробленыя здымкі разам зь ім. Ясна, гэта яшчэ болып узмоцніла радасьць нашае дэлегацыі, і здавалася, што знаёмствы гэтыя былі зробленыя не цяпер, а ўжо многа гадоў таму, бо такога мілага, ветлівага, гасьціннага й сымпатычнага чалавека як Віцэ-Прззыдэнт ЗША хіба цяжка знайсьці на сьвеце. Але вось раптам раздаўся голас званкоў, абвяшчаючы гэтым адкрыцьцё сэсіі Сэнату. Віцэ-Прэзыдэнт узяў нашага Уладыку Васілія пад руку й прывёў яго на сваю трыбуну ў Сэнаце ды абвесьціў: Яго Эксцэленцыя Васілі, Архіепіскап Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы ў Амэрыцы прачытае зараз Малітву за Злучаныя Штаты Амэрыкі й за Беларусь у сувязі з 40-мі Угодкамі Абвешчаньня яе Незалежнасьці. Усе сэнатары й госьці ўсталі, і Уладыка Васілі радасна й натхнёна прачытаў яе, за што атрымаў гарачую падзяку ад Віцэ-Прэзыдэнта. Уладыка Васілі зыйшоў з трыбуны й яго зараз жа акружылі многія сэнатары й таксама горача дзякавалі яму за некалькі хвілін рэлігійнага натхненьня, заяўлюючы, што Малітва была запраўды вельмі прыгожая дый шчыра жадалі Свабоды й Незалежнасьці Беларусі. САКАВІКОВЫЯ УРАЧЫСТАСЬЦІ У НЮ-ЁРКУ. Гэтым разам яны былі асабліва велічныя тут у нас, а гэта дзеля дзьвёх прычынаў: папершае, ужо амаль усе нашыя суродзічы даведаліся, што гэтым разам Уладыка Васілі ня толькі прачытаў Малітву ў Сэнаце, але нашую дэлегацыю прыняў сам Віцэ-Прэзыдэнт Злучаных Штатаў у сябе на аўдэнцыі, падругое, сёлета мы дзякавалі Госпаду Богу за наш Векапомны Акт 25-га Сакавіка ўжо ў сваім слаўным Кафедральным Саборы! Таму нашыя суродзічы масава, у ліку некалькі сот, сабраліся ня толькі зь Ню-Ёрку, але й з Ню Брансьвіку, Саўт Рывэру й Стамфарду ў свой Кафедральны Сабор аддаць хвалу Богу. Урачыстую Службу Божую й Малебен адправіў Высокапрэасьвячэньнейшы Уладыка Архіепіскап Васілі ў асысьце мітрафорных пратаіерэяў, айцоў Хведара Данілюка й Сьцяпана Войтэнко. Вельмі прыгожа сьпяваў Царкоўны Хор пад кіравецтвам Сп. М. Тулейкі. Наперадзе, побач з амэрыканскім, красаваў наш дзяржаўны сьцяг. Натхненьне ўсіх вернікаў у часе Службы Божае перадаць немагчыма: гэта быў адзін суцэльны гімн удзячных сэрцаў беларускіх, які любым Госпаду фіміамам узносіўся да Прастолу Яго. I гэтым натхнёньнем і радасьцю, падзякаю й хвалою Госпаду Міласэрнаму была пропаведзь Уладыкі Васілія, у якой ён, між іншым, сказаў: ,,Мы сяньня цешымся й радуемся асабліва таму, што ўсе нашыя посьпехі сталіся з Волі Божай. Гэта Ён прывёў нас сюды ў наш слаўны Кафедральны Сабор! Гэта з волі Яго нас прьгаяў Віцэ-Прэзыдэнт магутнае Амэрыканскае дзяржавы! Гэта з волі Яго мы маем нашую родную, любую, сьв. Праваслаўную Царкву! Гэта з волі Яго Беларусь была абвешчаная Незалежнаю Дзяржваю. І цяпер Ён ясна прамаўляе да нас: Я з вамі! Нічога ня бойцеся, толькі веруйце, і неўзабаве вашая пакутная й любая Маці-Беларусь устане з гробу свайго, каб цешыцца свабодаю Маёю ўжо навекі!" Служба Божая закончылася Малітваю за Беларускі Народ і нашым царкоўным гімнам „Магутны Божа". I гэты наш радасны баль духовы прадоўжыся пасьля на ўрачыстай Акадэміі ў раскошнай залі Бальтымор гатэлю. Усіх выдатных гасьцей мы тут пералічыць ня можам. Успомнім толькі, што сярод іх былі Архіепіскапы, Епіскапы, Пратаіерэі, Прэзыдэнты БНР і УНР, сэнатары, кангрэсмэны, карэспандэнты, прадстаўнікі места Ню-Ёрку, прадстаўнікі амаль усіх паняволеных народаў, і нашыя суродзічы ў ліку звыш 500 чалавек. Былі прачытаныя тэлеграмы прывітаньня ад Прэзыдэнта Айзэнгаўэра, губэрнатара Гарымана й інш., а таксама Абвешчаньні 25-га Сакавіка Беларускім Днём пяцю Губэрнатарамі й мэрам м. Ню-Ерку. Акадэміяй кіраваў вельмі ўдала Сп. К. Мерляк. Вельмі ўпрыгожылі яе сваімі выступамі многія нашыя пяюньні пад акампаньямэнт Сп-ні Зубковіч. Пасьля адбыўся банкет для гасьцей, які ў вельмі мілай атмасфэры трываў амаль да ночы. ГАДАВЫ ПАРАФІЯЛЬНЫ СХОД. Дня 16-га сакавіка тут адбыўся гадавы Парафіяльны Сход. 3 браку месца падаем толькі агульныя вынікі яго. Уступаючай Царкоўнай Радзе было ўдзеленае абсалюторыюм з падзякай. Выбраная новая Царкоўная Рада ў складзе: Старшыня: Сп. Казьлякоўскі, заступнік: Сп. Захаркевіч, скарбнік: Сп. У. Русак, сакратар: Сп. Правіла, Царкоўны Стараста: Сп. Тэрэшкевіч і ягоны заступнік: Сп. А. Міцкевіч. Новай Царкоўнай Радзе жадаем усякіх посьпехаў і плённае працы, а таксама перавыбраным Спонсарам - трасьцістам. Сальдо ўступаючае Царкоўнае Рады было каля 800 даляраў. _________________________________________________________________________________________ Высокапрэасьвяшчэньнейшых Уладыкаў нашых, Архіепіскапаў СЕРГІЯ й ВАСІЛІЯ, Высокапрэпадобных Архімандрытаў, Мітрафорных Пратаіерэяў, Пратаіерэяў, Прэпадобных Айцоў, дастойных Дырыгэнтаў і ўсіх Харыстых, Хвальныя Царкоўныя Рады, Брацтвы й Сястрыцтвы, і ўсіх вернікаў сьв. БАПЦарквы сардэгна вітае з радасным Вялікаднем: ХРЫСТОС УВАСКРОС! ЦАРКОЎНАЯ РАДА БАПЦ ў Ню-Ёрку. |
Літаратура / Literature > Голас Царквы >