РАЗЬДЗЕЛ 1 І паклікаў Гасподзь Майсея і сказаў яму са скініі сходу, кажучы: 2. абвясьці сынам Ізраілевым і скажы ім: калі хто з вас хоча прынесьці ахвяру Госпаду, дык, калі з быдла, прыносьце ахвяру вашую з быдла буйнога і дробнага. 3. Калі ахвяра яго - цэласпаленьне з буйнога быдла, няхай прынясе яе з мужчынскага полу, без пахібы; хай прывядзе яе да дзьвярэй скініі сходу, каб здабыць яму ўпадабаньне прад Госпадам; 4. і пакладзе руку сваю на галаву ахвяры цэласпаленьня - і набудзе ён упадабаньне, дзеля ачышчэньня грахоў ягоных; 5. і заколе цяля прад Госпадам; а сыны Ааронавыя, сьвятары, прынясуць кроў і пакропяць крывёю з усіх бакоў на ахвярнік, які каля ўваходу ў скінію сходу; 6. і здыме скуру з ахвяры цэласпаленьня і разатне яе на часткі; 7. а сыны Ааронавыя, сьвятары, пакладуць на ахвярнік агонь і на агні раскладудь дровы; 8. і раскладуць сыны Ааронавыя, сьвятары, часткі, галаву і тлушч на дровах, што на агні, на ахвярніку; 9. а вантробы ахвяры і ногі яе вымые ён вадою, і спаліць сьвятар усё на ахвярніку: гэта цэласпаленьне, ахвяра, духмянасьць прыемная Госпаду. 10. Калі ахвяра цэласпаленьня яго з дробнага быдла, з авечак, альбо з коз, няхай прынясе яе з мужчынскага полу, без пахібы, 11. і заколе яе прад Госпадам з паўночнага боку ахвярніка; і сыны Ааронавыя, сьвятары, пакропяць крывёю яе на ахвярнік з усіх бакоў; 12. і разатнуць яе на часткі, аддзеляць галаву яе і тлушч яе; і раскладзе іх сьвятар на дровах, што на агні, на ахвярніку, 13. а вантробы і ногі вымые вадою, і прынясе сьвятар усё і спаліць на ахвярніку; гэта цэласпаленьне, ахвяра, духмянасьць прыемная Госпаду. 14. А калі з птушак прыносіць Госпаду цэласпаленьне, няхай прынясе ахвяру сваю з галубак, альбо з маладых галубоў; 15. сьвятар прынясе яе да ахвярніка, і скруціць ёй галаву, і спаліць на ахвярніку, а кроў сцэдзіць да сьценкі ахвярніка; 16. вальляк яе зь перэем яе адмые і кіне яго каля ахвярніка на ўсходні бок, дзе попел: 17. і надломіць яе ў крылах яе, але не аддзяляючы іх, і спаліць яе сьвятар на ахвярніку, на дровах, што на агні: гэта цэласпаленьне, ахвяра, духмянасьць прыемная Госпаду. РАЗЬДЗЕЛ 2 1. Калі якая-небудзь душа хоча прынесьці Госпаду ахвяру прынашэньня хлебнага, няхай прынясе пшанічнай мукі, і вылье на яе алею, і пакладзе на яе лівану, 2. і прынясе яе да сыноў Ааронавых, сьвятароў, і возьме поўную жменю мукі з алеем і з усім ліванам, і спаліць гэта сьвятар у памяць на ахвярніку; гэта ахвяра, духмянасьць прыемная Госпаду; 3. а рэшту з прынашэньня хлебнага Аарону і сынам ягоным: гэта вялікая сьвятыня з ахвяраў Гасподніх. 4. А калі прыносіш ахвяру прынашэньня хлебнага зь печанага ў печы, дык прынось пшанічныя хлябы прэсныя, зьмяшаныя з алеем, і ляпёшкі прэсныя, памазаныя алеем. 5. Калі ахвяра твая прынашэньне хлебнае з патэльні, дык гэта павінна быць пшанічная мука, зьмяшаная з алеем, прэсная, 6. паламай яе на кавалкі і вылі на яе алею: гэта прынашэньне хлебнае. 7. Калі ахвяра твая прынашэньне хлебнае з горшчыка, дык трэба зрабіць яго з пшанічнай мукі з алеем, 8. і прынясі прынашэньне, якое з гэтага складзена, Госпаду; падай гэта сьвятару, і ён прынясе яго да ахвярніка; 9. і возьме сьвятар з гэтай ахвяры частку ў памяць і спаліць на ахвярніку: гэта ахвяра, духмянасьць прыемная Госпаду; 10. а рэшту прынашэньня хлебнага Аарону і сынам ягоным: гэта вялікая сьвятыня з ахвяраў Гасподніх. 11. Ніякага прынашэньня хлебнага, што прыносіце Госпаду, не рабеце квашанага, бо ні квашанага, ні мёду не павінны вы спальваць у ахвяру Госпаду; 12. як прынашэньне пачаткаў прыносьце іх Госпаду, а на ахвярнік нельга ўзносіць іх як прыемную духмянасьць. 13. Усякае прынашэньне тваё хлебнае салі сольлю і не пакідай ахвяры тваёй бяз солі запавету Бога твайго: пры ўсякім прынашэньні тваім прынось соль. 14. Калі прыносіш Госпаду прынашэньне хлебнае зь першых пладоў, прынось у ахвяру дар ад першых пладоў тваіх з калосься, высушанага на агні, патоўчанае зерне, 15. і вылі на яго алею, і пакладзі на яго лівану: гэта прынашэньне хлебнае; 16. і спаліць сьвятар у памяць частку зерня і алею з усім ліванам: гэта ахвяра Госпаду. РАЗЬДЗЕЛ 3 1. Калі ахвяра яго ахвяра мірная, і калі ён прыносіць з буйнога быдла, самца альбо саміцу, няхай прынясе яе Госпаду, каб была без пахібы, 2. і пакладзе руку сваю на галаву ахвяры сваёй, і заколе яе каля дзьвярэй скініі сходу; а сыны Ааронавыя, сьвятары, пакропяць крывёю на ахвярнік з усіх бакоў; 3. і прынясе ён зь мірнай ахвяры ў ахвяру Госпаду лой, што на вантробах, і ўвесь здор, які на вантробах, 4. і абедзьве ныркі і здор, які на іх, які на сьцёгнах, і сальнік, які на печані; з ныркамі ён аддзеліць гэта; 5. і сыны Ааронавыя спаляць гэта на ахвярніку разам з цэласпаленьнем, што на дровах, на агні: гэта ахвяра, духмянасьць прыемная Госпаду. 6. А калі з дробнага быдла прыносіць ён ахвяру Госпаду, самца альбо саміцу, няхай прынясе яе, каб была без пахібы. 7. Калі з авечак прыносіць ён ахвяру сваю, няхай паставіць яе перад Госпадам, 8. і пакладзе руку сваю на галаву ахвяры сваёй, і заколе яе перад скініяй сходу, і сыны Ааронавыя пакропяць крывёю яе на ахвярнік з усіх бакоў; 9. і няхай прынясе зь мірнай ахвяры ў ахвяру Госпаду тлушч яе, увесь курдзюк, адрэзаўшы яго па самую хрыбтовую костку, і лой, што на вантробах, і ўвесь здор, што на вантробах, 10. і абедзьве ныркі і здор, што на іх, які на сьцёгнах, і сальнік, што на печані; з ныркамі ён аддзеліць гэта; 11. сьвятар спаліць гэта на ахвярніку: гэта ежа агню - ахвяра Госпаду. 12. А калі ён прыносіць ахвяру з коз, няхай паставіць яе прад Госпадам, 13. і пакладзе руку сваю на галаву яе, і заколе яе перад скініяй сходу, і пакропяць сыны Ааронавыя крывёю яе на ахвярнік з усіх бакоў; 14. і прынясе зь яе ў прынашэньне, у ахвяру Госпаду лой, што на вантробах, і ўвесь здор, што на вантробах, 15. і абедзьве ныркі і здор, што на іх, які на сьцёгнах, і сальнік, што на печані; з ныркамі ён аддзеліць гэта; 16. і спаліць іх сьвятар на ахвярніку: гэта ежа агню - прыемная духмянасьць; увесь тлушч Госпаду. 17. Гэта пастанова вечная ў роды вашыя, ва ўсіх селішчах вашых: ніякага тлушчу і ніякай крыві ня ежце. РАЗЬДЗЕЛ 4 1. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць: 2. скажы сынам Ізраілевым: калі якая душа згрэшыць з памылкі супроць якіх-небудзь запаведзяў Гасподніх і зробіць што-небудзь, чаго нельга рабіць: 3. калі сьвятар памазаны згрэшыць і зробіць вінаватым народ, - дык за грэх свой, якім зграшыў, няхай прынясе з буйнога быдла цяля, без пахібы, Госпаду ў ахвяру за грэх, 4. і прывядзе цяля да дзьвярэй скініі сходу да Госпада, і пакладзе рукі свае на галаву цяляці, і заколе цяля прад Госпадам; 5. і возьме сьвятар памазаны крыві цяляці і ўнясе яе ў скінію сходу, 6. і ўмочыць сьвятар палец свой у кроў і пакропіць крывёю сем разоў прад Госпадам перад заслонаю сьвятыні; 7. і пакладзе сьвятар крыві прад Госпадам на рогі ахвярніка пахучых дымленьняў, які ў скініі сходу, а астатнюю кроў цяляці вылье да падножжа ахвярніка цэласпаленьняў, які каля ўваходу ў скінію сходу. 8. і выме зь цяляці за грэх увесь тлушч ягоны, лой, што на вантробах і ўвесь здор, што на вантробах, 9. і абедзьве ныркі і здор, што на іх; які на сьцёгнах, і сальнік на печані: з ныркамі аддзеліць ён гэта, 10. як аддзяляецца зь цяляці ахвяры мірнай: і спаліць іх сьвятар на ахвярніку цэласпаленьня; 11. а скуру цяляці і ўсё мяса яго з галавою і з нагамі ягонымі, і вантробы ягоныя і нячыстасьць ягоную, 12. з усяго цяляці няхай вынесе па-за табар на чыстае месца, дзе высыпаецца попел, і спаліць яго агнём на дровах: дзе высыпаецца попел, там няхай спалены будзе. 13. Калі ж усё супольства Ізраілевае згрэшыць з памылкі, і ўтоена будзе дзея ад вачэй сходу, і зробіць хто-небудзь супроць запаведзяў Гасподніх, чаго нельга было рабіць, і будзе вінаватае, 14. дык, калі пазнаны будзе грэх, якім яны зграшылі, няхай ад усяго супольства прынясуць яны з буйнога быдла цяля ў ахвяру за грэх і прывядуць яго да скініі сходу; 15. і пакладуць старэйшыны супольства рукі свае на галаву цяляці перад Госпадам і заколюць цяля перад Госпадам. 16. І ўнясе сьвятар памазаны крыві цяляці ў скінію сходу, 17. і ўмочыць сьвятар палец свой у кроў і пакропіць сем разоў прад Госпадам перад заслонаю, 18. пакладзе крыві на рогі ахвярніка, які прад абліччам Гасподнім у скініі сходу, а астатнюю кроў вылье да падножжа ахвярніка цэласпаленьняў, які каля ўваходу ў скінію сходу; 19. і ўвесь тлушч ягоны выме зь яго і спаліць на ахвярніку; 20. і зробіць зь цялём тое, што робяць зь цялём за грэх: так павінен зрабіць зь ім, і так ачысьціць іх сьвятар, і даравана ім будзе; 21. і вынесе цяля за табар і спаліць яго так, як спаліў першае цяля. Гэта ахвяра за грэх супольства. 22. А калі згрэшыць правадыр і зробіць з памылкі што-колечы супроць запаведзяў Госпада, Бога свайго, чаго не належала рабіць, і будзе вінаваты, 23. дык, калі пазнаны ім будзе грэх, якім ён зграшыў, няхай прывядзе ён у ахвяру казла без пахібы, 24. і пакладзе руку сваю на галаву казла, і заколе яго на месцы, дзе колюць цэласпаленьні прад Госпадам: гэта ахвяра за грэх; 25. і возьме сьвятар пальцам сваім крыві ад ахвяры за грэх і пакладзе на рогі ахвярніка цэласпаленьня, а астатнюю кроў яго вылье да падножжа ахвярніка цэласпаленьня; 26. і ўвесь тлушч ягоны спаліць на ахвярніку, так як і тлушч ахвяры мірнай, і так ачысьціць яго сьвятар ад грэху ягонага, і даравана будзе яму. 27. Калі ж хто зь людзей зямлі згрэшыць з памылкі і зробіць што-колечы супроць запаведзяў Гасподніх, чаго не належала рабіць, і вінаваты будзе, 28. дык, калі пазнаны будзе ім грэх, якім ён зграшыў, няхай прывядзе ён у ахвяру казу без пахібы за грэх свой, якім ён зграшыў, 29. і пакладзе руку сваю на галаву ахвяры за грэх, і заколюць у ахвяру за грэх на месцы, дзе колюць ахвяру цэласпаленьня, 30. і возьме сьвятар крыві яе пальцам сваім і пакладзе на рогі ахвярніка цэласпаленьня, а астатнюю кроў яе вылье да падножжа ахвярніка; 31. і ўвесь тлушч яе аддзеліць, так як аддзяляюць тлушч з ахвяры мірнай, і спаліць яго сьвятар на ахвярніку як прыемную духмянасьць Госпаду; і так ачысьціць яго сьвятар, і даравана будзе яму. 32. А калі са статку авечак захоча ён прынесьці ахвяру за грэх, няхай прынясе саміцу, без пахібы, 33. і пакладзе руку сваю на галаву ахвяры за грэх, і заколе яе ў ахвяру за грэх на тым месцы, дзе колюць ахвяру цэласпаленьня; 34. і возьме сьвятар пальцам сваім крыві ад гэтай ахвяры за грэх і пакладзе на рогі ахвярніка цэласпаленьня, а астатнюю кроў яе вылье да падножжа ахвярніка; 35. і ўвесь тлушч яе аддзеліць, як аддзяляюць тлушч авечкі з ахвяры мірнай, і спаліць гэта сьвятар на ахвярніку ў ахвяру Госпаду; і так ачысьціць яго сьвятар ад грэху, якім ён зграшыў, і даравана будзе яму. РАЗЬДЗЕЛ 5 1. Калі хто згрэшыць тым, што чуў голас праклёну і быў сьведкам, альбо бачыў, альбо ведаў, але не абвясьціў, дык ён панясе на сабе грэх. 2. Альбо калі дакранецца да чагосьці нячыстага, альбо да трупа зьвера нячыстага, альбо да трупа жывёлы нячыстае, альбо да трупа гада нячыстага, але ня ведаў таго, дык ён нячысты і вінаваты. 3. Альбо калі дакранецца да нечысьці чалавечай, якая б то ні была нечысьць, ад якой апаганьваюцца, і ён ня ведаў таго, але пасьля даведаецца, дык ён вінаваты. 4. Альбо калі хто неразумна вуснамі сваімі запрысягнецца зрабіць нешта благое, альбо добрае, якая б ні была дзея, у якой людзі неразумна прысягаюць, і ён ня ведаў таго, але пасьля даведаецца, дык ён вінаваты ў тым. 5. Калі ён вінаваты ў нечым з гэтых, і паспавядаецца, у чым ён зграшыў, 6. дык няхай прынясе Госпаду за грэх свой, якім ён зграшыў, ахвяру павіннасьці з дробнага быдла, авечку альбо казу, за грэх, і ачысьціць яго сьвятар ад грэху ягонага. 7. А калі ён ня можа прынесьці авечкі, дык у павіннасьць за грэх свой няхай прынясе Госпаду дзьве галубкі альбо двух маладых галубоў, аднаго ў ахвяру за грэх, а другога дзеля цэласпаленьня; 8. няхай прынясе іх да сьвятара, і сьвятар возьме раней тую, якая за грэх, і надломіць галаву яе ад шыі яе, але не аддзеліць; 9. і пакропіць крывёю гэтай ахвяры за грэх на сьцяну ахвярніка, а астатнюю кроў выцадзіць да падножжа ахвярніка; гэта ахвяра за грэх; 10. а другую ўжыве на цэласпаленьне паводле ўстанаўленьня; і так ачысьціць яго сьвятар ад грэху ягонага, якім ён зграшыў, і даравана будзе яму. 11. Калі ж ён ня здолее прынесьці дзьвюх галубак альбо двух маладых галубоў, няхай прынясе за тое, што зграшыў, дзясятую частку эфы пшанічнай мукі ў ахвяру за грэх; няхай ня лье на яе алею і лівану няхай не кладзе на яе, бо гэта ахвяра за грэх; 12. і прынясе яе сьвятару, а сьвятар возьме зь яе поўную жменю на памяць і спаліць на ахвярніку ў ахвяру Госпаду: гэта ахвяра за грэх; 13. і так ачысьціць яго сьвятар ад грэху ягонага, якім ён зграшыў у якім-небудзь з гэтых выпадкаў, і даравана будзе яму; а рэшта належыць сьвятару, як прынашэньне хлебнае. 14. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць: 15. калі хто ўчыніць злачынства і з памылкі згрэшыць супроць прысьвечанага Госпаду, няхай за віну сваю прынясе Госпаду са статку авечак барана без пахібы, паводле тваёй ацэны, срэбранымі сіклямі па сіклі сьвяшчэнным, у ахвяру павіннасьці; 16. за тую сьвятыню, супроць якое ён зграшыў, няхай аддасьць і дадасьць да таго пятую долю, і аддасьць гэта сьвятару, і сьвятар ачысьціць яго бараном ахвяры павіннасьці, і даравана будзе яму. 17. Калі хто згрэшыць і зробіць што-небудзь супроць запаведзяў Гасподніх, чаго не належала рабіць, і зь няведаньня зробіцца вінаватым і панясе на сабе грэх, 18. няхай прынясе сьвятару ў ахвяру павіннасьці барана без пахібы, паводле ацэны тваёй, і загладзіць сьвятар злачынства ягонае, у чым ён пераступіў зь няведаньня, і даравана будзе яму. 19. Гэта ахаяра павіннасьці, якою, ён правінаваціўся перад Госпадам. РАЗЬДЗЕЛ 6 1. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць: 2. калі хто згрэшыць і ўчыніць злачынства перад Госпадам, і затнецца прад блізкім сваім у тым, што яму даручана, альбо ў яго пакладзена, альбо ім украдзена, альбо ашукае блізкага свайго, 3. альбо знойдзе згубленае і затнецца ў тым, і запрысягнецца ілжыва ў чым-небудзь, што людзі робяць і тым грэшаць, - 4. дык, зграшыўшы і зрабіўшыся вінаватым, ён павінен аддаць узятае, што ўкраў, альбо адабранае, што адабраў, альбо даручанае, што яму даручана, альбо згубленае, што ён знайшоў; 5. альбо, калі ён у нечым прысягнуўся ілжыва, дык павінен аддаць цалкам і дадаць да таго пятую долю і аддаць таму, каму належыць, у дзень прынашэньня ахвяры павіннасьці; 6. і за віну сваю няхай прынясе Госпаду да сьвятара ў ахвяру павіннасьці са статку авечак барана без пахібы, паводле ацэны тваёй: 7. і ачысьціць яго сьвятар прад Госпадам, і даравана будзе яму, што б ён ні зрабіў, усё, у чым ён зрабіўся вінаваты. 8. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць: 9. накажы Аарону і сынам ягоным: вось закон цэласпаленьня: цэласпаленьне няхай застаецца на месцы спальваньня на ахвярніку ўсю ноч да раніцы, і агонь ахвярніка няхай гарыць на ім; 10. і няхай сьвятар апранецца ў ільняное адзеньне і надзене на цела сваё ільняное сподняе, і здыме попел ад цэласпаленьня, якое спаліў агонь на ахвярніку, і пакладзе яго каля ахвярніка; 11. і няхай здыме зь сябе адзеньне сваё, і надзене іншую вопратку, і вынесе попел за табар на чыстае месца; 12. а агонь на ахвярніку няхай гарыць і ня тухне; і няхай сьвятар запальвае на ім дровы кожнае раніцы, і раскладвае на ім цэласпаленьне, і паліць на ім тлушч мірнай ахвяры; 13. агонь няспынна няхай гарыць на ахвярніку і ня тухне. 14. Вось закон пра прынашэньне хлебнае: сыны Ааронавыя павінны прыносіць яго Госпаду на ахвярнік; 15. і няхай возьме жменяй сваёю з прынашэньня хлебнага і пшанічнай мукі і алею і ўвесь ліван, які на ахвяры, і спаліць на ахвярніку: гэта прыемная духмянасьць, у памяць перад Госпадам; 16. а астатняе зь яго няхай ядуць Аарон і сыны ягоныя; прэсным трэба есьці яго на сьвятым месцы, на двары скініі сходу няхай ядуць яго: 17. нельга пячы яго квашаным. Гэта даю Я ім у долю з ахвяраў Маіх. Гэта вялікая сьвятыня, як ахвяра за грэх і ахвяра павіннасьці. 18. Усе нашчадкі Ааронавыя мужчынскага полу могуць есьці яе. Гэта вечная дзялянка ў роды вашыя з ахвяраў Гасподніх. Усё, што дакранаецца да іх, асьвеціцца. 19. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць: 20. вось прынашэньне ад Аарона і сыноў ягоных, якое прынясуць яны Госпаду ў дзень памазаньня ягонага: дзясятая частка эфы пшанічнай мукі ў ахвяру заўсёдную, палавіна гэтага на раніцу і палавіна на вечар; 21. на патэльні ў алеі павінна быць яна прыгатавана; насычаную алеем прынось яе ў кавалках, як ламаецца на кавалкі прынашэньне хлебнае: прынось яе як прыемную духмянасьць Госпаду: 22. і сьвятар, памазаны на месца ягонае з сыноў ягоных, павінен рабіць гэта: гэта вечны статут Госпада; уся яна павінна быць спалена; 23. і ўсякае хлебнае прынашэньне ад сьвятара ўсё хай спальваецца, а не зьядаецца. 24. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць: 25. скажы Аарону і сынам ягоным: вось закон пра ахвяру за грэх: ахвяра за грэх павінна быць заколата перад Госпадам на тым месцы, дзе колецца цэласпаленьне; гэта вялікая сьвятыня; 26. сьвятар, які ўчыняе ахвяру за грэх, павінен есьці яе; яна павінна быць зьедзена на сьвятым месцы, на двары скініі сходу; 27. усё, што дакранаецца да мяса яе, асьвеціцца, і калі крывёю яе абпырскана будзе вопратка, дык абпырсканае абмый на сьвятым месцы; 28. гліняны посуд, у якім яна гатавалася, трэба разьбіць; калі ж яна гатавалася ў медным посудзе, дык трэба яго вычысьціць і вымыць вадою; 29. увесь мужчынскі пол сьвятарскага роду можа есьці яе: гэта вялікая сьвятыня; 30. а ўсякая ахвяра за грэх, ад якое кроў уносіцца ў скінію сходу дзеля ачышчэньня ў сьвяцілішчы, не павінна зьядацца: яе належыць спальваць на агні. РАЗЬДЗЕЛ 7 1. І вось закон пра ахвяру павіннасьці: гэта вялікая сьвятыня; 2. ахвяру павіннасьці трэба калоць на тым месцы, дзе заколваецца цэласпаленьне, і крывёю яе крапіць на ахвярнік з усіх бакоў: 3. ахвяравальнік павінен прынесьці зь яе ўвесь тлушч, курдзюк і лой які пакрывае вантробы, 4. і абедзьве ныркі і лой, што на іх, які на сьцёгнах, і сальнік, што на печані; з ныркамі хай ён аддзеліць гэта: 5. і спаліць гэта сьвятар на ахвярніку ў ахвяру Госпаду; гэта ахвяра за віну. 6. Увесь мужчынскі пол сьвятарскага роду можа есьці яе; на сьвятым месцы павінен есьці яе: гэта вялікая сьвятыня. 7. Як пра ахвяру за грэх, так і пра ахвяру за віну закон адзін: яна належыць сьвятару, які ачышчае ёю. 8. І калі сьвятар прыносіць чыю-небудзь ахвяру цэласпаленьня, скура ад ахвяры цэласпаленьня, якую ён прыносіць, належыць сьвятару; 9. і любое прынашэньне хлебнае, якое печанае ў печы, і любое гатаванае ў печы, і любое гатаванае ў горшчыку альбо на патэльні, належыць сьвятару, які прыносіць яго; 10. і ўсякае прынашэньне хлебнае, зьмяшанае з алеем і сухое, належыць усім сынам Ааронавым, як аднаму, так і другому. 11. Вось закон пра ахвяру мірную, якую прыносяць Госпаду: 12. калі хто ў падзяку прыносіць яе, дык пры ахвяры падзякі ён павінен прынесьці прэсныя хлябы, зьмяшаныя з алеем, і прэсныя ляпёшкі, памазаныя алеем, і пшанічную муку, насычаную алеем, хлябы, зьмяшаныя з алеем; 13. акрамя ляпёшак няхай ён прыносіць у прынашэньне сваё квашаны хлеб, пры мірнай ахвяры падзякі; 14. адно што-небудзь з усяго прынашэньня свайго няхай прынясе ён у парынашэньне Госпаду: гэта належыць сьвятару, які кропіць крывёю мірнай ахвяры; 15. мяса мірнай ахвяры падзякі трэба зьесьці ў дзень прынашэньня яе, нельга пакідаць зь яе да раніцы. 16. А калі хто прыносіць ахвяру па абяцаньні альбо ад руплівасьці, дык ахвяру яго трэба есьці ў дзень прынашэньня, і на другі дзень рэшту яе есьці можна, 17. а рэшту ахвярнага мяса да трэцяга дня трэба спаліць на агні; 18. а калі будуць есьці мяса мірнай ахвяры на трэці дзень, дык яна ня будзе спрыяльная: хто яе прынясе, таму не залічыцца: гэта апаганьваньне, і хто будзе есьці яе, той прыме на сябе грэх; 19. мяса ад гэтага, калі яно дакранецца да чаго-небудзь нячыстага, нельга есьці, а трэба спаліць яго на агні, а мяса чыстае можа есьці кожны чысты: 20. а калі якая душа, маючы на сабе нячыстасьць, будзе есьці мяса мірнай ахвяры Гасподняй, дык зьнішчыцца душа тая з народу свайго; 21. а калі якая душа, дакрануўшыся да чаго-небудзь нячыстага, да нячыстасьці чалавечай, альбо да нячыстага быдла, альбо да якога-небудзь нячыстага гада, будзе есьці мяса мірнай ахвяры Гасподняй, дык зьнішчыцца душа тая з народу свайго. 22. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць: 23. скажы сынам Ізраілевым, ніякага тлушчу ні з вала, ні з авечкі, ні з казла ня ежце; 24. тлушч зь мёртвага і тлушч з разадранага зьверам можна ўжываць на ўсякую справу; а есьці, ня ежце яго: 25. бо хто будзе есьці тлушч з быдла, якое прыносіцца ў ахвяру Госпаду, зьнішчыцца душа тая з народу свайго; 26. і ніякай крыві ня ежце ва ўсіх селішчах вашых ні з птушак, ні з быдла; 27. а хто будзе есьці якую-небудзь кроў, зьнішчыцца душа тая з народу свайго. 28. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць: 29. скажы сынам Ізраілевым: хто прыносіць мірную ахвяру сваю Госпаду, той зь мірнай ахвяры частку павінен прынесьці ў прынашэньне Госпаду; 30. сваімі рукамі павінен ён прынесьці ў ахвяру Госпаду: тлушч з грудзінай павінен ён прынесьці ў ахвяру Госпаду: тлушч з грудзінай павінен ён прынесьці, патрасаючы грудзінай перад абліччам Гасподнім; 31. тлушч спаліць сьвятар на ахвярніку, а грудзіна належыць Аарону і сынам ягоным; 32. і правы плячук, як паднашэньне, зь мірных ахвяраў вашых аддавайце сьвятару: 33. хто з сыноў Ааронавых прыносіць кроў зь мірнай ахвяры і тлушч, таму і правая лапатка на долю; 34. бо Я бяру ад сыноў Ізраілевых зь мірных ахвяраў іхніх грудзіну патрасаньня і плячук паднашэньня, і аддаю іх Аарону сьвятару і сынам ягоным як вечную дзялянку ад сыноў Ізраілевых. 35. Вось дзялянка Аарону і дзялянка сынам ягоным з ахвяраў Гасподніх з дня, калі яны стануць прад Госпадам дзеля сьвяшчэнадзеяньня, 36. якое загадаў Гасподзь даваць ім з дня памазаньня іх ад сыноў Ізраілевых. Гэта вечная пастанова ў роды іхнія. 37. Вось закон пра цэласпаленьне, пра прынашэньне хлебнае, пра ахвяру за грэх, пра ахвяру за віну, пра ахвяру прысьвячэньня і пра ахвяру мірную, 38. які даў Гасподзь Майсею на гары Сінай, калі загадаў сынам Ізраілевым, у пустыні Сінайскай, прыносіць Госпаду прынашэньні іхнія. РАЗЬДЗЕЛ 8 1. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць: 2. вазьмі сыноў Аарона і сыноў ягоных зь ім, і вопратку і алей памазаньня, і цяля на ахвяру за грэх і двух бараноў, і кош праснакоў, 3. і зьбяры ўсё супольства каля ўваходу ў скінію сходу. 4. Майсей зрабіў так, як загадаў яму Гасподзь, і сабралася супольства каля ўваходу ў скінію сходу. 5. І сказаў Майсей супольству: вось што загадаў Гасподзь зрабіць. 6. І прывёў Майсей Аарона і сыноў ягоных і абмыў іх вадою; 7. І ўсклаў на яго хітон, і аперазаў яго поясам, і апрануў на яго верхнюю шату, і ўсклаў на яго эфод, і аперазаў яго поясам эфода і змацаваў ім эфод на ім, 8. і ўсклаў на яго нагруднік, і на нагруднік паклаў урым і тумім, 9. і ўсклаў на галаву яму кідар, а на кідар зь відавога боку яго паклаў паліраваную дошчачку, дыядэму сьвятыні, як загадаў Гасподзь Майсею. 10. І ўзяў Майсей алей памазаньня, і памазаў скінію і ўсё, што ў ёй, і асьвяціў гэта; 11. і пакрапіў ім на ахвярнік сем разоў, і памазаў ахвярнік і ўсе прылады яго, і ўмывальнік і падножжа яго, каб асьвяціць іх; 12. і выліў алей памазаньня на галаву Аарону і памазаў яго, каб асьвяціць яго. 13. І прывёў Майсей сыноў Ааронавых, і апрануў іх у хітоны, і аперазаў іх поясам, і ўсклаў на іх кідары, як загадаў Гасподзь Майсею. 14. І прывёў цяля дзеля ахвяры за грэх, і Аарон і сыны ягоныя паклалі рукі свае на галаву цяляці за грэх; 15. і закалоў яго і ўзяў крыві, і пальцам сваім паклаў на рогі ахвярніка з усіх бакоў, і ачысьціў ахвярнік, а рэшту крыві выліў да падножжа ахвярніка, і асьвяціў яго, каб зрабіць яго чыстым. 16. І ўзяў увесь тлушч, што на вантробах, і сальнік на печані, і абедзьве ныркі і здор зь іх, і спаліў Майсей на ахвярніку; 17. а цяля і скуру зь яго, і мяса яго, і нячыстасьць яго спаліў на агні па-за табарам, як загадаў Гасподзь Майсею. 18. І прывёў барана на цэласпаленьне, і ўсклаў Аарон і сыны ягоныя рукі свае на галаву барана; 19. і закалоў яго Майсей і пакрапіў крывёю на ахавярнік з усіх бакоў; 20. і расьцяў барана на кавалкі, і спаліў Майсей галаву і кавалкі і тлушч, 21. а вантробы і ногі вымыў вадою, і спаліў Майсей усяго барана на ахвярніку: гэта ўсё спаленьне дзеля прыемнай духмянасьці, гэта ахвяра Госпаду, як загадаў Гасподзь Майсею. 22. І прывёў другога барана, барана прысьвячэньня, і паклалі Аарон і сыны ягоныя рукі свае на галаву барана; 23. і закалоў яго Майсей, і ўзяў крыві зь яго, і паклаў на край правага вуха Ааронавага і на вялікі палец правай рукі ягонай і на вялікі палец правай нагі ягонай. 24. І прывёў Майсей сыноў Ааронавых, і паклаў крыві на край правага вуха іхняга і на вялікі палец правай рукі іхняй і на вялікі палец правай нагі іхняй, і пакрапіў Майсей крывёю на ахвярнік з усіх бакоў. 25. І ўзяў тлушч і курдзюк і ўвесь здор, што на вантробах, і сальнік на печані, і абедзьве ныркі і здор зь іх і правую лапатку; 26. і з каша з праснакамі, які перад Госпадам, узяў адзін праснак і адзін хлеб з алеем і адну ляпёшку, і паклаў на тлушч і на правую лапатку; 27. і паклаў усё гэта на рукі Аарону і на рукі сынам ягоным, і прынёс гэта, трасучы перад абліччам Гасподнім; 28. і ўзяў гэта Майсей з рук іхніх і спаліў на ахвярніку з цэласпаленьнем: гэта ахвяра прысьвячэньня ў прыемную духмянасьць, гэта ахвяра Госпаду. 29. І ўзяў Майсей грудзіну і прынёс яе, трасучы прад абліччам Гасподнім: гэта была доля Майсеевая ад барана прысьвячэньня, як загадаў Гасподзь Майсею. 30. І ўзяў Майсей алею памазаньня і крыві, якая на ахвярніку, і пакрапіў Аарона і вопратку ягоную, і сыноў ягоных і вопратку сыноў ягоных зь ім; і так асьвяціў Аарона і вопратку ягоную, і сыноў ягоных і вопратку сыноў ягоных зь ім. 31. І сказаў Майсей Аарону і сынам ягоным: згатуйце мяса каля ўваходу ў скінію сходу і там ежце яго з хлебам, які ў кашы прысьвячэньня, як мне загадана і сказана: Аарон і сыны ягоныя павінны есьці яго; 32. а рэшту мяса і хлеба спалеце на агні; 33. сем дзён не адыходзьце ад дзьвярэй скініі сходу, пакуль ня мінуцца дні прысьвячэньня вашага, бо сем дзён павінна доўжыцца прысьвячэньне ваша; 34. як сёньня было зроблена, так загадаў Гасподзь рабіць дзеля ачышчэньня вас: 35. каля ўваходу ў скінію сходу будзьце дзень і ноч на працягу сямі дзён і будзьце на варце ў Госпада, каб не памерці, бо так мне загадана. 36. І выканаў Аарон і сыны ягоныя ўсё, што загадаў Гасподзь праз Майсея. РАЗЬДЗЕЛ 9 1. На восьмы дзень паклікаў Майсей Аарона і сыноў ягоных і старэйшынаў Ізраілевых 2. і сказаў Аарону: вазьмі сабе з валоў цяля ў ахвяру за грэх і барана на цэласпаленьне, абодвух без пахібы, і пастаў прад аблічча Гасподняе; 3. і сынам Ізраілевым скажы: вазьмеце казла ў ахвяру за грэх, і цяля, і ягня, адналетак, без пахібы, на цэласпаленьне, 4. і вала і барана ў ахвяру мірную, каб учыніць ахвяраваньне перад абліччам Гасподнім, і прынашэньне хлебнае, зьмяшанае з алеем, бо сёньня Гасподзь явіцца вам. 5. І прынесьлі тое, што загадаў Майсей, да скініі сходу, і прыйшло ўсё супольства і стала перад абліччам Гасподнім. 6. І сказаў Майсей: вось, што загадаў Гасподзь зрабіць, і зьявіцца вам слава Гасподняя. 7. І сказаў Майсей Аарону: падыдзі да ахвярніка і ўчыні ахвяру тваю за грэх і цэласпаленьне тваё, і ачысьці сябе і народ, і зрабі прынашэньне ад народу, і ачысьці ім, як загадаў Гасподзь. 8. І падышоў Аарон да ахвярніка і закалоў цяля, якое за яго, у ахвяру за грэх: 9. сыны Аарона паднесьлі яму кроў, і ён памачыў палец свой у крыві і паклаў на рогі ахвярніка, а рэшту крыві выліў да падножжа ахвярніка; 10. а здор і ныркі і сальнік на печані ад ахвяры за грэх спаліў на ахвярніку, як загадаў Гасподзь Майсею; 11. а мяса і скуру спаліў на агні па-за табарам. 12. І закалоў цэласпаленьне, і сыны Аарона паднесьлі яму кроў; ён пакрапіў ёю на ахвярнік з усіх бакоў; 13. і прынесьлі яму цэласпаленьне ў кавалках і галаву, і ён спаліў на ахвярніку, 14. а вантробы і ногі абмыў і спаліў з цэласпаленьнем на ахвярніку. 15. І прынёс прынашэньне ад народу: і ўзяў ад народу казла за грэх, і закалоў яго, і прынёс яго ў ахвяру за грэх, як і першага. 16. і прынёс цэласпаленьне і ўчыніў яго паводле статуту. 17. І прынёс прынашэньне хлебнае і напоўніў ім рукі свае, і спаліў на ахвярніку звыш ранішняга цэласпаленьня. 18. І закалоў вала і барана, якія ад народу, у ахвяру мірную; і сыны Аарона паднесьлі яму кроў, і ён пакрапіў ёю на ахвярнік з усіх бакоў; 19. паднесьлі і тлушч з вала, і з барана курдзюк, і здор, што на вантробах, і ныркі і сальнік на печані, 20. і паклалі: тлушч на грудзіну, і ён спаліў тлушч на ахвярніку; 21. а грудзіну і правы плячук прынёс Аарон, трасучы перад абліччам Гасподнім, як загадаў Майсей. 22. І падняў Аарон рукі свае, павярнуўшыся да людзей, і дабраславіў іх, і сышоў, учыніўшы ахвяру за грэх, цэласпаленьне і ахвяру мірную. 23. І ўвайшлі Майсей і Аарон у скінію сходу, і выйшлі, і дабраславілі народ. І зьявілася слава Гасподняя ўсяму народу: 24. і выйшаў агонь ад Госпада і спаліў на ахвярніку цэласпаленьня і тлушч; і бачыў увесь народ і ўсклікнуў з радасьці, і ўпаў на аблічча сваё. РАЗЬДЗЕЛ 10 1. Надаў і Авіуд, сыны Ааронавыя, узялі кожны сваю кадзільніцу і паклалі ў іх агню, і паклалі ў яго дымленьняў, і прынесьлі прад Госпада агонь чужы, якога Ён не загадваў ім; 2. і выйшаў агонь ад Госпада і спаліў іх, і памерлі яны перад абліччам Гасподнім. 3. І сказаў Гасподзь Аарону: вось, пра што казаў Гасподзь, калі сказаў: у тых, што набліжаюцца да Мяне, асьвячуся і перад усім народам праслаўлюся. Аарон маўчаў. 4. І паклікаў Майсей Місаіла і Элцафана, сыноў Ізііла, дзядзькі Ааронавага, і сказаў ім: ідзеце, вынесьце братоў вашых са сьвяцілішча за табар. 5. І пайшлі і вынесьлі іх у хітонах іхніх за табар, як сказаў Майсей. 6. А Аарону і Элеазару і Ітамару, сынам ягоным, Майсей сказаў: галоваў вашых не агаляйце і вопраткі вашай не разьдзірайце, каб вам не памерці і не навесьці гневу на ўсё супольства; але браты вашыя, увесь дом Ізраілеў, могуць плакаць па спаленых, якіх спаліў Гасподзь, 7. і зь дзьвярэй скініі сходу ня выходзьце, каб не памерці вам, бо на вас алей памазаньня Гасподняга. І зрабілі паводле слова Майсея. 8. І сказаў Гасподзь Аарону, кажучы: 9. віна і моцных напояў ня пі і сыны твае з табою, калі ўваходзіце ў скінію сходу, каб не памерці; гэта вечная пастанова ў роды вашыя, 10. каб вы маглі адрозьніваць сьвяшчэннае ад несьвяшчэннага і нячыстае ад чыстага, 11. і вучыць сыноў Ізраілевых усім статутам, якія выказаў ім Гасподзь праз Майсея. 12. І сказаў Гасподзь Аарону і Элеазару і Ітамару, астатнім сынам ягоным: вазьмеце прынашэньне хлебнае, якое засталося ад ахвяраў Гасподніх, і ежце яго прэснае каля ахвярніка, бо гэта вялікая сьвятыня: 13. і ежце яго на сьвятым месцы, бо гэта дзялянка твая і дзялянка сыноў тваіх з ахвяраў Гасподніх: так мне загадана; 14. і грудзіну трасеньня і лапатку паднашэньня ежце на чыстым месцы, дзе і сыны твае і дочкі твае з табою, бо гэта дадзена ў дзялянку табе і ў дзялянку сынам тваім зь мірных ахвяраў сыноў Ізраілевых; 15. лапатку паднашэньня і грудзіну трасеньня павінны яны прыносіць з ахвярамі тлушчу, трасучы перад абліччам Гасподнім, і хай будзе гэта вечнай дзялянкай табе і сынам тваім з табою, як загадаў Гасподзь. 16. І казла ахвяры за грэх шукаў Майсей, і вось, ён спалены. І ўгневаўся на Элеазара і Ітамара, астатніх сыноў Ааронавых, і сказаў: 17. чаму вы ня елі ахвяры за грэх на сьвятым месцы? бо яна сьвятыня вялікая, і яна дадзена вам, каб здымаць грахі з супольства, і ачышчае іх перад Госпадам: 18. вось, кроў яе ня ўнесена ў сьвяцілішча, і вы павінны былі есьці яе на сьвятым месцы, як загадана мне. 19. Аарон сказаў Майсею: вось, сёньня прынесьлі яны ахвяру сваю за грэх і цэласпаленьне сваё перад Госпадам, і гэта сталася са мною; калі я сёньня зьем ахвяру за грэх, ці будзе гэта заўгодна Госпаду? 20. І пачуў Майсей і ўхваліў. РАЗЬДЗЕЛ 11 1. І сказаў Гасподзь Майсею і Аарону, кажучы ім: 2. скажэце сынам Ізраілевым: вось жывёлы, якіх можна вам есьці з усяго быдла на зямлі: 3. усякае быдла, у якога расшчэпленыя капыты і на капытах глыбокі разрэз, і якое жуе жуйку, ежце; 4. толькі гэтых ня ежце з тых, што жуюць жуйку і маюць расшчэпленыя капыты: вярблюда, бо ён жуе жуйку, але капыты ў яго не расшчэпленыя, нячысты ён вам; 5. і тушканчыка, бо ён жуе жуйку, але капыты ў яго не расшчэпленыя, нячысты ён вам; 6. і зайца, бо ён жуе жуйку, але капыты ў яго не расшчэпленыя, нячысты ён вам; 7. і сьвіньні, бо капыты ў яе расшчэпленыя і на капытах разрэз глыбокі, але яна ня жуе жуйкі, нячыстая яна вам; 8. мяса іх ня ежце і да трупаў іх не дакранайцеся, нячыстыя яны вам. 9. З усіх жывёлаў, якія ў вадзе, ежце гэтых: у якіх ёсьць перэе і луска ў вадзе, ці ў морах, ці ў рэках, тых ежце; 10. а ўсе тыя, у якіх няма перэя і лускі, ці ў морах, ці ў рэках, з усіх, што плаваюць у водах і з усяго, што жыве ў водах, паганыя вам; 11. яны павінны быць паганыя вам: мяса іх ня ежце і трупамі іх грэбуйце; 12. усе жывёлы, у якіх няма перэя і лускі ў вадзе, паганыя вам. 13. А з птушак грэбуйце гэтымі: арлом, грыфам і марскім арлом, 14. шуляком і сокалам з пародаю ягонай, 15. любым груганом з пародай ягонай, 16. страўсам, савою, чайкай і каршуном з пародаю ягонай, 17. пугачом, рыбаловам і ібісам, 18. лебедзем, пеліканам і сычом, 19. чапляй, сойкай зь яе пародаю, удодам і кажаном; 20. усе жывёлы паўзуны, крылатыя, якія ходзяць на чатырох нагах, паганыя вам; 21. з усіх паўзуноў, крылатых, якія ходзяць на чатырох нагах, тых толькі ежце, у якіх ёсьць галені вышэй ног, каб скакаць імі па зямлі: 22. гэтых ежце зь іх: шаранчу зь яе пародаю, казельчыкаў зь іх пародаю, хрушчоў з пародаю іхняю; 23. любыя іншыя паўзуны, крылатае, у якога чатыры нагі, паганае вам; 24. ад іх вы будзеце нячыстыя: кожны, хто дакранецца да трупа іхняга, нячысты будзе да вечара; 25. і кожны, хто возьме труп іхні, павінен абмыць вопратку сваю і нячысты будзе да вечара. 26. Усякае быдла, у якога капыты расшчэпленыя, але няма глыбокага разрэзу, і якое ня жуе жуйкі, нячыстае вам: кожны, хто дакранаецца да яго, будзе нячысты: 27. з усіх зьвяроў чатырногаў тыя, якія ходзяць на лапах, нячыстыя вам: кожны, хто дакранецца да трупа іхняга, нячысты будзе да вечара; 28. хто возьме труп іх, той павінен абмыць вопратку сваю і нячысты будзе да вечара: нячыстыя яны вам. 29. Вось, што нячыстае вам з жывёлаў, што поўзаюць па зямлі: крот, мыш, яшчарка зь яе пародаю, 30. тхор, хамелеон, ласка, сьлімак і жаба, - 31. гэтыя нячыстыя вам з усіх паўзуноў: кожны, хто дакранецца да іх мёртвых, нячысты будзе да вечара. 32. І ўсё, на што ўпадзе што-небудзь зь іх мёртвае, любы драўняны посуд, альбо вопратка, альбо скура, альбо мяшок, і любая рэч, якая ўжываецца ў карыстаньне, будуць нячыстыя: у ваду трэба пакласьці іх, і нячыстыя будуць да вечара, потым будуць чыстыя; 33. калі ж якое-небудзь зь іх упадзе ў які-небудзь гліняны посуд, дык тое, што ў ім, будзе нячыстае, і сам посуд разьбеце. 34. Усякая ежа, якую ядуць і на якой была вада з такога посуду, нячыстая будзе, і ўсякае пітво, якое пэюць, у любым такім посудзе нячыстае будзе. 35. Усё, на што ўпадзе што-небудзь ад трупа іхняга, нячыстае будзе: печ і агмень трэба паламаць, яны нячыстыя; і яны павінны быць нячыстыя вам; 36. толькі крыніца і калодзеж з вадою застаюцца чыстыя; а хто дакранецца да трупа іхняга, той нячысты. 37. І калі што-небудзь ад трупа іхняга ўпадзе на якое-небудзь насеньне, якое сеюць, дык яно чыстае; 38. а калі тады, калі вада налітая на насеньне, упадзе на яго што-небудзь ад трупа іхняга, дык яно нячыстае вам. 39. І калі памрэ якое-небудзь быдла, якое ўжываецца вамі ў ежу, дык той, хто дакрануўся да трупа яго, нячысты будзе да вечара: 40. і той, хто будзе есьці падла яго, павінен абмыць вопратку сваю і нячысты будзе да вечара; і той, хто панясе труп ягоны, павінен абмыць вопратку сваю і нячысты будзе да вечара. 41. Усякая жывёла, якая поўзае па зямлі, паганая вам, ня трэба есьці яе; 42. усяго, што поўзае на чэраве, і ўсяго, што ходзіць на чатырох нагах, і мнаганожак з жывёлаў, што поўзаюць па зямлі, ня ежце, бо яны паганыя; 43. не апаганьвайце душаў вашых якім-небудзь жывёльным паўзуном і не рабеце сябе празь іх нячыстымі, каб быць празь іх нячыстымі, 44. бо Я - Гасподзь, Бог ваш; асьвячайцеся і будзьце сьвятыя, бо Я сьвяты; і не апаганьвайце душаў вашых якой-небудзь жывёлай, што поўзае па зямлі, 45. бо Я - Гасподзь, Які вывеў вас зь зямлі Егіпецкай, каб быць вашым Богам; дык вось, будзьце сьвятыя, бо Я сьвяты. 46. Вось закон пра быдла, пра птушак, пра ўсіх жывёлаў, што жывуць у водах, і пра ўсіх жывёлаў, што поўзаюць па зямлі, 47. каб адрозьніваць нячыстае ад чыстага, і жывёлаў, якіх можна есьці, ад жывёлаў, якіх есьці ня трэба. РАЗЬДЗЕЛ 12 1. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць: 2. скажы сынам Ізраілевым: калі жанчына зачне і народзіць немаўля мужчынскага полу, дык яна нячыстая будзе сем дзён; як у дні пакутніцтва яе ачышчэньнем, яна будзе нячыстая; 3. а на восьмы дзень абрэжацца крайняя плоць ягоная; 4. і трыццаць тры дні павінна яна сядзець, ачышчаючыся ад крывей сваіх; ні да чога сьвяшчэннага не павінна дакранацца і да сьвяцілішча не павінна падыходзіць, пакуль ня мінуцца дні ачышчэньня яе. 5. калі ж яна народзіць немаўля жаночага полу, дык падчас ачышчэньня свайго яна будзе нячыстая два тыдні, і шэсьцьдзясят шэсьць дзён трэба сядзець, ачышчаючыся ад крывей сваіх. 6. Пасьля заканчэньня дзён ачышчэньня свайго за сына, альбо за дачку, яна павінна прынесьці гадавалае ягня на цэласпаленьне і маладога голуба альбо галубку ў ахвяру за грэх, да ўваходу ў скінію сходу да сьвятара; 7. ён прынясе гэта прад аблічча Госпада і ачысьціць яе, і яна будзе чыстая ад цёку крыві яе. Вось закон пра парадзіху немаўляці мужчынскага альбо жаночага полу. 8. А калі яна ня можа прынесьці ягняці, дык няхай возьме дзьве галубкі альбо два маладыя галубы, аднаго на цэласпаленьне, а другога ў ахвяру за грэх, і ачысьціць яе сьвятар, і яна будзе чыстая. РАЗЬДЗЕЛ 13 1. І сказаў Гасподзь Майсею і Аарону, кажучы: 2. калі ў каго выхапіцца на скуры цела ягонага пухліна, альбо лішаі, альбо пляма, і на скуры цела ягонага зробіцца як бы струпля праказы, дык трэба прывесьці яго да Аарона сьвятара, альбо да аднаго з сыноў ягоных, сьвятароў; 3. сьвятар агледзіць струплю на скуры цела, і калі валасы на струплі зьмяніліся на белыя, і струпля паглыбленая ў скуру цела ягонага, дык гэта струпля праказы: сьвятар, агледзеўшы яго, абвесьціць яго нячыстым. 4. А калі на скуры цела ягонага пляма белая, але яна не заглыбленая ў скуру, і валасы на ёй не зьмяніліся на белыя, дык сьвятар таго, хто мае струплю, павінен затачыць на сем дзён; 5. на сёмы дзень сьвятар агледзіць яго, і калі струпля застаецца ў сваім выглядзе і не пашыраецца струпля па скуры, дык сьвятар павінен затачыць яго яшчэ на сем дзён; 6. на сёмы дзень сьвятар зноў агледзіць яго, і калі струпля менш прыкметная і не пашырылася струпля па скуры, дык сьвятар павінен абвясьціць яго чыстым: гэта лішай, і няхай ён абмые вопратку сваю, і будзе чысты. 7. А калі лішаі пачнуць пашырацца па скуры, пасьля таго як ён зьяўляўся да сьвятара дзеля ачышчэньня, дык ён другі раз павінен зьявіцца да сьвятара; 8. сьвятар, убачыўшы, што лішаі пашыраюцца па скуры, абвяшчае яго нячыстым: гэта праказа. 9. Калі будзе на кім струпля праказы, дык трэба прывесьці яго да сьвятара; 10. сьвятар агледзіць, і калі пухліна на скуры белая, і валасы зьмяніліся на белыя, і на пухліне жывое мяса, 11. дык гэта застарэлая праказа на скуры цела ягонага; і сьвятар абвесьціць яго нячыстым і заточыць яго, бо ён нячысты. 12. А калі праказа распусьціцца па скуры, і пакрые праказа ўсю скуру хворага ад галавы ягонай да ног, колькі могуць бачыць вочы сьвятаровыя, 13. і ўбачыць сьвятар, што праказа пакрыла ўсё цела ягонае, - дык ён абвесьціць хворага чыстым, бо ўсё ператварылася ў белае: ён чысты. 14. А калі выявіцца на ім жывое мяса, дык ён нячысты; 15. сьвятар, убачыўшы жывое мяса, абвесьціць яго нячыстым; жывое мяса нячыстае: гэта праказа. 16. А калі жывое мяса зьменіцца і ператворыцца ў белае, няхай ён прыйдзе да сьвятара; 17. сьвятар агледзіць яго, і калі струпля ператварылася ў белае, сьвятар абвесьціць хворага чыстым: ён чысты. 18. Калі ў каго на скуры цела быў пухір і загоіўся, 19. і на месцы пухіра зьявілася белая пухліна, альбо пляма белая, альбо чырванаватая, дык ён павінен зьявіцца да сьвятара; 20. сьвятар агледзіць яго, і калі яна будзе ніжэй скуры, і валасы яго зьмяніліся на белыя, дык сьвятар абвесьціць яго нячыстым: гэта струпля праказы, яна распусьцілася на пухіры; 21. а калі сьвятар убачыць, што валасы на ёй белыя, і яна ня ніжэй скуры, і прытым мала прыкметная, дык сьвятар заточыць яго на сем дзён; 22. калі яна пачне вельмі пашырацца па скуры, дык сьвятар абвесьціць яго нячыстым: гэта струпля; 23. а калі пляма застаецца на сваім месцы і не пашыраецца, дык гэта запаленьне пухіра, і сьвятар абвесьціць яго чыстым. 24. Альбо калі ў каго на скуры цела будзе абпаліна, і на месцы загоенай абпаліны будзе чырванаватая альбо белая пляма, 25. і сьвятар убачыць, што валасы на пляме зьмяніліся на белыя, і яна будзе заглыбленая ў скуры, дык гэта праказа, яна распусьцілася на абпаліне; і сьвятар абвесьціць яго нячыстым: гэта струпля праказы; 26. а калі сьвятар убачыць, што валасы на пляме ня белыя, і яна ня ніжэй скуры, і прытым мала прыкметная, дык сьвятар заточыць яго на сем дзён; 27. на сёмы дзень сьвятар агледзіць яго, і калі яна вельмі пашырыцца па скуры, дык сьвятар абвесьціць яго нячыстым: гэта струпля праказы; 28. а калі пляма застаецца на сваім месцы і не пашыраецца па скуры, і пры тым мала прыкметная, дык гэта пухліна ад апёку; сьвятар абвесьціць яго чыстым, бо гэта запаленьне ад апёку. 29. Калі ў мужчыны, альбо ў жанчыны будзе струпля на галаве, альбо на барадзе, 30. і агледзіць сьвятар струплю, і яна будзе заглыбленая ў скуры і валасы на ёй жаўтлявыя і тонкія, дык сьвятар абвесьціць іх нячыстымі: гэта пархатасьць, гэта праказа на галаве, альбо на барадзе; 31. а калі сьвятар агледзіць струплю пархатасьці, і яна ня будзе заглыбленая ў скуры, і валасы на ёй ня чорныя, дык сьвятар таго, хто мае струплю пархатасьці заточыць на сем дзён; 32. на сёмы дзень сьвятар агледзіць струплю, і калі пархатасьць не пашыраецца, і няма на ёй жаўтлявых валасоў, і пархатасьць ня будзе заглыбленая ў скуры, 33. дык хворага трэба астрыгчы, але пархатага месца не абстрыгаць, і сьвятар павінен пархатага другі раз затачыць на сем дзён; 34. на сёмы дзень сьвятар агледзіць пархатасьць, і калі пархатасьць не пашыраецца па скуры і ня будзе заглыбленая ў скуры, дык сьвятар абвесьціць яго чыстым: няхай ён абмые вопратку сваю, і будзе чысты. 35. А калі пасьля ачышчэньня ягонага будзе вельмі пашырацца пархатасьць па скуры, 36. і сьвятар убачыць, што пархатасьць пашыраецца па скуры, дык сьвятар няхай ня шукае жаўтлявых валасоў: ён нячысты; 37. а калі пархатасьць застаецца ў сваім выглядзе, і паказваецца на ёй чорны волас, дык пархатасьць прайшла, ён чысты: сьвятар абвесьціць яго чыстым. 38. Калі ў мужчыны, альбо ў жанчыны на скуры цела іхняга будуць плямы, плямы белыя, 39. і сьвятар убачыць, што на скуры цела іхняга плямы бледна-белыя, дык гэта лішай, які распусьціўся на скуры: ён чысты. 40. Калі ў каго на галаве вылезьлі валасы, дык гэта пляшывы, ён чысты: 41. а калі на пярэднім баку галавы вылезьлі валасы, дык гэта лысы: ён чысты. 42. Калі ж на плешыне альбо на лысіне будзе белая альбо чырванаватая пляма, дык на плешыне ягонай альбо на лысіне ягонай распусьцілася праказа; 43. сьвятар агледзіць яго, і калі ўбачыць, што пухліна струплі ягонай белая альбо чырванаватая на плешыне ягонай альбо на лысіне ягонай, з выгляду падобная на праказу скуры цела, 44. дык ён пракажоны, нячысты ён: сьвятар павінен абвясьціць яго нячыстым, у яго на галаве струпля. 45. У пракажонага, на якім гэтая струпля, павінна быць разадраная вопратка, і галава ягоная павінна быць не пакрытая, і па вусны ён павінен быць закрыты і крычаць: нячысты! нячысты! 46. Усе дні, пакуль на ім струпля, ён павінен быць нячысты, нячысты ён; ён павінен жыць асобна, па-за табарам жытло ягонае. 47. Калі струпля праказы будзе на вопратцы, на вопратцы ваўнянай, альбо на вопратцы ільнянай, 48. альбо на аснове, альбо на ўтоку з ільну, альбо воўне, альбо на скуры, альбо на якім-небудзь вырабе скураным, 49. і пляма будзе зеленаватая альбо чырванаватая на вопратцы, альбо на скуры, альбо на аснове, альбо на ўтоку, альбо на якой-небудзь скураной рэчы, - дык гэта струпля праказы: трэба паказаць яе сьвятару; 50. сьвятар агледзіць струплю і заточыць заражанае струпляю на сем дзён; 51. на сёмы дзень агледзіць сьвятар заражанае, і калі струпля пашырылася па вопратцы, альбо па аснове, альбо па ўтоку, альбо па скуры, альбо па якім-небудзь вырабе, зробленым са скуры, дык гэта праказа ўедлівая, струпля нячыстая; 52. ён павінен спаліць вопратку, альбо аснову, альбо ўток ваўняны ці ільняны, альбо якую б то ні было скураную рэч, на якой будзе струпля, бо гэта праказа ўедлівая: трэба спаліць на агні. 53. А калі сьвятар убачыць, што струпля не пашырылася па вопратцы, альбо па аснове, альбо па ўтоку, альбо па якой бы там ні было скураной рэчы, 54. дык сьвятар загадае абмыць тое, на чым струпля, і другі раз затачыць на сем дзён; 55. калі пасьля абмываньня заражанай рэчы сьвятар убачыць, што струпля не зьмяніла выгляду свайго, і не пашырылася струпля, дык яна нячыстая, спалі яе на агні; гэта выедзеная яміна на правым баку альбо на вывараце; 56. а калі сьвятар убачыць, што струпля пасьля абмываньня яе зрабілася менш прыкметная, дык сьвятар няхай адарве яе ад вопраткі, альбо ад скуры, альбо ад асновы, альбо ад утоку. 57. Калі ж яна зноў зьявіцца на вопратцы, альбо на аснове, альбо на ўтоку, альбо на якой-небудзь скураной рэчы, дык гэта распускаецца струпля: спалі на агні тое, на чым струпля. 58. А калі вопратку, альбо аснову, альбо ўток, альбо якую-небудзь скураную рэч вымыеш, і сыдзе зь іх струпля, дык трэба вымыць іх другі раз, і яны будуць чыстыя. 59. Вось закон пра струплю праказы на вопратцы ваўнянай альбо ільнянай, альбо на аснове, альбо на ўтоку, альбо на якой-небудзь скураной рэчы, альбо абвяшчаць яе чыстаю альбо нячыстаю. РАЗЬДЗЕЛ 14 1. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць: 2. вось закон пра пракажонага, калі трэба яго ачысьціць: прывядуць яго да сьвятара 3. а сьвятар выйдзе вонкі з табара, і калі сьвятар убачыць, што пракажоны выздаравеў ад хваробы праказы, 4. дык сьвятар загадае ўзяць дзеля цалёнага дзьвюх птушак жывых чыстых, кедровага дрэва, чырванёную нітку і ісопу, 5. і загадае сьвятар закалоць адну птушку над гліняным посудам, над жывою вадою; 6. а сам ён возьме жывую птушку, кедровае дрэва, чырванёную нітку і ісоп і абмочыць іх і жывую птушку ў крыві птушкі заколатай над жывою вадою, 7. і пакропіць на таго, каго ачышчаюць ад праказы, сем разоў, і абвесьціць яго чыстым, і выпусьціць жывую птушку ў поле; 8. той, каго ачышчаюць, абмые вопратку сваю, абстрыжэ ўсе валасы свае, абмыецца вадою і будзе чысты; потым увойдзе ў табар і прабудзе сем дзён па-за намётам сваім; 9. на сёмы дзень паголіць усе валасы свае, галаву сваю, бараду сваю, бровы над вачамі сваімі, усе валасы свае паголіць, і абмые вопратку сваю, і абмые цела сваё вадою, і будзе чысты; 10. на восьмы дзень возьме ён двух бараноў без пахібы, і адну авечку гадавалую без пахібы, і тры дзясятых эфы пшанічнай мукі, змяшанай з алеем, дзеля прынашэньня хлебнага, і адзін лог алею; 11. сьвятар ачышчальнік паставіць чалавека, якога ачышчае, зь імі прад Госпадам каля ўваходу ў скінію сходу; 12. і возьме сьвятар аднаго барана і прынясе ў ахвяру за віну, і лог алею, і прынясе гэта, трасучы прад Госпадам; 13. і заколе барана на тым месцы, дзе колюць ахвяру за грэх і цэласпаленьне, на месцы сьвятым, бо гэта ахвяра за віну, як і ахвяра за грэх, належыць сьвятару: гэта вялікая сьвятыня; 14. і возьме сьвятар крыві з ахвяры за віну, і пакладзе сьвятар на край правага вуха таго, каго ачышчае, і на вялікі палец правай рукі ягонай і на вялікі палец правай нагі ягонай; 15. і возьме сьвятар з логу алею і палье на левую сваю далоню; 16. і ўмочыць сьвятар правы палец свой у алей, які на левай далоні ягонай, і пакропіць алеем з пальца свайго сем разоў прад абліччам Госпада; 17. а рэшту алею, які на далоні ягонай, пакладзе сьвятар на край правага вуха таго, каго ачышчае, на вялікі палец правай рукі ягонай і на вялікі палец правай нагі ягонай, на кроў ахвяры за віну; 18. а рэшту алею, які на далоні ў сьвятара, пакладзе ён на галаву таго, каго ачышчае, і ачысьціць яго сьвятар перад абліччам Госпада; 19. і ачысьціць сьвятар ахвяру за грэх і ачысьціць чалавека ад нечысьці ягонай; пасьля таго заколе ахвяру цэласпаленьня; 20. і пакладзе сьвятар цэласпаленьне і прынашэньне хлебнае на ахвярнік; і ачысьціць яго сьвятар, і ён будзе чысты. 21. Калі ж ён бедны і ня мае дастатку, дык няхай возьме аднаго барана ў ахвяру павіннасьці дзеля трасеньня, каб ачысьціць сябе, і адну дзесяцярыну эфы пшанічнай мукі, зьмяшанай з алеем, у прынашэньне хлебнае, і лог алею, 22. і дзьве галубкі і два маладыя галубы, што дастане рука ягоная, адну птушку ў ахвяру за грэх, а другую на цэласпаленьне; 23. і прынясе іх на восьмы дзень ачышчэньня свайго сьвятару да ўваходу ў скінію сходу, перад аблічча Госпада; 24. сьвятар возьме барана ахвяры за віну і лог алею, і прынясе гэта сьвятар, трасучы перад Госпадам; 25. і заколе барана ў ахвяру павіннасьці, і возьме сьвятар крыві ахвяры павіннасьці, і пакладзе на край правага вуха таго, каго ачышчае, і на вялікі палец правай рукі ягонай і на вялікі палец правай нагі ягонай; 26. і налье сьвятар алею на левую сваю далонь, 27. і алеем, які на левай далоні ягонай, пакропіць сьвятар правым пальцам сваім сем разоў перад абліччам Гасподнім; 28. і пакладзе сьвятар алею, які на далоні ягонай, на край правага вуха таго, каго ачышчае, на вялікі палец правай рукі ягонай і на вялікі палец правай нагі ягонай, на месца крыві з ахвяры за віну; 29. а рэшту алею, які на далоні ў сьвятара, пакладзе ён на галаву таго, каго ачышчае, каб ачысьціць яго перад абліччам Госпада; 30. і прынясе адну галубку, альбо аднаго маладога голуба, што дастане рука, 31. з таго, што дастане рука ягоная, адну птушку ў ахвяру за грэх, а другую на цэласпаленьне, разам з прынашэньнем хлебным; і ачысьціць сьвятар чалавека перад абліччам Госпада. 32. Вось закон пра пракажонага, які ў час ачышчэньня свайго ня мае дастатку. 33. І сказаў Гасподзь Майсею і Аарону, кажучы: 34. калі ўвойдзеце ў зямлю Ханаанскую, якую Я даю вам у валоданьне, і Я навяду струплю праказы на дамы ў зямлі валоданьня вашага, 35. тады той, чый дом, павінен пайсьці і сказаць сьвятару: у мяне на доме паявілася як бы струпля. 36. Сьвятар загадае апаражніць дом, перш чым сьвятар увойдзе аглядаць струплю, каб не зьнячысьцілася ўсё, што ў доме; пасьля гэтага прыйдзе сьвятар аглядаць дом. 37. Калі ён, агледзеўшы струплю, убачыць, што струпля на сьценах дома складаецца зь зеленаватых альбо чырванаватых ямін, якія будуць заглыбленыя ў сьцяне, 38. дык сьвятар выйдзе з дома да дзьвярэй дома і замкне дом на сем дзён. 39. На сёмы дзень зноў прыйдзе сьвятар, і калі ўбачыць, што струпля пашырылася па сьценах дома, 40. дык сьвятар загадае выламаць камяні, на якіх струпля, і выкінуць іх за горадам на месца нячыстае; 41. а дом усярэдзіне няхай увесь выскабляць, і абмазку, якую саскобляць, высыплюць за горадам на месца нячыстае; 42. і возьмуць іншыя камяні і ўставяць замест тых камянёў, і возьмуць іншую абмазку і абмажуць дом. 43. Калі струпля зноў абэявіцца і будзе цьвісьці на доме пасьля таго, як выламалі камяні і выскаблілі дом і абмазалі, 44. дык сьвятар прыйдзе і агледзіць, і калі струпля на доме пашырылася, дык гэта едкая праказа на доме, нячысты ён; 45. трэба зламаць гэты дом, і камяні яго і дрэва яго і ўсю абмазку дома і вынесьці за горад на месца нячыстае; 46. хто ўваходзіць у дом увесь той час, калі ён замкнуты, той нячысты да вечара; 47. і хто сьпіць у доме тым, той павінен вымыць вопратку сваю; і хто есьць у доме тым, той павінен вымыць вопратку сваю. 48. А калі сьвятар прыйдзе і ўбачыць, што струпля на доме не пашырылася пасьля таго, як абмазалі дом, дык сьвятар абвесьціць дом чыстым, бо струпля прайшла. 49. І каб ачысьціць дом, возьме ён дзьвюх птушак, кедровага дрэва, чырванёную нітку і ісопу, 50. і заколе адну птушку над гліняным посудам, над жывою вадою; 51. і возьме кедровае дрэва і ісоп, і чырванёную нітку і жывую птушку, і абмочыць іх у крыві птушкі заколатай і ў жывой вадзе, і пакропіць дом сем разоў; 52. і ачысьціць дом крывёю птушкі і жывою вадою, і жывою птушкаю і кедровым дрэвам і ісопам і чырванёнаю ніткаю; 53. і пусьціць жывую птушку за горадам у поле і ачысьціць дом, і будзе чысты. 54. Вось закон пра ўсякую струплю праказы і пра пархатасьць, 55. і пра праказу на вопратцы і на доме, і пра пухліну, і пра лішаі, і пра плямы, - 56. каб указаць, калі гэта нячыстае і калі чыстае: вось закон пра праказу. РАЗЬДЗЕЛ 15 1. І сказаў Гасподзь Майсею і Аарону, кажучы: 2. абвясьцеце сынам Ізраілевым і скажэце ім: калі ў каго будзе цеча зь цела ягонага, дык ад цечы сваёй ён нячысты. 3. І вось закон пра нячыстасьць яго ад цечы ягонай: калі цячэ зь цела яго цеча ягоная, і калі затрымліваецца ў целе яго цеча ягоная, гэта нячыстасьць яго; 4. усякая пасьцель, на якую ляжа цечыўны, нячыстая, і ўсякая рэч, на якую сядзе, нячыстая; 5. і хто дакранецца да пасьцелі ягонай, той павінен вымыць вопратку сваю і абмыцца вадою і нячысты будзе да вечара; 6. хто сядзе на якую-небудзь рэч, на якой сядзеў цечыўны, той павінен вымыць вопратку сваю і абмыцца вадою і нячысты будзе да вечара; 7. і хто дакранецца да цела цечыўнага, той павінен вымыць вопратку сваю і абмыцца вадою і нячысты будзе да вечара; 8. калі цечыўны плюне на чыстага, дык гэты павінен вымыць вопратку сваю і абмыцца вадою і нячысты будзе да вечара; 9. і ўсякая падвода, на якой ехаў цечыўны, нячыстая; 10. і кожны, хто дакранецца да чаго-небудзь, што было пад ім, нячысты будзе да вечара; і хто панясе гэта, павінен вымыцць вопратку сваю і абмыцца вадою і нячысты будзе да вечара; 11. і кожны, да каго дакранецца цечыўны, не вымыўшы рук сваіх вадою, павінен вымыць вопратку сваю і абмыцца вадою і нячысты будзе да вечара; 12. гліняны посуд, да якога дакранецца цечыўны, трэба разьбіць, і ўсякі драўляны посуд трэба вымыць вадою. 13. А калі цечыўны вызваліцца ад цечы сваёй, тады павінен ён адлічыць сабе сем дзён на ачышчэньне сваё і вымыць вопратку сваю і цела сваё жывою вадою, і будзе чысты; 14. і на восьмы дзень возьме ён сабе дзьвюх галубак альбо двух маладых галубоў, і прыйдзе перад аблічча Гасподняе да ўваходу ў скінію сходу, і аддасьць іх сьвятару; 15. і прынясе сьвятар з гэтых птушак адну ў ахвяру за грэх, а другую на цэласпаленьне, і ачысьціць яго сьвятар перад Госпадам ад цечы ягонай. 16. Калі ў каго здарыцца выліваньне семені, дык ён павінен абмыць вадою ўсё цела сваё і нячысты будзе да вечара; 17. і ўсякая вопратка і ўсякая скура, на якую трапіць семя, павінна быць вымыта вадою і нячыстая будзе да вечара. 18. Калі мужчына ляжа з жанчынаю і будзе ў яго выліваньне семені, дык яны павінны абмыцца вадою і нячыстыя будуць да вечара. 19. Калі жанчына мае цечу крыві, якая цячэ зь цела яе, дык яна павінна сядзець сем дзён пад час ачышчэньня свайго, і кожны, хто дакранецца да яе, нячысты будзе да вечара; 20. і ўсё, на што яна ляжа пад час ачышчэньня свайго, нячыстае; і ўсё, на што сядзе, нячыстае; 21. і кожны, хто дакранецца да пасьцелі яе, павінен вымыць вопратку сваю і абмыцца вадою і нячысты будзе да вечара; 22. і кожны, хто дакранецца да якой-небудзь рэчы, на якой яна сядзела, павінен вымыць вопратку сваю і абмыцца вадою і нячысты будзе да вечара; 23. і калі хто дакранецца да чаго-небудзь на пасьцелі альбо на той рэчы, на якой яна сядзела, нячысты будзе да вечара; 24. калі перасьпіць зь ёю муж, дык нячыстасьць яе будзе на ім: ён нячысты будзе сем дзён, і кожная пасьцель, на якую ён ляжа, будзе нячыстая. 25. Калі ў жанчыны цячэ кроў шмат дзён не пад час ачышчэньня яе, альбо калі яна мае цечу даўжэй звычайнага ачышчэньня свайго, яна нячыстая; 26. усякая пасьцель, на якую яна ляжа пад час цечы сваёй, будзе нячыстая, гэтак сама як пасьцель пад час ачышчэньня яе; і ўсякая рэч, на якую яна сядзе, будзе нячыстая, як нячыстае гэта пад час ачышчэньня яе; 27. і кожны, хто дакранецца да іх, будзе нячысты і павінен вымыць вопратку сваю і абмыцца вадою, і нячысты будзе да вечара. 28. А калі яна вызваліцца ад цечыва свайго, тады павінна адлічыць сабе сем дзён і пасьля будзе чыстая; 29. на восьмы дзень возьме яна сабе дзьвюх галубак альбо двух маладых галубоў, і прынясе іх да сьвятара да ўваходу ў скінію сходу; 30. і прынясе сьвятар адну птушку ў ахвяру за грэх, а другую на цэласпаленьне, і ачысьціць яе сьвятар перад Госпадам ад цечы нечысьці яе. 31. Так засьцерагайце сыноў Ізраілевых ад нячыстасьці іх, каб яны не памерлі ў нячыстасьці сваёй, апаганьваючы селішча Маё, якое сярод іх: 32. вось закон пра цечыўнага і пра тое, у каго здарыцца выліваньне семені, якое робіць яго нячыстым, 33. і пра тую, што пакутуе ачышчэньнем сваім, і пра цечыўных, мужчыну альбо жанчыну, і пра мужа, які перасьпіць з нячыстаю. РАЗЬДЗЕЛ 16 1. І казаў Гасподзь Майсею пасьля сьмерці двух сыноў Ааронавых, калі яны, падступіўшыся прад аблічча Гасподняе, памерлі, 2. і сказаў Гасподзь Майсею: скажы Аарону, брату твайму, каб ён не ва ўсякі час заходзіў у сьвятыні за заслону перад века, што на каўчэгу, каб яму не памерці, бо над векам Я буду зьяўляцца ў воблаку. 3. Вось, з чым павінен уваходзіць Аарон у сьвятыню: зь цялём у ахвяру за грэх і з бараном на цэласпаленьне: 4. сьвяшчэнны ільняны хітон павінен апранаць ён, а сподняе адзеньне хай будзе на целе ягоным, і льняным пасам няхай апяразваецца і льняны кідар надзявае: гэта сьвяшчэнная вопратка; і хай абмывае ён цела сваё вадою і надзявае яе; 5. і з супольства сыноў Ізраілевых няхай возьме двух казлоў у ахвяру за грэх і аднаго барана на цэласпаленьне. 6. І прынясе Аарон цяля ў ахвяру за грэх за сябе і ачысьціць сябе і дом свой. 7. І возьме двух казлоў і паставіць іх прад абліччам Гасподнім і каля ўваходу ў скінію сходу; 8. і кіне Аарон на абодвух казлоў жэрабя: адно жэрабя дзеля Госпада, а другое жэрабя дзеля адпушчэньня; 9. і прывядзе Аарон казла, на якога выпала жэрабя дзеля Госпада, і прынясе яго ў ахвяру за грэх, 10. а казла, на якога выпала жэрабя дзеля адпушчэньня, паставіць жывога перад Госпадам, каб учыніць на ім ачышчэньне і выслаць яго ў пустыню дзеля адпушчэньня. 11. І прывядзе Аарон цяля ў ахвяру за грэх за сябе, і ачысьціць сябе і дом свой, і заколе цяля ў ахвяру за грэх за сябе; 12. і возьме распаленага жару поўнае кадзіла з ахвярніка, які перад абліччам Гасподнім, і духмянага дробна патоўчанага дымленьня поўныя прыгаршчы, і ўнясе за заслону; 13. і пакладзе дымленьне на агонь перад абліччам Гасподнім, і воблака дымленьня пакрые века, якое над каўчэгам адкрыцьця, каб яму не памерці; 14. і возьме крыві цяляці і пакропіць пальцам сваім на века сьпераду і перад векам, сем разоў пакропіць крывёю з пальца свайго. 15. І заколе казла ў ахвяру за грэх за народ, і ўнясе кроў ягоную за заслону, і зробіць з крывёю ягонаю тое самае, што рабіў з крывёю цяляці,і пакропіць ёю на века і перад векам, - 16. і ачысьціць сьвятыню ад нячыстасьці сыноў Ізраілевых, і ад злачынстваў іхніх, ва ўсіх грахах іхніх. Так павінен зрабіць ён і са скініяй сходу, якая ў іх, сярод нячыстасьці іхняй. 17. Ніводзін чалавек не павінен быць у скініі сходу, калі ўваходзіць ён дзеля ачышчэньня сьвятыні, да самага выхаду ягонага. І так ачысьціць ён сябе, дом свой і ўсё супольства Ізраілевае. 18. І выйдзе ён да ахвярніка, які перад абліччам Гасподнім, і ачысьціць яго, і возьме крыві цяляці і крыві казла, і пакладзе на рогі ахвярніка з усіх бакоў, 19. і пакропіць на яго крывёю з пальца свайго сем разоў, і ачысьціць яго, і асьвеціць яго ад нячыстасьці сыноў Ізраілевых. 20. І ўчыніўшы ачышчэньне сьвятыні, скініі сходу і ахвярніка, прывядзе ён жывога казла, 21. і пакладзе Аарон абедзьве рукі свае на галаву жывога казла, і вызнае над ім усе беззаконьні сыноў Ізраілевых і ўсе злачынствы іхнія і ўсе грахі іхнія, і пакладзе іх на галаву казла, і вышле з нарочным чалавекам у пустыню; 22. і панясе казёл на сабе ўсе беззаконьні іхнія ў зямлю непраходную, і пусьціць ён казла ў пустыню. 23. І ўвойдзе Аарон у скінію сходу, і здыме ільняную вопратку, якую апранаў, уваходзячы ў сьвятыню, і пакіне яе там, 24. і абмые цела сваё вадою, на сьвятым месцы, і апране вопратку сваю, выйдзе і ўчыніць цэласпаленьне за сябе і цэласпаленьне за народ, і ачысьціць сябе і народ; 25. а тлушч ахвяры за грэх спаліць на ахвярніку. 26. І той, хто вадзіў казла дзеля адпушчэньня, павінен вымыць вопратку сваю, абмыць цела сваё вадою і потым можа ўвайсьці ў табар. 27. А цяля за грэх і казла за грэх, чыя кроў унесена была дзеля ачышчэньня сьвятыні, няхай вынесуць вонкі з табара і спаляць на агні скуры іхнія і мяса іхняе і нечысьць іхнюю; 28. хто спаліць іх, той павінен абмыць вопратку сваю і абмыць цела сваё вадою, і пасьля таго можа ўвайсьці ў табар. 29. І хай будзе гэта вам вечнаю пастановаю: на сёмым месяцы, у дзясяты дзень месяца ўпакорвайце душы вашыя і ніякае дзеі ня чынеце, ні тубылец, ні прыхадзень, што пасяліўся сярод вас, 30. бо ў гэты дзень ачышчаюць вас, каб зрабіць вас чыстымі ад усіх грахоў вашых, каб вы былі чыстыя перад абліччам Гасподнім; 31. гэта субота спачыну вам, упакорвайце душы вашыя: гэта пастанова вечная. 32. А ачышчаць павінен сьвятар, які памазаны і які прысьвечаны, каб сьвятарыць яму замест бацькі свайго: і апране ён ільняную вопратку, вопратку сьвяшчэнную, 33. і ачысьціць Сьвятое Сьвятых і скінію сходу, і ахвярнік ачысьціць, і сьвятароў і ўвесь народ супольства ачысьціць. 34. І хай будзе гэта вам вечнаю пастановаю: ачышчаць сыноў Ізраілевых ад усіх грахоў іхніх адзін раз у год. І зрабіў ён так, як загадаў Гасподзь Майсею. РАЗЬДЗЕЛ 17 1. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць: 2. абвясьці Аарону і сынам ягоным і ўсім сынам Ізраілевым і скажы ім: вось, што загадвае Гасподзь: 3. калі хто з дома Ізраілевага заколе цяля альбо авечку альбо казу ў табары, альбо калі хто заколе па-за табарам 4. і не прывядзе да ўваходу ў скінію сходу, каб явіць у ахвяру Госпаду перад селішчам Гасподнім, дык чалавеку таму залічана будзе кроў; ён праліў кроў, і зьнішчыцца чалавек той з народу свайго; 5. гэта дзеля таго, каб прыводзілі сыны Ізраілевыя ахвяры свае, якія яны колюць на полі, каб прыводзілі іх прад Госпадам да ўваходу ў скінію сходу, да сьвятара, і калолі іх Госпаду ў ахвяры мірныя; 6. і пакропіць сьвятар крывёю на ахвярнік Гасподні каля ўваходу ў скінію сходу і спаліць тлушч дзеля прыемнай духмянасьці Госпаду, 7. каб яны наперад ня прыносілі ахвяраў сваіх ідалам, за якімі аблудна ходзяць яны. Гэта хай будзе ім пастановаю вечнаю ў роды іхнія. 8. Яшчэ скажы ім: калі хто з дому Ізраілевага і з прыхадняў, што жывуць сярод вас, прыносіць цэласпаленьне альбо ахвяру 9. і не прывядзе да ўваходу ў скінію сходу, каб учыніць яе Госпаду, дык зьнішчыцца той чалавек з народу свайго. 10. Калі хто з дому Ізраілевага і з прыхадняў, што жывуць сярод вас, будзе есьці якую-небудзь кроў, дык павярну аблічча Маё на душу таго, хто будзе есьці кроў, і зьнішчу яе з народу яе, 11. бо душа цела ў крыві, і прызначыў яе вам для ахвярніка, каб ачышчаць душы вашыя, бо кроў гэтая душу ачышчае; 12. таму Я і сказаў сынам Ізраілевым: ніводная душа з вас не павінна есьці крыві, і прыхадзень, які жыве сярод вас, не павінен есьці крыві. 13. Калі хто з сыноў Ізраілевых і з прыхадняў, што жывуць сярод вас, на ловах зловіць зьвера альбо птушку, якую можна есьці, дык ён павінен даць выцячы крыві яе і пакрыць яе зямлёю, 14. бо душа ўсякага цела ёсьць кроў ягоная, яна душа ягоная; таму Я сказаў сынам Ізраілевым: ня ежце крыві ні зь якога цела, бо душа ўсякага цела ёсьць кроў ягоная: кожны, хто будзе есьці яе, зьнішчыцца. 15. І кожны, хто будзе есьці мёртвае альбо разадранае зьверам, тубылец альбо прыхадзень, павінен вымыць вопратку сваю і абмыцца вадою і нячысты будзе да вечара, а потым будзе чысты; 16. а калі ня вымые і не абмые цела свайго, дык панясе на сабе беззаконьне сваё. РАЗЬДЗЕЛ 18 1. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць: 2. абвясьці сынам Ізраілевым і скажы ім: Я Гасподзь, Бог ваш. 3. Паводле дзеяў зямлі Егіпецкай, у якой вы жылі, ня ўчыняйце, і паводле дзеяў зямлі Ханаанскай, у якую Я вяду вас, ня ўчыняйце, і паводле ўстанаўленьняў іхніх не хадзеце: 4. Мае законы выконвайце і Мае пастановы шануйце, учыняючы паводле іх. Я Гасподзь, Бог ваш. 5. Шануйце пастановы Мае і законы Мае, выконваючы якія, чалавек будзе жывы. Я Гасподзь. 6. Ніхто ні да якой родзічкі па крыві не павінен набліжацца дзеля плоцкіх спалукаў. Я Гасподзь. 7. Ты не павінен класьціся з бацькам тваім і з маці тваёй: яна маці твая, не сарамаць яе. 8. Ты не павінен класьціся з жонкаю бацькі твайго; бо гэтым ты сарамаціш бацьку твайго. 9. Ты не павінен класьціся зь сястрою тваёю, з дачкою бацькі твайго альбо з дачкою маці тваёй, што нарадзілася ў шлюбе альбо па-за шлюбам, не сарамаць іх. 10. Ты не павінен класьціся з дачкою сына твайго альбо з дачкою дачкі тваёй, не сарамаць іх, бо праз гэта ты сарамаціш сябе. 11. Ты не павінен класьціся з дачкою бацькі твайго, якая нарадзілася ад іншай жонкі ягонай; бо яна сястра твая, не сарамаць яе. 12. Ты не павінен класьціся зь сястрою бацькі твайго, бо яна адной крыві з бацькам тваім. 13. Ты не павінен класьціся з сястрою маці тваёй, бо яна адной крыві з маці тваёй. 14. Ты не павінен класьціся з жонкаю брата бацькі твайго; бо яна цётка твая. 15. Ты не павінен класьціся зь нявесткай тваёю, яна жонка сына твайго, не сарамаць яе. 16. Ты не павінен класьціся зь ятроўкай тваёй, яна жонка брата твайго, не сарамаць брата твайго. 17. Калі ты маеш плоцкія зносіны з жанчынай, ты не павінен спаць з дачкою яе і з унучкай яе; яны адной крыві зь ёю; таму гэта ганьба крыві. 18. Не бяры ў пасьцель тваю сястры жонкі тваёй, пакуль жонка твая жыве; не рабі яе суперніцай жонцы тваёй пры жыцьці яе. 19. І не кладзіся з жанчынай пад час ачышчэньня яе; у гэты час нячыстая яна. 20. І з жонкаю блізкага твайго не кладзіся, каб выліць семя, бо праз гэта ты станеш нячысты. 21. Зь дзяцей тваіх не аддавай на слугаваньне Малоху і не зьневажай імя Бога твайго. Я Гасподзь. 22. Не кладзіся з мужчынам, як з жанчынаю: гэта мярзота. 23. І ні зь якім быдлам не кладзіся, гэта мярзота. 23. І ні зь якім быдлам не кладзіся, каб выліць семя і апаганіцца ад яго; і жанчына не павінна станавіцца перад быдлам дзеля спалукі зь ім: гэта брыдота. 24. Не апаганьвайце сябе нічым гэтым, бо ўсім гэтым апаганілі сябе людзі, якіх Я праганяю ад вас; 25. і апаганілася зямля, і Я паглядзеў на беззаконьне яе, і скінула зямля тых, што жывуць на ёй. 26. А вы шануйце пастановы Мае і законы Мае і не рабеце ўсіх гэтых гідотаў, ні тубылец, ні прыхадзень, што жыве сярод вас, 27. бо ўсе гэтыя брыдоты рабілі людзі гэтай зямлі, што перад вамі, і апаганілася зямля; 28. каб і вас ня скінула зь сябе зямля, калі вы пачняце паганіць яе, як яна скінула людзей, што былі да вас; 29. бо калі хто будзе рабіць усе гэтыя брыдоты, дык душы тых, што рабіцьмуць гэта, вынішчаны будуць з народу свайго. 30. Дык вось, шануйце загады Мае, каб ня ўчыняць паводле агідных завядзёнак, паводле якіх учынялі да вас, і каб не апаганьвацца імі. Я Гасподзь, Бог ваш. РАЗЬДЗЕЛ 19 1. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць: 2. абвясьці ўсяму супольству сыноў Ізраілевых і скажы ім: сьвятыя будзьце, бо сьвяты Я Гасподзь, Бог ваш. 3. Бойцеся кожны маці сваёй і бацькі свайго і суботы Мае шануйце. Я Гасподзь, Бог ваш. 4. Не зьвяртайцеся да ідалаў і багоў літых не рабеце сабе. Я Гасподзь, Бог ваш. 5. Калі будзеце прыносіць Госпаду ахвяру мірную, дык прыносьце яе, каб здабыць сабе ўпадабаньне: 6. у дзень ахвярапрынашэньня вашага і на другі дзень трэба есьці яе, а што засталася на трэці дзень, трэба спаліць на агні; 7. а калі хто пачне есьці яе на трэці дзень, гэта агідна, гэта ня будзе спажыўна; 8. хто пачне есьці яе, той панясе на сабе грэх, бо ён апаганіў сьвятыню Гасподнюю, і зьнішчыцца душа тая з народу свайго. 9. Калі будзеце жаць жніво на зямлі вашай, не дажынай да краю поля твайго, і астаткаў ад жніва твайго не падбірай, 10. і вінаградніка твайго не абірай дачыста, і апалых ягад у вінаградніку не падбірай; пакінь гэта беднаму і прыхадню. Я Гасподзь, Бог ваш. 11. Ня крадзьце, не манеце і не ашуквайце адзін аднаго. 12. Не прысягайце імем Маім у хлусьні, і не зьневажай імя Бога твайго. Я Гасподзь. 13. Ня крыўдзі блізкага твайго і не рабуй. Плата найміту не павінна заставацца ў цябе да раніцы. 14. Не ліхаслові глухога і перад сьляпым не кладзі нічога, каб спатыкнуўся ён; бойся Бога твайго. Я Гасподзь. 15. Не рабеце няпраўды на судзе; ня будзь дагодлівы ўбогаму і не дагаджай вялікаму; па праўдзе судзі блізкага твайго. 16. Не хадзі пераносчыкам ілжы ў народзе тваім і не паўставай на жыцьцё блізкага твайго. Я Гасподзь. 17. Не варагуй з братам тваім у сэрцы тваім; гавары шчыра зь блізкім тваім, інакш панясеш грэх за яго. 18. Ня помсьці і ня май намыслу на сыноў народу твайго, любі блізкага твайго, як самога сябе. Я Гасподзь. 19. Статуты Мае шануйце; быдла твайго ня зводзь зь іншаю пародаю; поля твайго не засявай двума родамі насеньня; у вопратку з рознародных нітак, з воўны і лёну, не апранайся. 20. Калі хто перасьпіць з жанчынаю, а яна рабыня, заручаная з мужам, але яшчэ ня выкупленая, альбо воля яшчэ ня дадзена ёй, дык трэба пакараць іх, але ня сьмерцю, бо яна ня вольная; 21. хай прывядзе ён Госпаду да ўваходу ў скінію сходу ахвяру павіннасьці, барана ў ахвяру павіннасьці сваёй; 22. і ачысьціць яго сьвятар бараном павіннасьці перад Госпадам ад грэху, якім ён зграшыў, і дараваны яму будзе грэх, якім ён зграшыў. 23. Калі прыйдзеце ў зямлю і пасадзіце якое-небудзь плоднае дрэва, дык плады яго лічэце за неабрэзаныя: тры гады трэба лічыць іх за неабрэзаныя, нельга есьці іх; 24. а на чацьвёрты год усе плады яго павінны быць прысьвечаны на сьвяткаваньні Гасподнія; 25. а на пяты год вы можаце есьці плады яго і зьбіраць сабе ўсе ўтворы яго. Я Гасподзь, Бог ваш. 26. Ня ежце з крывёю; не варажэце і не чаруйце. 27. Ня стрыжэце галавы вашай вакол, і ня псуй краёў барады тваёй. 28: Дзеля памерлага не рабеце нарэзаў на целе вашым і не наколвайце на сябе знакаў. Я Гасподзь. 29. Не апаганьвай дачкі тваёй, дапускаючы яе да распусты, каб не распусьнічала зямля, і не напоўнілася зямля распустаю. 30. Суботы Мае шануйце і сьвятыню Маю шануйце. Я Гасподзь. 31. Не зьвяртайцеся да закліначоў мёртвых, і да чарадзеяў не хадзеце, і не даводзьце сябе да апаганьваньня імі. Я Гасподзь, Бог ваш. 32. Перад абліччам сівога ўставай і шануй аблічча старца, і бойся Бога твайго. Я Гасподзь. 33. Калі паселіцца прыхадзень у зямлі вашай, ня ўціскайце яго: 34. прыхадзень, які пасяліўся ў вас, хай будзе вам тое самае, што і тубылец ваш; любі яго, як сябе; бо і вы былі прыхаднямі ў зямлі Егіпецкай. Я Гасподзь, Бог ваш. 35. Не рабеце няпраўды ў судзе, у меры, у вазе і ў вымярэньні: 36. хай будуць у вас вагі правільныя, эфа правільная і гін правільны. Я Гасподзь, Бог ваш, Які вывеў вас зь зямлі Егіпецкай. 37. Кіруйцеся ўсімі статутамі Маімі і выконвайце іх. Я Гасподзь. РАЗЬДЗЕЛ 20 1. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць: 2. Скажы гэта сынам Ізраілевым: хто з сыноў Ізраілевых і з прыхадняў, што жывуць сярод Ізраільцянаў, дасьць зь дзяцей сваіх Малоху, той хай будзе аддадзены сьмерці: народ зямлі хай пабэе яго камянямі; 3. І Я павярну аблічча Маё да чалавека таго і зьнішчу яго з народу ягонага за тое, што ён даў зь дзяцей сваіх Малоху, каб апаганіць сьвятыню Маю і зьняважыць святое імя Маё; 4. і калі народ зямлі не паверне вачэй сваіх на чалавека таго, якога ён дасьць зь дзяцей сваіх Малоху, і не забэе яго, 5. дык Я павярну аблічча Маё да чалавека таго і на род ягоны і зьнішчу яго з народу ягонага, і ўсіх, хто блудзіць па сьлядах ягоных, каб аблудна хадзіць сьледам за Малохам. 6. І калі якая душа павернецца да закліначоў мёртвых і да чарадзеяў, каб аблудна хадзіць па сьлядах іхніх, дык Я павярну аблічча Маё на тую душу і зьнішчу яе з народу яе. 7. Асьвячайце сябе і будзьце сьвятыя, бо Я Гасподзь, Бог ваш. 8. Шануйце пастановы Мае і выконвайце іх, бо Я Гасподзь, Які асьвячае вас. 9. Хто будзе ліхасловіць бацьку свайго альбо маці сваю, той хай будзе аддадзены сьмерці; бацьку свайго і маці сваю ён ліхасловіў: кроў яго на ім. 10. Калі хто будзе пералюбнічаць з жонкаю замужняю, калі хто будзе пералюбнічаць з жонкаю блізкага свайго, - хай будуць аддадзены сьмерці і пералюбнік і пералюбніца. 11. Хто ляжа з жонкаю бацькі свайго, той асарамаціў бацьку свайго; абое яны хай будуць аддадзены сьмерці, кроў іхняя на іх. 12. Калі хто ляжа зь нявесткаю сваёю, дык абое яны хай будуць аддадзены сьмерці: гідоту ўчынілі яны, кроў іхняя на іх. 13. Калі хто ляжа з мужчынам, як з жанчынаю, дык абодва яны ўчынілі гідоту: хай будуць аддазены сьмерці, кроў іхняя на іх. 14. Калі хто возьме сабе жонку і маці яе: гэта агіда; на агні трэба спаліць яго і іх, каб ня было беззаконьня сярод вас. 15. Хто зьмяшаецца з быдлам, таго аддаць сьмерці, і быдла забіце. 16. Калі жанчына пойдзе да якой-небудзь жывёлы, каб спалучыцца зь ёю, дык забі жанчыну і жывёлу: хай будуць яны аддадзены сьмерці, кроў іхняя на іх. 17. Калі хто возьме сястру сваю, дачку бацькі свайго альбо дачку маці сваёй дзеля плоцкай спалукі, гэта сорам, хай будуць яны зьнішчаны на вачах у сыноў народу свайго: ён асарамаціў сястру сваю: грэх свой панясе ён. 18. Калі хто ляжа з жонкаю пад час хваробы крывацечы і адкрые сарамату яе, дык ён агаліў цечу яе, і яна адкрыла цечу крыві сваёй: абое хай будуць вынішчаны з народу свайго. 19. Ніхто не павінен класьціся з сястрой маці сваёй або бацькі свайго, бо гэта сарамаціць плоць: грэх свой панясуць яны. 20. Хто ляжа зь цёткаю сваёю, той асарамаціў дзядзьку свайго; грэх свой панясуць яны, бязьдзетнымі памруць. 21. Калі хто возьме жонку брата свайго - гэта агідна; ён асарамаціў брата свайго, бязьдзетныя будуць яны. 22. Шануйце ўсе статуты Мае і ўсе законы Мае і выконвайце іх, - і ня скіне вас зь сябе зямля, у якую я вяду вас жыць. 23. Ня ўчыняйце паводле завядзёнак народу, які Я праганяю ад вас; бо яны ўсё гэта рабілі, і Я абурыўся на іх, 24. і сказаў Я вам: вы валодайце зямлёю іхняй, і я вам аддаю ў спадчыну зямлю, у якой цячэ малако і мёд. Я Гасподзь, Бог ваш, Які аддзяліў вас ад усіх народаў. 25. Адрозьнівайце быдла чыстае ад нячыстага і птушку чыстую ад нячыстай і не апаганьвайце душ вашых быдлам і птушкаю і ўсім, што поўзае па зямлі, што адрозьніў Я, як нячыстае. 26. Будзьце перад Мною сьвятыя, бо Я сьвяты Гасподзь, і я аддзяліў вас ад народаў, каб вы былі Мае. 27. Хай то мужчына хай жанчына, калі будуць яны выклікаць мёртвых альбо чарадзейнічаць, хай будуць аддадзены сьмерці: камянямі трэба пабіць іх, кроў іхняя на іх. РАЗЬДЗЕЛ 21 1. І сказаў Гасподзь Майсею: абвясьці сьвятарам, сынам Ааронавым, і скажы ім: хай не апаганьваюць сябе дакрананьнем да памерлага з народу свайго, 2. толькі да блізкага сваяка свайго, да маці сваёй і да бацькі свайго, да сына свайго і дачкі сваёй, да брата свайго 3. і да сястры сваёй, дзяўчыны, што жыве пры ім і ня была замужам, можна яму дакранацца, не апаганьваючы сябе; 4. і дакрананьнем да каго б там ні было ў народзе сваім не павінен ён апаганьваць сябе, каб не зрабіцца нячыстым. 5. Яны не павінны галіць галавы сваёй і падстрыгаць краёў барады сваёй і рабіць нарэзы на целе сваім. 6. Яны павінны быць сьвятыя Богу свайму і не павінны зьневажаць імя Бога свайго; бо яны прыносяць ахвяры Госпаду, хлеб Богу свайму, і таму павінны быць сьвятыя. 7. Яны не павінны браць сабе за жонку распусьніцу і зьняслаўленую, не павінны браць і жонку, адкінутую мужам сваім, бо яны сьвятыя Богу свайму. 8. Сьвяці яго, бо ён прыносіць хлеб Богу твайму: хай будзе ён у цябе сьвяты, бо сьвяты Я Гасподзь, Які асьвячае вас. 9. Калі дачка сьвятара апаганіць сябе блудадзействам, дык яна бэсьціць бацьку свайго; агнём трэба спаліць яе. 10. А вялікі сьвятар з братоў сваіх, на галаву якога выліты алей памазаньня, і які асьвечаны, каб апранацца ў сьвяшчэнную вопратку, не павінен агаляць галавы сваёй і разьдзіраць вопратку сваю: 11. і да ніякага нябожчыка не павінен ён падыходзіць: нават дотыкам да нябожчыка бацькі свайго і маці сваёй ён не павінен апаганьваць сябе. 12. І ад сьвятыні ён не павінен адыходзіць і зьневажаць сьвятыню Бога свайго, бо асьвячэньне алеем памазаньня Бога яго на ім. Я Гасподзь. 13. За жонку ён павінен браць дзяўчыну: 14. удаву, альбо адкінутую, альбо зганьбаваную, блудадзейку не павінен ён браць, а дзяўчыну з народу свайго павінен ён браць за жонку: 15. ён не павінен ганьбіць семя сваё ў народзе сваім, бо Я Гасподзь, Які асьвячае яго. 16. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць: 17. скажы Аарону: ніхто зь семені твайго ва ўсе роды іхнія, у каго на целе будзе хіба, не павінен падыходзіць, каб прыносіць хлеб Богу свайму; 18. ніхто, у каго на целе ёсьць хіба, не павінен падыходзіць, ні сьляпы, ні кульгавы, ні кірпаты, ні з рэзаным вухам, 19. ні такі, у якога зламаная нага, альбо зламаная рука, 20. ні гарбаты, ні з сухім чэлесам, ні зь бяльмом на воку, ні кароставы, ні пархаты, ні з пашкоджанымі яйкамі; 21. ніводзін чалавек зь семені Аарона сьвятара, у якога на целе ёсьць хіба, не павінен падыходзіць, каб прыносіць ахвяры Госпаду; хібіна на ім, таму не павінен ён падыходзіць, каб прыносіць хлеб Богу свайму; 22. хлеб Бога свайго зь вялікіх сьвятыняў і са сьвятыняў ён можа есьці; 23. але да заслоны не павінен ён падыходзіць і да ахвярніка не павінен падступацца, бо пахіба на ім: не павінен ён няславіць сьвятыні Маёй, бо Я Гасподзь, Які асьвячае іх. 24. І абвясьціў гэта Майсей Аарону і сынам ягоным і ўсім сынам Ізраілевым. РАЗЬДЗЕЛ 22 1. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць: 2. скажы Аарону і сынам ягоным, каб яны асьцярожныя былі са сьвятынямі сыноў Ізраілевых і не зьневажалі сьвятога імя Майго ў тым, што яны прысьвячаюць Мне. Я Гасподзь. 3. Скажы ім: калі хто з нашчадкаў вашых у роды вашыя, маючы на сабе нячыстасьць, падступіцца да сьвятыняў, якія прысьвячаюць сыны Ізраілевыя Госпаду, дык зьнішчыцца душа тая ад аблічча Майго. Я Гасподзь. 4. Хто зь семя Ааронавага пракажоны, альбо мае цечыва, той не павінен есьці сьвятыняў, пакуль не ачысьціцца; і хто дакранецца да чаго-небудзь нячыстага ад мёртвага альбо ў каго здарыцца цеча семені, 5. альбо хто дакранецца да якога-небудзь гада, ад якога ён зробіцца нячысты, альбо да чалавека, ад якога ён зробіцца нячысты якой-колечы нячыстасьцю, - 6. той, дакрануўшыся да гэтага, нячысты будзе да вечара і не павінен есьці сьвятыняў раней, чым абмые цела сваё вадою; 7. але калі зойдзе сонца, і ён ачысьціцца, тады можа ён есьці сьвятыні, бо гэта ягоная ежа. 8. Здыхляціны і зьвераядзіны ён не павінен есьці, каб не апаганіцца гэтым. Я Гасподзь. 9. Хай шануюць яны загады Мае, каб не панесьці на сабе грэху і не памерці ў ім, калі парушаць гэта. Я Гасподзь, Які асьвячае іх. 10. Ніхто староньні ня можа есьці сьвятыні; той, хто пасяліўся ў сьвятара, і найміт не павінен есьці сьвятыні; 11. калі ж сьвятар купіць сабе чалавека за срэбра, дык гэты можа есьці яе; таксама і дамачадцы могуць есьці хлеб ягоны. 12. Калі дачка сьвятарова выйдзе замуж за староньняга, дык яна не павінна есьці прынесеных сьвятыняў; 13. а калі дачка сьвятаровая будзе ўдава, альбо разьведзеная, і дзяцей ня будзе ў яе, і вернецца ў дом бацькі свайго, як была ў маладосьці сваёй, тады яна можа есьці хлеб бацькі свайго; і ніхто староньні не павінен есьці яго. 14. хто памылкова зьесьць што-колечы зь сьвятыні, той павінен аддаць сьвятару сьвятыню і дадаць да яе пятую долю яе. 15. Сьвятары самыя не павінны ганьбіць сьвятыні сыноў Ізраілевых, якія яны прыносяць Госпаду, 16. і не павінны наклікаць на сябе віну ў злачынстве, калі будуць есьці сьвятыні свае, бо Я Гасподзь, Які асьвячае іх. 17. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць: 18. абвясьці Аарону і сынам ягоным і ўсім сынам Ізраілевым і скажы ім: калі хто з дому Ізраілевага, альбо з прыхадняў сярод Ізраільцянаў, хай паводле абяцаньня якога, альбо з руплівасьці прыносіць ахвяру сваю, якую прыносяць Госпаду на цэласпаленьне, 19. дык, каб гэтым набыць упадабаньне ў Бога, ахвяра павінна быць без пахібы, мужчынскага полу, з буйнога быдла, з авечак і з коз. 20. ніякай жывёліны, на якой ёсьць пахіба, ня прыносьце, бо гэта не здабудзе вам упадабаньня. 21. І калі хто прыносіць мірную ахвяру Госпаду, выконваючы абяцаньне, альбо з руплівасьці, з буйнога быдла альбо з дробнага, дык ахвяра павінна быць без пахібы, каб быць даспадобы Богу: ніякай пахібы не павінна быць на ёй; 22. жывёліны сьляпое, альбо пашкоджанай, альбо выродлівай, альбо хворай, альбо кароставай, альбо пархатай, такіх ня прыносьце Госпаду і ў ахвяру не давайце іх на ахвярнік Гасподні; 23. цяля і ягня з чэлесамі, непамерна доўгімі альбо кароткімі, у ахвяру руплівасьці прынесьці можаш; а калі паводле абяцаньня, дык гэта недаспадобы будзе Богу; 24. жывёліны, у якое яйкі раздушаныя, разьбітыя, адарваныя, альбо выразаныя, ня прыносьце Госпаду і ў зямлі вашай не рабеце гэтага; 25. і з рук іншаземцаў ня прыносьце дароў Богу вашаму, бо на іх ёсць хібіна, загана на іх: ня будуць яны прынятыя ад вас. 26. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць: 27. калі народзіцца цяля, альбо ягня, альбо казьляня, дык сем дзён яны павінны прабыць пры маці сваёй, а з восьмага дня і далей будзе спадобнае на прынясеньне ў ахвяру Госпаду; 28. але ні каровы, ні авечкі не калеце ў той самы дзень з прыплодам яе. 29. Калі прыносіце Госпаду ахвяру падзякі, дык прыносьце яе так, каб яна здабыла вам упадабаньне; 30. таго ж самага дня трэба зьесьці яе, не пакідайце яе да раніцы. Я Гасподзь. 31. І шануйце запаведзі Мае і выконвайце іх. Я Гасподзь. 32. Не зьневажайце сьвятога імя Майго, каб Я быў сьвяты сярод сыноў Ізраілевых. Я Гасподзь, які асьвячае вас, 33. Які вывеў вас зь зямлі Егіпецкай, каб быць вашым Богам: Я Гасподзь. РАЗЬДЗЕЛ 23 1. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць: 2. абвясьці сынам Ізраілевым і скажы ім пра сьвяты Гасподнія, у якія трэба склікаць сьвяшчэнныя сходы. Вось сьвяты Мае: 3. шэсьць дзён можна працаваць, а на сёмы дзень субота спакою, сьвяшчэнны сход; ніякай працы не рабеце; гэта субота Гасподняя ва ўсіх селішчах вашых. 4. Вось сьвяты Гасподнія, сьвяшчэнныя сходы, якія вы павінны склікаць у свой час: 5. у першы месяц, на чатырнаццаты дзень месяца ўвечары Пасха Гасподняя; 6. і на пятнаццаты дзень таго самага месяца сьвята праснакоў Госпаду; сем дзён ежце праснакі; 7. у першы дзень хай будзе ў вас сьвяшчэнны сход; ніякай працы не рабеце; 8. і сем дзён прыносьце ахвяры Госпаду; і на сёмы дзень таксама сьвяшчэнны сход; ніякай працы не рабеце. 9. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць: 10. абвясьці сынам Ізраілевым і скажы ім: калі прыйдзеце ў зямлю, якую Я даю вам, і будзеце жаць на ёй жніво, дык прынясеце першы сноп жніва вашага да сьвятара; 11. ён падыме гэты сноп перад Госпадам, каб здабыць вам упадабаньне; на другі дзень сьвята падыме яго сьвятар; 12. і ўдзень уздыманьня прынясеце на цэласпаленьне Госпаду ягня-адналетка, без пахібы, 13. і зь імі хлебнага прынашэньня дзьве дзясятыя долі эфы пшанічнай мукі, зьмяшанай з алеем, у ахвяру Госпаду, дзеля прыемнай духмянасьці, і выліваньне да яго чвэрць гіна віна; 14. і ніякага новага хлеба, ні сушанага зерня, ні зерня сырога ня ежце да таго дня, калі прынесяце прынашэньні Богу вашаму: гэта вечная пастанова ў роды вашыя ва ўсіх селішчах вашых. 15. Адлічэце сабе ад першага дня пасьля сьвята, ад таго дня, калі прыносіце сноп трасеньня, сем поўных тыдняў, 16. да першага дня пасьля сёмага тыдня адлічэце пяцьдзясят дзён, і тады прынясеце новае хлебнае прынашэньне Госпаду: 17. ад селішчаў вашых прыносьце два хлебныя прынашэньні, якія павінны складацца зь дзьвюх дзясятых долі эфы пшанічнай мукі і павінны быць сьпечаныя кіслыя, першы плод Госпаду; 18. разам з хлябамі пастаўце сем ягнят без пахібы, адналетак, і з буйнога быдла адно цяля і двух бараноў; хай будзе гэта на цэласпаленьне Госпаду, і хлебнае прынашэньне і выліваньне да іх, у ахвяру, дзеля прыемнай духмянасьці Госпаду. 19. Падрыхтуйце таксама са статку коз аднаго казла ў ахвяру за грэх і двух ягнят-адналетак у ахвяру мірную; 20. сьвятар павінен прынесьці гэта, трасучы перад Госпадам, разам з трасёнымі хлябамі першага плоду і з двума ягнятамі, і гэта будзе сьвятыняю Госпаду: сьвятару; 21. і склікайце народ у гэты дзень, сьвяшчэнны сход хай будзе ў вас, ніякай працы не рабеце: гэта пастанова вечная ва ўсіх селішчах вашых у роды вашыя. 22. Калі будзеце жаць жніво на зямлі вашай, не дажынай да краю поля твайго, калі жнеш, і рэштак ад жніва твайго не зьбірай: беднаму і прыхадню пакінь гэта. Я Гасподзь, Бог ваш. 23. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць: 24. скажы сынам Ізраілевым: у сёмы месяц, у першы дзень месяца хай будзе ў вас спакой, сьвята трубаў, сьвяшчэнны сход; 25. ніякай працы не рабеце і прыносьце ахвяру Госпаду. 26. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць: 27. таксама на дзявяты дзень сёмага месяца гэтага, дзень ачышчэньня, хай будзе ў вас сьвяшчэнны сход: упакорвайце душы вашыя і прыносьце ахвяру Госпаду: 28. ніякай працы не рабеце ў дзень гэты, бо гэта дзень ачышчэньня, каб ачысьціць вас перад абліччам Госпада, Бога вашага; 29. і ўсякая душа, якая не ўпакорыць сябе ў дзень гэты, зьнішчыцца з народу свайго; 30. і калі якая душа будзе рабіць якую-небудзь працу ў дзень гэты, Я зьнішчу тую душу з народу яе; 31. ніякай працы не рабеце: гэта пастанова вечная ў роды вашыя, ва ўсіх селішчах вашых; 32. гэта вам субота спакою, і ўпакорвайце душы вашыя, зь вечара дзявятага дня месяца; ад вечара да вечара сьвяткуйце суботу вашую. 33. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць: 34. скажы сынам Ізраілевым, зь пятнаццатага дня таго самага сёмага месяца сьвята кучак, сем дзён Госпаду; 35. у першы дзень сьвяшчэнны сход, ніякай працы не рабеце; 36. сем дзён прыносьце ахвяру Госпаду; на восьмы дзень сьвяшчэнны сход хай будзе ў вас, і прыносьце ахвяру Госпаду: гэта адданьне сьвята, ніякай працы не рабеце. 37. Вось сьвяты Гасподнія, у якія трэба склікаць сьвяшчэнныя сходы, каб прыносіць у ахвяру Госпаду цэласпаленьне, хлебнае прынашэньне, заколатыя ахвяры і паліваньні, кожнае ў свой дзень, 38. апрача субот Гасподніх і апрача дароў вашых, і апрача ўсіх абяцаньняў вашых і апрача ўсяго, што прыносіце з руплівасьці вашай, што вы даяце Госпаду. 39. А на пятнаццаты дзень сёмага месяца, калі вы зьбіраеце творы зямлі, сьвяткуйце сьвята Гасподняе сем дзён: у першы дзень спакой і ў восьмы дзень спакой; 40. у першы дзень вазьмеце сабе галінкі прыгожых дрэў, галінкі пальмавыя і галінкі дрэў шырокалістых і вербаў рачных, і весялецеся прад Госпадам, Богам вашым сем дзён 41. і сьвяткуйце гэта сьвята Гасподняе сем дзён у год: гэта пастанова вечная ў роды вашыя: на сёмым месяцы сьвяткуйце яго; 42. у намётах жывеце сем дзён; кожны тубылец Ізраільцянін павінен жыць у намёце, 43. каб ведалі роды вашыя, што ў намётах пасяліў Я сыноў Ізраілевых, калі вывеў іх зь зямлі Егіпецкай. Я Гасподзь, Бог ваш. 44. І абвясьціў Майсей сынам Ізраілевым пра сьвяты Гасподнія. РАЗЬДЗЕЛ 24 1. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць: 2. загадай сынам Ізраілевым, каб яны прынесьлі табе алею чыстага, выціснутага з алівы, дзеля асьвячэньня, каб няспынна гарэла сьвяцільня; 3. за заслонай каўчэга адкрыцьця ў скініі сходу Аарон і сыны ягоныя павінны ставіць яе прад Госпадам ад вечара да раніцы заўсёды: гэта вечная пастанова ў роды вашыя; 4. на сьвечніку чыстым павінны яны ставіць сьвяцільню перад Госпадам заўсёды. 5. І вазьмі пшанічнай мукі і сьпячы зь яе дванаццаць хлябоў; у кожным хлебе павінны быць дзьве дзясятых эфы; 6. і пакладзі іх у два рады, па шэсьць у рад, на чыстым стале прад Госпадам: 7. і пакладзі на кожны рад чыстага лівану, і будзе гэта пры хлебе, у памяць, у ахвяру Госпаду; 8. у кожны суботні дзень заўсёды трэба класьці іх перад Госпадам ад сыноў Ізраілевых: гэта наказ вечны; 9. Яны будуць належаць Аарону і сынам ягоным, якія будуць есьці іх на сьвятым месцы, бо гэта вялікая сьвятыня ім з ахвяраў Гасподніх: гэта пастанова вечная. 10. І выйшаў сын адной Ізраільцянкі, які нарадзіўся ад Егіпцяніна, да сыноў Ізраілевых, і пасварыўся ў табары сын Ізраільцянкі зь Ізраільцянінам; 11. ганіў сын Ізраільцянкі імя Госпада і ліхасловіў. І прывялі яго да Майсея; 12. і пасадзілі яго пад варту, пакуль ня будзе абвешчана ім воля Гасподняя. 13. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць: 14. выведзі ганьбоўца прэч з табару, і ўсе, хто чуў яго, няхай пакладуць рукі свае на галаву ягоную, і ўсё супольства пабэе яго камянямі; 15. і сынам Ізраілевым скажы: хто будзе ліхасловіць Бога свайго, той панясе грэх свой; 16. і ганьбовец імя Гасподняга павінен памерці, камянямі пабэе яго ўсё супольства: хай тое прыхадзень, хай тубылец пачне ганіць імя, аддадзены будзе сьмерці. 17. Хто забье якога-небудзь чалавека, той аддадзены будзе сьмерці. 18. Хто забье быдла, павінен заплаціць за яго, быдла за быдла. 19. Хто зробіць шкодзіну на целе блізкага свайго, таму трэба зрабіць тое самае, што ён зрабіў: 20. пералом за пералом, вока за вока, зуб за зуб; як ён зрабіў шкодзіну на целе чалавека, так і яму трэба зрабіць. 21. Хто забье быдла, павінен заплаціць за яго; а хто забэе чалавека, таго трэба аддаць сьмерці. 22. Адзін суд павінен быць у вас, як прыхадню, так і тубыльцу, бо Я Гасподзь, Бог ваш. 23. І сказаў Майсей сынам Ізраілевым; і вывелі ліхаслоўца прэч з табара, і пабілі яго камянямі, і зрабілі сыны Ізраілевыя, як загадаў Гасподзь Майсею. РАЗЬДЗЕЛ 25 1. І сказаў Гасподзь Майсею на гары Сінай, кажучы: 2. абвясьці сынам Ізраілевым і скажы ім: калі прыйдзеце ў зямлю, якую Я даю вам, тады зямля павінна пакоіцца ў суботу Гасподнюю; 3. шэсьць гадоў засявай поле тваё і шэсьць гадоў абразай вінаграднік твой і зьбірай утворы іх, 4. а ў сёмы год хай будзе субота спакою зямлі, субота Гасподняя: поля твайго не засявай і вінаградніка твайго не абразай; 5. што самое вырасьце пасьля жніва твайго, ня зжынай, і гронак зь неабрэзаных лозаў тваіх ня здымай: хай гэта будзе год спакою зямлі; 6. і будзе гэта праз усю суботу зямлі ўсім вам ежаю, табе, і рабу твайму, і рабыні тваёй, і найміту твайму, і пасяленцу твайму, і таму, хто пасяліўся ў цябе; 7. і быдлу твайму і зьвярам, якія на зямлі тваёй, хай будуць усе ўтворы яе ежаю. 8. І налічы сабе сем суботніх гадоў, сем разоў па сем гадоў, каб было ў цябе ў сямі суботніх гадах сорак дзевяць гадоў; 9. і затрубі ў трубу ў сёмы месяц, у дзясяты дзень месяца, у дзень ачышчэньня затрубеце ў трубу па ўсёй зямлі вашай; 10. і асьвяцеце пяцідзясяты год і абвясьцеце свабоду на зямлі ўсім жыхарам яе: хай будзе гэта ў вас юбілей; і вярнецеся кожны ў валоданьне сваё, і кожны вярніся ў свой род. 11. Пяцідзясяты год хай будзе ў вас юбілей: ня сейце і ня жнеце, што самое вырасьце на зямлі, і ня зьбірайце ягад зь неабрэзаных лозаў яе, 12. бо гэта юбілей: сьвяшчэнны хай будзе ён вам; з поля ежце ўтворы яе. 13. У юбілейны год вярнецеся кожны ў валоданьне сваё. 14. Калі будзеш прадаваць што блізкаму твайму, альбо будзеш купляць што ў блізкага твайго, ня крыўдзіце адзін аднаго; 15. паводле разьліку гадоў пасьля юбілею ты павінен купляць у блізкага твайго, і паводле разьліку гадоў прыбытку ён павінен прадаваць табе; 16. калі многа застаецца гадоў, памнож цану; а калі мала гадоў застаецца, паменшы цану, бо пэўную колькасьць гадоў жніва ён прадае табе. 17. Ня крыўдзіце адзін аднаго; бойся Бога твайго, бо Я Гасподзь, Бог ваш. 18. Выконвайце пастановы Мае, і шануйце законы Мае і выконвайце іх, і будзеце жыць спакойна на зямлі; 19. і будзе зямля даваць плод свой, і будзеце есьці ўдосыць і будзеце жыць спакойна на ёй. 20. Калі скажаце, што ж нам есьці ў сёмы год, калі мы ня будзем ні сеяць, ні зьбіраць утвораў нашых? 21. Я пашлю дабраславеньне Маё на вас у шосты год, і ён прынясе ўтворы на тры гады; 22. і будзеце сеяць у восьмы год, але есьці будзеце ўтворы старыя да дзявятага года: пакуль не пасьпеюць утворы яго, будзеце есьці старое. 23. Зямлю нельга прадаваць назаўсёды, бо Мая зямля: вы прыхадні і пасяленцы ў Мяне; 24. па ўсёй зямлі валоданьня вашага дазваляйце выкупляць землі. 25. Калі брат твой зьбяднее і прадасьць з валоданьня свайго, дык прыйдзе блізкі ягоны родзіч і выкупіць прададзенае братам ягоным; 26. а калі ня будзе каму за яго выкупіць, а сам ён будзе мець дастатак і знойдзе, колькі трэба на выкуп, 27. дык няхай ён разьлічыць гады продажу свайго і верне рэшту таму, каму ён прадаў, і ўступіць зноў у валоданьне сваё; 28. а калі ня знойдзе рука ягоная, колькі трэба вярнуць яму, дык прададзенае ім застанецца ў руках пакупца да юбілейнага года, а ў юбілейны год адыдзе яно, і ён зноў уступіць у валоданьне сваё. 29. Калі хто прадасьць жылы дом у горадзе, абнесенным мурам, дык выкупіць яго можна, пакуль пройдзе год ад продажу яго: за год выкупіць яго можна; 30. а калі ня будзе ён выкуплены, пакуль пройдзе год, дык дом, які ў горадзе, што мае мур, застанецца назаўсёды ў пакупца яго ў роды ягоныя і ў юбілей не адыдзе ад яго. 31. А дамы ў селішчах, вакол якіх няма мура, трэба лічыць нароўні з палеткамі зямлі: выкупляць іх можна, і ў юбілей яны адыходзяць. 32. А гарады лявітаў, дамы ў гарадах валоданьня іхняга, лявітам заўсёды можна выкупляць; 33. а хто зь лявітаў ня выкупіць, дык прададзены дом у горадзе валоданьня іхняга ў юбілей адыдзе, бо дамы ў гарадах лявіцкіх складаюць іхняе валоданьне сярод сыноў Ізраілевых: 34. і палёў вакол гарадоў іхніх прадаваць нельга, бо гэта вечнае валоданьне іхняе. 35. Калі брат твой зьбяднее і занепадзе ў цябе, дык падтрымай яго, хай ён прыхадзень, хай пасяленец, каб ён жыў з табою; 36. не бяры зь яго ліхвы і прыбытку і бойся Бога твайго; каб жыў брат твой з табою; 37. срэбра твайго не аддавай яму ў ліхву і хлеба твайго не аддавай яму дзеля прыбытку. 38. Я Гасподзь, Бог ваш, Які вывеў вас зь зямлі Егіпецкай, каб даць вам зямлю Ханаанскую, каб быць вашым Богам. 39. Калі зьбяднее ў цябе брат твой і прададзены будзе табе, дык ня ўскладвай на яго працы рабскай: 40. ён павінен быць у цябе як найміт, як пасяленец; да юбілейнага года няхай працуе ў цябе; 41. а тады няхай адыдзе ён ад цябе, сам і дзеці ягоныя зь ім, і вернецца ў род свой і ўступіць зноў у валоданьне бацькоў сваіх, - 42. бо яны - Мае рабы, якіх Я вывеў зь зямлі Егіпецкай: нельга прадаваць іх, як прадаюць рабоў; 43. не валадары над ім жорстка і бойся Бога твайго. 44. А каб раб твой і рабыня твая былі ў цябе, дык купляйце сабе раба і рабыню ў народаў, якія вакол вас; 45. таксама і зь дзяцей пасяленцаў, што асяліліся ў вас, можаце купляць, і з роду іхняга, які ў вас, які ў іх нарадзіўся ў зямлі вашай, і яны могуць быць вашай уласнасьцю; 46. можаце перадаваць іх у спадчыну і сынам вашым пасьля сябе, як маёмасьць; вечна валодайце імі, як рабамі. А над братамі вашымі, сынамі Ізраілевымі, адзін над адным, не валадарце жорстка. 47. Калі прыхадзень альбо пасяленец твой будзе мець дастатак, а брат твой перад ім зьбяднее і прадасьць прыхадню, які асяліўся ў цябе, альбо каму-небудзь з роду прыхадня, 48. дык пасьля продажу можна выкупіць яго: хто-небудзь з братоў ягоных павінен выкупіць яго, 49. альбо дзядзька ягоны, альбо сын дзядзькі ягонага павінен выкупіць яго, альбо хто-небудзь з сваяцтва ягонага, з роду ягонага, павінен выкупіць яго; альбо калі будзе мець дастатак, сам выкупіцца. 50. І ён павінен разьлічыцца з пакупцом ягоным, пачынаючы з таго года, калі ён прадаў сябе, да года юбілейнага, і срэбра, за якое ён прадаў сябе, трэба аддаць яму па колькасьці гадоў; як часовы найміт ён павінен быць у яго: 51. І калі яшчэ шмат застаецца гадоў, дык па меры іх ён павінен аддаць на выкуп за сябе срэбра, за якое ён куплены; 52. а калі мала застаецца гадоў да юбілейнага года, дык ён павінен палічыць і па меры гадоў аддаць за сябе выкуп. 53. Ён павінен быць у яго, як найміт, ва ўсе гады; ён не павінен панаваць над ім жорстка ў вачах тваіх. 54. А калі ён ня выкупіцца такім чынам, дык у юбілейны год адыдзе сам і дзеці ягоныя зь ім, 55. бо сыны Ізраілевыя Мае рабы; яны Мае рабы, якіх Я вывеў зь зямлі Егіпецкай. Я Гасподзь, Бог ваш. РАЗЬДЗЕЛ 26 1. Не рабеце сабе куміраў і выяваў, і слупоў ня стаўце ў сябе, і камянёў з выявамі не кладзеце ў зямлі вашай, каб кланяцца перад імі, бо Я Гасподзь, Бог ваш. 2. Суботы Мае шануйце і сьвятыню Маю паважайце: Я Гасподзь. 3. Калі вы будзеце рабіць паводле статутаў Маіх і запаведзі Мае будзеце шанаваць і выконваць іх, 4. дык Я дам вам дажджы ў свой час, і зямля дасьць парасьліны сваёй, і дрэвы польныя дадуць плод свой; 5. і малацьба хлеба будзе дасягаць у вас збору вінаграду, збор вінаграду будзе дасягаць севу, і будзеце есьці хлеб свой удосыць, і будзеце жыць на зямлі ў бясьпецы; 6. пашлю мір на зямлю, ляжаце, і ніхто вас не занепакоіцца, выганю лютых зьвяроў зь зямлі, і меч ня пройдзе па зямлі вашай; 7. і праганяцьмеце ворагаў вашых, і ўпадуць яны перад вамі ад меча; 8. пяцёра з вас прагоняць сто, і сто з вас прагоняць дзесяць тысяч, і ўпадуць ворагі вашы перад вамі ад меча; 9. пагляджу на вас, і пладаноснымі зраблю вас, і памножу вас, і ўстанаўлю запавет Мой з вамі; 10. і будзеце есьці старое леташняе, і выкінеце старое дзеля новага; 11. і пастаўлю селішча Маё сярод вас, і душа Мая не пагрэбуе вамі; 12. і хадзіцьму сярод вас і буду вашым Богам, і вы будзеце Маім народам. 13. Я Гасподзь Бог ваш, Які вывеў вас зь зямлі Егіпецкай, каб вы ня былі там рабамі, і разарваў повязі ярма вашага і павёў вас з паднятаю галавою. 14. Калі ж не паслухаецеся Мяне і ня будзеце выконваць усіх наказаў гэтых, 15. і калі пагардзіце Маімі пастановамі, і калі душа вашая пагрэбуе Маімі законамі, так што вы ня будзеце выконваць усіх наказаў Маіх, парушыўшы запавет Мой, - 16. дык Я зраблю з вамі так: пашлю на вас жудасьць, чэзласьць і гарачку, ад якіх стомяцца вочы і вымучыцца душа, і будзеце сеяць насеньне вашае марна, і ворагі вашыя зьядуць яго; 17. павярну аблічча Маё на вас, і будзеце перад ворагамі вашымі, і будуць валадарыць над вамі непрыяцелі вашыя, і пабяжыце, калі ніхто ня гнацьмецца за вамі. 18. І калі пры ўсім гэтым не паслухаецеся Мяне, дык Я сямікроць павялічу пакараньне за грахі вашыя, 19. і зламаю ганарыстую зацятасьць вашую, і неба вашае зраблю, як жалеза, і зямлю вашую, як медзь; 20. і марна будзе вычэрпвацца сіла вашая, і зямля вашая ня дасьць парасьліны сваёй, і дрэвы зямлі не дадуць пладоў сваіх. 21. А калі пойдзеце супроць Мяне і не захочаце слухацца Мяне, дык Я дадам вам удараў сямікроць за грахі вашыя: 22. пашлю на вас зьвяроў польных, якія пазбавяць вас дзяцей, зьнішчаць быдла ваша і вас паменшаць, так што апусьцеюць дарогі вашыя. 23. Калі і пасьля гэтага не паправіцеся і пойдзеце супроць Мяне, 24. дык і Я пайду супроць вас і пабэю вас сямікроць за грахі вашыя, 25. і навяду на вас помсны меч у адплату за запавет; калі ж пахаваецеся ў гарады вашыя, дык пашлю на вас пошасьць, і аддадзены будзеце ў рукі ворага; 26. хлеб, які мацуе чалавека, зьнішчу ў вас; дзесяць жанчын будуць пячы хлеб ваш у адной печы і аддавацьмуць хлеб ваш на вагу; вы будзеце есьці і ня будзеце сытыя. 27. А калі і пасьля гэтага не паслухаецеся Мяне і пойдзеце супроць Мяне, 28. дык і Я ў лютасьці пайду супроць вас і пакараю вас сямікроць за грахі вашыя, 29. і будзеце есьці плоць сыноў вашых, і плоць дочак вашых есьцімеце: 30. спустошу вышыні вашыя, і разбуру слупы вашыя, і скіну трупы вашыя на руіны ідалаў вашых, і пагрэбуе душа Мая вамі; 31. гарады вашыя зраблю пустыняю, і спустошу сьвятыні вашыя, і ня буду нюхаць прыемнай духмянасьці ахвяраў вашых; 32. і спустошу зямлю вашу, так што зьдзівяцца зь яе ворагі вашы, што пасяліліся на ёй; 33. а вас расьсею сярод народаў і агалю сьледам за вамі меч, і будзе зямля ваша пустая і гарады вашы разбураныя. 34. Тады адшкадуе сябе зямля за суботы свае ва ўсе дні запусьценьня свайго; а калі вы будзеце ў зямлі ворагаў вашых, тады будзе пакоіцца зямля і адшкадуе сябе за суботы свае; 35. ва ўсе дні запусьценьня будзе яна пакоіцца, колькі не пакоілася ў суботы вашыя, калі вы жылі на ёй. 36. Астаткам вашым пашлю ў сэрца баязьлівасьць у зямлі ворагаў іхніх, і шум трапятаньня ліста пагоніць іх, і пабягуць як ад меча, і ўпадуць, калі ніхто не даганяе, 37. і спатыкнуцца адзін аб аднаго, як ад меча, тым часам як ніхто не даганяцьме, і ня будзе ў вас сілы супроцьстаяць ворагам вашым; 38. і загінеце сярод народаў, і зжарэ вас зямля ворагаў вашых; 39. а астаткі вашыя счэзнуць за свае беззаконьні ў землях ворагаў вашых і за беззаконьні бацькоў сваіх счэзнуць; 40. тады прызнаюцца яны ў беззаконьні сваім і ў беззаконьні бацькоў сваіх, як яны ўчынялі злачынствы супроць Мяне і ішлі супроць Мяне, 41. за што і Я ішоў супроць іх і ўвёў іх у зямлю ворагаў іхніх; тады ўпакорыцца неабрэзанае сэрца іхняе, і тады пацерпяць яны за беззаконьні свае. 42. І Я ўзгадаю запавет Мой зь Якавам і запавет Мой зь Ісаакам, і запавет Мой з Абрагамам узгадаю, і зямлю ўзгадаю; 43. тым часам як зямля пакінута будзе імі і будзе адшкадоўваць сябе за суботы свае, апусьцеўшы ад іх, і яны будуць цярпець за сваё беззаконьне, за тое, што пагарджалі законамі Маімі і душа іхняя грэбавала пастановамі Маімі, 44. і тады як яны будуць у зямлі ворагаў іхніх, - Я не пагляджу на іх і не пагрэбую імі настолькі, каб зьнішчыць іх, каб разбурыць запавет Мой зь імі, бо Я Гасподзь, Бог іхні; 45. нагадаю ім пра запавет іхні з продкамі, якіх вывеў Я зь зямлі Егіпецкай перад вачыма народаў, каб быць іхнім Богам. Я Гасподзь. 46. Вось пастановы і вызначэньні і законы, якія пастанавіў Гасподзь паміж Сабою і сынамі Ізраілевымі на гары Сінай праз Майсея. РАЗЬДЗЕЛ 27 1. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць: 2. абвясьці сынам Ізраілевым і скажы ім: калі хто дае абяцаньне прысьвяціць душу Госпаду паводле ацэны тваёй, 3. дык ацэна твая мужчыну ад дваццаці гадоў да шасьцідзесяці павінна быць пяцьдзясят сікляў срэбраных, па сіклі сьвяшчэнным; 4. а калі гэта жанчына, дык ацэна твая павінна быць трыццаць сікляў; 5. ад пяці гадоў да дваццаці ацэна твая мужчыну павінна быць дваццаць сікляў, а жанчыне дзесяць сікляў; 6. а ад месяца да пяці гадоў ацэна твая мужчыну павінна быць пяць сікляў срэбра, а жанчыне ацэна твая тры сіклі срэбра; 7. ад шасьцідзесяці гадоў і вышэй мужчыну ацэна твая павінна быць пятнаццаць сікляў срэбра, а жанчыне дзесяць сікляў. 8. А калі ён бедны і ня мае сілы аддаць паводле ацэны тваёй, дык няхай прывядуць яго да сьвятара, і сьвятар няхай ацэніць яго: суразьмерна са станам таго, хто даў абяцаньне, няхай ацэніць яго сьвятар. 9. А калі тое будзе быдла, якое прыносяць у ахвяру Госпаду, дык усё, што дадзена Госпаду, павінна быць сьвятое: 10. нельга выменьваць яго і замяняць добрае благім, альбо благое добрым; а калі пачне хто замяняць быдла быдлам, дык і яно і замена ягоная будзе сьвятыняю. 11. А калі тое будзе якое-небудзь быдла нячыстае, якое ня прыносяць у ахвяру Госпаду, дык трэба прывесьці быдла сьвятару, 12. і сьвятар ацэніць яго, добрае яно ці благое, і як ацэніць сьвятар, так і павінна быць; 13. а калі хто хоча выкупіць яго, дык няхай дадасьць пятую долю да ацэны сваёй. 14. Калі хто прысьвячае дом свой у сьвятыню Госпаду, дык сьвятар павінен ацаніць яго, добры ён ці благі, і як ацэніць яго сьвятар, так і станецца; 15. а калі той, хто прысьвяціў, захоча выкупіць дом свой, дык няхай дадасьць пятую долю срэбра ацэны тваёй, і будзе ягоны. 16. Калі поле з валоданьня свайго прысьвяціў хто Госпаду, дык ацэна твая павінна быць паводле меры пасеву: за пасеў гомера ячменю пяцьдзясят сікляў срэбра; 17. калі ад юбілейнага года прысьвячае хто поле сваё, - павінна стацца паводле ацэны тваёй; 18. а калі пасьля юбілею прысьвячае хто поле сваё, дык сьвятар павінен разьлічыць срэбра па меры гадоў, што засталіся да юбілейнага года і трэба ўбавіць з ацэны тваёй; 19. а калі захоча выкупіць поле той, хто прысьвяціў яго, дык няхай ён дадасьць пятую долю срэбра ацэны тваёй, і яно застанецца за ім; 20. а калі ён ня выкупіць поля, і будзе прададзена поле іншаму чалавеку, дык ужо нельга выкупіць: 21. поле тое, калі яно ў юбілей адыдзе, будзе сьвятыняю Госпаду, як бы поле заклятае; сьвятару дастанецца яно на валоданьне. 22. А калі хто прысьвеціць Госпаду поле купленае, якое не з палеткаў яго валоданьня, 23. дык сьвятар павінен разьлічыць яму колькасьць ацэны да юбілейнага года, і павінен ён аддаць паводле разьліку ў той самы дзень, як сьвятыню Гасподнюю; 24. а поле ў юбілейны год пяройдзе зноў да таго, у каго куплена, каму належыць валоданьне тою зямлёю. 25. Усякая ацэна твая павінна быць у сіклях сьвяшчэнных, дваццаць гераў павінна быць у сіклі. 26. Толькі першынцаў з быдла, якія паводле першаснасьці належаць Госпаду, не павінен ніхто прысьвячаць: хай тое вол, хай дробнае быдла, - Гасподнія яны. 27. А калі быдла нячыстае, дык трэба выкупіць паводле ацэны тваёй і дадаць да таго пятую долю; калі ня выкупяць, дык трэба прадаць паводле ацэны тваёй. 28. Толькі ўсё заклятае, што пад закляцьцем аддае чалавек Госпаду са сваёй уласнасьці, - хай чалавека, хай быдла, хай поле свайго валоданьня, - не прадаецца і не выкупаецца: усё заклятае ёсьць вялікая сьвятыня Гасподняя; 29. усё заклятае, што заклята ад людзей, ня выкупаецца: яно павінна быць аддадзена сьмерці. 30. І ўсякая дзесяціна на зямлі з насеньня зямлі і з пладоў дрэва належыць Госпаду: гэта сьвятыня Гасподняя; 31. а калі хто захоча выкупіць дзесяціну сваю, дык няхай прыкладзе да цаны яе пятую долю. 32. І ўсякую дзесяціну з буйнога і дробнага быдла, з усяго, што праходзіць пад кіем дзясятае, трэба прысьвячаць Госпаду; 33. ня трэба разьбіраць, добрае яно, ці благое, і ня трэба замяняць яго; а калі хто заменіць яго, дык і само яно і замена ягоная будзе сьвятыняю і ня можа быць выкуплена. 34. Вось запаведзі, якія наказаў Гасподзь Майсею дзеля сыноў Ізраілевых на гары Сінай. |