РАЗЬДЗЕЛ 1 Вось імёны сыноў Ізраілевых, якія ўвайшлі ў Егіпет зь Якавам, увайшлі кожны з домам сваім: 2. Рувім, Сымон, Лявій і Юда, 3. Ісахар, Завулон і Веньямін, 4. Дан і Нэфталім, Гад і Асір. 5. А ўсіх душаў, што выйшлі са сьцёгнаў Якава, было семдзесят (пяць), а Язэп быў ужо ў Егіпце. 6. І памёр Язэп і ўсе браты ягоныя і ўвесь род іхні; 7. а сыны Ізраілевыя плодзіліся вельмі, і размножыліся, і зрабіліся яны дужа моцныя, і напоўнілася тая зямля імі. 8. І паўстаў у Егіпце новы цар, які ня ведаў Язэпа, 9. і сказаў народу свайму: вось, народ сыноў Ізраілевых шматлікі і дужэйшы за нас; 10. перахітрым жа яго, каб ён ня множыўся; інакш, калі здарыцца вайна, злучыцца ён з нашымі няпрыяцелямі, і ўзброіцца супроць нас, і выйдзе зь зямлі. 11. І паставіў над ім упраўцаў працы. І ён пабудаваў фараону Пітом і Раамсэс, гарады пад склады. 12. Але чым болей тамілі яго, тым болей ён множыўся і тым болей пашыраўся, так што пабойваліся сыноў Ізраілевых. 13. І таму Егіпцяне жорстка прымушалі сыноў Ізраілевых да працы, 14. і рабілі жыцьцё іхняе горкім ад цяжкай працы над глінаю і цэглаю і ад усякай працы польнай, ад усякай працы, да якое прымушалі іх жорстка. 15. Цар Егіпецкі загадаў бабкам-павітухам Габрэек, імя адной зь якіх Шыфра, а другое Фуа, 16. і сказаў: калі вы будзеце спавіваць у Габрэек, дык назірайце пры родах: калі будзе сын, дык аддавайце яго сьмерці, а калі дачка, дык няхай жыве. 17. Але бабкі-павітухі баяліся Бога і не рабілі так, як казаў ім цар Егіпецкі, і пакідалі дзяцей жывых. 18. Цар Егіпецкі паклікаў бабак-павітухаў і сказаў ім: навошта вы робіце такую справу, што пакідаеце дзяцей жывых? 19. Бабкі-павітухі сказалі фараону: Габрэйскія жанчыны не такія, як Егіпецкія: яны здаровыя, бо перш чым прыйдзе да іх бабка-павітуха, яны ўжо родзяць. 20. За гэта Бог рабіў дабро бабкам-павітухам, а народ множыўся і вельмі памацняўся. 21. І як што бабкі-павітухі баяліся Бога, дык ён уладжваў дамы іхнія. 22. Тады фараон усяму народу свайму загадаў, кажучы: кожнага народжанага сына кідайце ў раку, а кожную дачку пакідайце жывою. РАЗЬДЗЕЛ 2 1. Нехта з роду Лявіінага пайшоў і ўзяў сабе за жонку з таго ж самага роду. 2. Жонка зачала і нарадзіла сына, і бачачы, што ён вельмі прыгожы, хавала яго тры месяцы; 3. але ня могучы даўжэй хаваць яго, узяла трысьняговы кош і засмаліла яго асфальтам і смалою і, паклаўшы ў яго немаўля, паставіла ў трысьнягу на беразе ракі, 4. а сястра яго пачала здалёк назіраць, што зь ім будзе. 5. І выйшла дачка фараонава на раку мыцца, а прыслужніцы яе хадзілі па беразе ракі. Яна ўбачыла кош сярод трысьнягу і паслала рабыню сваю ўзяць яго. 6. Адкрыла і ўбачыла немаўля; і вось, дзіця плача; і ўмілажалілася зь яго і сказала: гэта з Габрэйскіх дзяцей. 7. І сказала сястра яго дачцэ фараонавай: ці не схадзіць мне і ці не паклікаць да цябе карміцельку з Габрэек, каб яна мамчыла табе немаўля? 8. Дачка фараонава сказала ёй: схадзі. Дзяўчына пайшла і паклікала маці немаўляці. 9. Дачка фараонава сказала ёй: вазьмі гэтае немаўля і мамчы яго мне; я заплачу табе. Жанчына ўзяла немаўля і мамчыла яго. 10. І вырасла немаўля, і яна прывяла яго да дачкі фараонавай, і ён быў у яе за сына, і дала яму імя: Майсей, бо, казала яна, я з вады дастала яго. 11. Праз доўгі час, калі Майсей вырас, сталася, што ён выйшаў да братоў сваіх і ўбачыў цяжкую працу іхнюю; і ўбачыў, што Егіпцянін бэе аднаго Габрэя з братоў ягоных. 12. Паглядзеўшы туды і сюды і бачачы, што няма нікога, ён забіў Егіпцяніна і схаваў яго ў пяску. 13. І выйшаў ён на другі дзень, і вось, два Габрэі сварацца; і сказаў ён крыўдзіцелю: навошта ты бэеш блізкага твайго? 14. А той сказаў: хто паставіў цябе начальнікам і судзьдзёю над намі? ці ня думаеш ты забіць і мяне, як забіў Егіпцяніна? Майсей спалохаўся і сказаў: правільна, даведаліся пра гэтую справу. 15. І пачуў фараон пра гэтую справу і хацеў забіць Майсея; але Майсей уцёк ад фараона і жы ў зямлі Мадыямскай і сеў каля калодзежа. 16. У сьвятара Мадыямскага сем дочак. Яны прыйшлі, начэрпалі вады і напоўнілі карыты, каб напаіць авечак бацькі свайго. 17. І прыйшлі пастухі і адагналі іх. Тады ўстаў Майсей і абараніў іх, і напаіў авечак іхніх. 18. І прыйшлі яны да Рагуіла, бацькі свайго, і ён сказаў: што вы так хутка прыйшлі сёньня? 19. Яны сказалі: нейкі Егіпцянін абараніў нас ад пастухоў, і нават начэрпаў нам вады і напаіў авечак. 20. Ён сказаў дочкам сваім: дзе ж ён? навошта вы яго пакінулі? клікніце яго, і хай ён есьць хлеб. 21. Майсею спадабалася жыць у гэтага чалавека; і той выдаў за Майсея дачку сваю Сэпфору. 22. Яна нарадзіла сына, і даў яму імя: Гірсам, бо, казаў ён, я зрабіўся прыхаднем у чужой зямлі. 23. Праз доўгі час, памёр цар Егіпецкі. І стагналі сыны Ізраілевыя ад працы і енчылі, і енк іхні ад працы ўзышоў да Бога. 24. І пачуў Бог стогн іхні, і ўспомніў Бог заруку Сваю з Абрагамам, Ісаакам і Якавам. 25. І ўбачыў Бог сыноў Ізраілевых, і дагледзеў іх Бог. РАЗЬДЗЕЛ 3 1. Майсей пасьвіў авечкі ў Ётора, цесьця свайго, сьвятара Мадыямскага. Аднаго разу правёў ён статак далёка ў пустыню і прыйшоў да гары Божай, Харыва. 2. І зьявіўся яму анёл Гасподні ў полымі агню зь сярэдзіны цярновага куста. І ўбачыў ён, што цярновы куст гарыць агнём, але куст не згарае. 3. Майсей сказаў: пайду і падзіўлюся на гэтую вялікую зьяву, чаму куст не згарае. 4. Гасподзь убачыў, што ён ідзе глядзець, і паклікаў яго Бог зь сярэдзіны куста, і сказаў: Майсею! Майсею! Ён сказаў: вось я! 5. І сказаў Бог: не падыходзь сюды: здымі абутак твой з ног тваіх, бо месца, на якім ты стаіш, ёсьць зямля сьвятая. 6. І сказаў: Я Бог бацькі твайго, Бог Абрагама, Бог Ісаака і Бог Якава. Майсей засланіў твар свой, бо баяўся глянуць на Бога. 7. І сказаў Гасподзь: Я ўбачыў пакуты народа Майго ў Егіпце і пачуў енк яго ад прыстаўнікаў ягоных; Я ведаю смуткі яго 8. і іду выратаваць яго ад рукі Егіпцянаў і вывесьці яго зь зямлі гэтай у зямлю добрую і прасторную, дзе цячэ малако і мёд, у зямлю Хананэяў, Хэтэяў, Амарэяў, Фэрэзэяў, Гэвэяў і Евусэяў. 9. І вось, ужо енк сыноў Ізраілевых дайшоў да Мяне, і Я бачу прыгнёт, якім прыгнятаюць іх Егіпцяне. 10. Дык вось ідзі: Я пашлю цябе да фараона; і выведзі зь Егіпта народ Мой, сыноў Ізраілевых. 11. Майсей сказаў Богу: хто я, каб мне ісьці да фараона і вывесьці зь Егіпта сыноў Ізраілевых? 12. І сказаў: Я буду з табою, і вось табе азнака, што Я паслаў цябе: калі ты выведзеш народ зь Егіпта, вы ўчыніце служэньне Богу на гэтай гары. 13. І сказаў Майсей Богу: вось, я прыйду да сыноў Ізраілевых і скажу ім: Бог бацькоў вашых паслаў мяне да вас. А яны скажуць мне: як Яго імя? Што я скажу ім? 14. Бог сказаў Майсею: Я - Сутны. І сказаў: так скажы сынам Ізраілевым: Сутны паслаў мяне да вас. 15. І сказаў яшчэ Бог Майсею: так скажы сынам Ізраілевым: Гасподзь Бог бацькоў вашых, Бог Абрагама, Бог Ісаака і Бог Якава паслаў мяне да вас. Вось імя Маё навекі, і памятаньне пра Мяне з роду ў род. 16. Ідзі, зьбяры старэйшынаў Ізраілевых і скажы ім: Гасподзь, Бог бацькоў вашых, зьявіўся мне, Бог Абрагама, Ісаака і Якава, і сказаў: Я наведаў вас і ўбачыў, што робіцца з вамі ў Егіпце. 17. І сказаў: Я выведу вас ад прыгнёту Егіпецкага ў зямлю Хананэяў, Хэтэяў, Амарэяў, Фэрэзэяў, Гэвэяў і Евусэяў, у зямлю, дзе цячэ малако і мёд. 18. І яны паслухаюць голасу твайго, і пойдзеш ты і старэйшыны Ізраілевыя да цара Егіпецкага, і скажаце яму: Госпадзе, Бог Габрэяў, паклікаў нас; дык вось адпусьці нас у пустыню, на тры дні дарогі, каб прынесьці ахвяру Госпаду Богу нашаму. 19. Але Я ведаю, што цар Егіпецкі не дазволіць вам ісьці, калі ня прымусіць яго рукою моцнаю; 20. і працягну руку Маю і ўражу Егіпет усімі дзівосамі Маімі, якія ўчыню сярод яго; і пасьля таго ён пусьціць вас. 21. І дам народу гэтаму літасьць у вачах Егіпцянаў; і калі пойдзеце, дык пойдзеце ня з пустымі рукамі; 22. кожная жанчына выпрасіць у суседкі сваёй і ў той, што жыве ў доме ў яе, рэчаў срэбраных і рэчаў залатых і вопраткі, і вы адзеньце ў іх сыноў вашых і дочак вашых і спустошыце Егіпет. РАЗЬДЗЕЛ 4 1. І адказваў Майсей і сказаў: а калі яны не павераць мне і не паслухаюцца голасу майго і скажуць: не зьявіўся табе Гасподзь? 2. І сказаў яму Гасподзь: што гэта ў руцэ ў цябе? Ён адказваў: посах. 3. Гасподзь сказаў: кінь яго на зямлю. Ён кінуў яго на зямлю, і ператварыў посах у зьмея, і Майсей уцяка: ад яго. 4. І сказаў Гасподзь Майсею: працягні руку тваю і вазьмі яго: і ён зрабіўся посахам у руцэ ягонай. 5. Гэта ўсё на тое, каб паверылі, што зьявіўся табе Гасподзь, Бог бацькоў іхніх, Бог Абрагамаў, Бог Ісаакаў і Бог Якаваў. 6. Яшчэ сказаў яму Гасподзь: пакладзі руку тваю сабе запазуху. І ён паклаў руку сваю сабе запазуху, выняў яе, і вось рука ў яго пабялела ад праказы, як сьнег. 7. Сказаў: пакладзі зноў руку тваю сабе запазуху. І ён паклаў руку сваю сабе запазуху; і выняў яе з-за пазухі сваёй, і вось, яна зноў зрабілася такая самая, як цела яго. 8. Калі яны не павераць табе і не паслухаюцца голасу першай азнакі, дык павераць голасу азнакі другой; 9. калі ж не павераць і гэтым дзьвюм азнакам і не паслухаюцца голасу твайго, дык вазьмі вады з ракі і вылі на сухое; і вада, узятая з ракі, зробіцца крывёю на сушы. 10. І сказаў Майсей Госпаду: о, Госпадзе! чалавек я не гаваркі, і такі самы быў і ўчора і заўчора, і калі Ты пачаў гаварыць з рабом Тваім: я цяжка гавару і гаркавы. 11. Гасподзь сказаў: хто даў вусны чалавеку? хто робіць нямым, альбо глухім, альбо відушчым, альбо сьляпым? ці ня Я Гасподзь? 12. дык вось ідзі, і Я буду пры вуснах тваіх, і навучу цябе, што табе гаварыць. 13. Сказаў: Госпадзе! пашлі іншага, каго можаш паслаць. 14. І загарэўся гнеў Гасподні на Майсея, і Ён сказаў: хіба няма ў цябе Аарона брата, Лявіцяніна? Я ведаю, што ён можа гаварыць, і вось, ён выйдзе насустрач табе і, убачыўшы цябе, зарадуецца ў сэрцы сваім; 15. ты будзеш яму гаварыць і ўкладваць словы ў вусны ягоныя, а Я буду пры вуснах тваіх і пры вуснах ягоных і буду вучыць вас, што вам рабіць; 16. і будзе гаварыць ён замест цябе да народу; дык вось, ён будзе тваімі вуснамі, і ты будзеш яму замест Бога: 17. і посах гэты вазьмі ў руку тваю; ім ты будзеш тварыць азнакі. 18. І пайшоў Майсей, і вярнуўся да Ётора, цесьця свайго, і сказаў яму: пайду я, і вярнуся да братоў маіх, якія ў Егіпце, і пагляджу, ці жывыя яны яшчэ? І сказаў Ётор Майсею: ідзі зь мірам. 19. І сказаў Гасподзь Майсею ў зямлі Мадыямскай: ідзі, вярніся ў Егіпет, бо памерлі ўсе, хто шукаў душы тваёй. 20. І ўзяў Майсей жонку сваю і сыноў сваіх, пасадзіў іх на асла і выправіўся ў зямлю Егіпецкую. І посах Божы Майсей узяў у руку сваю. 21. І сказаў Гасподзь Майсею: калі пойдзеш і вернешся ў Егіпет, глядзі, усе цуды, якія Я даручыў табе, зрабі перад абліччам фараона; а Я зраблю і ачарсьцьвее сэрца ягонае, і ён не адпусьціць народу. 22. І скажы фараону: так кажа Гасподзь: Ізраіль ёсьць сын Мой, першынец Мой; 23. Я кажу табе: адпусьці сына Майго, каб ён учыніў Мне служэньне; а калі ня пусьціш яго, дык вось, Я забэю сына твайго, першынца твайго. 24. Па дарозе на начлезе здарылася, што сустрэў яго Гасподзь і хацеў усьмерціць яго. 25. Тады Сэпфора, узяўшы каменны нож, абрэзала крайнюю плоць сыну свайму і, кінуўшы да ног ягоных, сказала: ты жаніх крыві ў мяне. 26. І адышоў ад яго Гасподзь. Тады сказала яна: жаніх крыві - па абразаньні. 27. І Гасподзь сказаў Аарону: ідзі напярэймы Майсею ў пустыню. І ён пайшоў, і сустрэўся зь ім на гары Божай, і пацалаваў яго. 28. І пераказаў Майсей Аарону ўсе словы Госпада, Які яго паслаў, і ўсе азнакі, якія ён наказаў. 29. І пайшоў Майсей з Ааронам, і сабралі яны ўсіх старэйшынаў сыноў Ізраілевых, 30. і пераказаў Аарон усе словы, якія гаварыў Гасподзь Майсею, і зрабіў Майсей азнакі на вачах у народа, 31. і паверыў народ; і пачулі, што Гасподзь наведаў сыноў Ізраілевых і ўбачыў пакуты іхнія, і схіліліся яны і пакланіліся. РАЗЬДЗЕЛ 5 1. Пасьля гэтага Майсей і Аарон прыйшлі да фараона і сказалі: так кажа Гасподзь: адпусьці народ Мой, каб ён учыніў Мне сьвята ў пустыні. 2. Але фараон сказаў: хто такі Гасподзь, каб я паслухаўся голасу Ягонага і адпусьціў Ізраіля? я ня ведаю Госпада і Ізраіля не адпушчу. 3. Яны сказалі: Бог Габрэяў заклікаў нас; адпусьці нас у пустыню на тры дні дарогі прынесьці ахвяру Госпаду, Богу нашаму, каб Ён не пакараў нас пошасьцю, альбо мячом. 4. І сказаў ім цар Егіпецкі: навошта вы, Майсей і Аарон, ухіляеце народ ад справаў ягоных? ідзеце да сваёй працы. 5. І сказаў фараон: вось, народ у зямлі гэтай шматлікі, і вы ўхіляеце яго ад працы ягонай. 6. І таго ж самага дня фараон даў загад прыстаўнікам над народам і наглядчыкам, кажучы: 7. не давайце наперад народу саломы, каб рабіць цэглу, як учора і заўчора: хай яны самыя ходзяць і зьбіраюць сабе салому; 8. а цэглы накладзеце на іх тую ж самую зададзеную норму, якую яны рабілі ўчора і заўчора, і не зьмяншайце; яны гультаі, таму і крычаць: хадзем, прынясем ахвяру Богу нашаму; 9. даць ім болей працы, каб яны працавалі і не займаліся пустымі размовамі. 10. І выйшлі прыстаўнікі народу і наглядчыкі ягоныя і сказалі народу: так кажа фараон: не даю вам саломы; 11. самі ідзеце, бярэце сабе салому, дзе знойдзеце; а ад працы вашай нічога не зьмяншаецца. 12. І расьсеяўся народ па ўсёй зямлі Егіпецкай зьбіраць жніво замест саломы. 13. А прыстаўнікі пануквалі, кажучы: выконвайце працу сваю кожны дзень, як і тады, калі была ў вас салома. 14. А наглядчыкі з сыноў Ізраілевых, якіх паставілі над імі прыстаўнікі фараонавыя, білі, кажучы: чаму вы ўчора і сёньня ня робіце зададзенай вам нормы цэглы, як было дагэтуль? 15. І прыйшлі наглядчыкі сыноў Ізраілевых і залямантавалі фараону, кажучы: навошта ты так робіш з рабамі тваімі? 16. саломы не даюць рабам тваім, а цэглу, кажуць нам, рабеце. І вось, рабоў тваіх бэюць. Грэх народу твайму! 17. Але ён сказаў: гультаі вы, гультаі, таму і кажаце: хадзем, прынясем ахвяру Госпаду. 18. Ідзеце ж, працуйце; саломы не дадуць вам, а належную колькасьць цэглы давайце. 19. І ўбачылі наглядчыкі сыноў Ізраілевых бяду сваю ў словах: не зьмяншайце нормы цэглы, што на кожны дзень. 20. І калі яны выйшлі ад фараона, дык сустрэліся з Майсеем і Ааронам, якія стаялі, чакаючы іх, 21. і сказалі ім: хай бачыць і судзіць вас Гасподзь за тое, што вы зрабілі нас ненавісьнікамі ў вачах фараонавых і рабоў ягоных і далі ім меч у рукі, каб забіць нас. 22. І зьвярнуўся Майсей да Госпада і сказаў: Госпадзе! навошта Ты паддаеш народ гэты такому бедству, навошта паслаў мяне? 23. бо з таго часу, як я прыйшоў да фараона і пачаў гаварыць ад імя Твайго, ён пачаў горш абыходзіцца з народам гэтым; вызвалі ж, - Ты ня вызваліў народу Твайго. РАЗЬДЗЕЛ 6 1. І сказаў Гасподзь Майсею: цяпер убачыш ты, што Я зраблю з фараонам: дзеяньнем рукі моцнай ён адпусьціць іх; дзеяньнем рукі моцнай нават прагоніць іх зь зямлі сваёй. 2. І маўляў Бог Майсею і сказаў яму: Я Гасподзь. 3. Яўляўся Я Абрагаму, Ісааку і Якаву зь імем «Бог Усемагутны»; а зь імем Маім «Гасподзь»* не адкрыўся ім; 4. і Я паклаў заруку Маю зь імі, каб даць ім зямлю Ханаанскую, зямлю вандраваньня іхняга, у якой яны вандравалі. 5. І Я пачуў стогны сыноў Ізраілевых пра тое, што Егіпцяне трымаюць іх у няволі, і ўспомніў заруку Маю. 6. Дык вось, скажы сынам Ізраілевым: Я Гасподзь, і выведу вас з-пад ярма Егіпцянаў, і выбаўлю вас зь няволі іхняй, і выратую вас рукою працягнутаю і судамі вялікімі; 7. і прыму вас Сабе ў народ і буду вам Богам, і вы ўведаеце, што Я Гасподзь, Бог ваш, Які вывеў вас з-пад ярма Егіпецкага: 8. і выведу вас у тую зямлю, якую Я, падняўшы руку Маю, прысягаўся даць яе Абрагаму, Ісааку, і Якаву, і дам вам яе ў спадчыну. Я Гасподзь. 9. Майсей пераказаў гэта сынам Ізраілевым: але яны не паслухаліся Майсея з маладушнасьці і цяжкасьці працы. 10. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць: 11. увайдзі, скажы фараону, цару Егіпецкаму, каб ён адпусьціў сыноў Ізраілевых зь зямлі сваёй. 12. І сказаў Майсей перад Госпадам, кажучы: вось, сыны Ізраілевыя ня слухаюцца мяне; як жа паслухаецца мяне фараон? а я не красамоўны. 13. І маўляў Гасподзь Майсею і Аарону, і даваў ім загады сынам Ізраілевым і фараону, цару Егіпецкаму, каб вывесьці сыноў Ізраілевых зь зямлі Егіпецкай. 14. Вось правадыры іх пакаленьняў: сыны Рувіма, першынца Ізраілевага: Ханох і Фалу, Хецрон і Храмі: гэта сямействы Рувімавыя. 15. Сыны Сымона: Емуіл і Ямін, і Агад і Яхін, і Цахар і Саўл, сын Хананэйкі; гэта сямейства Сымонава. 16. Вось імёны сыноў Лявія паводле родаў іх: Гірсон, І Кааф, І Мэрары. А гадоў жыцьця Лявія было сто трыццаць сем. 17. Сыны Гірсона: Ліўні і Шымэі зь сямействамі іхнімі. 18. Сыны Каафавыя: Амрам і Іцгар, і Хэўрон і Узііл. А гадоў жыцьця Каафа было сто трыццаць тры гады. 19. Сыны Мэрары: Махлі і Мушы. Гэта сямействы Лявія паводле родаў іхніх. 20. Амрам узяў Ёхавэду, цётку сваю, сабе за жонку, і яна нарадзіла яму Аарона і Майсея. А гадоў жыцьця Амрама было сто трыццаць сем. 21. Сыны Іцгаравыя: Карэй і Нэфэг і Зіхры. 22. Сыны Узіілавы: Місаіл і Элцафан і Сітры. 23. Аарон узяў сабе за жонку Елісавету, дачку Амінадававу, сястру Наасонаву, і яна нарадзіла яму Надава і Авіуда, Элеазара і Ітамара. 24. Сыны Карэя: Асір, Элкана і Авіясаф: гэта сямействы Карэевыя. 25. Элеазхар, сын Ааронаў, узяў сабе за жонку адну з дочак Футыілавых, і яна нарадзіла яму Фінээса. Вось правадыры пакаленьняў лявіцкіх паводле сямействаў іхніх. 26. Аарон і Майсей, гэта - тыя, каму сказаў Гасподзь: выведзіце сыноў Ізраілевых зь зямлі Егіпецкай паводле рушэньняў іхніх. 27. Яны ж і казалі фараону, цару Егіпецкаму, каб вывесьці сыноў Ізраілевых зь Егіпта; гэта Майсей і Аарон. 28. Дык вось, у той час, калі Гасподзь казаў Майсею ў зямлі Егіпецкай, 29. Гасподзь сказаў Майсею, кажучы: Я Гасподзь! скажы фараону, цару Егіпецкаму, усё, што Я кажу табе. 30. А Майсей сказаў перад Госпадам: вось, я не красамоўны: як жа паслухаецца мяне фараон? * Ягова РАЗЬДЗЕЛ 7 1. Але Гасподзь сказаў Майсею: глядзі, Я паставіў цябе Богам фараону; а Аарон, брат твой, будзе тваім прарокам: 2. ты будзеш гаварыць усё, што Я загадаю табе, а Аарон, брат твой, будзе гаварыць фараону, каб ён адпусьціў сыноў Ізраілевых зь зямлі сваёй; 3. але Я зраблю і ачарсьцьвее сэрца фараонавае і акажу мноства азнакаў Маіх і цудаў Маіх у зямлі Егіпецкай; 4. фараон не паслухаецца вас, і Я накладу руку Маю на Егіпет і выведу войска Маё, народ Мой, сыноў Ізраілевых, зь зямлі Егіпецкай - судамі вялікімі; 5. тады ўведаюць Егіпцяне, што Я Гасподзь, калі працягну руку Маю на Егіпет і выведу сыноў Ізраілевых з асяродзьдзя іхняга. 6. І зрабілі Майсей і Аарон: як загадаў ім Гасподзь, так яны і зрабілі. 7. Майсею было восемдзесят, а Аарону восемдзесят тры гады, калі пачалі гаварыць яны фараону. 8. І сказаў Гасподзь Майсею і Аарону, кажучы: 9. калі фараон скажа вам: зрабеце цуд, дык ты скажы Аарону: вазьмі посах твой і кінь перад фараонам, - ён зробіцца зьмеем. 10. Майсей і Аарон прыйшлі да фараона і зрабілі так, як сказаў ім Гасподзь. І кінуў Аарон посах свой перад фараонам і перад рабамі ягонымі, і ён зрабіўся зьмеем. 11. І паклікаў фараон мудрацоў і чарадзеяў; і гэтыя магі зрабілі тое самае сваімі чарамі: 12. кожны зь іх кінуў свой посах, і яны зрабіліся зьмеямі; але посах Ааронаў праглынуў іхнія посахі. 13. Сэрца фараонава ачарсьцьвела, і ён не паслухаўся іх, як і казаў Гасподзь. 14. І сказаў Гасподзь Майсею: зацялося сэрца фараонавае: ён ня хоча адпусьціць народ. 15. Ідзі да фараона заўтра, вось, ён выйдзе да вады, ты стань на дарозе ў яго, на беразе ракі, і посах, які ператвараецца ў зьмея, вазьмі ў руку тваю, 16. і скажы яму: Гасподзь, Бог Габрэяў, паслаў мяне сказаць табе: адпусьці народ Мой, каб ён учыніў Мне служэньне ў пустыні: але вось, ты дагэтуль не паслухаўся. 17. Так кажа Гасподзь: з гэтага ўведаеш, што Я Гасподзь: вось гэтым посахам, які ў руцэ маёй, я ўдару па вадзе, якая ў рацэ, і яна ператворыцца ў кроў, 18. і рыба ў рацэ памрэ, і рака засьмярдзіць, і Егіпцянам агідна будзе піць ваду з ракі. 19. І сказаў Гасподзь Майсею: скажы Аарону: вазьмі посах твой і працягні руку тваю на воды Егіпцянаў: на рэкі іхнія, на патокі іхнія, на азёры іхнія і на ўсякае зьмясьцілішча водаў іхніх, - і ператворацца ў кроў, і будзе кроў па ўсёй зямлі Егіпецкай і ў драўляным і ў каменным посудзе. 20. І зрабілі Майсей і Аарон, як сказаў Гасподзь. І падняў посах і ўдарыў па вадзе рачной на вачах у фараона і на вачах у рабоў ягоных, і ўся вада ў рацэ ператварылася ў кроў, 21. і рыба ў рацэ вымерла, і рака засьмярдзела, і Егіпцяне не маглі піць з ракі; і была кроў на ўсёй зямлі Егіпецкай. 22. І магі Егіпецкія чарамі сваімі зрабілі тое самае. І зацялося сэрца ў фараона, і не паслухаўся іх, як і казаў Гасподзь. 23. І павярнуўся фараон і пайшоў у дом свой; і сэрца ягонае не пранялося і гэтым. 24. І пачалі капаць усе Егіпцяне каля ракі, каб знайсьці ваду на піцьцё, бо не маглі піць вады з ракі. 25. І споўнілася сем дзён пасьля таго, як Гасподзь ударыў раку. РАЗЬДЗЕЛ 8 1. І сказаў Гасподзь Майсею: ідзі да фараона і скажы яму: так кажа Гасподзь: адпусьці народ Мой, каб ён учыніў Мне служэньне; 2. калі ж ты ня згодзішся адпусьціць, дык вось, Я пакараю ўвесь край твой жабамі: 3. і закішыць рака жабамі, і яны выйдуць і ўвойдуць у дом твой, і ў спальню тваю, і на пасьцель тваю, і ў дамы рабоў тваіх і народу твайго, і ў печы твае, і ў дзежы твае. 4. і на цябе, і на народ твой, і на ўсіх рабоў тваіх узыдуць жабы. 5. І сказаў Гасподзь Майсею: скажы Аарону: працягні руку тваю з посахам тваім на рэкі, на патокі і на азёры, і навядзі жаб на зямлю Егіпецкую. 6. Аарон працягнуў руку сваю на воды Егіпецкія; і выйшлі жабы і пакрылі зямлю Егіпецкую. 7. Тое самае зрабілі і магі чарамі сваімі і навялі жаб на зямлю Егіпецкую. 8. І паклікаў фараон Майсея і Аарона і сказаў: памалецеся Госпаду, каб Ён вывеў жаб ад мяне і ад народу майго, і я адпушчу народ Ізраільскі прынесьці ахвяру Госпаду. 9. Майсей сказаў фараону: назнач мне сам, калі памаліцца за цябе, за рабоў тваіх і за народ твой, каб жабы зьніклі ў цябе, у дамах тваіх, і засталіся толькі ў рацэ. 10. Ён сказаў: заўтра. Майсей адказваў: будзе паводле слова твайго, каб ты ўведаў, што няма нікога, як Гасподзь Бог наш; 11. і сыдуць жабы ад цябе, ад дамоў тваіх, і ад рабоў тваіх і ад твайго народу; толькі ў рацэ яны застануцца. 12. Майсей і Аарон выйшлі ад фараона, і Майсей заклікаў Бога пра жаб, якіх ён навёў на фараона. 13. І зрабіў Гасподзь паводле слова Майсеевага: жабы вымерлі ў дамах, на дварах і ў палях; 14. і сабралі іх у кучы, і засьмярдзела зямля. 15. І ўбачыў фараон, што зрабілася палёгка, і зацяў сэрца сваё, і не паслухаўся іх, як і казаў Гасподзь. 16. І сказаў Гасподзь Майсею: скажы Аарону: працягні посах твой і ўдар у грудзі зямныя, і зробіцца заедзь па ўсёй зямлі Егіпецкай. 17. Так яны і зрабілі: Аарон працягнуў руку сваю з посахам сваім, ударыў у грудзі зямныя, і зьявілася заедзь на людзях і на быдле. Усе грудзі зямныя пакрыліся заедзьдзю па ўсёй замлі Егіпецкай. 18. Стараліся таксама і магі чарамі сваімі ўтварыць заедзь, але не маглі. І была заедзь на людзях і на быдле. 19. І сказалі магі фараону: гэта палец Божы. Але сэрца фараонава зацялося і ён не паслухаўся іх, як і казаў Гасподзь. 20. І сказаў Гасподзь Майсею: заўтра ўстань рана і зьявіся перад аблічча фараона. Вось, ён пойдзе да вады, і ты скажы яму: так кажа Гасподзь: адпусьці народ Мой, каб ён учыніў Мне служэньне. 21. а калі не адпусьціш нарорду Майго, дык вось, Я нашлю на цябе і на рабоў тваіх сабачых мух, і напоўняцца дамы Егіпцянаў сабачымі мухамі і самая зямля, на якой яны жывуць; 22. і аддзялю таго ж дня зямлю Гесэм, на якой жыве народ Мой, і там ня будзе сабачых мух, каб ты ведаў, што Я Гасподзь сярод зямлі: 23. Я зраблю падзел паміж народам Маім і паміж народам тваім. Заўтра будзе гэтая азнака. 24. Так і зрабіў Гасподзь: наляцела мноства сабачых мух у дом фараонаў, і ў дамы рабоў ягоных, і на ўсю зямлю Егіпецкую: загінула зямля ад сабачых мух. 25. І паклікаў фараон Майсея і Аарона і сказаў: ідзеце, прынясеце ахвяру Богу вашаму ў той зямлі. 26. Але Майсей сказаў: нельга гэтага зрабіць, бо агіднае Егіпцянам ахвяраваньне наша Госпаду, Богу нашаму: калі мы агідную Егіпцянам ахвяру будзем прыносіць на вачах у іх, дык ці не пабэюць яны нас камянямі? 27. Мы пойдзем у пустыню, на тры дні дарогі, і прынясём ахвяру Госпаду, Богу нашаму, як скажа нам. 28. І сказаў фараон: я адпушчу вас прынесьці ахвяру Госпаду Богу вашаму ў пустыні, толькі не заходзьце далёка; памалецеся за мяне. 29. Майсей сказаў: вось, я выходжу ад цябе і памалюся Госпаду, і сыдуць сабачыя мухі ад фараона, і ад рабоў ягоных, і ад народу ягонага заўтра; толькі фараон няхай перастане ашукваць, не адпускаючы народ прынесьці ахвяру Госпаду. 30. І выйшаў Майсей ад фараона і памаліўся Госпаду. 31. І зрабіў Гасподзь паводле слова Масеевага і зьвёў сабачых мух ад фараона, ад рабоў ягоных і ад народу ягонага: не засталося ніводнай. 32. Але фараон зацяў сэрца сваё і гэтым разам і не адпусьціў народу. РАЗЬДЗЕЛ 9 1. І сказаў Гасподзь Майсею: ідзі да фараона і скажы яму: так кажа Гасподзь, Бог Габрэяў: адпусьці народ Мой, каб ён учыніў Мне служэньне; 2. бо калі ты не захочаш адпусьціць і яшчэ будзеш трымаць яго, 3. дык вось, рука Гасподняя будзе на быдле тваім, якое ў полі, на конях, на аслах, на вярблюдах, на валах і авечках: будзе згубная пошасьць вельмі цяжкая; 4. і падзеліць Гасподзь паміж быдлам Ізраільскім і быдлам Егіпецкім, і з усяго сыноў Ізраілевых не памрэ нічога. 5. І назначыў Гасподзь час, сказаўшы: заўтра зробіць гэта Гасподзь у зямлі гэтай. 6. І зрабіў гэта Гасподзь на другі дзень, і паздыхала ўсё быдла Егіпецкае; а з быдла сыноў Ізраілевых не памерла нічога. 7. Фараон паслаў даведацца, і вось з быдла сыноў Ізраілевых ня здохла нічога. Але сэрца фараонава жорстка зацялося, і ён не адпусьціў народу. 8. І сказаў Гасподзь Майсею і Аарону: вазьмеце па поўнай жмені попелу зь печы, і хай кіне яго Майсей пад неба на вачах у фараона; 9. і падымецца пыл па ўсёй зямлі Егіпецкай, і будзе на людзях і на быдле запаленьне з нарывамі, ва ўсёй зямлі Егіпецкай. 10. Яны ўзялі попелу зь печы і сталі перад абліччам фараона. Майсей кінуў яго пад неба, і зрабілася запаленьне з нарывамі на людзях і на быдле. 11. І не маглі магі ўстояць перад Майсеем з прычыны запаленьня, бо запаленьне было на магах і на ўсіх Егіпцянах. 12. Але Гасподзь ачэрсьцьвіў сэрца фараона, і ён не паслухаўся іх, як і казаў Гасподзь Майсею. 13. І сказаў Гасподзь Майсею: заўтра ўстань рана і зьявіся перад аблічча фараона і скажы яму: так кажа Гасподзь, Бог Габрэяў: адпусьці народ Мой, каб ён учыніў Мне служэньне; 14. бо гэтым разам Я пашлю ўсе пошасьці Мае ў сэрца тваё, і на рабоў тваіх, і на народ твой, каб ты ўведаў, што няма падобнага на Мяне на ўсёй зямлі; 15. як бо Я працягнуў руку Маю, дык пакараў бы цябе і народ твой пошасьцю, і ты зьнішчаны быў бы зь зямлі: 16. але на тое Я захаваў цябе, каб паказаць на табе сілу Маю, і каб вернута было імя Маё па ўсёй зямлі; 17. ты яшчэ супрацьстаіш народу Майму, каб не адпускаць яго, - 18. вось, Я пашлю заўтра, у гэты самы час, град вельмі моцны, падобнага на які ня было ў Егіпце з дня заснаваньня яго да сёньня: 19. дык вось, пашлі сабраць статкі твае і ўсё, што ёсьць у цябе ў полі: на ўсіх людзей і быдла, якія застануцца ў полі і не зьбяруцца ў дамы, упадзе град і яны памруць. 20. Тыя з рабоў фараонавых, якія баяцца слова Гасподняга, сьпешна сабралі рабоў сваіх і статкі свае ў дамы; 21. а хто не павярнуў сэрца свайго да слова Гасподняга, той пакінуў рабоў сваіх і статкі свае ў полі. 22. І сказаў Гасподзь Майсею: працягні руку тваю да неба, і ўпадзе град на ўсю зямлю Егіпецкую, на людзей, на быдла і на ўсю траву польную ў зямлі Егіпецкай. 23. І працягнуў Майсей посах свой да неба, і Гасподзь утварыў гром і град, і агонь разьліваўся па зямлі; і паслаў Гасподзь град на зямлю Егіпецкую; 24. і быў град і агонь паміж градам, вельмі моцны, якога ня было ва ўсёй зямлі Егіпецкай з часу засяленьня яе. 25. І пабіў град па ўсёй зямлі Егіпецкай усё, што было ў полі, ад чалавека да быдла, і ўсю траву польную пабіў град, і ўсе дрэвы ў полі паламаў; 26. толькі ў зямлі Гесэм, дзе жылі сыны Ізраілевыя, ня было граду. 27. І паслаў фараон, і паклікаў Майсея і Аарона, і сказаў ім: гэтым разам я зграшыў; Гасподзь справядлівы, а я і народ мой вінаватыя; 28. памалецеся Госпаду; хай перастануць грамы Божыя і град, і адпушчу вас і ня буду больш трымаць. 29. Майсей сказаў яму: як толькі я выйду з горада, і граду больш ня будзе, каб ты ўведаў, што Гасподняя зямля; 30. але я ведаю, што ты і рабы твае яшчэ не ўбаіцеся Госпада Бога. 31. Лён і ячмень былі пабітыя, таму што ячмень выкаласаваў і лён абнасеньніўся, 32. а пшаніца і жыта не пабітыя, бо яны былі позьнія. 33. І выйшаў Майсей ад фараона з горада і працягнуў рукі свае да Госпада, і спыніліся гром і град, і дождж перастаў ліцца на зямлю. 34. І ўбачыў фараон, што перастаў дождж і град і гром, і грашыў далей, і абцяжарыў сэрца сваё ён і рабы ягоныя. 35. І ачэрсьцьвіў сэрца фараонавае, і ён не адпусьціў сыноў Ізраілевых, як і казаў Гасподзь пра Майсея. РАЗЬДЗЕЛ 10 1. І сказаў Гасподзь Майсею: увайдзі да фараона, бо я абцяжарыў сэрца ягонае і сэрца рабоў ягоных, каб рабіць сярод іх гэтыя азнакі Мае, 2. і каб ты расказаў сыну твайму і сыну сына твайго пра тое, што Я зрабіў у Егіпце, і пра азнакі Мае, якія Я паказаў у ім, і каб вы ведалі, што Я Гасподзь. 3. Майсей і Аарон прыйшлі да фараона і сказалі яму: так кажа Гасподзь, Бог Габрэяў: ці доўга ты не ўпакорышся перад Мною? адпусьці народ Мой, каб ён учыніў Мне служэньне; 4. а калі ты не адпусьціш народу Майго, дык вось, заўтра Я навяду саранчу на твой край: 5. яна пакрые ўлоньне зямлі так, што нельга будзе бачыць зямлі, і паесьць у вас, што засталося, ацалела ад граду; абэесьць таксама ўсе дрэвы, якія растуць у вас у полі, 6. і напоўніць дамы твае, дамы ўсіх рабоў тваіх і дамы ўсіх Егіпцянаў, чаго ня бачылі бацькі твае, ні бацькі бацькоў тваіх з дня, як жывуць на зямлі, нават да гэтага дня. Майсей павярнуўся і выйшаў ад фараона. 7. Тады рабы фараонавыя сказалі яму: ці доўга ён будзе мучыць нас? адпусьці гэтых людзей, хай яны ўчыняць служэньне Госпаду, Богу свайму; няўжо ты яшчэ ня бачыш, што Егіпет гіне? 8. І вярнулі Майсея і Аарона да фараона, і сказаў ім: ідзеце, учынеце служэньне Госпаду, Богу вашаму; хто ж і хто пойдзе? 9. І сказаў Майсей: пойдзем з малалеткамі нашымі і старымі нашымі, з сынамі і дочкамі нашымі, і з авечкамі нашымі і з валамі нашымі пойдзем, бо ў нас сьвята Госпаду. 10. Сказаў ім: хай будзе так, Гасподзь з вамі! я гатовы адпусьціць вас: але навошта зь дзецьмі? бо ліха перад вамі! 11. не: ідзеце адны мужчыны і ўчынеце служэньне Госпаду, бо вы гэтага прасілі. І выгналі іх ад фараона. 12. Тады Гасподзь сказаў Майсею: працягні руку тваю на зямлю Егіпецкую, і хай нападзе саранча на зямлю Егіпецкую і паесьць усю траву зямную, усё, што ацалела ад граду. 13. І працягнуў Майсей посах свой на зямлю Егіпецкую, і Гасподзь навёў на гэтую зямлю ўсходні вецер, які трываў увесь той дзень і ўсю ноч. Настала раніца, і ўсходні вецер нанёс саранчу. 14. І напала саранча на ўсю зямлю Егіпецкую і легла па ўсёй краіне Егіпецкай у вялікім мностве: раней не бывала такой саранчы, і пасьля гэтага ня будзе такой; 15. яна пакрыла ўлоньне ўсёй зямлі, так што зямлі ня было відаць, і паела ўсю траву зямную і ўсе плады дрэўныя, што ацалелі ад граду, і не засталося ніякай зеляніны ні на дрэвах, ні на траве польнай ва ўсёй зямлі Егіпецкай. 16. Фараон сьпешна паклікаў Майсея і Аарона і сказаў: зграшыў я перад Госпадам, Богам вашым, і перад вамі; 17. цяпер даруйце грэх мой яшчэ раз і памалецеся Госпаду Богу вашаму, каб Ён толькі адвёў ад мяне гэтую сьмерць. 18. Майсей выйшаў ад фараона і памаліўся Госпаду. 19. І падняў Гасподзь з другога боку заходні вельмі моцны вецер, і ён панёс саранчу і ўкінуў яе ў Чэрмнае мора: не засталося ніводнай саранчыны ва ўсёй зямлі Егіпецкай. 20. Але Гасподзь ачэрсьцьвіў сэрца фараона, і ён не адпусьціў сыноў Ізраілевых. 21. І сказаў Гасподзь Майсею: працягні руку тваю да неба, і будзе цемра на зямлі Егіпецкай, адчувальная цемра. 22. Майсей працягнуў руку сваю да неба, і была густая цемра па ўсёй зямлі Егіпецкай тры дні; 23. ня бачылі адзін аднога, і ніхто не ўставаў зь месца свайго тры дні; а ва ўсіх сыноў Ізраілевых было сьвятло ў селішчах іхніх. 24. Фараон паклікаў Майсея і сказаў: ідзеце, учынеце служэньне Госпаду, няхай толькі застанецца дробнае і буйное быдла ваша, і дзеці вашыя хай ідуць з вамі. 24. Але Майсей сказаў: дай таксама ў рукі нашыя ахвяры і цэласпаленьні, каб прынесьці Госпаду, Богу нашаму; 26. хай пойдуць і статкі нашыя з намі, не застанецца ні капыта: бо зь іх мы возьмем на ахвяру Госпаду, Богу нашаму; але пакуль ня прыйдзем туды, мы ня ведаем, што прынесьці ў ахвяру Госпаду. 27. І ачэрсьцьвіў Гасподзь сэрца фараона, і ён не захацеў адпусьціць іх. 28. І сказаў яму фараон: ідзі ад мяне; сьцеражыся, не зьяўляйся болей перад аблічча маё; таго дня, як ты ўбачыш аблічча маё, памрэш. 29. І сказаў Майсей: як сказаў ты, так і будзе; я ня ўбачу болей аблічча твайго. РАЗЬДЗЕЛ 11 1. І сказаў Гасподзь Майсею: яшчэ адну кару Я навяду на фараона і на Егіпцянаў; пасьля таго ён пусьціць вас адгэтуль; а калі ён будзе адпускаць, пасьпешліва будзе гнаць вас адгэтуль; 2. скажы ў вушы народу, каб кожны ў блізкага свайго і кожная жанчына ў блізкай сваёй выпрасілі рэчаў срэбраных і рэчаў залатых. 3. І даў Гасподзь ласку народу ў вачах Егіпцянаў; ды і Майсей быў вельмі вялікі ў зямлі Егіпецкай, у вачах рабоў фараонавых і ў вачах народу. 4. І сказаў Майсей: так кажа Гасподзь: апоўначы Я прайду сярод Егіпта, 5. і памрэ кожны першынец у зямлі Егіпецкай ад першынца фараона, які сядзіць на троне сваім, да першынца рабыні, якая каля жорнаў, і ўсё першароднае з быдла; 6. і будзе енк вялікі па ўсёй зямлі Егіпецкай, якога ня бывала і якога ня будзе болей; 7. а ва ўсіх сыноў Ізраілевых ні на чалавека, ні на быдла не варухне сабака языком сваім, каб вы ведалі, якую розьніцу робіць Гасподзь паміж Егіпцянамі і паміж Ізраільцянамі. 8. І прыйдуць усе рабы гэтыя твае да мяне і паклоняцца мне, кажучы: выйдзі ты і ўвесь народ, які ты ўзначальваеш. Пасьля гэтага я і выйду. І выйшаў ад фараона з гневам. 9. І сказаў Гасподзь Майсею: не паслухаўся вас фараон, каб памножыліся і цуды Мае ў зямлі Егіпецкай. 10. Майсей і Аарон зрабілі ўсе гэтыя цуды перад фараонам; але Гасподзь ачэрсьцьвіў сэрца фараона, і ён не адпусьціў сыноў Ізраілевых зь зямлі сваёй. РАЗЬДЗЕЛ 12 1. І сказаў Гасподзь Майсею і Аарону ў зямлі Егіпецкай, кажучы: 2. месяц гэты хай будзе ў вас пачаткам месяцаў, першым хай будзе ён у вас паміж месяцамі года. 3. Скажэце ўсяму супольству Ізраілеваму: у дзясяты дзень гэтага месяца няхай возьме кожны адно ягня па семэях, па ягняці на сямейства; 4. а калі сямэя такая малая, што ня зьесьць ягняці, дык няхай возьме з суседам сваім, бліжэйшым да дома свайго, па ліку душ: паводле той меры, колькі кожны зьесьць, палічэцеся на ягня. 5. Ягня ў вас павінна быць бяз хібы, мужчынскага полу, аднагодак; вазьмеце яго ад авечак альбо ад коз, 6. і няхай яно захоўваецца ў вас да чатырнаццатага дня гэтага месяца: тады хай заколе яго ўвесь сход грамады Ізраільскай увечары, 7. і хай возьмуць ад крыві і памажуць на абодвух вушаках і на папярэчыне дзьвярэй у дамах, дзе будуць есьці яго; 8. няхай зьядуць мяса зь яго ў гэтую самую ноч, сьпечанае на агні, - з прэсным хлебам і з горкімі травамі няхай зьядуць яго; 9. ня ежце ад яго недапечанага, альбо гатаванага ў вадзе, а ежце сьпечанае на агні, галаву з нагамі і вантробамі; 10. не пакідайце ад яго да раніцы; а астатак яго да раніцы спалеце на агні. 11. А ежце яго так: хай будзе паясьніца ваша перапяразана, абутак ваш на нагах вашых і кіі вашыя ў руках вашых, і ежце яго пасьпешліва: гэта - Пасха Гасподняя. 12. А Я гэтай самай ночы прайду па зямлі Егіпецкай, і пабэю кожнага першынца ў зямлі Егіпецкай, ад чалавека да быдла, і над усімі божышчамі Егіпецкімі ўчыню суд. Я Гасподзь. 13. І будзе ў вас кроў знакам на дамах, дзе вы знаходзіцеся, і ўбачу кроў і прайду міма вас, і ня будзе сярод вас пошасьці згубнае, калі буду караць зямлю Егіпецкую. 14. І хай будзе вам дзень гэты незабыўны, і сьвяткуйце яго як сьвята Госпаду ва ўсе роды вашыя; як устанаўленьне вечнае свьяткуйце яго. 15. Сем дзён ежце прэсны хлеб; з самага першага дня зьнішчыце квашанае ў дамах вашых, бо хто будзе есьці квашанае зь першага дня да сёмага дня, душа тая зьнішчана будзе з асяродзьдзя Ізраіля. 16. І ў першы дзень хай будзе ў вас сьвяты сход, і ў сёмы дзень сьвяты сход: ніякай працы нельга рабіць у гэтыя дні; толькі што есьці кожнаму, адно тое можна рабіць вам. 17. пільнуйцеся праснакоў, бо ў гэты самы дзень Я вывеў рушэньне вашае зь зямлі Егіпецкай, і пільнуйцеся дня гэтага ў роды вашыя, як устанаўленьня вечнага. 18. З чатырнаццатага дня першага месяца, зь вечара ежце прэсны хлеб да вечара дваццаць першага дня таго самага месяца; 19. сем дзён не павінна быць закваскі ў дамах вашых, бо хто будзе есьці квашанае, душа тая вынішчана будзе з грамады Ізраілевай, прыхадзень гэта альбо прыродны жыхар зямлі той. 20. Нічога квашанага ня ежце: усюды, дзе будзеце, ежце прэсны хлеб. 21. І склікаў Майсей усіх старэйшынаў Ізраілевых і казаў ім: выберыце і вазьмеце сабе ягнят па семэях вашых і закалеце паску; 22. і вазьмеце пучок ізопу, і абмачэце ў кроў, якая ў посудзе, і памажце папярэчыну і абодва вушакі дзьвярэй крывёю, якая ў посудзе: а вы ніхто ня выходзьце за дзьверы дома свайго да раніцы. 23. І пойдзе Гасподзь караць Егіпет, і ўбачыць кроў на папярэчыне і на абодвух вушаках, і пройдзе Гасподзь міма дзьвярэй, і не дапусьціць згубцу ўвайсьці ў дамы вашыя дзеля кары. 24. Трымайцеся гэтага, як закону сабе і сынам вашым вечна. 25. Калі ўвойдзеце ў зямлю, якую Гасподзь дасьць вам, як Ён казаў, захоўвайце гэта служэньне. 26. І калі скажуць вам дзеці вашыя: што гэта за служэньне? 27. скажэце: гэта пасхальная ахвяра Госпаду, Які прайшоў міма дамоў сыноў Ізраілевых у Егіпце, калі караў Егіпцянаў, і дамы нашыя выбавіў. І схіліўся народ і пакланіўся. 28. І пайшлі сыны Ізраілевыя і зрабілі: як сказаў Гасподзь Майсею і Аарону, так і зрабілі. 29. Апоўначы Гасподзь пабіў усіх першынцаў у зямлі Егіпецкай, ад першынца фараона, які сядзеў на троне сваім, да першынца вязьня, які быў у цямніцы, і ўсё першароднае з жывёлы. 30. І ўстаў фараон уначы сам і ўсе рабы ягоныя і ўвесь Егіпет; і пачаўся вялікі енк у зямлі Егіпецкай, бо ня было дома, дзе ня было б мёртвага. 31. І паклікаў Майсея і Аарона ўначы і сказаў: устаньце, выйдзіце з асяродзьдзя народу майго, як вы, так і сыны Ізраілевыя, і ідзеце, учынеце служэньне Госпаду, як казалі вы; 32. і дробнае і буйное быдла ваша вазьмеце, як вы казалі; і ідзеце і дабраславеце мяне. 33. і пануквалі Егіпцяне народ, каб хутчэй выслаць яго зь зямлі той; бо казалі яны: мы ўсе памрэм. 34. І панёс народ цеста сваё, перш чым яно закісла; рошчына іхняя, завязаная ў вопратцы іхняй, была на плячах іхніх. 35. І зрабілі сыны Ізраілевыя паводле слова Майсеевага і прасілі ў Егіпцянаў рэчаў срэбраных і рэчаў залатых і вопраткі. 36. А Гасподзь даў ласку народу ў вачах Егіпцянаў: і яны давалі яму, і абабраў ён Егіпцянаў. 37. І выправіліся сыны Ізраілевыя з Раамсэса ў Сакхот да шасьцісот тысяч пешых мужчын, апрача дзяцей; 38. і мноства рознапляменных людзей выйшлі зь імі, і дробнае і буйное быдла, статак вельмі вялікі. 39. І сьпяклі яны зь цеста, якое вынесьлі зь Егіпта, праснакі, бо яно яшчэ ня скісла, таму што яны выгнаныя былі зь Егіпта і не маглі марудзіць і нават ежы не прыгатавалі сабе на дарогу. 40. А часу, які сыны Ізраілевыя жылі ў Егіпце, было чатырыста трыццаць гадоў. 41. Як прайшло чатырыста трыццаць гадоў, у гэты самы дзень выйшла ўсё рушэньне Гасподняе зь зямлі Егіпецкай уначы. 42. Гэта - ноч чуваньня Госпаду за вывад іх зь зямлі Егіпецкай; гэта самая ноч - чуваньне Госпаду ва ўсіх сыноў Ізраілевых у роды іхнія. 43. І сказаў Гасподзь Майсею і Аарону: вось статут Пасхі: ніякі іншапляменец не павінен есьці яе; 44. а кожны раб, куплены за срэбра, калі абрэжаш яго, можа есьці яе; 45. пасяленец і найміт не павінен есьці яе. 46. У адным доме трэба есьці яе, ня выносьце мяса прэч з дому і костак яе ня крышэце. 47. Уся грамада Ізраіля павінна ўчыняць яе. 48. А калі паселіцца ў цябе прыхадзень і захоча ўчыніць Пасху Госпаду, дык абрэж у яго ўсіх мужчынскага полу, і тады няхай ён пачне рабіць яе, і будзе як прыродны жыхар зямлі; а ніякі неабрэзаны не павінен есьці яе; 49. адзін закон хай будзе і прыроднаму жыхару і прыхадню, які пасяліўся сярод вас. 50. і зрабілі ўсё сыны Ізраілевыя: як загадаў Гасподзь Майсею і Аарону, так і зрабілі. 51. У гэты самы дзень Гасподзь вывеў сыноў Ізраілевых зь зямлі Егіпецкай па рушэньнях іхніх. РАЗЬДЗЕЛ 13 1. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць: 2. высьвяці мне кожнага першынца, які раскрывае ўлоньне сярод сыноў Ізраілевых, ад чалавека да быдла, Мае яны. 3. І сказаў Майсей народу: памятайце гэты дзень, у які выйшлі вы зь Егіпта, з дому рабства, бо рукою моцнаю вывеў вас Гасподзь адтуль, і ня ежце квашанага: 4. сёньня выходзіце вы, у месяцы Авіве*. 5. І калі ўвядзе цябе Гасподзь у зямлю Хананэяў і Хэтэяў, і Амораў і Эвэяў і Евусэяў, якою запрысягнуўся Ён бацькам тваім, што дасьць табе зямлю, дзе цячэ малако і мёд, - дык учыняй гэта служэньне ў гэтым месяцы; 6. сем дзён еж прэсны хлеб, і ў сёмы дзень сьвята Госпаду: 7. прэсны хлеб трэба есьці сем дзён, і не павінен быць у цябе квашаны хлеб, і не павінна быць у цябе квашанага ва ўсіх межах тваіх. 8. І абвясьці ў дзень той сыну твайму, кажучы: гэта дзеля таго, што Гасподзь зрабіў са мною, калі я выйшаў зь Егіпта. 9. І хай будзе табе гэта знакам на руцэ тваёй і помнікам перад вачыма тваімі, каб закон Гасподні быў у вуснах тваіх; бо рукою моцнаю вывеў Гасподзь зь Егіпта. 10. Выконвай жа статут гэты ў прызначаны час, год у год. 11. І калі выведзе цябе Гасподзь у зямлю Ханаанскую, як ён запрысягаўся табе і бацькам тваім, і дасьць яе табе, - 12. аддзяляй Госпаду ўсё, што расхіляе сьцёгны; і ўсё першароднае з жывёлы, якое ў цябе будзе, мужчынскага полу, Госпаду; 13. а кожнага асла, які расхіляе, замяняй ягнём; а калі не заменіш; выкупі яго; і кожнага першынца чалавечага з сыноў тваіх выкупай. 14. І калі пасьля спытаецца ў цябе сын твой, кажучы: што гэта? дык скажы яму: рукою моцнаю вывеў нас Гасподзь зь Егіпта, з дому рабства; 15. бо калі фараон упарціўся адпусьціць нас, Гасподзь усьмерціў усіх першынцаў у зямлі Егіпецкай, ад першынца чалавечага да першынца з жывёлы, - таму я прыношу ў ахвяру Госпаду ўсё, што расхіляе сьцёгны, мужчынскага полу, а кожнага першынца з сыноў маіх выкупляю; 16. і хай будзе гэта знакам на руцэ тваёй і замест павязкі над вачыма тваімі; бо рукою моцнаю Гасподзь вывеў нас зь Егіпта. 17. Калі ж фараон адпусьціў народ, Бог не павёў яго па дарозе зямлі Філістымскай, бо яна блізкая; бо сказаў Бог: каб не раскаяўся народ, убачыўшы вайну, і не вярнуўся ў Егіпет. 18. І абвёў Бог народ дарогаю пустэльнаю да Чэрмнага мора. І выйшлі сыны Ізраілевыя ўзброеныя зь зямлі Егіпецкай. 19. І ўзяў Майсей з сабою косьці Язэпа, бо прысягаю запрысягнуў сыноў Ізраілевых, сказаўшы: наведае вас Бог, і вы з сабою вынесіце косьці мае адгэтуль. 20. І рушылі з Сакхота і разьмясьціліся табарам у Этаме, на краі пустыні. 21. А Гасподзь ішоў перад імі ўдзень у слупе воблачным, паказваючы ім дарогу, а ўначы ў слупе вогненным, сьвецячы ім, каб ішлі яны і ўдзень і ўначы. 22. Ня ўхіляўся слуп воблачны ўдзень і слуп вогненны ўначы з вачэй народа. * У месяцы каласоў РАЗЬДЗЕЛ 14 1. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць: 2. скажы сынам Ізраілевым, каб яны павярнуліся і сталі табарам перад Пі-Гахіротам, паміж Мігдолам і морам, перад Ваал-Цафонам; насупраць яго атабарцеся каля мора. 3. І скажа фараон пра сыноў Ізраілевых: яны заблудзіліся ў зямлі гэтай, замкнула іх пустыня. 4. А Я напоўню чэрствасьцю сэрца фараону, і ён пагоніцца за імі, і пакажу славу Маю на фараоне і на ўсім войску ягоным; і ўведаюць Егіпцяне, што Я Гасподзь. І зрабілі так. 5. І абвешчана было цару Егіпецкаму, што народ уцёк; і абярнулася сэрца фараонава і рабоў ягоных супроць народу гэтага, і яны сказалі: што гэта мы зрабілі? навошта мы адпусьцілі Ізраільцянаў, каб яны не працавалі на нас? 6. Фараон запрог калясьніцу сваю і народ свой узяў з сабою; 7. і ўзяў шасьцьсот калясьніц адборных, і ўсе калясьніцы Егіпецкія, і правадыроў над усімі імі. 8. І ачарсьцьвіў Гасподзь сэрца фараону, цару Егіпецкаму, і ён пагнаўся за сынамі Ізраілевымі; а сыны Ізраілевыя ішлі пад рукою высокаю. 9. І пагналіся за імі Егіпцяне, і ўсе коні з калясьніцамі фараонавымі, і верхаўцы, і ўсё войска ягонае, і дагналі іх атабараных каля мора, пры Пі-Гахіроце, перад Ваал-Цафонам. 10. Фараон наблізіўся, і сыны Ізраілевыя азірнуліся, і вось, Егіпцяне ідуць за імі: і вельмі спалохаліся і закрычалі сыны Ізраілевыя да Госпада, 11. і сказалі Майсею: хіба няма магілаў у Егіпце, што ты прывёў нас паміраць у пустыні? што гэта ты зрабіў з намі, вывеўшы нас зь Егіпта? 12. Ці ж ня гэта самае казалі мы табе ў Егіпце, сказаўшы: пакінь нас, няхай мы будзем працаваць на Егіпцянаў. Бо лепш нам быць у рабстве ў Егіпцянаў, чым памерці ў пустыні. 13. Але Майсей сказаў народу: ня бойцеся, стойце - і ўбачыце выратаваньне ад Госпада, якое Ён дасьць вам і сёньня, бо Егіпцянаў, якіх вы бачыце сёньня, больш ня ўбачыце вавек; 14. Гасподзь будзе змагацца за вас, і вы будзьце спакойныя. 15. І сказаў Гасподзь Майсею: чаго ты крычыш да Мяне? скажы сынам Ізраілевым, каб яны ішлі; 16. а ты падымі посах твой, і працягні руку тваю на мора, і падзялі яго, і пройдуць сыны Ізраілевыя сярод мора па сухім; 17. А Я зраблю чэрствым сэрца Егіпцянам, і яны пойдуць сьледам за імі; і пакажу славу Маю на фараоне і на ўсім войску ягоным і на верхаўцах ягоных: 18. І спазнаюць Егіпцяне, што Я Гасподзь, калі пакажу славу Маю на фараоне, на калясьніцах ягоных і на вераўцах ягоных. 19. І рушыўся анёл Божы, які ішоў за імі; рушыўся і слуп воблачны ад аблічча іхняга, і стаў па-за імі. 20. і ўвайшоў усярэдзіну паміж табарам Егіпецкім і табарам Ізраілевым, і быў воблакам і змрокам адным і асьвятляў ноч другім, і ня зьблізіліся яны адны з аднымі праз усю ноч. 21. І прасьцёр Майсей руку сваю на мора, і гнаў Гасподзь мора моцным усходнім ветрам усю ноч і зрабіў мора сушаю; і расступіліся воды. 22. І пайшлі сыны Ізраілевыя сярод мора па сухім: а воды былі ім сьцяною з правага і зь левага боку. 23. Пагналіся Егіпцяне, і ўвайшлі за імі ўсярэдзіну мора ўсе коні фараонавыя, калясьніцы ягоныя і верхаўцы ягоныя. 24. І ў ранішнюю варту паглядзеў Гасподзь на табар Егіпцянаў з слупа вогненнага і воблачнага і прывёў у замяшаньне табар Егіпцянаў; 25. і зьнярухоміў колы ў калясьніцах іхніх, так што яны валаклі іх зь цяжкасьцю. І сказалі Егіпцяне: пабяжым ад Ізраільцянаў, бо Гасподзь змагаецца за іх супроць Егіпцянаў. 26. І сказаў Гасподзь Майсею: працягні руку тваю на мора, і хай павернуцца воды на Егіпцянаў, на калясьніцы іхнія і на верхаўцоў іхніх. 27. І прасьцёр Майсей руку сваю на мора, і пад раніцу вада вярнулася ў сваё месца; а Егіпцяне беглі насустрач. Так патапіў Гасподзь Егіпцянаў сярод мора. 28. І вада вярнулася і пакрыла калясьніцы і верхаўцоў усяго войска фараонавага, якія ўвайшлі за імі ў мора; не засталося ніводнага зь іх. 29. А сыны Ізраілевыя прайшлі па сушы сярод мора: воды былі ім сьцяною па правы і па левы бок. 30. І выбавіў Гасподзь у дзень той Ізраільцянаў з рук Егіпцянаў, і ўбачылі сыны Ізраілевыя Егіпцянаў мёртвых на беразе мора. 31. І ўбачылі Ізраільцяне руку вялікую, якую прасьцёр Гасподзь над Егіпцянамі, і спалохаўся народ Госпада і паверыў Госпаду і Майсею, рабу Ягонаму. РАЗЬДЗЕЛ 15 1. Тады Майсей і сыны Ізраілевыя засьпявалі Госпаду песьню гэтую і казалі: пяю Госпаду, бо ён высока ўзьнёсься: каня і верхаўца яго ўкінуў у мора. 2. Гасподзь цьвярдыня мая і слава мая, Ён стаў мне ратункам. Ён Бог мой, і праслаўлю Яго; Бог бацькі майго, і ўсхвалю Яго. 3. Гасподзь муж бітвы, Ягова імя Яму. 4. Калясьніцы фараонавыя і войска ягонае ўкінуў Ён у мора, і выбраныя ваеначальнікі Ягоныя патанулі ў Чэрмным моры. 5. Багны пакрылі іх: яны пайшлі ў глыбіню, як камень. 6. Правіца Твая, Госпадзе, праславілася сілаю; правіца Твая, Госпадзе, пабіла ворага. 7. Велічнасьцю славы Тваёй Ты скінуў тых, што паўсталі супроць Цябе. Ты паслаў гнеў Твой, і ён папаліў іх, як салому. 8. Ад дыханьня Твайго цякучыя воды спыніліся сьцяною, застылі глыбіні ўсэрцы мора. 9. Вораг сказаў: паганю, даганю, падзялю здабычу; насыціцца імі душа мая, агалю меч мой, зьнішчыць іх рука мая. 10. Ты дыхнуў духам Тваім, і накрыла іх мора: яны апусьціліся, як волава, у вялікіх водах. 11. Хто, як Ты, Госпадзе, паміж багамі? Хто, як Ты, велічны сьвятасьцю, срашны пахваламі, творца цудаў? 12. Ты прасьцёр правіцу Тваю: паглынула іх зямля. 13. Ты вёў міласьцю Тваёю народ гэты, які Ты выбавіў, - павёў сілаю Тваёю да сьвятой сялібы Тваёй. 14. Пачулі народы і дрыжаць: жудасьць ахапіла жыхароў Філістымскіх; 15. тады сумеліся князі Эдэмавыя, дрыжаньне апанавала правадыроў Маавіцкіх, замаркоціліся ўсе жыхары Ханаана. 16. Хай апануе іх страх і жудасьць; ад велічы мышцы Тваёй хай анямеюць яны, як камень, пакуль праходзіць народ Твой, Госпадзе, пакуль праходзіць гэты народ, які Ты прыдбаў. 17. Увядзі яго і пасадзі яго на гары здабытку Твайго, на месцы, якое Ты зрабіў жытлом Сабе, Госпадзе, у сьвятыню, якую стварылі рукі Твае, Уладыка? 18. Гасподзь будзе панаваць вавекі і ў вечнасьць. 19. Калі ўвайшлі коні фараонавыя і зь верхаўцамі ягонымі ў мора, дык Гасподзь абярнуў на іх воды марскія, а сыны Ізраілевыя прайшлі па сушы сярод мора. 20. І ўзяла Марыям прарочыца, сястра Ааронавая, у руку сваю бубен, і выйшлі за ёю ўсе жанчыны з бубнамі і радасьцю. 21. І засьпявала Марыям перад імі: сьпявайце Госпаду, бо высока ўзьнёсься Ён, каня і верхаўца ягонага ўкінуў у мора. 22. І павёў Майсей Ізраільцянаў ад Чэрмнага мора, і яны ўступілі ў пустыню Сур; і ішлі яны тры дні па пустыні і не знаходзілі вады. 23. Прыйшлі ў Мэру - і не маглі піць вады ў Мэры, бо яна была горкая, чаму і дадзена таму месцу назва: Мэра*. 24. І наракаў народ на Майсея, кажучы: што нам піць? 25. Майсей загаласіў да Госпада, і Гасподзь паказаў яму дрэва, і ён кінуў яго ў ваду, і вада зрабілася салодкая. Таму Бог даў народу статут і закон і там выпрабоўваў яго. 26. І сказаў: калі ты будзеш слухацца голасу Госпада, Бога твайго, і рабіць вартаснае перад вачамі Яго, і слухацца запаведзяў Ягоных, і шанаваць усе статуты Ягоныя, дык не навяду на цябе ніякай хваробы, якія навёў Я на Егіпет: бо Я Гасподзь, Які ацаляе цябе. 27. І прыйшлі ў Элім: там было дванаццаць крыніц вады і семдзесят пальмавых дрэў, і разьмясьціліся там табарам каля водаў. * Горыч РАЗЬДЗЕЛ 16 1. І рушылі з Эліма, і прыйшло ўсё супольства сыноў Ізраілевых у пустыню Сін, што паміж Элімам і Сінаем, на пятнаццаты дзень другога месяца пасьля выхаду іх зь зямлі Егіпецкай. 2. І пачало наракаць усё супольства сыноў Ізраілевых на Майсея і Аарона ў пустыні. 3. і сказалі ім сыны Ізраілевыя: о, калі б мы сканалі ад рукі Гасподняй у зямлі Егіпецкай, як мы сядзелі каля катлоў зь мясам, як мы елі хлеба ўдосыць! бо вы нас вывелі ў пустыню гэтую, каб усё супольства замарыць голадам. 4. І сказаў Гасподзь Майсею: вось, Я пашлю вам хлеб зь неба, і хай люд выходзіць і зьбірае штодзённа, колькі трэба на дзень, каб Я выпрабаваў яго, ці будзе ён рабіць паводле закона Майго, ці не; 5. а ў шосты дзень хай гатуюць, што прынясуць, і будзе ўдвая болей за тое, што зьбіраюць у іншыя дні. 6. І сказалі Майсей і Аарон усяму супольству сыноў Ізраілевых: увечары даведаецеся вы, што Гасподзь вывеў вас зь зямлі Егіпецкай, 7. і раніцай убачыце славу Гасподнюю, бо пачуў Ён нараканьні вашыя на Госпада: а мы што такое, што наракаеце на нас? 8. І сказаў Майсей: даведаецеся, калі Гасподзь увечары дасьць вам мяса на ежу, а раніцай хлеба ўдосыць; бо Гасподзь пачуў нараканьні вашыя, якія вы ўзьвялі супроць Яго: а мы што? не на нас нараканьні вашыя, а на Госпада. 9. І сказаў Майсей Аарону: скажы ўсяму супольству сыноў Ізраілевых: станьце прад абліччам Госпада, бо Ён пачуў нараканьні вашыя. 10. І калі прамаўляў Аарон да ўсяго супольства сыноў Ізраілевых, дык яны азірнуліся на пустыню, і вось, слава Гасподняя зьявілася ў воблаку. 11. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць: 12. Я пачуў нараканьні сыноў Ізраілевых; скажы ім: увечары будзеце есьці мяса, а раніцай насыціцеся хлебам - і ўведаеце, што Я Гасподзь, Бог ваш. 13. Увечары наляцелі перапёлкі і пакрылі табар, а раніцай ляжала раса наўкола табара; 14. раса паднялася, і вось, на паверхні пустыні нешта дробнае, падобнае на крупы, дробнае, як іней на зямлі. 15. І ўбачылі сыны Ізраілевыя і казалі адзін аднаму: што гэта? Бо ня ведалі, што гэта. І Майсей сказаў ім: гэта хлеб, які Гасподзь даў вам на ежу: 16. вось, што загадаў Гасподзь: зьбірайце яго кожны па столькі, колькі яму зьесьці; па гаморы на чалавека, па колькасьці душ, колькі ў каго ў намёце, зьбірайце. 17. І зрабілі так сыны Ізраілевыя і сабралі, хто многа, хто мала; 18. і мералі гаморам, і ў таго, хто сабраў многа, ня было лішняга, і ў таго, хто мала, ня было нястачы: кожны сабраў, колькі яму зьесьці. 19. І сказаў ім Майсей: ніхто не пакідай гэтага да раніцы. 20. Але не паслухаліся яны Майсея, і пакінулі ад гэтага некаторыя да раніцы, - і завяліся чэрві, і яно прасьмердла. І ўгневаўся на іх Майсей. 21. І зьбіралі яны рана раніцай, кожны колькі яму зьесьці; калі ж сагравала сонца, яно раставала. 22. А на шосты дзень сабралі хлеба ўдвая, па два гаморы на кожнага. І прыйшлі ўсе правадыры супольства і данесьлі Майсею. 23. І сказаў ім: вось, што сказаў Майсей: заўтра спакой, сьвятая субота Гасподняя, што трэба пячы, пячэце, і што трэба гатаваць, гатуйце сёньня, і што застанецца, адкладзеце і зьберажэце да раніцы. 24. І адклалі тое да раніцы, як загадаў Майсей, і яно не прасьмердла, і чарвей ня было ў ім. 25. І сказаў Майсей: ежце яго сёньня, бо сёньня субота Гасподняя: сёньня ня знойдзеце яго на полі; 26. шэсьць дзён зьбірайце яго, а ў сёмы дзень субота: ня будзе яго ў гэты дзень. 27. Але некаторыя зь людзей выйшлі ў сёмы дзень зьбіраць - і не знайшлі. 28. І сказаў Гасподзь Майсею: ці доўга вы будзеце ўхіляцца ад выкананьня загадаў Маіх і законаў Маіх? 29. глядзеце, Гасподзь даў вам суботу, таму Ён і дае ў шосты дзень хлеба на два дні: заставайцеся кожны ў сябе, ніхто ня выходзь зь мясьціны сваёй у сёмы дзень. 30. І спачываў люд у сёмы дзень. 31. І назваў дом Ізраілеў хлеб той: манна. Яна была, як каляндравае насеньне, белая, а смакам як ляпёшка зь мёдам. 32. І сказаў Майсей: вось, што загадаў Гасподзь: напоўніце гамор на захаваньне ў роды вашыя, каб вы бачылі хлеб, якім Я карміў вас у пустыні, калі вывеў вас зь зямлі Егіпецкай. 33. І сказаў Майсей Аарону: вазьмі адзін посуд, і пакладзі ў яго поўны гамор манны, і пастаў яго перад Госпадам, на захаваньне ў роды вашыя. 34. І паставіў яго Аарон перад каўчэгам сьведчаньня на захаваньне, як загадаў Гасподзь Майсею. 35. Сыны Ізраілевыя елі манну сорак гадоў, пакуль ня прыйшлі ў зямлю абжытую: манну елі яны, пакуль ня прыйшлі да межаў зямлі Ханаанскай. 36. А гамор ёсьць дзясятая частка эфы. РАЗЬДЗЕЛ 17 1. І рушыла ўсё супольства сыноў Ізраілевых з пустыні Сін у дарогу сваю, паводле загаду Гасподняга, і разьмясьцілася табарам у Рэфідыме; і ня было вады піць людзям. 2. І дакаралі людзі Майсея, і казалі: дайце нам вады піць. І сказаў ім Майсей: што вы дакараеце мяне? што спакушаеце Госпада? 3. І прагнуў там люд вады, і наракаў люд на Майсея, кажучы: навошта ты вывеў нас зь Егіпта, замарыў смагаю нас і дзяцей нашых і статкі нашыя? 4. Майсей заенчыў да Госпада і сказаў: што мне рабіць з народам гэтым? яшчэ крыху, і пабэюць мяне камянямі. 5. І сказаў Гасподзь Майсею: прайдзі перад людзьмі, і вазьмі з сабою некаторых старэйшынаў Ізраільскіх, і посах твой, якім ты ўдарыў па вадзе, вазьмі ў руку тваю, і ідзі; 6. вось, Я стану перад табою там на скале ў Харыве, і ты ўдарыш у скалу, і пойдзе зь яе вада, і будзе піць народ. І зрабіў так Майсей на вачах у старэйшынаў Ізраільскіх. 7. І даў мясьціне той назву: Маса і Мэрыва*, з прычыны дакараньня сыноў Ізраілевых, і таму, што яны спакушалі Госпада, кажучы: ці ёсьць Гасподзь сярод нас, ці няма? 8. І прыйшлі Амалікіцяне і ваявалі зь Ізраільцянамі ў Рэфідыме. 9. Майсей сказаў Ісусу: выберы нам мужоў і ідзі біцца з Амалікіцянамі: заўтра я стану на вяршыні пагорка, і жазло Божае будзе ў руцэ маёй. 10. І зрабіў Ісус, як сказаў яму Майсей, і пайшоў біцца з Амалікіцянамі; а Майсей і Аарон і Ор узышлі на верх пагорка. 11. І калі Майсей падымаў рукі свае, адольваў Ізраіль, а калі апускаў рукі свае, адольваў Амалік; 12. але рукі Майсеевыя ацяжэлі, і тады ўзялі камень і падклалі пад яго, і ён сеў на ім, а Аарон і Ор падтрымлівалі рукі ягоныя, адзін з аднаго, а другі з другога боку. І былі рукі яго паднятыя аж да захаду сонца. 13. І скінуў Ісус Амаліка і народ ягоны лязом мяча. 14. І сказаў Гасподзь Майсею: напішы гэта на памяць у кнігу і давядзі Ісусу, што Я цалкам згладжу памяць пра Амалікіцянаў з паднябеснай. 15. І зладзіў Майсей ахвярнік і даў яму назву: Ягова Нісі**, 16. бо, сказаў ён, рука на троне Госпада: бітва ў Госпада супроць Амаліка з роду ў род. * Спакушэньне і нараканьне ** Гасподзь сьцяг мой РАЗЬДЗЕЛ 18 1. І пачуў Ётор, сьвятар Мадыямскі, цесьць Майсееў, пра ўсё, што зрабіў Бог Майсею і Ізраілю, народу Свайму, калі вывеў Гасподзь Ізраіля зь Егіпта, 2. і ўзяў Ётор, цесьць Майсееў, Сэпфору, жонку Майсеевую, якая перад тым была вернутая, 3. і двух сыноў яе, аднаму зь якіх імя Гірсам, бо казаў Майсей: я прыхадзень у зямлі чужой; 4. а другому імя Эліезэр, бо Бог бацькі майго быў за памочніка і выбавіў мяне ад меча фараонавага 5. І прыйшоў Ётор, цесьць Майсееў, з сынамі ягонымі і жонкаю ягонаю да Майсея ў пустыню, дзе ён стаў табарам каля гары Божай, 6. і даў знак Майсею: я цесьць твой Ётор, іду да цябе, і жонка твая, і два сыны яе зь ёю. 7. Майсей выйшаў насустрач цесьцю свайму, і пакланіўся, і цалаваў яго, і пасьля ўзаемнага прывітаньня яны ўвайшлі ў намёт. 8. І расказаў Майсей цесьцю свайму пра ўсё, што зрабіў Гасподзь з фараонам і зь Егіпцянамі за Ізраіля, і пра ўсе цяжкасьці, якія спаткаліся ім на дарозе, і як уратаваў іх Гасподзь. 9. Ётор радаваўся за ўсе дабрачынствы, якія Гасподзь учыніў Ізраілю, калі выратаваў яго з рукі Егіпцянаў, 10. і сказаў Ётор: дабраславёны Гасподзь, Які выратаваў вас з рукі Егіпцянаў і з рукі фараонавай, Які выратаваў народ гэты з-пад улады Егіпцянаў, 11. сёньня даведаўся я, што Гасподзь вялікі большы за ўсіх багоў, у тым самым, чым яны ўзносіліся над Егіпцянамі. 12. І прынёс Ётор, цесьць Майсееў, цэласпаленьне і ахвяры Богу; і прыйшоў Аарон і ўсе старэйшыны Ізраілевыя есьці хлеб зь цесьцем Майсеевым перад Богам. 13. На другі дзень сеў Майсей судзіць людзей, і стаялі людзі перад Майсеем з раніцы да вечара. 14. І бачыў цесьць Майсееў усё, што ён робіць зь людзьмі, і сказаў: што гэта такое робіш ты зь людам? навошта ты сядзіш адзін, а ўсе людзі стаяць перад табою з раніцы да вечара? 15. І сказаў Майсей цесьцю свайму: народ прыходзіць да мяне прасіць суду ў Бога: 16. калі здараецца ў іх якая справа, яны прыходзяць да мяне, і я суджу між тым і другім і абвяшчаю статуты Божыя і законы Ягоныя. 17. Але цесьць Майсееў сказаў яму: нядобра ты гэта робіш: 18. ты змучыш і сябе і народ гэты, які з табою, бо надта цяжкая табе гэтая справа: ты адзін ня можаш выпраўляць яе; 19. дык вось, паслухай слоў маіх: я дам табе раду, і будзе Бог з табою: будзь ты народу пасярэднікам перад Богам і прадстаўляй Богу дзеі; 20. вучы іх пастановам і законам, паказвай ім дарогу, па якой яны павінны ісьці, і справы, якія яны павінны рабіць; 21. а ты нагледзь з усяго народу людзей здольных, якія баяцца Бога, людзей праўдзівых, якія ненавідзяць карысьлівасьць, і пастаў над ім тысячнікамі, сотнікамі, пяцідзясяцкімі; 22. хай яны судзяць народ у любы час і пра ўсякую важную справу даносяць табе, а ўсе малыя справы судзяць самыя: і будзе табе лягчэй, і яны панясуць з табою цяжар: 23. калі ты зробіш гэта, і Бог скажа табе, дык ты можаш устояць, і ўвесь народ гэты будзе адыходзіць у сваю мясьціну зь мірам. 24. І паслухаўся Майсей цесьцевых слоў і зрабіў усё, што той казаў: 25. і выбраў Майсей з усяго Ізраіля здольных людзей і паставіў іх начальнікамі народу, тысячнікамі, сотнікамі, пяцідзясяцкімі і дзясяцкімі, 26. і судзілі яны народ у любы час; пра справы важныя даносілі Майсею, а ўсе малыя справы судзілі самыя. 27. і адпусьціў Майсей цесьця свайго, і ён пайшоў у зямлю сваю. РАЗЬДЗЕЛ 19 1. На трэцім месяцы пасьля выхаду сыноў Ізраіля зь зямлі Егіпецкай, у самы дзень маладзіка, прыйшлі яны ў пустыню Сінайскую. 2. І рушылі яны з Рэфідыма, і прыйшлі ў пустыню Сінайскую, і сталі там табарам у пустыні: і стаў там Ізраіль табарам насупраць гары. 3. Майсей узышоў да Бога, і заклікаў яго Гасподзь з гары, кажучы: так скажы дому Якава і абвясьці сынам Ізраіля: 4. вы бачылі, што Я зрабіў Егіпцянам, і як Я насіў вас на арліных крылах, і прынёс вас да Сябе; 5. дык вось, калі вы будзеце слухацца голасу Майго і шанаваць запавет Мой, дык будзеце Маім скарбам з усіх народаў, бо Мая ўся зямля, 6. а вы будзеце ў Мяне царствам сьвятароў і народам сьвятым; вось словы, якія ты скажаш сынам Ізраілевым. 7. І прыйшоў Майсей і склікаў старэйшынаў народу і прапанаваў ім усе гэтыя словы, якія наказаў яму Гасподзь. 8. І ўвесь народ адказаў у адзін голас, кажучы: усё, што сказаў Гасподзь, выканаем. І данёс Майсей словы народу да Госпада. 9. І сказаў Гасподзь Майсею: вось, Я прыйду да цябе ў густым воблаку, каб чуў народ, як Я буду гаварыць з табою, і паверыў табе назаўсёды. І Майсей абвясьціў словы народу да Госпада. 10. І сказаў Гасподзь Майсею: ідзі да народу, і асьвяці яго сёньня і заўтра; хай вымыюць вопратку сваю, 11. каб быць гатовымі да трэцяга дня: бо на трэці дзень сыйдзе Гасподзь на вачах ва ўсяго народу на гару Сінай; 12. і правядзі народу рысу з усіх бакоў і скажы: сьцеражэцеся ўзыходзіць на гару і дакранацца да падножжа яе: кожны, хто дакранецца да гары, аддадзены будзе сьмерці; 13. хай рука не дакранецца да яго, а хай пабэюць яго камянямі, альбо застрэляць стралою; хай то быдла, хай чалавек, а хай не застанецца жывы; у час працяглага трубнага гуку, могуць яны ўзысьці на гару. 14. І сышоў Майсей з гары да людзей і асьвяціў людзей, і яны вымылі вопратку сваю. 15. І сказаў народу: будзьце гатовыя да трэцяга дня; не дакранайцеся да жонак. 16. На трэці дзень, як занялася раніца, былі грымоты і маланкі, і густая хмара над гарою і трубны гук даволі моцны: і затрымцеў увесь народ, які быў у табары. 17. І вывеў Майсей людзей з табара насустрач Богу, і сталі каля падножжа гары. 18. А гара Сінай уся дымілася ад таго, што Гасподзь сышоў на яе ў агні; і падымаўся ад яе дым, як дым зь печы, і ўся гара моцна хісталася: 19. і гук трубны рабіўся мацнейшы і мацнейшы. Майсей гаварыў, і Бог адказваў яму голасам. 20. І сышоў Гасподзь на гару Сінай, на вяршыню гары, і заклікаў Гасподзь Майсея на вяршыню гары, і ўзышоў Майсей. 21. І сказаў Гасподзь Майсею: сыйдзі і пацьвердзі народу, каб ён не парываўся да Госпада ўбачыць Яго, і каб не загінулі многія зь яго: 22. а сьвятары, якія набліжаюцца да Госпада, павінны асьвяціць сябе, каб ня ўразіў іх Гасподзь. 23. І сказаў Майсей Госпаду: ня можа народ узысьці на гару Сінай: бо Ты папярэдзіў нас, сказаўшы: правядзі мяжу вакол гары і асьвяці яе. 24. І Гасподзь сказаў яму: ідзі, сыйдзі, потым узыйдзі ты і з табою Аарон: а сьвятары і народ няхай не парываюцца ўзыходзіць да Госпада, каб Гасподзь ня ўразіў іх. 25. І сышоў Майсей да людзей і пераказаў ім. РАЗЬДЗЕЛ 20 1. І прамовіў Бог усе словы гэтыя, кажучы: 2. Я Гасподзь, Бог твой, Які вывеў цябе зь зямлі Егіпецкай, з дома рабства; 3. хай ня будзе ў цябе іншых багоў перад абліччам Маім. 4. Не рабі сабе куміра і ніякай выявы таго, што на небе ўгары, і што на зямлі ўнізе і што ў вадзе ніжэй зямлі; 5. не пакланяйся ім і ня служы ім, бо Я Гасподзь, Бог твой, Бог руплівец, Які карае дзяцей за віну бацькоў да трэцяга і чацьвёртага роду, што ненавідзяць мяне, 6. і Які чыніць мілату тысячам родаў, што любяць Мяне і шануюць запаведзі Мае. 7. Не вымаўляй імя Госпада, Бога твайго, марна, бо Гасподзь не пакіне без пакараньня таго, хто вымаўляе імя Яго марна. 8. Але памятай дзень суботні, каб сьвяціць яго; 9. шэсьць дзён працуй і рабі ўсякія дзеі твае, 10. а дзень сёмы - субота Госпаду, Богу твайму: не рабі ў гэты ніякай працы ні ты, ні сын твой, ні дачка твая, ні раб твой, ні рабыня твая, ні быдла тваё, ні прыхадзень, які ў брамах тваіх; 11. бо за шэсьць дзён стварыў Гасподзь неба і зямлю, мора і ўсё, што ў іх, а ў дзень сёмы спачыў; таму дабраславіў Гасподзь дзень суботні і асьвяціў яго. 12. Шануй бацьку твайго і маці тваю, каб падоўжыліся дні твае на зямлі, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе. 13. Не забівай. 14. Ня чыні пералюбу. 15. Ня крадзь. 16. Не кажы ілжывага сьведчаньня на блізкага твайго. 17. Ня прагні дому блізкага твайго; ня прагні жонкі блізкага твайго, ні раба ягонага, ні рабыні ягонай, ні вала ягонага, ні асла ягонага, нічога, што ў блізкага твайго. 18. Увесь народ бачыў грымоты і полымя, і гук трубны і гару, што дымілася; і ўбачыўшы тое, народ адступіў і спыніўся спадалёк. 19. І сказалі Майсею: гавары ты з намі, і мы будзем слухаць, але каб не гаварыў з намі Бог, каб нам не памерці. 20. І сказаў Майсей народу: ня бойцеся; Бог прыйшоў, каб выпрабаваць вас і каб страх Ягоны быў перад абліччам вашым, каб вы не грашылі. 21. І стаяў народ спадалёк, а Майсей уступіў у змрок, дзе Бог. 22. І сказаў Гасподзь Майсею: так скажы сынам Ізраілевым: вы бачылі, як Я зь неба казаў вам; 23. не рабеце перад Мною багоў срэбраных, альбо багоў залатых не рабеце сабе: 24. зрабі мне ахвярнік зь зямлі і прынясі на ім цэласпаленьні твае і мірныя ахвяры твае, авечак тваіх і валоў тваіх; на кожным месцы, дзе Я ўчыню памяць імя Майго, Я прыйду да цябе і дабраслаўлю цябе; 25. калі ж будзеш рабіць Мне ахвярнік з камянёў, дык не кладзі яго з часовых, бо як толькі накладзеш на іх разец твой, дык апаганіш іх; 26. і ня ўзыходзь па прыступках да ахвярніка Майго, каб не адкрылася пры ім сарамата твая. РАЗЬДЗЕЛ 21 1. І вось законы, якія ты абвесьціш ім: 2. Калі купіш раба Габрэя, няхай ён працуе шэсьць гадоў, а на сёмы няхай выйдзе на волю задарам; 3. калі ён прыйшоў адзін, няхай адзін і выйдзе; а калі ён жанаты, няхай выйдзе зь ім і жонка ягоная; 4. а калі гаспадар ягоны даў яму жонку і яна нарадзіла яму сыноў, альбо дочак, дык жонка і дзеці яе няхай застануцца ў гаспадара яе, а ён выйдзе адзін; 5. але калі раб скажа: люблю гаспадара майго, жонку маю і дзяцей маіх, не пайду на волю, - 6. дык няхай гаспадар ягоны прывядзе яго да багоў і паставіць яго да дзьвярэй, альбо да вушака, і праколе яму гаспадар ягоны вуха шылам, і ён застанецца рабом ягоным вечна. 7. Калі хто прадасьць дачку сваю ў рабыні, дык яна ня можа выйсьці, як выходзяць рабы; 8. калі яна не да спадобы гаспадару свайму і ён не заручыць яе, няхай дазволіць выкупіць яе; а чужому народу прадаць яе ня мае ўлады, калі сам пагардзіў ёю; 9. калі ён заручыць яе з сынам сваім, няхай зробіць зь ёю паводле права дочак; 10. калі ж другую возьме за яго, дык яна не павінна пазбаўляцца ежы, вопраткі і шлюбнага сужыцьця; 11. а калі ён гэтых трох рэчаў ня зробіць дзеля яе, няхай яна выйдзе задарам, бяз выкупу. 12. Хто ўдарыць чалавека так, што той памрэ, хай будзе аддадзены сьмерці; 13. але калі хто не намышляў ліхога, а Бог дапусьціў яму трапіць пад рукі ягоныя, дык Я назначу ў цябе мясьціну, куды ўцячы; 14. а калі хто з намерам забэе блізкага падступна, дык і ад ахвярніка Майго бяры яго на сьмерць. 15. Хто ўдарыць бацьку свайго, альбо сваю маці, таго трэба аддаць сьмерці. 16. Хто ўкрадзе чалавека і прадасьць яго, альбо знойдзецца ён у руках у яго, дык трэба аддаць яго сьмерці. 17. Хто ліхасловіць бацьку свайго, альбо маці сваю, таго трэба аддаваць сьмерці. 18. Калі сварацца, і адзін чалавек ударыць другога каменем, альбо кулаком, і той не памрэ, а ляжа ў пасьцель, 19. дык, калі ён падымецца і будзе выходзіць з дому з дапамогаю кія, той, хто ўдарыў, ня будзе варты сьмерці; толькі няхай сплаціць перапынак у яго працы і дасьць на лекаваньне яго. 20. А калі хто ўдарыць раба свайго, альбо служанку сваю палкаю, і яны памруць пад рукой ягонай, дык ён павінен быць пакараны; 21. але калі яны дзень альбо два дні перажывуць, дык ня трэба караць яго, бо гэта яго срэбра. 22. Калі бэюцца людзі, і ўдараць цяжарную жанчыну, і яна выкіне, але ня будзе іншае шкоды, дык узяць зь вінаватага збор грашмі, які накладзе на яго муж тае жанчыны, і ён павінен заплаціць яму пры судзьдзях; 23. а калі будзе шкода, дык аддай душу за душу, 24. вока за вока, зуб за зуб, руку за руку, нагу за нагу, 25. апёк за апёк, рану за рану, сіняк за сіняк. 26. Калі хто раба свайго ўдарыць у вока, альбо служанку сваю ў вока, і пашкодзіць яго, хай пусьціць іх на волю за вока; 27. і калі выбэе зуб рабу свайму, альбо рабыні сваёй, хай пусьціць іх на волю за зуб. 28. Альбо вол забадае мужчыну, альбо жанчыну да сьмерці, дык вала пабіць камянямі і мяса яго ня есьці; а гаспадар вала не вінаваты; 29. але калі вол бадлівы быў і ўчора і заўчора, і гаспадар ягоны, папярэджаны пра гэта, не вартаваў яго, а ён забіў мужчыну, альбо жанчыну, дык вала пабіць камянямі і гаспадара яго аддаць сьмерці; 30. калі на яго накладзены будзе выкуп, няхай дасьць выкуп за душу сваю, які накладзены будзе на яго. 31. Ці сына забадае, ці дачку забора, - паводле гэтага закона рабіць зь ім. 32. Калі вол забадае раба альбо рабыню, дык гаспадару іх заплаціць трыццаць сікляў срэбра, а вала пабіць камянямі. 33. Калі хто адкрые яму, альбо калі выкапае яму і не накрые яе, і ўпадзе ў яе вол, альбо асёл, 34. дык гаспадар ямы павінен заплаціць, аддаць срэбра гаспадару іхняму, а туша будзе ягоная. 35. Калі чый-небудзь вол забадае да сьмерці вала ў суседа яго, няхай прададуць жывога вала і падзеляць папалам цану яго; забітага таксама няхай падзеляць папалам; 36. а калі вядома было, што вол бадлівы быў і ўчора і заўчора, а гаспадар ягоны не вартаваў яго, дык павінен ён заплаціць вала за вала, а забіты будзе ягоны. РАЗЬДЗЕЛ 22 1. Калі хто ўкрадзе вала, альбо прадасьць, дык пяць валоў заплаціць за вала і чатыры авечкі за авечку. 2. Калі хто застане злодзея, які падкопваецца, і ўдарыць яго так, што той памрэ, дык кроў не залічыцца на яго; 3. але калі ўзышло над ім сонца, дык залічыцца на ім кроў. Хто ўкраў, павінен заплаціць; а калі няма чым, дык няхай прададуць яго на плату за ўкрадзенае ім; 4. калі ўкрадзенае знойдзецца ў яго ў руках жывым, ці то вол, ці асёл, ці авечка, хай заплаціць удвая. 5. Калі хто паглуміць поле, альбо вінаграднік, пусьціўшы быдла сваё глуміць чужое поле, няхай адшкадуе лепшым з поля свайго і лепшым зь вінаградніка свайго. 6. Калі зьявіцца агонь і ахопіць пожню і выпаліць капіцы, альбо жніво, альбо поле, дык павінен заплаціць, хто ўчыніў гэты пажар, удвая; 7. Калі хто аддасьць блізкаму на захаваньне срэбра, альбо рэчы, і яны ўкрадзены будуць з дому ягонага, дык, калі знойдзецца злодзей, няхай ён заплаціць удвая; 8. а калі ня знойдзецца злодзей, няхай гаспадар дома прыйдзе да судзьдзяў і прысягне, што не прасьцёр рукі сваёй на ўласнасьць блізкага свайго. 9. Пра ўсякую спрэчную рэч, пра вала, пра асла, пра авечку, пра вопратку, пра ўсякую згубленую рэч, пра якую хто-небудзь скажа, што яна ягоная, справа абодвух павінна быць даведзена да судзьдзяў: каго зьвінавацяць судзьдзі, той заплаціць блізкаму свайму ўдвая. 10. Калі хто аддасьць блізкаму свайму асла, альбо вала, альбо авечку, альбо якое-небудзь іншае быдла на захаваньне, а ён памрэ, альбо будзе пашкоджаны, альбо зьведзены, так што ніхто гэтага ня ўбачыць, - 11. прысяга перад Госпадам хай будзе паміж абодвума пра тое, што той, хто ўзяў, не працягне рукі сваёй на ўласнасьць блізкага свайго; і гаспадар павінен прыняць, а той ня будзе плаціць; 12. а калі ўкрадзены будзе ў яго, дык павінен заплаціць гаспадару ягонаму; 13. калі ж будзе зьверам разадраны, дык няхай за доказ пакажа разадранае: за разадранае ён ня плаціць. 14. Калі хто пазычыць у блізкага свайго быдла, і яно будзе пашкоджана, альбо памрэ, а гаспадара яго ня было пры ім, дык павінен заплаціць; 15. а калі гаспадар ягоны быў пры ім, дык не павінен плаціць; калі ён узяты быў у наймы за грошы, дык няхай і пойдзе за тую цану. 16. Калі спакусіць хто дзяўчыну заручаную і перасьпіць зь ёю, няхай дасьць ёй вена і возьме сабе за жонку; 17. а калі бацька ня згодзіцца выдаць яе за яго, няхай заплаціць срэбрам, колькі належыць на вена дзяўчатам. 18. Варажбіткі не пакідай жывою. 19. Кожны скаталожнік хай будзе аддадзены сьмерці. 20. Той, хто прыносіць ахвяру божышчам, акрамя аднаго Госпада, хай будзе зьнішчаны. 21. Прыхадня ня ўціскай і не прыгнятай яго, бо вы самыя былі прыхадні ў зямлі Егіпецкай. 22. Ні ўдавы, ні сіраты ня ўціскайце; 23. калі ж ты ўцісьнеш іх, дык, калі яны залямантуюць да Мяне, Я пачую лямант іхні, 24. і запалае гнеў Мой, і забэю вас мечам, і будуць жонкі вашыя ўдовамі і дзеці вашыя сіротамі. 25. Калі пазычыш грошы беднаму з народу Майго, дык ня ўціскай яго і не накладвай на яго ліхвы. 26. Калі возьмеш у заклад вопратку блізкага твайго, да захаду сонца аддай яе, 27. бо яна адзінае покрыва ў яго, яна - адзеньне цела ягонага, у чым будзе ён спаць? дык вось, калі ён залямантуе да Мяне, Я пачую, бо Я міласэрны. 28. Судзьдзяў не ліхаслові і правадыра ў народзе тваім ня ганьбі. 29. Не марудзь прыносіць пачаткі з гумна твайго і з чавільні тваёй; аддавай Мне першынца з сыноў тваіх; 30. тое самае рабі з валом тваім і з авечкаю тваёю: сем дзён няхай яны будуць пры маці сваёй, а восьмага дня аддавай іх Мне. 31. І будзеце ў Мяне людзьмі сьвятымі; і мяса, разадранага зьверам у полі, ня ежце, сабакам выкідайце яго. РАЗЬДЗЕЛ 23 1. Не зважай на пустыя чуткі, не давай рукі тваёй бязбожніку, каб ня быць сьведкам няпраўды. 2. Ня йдзі за большасьцю на благое і не вырашай цяжбіны, адступаючы з большасьцю ад праўды; 3. і беднаму не патурай у цяжбіне ягонай. 4. Калі знойдзеш вала ворага твайго, альбо асла ягонага, які заблудзіўся, прывядзі яго да яго; 5. калі ўбачыш асла ворага твайго, што ўпаў пад ношкаю сваёю, дык не пакідай яго: разгрузі яго і заставайся разам зь ім. 6. Ня судзі навыварат цяжбіны беднага твайго. 7. Адыходзь далей ад няпраўды і не забівай невінаватага і справядлівага, бо я не апраўдаю благога. 8. Дарункаў ня прымай, бо дарункі сьляпымі робяць відушчых і перакручваюць словы справядлівых. 9. Прыхадня ня крыўдзі: вы ведаеце душу прыхадня, бо самыя былі прыхаднямі ў зямлі Егіпецкай. 10. Шэсьць гадоў засявай зямлю тваю і зьбірай плён яе, 11. а ў сёмы пакідай яе ў спакоі, каб карміліся гаротныя з народу твайго, а рэштаю пасьля іх карміліся зьвяры польныя; гэтак сама рабі зь вінаграднікам тваім і з аліўнікам тваім. 12. Шэсьць дзён рабі справы твае, а ў сёмы дзень супакойся, каб адпачыў вол твой і асёл твой, і супакоіўся сын рабыні тваёй і прыхадзень. 13. Шануйце ўсё, што Я сказаў вам, і імя іншых багоў не спамінайце; хай ня чуецца яно з вуснаў тваіх. 14. Тры разы на год сьвяткуй Мне: 15. сьвяткуй сьвята праснакоў: сем дзён еж прэсны хлеб, як Я загадаў табе, у прызначаны час месяца Авіва, бо ў той час ты выйшаў зь Егіпта; і хай не зьяўляюцца прад аблічча Маё з пустымі рукамі; 16. сьвяткуй і сьвята жніва першых пладоў працы тваёй, якія ты сеяў на полі, і сьвята збору пладоў у канцы года, калі зьбярэш з поля працу тваю. 17. Тры разы на год павінен зьяўляцца ўвесь мужчынскі пол твой перад аблічча Ўладыкі, Госпада. 18. Не вылівай крыві ахвяры Маёй на квашанае, і тлушч ад сьвяточнай ахвяры Маёй не павінен заставацца да раніцы. 19. Пачаткі пладоў зямлі тваёй прынось у дом Госпада, Бога твайго. Не гатуй казьляня ў малацэ маці ягонай. 20. Вось, я пасылаю перад табою анёла ахоўваць цябе на дарозе і ўвесьці цябе ў тую мясьціну, якую Я падрыхтаваў; 21. пільнуй сябе перад абліччам ягоным, і слухай голасу ягонага; не паўставай супроць яго, бо ён не даруе грэху вашага, бо імя Маё ў ім. 22. Калі ты будзеш слухацца голасу ягонага і выконваць усё, што скажу, дык буду ворагам ворагаў тваіх і супраціўцам супраціўцаў тваіх. 23. Калі пойдзе перад табою анёл Мой і павядзе цябе да Амарэяў, Хэтэяў, Фэрэзэяў, Хананэяў, Эвэяў і Евусэяў, і зьнішчу іх, 24. дык не пакланяйся багам іхнім, і ня служы ім, і не пераймайся дзеямі іхнімі, скрышы іх і разбуры помнікі іхнія: 25. служэце Госпаду, Богу вашаму, і ён дабраславіць хлеб твой і ваду тваю; і ўхілю ад вас хваробы. 26. Ня будзе ў зямлі тваёй такіх, што без пары родзяць, і няплодных; лік дзён тваіх зраблю поўным. 27. Жудасьць Маю пашлю перад табою, і зьбянтэжу кожны народ, да якога ты прыйдзеш і буду адварочваць ад цябе ўсіх ворагаў тваіх; 28. пашлю перад табою шаршнёў, і яны пагоняць ад твару твайго Эвэяў, Хананэяў і Хэтэяў; 29. не праганю іх ад твару твайго за адзін год, каб зямля не зрабілася пустая і не памножыліся супроць цябе зьвяры польныя: 30. спакваля буду праганяць іх ад цябе, пакуль не памножышся і ня возьмеш у валоданьне зямлі гэтай. 31. Правяду межы твае ад мора Чэрмнага да мора Філістымскага і ад пустыні да ракі, бо перадам у рукі вашыя жыхароў гэтай зямлі, і прагоніш іх ад твару твайго; 32. не рабі ўмовы ні зь імі, ні з багамі іхнімі; 33. не павінны яны жыць у зямлі тваёй, каб яны не ўвялі цябе ў грэх супроць Мяне; бо калі ты будзеш служыць багам іхнім, дык гэта будзе табе сеткаю. РАЗЬДЗЕЛ 24 1. І Майсею сказаў Ён: узыдзі да Госпада ты і Аарон, Надаў і Авіуд і семдзесят старэйшынаў Ізраілевых, і пакланецеся здалёк; 2. Майсей адзін няхай наблізіцца да Госпада, а яны няхай не набліжаюцца, і народ хай не падымаецца зь ім. 3. І прыйшоў Майсей і пераказаў людзям усе словы Гасподнія і ўсе законы. І адказаў увесь люд у адзін голас і сказалі: усё, што сказаў Гасподзь, зробім. 4. І напісаў Майсей усе словы Гасподнія, і ўстаўшы з самае раніцы, паставіў пад гарою ахвярнік і дванаццаць камянёў, паводле ліку дванаццаці плямёнаў Ізраілевых; 5. і паслаў хлопцаў з сыноў Ізраілевых, і прынесьлі яны цэласпаленьні і закалолі цялят у мірную ахвяру Госпаду. 6. Майсей, узяўшы палавіну крыві, уліў у чары, а другою палавінаю акрапіў ахвярнік; 7. і ўзяў кнігу запавету і прачытаў уголас люду, і сказалі яны: усё, што сказаў Гасподзь, зробім і будзем паслухмяныя. 8. І ўзяў Майсей крыві і акрапіў народ, кажучы: вось кроў запавету, які Гасподзь склаў з вамі пра ўсе словы гэтыя. 9. Потым узышоў Майсей і Аарон, Надаў і Авіуд і семдзесят старэйшынаў Ізраілевых, 10. і бачылі Бога Ізраілевага; і пад нагамі ў Яго нешта падобнае на твор з чыстага сапфіру і, як самое неба, яснае. 11. І Ён не прасьцёр рукі Сваёй на выбраных з сыноў Ізраілевых: яны бачылі Бога, і елі і пілі. 12. І сказаў Гасподзь Майсею: узыдзі да Мяне на гару і будзь там; і дам табе скрыжалі каменныя, і закон і запаведзі, якія Я напісаў, каб навучыцца іх. 13. І ўстаў Майсей зь Ісусам, службітам сваім, і пайшоў Майсей на гару Божую, 14. а старэйшынам сказаў: заставайцеся тут, пакуль мы ня вернемся да вас; вось Аарон і Ор з вамі; хто будзе мець клопат які, хай прыходзіць да іх. 15. І ўзышоў Майсей на гару, і пакрыла воблака гару, 16. і слава Гасподняя асяніла гару Сінай; і пакрывала яе воблака шэсьць дзён, а ў сёмы дзень Гасподзь усклікнуў Майсею зь сярэдзіны воблака. 17. А выгляд славы Гасподняй на вяршыні гары быў перад вачыма сыноў Ізраілевых, як агонь паглынальны. 18. І ўвайшоў Майсей у сярэдзіну воблака, і ўзыйшоў нагару; і быў Майсей на гары сорак дзён і сорак ночаў. РАЗЬДЗЕЛ 25 1. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць: 2. скажы сынам Ізраілевым, каб яны зрабілі Мне прынашэньне ад кожнага чалавека, у якога будзе руплівасьць, прымайце прынашэньне Мне. 3. Вось прынашэньні, якія вы павінны прымаць ад іх: золата, і срэбра і медзь, 4. і воўну блакітную, пурпуровую і чырванёную, і вісон, і казіную поўсьць, 5. і скуры барановыя чырвоныя, і скуры сінія, і дрэвы сітым, 6. алей у сьвяцільні, пахошчы ў алей памазаньня і дзеля пахучага каджэньня. 7. камень анікс і камяні на аздобу эфода* і на нагруднік. 8. І ўладзяць яны Мне сьвятыню, і буду жыць сярод іх; 9. усё зрабеце, як Я паказваю табе, і ўзор скініі і ўзор усяго посуду яе; так і зрабеце. 10. Зрабеце каўчэг з дрэва сітым; даўжыня яго два локці з палавінаю, і шырыня яго паўтара локця, і вышыня яго паўтара локця; 11. і абкладзі яго чыстым золатам, зь сярэдзіны і звонку пакрый яго; і зрабі зьверху вакол яго залаты вянок; 12. і вылі для яго чатыры колцы залатыя і ўмацуй на чатырох ніжніх вуглах яго: два колцы з аднаго боку яго, два з другога боку яго. 13. Зрабі з дрэва сітым жэрдкі і абкладзі іх золатам; 14. і ўкладзі жэрдкі ў колцы, з бакоў каўчэга, каб з дапамогаю іх несьці каўчэг; 15. у колцах каўчэга павінны быць жэрдкі і не павінны адымацца ад яго. 16. І пакладзі ў каўчэг адкрыцьцё, якое Я дам табе. 17. Зрабі таксама вечка з чыстага золата: даўжыня яго два локці з палавінаю, а шырыня яго паўтара локця; 18. і зрабі з золата двух херувімаў: чаканнага вырабу зрабі іх на абодвух канцах вечка; 19. зрабі аднаго херувіма з аднаго краю, а другога херувіма з другога краю; пукатымі зь вечка зрабеце херувімаў на абодвух краях яго; 20. і будуць херувімы з паднятымі ўгору крыламі, пакрываючы сваімі крыламі вечка, а тварамі сваімі будуць адзін да аднаго; да вечка будуць твары херувімаў. 21. І пакладзі вечка на каўчэг згары, а ў каўчэг пакладзі адкрыцьцё, якое Я дам табе: 22. там Я буду адкрывацца табе і гутарыць з табою над вечкам, сярод двух херувімаў, якія над каўчэгам адкрыцьця, пра ўсё, што толькі буду наказваць празь цябе сынам Ізраілевым. 23. І зрабі стол з дрэва сітым, даўжынёю ў два локці, шырынёю ў локаць, а вышынёю ў паўтара локця, 24. і абкладзі яго золатам чыстым, і зрабі вакол яго залаты вянок; 25. і зрабі вакол яго сьценкі ў далоню і каля сьценак яго зрабі залаты вянок вакол; 26. і зрабі для яго чатыры колцы залатыя і ўмацуй колцы на чатырох вуглах каля чатырох ножак яго; 27. пры сьценках павінны быць колцы, каб укладваць жэрдкі, каб насіць на іх стол; 28. а жэрдкі зрабі з дрэва сітым і абкладзі іх золатам, і будуць насіць на іх гэты стол; 29. зрабі таксама для яго місы, кадзільніцы, чары і кубкі, каб паліваць зь іх: з золата чыстага зрабі іх; 30. і кладзі на стол хлябы ахвярныя прад абліччам Маім увесь час. 31. І зрабі сьвяцільню з золата чыстага; чаканная павінна быць гэтая сьвяцільня; сьцябло яе, галіны яе, чарачкі яе, яблыкі яе і кветкі яе павінны выходзіць зь яе; 32. шэсьць галін павінны выходзіць з бакоў яе: тры галіны сьвяцільні з аднаго боку яе і тры галіны зь сьвяцільні з другога боку яе; 33. тры чарачкі накшталт міндальнай кветкі, зь яблыкам і кветкамі, павінны быць на адной галіне, і тры чарачкі накшталт міндальнай кветкі, на другой галінцы, зь яблыкамі і кветкамі: так на ўсіх шасьці галінах, якія выходзяць са сьвяцільні; 34. а на сьцяблах сьвяцільні павінны быць чатыры чарачкі накшталт міндальнай кветкі зь яблыкамі і кветкамі; 35. у шасьці галін, што выходзяць са сьцябла сьвяцільні, яблык пад дзьвюма галінамі яе, і яблык пад другімі дзьвюма галінамі, і яблык пад трэцімі дзьвюма галінамі яе; 36. яблыкі і галіны іх зь яе павінны выходзіць: уся павінна быць чаканная, цэльная, з чыстага золата. 37. і зрабі да яе сем лампад, і пастаў на яе лампады яе, каб сьвяцілі на відавы бок яе; 38. і абцугі да яе і латкі да яе з чыстага золата; 39. з таланту золата чыстага хай зробяць яе з усімі гэтымі прычындаламі. 40. Глядзі, зрабі іх паводле таго ўзору, які паказаны табе на гары. * Верхняя кароткая вопратка РАЗЬДЗЕЛ 26 1. А скінію зрабі зь дзесяці заслонаў з суканага вісону, і з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны, і херувімаў зрабі на іх майстэрскаю працаю; 2. даўжыня кожнай заслоны дваццаць восем локцяў, а шырыня кожнага заслоны чатыры локці: мера адна ўсім заслонам. 3. Пяць заслонаў няхай будуць злучаны адна з адной, і іншыя пяць заслонаў злучаны адно з адным. 4. Зрабі петлі блакітнага колеру на краі першай заслоны ў канцы, які злучае абедзьве палавіны; так зрабі і на краі апошняй заслоны, якая злучае абедзьве палавіны; 5. пяцьдзясят петляў зрабі ў адной заслоны і пяцьдзясят петляў зрабі на краі заслоны, якая злучаецца зь іншымі; петлі павінны адпавядаць адна адной; 6. і зрабі пяцьдзясят гачыкаў залатых і гачыкамі злучы заслону адну з адной, і будзе скінія адно цэлае. 7. І зрабі заслоны з казінае воўны, каб пакрываць скінію; адзінаццаць пакрывалаў зрабі такіх; 8. даўжыня адной заслоны трыццаць локцяў, а шырыня чатыры локці; гэта адна заслона; у адзінаццаці заслонах адна мера. 9. і злучы пяць заслонаў асобна і шэсьць заслонаў асобна; і шостую заслону зрабі падвойную зь відавога боку скініі. 10. Зрабі пяцьдзясят петляў на краі крайняй заслоны, каб злучаць яе зь іншай, і пяцьдзясят петляў на краі другой заслоны, каб злучаць зь ім; 11. зрабі пяцьдзясят гачыкаў медных, і ўкладзі гачыкі ў петлі, і злучы заслону, каб яна складала адну. 12. А лішак, які застаецца ад заслонаў скініі, - палавіна лішняй заслоны хай будзе зьвешана на тыльным баку скініі; 13. а лішак ад заслоны скініі, на локаць з аднаго і на локаць з другога боку, хай будзе зьвешаны з бакоў скініі з таго і з другога боку, для пакрываньня яе. 14. І зрабі века для пакрываньня са скур барановых чырвоных і яшчэ заслону верхнюю са скур сініх. 15. І зрабі брусы для скініі з дрэва сітым, каб яны стаялі: 16. даўжынёю ў дзесяць локцяў брус, і паўтара локця кожнаму брусу шырыня; 17. у кожным брусе па дзьве восьці, адну насупраць другое: так зрабі на ўсіх брусах скініі. 18. Так зрабі брусы ў скінію: дваццаць брусоў на паўднёвы бок на поўдзень, 19. і пад дваццаць брусоў зрабі сорак срэбраных падножжаў: два падножжы пад адзін брус на дзьве восьці яго, і два падножжы пад другі брус на дзьве восьці яго; 20. і дваццаць брусоў на другі бок на поўнач, 21. і на іх сорак падножжаў срэбраных: два падножжы пад адзін брус, і два падножжы пад другі брус; 22. а на тыльным баку скініі на захад зрабі шэсьць брусоў 23. і два брусы зрабі на вуглы скініі на заходні бок; 24. яны павінны быць злучаны ўнізе і злучаны ўгары да аднаго колца: так мае быць зь імі абодвума: на абодва вуглы хай яны будуць; 25. і так будзе восем брусоў, для іх срэбраных падножжаў шаснаццаць: два падножжы пад адзін брус, і два падножжы пад другі брус. 26. І зрабі жэрдзі з дрэва сітым, пяць жэрдак для брусоў аднаго боку скініі, 27. і пяць жэрдак для брусоў другога боку скініі, і пяць жэрдак для брусоў тыльнага боку за скініяй, на захад; 28. а ўнутраная жэрдка будзе праходзіць па сярэдзіне брусоў ад аднаго канца да другога: 29. а брусы абкладзі золатам, і колцы, для ўкладваньня жэрдак, зрабі з золата, і жэрдкі абкладзі золатам. 30. І пастаў скінію паводле ўзору, які паказаў табе на гары. 31. І зрабі заслону з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны і суканага вісону; умелай працаю павінны быць зроблены на ёй херувімы; 32. і павесь яе на чатырох слупах зь сітыму, абкладзеных золатам, з залатымі гачыкамі, на чатырох падножжах срэбраных; 33. і павесь заслону на гачыках і ўнясі туды за заслону каўчэг адкрыцьця; і будзе заслона аддзяляць вам сьвятыню ад Сьвятога сьвятых. 34. І пакладзі вечка на каўчэг адкрыцьця ў Сьвятым сьвятых. 35. І пастаў стол за заслонай і сьвяцільню насупраць стала на баку скініі на поўдзень; а стол пастаў на паўночным баку. 36. І зрабі заслону для ўваходу ў скінію з блакітнай і пурпуровай і чырванёнай воўны, і з суканага вісону ўзорыстага вырабу; 37. і зрабі для заслоны пяць слупоў зь сітыму і абкладзі іх золатам; гачыкі да іх залатыя; і вылі для іх пяць падножжаў медных. РАЗЬДЗЕЛ 27 1. І зрабі ахвярнік з дрэва сітым даўжынёю ў пяць локцяў і шырынёю ў пяць локцяў, так каб ён быў чатырохкутны, і вышынёю ў тры локці. 2. І зрабі рогі на чатырох вуглах яго, так каб рогі выходзілі зь яго; і абкладзі яго медзьдзю. 3. Зрабі да яго горшчык, каб ссыпаць у яго попел, і лапаткі і чары, і відэльцы і вугольніцы; усе прылады зрабі зь медзі. 4. Зрабі да яго крату, каб была як сетка, зь медзі, і зрабі на сетцы, на чатырох вуглах яе, чатыры колцы медныя; 5. і пакладзі яе на край ахвярніка ўнізе, так каб сетка была да палавіны ахвярніка. 6. І зрабі жэрдкі да ахвярніка, жэрдкі з дрэва сітым, і абкладзі іх медзьдзю; 7. і ўкладвай жэрдкі яго ў колцы, так каб жэрдкі былі абапал ахвярніка, калі несьці яго. 8. зрабі яго пустым усярэдзіне, дашчаны: як паказана табе на гары, так няхай зробяць. 9. Зрабі двор скініі: з паўднёвага боку на поўдзень заслоны для двара павінны быць з суканага вісону, даўжынёю ў сто локцяў з аднаго боку; 10. слупоў для іх дваццаць, і падножжаў для іх дваццаць медных; гачыкі ў слупоў і повязі на іх з срэбра. 11. Таксама і ўдоўж на паўночным баку - заслоны ў сто локцяў даўжынёю; слупоў для іх дваццаць, і падножжаў для іх дваццаць медных, гачыкі ў слупоў і повязі на іх з срэбра. 12. А ў шырыню двара з заходняга боку - заслоны ў пяцьдзясят локцяў; слупоў для іх дзесяць, і падножжаў да іх дзесяць. 13. І ў шырыню двара зь відавога боку на ўсход - у пяцьдзясят локцяў; 14. Да аднаго боку - заслоны ў пятнаццаць локцяў, слупоў для іх тры, і падножжаў да іх тры. 15. і да другога боку - заслоны ў пятнаццаць, слупоў для іх тры, і падножжаў для іх тры. 16. А для брамы двара заслона ў дваццаць локцяў з блакітнай і пурпуровай і чырванёнай воўны і з суканага вісону ўзорыстага вырабу; слупоў для яго чатыры, і падножжаў да іх чатыры. 17. Усе слупы вакол двара павінны быць злучаны повязямі з срэбра; гачыкі ў іх з срэбра, і падножжы да іх зь медзі. 18. Даўжыня двара сто локцяў, а шырыня па ўсёй працягласьці пяцьдзясят, вышыня пяць локцяў; заслоны з суканага вісону, а падножжы зь медзі. 19. Усе прылады скініі дзеля ўсякага ўжытку ў ёй, і ўсе калы яе, усе калы двара - зь медзі. 20. І загадай сынам Ізраілевым, каб яны прыносілі табе алей чысты, чаўлены з масьлінаў, дзеля асьвячэньня, каб гарэла сьвяцільня ўвесь час; 21. у скініі сходу за заслонай, якая перад каўчэгам адкрыцьця, будзе запальваць яго Аарон і сыны ягоныя, ад вечара да раніцы, перад абліччам Гасподнім. Гэта статут вечны пакаленьням іхнім ад сыноў Ізраілевых. РАЗЬДЗЕЛ 28 1. І вазьмі да сябе Аарона, брата твайго, і сыноў ягоных зь ім з асяродзьдзя сыноў Ізраілевых, каб ён быў сьвятаром Мне, Аарона і Надава, Авіуда, Элеазара і Ітамара, сыноў Ааронавых. 2. І зрабі сьвяшчэнную вопратку Аарону, брату твайму, дзеля славы і аздобнасьці. 3. І скажы ўсім, хто мудры сэрцам, каго Я напоўніў духам мудрасьці, каб яны зрабілі Аарону вопратку дзеля прысьвячэньня яго, каб ён быў сьвятаром Мне. 4. Вось вопратка, якую яны павінны справіць: нагруднік, эфод*, верхняя рыза, хітон** сьцяжны, кідар*** і пояс. Няхай справяць сьвяшчэннае адзеньне Аарону, брату твайму, і сынам ягоным, каб ён быў сьвятаром Мне. 5. Хай яны возьмуць золата, блакітнай і пурпуровай і чырванёнай воўны і вісону, 6. і зробяць эфод з золата, з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны, і з суканага вісону, адмысловага вырабу. 7. У ім павінны быць на абодвух канцах яго два нарамнікі дзеля павязваньня, каб ён быў павязаны. 8. І пояс эфода, які паверх яго, павінен быць аднолькавага зь ім вырабу, з золата, з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны і з суканага вісону. 9. І вазьмі два камені аніксу і выраж на іх імёны сыноў Ізраілевых: 10. шэсьць імёнаў іхніх на адным камені і шэсьць імёнаў астатніх на другім камені, у парадку іх нараджэньня; 11. разьбяр па камені, які выразае пячаткі, хай выража на двух камянях імёны сыноў Ізраілевых; і ўстаў іх у залатыя гнёзды 12. і пакладзі два камені гэтыя на нарамнікі эфода; гэта камяні на памяць сынам Ізраілевым; і будзе Аарон насіць імёны іх перад Госпадам на абодвух плячах сваіх дзеля памяці. 13. І зрабі гнёзды з золата; 14. і два ланцужкі з чыстага золата, вітымі зрабі іх вырабам плеценым; і прымацуй вітыя ланцужкі да гнёздаў. 15. Зрабі нагруднік судны адмысловага вырабу; зрабі яго такім самым вырабам, як эфод: з золата, з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны і з суканага вісону зрабі яго; 16. ён павінен быць чатырохкутны, падвойны, на пядзю ў даўжыню і на пядзю ў шырыню: 17. і ўстаў у яго апраўленыя камяні ў чатыры рады; побач рубін, тапаз, смарагд - гэта адзін рад; 18. другі рад: карбункул, сапфір і адамант: 19. трэці рад: карунд, агат і аметыст; 20. чацьвёрты рад: хрызаліт, анікс і ясьпіс; у залатыя гнёзды павінны быць устаўлены яны. 21. Гэтых камянёў павінна быць дванаццаць, па колькасьці, паводле імёнаў іх; на кожным, як на пячатцы, павінна быць выразана па адным імю зь ліку дванаццаці плямёнаў. 22. Да нагрудніка зрабі ланцужкі вітыя плеценага вырабу з чыстага золата; 23. і зрабі да нагрудніка два колцы з золата і прымацуй два колцы да двух канцоў нагрудніка; 24. і ўкладзі два пляцёныя ланцужкі з золата ў абодва колцы на канцах нагрудніка, 25. а два канцы двух ланцужкоў прымацуй да двух гнёздаў і прымацуй да нарамніка эфода зь відавога боку яго; 26. яшчэ зрабі два колцы залатыя і прымацуй іх да двух другіх канцоў нагрудніка на тым баку, які ляжыць да эфода ўсярэдзіну; 27. таксама зрабі два колцы залатыя і прымацуй іх да двух нарамнікаў эфода зьнізу, зь відавога боку яго, каля злучэньня яго, над поясам эфода; 28. і прымацоўваць нагруднік колцамі яго да колцаў эфода шнурком з блакітнай воўны, каб ён быў над поясам эфода, і каб не спадаў нагруднік з эфода. 29. І будзе насіць Аарон імёны сыноў Ізраілевых на нагрудніку судным каля сэрца свайго, калі будзе ўваходзіць у сьвятыню, дзеля заўсёднай памяці перад Госпадам. 30. На нагруднік судны пакладзі урым і тумім, і яны будуць каля сэрца Ааронавага, калі будзе ён уваходзіць перад аблічча Гасподняе; і будзе Аарон заўсёды насіць суд сыноў Ізраілевых каля сэрца свайго перад абліччам Гасподнім. 31. І зрабі верхнюю рызу да эфода ўсю блакітную; 32. пасярэдзіне яе павінна быць прарэха для галавы; па краі прарэхі вакол павінна быць абшыўка тканая, як у адтуліне ў панцыры, каб ня дралася; 33. на прыполе яе зрабі яблыкі зь нітак блакітнага, яхантавага, пурпуровага і чырванёнага колеру, вакол па прыполе яе; чашачкі залатыя пасярод іх вакол: 34. залатая чашачка і яблык, залатая чашачка і яблык, па прыполе верхняй рызы наўкола; 35. яна будзе на Аароне ў набажэнстве, каб чуцен быў ад яго гук, калі ён будзе ўваходзіць у сьвятыню перад аблічча Гасподняе і калі будзе выходзіць, каб яму не памерці. 36. І зрабі паліраваную дошчачку з чыстага золата, і выраж на ёй, як выразаюць на пячатцы: «Сьвятасьць Гасподняя», 37. і прымацуй яе шнурком блакітнага колеру да кідара, так каб яна была зь відавога боку кідара; 38. і будзе яна на лобе Ааронавым, і панясе на сабе Аарон недахопы прынашэньняў, прысьвячаных сынамі Ізраілевымі, і ўсіх дарункаў, што імі прыносяцца; і будзе яна ўвесь час на лобе ў яго, дзеля ўпадабаньня Гасподняга да іх. 39. І зрабі хітон зь вісону і кідар зь вісону і зрабі пояс узорыстага вырабу; 40. зрабі і сынам Ааронавым хітоны, зрабі ім паясы, і павязкі на галаву зрабі ім дзеля славы і аздобнасьці, 41. і апрані ў іх Аарона, брата твайго, і сыноў ягоных зь ім, і памаж іх, і напоўні рукі іхнія, і прысьвяці іх, і яны будуць сьвятарамі Мне. 42. І зрабі ім сподняе ільняное, каб прыкрываць цялесную галізну ад паясьніцы да галеняў, 43. і хай будзе яно на Аароне і на сынах ягоных, калі будуць яны ўваходзіць у скінію сходу, альбо прыступаць да ахвярніка, каб служыць у сьвятыні, каб ім не навесьці грэху і не памерці. Гэта статут вечны, яму і нашчадкам ягоным пасьля яго. * Кароткая вопратка, наплечнік ** Доўгая ніжняя вопратка *** Акраса на галаву, мітра РАЗЬДЗЕЛ 29 1. Вось, што павінен ты ўчыніць зь імі, каб прысьвяціць іх у сьвятары Мне; вазьмі адно цяля з валоў, і два бараны без пахібы, 2. і хлябоў прэсных, і праснакоў, зьмешаных з алеем, і ляпёшак прэсных, памазаных алеем: з мукі пшанічнай сьпячы іх; 3. і пакладзі іх у адзін кош, і прынясі іх у кашы, і разам цяля і двух бараноў. 4. А Аарона і сыноў ягоных прывядзі да ўваходу ў скінію сходу і абмый іх вадою. 5. І вазьмі вопратку, і апрані Аарона ў хітон і ў верхнюю рызу, у эфод і ў нагруднік, і аперажы яго па эфодзе; 6. і надзень яму на галаву кідар і ўмацуй дыядэму сьвятыні на кідары; 7. і вазьмі алей памазаньня, і вылі яму на галаву, і памаж яго. 8. І прывядзі таксама сыноў ягоных і апрані іх у хітоны; 9. і аперажы іх поясам, Аарона і сыноў ягоных, і накладзі на іх павязкі, і будзе ім належаць сьвятарства паводле статута навекі; і напоўні рукі Аарона і сыноў ягоных. 10. І прывядзі цяля да скініі сходу, і пакладуць Аарон і сыны ягоныя рукі свае на галаву цяляці; 11. і закалі цяля перад абліччам Гасподнім каля ўваходу ў скінію сходу; 12. вазьмі крыві цяляці і накладзі пальцам тваім на рогі ахвярніка, а ўсю кроў вылі пад ахвярнік; 13. вазьмі ўвесь лой, які пакрывае вантробы, і сальнік зь печані і абедзьве ныркі, і спалі на ахвярніку; 14. а мяса цяляці і скуру яго і бруд яго спалі на агні па-за табарам: гэта ахвяра за грэх. 15. І вазьмі аднаго барана, і пакладуць Аарон і сыны ягоныя рукі свае на галаву барана; 16. і закалі барана, і вазьмі крыві ягонай, і пакрапі на ахвярнік з усіх бакоў; 17. разатні барана на часткі, вымый вантробы ягоныя і галені ягоныя, і пакладзі на расьсечаныя часткі яго і на галаву яго; 18. і спалі ўсяго барана на ахвярніку: гэта цэласпаленьне Госпаду, духмянасьць прыемная, ахвяра Госпаду. 19. Вазьмі і другога барана, і хай пакладуць Аарон і сыны ягоныя рукі свае на галаву барана; 20. і закалі барана, і вазьмі крыві ягонай, і пакладзі на край вуха Ааронавага і на край правага вуха сыноў ягоных, і на вялікі палец правай нагі іхняй; і пакрапі крывёю ахвярнік з усіх бакоў; 21. і вазьмі крыві, якая на ахвярніку, і алею памазаньня, і пакрапі на Аарона і на вопратку ягоную, і на сыноў ягоных і на вопратку сыноў ягоных зь ім, - і будуць асьвечаныя, ён і вопратка ягоная, і сыны ягоныя і вопратка іхняя зь ім. 22. І вазьмі з барана лой і курдзюк, і здор, які пакрывае вантробы, і сальнік зь печані, і абедзьве ныркі і лой, які на іх, правую лапатку, 23. і адзін круглы хлеб, адну ляпёшку на алеі і адзін праснак з каша, які перад Госпадам, 24. і пакладзі ўсё на руку Аарону і на рукі сынам ягоным, і прынясі гэта, патрасаючы перад абліччам Гасподнім; 25. і вазьмі гэта з рук іхніх і спалі на ахвярніку з цэласпаленьнем, дзеля духмянасьці перад Госпадам; гэта ахвяра Госпаду. 26. І вазьмі грудзіну барана ўручэньня, які для Аарона, і прынясі іх, патрасаючы перад абліччам Гасподнім, - і гэта будзе твая доля; 27. і асьвяці грудзіну прынашэньня, якою патрасаў, і лапатку паднашэньня, які падносіў, з барана ўручэньня, які для Аарона і для сыноў ягоных, - 28. і будзе гэта Аарону і сынам ягоным у надзел вечны ад сыноў Ізраілевых, бо гэта - паднашэньне; паднашэньне павінна быць ад сыноў Ізраілевых пры мірных ахвярах, паднашэньне іх Госпаду. 29. А сьвяшчэнная вопратка, якая для Аарона, пяройдзе пасьля яго да сыноў ягоных, каб у ёй памазваць іх і ўручаць ім сьвятарства; 30. сем дзён павінен апранацца ў іх сьвятар з сыноў ягоных, які заступае яго месца, які будзе ўваходзіць у скінію сходу дзеля служэньня ў сьвятыні. 31. А барана ўручэньня вазьмі і згатуй мяса ягонае на месцы сьвятым; 32. і хай зьядуць Аарон і сыны ягоныя мяса барана гэтага з каша, каля дзьвярэй скініі сходу, 33. бо праз гэта зьдзяйсьняецца ачышчэньне дзеля ўручэньня ім сьвятарства і дзеля прысьвячэньня іх; староньні не павінен есьці гэтага, бо гэта сьвятыня; 34. калі застанецца ад мяса ўручэньня і ад хлеба да раніцы, дык спалі рэшту на агні: ня трэба есьці яго, бо гэта сьвятыня. 35. І зрабі з Ааронам і з сынамі ягонымі ва ўсім так, як Я загадаў табе; сем дзён напаўняй рукі іхнія. 36. І цяля за грэх прынось кожны дзень дзеля ачышчэньня, і ахвяру за грэх учыняй на ахвярніку дзеля ачышчэньня яго, і памаж яго дзеля ачышчэньня яго; 37. сем дзён ачышчай ахвярнік, і асьвяці яго, і будзе ахвярнік сьвятыня вялікая: усё, што дакранаецца да ахвярніка, асьвеціцца. 38. Вось, што будзеш ты прыносіць на ахвярніку: двух ягнят аднагодкаў кожны дзень пастаянна: 39. адно ягня прынось раніцай, а другое ягня прынось увечары, 40. і дзясятую частку эфы пшанічнай мукі, зьмешанай з чвэрцю гіна чаўленага алею, а дзеля выліваньня чвэрць гіна віна, на адно ягня; 41. другое ягня прынось увечары: з мучным дарам, падобным на ранішні, і з такім самым выліваньнем прынось яго дзеля духмянасьці прыемнай, у ахвяру Госпаду. 42. Гэта цэласпаленьне заўсёднае ў роды вашыя перад дзьвярамі скініі сходу перад Госпадам, дзе буду адкрывацца вам, каб гаварыць з табою; 43. там буду адкрывацца сынам Ізраілевым, і асьвеціцца месца гэтае славаю Маёю. 44. І асьвячу скінію сходу і ахвярнік; і Аарона і сыноў ягоных асьвячу, каб яны сьвятарылі Мне; 45. і жыцьму сярод сыноў Ізраілевых і буду ім Богам, 46. і ўведаюць, што Я Гасподзь, Бог іхні, Які вывеў іх зь зямлі Егіпецкай, каб Мне жыць сярод іх. Я Гасподзь Бог іхні. РАЗЬДЗЕЛ 30 1. І зрабі ахвярнік для прынашэньня дымленьня, з дрэва сітым зрабі яго: 2. даўжыня яго локаць, і шырыня яго локаць: ён павінен быць чатырохкутны; а вышыня яго два локці; зь яго павінны выступаць рогі яго; 3. абкладзі яго чыстым золатам, верх яго і бакі яго вакол і рогі яго; і зрабі да яго залаты вянок вакол; 4. пад вянком яго на двух кутах яго зрабі два колцы з золата; зрабі іх абапал яго; і будуць яны ўлогваю пад жэрдкі, каб насіць яго на іх; 5. жэрдзі зрабі з дрэва сітым і абкладзі іх золатам. 6. І пастаў яго перад заслонаю, якая перад каўчэгам адкрыцьця, насупраць вечка, якое на каўчэзе адкрыцьця, дзе Я буду адкрывацца табе. 7. На ім Аарон будзе дыміць духмяным куродымам: кожнае раніцы, калі ён рыхтуе лампады, будзе дыміць ім; 8. і калі Аарон запальвае лампады ўвечары, ён будзе дыміць ім: гэта - заўсёднае дымленьне перад Госпадам у роды вашыя. 9. Ня прыносьце на ім ніякага іншага дымленьня, ні цэласпаленьня, ні прынашэньня хлебнага, і выліваньня не вылівайце на яго. 10. І будзе зьдзяйсьняць Аарон ачышчэньне над рагамі яго адзін раз у год; крывёю ачышчальнай ахвяры за грэх ён будзе ачышчаць яго адзін раз у год у роды вашыя. Гэта сьвятыня вялікая ў Госпада. 11. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць: 12. калі будзеш лічыць сыноў Ізраілевых пры пераглядзе іх, дык хай кожны дасьць выкуп за душу сваю Госпаду пры падліку іх, і ня будзе паміж імі пошасьці згубнай пры падліку іх; 13. кожны, хто паступае ў падлік, павінен даваць палавіну сікля, сікля сьвяшчэннага; у сіклі дваццаць гераў: паўсікля дар Госпаду; 14. кожны, хто паступае ў падлік ад дваццаці гадоў і вышэй, павінен даваць прынашэньне Госпаду; 15. багаты ня больш, і бедны ня менш паўсікля павінны даваць у дар Госпаду, дзеля выкупу душ вашых: 16. і вазьмі срэбра выкупу з сыноў Ізраілевых і ўжывай яго на служэньне скініі сходу: і будзе гэта сынам Ізраілевым у памяць перад Госпадам, дзеля адкупленьня душ вашых. 17. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць: 18. зрабі ўмывальнік медны для абмываньня і падножжа яго меднае, і пастаў яго паміж скініяй сходу і ахвярнікам, і налі ў яго вады; 19. і хай Аарон і сыны ягоныя абмываюць у ім рукі свае і ногі свае; 20. калі яны маюць уваходзіць у скінію сходу, хай яны абмываюцца вадою, каб ім не памерці; альбо калі павінны прыступаць да ахвярніка дзеля служэньня, дзеля прынясеньня ахвяры Госпаду, 21. хай яны абмываюць рукі свае вадою, каб ім не памерці; і будзе ім гэта статутам вечным, яму і нашчадкам ягоным у роды іхнія. 22. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць: 23. вазьмі сабе самых лепшых пахошчаў: сьмірны самацечнай пяцьсот, карыцы пахучай палавіну ад таго, дзьвесьце пяцьдзесят, трысьнёгу пахучага дзьвесьце пяцьдзясят, 24. касіі пяцьсот сікляў, па сіклі сьвяшчэнным, і алею аліўкавага гін; 25. і зрабі з гэтага міра для сьвяшчэннага памазаньня, масьць складзеную майстрам, які складае масьці: гэта будзе міра для сьвяшчэннага памазаньня; 26. і памаж імі скінію сходу і каўчэг адкрыцьця, 27. і стол і ўсе прылады яго, і сьвяцільню і ўсе прылады яе, і ахвярнік дымленьня, 28. і ахвярнік цэласпаленьня і ўсе прылады яго, і ўмывальнік і падножжа яго; 29. і асьвяці іх, і будзе сьвятыня вялікая: усё, што дакранаецца да іх, асьвеціцца; 30. памаж і Аарона і сыноў ягоных і пасьвяці іх, каб яны былі сьвятарамі Мне. 31. А сынам Ізраілевым скажы: гэта будзе ў Мяне міра сьвяшчэннага памазаньня ў роды вашыя; 32. целы астатніх людзей ня трэба памазваць ім, і складам яго не рабеце падобнага на яго; яно - сьвятыня: сьвятыняю павінна быць вам; 33. хто складзе падобнае да яго, альбо хто памажа ім староньняга, той будзе вынішчаны з народу свайго. 34. І сказаў Гасподзь Майсею: вазьмі сабе пахошчаў: стакты, аніху, халвану духмянага і чыстага лівану, усяго пароўну, 35. і зрабі зь іх умельствам таго, хто складае масьці, куродымны склад, сьцёрты, чысты, сьвяты, 36. і стаўчы яго дробна і кладзі яго перад каўчэгам адкрыцьця ў скініі сходу, дзе Я буду адкрывацца табе: гэта будзе сьвятыня вялікая вам; 37. дымленьня, зробленага паводле гэтага складу, не рабеце сабе: сьвятыняю хай будзе яно ў цябе для Госпада; 38. хто зробіць падобнае, каб дыміць ім, будзе зьнішчаны з народу свайго. РАЗЬДЗЕЛ 31 1. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць: 2. глядзі, Я прызначаю менавіта Вэсэлііла, сына Урыевага, сына Оравага, з племя Юдавага; 3. і Я напоўніў яго Духам Божым, мудрасьцю, розумам, ведамі і ўсялякім умельствам 4. рабіць з золата, срэбра і медзі, 5. рэзаць камяні, каб устаноўліваць іх, і рэзаць дрэва дзеля ўсякай патрэбы; 6. і вось, я даю яму памочнікам Агаліява, сына Ахісамахавага, з племя Данавага, і ў сэрца кожнаму мудраму ўкладу мудрасьць, каб яны зрабілі ўсё, што Я загадаў табе: 7. скінію сходу і каўчэг адкрыцьця і века на яго, і ўсе прылады скініі, 8. і стол і прылады яго, і сьвяцільню з чыстага золата і ўсе прылады яго, і ахвярнік дымленьня, 9. і ахвярнік цэласпаленьня і ўсе прылады яго, і ўмывальнік і падножжа яго, 10. і вопратку службовую і вопратку сьвяшчэнную Аарону сьвятару і вопратку сынам ягоным для набажэнства, 11. і алей памазаньня і дымленьне пахучае для сьвятыні: усё так, як Я загадаў табе, яны зробяць. 12. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць: 13. скажы сынам Ізраілевым так: суботы Мае шануйце, бо гэта - азнака паміж Мною і вамі ў роды вашыя, каб вы ведалі, што Я Гасподзь, Які асьвячае вас; 14. і шануйце суботу, бо яна сьвятая для вас: хто апаганіць яе, той хай будзе аддадзены сьмерці; хто будзе ў суботу рабіць працу, тая душа павінна быць зьнішчана з асяродзьдзя народу свайго; 15. шэсьць дзён хай робіць працу, а ў сёмы субота спакою, прысьвечаная Госпаду: кожны, хто робіць працу ў дзень суботні, хай будзе аддадзены сьмерці; 16. і хай шануюць сыны Ізраілевыя суботу, сьвяткуючы суботу ў роды свае, як наказ вечны; 17. гэта - азнака паміж Мною і сынамі Ізраілевымі навечна, бо за шэсьць дзён стварыў Гасподзь неба і зямлю, а ў дзень сёмы спачыў і ўпакоіўся. 18. І калі перастаў гаварыць з Майсеем на гары Сінаі, даў яму дзьве скрыжалі адкрыцьця, скрыжалі каменныя, на якіх напісана было пальцам Божым. РАЗЬДЗЕЛ 32 1. Калі народ убачыў, што Майсей доўга ня сыходзіць з гары, дык сабраўся да Аарона і сказаў яму: устань і зрабі нам бога, які ішоў бы перад намі; бо з гэтым чалавекам, з Майсеем, які вывеў нас зь зямлі Егіпецкай, ня ведаем, што зрабілася. 2. І сказаў ім Аарон: здымеце залатыя завушніцы, якія ў вушах у вашых жонак, вашых сыноў і вашых дочак, і прынясеце мне. 3. І ўвесь народ зьняў залатыя завушніцы з вушэй сваіх і прынесьлі Аарону. 4. Ён узяў іх з рук іхніх, і зрабіў зь іх літае цяля, і абрабіў яго разцом. І сказалі яны: вось бог твой, Ізраіле, які вывеў цябе зь зямлі Егіпецкай! 5. Убачыўшы гэта, Аарон паставіў перад ім ахвярнік, і абвясьціў Аарон, кажучы: заўтра сьвята Госпаду. 6. На другі дзень яны ўсталі рана і прынесьлі цэласпаленьні і прывялі ахвяры мірныя: і сеў народ есьці і піць, а пасьля ўстаў бавіцца. 7. І сказаў Гасподзь Майсею: пасьпяшайся сысьці, бо разбэсьціўся народ твой, які ты вывеў зь зямлі Егіпецкай; 8. хутка ўхіліліся яны ад шляху, які Я наказаў ім: зрабілі сабе літае цяля і пакланіліся яму, і прынесьлі яму ахвяры і сказалі: вось бог твой, Ізраіле, які вывеў цябе зь зямлі Егіпецкай! 9. І сказаў Гасподзь Майсею: Я бачыў народ гэты, і вось, народ ён - цьвёрдахрыбетны; 10. дык вось, пакінь Мяне, хай запалымнее гнеў Мой на іх, і зьнішчу іх і выведу шматлікі народ ад цябе. 11. Але Майсей пачаў прасіць Госпада, Бога свайго, і сказаў: хай не ўспалымняецца, Госпадзе, гнеў Твой на народ Твой, які Ты вывеў зь зямлі Егіпецкай сілаю вялікаю і рукою моцнаю, 12. каб Егіпцяне не казалі: на пагібель Ён вывеў іх, каб забіць іх у горах і вынішчыць іх з улоньня зямлі; адхілі палымяны гнеў Твой і адмяні зьнішчэньне народу Твайго; 13. успомні Абрагама, Ісаака і Ізраіля, рабоў Тваіх, якім Ты прысягаў Сабою, кажучы: памнажаючы памножу семя ваша, як зоркі нябесныя, і ўсю зямлю гэтую, пра якую Я сказаў, дам семені вашаму, і будуць валодаць ёю вечна. 14. І адмяніў Гасподзь ліха, пра якое сказаў, што навядзе яго на народ Свой. 15. І павярнуўся і сышоў Майсей з гары; у руцэ ў яго былі дзьве скрыжалі адкрыцьця, на якіх напісана было з абодвух бакоў: і на тым і на другім баку напісана было; 16. скрыжалі былі дзея Божая, і пісьмёны, накрэсьленыя на скрыжалях, былі пісьмёны Божыя. 17. І пачуў Ісус голас народу, які шумеў, і сказаў Майсею: ваяўнічы крык у табары. 18. Але Майсей сказаў: гэта ня крык тых, што перамагаюць, і ня лямант тых, якіх пабіваюць; я чую голас тых, што сьпяваюць. 19. Калі ж ён наблізіўся да табара і ўбачыў цяля і скокі, тады ён запаліўся гневам і кінуў з рук сваіх скрыжалі і разьбіў іх пад гарою; 20. і ўзяў цяля, якое яны зрабілі, і спаліў яго ў агні, і сьцёр на пыл, і рассыпаў па вадзе, і даў яе піць сынам Ізраілевым. 21. І сказаў Майсей Аарону: што зрабіў табе народ гэты, што ты ўвёў яго ў грэх вялікі? 22. Але Аарон сказаў: хай не загараецца гнеў гаспадара майго; ты ведаеш гэты народ, што ён буяны. 23. Яны сказалі мне: зрабі нам бога, які ішоў бы перад намі; бо з Майсеем, з гэтым чалавекам, які вывеў нас зь зямлі Егіпецкай, ня ведаем, што сталася. 24. І я сказаў ім, у каго ёсьць золата, здымеце зь сябе. І аддалі мне; я кінуў яго ў агонь, і выйшла гэтае цяля. 25. Майсей убачыў, што гэта народ неакілзаны, бо Аарон дапусьціў яго да неакілзанасьці, да пасарамленьня перад ворагамі ягонымі. 26. І стаў Майсей у браме табара і сказаў: хто Гасподні, да мяне! І сабраліся да яго ўсе сыны Лявія. 27. І ён сказаў ім: так кажа Гасподзь, Бог Ізраілеў: пакладзеце кожны свой меч на сьцягно сваё, прайдзеце па табары ад брамы да брамы і назад, і забівайце кожны брата свайго, кожны сябра свайго, кожны блізкага свайго. 28. І зрабілі сыны Лявііныя паводле слова Майсея; і загінула ў той дзень з народу каля трох тысяч чалавек. 29. І Майсей сказаў: сёньня прысьвяцеце рукі вашыя Госпаду, кожны ў сыне сваім і браце сваім, хай пашле Ён сёньня вам дабраславеньне. 30. На другі дзень сказаў Майсей народу: вы зрабілі вялікі грэх; дык вось, я падымуся да Госпада, ці не загладжу грэху вашага. 31. І вярнуўся Майсей да Госпада і сказаў: о, народ гэты зрабіў вялікі грэх, зрабіў сабе бога; 32. даруй ім грэх іхні; а калі не, дык сатры і мяне з кнігі Тваёй, у якую Ты ўпісаў. 33. Гасподзь сказаў Майсею: таго, хто зграшыў перад Мною, сатру з кнігі Маёй; 34. дык вось ідзі, вядзі народ гэты, куды Я сказаў табе; вось анёл Мой пойдзе перад табою, і ў дзень наведваньня Майго Я наведаю іх за грахі іхнія. 35. І пакараў Гасподзь народ за зробленае цяля, якое зрабіў Аарон. РАЗЬДЗЕЛ 33 1. І сказаў Гасподзь Майсею: ідзі, ідзі адгэтуль ты і народ, які ты вывеў зь зямлі Егіпецкай, у зямлю, пра якую Я запрысягаўся Абрагаму, Ісааку і Якаву, кажучы: нашчадкам тваім дам яе; 2. і пашлю перад табою анёла і праганю Хананэяў, Амарэяў, Хэтэяў, Фэрэзэяў, Габрэяў і Евусэяў, 3. у зямлю, дзе цячэ малако і мёд; бо Сам не пайду сярод вас, каб не загубіць Мне вас у дарозе, бо вы народ цьвёрдахрыбетны. 4. Народ, пачуўшы грознае слова гэтае, загаласіў, і ніхто не навесіў на сябе акрасаў сваіх. 5. Бо Гасподзь сказаў Майсею: скажы сынам Ізраілевым: вы народ цьвёрдахрыбетны; калі Я пайду сярод вас, дык у адну хвіліну вынішчу вас; дык вось, здымеце зь сябе акрасы свае; Я пагляджу, што Мне рабіць з вамі. 6. Сыны Ізраілевыя зьнялі зь сябе акрасы свае каля гары Харыва. 7. А Майсей узяў і паставіў сабе намёт па-за табарам, здалёк ад табару, і назваў яго скініяй сходу; і кожны, хто шукаў Госпада, прыходзіў у скінію сходу, якая была па-за табарам. 8. І калі Майсей выходзіў да скініі, увесь народ уставаў, і станавіўся кожны каля ўваходу ў свой намёт і глядзеў усьлед Майсею, пакуль ён не ўваходзіў у скінію. 9. А калі Майсей уваходзіў у скінію, тады апускаўся слуп хмарны і станавіўся каля ўваходу ў скінію, і гаварыў з Майсеем. 10. І бачыў увесь народ слуп хмарны, які стаяў каля ўваходу ў скінію; і ўставаў увесь народ, і кожны кланяўся каля ўваходу ў намёт свой. 11. І гаварыў Гасподзь з Майсеем вока на вока, як бы гаварыў хто зь сябрам сваім; і ён вяртаўся ў табар; а служка ягоны Ісус, сын Наваў, хлопец, не адлучаўся ад скініі. 12. Майсей сказаў Госпаду: вось, Ты кажаш мне: вядзі народ гэты, а не адкрыў мне, каго пашлеш са мною, хоць ты сказаў: «Я ведаю цябе па імю, і ты набыў упадабаньне ў вачах Маіх»; 13. дык вось калі я набыў упадабаньне ў вачах Тваіх, дык прашу: адкрый мне шлях Твой, каб я спазнаў Цябе, каб набыў упадабаньне ў вачах Тваіх; і падумай, што гэтыя людзі народ Твой. 14. А Ён сказаў: Сам Я пайду і ўвяду цябе ў спакой. 15. сказаў Яму: калі ня пойдзеш Ты Сам, дык і ня выводзь нас адгэтуль: 16. бо з чаго даведацца, што я і народ Твой набылі ўпадабаньне ў вачах Тваіх? ці не з таго, што Ты пойдзеш з намі? тады я і народ Твой будзем слаўнейшыя за любы народ на зямлі. 17. І сказаў Гасподзь Майсею: і тое, пра што ты казаў, Я зраблю, бо ты набыў упадабаньне ў вачах Маіх, і Я ведаю цябе па імю. 18. Сказаў: пакажы мне славу Тваю. 19. І сказаў: Я правяду перад табою ўсю славу Маю і абвяшчу імя Яговы перад табою: і каго памілаваць - памілую, каго пашкадаваць - пашкадую. 20. І потым сказаў Ён: аблічча Майго табе нельга ўбачыць, бо чалавек ня можа ўбачыць Мяне і застацца жывым. 21. І сказаў Гасподзь: вось месца ў Мяне: стань на гэтай скале; 22. а калі будзе праходзіць слава Мая, Я пастаўлю цябе ў расколіне скалы і накрыю цябе рукою Маёю, пакуль не прайду; 23. і калі прыму руку Маю, ты ўбачыш Мяне ззаду, а аблічча Маё ня будзе відно. РАЗЬДЗЕЛ 34 1. І сказаў Гасподзь Майсею: вычашы сабе дзьве скрыжалі каменныя, падобныя на ранейшыя, і Я напішу на гэтых скрыжалях словы, якія былі на ранейшых скрыжалях, якія ты разьбіў; 2. і будзь гатовы да раніцы; і падыміся раніцай на гару Сінай і стань перад Мною там на вяршыні гары; 3. але ніхто не павінен падымацца з табою, і ніхто не павінен паказвацца на ўсёй гары; нават быдла, дробнае і буйное, не павінна пасьвіцца паблізу гары гэтай. 4. І вычасаў Майсей дзьве скрыжалі каменныя, падобныя да ранейшых, і ўстаўшы з самае раніцы, падняўся на гару Сінай, як загадаў яму Гасподзь; і ўзяў у рукі свае дзьве скрыжалі каменныя. 5. І сышоў Гасподзь у воблаку, і спыніўся там паблізу яго, і ўзьвясьціў імя Яговы. 6. І прайшоў Гасподзь перад тварам ягоным і абвясьціў: Гасподзь, Гасподзь, Бог чалавекалюбны і мілажальны, доўгацярплівы і многаміласэрны і праўдзівы, 7. Які захоўвае літасьць у тысячы родаў, даруе віну і злачынства і грэх, але не пакідае без пакараньня, карае віну бацькоў у дзецях і ў дзецях дзяцей да трэцяга і чацьвёртага роду. 8. Майсей адразу ўпаў на зямлю і пакланіўся 9. і сказаў: калі я здабыў упадабаньне ў вачах Тваіх, Уладару, дык хай пойдзе Ўладар сярод нас; бо народ гэты цьвёрдахрыбетны; даруй беззаконьні нашыя і грахі нашыя і зрабі нас спадчынай Тваёю. 10. І сказаў: вось, Я заключаю запавет: перад усім народам Тваім учыню цуды, якіх ня было на ўсёй зямлі і ні ў якіх народаў, і ўбачыць увесь народ, сярод якога ты жывеш, дзею Госпада, бо страшна будзе тое, што Я зраблю дзеля цябе; 11. захавай тое, што загадваю табе сёньня: вось, Я праганяю ад твару твайго Амарэяў, Хананэяў, Хэтэяў, Фэрэзэяў Габрэяў і Евусэяў; 12. глядзі, ня ўступай у спрымірэнства з жыхарамі зямлі той, у якую ты ўвойдзеш, каб яны не зрабіліся сеткаю вам сярод вас. 13. Ахвярнікі іхнія разбурце, слупы іхнія паламайце, высечыце гаі іхнія, 14. бо ты не павінен пакланяцца богу іншаму, апрача Госпада, бо імя Яго «руплівец»; Ён Бог руплівец. 15. Ня ўступай у спрымірэнства з жыхарамі зямлі той, каб, калі яны будуць блудадзеяць ідучы за багамі сваімі і прыносіць ахвяры багам сваім, не запрасілі і цябе, і ты не скаштаваў бы ахвяры іхняй; 16. і не бяры з дочак іхніх жонак сынам сваім, каб дочкі іхнія, блудадзеючы, ідучы за багамі сваімі, не ўвялі і сыноў тваіх у блуд за багамі сваімі. 17. Не рабі сабе багоў літых. 18. Сьвята праснакоў шануй: сем дзён еж прэсны хлеб, як Я загадаў табе, у прызначаны час месяца Авіва, бо ў месяцы Авіве выйшаў ты зь Егіпта. 19. Усе, хто размыкае сьцёгны, Мне, як і ўсё быдла тваё мужчынскага полу, якое размыкае сьцёгны, з валоў і авечак; 20. першароднае з аслоў замяняй ягнём, а калі не заменіш, дык выкупі яго; усіх першынцаў з сыноў тваіх выкупляй; хай не зьяўляецца перад абліччам Маім з пустымі рукамі. 21. Шэсьць дзён працуй, а ў сёмы дзень спачывай; спачывай і ў час сяўбы і жніва. 22. І сьвята сяміцаў спраўляй, сьвята зажынкаў пшаніцы і сьвята збору пладоў у канцы года; 23. тры разы на год павінен зьяўляцца ўвесь мужчынскі пол твой перад аблічча Ўладара, Госпада Бога Ізраілевага, 24. бо Я праганю народы ад твару твайго і пашыру межы твае, і ніхто не запрагне зямлі тваёй, калі ты будзеш зьяўляцца перад аблічча Госпада, Бога твайго, тры разы на год. 25. Не вылівай крыві ахвяры Маёй на квашанае, і ахвяра сьвята Пасхі не павінна пераначаваць да раніцы. 26. Самыя першыя плады зямлі тваёй прынось у дом Госпада, Бога твайго. Не гатуй казьляня ў малацэ маці ягонай. 27. І сказаў Гасподзь Майсею: напішы сабе словы гэтыя, бо ў гэтых словах Я пастанаўляю запавет з табою і зь Ізраілем. 28. І прабыў там у Госпада сорак дзён і сорак ночаў, хлеба ня еў і вады ня піў; і напісаў Майсей на скрыжалях словы запавету, дзесяціслоўе. 29. Калі сыходзіў Майсей з гары Сінай, і дзьве скрыжалі адкрыцьця былі ў руцэ ў Майсея пры сыходзе яго з гары, дык Майсей ня ведаў, што аблічча яго пачало зьзяць прамянямі ад таго, што Бог гаварыў зь ім. 30. І ўбачыў Майсея Аарон і ўсе сыны Ізраілевыя, і вось, твар у яго зьзяе, і баяліся падысьці да яго. 31. І паклікаў іх Майсей, і прыйшлі да яго Аарон і ўсе правадыры супольства, і гутарыў Майсей зь імі. 32. Пасьля гэтага наблізіліся ўсе сыны Ізраілевыя, і ён наказаў ім усё, што казаў Яму Гасподзь на гары Сінаі. 33. І калі Майсей перастаў гутарыць зь імі, дык ахінуў твар свой покрывам. 34. А калі ўваходзіў Майсей перад аблічча Госпада, каб гаварыць зь Ім, тады здымаў покрыва, пакуль ня выходзіў; а выйшаўшы пераказваў сынам Ізраілевым усё, што наказана было яму. 35. І бачылі сыны Ізраілевыя, што зьзяе твар Майсееў, і Майсей зноў кладзе покрыва на твар свой, пакуль не ўваходзіць гаварыць зь Ім. РАЗЬДЗЕЛ 35 1. І сабраў Майсей усё супольства сыноў Ізраілевых і сказаў ім: вось, што наказаў Гасподзь рабіць: 2. шэсьць дзён рабеце працу, а дзень сёмы павінен быць у вас сьвяты, субота спачыну Госпаду; кожны, хто будзе рабіць у яе працу, аддадзены будзе сьмерці; 3. не запальвайце агню ва ўсіх селішчах вашых у дзень суботні. 4. І сказаў Майсей усяму супольству сыноў Ізраілевых: вось тое слова, што наказаў Гасподзь, кажучы: 5. зрабеце ад сябе ахвяраваньні Госпаду: кожны паводле руплівасьці няхай прынясе ахвяраваньне Госпаду, золата, срэбра, медзь, 6. воўну блакітнага, пурпуровага і чырванёнага колеру, і вісон, і казіную воўну, 7. Аўчыны барановыя чырвоныя і аўчыны сінія, і дрэва сітым, 8. і алей у сьвяцільню, і пахошчы на алей памазаньня і на духмяныя дымленьні, 9. камень анікс і камяні ўстаўныя на эфод і нагруднік. 10. І кожны з вас мудры сэрцам няхай прыйдзе і зробіць усё, што загадаў Гасподзь: 11. скінію і покрыва яе і века яе, гакі і брусы яе, жэрдкі яе, слупы яе і падножжы яе, 12. каўчэг і жэрдкі яго, века і заслону для загароды, 13. стол і жэрдкі яго і ўсе прылады яго, і ахвярныя хлябы, 14. і сьвяцільні для асьвятленьня з прыладамі яго, і лампады яго і алей для асьвятленьня, 15. і ахвярнік для дымленьняў і жэрдкі яго, і алей памазаньня, і духмяныя дымленьні, і заслону на ўваходзе ў скінію, 16. ахвярнік цэласпаленьня і рашотку медную для яго, і жэрдкі яго і ўсе прылады яго, умывальнік і падножжа яго, 17. заслоны двара, слупы яго і падножжы іх і заслону на ўваходзе ў двор, 18. калы скініі і калы двара і вяроўкі іх, 19. вопратку службовую на служэньне ў сьвятыні і сьвяшчэнную вопратку Аарону сьвятару і вопратку сынам ягоным дзеля набажэнства. 20. І пайшло ўсё супольства сыноў Ізраілевых ад Майсея. 21. І прыходзілі ўсе, каго вабіла да таго сэрца, і ўсе, каго схіляў дух, і прыносілі ахвяраваньні Госпаду на ўладжваньне скініі сходу і на ўсе патрэбы яе і на сьвяшчэннае адзеньне; 22. і прыходзілі мужы з жонкамі, і ўсе па схільнасьці сэрца прыносілі пярсьцёнкі, завушніцы, бранзалеты і падвескі, усялякія залатыя рэчы, кожны, хто хацеў прыносіць золата Госпаду; 23. і кожны, у каго была воўна блакітнага, пурпуровага і чырванёнага колеру, вісон і казіная воўна, аўчыны барановыя чырвоныя і аўчыны сінія, прыносілі іх; 24. і кожны, хто ахвяраваў срэбра, альбо медзь, прыносілі гэта ў дарунак Госпаду; і кожны, у каго было дрэва сітым, прыносіў гэта на ўсякую патрэбу скініі; 25. і ўсе жанчыны, мудрыя сэрцам, пралі сваімі рукамі і прыносілі прадзіва блакітнага, пурпуровага і чырванёнага колеру і вісон; 26. і ўсе жанчыны, якіх вабіла сэрца, якія ўмелі прасьці, пралі казіную воўну; 27. а князі прыносілі камень анікс і камяні ўстаўныя на эфод і нагруднік, 28. і пахошчы таксама, і алей у сьвяцільню і на складаньне алею памазаньня і на духмяныя дымленьні; 29. і ўсе мужы і жонкі з сыноў Ізраілевых, якіх вабіла сэрца прынесьці на ўсякую справу, якую Гасподзь праз Майсея загадаў зрабіць, прыносілі дабраахвотны дарунак Госпаду. 30. І сказаў Гасподзь сынам Ізраілевым: глядзеце, Гасподзь прызначыў менавіта Вэсэлііла, сына Урыі, сына Ора, з племя Юдавага, 31. і напоўніў яго Духам Божым, мудрасьцю, розумам, ведамі і ўсялякім умельствам 32. складаць узорыстую тканіну, рабіць з золата, срэбра і медзі, 33. і рэзаць камяні, каб устаўляць іх, і рэзаць дрэва, і рабіць усякую адмысловую працу; 34. і здольнасьць вучыць заклаў у сэрца яго, яго і Агаліява, сына Ахісамахавага, з племя Данавага; 35. Ён напоўніў сэрца іх мудрасьцю, каб рабіць усякую працу разьбяра і ўмелага ткача і вышывальніка па блакітнай, пурпуровай, чырванёнай і вісоннай тканіне, і ткачоў, якія робяць усялякую працу і складаюць каштоўную тканіну. РАЗЬДЗЕЛ 36 1. І пачаў працаваць Вэсэлііл і Агаліяў і ўсе мудрыя сэрцам, якім Гасподзь даў мудрасьць і розум, каб умець зрабіць усякую працу, патрэбную для сьвятыні, як загадаў Гасподзь. 2. І заклікаў Майсей Вэсэлііла і Агаліява і ўсіх мудрых сэрцам, якім Гасподзь даў мудрасьць, і ўсіх, каго вяло сэрца прыступіць да працы і працаваць. 3. І ўзялі яны ў Майсея ўсе прынашэньні, якія прынесьлі сыны Ізраілевыя, на патрэбы сьвятыні, каб працаваць. Тым часам усё яшчэ прыносілі яму дабравольныя дары кожнае раніцы. 4. Тады прыйшлі ўсе мудрыя сэрцам, якія рабілі ўсялякую працу ў сьвятыні, кожны ад сваёй працы, якую хто рабіў, 5. і сказалі Майсею, кажучы: люд шмат прыносіць, больш, чым трэба для працы, якую Гасподзь загадаў зрабіць. 6. І загадаў Майсей, і абвешчана было ў табары, каб ні мужчына, ні жанчына не рабілі ўжо нічога дзеля прынашэньня ў сьвятыню; і перастаў люд прыносіць. 7. Запасу было дастаткова на ўсякую працу, якую належала рабіць, і нават засталося. 8. І зрабілі ўсе мудрыя сэрцам, якія займаліся працаю ў скініі: дзесяць покрываў з суканага вісону і з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны; і херувімаў зрабілі на іх майстэрскаю працаю; 9. даўжыня кожнага покрыва дваццаць восем локцяў, і шырыня кожнага покрыва чатыры локці: усім покрывам адна мера. 10. І злучыў ён пяць покрываў адно з адным, і астатнія пяць покрываў злучыліся адно з адным. 11. І зрабіў петлі блакітнага колеру на краі аднаго покрыва, дзе яно злучалася з другім; гэтак сама зрабіў ён і на краі апошняга покрыва, для злучэньня яго з другім; 12. пяцьдзясят петляў зрабіў ён у адным покрыве і пяцьдзясят петляў зрабіў у канцы покрыва, дзе яно злучаецца з другім; петлі гэтыя адпавядалі адна адной; 13. і зрабіў пяцьдзясят гачкоў залатых і гачкамі злучыў адно покрыва з другім, і стала скінія адно цэлае. 14. Потым зрабіў покрывы з казінай воўны, каб накрываць скінію: адзінаццаць покрываў зрабіў такіх; 15. удаўжыню покрыва трыццаць локцяў, і ўшырыню покрыва чатыры локці: у адзінаццаці покрываў мера адна. 16. І злучыў ён пяць покрываў асобна і шэсьць покрываў асобна. 17. І зрабіў пяцьдзясят петляў на краі покрыва крайняга, дзе яно злучаецца з другім, і пяцьдзясят петляў зрабіў на краі покрыва, якое злучаецца з другім; 18. і зрабіў пяцьдзясят медных гачкоў для злучэньня покрыва, каб склалася адно цэлае. 19. І зрабіў для скініі покрыва з чырвоных барановых скураў і накрыўку зьверху са скураў сініх. 20. і зрабіў брусы для скініі з дрэва сітым стромкія: 21. дзесяць локцяў даўжыня ў бруса, і паўтара локця шырыня ў кожнага бруса; 22. у кожным брусе па два асьцюкі, адзін насупраць аднаго: так зрабіў ён усе брусы скініі. 23. І зрабіў для скініі дваццаць такіх брусоў на паўднёвы бок, 24. і сорак срэбраных падножжаў зрабіў пад дваццаць брусоў: па два падножжы пад адзін брус на два асьцюкі яго, і два падножжы пад другі брус на два асьцюкі яго; 25. і для другога боку скініі, на поўнач, зрабіў дваццаць брусоў 26. і сорак срэбраных падножжаў: два падножжы пад адзін брус, і два падножжы пад другі брус; 27. а на задні бок скініі, на захад, зрабіў шэсьць брусоў, 28. і два брусы зрабіў на кут у скініі на тыльны бок; 29. і былі яны злучаныя знізу і злучаныя ўгары ў адным колцы: так зрабіў ён зь імі абодвума на абодвух кутах; 30. і было восем брусоў і срэбраных падножжаў шаснаццаць, па два падножжы пад кожны брус. 31. І зрабіў жэрдкі з дрэва сітым, пяць на брусы аднаго боку скініі, 32. і пяць жэрдак на брусы другога боку скініі, і пяць жэрдак на брусы задняга боку скініі; 33. і зрабіў унутраную жэрдзь, якая праходзіла б па сярэдзіне брусоў ад аднаго канца да другога; 34. брусы абклаў золатам, і колцы, у якія ўкладваюцца жэрдкі, зрабіў з золата, і жэрдкі абклаў золатам. 35. І зрабіў заслону з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны і з суканага вісону, і майстэрскаю працаю зрабіў на ёй херувімаў; 36. і зрабіў для яе чатыры слупы зь сітыму і абклаў іх золатам, з залатымі гачкамі, і выліў для іх чатыры срэбраныя падножжы. 37. І зрабіў заслону на ўваход у скінію з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны і з суканага вісону, узорыстага вырабу, 38. і пяць слупоў для яе з гачкамі; і абклаў вярхі іх і завязі іх золатам і выліў пяць медных падножжаў. РАЗЬДЗЕЛ 37 1. І зрабіў Вэсэлііл каўчэг з дрэва сітым: даўжыня яго два локці з палавінаю, шырыня яго паўтара локця і вышыня Яго паўтара локця; 2. і абклаў яго чыстым золатам зь сярэдзіны і звонку і зрабіў вакол яго залаты вянок; 3. і выліў для яго чатыры колцы залатыя, на чатырох ніжніх кутках яго: па два колцы з аднаго боку яго, і два колцы з другога боку яго. 4. І зрабіў жэрдкі з дрэва сітым і абклаў іх золатам; 5. і ўклаў жэрдкі ў колцы, па баках каўчэга, каб насіць каўчэг. 6. і зрабіў века з чыстага золата: даўжыня яго два локці з палавінаю, а шырыня паўтара локця. 7. і зрабіў двух херувімаў з золата: чаканнага вырабу зрабіў іх на абодвух канцах века, 8. аднаго херувіма з аднаго канца, а другога херувіма з другога канца: пукатымі зь века зрабіў херувімаў з абодвух канцоў яго; 9. і былі херувімы раскрыленыя ўгору і пакрывалі крыламі сваімі века, а тварамі сваімі былі павернутыя адзін да аднаго; херувімы былі тварамі да века. 10. І зрабіў стол з дрэва сітым даўжынёю ў два локці, шырынёю ў локаць і вышынёю ў паўтара локця, 11. і абклаў яго золатам чыстым, і зрабіў вакол яго залаты вянок; 12. і зрабіў вакол яго сьценкі ў далоню і зрабіў залаты вянок каля сьценак яго; 13. і выліў для яго чатыры колцы залатыя і ўмацаваў колцы на чатырох кутах, каля чатырох ножак яго: 14. пры сьценках былі колцы, каб укладваць жэрдкі і насіць стол; 15. і зрабіў жэрдкі з дрэва сітым і абклаў іх золатам, каб насіць стол. 16. Потым зрабіў посуд да стала: міскі, кадзільніцы, кубкі і чары, каб паліваць зь іх, з чыстага золата. 17. І зрабіў сьвяцільню з золата чыстага, чаканную зрабіў сьвяцільню; сьцябло яе, галіны яе, чарачкі яе, яблыкі яе і кветкі яе выходзілі зь яе; 18. шэсьць галін выходзіла з бакоў яе: тры галіны сьвяцільні з аднаго боку яе і тры галіны сьвяцільні з другога боку яе; 19. тры чарачкі былі накшталт міндальнай кветкі, яблык і кветкі на адной галінцы, і тры чарачкі накшталт міндальнай кветкі, яблык і кветкі на другой галінцы: так на ўсіх шасьці галінках, што выходзяць зь сьвяцільні; 20. а на сьцябле сьвяцільні было чатыры чарачкі накшталт міндальнай кветкі зь яблыкамі і кветкамі; 21. у шасьці галінак, што выходзяць зь яе, яблык пад першымі дзьвюма галінкамі, і яблык пад другімі дзьвюма галінкамі, і яблык пад трэцімі дзьвюма галінкамі; 22. яблыкі і галінкі іх выходзілі зь яе; уся яна была чаканная, цэльная, з чыстага золата. 23. І зрабіў да яе сем лампад, і абцужкі да яе і латкі да яе, з чыстага золата; 24. з таланту чыстага золата зрабіў яе з усімі прыладамі яе. 25. І зрабіў ахвярнік дымленьня з дрэва сітым; даўжыня яго локаць, і шырыня яго локаць, чатырохкутны, вышыня яго два локці; зь яго выходзілі рогі яго; 26. і абклаў яго чыстым золатам, верх яго і бакі яго вакол і рогі яго, і зрабіў да яго залаты вянок вакол; 27. пад вянком яго на двух кутах яго зрабіў два колцы залатыя, абапал яго зрабіў іх, каб укладваць у іх жэрдкі і насіць яго; 28. жэрдкі зрабіў з дрэва сітым і абклаў іх золатам. 29. І зрабіў міра на сьвяшчэннае памазаньне і дымленьне пахучае, чыстае, ад умельства таго, хто складвае масьці. РАЗЬДЗЕЛ 38 1. І зрабіў ахвярнік цэласпаленьня з дрэва сітым даўжынёю ў пяць локцяў і шырынёю ў пяць локцяў, чатырохкутны, вышынёю ў тры локці, 2. і зрабіў рогі на чатырох кутах яго, так што зь яго выходзілі рогі, і абклаў яго медзьдзю. 3. І зрабіў усе прылады ахвярніка: гаршкі; лапаты, чары, вілкі і вугольнікі; усе прылады яго зрабіў зь медзі. 4. І зрабіў для ахвярніка рашотку, як сетку, зь медзі, па краі яго ўнізе да палавіны яго; 5. і зрабіў чатыры колцы на чатырох кутах меднай рашоткі для ўкладваньня жэрдак, 6. і зрабіў жэрдкі з дрэва сітым, і абклаў іх медзьдзю, 7. і ўклаў жэрдкі ў колцы па баках ахвярніка, каб насіць яго на іх; пусты ўсярэдзіне з дошак зрабіў яго. 8. І зрабіў умывальнік зь медзі і падножжа яго зь медзі з далікатнымі выявамім, якія ўпрыгожвалі ўваход у скінію сходу. 9. І зрабіў двор: з паўднёвага боку, на поўдзень, заслоны з суканага вісону даўжынёю ў сто локцяў; 10. слупоў для іх дваццаць і падножжаў да іх дваццаць медных; гачкі ў слупоў і повязі іх з срэбра. 11. І па паўночным баку - заслоны ў сто локцяў; слупоў для іх дваццаць і падножжаў да іх дваццаць медных; гачкі ў слупоў і повязі з срэбра. 12. І з заходняга боку - заслоны ў пяцьдзясят локцяў, слупоў для іх дзесяць і падножжаў да іх дзесяць, гачкі ў слупах і повязі іх з срэбра. 13. і зь відавога боку на ўсход - заслоны ў пяцьдзясят локцяў. 14. Для аднаго боку брамы двара - заслоны ў пятнаццаць локцяў, слупоў для іх тры і падножжаў да іх тры; 15. і для другога боку - заслоны ў пятнаццаць локцяў, слупоў для іх тры і падножжаў да іх тры. 16. Усе заслоны ва ўсе бакі двара з суканага вісону, 17. а падножжы ў слупоў зь медзі; гачкі ў слупах і повязі іх з срэбра; а вярхі ў іх абкладзены срэбрам, і ўсе слупы двара злучаны повязямі срэбнымі. 18. А заслона для брамы двара ўзорыстага вырабу з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны і з суканага вісону, даўжынёю ў дваццаць локцяў, вышынёю ў пяць локцяў, па ўсёй працягласьці, падобна на заслону двара; 19. і слупоў для яго чатыры і падножжаў да яго чатыры медныя; гачкі ў іх срэбныя, а вярхі іх абкладзены срэбрам, і повязі іх срэбныя. 20. Усе калы вакол скініі і двара медныя. 21. Вось падлік таго, што скарыстага для скініі адкрыцьця, зробленае паводле загаду Майсея, лявітамі пад наглядам Ітамара, сына Ааронавага, сьвятара. 22. А рабіў усё, што загадаў Гасподзь Майсею, Вэсэлііл, сын Урыі, сын Ора, з племя Юдавага, 23. І зь ім Агаліяў, сын Ахісамахаў, з племя Данавага, разьбяр і ўмелы ткач і вышывальшчык па блакітнай, пурпуровай, чырванёнай і вісонавай тканіне. 24. Усяго золата, ужытага ў працу на ўсе прылады сьвятыні, золата, прынесенага ў дар, было дваццаць дзевяць талантаў і сямсот трыццаць сікляў, сікляў сьвяшчэнных; 25. а срэбра ад падлічаных асобаў супольства сто талантаў і тысяча сямсот семдзесят пяць сікляў, сікляў сьвяшчэнных; 26. з шасьцісот трох тысяч пяцісот пяцідзесяці чалавек, з кожнага, хто быў падлічаны, ад дваццаці гадоў і вышэй, па паўсікля з чалавека, лічачы на сікль сьвяшчэнны. 27. Сто талантаў срэбра ўжыта на ліцьцё падножжаў сьвятыні і падножжаў у заслоны; сто падножжаў са ста талантаў, па таланце на падножжа; 28. а з тысячы сямісот сямідзесяці пяці сікляў зрабіў ён гачкі ў слупах і пакрыў вярхі іх і зрабіў повязі для іх. 29. А медзі, прынесенай у дар, было семдзесят талантаў і дзьве тысячы чатырыста сікляў; 30. зь яе зрабіў ён падножжы да слупоў каля ўваходу ў скінію сьведчаньня, і ахвярнік медны, і рашотку медную для яго, і ўвесь посуд ахвярніка, 31. і падножжы да слупоў усяго двара, і падножжы да слупоў брамы двара, і ўсе калы скініі і ўсе калы вакол двара. РАЗЬДЗЕЛ 39 1. А з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны зрабілі яны службовую вопратку, дзеля слугаваньня ў сьвятыні; зрабілі таксама сьвяшчэнную вопратку Аарону, як загадаў Гасподзь Майсею. 2. І зрабіў эфод з золата, з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны і з суканага вісону; 3. і распляскалі яны золата ў лісты і выцягнулі ніткі, каб выткаць іх паміж блакітнымі, пурпуровымі, чырванёнымі і вісонавымі ніткамі, умелаю працаю. 4. І зрабілі ў яго нарамнікі злучальныя; на абодвух канцах сваіх ён быў зьвязаны. 5. І пояс эфода, які паверсе яго, аднолькавага зь ім вырабу, зроблены быў з золата, з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны, як загадаў Гасподзь Майсею. 6. І зрабілі камяні аніксавыя, уставіўшы іх у залатыя гнёзды і выразаўшы на іх імёны сыноў Ізраілевых, як выразаюць на пячатцы; 7. і паклаў ён іх на нарамнікі эфода, у памяць сыноў Ізраілевых, як загадаў Гасподзь Майсею. 8. І зрабіў нагруднік умелаю працаю, такою самаю працаю, як эфод з золата, з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны і з суканага вісону; 9. ён быў чатырохкутны; яны зрабілі падвойны нагруднік у пядзю даўжыні і ў пядзю шырыні, падвойны ён быў; 10. і ўставілі ў яго ў чатыры рады камяні; побач: рубін, тапаз, смарагд, - гэта першы рад; 11. у другім радзе: карбункул, сапфір і адамант; 12. у трэцім радзе: карунд, агат і амэтыст; 13. у чацьвёртым радзе: хрызаліт, анікс і ясьпіс; і ўстаўлены яны ў залатыя гнёзды. 14. Камянёў было па ліку імёнаў сыноў Ізраілевых; дванаццаць было іх, па ліку імёнаў іхніх, і на кожным зь іх выразана было, як на пячатцы, па адным імю, для дванаццаці плямёнаў. 15. Да нагрудніка зрабілі тоўстыя ланцужкі вітага вырабу з чыстага золата; 16. і зрабілі два залатыя гнязды і два залатыя колцы і прымацавалі колцы да двух канцоў нагрудніка, 17. і ўклалі абодва пляцёныя ланцужкі з золата ў два колцы па канцах нагрудніка, 18. а два канцы двух ланцужкоў прымацавалі да двух гнёздаў і прымацавалі іх да нарамнікаў эфода з правага боку яго; 19. яшчэ зрабілі два колцы залатыя і прымацавалі іх да двух іншых канцоў нагрудніка, на тым баку, які трымаецца каля эфода ўсярэдзіне. 20. І яшчэ зрабілі два колцы залатыя, і прымацавалі іх да двух нарамнікаў эфода спадыспаду, з правага боку яго, каля злучэньня яго над поясам эфода; 21. і прымацавалі нагруднік колцамі яго да колцаў эфода шнурком з блакітнай воўны, каб ён быў над поясам эфода, і каб не адставаў нагруднік ад эфода, як загадаў Гасподзь Майсею. 22. І зрабіў верхнюю шату да эфода тканую, усю з блакітнай воўны, 23. і ў верхняй шаце прарэху, як у панцыры, і вакол яе абшыўку, каб ня дралася; 24. па прыполе верхняй шаты зрабілі яны яблыкі з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны; 25. і зрабілі бомкі з чыстага золата і павесілі бомкі паміж яблыкамі па прыполе верхняй шаты вакол: 26. бомку і яблык, бомку і яблык, па прыполе верхняй шаты вакол дзеля служэньня, як загадаў Гасподзь Майсею. 27. і зрабілі Аарону і сынам ягоным хітоны зь вісону, тканыя, 28. і кідар зь вісону, і павязкі на галаву зь вісону, і сподняе ільняное адзеньне з суканага вісону, 29. і пояс з суканага вісону і з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны, узорыстага вырабу, як загадаў Гасподзь Майсею. 30. І зрабілі паліраваную дошчачку, дыядэму сьвятыні, з чыстага золата, і накрэсьлілі на ёй пісьмёны, як выразаюць на пячатцы: «Сьвятыня Гасподняя»; 31. і прымацавалі да яе шнурок з блакітнай воўны, каб прывязаць яе да кідара зьверху, як загадаў Гасподзь Майсею. 32. Так закончана была ўся работа для скініі сходу, і зрабілі сыны Ізраілевыя ўсё: як загадаў Гасподзь Майсею, так і зрабілі. 33. і прынесьлі да Майсея скінію, покрыва і ўсе прылады яе, гачкі яе, брусы яе, жэрдкі яе, слупы яе і падножжы яе, 34. покрыва са скураў барановых чырвоных і покрыва са скураў сініх і заслону, каб захінаць, 35. каўчэг адкрыцьця і жэрдкі яго і века, 36. стол з усімі прыладамі яго і хлябы ахвяравальныя, 37. сьвяцільні з чыстага золата, лампады яго, лампады пастаўленыя на ім і ўсе прылады яго, і алей, каб асьвятляць, 38. залаты ахвярнік і алей памазаньня, і пахошчы, каб дыміць, і заслону на ўваход у скінію, 39. ахвярнік медны і медную рашотку да яго, жэрдкі яго і ўсе прылады яго, умывальнік і падножжа яго, 40. заслоны двара, слупы і падножжы, заслону да брамы двара, вяроўкі і калы і ўсе рэчы, якія належаць да слугаваньня ў скініі сходу, 41. вопратку службовую на служэньне ў сьвятыні, сьвяшчэнную вопратку Аарону сьвятару і вопратку сынам ягоным на сьвятадзейства. 42. Як загадаў Гасподзь Майсею, так і зрабілі сыны Ізраілевыя ўсю гэтую працу. 43. І ўбачыў Майсей усю працу, і вось, яны зрабілі яе: як загадаў Гасподзь, так і зрабілі. І дабраславіў іх Майсей. РАЗЬДЗЕЛ 40 1. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць: 2. у першы месяц, у першы дзень месяца пастаў скінію сходу, 3. і пастаў у ёй каўчэг адкрыцьця, і захіні каўчэг заслонаю; 4. і ўнясі стол і пастаў на ім усе рэчы яго, і ўнясі сьвяцільню і пастаў на ёй лампады яе; 5. і пастаў залаты ахвярнік, каб дыміць перад каўчэгам адкрыцьця, і павесь заслону на ўваходзе ў скінію; 6. і пастаў ахвярнік цэласпаленьня перад уваходам у скінію сходу; 7. і пастаў умывальнік паміж скініяй сходу і ахвярнікам і налі ў яго вады; 8. і пастаў двор вакол і павесь заслону ў браме двара. 9. І вазьмі алею памазаньня, і памаж скінію і ўсё, што ў ёй, і асьвяці яе і ўсе прылады яе, і будзе сьвята; 10. памаж ахвярнік цэласпаленьня і ўсе прылады яго і асьвяці ахвярнік, і будзе ахвярнік сьвятыня вялікая; 11. і памаж умывальнік і падножжа яго і асьвяці яго. 12. І прывядзі Аарона і сыноў ягоных да ўваходу ў скінію сходу і абмый іх вадою; 13. і апрані Аарона ў сьвяшчэннае адзеньне, і памаж яго, і асьвяці яго, каб ён быў сьвятаром Мне. 14. І сыноў ягоных прывядзі, і апрані іх у хітоны, 15. і памаж іх, як памазаў ты бацьку іхняга, каб яны былі сьвятарамі Мне, і памазаньне іх прысьвеціць іх у вечнае сьвятарства ў роды іхнія. 16. І зрабіў Майсей усё: як загадаў яму Гасподзь, так і зрабіў. 17. У першы месяц другога года, у першы дзень месяца пастаўлена скінія. 18. І паставіў Майсей скінію, паклаў падножжы яе, паставіў брусы яе, паклаў жэрдкі і паставіў слупы яе, 19. напяў покрыва над скініяю і паклаў века паверсе гэтага покрыва, як загадаў Гасподзь Майсею. 20. І ўзяў і паклаў адкрыцьцё ў каўчэг, і ўклаў жэрдкі ў колцы каўчэга, і паклаў века на каўчэг зьверху; 21. і ўнёс каўчэг у скінію, і павесіў заслону, і засланіў каўчэг адкрыцьця, як загадаў Гасподзь Майсею. 22. І паставіў стол у скініі сходу на паўночным баку скініі, паза заслонаю, 23. і расклаў на ім рад хлябоў перад Госпадам, як загадаў Гасподзь Майсею. 24. І паставіў сьвяцільню ў скініі сходу насупраць стала, на паўднёвым баку скініі, 25. і паставіў лампаду перад Госпадам, як загадаў Гасподзь Майсею. 26. І паставіў залаты ахвярнік у скініі сходу перад заслонаю 27. і задыміў на ім пахучае дымленьне, як загадаў Гасподзь Майсею. 28. І павесіў заслону пры ўваходзе ў скінію; 29. і ахвярнік цэласпаленьня паставіў каля ўваходу ў скінію сходу і прынёс на ім цэласпаленьні і ахвяру хлебную, як загадаў Гасподзь Майсею. 30. І паставіў умывальнік паміж скініяй сходу і ахвярнікам і наліў у яго вады для абмываньня, 31. і абмывалі зь яго Майсей і Аарон і сыны ягоныя рукі свае і ногі свае; 32. калі яны ўваходзілі ў скінію і падыходзілі да ахавярніка, тады і абмывалі, як загадаў Гасподзь Майсею. 33. І паставіў двор вакол скініі і ахвярніка і павесіў заслону ў браме двара. І так закончыў Майсей дзею. 34. І ўкрыла воблака скінію сходу. 35. І ня мог Майсей увайсьці ў скінію, бо засланяла яго воблака, і слава Гасподняя напаўняла скінію. 36. Калі падымалася воблака ад скініі, тады выпраўляліся ў дарогу сыны Ізраілевыя падчас усяго падарожжа свайго; 37. калі ж не падымалася воблака, дык і яны не выпараўляліся ў дарогу, пакуль яно не падымалася; 38. бо воблака Гасподняе стаяла над скініяй удзень, і агонь быў уначы ў ёй перад вачыма ўсяго дома Ізраілевага падчас усяго падарожжа іхняга. |