РАЗЬДЗЕЛ 1
І было: на трыццатым годзе, на чацьвёртым месяцы, на пяты дзень месяца, калі я быў сярод перасяленцаў над ракой Хавар, разамкнуліся нябёсы - і я пабачыў уявы Божыя. 2. У пяты дзень месяца (гэта быў пяты год палону цара Ёакіма), 3. было слова Гасподняе Езэкіілю, сыну Вузія, сьвятара, у зямлі Халдэйскай, над ракою Хавар; і была там на ім рука Гасподняя. 4. І я бачыў: і вось буйны вецер ішоў з поўначы, вялікая хмара і палымяны агонь, і зьзяньне вакол яго, 5. а зь сярэдзіны яго як бы сьвятло полымя зь сярэдзіны агню; і зь сярэдзіны яго відаць было як бы падабенства чатырох жывёлін, - і такі быў выгляд у іх: аблічча ў іх было, як у чалавека; 6. і ў кожнага чатыры твары, і ў кожнага зь іх чатыры крылы; 7. а ногі ў іх простыя, і ступакі ног іхніх як ступак нагі ў цяляці, і зьзялі, як бліскучая медзь (і крылы ў іх лёгкія). 8. І рукі чалавечыя былі пад крыламі ў іх, па чатырох баках іх; 9. і твары ў іх і крылы ў іх - ва ўсіх чатырох; крылы ў іх прылягалі адно да аднаго; у час шэсьця свайго яны не азіраліся, а ішлі кожны перад сабою. 10. Падабенства абліччаў іхніх - аблічча чалавека і аблічча ільва з правага боку ва ўсіх чатырох; а зь левага боку - аблічча цяляці ва ўсіх чатырох і аблічча арла ва ўсіх чатырох. 11. І абліччы іх і крылы іх зьверху былі разьдзеленыя, але ў кожнага два крылы прылягалі адно да аднаго, а два пакрывалі целы іхнія. 12. І ішлі яны, кожнае ў свой бок перад сабою; куды дух хацеў ісьці, туды і ішлі; падчас шэсьця свайго не азіраліся. 13. І выгляд у гэтых жывёлін быў як выгляд распаленага вугольля, як выгляд лампадаў; агонь хадзіў паміж жывёламі, і зьзяньне ад агню і маланка выходзілі з агню. 14. І жывёліны шпарка рухаліся туды-сюды, як бліскае маланка. 15. І я глядзеў на жывёлін, - і вось, на зямлі каля гэтых жывёлін па адным коле перад чатырма іхнімі лапамі. 16. Выгляд колаў і будова іхняя - як выгляд тапаза, і падабенства ва ўсіх чатырох - адно; і з выгляду іх і з будовы іх здавалася, быццам кола было ў коле. 17. Калі яны ішлі, ішлі на чатыры свае бакі; падчас шэсьця не азіраліся. 18. А абады на іх - высокія і страшныя былі яны; абады на ўсіх чатырох вакол былі поўныя вачэй. 19. І калі ішлі жывёлы, ішлі і колы поруч іх; а калі жывёлы падымаліся ад зямлі, тады падымаліся і колы. 20. Куды дух хацеў ісьці, туды ішлі і яны; куды б ні пайшоў дух, і колы падымаліся нароўні зь імі, бо дух жывёлін быў у колах. 21. Калі ішлі тыя, ішлі і яны; і калі тыя стаялі, стаялі і яны; і калі тыя падымаліся ад зямлі, тады нароўні зь імі падымаліся і колы, бо дух жывёлін быў у колах. 22. Над галовамі ў жывёлін было падабенства скляпеньня, як выгляд дзівоснага крышталю, расхінутага зьверху над галовамі ў іх. 23. А пад скляпеньнем прасьціраліся крылы іхнія проста адно да аднаго, і ў кожнага было два крылы, якія пакрывалі іх, у кожнага два крылы пакрывалі целы іхнія. 24. І калі яны ішлі, я чуў шум крылаў іх, як бы шум многіх водаў, як бы голас Усемагутнага, моцны шум, як бы шум у вайсковым стане; калі яны спыняліся, - апускалі крылы свае. 25. І голас быў са скляпеньня, якое над галовамі ў іх; калі яны спыняліся, тады апускалі свае крылы. 26. А над скляпеньнем, якое над галовамі ў іх, было падабенства трона з выгляду як бы з каменя сапфіра; а над падабенствам прастола як бы падабенства чалавека зьверху на ім. 27. І бачыў я як бы палаючы метал, як бы выгляд агню ўсярэдзіне яго вакол; ад выгляду сьцёгнаў яго і вышэй і ад выгляду сьцёгнаў яго і ніжэй я бачыў як бы нейкі агонь, і зьзяньне было вакол яго. 28. У якім выглядзе бывае вясёлка на аблоках падчас дажджу, такі выгляд мела гэтае зьзяньне вакол.
РАЗЬДЗЕЛ 2
1. Такая была ўява падабенства славы Гасподняй. Убачыўшы гэта, я ўпаў на аблічча сваё і чуў голас Таго, Які гаварыў, і Ён сказаў мне: «сыне чалавечы! стань на свае ногі, і Я буду гаварыць з табою». 2. І калі Ён гаварыў мне, увайшоў у мяне Дух і паставіў мяне на ногі мае, і я чуў Таго, Які гаварыў мне. 3. І Ён сказаў мне: «сыне чалавечы! Я пасылаю цябе да сыноў Ізраілевых, да людзей непакорлівых, якія ўзбунтаваліся супроць Мяне; яны і бацькі іхнія здраднікі перад Мною да гэтага самага дня. 4. І гэтыя сыны з агрубелым абліччам і з жорсткім сэрцам, - да іх Я пасылаю цябе, і ты скажаш ім: так кажа Гасподзь Бог! 5. Ці будуць яны слухаць, альбо ня будуць, бо яны мяцежны дом; але няхай ведаюць, што быў прарок сярод іх. 6. А ты, сыне чалавечы, ня бойся іх і ня бойся словаў іхніх, калі яны ваўчкамі і цернямі будуць табе, і ты будзеш жыць у скарпіёнаў, - ня бойся словаў іхніх і не палохайся аблічча іхняга, бо яны мяцежны дом; 7. і кажы ім словы Мае, будуць яны слухаць альбо ня будуць, бо яны ўпартыя. 8. А ты, сыне чалавечы, слухай, што Я буду казаць табе: ня будзь упарты, як гэты мяцежны дом; разьзяві рот свой і зьеж, што Я дам табе». 9. І ўбачыў я, і вось рука працягнута да мяне, і вось у ёй - кніжны сувой. 10. І Ён разгарнуў яго перад мною, і вось, сувой сьпісаны быў усярэдзіне і звонку, і напісана на ім: «плач, і стогн, і гора».
РАЗЬДЗЕЛ 3
1. І сказаў мне: «сыне чалавечы! зьеж, што перад табою, зьеж гэты сувой, і ідзі, гавары дому Ізраілеваму». 2. Тады я разамкнуў вусны свае, і Ён даў мне зьесьці гэты сувой; 3. і сказаў мне: «сыне чалавечы! накармі чэрава тваё і напоўні нутробу тваю гэтым сувоем, які Я даю табе»; і я зьеў, і было ў роце маім соладка, як мёд. 4. І Ён сказаў мне: «сыне чалавечы! устань і ідзі да дому Ізраілевага і кажы ім Маімі словамі; 5. бо не да народу са словамі неразборлівымі і зь незразумелаю моваю ты пасылаешся, а да дому Ізраілевага, 6. не да народаў многіх зь неразборлівым словам і зь незразумелаю моваю, слоў якое ты не разумеў бы; ды калі б Я паслаў цябе і да іх, дык яны паслухаліся б цябе; 7. а дом Ізраілеў не захоча слухаць цябе, бо яны ня хочуць слухаць Мяне, бо ўвесь дом Ізраілеў цьвердалобы і жорсткі сэрцам. 8. Вось, Я зрабіў і твой твар моцным супроць іхніх твараў і твой лоб моцным супроць іхняга лоба. 9. Як алмаз, які мацнейшы за камень, зрабіў я лоб твой; ня бойся іх і не палохайся перад абліччам іх, бо яны мяцежны дом». 10. І сказаў мне: «сыне чалавечы! усе словы Мае, якія буду казаць табе, прымі сэрцам тваім і выслухай вушамі тваімі; 11. устань і ідзі да пераселеных, да сыноў народу твайго, і гавары да іх, і скажы ім: так кажа Гасподзь Бог! будуць яны слухаць, альбо ня будуць». 12. І падняў мяне Дух; і я чуў за сабою вялікі грамовы голас: «дабраславёная слава Госпада ад месца свайго!» 13. і таксама шум крылаў жывёлаў, прылеглых адно да аднаго, і стук колаў каля іх і гук моцнага грому. 14. І Дух падняў мяне і ўзяў мяне. І ішоў я ў засмучэньні, з растрывожаным духам; і рука Гасподняя была моцная на мне. 15. І прыйшоў я да пераселеных у Тэль-Авіў, якія жывуць каля ракі Хавар, і спыніўся там, дзе яны жылі, і правёў сярод іх сем дзён у зьдзіўленьні. 16. А як прайшлі сем дзён, было мне слова Гасподняе: 17. «сыне чалавечы! Я паставіў цябе вартаўніком дому Ізраілевага, і ты будзеш слухаць слова з вуснаў Маіх і будзеш наводзіць іх на розум да Мяне. 18. Калі Я скажу беззаконцу: «сьмерцю памрэш!», а ты ня будзеш яго наводзіць на розум і казаць, каб асьцерагчы беззаконца ад беззаконнага шляху ягонага, каб ён быў жывы, дык беззаконец той памрэ ў беззаконьні сваім, і Я спаганю кроў ягоную з рук тваіх. 19. Але калі ты не наводзіў на розум беззаконца, а ён не адвярнуўся ад беззаконьня свайго і ад беззаконнага шляху свайго, дык ён памрэ ў беззаконьні сваім, а ты ўратаваў душу тваю. 20. І калі праведнік адступіцца ад справядлівасьці сваёй і ўчыніць крыўду, калі Я пакладу перад ім спатыкненьне, і ён памрэ, дык калі ты не наводзіў яго на розум, ён памрэ за грэх свой, і не згадаюцца яму справядлівыя ўчынкі ягоныя, якія рабіў ён; і Я зышчу кроў яго з рук тваіх. 21. Калі ж ты будзеш настаўляць на розум праведніка, каб праведнік не зграшыў, і ён ня згрэшыць; дык і ён жывы будзе, бо быў наведзены на розум, і ты ўратаваў душу тваю». 22. І была там на мне рука Госпада, і Ён сказаў мне: устань і выйдзі ў поле, і Я буду гаварыць там з табою. 23. І ўстаў я і выйшаў у поле; і вось, там стаяла слава Гасподняя, як слава, якую бачыў я над ракою Хавар; і ўпаў я на аблічча сваё. 24. І ўвайшоў у мяне Дух, і паставіў мяне на ногі мае, і Ён гаварыў са мною і сказаў мне: ідзі, і замкніся ў доме тваім. 25. І ты, сыне чалавечы, - вось, ускладуць на цябе аковы, і зьвяжуць цябе імі, і ня будзеш хадзіць сярод іх. 26. І язык твой Я прыляплю да гартані тваёй, і ты анямееш і ня будзеш выкрывальнікам іх, бо яны мяцежны дом. 27. А калі Я буду гаварыць з табою, тады разамкну вусны твае, і ты будзеш казаць ім: «так кажа Гасподзь Бог!» хто хоча слухаць, - слухай; а хто ня хоча слухаць, - ня слухай: бо яны мяцежны дом.
РАЗЬДЗЕЛ 4
1. І ты, сыне чалавечы, вазьмі сабе цагліну і пакладзі яе перад сабою, і накрэсьлі на ёй горад Ерусалім; 2. і наладзь аблогу супроць яго і зрабі ўмацаваньне супроць яго, і насып вал вакол яго і разьмясьці табар супроць яго, і расстаў вакол супроць яго сьценабітныя машыны; 3. і вазьмі сабе жалезную дошку і пастаў яе, як бы жалезную сьцяну паміж табою і горадам, і зьвярні на яго аблічча тваё, і ён будзе ў аблозе, і ты аблягай яго. Гэта будзе азнака дому Ізраілеваму. 4. А ты кладзіся на левы бок твой і паглядзі на яго беззаконьне, на правіны дому Ізраілевага: па ліку дзён, колькі будзеш ляжаць на ім, ты будзеш несьці беззаконьне іхняе. 5. І Я вызначыў табе гады беззаконьня іхняга лікам дзён: трыста дзевяноста дзён ты будзеш несьці беззаконьне дому Ізраілевага. 6. І калі выканаеш гэта, дык другі раз кладзіся ўжо на правы бок, і сорак дзён нясі на сабе беззаконьне дому Юдавага, дзень за год, дзень за год Я вызначыў табе. 7. І зьвярні аблічча тваё і аголеную правую руку тваю на аблогу Ерусаліма, і прароч супроць яго. 8. Вось, я наклаў на цябе аковы, і ты не павернешся з аднаго боку на другі, пакуль ня выцерпіш дзён аблогі тваёй. 9. Вазьмі сабе пшаніцы і ячменю, і бабоў і сачыўкі, і проса і вікі, і ўсып іх у адну пасудзіну, і зрабі сабе зь іх хлябы, па ліку дзён, якія ты будзеш ляжаць на баку тваім; трыста дзевяноста дзён ты будзеш есьці іх. 10. І ежу тваю, якою будзеш карміцца, еж вагою, па дваццаць сікляў на дзень; ад часу да часу еж гэта. 11. І ваду пі мераю, па шасьціне гіна пі, ад часу да часу пі так. 12. І еж, як ячныя ляпёшкі, і пячы іх на вачах у іх на чалавечым кале. 13. І сказаў Гасподзь: так сыны Ізраілевыя будуць есьці нячысты хлеб свой сярод тых народаў, да якіх Я выганю іх. 14. Тады сказаў я: о, Госпадзе Божа! душа мая ніколі не апаганьвалася, і мярцьвяціны і зьверам разадранага я ня еў ад маладосьці маёй да сёньня; і ніякае нячыстае мяса не ўваходзіла ў вусны мае. 15. І сказаў Ён мне: вось, Я дазваляю табе, замест чалавечага калу, каровін памёт, і на ім гатуй хлеб твой. 16. І сказаў мне: сыне чалавечы! вось, Я струшчу ў Ерусаліме хлебную апору, і будуць есьці хлеб вагою і ў смутку і ваду будуць піць мераю і ў паныласьці; 17. бо ў іх будзе нястача хлеба і вады; і яны з жахам будуць глядзець адно на аднаго і змарнеюць у грахоўнасьці сваёй.
РАЗЬДЗЕЛ 5
1. А ты, сыне чалавечы, вазьмі сабе востры нож, брытву цырульніцкую вазьмі сабе і вадзі ёю па галаве тваёй і па барадзе тваёй, і вазьмі сабе вагі і разьдзялі валасы на часткі. 2. Траціну спалі агнём пасярод горада, калі закончацца дні аблогі; траціну вазьмі і пасячы нажом у ваколіцах яго; і траціну разьвей па ветры; а Я агалю меч следам за імі. 3. І вазьмі з гэтага невялікую колькасьць і завяжы іх сабе ў крысьсе. 4. Але і з гэтага вазьмі яшчэ і кінь у агонь, і спалі гэта ў агні. Адтуль выйдзе агонь на ўвесь дом Ізраілеў. 5. Так кажа Гасподзь Бог: гэта - Ерусалім! Я паставіў яго сярод народаў, і вакол яго - землі. 6. А ён зрабіў насуперак пастановам Маім бязбожней за язычнікаў, і насуперак статутам Маім - горш, чым землі вакол яго; бо яны адкінулі пастановы Мае і паводле статутаў Маіх ня чыняць. 7. Таму так кажа Гасподзь Бог: за тое, што вы памножылі правіны вашыя болей, чым язычнікі, якія вакол вас, паводле статутаў Маіх ня чыніце і пастановаў Маіх ня выконваеце, і нават ня робіце паводле пастановаў язычнікаў, якія вакол вас, 8. таму так кажа Гасподзь Бог: вось і Я супроць цябе, Я Сам, і ўчыню сярод цябе суд на вачах у язычнікаў. 9. І зраблю над табою тое, чаго Я ніколі не рабіў і чагосьці падобнага далей не рабіцьму, за ўсе твае гідоты. 10. Затое бацькі будуць есьці сыноў сярод цябе, і сыны будуць есьці бацькоў сваіх; і ўчыню над табою суд, і ўсю рэшту тваю расьсею па ўсіх вятрах. 11. Таму, жыву Я, кажа Гасподзь Бог: за тое, што ты апаганіў сьвятыню Маю ўсімі гідотамі і ўсімі гнюсотамі тваімі, Я зьнікчэмню, і не пашкадуе вока Маё, і Я не ўмілажалюся зь цябе. 12. Траціна ў цябе памрэ ад пошасьці і загіне з голаду сярод цябе; траціна загіне ад меча ў ваколіцах тваіх; а траціну разьвею па ўсіх вятрах, і агалю меч сьледам за імі. 13. І распаліцца гнеў Мой, і наталю лютасьць Маю імі, і задаволюся; і даведаюцца, што Я, Гасподзь, гаварыў у клопаце Маім, калі ўчыніцца над імі лютасьць Мая. 14. І зраблю цябе пустэльняю і ганьбаю сярод народаў, якія вакол цябе, на вачах у кожнага, хто праходзіць міма. 15. І будзеш пасьмешышчам і ганьбаю, прыкладам і жахам у народаў, якія вакол цябе, калі я зьдзейсьню над табою суд у гневе і лютасьці, і ў лютых карах, Я Гасподзь мовіў гэта, 16. і калі пашлю на іх лютыя стрэлы голаду, якія будуць нішчыць, калі пашлю іх на пагібель вам і ўзмацню голад сярод вас, і струшчу хлебную апору ў вас, 17. і пашлю на вас голад і лютых зьвяроў, і пазбавяць цябе дзяцей; і пошасьць і кроў пройдзе па табе, і меч навяду на цябе; Я, Гасподзь, мовіў гэта.
РАЗЬДЗЕЛ 6
1. І было мне слова Гасподняе: 2. сыне чалавечы! зьвярні аблічча тваё да гарадоў Ізраілевых і прарочы на іх, 3. і скажы: горы Ізраілевыя! слухайце слова Госпада Бога. Так кажа Гасподзь Бог горам і пагоркам, далінам і лагчынам: вось, Я навяду на вас меч, і разбуру вышыні вашыя; 4. і ахвярнікі вашыя будуць спустошаны, слупы вашыя ў гонар сонца будуць разьбіты, і кіну забітых вашых перад ідаламі вашымі; 5. і пакладу сыноў Ізраілевых перад ідаламі іхнімі, і рассыплю косткі вашыя вакол ахвярнікаў вашых. 6. Ва ўсіх мясьцінах вашага жыхарства гарады будуць спустошаны і вышыні разбураны дзеля таго, каб спустошаны і разбураны былі ахвярнікі вашыя, каб струшчаны і зьнішчаны былі ідалы вашыя, і разьбіты сонечныя слупы вашыя, і згладзіліся ўтворы вашыя. 7. І будуць падаць сярод вас забітыя, і ўведаеце, што Я - Гасподзь. 8. Але Я ашчаджу рэшту, так што будуць у вас сярод народаў ацалелыя ад меча, калі вы будзеце расьсеяны па землях. 9. І згадаюць мяне ацалелыя вашыя сярод народаў, куды будзеце зьведзены ў няволю, калі Я прывяду ў скруху распуснае сэрца іхняе, адпалае ад Мяне, і вочы іх, якія блудзілі сьледам за ідалам; і яны да саміх сябе адчуюць агіду за тое ліха, якое яны ўчынялі ва ўсіх гнюсотах сваіх; 10. і ўведаюць, што Я - Гасподзь; нездарма казаў Я, што навяду на іх такое бедства. 11. Так кажа Гасподзь Бог: плясьні рукамі тваімі і тупні нагою тваёю, і скажы: гора за ўсе агідныя зладзействы дому Ізраілевага! загінуць яны ад меча, голаду і згубнай пошасьці. 12. Хто далёка, той памрэ ад згубнай пошасьці; а хто блізка, той загіне ад меча; а хто застанецца і ацалее, памрэ ад голаду; так зьдзейсьню над ім гнеў Мой. 13. І ўведаеце, што Я - Гасподзь, калі забітыя будуць ляжаць паміж ідаламі сваімі вакол ахвярнікаў іхніх, на кожным высокім пагорку, на ўсіх вяршынях гор, і пад кожным зялёным дрэвам, і пад кожным галінастым дубам, і на тым месцы, дзе яны прыносілі духмяныя пахошчы ўсім ідалам сваім. 14. І працягну на іх руку Маю і зраблю зямлю пустыняю і стэпам, ад пустыні Дыўлат, ва ўсіх мясьцінах іхняга жыхарства, і ўведаюць, што Я - Гасподзь.
РАЗЬДЗЕЛ 7
1. І было мне слова Гасподняе: 2. І ты, сын чалавечы, скажы: так кажа Гасподзь Бог: зямлі Ізраілевай канец, - канец прыйшоў на чатыры краі зямлі. 3. Вось - канец табе; і пашлю на цябе гнеў Мой, і буду судзіць цябе паводле шляхоў тваіх, і ўскладу на цябе ўсе гідоты твае. 4. І не ўмілажаліцца зь цябе вока Маё, і не памілую, і аддам табе паводле шляхоў тваіх, і гідоты твае з табою будуць, і ўведаеце, што Я - Гасподзь. 5. Так кажа Гасподзь Бог: бяда адзіная, вось, ідзе бяда. 6. Канец прыйшоў, прыйшоў канец, стаў на цябе; вось дайшла, 7. дайшла ліхата да цябе, жыхар зямлі! прыходзіць час, набліжаецца дзень смуты, а не вясёлых гуканьняў у горах. 8. Вось, неўзабаве вылью на цябе лютасьць Маю і зьдзейсьню над табою гнеў Мой, і буду судзіць цябе паводле ўчынкаў тваіх і ўскладу на цябе ўсе гідоты твае. 9. І не ўмілажаліцца зь цябе вока Маё, і не памілую. Паводле ўчынкаў тваіх дам табе, і гідоты твае з табою будуць; і ўведаеце, што Я - Гасподзь каральнік. 10. Вось дзень! вось прыйшла, настала ліхата! жазло вырасла, ганарлівасьць разраслася. 11. Паўстае сіла на жазло няверства; нічога не застанецца ад іх, і ад багацьця іхняга і ад шуму іхняга, і ад пышнаты іхняй. 12. Прыйшоў час, настаў дзень; хто купіў, ня радуйся, і хто прадаў, ня плач, бо гнеў - над усім мноствам іх. 13. Бо, хто прадаў, ня вернецца да прададзенага, хоць бы і засталіся яны жывыя; бо прарочая ўява пра ўсё мноства іх не адменіцца, і ніхто сваім беззаконьнем не ўмацуе свайго жыцьця. 14. Затрубяць у трубу, і ўсё рыхтуецца, але ніхто ня йдзе на вайну; бо гнеў Мой над усім мноствам іх. 15. Па-за домам меч, а ў доме - пошасьць і голад. Хто ў полі, той памрэ ад меча; а хто ў горадзе, таго зжаруць голад і згубная пошасьць. 16. А ацалелыя зь іх уцякуць і будуць на горах, як галубы далін; усе яны будуць стагнаць, кожны за сваё беззаконьне. 17. Ва ўсіх рукі апусьцяцца, і ва ўсіх калені задрыжаць, як вада. 18. Тады яны апярэжуцца вярэтаю, і ахопіць іх трымценьне: і ва ўсіх на тварах будзе сорам, і ва ўсіх на галовах плешына. 19. Срэбра сваё яны выкінуць на вуліцы, і золата ў іх будзе ў пагардзе. Срэбра іхняе і золата іхняе ня мецьме сілы выратаваць іх у дзень лютасьці Госпада. Яны не насыцяць імі душаў сваіх і не напоўняць нутробаў сваіх, бо яно было прычынаю беззаконьня іхняга. 20. І ў чырвоных уборах сваіх яны ператваралі яго ў гонар і рабілі зь яго выявы гнюсных сваіх ідалаў; затое і зраблю яго нячыстым для іх. 21. і аддам яго ў рукі чужым на здабычу і беззаконцам землі на рабаваньне, і яны апаганяць яго. 22. І адвярну ад іх аблічча Маё, і апаганяць запаветнае Маё; і прыйдуць туды рабаўнікі і апаганяць яго. 23. Зрабі ланцуг, бо зямля гэтая напоўнена крывавымі зладзействамі, і горад поўны гвалту. 24. Я прывяду найзлосьнейшых з народаў, і завалодаюць дамамі іхнімі. І пакладу канец пагардлівасьці моцных, і будуць апаганены сьвятыні іхнія. 25. Ідзе пагібель: будуць шукаць міру, і ня знойдуць. 26. Бяда пойдзе за бядою і вестка за весткаю; і будуць прасіць у прарока ўявы, і ня будзе вучэньня ў сьвятара і рады ў старцаў. 27. Цар будзе бедаваць, і князь апранецца ў жудасьць, і ў народу зямлі будуць дрыжаць рукі. Учыню зь імі паводле ўчынкаў іхніх, паводле судоў іхніх буду судзіць іх; і ўведаюць, што Я - Гасподзь.
РАЗЬДЗЕЛ 8
1. І было на шостым годзе, на шостым месяцы, у пяты дзень месяца, сядзеў я ў доме маім, і старэйшыны Юдэйскія сядзелі перад абліччам маім, і сышла на мяне там рука Госпада Бога. 2. І ўбачыў я: і вось падабенства, як бы вогненнае, і ад сьцёгнаў яго і ніжэй - агонь, і ад сьцёгнаў яго і вышэй - як бы зьзяньне, як бы сьвятло полымя. 3. І працягнуў Ён як бы руку і ўзяў мяне за валасы галавы маёй, і падняў мяне Дух паміж зямлёю і небам і прынёс мяне ва ўявах Божых у Ерусалім да ўваходу ўнутранае брамы, павернутай на поўнач, дзе пастаўлены быў ідал рупнасьці, які абуджае рупнасьць. 4. І вось там была слава Бога Ізраілевага, падобная на тую, якую я бачыў на полі. 5. І сказаў мне: сыне чалавечы! падымі вочы твае на поўнач, і я падняў вочы мае на поўнач, і вось, з паўночнага боку каля брамы ахвярніка - той ідал рупнасьці пры ўваходзе. 6. І сказаў Ён мне: сыне чалавечы! ці бачыш ты, што яны робяць? вялікія гідоты, якія робіць дом Ізраілеў тут, каб Я адышоў ад сьвятыні Маёй? Але павярніся, і ты ўбачыш яшчэ большыя гідоты. 7. І прывёў мяне да ўваходу ў двор, і я зірнуў, і вось у сьцяне - адтуліна. 8. І сказаў мне: сыне чалавечы! пракапай сьцяну; і я пракапаў сьцяну і вось нейкія дзьверы. 9. І сказаў мне: увайдзі і паглядзі на агідныя гнюсоты, якія яны робяць тут. 10. І я ўвайшоў, і бачу, і вось усялякія выявы паўзуноў і нячыстых жывёл і ўсялякія ідалы дома Ізраілевага, напісаныя на сьценах навакол. 11. І семдзесят мужоў са старэйшынаў дома Ізраілевага стаяць перад імі і Езанія, сын Сафанаў, сярод іх; і ў кожнага ў руцэ - сваё кадзіла, і густое воблака пахошчаў узносіцца ўгору. 12. І сказаў мне: бачыш, сыне чалавечы, што робяць старэйшыны дому Ізраілевага ў цемры, кожны ў сваім расьпісаным пакоі? бо кажуць: «ня бачыць нас Гасподзь, пакінуў Гасподзь зямлю гэтую». 13. І сказаў мне: абярніся, і ўбачыш яшчэ большыя гідоты, якія яны робяць. 14. І прывёў мяне да ўваходу ў браму дома Гасподняга, якая на поўнач, і вось, там сядзяць жанчыны і плачуць па Тамузе, 15. і сказаў мне: бачыш, сыне чалавечы? абярніся, і ўбачыш яшчэ большыя гідоты. 16. І ўвёў мяне ва ўнутраны двор дома Гасподняга, і вось, каля брамы храма Гасподняга, паміж бабінцам і ахвярнікам, каля трыццаці пяці мужоў стаяць сьпінамі сваімі да Гасподняга храма, а тварамі сваімі да ўсходу, і кланяюцца на ўсход сонцу. 17. І сказаў мне: бачыш, сыне чалавечы? ці мала дому Юдаваму, каб рабіць такія гідоты, якія яны робяць тут? але яны яшчэ зямлю напоўнілі крыўдаю, і тым болей гневаюць Мяне, і вось, яны галінкі падносяць да насоў сваіх. 18. Затое і Я пачну дзейнічаць люта; не пашкадуе вока Маё, і не памілую; і хай хоць бы крычалі ў вушы Мае моцным голасам, - не пачую іх.
РАЗЬДЗЕЛ 9
1. І абвясьціў у вушы мае вялікім голасам, кажучы: хай наблізяцца карнікі горада, кожны са сваёю згубнаю прыладаю ў руцэ сваёй. 2. І вось, шэсьць чалавек ідуць ад верхняе брамы, павернутае да поўначы, і ў кожнага ў руцэ пагібельная прылада ягоная, і сярод іх адзін, апрануты ў ільняную вопратку, у якога на поясе пісцовыя прылады. І прыйшлі і сталі каля меднага ахвярніка. 3. І слава Бога Ізраілевага сышла з херувіма, на якім была, да парога Дома. І паклікаў Ён чалавека, апранутага ў ільняную вопратку, у якога на поясе пісцовыя прылады. 4. І сказаў яму Гасподзь: прайдзі пасярод горада, пасярод Ерусаліма, і на ілбах людзей, якія смуткуюць і ўбольваюцца праз усе гідоты, што чыняцца сярод яго, зрабі знак. 5. А тым сказаў у слых мой: ідзеце за ім па горадзе і беце; хай не шкадуе вока ваша, і ня літуйце; 6. старога, юнака і дзяўчыну, і дзіця і жанчын беце да сьмерці, але не чапайце ніводнага чалавека, на якім знак, і пачнеце ад сьвятыні Маёй. І пачалі яны з тых старэйшынаў, якія былі перад Домам. 7. І сказаў ім: апаганьце Дом і напоўніце двары забітымі, і выйдзіце. І выйшлі і пачалі забіваць у горадзе. 8. І калі яны іх забілі, а я застаўся, тады я ўпаў на аблічча сваё і закрычаў, і сказаў: о Госпадзе Божа! няўжо Ты загубіш усю рэшту Ізраіля, выліваючы гнеў Твой на Ерусалім? 9. І сказаў Ён мне: бязбожнасьць дому Ізраілевага і Юдавага вялікая, вельмі вялікая; і зямля гэтая поўная крыві, і горад поўны крыўды; бо яны кажуць: «пакінуў Гасподзь зямлю гэтую, і ня бачыць Гасподзь». 10. Затое і Маё вока не ўмілажаліцца, і не памілую; абярну іх паводзіны на іхнюю галаву. 11. І вось, чалавек, апрануты ў ільняную вопратку, у якога на поясе пісцовыя прылады, даў адказ і сказаў: я зрабіў, як Ты загадаў мне.
РАЗЬДЗЕЛ 10
1. І бачыў я: і вось на скляпеньні, якое над галовамі ў херувімаў, як бы камень сапфір, як бы нешта падобнае на прастол відаць было над імі. 2. І гаварыў Ён чалавеку, які быў апрануты ў ільняную вопратку, і сказаў: увайдзі паміж калёсамі херувімаў і вазьмі поўныя прыгаршчы жару, і кінь на горад; і ён увайшоў на маіх вачах. 3. А херувімы стаялі па правы бок Дома, калі ўвайшоў той чалавек, і воблака напаўняла ўнутраны двор. 4. І паднялася слава Гасподняя з херувіма да парога Дома, і дом напоўніўся воблакам, і двор напоўніўся зьзяньнем славы Госпада. 5. І шум ад крылаў херувімаў чутны быў нават на зьнешнім двары, як бы голас Бога ‹семагутнага, калі Ён гаворыць. 6. І калі Ён даў загад чалавеку, апранутаму ў ільняную вопратку, сказаўшы: «вазьмі агню паміж коламі, паміж херувімамі», і калі ён увайшоў і стаяў каля кола, 7. тады спасярод херувімаў адзін херувім працягнуў руку сваю да агню, які паміж херувімамі, і ўзяў і даў у прыгаршчы апранутаму ў ільняную вопратку. Ён узяў, і выйшаў. 8. І відаць было ў херувімаў падабенства рук чалавечых пад крыламі іхнімі. 9. І бачыў я: вось чатыры колы каля херувімаў, па адным коле каля кожнага херувіма, і колы з выгляду - як бы з каменя тапаза. 10. І з выгляду ўсе чатыры падобныя, быццам кола было ў коле. 11. Калі ішлі яны, дык ішлі па чатыры свае бакі; падчас шэсьця свайго не азіраліся, але да таго месца, куды павернута была галава, і яны туды ішлі; падчас шэсьця свайго не азіраліся. 12. І ўсё цела іх і сьпіна іх, і рукі іх і крылы іх, і колы навокал былі поўныя вачэй, - усе чатыры колы іхнія. 13. Колы гэтыя, як я чуў, былі названы: «галгал»*. 14. І ў кожнае жывёліны чатыры твары: першы твар - твар херувімавы, другі твар - твар чалавечы, трэці твар - ільвіны і чацьвёрты - твар арліны. 15. Херувімы падняліся. Гэта былі тыя самыя жывёліны, якіх бачыў я каля ракі Хавар. 16. І калі ішлі херувімы, тады ішлі каля іх і колы; і калі херувімы падымалі крылы свае, каб падняцца ад зямлі, і колы не аддзяляліся, а былі каля іх. 17. Калі тыя стаялі, стаялі і яны; калі тыя падымаліся, падымаліся і яны, бо ў іх быў дух жывёлін. 18. І адышла слава Гасподняя ад парога Дома і стала над херувімамі. 19. І паднялі херувімы крылы свае і падняліся на маіх вачах ад зямлі; калі яны адыходзілі, дык і колы каля іх; і сталі каля ўваходу ва ўсходнюю браму Дома Гасподняга, і слава Бога Ізраілевага ўгары над імі. 20. Гэта былі тыя самыя жывёліны, якіх бачыў я каля падножжа Бога Ізраілевага каля ракі Хавар. І я пазнаў, што гэта - херувімы. 21. У кожнага - па чатыры твары, і ў кожнага - па чатыры крылы, і пад крыламі ў іх падабенства рук чалавечых. 22. А падабенства твараў іхніх - тое самае, якія твары бачыў я каля ракі Хавар, - і выгляд у іх, і самыя яны. Кожны ішоў проста ў той бок, які быў перад абліччам ягоным.
* Віхура
РАЗЬДЗЕЛ 11
1. І падняў мяне Дух і прывёў мяне да ўсходняе брамы Дома Гасподняга, якая павернута на ўсход. І вось, - каля ўваходу ў браму дваццаць пяць чалавек; і сярод іх я бачыў Язанію, сына Азуравага, і Фалтыю, сына Ванэевага, князёў народу. 2. І Ён сказаў мне: сыне чалавечы! вось людзі, якім наўме беззаконнасьць, і якія даюць благую раду ў горадзе гэтым, 3. кажучы: «яшчэ ня блізка; будзем будаваць дамы; ён* кацёл, а мы мяса». 4. Таму вымаві на іх прароцтва, прароч, сыне чалавечы. 5. І сышоў на мяне Дух Гасподні і сказаў мне: скажы, так кажа Гасподзь: што кажаце вы, доме Ізраілеў, і што наўме вам, гэта Я ведаю. 6. Шмат забітых вашых вы паклалі ў горадзе гэтым, і вуліцы яго напоўнілі трупамі. 7. Таму так кажа Гасподзь Бог: забітыя вашыя, якіх вы паклалі сярод яго, гэта мяса, а ён - кацёл; але вас Я выведу зь яго. 8. Вы баіцеся меча, і Я навяду на вас меч, кажа Гасподзь Бог. 9. І выведу вас зь яго, і аддам вас у руку чужым, і ўчыню над вамі суд. 10. Ад меча загінеце; на межах Ізраілевых буду судзіць вас, і ўведаеце, што Я - Гасподзь. 11. Ён ня будзе вам катлом, і вы ня будзеце ў ім мясам; на межах Ізраілевых буду судзіць вас. 12. І ўведаеце, што Я - Гасподзь; бо паводле запаведзяў Маіх вы не хадзілі, і пастановаў Маіх ня выконвалі, а дзейнічалі паводле пастановаў народаў, якія акружаюць вас. 13. І было, калі я прарочыў, Фалтыя, сын Ванэеў, памёр. І ўпаў я на аблічча і залямантаваў гучным голасам, і сказаў: о, Госпадзе Божа! няўжо Ты хочаш да канца вынішчыць рэшту Ізраіля? 14. І было мне слова Гасподняе: 15. сыне чалавечы! тваім братам, тваім братам, тваім адзінакроўным і ўсяму дому Ізраілеваму, усім ім гавораць жыхары Ерусаліма: «жывеце далёка ад Госпада; нам на ўладаньне аддадзена гэтая зямля». 16. На гэта скажы: так кажа Гасподзь Бог: хоць Я і выслаў іх да народаў, і хоць расьсеяў іх па землях, але Я буду ім нейкай сьвятыняй у тых землях, куды пайшлі яны. 17. Пасьля скажы: так кажа Гасподзь Бог: Я зьбяру вас з народаў, і вярну вас зь земляў, у якія вы расьсеяны; і дам вам зямлю Ізраілевую. 18. І прыйдуць туды, і выкінуць зь яе ўсе гнюсоты яе і ўсе гідоты яе. 19. І дам ім сэрца адзінае, і дух новы пакладу ў іх, і вазьму з плоці іхняй сэрца каменнае, і дам ім сэрца плацяное, 20. каб яны хадзілі паводле запаведзяў Маіх і трымаліся пастановаў Маіх, і выконвалі іх; і будуць Маім народам, а Я буду іхнім Богам. 21. А чыё сэрца памкнецца сьледам за гнюсотамі іхнімі і гідотамі іхнімі, паводзіны тых абярну на іхнія ж галовы, кажа Гасподзь Бог. 22. Тады херувімы паднялі крылы свае і колы каля іх; і слава Бога Ізраілевага ўгары над імі. 23. І паднялася слава Госпада зь сярэдзіны горада і спынілася над гарою, якая на ўсход ад горада. 24. І дух падняў мяне і перанёс мяне ў Халдэю да перасяленцаў, ва ўяве, Духам Божым, і адышла ад мяне ўява, якую я бачыў. 25. І я пераказаў перасяленцам усе словы Госпада, якія Ён адкрыў мне.
* Горад
РАЗЬДЗЕЛ 12
1. І было мне слова Гасподняе: 2. сыне чалавечы! ты жывеш сярод дому мяцежнага; у іх ёсьць вочы, каб бачыць, а ня бачаць; у іх ёсьць вушы, каб слухаць, а ня чуюць; бо яны - мяцежны дом. 3. А ты, сыне чалавечы, падрыхтуй сабе патрэбнае для перасяленьня, і сярод дня перасяляйся на вачах у іх, і перасяляйся зь месца твайго ў іншае месца на вачах у іх; магчыма, яны ўразумеюць, хоць яны - дом мяцежны; 4. і рэчы твае вынесі, як рэчы, патрэбныя пры перасяленьні, удзень, на вачах у іх, і сам выйдзі ўвечары на вачах у іх, як выходзяць для перасяленьня. 5. На вачах у іх праламі сабе дзіру ў сьцяне, і вынесі празь яе. 6. На вачах у іх вазьмі ношку на плечы, упоцемках вынесі яе, твар твой захіні, каб ня бачыць зямлі; бо Я паставіў цябе азнакаю дому Ізраілеваму. 7. І зрабіў я, як было мне загадана; рэчы мае, як рэчы, патрэбныя пры перасяленьні, вынес удзень, а ўвечары праламаў сабе рукою дзірку ў сьцяне, упоцемках вынес ношку і падняў на плечы на вачах у іх. 8. І было мне слова Гасподняе раніцай: 9. сыне чалавечы! ці не казаў табе дом Ізраілеў, дом мяцежны: што ты робіш? 10. Скажы ім: так кажа Гасподзь Бог: гэта - прадвесьце таму, хто ўзначальвае ў Ерусаліме, і ўсяму дому Ізраілеваму, які там. 11. Скажы: я азнака вам; што раблю я, тое будзе зь імі, - на перасяленьне, у палон пойдуць яны. 12. І той, хто ўзначальвае, які сярод іх, упоцемках падыме ношку на плечы і выйдзе. Сьцяну праломяць, каб выправіць яго празь яе; ён захіне твар свой, так што ня ўбачыць вачыма зямлі гэтай. 13. І раскіну на яго сетку Маю, і будзе злоўлены ў цянёты Мае, і завяду яго ў Вавілон, у зямлю Халдэйскую, але ён ня ўбачыць яе, і там памрэ. 14. А ўсіх, што вакол яго, спаборнікаў ягоных і ўсё войска ягонае разьвею па ўсіх вятрах, і агалю ўсьлед ім меч. 15. І ўведаюць, што Я - Гасподзь, калі расьсею іх па народах і разьвею іх па землях. 16. Але невялікую лічбу іх Я захаваю ад меча, голаду і пошасьці, каб яны расказалі народам, да якіх пойдуць, пра ўсе свае гідоты: і ўведаюць, што Я - Гасподзь. 17. І было мне слова Гасподняе: 18. сыне чалавечы! хлеб твой еж з трапятаньнем, і ваду тваю пі з дрыжаньнем і смуткам. 19. І скажы народу зямлі: так кажа Гасподзь Бог пра жыхароў Ерусаліма, пра зямлю Ізраілевую: яны хлеб свой будуць есьці і ваду сваю будуць піць у маркоце, бо зямля яго будзе пазбаўлена шчадротаў за няпраўды ўсіх, хто жыве на ёй. 20. І будуць спустошаны населеныя гарады, і зямля зробіцца пустою, і ўведаеце, што Я - Гасподзь. 21. І было мне слова Гасподняе: 22. сыне чалавечы! якая прымаўка ў вас, у зямлі Ізраілевай: «шмат дзён пройдзе, і ўсякая прарочая ўява зьнікне»? 23. Таму скажы ім; так кажа Гасподзь Бог: зьнішчу гэтую прымаўку, і ня будуць ужо ўжываць такой прымаўкі ў Ізраіля; але скажы ім: блізкія дні, калі збудзецца кожная ўява прарочая. 24. Бо ўжо не застанецца марнай ніякая ўява прарочая, і ніводнае прадвесьце ня будзе ілжывым у доме Ізраілевым. 25. Бо Я Гасподзь кажу, збудзецца і ня будзе адкладзена; у вашыя дні, мяцежны дом, Я прамовіў слова, і выканаю яго, кажа Гасподзь Бог. 26. І было мне слова Гасподняе: 27. сыне чалавечы! вось, дом Ізраілеў кажа: «прарочая ўява, якую бачыў ён, збудзецца пасьля многіх дзён, і ён прарочыць пра далёкія часіны». 28. Таму скажы ім: так кажа Гасподзь Бог: ніводнае з слоў Маіх ужо ня будзе адкладзена, але слова, якое Я скажу, збудзецца, кажа Гасподзь Бог.
РАЗЬДЗЕЛ 13
1. І было мне слова Гасподняе: 2. сыне чалавечы! вымаві прароцтва на прарокаў Ізраілевых, якія прарочаць, і скажы прарокам ад свайго сэрца: слухайце слова Гасподняе! 3. Так кажа Гасподзь Бог: гора неразумным прарокам, якія водзяцца сваім духам, і нічога ня бачылі! 4. Прарокі твае, Ізраіле, як лісы ў руінах. 5. У праломіны вы не ўваходзіце і не агароджваеце сьцяною дому Ізраілевага, каб цьвёрда стаяць у бітве ў дзень Госпада. 6. Яны бачаць пустое і наперад узьвяшчаюць ілжу, кажучы: «Гасподзь сказаў»; а Гасподзь не пасылаў іх; і абнадзейваюць, што слова спраўдзіцца. 7. Ці ня пустую ўяву бачылі вы? І ці ня ілжывае прадвесьце вымаўляеце, кажучы: «Гасподзь сказаў», а Я не казаў? 8. Таму так кажа Гасподзь Бог: як што вы гаворыце пустое і бачыце ва ўявах ілжу, за гэта вось Я - на вас, кажа Гасподзь Бог. 9. І будзе рука Мая супроць гэтых прарокаў, якія бачаць пустое і наперад абвяшчаюць ілжу; на радзе народу Майго яны ня будуць і ў сьпіс дому Ізраілевага ня ўпішуцца, і ў зямлю Ізраілевую ня ўвойдуць; і ўведаеце, што Я - Гасподзь Бог. 10. За тое, што яны ўводзяць народ Мой у зман, кажучы: «мір», тым часам як міру няма; і калі ён будуе сьцяну, яны пэцкаюць яе брудам, 11. скажы тым, якія пэцкаюць сьцяну брудам, што яна ўпадзе. Пачнецца зьліва, і вы, каменныя градзіны, упадзяце, і бурлівы вецер парве яе. 12. І вось, абваліцца сьцяна; тады ці ня скажуць вам: «дзе тая абмазка, якою вы абмазвалі?» 13. Таму так кажа Гасподзь Бог: Я пушчу бурлівы вецер у гневе Маім, і пачнецца зьліва ў лютасьці Маёй, і камяні граду ў абурэньні Маім, на вынішчэньне. 14. І разбуру сьцяну, якую вы пэцкалі брудам, абвалю яе на зямлю, і адкрыецца аснова яе, і ўпадзе, і вы разам зь ёю загінеце; і ўведаеце, што Я - Гасподзь. 15. І вычарпаю лютасьць Маю на сьцяне і на тых, што пэцкаюць яе брудам, і скажу вам: няма сьцяны, і няма тых, што пэцкаюць яе 16. прарокаў Ізраілевых, якія прарочылі Ерусаліму і абвяшчалі яму ўявы міру, тым часам як міру няма, кажа Гасподзь Бог. 17. А ты, сыне чалавечы, павярні аблічча тваё да дочак народу твайго, якія прарочаць ад уласнага сэрца свайго, і прамові на іх прароцтва, 18. і скажы: так кажа Гасподзь Бог: гора тым, якія шыюць чарадзейныя мяшэчкі пад пахі і робяць пакрывалы на галаву ўсякага росту, каб лавіць душы! Няўжо, ловячы душы народу Майго, вы ўратуеце вашыя душы? 19. І няславіце Мяне перад народам Маім за прыгаршчы ячменю і за кавалкі хлеба, усьмерчваючы душы, якія не павінны памерці, і пакідаючы жыцьцё душам, якія не павінны жыць, ашукваючы народ, які слухае ману. 20. Таму так кажа Гасподзь Бог: вось, Я на вашыя чарадзейныя мяшэчкі, якімі вы там ловіце душы, каб яны прыляталі, і вырву іх з-пад мышцаў вашых і пушчу на свабоду душы, якія вы ловіце, каб прыляталі да вас. 21. І разьдзяру пакрывалы вашыя і выбаўлю народ Мой ад рук вашых і ня будуць ужо ў руках вашых здабычаю, і ўведаеце, што Я - Гасподзь. 22. За тое, што вы хлусьнёю засмучаеце сэрца праведніка, якое Я не захацеў засмучаць, і падтрымліваеце рукі беззаконьніка, каб ён ня збочыў з заганнага шляху свайго і не захаваў жыцьця свайго, 23. за гэта ўжо ня будзеце мець пустых уяваў і наперад ня будзеце варажыць: і Я выбаўлю народ Мой ад рук вашых, і ўведаеце, што Я - Гасподзь.
РАЗЬДЗЕЛ 14
1. І прыйшлі да мяне некалькі чалавек з старэйшынаў Ізраілевых і селі перад абліччам Маім. 2. І было мне слова Гасподняе; 3. сыне чалавечы! Гэтыя людзі дапусьцілі ідалаў сваіх у сэрца сваё і паставілі спакусу бязбожнасьці сваёй перад абліччам сваім: ці магу Я адказваць ім? 4. Таму гавары зь імі і скажы ім: так кажа Гасподзь Бог, калі хто з дому Ізраілевага дапусьціць ідалаў сваіх у сэрца сваё і паставіць спакусу бязбожнасьці сваёй перад абліччам сваім і прыйдзе да прарока, - дык Я, Гасподзь, ці магу, пры мностве ідалаў ягоных, даць яму адказ? 5. Няхай дом Ізраілеў уразумее ў сэрцы сваім, што ўсе яны праз сваіх ідалаў зрабіліся чужымі Мне. 6. Таму скажы дому Ізраілеваму: так кажа Гасподзь Бог: навярнецеся і адвярнецеся ад ідалаў вашых, і ад усіх мярзотаў вашых адвярнеце аблічча ваша. 7. Бо калі хто з дому Ізраілевага і з прыхадняў, якія жывуць у Ізраіля, адпадзе ад Мяне і дапусьціць ідалаў сваіх у сэрца сваё, і паставіць спакусу бязбожнасьці сваёй перад абліччам сваім і прыйдзе да прарока папытацца ў Мяне празь яго, - дык Я, Гасподзь, ці дам яму адказ ад Сябе? 8. Я павярну аблічча Маё супроць таго чалавека і скрышу яго ў азнаку і прыклад і вынішчу яго з народу Майго, і ўведаеце, што Я - Гасподзь. 9. А калі прарок дапусьціць змусьціць сябе і скажа слова так, як бы Я, Гасподзь, навучыў гэтага прарока, дык Я працягну на яго руку Маю і зьнішчу яго з народу Майго, Ізраіля. 10. І панясуць віну беззаконьня свайго. Якая віна таго, хто пытаецца, такая будзе віна і прарока, 11. каб наперад дом Ізраілеў ня ўхіляўся ад Мяне і каб больш не апаганьвалі сябе ўсякімі беззаконьнямі сваімі, а каб былі Маім народам, і Я быў іх Богам, кажа Гасподзь Бог. 12. І было мне слова Гасподняе: 13. сыне чалавечы! калі б якая зямля зграшыла перад Мною, вераломна адступіўшыся ад Мяне, і Я працягнуў на яе руку Маю і зьнішчыў у ёй хлебную апору і паслаў на яе голад і пачаў губіць на ёй людзей і быдла, 14. і калі б знайшліся ў ёй гэтыя тры мужы: Ной, Данііл і Ёў, - дык яны праведнасьцю сваёю выратавалі б толькі свае душы, кажа Гасподзь Бог. 15. Альбо, калі б Я паслаў на гэтую зямлю лютых зьвяроў, якія асірацілі б яе, і яна ад тых зьвяроў зрабілася б пустою і непраходнаю, 16. дык гэтыя тры мужы сярод яе, - жыву Я, кажа Гасподзь Бог, - ня выратавалі б ні сыноў, ні дочак, а яны, толькі яны ўратаваліся б, зямля ж зрабілася б пустыняю. 17. Альбо, калі б я навёў на тую зямлю меч і сказаў: «меч, прайдзі па зямлі!» і пачаў зьнішчаць на ёй людзей і быдла, 18. дык гэтыя тры мужы сярод яе, - жыву Я, кажа Гасподзь, - ня выратавалі б ні сыноў, ні дочак, а яны толькі ўратаваліся б. 19. Альбо, калі б Я паслаў на тую зямлю згубную пошасьць і выліў на яе лютасьць Маю ў праліваньні крыві, каб зьнішчыць на ёй людзей і быдла, 20. дык Ной, Данііл і Ёў сярод яе, - жыву Я, кажа Гасподзь Бог, - не ўратавалі б ні сыноў, ні дочак; праведнасьцю сваёй яны ўратавалі б толькі свае душы. 21. Бо так кажа Гасподзь Бог: калі і чатыры кары Мае - меч і голад, і лютых зьвяроў і згубную пошасьць - пашлю на Ерусалім, каб зьнішчыць у ім людзей і быдла, 22. і тады застанецца ў ім рэшта, сыны і дочкі, якія будуць выведзены адтуль; вось, яны выйдуць да вас, і вы ўбачыце паводзіны іх і дзеі іхнія і суцешыцеся ў тым бедстве, якое Я навёў на Ерусалім, ва ўсім, што Я навёў на яго. 23. Яны суцешаць вас, калі вы ўбачыце паводзіны іх і дзеі іхнія; і ўведаеце, што Я ня марна зрабіў усё тое, што зрабіў у ім, кажа Гасподзь Бог.
РАЗЬДЗЕЛ 15
1. І было мне слова Гасподняе: 2. сыне чалавечы! якую перавагу мае дрэва вінаграднай лазы перад усякім іншым дрэвам і вецьце вінаграднай лазы - сярод дрэў у лесе? 3. Ці бяруць ад яго кавалак на які-небудзь выраб? Ці бяруць ад яго хоць на цьвік, каб вешаць на ім якую-небудзь рэч? 4. Вось, яно аддаецца агню, каб зьеў яго; абодва канцы яго агонь зьеў, і абгарэла сэрца яго; ці прыдатнае яно на які-небудзь выраб? 5. І тады, як яно было цэлае, не прыдавалася ні на які выраб; тым болей, калі агонь зьеў яго, і яно абгарэла, ці прыдатнае яно на які-небудзь выраб? 6. Таму так кажа Гасподзь Бог: як дрэва вінаграднай лазы сярод дрэваў лясных Я аддаў агню, каб зьеў яго, так аддам яму і жыхароў Ерусаліма. 7. І павярну аблічча Маё супроць іх; з аднаго агню выйдуць, і другі агонь зжарэ іх, - і ўведаеце, што Я - Гасподзь, калі павярну супроць іх аблічча Маё. 8. І зраблю гэтую зямлю пустыняю за тое, што яны вераломна ўчынялі, кажа Гасподзь Бог.
РАЗЬДЗЕЛ 16
1. І было мне слова Гасподняе: 2. сыне чалавечы! выкажы Ерусаліму гідоты ягоныя 3. і скажы: так кажа Гасподзь Бог дачцэ Ерусаліма: твой корань і твая радзіма - у зямлі Ханаанскай; бацька твой - Амарэй, і маці твая - Хэтэянка; 4. пры нараджэньні тваім - у дзень, калі ты нарадзілася, - пупа твайго не адрэзалі, і вадою ты ня была абмыта дзеля ачышчэньня і сольлю ня была асолена і пялюшкамі не спавіта. 5. Нічыё вока не ўмілажалілася зь цябе, каб зь літасьці да цябе зрабіць табе што-небудзь з гэтага; але ты выкінута была на поле, паводле пагарды да жыцьця твайго, у дзень нараджэньня твайго. 6. І праходзіў Я міма цябе і ўгледзеў цябе, кінутую на патаптаньне ў крыві тваёй, і сказаў табе: «у крыві тваёй жыві!» Так Я сказаў табе: «у крыві тваёй жыві!» 7. Памножыў цябе як польныя расьліны; ты вырасла і зрабілася вялікая, і дасягнула найвыдатнейшай прыгажосьці; падняліся грудзі, і валасы ў цябе вырасьлі; але ты была голая і ненакрытая. 8. І праходзіў Я міма цябе, і вось, гэта быў час твой, час любові; і раскінуў Я раскрыльле шатаў Маіх на цябе і накрыў галізну тваю; і прысягнуў табе і ўступіў у спрымірэнства з табою, кажа Гасподзь Бог, - і ты стала Маёю. 9. Абмыў Я цябе вадою і змыў зь цябе кроў тваю і памазаў цябе алеем. 10. І надзеў на цябе ўзорыстую сукенку і абуў цябе ў саф'янавыя сандалі, і аперазаў цябе вісонам і накрыў цябе шаўковым пакрывалам. 11. І ўбраў цябе ў строі і паклаў на рукі твае запясьці і на шыю тваю - пацеркі. 12. І даў табе колца на твой нос і завушніцы - да вушэй тваіх і на галаву тваю - цудоўны вянок. 13. Так упрыгожвалася ты золатам і срэбрам, і вопратка твая была вісон і шоўк і ўзорыстая тканіна; кармілася ты хлебам з найлепшай пшанічнай мукі, мёдам і алеем, і была вельмі-вельмі прыгожая і дасягнула царскай велічы. 14. І пранеслася па народах слава твая дзеля прыгажосьці тваёй, бо яна была цалкам дасканалая пры тых цудоўных строях, якія Я ўсклаў на цябе, кажа Гасподзь Бог. 15. Але ты паспадзявалася на прыгажосьць тваю і, карыстаючыся славаю тваёю, пачала блудадзейнічаць і накідала блудадзейства тваё на кожнага, хто праходзіў міма, аддаючыся яму. 16. І ўзяла з вопраткі тваёй і зрабіла сабе каляровыя ўзвышэньні і блудадзеяла на іх, як ніколі ня здарыцца і ня будзе. 17. І ўзяла строевыя твае рэчы з Майго золата і з Майго срэбра, якія Я даў табе, і зрабіла сабе мужчынскія выявы і блудадзейнічала зь імі. 18. І ўзяла ўзорыстыя сукенкі твае і апранула іх у іх, і ставіла перад імі алей Мой і фіміям Мой, 19. і хлеб Мой, які Я даваў табе, пшанічную муку і алей і мёд, якімі Я карміў цябе, ты ставіла перад імі ў прыемныя пахошчы; і гэта было, кажа Гасподзь Бог. 20. І ўзяла сыноў тваіх і дочак тваіх, якіх ты нарадзіла Мне, і прыносіла ў ахвяру, каб яны іх зьелі. Ці мала было табе блудадзейнічаць? 21. Але ты і сыноў Маіх заколвала і аддавала ім, праводзячы іх праз агонь. 22. І пры ўсіх тваіх гідотах і блудадзействах тваіх ты не ўзгадала пра дні маладосьці тваёй, калі ты была голая і ненакрытая і кінутая ў крыві тваёй на патаптаньне. 23. І пасьля ўсіх зладзействаў тваіх, - гора, гора табе! кажа Гасподзь Бог, 24. ты збудавала сабе блудзільні і нарабіла сабе ўзвышэньняў на кожнай плошчы; 25. на пачатку кожнай дарогі нарабіла сабе ўзвышэньняў, ганьбіла прыгажосьць тваю і раскідвала ногі твае кожнаму, хто праходзіў міма, і памножыла блудадзействы твае. 26. Блудадзеяла з сынамі Егіпта - суседзямі тваімі, людзьмі рослымі - і памножыла блудадзействы твае, гневаючы Мяне. 27. І вось, Я працягнуў на цябе руку Маю і паменшыў назначанае табе і аддаў цябе сваволі дачок Філістымскіх, якія ненавідзяць цябе і пасаромеліся саромных паводзінаў тваіх. 28. І блудадзеяла ты з сынамі Асура - і не насыцілася, блудадзеяла зь імі, але тым не задаволілася; 29. і памножыла блудадзействы твае ў зямлі Ханаанскай да Халдэі, але і там не задаволілася. 30. Як стомлена павінна быць сэрца тваё, кажа Гасподзь Бог, калі ты ўсё гэта рабіла, бы неакілзаная блудадзейка! 31. Калі ты будавала сабе блудзільні на пачатку кожнай дарогі і рабіла сабе ўзвышэньні на кожнай плошчы, ты была не як блудадзейка, бо ты адхіляла дарункі, 32. а як жанчына-пералюбніца, якая прымае замест свайго мужа чужых. 33. Усім блудадзейкам даюць дарункі, а ты сама давала дарункі ўсім палюбоўнікам тваім і падкупляла іх, каб яны з усіх бакоў прыходзілі да цябе блудадзеяць з табою. 34. У цябе ў блудадзействах тваіх было супраціўнае таму, што бывае з жанчынамі: не за табою ганяліся, а ты давала дарункі, а табе не давалі дарункаў; і таму ты рабіла супраціўна іншым. 35. Таму паслухай, блудадзейка, слова Гасподняе! 36. Так кажа Гасподзь Бог: за тое, што ты так сыпала грошы твае і ў блудадзействах тваіх адкрывалася галізна твая перад палюбоўнікамі тваімі і перад усімі мярзотнымі ідаламі тваімі, і за кроў сыноў тваіх, якіх ты аддавала ім, 37. за тое вось, Я зьбяру ўсіх палюбоўнікаў тваіх, якімі ты распацешвалася і якіх ты кахала, з усімі тымі, якіх ненавідзела, і зьбяру іх адусюль супроць цябе і адкрыю перад імі галізну тваю - і ўбачаць усю сарамату тваю. 38. Я буду судзіць цябе судом пералюбніц і тых, што праліваюць кроў, - і аддам цябе крывавай лютасьці і рэўнасьці; 39. аддам цябе ў рукі іх, - і яны разбураць блудзільні твае, і раскідаюць узвышэньні твае, і сарвуць зь цябе вопратку тваю, і возьмуць уборы твае, і пакінуць цябе голую і ненакрытую. 40. І склічуць на цябе сход і паб'юць цябе камянямі і перасякуць цябе мечамі сваімі, 41. спаляць дамы твае агнём і ўчыняць над табою суд на вачах у многіх жанчын; і пакладу канец блудадзейству твайму, і ня будзеш ужо даваць дарункаў. 42. І спатолю табою гнеў Мой, і адступіць ад цябе абурэньне Маё, і супакоюся і ўжо ня буду гневацца. 43. За тое, што ты не ўзгадала пра дні маладосьці тваёй і ўсім гэтым раздражняла Мяне, вось, і Я паводзіны твае абярну на галаву тваю, кажа Гасподзь Бог, каб ты не аддавалася болей распусьце пасьля ўсіх тваіх мярзотаў. 44. Вось, кожны, хто гаворыць выслоўямі, можа сказаць пра цябе: «якая маці, такая і дачка». 45. Ты - дачка ў маці твае, якая кінула мужа свайго і дзяцей сваіх, і ты - сястра ў сёстраў тваіх, якія кінулі мужоў сваіх. Маці ваша Хэтэянка, і бацька ваш Амарэй. 46. А большая сястра твая - Самарыя, якая з дочкамі сваімі жыве зьлева ад цябе; а меншая сястра твая, якая жыве справа ад цябе, ёсьць Садома з дочкамі яе. 47. Але ты і ня іхнімі шляхамі хадзіла і не паводле іхніх мярзотаў чыніла; гэтага было мала; ты паводзілася распусьней за іх на ўсіх шляхах тваіх. 48. Жыву Я, кажа Гасподзь Бог; Садома, сястра твая, не рабіла таго сама і яе дочкі, што рабіла ты і дочкі твае. 49. Вось, у чым была беззаконнасьць Садомы, сястры тваёй і дочак яе: у ганарлівасьці, перасычанасьці і гультайстве, і яна рук беднага і ўбогага не падтрымлівала, 50. І заганарыліся яны і рабілі мярзоты перад абліччам Маім, і, убачыўшы гэта, Я адкінуў іх. 51. І Самарыя палавіны грахоў тваіх не награшыла; ты пераўзышла іх мярзотамі тваімі, і праз твае мярзоты, якія рабіла ты, сёстры твае апынуліся справядлівейшыя за цябе. 52. Нясі ж пасаромленьне тваё і ты, якая асуджала сёстраў тваіх; паводле грахоў тваіх, якімі ты зганьбіла сябе больш за іх, яны справядлівейшыя за цябе. Чырваней жа ад сораму і ты, і нясі пасарамленьне тваё, як апраўданьне сёстраў тваіх. 53. Але Я вярну іхні палон, палон Садомы і дочак яе, палон Самарыі і дочак яе, і паміж імі палон паланёных тваіх, 54. каб ты несла пасарамленьне тваё і саромелася ўсяго таго, што рабіла, служачы ім суцяшэньнем. 55. І сёстры твае, Садома і дочкі яе, вернуцца ў ранейшы свой стан; і Самарыя і дочкі яе вернуцца ў ранейшы стан свой, і ты і дочкі твае вернецеся ў ранейшы стан ваш. 56. Пра сястру тваю Садому і згадкі ня было ў вуснах тваіх у дні ганарлівасьці тваёй, 57. пакуль не адкрыта была бязбожнасьць твая, як у час пасарамленьня ад дочак Сірыі і ўсіх навакольных яе, ад дочак Філістымы, якія глядзелі на цябе з пагардай з усіх бакоў. 58. За распусту тваю і за мярзоты твае церпіш ты, кажа Гасподзь. 59. Бо так кажа Гасподзь Бог: Я зраблю з табою, як рабіла ты, патаптаўшы прысягу парушэньнем спрымірэнства. 60. Але Я прыгадаю спрымірэнства Маё з табою ў дні маладосьці тваёй, і аднаўлю з табою вечнае спрымірэнства. 61. І ты ўзгадаеш пра шляхі твае, і будзе сорамна табе, калі пачнеш прымаць да сябе сёстраў тваіх, большых за цябе, як і меншых за цябе, і калі Я буду даваць табе іх у дочкі, а не ад твайго спрымірэнства. 62. Я аднаўлю спрымірэнства Маё з табою, і ўведаеш, што Я - Гасподзь, 63. дзеля таго, каб ты памятала і саромелася, і каб наперад нельга было табе і рота разьзявіць ад сораму, калі Я дарую табе ўсё, што ты рабіла, кажа Гасподзь Бог.
РАЗЬДЗЕЛ 17
1. І было мне слова Гасподняе: 2. сыне чалавечы! прапануй загадку і скажы прыпавесьць дому Ізраілеваму. 3. Скажы: так кажа Гасподзь Бог: вялікі арол зь вялікімі крыламі, з доўгімі пёрамі, пушысты, перысты прыляцеў на Ліван і зьняў з кедра вяршаліну, 4. сарваў верхні малады парастак і прынёс яго ў зямлю Ханаанскую, у горадзе гандляроў пасадзіў яго; 5. і ўзяў з насеньня гэтай зямлі і пасадзіў на зямлі насеньня, разьмясьціў каля вялікіх водаў, як садзяць вярбу. 6. І яно вырасла і зрабілася вінаграднаю лазою, шырокаю, нізкаю ростам, гольле якое хілілася да яе, і карані яе былі пад ёю, і зрабілася вінаграднаю лазою - і дало парасьці і пусьціла вецьце. 7. І яшчэ быў арол зь вялікімі крыламі і пушысты; і вось, гэтая вінаградная лаза пацягнулася да яго сваімі каранямі і працягнула да яго галіны свае, каб ён паліваў яе з барознаў расадніка свайго. 8. Яна была пасаджана на добрым полі, каля вялікіх водаў, так што магла пускаць вецьце і радзіць плод, зрабіцца лазою цудоўнаю. 9. Скажы: так кажа Гасподзь Бог: ці будзе ёй посьпех? Ці ня вырвуць карэньне яе і ці не абарвуць плады яе, так што яна ўсохне? усе маладыя галіны, што адрасьлі ад яе, усохнуць. І не зь вялікаю сілаю і ня з многімі людзьмі сарвуць яе з каранёў яе. 10. І вось, хоць яна пасаджана, але ці будзе посьпех? ці ня высахне яна, як толькі дыхне на яе ўсходні вецер? высахне на градах, дзе вырасла. 11. І было мне слова Гасподняе: 12. скажы мяцежнаму дому: хіба ня ведаеце, што гэта азначае? - Скажы: прыйшоў цар Вавілонскі ў Ерусалім, і ўзяў цара ягонага і князёў ягоных і прывёў іх да сябе ў Вавілон. 13. І ўзяў іншага з царскага роду і ўчыніў зь ім спрымірэнства, і абавязаў яго клятваю і ўзяў моцных зямлі той з сабою, 14. каб царства было пакорлівае, каб не магло падняцца, каб захоўвалася спрымірэнства і стаяла цьвёрда. 15. Але той адпаў ад яго, паслаўшы паслоў сваіх у Егіпет, каб далі яму коней і шмат людзей. Ці будзе яму посьпех? Ці ацалее той, хто гэта робіць? Ён парушыў спрымірэнства - і ці ацалее? 16. Жыву Я, кажа Гасподзь Бог: у месцы, дзе цар, які паставіў яго царом, і дадзеную яму клятву ён пагардзіў і парушыў спрымірэнства сваё зь ім, ён памрэ ў яго ў Вавілоне. 17. Зь вялікаю сілаю і шматлікім народам фараон нічога ня зробіць дзеля яго ў гэтай вайне, калі будзе насыпаны вал і пабудаваны будуць абложныя вежы на пагібель многіх душаў. 18. Ён пагардзіў клятваю, каб парушыць спрымірэнства, і вось, даў руку сваю і зрабіў усё гэта; ён не ацалее. 19. Таму так кажа Гасподзь Бог: жыву Я! клятву Маю, якою ён пагардзіў, і спрымірэнства Маё, якое ён парушыў, Я абярну на яго галаву. 20. І закіну на яго сетку Маю, і злоўлены будзе ў цянёты Мае; і прывяду яго ў Вавілон і там буду судзіцца зь ім за вераломства яго супроць Мяне. 21. І ўсе ўцекачы ягоныя з усіх рушэньняў ягоных загінуць ад меча, а хто застанецца, разьвеяныя будуць па ўсіх вятрах; і ўведаеце, што Я, Гасподзь, сказаў гэта. 22. Так кажа Гасподзь Бог: і вазьму я зь верху высокага кедра - і пасаджу; зь верхніх парасткаў ягоных адарву пяшчотную парасьліну і пасаджу на высокай і велічнай гары. 23. На высокай гары Ізраілевай пасаджу яго, - і пусьціць вецьце і ўродзіць плод і зробіцца велічным кедрам, і будуць вадзіцца пад ім усякія птушкі, усякія крылатыя будуць вадзіцца ў цяні гольля яго. 24. І ўведаюць усе дрэвы польныя, што Я, Гасподзь, высокае дрэва паніжаю, нізкае дрэва павышаю, зялёнае дрэва сушу, а сухое дрэва раблю квяцістым: Я, Гасподзь, сказаў і зраблю.
РАЗЬДЗЕЛ 18
1. І было мне слова Гасподняе: 2. навошта вы ўжываеце ў зямлі Ізраілевай гэтую прымаўку, кажучы: «бацькі елі кіслы вінаград, а ў дзяцей на зубах аскома»? 3. Жыву Я! кажа Гасподзь Бог, ня будуць наперад казаць прымаўку гэтую ў Ізраілі. 4. Бо вось, усе душы - Мае: як бацькава душа, так і душа сынава - Мае; душа, якая грэшыць, памрэ. 5. Калі хто праведны і чыніць суд і праўду, 6. на горах ахвярнага ня есьць і да ідалаў дому Ізраілевага не зьвяртае вачэй сваіх, жонкі блізкага свайго не апаганьвае і да свае жонкі ў час ачышчэньня яе нячыстотаў не набліжаецца, 7. нікога ня ўціскае, пазычэнцу вяртае заклад ягоны, захопаў ня робіць, хлеб свой дае галоднаму і голага накрываае вопраткай, 8. у ліхву не дае і ліхвы не бярэ, ад няпраўды стрымлівае руку сваю, суд чалавеку з чалавекам учыняе правільна, 9. учыняе паводле запаведзяў Маіх і трымаецца пастановаў Маіх шчыра; дык ён - праведнік, ён напэўна будзе жывы, кажа Гасподзь Бог. 10. але калі ў яго нарадзіўся сын разбойнік, які пралівае кроў і робіць што-колечы з таго, 11. чаго ён сам зусім не рабіў: і на горах есьць ахвярнае і жонку блізкага свайго апаганьвае. 12. беднага і ўбогага ўціскае, гвалтам адбірае, закладу не вяртае і да ідалаў зьвяртае вочы свае, робіць гідоту, 13. у рост дае і бярэ ліхву, - дык ці ж будзе ён жывы. Не, ён ня будзе жывы. Хто робіць усе такія гідоты, той мусова памрэ, кроў яго будзе на ім. 14. Але калі ў каго нарадзіўся сын, які, бачачы грахі бацькі свайго, як ён робіць, бачыць - і ня робіць падобна, як яны: 15. на горах ахвярнага ня есьць, да ідалаў дому Ізраілевага не зьвяртае вачэй сваіх, жонкі блізкага свайго не апаганьвае 16. і чалавека ня ўціскае, закладу не бярэ і гвалтам не адбірае, хлеб свой дае галоднаму і голага накрывае вопраткай, 17. ад крыўды беднаму стрымлівае руку сваю, росту і ліхвы не бярэ, выконвае Мае загады і паводзіцца паводле запаведзяў Маіх, - дык гэты не памрэ за беззаконнасьць бацькі свайго; ён будзе жывы. 18. А бацька ягоны, як што ён жорстка ўціскаў, рабаваў брата і нядобрае рабіў сярод свайго, вось, - ён памрэ за сваё беззаконьне. 19. Вы кажаце: «чаму ж сын не нясе віны бацькі свайго?» Бо сын робіць законна і справядліва, усе пастановы Мае шануе і выконвае іх; ён будзе жывы. 20. Душа, якая грэшыць, яна памрэ; сын не панясе віны бацькі і бацька не панясе віны сына, праўда справядлівага пры ім і застаецца і беззаконнасьць беззаконнага пры ім і застаецца. 21. І беззаконьнік, калі адвернецца ад усіх грахоў сваіх, якія рабіў, і будзе трымацца ўсіх пастановаў Маіх і паводзіцца законна і праведна, жывы будзе, не памрэ. 22. Усе злачынствы ягоныя, якія рабіў ён, не папомняцца яму; у праўдзе сваёй, якую будзе рабіць, ён жывы будзе. 23. Хіба Я хачу сьмерці беззаконьніка? кажа Гасподзь Бог. Ці ж не таго, каб ён адвярнуўся ад шляхоў сваіх і быў жывы? 24. І праведнік, калі адступіцца ад праўды сваёй і будзе паводзіцца няправедна, будзе рабіць усе тыя мярзоты, якія робіць беззаконьнік, ці будзе ён жывы? усе добрыя ўчынкі ягоныя, якія ён рабіў, не папомняцца; за беззаконьне сваё, якое робіць, і за грахі свае, у якіх грэшны, ён памрэ. 25. Але вы кажаце: «няправільны шлях Госпада». Паслухайце, доме Ізраілеў! Ці мой шлях няправільны? ці ж ня вашыя шляхі няправільныя? 26. Калі праведнік адступаецца ад праўды сваёй і ўчыняе беззаконьне і за гэта памірае, дык ён памірае за беззаконьне сваё, якое ўчыніў. 27. І беззаконьнік, калі адварочваецца ад беззаконьня свайго, якое ўчыняе, і чыніць суд і праўду, - да жыцьця верне душу сваю. 28. Бо ён убачыў і адвярнуўся ад усіх злачынстваў сваіх, якія ўчыняў; ён будзе жывы, не памрэ. 29. А дом Ізраілеў кажа: «няправільны шлях Госпада!» Ці ж Мае шляхі няправільныя, доме Ізраілеў? ці ж ня вашыя шляхі няправільныя? 30. Таму Я буду судзіць вас, доме Ізраілеў, кожнага паводле шляхоў ягоных, кажа Гасподзь Бог; пакайцеся і адвярнецеся ад усіх злачынстваў вашых, каб бязбожнасьць ня сталася вам на спатыкненьне. 31. Адкіньце ад сябе ўсе грахі вашыя, якімі грашылі вы, і стварэце сабе новае сэрца і новы дух: і навошта вам паміраць, доме Ізраілеў? 32. Бо Я не хачу сьмерці таму, хто памірае, кажа Гасподзь Бог; а навярнецеся - і жывеце!
РАЗЬДЗЕЛ 19
1. А ты падымі плач па князях Ізраіля 2. і скажы: што за львіца маці твая? разьмясьцілася сярод ільвоў, сярод маладых ільвоў гадавала ільвянятаў сваіх. 3. І выгадавала адно ільвяня сваё; яно зрабілася маладым ільвом, і навучыўся лавіць здабычу, еў людзей. 4. І пачулі пра яго народы; ён быў злоўлены ў яму іхнюю, і ў ланцугах завялі яго ў зямлю Егіпецкую. 5. І калі пачакаўшы яна ўбачыла, што надзея яе прапала, тады ўзяла другое сваё ільвяня і зрабіла яго маладым ільвом. 6. І, зрабіўшыся маладым ільвом, ён пачаў хадзіць сярод ільвоў і навучыўся лавіць здабычу, еў людзей 7. і апаганьваў удоваў іхніх і гарады іхнія спусташаў; і апусьцела зямля і ўсе селішчы яе ад рыку ягонага. 8. Тады паўсталі на яго народы з навакольных мясьцінаў і раскінулі на яго сетку сваю; ён злоўлены быў у яму іхнюю. 9. І пасадзілі яго ў клетку на ланцуг і завялі яго да цара Вавілонскага; завялі яго ў крэпасьць, каб ня чуцён ужо быў голас ягоны на горах Ізраілевых. 10. Твая маці была - як вінаградная лаза, пасаджаная каля вады; пладавітая і галінастая была яна ад багацьця вады. 11. І былі ў яе галіны моцныя для скіпетраў валадароў, і высока падняўся камель яе сярод густых галін; і выдзялялася яна вышынёю сваёю з мноствам галінаў сваіх. 12. Але ў гневе вырвана, кінута на зямлю, і ўсходні вецер высушыў плод яе; адарваны і высахлі галіны яе, агонь зжэр іх. 13. А цяпер яна перасаджана ў пустыню, у зямлю сухую і сьмяглую. 14. І выйшаў агонь з камля галін яе, зжэр плады яе, і не засталося на ёй галін моцных для скіпетра валадара. Гэта - сьлёзная песьня, і застанецца для плачу.
РАЗЬДЗЕЛ 20
1. І на сёмым годзе, пятым месяцы, у дзясяты дзень месяца прыйшлі мужы са старэйшынаў Ізраілевых спытацца ў Госпада і селі перад абліччам маім. 2. І было мне слова Гасподняе: 3. сыне чалавечы! гавары са старэйшынамі Ізраілевымі і скажы ім: так кажа Гасподзь Бог: вы прыйшлі спытацца ў Мяне? Жыву Я - ня дам вам адказу, кажа Гасподзь Бог. 4. Ці хочаш судзіцца зь імі, ці хочаш судзіцца, сыне чалавечы? выкажы ім гнюсоты бацькоў іхніх 5. і скажы ім: так кажа Гасподзь Бог: у той дзень, калі Я выбраў Ізраіля і, падняўшы руку Маю, прысягнуў племю дому Якаўлевага, і адкрыў Сябе ім у зямлі Егіпецкай і, падняўшы руку, сказаў ім: «Я - Гасподзь Бог ваш», 6. у той дзень, падняўшы руку Маю, Я прысягнуў ім вывесьці іх зь зямлі Егіпецкай у зямлю, якую Я нагледзеў ім, якая сочыцца малаком і мёдам, красу ўсіх земляў, 7. і сказаў ім: адкіньце кожны мярзоты ад вачэй вашых і не апаганьвайце сябе ідаламі Егіпецкімі: Я - Гасподзь Бог ваш! 8. Але яны ўзбурыліся супроць Мяне і не хацелі слухаць Мяне; ніхто не адкінуў мярзотаў ад вачэй сваіх і не пакінуў ідалаў Егіпецкіх. І Я сказаў: вылью на іх гнеў Мой, вычарпаю на іх лютасьць Маю сярод зямлі Егіпецкай. 9. Але Я зрабіў дзеля імя Майго, каб яно ня ганілася перад народамі, сярод якіх былі яны, і на вачах у якіх Я адкрыў Сябе ім, каб вывесьці іх зь зямлі Егіпецкай. 10. І Я вывеў іх зь зямлі Егіпецкай і прывёў іх у пустыню, 11. І даў ім запаведзі Мае і абвясьціў ім Мае пастановы, выконваючы, якія чалавек быў бы жывы дзякуючы ім; 12. даў ім таксама суботы Мае, каб яны былі азнакаю паміж Мною і імі, каб ведалі, што Я - Гасподзь, Які асьвячае іх. 13. Але дом Ізраілеў узбурыўся супроць Мяне ў пустыні: паводле запаведзяў Маіх не паводзіліся і адкінулі пастановы Мае, выконваючы, якія чалавек быў бы жывы дзякуючы ім, і суботы Мае парушалі, - і Я сказаў: вылью на іх лютасьць Маю ў пустыні, каб вынішчыць іх. 14. Але Я зрабіў дзеля імя Майго, каб яно ня ганілася перад народамі, на вачах у якіх Я вывеў іх. 15. Нават Я, падняўшы руку Маю супроць іх у пустыні, прысягнуў, што не ўвяду іх у зямлю, якую Я пазначыў, - якая сочыцца малаком і мёдам, красу ўсіх земляў, 16. за тое, што яны адкінулі пастановы Мае, і не паводзіліся паводле запаведзяў Маіх і парушалі суботы Мае; бо сэрца іхняе імкнулася да ідалаў іхніх. 17. Але вока Маё пашкадавала загубіць іх; і Я ня вынішчыў іх у пустыні. 18. І казаў Я сынам іхнім у пустыні: не хадзеце паводле правілаў бацькоў вашых і ня трымайцеся пастановаў іхніх і не апаганьвайце сябе ідаламі іхнімі. 19. Я - Гасподзь Бог ваш: паводле Маіх запаведзяў паводзьцеся, і Мае пастановы захоўвайце і выконвайце іх. 20. І асьвячайце суботы Мае, каб яны былі азнакаю паміж мною і вамі, каб вы ведалі, што Я - Гасподзь Бог ваш. 21. Але і сыны ўзбурыліся супроць Мяне: паводле запаведзяў Маіх ня дзеялі і пастановаў Маіх ня трымаліся, ня выконвалі таго, што выконваючы, чалавек быў бы жывы, парушалі суботы Мае, - і Я сказаў: вылью на іх гнеў Мой, вычарпаю на іх лютасьць Маю ў пустыні; 22. але Я ўхіліў руку Маю і зрабіў дзеля імя Майго, каб яно ня ганілася перад народамі, на вачах у якіх Я вывеў іх. 23. Таксама, падняўшы руку Маю ў пустыні, Я прысягнуўся расьсеяць іх па народах і разьвеяць іх па землях 24. за тое, што яны пастановаў Маіх ня выконвалі, і парушалі суботы Мае і вочы іхнія зьвярталіся да ідалаў бацькоў іхніх. 25. І дапусьціў ім установы нядобрыя і пастановы, ад якіх яны не маглі быць жывыя, 26. і дапусьціў ім апаганіцца прынашэньнямі ахвяраў іхніх, калі яны пачалі праводзіць праз агонь кожны першы плод нутробы, каб спустошыць іх, каб ведалі, што Я - Гасподзь. 27. Таму кажы дому Ізраілеваму, сыне чалавечы, і скажы ім: так кажа Гасподзь Бог: вось, чым яшчэ ганілі Мяне бацькі вашыя, вераломна выступаючы супроць Мяне: 28. Я прывёў іх у зямлю, якую з клятваю абяцаў даць ім, падняўшы руку Маю, - нагледзеўшы сабе любы высокі пагорак і любое галінастае дрэва, пачалі калоць там ахвяры свае, і ставілі там абразьлівыя для Мяне прынашэньні свае, духмяныя пахошчы свае і лілі там паліваньні свае. 29. І Я казаў ім: што гэта за вышыня, куды ходзіце вы? таму імем Бама называецца яна і да сёньняшняга дня. 30. Таму скажы дому Ізраілеваму: так кажа Гасподзь Бог: ці не апаганьваеце вы сябе на прыклад бацькоў вашых і ці не блудадзейнічаеце сьледам за мярзотамі іхнімі? 31. Прыносячы дарункі вашыя і праводзячы сыноў вашых праз агонь, вы і апаганьваеце сябе ўсімі ідаламі вашымі да сёньняшняга дня - і хочаце спытацца ў Мяне, доме Ізраілеў? жыву Я, кажа Гасподзь Бог, ня дам вам адказу. 32. І што прыходзіць вам у галаву, зусім ня збудзецца. Вы кажаце: будзем, як язычнікі, як плямёны іншаземныя, служыць дрэву і каменю. 33. Жыву Я, кажа Гасподзь Бог; рукою моцнаю, мышцаю прасьцертаю і выліваньнем лютасьці буду валадарыць над вамі. 34. І выведу вас з народаў і з краінаў, па якіх вы расьсеяны, і зьбяру вас рукою моцнаю і мышцаю прасьцертаю і выліваньнем лютасьці. 35. І прывяду вас у пустыню народаў і там буду судзіцца з вамі тварам да твару. 36. Як Я судзіўся з бацькамі вашымі ў пустыні зямлі Егіпецкай, так буду судзіцца з вамі, кажа Гасподзь Бог. 37. І правяду вас пад жазлом і ўвяду вас у повязі запавета. 38. І выдзелю з вас мяцежнікаў і непакорлівых Мне. Зь зямлі пражываньня іхняга выведу іх, але ў зямлю Ізраілевую яны ня ўвойдуць, - і ўведаеце, што Я - Гасподзь. 39. А вы, доме Ізраілеў, - так кажа Гасподзь Бог, - ідзеце кожны да сваіх ідалаў і служэце ім, калі Мяне ня слухаецеся, але не апаганьвайце болей сьвятога імя Майго дарункамі вашымі і ідаламі вашымі, 40. бо на Маёй сьвятой гары, на гары высокай Ізраілевай, - кажа Гасподзь Бог, - там будзе служыць Мне ўвесь дом Ізраілеў - увесь, колькі яго ёсьць на зямлі; там Я з добрым упадабаньнем прыму іх, і там запатрабую прынашэньняў вашых і пачаткаў вашых з усімі сьвятымі вашымі. 41. Прыму вас, як духмяныя пахошчы, калі выведу вас з народаў і зьбяру вас з краін, па якіх вы расьсеяны, - і буду сьвяціцца ў вас на вачах у народаў. 42. І ўведаеце, што Я - Гасподзь, калі ўвяду вас у зямлю Ізраілевую - у зямлю, якую Я прысягнуўся даць бацькам вашым, падняўшы руку Маю. 43. І ўзгадаеце там пра шляхі вашыя і пра ўсе дзеі вашыя, якімі вы апаганьвалі сябе, і пагардзіце самімі сабою за ўсе зладзействы вашыя, якія вы рабілі. 44. І ўведаеце, што Я - Гасподзь, калі ўчыняцьму з вамі дзеля імя Майго, не паводле ліхіх вашых шляхоў і вашых учынкаў распусных, доме Ізраілеў, - кажа Гасподзь Бог. 45. І было мне слова Гасподняе: 46. сыне чалавечы! зьвярні аблічча тваё на дарогі на поўдзень, і вымаві слова на поўдзень і мові прароцтва на лес паўднёвага поля. 47. І скажы паўднёваму лесу: слухай слова Госпада; так кажа Гасподзь Бог: вось, Я запалю ў табе агонь, і ён зжарэ ў табе кожнае дрэва зялёнае і кожнае дрэва сухое; не патухне палаючае полымя, і ўсё будзе апалена ім ад поўдня да поўначы. 48. І ўбачыць кожная плоць, што Я Гасподзь запаліў яго, і ён не патухне. 49. І сказаў я: о, Госпадзе Божа! яны кажуць пра мяне: «ці не гаворыць ён прыпавесьці?»
РАЗЬДЗЕЛ 21
1. І было мне слова Гасподняе: 2. сыне чалавечы! зьвярні аблічча тваё да Ерусаліма і вымаві слова на сьвятыні і мові прароцтва на зямлю Ізраілевую 3. і скажы зямлі Ерусалімавай: так кажа Гасподзь Бог: вось, Я на цябе, і дастану меч Мой з похваў яго і зьнішчу ў цябе праведнага і бязбожнага. 4. А каб зьнішчыць у цябе праведнага і бязбожнага, меч мой з похваў сваіх пойдзе на ўсякую плоць ад поўдня да поўначы. 5. І ўведае ўсякая плоць, што Я, Гасподзь, дастаў меч Мой з похваў яго, і ён ужо ня вернецца. 6. А ты, сыне чалавечы, стагні, ламаючы сьцёгны твае, і ў гароце стагні на вачах у іх. 7. І калі скажуць табе: «чаго ты стогнеш?», скажы: «ад чуткі, што ідзе», - і растане любое сэрца, і ўсе рукі апусьцяцца, і ўсякі дух зьняможацца, і ўсе калені задрыжаць, як вада. Вось гэта прыйдзе і збудзецца, кажа Гасподзь Бог. 8. І было мне слова Гасподняе: 9. сыне чалавечы! мові прароцтва і скажы: так кажа Гасподзь Бог: скажы: меч, меч навостраны і вычышчаны; 10. навостраны, каб болей калоць; вычышчаны, каб зьзяў, як маланка. Ці радавацца нам, што жазло сына Майго пагарджае ўсякім дрэвам? 11. Я даў яго вычысьціць, каб узяць у руку; ужо навостраны гэты меч і вычышчаны, каб аддаць яго ў рукі забойцу. 12. Стагні і галасі, сыне чалавечы, бо ён - на народ Мой, на ўсіх князёў Ізраіля: яны аддадзены будуць пад меч з народам Маім; таму бі сябе па сьцёгнах. 13. Бо ён ужо выпрабаваны. І што, калі ён пагарджае і жазло гэта ня выстаіць, кажа Гасподзь Бог. 14. А ты, сыне чалавечы, прароч і пляскай у ладкі, - і падвоіцца меч і патроіцца: меч на забіваных, меч на забіваньне вялікага, які пранікае ўсярэдзіну жытла іхняга. 15. Каб расталі сэрцы і каб забітых было болей, Я каля ўсіх варотаў іхніх пастаўлю грозны меч, ах! бліскучы, як маланка, навостраны на закол. 16. Зьбярыся і ідзі направа альбо ідзі налева, куды б ні павярнулася аблічча тваё. 17. І Я буду пляскаць у далоні і спатолю гнеў Мой; Я, Гасподзь, сказаў. 18. І было мне слова Гасподняе: 19. і ты, сыне чалавечы, уяві сабе дзьве дарогі, па якіх мае ісьці меч цара Вавілонскага, - абедзьве яны павінны выходзіць з адной зямлі, - і накрэсьлі руку, накрэсьлі на пачатку дарог у гарады. 20. Уяві сабе дарогу, па якой меч ішоў бы ў Раву сыноў Амонавых і ў Юдэю, ва ўмацаваны Ерусалім, 21. бо цар Вавілонскі спыніўся на ростані, на пачатку дзьвюх дарог, для варажбы: трасе стрэлы, пытаецца ў тэрафімаў, разглядвае печань. 22. У правай руцэ ў яго варажба: «у Ерусалім», дзе трэба паставіць тараны, разамкнуць на пабоішча вусны, узьнесьці голас на ваенны крык, падвесьці тараны пад брамы, насыпаць вал, пабудаваць абложныя вежы. 23. Гэтая варажба здалася іхнім вачам ілжывай; але як што яны прысягалі прысягаю, дык ён, згадаўшы такое іхняе вераломства, пастанавіў узяць яго. 24. Таму так кажа Гасподзь Бог: як што вы самі ўзгадваеце беззаконьне вашае, робячы яўнымі злачынствы вашыя, выстаўляючы напаказ грахі вашыя ва ўсіх учынках вашых, і самі ўзгадваеце гэта, дык вы будзеце ўзяты рукамі. 25. І ты, нягодны, злачынны правадыр Ізраіля, дзень якога настаў цяпер, калі грахоўнасьці ягонай будзе пакладзены канец! 26. так кажа Гасподзь Бог: здымі зь сябе дыядэму і складзі вянок: гэтага ўжо ня будзе: прыніжанае ўзвысіцца і высокае прынізіцца. 27. Скіну, скіну, скіну, - і яго ня будзе, пакуль ня прыйдзе Той, Каму належыць ён, і Я дам Яму. 28. І ты, сыне чалавечы, вымаві прароцтва і скажы: так кажа Гасподзь Бог пра сыноў Амонавых і пра паглумленьне іхняе, і скажы: меч, меч аголены на закол, вычышчаны на зьнішчэньне, каб зьзяў, як маланка, 29. каб тады, калі паказваюць табе пустыя ўявы і ілжыва варожаць табе, і цябе прыклаў да абезгалоўленых бязбожнікам, дзень якіх настаў, калі бязбожнасьці іхняй будзе пакладзены канец. 30. Ці верне яго ў похвы ягоныя? На месцы, дзе ты створаны, на зямлі паходжаньня твайго судзіцьму цябе: 31. і вылью на цябе абурэньне Маё, дыхну на цябе агнём лютасьці Маёй і аддам цябе ў рукі людзей разьюшаных, спрактыкаваных у забойстве. 32. Ты будзеш ежаю агню, кроў твая застанецца на зямлі; ня будуць і згадваць пра цябе; бо Я, Гасподзь, сказаў гэта.
РАЗЬДЗЕЛ 22
1. І было мне слова Гасподняе: 2. і ты, сыне чалавечы, ці хочаш судзіць, судзіць горад крыві? выкажы яму ўсе гідоты ягоныя 3. і скажы: так кажа Гасподзь Бог: о, горадзе, што праліваеш кроў сярод цябе, каб настаў час твой, што робіш у сябе ідалаў, каб апаганьваць сябе! 4. Крывёю, якую ты праліў, ты зрабіў сябе вінаватым, і ідаламі, якіх ты нарабіў, ты апаганіў сябе і наблізіў дні твае і дасягнуў часу гадоў тваіх. За гэта аддам цябе на сьмех народам, на паглум ўсім землям. 5. Блізкія і далёкія ад цябе будуць глуміцца зь цябе, што ты апаганіў імя тваё, праславіўся буянствам. 6. Вось начальнікі ў Ізраіля, кожны ў меру сілы сваёй, былі ў цябе, каб праліваць кроў. 7. У цябе бацьку і маці ліхасловяць прыхадню, чыняць крыўду сярод цябе, сірату і ўдаву ўціскаюць у цябе. 8. Сьвятыняў Маіх ты не паважаеш і суботы Мае парушаеш. 9. Паклёпнікі знаходзяцца ў цябе, каб праліваць кроў, і на горах ядуць у цябе ідалаахвярнае, сярод цябе чыняць мярзоту. 10. Галізну бацькі адкрываюць у цябе, жанчыну ў час ачышчэньня нячыстасьці яе гвалцяць у цябе. 11. Той чыніць мярзоту з жонкаю блізкага свайго, той апаганьвае нявестку сваю, той гвалціць сястру сваю, дачку бацькі свайго. 12. Хабар бяруць у цябе, каб праліваць кроў; ты бярэш рост і ліхву і гвалтам вымагаеш карысьлівае ў блізкага твайго, а Мяне забыў, кажа Гасподзь Бог. 13. І вось, Я пляснуў рукамі Маімі ад карысталюбства твайго, якое выяўляецца ў цябе, і ад праліваньня крыві, якое чыніцца сярод цябе. 14. Ці ўстоіць сэрца тваё, ці будуць цьвёрдыя рукі твае ў тыя дні, у якія будуць дзеяць супроць цябе? Я, Гасподзь, сказаў - і зраблю. 15. Я расьсею цябе па народах - і разьвею цябе па землях, і пакладу канец гідотам тваім сярод цябе. 16. І зробіш сам сябе пагарджаным у вачах народаў, і ўведаеш, што Я - Гасподзь. 17. І было мне слова Гасподняе: 18. сыне чалавечы! дом Ізраілеў зрабіўся ў Мяне мяшанцам; усе яны - волава, медзь і жалеза і сьвінец у гарніле; зрабіліся, як мяшанка срэбра. 19. Таму так кажа Гасподзь Бог: як што ўсе вы зрабіліся мяшанкаю, за тое вось Я зьбяру вас у Ерусалім. 20. Як у гарніла кладуць разам срэбра, і медзь і жалеза, і сьвінец і волава, каб разьдзьмуць у іх агонь і расплавіць: так Я ў гневе Маім і ў лютасьці Маёй зьбяру і пакладу і расплаўлю вас. 21. Зьбяру вас і дыхну на вас агнём абурэньня Майго, і расплавіцеся сярод яго. 22. Як срэбра плавіцца ў гарніле, расплавіцеся і вы сярод яго, і ўведаеце, што Я, Гасподзь, выліў лютасьць Маю на вас. 23. І было мне слова Гасподняе: 24. сыне чалавечы! скажы яму: ты - зямля неачышчаная, не арашаная дажджом у дзень гневу! 25. Змова прарокаў яе сярод яе, як леў рыклівы, які турзае здабычу; зьядаюць душы, абіраюць маёмасьць і каштоўнасьці, і памнажаюць лік удоваў. 26. Сьвятары яе парушаюць закон Мой і апаганьваюць сьвятыні Мае, не аддзяляюць сьвятога ад несьвятога і не паказваюць розьніцы паміж чыстым і нячыстым, і ад суботаў Маіх яны засланілі вочы свае, і Я прыніжаны ў іх. 27. Князі ў яе як ваўкі, якія вырываюць здабычу; праліваюць кроў, глумяць душы, каб здабыць карысьць. 28. А прарокі яе ўсё пэцкаюць брудам, бачаць пустое і прадказваюць ім ілжывае, кажучы: «так кажа Гасподзь Бог», тым часам як не казаў Гасподзь. 29. А ў народзе прыгнятаюць адзін аднаго, рабуюць і ўціскаюць беднага і гаротнага, і прыхадня прыгнятаюць несправядліва. 30. Шукаў Я ў іх чалавека, які паставіў бы сьцяну і стаў бы перад Мною ў праломіне за гэтую зямлю, каб Я не загубіў яе, але не знайшоў. 31. Дык вось вылью на іх абурэньне Маё, агнём лютасьці Маёй вынішчу іх, паводзіны іхнія абярну ім на галаву, кажа Гасподзь Бог.
РАЗЬДЗЕЛ 23
1. І было мне слова Гасподняе: 2. сыне чалавечы! былі дзьве жанчыны, дочкі адной маці, 3. і блудадзеялі яны ў Егіпце, блудадзеялі ў сваёй маладосьці; там памятыя грудзі іхнія, і там разбэсьцілі дзявоцкія смочкі іхнія. 4. Імёны іх: вялікай - Агола, а сястры яе - Агаліва. І былі яны Мае, і нараджалі сыноў і дочак; і называліся - Агола Самарыяй, а Агаліна Ерусалімам. 5. і пачала Агола блудадзеяць ад Мяне і прынадзілася да сваіх каханкаў, да Асірыянаў, і да суседзяў сваіх, 6. да тых, што апраналіся ў адзеньне яхантавага колеру, да начальнікаў вобласьцяў і кіроўцаў гарадоў, да ўсіх прыгожых хлопцаў, вершнікаў, што езьдзілі на конях; 7. і шчодрылася ў блудадзействах сваіх з усімі адборнымі з сыноў Асура і апаганьвала сябе ўсімі ідаламі тых, да каго ні прынаджвалася; 8. не пераставала блудадзейнічаць і зь Егіпцянамі, бо яны зь ёю спалі ў маладосьці яе і разбэшчвалі дзявоцкія смочкі яе, і вылівалі на яе пажаду сваю. 9. За тое Я і аддаў яе ў рукі каханкаў яе, у рукі сыноў Асура, да якіх яна прынадзілася. 10. Яны адкрылі галізну яе і дочак яе, а яе забілі мечам. І яна зрабілася ганьбаю сярод жанчын, калі ўчынілі над ёю сьмяротную кару. 11. Сястра яе, Агаліва, бачыла гэта, і яшчэ больш распусная была ў каханьні сваім, і блуд яе пераўзышоў блуд сястры яе. 12. Яна прынадзілася да сыноў Асуравых, да начальнікаў вобласьцяў і кіроўцаў гарадоў, суседзяў яе, раскошна апранутых, да вершнікаў, што езьдзяць на конях, да ўсіх адборных хлопцаў. 13. І Я бачыў, што яна апаганіла сябе, і што ў абедзьвюх іх - адна дарога. 14. Але гэтая яшчэ больш прымножыла блудадзействы свае, бо, убачыўшы выразаных на сьцяне мужчын, фарбамі намаляваныя выявы Халдэяў, 15. перапаясаных па паясьніцах сваіх поясам, з раскошнымі на галаве іх павязкамі, з выгляду ваенных правадыроў, падобных на сыноў Вавілона, чыя радзіма - зямля Халдэйская, 16. яна закахалася ў іх з аднаго зірку вачэй і паслала да іх у Халдэю пасланцоў. 17. І прыйшлі да яе сыны Вавілона на любоўны ложак і апаганілі яе блудадзействам сваім, і яна апаганіла сябе імі; і адвярнулася ад іх душа яе. 18. Калі ж яна яўна аддалася блудадзействам сваім і адкрыла галізну сваю, тады і ад яе адвярнулася душа Мая, як адвярнулася душа Мая ад сястры яе. 19. І яна памножыла блудадзействы свае, успамінаючы дні маладосьці сваёй, калі блудадзеяла ў зямлі Егіпецкай. 20. і прынадзілася да каханкаў сваіх, у якіх плоць - плоць асьліная, і пажада, як у жарабцоў. 21. Так ты ўспомніла распусту маладосьці тваёй, калі Егіпцяне ціскалі смочкі твае за дзявоцкасьць грудзей тваіх. 22. Таму, Агаліва, так кажа Гасподзь Бог: вось, Я абуджу супроць цябе каханкаў тваіх, ад якіх адвярнулася душа твая, і прывяду іх супроць цябе з усіх бакоў: 23. сыноў Вавілона і ўсіх Халдэяў, з Пэхода, з Шоа і Коа, і зь імі ўсіх сыноў Асура, прыгожых хлопцаў, начальнікаў вобласьцяў і кіроўцаў гарадоў, санавітых і знакамітых, усіх умельскіх вершнікаў. 24. І прыйдуць на цябе са зброяю, з конямі і калясьніцамі і з мноствам люду і абступяць цябе вакол у латах, са шчытамі і ў шаломах, і аддам ім цябе на суд, і будуць судзіць цябе сваім судом. 25. І абярну рупнасьць Маю супроць цябе, і абыдуцца з табою люта: адрэжуць табе нос і вушы, а астатняе тваё ад меча адпадзе; возьмуць сыноў тваіх і дочак тваіх, а астатняе тваё агнём будзе зжэрта; 26. і здымуць зь цябе вопратку тваю, возьмуць строі твае. 27. І пакладу канец распусьце тваёй і блуду твайму, прынесенаму зь зямлі Егіпецкай, і ня будзеш зьвяртаць да іх вачэй тваіх, і пра Егіпет ужо ня ўспомніш. 28. Бо так кажа Гасподзь Бог: вось, Я аддаю цябе ў рукі тым, якіх ты ўзьненавідзела, у рукі тым, ад якіх адвярнулася душа твая. 29. І ўчыняць з сабою жорстка, і возьмуць у цябе ўсё, нажытае працаю, і пакінуць цябе голую і ненакрытую, і адкрытая будзе сараматная галізна твая і распуста твая і блудадзейства тваё. 30. Гэта будзе зроблена з табою за блудадзейства тваё з народамі, ідаламі якіх ты апаганіла сябе. 31. Ты хадзіла дарогаю сястры тваёй; затое і дам у руку табе чашу яе. 32. Так кажа Гаспаодзь Бог; ты будзеш піць чашу сястрынскую глыбокую і шырокую і падпадзеш пад асьмяяньне і ганьбу, па вялізарнай умяшчальнасьці яе. 33. Ап'яненьня і гаркоты будзеш поўная: чара жудасьці і спусташэньня - чара сястры тваёй, Самарыі! 34. І вып'еш яе і спарожніш, і чарапкі яе абліжаш, і грудзі твае стурзаеш: бо Я сказаў гэта, кажа Гасподзь Бог. 35. Таму так кажа Гасподзь Бог: як што ты забыла Мяне і адвярнулася ад Мяне, дык і цярпі за беззаконьне тваё і за блудадзейства тваё. 36. І сказаў мне Гасподзь: сыне чалавечы! ці хочаш ты судзіць Аголу і Агаліву? выкажы ім мярзоты іхнія; 37. бо яны пералюбнічалі, і сыноў сваіх, якіх нарадзілі Мне, праз агонь праводзілі, як ежу ім. 38. Яшчэ вось, што яны рабілі Мне: апаганьвалі сьвятыню Маю ў той самы дзень, і парушалі суботы Мае; 39. бо, калі яны калолі дзяцей сваіх дзеля ідалаў сваіх, таго ж самага дня прыходзілі ў сьвятыню Маю, каб апаганьваць яе: вось, як рабілі яны ў доме Маім! 40. Акрамя гэтага пасылалі па людзей, што прыходзілі здалёк; да іх адпраўлялі пасланцоў, і вось, яны прыходзілі, і дзеля іх умывалася, сурміла вочы твае і ўпрыгожвалася акрасамі, 41. і садзілася на цудоўны ложак, перад якім накрывалі стол, і на якім прапаноўвала ты духмяныя пахошчы Мае і алей Мой. 42. І чуўся голас народу, які радаваўся ў яе, і да людзей з натоўпу народнага ўводзілі п'яніц з пустыні; і яны клалі на рукі іх бранзалеткі і на галовы іх прыгожыя вянкі. 43. Тады сказаў Я пра зьлядашчаную ў пералюбстве: цяпер канчаюцца блудадзействы яе разам зь ёю. 44. Але прыходзілі да яе: як прыходзяць да жанчыны-блудадзейкі, так прыходзілі да Аголы і Агалівы, да распусных жанчын. 45. А мужы праведныя будуць судзіць іх; яны будуць судзіць іх судом пералюбніц і судом тых, хто пралівае кроў, бо яны пералюбніцы, і ў іх кроў на руках. 46. Бо так сказаў Гасподзь Бог: склікаць на іх сход і аддаць іх азлабеньню і рабунку. 47. І сход паб'е іх камянямі і парубае іх мечамі сваімі, і заб'е сыноў іх і дочак іх і дамы іхнія спаліць агнём. 48. Так пакладу канец распусьце на гэтай зямлі, і ўсе жанчыны мецьмуць навуку і ня будуць рабіць сараматных учынкаў падобна вам; 49. і ўскладуць на вас вашу распусту, і панесяце кару за грахі зь ідаламі вашымі, і ўведаеце, што Я - Гасподзь Бог.
РАЗЬДЗЕЛ 24
1. І было мне слова Гасподняе ў дзявятым годзе, у дзясятым месяцы, на дзявятым дні месяца: 2. сыне чалавечы! запішы сабе імя гэтага дня, гэтага самага дня: у гэты самы дзень цар Вавілонскі падступіў да Ерусаліма. 3. І вымаві на мяцежны дом прыпавесьць, і скажы ім: так кажа Гасподзь Бог: пастаў кацёл, пастаў і налі ў яго вады; 4. складзі ў яго кавалкі мяса, усе найлепшыя кавалкі, сьцягна і лапаткі, і напоўні адборнымі касьцямі; 5. адборных авечак вазьмі, і запалі пад ім косткі і гатуй датуль, пакуль косткі разварацца ў ім. 6. Таму так кажа Гасподзь Бог: гора гораду крыві! гора катлу, у якім ёсьць накіп і зь якога накіп яго ня сыходзіць! кавалак за кавалкам яго выкідайце зь яго, ня выбіраючы па жэрабі. 7. Бо кроў яго сярод яго; ён пакінуў яе на голай скале: не на зямлю праліваў яе, дзе яна магла б пакрыцца пылам. 8. Каб абудзіць гнеў на ўчыненьне помсты, Я пакінуў кроў яго на голай скале, каб яна не схавалася. 9. Таму так кажа Гасподзь Бог: гора гораду крыві! і Я раскладу вялікае вогнішча. 10. Дадай дроў, раскладзі агонь, вывары мяса; хай усё загусьне і косткі перагараць. 11. І калі кацёл будзе пусты, пастаў яго на жар, каб ён разагрэўся, і каб медзь яго напалілася, і расплавілася ў ім нечысьць яго, і ўвесь накіп яго зьнік. 12. Праца будзе цяжкая; але вялікі накіп яго ня сыдзе зь яго: і ў агні застанецца на ім накіп яго. 13. У нечысьці тваёй такая мярзота, што колькі я ні чышчу цябе, ты ўсё нячысты; ад нечысьці тваёй ты і далей не ачысьцішся, пакуль лютасьці Маёй Я не спатолю над табою. 14. Я Гасподзь, Я кажу: гэта прыйдзе і Я зраблю; не адмяню і не пашкадую і не памілую. Паводле шляхоў тваіх і паводле ўчынкаў тваіх судзіць буду цябе, кажа Гасподзь Бог. 15. І было мне слова Гасподняе: 16. сыне чалавечы! вось, Я вазьму ў цябе пошасьцю ўцеху вачэй тваіх; але ты не наракай і ня плач, і сьлёзы хай ня выступаюць у цябе; 17. уздыхай у маўчаньні, плачу па памерлых ня ўчыняй; а абвязвай сябе павязкаю і абувай ногі твае ў абутак твой, і барады не захінай і хлеба ад чужых ня еж. 18. І пасьля таго як сказаў я раніцай слова народу, увечары памерла жонка мая, і на другі дзень я зрабіў так, як загадана было мне. 19. І сказаў мне народ: ці ня скажаш нам, якое нам значэньне ў тым, што ты робіш? 20. І сказаў я ім: мне было слова Гасподняе: 21. скажы дому Ізраілеваму: так кажа Гасподзь Бог: вось, Я аддам на паглум сьвятыню Маю, апору сілы вашай, уцеху вачэй вашых і радасьць душы вашай, а сыны вашыя і дочкі вашыя, якіх вы пакінулі, загінуць ад меча. 22. І вы рабіцьмеце тое самае, што рабіў я: барады захінаць ня будзеце, і хлеба ад чужых есьці ня будзеце; 23. і павязкі вашыя будуць на галовах вашых, і абутак ваш - на нагах вашых; ня будзеце наракаць і плакаць, а будзеце раставаць ад грахоў вашых і ўздыхаць адзін перад адным. 24. І будзе вам Езэкііль азнакаю: усё, што ён рабіў, збудзецца, уведаеце, што Я - Гасподзь Бог. 25. А што да цябе, сыне чалавечы, дык у той дзень, калі Я вазьму ў іх акрасу славы іхняй, сыноў іхніх і дочак іхніх, 26. у той дзень прыйдзе да цябе адтуль той, хто выратаваўся, каб падаць вестку ў вушы твае. 27. У той дзень пры гэтым выратаваным разамкнуцца вусны твае, і ты будзеш гаварыць і не застанешся ўжо бязмоўны, і будзеш азнакаю ім, і ўведаюць, што Я - Гасподзь.
РАЗЬДЗЕЛ 25
1. І было мне слова Гасподняе: 2. сыне чалавечы! павярні аблічча тваё да сыноў Амонавых і вымаві на іх прароцтва, 3. і скажы сынам Амонавым: слухайце слова Госпада Бога: за тое, што ты пра сьвятыню Маю гаворыш: ага! ага! бо яно паганьбена, - і пра зямлю Ізраілевую, бо яна спустошана, і пра дом Юдаў, бо яны пайшлі ў палон, 4. за тое вось, Я аддам цябе ў спадчыну сынам усходу, і паставяць у цябе кашары свае, і паставяць у цябе намёты свае, і будуць есьці плады твае і піць малако тваё. 5. Я зраблю Раву стойлам вярблюдам, і сыноў Амонавых - пастухамі авечак, і ўведаеце, што Я - Гасподзь. 6. Бо так кажа Гасподзь Бог: за тое, што ты пляскаў у далоні і тупаў нагою, і з усёю пагардаю да зямлі Ізраілевай душэўна радаваўся, 7. за тое вось, Я працягну руку Маю на цябе і аддам цябе на рабунак народам, і вынішчу цябе зь ліку народаў і згладжу цябе зь ліку земляў; зламаю цябе, і ўведаеш, што Я - Гасподзь. 8. Так кажа Гасподзь Бог: за тое, што Мааў і Сэір кажуць: «вось і дом Юдаў, як усе народы!» 9. за тое, вось Я, пачынаючы ад гарадоў, ад усіх памежных гарадоў ягоных, красы зямлі, ад Бэт-Ешымота, Ваалмэона і Кірыятыма, адкрыю бок Маава 10. сынам усходу і аддам яго ў спадчыну ім, разам з сынамі Амонавымі, каб сыны Амона ня згадваліся болей сярод народаў. 11. І над Маавам учыню суд, і ўведаюць, што Я - Гасподзь. 12. Так кажа Гасподзь Бог: за тое, што Эдом жорстка помсьціў дому Юдаваму і цяжка зграшыў, учыняючы над ім помсту, 13. за тое, так кажа Гасподзь Бог: працягну руку Маю на Эдома і вынішчу ў яго людзей і быдла, і зраблю яго пустыняю; ад Тэмана да Дэдана ўсе загінуць ад меча. 14. І ўчыню помсту Маю над Эдомам рукою народу Майго, Ізраіля; і яны будуць дзейнічаць у Ідумэі згодна з Маім гневам і Маім абурэньнем, і ўведаюць помсту Маю, кажа Гасподзь Бог. 15. Так кажа Гасподзь Бог: за тое, што Філістымляне ўчынілі помсьліва і помсьцілі з пагардаю ў душы, на пагібель, паводле вечнай няпрыязнасьці, 16. за тое, так кажа Гасподзь Бог: вось, Я працягну руку Маю на Філістымлянаў і зьнішчу Крыцянаў, і вынішчу рэшту іх на беразе мора; 17. і ўчыню над імі вялікую помсту карамі лютымі; і ўведаюць, што Я - Гасподзь, калі ўчыню над імі Маю помсту.
РАЗЬДЗЕЛ 26
1. У адзінаццатым годзе, у першы дзень першага месяца было мне слова Гасподняе: 2. сыне чалавечы! за тое, што Тыр гаворыць пра Ерусалім: «ага! ага! ён скрышаны - брама народаў; ён зьвяртаецца да мяне; напоўнюся, ён спустошаны,» 3. за тое, так кажа Гасподзь Бог: вось Я на цябе, Тыру, і падыму на цябе многія народы, як мора падымае хвалі свае. 4. І разаб'юць муры Тыра і разбураць вежы ягоныя; і вымяту зь яго пыл яго і зраблю яго голаю скалою. 5. Месцам на расьсьціланьне сетак будзе ён сярод мора; бо Я сказаў гэта, кажа Гасподзь Бог: і будзе ён на разрабаваньне народам. 6. А дочкі ягоныя, якія на зямлі, забітыя будуць мечам, і ўведаюць, што Я - Гасподзь. 7. Бо так кажа Гасподзь Бог: вось, Я прывяду супроць Тыра з поўначы Навухаданосара, цара Вавілонскага, цара цароў, з конямі і з калясьніцамі, і зь вершнікамі, і з войскам і са шматлікім народам. 8. Дочак тваіх на зямлі ён заб'е мечам і збудуе супроць цябе абложныя вежы, і насыпле супроць цябе вал і паставіць супроць цябе шчыты; 9. і да сьценаў тваіх пасуне сьценабітныя машыны і вежы твае разбурыць сякерамі сваімі. 10. Ад мноства коней яго накрые цябе пыл, ад шуму верхаўцоў і колаў і калясьніц затрасуцца сьцены твае, калі ён будзе ўваходзіць у браму тваю, як уваходзяць у разьбіты горад. 11. Капытамі коней сваіх ён патопча ўсе вуліцы твае, народ твой паб'е мечам і помнікі магутнасьці тваёй скіне на зямлю. 12. І зрабуюць багацьце тваё і расхапаюць тавары твае, і разбураць муры твае і разаб'юць прыгожыя дамы твае і камяні твае і дрэвы твае, і зямлю тваю кінуць у ваду. 13. І спыню гучаньне песьняў тваіх, і гук цытраў тваіх больш ня будзе чуцен. 14. І зраблю цябе голаю скалою, будзеш месцам для расьсьціланьня сетак: ня будзеш зноў пабудаваны, бо Я Гасподзь сказаў гэта, кажа Гасподзь Бог. 15. Так кажа Гасподзь Бог Тыру: ад шуму падзеньня твайго, ад стогну параненых, калі будзе пабоішча сярод цябе, ці ж не задрыжаць выспы? 16. І сыдуць усе князі мора з прастолаў сваіх і скінуць зь сябе мантыі свае, і здымуць зь сябе ўзорыстую вопратку сваю, апрануцца ў трымценьне, сядуць на зямлю, і кожную хвіліну будуць дрыжаць і зьдзіўляцца зь цябе. 17. І падымуць плач па табе і скажуць табе: «як загінуў ты, населены мараходамі, горад славуты, які быў моцны на моры, сам і жыхары ягоныя, што наводзілі страх на ўсіх насельнікаў яго! 18. Сёньня, у дзень падзеньня твайго, задрыжалі выспы; выспы на моры жахнуліся ад пагібелі тваёй. 19. Бо так кажа Гасподзь Бог: калі Я зраблю цябе горадам апусьцелым, падобным на гарады незаселеныя, калі падыму на цябе багну, і накрыюць цябе вялікія воды; 20. тады зьвяду цябе з тымі, што ідуць у магілу да народу даўно былога і зьмяшчу цябе ў самым сподзе зямлі, у пустынях вечных, з тымі, што адышлі ў магілу, каб ты больш ня быў заселены; і яўлю табе славу на зямлі жывых. 21. Жудасьцю зраблю цябе, і ня будзе цябе, і будуць шукаць цябе, але ўжо ня знойдуць цябе вавекі, кажа Гасподзь Бог.
РАЗЬДЗЕЛ 27
1. І было мне слова Гасподняе: 2. і ты, сыне чалавечы, падымі плач па Тыры 3. і кажы Тыру, які пасяліўся на выступах у моры і гандлюе з народамі на многіх выспах: так кажа Гасподзь Бог: Тыру! ты кажаш: «я дасканаласьць прыгажосьці!» 4. Межы твае - у сэрцы мораў: будаўнікі твае ўдасканалілі прыгажосьць тваю: 5. з Сэнірскіх кіпарысаў зладзілі ўсе памосты твае: бралі зь Лівана кедр, каб зрабіць на табе мачты; 6. з дубоў Васанскіх рабілі вёслы твае; услоны твае рабілі з букавага дрэва, з аправаю з слановай касьці з астравоў Кітымскіх; 7. узорыстыя палотны зь Егіпта ўжываліся на ветразі твае і служылі сьцягам; блакітнага і пурпуровага колеру тканіны з астравоў Элісы былі пакрывалам тваім. 8. Жыхары Сідона і Арвада былі ў цябе за весьляроў; свае знаўцы былі ў цябе, Тыру; яны былі ў цябе за стырнавых. 9. Старэйшыны з Гевала і знаўцы ягоныя былі ў цябе, каб закрываць прабоіны твае. Усякія марскія караблі і карабельнікі іх былі ў цябе, каб ладзіць гандаль твой. 10. Перс і Лідзянін і Лівіец былі ў тваім войску і былі ў цябе ратнікамі, вешалі на табе шчыт і шлем; яны надавалі табе велічы. 11. Сыны Арвада з тваім уласным войскам вакол на сьценах тваіх, і Гамадымы былі на вежах тваіх; навокал на сьценах тваіх яны вешалі калчаны свае; яны давяршылі тваю красу. 12. Тарсіс, твой гандлёвец, паводле мноства рознага багацьця, плаціў за твае тавары срэбрам, жалезам, сьвінцом і волавам. 13. Яван, Тувал і Мэшэх гандлявалі з табою, выменьвалі твае тавары на чалавечыя душы і медны посуд. 14. З дома Тагарма за твае тавары дастаўлялі табе коней і страявых коней і мулаў. 15. Сыны Дэдана гандлявалі з табою; многія астравы рабілі з табою мены, на плату табе дастаўлялі слонавую косьць і чорнае дрэва. 16. З прычыны тваёй вялікай гандлёвай вытворчасьці гандлявалі з табою Арамэяне; за твае тавары яны плацілі карбункуламі, тканінай пурпуровай, узорыстай і вісонамі, і караламі і рубінамі. 17. Юдэя і зямля Ізраілевая гандлявалі з табою; за тавар твой плацілі пшаніцаю Мінініцкаю і прысмакамі і мёдам, і драўнінным алеем і бальзамам. 18. Дамаск, з прычыны тваёй вялікай гандлёвай вытворчасьці, у надмер усякага багацьця, гандляваў з табою віном Хэлбонскім і белаю воўнаю. 19. Дан і Яван з Узала плацілі табе за тавары твае вырабленым жалезам; касія і пахучая трысьціна ішлі табе на абмен. 20. Дэдан гандляваў з табою каштоўнымі гунькамі для верхавой язды. 21. Аравія і ўсе князі Кідарскія рабілі мену з табою: ягнят і бараноў і казлоў выменьвалі табе. 22. Купцы з Савы і Ратмы гандлявалі з табою ўсякімі найлепшымі пахошчамі і ўсякімі дарагімі камянямі, і золатам плацілі за тавары твае. 23. Харан і Ханэ і Эдэн, купцы Савэйскія, Асур і Хілмад гандлявалі з табою. 24. Яны гандлявалі з табою каштоўнаю вопраткаю, шаўковым і ўзорыстым палатном, якое яны прывозілі на твае рынкі ў дарагіх скрынях, зробленых з кедра і добра ўпакаваных. 25. Тарсіскія караблі былі тваімі караванамі ў тваім гандлі, і ты зрабіўся багатым і даволі славутым сярод мораў. 26. Весьляры твае завялі цябе ў вялікія воды; усходні вецер разьбіў цябе сярод мораў. 27. Тваё багацьце і твае тавары, усе твае склады, карабельнікі твае і твае стырнікі, што закладвалі твае прабоіны і кіравалі тваім гандлем, і ўсе ратнікі твае, якія ў цябе былі, і ўсё мноства народу ў табе ў дзень твайго падзеньня ўпадзе ў сэрца мораў. 28. Ад ляманту стырнікаў тваіх задрыжаць ваколіцы. 29. І з караблёў сваіх сыдуць усе весьляры, карабельнікі, усе стырнікі мора стануць на зямлю; 30. І загалосяць па табе моцным голасам і горка застогнуць, пасыпаўшы попелам свае галовы, і качаючыся ў пыле; 31. і астрыгуць па табе валасы нагола і апяражуцца вярэтамі і заплачуць па табе ад душэўнай скрухі горкім плачам; 32. і ў жальбе сваёй узьнясуць сьлёзную песьню па табе, і так загалосяць па табе: «хто як Тыр, так разбураны сярод мора! 33. Калі прыходзілі з мора твае тавары, ты карміў многія народы; мноствам багацьця твайго і тваім гандлем узбагачаў цароў зямлі. 34. А калі ты разьбіты морамі ў бездані водаў, твае тавары і ўсё, што ў табе тлумілася, упала. 35. Усе насельнікі астравоў жахнуліся па табе і цары іхнія здрыгануліся, зьмяніліся ў твары. 36. Гандляры іншых народаў сьвіснулі па табе; ты зрабіўся жахам, - і ня будзе цябе вавекі».
РАЗЬДЗЕЛ 28
1. І было мне слова Гасподняе: 2. сыне чалавечы! скажы начальніку ў Тыры: так кажа Гасподзь Бог: за тое, што ўзьнеслася сэрца тваё і ты кажаш: «я бог, сяджу на пасадзе божым, у сэрцы мораў», і, як што я чалавек, а ня Бог, ставіш розум твой нароўні з розумам Божым, 3. і вось, ты мудрэйшы за Данііла, няма таямніцы, схаванай ад цябе; 4. твёй мудрасьцю і тваім розумам ты здабыў сабе багацьце і ў свае скарбніцы сабраў золата і срэбра; 5. вялікай тваёй мудрасьцю, шляхам твайго гандлю, ты памножыў сваё багацьце, і твой розум заганарыўся тваім багацьцем, 6. за тое так кажа Гасподзь Бог: як што ты свой розум ставіш нароўні з розумам Божым, 7. вось, Я навяду на цябе іншаземцаў, самых лютых з народаў, і яны аголяць свае мечы супроць красы тваёй мудрасьці і запамрочаць твой бляск; 8. зьвядуць цябе ў магілу, і памрэш у сэрцы мораў сьмерцю забітых. 9. Ці скажаш тады перад тваім забойцам: «я бог», тым часам як у руцэ ў таго, хто цябе пабівае, ты будзеш чалавек, а ня бог? 10. Ты памрэш ад рукі іншаземцаў сьмерцю неабрэзаных; бо я сказаў гэта, кажа Гасподзь Бог. 11. І было мне слова Гасподняе: 12. сыне чалавечы! плач па цары Тырскім і скажы яму: так кажа Гасподзь Бог: ты пячатка дасканаласьці, паўната мудрасьці і вянок прыгажосьці. 13. Ты быў у Эдэме, у садзе Божым; твая вопратка была ўпрыгожана рознымі каштоўнымі камянямі; рубін, тапаз і алмаз, хрызаліт, анікс, ясьпіс, сапфір, карбункул і смарагд і золата, усё па-майстэрску пасаджанае ў цябе ў гнязьдзечках і нанізанае на цябе, прыгатавана было ў дзень твайго стварэньня. 14. Ты быў памазаны херувім, каб асяняць, і Я паставіў цябе на тое; ты быў на сьвятой гары Божай, хадзіў сярод агнявых камянёў. 15. Ты беззаганны быў на шляхах тваіх з дня твайго стварэньня, пакуль не знайшлося ў табе пахібы. 16. Ад пашыранасьці гандлю твайго сярэдзіна твая напоўнілася няпраўдаю, і ты зграшыў; і Я скінуў цябе, як нячыстага, з гары Божай, выгнаў цябе, херувіме асяняльны, з асяродзьдзя агністых камянёў. 17. Ад прыгажосьці тваёй заганарылася сэрца тваё, ад славалюбства твайго загубіў сваю мудрасьць; за тое Я скіну цябе на зямлю, перад царамі аддам цябе на ганьбу. 18. Мноствам пахібаў тваіх у няправедным тваім гандлі ты апаганіў свае сьвятыні; і Я дастану спасярод цябе агонь, які і зжарэ цябе: і Я ператвару цябе ў попел на зямлі перад вачыма ўсіх, хто цябе бачыць. 19. Усе, хто ведаў цябе сярод народаў, дзіву дадуцца зь цябе; ты зробішся жахам, і ня будзе цябе вавекі. 20. І было мне слова Гасподняе: 21. сыне чалавечы! павярні аблічча тваё да Сідона і вымаві на яго прароцтва, 22. і скажы: вось, Я на цябе, Сідоне, і праслаўлюся сярод цябе, і ўведаюць, што Я - Гасподзь, калі ўчыню суд над ім і яўлю ў ім сьвятасьць Маю; 23. і пашлю на яго згубную пошасьць і праліцьцё крыві на вуліцы яго, і ўпадуць сярод яго забітыя мечам, які пажырацьме яго адусюль; і ўведаюць, што Я - Гасподзь. 24. І ня будзе ён больш дому Ізраілеваму калючым цернем і болепрычынным ваўчком, больш за ўсіх суседзяў зласьлівым да яго, і ўведаюць, што Я - Гасподзь Бог. 25. Так кажа Гасподзь Бог: калі я зьбяру дом Ізраілеў з народаў, сярод якіх яны расьсеяныя, і аб'яўлю сярод іх сьвятасьць Маю перад вачыма плямёнаў, і яны будуць жыць на сваёй зямлі, якую Я даў рабу Майму Якаву; 26. тады яны будуць жыць на ёй ў бясьпецы і пабудуюць дамы, і насадзяць вінаграднікі і жыцьмуць у бясьпецы, бо Я ўчыню суд над усімі зласьліўцамі іхнімі і вакол іх, і ўведаюць, што Я - Гасподзь Бог іхні.
РАЗЬДЗЕЛ 29
1. У дзясятым годзе, у дзясятым месяцы, на дваццаты дзень месяца, было мне слова Гасподняе: 2. сыне чалавечы! павярні аблічча тваё да фараона, цара Егіпецкага, і вымаві прароцтва на яго і на ўвесь Егіпет. 3. Маўляй і скажы: «так кажа Гасподзь Бог: вось, Я на цябе, фараоне, цару Егіпецкі, вялікі кракадзіл, які, лежачы сярод сваіх рэк, кажаш: «мая рака, і я стварыў яе сабе». 4. Але Я ўкладу крук у сківіцы твае і да лускі тваёй прыляплю рыб з тваіх рэк, і выцягну цябе з тваіх рэк з усёю рыбаю рэк тваіх, прыляплю да тваёй лускі; 5. і кіну цябе ў пустыні, цябе і ўсю рыбу з тваіх рэк, ты ўпадзеш на адкрытае поле, не прыбяруць і ня прымуць цябе; аддам цябе на поед зьвярам зямным і птушкам нябесным. 6. І ўведаюць усе насельнікі Егіпта, што Я - Гасподзь; бо яны дому Ізраілеваму былі падпораю трысьняговаю. 7. Калі яны ўхапіліся за цябе рукою, ты расшчапіўся і ўсё плячо пакалоў ім; і калі яны абаперліся на цябе, ты зламаўся і параніў усе сьцёгны ім. 8. Таму так кажа Гасподзь Бог: вось, Я навяду на цябе меч, і вынішчу ў цябе людзей і быдла. 9. І зробіцца зямля Егіпецкая пустыняю і стэпам; і ўведаюць, што Я - Гасподзь. Бо ён кажа: мая рака, і я стварыў яе; 10. дык вось, Я - на рэкі твае, і зраблю зямлю Егіпецкую пустыняю пустыняў ад Мігдола да Сіены, да самай мяжы Эфіопіі. 11. Ня будзе ступаць па ёй нага чалавечая, і нага быдла ня будзе праходзіць па ёй, і ня жыцьмуць на ёй сорак гадоў. 12. І зраблю зямлю Егіпецкую пустыняю сярод земляў спустошаных; і гарады яе сярод апусьцелых гарадоў будуць пустыя сорак гадоў, і расьсею Егіпцянаў па народах, і разьвею іх па землях. 13. Бо так кажа Гасподзь Бог: як пройдзе сорак гадоў, Я зьбяру Егіпцянаў з народаў, сярод якіх яны будуць расьсеяны; 14. і вярну палон Егіпта і назад прывяду іх у зямлю Патрос, у зямлю паходжаньня іхняга, і там яны будуць царствам слабым. 15. Яно будзе слабейшае за іншыя царствы і ня будзе болей узносіцца над народамі: Я паменшу іх, каб яны не валадарылі над народамі. 16. І ня будуць болей дому Ізраілеваму апораю, што нагадвае пра пахібнасьць іхнюю, калі яны зьвярталіся да яго: і ўведаюць, што я - Гасподзь Бог. 17. У дваццаць сёмым годзе, у першым месяцы, у першы дзень месяца, было мне слова Гасподняе: 18. сыне чалавечы! Навухаданосар, цар Вавілонскі, стаміў сваё войска вялікаю працаю каля Тыра; усе галовы аблыселі і ўсе плечы сьцёртыя; а ні яму, а ні войску ягонаму няма ўзнагароды ад Тыра за працу, якую ён паклаў супроць яго. 19. Таму так кажа Гасподзь Бог: вось, Я Навухаданосару, цару Вавілонскаму, даю зямлю Егіпецкую, каб ён абабраў багацьце яе і ўчыніў рабунак у ёй, і адабраў нарабаванае ёю, і гэта будзе ўзнагарода войску ягонаму. 20. Як узнагароду за дзею, якую ён учыніў у ім, Я аддаю яму зямлю Егіпецкую, бо яны рабілі гэта дзеля Мяне, сказаў Гасподзь Бог. 21. У той дзень узгадую рог дому Ізраілеваму, і табе разамкну вусны сярод іх, і ўведаюць, што Я - Гасподзь.
РАЗЬДЗЕЛ 30
1. І было мне слова Гасподняе: 2. сыне чалавечы! вымаві прароцтва і скажы: так кажа Гасподзь Бог: галасеце! о, ліхашчасны дзень! 3. Бо блізкі дзень, так! блізкі дзень Госпада, дзень змрочны; гадзіна народаў настае. 4. І пойдзе меч на Егіпет, і жудасьць пашырыцца па Эфіопіі, калі ў Егіпце будуць падаць пабітыя, калі возьмуць багацьце яго, і асновы яго будуць разбураны; 5. Эфіопія і Лівія і Лідыя і ўвесь зьмешаны народ і Хуб, і сыны зямлі запавету разам зь імі ўпадуць ад меча. 6. Так кажа Гасподзь: упадуць падпоры Егіпта, і ўпадзе пыха магутнасьці яго; ад Мігдола да Сіены будуць падаць у ім ад меча, сказаў Гасподзь Бог. 7. І апусьцее ён сярод спустошаных земляў, і гарады яго будуць сярод спустошаных гарадоў. 8. І ўведаюць, што Я - Гасподзь, калі пашлю агонь на Егіпет, і ўсе падпоры яго будуць скрышаны. 9. У той дзень пойдуць ад мяне вястуны на караблях, каб запалохаць бястурботных Эфіопаў, і распаўсюдзіцца ў ім жах, як у дзень Егіпта; бо вось, ён ідзе. 10. Так кажа Гасподзь Бог: пакладу канец шматлюдству Егіпта рукою Навухаданосара, цара Вавілонскага. 11. Ён і зь ім народ ягоны, самы люты з народаў, будуць прыведзены на пагібель гэтай зямлі, і аголяць мечы свае на Егіпет, і напоўняць зямлю пабітымі. 12. І рэкі зраблю сушаю і аддам зямлю ў рукі ліхім, і рукою іншаземцаў спустошу зямлю і ўсё, што запаўняе яе. Я Гасподзь сказаў гэта. 13. Так кажа Гасподзь Бог: вынішчу ідалаў і зьнішчу ілжэбагоў у Мэмфісе, і зь зямлі Егіпецкай ня будзе ўжо валадара, і навяду страх на зямлю Егіпецкую. 14. І спустошу Патрос і пашлю агонь на Цаан, і ўчыню суд над Но. 15. І вылью лютасьць Маю на Сін, крэпасьць Егіпта, і зьнішчу шматлюдства ў Но. 16. І пашлю агонь на Егіпет; затрымціць Сін, і Но рухне, і на Мэмфіс нападуць ворагі сярод дня. 17. Маладыя людзі Она і Бубаста ўпадуць ад меча, а астатнія пойдуць у палон. 18. І ў Тафнісе памеркне дзень, калі Я скрышу там ярмо Егіпта, і спыніцца ў ім ганарыстая магутнасьць яго. Хмара заслоніць яго, і дочкі яго пойдуць у палон. 19. Так учыню я суд над Егіптам, і ўведаюць, што Я - Гасподзь. 20. У адзінаццатым годзе, у першы месяц, на сёмы дзень месяца, было мне слова Гасподняе: 21. сыне чалавечы! Я ўжо скрышыў мышцу фараону, цару Егіпецкаму; і вось, яна яшчэ не абвязана на гаеньне яе і не спавіта лекарскімі перавязкамі, ад якіх бы яна атрымала сілу трымаць меч. 22. Таму так кажа Гасподзь Бог: вось, Я - на фараона, цара Егіпецкага, і скрышу мышцы яго, здаровую і паламаную, так што меч выпадзе з рукі ягонай. 23. І расьсею Егіпцянаў па народах, і разьвею іх па землях. 24. А мышцы цара Вавілонскага зраблю моцнымі, і дам яму меч Мой у руку, а мышцы фараона скрышу, і ён змушаны будзе моцна енчыць перад ім. 25. Умацую мышцы цара Вавілонскага, а мышцы ў фараона апусьцяцца; і ўведаюць, што Я - Гасподзь, калі меч Мой дам у руку цару Вавілонскаму, і ён працягне яго на зямлю Егіпецкую. 26. І расьсею Егіпцянаў па народах, і разьвею іх па землях і ўведаюць, што Я - Гасподзь.
РАЗЬДЗЕЛ 31
1. У адзінаццатым годзе, у трэцім месяцы, у першы дзень месяца было мне слова Гасподняе: 2. сыне чалавечы! скажы фараону, цару Егіпецкаму, і народу ягонаму: з кім ты раўняеш сябе ў велічы тваёй? 3. Вось, Асур быў кедр на Ліване з прыгожымі галінамі і цяністаю лістотаю і высокі ростам: вяршаліна ягоная была сярод тоўстых сукоў. 4. Воды гадавалі яго, бездань падымала яго, рэкі яе абмывалі гадавальнік ягоны, і яна пратокі свае пасылала да ўсіх дрэў польных. 5. Таму вышыня яго перавысіла ўсе дрэвы польныя, і сукоў на ім было многа, і галіны яго памножыліся, і сукі яго рабіліся доўгімі ад мноства вады, калі ён разрастаўся. 6. На суках яго вілі гнёзды ўсякія птушкі нябесныя, пад галінамі яго выводзілі дзяцей ўсякія зьвяры польныя, і пад ценем яго жылі ўсякія шматлікія народы. 7. Ён красаваўся вышынёю свайго росту, даўжынёю галін сваіх, бо корань яго быў каля вялікіх водаў. 8. Кедры ў садзе Божым ня засьцілі яго; кіпарысы не раўняліся з сукамі ягонымі, і каштаны ня былі велічынёю з галіны ягоныя, ніводнае дрэва ў садзе Божым не раўнялася зь ім прыгажосьцю сваёю. 9. Я ўпрыгожыў яго мноствам галін яго, так што ўсе дрэвы Эдэмскія ў садзе Божым зайздросьцілі яму. 10. Таму так сказаў Гасподзь Бог: за тое, што ты высокі зрабіўся ростам і вяршаліну сваю выставіў сярод тоўстых сукоў, і сэрца ягонае заганарылася веліччу яго, 11. за тое Я аддаў яго ў рукі валадару народаў; ён зрабіў зь ім, як трэба: за пахібнасьць яго Я адкінуў яго. 12. І сьсеклі яго чужаземцы, самыя лютыя з народаў, і скінулі яго на горы: і на ўсе даліны ўпалі галіны яго; і сукі яго паламаліся на ўсіх лагчынах зямлі, і з-пад ценю яго сышлі ўсе народы зямлі і пакінулі яго. 13. На руінах яго пасяліліся ўсякія птушкі нябесныя, і ў суках былі ўсякія польныя зьвяры. 14. Гэта на тое, каб ніякія дрэвы каля водаў ня пышаліся высокім ростам сваім і не падымалі вяршалін сваіх спасярод тоўстых сукоў, і каб не ляпіліся да іх праз вышыню іх дрэвы, якія п'юць ваду, бо ўсе яны будуць аддадзены сьмерці, у апраметную краіну разам з сынамі чалавечымі, што сышлі ў магілу. 15. Так кажа Гасподзь Бог у той дзень, калі ён сышоў у магілу, Я ўчыніў бедаваньне па ім, загаварыў дзеля яго бездань і спыніў рэкі яе, і затрымаў вялікія воды і запамрочыў па ім Ліван, і ўсе дрэвы польныя былі ў маркоце па ім. 16. Шумам падзеньня яго Я прывёў у трымценьне народы, калі зьвёў яго ў апраметную, да тых, што адышлі ў магілу, і ўзрадаваліся ў апраметнай краіне ўсе дрэвы Эдэма, адметныя і самыя лепшыя ў Ліване, якія ўсе п'юць ваду; 17. бо і яны зь ім адышлі ў апраметную да пабітых мечам, і супольнікі ягоныя, што жылі пад ягоным ценем, сярод народаў. 18. Дык вось, зь якім дрэвам Эдэмскім раўняўся ты ў славе і велічы? Але цяпер нароўні з дрэвамі Эдэмскімі ты будзеш зьведзены ў апраметную, будзеш ляжаць сярод неабрэзаных, з пабітымі мечам. Гэта фараон і ўсё мноства народу яго, кажа Гасподзь Бог.
РАЗЬДЗЕЛ 32
1. У дванаццатым годзе, у дванаццатым месяцы, у першы дзень месяца, было мне слова Гасподняе: 2. сыне чалавечы! узьнясі плач па фараоне, цары Егіпецкім, і скажы яму: ты, як малады леў сярод народаў і як пачварына ў морах, кідаешся ў рэках тваіх і каламуціш нагамі тваімі воды, і топчаш патокі іх. 3. Так кажа Гасподзь Бог: Я закіну на цябе сетку Маю на сходзе многіх народаў, і яны выцягнуць цябе Маёю мярэжаю. 4. І выкіну цябе на зямлю, у чыстым полі кіну цябе, і будуць садзіцца на цябе ўсякія нябесныя птушкі і насычацца табою зьвяры ўсёй зямлі. 5. І раскідаю мяса тваё па горах, і даліны напоўню тваімі трупамі. 6. І зямлю плаваньня твайго напаю крывёю тваёю да самых гор: і калдобіны будуць напоўнены табою. 7. І калі ты патухнеш, зачыню нябёсы і зоркі на іх зацьмлю, сонца засланю хмараю, і месяц ня будзе сьвяціцца сьвятлом сваім. 8. Усе сьвяцілы, што сьвецяцца на нябёсах, запамрочу над табою і на зямлю тваю навяду цемру, кажа Гасподзь Бог. 9. Зьбянтэжу сэрца многіх народаў, калі агалашу пра падзеньне тваё паміж народаў па землях, якіх ты ня ведаў. 10. І зжахну табою многія народы, і цары іхнія скалануцца па табе ад страху, калі мечам Маім страсяну перад абліччам іхнім, і штохвіліны будуць трымцець кожны за душу сваю ў дзень падзеньня твайго. 11. Бо так кажа Гасподзь Бог: меч цара Вавілонскага прыйдзе на цябе. 12. Ад мечаў дужых загіне народ твой; усе яны - самыя лютыя з народаў, і зьнішчаць гонар Егіпта, і загіне ўсё мноства ягонае. 13. І вынішчу ўсё быдла яго каля вялікіх водаў, і наперад ня будзе каламуціць іх нага чалавечая, і капыты быдла ня будуць каламуціць іх. 14. Тады дам спакой водам іхнім, і зраблю, што рэкі іхнія пацякуць, як алей, кажа Гасподзь Бог. 15. Калі зраблю зямлю Егіпецкую пустыняю, і калі пазбудзецца зямля ўсяго, што напаўняе яе; калі паб'ю ўсіх, хто жыве на ёй, тады ўведаюць, што Я - Гасподзь. 16. Вось сьлёзная песьня, якую будуць сьпяваць; дочкі народаў будуць сьпяваць яе; па Егіпце і па ўсім мностве яго будуць сьпяваць яе, кажа Гасподзь Бог. 17. У дванаццатым годзе, у пятнаццаты дзень таго самага месяца, было мне слова Гасподняе: 18. сыне чалавечы! аплач народ Егіпецкі, і скінь яго, яго і дочак славутых народаў у апраметную, з тымі, што адыходзяць у магілу. 19. Каго ты пераўзыходзіш? сыдзі, і ляжы зь неабрэзанымі. 20. Тыя ўпадуць сярод забітых мечам, і ён аддадзены мечу; цягнеце яго і ўсё мноства яго. 21. Сярод апраметнай будуць гаварыць пра яго і пра спрымірэнцаў ягоных першыя з герояў; яны загінулі і ляжаць там сярод неабрэзаных, пабітыя мечам. 22. Там Асур і ўсё полчышча ягонае, вакол яго труны іхнія, усе пабітыя, зваяваныя мечам. 23. Труны яго пастаўлены ў самай глыбіні апраметнай, і полчышча яго вакол грабніцы ягонай, усе пабітыя, што загінулі ад меча, тыя, якія пашыралі жудасьць на зямлі жывых. 24. Там Элам з усім мноствам сваім вакол магільніцы ягонай, усе яны - пабітыя, што загінулі ад меча, якія неабрэзанымі сышлі ў апраметную, якія распаўсюдзілі сабою жах на землі жывых і нясуць ганьбу сваю з тымі, што адышлі ў магілу. 25. Сярод пабітых далі ложак яму з усім мноствам ягоным; вакол яго - труны іхнія, усе неабрэзаныя, пабітыя мечам: і як ён пашыраў жах на зямлі жывых, дык і нясуць на сабе ганьбу нароўні з тымі, што адышлі ў магілу і пакладзены сярод пабітых. 26. Там Мэшэх і Тувал з усім мноствам сваім; вакол яго - труны іхнія, усе неабрэзаныя, пабітыя мечам, бо яны разносілі жах па зямлі жывых. 27. Ці не павінны і яны ляжаць зь мёртвымі неабрэзанымі героямі, якія з вайсковай зброяй сваёю сышлі ў апраметную і мечы свае паклалі сабе пад галовы, і засталася пахібнасьць іхняя на касьцях іхніх, бо яны, як дужыя, былі жудасьцю на зямлі жывых. 28. І ты будзеш зламаны сярод неабрэзаных і ляжаць з пабітымі мечам. 29. Там - Эдом і цары яго і ўсе князі яго, якія пры ўсёй сваёй адвазе пакладзены сярод пабітых мечам; яны ляжаць зь неабрэзанымі, што сышлі ў магілу. 30. Там уладары поўначы, усе яны і ўсе Сіданяне, якія сышлі туды з пабітымі, бо былі пасаромленыя ў магутнасьці сваёй, што наводзіла жах, - і ляжаць яны зь неабрэзанымі, пабітымі мечам, і нясуць ганьбу сваю з тымі, што адышлі ў магілу. 31. Убачыць іх фараон і суцешыцца ўсім мноствам сваім, пабітым мечам, фараон і ўсё войска ягонае, кажа Гасподзь Бог. 32. Бо Я пашыру страх Мой на зямлі жывых, і пакладзены будзе фараон і ўсё мноства ягонае сярод неабрэзаных з пабітымі мечам, кажа Гасподзь Бог.
РАЗЬДЗЕЛ 33
1. І было мне слова Гасподняе: 2. сыне чалавечы! прамові слова да сыноў народу твайго і скажы ім: калі Я на якую-небудзь зямлю навяду меч, і народ той зямлі возьме спасярод сябе чалавека і паставіць яго ў сябе вартаўніком, 3. і ён, як убачыць меч, што ідзе на зямлю, затрубіць у трубу і асьцеражэ народ, 4. і калі хто будзе слухаць голас трубы, але не асьцеражэ цябе; дык калі меч прыйдзе і захопіць яго, кроў ягоная будзе на яго галаве. 5. Голас трубы ён чуў, але не асьцярогся, кроў ягоная на ім будзе; а хто асьцярогся, той выратуе жыцьцё сваё. 6. Калі ж вартаўнік бачыў, як ішоў меч, і не затрубіў у трубу, і народ ня быў перасьцярожаны, дык калі прыйдзе меч і адбярэ ў каго зь іх жыцьцё, гэты будзе схоплены за грахі свае, але кроў ягоную спагоняць з рук вартаўніка. 7. І цябе, сыне чалавечы, Я паставіў вартавым дому Ізраілеваму, і ты будзеш чуць з вуснаў Маіх слова і настаўляць іх на розум ад Мяне. 8. Калі Я скажу беззаконьніку: «пахібнік! ты сьмерцю памрэш», а ты ня будзеш нічога казаць, каб асьцерагчы пахібніка ад шляху ягонага, дык пахібнік той памрэ за грэх свой, але кроў ягоную спаганю з рукі тваёй. 9. Калі ж ты асьцерагаў пахібніка ад шляху ягонага, каб ён адвярнуўся ад яго, але ён ад шляху свайго не адвярнуўся, дык ён памірае за грэх свой, а ты выратаваў душу тваю. 10. І ты, сыне чалавечы, скажы дому Ізраілеваму: вы кажаце так: «злачынствы нашыя і грахі нашыя на нас, і мы растаем у іх: як жа мы можам жыць?» 11. Скажы ім: жыву Я, кажа Гасподзь Бог: не хачу сьмерці грэшніка, а каб грэшнік адвярнуўся ад шляху свайго і жывы быў. Адвярнецеся, адвярнецеся ад ліхіх шляхоў вашых; і навошта паміраць вам, доме Ізраілеў? 12. І ты, сыне чалавечы, скажы сынам народу твайго: праведнасьць праведніка не ўратуе ў дзень злачынства ягонага, і пахібнік за пахібнасьць сваю не загіне ў дзень, калі адвернецца ад пахібнасьці сваёй, гэтак сама як і праведнік у дзень зграшэньня свайго ня можа застацца жывы за сваю праведнасьць. 13. Калі Я скажу праведніку, што ён будзе жывы, а ён паспадзяецца на сваю праведнасьць і ўчыніць няпраўду, дык усе праведныя ўчынкі яго не ўзгадаюцца, - і ён памрэ ад няпраўды сваёй, якую ўчыніў. 14. А калі скажу пахібніку: «ты сьмерцю памрэш», і ён адвернецца ад грахоў сваіх і будзе чыніць справядлівасьць і праўду, 15. калі гэты пахібнік верне заклад, за адабранае заплаціць, будзе хадзіць паводле законаў жыцьця, ня робячы нічога благога, - дык ён будзе жывы, не памрэ. 16. Ніводзін грэх ягоны, якія ён зрабіў, не ўзгадаецца яму; ён пачаў чыніць справядлівасьць і праўду, ён будзе жывы. 17. А сыны народу твайго кажуць: «няправільны шлях Госпада», тым часам як іхні шлях няправільны. 18. Калі праведнік адступіўся ад праведнасьці сваёй і пачаў чыніць пахібна, дык ён памрэ за тое. 19. І калі пахібнік адвярнуўся ад пахібнасьці сваёй і пачаў чыніць справядлівасьць і праўду, ён будзе за тое жывы. 20. А вы кажаце: «няправільны шлях Госпада!» Я буду судзіць вас, доме Ізраілеў, кожнага паводле шляхоў ягоных. 21. У дванаццатым годзе нашага перасяленьня, у дзясятым месяцы, у пяты дзень месяца, прыйшоў да мяне адзін з тых, што выратаваліся, зь Ерусаліма і сказаў: «разбураны горад!» 22. Але яшчэ да прыходу гэтага ўратаванага ўвечары была на мне рука Госпада, і Ён разамкнуў мне вусны, перш чым той прыйшоў да мяне раніцай. І разамкнуліся вусны мае, і я ўжо ня быў бязмоўны. 23. І было мне слова Гасподняе: 24. сыне чалавечы! тыя, што жывуць на апусьцелых мясьцінах у зямлі Ізраілевай, кажуць: Абрагам быў адзін - і атрымаў на валоданьне зямлю гэтую, а нас многа; дык вось, нам дадзена зямля гэтая на валоданьне. 25. Таму скажы ім: так кажа Гасподзь Бог: вы ясьце з крывёю і падымаеце вочы вашыя да ідалаў вашых і праліваеце кроў, - і хочаце валодаць зямлёю? 26. Вы абапіраецеся на меч ваш, робіце гідоты, апаганьваеце жонку адзін у аднаго, і хочаце валодаць зямлёю? 27. Вось, што скажы ім: так кажа Гасподзь Бог: жыву Я! тыя, якія - на мясьцінах спустошаных, загінуць ад меча, а хто - у полі, таго аддам, каб зьелі зьвяры; а якія - ва ўмацаваньнях і ў пячорах, тыя памруць ад згубнай пошасьці. 28. І зраблю зямлю пустыняю з пустынь, і ганарлівая магутнасьць яе спыніцца, і горы Ізраілевыя апусьцеюць, так што ня будзе праходжых. 29. І ўведаюць, што Я - Гасподзь, калі зраблю замлю пустыняю з пустынь за ўсе гідоты іхнія, якія яны рабілі. 30. А пра цябе, сыне чалавечы, сыны народу твайго гавораць каля сьцен і ў дзьвярах дамоў і кажуць адзін аднаму, брат брату: ідзеце і паслухайце, якое слова выйшла ад Госпада. 31. І яны прыходзяць да цябе, як на народную сходню, і сядае перад абліччам тваім народ Мой, і слухаюць словы твае, але ня выконваюць іх; бо яны ў вуснах сваіх робяць з гэтага забаўку, сэрца іхняе цягнецца за карысьлівасьцю іхняю. 32. І вось, ты для іх - як забаўны сьпявак з прыемным голасам і добра граеш; яны слухаюць словы твае, але ня выконваюць іх. 33. Але калі збудзецца - вось, ужо і збываецца, - тады ўведаюць, што сярод іх быў прарок.
РАЗЬДЗЕЛ 34
1. І было мне слова Гасподняе: 2. сыне чалавечы! вымаві прароцтва на пастыраў Ізраілевых, вымаві прароцтва і скажы ім, пастырам: так кажа Гасподзь Бог: гора пастырам Ізраілевым, якія пасьвілі саміх сябе! ці ж ня статак павінны пасьвіць пастыры? 3. Вы елі тлушч і воўнаю апраналіся, укормленых авечак калолі, а статак ня пасьвілі. 4. Слабых не мацавалі і хворай авечкі ня лекавалі і параненай не перавязвалі, і сагнанай не вярталі і згубленай ня шукалі, а кіравалі імі з гвалтам і жорсткасьцю. 5. І расьсеяліся яны бяз пастыра і расьсеяўшыся парабіліся ежаю ўсякаму зьверу польнаму. 6. Блукаюць авечкі Мае па ўсіх горах і па ўсякіх высокіх пагорках, і па ўсім улоньні зямлі расьсеяліся авечкі Мае, і ніхто не разьведвае пра іх і ніхто ня шукае іх. 7. Таму, пастыры, выслухайце слова Гасподняе. 8. Жыву Я! кажа Гасподзь Бог; за тое, што авечкі Мае былі пакінутыя, каб іх пахапалі, і бяз пастыра зрабіліся авечкі Мае ежаю ўсякаму зьверу польнаму, і пастыры Мае ня шукалі авечак Маіх і пасьвілі пастыры саміх сябе, а авечак Маіх ня пасьвілі, 9. за тое, пастыры, паслухайце слова Гасподняе. 10. Так кажа Гасподзь Бог: вось Я - на пастыраў, і спаганю авечак Маіх з рук іхніх і ня дам ім болей пасьвіць авечак, і ня будуць болей пастыры пасьвіць саміх сябе, і вырву авечак Маіх з пашчанак іхніх, і ня будуць яны ежаю ім. 11. Бо так кажа Гасподзь Бог: вось Я Сам знайду авечак Маіх і агледжу іх. 12. Як пастух правярае статак свой у той дзень, калі ён сярод статку свайго расьсеянага, так Я перагледжу авечак Маіх і вызвалю іх з усіх мясьцінаў, у якія яны былі расьсеяны ў дзень хмарны і змрочны. 13. І выведу іх з народаў і зьбяру іх з краін, і прывяду іх у зямлю іхнюю і буду пасьвіць іх на горах Ізраілевых, каля патокаў і на ўсіх населеных мясьцінах зямлі гэтай. 14. Буду пасьвіць іх на добрай пашы, і кашара іхняя будзе на высокіх горах Ізраілевых; там яны будуць адпачываць у добрым загоне і будуць пасьвіцца на сакавітай пашы - на горах Ізраілевых. 15. Я буду пасьвіць авечкі Мае і Я буду пакоіць іх, кажа Гасподзь Бог. 16. Якая згубілася, тую знайду і адагнаную вярну, і параненую перавяжу і хворую ўмацую, і ўтлусьцелую і буйную зьнішчу; буду пасьвіць іх па праўдзе. 17. А вас, авечкі Мае, - так кажа Гасподзь Бог, - вось, Я буду судзіць паміж авечкаю і авечкаю, паміж бараном і казлом. 18. Хіба мала вам таго, што пасьвіцеся на добрай пашы, а між тым астатняе на пашы вашай дратуеце нагамі вашымі, п'яце чыстую ваду, а астатнюю каламуціце нагамі вашымі, 19. так што авечкі Мае павінны карміцца тым, што патаптана нагамі вашымі, і піць тое, што скаламучана нагамі вашымі? 20. Таму так кажа ім Гасподзь Бог: вось, Я Сам буду судзіць паміж авечкаю тлустаю і авечкаю худою. 21. Як што вы штурхаеце бокам і плячом, і рагамі сваімі бораце ўсіх слабых, пакуль ня выштурхнеце іх вонкі, 22. дык Я ўратую авечкі Мае, і іх ня будуць ужо расьцягваць, і рассуджу паміж авечкаю і авечкаю. 23. І пастаўлю над імі аднаго пастыра, які будзе пасьвіць іх, раба Майго Давіда; ён будзе пасьвіць іх і ён будзе ў іх за пастыра. 24. І Я Гасподзь буду іхнім Богам, і раб Мой Давід будзе князем сярод іх. Я Гасподзь сказаў гэта. 25. І заключу зь імі запавет міру і выдалю зь зямлі лютых зьвяроў, так што ў бясьпецы жыцьмць у стэпе і спацьмуць у лясах. 26. Дам ім і ваколіцам пагорка Майго дабраславеньне, і дождж буду пасылаць у свой час; гэта будзе дождж дабраславеньня. 27. І палявое дрэва будзе даваць плод свой, і зямля будзе даваць утворы свае; і будуць яны ўбясьпечаны на зямлі сваёй, і ўведаюць, што Я - Гасподзь, калі паламаю сувязі ярма іхняга і вызвалю іх з рукі рабаўніка іхняга. 28. Яны ня будуць ужо здабычаю народаў, і палявыя зьвяры ня будуць жэрці іх; яны будуць жыць убясьпечана, і ніхто ня будзе палохаць іх. 29. І ўчыню ў іх пасадку слаўную, і ня будуць ужо гінуць ад голаду на зямлі і цярпець ганьбаваньне ад народаў. 30. І ўведаюць, што Я, Гасподзь Бог іхні - зь імі, і яны, дом Ізраілеў - Мой народ, кажа Гасподзь Бог, 31. і што вы - авечкі Мае, авечкі паствы Маёй; вы - людзі, а Я - Бог ваш, кажа Гасподзь Бог.
РАЗЬДЗЕЛ 35
1. І было мне слова Гасподняе: 2. сыны чалавечыя! павярні аблічча тваё да гары Сэір і вымаві на яе прароцтва 3. і скажы ёй: так кажа Гасподзь Бог: вось Я - на цябе, гара Сэір! і працягну на цябе руку Маю і зраблю цябе пустою і незаселенаю. 4. Гарады твае ператвару ў разваліны, і ты сама апусьцееш і ўведаеш, што Я - Гасподзь. 5. Як што ў цябе вечная варожасьць, і ты аддавала сыноў Ізраілевых у рукі мечу ў час няшчасьця іхняга, у час канчатковай пагібелі, 6. за гэта, жыву Я! кажа Гасподзь Бог, зраблю цябе крывёю, і кроў будзе перасьледаваць цябе; як што ты не ненавідзела крыві, дык кроў і будзе перасьледаваць цябе. 7. І зраблю гару Сэір пустым і бязьлюдным стэпам і вынішчу на ёй прыхадня і вяртанца. 8. І напоўню вышыні яе забітымі яе: на пагорках тваіх і ў далінах тваіх і ва ўсіх калдобінах тваіх будуць падаць пабітыя мечам. 9. Зраблю цябе пустыняю вечнаю, і ў гарадах тваіх ня будуць жыць, і ўведаеце, што Я - Гасподзь. 10. Так, як ты казала: гэтыя два народы і гэтыя дзьве зямлі будуць мае, і мы завалодаем імі, хоць і Гасподзь быў там, 11. за тое, жыву Я! кажа Гасподзь Бог, зраблю з табою ў меру нянавісьці тваёй, якую ты выказала зь нянавісьці тваёй да іх, і яўлю Сябе ім, калі буду судзіць цябе. 12. І ўведаеш, што Я Гасподзь чуў усе глумленьні твае, якія ты вымаўляла на горы Ізраілевыя, кажучы: «апусьцелі! нам аддадзены, каб мы зьелі!» 13. Вы пышыліся перада Мною языком вашым і памнажалі прамовы вашыя супроць Мяне; я чуў гэта. 14. Так кажа Гасподзь Бог: калі ўся зямля будзе радавацца, Я зраблю цябе пустыняю. 15. Як ты радавалася таму, што доля дому Ізраілевага апусьцела, так зраблю Я і з табою: спустошана будзеш, гара Сэір, і ўся Ідумэя разам, - і ўведаюць, што Я - Гасподзь.
РАЗЬДЗЕЛ 36
1. І ты, сыне чалавечы, вымаві прароцтва на горы Ізраілевыя і скажы: горы Ізраілевыя! слухайце слова Гасподняе. 2. Так кажа Гасподзь Бог: як што вораг гаворыць пра вас: «ага! ага! і вечныя вышыні дасталіся нам на долю», 3. дык вымаві прароцтва і скажы, так кажа Гасподзь Бог: за тое, менавіта за тое, што спусташаюць вас і паглынаюць вас з усіх бакоў, каб вы зрабіліся здабыткам іншых народаў і былі зьліхаслоўлены і перасуджаны людзьмі, 4. за гэта, горы Ізраілевыя, выслухайце слова Госпада Бога: так кажа Гасподзь Бог горам і пагоркам, лагчынам і далінам, і апусьцелым развалінам і пакінутым гарадам, якія зрабіліся здабычаю і паглумішчам іншым навакольным народам; 5. за гэта так кажа Гасподзь Бог: у агні клопату Майго Я вымавіў слова на іншыя народы і на ўсю Ідумэю, якія назначылі зямлю Маю на валоданьне сабе, з сардэчнай радасьцю і з пагардай у душы асуджаючы яе на здабычу сабе. 6. Таму вымаві прароцтва пра зямлю Ізраілевую і скажы горам і пагоркам, лагчынам і далінам: так кажа Гасподзь Бог: вось, Я вымавіў гэта ў клопаце Маім, бо вы несяце на сабе паглум ад народаў. 7. Таму так кажа Гасподзь Бог: Я падняў руку Маю з прысягаю, што народы, якія вакол вас, самі панясуць сорам свой. 8. А вы, горы Ізраілевыя, распусьцеце гольле ваша і будзеце радзіць плады вашыя народу Майму Ізраілю; бо яны скора прыйдуць. 9. Бо вось, Я да вас зьвярнуся, і вас будуць урабляць і засяваць. 10. І пасялю на вас мноства людзей, і ўвесь дом Ізраілеў, увесь, і заселеныя будуць гарады і забудаваныя разваліны. 11. І памножу на вас людзей і яны будуць пладзіцца і множыцца, і засялю вас, як было ў ранейшыя часы вашыя, і буду чыніць вам дабра болей, чым у ранейшыя часы вашыя, - і ўведаеце, што Я - Гасподзь. 12. І прывяду на вас людзей, народ Мой, Ізраіля, і яны будуць валодаць табою, зямля! і ты будзеш спадчынай іхняй і ня будзеш болей рабіць іх бязьдзетнымі. 13. Так кажа Гасподзь Бог: за тое, што кажуць пра вас: «ты - зямля, якая есьць людзей і робіць народ твой бязьдзетным,» 14. затое ўжо ня будзеш больш есьці людзей і народу твайго ня будзеш наперад рабіць бязьдзетным, кажа Гасподзь Бог. 15. І больш ня будзеш чуць зьдзеку ад народаў, паглуму ад плямёнаў не панясеш ужо на сабе, і народу твайго больш ня будзеш рабіць бязьдзетным, кажа Гасподзь Бог. 16. І было мне слова Гасподняе: 17. сыне чалавечы! калі дом Ізраілеў жыў на зямлі сваёй, ён апаганьваў яе паводзінамі сваімі і ўчынкамі сваімі; шлях іх перад абліччам Маім быў як нячыстасьць жанчыны ў час ачышчэньня яе. 18. І Я выліў на іх гнеў Мой за кроў, якую яны пралівалі на гэтай зямлі, і за тое, што яны апаганьвалі яе ідаламі сваімі. 19. І Я расьсеяў іх па народах, і яны разьвеяны па землях; Я судзіў іх паводле шляхоў іхніх і паводле ўчынкаў іхніх. 20. І прыйшлі яны да народаў, куды пайшлі, і зьняславілі сьвятое імя Маё, бо пра іх кажуць: «яны - народ Госпада і выйшлі зь зямлі Ягонай»; 21. І пашкадаваў Я сьвятое імя Маё, якое зьняславіў дом Ізраілеў у народаў, куды прыйшоў. 22. Таму скажы дому Ізраілеваму: так кажа Гасподзь Бог: ня вам Я зрабіў гэта, доме Ізраілеў, а дзеля сьвятога імя Майго, якое вы зьняславілі ў народаў, куды прыйшлі. 23. І асьвячу вялікае імя Маё, неславёнае ў народаў, сярод якіх вы зьняславілі яго, і ўведаюць народы, што Я - Гасподзь, кажа Гасподзь Бог, калі яўлю на вас сьвятасьць Маю перад вачыма іхнімі. 24. І вазьму вас з народаў і зьбяру вас з усіх краін і прывяду вас у зямлю вашу. 25. І акраплю вас чыстаю вадою, - і вы ачысьціцеся ад усіх пахібаў вашых, і ад усіх ідалаў вашых ачышчу вас. 26. І дам вам сэрца новае і дух новы дам вам; і вазьму з плоці вашай сэрца каменнае і дам вам сэрца плацяное. 27. Укладу ўсярэдзіну вас дух Мой і зраблю так, што вы хадзіцьмеце ў запаведзях Маіх і пастановы Мае будзеце захоўваць і выконваць. 28. І будзеце жыць на зямлі, якую Я даў бацькам вашым, і будзеце Маім народам, і Я буду вашым Богам. 29. І вызвалю вас ад усіх нечысьцяў вашых, і наклічу хлеб і памножу яго, і ня дам вам цярпець голад. 30. І памножу плады на дрэвах і ўтворы палёў, каб болей не цярпець вам паглуму ад народаў праз голад. 31. Тады згадаеце пра ліхія шляхі вашыя і благія ўчынкі вашыя і адчуеце агіду да саміх сябе за пахібнасьці вашыя і гнюсоты вашыя. 32. Ня дзеля вас Я зраблю гэта, кажа Гасподзь Бог, хай будзе вам вядома. Чырванейце і саромейцеся шляхоў вашых, доме Ізраілеў. 33. Так кажа Гасподзь Бог: у той дзень, калі ачышчу вас ад усіх пахібнасьцяў вашых і насялю гарады, адбудаваныя будуць разваліны, 34. і будзе ўрабляцца спустошаная зямля, якая была пустыняю ў вачах у кожнага, хто праходзіў міма, 35. тады скажуць: «гэтая апусьцелая зямля зрабілася як сад Эдэмскі і гэтыя разваленыя і апусьцелыя і спустошаныя гарады ўмацаваны і населены». 36. І ўведаюць народы, якія застануцца вакол вас, што Я Гасподзь зноў будую разбуранае, засаджваю апусьцелае. Я Гасподзь сказаў - і зрабіў. 37. Так кажа Гасподзь Бог: вось, яшчэ і ў тым яўлю міласьць Маю дому Ізраілеваму, памножу іх людзьмі, як статак. 38. Як многа бывае ахвярных авечак у Ерусаліме ў часы сьвятаў ягоных, так поўныя будуць людзьмі апусьцелыя гарады, і ўведаюць, што Я - Гасподзь.
РАЗЬДЗЕЛ 37
1. Была на мне рука Госпада, і Гасподзь вывеў мяне духам і паставіў мяне пасярод поля, і яно было поўнае касьцей, 2. і абвёў мяне вакол каля іх, і вось даволі шмат іх на паверхні поля, і вось яны даволі сухія. 3. І сказаў мне: сыне чалавечы! ці ажывуць косьці гэтыя? Я сказаў: Госпадзе Божа! Ты ведаеш гэта. 4. І сказаў мне: вымаві прароцтва на косьці гэтыя і скажы ім: «косьці сухія! слухайце слова Гасподняе!» 5. Так кажа Гасподзь Бог касьцям гэтым: вось, Я ўвяду ў вас дух, і ажывяце. 6. І абкладу вас жыламі, і выгадую на вас плоць, і пакрыю вас скураю, і ўвяду ў вас дух, і ажывяце, і ўведаеце, што Я - Гасподзь. 7. Я вымавіў прароцтва, як загадана было мне; і калі я прарочыў, адбыўся шум, і вось рух, і пачалі збліжацца косьці, костка з косткаю сваёю. 8. І бачыў я, і вось, жылы былі на іх, і плоць нарасла, і скура пакрыла іх зьверху, а духа ня было ў іх. 9. Тады сказаў Ён мне: вымаві прароцтва духу, вымаві прароцтва, сыне чалавечы, і скажы духу: так кажа Гасподзь Бог: ад чатырох вятроў прыйдзі, дух, і дыхні на гэтых забітых, і яны ажывуць. 10. І я вымавіў прароцтва, як Ён загадаў мне, і ўвайшоў у іх дух, - і яны ажылі і сталі на ногі свае - досыць, вялікае полчышча. 11. І сказаў Ён мне: сыне чалавечы! косьці гэтыя - увесь дом Ізраілеў. Вось, яны кажуць: «высахлі косьці нашыя, і загінула надзея нашая: мы адарваныя ад кораня». 12. Таму вымаві прароцтва і скажы ім: так кажа Гасподзь Бог: вось, я адчыню труны вашыя і выведу вас, народзе Мой, з трунаў вашых і ўвяду вас у зямлю Ізраілевую. 13. І ўведаеце, што Я - Гасподзь, калі адчыню труны вашыя і выведу вас, народзе Мой, з трунаў вашых, 14. і ўкладу ў вас дух Мой, і ажывяце, і зьмяшчу вас на зямлі вашай - і ўведаеце, што Я Гасподзь сказаў гэта - і зрабіў, кажа Гасподзь. 15. І было мне слова Гасподняе: 16. а ты, сыне чалавечы, вазьмі сабе адно жазло і напішы на ім: «Юду і сынам Ізраілевым, што ў спрымірэнстве зь ім»; і яшчэ вазьмі жазло і напішы на ім: «Язэпу», гэта - жазло Яфрэмава і ўсяго дому Ізраілевага, што ў спрымірэнстве зь ім. 17. І складзі іх у сябе адзін з адным у адно жазло, каб яны ў руцэ тваёй былі адно. 18. І калі спытаюцца ў цябе сыны народу твайго: «ці не растлумачыш нам, што гэта ў цябе?» 19. Тады скажы ім: так кажа Гасподзь Бог: вось, Я вазьму жазло Язэпава, якое ў руцэ ў Яфрэма і спрыміраных зь ім плямёнаў Ізраілевых, і прыкладу іх да яго, да жазла Юдавага, і зраблю іх адным жазлом, і будуць адно ў руцэ Маёй. 20. Калі ж абодва жэзлы, на якіх ты напішаш, будуць у руцэ тваёй перад вачыма іхнімі, 21. дык скажы ім: так кажа Гасподзь Бог: вось, Я вазьму сыноў Ізраілевых спасярод народаў, сярод якіх яны жывуць, і зьбяру іх адусюль і прывяду іх у зямлю іхнюю. 22. На гэтай зямлі, на горах Ізраіля Я зраблю іх адным народам, і адзін Цар будзе царом ва ўсіх іх, і ня будуць болей двума народамі і ўжо ня будуць наперад дзяліцца на два царствы. 23. І ня будуць ужо апаганьваць сябе ідаламі сваімі і рознымі заганамі сваімі, і вызвалю іх з усіх мясьцінаў, дзе яны жывуць, дзе яны грашылі, і ачышчу іх, - і будуць Маім народам, і Я буду іх Богам. 24. А раб Мой Давід будзе царом над імі і пастырам усіх іх, і яны будуць хадзіць паводле запаведзяў Маіх і пастановы Мае будуць захоўваць і выконваць іх. 25. І будуць жыць на зямлі, якую Я даў рабу Майму Якаву, на якой жылі бацькі іхнія: там будуць жыць яны і дзеці іхнія і дзеці дзяцей іхніх вавекі; і раб Мой Давід будзе князем у іх вечна. 26. І заключу зь імі запавет міру, запавет вечны будзе зь імі. І ўладкую іх і памножу іх і пастаўлю сярод іх сьвятыню Маю навекі. 27. І будзе ў іх жытло Маё, і буду іхнім Богам, а яны будуць Маім народам. 28. І ўведаюць народы, што Я - Гасподзь, Які асьвячае Ізраіля, калі сьвятыня Мая будзе сярод іх вавекі.
РАЗЬДЗЕЛ 38
1. І было мне слова Гасподняе: 2. сыне чалавечы! павярні аблічча тваё да Гога ў зямлі Магог, князя Роша, Мэшэха і Тувала, і вымаві на яго прароцтва 3. і скажы: так кажа Гасподзь Бог: вось Я - на цябе, Гог, князь Роша, Мэшэха і Тувала! 4. І павярну цябе і ўкладу цуглі ў сківіцы твае і выведу цябе і ўсё войска тваё, коней і верхаўцоў, усіх пры поўнай зброі, вялікае полчышча, у брані і з шчытамі, усіх узброеных мечамі, 5. Персаў, Эфіопаў і Лівійцаў зь імі, усіх з шчытамі і ў шаломах, 6. Гамэра з усімі ягонымі атрадамі, дом Тагарма, ад паўночных межаў, з усімі ягонымі атрадамі, многія народы з табою. 7. Рыхтуйся і зьбірайся - ты і ўсе полчышчы твае, што пазьбіраліся да цябе, - і будзь ім за правадыра. 8. Праз многа дзён ты спатрэбішся; у апошнія гады ты прыйдзеш у зямлю, збаўленую ад меча, сабраную з многіх гарадоў, на горы Ізраілевыя, якія былі ў пастаянным запусьценьні, але цяпер жыхары яе будуць вернуты з народаў і ўсе яны будуць жыць у бясьпецы. 9. І падымешся як бура, пойдзеш як хмара, каб накрыць зямлю, - і ты і ўсе полчышчы твае і многія народы з табою. 10. Так кажа Гасподзь Бог: у той дзень прыйдуць табе на сэрца думкі, і ты намысьліш ліхі ўчынак 11. і скажаш: падымуся я на зямлю неабгароджаную, пайду на бястурботных, якія жывуць у бясьпецы, - усе яны жывуць бязь сьцен, і няма ў іх ні замкоў, ні дзьвярэй, 12. каб учыніць рабунак і набраць здабычы, накласьці руку на зноў заселеныя руіны і на народ, сабраны з народаў, які вядзе гаспадарку і гандаль, які жыве на вяршыні зямлі. 13. Сава і Дэдан і купцы Тарсіскія з усімі іхнімі маладымі львамі скажуць табе: ты прыйшоў, каб учыніць рабунак, сабраў полчышча тваё, каб набраць здабычы, узяць срэбра і золата, адабраць быдла і маёмасьць, захапіць вялікую здабычу? 14. Таму вымаві прароцтва, сыне чалавечы, і скажы Гогу: так кажа Гасподзь Бог: ці ж не? таго дня, калі народ Мой Ізраіль будзе жыць у бясьпецы, ты ўведаеш гэта; 15. і пойдзеш зь месца твайго ад паўночных межаў, - і ты і многія народы з табою, усе, хто сядзіць на конях, зборня вялікая і войска шматлікае. 16. І падымешся на народ Мой, на Ізраіля, як хмара, каб накрыць зямлю: гэта будзе ў апошнія дні, і Я прывяду цябе на зямлю Маю, каб народы ўведалі Мяне, калі Я над табою, Гог, яўлю сьвятасьць Маю перад іх вачамі. 17. Так кажа Гасподзь Бог: ці ня ты - той самы, пра якога Я гаварыў у старадаўнія дні праз рабоў Маіх, прарокаў Ізраілевых, якія прарочылі ў тыя часы, што Я прывяду цябе на іх. 18. І будзе ў той дзень, калі Гог прыйдзе на зямлю Ізраілевую, кажа Гасподзь Бог, гнеў Мой запалае ў лютасьці Маёй. 19. І ў рэўнасьці Маёй, у агні абурэньня Майго Я сказаў: сапраўды ў той дзень адбудзецца вялікае патрасеньне на зямлі Ізраілевай. 20. І затрымцяць ад аблічча Майго рыбы марскія і птушкі нябесныя, і зьвяры польныя і ўсе паўзуны, якія поўзаюць па зямлі, і ўсе людзі, якія на ўлоньні зямлі, і абваляцца горы і ўпадуць уцёсы, і ўсе сьцены ўпадуць на зямлю. 21. І па ўсіх горах Маіх заклічу меч супроць яго, кажа Гасподзь Бог; меч кожнага чалавека будзе супроць брата ягонага. 22. І буду судзіцца зь ім згубнаю пошасьцю і праліцьцём крыві, і вылью на яго і на ягоныя палкі і на многія народы, якія зь ім, усепатопны дождж і каменны град, агонь і серку; 23. І пакажу Маю веліч і сьвятасьць Маю і яўлю Сябе перад вачыма многіх гарадоў, - і ўведаюць, што Я - Гасподзь.
РАЗЬДЗЕЛ 39
1. А ты, сыне чалавечы, прамові прароцтва на Гога і скажы: так кажа Гасподзь Бог: вось Я - на цябе, Гог, князь Роша, Мэшэха і Тувала! 2. І павярну цябе і павяду цябе, і выведу цябе ад краёў поўначы і прывяду цябе на горы Ізраілевыя. 3. І выб'ю лук твой зь левай рукі тваёй і выкіну стрэлы твае з правай рукі тваёй. 4. Упадзеш ты на горах Ізраілевых, і ты і ўсе палкі твае і народы, якія з табою; і аддам цябе, каб зьелі, розным драпежным птушкам і зьвярам польным. 5. На адкрытым полі ўпадзеш, бо Я сказаў гэта, кажа Гасподзь Бог. 6. І пашлю агонь на зямлю Магог і на жыхароў астравоў, якія жывуць у бясьпецы, і ўведаюць, што Я - Гасподзь. 7. І яўлю сьвятое імя Маё сярод народу Майго, Ізраіля, і ня дам наперад няславіць сьвятога імя Майго, - і ўведаюць народы, што Я - Гасподзь, Сьвяты ў Ізраілі. 8. Вось гэта і прыйдзе і збудзецца, кажа Гасподзь Бог, гэта той дзень, пра які Я сказаў. 9. Тады жыхары гарадоў Ізраілевых выйдуць і раскладуць агонь і будуць паліць зброю, шчыты і латы, лукі і стрэлы, і булавы і дзіды, сем гадоў будуць паліць іх. 10. І ня будуць насіць дроў з поля, ані сячы іх у лясах, а будуць паліць толькі зброю; і абрабуюць рабаўнікоў сваіх і абяруць абіральнікаў сваіх, кажа Гасподзь Бог. 11. І будзе ў той дзень: дам Гогу месца на магілу ў Ізраілі, даліну, па якой праходзяць на ўсход ад мора, і яна будзе затрымліваць праходняў; і пахаваюць там Гога і ўсё полчышча ягонае і называцьмуць яе далінаю полчышча Гогавага. 12. І дом Ізраілеў сем месяцаў будзе хаваць іх, каб ачысьціць зямлю. 13. І ўвесь народ зямлі будзе хаваць іх, і славуты будзе ў іх дзень, калі Я праслаўлю Сябе, кажа Гасподзь Бог. 14. І назначаць людзей, якія ўвесь час будуць абыходзіць зямлю і з дапамогаю прахожых хавацьмуць тых, што засталіся на паверхні зямлі - дзеля ачышчэньня яе: а як пройдзе сем месяцаў яны пачнуць рабіць пошукі, 15. і калі хто з тых, што абыходзяць зямлю, убачыць костку чалавечую, той паставіць каля яе знак, пакуль пахавальнікі не пахаваюць яе ў даліне полчышча Гогавага 16. І будзе імя гораду: Гамона*. І так ачысьцяць яны зямлю. 17. А ты, сыне чалавечы, - так кажа Гасподзь Бог, скажы розным птушкам і ўсім зьвярам польным: зьбірайцеся і йдзеце, з усіх бакоў сыходзьцеся да ахвяры Маёй, якую Я закалю вам, да вялікай ахвяры на горах Ізраілевых, - і есьцімеце мяса і піцьмеце кроў: 18. мяса мужоў дужых будзеце есьці і будзеце піць кроў князёў зямлі, бараноў, ягнят, казлоў і цялят, усіх выкармленых на Васане; 19. і будзеце есьці тлушч удосыць і піць кроў дап'яна з ахвяры Маёй, якую Я закалю вам. 20. І насыціцеся за сталом Маім конямі і коньнікамі, мужамі дужымі і ўсякімі людзьмі вайсковымі, кажа Гасподзь Бог. 21. І яўлю славу Маю паміж народамі, і ўсе народы ўбачаць суд Мой, які Я ўчыню, і руку Маю, якую Я накладу на іх. 22. І будзе ведаць дом Ізраілеў, што Я - Гасподзь Бог іхні, ад сёньня і далей. 23. І ўведаюць народы, што дом Ізраілеў быў пераселены за няпраўду сваю; за тое, што яны паводзіліся вераломна перада Мною, Я схаваў ад іх аблічча Маё і аддаў іх у рукі ворагам іхнім, - і ўсе яны загінулі ад меча. 24. За нячыстасьць іхнюю і за іх пахібнасьць Я зрабіў гэта зь імі і схаваў ад іх аблічча Маё. 25. Таму так кажа Гасподзь Бог: сёньня вярну палон Якаваў і памілую ўвесь дом Ізраілеў і падбаю паводле сьвятога імя Майго. 26. І адчуюць яны няславу сваю і ўсе пахібы свае, якія рабілі перада Мною, калі жыцьмуць на зямлі сваёй у бясьпецы і ніхто ня будзе запалохваць іх, 27. калі Я вярну іх з народаў і зьбяру іх зь земляў ворагаў іхніх і яўлю ў іх сьвятасьць Маю перад вачамі многіх народаў. 28. І ўведаюць, што Я - Гасподзь Бог іхні, калі, расьсеяўшы іх сярод народаў, зноў зьбяру іх у зямлю іхнюю і не пакіну ўжо там ніводнага зь іх. 29. І ня будуць ужо хаваць ад іх твару Майго, бо Я вылью дух Мой на дом Ізраілеў, кажа Гасподзь Бог.
* Полчышча
РАЗЬДЗЕЛ 40
1. У дваццаць пятым годзе пасьля перасяленьня нашага, на пачатку года, у дзясяты дзень месяца, у чатырнаццатым годзе пасьля разбурэньня горада, у той самы дзень была на мне рука Госпада, і Ён павёў мяне туды. 2. Ва ўявах Божых, прывёў Ён мяне ў зямлю Ізраілевую і паставіў мяне на даволі высокай гары, і на ёй з паўднёвага боку былі як бы гарадскія будынкі, 3. і прывёў мяне туды. І вось муж, выгляд у якога як бы выгляд бліскучай медзі, і льняная вяроўка ў руцэ ў яго і трысьціна для вымярэньня, і стаяў ён каля брамы. 4. І сказаў мне гэты муж: сыне чалавечы! глядзі вачыма тваімі і слухай вушамі тваімі, і прыкладвай сэрца тваё да ўсяго, што я буду паказваць табе, бо ты на тое і прыведзены сюды, каб я паказаў табе гэта; усё, што ўгледзіш, абвясьці дому Ізраілеваму. 5. І вось, па-за храмам - мур з усіх бакоў яго, і ў руцэ ў таго мужа - трысьціна для вымярэньня ў шэсьць локцяў, калі лічыць кожны локаць локцем з далоню; і намерыў ён у гэтым будынку адну трысьціну таўшчыні і адну трысьціну вышыні. 6. Потым пайшоў да брамы, тварам на ўсход, і падняўся па прыступках яе і знайшоў меры ў адным парозе брамы адну трысьціну шырыні і ў другім парозе адну трысьціну шырыні. 7. І ў кожным бакавым пакоі адна трысьціна даўжыні і адна трысьціна шырыні, а паміж пакоямі пяць локцяў, і ў парозе брамы каля бабінца брамы ўсярэдзіне адна трысьціна. 8. І зьмерыў ён у бабінцы брамы ўсярэдзіне адну трысьціну, 9. а ў бабінцы каля брамы намерыў восем локцяў і два локці ў слупах. Гэты бабінец каля брамы - з боку храма. 10. Бакавых пакояў каля ўсходняй брамы: тры - з аднаго боку і тры - з другога; адна мера ва ўсіх трох і адна мера ў слупах з таго і з другога боку. 11. Шырыні ў пройме брамы ён намерыў дзесяць локцяў, а даўжыні брамы - трынаццаць локцяў. 12. А перад пакоямі выступ у адзін локаць, і ў адзін локаць - з другога боку выступ; гэтыя пакоі з аднаго боку мелі шэсьць локцяў і шэсьць локцяў з другога боку. 13. Потым намерыў ён у браме ад даху аднаго пакоя да даху другога дваццаць пяць локцяў шырыні; дзьверы былі насупраць дзьвярэй. 14. А ў слупах ён налічыў шасьцьдзясят локцяў - у кожным слупе каля двара і каля брамы, 15. і ад пярэдняга боку ўваходу ў браму да пярэдняга боку ўнутранае брамы - пяцьдзясят локцяў. 16. Кратаваныя вокны былі і ў бакавых пакоях і ў слупах іх, усярэдзіну брамы вакол, таксама і ў бабінцах вокны былі вакол на зьнешні бок, і на слупах - пальмы. 17. І прывёў ён мяне на зьнешні двор, і вось там - пакоі і каменны памост вакол двара; трыццаць пакояў на тым памосьце. 18. І памост гэты быў абапал брамы, адпаведна даўжыні брамы; гэты памост быў ніжэй. 19. І намерыў ён у шырыню ад ніжняе брамы да зьнешняга краю ўнутранага двара сто локцяў - на ўсход і на поўнач. 20. Ён зьмерыў таксама даўжыню і шырыню брамы зьнешняга двара, які выходзіў на поўнач, 21. і бакавыя пакоі пры іх, тры з аднаго боку і тры з другога; і слупы іх і выступы іх былі такой самай меры, як у ранейшае брамы: даўжыня іх - пяцьдзясят локцяў, а шырыня - дваццаць пяць локцяў. 22. І вокны іх і выступы іх і пальмы іх - той самай меры, як у брамы, якая выходзіць на ўсход; і ўваходзяць у яе па сямі прыступках, і перад імі выступы. 23. І ва ўнутраны двор ёсьць брама насупраць брамаў паўночнай і ўсходняй; і намерыў ён ад брамы да брамы сто локцяў. 24. І павёў мяне на поўдзень, і вось там - брама паўднёвая; і намерыў ён у слупах і выступах такую самую меру. 25. І вокны ў іх і перад дзьвярыма ў іх - такія самыя, як тыя вокны: даўжыні пяцьдзясят локцяў, а шырыні дваццаць пяць локцяў. 26. Пад'ём да іх - у сем прыступак, і пераддзьвер'е перад імі; і пальмавыя акрасы - адно з аднаго боку і адно з другога - на слупах іх. 27. І ва ўнутраны двор была паўднёвая брама; і намерыў ён ад брамы да брамы паўднёвай сто локцяў. 28. І прывёў ён мяне праз паўднёвую браму ва ўнутраны двор; і намерыў у паўднёвай браме тую самую меру. 29. І бакавыя пакоі іх і слупы іх і бабінцы іх - той самай меры, і вокны ў іх і ў бабінцах іх былі вакол; усяго ў даўжыню - пацьдзясят локцяў, а ў шырыню - дваццаць пяць локцяў. 30. Бабінцы былі вакол у дваццаць пяць локцяў, а шырынёю ў пяць локцяў. 31. І бабінцы былі ў іх на зьнешні двор, і пальмы былі на слупах іх; пад'ём да іх - на восем прыступак. 32. І павёў мяне ўсходняю брамаю на ўнутраны двор; і намерыў у гэтай браме тую самую меру. 33. І бакавыя пакоі іх і слупы іх былі вакол; даўжыня на пяцьдзясят локцяў, і шырыня - дваццаць пяць локцяў. 34. Бабінцы ў іх былі на зьнешні двор, і пальмы на слупах іх з таго і другога боку; пад'ём да іх, на восем прыступак. 35. Потым прывёў мяне да паўночнае брамы і намерыў у ёй тую самую меру. 36. Бакавыя пакоі пры ёй, слупы яе былі вакол; усяго ў даўжыню - пяцьдзясят локцяў і ў шырыню - дваццаць пяць локцяў. 37. Бабінцы ў ёй былі на зьнешні двор і пальмы на слупах яе з таго і з другога боку; пад'ём да яе - на восем прыступак. 38. Быў таксама пакой, з уваходам у яго, каля слупоў брамы: там абмываюць ахвяры цэласпаленьня. 39. А ў бабінцы каля брамы два сталы - з аднаго боку і два - з другога боку, каб калоць на іх ахвяры цэласпаленьня і ахвяры за грэх і ахвяры за злачынства. 40. І са зьнешняга боку каля ўваходу ў праёміну паўночнае брамы былі два сталы, і з другога боку каля бабінца пад брамай - два сталы. 41. Чатыры сталы - з аднаго боку і чатыры сталы - з другога боку і абапал брамы: усяго восем сталоў, на якіх колюць ахвяры. 42. І чатыры сталы для прыгатаваньня цэласпаленьня былі з часаных камянёў, даўжынёю ў паўтара локця і шырынёю ў паўтара локця, а вышынёю ў адзін локаць; на іх кладуць прылады для заколу ахвяры цэласпаленьня і іншыя ахвяры. 43. І гакі ў адну далоню ўроблены былі ў сьцены будынка вакол, а на сталах клалі ахвярнае мяса. 44. Звонку ўнутранае брамы былі пакоі для сьпевакоў; на ўнутраным двары, з боку паўночнае брамы, адна на поўдзень, а другая, з боку паўднёвае брамы, на поўнач. 45. І сказаў ён мне: гэты пакой, які выходзіць на поўдзень - для сьвятароў, якія чуваюць на варце храма; 46. а пакой, які выходзіць на поўнач - для сьвятароў, якія чуваюць на варце ахвярніка: гэта сыны Садока, якія адны з сыноў Лявія набліжаюцца да Госпада, каб служыць Яму. 47. І намерыў ён у двары сто локцяў даўжыні і сто локцяў шырыні: ён быў чатырохкутны: а перад храмам стаяў ахвярнік. 48. І прывёў ён мяне да бабінца храма і намерыў у слупах бабінца пяць локцяў з аднаго боку і пяць локцяў з другога; а ў браме - тры локці шырыні з аднаго боку і тры локці з другога. 49. Даўжыня бабінца - дваццаць локцяў, а шырыня - адзінаццаць локцяў, і ўзыходзяць у яго па дзесяці прыступках; і былі падпоры ў слупоў: адна - з аднаго боку, а другая - з другога.
РАЗЬДЗЕЛ 41
1. Потым увёў мяне ў храм і намерыў у слупах шэсьць локцяў шырыні з аднаго боку і шэсьць локцяў шырыні з другога боку, у шырыню скініі. 2. У дзьвярах - дзесяць локцяў шырыні, і абапал дзьвярэй - пяць локцяў з аднаго боку і пяць локцяў з другога боку; і намерыў даўжыні ў храме сорак локцяў, а шырыні дваццаць локцяў. 3. І пайшоў усярэдзіну, і намерыў у слупах каля дзьвярэй два локці і ў дзьвярах шэсьць локцяў, а шырыня дзьвярэй - у сем локцяў. 4. І адмерыў у ім дваццаць локцяў у даўжыню і дваццаць локцяў у шырыню храма, і сказаў мне: гэта Сьвятое Сьвятых. 5. І намерыў у сьцяне храма шэсьць локцяў, а шырыні ў бакавых пакоях вакол храма па чатыры локці. 6. Бакавых пакояў было трыццаць тры, пакой каля пакоя; яны ўдаюцца ў сьцяну, якая ў храма для пакояў вакол, так што яны ў сувязі зь ёю, але сьцяны самога храма не кранаюць. 7. І ён болей і болей расшыраўся вакол угору бакавымі пакоямі, бо акруглівасьць храма падымалася вышэй і вышэй вакол храма, і таму храм меў большую шырыню ўгары, і зь ніжняга паверха падымаліся ў верхні празь сярэдні. 8. І я бачыў верх Дома ва ўсю акругласьць; бакавыя пакоі каля асновы мелі там меры цэлую трысьціну, шэсьць поўных локцяў. 9. Шырыня сьцяны бакавых пакояў, якія выходзілі вонкі, пяць локцяў, і адкрытая прастора ёсьць каля бакавых пакояў храма. 10. І паміж пакоямі адлегласьць дваццаць локцяў вакол усяго храма. 11. Дзьверы бакавых пакояў вядуць на адкрытую прастору, адны дзьверы - на паўночны бок, а другія - на паўднёвы бок; а шырыня гэтай адкрытай прасторы - пяць локцяў вакол. 12. Будынак перад плошчаю на заходнім баку шырынёю ў семдзесят локцяў; а сьцяна гэтага будынка ў пяць локцяў шырыні вакол, а даўжыня яе дзевяноста локцяў. 13. І намерыў ён у храме сто локцяў даўжыні, і ў плошчы і ў прыбудове, і ў сьценах яго таксама сто локцяў даўжыні. 14. І шырыня храма па франтонным боку і плошчы на ўсход сто локцяў таксама. 15. І ў даўжыні будынка перад плошчаю на тыльным баку яе з бакавымі пакоямі яго па той і другі бок ён намерыў сто локцяў, з унутранасьцю храма і бабінцамі двара. 16. Брусы дзьвярэй і кратаваныя вокны, і бакавыя пакоі вакол, ва ўсіх трох паверхах, насупраць парогаў ашаляваныя дрэвам і ад падлогі па вокны; вокны былі зачыненыя. 17. Ад верху дзьвярэй як усярэдзіне храма, так і звонку, і па ўсёй сьцяне вакол, усярэдзіне і звонку, былі і разьбёныя выявы, 18. зроблены былі херувімы і пальмы; пальма паміж двума херувімамі, і ў кожнага херувіма - два твары. 19. З аднаго боку да пальмы павернуты твар чалавечы, а з другога боку - да пальмы твар ільвіны; так зроблена ва ўсім храме вакол. 20. Ад падлогі да верху дзьвярэй зроблены былі херувімы і пальмы, так і па сьцяне храма. 21. У храме былі чатырохкутныя вушакі, і сьвятыня мела такі самы выгляд, як я бачыў. 22. Ахвярнік быў з дрэва ў тры локці вышыні і ў два локці даўжыні; і вуглы яго і падножжа яго, і сьцены яго - з дрэва; і сказаў ён мне: гэта трапеза, якая перад Госпадам. 23. І дзьверы гэтыя на дзьве дошкі, абедзьве дошкі рухомыя, дзьве каля адных дзьвярэй і дзьве каля другіх: 25. і зроблены на іх, на дзьвярах храма, херувімы і пальмы такія самыя, якія зроблены на сьценах; а перад бабінцам звонку быў памост з дрэва. 26. І кратаваныя вокны з пальмамі па той і другі бок былі абапал бабінца і ў бакавых пакоях храма і на драўлянай шалёўцы.
РАЗЬДЗЕЛ 42
1. І вывеў мяне да зьнешняга двара паўночнаю дарогаю і прывёў мяне да пакояў, якія насупраць плошчы і насупраць будынка на поўнач. 2. да таго месца, якое каля паўночных дзьвярэй мае ў даўжыню сто локцяў, а ў шырыню пяцьдзясят локцяў. 3. Насупраць дваццаці локцяў унутранага двара і насупраць памоста, які на зьнешнім двары, былі галярэя супраць галярэі ў тры ярусы. 4. А перад пакоямі - ход у дзесяць локцяў шырыні, а ўсярэдзіну адзін локаць; дзьверы іх выходзяць на поўнач. 5. Верхнія пакоі - вузейшыя, бо галярэя забірае ў іх крыху адносна ніжніх і сярэдніх пакояў гэтага будынка. 6. Яны - у тры ярусы, і такіх слупоў, якія на дварах, няма ў іх; таму яны і зроблены вузей за ніжнія і сярэднія пакоі, пачынаючы ад дарогі. 7. А вонкавая сьцяна насупраць гэтых пакояў ад зьнешняга двара, якая складае франтальны бок пакояў, мае даўжыні пяцьдзясят локцяў; 8. бо і пакоі на зьнешнім двары займаюць даўжыні толькі пяцьдзясят локцяў, і вось, перад храмам сто локцяў. 9. А зьнізу - ход да гэтых пакояў з усходняга боку, калі падыходзяць да іх са зьнешняга двара. 10. У шырыню сьцены двара на ўсход перад плошчаю і перад будынкам былі пакоі. 11. І ход перад імі - такі самы, як і ў тых пакоях, якія выходзяць да поўначы, такая самая даўжыня, як і ў тых, і такая самая шырыня, і ўсе выхады зь іх і будова іхняя і дзьверы ў іх такія самыя, як і ў тых. 12. Такія самыя дзьверы, як і ў пакоях, якія на поўдзень, і для ўваходу ў іх - дзьверы каля самай дарогі, якая ішла проста ўздоўж сьцяны на ўсход. 13. І сказаў ён мне: пакоі на поўнач і пакоі на поўдзень, якія перад плошчаю, ёсьць пакоі сьвяшчэнныя, у якіх сьвятары, якія набліжаюцца да Госпада, ядуць самыя сьвятыя ахвяры; там сама яны кладуць самыя сьвятыя ахвяры і хлебнае прынашэньне, і ахвяру за грэх і ахвяру за злачынства, бо гэта месца сьвятое. 14. Калі ўвойдуць туды сьвятары, дык яны не павінны выходзіць з гэтага сьвятога месца на зьнешні двор, пакуль не пакінуць там вопраткі сваёй, у якой служылі, бо яна сьвяшчэнная; яны павінны апрануцца ў іншае адзеньне, і тады выходзіць да людзей. 15. Калі ён закончыў мерыць унутраны храм, дык вывеў мяне праз браму, якая выходзіць на ўсход, і пачаў мерыць яе вакол. 16. Ён абмерыў усходні бок мернаю трысьцінаю і намераў мернаю трысьцінаю ўсяго пяцьсот трысьцін; 17. з паўночнага боку тою самаю мернаю трысьцінаю намераў усяго пяцьсот трысьцін; 18. з паўднёвага боку намераў мернаю трысьцінаю таксама пяцьсот трысьцін. 19. Павярнуўшыся на заходні бок, намераў мернаю трысьцінаю пяцьсот трысьцін. 20. З усіх чатырох бакоў ён вымерыў яго; вакол яго быў мур даўжынёю ў пяцьсот трысьцін і ў пяцьсот трысьцін шырынёю, каб аддзяліць сьвятое месца ад несьвятога.
РАЗЬДЗЕЛ 43
1. І прывёў мяне да брамы, да той брамы, якая выходзіць на ўсход. 2. І вось, слава Бога Ізраілевага ішла з усходу, і голас Яго - як шум многіх водаў, і зямля асьвяцілася ад славы Яго. 3. Гэтая ўява была такая самая, якую я бачыў раней, такая ж самая, якую я бачыў, калі прыходзіў абвясьціць пагібель гораду, і ўявы, падобныя да ўяваў, якія бачыў я каля ракі Ховара. І я ўпаў на аблічча маё. 4. І слава Госпада ўвайшла ў храм праз браму, што выходзіць на ўсход. 5. І падняў мяне дух і ўвёў мяне ва ўнутраны двор, і вось слава Госпада напоўніла ўвесь храм. 6. І я чуў кагосьці, які гаварыў мне з храма, а той муж стаяў каля мяне, 7. і сказаў мне: сыне чалавечы! гэта месца трона Майго і месца ступакам ног Маіх, дзе Я буду жыць сярод сыноў Ізраілевых вавекі; і дом Ізраілеў ня будзе больш апаганьваць сьвятога імя Майго, ні яны, ні цары іхнія, блудадзействам сваім і трупамі цароў сваіх на вышынях іхніх. 8. Яны ставілі парог свой каля парога Майго і вяроўкі дзьвярэй сваіх каля пераддзьвер'я Майго, так што адна сьцяна была паміж Мною і імі, і апаганьвалі сьвятое імя Маё мярзотамі сваімі, якія рабілі, і за тое Я пагубіў іх у гневе Маім. 9. А цяпер яны адвядуць ад Мяне блудадзейства сваё і трупы цароў сваіх, і Я буду жыць сярод іх вавекі. 10. Ты, сыне чалавечы, абвясьці дому Ізраілеваму пра храм гэты, каб яны пасаромеліся пахібаў сваіх, і каб зьнялі зь яго меру. 11. І калі яны пасаромлеюцца ўсяго таго, што рабілі, дык пакажы ім выгляд храма і разьмяшчэньне яго, і выхады яго і ўваходы яго, і ўсе абрысы яго і ўсе статуты яго, і ўсе вобразы яго і ўсе законы яго, і напішы на вачах у іх, каб яны захавалі ўсе абрысы яго і ўсе статуты яго і дзеялі згодна зь імі. 12. Вось закон храма: на вяршыні гары ўся прастора яго вакол - Сьвятое Сьвятых; вось закон храма! 13. І вось памеры ахвярніка ў локцях, лічачы локаць у локаць з далоняю: аснова ў локаць, шырыня ў локаць таксама, і пояс па ўсіх краях яго ў адну пядзю; і вось задні бок ахвярніка. 14. Ад асновы, што ў зямлі, да ніжняга выступу два локці, а шырынёю ён у адзін локаць; ад малога выступа чатыры локці, а шырыня яго ў адзін локаць. 15. Сам ахвярнік вышынёю ў чатыры локці; і з ахвярніка падымаюцца ўгору чатыры рагі. 16. Ахвярнік мае дванаццаць локцяў даўжыні і дванаццаць шырыні; ён чатырохвугольны на ўсе свае чатыры бакі. 17. А ў пляцоўцы чатырнаццаць локцяў даўжыні і чатырнаццаць шырыні на ўсе чатыры бакі яе, і вакол яе пояс у паўлокця, а аснова яе ў локаць вакол, а прыступкі да яе з усходу. 18. І сказаў ён мне: сыне чалавечы! так кажа Гасподзь Бог; вось статуты ахвярніка на той дзень, калі ён будзе зроблены для прынашэньня на ім цэласпаленьняў і для крапленьня на Яго крывёю. 19. Сьвятарам ад калена Лявіінага, якія з племя Садока, якія набліжаюцца да Мяне, каб служыць Мне, кажа Гасподзь Бог, дай цяля са статку валоў у ахвяру за грэх; 20. і вазьмі крыві ягонай, і пакрапі на чатыры рагі яго і на рагі пляцоўкі, і на пояс вакол, і так ачысьці яго і асьвяці яго. 21. І вазьмі цяля ў ахвяру за грэх і спалі яго на назначаным месцы Дома па-за сьвяцілішчам. 22. А на другі дзень у ахвяру за грэх прынясі з казінага статку казла без заганы, і няхай ачысьцяць ахвярнік гэтак сама, як ачышчалі цялём. 23. Калі ж закончыш ачышчэньне, прывядзі са стаку авечак - барана без заганы, і са статку авечак - барана без заганы; 24. і прынясі іх перад аблічча Госпада; і сьвятары кінуць на іх солі і ўзьнясуць іх на цэласпаленьне Госпаду. 25. Сем дзён прынось у ахвяру за грэх па казлу ў дзень; гэтак сама хай прыносяць у ахвяру па цяляці са статку валоў і па баране са статку авечак без заганы. 26. Сем дзён яны павінны ачышчаць ахвярнік і асьвячаць яго, і напаўняць рукі свае. 27. Пасьля гэтых дзён, у восьмы дзень і далей, сьвятары будуць узносіць на ахвярніку вашыя цэласпаленьні і падзякавальныя ахвяры; і Я буду літасьцівы да вас, кажа Гасподзь Бог.
РАЗЬДЗЕЛ 44
1. І прывёў ён мяне назад да зьнешняй брамы сьвятыні, якая выходзіла на ўсход, і яна была зачыненая. 2. І сказаў мне Гасподзь: брама гэтая будзе зачыненая, не адчыніцца, і ніякі чалавек ня ўвойдзе празь яе, бо Гасподзь Бог Ізраілеў увайшоў празь яе, і яна будзе зачыненая. 3. Што да князя, ён, як князь, сядзе ў ёй, каб есьці хлеб перад Госпадам; увойдзе праз бабінец гэтай брамы, і той самай дарогаю выйдзе. 4. Потым прывёў мяне праз браму паўночную перад аблічча храма, і я бачыў, і вось, слава Госпада напаўняла дом Госпада, і я ўпаў на аблічча маё. 5. І сказаў мне Гасподзь: сыне чалавечы! прыкладвай сэрца тваё да ўсяго і глядзі вачыма тваімі і слухай вушамі тваімі ўсё, што Я кажу табе пра ўсе пастановы Дома Госпада і ўсе законы яго; і прыкладвай сэрца тваё да ўваходу ў храм і да ўсіх выхадаў са сьвятыні. 6. І скажы мяцежнаму дому Ізраілеваму: так кажа Гасподзь Бог: годзе вам, доме Ізраілеў, рабіць усе мярзоты вашыя, 7. уводзіць сыноў чужое, неабрэзаных сэрцам і неабрэзаных плоцьцю, каб яны былі ў Маёй сьвятыні і апаганьвалі храм Мой, падносіць хлеб Мой, тлушч і кроў, і разбураць запавет Мой рознымі мярзотамі вашымі. 8. Вы ня несьлі варты каля сьвятыняў Маіх, а ставілі замест сябе іх на варту ў Маім сьвяцілішчы. 9. Так кажа Гасподзь Бог: ніякі сын чужое, неабрэзаны сэрцам і неабрэзаны плоцьцю, не павінен уваходзіць у сьвяцілішча Маё, нават і той сын чужое, які жыве сярод сыноў Ізраіля. 10. Гэтак сама і Лявіты, якія адышлі ад Мяне падчас адступніцтва Ізраілевага, якія, пакінуўшы Мяне, блукалі сьледам за ідаламі сваімі, панясуць кару за віну сваю. 11. Яны будуць служыць у сьвяцілішчы Маім, як вартаўнікі каля брамы храма і прыслужнікі каля храма; яны будуць калоць народу цэласпаленьне і іншыя ахвяры і будуць стаяць перад імі дзеля слугаваньня ім. 12. За тое, што яны слугавалі ім перад ідаламі іхнімі і былі дому Ізраілеваму спакусай да бязбожнасьці, Я падняў на іх руку Маю, кажа Гасподзь Бог, і яны панясуць кару за віну сваю; 13. яны ня будуць набліжацца да Мяне, каб сьвяшчэнадзеяць перад Мною і прыступаць да ўсіх сьвятыняў Маіх, да Сьвятога Сьвятых, а будуць несьці на сабе няславу сваю і мярзоты свае, якія рабілі. 14. Зраблю іх вартаўнікамі храма на ўсе службы ягоныя і дзеля ўсяго, што ўчыняецца ў ім. 15. А сьвятары з племя Лявіінага, сына Садока, якія падчас адступленьня сыноў Ізраілевых ад Мяне, увесь час стаялі на варце сьвяцілішча Майго, тыя будуць набліжацца да Мяне, каб служыць Мне, і будуць стаяць наперадзе перад абліччам Маім, каб прыносіць Мне тлушч і кроў, кажа Гасподзь Бог. 16. Яны будуць уваходзіць у сьвяцілішча Маё і набліжацца да трапезы Маёй, каб служыць Мне і захоўваць варту Маю. 17. Калі прыйдуць да брамы ўнутранага двара, тады апрануцца ў вопратку льняную, а ваўнянае не павінна быць на іх падчас іх служэньня ў браме ўнутранага двара і ўсярэдзіне храма. 18. павязкі на іхніх галовах павінны быць таксама льняныя; і сподняе на сьцёгнах іхніх павінна быць таксама льняное; у поце яны не павінны падпяразвацца. 19. А калі трэба будзе выйсьці на зьнешні двор, на зьнешні двор да народу, тады яны павінны будуць зьняць вопратку сваю, у якой яны служылі і пакінуць яе ў сьвяшчэнных пакоях і апрануцца ў іншую вопратку, каб сьвяшчэнным адзеньнем сваім не дакранацца да народу. 20. І галавы сваёй не павінны яны галіць і не павінны запускаць валасоў, а няхай мусова стрыгуць галовы свае. 21. І віна не павінен піць ніводзін сьвятар, калі ідзе ва ўнутраны двор. 22. Ні ўдавы, ні разьведзенай з мужам сваім яны не павінны браць сабе за жонку, а толькі могуць браць сабе дзяўчат з племя дома Ізраілевага і ўдаву, якая засталася ўдавою ад сьвятара. 23. Яны павінны вучыць народ Мой адрозьніваць сьвяшчэннае ад несьвяшчэннага і тлумачыць ім, што нячыста і што чыста. 24. Пры спрэчных справах яны павінны прысутнічаць у судзе і паводле статутаў Маіх судзіць іх, і сачыць за законамі Маімі і за пастановамі Маімі пра ўсе сьвяты Мае і сьвята захоўваць суботы Мае. 25. Да мёртвага чалавека ніхто зь іх не павінен падыходзіць, каб не зрабіцца нячыстым; толькі дзеля бацькі і маці, дзеля сына і дачкі, брата і сястры, якая ня была замужам, можна ім зрабіць сябе нячыстымі. 26. А пасьля ачышчэньня такога, яшчэ сем дзён належыць адлічыць яму. 27. І ў той дзень, калі яму трэба будзе прыступаць да сьвятыні ва ўнутраным двары, каб служыць пры сьвятыні, ён павінен прынесьці ахвяру за грэх, кажа Гасподзь Бог. 28. А што да іхняй долі, дык Я - доля іхняя. І валоданьня не давайце ім у Ізраілі: Я - іхняе валоданьне. 29. Яны будуць есьці ад хлебнага прынашэньня, ад ахвяры за грэх і ахвяры за злачынства; і ўсё заклятае ў Ізраіля ім жа і належыць. 30. І пачаткі з усіх пладоў вашых, і ўсякага роду прынашэньні, з чаго б ні складаліся прынашэньні вашыя, належаць сьвятарам; і пачаткі мліва вашага аддавайце сьвятару, каб над домам тваім пакоілася дабраславеньне. 31. Ніякай мярцьвячыны і нічога з разадранага зьверам, ні з птушак, ні з быдла, не павінны есьці сьвятары.
РАЗЬДЗЕЛ 45
1. Калі будзеце па жэрабі дзяліць зямлю на дзялянкі, тады аддзялеце сьвяшчэнны пляц Госпаду ў дваццаць пяць тысяч трысьцін даўжыні і дзесяць тысяч шырыні; хай будзе сьвятое месца ва ўсёй поўніцы сваёй, навакол. 2. Ад яго да сьвяцілішча адыдзе чатырохкутнік па пяцьсот трысьцін вакол, і вакол яго пляц у пяцьдзясят локцяў. 3. З гэтай меры адмер дваццаць пяць тысяч трысьцін у даўжыню і дзесяць тысяч у шырыню, дзе будзе сьвяцілішча, Сьвятое Сьвятых. 4. Гэта сьвяшчэнная частка зямлі належыць будзе сьвятарам, службітам сьвяцілішча, якія прыступаюць да служэньня Госпаду: гэта будзе ім месцам для дамоў і сьвятыняю для сьвяцілішча. 5. Дваццаць пяць тысяч трысьцін даўжыні і дзесяць тысяч шырыні будуць належаць Лявітам, службітам храма, як іх валоданьне для пражытку іхняга. 6. І на валоданьне гораду дайце пяць тысяч шырыні і дваццаць пяць тысяч даўжыні, насупраць сьвяшчэннага месца, выдзеленага Госпаду; гэта належыць павінна ўсяму дому Гасподняму. 7. І князю дайце долю па той і другі бок, як каля сьвяшчэннага месца, выдзеленага Госпаду, так і каля гарадскога валоданьня, на захад з заходняга боку і на ўсход з усходняга боку, даўжынёю нароўні з адным з гэтых надзелаў ад заходняй мяжы да ўсходняй. 8. Гэта ягоная зямля, яго валоданьне ў Ізраілі, каб князі Мае наперад ня ўціскалі народу Майго, і каб далі зямлю дому Ізраілеваму паводле плямёнаў яго. 9. Так кажа Гасподзь Бог: годзе вам, князі Ізраілевыя! адкладзеце крыўды і ўціскі і чынеце справядлівасьць і праўду, перастаньце выцясьняць народ Мой з валоданьняў ягоных, кажа Гасподзь Бог. 10. Хай будуць у вас правільныя вагі і правільная эфа і правільны бат. 11. Эфа і бат павінны быць аднолькавай меры, так каб бат умяшчаў у сябе дзясятую частку хомэра і эфа дзясятую частку хомэра; мера іх павінна вызначацца па хомэры. 12. У сіклі дваццаць гераў; а дваццаць сікляў, дваццаць пяць сікляў і пятнаццаць сікляў складаць будуць у вас міну. 13. Вось даніна, якую вы павінны даваць князю: шостую частку эфы ад хомэра пшаніцы і шостую частку эфы ад хомэра ячменю; 14. пастанова пра алей: ад кора алею дзясятую частку бата: дзесяць батаў складаюць хомэр, бо ў хомэры дзесяць батаў; 15. адну авечку ад статку ў дзьвесьце авечак з тлустай пашы Ізраіля: усё гэта дзеля хлебнага прынашэньня і падзякавальнай ахвяры, на ачышчэньне іх, кажа Гасподзь Бог. 16. Увесь народ зямлі абавязваецца рабіць гэтае прынашэньне князю ў Ізраіле. 17. А ў абавязках князя будуць ляжаць цэласпаленьне і хлебнае прынашэньне, і выліваньне на сьвяты і на маладзіка і ў суботы, падчас усіх урачыстасьцяў дома Ізраілевага; ён павінен будзе прыносіць ахвяру за грэх і хлебнае прынашэньне, і цэласпаленьне і ахвяру падзякавальную, на ачышчэньне дому Ізраілевага. 18. Так кажа Гасподзь Бог: у першым месяцы, у першы дзень месяца вазьмі са статку валоў цялушку без заганы і ачысьці сьвяцілішча. 19. Сьвятар няхай возьме крыві ад гэтай ахвяры за грахі і пакропіць ёю на вяроўкі храма і на чатыры куты пляцоўкі каля ахвярніка, і на вяроўкі брамы ўнутранага двара. 20. Тое самае зрабі і ў сёмы дзень месяца за тых, што грэшаць наўмысна і з прастадушнасьці, і так ачышчайце храм. 21. У першым месяцы, у чатырнаццаты дзень месяца павінна быць у вас Пасха, сьвята сямідзённае, калі павіны быць праснакі. 22. У гэты дзень князь за сябе і за ўвесь народ зямлі прынясе цяля ў ахвяру за грэх. 23. У гэтыя сем дзён сьвята ён павінен прыносіць на цэласпаленьне Госпаду кожны дзень па сем цялят і па сем бараноў без заганы і ў ахвяру за грэх кожны дзень па казлу з казінага статку. 24. Хлебнага прынашэньня ён павінен прыносіць па эфе на цяля і па эфе на барана, і па гіне алею на эфу. 25. У сёмым месяцы, у пятнаццаты дзень месяца, у сьвята, на працягу сямі дзён ён павінен прыносіць тое самае: такую самую ахвяру за грэх, такое самае цэласпаленьне, і столькі сама хлебнага прынашэньня і столькі сама алею.
РАЗЬДЗЕЛ 46
1. Так кажа Гасподзь Бог: брама ўнутранага двара, якая выходзіць на ўсход, павінна быць замкнутая шэсьць дзён, а ў суботні дзень яна павінна быць адчыненая і ў дзень маладзіка павінна быць адчыненая. 2. Князь пойдзе празь зьнешні бабінец брамы і стане каля вяроўкі гэтае брамы; і сьвятары ўчыняць ягонае цэласпаленьне і ягоную падзякавальную ахвяру; і ён каля парога брамы паклоніцца Госпаду і выйдзе, а брама застанецца незамкнутая да вечара. 3. І народ зямлі будзе пакланяцца перад Госпадам пры ўваходзе ў браму, у суботы і ў дні маладзіка. 4. Цэласпаленьне, якое князь прынясе Госпаду ў суботні дзень, павінна быць з шасьці ягнят без заганы і з барана без заганы; 5. хлебнага прынашэньня эфа на барана, а на ягнят хлебнага прынашэньня, колькі рука ягоная падасьць, а алею гін на эфу. 6. У дзень маладзіка будуць прыносіцца ім са статку валоў цяля без заганы, таксама шэсьць ягнят і баран без заганы. 7. Хлебнага прынашэньня ён прынясе эфу на цяля і эфу на барана, а на ягнят, колькі рука ягоная падасьць, і алею гін на эфу. 8. І калі будзе прыходзіць князь, дык павінен уваходзіць праз бабінец брамы і тою ж дарогаю выходзіць. 9. А калі народ зямлі будзе прыходзіць перад аблічча Госпада на сьвяты, дык той, хто ўвойдзе праз паўночную браму на пакланеньне, павінен выходзіць паўднёваю брамаю, а хто ўвайшоў праз паўднёвую браму, павінен выходзіць паўночнаю брамаю; ён не павінен выходзіць праз тую самую браму, праз якую ўвайшоў, а павінен выходзіць у процілеглую. 10. І князь павінен быць сярод іх; калі яны ўваходзяць, уваходзіць і ён; і калі яны выходзяць, выходзіць і ён. 11. І на сьвяты і ва ўрачыстыя дні хлебнага прынашэньня ад яго павінна быць па эфе на цяля і па эфе на барана, і на ягнят, колькі падасьць рука ягоная, і алею па гіну на эфу. 12. А калі князь, у меру дбаньня свайго, захоча прынесьці цэласпаленьне альбо падзякавальную ахвяру Госпаду, дык павінен адчыніць яму ўсходнюю браму, і ён учыніць сваё цэласпаленьне і сваю падзякавальную ахвяру гэтак сама, як учыніў у суботні дзень, і пасьля гэтага ён выйдзе, і пасьля выхаду яго брама зачыніцца. 13. Кожны дзень прынось Госпаду на цэласпаленьне гадавалае ягня без заганы; кожнае раніцы прынось яго. 14. А хлебнага прынашэньня дадавай да яго кожнае раніцы шостую частку эфы і алею трэцюю частку гіна, каб распусьціць муку; такая вечная пастанова пра хлебнае прынашэньне Госпаду, назаўсёды. 15. Хай прыносяць на цэласпаленьне ягня і хлебнае прынашэньне і алей кожнае раніцы пастаянна. 16. Так кажа Гасподзь Бог: калі князь дае каму з сыноў сваіх дарунак, дык гэта павінна пайсьці ў спадчыну і ягоным сынам; гэта валоданьне іх павінна быць спадчынным. 17. Калі ж ён дасьць са спадчыны сваёй каму-небудзь з рабоў свой дарунак, дык гэта будзе належаць яму толькі да году вызваленьня, і тады вернецца да князя. Толькі да сыноў ягоных павінна пераходзіць спадчына ягоная. 18. Але князь ня можа браць са спадчыннай дзялянкі народу, выцясьняючы іх з валоданьняў іхніх; са свайго толькі валоданьня ён можа выдзяляць дзецям сваім, каб ніхто з народу Майго ня быў гнаны са свайго валоданьня. 19. І прывёў ён мяне тым ходам, які з боку брамы, да сьвяшчэнных пакояў для сьвятароў, што на поўнач, і вось там адно месца на краі на захад. 20. І сказаў мне; гэта месца, дзе сьвятары павінны гатаваць ахвяру за злачынства і ахвяру за грэх, дзе павінны пячы хлебнае прынашэньне, ня выносячы яго на зьнешні двор, для асьвячэньня народу. 21. І вывеў мяне на зьнешні двор і правёў мяне па чатырох рагах двара, і вось у кожным куце двара яшчэ двор. 22. Ва ўсіх чатырох кутах двара былі пакрытыя двары ў сорак локцяў даўжыні і трыццаць шырыні, адной меры ва ўсіх чатырох кутах. 23. І вакол усіх чатырох - сьцены, а каля сьцен зроблены агмені вакол. 24. І сказаў мне: вось кухні, у якіх службіты храма гатуюць ахвяры народныя.
РАЗЬДЗЕЛ 47
1. Потым прывёў ён мяне назад да дзьвярэй храма, і вось, з-пад парога храма цячэ вада на ўсход: бо храм стаяў на ўсход, і вада цякла з-пад правага боку храма, па паўднёвы бок ахвярніка. 2. І вывеў мяне паўночнаю брамаю, і вонкавай дарогай абвёў мяне да зьнешняе брамы, дарогаю, што на ўсход; і вось, вада цячэ па правы бок. 3. Калі той муж пайшоў на ўсход, дык у руцэ трымаў шнурок, і адмерыў тысячу локцяў, і павёў мяне па вадзе; вады было па костачкі. 4. І яшчэ адмерыў тысячу, і павёў мяне па вадзе; вады было па калені. І яшчэ адмерыў тысячу, і павёў мяне; вады было па паясьніцу. 5. І яшчэ адмерыў тысячу, і ўжо тут быў такі паток, празь які я ня мог ісьці, бо вада была так высока, што трэба было плысьці, а пераходзіць нельга было гэты паток. 6. І сказаў мне: бачыў, сыне чалавечы? і павёў мяне назад да берагу гэтага патоку. 7. І калі я прыйшоў назад, і вось, на берагах патока многа было дрэў па той і па другі бок. 8. І сказаў мне: гэтая вада цячэ ва ўсходні бок зямлі, сыдзе на раўніну і ўвойдзе ў мора: і воды яго зробяцца здаровымі. 9. І ўсякая жывая істота, якая поўзае там, дзе ўвойдуць два струмяні, будзе жывая; і рыбы будзе даволі многа, бо ўвойдзе туды гэтая вада, і воды ў моры зробяцца здаровымі, і куды ўвойдзе гэты паток, усё будзе жывое там. 10. І будуць стаяць каля яго рыбаловы ад Эн-Гадзі да Эглайма, будуць закідваць сеткі. Рыба будзе ў сваім выглядзе і, як у вялікім моры, рыбы будзе даволі многа. 11. Балоты яго і лужыны яго, якія ня зробяцца здаровымі, будуць пакінуты пад соль. 12. Каля патока па берагах яго з таго і другога боку будуць расьці ўсякія дрэвы, якія даюць ежу; лістота іх ня будзе вянуць, і плады на іх ня будуць прападаць; кожны месяц будуць сьпець новыя, бо вада ім цячэ са сьвяцілішча; плады іх будуць ужывацца ў ежу, а лісьце на лекаваньне. 13. Так кажа Гасподзь Бог: вось разьмеркаваньне, паводле якога вы павінны разьдзяліць зямлю ў спадчыну дванаццаці плямёнам Ізраілевым: Язэпу два надзелы. 14. І спадкуйце яе, як адзін, так і другі; бо Я, падняўшы руку Маю, прысягнуўся аддаць яе бацькам вашым, дык і будзе зямля гэтая спадчынай вашай. 15. І вось перадзел зямлі: на паўночным канцы, пачынаючы ад вялікага мора, праз Хэтлон, па дарозе ў Цэдал, 16. Эмат, Бэрот, Сіўраім, што паміж Дамаскаю і Эмацкаю абласьцямі Гацар - Тыхон, які на мяжы Аўрана. 17. І будзе мяжа ад мора да Гацар - Энон, мяжа з Дамаскам, і далей на поўначы вобласьць Эмат; і вось паўночны край. 18. Рысу ўсходняга краю вядзеце паміж Аўранам і Дамаскам, паміж Галаадам і зямлёю Ізраільскаю, па Ярдане, ад паўночнага краю да ўсходняга мора: гэта ўсходні край. 19. А паўднёвы край з паўднёвага боку ад Тамары да водаў пры Кадысе, і па цячэньні патоку да вялікага мора; гэта паўднёвы край на поўдні. 20. А заходні надзел - вялікае мора, ад паўднёвай мяжы да месца насупраць Эмата; гэта заходні край. 21. І падзялеце сабе зямлю гэтую на надзелы паводле каленаў Ізраілевых. 22. І падзялеце яе па жэрабі ў спадчыну сабе і іншаземцам, якія жывуць у вас, якія нарадзілі ў вас дзяцей; і яны сярод сыноў Ізраілевых павінны лічыцца нароўні з прыроднымі жыхарамі, і яны з вамі ўвойдуць у долю сярод плямёнаў Ізраілевых. 23. У якім племі жыве іншаземец, у тым і дайце яму спадчыну ягоную, кажа Гасподзь Бог.
РАЗЬДЗЕЛ 48
1. Вось імёны плямёнаў. На паўночным краі дарогі ад Хэтлона, якая вядзе ў Эмат, Гацар-Энон, ад паўночнай мяжы Дамаска па дарозе да Эмата: усё гэта ад усходу да мора адзін надзел Дану. 2. Каля мяжы Дана, ад усходняга краю да заходняга, гэта адзін надзел Асіру. 3. Каля мяжы Асіра, ад усходняга краю да заходняга, гэта адзін надзел Нэфталіму. 4. Каля мяжы Нэфталіма, ад усходняга краю да заходняга, гэта адзін надзел Манасіі. 5. Каля мяжы Манасіі, ад усходняга краю да заходняга, гэта адзін надзел Яфрэму. 6. Каля мяжы Яфрэма, ад усходняга краю да заходняга, гэта адзін надзел Рувіму. 7. Каля мяжы Рувіма, ад усходняга краю да заходняга, гэта адзін надзел Юду. 8. А каля мяжы Юды, ад усходняга краю да заходняга, сьвяшчэнная дзялянка, шырынёю ў дваццаць пяць тысяч трысьцін, а даўжынёю нароўні зь іншымі надзеламі, ад усходняга краю да заходняга; сярод яго будзе сьвяцілішча. 9. Дзялянка, якую вы прысьвеціце Госпаду, даўжынёю будзе ў дваццаць пяць тысяч, а шырынёю ў дзесяць тысяч трысьцін. 10. І гэтая сьвяшчэнная дзялянка павінна належаць сьвятарам, на поўнач дваццаць пяць тысяч і да мора ў шырыню дзесяць тысяч, і на ўсход у шырыню дзесяць тысяч, а на поўдзень у даўжыню дваццаць пяць тысяч трысьцін, і сярод яго будзе сьвяцілішча Гасподняе. 11. Гэта сьвяцілішча сьвятарам з сыноў Садока, якія стаялі на варце Маёй, якія падчас адступніцтва сыноў Ізраілевых не адступіліся ад Мяне, як адступіліся іншыя Лявіты. 12. Ім будзе належаць гэтая частка зямлі са сьвяшчэннай дзялянкі, сьвятыня са сьвятынь, каля мяжы Лявітаў. 13. І Лявіты атрымаюць таксама каля сьвятарскай мяжы дваццаць пяць тысяч у даўжыню і дзесяць тысяч трысьцін у шырыню; уся даўжыня дваццаць пяць тысяч, а шырыня дзесяць тысяч трысьцін. 14. І з гэтай часткі яны ня могуць ні прадаць, ні памяняць; і пачаткі зямлі ня могуць пераходзіць да іншых, бо гэта сьвятыня Гасподняя. 15. А астатнія пяць тысяч у шырыню з дваццацьцю пяцьцю тысячамі ў даўжыню назначаюцца гораду на агульны ўжытак, на засяленьне і на прадмесьці; горад будзе ўсярэдзіне. 16. І вось памеры яго: паўночны бок чатыры тысячы пяцьсот і паўднёвы бок чатыры тысячы пяцьсот, усходні бок чатыры тысячы пяцьсот і заходні бок чатыры тысячы пяцьсот трысьцін. 17. А прадмесьці горада на поўнач дзьвесьце пяцьдзясят, і на ўсход дзьвесьце пяцьдзясят, і на поўдзень дзьвесьце пяцьдзясят, і на захад дзьвесьце пяцьдзясят трысьцін. 18. А што застаецца з даўжыні супроць сьвяшчэннай дзялянкі - дзесяць тысяч на ўсход і дзесяць тысяч на захад насупраць сьвяшчэннай дзялянкі, творы з гэтай зямлі павінны быць для прадуктаў гарадскім работнікам. 19. Працаваць жа ў горадзе могуць работнікі з усіх каленаў Ізраілевых. 20. Уся аддзеленая дзялянка ў дваццаць пяць тысяч даўжыні і ў дваццаць пяць тысяч шырыні, чатырохкутная, выдзеліце пад сьвяшчэнны надзел, уключаючы валоданьні горада: 21. а астатняе князю. Як з боку сьвяшчэннай дзялянкі, так і з боку валоданьняў горада, насупраць дваццаці пяці тысяч трысьцін да ўсходняй мяжы дзялянкі, і на захад супраць дваццаці пяці тысяч каля заходняй мяжы суразьмерна з гэтымі надзеламі, надзел князю, так што сьвяшчэнная дзялянка і сьвяцілішча будзе ўсярэдзіне яго. 22. І тое, што ад валоданьняў Лявітаў і ад валоданьняў горада застаецца ў прамежку, належыць таксама князю; прамежак паміж граніцаю Юды і паміж граніцаю Веньяміна будзе належаць князю. 23. А астатняе ад плямёнаў, ад усходняга краю да заходняга - адзін надзел Веньяміну. 24. Каля мяжы Веньяміна, ад усходняга краю да заходняга - адзін надзел Сымону. 25. Каля мяжы Сымона, ад усходняга краю да заходняга - адзін надзел Ісахару. 26. Каля мяжы Ісахара, ад усходняга краю да заходняга - адзін надзел Завулону. 27. Каля мяжы Завулона, ад усходняга краю да заходняга - адзін надзел Гаду. 28. А каля мяжы Гада на паўднёвым баку ідзе паўднёвая мяжа ад Тамара да водаў міжрэчча каля Кадыса, уздоўж патоку да вялікага мора. 29. Вось зямля, якую вы па жэрабі падзялеце плямёнам Ізраілевым, і вось дзялянкі іх, кажа Гасподзь Бог. 30. І вось выхады горада: з паўночнага боку меры чатыры тысячы пяцьсот; 31. і брамы горада называюцца імёнамі плямёнаў Ізраілевых; на поўнач тры брамы: брама Рувімава адна, брама Юдава адна, брама Лявііна адна. 32. І з усходняга боку меры чатыры тысячы пяцьсот, і тры брамы: брама Язэпава адна, брама Веньямінава адна, брама Данава адна; 33. і з паўднёвага боку меры чатыры тысячы пяцьсот, і тры брамы: брама Сымонава адна, брама Ісахарава адна, брама Завулонава адна. 34. З марскога боку меры чатыры тысячы пяцьсот; брам тут таксама тры: брама Гадава адна, брама Асірава адна, брама Нэфталімава адна. 35. Усяго вакол васямнаццаць тысяч. А імя гораду з таго дня будзе: Гасподзь-там. |