РАЗЬДЗЕЛ 1
Прарочае слова Госпада Ізраілю праз Малахію. 2. Я палюбіў вас, кажа Гасподзь. А вы кажаце: «у чым явіў Ты любоў да нас?» - Ці ж Ісаў ня брат Якаву? кажа Гасподзь; і аднак жа Я палюбіў Якава, 3. а Ісава зьненавідзеў і аддаў горы ягоныя на спусташэньне, і валоданьні ягоныя - шакалам пустыні. 4. Калі Эдом скажа: мы спляжаны, але мы адновім разбуранае, дык Гасподзь Саваоф кажа: яны пабудуюць, а Я разбуру, і назавуць іх вобласьцю бязбожнаю, народам, на які Гасподзь угневаўся назаўсёды. 5. І ўбачаць гэта вочы вашыя, і вы скажаце: узьвялічыўся Гасподзь над межамі Ізраіля! 6. Сын шануе бацьку і раб - гаспадара свайго; калі Я - бацька, дык дзе пашана да Мяне? і калі Я - Гасподзь, дык дзе багавейнасьць перад Мною? кажа Гасподзь Саваоф вам, сьвятары, якія няславіце імя Маё. Вы кажаце: чым мы няславім імя Тваё? 7. Вы прыносіце на ахвярнік Мой нячысты хлеб, а кажаце: чым мы няславім Цябе? - тым, што кажаце: трапеза Гасподняя ня вартая павагі. 8. І калі прыносіце ў ахвяру сьляпое, ці ж ня блага гэта? альбо калі прыносіце кульгавае і хворае, ці ж ня блага гэта? Паднясі гэта твайму князю; ці будзе ён задаволены табою і ці ласкава прыме цябе? кажа Гасподзь Саваоф. 9. Дык вось, малецеся Богу, каб зьлітаваўся з нас; а калі такое зыходзіць з рук вашых, дык ці ж можа Ён ласкава прымаць вас? кажа Гасподзь Саваоф. 10. Лепей хто-небудзь з вас замкнуў бы дзьверы, каб дарма ня трымалі агню на ахвярніку Маім. Няма Майго ўпадабаньня да вас, кажа Гасподзь Саваоф, і прынашэньні з рук вашых не да спадобы Мне. 11. Бо ад усходу сонца да заходу вялікае будзе імя Маё сярод народаў, і на ўсякім месцы будуць прыносіць фіміям імю Майму, чыстую ахвяру; вялікае будзе імя Маё сярод народаў, кажа Гасподзь Саваоф. 12. А вы ганіце яго тым, што кажаце: трапеза Гасподняя ня вартая павагі, і прыбытак ад яе - ежа нікчэмная. 13. Пры гэтым кажаце: вось колькі працы! і заняхайваеце яе, кажа Гасподзь Саваоф, і прыносіце крадзенае, кульгавае і хворае, і гэтакай самай якасьці прыносіце хлебны дарунак: ці ж магу з упадабаньнем прымаць гэта з рук вашых? кажа Гасподзь. 14. Пракляты ілжывец, у якога ў статку ёсьць несапсаваны самец, і ён даў абяцаньні, а прыносіць у ахвяру Госпаду пашкоджанае: бо Я цар вялікі, і імя Маё страшнае ў народаў.
РАЗЬДЗЕЛ 2
1. Дык вось, вам, сьвятары, гэтая запаведзь: 2. калі вы не паслухаецеся, і калі ня прымеце да сэрца, каб узносіць славу імю Майму, кажа Гасподзь Саваоф, дык я пашлю на вас праклён і пракляну вашыя дабраславеньні, і ўжо праклінаю, бо вы ня хочаце прыкласьці да гэтага сэрца. 3. Вось, Я адбяру ў вас лапатку, і памёт раскідаю на твары вашыя, памёт сьвяточных ахвяраў вашых, і выкінуць вас разам зь ім. 4. І вы ўведаеце, што Я даў гэтую запаведзь на захаваньне запавету Майго зь Лявіем, кажа Гасподзь Саваоф. 5. Запавет Мой зь ім быў запавет жыцьця і міру, і Я даў яго яму дзеля страху, і ён баяўся Мяне і трымцеў перад імем Маім. 6. Закон праўды быў у вуснах ягоных, і няпраўды ня было на языку ў яго; у міры і ў праўдзе ён хадзіў са мною і многіх адвярнуў ад грэху. 7. бо вусны сьвятара павінны захоўваць веды, а закону шукаюць ад вуснаў яго, бо ён весьнік Госпада Саваофа. 8. Але вы ўхіліліся ад гэтай дарогі, многія паслужылі спакусай у законе, разбурылі запавет Лявія, кажа Гасподзь Саваоф. 9. За гэта і Я зраблю вас пагарджанымі і прыніжанымі перад усім народам, бо вы не ідзяце шляхамі Маімі, крывадушнічаеце ў справах закону. 10. Ці ж не адзін ва ўсіх нас Бацька? Ці ж не адзін Бог стварыў нас? Чаму ж мы вераломна дзеем адзін супроць аднаго, парушаючы тым самым запавет бацькоў нашых? 11. Вераломна ўчыняе Юда, і мярзота чыніцца ў Ізраілі і ў Ерусаліме; бо прынізіў Юда сьвятыню Гасподнюю, якую любіў, і ажаніўся з дачкою чужога бога. 12. У таго, хто робіць гэта, зьнішчыць Гасподзь з намётаў Якаўлевых таго, хто чувае на варце і адказвае, і прыносіць ахвяру Госпаду Саваофу. 13. І вось, што яшчэ вы робіце: вы прымушаеце паліваць сьлязьмі ахвярнік Госпада з галашэньнем і лямантам, так што Ён ужо не глядзіць болей на прынесенае і ня прымае ўмілажальвальнай ахвяры з рук вашых. 14. Вы скажаце: за што? За тое, што Гасподзь быў сьведка паміж табою і жонкай маладосьці тваёй, супроць якой ты ўчыніў вераломства, тым часам як яна сяброўка твая і законная жонка твая. 15. Але ці ж не зрабіў таго самага адзін, і ў ім жыў выдатны дух? Што ж зрабіў гэты адзін? Ён хацеў атрымаць ад Бога нашчадкаў. Дык вось, захоўвайце дух ваш, і ніхто хай ня робіць вераломна супроць жонкі і маладосьці сваёй. 16. Калі ты ненавідзіш яе, адпусьці, кажа Гасподзь Бог Ізраілеў; крыўда пакрые вопратку яго, кажа Гасподзь Саваоф; таму сачэце за духам вашым і не рабеце вераломна. 17. Вы гневаеце Госпада словамі вашымі і кажаце: чым гневаем мы Яго? Тым, што кажаце: кожны, хто чыніць ліха, добры перад вачыма Госпада, і да такіх Ён мае ўпадабаньне, альбо: дзе Бог правасудзьдзя?
РАЗЬДЗЕЛ 3
1. Вось, Я пасылаю анёла Майго, і ён падрыхтуе шлях перад Мною, і нянаджана прыйдзе ў храм Свой Гасподзь, Якога вы шукаеце, і анёл запавету, якога вы жадаеце; вось, ён ідзе, кажа Гасподзь Саваоф. 2. І хто вытрымае дзень прышэсьця Яго, і хто ўстоіць, калі Ён явіцца? Бо Ён - як агонь, што расплаўляе, і як шчолак, што ачышчае, 3. і сядзе пераплаўляць і ачышчаць срэбра, і ачысьціць сыноў Левія і пераплавіць іх, як золата і як срэбра, каб прыносілі ахвяру Госпаду ў праўдзе. 4. Тады даспадобы будзе Госпаду ахвяра Юды і Ерусаліма, як у дні старадаўнія і як у гады ранейшыя. 5. І прыйду да вас судзіць і буду хутка выкрываць чарадзеяў і пералюбцаў, і тых, якія прысягаюць ілжыва і забіраюць плату ў найміта, уціскаюць удаву і сірату і адпіхваюць прыхадня, і Мяне не баяцца, кажа Гасподзь Саваоф. 6. Бо Я - Гасподзь, Я не мяняюся; і тады вы, сыны Якава, ня зьнішчыліся. 7. Зь дзён бацькоў вашых вы адступіліся ад пастановаў Маіх і ня трымаецеся іх; зьвярнецеся да Мяне, і Я зьвярнуся да вас, кажа Гасподзь Саваоф. Вы скажаце: як нам зьвярнуцца? 8. Ці можна чалавеку абкрадваць Бога? А вы абкрадваеце Мяне. Скажаце: чым абкрадваем мы Цябе? дзесяцінаю і прынашэньнямі. 9. Праклёнам вы праклятыя, бо вы - увесь народ - абкрадваеце Мяне. 10. Прынясеце мне дзесяціны ў дом сховішча, каб у доме Маім была ежа, і хоць бы ў гэтым выпрабуйце Мяне, кажа Гасподзь Саваоф: ці не адчыню Я вам адтулін нябесных і ці ня вылью на вас дабраславеньня да краю? 11. Я ў вас забараню пажыральнікам зьнішчаць вашыя плады зямныя, і вінаградная лаза на полі не пазбудзецца пладоў сваіх, кажа Гасподзь Саваоф. 12. І шчаснымі называцьмуць вас усе народы, бо вы будзеце зямлёю бажавольнаю, кажа Гасподзь Саваоф. 13. Дзёрзкія прад Мною словы вашыя, кажа Гасподзь. Вы скажаце: што мы гаворым супроць Цябе? 14. Вы кажаце: марнае служэньне Богу, і якая карысьць, што мы трымаліся пастановаў Яго і хадзілі ў жалобнай вопратцы прад абліччам Госпада Саваофа? 15. І сёньня мы лічым пагардлівых шчасьлівымі: лепей уладжваюцца тыя, якія робяць беззаконна, і хоць спакушаюць Бога, але застаюцца цэлыя. 16. Тыя, што не баяцца Бога, кажуць адно аднаму: уважае Гасподзь і чуе гэта, і прад абліччам Яго пішацца памятная кніга пра тых, што баяцца Госпада і шануюць імя Яго. 17. І яны будуць Мае, кажа Гасподзь Саваоф, уласнасьцю Маёю ў той дзень, які Я зраблю, і буду літаваць іх, як літуе чалавек сына свайго, што служыць яму. 18. І тады зноў убачыце розьніцу паміж праведнікам і бязбожным, паміж службітом Бога і няслухам Ягоным.
РАЗЬДЗЕЛ 4
1. Бо вось, прыйдзе дзень, палкі як печ: тады ўсе пагардлівыя бязбожначынцы будуць як салома, і папаліць іх прыйшлы дзень, кажа Гасподзь Саваоф, так што не пакіне ў іх ні кораня, ні вецьця. 2. А вам, любабаязныя перад імем Маім, узыдзе сонца праўды і ацаленьні ў праменьні Ягоным, і выйдзеце вы і забушуеце, як цяляты ўкормленыя; 3. і будзеце таптаць бязбожных, бо яны будуць пылам пад ступакамі ног вашых у той дзень, які Я зраблю, кажа Гасподзь Саваоф. 4. Памятайце закон Майсея, раба Майго, які Я наказаў яму, на Харыве ўсяму Ізраілю, гэтак сама як і правілы і пастановы. 5. Вось, я пашлю да вас Ільлю прарока перад наступленьнем дня Гасподняга, вялікага і страшнага. 6. І ён паверне сэрцы бацькоў да дзяцей і сэрцы дзяцей да бацькоў іхніх, каб Я, прыйшоўшы, не пакараў зямлю праклёнам. |