СТАРЫ ЗАПАВЕТ - Першая кніга Царстваў

РАЗЬДЗЕЛ 1

 

Быў адзін чалавек з Раматаім-Цофіма, з гары Яфрэмавай, імя яго Элкана, сын Ерахама, сына Ілія, сына Тоху, сына Цуфа, - Эфрацянін;

2. у яго былі дзьве жонкі: імя адной Ганна, а імя другой Фэнана; у Фэнаны былі дзеці, а ў Ганны ня было дзяцей.

3. І хадзіў гэты чалавек з горада свайго ў адпаведныя дні пакланяцца і прыносіць ахвяру Госпаду Саваофу ў Сілом; і там былі два сыны ягоныя, Офні і Фэнэес, сьвятарамі Госпада.

4. У той дзень, калі Элкана прыносіў ахвяру, даваў Фэнане, жонцы сваёй, і ўсім сынам яе і дочкам яе долі;

5. а Ганьне даваў долю адмысловую, бо кахаў Ганну, хоць Гасподзь замкнуў улоньне яе.

6. Суперніца яе моцна засмучала яе, падбіваючы яе да нараканьняў на тое, што Гасподзь замкнуў улоньне яе.

7. Так бывала кожны год, калі хадзіла яна ў дом Гасподні: тая засмучала яе, а гэтая плакала і ня ела.

8. І сказаў ёй Элкана, муж яе: Ганна! Чаго ты плачаш і чаму не ясі, і, чаго смуткуе сэрца тваё? ці ж ня лепшы я табе за дзесяць сыноў?

9. І ўстала Ганна пасьля таго, як яны елі і пілі ў Сіломе. А Ілій сьвятар сядзеў тады на сядзеньні каля ўваходу ў храм Гасподні.

10. І была яна ў скрусе душы, і малілася Госпаду, і горка плакала,

11. і дала абяцаньне, кажучы: Госпадзе Саваоф! Калі Ты ўважыш скрусе рабы Тваёй і спамянеш пра мяне, і не забудзеш рабы Тваёй і дасі рабе Тваёй дзіця мужчынскага полу, дык я аддам яго Госпаду на ўсе дні жыцьця яго, і брытва не кране галавы ягонай.

12. Тым часам як яна доўга малілася прад Госпадам, Ілій глядзеў на вусны яе;

13. і як Ганна гаварыла ў сэрцы сваім, а вусны яе толькі варушыліся, і ня было чуваць голасу яе, дык Ілій прыняў яе за п'яную.

14. І сказаў ёй Ілій: дакуль ты будзеш п'яная? працьверазіся зь віна твайго.

15. І адказвала Ганна і сказала: не, спадару мой; я - жонка, што засмучаецца духам, віна і сікеру я ня піла; а выліваю душу маю прад Госпадам;

16. ня лічы рабы тваёй нягоднаю жанчынаю, бо ад вялікай журбы маёй і ад скрухі маёй я гаварыла дагэтуль.

17. І адказваў Ілій і сказаў: ідзі зь мірам, і Бог Ізраілеў спраўдзіць просьбу тваю, чаго ты прасіла ў Яго.

18. А яна сказала: хай жа знойдзе раба твая літасьць у вачах тваіх! І пайшла яна ў няволю сваю, і ела, і аблічча яе ня было ўжо журботнае, як раней.

19. І ўсталі яны раніцай, і пакланіліся прад Госпадам, і вярнуліся, і прыйшлі ў дом свой у Раму. І паклікаў Элкана Ганну, жонку сваю, і спамянуў пра яе Гасподзь.

20. Празь некаторы час зачала Ганна і нарадзіла сына і дала яму імя Самуіл, бо, «у Госпада я выпрасіла яго».

21. І пайшоў муж яе Элкана і ўся сямья ягоная прынесьці гадавую ахвяру Госпаду і абяцаньні свае.

22. А Ганна не пайшла, сказаўшы мужу свайму: калі дзіця будзе аднята ад грудзей і падрасьце, тады я завяду яго, і ён зьявіцца прад Госпадам і застанецца там назаўсёды.

23. І сказаў ёй Элкана, муж яе: рабі, што табе заўгодна; заставайся, пакуль ня выкарміш яго грудзьмі; толькі хай спраўдзіць Гасподзь слова, якое выйшла з вуснаў тваіх. І засталася жонка ягоная і карміла грудзямі сына свайго, пакуль ня выкарміла.

24. А калі выкарміла яго, пайшла зь ім у Сілом, узяўшы тры цяляці і адну эфу мукі і мех віна, і прыйшла ў дом Госпада ў Сіломе; а хлопчык быў яшчэ дзіця.

25. І закалолі цяля; і прывялі хлопчыка да Ілія,

26. і сказала: о, спадару мой! хай жыве душа твая, спадару мой! я - тая самая жанчына, якая тут пры табе стаяла і малілася Госпаду;

27. за гэтае дзіця малілася я, і спраўдзіў мне Гасподзь просьбу маю, чаго я прасіла ў Яго;

28. і я аддаю яго Госпаду на ўсе дні жыцьця ягонага - служыць Госпаду. І пакланілася там Госпаду.

 

РАЗЬДЗЕЛ 2

 

1. І малілася Ганна і казала: зарадавалася сэрца маё ў Госпадзе; узьнёсься рог мой у Богу маім; шырока адкрыліся вусны мае на ворагаў маіх, бо я радуюся за ратаваньне Тваё.

2. Няма такога сьвятога, як Гасподзь, бо няма іншага, апрача Цябе; і няма цьвярдыні, як Бог наш.

3. Ня множце прамоваў пыхлівых; дзёрзкія словы няхай ня выходзяць з вуснаў вашых; бо Гасподзь ёсьць Бог веданьня, і дзеі ў Яго ўзважаныя.

4. Лук моцных ламаецца, а немачныя апярэзваюцца сілаю; насычаныя хлебам працуюць, а галодныя адпачываюць; нават няплодная родзіць сем разоў, а шматдзетная зьнемагае.

6. Гасподзь сьмерціць і ажыўляе, зводзіць у апраметную і выводзіць;

7. Гасподзь робіць жабраком і ўзбагачае, прыніжае і ўзвышае.

8. З пылу падымае Ён беднага, з гразі ўзвышае ўбогага, садзіць зь вяльможамі, і трон славы дае ім у спадчыну; бо ў Госпада асновы зямлі, і Ён сьцьвердзіў на ім сусьвет.

9. Сьляды сьвятых Сваіх Ён захоўвае, а беззаконьнікі ў цемры зьнікаюць: бо ня сілаю моцны чалавек.

10. Гасподзь сатрэ тых, што спрачаюцца зь Ім; зь нябёсаў загрыміць на іх. Гасподзь будзе судзіць канцы зямлі і дасьць моц цару Свайму і падыме рог памазанца Свайго.

11. І пайшоў Элкана ў Раму ў дом свой, а хлопчык застаўся служыць Госпаду пры Іліі сьвятары.

12. А сыны Ілія былі людзі нягодныя; яны ня ведалі Госпада

13. і абавязку сьвятароў перад народам. Калі хто прыносіў ахвяру, хлопчык сьвятарскі, калі гатавалася мяса, прыходзіў зь відэльцам у руцэ сваёй

14. і апускаў яго ў касьцёл, альбо ў каструлю, альбо на патэльню, альбо ў горшчык, і што выме відэлец, тое браў сабе сьвятар. Так рабілі яны з усімі Ізраільцянамі, якія прыходзілі туды ў Сілом.

15. Нават раней, чым спальвалі тлушч, прыходзіў хлопчык сьвятарскі і казаў ахвяравальніку: давай мяса на смажанку сьвятару; ён ня возьме ў цябе варанага мяса, а дай сырога.

16. І калі хто казаў яму: «хай спаляць раней тлушч, як павінна быць, і потым вазьмі сабе, колькі захоча душа твая», дык ён казаў: не, цяпер дай, а калі не, дык вазьму сілком.

17. І грэх гэтых маладых людзей быў даволі вялікі прад Госпадам, бо яны ўхіляліся ад ахвяраваньняў Госпаду.

18. А хлопчык Самуіл служыў прад Госпадам, надзяваючы ільняны наплечнік.

19. Верхнюю вопратку малую рабіла яму маці ягоная і прыносіла яму штогоду, калі прыходзіла з мужам сваім дзеля належнага ахвярапрынашэньня.

20. І дабраславіў Ілій Элкану і жонку ягоную і сказаў: хай дасьць табе Гасподзь дзяцей ад жонкі гэтай, замест гэтага, якога ты аддаў Госпаду! І пайшлі яны ў месца сваё.

21. І наведаў Гасподзь Ганну, і зачала яна і нарадзіла яшчэ трох сыноў і дзьвюх дачок; а хлопчык Самуіл падрастаў у Госпада.

22. А Ілій быў вельмі стары і чуў усё, як учыняюць сыны ягоныя з усімі Ізраільцянамі, і што яны сьпяць з жанчынамі, што зьбіраліся каля ўваходу ў скінію сходу.

23. І сказаў ім: навошта вы робіце такія ўчынкі? бо я чую благія словы пра вас ад усяго народу,

24. не, дзеці мае, нядобрая пагудка, якую я чую; вы разбэшчваеце народ Гасподні;

25. калі згрэшыць чалавек супроць чалавека, дык памоляцца за яго Богу; а калі чалавек згрэшыць супроць Госпада, дык хто будзе хадайнікам за яго? Але яны ня слухалі голасу бацькі свайго, бо Гасподзь вырашыў ужо аддаць іх сьмерці.

26. А хлопчык Самуіл усё больш і больш набіраў узросту і ўпадабаньня ў Госпада і ў людзей.

27. І прыйшоў чалавек Божы да Ілія і сказаў яму: так кажа Гасподзь: ці ж не адкрыўся Я дому бацькі твайго, калі яны былі яшчэ ў Егіпце, у доме фараона?

28. і ці ж ня выбраў яго з усіх каленаў Ізраілевых Сабе ў сьвятары, каб ён падымаўся да ахвярніка Майго, каб дыміў фіміямам, каб насіў наплечнік прад Мною? і ці ж ня даў я дому бацькі твайго ад усіх паленых агнём ахвяр сыноў Ізраілевых?

29. навошта ж вы топчаце нагамі ахвяры Мае і хлебныя прынашэньні Мае, якія запавядаў Я жытлішчу Майму, і навошта ты аддаеш перавагу сынам сваім прад Мною, раскормліваючы сябе пачаткамі прынашэньняў народу Майго Ізраіля?

30. Таму так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: Я сказаў тады: дом твой і дом бацькі твайго будуць хадзіць прад абліччам Маім вавек; а цяпер кажа Гасподзь: хай ня будзе так, бо Я праслаўлю тых, што праслаўляюць Мяне, а тыя, што няславяць Мяне, будуць паганьбаваныя.

31. Вось, настаюць дні, калі я падсяку мышцу тваю і мышцу дома бацькі твайго, так што ня будзе старца ў доме тваім ніколі;

32. і ты будзеш бачыць бедства жытлішча Майго, пры ўсім тым, што Гасподзь дабрачыніць Ізраілю, і ня будзе ў доме тваім старога праз усе дні.

33. Я не адхілю ў цябе ўсіх ад ахвярніка Майго, каб таміць вочы твае і мучыць душу тваю; але ўсе нашчадкі дома твайго будуць паміраць у сярэдніх гадах.

34. І вось табе азнака, якая будзе з двума сынамі тваімі, Офні і Фінээсам: абодва яны памруць у адзін дзень.

35. І пастаўлю сабе сьвятара вернага; ён будзе рабіць па сэрцы Маім і па душы Маёй; і дом яго зраблю цьвёрдым, і ён будзе хадзіць прад памазанцам Маім праз усе дні;

36. І кожны, хто застаўся з дому твайго, прыйдзе кланяцца яму за геру срэбра і кавалак хлеба і скажа: далучы мяне да якой-небудзь лявіцкай пасады, каб мець пракорм.

 

РАЗЬДЗЕЛ 3

 

1. Хлопчык Самуіл служыў Госпаду пры Іліі; слова Гасподняе было рэдкае ў тыя дні, відзежы былі ня частыя.

2. І было ў той час, калі Ілій ляжаў на сваім месцы, - і ў вачах ягоных пачало цямнець, і ён ня мог бачыць, -

3. і сьвяцільня Божая яшчэ не патухла, і Самуіл ляжаў у храме Гасподнім, дзе каўчэг Божы:

4. паклікаў Гасподзь Самуіла. І адказаў ён: вось я!

5. І пабег да Ілія і сказаў: вось я! ты клікаў мяне. Але той сказаў: я ня клікаў цябе; ідзі назад, кладзіся. І ён пайшоў і лёг.

6. Але Гасподзь другі раз паклікаў Самуіла. Ён устаў і прыйшоў да Ілія другі раз і сказаў: вось я! ты клікаў мяне. Але той сказаў: я ня клікаў цябе, сыне мой; ідзі назад, кладзіся.

7. Самуіл яшчэ ня ведаў тады голасу Госпада, і яшчэ не адкрывалася яму слова Гасподняе.

8. І паклікаў Гасподзь Самуіла яшчэ трэці раз. Ён устаў і прыйшоў да Ілія і сказаў: вось я! ты клікаў мяне. Тады зразумеў Ілій, што Гасподзь кліча хлопчыка.

9. І сказаў Ілій Самуілу: ідзі назад і кладзіся, і калі пакліча цябе Той, Які кліча, ты скажы: кажы, Госпадзе, бо чуе раб Твой. І пайшоў Самуіл і лёг на месцы сваім.

10. І прыйшоў Гасподзь, і стаў, і паклікаў, як таго і другога разу: Самуіле! Самуіле! І сказаў Самуіл: кажы, Госпадзе, бо чуе раб Твой.

11. І сказаў Гасподзь Самуілу: вось, Я ўчыню дзею ў Ізраілі, пра якую калі хто пачуе, дык у таго зазьвініць у вушах;

12. у той дзень Я ўчыню над Ізраілем усё тое, што Я казаў пра дом ягоны; Я пачну і закончу;

13. Я абвясьціў яму, што Я пакараю дом яго навекі за тую віну, што ён ведаў, як сыны ягоныя ліхадзейнічаюць, і ня цугляў іх;

14. і таму прысягаю дому Ілія, што віна дома Іліевага не загладзіцца ні ахвярамі, ні прынашэньнямі хлебнымі павек.

15. І спаў Самуіл да раніцы, і адчыніў дзьверы дома Гасподняга; і баяўся Самуіл абвясьціць відзеж гэты Ілію.

16. Але Ілій паклікаў Самуіла і сказаў: сыне мой Самуіле! Той сказаў: вось я!

17. І сказаў Ілій: што сказана табе? не хавай ад мяне, тое і тое зробіць з табою Бог, і яшчэ болей зробіць, калі ты ўтоіш ад мяне што-колечы з усяго таго, што сказана табе.

18. І абвясьціў яму Самуіл і ня ўтоіў ад яго нічога. Тады сказаў Ілій: Ён - Гасподзь; што Яму заўгодна, тое і ўтворыць.

19. І вырас Самуіл, і Гасподзь быў зь ім; і не засталося ніводнага слова ягонага, каб ня спраўдзілася.

20. І даведаўся ўвесь Ізраіль ад Дана да Вірсавіі, што Самуілу выпаў гонар быць прарокам Гасподнім.

21. І прадаўжаў Гасподзь зьяўляцца ў Сіломе пасьля таго, як адкрыў Сябе Самуілу ў Сіломе праз слова Гасподняе.

 

РАЗЬДЗЕЛ 4

 

1. І было слова Самуіла да ўсяго Ізраіля. І выступілі Ізраільцяне супроць Філістымлянаў на вайну і атабарыліся каля Авэн-Эзэра, а Філістымляне атабарыліся каля Афэка.

2. І выстраіліся Філістымляне супроць Ізраільцянаў, і адбылася бітва, і былі пабітыя Ізраільцяне Філістымлянамі, якія пабілі на полі бітвы каля чатырох тысяч чалавек.

3. І прыйшоў народ у табар; і сказалі старэйшыны Ізраільскія: за што пабіў нас Гасподзь сёньня перад Філістымлянамі? возьмем сабе зь Сілома каўчэг запавета Гасподняга, і ён пойдзе сярод нас і ўратуе нас ад рукі ворагаў нашых.

4. І паслаў народ у Сілом, і прынесьлі адтуль каўчэг запавета Госпада Саваофа, Які сядзіць на херувімах; а пры каўчэгу запавета Божага былі і два сыны Іліевыя, Офні і Фінээс.

5. І калі прыбыў каўчэг запавета Гасподняга ў табар, увесь Ізраіль падняў такі вялікі крык, што зямля стагнала.

6. І пачулі Філістымляне шум крыкаў і сказалі: чаго такія моцныя крыкі ў табары Габрэяў? І даведаліся, што каўчэг Гасподні прыбыў у табар.

7. І спалохаліся Філістымляне, бо сказалі: Бог той прыйшоў да іх у табар. І сказалі: гора нам! бо ня бывала падобнага ні ўчора, ні заўчора;

8. гора нам! хто выбавіць нас ад рукі гэтага магутнага Бога? гэта - Той Бог, Які пабіў Егіпцян усялякімі карамі ў пустыні;

9. умацуйцеся і будзьце мужныя, Філістымляне, каб вам ня быць у рабстве ў Габрэяў як яны ў вас у рабстве; будзьце мужныя і паваюйце іх.

10. І біліся Філістымляне, і пабітыя былі Ізраільцяне, і кожны пабег у намёт свой, і была параза вельмі вялікая, і загінула ў Ізраільцянаў трыццаць тысяч пешых.

11. І каўчэг Божы быў узяты, і два сыны Іліевыя, Офні і Фінээс, памерлі.

12. І пабег адзін Веньямініцянін зь месца бітвы і прыйшоў у Сілом таго ж самага дня; вопратка на ім была падраная і пыл на галаве ў яго.

13. Калі прыйшоў ён, Ілій сядзеў на сядзеньні пры дарозе каля варот і глядзеў, бо сэрца ягонае трымцела за каўчэг Божы. І калі чалавек той прыйшоў і абвясьціў у горадзе, дык моцна застагнаў увесь горад.

14. І пачуў Ілій гукі ляманту і сказаў: чаго такі шум? І адразу падышоў чалавек той і абвясьціў Ілію.

15. Ілію было тады дзевяноста восем гадоў; і вочы ў яго патухлі, і ён ня мог бачыць.

16. І сказаў той чалавек Ілію: я прыйшоў з табара, а сёньня бег я з поля бітвы. І сказаў Ілій: што адбылося, сыне мой?

17. І адказваў весьнік і сказаў: пабег Ізраіль перад Філістымлянамі, і параза вялікая адбылася ў народзе, і абодва сыны твае, Офні і Фінээс, памерлі, і каўчэг Божы ўзяты.

18. Калі спамянуў ён пра каўчэг Божы, Ілій упаў зь сядзеньня дагары каля варотаў, зламаў сабе хрыбет і памёр; бо ён быў стары і цяжкі. А быў ён судзьдзя Ізраіля сорак гадоў.

19. Нявестка ягоная, жонка Фінээсава, была цяжарная, і ўжо блізіліся роды. Калі пачула яна вестку пра ўзяцьце каўчэга Божага і пра сьмерць сьвёкра свайго і мужа свайго, дык упала на калені і нарадзіла, бо падступіліся да яе болі яе.

20. І калі памірала яна, дык жанчыны, якія стаялі каля яе, казалі ёй: ня бойся, ты нарадзіла сына. Але яна не адказвала і не зважала.

21. І назвала дзіця: Іхавод*, сказаўшы: «адышла слава ад Ізраіля» - з узяцьцем каўчэга Божага і зь сьмерцю сьвёкра яе і мужа яе.

22. Яна сказала: адышла слава ад Ізраіля, бо ўзяты каўчэг Божы.

 

* Няслава

 

РАЗЬДЗЕЛ 5

 

1. А Філістымляне ўзялі каўчэг Божы і прынесьлі яго з Авэн-Эзэра ў Азот.

2. І ўзялі Філістымляне каўчэг Божы, і ўнесьлі яго ў храм Дагона, і паставілі яго каля Дагона.

3. І ўсталі Азацяне рана на другі дзень, і вось, Дагон ляжыць тварам сваім да зямлі перад каўчэгам Гасподнім. І ўзялі яны Дагона і зноў паставілі яго на сваё месца.

4. І ўсталі яны раніцай на другі дзень, і вось, Дагон ляжыць ніцма на зямлі перад каўчэгам Гасподнім; галава Дагонава і абедзьве нагі яго і абедзьве рукі ягоныя адцятыя, кожная асобна, на парозе, засталося толькі тулава Дагонава.

5. Таму жрацы Дагонавы і ўсе, хто прыходзіў у капішча Дагона ў Азот, ня ступаюць на парог Дагонаў да сёньня.

6. І ацяжэла рука Гасподняя над Азацянамі, і Ён пабіваў іх і пакараў іх пакутлівымі нарасьцямі, у Азоце і ў навакольлі яго.

7. І ўгледзелі гэта Азацяне і сказалі: хай не застанецца каўчэг Бога Ізраілевага ў нас, бо цяжкая рука ў Яго і для нас і для Дагона, бога нашага.

8. І паслалі, і сабралі да сябе ўсіх уладароў Філістымскіх, і сказалі: што нам рабіць з каўчэгам Бога Ізраілевага? І сказалі: няхай каўчэг Бога Ізраілевага пяройдзе ў Гэт. І адправілі каўчэг Бога Ізраілевага ў Гэт.

9. Пасьля таго, як адправілі яго, была рука Гасподняя на горадзе - жудасьць вельмі вялікая, і пабіў Гасподзь жыхароў горада ад малога да вялікага, і паказаліся на іх нарасьці.

10. І паслалі яны каўчэг Божы ў Аскалон. І калі прыйшоў каўчэг Божы ў Аскалон, заенчылі Аскаланіцяне, кажучы: прынесьлі да нас каўчэг Бога Ізраілевага, каб аддаць сьмерці нас і народ наш.

11. І паслалі, і сабралі ўсіх уладароў Філістымскіх, і сказалі: вышліце каўчэг Бога Ізраілевага; няхай ён вернецца на сваё месца, каб ня ўсьмерціў ён нас і народ наш. Бо сьмяротная жудасьць была на ўсім горадзе: вельмі ацяжэла рука Божая на іх.

12. І тыя, якія не памерлі, пакараныя былі нарасьцямі, так што енк горада падымаўся да нябёсаў.

 

РАЗЬДЗЕЛ 6

 

1. І прабыў каўчэг Гасподні ў вобласьці Філістымскай сем месяцаў.

2. І паклікалі Філістымляне жрацоў і празарліўцаў і сказалі: што нам рабіць з каўчэгам Гасподнім? навучэце нас, як нам адпусьціць яго ў месца ягонае.

3. Тыя сказалі: калі вы хочаце адпусьціць каўчэг Бога Ізраілевага, дык не адпускайце яго ні з чым, а прынясеце яму ахвяру павіннасьці; тады ацаліцеся і ўведаеце, за што не адступае ад вас рука Ягоная.

4. І сказалі яны: якую ахвяру павіннасьці мусім прынесьці мы Яму? Тыя сказалі: па ліку ўладароў Філістымскіх пяць нарасьцяў залатых і пяць мышэй залатых; бо кара адна на ўсіх вас і на ўладарах вашых;

5. дык вось, зрабеце выявы нарасьцьяў вашых і выявы мышэй вашых, што спусташаюць зямлю, і ўзьнясеце славу Богу Ізраілеваму; магчыма, Ён паслабіць руку Сваю над вамі і над багамі вашымі і над зямлёю вашаю;

6. і навошта вам рабіць жорсткім сэрца ваша, як ажарсьцьвілі сэрца сваё Егіпцяне і фараон? вось, калі Гасподзь паказаў сілу Сваю над імі, дык яны адпусьцілі іх, і тыя пайшлі;

7. дык вось, вазьмеце, зрабеце адну калясьніцу новую і вазьмеце дзьве каровы-першацёлкі, на якіх ня было ярма, і запражэце кароў у калясьніцы, а цялят ад іх завядзеце ад іх дамоў;

8. і вазьмеце каўчэг Гасподні і пастаўце яго на калясьніцу, а залатыя рэчы, якія прынесяце Яму ў ахвяру павіннасьці, пакладзеце ў скрынку збоку ад яго; і адпусьцеце яго, і хай пойдзе;

9. і глядзеце, калі ён пойдзе да межаў сваіх, да Бэтсаміса, дык ён вялікае зло зрабіў нам; а калі не, дык мы будзем ведаць, што не ягоная рука пакарала нас, а зрабілася гэта з намі выпадкова.

10. І зрабілі яны так: і ўзялі дзьве каровы-першацёлкі і запрэглі іх у калясьніцу, а цялят іх затрымалі дома;

11. і паставілі каўчэг Госпада на калясьніцу і скрынку з залатымі мышамі і выявамі нарасьцяў.

12. І пайшлі каровы проста на дарогу да Бэтсаміса: адною дарогаю ішлі, ішлі і рыкалі, але ня ўхіляліся ні направа, ні налева; а ўладары Філістымскія ішлі сьледам за імі да межаў Бэтсаміса.

13. Жыхары Бэтсаміса жалі тады пшаніцу ў даліне і, зірнуўшы, угледзелі каўчэг Гасподні, і ўзрадаваліся, што ўбачылі яго.

14. А калясьніца прыйшла на поле Ісуса Бэтсамісяніна і спынілася там; і быў тут вялікі камень, і раскалолі калясьніцу на дровы, а кароў прынесьлі на цэласпаленьне Госпаду.

15. Лявіты зьнялі каўчэг Госпада і скрынку, што была пры ім, у якой былі залатыя рэчы, і паставілі на вялікім тым камені; а жыхары Бэтсаміса прынесьлі таго дня цэласпаленьне і закалолі ахвяры Госпаду.

16. І пяць уладароў Філістымскіх бачылі гэта і вярнуліся таго ж дня ў Акарон.

17. Залатыя гэтыя нарасьці, якія прынесьлі Філістымляне ў ахвяру павіннасьці Госпаду, былі: адна за Азот, адна за Газу, адна за Аскалон, адна за Гэт, адна за Акарон;

18. а залатыя мышы былі па колькасьці гарадоў Філістымскіх - пяці валадароў, ад гарадоў умацаваных і да адкрытых сёлаў, да вялікага каменя, на якім паставілі каўчэг Госпада, і які да сёньня на полі Ісуса Бэтсамісяніна.

19. І пакараў Ён жыхароў Бэтсаміса за тое, што яны заглядвалі ў каўчэг Госпада, і забіў з народу пяцьдзесят тысяч семдзесят чалавек. І заенчыў народ, бо пакараў Гасподзь народ караю вялікаю.

20. І сказалі жыхары Бэтсаміса: хто можа стаяць прад Госпадам, Гэтым Сьвятым Богам? і да каго Ён пойдзе ад нас?

21. І паслалі паслоў да жыхароў Кірыятыярыма сказаць: Філістымляне вярнулі каўчэг Госпада; прыйдзеце, вазьмеце яго сабе.

 

РАЗЬДЗЕЛ 7

 

1. І прыйшлі жыхары Кірыятыярыма, і ўзялі каўчэг Госпада, і прынесьлі яго ў дом Амінадаваў, на пагорак, а Элеазара, сына ягонага, асьвяцілі, каб ён захоўваў каўчэг Госпада.

2. З таго дня, як застаўся каўчэг у Кірыятыярыме, прайшло шмат часу, гадоў дваццаць. І вярнуўся ўвесь дом Ізраілеў да Госпада.

3. І сказаў Самуіл усяму дому Ізраіля, кажучы: калі вы ўсім сэрцам сваім вяртаецеся да Госпада, дык выдаліце са свайго асяродзьдзя багоў іншаземных і Астартаў і расхінеце сэрца ваша да Госпада і служэце Яму аднаму, і Ён выратуе вас ад рукі Філістымлянаў.

4. І выдалілі сыны Ізраілевыя Ваалаў і Астартаў і пачалі служыць аднаму Госпаду.

5. І сказаў Самуіл: зьбярэце ўсіх Ізраільцянаў у Масіфу, і я памалюся за вас Госпаду.

6. І сабраліся ў Масіфу, і чэрпалі ваду, і вылівалі прад Госпадам, і пасьціліся ў той дзень, кажучы: зграшылі мы прад Госпадам. І судзіў Самуіл сыноў Ізраілевых у Масіфе.

7. Калі пачулі Філістымляне, што сабраліся сыны Ізраілевыя ў Масіфу, тады пайшлі валадары Філістымскія на Ізраіля. Ізраільцяне, дачуўшыся, спалохаліся Філістымлянаў.

8. І сказалі сыны Ізраілевыя Самуілу: не пераставай заклікаць за нас Госпада Бога нашага, каб Ён выратаваў нас ад рукі Філістымлянаў.

9. І ўзяў Самуіл адно ягня ад саскоў і прынёс яго на цэласпаленьне Госпаду, і заклікаў Самуіл Госпада да Ізраіля, і пачуў яго Гасподзь.

10. І калі Самуіл прыносіў цэласпаленьне, Філістымляне прыйшлі ваяваць зь Ізраілем. Але Гасподзь загрымеў у той дзень моцным громам над Філістымлянамі і навёў на іх жах, і яны былі пакараныя перад Ізраілем.

11. І выступілі Ізраільцяне з Масіфы, і перасьледавалі Філістымлянаў, і білі іх да месца пад Вэтхорам.

12. І ўзяў Самуіл адзін камень, і паставіў паміж Масіфаю і Сэнам і назваў яго Авэн-Эзэр*, сказаўшы: да гэтага месца дапамог нам Гасподзь.

13. Так упакораны былі Філістымляне і перасталі хадзіць у межы Ізраілевыя; і была рука Гасподняя на Філістымлянах ва ўсе дні Самуіла.

14. І вернуты былі Ізраілю гарады, якія ўзялі Філістымляне ў Ізраіля, ад Акарона і да Гэта, і межы іх вызваліў Ізраіль з рук Філістымлянаў, і быў мір паміж Ізраілем і Амарэямі.

15. І быў Самуіл судзьдзёю Ізраіля ва ўсе дні жыцьця свайго:

16. год у год ён хадзіў і абыходзіў Вэтыль і Галгал і Масіфу і судзіў Ізраіля ва ўсіх гэтых мясьцінах;

17. потым вяртаўся ў Раму, бо там быў дом ягоны, і там судзіў ён Ізраіля, і пабудаваў там ахвярнік Госпаду.

 

* Камень дапамогі

 

РАЗЬДЗЕЛ 8

 

1. А калі састарыўся Самуіл, дык паставіў сыноў сваіх судзьдзямі над Ізраілем.

2. Імя старэйшага сына ягонага Ёіль, а імя другога сына ягонага Авія; яны былі судзьдзямі ў Вірсавіі.

3. Але сыны яго не хадзілі шляхамі ягонымі, а ўхіляліся ў карысьлівасьць і бралі дарункі і судзілі несправядліва.

4. І сабраліся ўсе старэйшыны Ізраіля, і прыйшлі да Самуіла ў Раму,

5. і сказалі яму: вось, ты састарыўся, а сыны твае ня ходзяць шляхамі тваімі; дык вось пастаў над намі цара, каб ён судзіў нас, як у іншых народаў.

6. І не спадабалася слова гэтае Самуілу, калі яны сказалі: дай нам цара, каб ён судзіў нас. І маліўся Самуіл Госпаду.

7. І сказаў Гасподзь Самуілу: паслухай голасу народу ва ўсім, што яны кажуць табе; бо не цябе яны адхілілі, а адхілілі Мяне, каб Я не валадарыў над вамі;

8. як яны рабілі з таго дня, калі Я вывеў іх зь Егіпта, і да гэтага дня, пакідалі Мяне і служылі іншым багам, так робяць яны з табою;

9. дык вось паслухай голасу іхняга; толькі абвясьці ім і пакажы ім правы цара, які будзе валадарыць над імі.

10. І пераказаў Самуіл усе словы Госпада народу, што прасіў у яго цара,

11. і сказаў: вось якія будуць правы ў цара, які будзе валадарыць над вамі: сыноў вашых ён возьме і прыставіць іх да калясьніц сваіх і зробіць верхаўцамі сваімі, і будуць яны бегаць перад калясьніцамі ягонымі;

12. і паставіць іх у сябе тысячнікамі і пяцідзясяцкімі, каб яны ўраблялі палеткі ягоныя і чакалі хлеба ад яго і рабілі яму воінскую зброю і калясьнічныя прылады ягоныя;

13. і дочак вашых возьме, каб яны складвалі масьці, гатавалі ежу і пяклі хлеб;

14. і палі вашыя і вінаградныя і аліўкавыя сады вашыя лепшыя возьме і аддасьць слугам сваім;

15. і з пасеваў вашых і зь вінаградных садоў вашых возьме дзясятую частку і аддасьць еўнухам сваім і слугам сваім;

16. і рабоў вашых і рабынь вашых, і юнакоў вашых найлепшых і аслоў вашых возьме і ўжыве на свае патрэбы;

17. з дробнага быдла вашага возьме дзясятую частку, і самі вы будзеце яму рабамі;

18. і застогнеце тады ад цара вашага, якога вы выбралі сабе, і ня будзе Гасподзь адказваць вам тады.

19. Але народ не згадзіўся паслухацца голасу Самуіла і сказаў: не, хай цар будзе над намі,

20. і мы будзем як іншыя народы: будзе судзіць нас цар наш, і хадзіць перад намі, і весьці войны нашыя.

21. І выслухаў Самуіл усе словы народу і пераказаў іх у вушы Госпаду.

22. І сказаў Гасподзь Самуілу: паслухай голасу іхняга і пастаў ім цара. І сказаў Самуіл Ізраільцянам: ідзеце кожны ў свой горад.

 

РАЗЬДЗЕЛ 9

 

1. Быў нехта з сыноў Веньяміна, звалі яго Кіс, сын Авііла, сына Цэрона, сына Бэхарата, сына Афія, сына нейкага Веньямініцяніна, чалавек знакаміты.

2. У яго быў сын, звалі яго Саўл, малады і прыгожы; і ня было нікога зь Ізраільцянаў прыгажэйшага за яго; ён ад плячэй сваіх быў вышэйшы за ўвесь народ.

3. І прапалі асьліцы ў Кіса, бацькі Саўлавага, і сказаў Кіс Саўлу, сыну свайму: вазьмі з сабою аднаго са слугаў і ўстань, ідзі, пашукай асьліц.

4. І прайшоў ён зямлю Яфрэмавую і прыйшоў у зямлю Шалішу, але не знайшлі; і прайшлі зямлю Шаалім, і там іх няма; і прайшоў ён зямлю Веньямінавую, і не знайшлі.

5. Калі яны прыйшлі ў зямлю Цуф, Саўл сказаў слузе свайму, які быў зь ім: хадзем назад, каб бацька мой, пакінуўшы асьліц, не пачаў непакоіцца за нас.

6. Але слуга сказаў яму: вось у гэтым горадзе ёсьць чалавек Божы, чалавек паважаны; усё, што ён скажа, збываецца; сходзім цяпер туды; можа, ён пакажа нам дарогу нашую, па якой нам ісьці.

7. І сказаў Саўл слузе свайму: вось мы пойдзем, а што мы прынясем таму чалавеку? бо хлеба не засталося ў торбах нашых, і дарунка няма, каб паднесьці чалавеку Божаму; што ў нас?

8. І зноў адказваў слуга Саўлу і сказаў: вось у руцэ маёй чвэрць сікля срэбра; я аддам чалавеку Божаму, і ён пакажа нам дарогу нашую.

9. Раней у Ізраіля, калі хто-небудзь ішоў пытацца Бога, казалі так: хадзем да празарліўца. Бо той, каго называюць сёньня прарокам, раней называўся празарліўцам.

10. І сказаў Саўл слузе свайму: добра ты кажаш; пойдзем. І пайшлі ў горад, дзе чалавек Божы.

11. Калі яны падымаліся ўгору ў горад, дык спаткалі дзяўчат, якія выйшлі чэрпаць ваду, і сказалі ім: ці ёсьць тут празарлівец?

12. Тыя адказвалі ім і сказалі: ёсьць; вось ён, паперадзе цябе; толькі пасьпяшайся, бо ён сёньня прыйшоў у горад, бо сёньня ў народа ахвярапрынашэньне на вышыні;

13. калі прыйдзеце ў горад, застанеце яго, пакуль ён яшчэ не пайшоў на тую вышыню, на абед; бо народ не пачне есьці, пакуль ён ня прыйдзе; бо ён дабраславіць ахвяру, і пасьля таго пачнуць есьці кліканыя; дык вось, ідзеце, цяпер яшчэ застанеце яго.

14. І пайшлі яны ў горад. Калі ж увайшлі ў сярэдзіну горада, дык вось і Самуіл выходзіць насустрач ім, каб ісьці на вышыню.

15. А Гасподзь адкрыў Самуілу за дзень да прыходу Саўлавага і сказаў:

16. заўтра гэтым часам Я прыйшлю да цябе чалавека зь зямлі Веньямінавай, і ты памаж яго ў кіраўніка народу Майму Ізраілю, і ён уратуе народ Мой ад рукі Філістымлянаў; бо Я ўважыў народу Майму, бо енк ягоны дайшоў да Мяне.

17. Калі Самуіл убачыў Саўла, дык Гасподзь сказаў яму: вось чалавек, пра якога Я казаў табе; ён будзе кіраваць народам Маім.

18. І пайшоў Саўл да Самуіла ў браме і спытаўся ў яго: скажы мне, дзе дом празарліўца?

19. І адказваў Самуіл Саўлу і сказаў: я празарлівец, ідзі паперадзе мяне на вышыню; і вы будзеце абедаць са мною сёньня, і адпушчу цябе раніцай, і ўсё, што ў цябе на сэрцы, скажу табе;

20. а пра асьліц, якія ў цябе прапалі ўжо тры дні, ня турбуйся, яны знайшліся. І каму ўсё прывабнае ў Ізраілі? Ці ж не табе і ўсяму дому бацькі твайго?

21. І адказваў Саўл і сказаў: ці ж ня сын я Веньяміна, аднаго з малодшых пакаленьняў Ізраілевых? і племя маё ці ж ня меншае сярод плямёнаў Веньямінавых? Навошта ж ты кажаш мне гэта?

22. І ўзяў Самуіл Саўла і слугу ягонага, і ўвёў іх у пакой, і даў ім першае месца сярод запрошаных, якіх было каля трыццаці чалавек.

23. І сказаў Самуіл кухару: падай тую частку, якую я даў табе і пра якую я сказаў табе: адкладзі яе ў сябе.

24. І ўзяў кухар лапатку і што было пры ёй і паклаў перад Саўлам. І сказаў Самуіл: вось гэта пакінута, пакладзі перад сабою і еж, бо на гэты час ашчаджана гэта табе, калі я склікаў народ. І абедаў Саўл з Самуілам у той дзень.

25. І сышлі яны з вышыні ў горад, і Самуіл гутарыў з Саўлам на даху.

26. Раніцай усталі яны так: калі ўзышла зара, Самуіл паклікаў Саўла на даху і сказаў: устань, я правяду цябе. І ўстаў Саўл, і выйшлі абодва яны з дома, ён і Самуіл.

27. Калі падыходзілі яны ў канец горада, Самуіл сказаў Саўлу: скажы слузе, каб ён пайшоў наперад нас, - і той пайшоў наперад; - а ты спыніся цяпер, і я адкрыю табе, што сказаў Бог.

 

РАЗЬДЗЕЛ 10

 

1. І ўзяў Самуіл посуд з алеем і выліў на галаву ягоную, і пацалаваў яго і сказаў: вось, Гасподзь памазвае цябе на кіраўніка спадчыны Сваёй:

2. калі ты цяпер пойдзеш ад мяне, дык сустрэнеш двух чалавек паблізу магілы Рахілі, на межах Веньямінавых, у Цэлцаху, і яны скажуць табе: знайшліся асьліцы, якіх ты хадзіў шукаць, і вось бацька твой, забыўшы пра асьліц, непакоіцца за вас, кажучы: што з сынам маім?

3. і пойдзеш адтуль далей і прыйдзеш да дубровы Фаворскай, і сустрэнуць цябе там тры чалавекі, што ісьцімуць да Бога ў Вэтыль: адзін нясе тры казьляняткі, другі нясе тры хлябы, а трэці нясе мех зь віном;

4. і будуць яны цябе вітаць і дадуць табе два хлябы, і ты возьмеш з рук іхніх.

5. Пасьля таго ты прыйдзеш на пагорак Божы, дзе ахоўны атрад Філістымскі; і калі ўвойдзеш там у горад, сустрэнеш гурт прарокаў, што сыходзіцьмуць з вышыні, і перад імі псалтыр і тымпан, і жалейка і гусьлі, і яны прарочаць;

6. і сыйдзе на цябе Дух Гасподні, і ты будзеш прарочыць зь імі і зробішся іншым чалавекам.

7. Калі гэтыя азнакі збудуцца з табою, тады рабі, што можа рука твая, бо з табою Бог.

8. І ты пайдзі раней за мяне ў Галгал, куды і я прыйду да цябе дзеля прынясеньня цэласпаленьня і мірных ахвяраў; сем дзён чакай, пакуль я ня прыйду да цябе, і тады пакажу табе, што табе рабіць.

9. Як толькі Саўл павярнуўся, каб ісьці да Самуіла, Бог даў яму іншае сэрца, і збыліся ўсе тыя азнакі ў той самы дзень.

10. Калі прыйшлі яны да пагорка, вось сустракаецца ім гурт прарокаў, і сышоў на яго Дух Божы, і ён прарочыў сярод іх.

11. Усе, хто ведаў яго ўчора і заўчора, убачыўшы, што ён з прарокамі прарочыць, казалі ў народзе адзін аднаму: што гэта сталася з сынам Кісавым? няўжо і Саўл у прароках?

12. І адказваў адзін з тых, што былі там, і сказаў: а ў тых, хто бацька. Таму ўвайшло ў прымаўку: няўжо і Саўл у прароках?

13. І перастаў ён прарочыць і пайшоў на вышыню.

14. І сказаў дзядзька Саўлаў яму і слузе ягонаму: куды вы хадзілі? Ён сказаў: шукаць асьліц, але, бачачы, што іх няма, зайшлі да Самуіла.

15. І сказаў дзядзька Саўлаў: раскажы мне, што сказаў вам Самуіл.

16. І сказаў Саўл дзядзьку свайму: ён абвясьціў нам, што асьліцы знайшліся. А таго, што сказаў яму Самуіл пра царства, не адкрыў яму.

17. І склікаў Самуіл народ да Госпада ў Масіфу

18. і сказаў сынам Ізраілевым: так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: Я вывеў Ізраіля зь Егіпта і выбавіў вас з рукі Егіпцянаў і ад рукі ўсіх царстваў, што прыгняталі вас.

19. А вы цяпер адкінулі Бога вашага, Які ратуе вас ад усіх бедстваў вашых і смуткаў вашых, і сказалі Яму: цара пастаў над намі. Дык вось станьце прад Госпадам паводле плямёнаў вашых і паводле родаў вашых.

20. І загадаў Самуіл падыходзіць усім плямёнам Ізраілевым, і ўказана племя Веньямінава.

21. І загадаў падыходзіць племю Веньямінаваму паводле родаў яго і ўказаны род Матрыеў; і прыводзяць род Матрыеў па мужчынах, і названы Саўл, сын Кісаў; і шукалі яго і не знаходзілі.

22. І спыталіся яшчэ ў Госпада: ці прыйдзе ён яшчэ сюды? І сказаў Гасподзь: вось ён хаваецца ў абозе.

23. І пабеглі і ўзялі яго адтуль, і ён стаў сярод народу і быў ад плячэй сваіх вышэйшы за ўвесь народ.

24. І сказаў Самуіл усяму народу: ці бачыце, каго выбраў Гасподзь? падобнага да яго няма ва ўсім народзе. Тады ўвесь народ усклікнуў і сказаў: хай жыве цар!

25. І выклаў Самуіл народу правы царства, і напісаў кнігу, і паклаў прад Госпадам. І адпусьціў увесь народ, кожнага ў дом свой.

26. Таксама і Саўл пайшоў у дом свой, у Гіву; і пайшлі зь ім адважныя, сэрца якіх крануўся Бог.

27. А нягодныя людзі казалі: ці ж яму ратаваць нас? І пагардзілі ім і не паднесьлі яму дарункаў. Але ён як бы не заўважаў таго.

 

РАЗЬДЗЕЛ 11

 

1. І прыйшоў Наас Аманіцянін і аблажыў Явіс Галаадскі. І сказалі ўсе жыхары Явіса Наасу: заключы з намі спрымірэнства, і мы будзем служыць табе.

2. І сказаў ім Наас Аманіцянін: я ўступлю з вамі ў спрымірэнства, але дзеля таго, каб выкалаць кожнаму з вас правае вока і тым самым пакласьці няславу на ўсяго Ізраіля.

3. І сказалі яму старэйшыны Явіса: дай нам тэрміну сем дзён, каб паслаць нам паслоў ва ўсе межы Ізраільскія, і калі ніхто не дапаможа нам, дык мы пойдзем да цябе.

4. І прыйшлі паслы ў Гіву Саўлавую і пераказалі словы гэтыя ў вушы народу; і ўвесь народ падняў лямант і заплакаў.

5. І вось, прыйшоў Саўл, ідучы за валамі, з поля і сказаў: што зрабілася з народам, што ён плача? І пераказалі яму словы жыхароў Явіса.

6. І сышоў Дух Божы на Саўла, калі ён пачуў словы гэтыя, і моцна ўспалымніўся гнеў ягоны;

7. І ўзяў ён пару валоў, і расьцяў іх на часткі, і паслаў ва ўсе межы Ізраільскія праз тых паслоў, абвяшчаючы, што так будзе зроблена з валамі таго, хто ня пойдзе сьледам за Саўлам і Самуілам. І напаў страх Гасподні на народ, і выступілі як адзін чалавек.

8. Саўл агледзеў іх у Вэзэку, і знайшоў сыноў Ізраілевых трыста тысяч, і мужчын Юдавых трыццаць тысяч

9. І сказалі прыйшлым паслам: так скажэце жыхарам Явіса Галаадскага: заўтра будзе вам дапамога, калі прыгрэе сонца. І прыйшлі паслы і абвясьцілі жыхарам Явіса, і яны зарадаваліся.

10. І сказалі жыхары Явіса: заўтра выйдзем да вас, і рабеце з намі, як вам заўгодна.

11. На другі дзень Саўл падзяліў народ на тры атрады, і яны праніклі ўсярэдзіну табара ў час ранішняй варты і пабілі Аманіцянаў да дзённай сьпёкі; тыя, што засталіся, расьсеяліся, так што не засталося зь іх двух разам.

12. Тады сказаў народ Самуілу: хто казаў: ці ж Саўлу цараваць над намі? дайце гэтых людзей, і мы аддамо іх сьмерці.

13. Але Саўл сказаў: у гэты дзень нікога ня трэба аддаваць сьмерці, бо сёньня Гасподзь учыніў выратаваньне ў Ізраілі.

14. І сказаў Самуіл народу: пойдзем у Галгал і абновім там царства.

15. І пайшоў увесь народ у Галгал, і паставілі там Саўла царом прад Госпадам у Галгале, і прынесьлі там мірныя ахвяры прад Госпадам. І вельмі весяліліся там Саўл і ўсе Ізраільцяне.

 

РАЗЬДЗЕЛ 12

 

1. І сказаў Самуіл усяму Ізраілю: вось, Я паслухаўся голасу вашага ва ўсім, што вы казалі мне, і паставіў над вамі цара,

2. і вось, цар ходзіць перад вамі; а я састарыўся і пасівеў; і сыны мае з вамі; а я хадзіў перад вамі з маладосьці маёй і да сёньня;

3. вось я; сьведчыце на мяне перад Госпадам і прад памазанцам Ягоным, у каго я ўзяў вала, у каго ўзяў асла, каго пакрыўдзіў і каго ўціснуў, у каго ўзяў дарунак і заплюшчыў у справе ягонай вочы мае, - і я вярну вам.

4. І адказвалі: ты ня крыўдзіў нас і ня ўціскаў нас і нічога ні ў кога ня ўзяў.

5. І сказаў ён ім: сьведка на вас Гасподзь, і сьведка памазанец Ягоны ў гэты дзень, што вы не знайшлі нічога за мною. І сказалі: сьведка.

6. Тады Самуіл сказаў народу: сьведка Гасподзь, Які паставіў Майсея і Аарона і Які вывеў бацькоў вашых зь зямлі Егіпецкай.

7. А цяпер станьце, і я буду судзіцца з вамі прад Госпадам за ўсе дабрачынствы, якія зрабіў Ён вам і бацькам вашым.

8. Калі прыйшоў Якаў у Егіпет, і бацькі вашыя залямантавалі да Госпада, дык Гасподзь паслаў Майсея і Аарона, і яны вывелі бацькоў вашых зь Егіпта і пасялілі іх на месцы гэтым.

9. Але яны забылі Госпада Бога свайго, і Ён аддаў іх у рукі Сісары, ваеначальніка Асорскага, і ў рукі Філістымлянаў і ў рукі цара Маавіцкага, якія ваявалі супроць іх.

10. Але калі яны залямантавалі да Госпада і сказалі: «зграшылі мы, бо пакінулі Госпада і пачалі служыць Ваалам і Астартам, цяпер выратуй нас ад рукі ворагаў нашых і мы будзем служыць Табе»,

11. тады Гасподзь паслаў Ераваала і Варака, і Ефтая і Самуіла, і выратаваў вас ад рукі ворагаў вашых, што атачалі вас, і вы жылі ў бясьпецы.

12. Але ўбачыўшы, што Наас, цар Аманіцкі, ідзе супроць вас, вы сказалі мне: «ня цар няхай валадарыць над намі», тым часам як Гасподзь Бог ваш - цар ваш.

13. Дык вось, вось цар, якога вы абралі, якога вы патрабавалі: вось, Гасподзь паставіў над вамі цара.

14. Калі будзеце баяцца Госпада і служыць Яму і слухаць голасу Ягонага, і ня будзеце супрацівіцца загадам Госпада, і будзеце і вы і цар ваш, які валадарыць над вамі, хадзіць за Госпадам Богам вашым;

15. а калі ня будзеце слухаць голасу Госпада і пачняце супрацівіцца загадам Госпада, дык рука Госпада будзе супроць вас, як была супроць бацькоў вашых.

16. Цяпер станьце і паглядзеце на дзею вялікую, якую Гасподзь учыніў перад вачыма вашымі:

17. ці ж ня жніва пшаніцы сёньня? але я паклічу Госпада, і пашле Ён гром і дождж, і вы ўведаеце і пабачыце, які вялікі грэх, які вы ўчынілі прад вачыма Госпада, просячы сабе цара.

18. І паклікаў Самуіл Госпада, і Гасподзь паслаў гром і дождж у той дзень; і прыйшоў увесь народ у вялікі страх ад Госпада і Самуіла.

19. І сказаў увесь народ Самуілу: памаліся за рабоў тваіх прад Госпадам Богам тваім, каб не памерці нам; бо да ўсіх грахоў нашых мы дадалі яшчэ грэх, калі прасілі сабе цара.

20. І адказваў Самуіл народу: ня бойцеся, грэх гэты вамі зроблены, але вы не адступайце толькі ад Госпада і служэце Госпаду ўсім сэрцам вашым

21. і не навяртайцеся на сьлед нікчэмных багоў, якія не прынясуць карысьці і ня выбавяць, бо яны - нішто.

22. А Гасподзь не пакіне народу Свайго дзеля вялікага імя Свайго, бо Госпаду заўгодна было выбраць вас народам Сваім;

23. і я таксама не дапушчу сабе грэху прад Госпадам, каб перастаць маліцца за вас, і буду настаўляць вас на шлях добры і просты;

24. толькі бойцеся Госпада і служэце Яму ў ісьціне, ад усяго сэрца вашага, бо вы бачылі, якія вялікія дзеі Ён учыніў з вамі;

25. калі ж вы будзеце рабіць ліхое, дык і вы і цар ваш загінеце.

 

РАЗЬДЗЕЛ 13

 

1. Год быў з пачатку цараваньня Саўла, і другі год цараваў ён над Ізраілем, як выбраў сабе Саўл тры тысячы зь Ізраільцянаў:

2. дзьве тысячы былі з Саўлам у Міхмасе і на гары Вэтыльскай, а тысяча была зь Ёнатанам у Гіве Веньямінавай; а астатні люд адпусьціў ён па дамах сваіх.

3. І разьбіў Ёнатан ахоўны атрад Філістымскі, які быў у Гіве; і пачулі пра гэта Філістымляне, а Саўл пратрубіў у трубу па ўсёй краіне, абвяшчаючы: няхай пачуюць Габрэі!

4. Калі ўвесь Ізраіль пачуў, што разьбіў Саўл ахоўны атрад Філістымскі і што Ізраіль зрабіўся ненавісны Філістымлянам, дык люд сабраўся да Саўла ў Галгал.

5. І сабраліся Філістымляне на вайну супроць Ізраіля: трыццаць тысяч калясьніц і шэсьць тысяч коньніцы, і люду мноства, як пясок на беразе мора; і прыйшлі і разьмясьціліся табарам у Міхмасе, з усходняга боку Бэт-Авэна.

6. Ізраільцяне, бачачы, што яны ў небясьпецы, бо народ быў уціснуты, хаваліся ў пячорах і ў цясьнінах і ў скалах, і ў вежах і ў равах;

7. а некаторыя з Габрэяў пераправіліся за Ярдан у краіну Гадаву і Галаадскую; а Саўл быў яшчэ ў Галгале, і ўвесь люд, які быў зь ім, быў у страху.

8. І чакаў ён сем дзён, да тэрміну, вызначанага Самуілам, а Самуіл ня прыходзіў у Галгал. І пачаў люд разьбягацца ад яго.

9. І сказаў Саўл: прывядзеце да мяне, што вызначана ў ахвяру цэласпаленьня і ў ахвяры мірныя. І ўчыніў цэласпаленьне.

10. Але ледзь толькі закончыў ён цэласпаленьне, вось, прыходзіць Самуіл. І выйшаў Саўл насустрач яму, каб вітаць яго.

11. Але Самуіл сказаў: што ты зрабіў? Саўл адказаў: я бачыў, што люд разьбягаецца ад мяне, а ты ня прыходзіў у назначаны час, а Філістымляне сабраліся ў Міхмасе;

12. тады падумаў я: «цяпер прыйдуць на мяне Філістымляне ў Галгал, а я яшчэ не заклікаў да Госпада», і таму рашыўся ўчыніць цэласпаленьне.

13. І сказаў Самуіл Саўлу: кепска зрабіў ты, што ня выканаў загаду Госпада Бога твайго, што даўно быў табе, бо сёньня ўмацаваў бы Гасподзь цараваньне тваё над Ізраілем назаўсёды;

14. але цяпер ня выстаяць царству твайму: Гасподзь знойдзе Сабе чалавека па сэрцы Сваім і загадае яму Гасподзь быць правадыром народу Свайго, бо ты ня выканаў таго, што было загадана табе Госпадам.

15. І ўстаў Самуіл і пайшоў з Галгала ў Гіву Веньямінаву; а Саўл пералічыў людзей, якія былі зь ім, да шасьцісот чалавек.

16. Саўл з сынам сваім Ёнатанам і людзьмі, якія былі пры іх, заселі ў Гіве Веньямінавай; а Філістымляне стаялі табарам у Міхмасе.

17. І выйшлі з табара Філістымскага тры атрады для спусташэньня зямлі: адзін скіраваўся па дарозе да Офры, у акругу Саўлавую,

18. другі атрад выправіўся па дарозе Вэтаронскай, а трэці скіраваўся па дарозе да мяжы даліны Цэваім, да пустыні.

19. Кавалёў ня было ва ўсёй зямлі Ізраільскай, бо Філістымляне апасаліся, каб Габрэі не зрабілі меча альбо дзіды.

20. І павінны былі хадзіць усе Ізраільцяне да Філістымлянаў мянціць свае сашнікі і свае рыдлёўкі, і свае сякеры і свае матыкі,

21. калі зробіцца шчарбіна на лязе ў сашніку і ў рыдлёўках, і ў вілах і ў сякерах, альбо калі трэба ражон паправіць.

22. Таму ў час вайны ня было ні меча, ні дзіды ва ўсяго народу, які быў з Саўлам і Ёнатанам, а толькі знайшліся яны ў Саўла і Ёнатана, сына ягонага.

23. І выйшаў перадавы атрад Філістымскі да пераправы Міхмаскай.

 

РАЗЬДЗЕЛ 14

 

1. Аднаго дня сказаў Ёнатан, сын Саўлаў, слузе, збраяносцу свайму: ідзі, пяройдзем да атрада Філістымскага, што па той бок. А бацьку свайму не сказаў пра гэта.

2. А Саўл быў у навакольлі Гівы, пад гранатавым дрэвам, што ў Мігроне; зь ім было каля шасьцісот чалавек народу

3. і Ахія, сын Ахітува, брата Ёхавэда, сына Фінэеса, сына Ілія, сьвятар Госпада ў Сіломе, які насіў наплечнік. А народ ня ведаў, што Ёнатан пайшоў.

4. Паміж пераходамі, па якіх Ёнатан спрабаваў прабрацца да атрада Філістымскага, была вострая скала з аднаго боку і вострая скала з другога: адна называлася Бацэц, а другая Сэнэ;

5. адна скала выдавалася з поўначы да Міхмаса, а другая з поўдня да Гівы.

6. І сказаў Ёнатан слузе-збраяносцу свайму: ідзі, пяройдзем да атрада гэтых неабрэзаных; магчыма, Гасподзь дапаможа нам, бо Госпаду няцяжка выратаваць многіх, альбо нямногіх.

7. І адказаў збраяносец: рабі ўсё, што на сэрцы ў цябе; ідзі, вось я з табою, куды табе заўгодна.

8. І сказаў Ёнатан: вось, мы пяройдзем да гэтых людзей і станем на вачах у іх;

9. калі яны так скажуць нам: «спынецеся, пакуль мы пойдзем да вас», дык мы спынімся на сваіх месцах і ня ўзыдзем да іх;

10. а калі так скажуць: «падымемся да нас», дык мы ўзыдзем, бо Гасподзь аддаў іх у рукі нашыя; і гэта будзе знакам нам.

11. Калі абодва яны спыніліся на вачах у атрада Філістымскага, дык Філістымляне сказалі: вось, Габрэі выходзяць зь цясьнінаў, у якіх хаваліся яны.

12. І закрычалі людзі, якія складалі атрад, да Ёнатана і збраяносца ягонага, кажучы: падымецеся да нас, і мы вам скажам нешта. Тады Ёнатан сказаў збраяносцу свайму: ідзі сьледам за мною, бо Гасподзь аддаў іх у рукі Ізраілю.

13. І пачаў узыходзіць Ёнатан, чапляючыся рукамі і нагамі, і збраяносец ягоны за ім. І падалі Філістымляне перад Ёнатанам, а збраяносец дабіваў іх за ім.

14. І загінула ў гэтым першым пабоішчы ад Ёнатана і збраяносцаў ягоных каля дваццаці чалавек, на палавіне поля, ураблянага параю валоў за дзень.

15. І ўсчалася жудасьць у табары на полі і ва ўсім народзе: перадавыя атрады і спусташальнікі зямлі затрымцелі; здрыганулася ўся зямля, і быў жах вялікі ад Госпада.

16. І ўбачылі вартавыя Саўла ў Гіве Веньямінавай, што натоўп расьсейваецца і бяжыць туды і сюды.

17. І сказаў Саўл народу, які быў зь ім: перагледзьце і даведайцеся, хто з нашых выйшаў. І перагледзелі, і вось, няма Ёнатана і збраяносца ягонага.

18. І сказаў Саўл Ахію: прынясі ківот Божы, - бо ківот Божы ў той час быў з сынамі Ізраільскімі.

19. Саўл яшчэ гаварыў, калі замяшаньне ў табары Філістымскім усё больш і больш павялічвалася. Тады сказаў Саўл сьвятару: складзі рукі твае.

20. І ўсклікнуў Саўл і ўвесь люд, які быў зь ім, і прыйшлі да месца бітвы, і вось, там меч кожнага павернуты быў супроць блізкага свайго; замяшаньне было вельмі вялікае.

21. Тады і Габрэі, якія ўчора і заўчора былі ў Філістымлянаў і якія ўсюды хадзілі зь імі ў табары, прысталі да Ізраільцянаў, што былі з Саўлам і Ёнатанам;

22. І ўсе Ізраільцяне, якія хаваліся на гары Яфрэмавай, пачуўшы, што Філістымляне пабеглі, таксама прысталі да сваіх у бітве.

23. І выратаваў Гасподзь таго дня Ізраіля; а бітва пашырылася аж да Бэт-Авэна.

24. Людзі Ізраільскія былі стомленыя ў той дзень; а Саўл закляў народ, сказаўшы: пракляты, хто скаштуе хлеба да вечара, пакуль я не адпомшчу ворагам маім. І ніхто зь люду не скаштаваў ежы.

25. І пайшоў увесь люд у лес, і быў там на паляне мёд.

26. І ўвайшоў люд у лес, кажучы: вось, цячэ мёд. Але ніхто не працягнуў рукі сваёй да вуснаў сваіх, бо люд баяўся заклёну.

27. А Ёнатан ня чуў, калі бацька ягоны заклінаў люд, і працягнуўшы канец кія, які быў у руцэ ў яго, умачыў яго ў соты мядовыя і павярнуў рукою да вуснаў сваіх, і пасьвятлелі вочы ягоныя.

28. І сказаў яму адзін зь людзей, кажучы: бацька твой закляў люд, сказаўшы: пракляты, хто сёньня скаштуе ежы; ад гэтага люд стаміўся.

29. І сказаў Ёнатан: зьбянтэжыў бацька мой зямлю; глядзеце, у мяне прасьвятлелі вочы, калі я скаштаваў крыху гэтага мёду;

30. калі б паеў сёньня люд са здабычы, якую знайшоў у ворагаў сваіх, дык ці ня большым быў бы разгром Філістымлянаў?

31. І таго дня разграмілі Філістымлянаў ад Міхмаса да Аялона, і народ вельмі стаміўся.

32. І кінуўся люд на здабычу, і бралі авечак, валоў і цялят, і калолі на зямлі, і еў люд з крывёю.

33. І паведамілі Саўлу, кажучы: вось, люд грэшыць прад Госпадам, есьць з крывёю. І сказаў Саўл: вы зграшылі; прывярнеце цяпер да мяне вялікі камень.

34. Потым сказаў Саўл: прайдзеце паміж людзей і скажэце ім: хай кожны прыводзіць да мяне свайго вала і кожны сваю авечку, і калеце тут і ежце, і не грашэце прад Госпадам, ня ежце з крывёю. І прыводзілі ўсе зь люду, кожны сваёю рукою, вала свайго ўначы, і калолі там.

35. І зладзіў Саўл ахвярнік Госпаду: то быў першы ахвярнік, пастаўлены ім Госпаду.

36. І сказаў Саўл: пойдзем у пагоню за Філістымлянамі ўначы і абяром іх да сьвітаньня і не пакінем у іх ніводнага чалавека. І сказалі: рабі ўсё, што добра ў вачах тваіх. А сьвятар сказаў: прыступім тут да Бога.

37. І спытаў Саўл у Бога: ці ісьці мне ў пагоню за Філістымлянамі? ці аддасі іх у рукі Ізраіля? Але Ён не адказваў яму ў той дзень.

38. Тады сказаў Саўл: хай падыдуць сюды ўсе начальнікі народу і разьведаюць і даведаюцца, на кім грэх сёньня?

39. бо - жывы Гасподзь, які выратаваў Ізраіля, - калі будзе і на Ёнатане, сыне маім, дык і ён памрэ мусова. І ніхто не адказваў яму з усяго народу.

40. І сказаў Саўл усім Ізраільцянам: станьце вы па адзін бок, а я і сын мой Ёнатан станем па другі бок. І адказваў люд Саўлу: рабі, што добра ў вачах тваіх.

41. І сказаў Саўл: Госпадзе, Божа Ізраілеў! дай знак. І выкрытыя былі Ёнатан і Саўл, а народ выйшаў невінаваты.

42. Тады сказаў Саўл: кіньце жэрабя паміж мною і Ёнатанам, сынам маім, і ўпала жэрабя на Ёнатана.

43. І сказаў Саўл Ёнатану: раскажы мне, што зрабіў ты? І расказаў яму Ёнатан і сказаў: я паспытаў канцом кія, што ў руцэ ў мяне, крыху мёду; і вось, я павінен памерці.

44. І сказаў Саўл: хай тое і тое зробіць мне Бог, і яшчэ болей зробіць; ты, Ёнатан, павінен сёньня памерці!

45. Але люд сказаў Саўлу: ці Ёнатану памерці, які даў вялікае выратаваньне Ізраілю? Хай ня будзе гэтага! Жывы Гасподзь, і валасіна не ўпадзе з галавы ягонай на зямлю, бо з Богам ён дзеяў сёньня. І вызваліў люд Ёнатана, і не памёр ён.

46. І вярнуўся Саўл ад перасьледу Філістымлянаў; а Філістымляне пайшлі ў сваё месца.

47. І ўцьвердзіў Саўл сваё цараваньне над Ізраілем, і ваяваў з усімі навакольнымі ворагамі сваімі, з Маавам і з Аманіцянамі, і з Эдомам і з царамі Совы і зь Філістымлянамі, і ўсюды, супроць каго ні выступаў, меў посьпех.

48. І сабраў войска, і пабіў Амаліка, і вызваліў Ізраіля з рукі грабежнікаў ягоных.

49. Сыны ў Саўла былі: Ёнатан, Есуі і Мэлхісуа; а імёны дзьвюх дачок ягоных: імя старэйшай - Мэрова, а імя малодшай - Мэлхола.

50. А імя жонкі Саўлавай - Ахінаам, дачка Ахімааца; а імя правадыра войска ягонага - Авэнір, сын Ніра, дзядзькі Саўлавага.

51. Кіс, бацька Саўлаў, і Нір, бацька Авэніраў, былі сыны Авііла.

52. І была зацятая вайна супроць Філістымлянаў праз ўвесь час Саўлаў. І калі Саўл бачыў якога-небудзь чалавека дужага і ваяўнічага, браў яго да сябе.

 

РАЗЬДЗЕЛ 15

 

1. І сказаў Самуіл Саўлу: Гасподзь паслаў мяне памазаць цябе царом над народам Ягоным, над Ізраілем; цяпер паслухайся голасу Госпада.

2. Так кажа Гасподзь Саваоф: успомніў Я пра тое, што зрабіў Амалік Ізраілю, як ён супрацьстаяў яму на шляху, калі ён ішоў зь Егіпта.

3. цяпер ідзі і пабі Амаліка і вынішчы ўсё, што ў яго; і не давай літасьці яму, а аддай сьмерці ад мужа да жонкі, ад падлетка да немаўляці, ад вала да авечкі, ад вярблюда да асла.

4. І сабраў Саўл люд і налічыў іх у Тэлаіме дзьвесьце тысяч Ізраільцянаў пешых і дзесяць тысяч з калена Юдавага.

5. І дайшоў Саўл да горада Амалікавага і зрабіў засаду ў даліне.

6. І сказаў Саўл Кіняянам: ідзеце, аддзялецеся, выйдзіце з асяродзьдзя Амаліка, каб я не загубіў вас зь ім, бо вы аказалі прыхільнасьць усім Ізраільцянам, калі яны ішлі зь Егіпта. І аддзяліліся Кіняяне з асяродзьдзя Амаліка.

7. І пабіў Саўл Амаліка ад Хавілы да навакольля Сура, што перад Егіптам;

8. і Агага, цара Амалікавага, захапіў жывога, а народ увесь вынішчыў мечам.

9. Але Саўл і народ пашкадавалі Агага і найлепшых авечак і валоў і ўкормленых ягнят, і ўсё добрае, і не хацелі зьнішчаць, а ўсе рэчы малаважныя і благія зьнішчылі.

10. І было слова Госпада Самуілу такое:

11. Шкадую, што паставіў Я Саўла царом, бо ён адвярнуўся ад Мяне і слова Майго ня выканаў. І засмуціўся Самуіл і заклікаў Госпада цэлую ноч.

12. І ўстаў Самуіл рана раніцай і пайшоў насустрач Саўлу. І паведамілі Самуілу, што Саўл хадзіў на Карміл і там паставіў сабе помнік, і сышоў у Галгал.

13. Калі прыйшоў Самуіл да Саўла, дык Саўл сказаў яму: дабраславёны ты ў Госпада; я выканаў слова Госпада.

14. І сказаў Самуіл: а што гэта за бляяньне авечак у вушах маіх і рыканьне валоў, якое я чую?

15. І сказаў Саўл: прывялі іх ад Амаліка, бо людзі пашкадавалі найлепшых авечак і валоў на ахвяраваньне Госпаду Богу твайму; а астатняе мы зьнішчылі.

16. І сказаў Самуіл Саўлу: пачакай, я скажу табе, што сказаў мне Гасподзь уначы. І сказаў яму Саўл: кажы.

17. І сказаў Самуіл: ці не малы ты быў у вачах тваіх, калі стаўся галавою плямёнаў Ізраілевых, і Гасподзь памазаў цябе царом над Ізраілем?

18. І паслаў цябе Гасподзь у дарогу, сказаўшы: ідзі і пракляні няверных Амалікіцянаў і ваюй супроць іх, пакуль ня зьнішчыш іх.

19. Чаму ж ты не паслухаў голасу Госпада і кінуўся на здабычу і ўчыніў благое перад вачыма Госпада?

20. І сказаў Саўл Самуілу: я паслухаўся голасу Госпада і пайшоў у дарогу, куды паслаў мяне Гасподзь, і прывёў Агага, цара Амалікіцкага, а Амаліка зьнішчыў;

21. а людзі са здабычы, з авечак і валоў, узялі самае лепшае з праклятага, дзеля ахвяраваньня Госпаду Богу твайму ў Галгале.

22. І адказаў Самуіл: няўжо цэласпаленьні і ахвяры гэтак сама прыемныя Госпаду, як паслушэнства голасу Госпада? паслушэнства лепшае за ахвяры і паслухмянасьць лепшая за тлушч авечы;

23. бо непакорлівасць ёсьць грэх, як чараўніцтва, і супраціўства тое самае, што балвахвалства; за тое, што ты занядбаў слова Госпада, і ён занядбаў цябе, каб ты ня быў царом.

24. І сказаў Саўл Самуілу: зграшыў я, бо пераступіў загад Госпада і слова тваё; але я баяўся народу і паслухаўся голасу ягонага;

25. а цяпер здымі зь мяне грэх мой і вярніся са мною, каб я пакланіўся Госпаду твайму.

26. І адказаў Самуіл Саўлу: не вярнуся я з табою, бо ты зьнікчэмніў слова Госпада, і Гасподзь зьнікчэмніў цябе, каб ты ня быў царом над Ізраілем.

27. І павярнуўся Самуіл, каб адысьці. Але Саўл ухапіўся за край вопраткі ягонай і разадраў яе.

28. Тады сказаў Самуіл: сёньня адабраў Гасподзь царства Ізраільскае ў цябе і аддаў яго блізкаму твайму, лепшаму за цябе;

29. і ня скажа няпраўды і не пакаецца вернік Ізраілеў, бо не чалавек Ён, каб каяцца Яму.

30. І сказаў Саўл: я зграшыў; але ўшануй мяне сёньня перад старэйшынамі народу майго і перад Ізраілем і вярніся са мною, і я пакланюся Госпаду Богу твайму.

31. І вярнуўся Самуіл па Саўла, і пакланіўся Саўл Госпаду.

32. Потым сказаў Самуіл: прывядзеце да мяне Агага, цара Амалікіцкага. І падышоў да яго Агаг дрыготкі, і сказаў Агаг: канечне горыч сьмерці мінулася?

33. Але Самуіл сказаў: як меч твой жанчын пазбаўляў дзяцей, так маці твая сярод жанчын хай пазбудзецца сына. І расьсек Самуіл Агага прад Госпадам у Галгале.

34. І адышоў Самуіл у Раму, а Саўл пайшоў у дом свой, у Гіву Саўлаву.

35. І больш ня бачыўся Самуіл з Саўлам да сьмерці сваёй; але смуткаваў Самуіл па Саўле, бо Гасподзь шкадаваў, што зрабіў Саўла царом над Ізраілем.

 

РАЗЬДЗЕЛ 16

 

1. І сказаў Гасподзь Самуілу: дакуль ты будзеш смуткаваць па Саўле, якога Я адхіліў, каб ён ня быў царом над Ізраілем? напоўні рог твой алеем і ідзі; Я пашлю цябе да Ясэя Віфляемляніна, бо сярод сыноў ягоных Я нагледзеў Сабе цара.

2. І сказаў Самуіл: як я пайду? Саўл дачуецца і заб'е мяне. Гасподзь сказаў: вазьмі ў руку тваю цяля са статку і скажы: я прыйшоў дзеля ахвяраваньня Госпаду;

3. і запрасі Ясэя да ахвяры; Я пакажу табе, што табе рабіць, і ты памажаш Мне таго, пра каго Я скажу табе.

4. І зрабіў Самуіл так, як сказаў яму Гасподзь. Калі прыйшоў ён у Віфляем, дык старэйшыны горада з трымценьнем выйшлі насустрач яму і сказалі: ці мірны прыход твой?

5. І адказаў ён: мірны, дзеля ахвяраваньня Госпаду прыйшоў я; асьвяцецеся і ідзеце са мною да ахвярапрынашэньня. І асьвяціў Ясэя і сыноў ягоных і запрасіў іх да ахвяры.

6. І калі яны прыйшлі, ён, убачыўшы Эліява, сказаў: правільна, гэты прад Госпадам памазанец Ягоны!

7. Але Гасподзь сказаў Самуілу: не зважай на выгляд ягоны і на вышыню росту яго; Я адхіліў яго; Я гляджу ня так, як глядзіць чалавек; бо чалавек глядзіць на аблічча, а Гасподзь глядзіць на сэрца.

8. І паклікаў Ясэй Амінадава і падвёў яго да Самуіла, і сказаў Самуіл: і гэтага ня выбраў Гасподзь.

9. І падвёў Ясэй Саму, і сказаў Самуіл: і гэтага ня выбраў Гасподзь.

10. Так падводзіў Ясэй да Самуіла сямёх сыноў сваіх, але Самуіл сказаў Ясэю; нікога з гэтых ня выбраў Гасподзь.

11. І сказаў Самуіл Ясэю: ці ўсе дзеці тут? І адказаў Ясэй: ёсьць яшчэ маладзейшы; ён пасьвіць авечкі. І сказаў Самуіл Ясэю: пашлі і вазьмі яго, бо мы ня сядзем абедаць, пакуль ня прыйдзе ён сюды.

12. І паслаў Ясэй, і прывялі яго. І быў ён бялявы, з прыгожымі вачыма і прыемным тварам. І сказаў Гасподзь: устань, памаж яго, бо гэта ён.

13. І ўзяў Самуіл рог з алеем і памазаў яго сярод братоў ягоных, і пакоіўся Дух Гасподні на Давідзе з таго дня і пасьля. А Самуіл устаў і адышоў у Раму.

14. А ад Саўла адступіўся Дух Гасподні, і бунтаваў яго ліхі дух супраць Госпада.

15. І сказалі яму слугі Саўлавыя: вось, ліхі дух супроць Госпада бунтуе цябе;

16. няхай гаспадар наш загадае слугам сваім, якія перад табою, пашукаць чалавека, умельскага ў гульні на арфе, і калі прыйдзе на цябе ліхі дух супроць Бога, дык ён, іграючы рукою сваёю, будзе супакойваць цябе;

17. і адказаў Саўл слугам сваім: знайдзеце мне чалавека, які добра грае, і прывядзеце яго да мяне.

18. Тады адзін слуга ягоны сказаў: вось, я бачыў у Ясэя Віфляемляніна сына, які ўмее граць, чалавека адважнага і ваяўнічага, і разумнага ў словах і віднага сабою, і Гасподзь зь ім.

19. І паслаў Саўл вястуноў да Ясэя і сказаў: пашлі да мяне Давіда, сына твайго, які каля статку.

20. І ўзяў Ясэй асла з хлебам і мех зь віном і адно казьляня, і паслаў з Давідам, сынам сваім, да Саўла.

21. І прыйшоў Давід да Саўла і служыў перад ім, і вельмі спадабаўся яму і зрабіўся ягоным збраяносцам.

22. І паслаў Саўл сказаць Ясэю: няхай Давід служыць пры мне, бо ён здабыў упадабаньне ў вачах маіх.

23. І калі Дух ад Бога бываў на Саўле, дык Давід, узяўшы арфу, граў, - і радасьней і лепей рабілася Саўлу, і дух ліхі адступаўся ад яго.

 

РАЗЬДЗЕЛ 17

 

1. Філістымляне сабралі войскі свае на вайну і сабраліся ў Сакхоце, што ў Юдэі, і разьмясьціліся табарам паміж Сакхотам і Азэкам у Эфэс-Даміме.

2. А Саўл і Ізраільцяне сабраліся і разьмясьціліся табарам у даліне дуба і падрыхтаваліся да вайны супроць Філістымлянаў.

3. І сталі Філістымляне на гары з аднаго боку, і Ізраільцяне на гары з другога боку, а паміж імі была даліна.

4. І выступіў з табара Філістымскага аднаборац, імем Галіяф, з Гэта; ростам ён - шэсьць локцяў зь пядзяю.

5. Медны шалом на галаве ў яго; і апрануты ён быў у лускаватую браню, і вага брані ягонай - пяць тысяч сікляў медзі;

6. медныя накаленьнікі на нагах ягоных, і медны шчыт за плячамі ў яго;

7. і дзяржак дзіды ягонай, як навой у кроснах; а сама дзіда ягоная - шэсьцьсот сікляў жалеза, і перад ім ішоў збраяносец.

8. І стаў ён і крычаў да палкоў Ізраільскіх, кажучы ім: навошта вы выйшлі ваяваць? ці ж не Філістымлянін я, а вы рабы Саўлавыя? выбераце ў сябе чалавека, і няхай выйдзе да мяне;

9. калі ён можа пабіцца са мною і заб'е мяне, дык мы будзем вашымі рабамі; а калі я адолею яго і заб'ю яго, дык вы будзеце нашымі рабамі і будзеце служыць нам.

10. І сказаў Філістымлянін: сёньня я пасаромлю палкі Ізраільскія; дайце мне чалавека, і мы падужаемся ўдвух.

11. І пачулі Саўл і ўсе Ізраільцяне гэтыя словы Філістымляніна, і вельмі перапалохаліся і жахнуліся.

12. А Давід быў сын Эфрацяніна зь Віфляема Юдавага, на імя Ясэй, у якога было восем сыноў; гэты чалавек у дні Саўла дасягнуў старасьці і быў старэйшы сярод мужчын.

13. Тры старэйшыя сыны Ясэевыя пайшлі з Саўлам на вайну; імёны трох сыноў ягоных, што пайшлі на вайну: старэйшы - Эліяў, другі за ім - Амінадаў, і трэці - Сама:

14. А Давід быў малодшы. Трое старэйшых пайшлі з Саўлам,

15. а Давід вярнуўся ад Саўла, каб пасьвіць авечкі бацькі свайго ў Віфляеме.

16. І выступаў Філістымлянін той раніцай і ўвечары і выстаўляў сябе сорак дзён.

17. І сказаў Ясэй Давіду, сыну свайму: вазьмі братам сваім эфу сушанага зерня і дзесяць гэтых хлябоў і занясі ў табар да сваіх братоў;

18. а гэтыя дзесяць сыроў занясі тысячніку і даведайся пра здароўе братоў і даведайся пра патрэбы іхнія.

19. Саўл і яны і ўсе Ізраільцяне былі ў даліне дуба і рыхтаваліся да бітвы зь Філістымлянамі.

20. І ўстаў Давід рана раніцай, і даручыў авечак вартавому, і, узяўшы ношку, пайшоў, як загадаў яму Ясэй; і прыйшоў да табара, калі войскі былі выведзены ў строй і з крыкам рыхтаваліся да бітвы.

21. І выставілі Ізраільцяне і Філістымляне строй супроць строю.

22. Давід пакінуў сваю ношку абознаму вартавому, і пабег у рады і, прыйшоўшы, спытаўся ў братоў сваіх пра здароўе.

23. І вось, калі ён гутарыў зь імі, аднаборац зь імем Галіяф, Філістымлянін з Гэта, выступае з радоў Філістымскіх і кажа тыя словы, і Давід пачуў.

24. І ўсе Ізраільцяне, убачыўшы гэтага чалавека, уцякалі ад яго і вельмі баяліся.

25. І казалі Ізраільцяне: бачыце гэтага чалавека, што выступае? ён выступае, каб ганіць Ізраіля; калі б хто забіў яго, адарыў бы таго цар вялікім багацьцем, і дачку сваю выдаў бы за яго, і дом бацькі ягонага зрабіў бы свабодным у Ізраілі.

26. І сказаў Давід людзям, якія стаялі зь ім: што зробяць таму, хто заб'е гэтага Філістымляніна і здыме ганьбу зь Ізраіля? бо хто гэты неабрэзаны Філістымлянін, што так ганіць войска Бога жывога?

27. І сказаў яму народ тыя самыя словы, кажучы: вось, што зроблена будзе таму чалавеку, які заб'е яго.

28. І пачуў Эліяў, старэйшы брат Давідаў, што гаварыў ён зь людзьмі, і раззлаваўся Эліяў на Давіда і сказаў: навошта ты сюды прыйшоў і на каго пакінуў нямногія авечкі тыя ў пустыні? я ведаю пыху тваю і благое сэрца тваё, ты прыйшоў падзівіцца на бойку.

29. І сказаў Давід: што ж я зрабіў? ці ня словы гэта?

30. І адвярнуўся ад яго да другога і казаў тыя самыя словы, і адказаў яму народ па-ранейшаму.

31. І пачулі словы, якія казаў Давід, і пераказалі Саўлу, і той паклікаў яго.

32. І сказаў Давід Саўлу: няхай ніхто ня падае духам празь яго; раб твой пойдзе і памерыцца з гэтым Філістымлянінам.

33. І сказаў Саўл Давіду: ня можаш ты ісьці супроць гэтага Філістымляніна, каб дужацца зь ім, бо ты яшчэ хлопец, а ён воін з маладосьці сваёй.

34. І сказаў Саўл Давіду: раб твой пасьвіў авечкі ў бацькі свайго, і калі, бывала, прыходзіў леў або мядзьведзь і задзіраў авечку ў статку,

35. дык я гнаўся за ім і нападаў на яго і адбіраў з пашчы ягонай; а калі ён кідаўся на мяне, дык я браў яго за касмачы і біў яго і забіваў яго;

36. і льва і мядзьведзя забіваў раб твой, і з гэтым Філістымлянінам неабрэзаным будзе тое самае, што зь імі, бо так ганіць войска Бога жывога.

37. І сказаў Давід: Гасподзь, Які выбаўляў мяне ад ільва і ад мядзьведзя, выбавіць мяне і ад рукі гэтага Філістымляніна. І сказаў Саўл Давіду: ідзі, і хай будзе Гасподзь з табою.

38. І апрануў Саўл Давіда ў сваю вопратку, і ўсклаў на галаву ягоную медны шалом, і надзеў на яго браню.

39. І аперазаўся Давід мечам паверх вопраткі і пачаў хадзіць, бо ня прывык да такое зброі; потым сказаў Давід Саўлу: я не магу хадзіць у гэтым, я ня прывык. І зьняў Давід усё гэта зь сябе.

40. І ўзяў кій свой у руку сваю, і выбраў сабе пяць гладкіх камянёў з ручая, і паклаў іх у пастуховую торбу, якая была зь ім; і з торбаю і з прашчаю ў руцэ сваёй выступіў супроць Філістымляніна.

41. Выступіў і Філістымлянін, ідучы і набліжаючыся да Давіда, і збраяносец ішоў паперадзе яго.

42. І зірнуў Філістымлянін і, убачыўшы Давіда, з пагардаю паглядзеў на яго, бо ён быў малады, бялявы і прыгожы тварам.

43. І сказаў Філістымлянін Давіду: што ты ідзеш на мяне зь кіем? хіба я сабака? І пракляў Філістымлянін Давіда сваімі багамі.

44. І сказаў Філістымлянін Давіду: падыдзі да мяне, і я аддам цела тваё птушкам нябесным і зьвярам польным.

45. А Давід адказваў Філістымляніну: ты ідзеш супроць мяне зь мечам і дзідай і шчытом, а я іду супроць цябе ў імя Госпада Саваофа, Бога войска Ізраільскага, якое ты ганіў;

46. сёньня аддасьць цябе Гасподзь у руку маю, і я заб'ю цябе, і здыму зь цябе галаву тваю, і аддам трупы войска Філістымскага птушкам нябесным і зьвярам польным, і ўведае ўся зямля, што ёсьць Бог у Ізраілі;

47. і ўведае ўвесь гэты гурт, што ня мечам і дзідаю ратуе Гасподзь, бо гэта вайна Госпада, і Ён аддасьць вас у рукі нашыя.

48. Калі Філістымлянін падняўся і пачаў падыходзіць і зьбліжацца дзеля сустрэчы з Давідам, Давід пасьпешліва пабег да строю насустрач Філістымляніну.

49. І апусьціў Давід руку сваю ў торбу і дастаў адтуль камень, і шпурнуў з прашчы і пацэліў Філістымляніну ў лоб, так што камень упіўся ў лоб ягоны, і ён упаў тварам на зямлю.

50. Так адолеў Давід Філістымляніна прашчаю і каменем, і падужаў Філістымляніна і забіў яго; а меча ня было ў руках у Давіда.

51. Тады Давід падбег і, наступіўшы на Філістымляніна, узяў меч ягоны і дастаў яго з похваў, ударыў яго і адсек ім галаву ягоную; Філістымляне, убачыўшы, што асілак іхні памёр, пабеглі.

52. І падняліся мужчыны Ізраільскія і Юдэйскія, і закрычалі і гналі Філістымлян да ўваходу ў даліну і да брамы Акарона. І падалі бітыя Філістымляне па дарозе Шаарымскай, да Гэта і да Акарона.

53. І вярнуліся сыны Ізраільскія з пагоні за Філістымлянамі і разрабавалі табар іхні.

54. І ўзяў Давід галаву Філістымляніна і занёс яе ў Ерусалім, а зброю ягоную паклаў у намёце сваім.

55. Калі Саўл убачыў Давіда, які выходзіў супроць Філістымляніна, дык сказаў Авэніру, начальніку войска: Авэнір, чый сын гэты хлопец? Авэнір адказаў: хай жыве душа твая, цару; я ня ведаю.

56. І сказаў цар: дык спытайся, чый сын гэты хлопец?

57. А калі Давід вяртаўся пасьля пагібелі Філістымляніна, дык Авэнір узяў яго і прывёў да Саўла, і галава Філістымляніна была ў руцэ ў яго.

58. І спытаўся ў яго Саўл: чый ты сын, хлопча? І адказаў Давід: сын раба твайго Ясэя зь Віфляема.

 

РАЗЬДЗЕЛ 18

 

1. Калі закончыў Давід гутарку з Саўлам, душа Ёнатана прыляпілася да душы ягонай, і палюбіў яго Ёнатан, як сваю душу.

2. І ўзяў яго Саўл таго самага дня і не дазволіў яму вяртацца ў дом бацькі ягонага.

3. А Ёнатан заключыў з Давідам спрымірэнства, бо палюбіў яго, як сваю душу.

4. І зьняў Ёнатан вопратку сваю, якая была на ім, і аддаў яе Давіду, таксама і астатнюю вопратку сваю, і меч свой, і лук свой, і свой пояс.

5. І Давід дзеяў разумна ўсюды, куды ні пасылаў яго Саўл, і зрабіў яго Саўл начальнікам над ваеннымі людзьмі; і гэта спадабалася ўсяму народу і слугам Саўлавым.

6. Калі яны ішлі, пры вяртаньні Давіда зь перамогі над Філістымлянінам, дык жанчыны з усіх гарадоў Ізраільскіх выходзілі насустрач Саўлу цару са сьпевамі і танцамі, з урачыстымі тымпанамі і зь кімваламі.

7. І крычалі жанчыны, якія ігралі, кажучы: Саўл перамог тысячы, а Давід дзясяткі тысяч!

8. І Саўл моцна засмуціўся, і няпрыемнае яму было гэтае слова, і ён сказаў: Давіду далі дзясяткі тысяч, а мне тысячы; яму нехапае толькі царства.

9. І з таго дня і потым падазрона глядзеў Саўл на Давіда.

10. І было на другі дзень: напаў ліхі дух ад Бога на Саўла, і ён шалеў у доме сваім, а Давід граў рукою сваёю на струнах, як і ў іншыя дні; у руцэ ў Саўла была дзіда.

11. І кінуў Саўл дзіду, падумаўшы: прыб'ю Давіда да сьцяны; але Давід два разы ўхіліўся ад яго.

12. І пачаў баяцца Саўл Давіда, бо Гасподзь быў зь ім, а ад Саўла адступіўся.

13. І выдаліў яго Саўл ад сябе і паставіў яго ў сябе тысячнікам, і ён уваходзіў і выходзіў перад народам.

14. І Давід ва ўсіх дзеях сваіх рабіў разумна, і Гасподзь быў зь ім.

15. І Саўл бачыў, што ён вельмі разумны, і баяўся яго.

16. А ўвесь Ізраіль і Юда любілі Давіда, бо ён уваходзіў і выходзіў перад ім.

17. І сказаў Саўл Давіду: вось старэйшая дачка мая, Мэрова: я дам яе табе за жонку, толькі будзь у мяне адважны і вядзі войны Гасподнія. Бо Саўл думаў: няхай не мая рука будзе на ім, а рука Філістымлянаў будзе на ім.

18. Але Давід сказаў Саўлу: хто я і што жыцьцё маё і род бацькі майго ў Ізраілі, каб мне быць зяцем царовым?

19. А калі настаў час аддаць Мэрову, дачку Саўлавую, Давіду, дык яна выдадзена была замуж за Адрыэла з Мэхолы.

20. Але Давіда пакахала другая дачка Саўлавая, Мэлхола; і калі паведамілі пра гэта Саўлу, дык гэта было прыемна яму.

21. Саўл думаў: аддам яе за яго, і яна будзе яму сеткаю, і рука Філістымлянаў будзе на ім. І сказаў Саўл Давіду: праз другую ты пароднішся са мною.

22. І загадаў Саўл слугам сваім: скажэце Давіду патаемна: вось, цар дабраволіць табе, і ўсе слугі ягоныя любяць цябе; дык вось, будзь зяцем царовым.

23. І перадалі слугі Саўлавыя ў вушы Давіду ўсе словы гэтыя. І сказаў Давід: хіба лёгка даецца вам быць зяцем цара? я - чалавек бедны і нязначны.

24. І данесьлі Саўлу слугі ягоныя і сказалі: вось, што кажа Давід.

25. І сказаў Саўл: так скажэце Давіду, цар ня хоча вена, апрача ста краеабразаньняў Філістымскіх, у помсту ворагам царовым. Бо Саўл меў на думцы загубіць Давіда рукамі Філістымлянаў.

26. І пераказалі слугі ягоныя Давіду гэтыя словы, і спадабалася Давіду стацца зяцем царовым.

27. Яшчэ не прайшлі вызначаныя дні, як Давід устаў і пайшоў сам і людзі ягоныя зь ім, і забіў дзьвесьце чалавек Філістымлянаў, і прынёс Давід краеабразаньні іхнія, і падаў іх у поўным ліку цару, каб зрабіцца зяцем царовым. І выдаў Саўл за яго Мэлхолу, дачку сваю, замуж.

28. І ўбачыў Саўл і зразумеў, што Гасподзь з Давідам, і што Мэлхола, дачка Саўлавая, любіла Давіда.

29. І пачаў Саўл яшчэ больш баяцца Давіда і зрабіўся ворагам ягоным на ўсё жыцьцё.

30. І калі правадыры Філістымскія выйшлі на вайну, Давід, з самага выхаду іхняга, дзеяў разумней за ўсіх слуг Саўлавых, і вельмі праславілася імя ягонае.

 

РАЗЬДЗЕЛ 19

 

1. І казаў Саўл Ёнатану, сыну свайму, і ўсім слугам сваім, каб забіць Давіда. Але Ёнатан, сын Саўлаў, вельмі любіў Давіда.

2. І паведаміў Ёнатан Давіду, кажучы: бацька мой Саўл спрабуе забіць цябе; дык вось, асьцерагайся заўтра; схавайся і будзь у патайным месцы;

3. а я выйду і стану каля бацькі майго на полі, дзе ты будзеш, і пагавару пра цябе з бацькам маім, і што ўбачу, раскажу табе.

4. І сказаў Ёнатан добрае пра Давіда Саўлу, бацьку свайму, і сказаў яму: хай ня грэшыць цар супроць раба свайго Давіда, бо ён нічым не зграшыў супроць цябе, і дзеі ягоныя вельмі карысныя табе;

5. ён унебясьпечваў душу сваю, каб пабіць Філістымляніна; і Гасподзь учыніў вялікае выратаваньне ўсяму Ізраілю; ты бачыў гэта і радаваўся; навошта ж ты хочаш зграшыць супроць невінаватай крыві і забіць Давіда бяз прычыны?

6. І паслухаў Саўл голасу Ёнатана і запрысягнуўся Саўл: жывы Гасподзь, Давід не памрэ.

7. І паклікаў Ёнатан Давіда, і пераказаў яму Ёнатан усе словы гэтыя, і прывёў Ёнатан Давіда да Саўла, і ён быў пры ім, як учора і заўчора.

8. Зноў пачалася вайна, і выйшаў Давід, і ваяваў зь Філістымлянамі, і ўчыніў ім вялікае пабоішча, і яны пабеглі ад яго.

9. І ліхі дух ад Бога напаў на Саўла, і ён сядзеў у доме сваім, і дзіда была ў руцэ ў яго, а Давід іграў рукою сваёю на струнах.

10. І хацеў Саўл прыбіць Давіда дзідаю да сьцяны, але Давід адскочыў ад Саўла, і дзіда ўпілася ў сьцяну; а Давід уцёк і ўратаваўся тае начы.

11. І паслаў Саўл слуг у дом да Давіда, каб падпільнаваць яго і забіць да раніцы. І сказала Давіду Мэлхола, жонка ягоная: калі ты ня выратуеш душы тваёй у гэтую ноч, дык заўтра будзеш забіты.

12. І спусьціла Мэлхола Давіда з акна, і ён пайшоў, і ўцёк і ўратаваўся.

13. А Мэлхола ўзяла статую і паклала яе на ложак, а ў галавах у яе паклала казіную скуру, і накрыла вопраткай.

14. І паслаў Саўл слуг, каб узяць Давіда; але Мэлхола сказала: ён хворы.

15. І паслаў Саўл слуг, каб агледзець Давіда, кажучы: прынясеце яго да мяне на пасьцелі, каб забіць яго.

16. І прыйшлі слугі, і вось, на пасьцелі статуя, а ў галавах у яе казіная скура.

17. Тады Саўл сказаў Мэлхоле: дзеля чаго ты так ашукала мяне і адпусьціла ворага майго, каб ён уцёк? І сказала Мэлхола Саўлу: ён сказаў мне: адпусьці мяне, інакш я заб'ю цябе.

18. І ўцёк Давід і ўратаваўся, і прыйшоў да Самуіла ў Раму і расказаў яму ўсё, што зрабіў зь імі Саўл. І пайшоў ён з Самуілам, і спыніліся яны ў Наваце.

19. І данесьлі Саўлу, кажучы: вось, Давід у Наваце, у Раме.

20. І паслаў Саўл слуг узяць Давіда, і калі ўбачылі яны гурт прарокаў, што прарочылі, і Самуіла, які начальнічаў над імі, дык Дух Божы сышоў на слуг Саўла, і яны пачалі прарочыць.

21. Данесьлі пра гэта Саўлу, і ён паслаў іншых слуг, але і гэтыя пачалі прарочыць. Потым паслаў Саўл трох слуг, і гэтыя пачалі прарочыць.

22. Саўл сам пайшоў у Раму, і дайшоў да вялікай крыніцы, што ў Сэфе, і спытаўся, кажучы: дзе Самуіл і Давід? І сказалі: вось, у Наваце, у Раме.

23. І пайшоў ён туды ў Нават у Раме, і на яго сышоў Дух Божы, і ён ішоў і прарочыў, пакуль ня прыйшоў у Нават у Раме.

24. І зьняў ён вопратку сваю, і прарочыў перад Самуілам, і ўвесь дзень той і ўсю ноч ляжаў неапрануты; таму кажуць: няўжо і Саўл у прароках?

 

РАЗЬДЗЕЛ 20

 

1. Давід уцёк з Навата ў Раме і прыйшоў і сказаў Ёнатану: што зрабіў я, у чым няпраўда мая, чым зграшыў я перад бацькам тваім, што ён шукае душы маёй?

2. І сказаў яму Ёнатан: не, ты не памрэш; вось, бацька мой ня робіць ні большае, ні меншае дзеі, не адкрыўшы вушам маім; навошта ж бо бацьку майму хаваць ад мяне гэтую дзею? гэтага ня будзе.

3. Давід прысягаў і казаў: бацька твой добра ведае, што я здабыў упадабаньне ў вачах тваіх, і таму гаворыць сам у Сабе: «хай ня ведае пра тое Ёнатан, каб не засмуціўся, але жывы Гасподзь і жывая душа твая! адзін толькі крок паміж мною і сьмерцю,»

4. І сказаў Ёнатан Давіду: чаго жадае душа твая, я зраблю табе.

5. І сказаў Давід Ёнатану: вось заўтра малады месяц, і я павінен сядзець з царом за сталом; але адпусьці мяне, і я схаваюся ў полі да вечара пасьлязаўтра.

6. Калі бацька твой спытаецца пра мяне, ты скажы: Давід адпрасіўся ў мяне схадзіць у свой горад Віфляем, бо там гадавое ахвярапрынашэньне ўсяго роду ягонага.

7. Калі на гэта ён скажа: «добра», дык мір рабу твайму; а калі ён угневаецца, дык ведай, што ліхое намысьліў ён.

8. А ты зрабі міласьць рабу твайму, - бо ты прыняў раба твайго ў запавет Гасподні з табою, - і калі ёсьць якая віна на мне, дык забі ты мяне; навошта табе весьці мяне да бацькі твайго?

9. І сказаў Ёнатан: ніяк ня будзе гэтага з табою; бо, калі я даведаюся напэўна, што ў бацькі майго намысьлена ліхое ўчыніць над табою, дык няўжо не паведамлю табе пра гэта?

10. І сказаў Давід Ёнатану: хто паведаміць мне, калі бацька твой адкажа сурова?

11. І сказаў Ёнатан Давіду: ідзі, выйдзем у поле. І выйшлі абодва ў поле.

12. І сказаў Ёнатан Давіду: жывы Гасподзь Бог Ізраілеў! я заўтра каля гэтага часу, альбо пасьлязаўтра, выпытаю ў бацькі майго; і калі ён добрым прыхільны да Давіда, і я тады не пашлю да цябе і не адкрыю перад вушамі тваімі,

13. няхай тое і тое зробіць Гасподзь зь Ёнатанам і яшчэ болей зробіць. Калі ж бацька мой намышляе зрабіць табе ліхое, і гэта адкрыю ў вушы твае, і адпушчу цябе, і тады ідзі зь мірам: і хай будзе Гасподзь з табою, як бы з бацькам маім!

14. Але і ты, калі я яшчэ буду жывы, зрабі мне міласьць Гасподнюю.

15. А калі я памру, дык не адбяры міласьці тваёй ад дому майго вавек, нават і тады, калі Гасподзь зьнішчыць з улоньня зямлі ўсіх ворагаў Давідавых.

16. Так заключыў Ёнатан запавет з домам Давіда і сказаў: хай спагоніць Гасподзь з ворагаў Давідавых!

17. І зноў Ёнатан прысягаўся Давіду сваёй любоўю да яго, бо любіў яго, як сваю душу.

18. І сказаў яму Ёнатан: заўтра малады месяц, і пра цябе спытаюць, бо месца тваё будзе не занятае;

19. таму на трэці дзень ты спусьціся і пасьпяшайся на тое месца, дзе ты хаваўся раней, і сядзь каля каменя Азэль:

20. а я ў той бок пушчу тры стралы, быццам страляючы па цэлі;

21. потым пашлю хлопчыка, кажучы: «ідзі, знайдзі стрэлы»; і калі я скажу хлопчыку: «вось, стрэлы за табою, вазьмі іх», дык прыйдзі да мяне, бо мір табе, і, жывы Гасподзь, нічога табе ня будзе;

22. а калі так скажу хлопчыку: «вось, стрэлы прад табою», дык ты сыдзі, бо адпускае цябе Гасподзь;

23. а таму, што мы казалі, я і ты, сьведка Гасподзь паміж мною і табою навекі.

24. І схаваўся Давід у полі. І настаў час маладзіка, і сеў цар абедаць.

25. Цар сеў на сваім месцы, паводле звычаю, на сядзеньні каля сьцяны, і Ёнатан устаў, і Авэнір сеў каля Саўла; а месца Давідава засталася незанятае.

26. І не сказаў Саўл у той дзень нічога, бо падумаў, што гэта выпадковасьць, што Давід нячысты, не ачысьціўся.

27. Настаў і другі дзень маладзіка, а месца Давідава заставалася незанятае. Тады сказаў Саўл сыну свайму Ёнатану: чаму сын Ясэеў ня прыйшоў на абед ні ўчора, ні сёньня?

28. І адказаў Ёнатан Саўлу: Давід адпрасіўся ў мяне ў Віфляем:

29. ён казаў: «адпусьці мяне, бо ў нас у горадзе родавае ахвярапрынашэньне, і мой брат запрасіў мяне; дык вось, калі я знайшоў дабраславеньне ў вачах тваіх, схаджу я і пабачуся са сваімі братамі»; таму ён і ня прыйшоў на абед да цара.

30. Тады моцна ўгневаўся Саўл на Ёнатана і сказаў яму: сыне нягодны і непакорлівы! хіба я ня ведаю, што ты сябраваўся з сынам Ясэевым на сорам сабе і на сорам маці тваёй!

31. бо ўсе дні, пакуль сын Ясэеў будзе жыць на зямлі, ня ўстоіш ні ты, ні царства тваё; цяпер жа пашлі і прывядзі яго да мяне, бо ён асуджаны на сьмерць.

32. І адказаў Ёнатан Саўлу, бацьку свайму, і сказаў яму: за што забіваеш яго? што ён зрабіў?

33. Тады Саўл кінуў дзіду ў яго, каб забіць яго. І Ёнатан зразумеў, што бацька ягоны рашыўся забіць Давіда.

34. І ўстаў Ёнатан з-за стала ў вялікім гневе і не абедаў на другі дзень маладзіка, бо смуткаваў па Давідзе і таму што пакрыўдзіў яго бацька ягоны.

35. На другі дзень раніцай выйшаў Ёнатан у поле, у час, назначаны Давіду, і малы хлопчык зь ім.

36. І сказаў ён хлопчыку: бяжы, шукай стрэлы, якія я пускаю. Хлопчык пабег, а ён пускаў стрэлы так, што яны ляцелі далей хлопчыка.

37. І пабег хлопчык туды, куды Ёнатан пускаў стрэлы, і закрычаў Ёнатан усьлед хлопчыку і сказаў: глядзі, страла перад табою.

38. І зноў крычаў Ёнатан усьлед хлопчыку: хутчэй бяжы, ня спыняйся. І сабраў хлопчык Ёнатанаў стрэлы і прыйшоў да свайго гаспадара.

39. А хлопчык ня ведаў нічога; толькі Ёнатан і Давід ведалі, што да чаго.

40. І аддаў Ёнатан зброю сваю хлопчыку, які быў пры ім, і сказаў яму: ідзі, занясі ў горад.

41. Хлопчык пайшоў, а Давід падняўся з паўднёвага боку і ўпаў тварам сваім на зямлю і тройчы пакланіўся; і цалавалі яны адзін аднаго, і плакалі абодва разам, але Давід плакаў болей.

42. І сказаў Ёнатан Давіду: ідзі зь мірам; а ў чым прысягалі мы абодва імем Госпада, кажучы: «Гасподзь хай будзе паміж мною і табою і паміж семем маім і семем тваім», тое хай будзе навекі.

43. І ўстаў Давід і пайшоў, а Ёнатан вярнуўся ў горад.

 

РАЗЬДЗЕЛ 21

 

1. І прыйшоў Давід у Номву да Ахімэлэха сьвятара, і сумеўся Ахімэлэх пры сустрэчы з Давідам і сказаў яму: чаму ты адзін, і нікога няма з табою?

2. І сказаў Давід Ахімэлэху сьвятару: цар даручыў мне дзею і сказаў мне: «хай ніхто ня ведае, па што я паслаў цябе і што даручыў табе»; таму людзей я пакінуў на пэўным месцы;

3. дык вось, што ёсьць у цябе пад рукою, дай мне, хлябоў пяць, альбо што знойдзецца.

4. І адказаў сьвятар Давіду, кажучы: няма ў мяне пад рукою простага хлеба, а ёсьць хлеб асьвечаны; калі толькі людзі твае ўстрымаліся ад жанчын.

5. І адказаў Давід сьвятару і сказаў яму: жанчын з намі ня было ні ўчора, ні заўчора, з часу, як я выйшаў, а посуд хлопчыкаў чысты, а калі дарога нячыстая, дык хлеб застанецца чыстым у посудзе.

6. І даў яму сьвятар асьвечанага хлеба; бо ня было ў яго хлеба, акрамя хлябоў выстаўленьня, якія ўзятыя былі ад аблічча Госпада, каб, калі зьнятыя будуць, пакласьці цёплыя хлябы.

7. Там быў таго дня прад Госпадам адзін слуга Саўлаў, імем Доік, Ідумэянін, начальнік пастухоў Саўлавых.

8. І сказаў Давід Ахімэлэху: ці няма тут у цябе пад рукою дзіды ці меча? бо я ня ўзяў з сабою ні меча, ні іншай зброі, бо даручэньне царовае было сьпешнае.

9. І сказаў сьвятар: вось меч Галіяфа Філістымляніна, якога ты забіў у даліне дуба, загорнуты ў вопратку, за наплечнікам; калі хочаш, вазьмі яго; іншага акрамя гэтага тут няма. І сказаў Давід: няма да яго падобнага, дай мне яго.

10. І ўстаў Давід, і ўцёк таго самага дня ад Саўла, і прыйшоў да Анхуса, цара Гэцкага.

11. І сазалі Анхусу слугі ягоныя: ці ня гэта Давід, цар той краіны? ці не яму сьпявалі ў карагодах і казалі: Саўл пабіў тысячы, а Давід - дзясяткі тысяч?

12. Давід паклаў словы гэтыя ў сэрцы сваім і моцна баяўся Анхуса, цара Гэцкага.

13. І зьмяніў твар свой перад імі, і прыкінуўся вар'ятам у іхніх вачах, і крэсьліў на дзьвярах, і пускаў сьліну па барадзе сваёй.

14. І сказаў Анхус рабам сваім: бачыце, ён чалавек вар'ят; навошта вы прывялі яго да мяне?

15. ці ж мала ў мяне вар'ятаў, што вы прывялі яго, каб ён юродзіў перад мною? няўжо ён увойдзе ў дом мой?

 

РАЗЬДЗЕЛ 22

 

1. І выйшаў Давід адтуль і ўцёк у пячору Адаламскую, і пачулі браты ягоныя і ўвесь дом бацькі ягонага і прыйшлі да яго туды.

2. і сабраліся да яго ўсе прыгнечаныя і ўсе пазычэнцы і ўсе засмучаныя душою, і стаўся ён начальнікам над імі: і было зь ім каля чатырохсот чалавек.

3. Адтуль пайшоў Давід у Масіфу Маавіцкую і сказаў цару Маавіцкаму: няхай бацька мой і маці мая пабудуць у вас, пакуль я не даведаюся, што зробіць са мною Бог.

4. І прывёў іх да цара Маавіцкага, і жылі яны ў яго ўвесь час, пакуль Давід быў у тым сховішчы.

5. Але прарок Гад сказаў Давіду: не заставайся ў гэтым сховішчы, а выпраўляйся, ідзі ў зямлю Юдаву. І пайшоў Давід і прыйшоў у лес Хэрэт.

6. І дачуўся Саўл, што Давід аб'явіўся і людзі, якія былі зь ім. Саўл сядзеў тады ў Гіве пад дубам на гары, зь дзідай у руцэ, і ўсе слугі ягоныя абступалі яго.

7. І сказаў Саўл слугам сваім, што абступалі яго: паслухайце, сыны Веньямінавыя! няўжо ўсім вам дасьць сын Ясэя палі і вінаграднікі і ўсіх вас паставіць тысячнікамі і сотнікамі,

8. што вы ўсе згаварыліся супроць мяне, і ніхто не адкрыў мне, калі сын мой уступіць у сяброўства з сынам Ясэя, і ніхто з вас не пашкадаваў мяне і не адкрыў мне, што сын мой узбудзіў супроць мяне раба майго каваць мне путы, як гэта сёньня відаць?

9. І адказваў Доік Ідумэянін, які стаяў са слугамі Саўлавымі, і сказаў: я бачыў, як сын Ясэя прыходзіў у Номву да Ахімэлэха, сына Ахітува,

10. і той спытаўся пра яго ў Госпада, і даў яму ежу, і меч Галіяфа Філістымляніна аддаў яму.

11. І паслаў цар паклікаць Ахімэлэха, сына Ахітувавага, сьвятара, і ўвесь дом бацькі ягонага, сьвятароў, што ў Номве. І прыйшлі яны ўсе да цара.

12. І сказаў Саўл: паслухай, сыне Ахітува. І той адказваў: вось я, гаспадару мой.

13. І сказаў яму Саўл: навошта вы змовіліся супроць мяне, ты і сын Ясэя, што ты даў яму хлябы і меч і спытаўся пра яго ў Бога, каб ён паўстаў супроць мяне і каваў мне путы, як гэта сёньня відаць?

14. І адказваў Ахімэлэх цару і сказаў: хто з усіх рабоў тваіх такі верны, як Давід? ён і зяць цароў, і выканаўца загадаў тваіх, і шанаваны ў доме тваім.

15. Ці ж цяпер я пачаў пытацца пра яго ў Бога? Не, не вінаваць мяне за гэта, цару, раба твайго і ўвесь дом бацькі майго, бо ва ўсім гэтым ня ведае раб твой ні малога, ні вялікага.

16. І сказаў цар: ты павінен памерці, Ахімэлэх, ты і ўвесь дом бацькі твайго.

17. І сказаў цар целаахоўцам, якія стаялі каля яго: ідзеце, аддайце сьмерці сьвятароў Гасподніх, бо й іхняя рука з Давідам, і яны ведалі, што ён уцёк, і не адкрылі мне. Але слугі царовыя не хацелі падняць рук сваіх на забойства сьвятароў Гасподніх.

18. І сказаў цар Доіку: ідзі ты і аддай сьмерці сьвятароў. І пайшоў Доік Ідумэянін, і напаў на сьвятароў, і забіў таго дня восемдзесят пяць мужчын, што насілі ільняны наплечнік;

19. Номву, горад сьвятароў, пабіў мечам; і мужчын і жанчын, і юнакоў і дзяцей, і валоў і аслоў і авечак пабіў мечам.

20. Уратаваўся адзін толькі сын Ахімэлэхаў, сына Ахітува, якога звалі Авіятар, і ўцёк да Давіда.

21. І расказаў Авіятар Давіду, што Саўл забіў сьвятароў Гасподніх.

22. І расказаў Давід Авіятару: я ведаў у той дзень, калі там быў Доік Ідумэянін, што ён мусова данясе Саўлу; я вінаваты за ўсе душы дома бацькі твайго;

23. застанься ў мяне, ня бойся, бо хто будзе шукаць маёй душы, будзе шукаць і тваёй душы; ты будзеш у мяне пад аховай.

 

РАЗЬДЗЕЛ 23

 

1. Паведамілі Давіду, кажучы: вось, Філістымляне напалі на Кэіль і рабуюць гумны.

2. І спытаўся Давід у Госпада. кажучы: ці ісьці мне, і ці паб'ю я гэтых Філістымлянаў? І адказваў Гасподзь Давіду: ідзі, ты паб'еш Філістымлянаў і выратуеш Кэіль.

3. Але тыя, што былі з Давідам, сказалі яму: вось, мы баімся тут у Юдэі, як жа нам ісьці ў Кэіль супроць рушэньняў Філістымскіх?

4. Тады зноў спытаў Давід у Госпада, і адказваў яму Гасподзь і сказаў: устань і йдзі ў Кэіль, бо Я перадам Філістымлянаў у рукі твае.

5. І пайшоў Давід зь людзьмі сваімі ў Кэіль, і ваяваў зь Філістымлянамі, і забраў быдла іхняе, і ўчыніў ім вялікае пабоішча, і выратаваў Давід жыхароў Кэіля.

6. Калі Авіятар, сын Ахімэлэхаў, прыбег да Давіда ў Кэіль, дык прынёс з сабою і наплечнік.

7. І данесьлі Саўлу, што Давід прыйшоў у Кэіль, і Саўл сказаў: Бог аддаў яго ў рукі мае, бо ён замкнуўся, увайшоўшы ў горад з брамамі і замкамі.

8. І склікаў Саўл увесь народ на вайну, каб ісьці да Кэіля, аблажыць Давіда і людзей ягоных.

9. Калі даведаўся Давід, што Саўл намысьліў супроць яго ліхое, сказаў сьвятару Авіятару: прынясі наплечнік.

10. І сказаў Давід: Госпадзе Божа Ізраілеў! Раб твой пачуў, што Саўл хоча прыйсьці ў Кэіль, спустошыць горад празь мяне.

11. Ці аддадуць мяне жыхары Кэіля ў рукі яму? І ці прыйдзе сюды Саўл, як чуў раб Твой? Госпадзе Божа Ізраілеў! адкрый рабу Твайму. І сказаў Гасподзь: прыйдзе.

12. І сказаў Давід: ці аддадуць жыхары Кэіля мяне і людзей маіх у рукі Саўлу? І сказаў Гасподзь: аддадуць.

13. Тады падняўся Давід і людзі ягоныя, каля шасьцісот чалавек, і выйшлі з Кэіля і хадзілі, дзе маглі. А Саўлу было данесена, што Давід уцёк з Кэіля, і тады ён адмяніў паход.

14. А Давід заставаўся ў пустыні ў недаступных мясьцінах і потым на гары ў пустыні Зіф. А Саўл шукаў яго кожны дзень; але Бог не аддаў Давіда ў рукі ягоныя.

15. І бачыў Давід, што Саўл выйшаў шукаць душы ягонай; а Давід быў у пустыні Зіф у лесе.

16. І ўстаў Ёнатан, сын Саўлаў, і прыйшоў да Давіда ў лес, і ўмацаваў яго спадзяваньнем на Бога,

17. і сказаў яму: ня бойся, бо ня знойдзе цябе рука бацькі майго Саўла, і ты будзеш цараваць над Ізраілем, а я буду другі пасьля цябе; і Саўл, бацька мой, ведае гэта.

18. І паклалі яны паміж сабою заруку прад абліччам Госпада; і Давід застаўся ў лесе, а Ёнатан пайшоў у дом свой.

19. І прыйшлі Зіфэі да Саўла ў Гіву, кажучы: вось, Давід хаваецца ў нас у недаступных мясьцінах, у лесе, на пагорку Гэхіла, што направа ад Есімона;

20. дык вось, па жаданьні душы тваёй, цару, ідзі; а нашым чынам будзе аддаць яго ў рукі цара.

21. І сказаў ім Саўл: дабраславёныя вы ў Госпада за тое, што пашкадавалі мяне;

22. ідзеце, упэўніцеся яшчэ і высачыце месца ягонае, дзе будзе нага ягоная, і хто бачыў яго там, бо мне кажуць, што ён вельмі хітры;

23. і высачыце, і разьведайце ўсе ягоныя сховішчы, у якіх ён тоіцца, і вярнецеся да мяне з пэўнаю весткаю, і я пайду з вамі; і калі ён у гэтай зямлі, я буду шукаць яго ва ўсіх тысячах Юдавых.

24. І ўсталі яны і пайшлі ў Зіф раней за Саўла. А Давід і людзі ягоныя былі ў пустыні Маон, на раўніне, направа ад Есімона.

25. І пайшоў Саўл зь людзьмі сваімі шукаць яго. Але Давіду паведамілі пра гэта, і ён перайшоў да скалы і заставаўся ў пустыні Маон. І дачуўся Саўл і пагнаўся за Давідам у пустыню Маон.

26. І йшоў Саўл па адным баку гары, а Давід зь людзьмі сваімі быў па другі бок гары. І калі Давід сьпяшаўся ўцячы ад Саўла, а Саўл зь людзьмі сваімі ішоў у абыход Давіду і людзям ягоным, каб захапіць іх,

27. тады прыйшоў да Саўла вястун, кажучы: сьпяшайся і прыходзь, бо Філістымляне напалі на зямлю.

28. І вярнуўся Саўл ад перасьледу Давідавага і пайшоў насустрач Філістымлянам; таму і назвалі гэтую мясьціну: Сэла-Гамахлэкот*.

 

* Скала падзелу

 

РАЗЬДЗЕЛ 24

 

1. І выйшаў Давід адтуль і жыў у бясьпечных мясьцінах Эн-Гадзі.

2. Калі Саўл вярнуўся ад Філістымлянаў, яму паведамілі, кажучы: вось, Давід у пустыні Эн-Гадзі.

3. І ўзяў Саўл тры тысячы выбраных мужчын з усяго Ізраіля і пайшоў шукаць Давіда і людзей ягоных па гарах, дзе жывуць сарны.

4. І прыйшоў да кашары авечай, пры дарозе; там была пячора, і зайшоў туды Саўл дзеля патрэбы; а Давід і людзі ягоныя сядзелі ўглыбіні пячоры.

5. І казалі Давіду людзі ягоныя: вось дзень, пра які казаў табе Гасподзь: вось, Я аддам ворага твайго ў рукі твае, і зробіш зь ім, што табе заўгодна. Давід устаў і ціхенька адрэзаў край ад верхняй вопраткі Саўла.

6. Але пасьля гэтага забалела на сэрцы ў Давіда, што ён адрэзаў край ад вопраткі Саўла.

7. І сказаў ён людзям сваім: хай не дапусьціць мне Гасподзь зрабіць гэта гаспадару майму, памазанцу Гасподняму, каб накласьці руку маю на яго, бо ён памазанец Гасподні.

8. І стрымаў Давід людзей сваіх гэтымі словамі і ня даў ім паўстаць на Саўла. А Саўл устаў і выйшаў зь пячоры на дарогу.

9. Потым устаў і Давід, і выйшаў зь пячоры, і закрычаў усьлед Саўлу, кажучы: гаспадару мой, цару! Саўл азірнуўся, і Давід упаў тварам на зямлю і пакланіўся.

10. І сказаў Давід Саўлу: навошта ты слухаеш словы людзей, якія кажуць: вось, Давід намышляе ліхое на цябе?

11. Вось, сёньня бачаць вочы твае, што Гасподзь аддаваў цябе сёньня ў рукі мае ў пячоры, і мне казалі, каб забіць цябе; але я пашкадаваў цябе і сказаў: не падыму рукі маёй на гаспадара майго, бо ён памазанец Госпада.

12. Бацька мой! паглядзі на край вопраткі тваёй у руцэ маёй: я адрэзаў край вопраткі тваёй, а цябе не забіў; пазнай і пераканайся, што няма ў руцэ маёй ліха, ні падступства, і я не зграшыў супроць цябе; а ты шукаеш душы маёй, каб забраць яе.

13. Хай рассудзіць Гасподзь паміж мною і табою, і хай адпомсьціць табе Гасподзь за мяне; але рука мая ня будзе на табе,

14. як павядае старадаўняя прыпавесьць: ад беззаконных паходзіць беззаконьне. А мая рука ня будзе на табе.

15. Супроць каго выйшаў цар Ізраільскі? За кім ты ганяешся? За мёртвым сабакам, за адною блыхою.

16. Гасподзь хай будзе судзьдзёю паміж мною і табою. Ён разгледзіць, разьбярэ справу маю і выратуе мяне ад рукі тваёй.

17. Калі скончыў Давід гаварыць словы гэтыя да Саўла, Саўл сказаў: ці твой гэта голас, сыне мой Давідзе? І ўзвысіў Саўл голас свой, і плакаў,

18. і сказаў Давіду: твая большая праўда за маю, бо ты адплаціў мне дабром, а я плаціў табе злом;

19. ты паказаў гэта сёньня, абышоўшыся са мною мілажальна: калі Гасподзь аддаваў мяне ў рукі твае, ты не забіў мяне.

20. Хто, знайшоўшы ворага свайго, адпусьціў бы яго ў добрую дарогу? Гасподзь заплаціць табе дабром за тое, што ты зрабіў мне сёнья.

21. І цяпер я ведаю, што ты канечне будзеш цараваць, і царства Ізраілевае будзе цьвёрдае ў руцэ тваёй.

22. Дык вось, запрысягніся мне Госпадам, што ты ня выкараніш нашчадкаў маіх пасьля мяне і ня зьнішчыш імя майго ў доме ў бацькі майго.

23. І прысягнуў Давід Саўлу. І пайшоў Саўл у дом свой, а Давід і людзі ягоныя ўвайшлі ў месца ўмацаванае.

 

РАЗЬДЗЕЛ 25

 

1. І памёр Самуіл. І сабраліся ўсе Ізраільцяне, і плакалі па ім, і пахавалі яго ў доме ягоным, у Раме. Давід устаў і сышоў да пустыні Фаран.

2. Быў нехта ў Маоне, а маёнтак яго на Карміле, чалавек вельмі багаты; у яго было тры тысячы авечак і тысяча коз; і быў ён пры стрыжцы авечак на Карміле.

3. Імя чалавека таго - Навал, а імя жонкі ягонай - Авігея. Гэтая жанчына была вельмі разумная і прыгожая з твару, а ён - чалавек жорсткі і ліхі норавам; ён быў з роду Халева.

4. І пачуў Давід у пустыні, што Навал стрыжэ авечкі свае.

5. І паслаў Давід дзесяць хлопчыкаў, і сказаў Давід хлопчыкам: узыдзеце на Карміл і ідзеце да Навала, і павітайце яго ад майго імя.

6. і скажэце так: мір табе, мір дому твайму, мір усяму твайму;

7. сёньня я пачуў, што ў цябе стрыгуць авечкі; вось, пастухі твае былі з намі, і мы ня крыўдзілі іх, і нічога ў іх не прапала за ўвесь час, пакуль яны былі на Карміле;

8. спытайся ў слуг тваіх, і яны скажуць табе; дык вось, знойдуць хлопчыкі ўпадабаньне ў вачах тваіх, бо ў добры дзень прыйшлі мы; дык дай рабам тваім і сыну твайму Давіду, што знойдзе рука твая.

9. І пайшлі людзі Давідавыя, і сказалі Навалу ад імя Давіда ўсе гэтыя словы, і замоўклі.

10. І ўскочыў Навал, і адказваў слугам Давідавым, і сказаў: хто такі Давід, і хто такі сын Ясэеў? сёньня стала многа рабоў, якія ўцякаюць ад гаспадароў сваіх;

11. няўжо мне ўзяць хлябы мае і ваду маю, і мяса, прыгатаванае мною стрыгалям маім, і аддаць людзям, пра якіх ня ведаю, адкуль яны?

12. І пайшлі назад людзі Давідавыя сваёй дарогай і вярнуліся, і прыйшлі і пераказалі яму ўсе словы гэтыя.

13. Тады Давід сказаў людзям сваім: аперажэцеся кожны мечам сваім. І ўсе аперазаліся мечамі сваімі, аперазаўся і сам Давід сваім мечам, і пайшлі за Давідам каля чатырохсот чалавек, а дзьвесьце засталіся каля абозу.

14. А Авігеі, жонцы Навалавай, паведаміў адзін слуга, сказаўшы: вось, Давід прысылаў з пустыні паслоў вітаць нашага гаспадара, але ён абышоўся зь імі груба;

15. а гэтыя людзі вельмі добрыя да нас, ня крыўдзілі нас, і нічога не прапала ў нас за ўвесь час, калі мы хадзілі зь імі, быўшы ў полі;

16. яны былі нам аслонаю і ўдзень і ўначы ўвесь час, калі мы пасьвілі статкі паблізу іх;

17. дык вось, падумай і паглядзі, што рабіць; бо непазьбежна пагражае бяда гаспадару нашаму і ўсяму дому ягонаму, а ён - чалавек ліхі, нельга гаварыць зь ім.

18. Тады Авігея пасьпешліва ўзяла дзьвесьце хлябоў і два мяхі зь віном, і пяць авечак падрыхтаваных і пяць мераў сушанага зерня, і сто вязанак разынак і дзьвесьце вязанак смокваў, і наўючыла на аслоў,

19. і сказала слугам сваім: ідзеце паперадзе мяне, вось, я пайду за вамі. А мужу свайму Навалу нічога не сказала.

20. Калі ж яна, седзячы на асьле, спускалася па схілах гары, вось, насустрач ёй ідзе Давід і людзі ягоныя, і яна сустрэлася зь імі.

21. І Давід сказаў: так, дарэмна я ахоўваў у пустыні маёмасьць гэтага чалавека, і нічога не прапала з таго, што належала яму; ён плаціць мне злом за дабро;

22. няхай тое і тое зробіць Бог з ворагамі Давіда, і яшчэ болей зробіць, калі да сьвітаньня з усяго, што належыць Навалу, я пакіну таго, што мочыцца да сьцяны.

23. Калі Авігея ўбачыла Давіда, дык пасьпяшалася сысьці з асла і ўпала перад Давідам на твар свой і пакланілася да зямлі;

24. і ўпала да ног ягоных і сказала: на мне грэх, гаспадару мой; дазволь рабыні тваёй гаварыць у вушы твае і паслухай слоў рабыні тваёй.

25. Няхай гаспадар мой не зважае на гэтага ліхога чалавека, на Навала; бо якое імя ў яго, такі і ён. Навал - імя яго, і вар'яцтва ягонае зь ім. А я, рабыня твая, ня бачыла слуг гаспадара майго, якіх ты прыслаў.

26. І сёньня, гаспадару мой, жывы Гасподзь і жывая душа твая! Гасподзь не дазволіць табе ісьці праліваць кроў і ўтрымае руку тваю ад помсты, і сёньня хай будуць, як Навал, ворагі твае і зламысьнікі гаспадара майго.

27. Вось гэтыя дарункі, якія прынесла рабыня твая гаспадару майму, каб даць іх хлопчыкам, якія служаць гаспадару майму.

28. Даруй віну рабыні тваёй; Гасподзь мусова зладзіць гаспадару майму дом трывалы, бо войны Госпада вядзе гаспадар мой, і ліхое ня знойдзецца ў табе праз усё жыцьцё тваё.

29. Калі паўстане чалавек перасьледаваць цябе і шукаць душы тваёй, дык душа гаспадара майго будзе завязана ў вузьле жыцьця ў Госпада Бога твайго, а душу ворагаў тваіх кіне Ён як бы з прашчы.

30. І калі зробіць Гасподзь гаспадару майму ўсё, што казаў пра цябе добрага, і паставіць цябе гаспадаром над Ізраілем,

31. дык ня будзе гэта сэрцу гаспадара майго засмутаю і непакоем, што не праліў марна крыві і ахаваў сябе ад помсты. І Гасподзь адорыць дабром гаспадара майго, і ўзгадаеш рабыню тваю.

32. І сказаў Давід Авігеі: дабраславёны Гасподзь Бог Ізраілеў, Які паслаў цябе сёньня насустрач мне,

33. і дабраславёны розум твой, і дабраславёная ты за тое, што ты цяпер не дазволіла мне ісьці праліваць кроў і помсьціць за сябе.

34. Але, - жывы Гасподзь Бог Ізраілеў, Які стрымаў мяне, каб не зрабіў ліха табе, - калі б ты не пасьпяшалася і ня прыйшла на сустрэчу да мяне, дык да ранішняга сьвітаньня я не пакінуў бы Навалу нікога, хто мачыўся б на сьцяну.

35. І прыняў Давід з рук яе тое, што яна прынесла яму, і сказаў ёй: ідзі зь мірам у дом твой; вось, я паслухаўся голасу твайго і ўшанаваў твар твой.

36. І прыйшла Авігея да Навала, і вось, у яго банкет у доме ягоным, як банкет царскі, і сэрца ў Навала было вясёлае; а ён быў вельмі п'яны; і не сказала яму ні слова, ні большага, ні меншага, да раніцы.

37. А раніцай, калі Навал працьверазеў, жонка ягоная расказала яму пра гэта, і замерла ў ім сэрца ягонае, і зрабіўся ён, як камень.

38. Дзён празь дзесяць уразіў Гасподзь Навала, і ён памёр.

39. І пачуў Давід, што Навал памёр, і сказаў: дабраславёны Гасподзь, Які заплаціў яму за ганьбаваньне мяне Навалам, і Які ахаваў раба свайго ад ліхога; Гасподзь абярнуў злосьць Навалаву на яго ж галаву. І паслаў Давід сказаць Авігеі, што ён бярэ яе сабе за жонку.

40. І прыйшлі слугі Давідавыя і сказалі ёй так: Давід паслаў нас да цябе, каб узяць цябе яму за жонку.

41. Яна ўстала і пакланілася тварам да зямлі і сказала: вось, рабыня твая гатовая быць служанкаю, каб абмываць ногі слуг гаспадара майго.

42. І сабралася Авігея пасьпешліва і села на асла, і пяць служанак суправаджалі яе; і пайшла яна за пасламі Давідавымі і зрабілася яго жонкаю.

43. І Ахінааму з Ізрэеля ўзяў Давід, і абедзьве яны былі яго жонкі.

44. А Саўл аддаў дачку сваю Мэлхолу, жонку Давідавую, Фалтыю, сыну Лаіша, што з Галіума.

 

РАЗЬДЗЕЛ 26

 

1. Прыйшлі Зіфеі да Саўла ў Гіву і сказалі: вось, Давід хаваецца ў нас на пагорку Гахіла, што направа ад Есімона.

2. І ўстаў Саўл і спусьціўся ў пустыню Зіф, і зь ім тры тысячы выбраных мужчын Ізраільскіх, каб шукаць Давіда ў пустыні Зіф.

3. І атабарыўся Саўл на пагорку Гахіла, што направа ад Есімона, каля дарогі; а Давід быў у пустыні і бачыў, што Саўл ішоў за ім у пустыню;

4. і паслаў Давід віжоў і даведаўся, што Саўл сапраўды прыйшоў з Кэіля.

5. І ўстаў Давід і пайшоў да месца, на якім Саўл атабарыўся, і ўбачыў Давід месца, дзе спаў Саўл і Авэнір, сын Ніраў, ваеначальнік ягоны. А Саўл спаў у намёце, а народ разьмясьціўся вакол яго.

6. І зьвярнуўся Давід і сказаў Авімэлэху Хэтэяніну і Авэсу, сыну Саруінаму, брату Ёава, кажучы: хто пойдзе са мною да Саўла ў табар? І адказаў Авэса: я пайду з табою.

7. І прыйшоў Давід з Авэсам да людзей Саўлавых уначы; і вось, Саўл ляжыць, сьпіць у намёце, і дзіда ягоная ўваткнутая ў зямлю каля галавы ягонай: а Авэнір і людзі ляжаць вакол яго.

8. Авэса сказаў Давіду: аддаў сёньня Бог ворага твайго ў рукі твае; дык вось, дазволь я прыкалю яго дзідай да зямлі адным ударам і не паўтару ўдару.

9. Але Давід сказаў Авэсу: не забівай яго; бо хто, падняўшы руку на памазанца Гасподняга, застанецца непакараны?

10. І сказаў Давід: жывы Гасподзь! няхай уразіць яго Гасподзь, альбо прыйдзе дзень ягоны, і ён памрэ, альбо пойдзе на вайну і загіне; а мне хай не дазволіць Гасподзь падняць руку маю на памазанца Гасподняга;

11. а вазьмі ягоную дзіду, якая каля галавы ягонай, і посуд з вадою, і пойдзем да сябе.

12. І ўзяў Давід дзіду і посуд з вадою каля галавы Саўла, і пайшлі яны да сябе; і ніхто ня бачыў, і ніхто ня ведаў, і ніхто не прачнуўся, а ўсе спалі, бо сон ад Госпада напаў на іх.

13. І перайшоў Давід на другі бок і стаў на вяршыні гары ўдалечыні; вялікая адлегласьць была паміж імі.

14. І заклікаў Давід народ і Авэніра, сына Ніравага, кажучы: адказвай, Авэнір. І адказваў Авэнір і сказаў: хто ты, што крычыш і турбуеш цара?

15. І сказаў Давід Авэніру: ці ня ты мужчына, роўнага якому няма ў Ізраілі? Чаму ж ты не ахоўваеш гаспадара твайго, цара? бо прыходзіў нехта зь людзей, каб загубіць цара, гаспадара твайго.

16. Нядобра ты гэта робіш; жывы Гасподзь! вы вартыя сьмерці за тое, што не ахоўваеце гаспадара вашага, памазанца Гасподняга. Паглядзі, дзе дзіда царовая і посуд з вадою, што былі каля галавы ягонай?

17. І пазнаў Саўл голас Давідаў і сказаў: ці твой гэта голас, сыне мой Давідзе? І сказаў Давід: мой голас, гаспадару мой, цару.

18. І сказаў: за што гаспадар мой перасьледуе раба свайго? што я зрабіў? якое ліха ў руцэ маёй?

19. І сёньня няхай выслухае гаспадар мой, цар, слова раба свайго: калі Гасподзь узбудзіў цябе супроць мяне, дык хай гэта будзе ад цябе духмянаю ахвяраю; а калі - сыны чалавечыя, дык пракляты яны прад Госпадам, бо яны выгналі мяне сёньня, каб не належаць мне да спадчыны Госпада, кажучы: ідзі, служы багам чужым.

20. Хай жа не пральецца кроў мая на зямлю прад абліччам Госпада: бо цар Ізраілеў выйшаў шукаць адну блыху, як ганяюцца за курапаткаю па гарах.

21. І сказаў Саўл: зграшыў я; вярніся, сыне мой Давідзе, бо я ня буду больш чыніць табе зла, бо душа мая была дарагая сёньня ў вачах тваіх; неразумна рабіў я і многа грашыў.

22. І адказваў Давід і сказаў: вось дзіда царовая; няхай адзін хлопчык прыйдзе і возьме яе;

23. і хай дасьць Гасподзь кожнаму паводле праўды ягонай і паводле ісьціны ягонай, бо Гасподзь аддаваў цябе ў рукі мае, але я не захацеў падняць рукі маёй на памазанца Гасподняга;

24. і няхай, як каштоўнае было жыцьцё тваё сёньня ў вачах маіх, так цэніцца маё жыцьцё ў вачах Госпада, і хай выбавіць мяне з усякай бяды!

25. І сказаў Саўл Давіду: дабраславёны ты, сыне мой Давідзе; і дзею ўчыніш, і пераадолець пераадолееш. І пайшоў Давід сваёй дарогаю, а Саўл вярнуўся ў сваё месца.

 

РАЗЬДЗЕЛ 27

 

1. І сказаў Давід у сэрцы сваім: калі-небудзь траплю я ў рукі Саўлу, і няма мне нічога лепшага, як уцячы ў зямлю Філістымскую; і адчэпіцца ад мяне Саўл і ня будзе шукаць мяне болей па ўсіх межах Ізраільскіх, і я выратуюся ад рукі ягонай.

2. І ўстаў Давід, і выправіўся сам і шэсьцьсот мужчын, якія былі зь ім, да Анхуса, сына Маоха, цара Гэцкага.

3. І жыў Давід у Анхуса ў Гэце, сам і людзі ягоныя, кожны зь сямэёю сваёю, Давід і абедзьве жонкі ягоныя - Ахінаама Ізрэеліцянка і Авігея, былая жонка Навала, Кармэліцянка.

4. І данесьлі Саўлу, што Давід уцёк у Гэт, і перастаў ён болей шукаць яго.

5. І сказаў Давід Анхусу: калі я здабыў упадабаньне ў вачах тваіх, дык няхай дадзена будзе мне месца ў адным з малых гарадоў, і я буду жыць там; навошта рабу твайму жыць у царскім горадзе разам з табою?

6. Тады даў яму Анхус Сэкелаг; Таму Сэкелаг і застаўся за царамі Юдэйскімі да сёньня.

7. Усяго часу, які пражыў Давід у краіне Філістымскай, было год і чатыры месяцы.

8. І выходзіў Давід зь людзьмі сваімі і нападаў на Гесуранаў і Гарзэянаў і Амілікіцянаў, якія здаўна насялялі гэтую краіну да Сура і да зямлі Егіпецкай.

9. І спусташаў Давід тую краіну, і не пакідаў жывых ні мужчыны, ні жанчыны, і забіраў авечак і валоў, і аслоў і вярблюдаў і вопратку, і вяртаўся і прыходзіў да Анхуса.

10. І сказаў Анхус Давіду: на каго нападалі сёньня? Давід сказаў: на паўднёвую краіну Юдэі і на паўднёвую краіну Ерахмээла і на паўднёвую краіну Кенэі.

11. І не пакідаў Давід жывых ні мужчыны, ні жанчыны і ня прыводзіў у Гэт, кажучы: яны могуць данесьці на нас і сказаць: так зрабіў Давід, і такі лад дзеяў ягоных праз увесь час, пакуль ён жыве ў краіне Філістымскай.

12. І даверыўся Анхус Давіду, кажучы: ён збрыдзеў народу свайму Ізраілю і будзе слугою маім вечна.

 

РАЗЬДЗЕЛ 28

 

1. У той час Філістымляне сабралі войскі свае на вайну, каб ваяваць зь Ізраілем. І сказаў Анхус Давіду: хай будзе табе вядома, што ты пойдзеш са мною ў рушэньне, і ты і людзі твае.

2. І сказаў Давід Анхусу: сёньня ты даведаешся, што зробіць раб твой. І сказаў Анхус Давіду: за тое я зраблю цябе ахоўцам галавы маёй на ўсе часіны.

3. І памёр Самуіл, і аплаквалі яго ўсе Ізраільцяне і пахавалі яго ў Раме, у горадзе ягоным, а Саўл прагнаў чараўнікоў і варажбітоў з краіны.

4. І сабраліся Філістымляне і пайшлі і атабарыліся ў Сонаме; сабраў і Саўл увесь народ Ізраільскі, і атабарыліся ў Гэлвуе.

5. І ўбачыў Саўл табар Філістымскі і спалохаўся, і моцна ўздрыгнула сэрца ягонае.

6. І спытаўся Саўл у Госпада; але Гасподзь не адказваў яму ні ў сьне, ні праз урым, ні праз прарокаў.

7. Тады Саўл сказаў слугам сваім: знайдзеце мне жанчыну-чараўніцу, і я пайду да яе і спытаюся ў яе. І адказвалі яму слугі ягоныя: тут у Аэндоры ёсьць жанчына-чараўніца.

8. І зьняў зь сябе Саўл вопратку сваю і апрануў іншую, і пайшоў сам і двое людзей зь ім, і прыйшлі яны да жанчыны ўначы. І сказаў ёй Саўл: прашу цябе, паваражы мне і выведзі мне, пра каго я скажу табе.

9. Але жанчына адказвала яму: ты ведаеш, што зрабіў Саўл, як выгнаў ён з краіны чараўнікоў і варажбітоў; навошта ж ты раскідаеш сетку на душу маю і на пагібель мне?

10. І прысягнуў ёй Саўл Госпадам, кажучы: жывы Гасподзь! ня будзе табе бяды за гэтую дзею.

11. Тады жанчына спыталася: каго ж табе вывесьці? І адказваў ён: Самуіла выведзі мне.

12. І ўбачыла жанчына Самуіла і гучна ўскрыкнула; і зьвярнулася жанчына да Саўла, кажучы: навошта ты ашукаў мяне? ты - Саўл.

13. І сказаў ёй цар: ня бойся, што ты бачыш? І адказвала жанчына: бачу як бы бога, які выходзіць зь зямлі.

14. Які ён з выгляду? - спытаўся ў яе Саўл. Яна сказала: выходзіць зь зямлі мужчына вельмі стары, апрануты ў доўгае адзеньне. Тады пазнаў Саўл, што гэта Самуіл, і ўпаў тварам на зямлю і пакланіўся.

15. І сказаў Самуіл Саўлу: навошта ты трывожыш мяне, каб я выйшаў? І адказваў Саўл: цяжка мне вельмі: Філістымляне ваююць супроць мяне, а Бог адступіўся ад мяне і больш не адказвае мне ні праз прарокаў, ні ўва сьне; таму я выклікаў цябе, каб ты навучыў мяне, што мне рабіць.

16. І сказаў Самуіл: навошта ж ты пытаешся ў мяне, калі Гасподзь адступіўся ад цябе і зрабіўся ворагам табе?

17. Гасподзь зробіць тое, што казаў празь мяне: забярэ Гасподзь царства з рук тваіх і аддасьць яго блізкаму твайму Давіду.

18. Таму што ты не паслухаўся голасу Гасподняга і не абярнуў гневу Ягонага на Амаліка, дык Гасподзь і робіць гэта над табою сёньня.

19. І аддасьць Гасподзь Ізраіля разам з табою ў рукі Філістымлянаў: заўтра ты і сыны твае будуць са мною, і табар Ізраільскі аддасьць Гасподзь у рукі Філістымлянаў.

20. Тады Саўл раптам упаў усім целам сваім на зямлю, бо моцна спалохаўся слоў Самуіла; прытым і сілы ня стала ў ім, бо ён ня еў хлеба цэлы той дзень і цэлую ноч.

21. І падышла жанчына тая да Саўла, і ўбачыла, што ён вельмі спалохаўся, і сказала: вось, рабыня твая паслухалася голасу твайго і паставіла жыцьцё сваё пад небясьпеку і выканала загад, які ты даў мне;

22. цяпер прашу, паслухайся і ты голасу рабыні тваёй: я прапаную табе кавалак хлеба, паясі, і будзе ў табе моц, калі пойдзеш у дарогу.

23. Але ён адмовіўся і сказаў: ня буду есьці. І пачалі ўгаворваць яго слугі ягоныя, а таксама і жанчына; і ён паслухаўся голасу іхняга, і ўстаў зь зямлі, і сеў на ложак.

24. А ў жанчыны было дома ўкормленае цяля, і яна пасьпяшалася закалоць яго і, узяўшы мукі, замясіла і сьпякла праснакі,

25. і прапанавала Саўлу і слугам ягоным; і яны паелі, і ўсталі, і пайшлі тае ж ночы.

 

РАЗЬДЗЕЛ 29

 

1. І сабралі Філістымляне ўсе рушэньні свае ў Афэку, а Ізраільцяне атабарыліся каля крыніцы, што ў Ізрэелі.

2. Князі Філістымскія ішлі з сотнямі і тысячамі, а Давід і людзі ягоныя ішлі ззаду з Анхусам.

3. І казалі князі Філістымскія: што гэта за Габрэі? Анхус адказваў князям Філістымскім: хіба ня ведаеце, што гэта Давід, раб Саўла, цара Ізраільскага? ён пры мне ўжо болей году, і я не знайшоў у ім нічога благога з часу яго прыходу да гэтага дня.

4. І абурыліся на яго князі Філістымскія, і сказалі яму князі Філістымскія: адпусьці ты гэтага чалавека, няхай ён сядзіць у сваім месцы, якое ты яму вызначыў, каб ён ня йшоў з намі на вайну і не зрабіўся праціўнікам нашым на вайне. Чым ён можа ўмілажаліць гаспадара свайго, як не галовамі гэтых мужчын?

5. Ці ня той гэта Давід, якому сьпявалі ў карагодах, кажучы: Саўл пабіў тысячы, а Давід - дзясяткі тысяч?

6. І паклікаў Анхус Давіда і сказаў яму: жывы Гасподзь! ты сумленны і вачам маім прыемна было б, каб ты выходзіў і ўваходзіў са мною ў рушэньні; бо я не заўважыў у табе благога з часу прыходу твайго да мяне да сёньня; але ў вачах князёў ты ня добры.

7. Дык вось, вярніся цяпер і йдзі зь мірам і не дражні князёў Філістымскіх.

8. Але Давід сказаў Анхусу: што я зрабіў, і што ты знайшоў у рабе тваім з таго часу, як я перад тварам тваім, і да сёньня, чаму бо мне ня ісьці і не ваяваць з ворагамі гаспадара майго, цара?

9. І адказваў Анхус Давіду: будзь пэўны, што ў вачах маіх ты добры, як анёл Божы; але князі Філістымскія сказалі: хай ён ня йдзе з намі на вайну.

10. Дык вось, устань раніцай ты і рабы гаспадара твайго, якія прыйшлі з табою; і ўстаньце раніцай, і калі разьвіднее, ідзеце.

11. І ўстаў Давід, сам і людзі ягоныя, каб ісьці раніцай і вярнуцца ў зямлю Філістымскую. А Філістымляне пайшлі ў Ізраіль.

 

РАЗЬДЗЕЛ 30

 

1. На трэці дзень пасьля таго, як Давід і людзі ягоныя пайшлі ў Сэкелаг, Амалікіцяне напалі з поўдня на Сэкелаг і ўзялі Сэкелаг і спалілі яго агнём,

2. а жанчын і ўсіх, што былі ў ім, ад малога да вялікага, не забілі, а забралі ў палон, і пайшлі сваёй дарогаю.

3. І прыйшоў Давід і людзі ягоныя да горада, і вось, ён спалены агнём, а жонкі іхнія і сыны іхнія і дочкі іхнія пабраныя ў палон.

4. І падняў Давід і люд, што быў у ім, плач, і плакалі, пакуль не засталося ў іх сілы плакаць.

5. Узятыя былі ў палон і абедзьве жонкі Давіда, Ахінаама Ізраіліцянка і Авігея, былая жонка Навала, Кармэліцянка.

6. Давід моцна быў зьбянтэжаны, бо люд хацеў пабіць яго камянямі, бо ўбольваўся душою ўвесь люд, кожны за сыноў сваіх і дочак сваіх.

7. Але Давід умацаваўся спадзяваньнем на Госпада Бога свайго, і сказаў Давід Авіятару сьвятару, сыну Авімэлэхаваму: прынясі мне наплечнік. І прынёс Авіятар наплечнік Давіду.

8. І спытаўся Давід у Госпада, кажучы: ці перасьледаваць мне гэтае полчышча, і ці даганю іх? І сказана яму: перасьледуй, дагоніш і адбярэш.

9. І пайшоў Давід сам і шэсьцьсот мужчын, якія былі зь ім; і прыйшлі да патока Васор і стомленыя спыніліся там.

10. І перасьледаваў Давід сам і чатырыста чалавек; а дзьвесьце чалавек заставаліся, бо ня мелі сілы перайсьці паток Васорскі.

11. І знайшлі Егіпцяніна ў полі, і прывялі яго да Давіда, і далі яму хлеба, і ён еў, і напаілі яго вадою;

12. і далі яму частку зь вязанкі смокваў і дзьве вязанкі разынак, і ён еў і ўмацаваўся, бо ён ня еў хлеба і ня піў вады тры дні і тры ночы.

13. І сказаў яму Давід: чый ты і адкуль ты? І сказаў ён: я - хлопец Егіпцяніна, раб аднаго Амалікіцяніна, і кінуў мяне гаспадар мой, бо ўжо тры дні, як я захварэў;

14. мы прарваліся ў паўднёвую частку Керэці і ў вобласьць Юдавую і ў паўднёвую частку Халева, а Сэкелаг спалілі агнём.

15. І сказаў яму Давід: ці давядзеш мяне да гэтага полчышча? І сказаў ён: прысягні мне Богам, што ты не заб'еш мяне і не перадасі мяне ў рукі гаспадара майго, і я давяду цябе да гэтага полчышча.

16. Давід прысягнуў яму, і ён павёў яго. І вось Амалікіцяне, рассыпаўшыся па ўсёй той краіне, ядуць і п'юць і сьвяткуюць з прычыны вялікай здабычы, якую яны ўзялі зь зямлі Філістымскай і зь зямлі Юдэйскай.

17. І пабіваў іх Давід ад зьмярканьня да вечара другога дня, і ніхто зь іх не ўратаваўся, апрача чатырохсот юнакоў, якія селі на вярблюды і паўцякалі.

18. І адабраў Давід усё, што ўзялі Амалікіцяне, і абедзьвюх жонак сваіх адабраў Давід,

19. і не прапала ў іх нічога, ні малога, ні вялікага, ні з сыноў, ні з дачок, ні са здабычы, ні з усяго, што Амалікіцяне ўзялі ў іх: усё вярнуў Давід.

20. І ўзяў Давід усё дробнае і буйное быдла, і гналі яго перад сваім быдлам і казалі: гэта - Давідава здабыча.

21. І прыйшоў Давід да тых дзьвюх сотняў чалавек, якія ня мелі сілы ісьці за ім, і якіх ён пакінуў каля патока Васор, і выйшлі яны насустрач Давіду і насустрач людзям, якія былі зь ім. І падышоў Давід да гэтых людзей і прывітаў іх.

22. Тады ліхія і нягодныя зь людзей, якія хадзілі з Давідам, пачалі гаварыць: за тое, што яны не хадзілі з намі, не дамо ім са здабычы, якую мы адабралі: няхай кожны возьме толькі сваю жонку і дзяцей і йдзе.

23. Але Давід сказаў, не рабеце так, братове мае, пасьля таго, як Гасподзь даў нам гэта і захаваў нас і перадаў у рукі нашыя полчышча, што прыходзіла супраць нас.

24. І хто паслухаецца вас у гэтай справе? Якая частка тым, што хадзілі на вайну, такая частка павінна быць і тым, што заставаліся пры абозе: на ўсіх трэба падзяліць.

25. Так было з гэтага часу і пасьля; і паставіў ён гэта ў закон і ў правіла Ізраілю да сёньня.

26. І прыйшоў Давід у Сэкелаг і паслаў са здабычы старэйшынам Юдавым, сябрам сваім, кажучы: «вось вам дарунак са здабычы, узятай у ворагаў Гасподніх», -

27. тым, якія ў Вэтылі і ў Раме паўднёвай і ў Ятыры,

28. і ў Араіры і ў Шыфмоце, і ў Эстэмоа,

29. і ў Рахале і ў гарадах Ерахмэельскіх і ў гарадах Кенэйскіх,

30. і ў Хорме, і ў Харашане, і ў Атаху,

31. і ў Хэўроне і ва ўсіх мясьцінах, дзе хадзіў Давід сам і людзі ягоныя.

 

РАЗЬДЗЕЛ 31

 

1. А Філістымляне ваявалі зь Ізраільцянамі, і пабеглі мужы Ізраільскія ад Філістымлянаў і ўпалі пабітыя на гары Гэлвуе.

2. І дагналі Філістымляне Саўла і сыноў ягоных, і забілі Філістымляне Ёнатана і Амінадава і Малхісуа, сыноў Саўлавых.

3. І бітва супроць Саўла сталася жорсткая, і стралкі з лукаў цалялі ў яго, і ён вельмі паранены быў стралкамі.

4. І сказаў Саўл збраяносцу свайму: агалі твой меч і закалі мяне ім, каб ня прыйшлі гэтыя неабрэзаныя і не забілі мяне і ня глуміліся зь мяне. Але збраяносец не хацеў, бо вельмі баяўся. Тады Саўл узяў меч свой і ўпаў на яго.

5. Збраяносец ягоны, убачыўшы, што Саўл памёр, і сам упаў на свой меч і памёр зь ім.

6. Так і памёр у той дзень Саўл і тры сыны ягоныя і збраяносец ягоны, а таксама і ўсе людзі ягоныя разам.

7. Ізраільцяне, якія жылі ў даліне і за Ярданам, бачачы, што людзі Ізраільскія пабеглі і што памёр Саўл і сыны ягоныя, пакінулі гарады свае і беглі, а Філістымляне прыйшлі і заселі ў іх.

8. На другі дзень Філістымляне прыйшлі рабаваць забітых і знайшлі Саўла і трох сыноў ягоных, якія загінулі на гары Гэлвуйскай.

9. І адсеклі яму галаву, і зьнялі зь яго зброю і паслалі па ўсёй зямлі Філістымскай, каб абвясьціць пра гэта ў капішчах ідалаў сваіх і народу;

10. і паклалі зброю ягоную ў капішчы Астарты, а цела яго павесілі на сьцяне Бэт-сана.

11. І пачулі жыхары Явіса Галаадскага пра тое, што зрабілі Філістымляне з Саўлам,

12. і падняліся ўсе людзі моцныя, і йшлі ўсю ноч, і ўзялі цела Саўла і целы сыноў ягоных са сьцяны Бэт-сана, і прыйшлі ў Явіс, і спалілі іх там;

13. і ўзялі косьці іхнія і пахавалі пад дубам у Явісе, і пасьціліся сем дзён.

Comments