СТАРЫ ЗАПАВЕТ - Кніга Эздры

РАЗЬДЗЕЛ 1

 

У першы год Кіра, цара Персідскага, дзеля выкананьня слова Гасподняга з вуснаў Ераміі, абудзіў Гасподзь дух Кіра, цара Персідскага; і ён загадаў абвясьціць па ўсім царстве сваім, словамі і пісьмова.

2. так кажа Кір, цар Персідскі: усе царствы зямлі даў мне Гасподзь Бог нябесны, і Ён загадаў мне пабудаваць Яму дом у Ерусаліме, што ў Юдэі.

3. Хто ёсьць з вас, з усяго народу Яго, - хай будзе Бог яго зь ім, - і хай ён ідзе ў Ерусалім, што ў Юдэі, і будуе дом Госпада Бога Ізраілевага, таго Бога, Які ў Ерусаліме.

4. А ўсе, што засталіся ва ўсіх месцах, дзе б той ні жыў, хай дапамогуць яму жыхары месца таго срэбрам і золатам і іншай маёмасьцю, і быдлам, з дабраахотным дараваньнем на дом Божы, што ў Ерусаліме.

5. І падняліся ўзначальнікі пакаленьняў Юдавых і Веньямінавых, і сьвятары і лявіты, кожны, у кім абудзіў Бог дух ягоны, каб пайсьці будаваць дом Гасподні, які ў Ерусаліме.

6. І ўсе суседзі іхнія дапамагалі ім срэбным посудам, і золатам, іншай маёмасьцю і быдлам, і дарагімі рэчамі, звыш усякага дабрахотнага дараваньня на храм.

7. І цар Кір вынес посуд дома Гасподняга, які Навухаданосар узяў у Ерусаліме і паклаў у доме бога свайго,

8. і вынес яго Кір, цар Персідскі, рукою Мітрэдата скарбоўца, а ён, палічыўшы, здаў Шэшбацару князю Юдаваму.

9. І вось лік яго: місак залатых трыццаць, місак срэбраных тысяча, нажоў дваццаць дзевяць,

10. чараў залатых трыццаць, чараў срэбраных двайных чатырыста дзесяць, іншага посуду тысяча:

11. усяго посуду, залатога і срэбнага, пяць тысяч чатырыста. Усё гэта ўзяў з сабою Шэшбацар пры адпраўленьні перасяленцаў з Вавілона ў Ерусалім.

 

РАЗЬДЗЕЛ 2

 

1. Вось сыны краіны з палонных перасяленьня, якіх Навухаданосар, цар Вавілонскі, завёў у Вавілон, якія вярнуліся ў Ерусалім і Юдэю, кожны ў свой горад,

2. якія прыйшлі з Зарававэлем, Ісусам, Нээміем, Сараем, Рээлаем, Мардахэем, Білшанам, Місфарам, Бігваем, Рэхумам, Ваанам. Колькасьць людзей народу Ізраілевага:

3. сыноў Пароша дзьве тысячы сто семдзесят два;

4. сыноў Сафатыі трыста семдзесят два;

5. сыноў Араха сямсот семдзесят пяць;

6. сыноў Пахат-Маава, з сыноў Ісуса і Ёава, дзьве тысячы васямсот дванаццаць;

7. сыноў Элама тысяча дзьвесьце пяцьдзясят чатыры;

8. сыноў Затуя дзевяцьсот сорак пяць;

9. сыноў Закхая сямсот шэсьцьдзясят;

10. сыноў Ванія шасьцьсот сорак два;

11. сыноў Бэбая шасьцьсот дваццаць тры;

12. сыноў Азгада тысяча дзьвесьце дваццаць два;

13. сыноў Аданікама шасьцьсот шэсьцьдзясят шэсьць;

14. Сыноў Бігвая дзьве тысячы пяцьдзясят шэсьць;

15. сыноў Адына чатырыста пяцьдзясят чатыры;

16. сыноў Атэра, з дома Эзэкіі, дзевяноста восем;

17. сыноў Бэцая трыста дваццаць тры;

18. сыноў Ёры сто дванаццаць;

19. сыноў Хашума дзьвесьце дваццаць тры;

20. сыноў Гібара дзевяноста пяць;

21. ураджэнцаў Віфляема сто дваццаць тры;

22. жыхароў Нэтофы пяцьдзясят шэсьць;

23. жыхароў Анатота сто дваццаць восем;

24. ураджэнцаў Азмавэта сорак два;

25. ураджэнцаў Кірыят-Ярыма, Кефіры і Бээрота сямсот сорак тры;

26. ураджэнцаў Рамы і Гэвы шасьцьсот дваццаць адзін;

27. жыхароў Міхмаса сто дваццаць два;

28. жыхароў Вэтыля і Гая дзьвесьце дваццаць тры;

29. ураджэнцаў Нэва пяцьдзясят два;

30. ураджэнцаў Магбіша сто пяцьдзясят шэсьць;

31. сыноў другога Элама тысяча дзьвесьце пяцьдзясят чатыры;

32. сыноў Харыма трыста дваццаць;

33. ураджэнцаў Ліды, Хадыда і Она сямсот дваццаць пяць:

34. ураджэнцаў Ерыхона трыста сорак пяць;

35. ураджэнцаў Сэнаі тры тысячы шасьцьсот трыццаць.

36. Сьвятароў: сыноў Едаі, з дому Ісусавага, дзевяцьсот семдзесят тры;

38. сыноў Пашхура тысяча дзьвесьце сорак сем;

39. сыноў Харыма тысяча сямнаццаць.

40. Лявітаў: сыноў Ісуса і Кадмііла, з сыноў Гадавіі, семдзесят чатыры;

41. сьпевакоў; сыноў Асафа сто дваццаць восем;

42. сыноў брамнікаў: сыны Шалума, сыны Атэра, сыны Талмона, сыны Акува, сыны Хатыты, сыны Шавая, - усяго сто трыццаць дзевяць.

43. Нэтынэяў: сыны Цыхі, сыны Хасуфы, сыны Табаота,

44. сыны Кероса, сыны Сіягі, сыны Фадона,

45. сыны Лебаны, сыны Хагабы, сыны Акува,

46. сыны Хагава, сыны Шамлая, сыны Ханана,

47. сыны Гідэла, сыны Гахара, сыны Рэаі;

48. сыны Рэцына, сыны Нэкоды, сыны Газама,

49. сыны Узы, сыны Пасэаха, сыны Бэсая,

50. сыны Асны, сыны Мэўніма, сыны Нэфісіма,

51. сыны Бакбука, сыны Хакуфы, сыны Хархура,

52. сыны Бацлута, сыны Мэхіды, сыны Харшы,

53. сыны Баркоса, сыны Сісры, сыны Тамаха,

54. сыны Нэцыяха, сыны Хатыфы.

55. Сыны рабоў Саламонавых: сыны Сатая, сыны Гасафэрэта, сыны Фэруды,

56. сыны Яалы, сыны Даркона, сыны Гідэла,

57. сыны Сэфатыі, сыны Хатыла, сыны Похэрэт-Гацэбаіма, сыны Амія,

58. усяго - нэтынэяў і сыноў рабоў Саламонавых трыста дзевяноста два.

59. І вось тыя, што выйшлі Тэлмэлаха, Тэл-Харшы, Хэруб-Адан-Імэра, якія не маглі паказаць пра пакаленьне сваё і пра племя сваё - ці зь Ізраіля яны:

60. сыны Дэлая, сыны Товія, сыны Нэкоды, шасьцьсот пяцьдзясят два.

61. І з сыноў сьвятарскіх: сыны Хабая, сыны Гакоца, сыны Вэрзэлія, які ўзяў жонку з дачок Вэрзэлія Галаадыцяніна і пачаў называцца імем іхнім.

62. Яны шукалі свайго запісу радавода, і не знайшлося яго, а таму выключаны са сьвятарства.

63. І Тыршата сказаў ім, каб яны ня елі вялікай сьвятыні, пакуль не паўстане сьвятар з урымам і тумімам.

64. Усё супольства разам складалася з сарака двух тысяч трохсот шасьцідзесяці чалавек,

65. акрамя рабоў іхніх і рабыняў іхніх, якіх было сем тысяч трыста трыццаць сем; і пры іх сьпевакоў і пясьнярак дзьвесьце.

66. Коней у іх сямсот трыццаць шэсьць, кабыл у іх дзьвесьце сорак пяць.

67. вярблюдаў у іх чатырыста трыццаць пяць, аслоў шэсьць тысяч сямсот дваццаць.

68. З узначальнікаў пакаленьняў некаторыя, прыйшоўшы да дома Гасподняга ў Ерусаліме, дабрахотна ахвяроўвалі на дом Божы, каб аднавіць яго на падмурку ягоным.

69. Паводле дастатку свайго, яны далі ў скарбніцу на працу шэсьцьдзясят адну тысячу драхмаў золата і пяць тысяч мінаў срэбра і сто сьвятарскіх вопратак.

70. І пачалі жыць сьвятары і лявіты, і народ і сьпевакі, і брамнікі і нэтынэі ў гарадах сваіх, і ўвесь Ізраіль ў гарадах сваіх.

 

РАЗЬДЗЕЛ 3

 

1. Калі настаў сёмы месяц, і сыны Ізраілевыя ўжо былі ў гарадах, тады сабраўся народ, як адзін чалавек у Ерусаліме.

2. І ўстаў Ісус, сын Ёсэдэкаў, і браты ягоныя, сьвятары і Зарававэль, сын Салатыілаў, і браты ягоныя і спарудзілі яны ахвярнік Богу Ізраілеваму, каб прыносіць на ім цэласпаленьні, як напісана ў законе Майсея, чалавека Божага.

3. І паставілі ахвярнік на падмурку ягоным, бо яны былі ў страху ад іншаземных народаў; і пачалі прыносіць на ім цэласпаленьні Госпаду, цэласпаленьні ранішнія і вечаровыя.

4. І ўчынілі сьвята кучак, як напісана, са штодзённым цэласпаленьнем у пэўным ліку, паводле статуту кожнага дня.

5. І пасьля таго ўчынялі цэласпаленьне пастаяннае, і на новы месяц і ва ўсе сьвяты, прысьвечаныя Госпаду, і дабравольнае прынашэньне Госпаду ад кожнага рупліўца.

6. Зь першага ж дня сёмага месяца пачалі прыносіць цэласпаленьні Госпаду. А храму Гасподняму яшчэ ня быў пакладзены падмурак.

7. І пачалі выдаваць срэбра каменячосам і цесьлярам, і ежу і пітво і алей Сіданянам і Тыранам, каб яны дастаўлялі кедровую драўніну зь Лівана па моры ў Яфу, з дазволу Кіра, цара Персідскага.

8. На другі год пасьля прыходу свайго да дома Божага ў Ерусалім, на дугім месяцы Зарававэль, сын Салатыілаў, і Ісус, сын Ёсэдэкаў, і астатнія браты іхнія, сьвятары і лявіты, і ўсе прыйшлыя з палону ў Ерусалім паклалі пачатак і паставілі лявітаў ад дваццаці гадоў і вышэй дзеля нагляду за працаю пры доме Гасподнім.

9. І ўсталі Ісус, сыны ягоныя і браты ягоныя, Кадмііл і сыны ягоныя, сыны Юды, як адзін чалавек дзеля нагляду за майстрамі працы ў доме Божым, а таксама сыны Хэнадада, сыны, сыны іхнія і браты іхнія лявіты.

10. Калі будаўнікі паклалі аснову храму Гасподняму, тады паставілі сьвятароў у вопратцы іхняй з трубамі і лявітаў, сыноў Асафавых, з кімваламі, каб славіць Госпада па статуце Давіда, цара Ізраілевага.

11. І пачалі яны папераменна сьпяваць «хвалеце» і «слаўце Госпада», «бо - добры, бо вечная міласьць яго да Ізраіля». І ўвесь народ усклікаў громападобна, славячы Госпада за тое, што пакладзена аснова дома Гасподняга.

12. Зрэшты многія сьвятары і лявіты і ўзначальнікі пакаленьняў, старцы, якія бачылі ранейшы храм, пры закладцы гэтага храма на вачах у іх, плакалі гучна, а многія і ўсклікалі ад радасьці громападобна.

13. І ня мог народ адрозьніць ускліканьні радасьці ад енку плачу народнага, бо народ усклікаў гучна, і голас чуцен быў далёка.

 

РАЗЬДЗЕЛ 4

 

1. І пачулі ворагі Юды і Веньяміна, што вяртанцы з палону будуюць храм Госпаду Богу Ізраілеваму;

2. і прыйшлі яны да Зарававэля і да ўзначальнікаў пакаленьняў і сказалі ім: будзем і мы будаваць з вамі, бо мы, як і вы, прыходзім да Бога вашага, і Яму прыносім ахвяры ад дзён Асардана, цара Сірыйскага, які перавёў нас сюды.

3. І сказаў ім Зарававэль і Ісус і астатнія ўзначальнікі пакаленьняў Ізраільскіх: не будаваць вам разам з намі дом нашаму Богу; мы адны будзем будаваць дом Госпаду Богу Ізраілеваму, як загадаў нам цар Кір, цар Персідскі.

4. І пачаў народ зямлі той паслабляць рукі народу Юдэйскага і перашкаджаць яму ў будаўніцтве;

5. і падкупалі супроць іх радцаў, каб разбурыць пачынаньне іхняе, ва ўсе дні Кіра, цара Персідскага, і да цараваньня Дарыя, цара Персідскага.

6. А ў цараваньне Ахашвероша, на пачатку цараваньня яго, напісалі абвінавачаньне на жыхароў Юдэі і Ерусаліма.

7. І ў дні Артаксэркса пісалі Бішлам, Мітрэдат, Табээл і іншыя таварышы іхнія да Артаксэркса, цара Персідскага. А пісьмо было напісана літарамі Сірыйскімі і на Сірыйскай мове.

8. Рэхум радца і Шымшай пісец пісалі адно пісьмо супроць Ерусаліма да цара Артаксэркса такое:

9. Тады ж. Рэхум радца і Шымшай пісец і астатнія таварышы іхнія, - Дынэі і Афарсатхэі, Тарпэлэі, Апарсы, Арэхэяне, Вавілоняне, Сусанцы, Дагі, Эламіцяне

10. і іншыя народы, якіх перасяліў Аснафар* вялікі і славуты і пасяліў у гарадах Самарыйскіх і ў іншых гарадах за ракою, і астатняе.

11. І вось сьпіс зь пісьма, якое паслалі яму, цару Артаксэрксу - рабы твае, людзі за ракою, і іншае.

12. Хай будзе вядома цару, што Юдэі, якія выйшлі ад цябе, прыйшлі да нас у Ерусалім, будуюць гэты мяцежны і нягодны горад і сьцены робяць, і падмуркі іх ужо паладзілі.

13. Хай жа будзе вядома цару, што калі і гэты горад будзе пабудаваны і сьцены адноўлены, дык ні падатку, ні мыты ня будуць даваць, і царскай скарбніцы будзе зроблена шкода.

14. Як што мы ямо соль ад палаца царскага, і шкоды цару ня можам бачыць, таму мы пасылаем данясеньне цару:

15. хай пашукаюць у памятнай кнізе бацькоў тваіх, - і знойдзеш у кнізе памятнай, і даведаешся, што горад гэты - горад мяцежны і шкодны царам і абласьцям, і што адпады бывалі ў ім здавён, за што горад гэты і спустошаны.

16. Таму мы паведамляем цару, што калі горад гэты будзе дабудаваны і сьцены яго дароблены, дык пасьля гэтага ня будзе ў цябе валоданьня за ракою.

17. Цар паслаў адказ Рэхуму радцу і Шымшаю пісцу і іншым таварышам іхнім, якія жывуць у Самарыі і іншых гарадах зарэчных: Мір і іншае.

18. Пісьмо, якое вы прыслалі нам, выразна прачытана перад мною;

19. і ад мяне дадзены загад, - і шукалі, і знайшлі, што горад гэты здаўна паўставаў супроць цароў, і ўчыняліся ў ім мецяжы і хваляваньні,

20. і што былі ў Ерусаліме цары магутныя, якія валодалі ўсім зарэччам, і ім давалі падаткі, налогі і мыту.

21. Дык вось, дайце загад, каб людзі гэтыя перасталі працаваць, і горад гэты не будаваўся, пакуль ад мяне ня будзе дадзены загад.

22. І будзьце асьцярожныя, каб не зрабіць у гэтым недагляду. Навошта дазваляць памнажэньне шкоднага супраць цароў?

23. Як толькі гэта пісьмо цара Артаксэркса было прачытана перад Рэхумам і Шымшаем пісцом і таварышамі іхнімі, яны адразу пайшлі ў Ерусалім да Юдэяў, і моцнай узброенай рукою спынілі працу іхнюю.

24. Тады спынілася праца пры доме Божым у Ерусаліме, і спыненьне гэта працягвалася да другога года цараваньня Дарыя, цара Персідскага.

 

* Сэнахірым

 

РАЗЬДЗЕЛ 5

 

1. Але прарок Агей і прарок Захар, сын Ады, казалі Юдэям, якія ў Юдэі і Ерусаліме, прарочыя казані ў імя Бога Ізраілева.

2. Тады ўсталі Зарававэль, сын Салатыілаў, і Ісус, сын Ёсэдэкаў, і пачалі будаваць дом Божы ў Ерусаліме, і зь імі прарокі Божыя, якія падмацоўвалі іх.

3. У той час прыйшоў да іх Татнай, зарэцкі начальнік вобласьці, Шэтар-Бознай і таварышы іхнія, і так сказалі ім: хто вам дазволіў будаваць дом гэты і дарабляць сьцены гэтыя?

4. Тады мы сказалі ім імёны тых людзей, якія будуюць будынак.

5. Але вока Богава было над старэйшынамі Юдэйскімі, і тыя не забаранялі ім, пакуль справу не адправілі Дарыю і пакуль ня прыйшло рашэньне па гэтай справе.

6. Вось зьмест пісьма, якое паслаў Татнай, зарэцкі начальнік вобласьці, і Шэтар-Бознай з таварышамі сваімі - Афарсахэямі, якія за ракою, цару Дарыю.

7. У данясеньні, якое яны паслалі яму, вось што напісана: Дарыю цару - усякі мір!

8. Хай будзе вядома цару, што мы хадзілі ў Юдэйскую вобласьць да дома Бога вялікага; і будуецца ён зь вялікіх камянёў, і драўніна ўкладваецца ў сьцены, і праца гэтая робіцца борзда і з посьпехам ідзе ў руках іхніх.

9. Тады мы спыталіся ў старэйшынаў тых і так сказалі ім: хто дазволіў вам будаваць дом гэты і сьцены гэтыя дарабляць?

10. І звыш таго пра імёны іхнія мы спыталіся ў іх, каб уведаміць цябе і напісаць імёны тых людзей, якія галоўныя ў іх.

11. І яны адказалі нам такімі словамі: мы рабы Бога неба і зямлі і будуем дом, які быў пабудаваны за шмат гадоў раней гэтага, - і вялікі цар у Ізраіля будаваў яго і давяршыў яго.

12. А калі бацькі нашыя прагнявілі Бога нябеснага, Ёр аддаў іх у руку Навухаданосара, цара Вавілонскага, Халдэяніна, і дом гэты Ён разбурыў, і народ перасяліў у Вавілон.

13. Але ў першы год Кіра, цара Вавілонскага, цар Кір даў дазвол пабудаваць гэты дом Божы;

14. ды і посуд дома Божага, залаты і срэбраны, які Навухаданосар вынес з храма Ерусалімскага і занёс у храм Вавілонскі, - вынес Кір цар з храма Вавілонскага і аддаў яго паіменна Шэшбацару, якога ён назначыў начальнікам вобласьці,

15. і сказаў яму: вазьмі гэты посуд, ідзі і занясі яго ў храм Ерусалімскі, і хай дом Божы будуецца на сваім месцы.

16. Тады Шэшбацар той прыйшоў, заклаў падмурак дома Божага ў Ерусаліме; і з таго часу дагэтуль ён будуецца, і яшчэ не закончаны.

17. Дык вось, калі цару заўгодна, няхай пашукаюць у доме царскіх скарбаў, там у Вавілоне, ці сапраўды царом Кірам дадзены дазвол будаваць гэты дом Божы ў Ерусаліме, і царскую волю пра гэта няхай прышлюць нам.

 

РАЗЬДЗЕЛ 6

 

1. Тады цар Дарый даў загад, і шукалі ў Вавілоне ў кнігасховішчы, куды складвалі скарбы.

2. І знойдзены ў Экбатане ў палацы, які ў вобласьці Мідыі, адзін сьвітак, і ў ім напісана так: Для памяці:

3. у першы год цара Кіра, цар Кір даў загад пра дом Божы ў Ерусаліме: хай будуецца дом на тым месцы, дзе прыносяць ахвяры, і хай будзе пакладзены моцны падмурак пад яго; вышыня яго ў шэсьцьдзясят локцяў, шырыня яго ў шэсьцьдзясят локцяў;

4. радоў з камянёў вялікіх тры, і рад з драўніны адзін; а выдаткі хай выдаюцца з царскага дома.

5. Ды і посуд дома Божага, залаты і срэбны, які Навухаданосар вынес з храма Ерусалімскага і занёс у Вавілон, хай вернецца і пойдзе ў храм Ерусалімскі, кожны на месца сваё: і зьмешчаны будзе ў доме Божым.

6. Дык вось, Татнай, зарэцкі начальнік вобласьці, і Шэтар-Бознай, з таварышамі вашымі Афарсахэямі, якія за ракою, - сыдзеце адтуль.

7. Ня спыняйце працы пры гэтым доме Божым; хай Юдэйскі начальнік вобласьці і Юдэйскія старэйшыны будуюць гэты дом Божы на месцы яго.

8. І ад мяне даецца загад пра тое, чым вы павінны садзейнічаць старэйшынам тым Юдэйскім у пабудове таго дома Божага, і: з маёмасьці царскай - з зарэціх падаткаў - без адкладу бярэце і давайце тым людзям, каб праца ня спынялася;

9. і колькі трэба - хай тое цялят, альбо авечак і ягнят, на цэласпаленьні Богу нябеснаму, таксама пшаніцы, солі, віна і алею, як скажуць сьвятары Ерусалімскія, хай выдаецца ім дзень у дзень без затрымкі,

10. каб яны прыносілі ахвяру прыемную Богу нябеснаму і маліліся за жыцьцё цара і сыноў ягоных.

11. А мною даецца загад, што калі які-небудзь чалавек зьменіць гэта вызначэньне, дык будзе вынята бервяно з дома ягонага і будзе падняты ён і прыбіты да яго, а дом яго за тое будзе ператвораны ў руіны.

12. І Бог, імя Якога там жыве, хай скіне любога цара, які працягнуў бы руку сваю, каб зьмяніць гэта на шкоду гэтаму дому Божаму ў Ерусаліме. Я, Дарый, даў гэты загад: хай выконваецца ён дакладна.

13. Тады Татнай, зарэцкі начальнік вобласьці, Шэтар-Бознай і таварышы іхнія, - як загадаў цар Дарый, так дакладна і рабілі.

14. І старэйшыны Юдэйскія будавалі з посьпехам, паводле прароцтва Агея прарока і Захара, сына Ады. І пабудавалі і закончылі, па волі Бога Ізраілевага і па волі Кіра і Дарыя і Артаксэркса, цароў Персідскіх.

15. І закончаны дом гэты да трэцяга дня месяца Адара, на шостым годзе валадараньня цара Дарыя.

16. І ўчынілі сыны Ізраілевыя, сьвятары і лявіты і іншыя, што вярнуліся з палону, асьвячэньне гэтага дома Божага з радасьцю.

17. І прынесьлі пры асьвячэньні гэтага дома Божага: сто валоў, дзьвесьце бараноў, чатырыста ягнят і дванаццаць казлоў у ахвяру за грэх за ўсяго Ізраіля, па колькасьці плямёнаў Ізраілевых.

18. І паставілі сьвятароў па аддзяленьнях іхніх, і лявітаў па чэргах іхніх на службу Божую ў Ерусаліме, як прадпісана ў кнізе Майсея.

19. І ўчынілі вяртанцы з палону пасху на чатырнаццаты дзень першага месяца,

20. бо ачысьціліся сьвятары і лявіты, - усе яны, як адзін, чыстыя; і закалолі ягнят пасхальных дзеля ўсіх, што вярнуліся з палону, дзеля братоў сваіх сьвятароў і дзеля сябе.

21. І елі сыны Ізраілевыя, якія вярнуліся зь перасяленьня, і ўсе, што аддзяліліся да іх ад нечысьціні народаў зямлі, каб прыйсьці да Госпада Бога Ізраілевага.

22. І сьвяткавалі сьвята праснакоў сем дзён у радасьці, бо парадаваў іх Гасподзь і павярнуў да іх сэрца цара Асірыйскага, каб мацаваць рукі іхнія пры будаўніцтве дома Госпада Бога Ізраілевага.

 

РАЗЬДЗЕЛ 7

 

1. Пасьля гэтых падзей, падчас валадараньня Артаксэркса, цара Персідскага, Эздра, сын Сэраі, сын Азарыі, сын Хэлкіі,

2. сын Шалума, сын Садока, сын Ахітува,

3. сын Амарыі, сын Азарыі, сын Мараёта,

4. сын Захара, сын Узія, сын Букія,

5. сын Авішуя, сын Фінээса, сын Элеазара, сын Аарона першасьвятара,

6. гэты Эздра выйшаў з Вавілона. Ён быў кніжнік, які ведаў закон Майсееў, які даў Гасподзь Бог Ізраілеў. І даў яму цар усё паводле жаданьня ягонага, бо рука Госпада Бога ягонага была над ім.

7. Зь ім пайшлі ў Ерусалім і некаторыя сыны Ізраілевыя і сьвятары і лявіты, і сьпевакі і брамнікі і нэтынэі на сёмым годзе цара Артаксэркса

8. І прыйшоў ён у Ерусалім у пяты месяц, - у сёмы год цара.

9. Бо ў першы дзень першага месяца быў пачатак выхаду з Вавілона, і ў першы дзень пятнаццатага месяца ён прыйшоў у Ерусалім, бо дабрадзейная рука Бога ягонага была над ім,

10. бо Эздра прыхіліў сэрца сваё да таго, каб вывучаць закон Гасподні і выконваць яго, і вучыць у Ізраілі закону і праўдзе.

11. І вось зьмест пісьма, якое даў цар Артаксэркс Эздру сьвятару, кніжніку, які вучыў словам запаведзяў Госпада і законаў Яго ў Ізраілі:

12. Артаксэркс, цар цароў, Эздру сьвятару, выкладчыку закона Бога нябеснага дасканаламу і іншае.

13. Мною дадзены загад, каб у царстве маім кожны з народу Ізраілевага і сьвятароў яго і лявітаў, хто жадае ісьці ў Ерусалім, ішоў з табою.

14. Як што ты пасылаешся ад цара і сямі радцаў ягоных, каб агледзець Юдэю і Ерусалім па Бога твайго законе, што ў тваёй руцэ,

15. і каб даставіць срэбра і золата, якое цар і радцы ягоныя ахвяравалі Богу Ізраілеваму, жытло якога ў Ерусаліме,

16. і ўсё срэбра і золата, якое ты зьбярэш ва ўсёй вобласьці Вавілонскай, разам з дабрахотнымі дарамі ад народу і сьвятароў, якія заахвяруюць яны на дом Бога свайго, што ў Ерусаліме;

17. таму не адкладваючы купі на гэтыя грошы валоў, бараноў, і ягнят, і хлебных прынашэньняў да іх і выліваньняў для іх, і прынясі іх на ахвярнік дома Бога вашага ў Ерусаліме.

18. І што ты і браты твае за добрае мецьмеце зрабіць з астатняга срэбра і золата, тое па волі Бога вашага і рабеце.

19. І посуд, які дадзены табе дзеля службы ў доме Бога твайго, пастаў перад Богам Ерусалімскім.

20. І іншае патрэбнае для дома Бога твайго, што ты прызнаеш патрэбным, давай з дома царскіх скарбаў.

21. І ад мяне цара Артаксэркса робіцца загад усім скарбоўцам, якія за ракою: усё, чаго запатрабуе ад вас Эздра сьвятар, настаўнік закона Бога нябеснага, не адкладваючы давайце:

22. срэбра да ста талантаў, і пшаніцы да ста кораў, і віна да ста батаў, і да ста ж батаў алею, а солі не абмяжоўваючы.

23. Усё, што загадана Богам нябесным, павінна рабіцца рупліва для дома Бога нябеснага, каб ня было гневу Яго на царства, цара і сыноў ягоных.

24. І даём вам знак, каб ні на кога зь сьвятароў альбо лявітаў, сьпевакоў, брамнікаў нэтынэяў і служак пры гэтым доме Божым, не накладваць ні падатку, ні налогу, ні мыты.

25. А ты, Эздра, па мудрасьці Бога твайго, якая ў руцэ тваёй, пастаў кіроўцаў і судзьдзяў, каб яны судзілі ўвесь народ за ракою, - усіх знаўцаў законаў Бога твайго, а хто ня ведае, тых вучэце.

26. А хто ня будзе выконваць закона Бога твайго і закона цара, над тым не адкладваючы хай чыняць суд, ці тое на сьмерць, ці тое на выгнаньне альбо на грашовую даніну, альбо на ўвязьненьне ў цямніцу.

27. Дабраславёны Гасподзь Бог бацькоў нашых, Які ўклаў у сэрца цара - упрыгожыць дом Гасподні, які ў Ерусаліме,

28. і схіліў мяне на міласьць цара і радцаў ягоных, і ўсіх магутных князёў цара! І я падбадзёрыўся, бо рука Госпада Бога майго была над мною, і сабраў я ўзначальнікаў Ізраіля, каб яны пайшлі са мною.

 

РАЗЬДЗЕЛ 8

 

1. І вось узначальнікі пакаленьняў і радаводы тых, якія выйшлі са мною з Вавілона, падчас валадараньня цара Артаксэркса:

2. з сыноў Фінээса Гірсон; з сыноў Ітамара Данііл; з сыноў Давіда Хатуш;

3. з сыноў Шэханіі, з сыноў Яроша Захар і зь ім па сьпісе радаводным сто пяцьдзясят чалавек мужчынскага полу;

4. з сыноў Сафатыі Зэвадыя, сын Міхаілаў, і зь ім восемдзесят чалавек мужчынскага полу;

5. з сыноў Шэханія, сын Яхазііла, і зь ім трыста чалавек мужчынскага полу;

6. з сыноў Адына Эвэд, сын Ёнатана, і зь ім пяцьдзясят чалавек мужчынскага полу;

7. з сыноў Элама Ешаія, сын Аталіі, і зь ім семдзесят чалавек мужчынскага полу;

8. з сыноў Сафатыі Зэвадыя, сын Міхаілаў, і зь ім восемдзесят чалавек мужчынскага полу;

9. з сыноў Ёава Авадыя, сын Ехіэлаў, і зь ім дзьвесьце васямнаццаць чалавек мужчынскага полу;

10. з сыноў Шэламіт, сын Ёсіфіі, і зь ім сто шэсьцьдзясят чалавек мужчынскага полу;

11. з сыноў Бэвая Захарыя, сын Бэвая, і зь ім дваццаць восем чалавек мужчынскага полу;

12. з сыноў Азгада Ёханан, сын Гакатана, і зь ім сто дзесяць чалавек мужчынскага полу;

13. з сыноў Аданікама апошнія, і вось іх імёны: Эліфэлет, Еэль і Шэмая, і зь імі шэсьцьдзясят чалавек мужчынскага полу;

14. з сыноў Бігвая Утай і Забуд, і зь імі семдзесят чалавек мужчынскага полу.

15. Я сабраў іх каля ракі, якая ўпадае ў Агаву, і мы прастаялі там тры дні, і калі я агледзеў народ і сьвятароў, дык з сыноў Лявіі нікога там не знайшоў.

16. І паслаў я паклікаць Эліезэра, Арыэла, Шэмаю і Элнатана, і Ярыва і Элнатана, і Натана і Захара і Мэшулама - галоўных і Ёярыва і Элнатана - вучоных,

17. і даў ім даручэньне да Ідо, галоўнага ў мясцовасьці Карысіфе, і ўклаў ім у вусны, што казаць Ідо і братам ягоным, нэтынэям у мясцовасьці Касіфе, каб яны прывялі да нас служак для дома Бога нашага.

18. І прывялі яны да нас, бо дабрадзейная рука Бога нашага была над намі, чалавека разумнага з сыноў Махлія, сына Лявіінага, сына Ізраілевага, менавіта ж Шэрэвію, і сыноў яго і братоў яго, васямнаццаць чалавек;

19. і Хашавію і зь ім Ешаію з сыноў Мэрарыных, братоў ягоных, і сыноў іхніх дваццаць;

20. і з нэтынэяў, якіх даваў Давід і князі ягоныя на прыслугу лявітам, дзьвесьце дваццаць нэтынэяў; усе яны названы паіменна.

21. І абвясьціў я там пост каля ракі Агавы, каб упакорыцца нам перад абліччам Бога нашага, прасіць у Яго пасьпяховай дарогі сабе і дзецям нашым і ўсёй маёмасьці нашай,

22. бо мне сорамна было прасіць у цара войска і коньнікаў на ахову нашую ад ворага па дарозе, бо мы, гаворачы з царом, сказалі: рука Бога нашага ўсім, хто прыходзіць да Яго, - дабрадзейная, а ўсім, хто пакідае Яго, - магутнасьць Ягоная і гнеў Ягоны!

23. І вось, мы пасьціліся і прасілі Бога нашага гэтага, і Ён пачуў нас.

24. І я аддзяліў з начальнікаў над сьвятарамі дванаццаць чалавек; Шэрэвію, Хашавію і зь імі дзесяць з братоў іхніх;

25. і аддаў ім вагою срэбра, золата і посуд, - усё ахвяраванае на дом Бога нашага, і што ахвяравалі цар і радцы ягоныя і князі ягоныя, і ўсе Ізраільцяне, якія там былі.

26. І аддаў на рукі ім вагою: срэбра - шасьцьсот пяцьдзясят талантаў, і срэбнага посуду - на сто талантаў, золата - сто талантаў,

27. і чараў залатых - дваццаць, і тысячу драхмаў, і дзьве пасудзіны з найлепшай бліскучай медзі, якая цэніцца як золата.

28. І сказаў я ім: вы - сьвятыня Госпаду, і посуд - сьвятыня, і срэбра і золата - дабрахотнае дараваньне Госпаду Богу бацькоў вашых.

29. Будзьце ж пільныя і зьберажэце гэта, пакуль вагою не здадзіце начальнікам над сьвятарамі і лявітамі і ўзначальнікам пакаленьняў Ізраілевых у Ерусаліме, у сховішча пры доме Гасподнім.

30. І прынялі сьвятары і лявіты ўзважанае срэбра і золата і посуд, каб аднесьці ў Ерусалім, у дом Бога нашага.

31. І выправіліся мы ад ракі Агавы на дванаццатым дні першага месяца, каб ісьці ў Ерусалім; і рука Бога нашага была над намі, і выратавала нас ад рукі ворага і ад тых, хто падпільноўваў нас па дарозе.

32. І прыйшлі мы ў Ерусалім, і прабылі там тры дні.

33. На чацьвёрты дзень мы здалі вагою срэбра і золата і посуд у дом Бога нашага, на рукі Мэрэмоту, сыну Урыі, сьвятару, і зь ім Элеазару, сыну Фінээсаву, і зь ім Ёзаваду, сыну Ісусаваму, і Наадыі, сыну Вінуя, лявітам

34. усё лікам і вагою. І ўсё ўзважанае запісана ў той самы час.

35. Перасяленцы, якія прыйшлі з палону, прынесьлі на цэласпаленьне Богу Ізраілеваму дванаццаць цялят за ўсяго Ізраіля, дзевяноста шэсьць бараноў, семдзесят сем ягнят і дванаццаць казлоў у ахвяру за грэх: усё гэта на цэласпаленьне Госпаду.

36. І аддалі царскія загады царскім сатрапам і зарэцкім начальнікам вобласьцяў, і яны ўшанавалі народ і дом Божы.

 

РАЗЬДЗЕЛ 9

 

1. Пасьля заканчэньня гэтага, падышлі да мяне начальнікі і сказалі: народ Ізраілеў і сьвятары і лявіты не аддзяліліся ад народаў іншапляменных зь мярзотамі іхнімі, ад Хананэяў, Хэтэяў, Фэрэзэяў, Евусэяў, Аманіцян, Маавіцян, Егіпцян і Амарэяў,

2. бо ўзялі дачок іхніх за сябе і за сыноў сваіх і зьмяшалася семя сьвятое з народамі іншапляменнымі, і прытым рука самых знакамітых і галоўных была ў гэтым беззаконьні першаю.

3. Пачуўшы гэта слова, я падраў споднюю і верхнюю вопратку маю і рваў валасы на галаве маёй і на барадзе маёй, і сядзеў засмучаны.

4. Тады сабраліся да мяне ўсе, якія збаяліся слоў Бога Ізраілевага з прычыны злачынства перасяленцаў, і я сядзеў у смутку да вячаровай ахвяры.

5. А ў час вечаровай ахвяры я ўстаў зь месца бедаваньня майго, і ў разадранай сподняй і верхняй вопратцы ўпаў на калені мае і працягнуў рукі мае да Госпада Бога майго

6. і сказаў: Божа мой! саромеюся і баюся падняць твар мой да Цябе, Божа мой, бо беззаконьні нашыя сталі вышэй галавы, і віна нашая ўзрасла да нябёсаў.

7. Зь дзён бацькоў нашых мы ў вялікай віне да сёньня, і за беззаконьні нашыя аддадзеныя былі мы, цары нашыя, сьвятары нашыя, у рукі цароў іншаземных, пад меч, у палон і на разрабаваньне і на пасаромленьне, як гэта і цяпер.

8. І вось, празь невялікі час, даравана нам памілаваньне ад Госпада Бога нашага, і Ён пакінуў у нас некалькі ацалелых і даў нам умацавацца на месцы сьвятыні Ягонай, і прасьвятліў вочы нашыя Бог наш, і даў нам ажыць крыху ў рабстве нашым.

9. Мы - рабы, але і ў рабстве нашым не пакінуў нас Бог наш. І схіліў Ён да нас міласьць цароў Персідскіх, каб яны далі нам ажыць, пабудаваць дом Бога нашага і аднавіць яго з руінаў ягоных, і далі нам аслону ў Юдэі і ў Ерусаліме.

10. І цяпер, што скажам мы, Божа наш, пасьля гэтага? Бо мы адступіліся ад запаведзяў Тваіх,

11. якія наказаў Ты праз рабоў Тваіх прарокаў, кажучы: зямля, у якую ідзяце вы, каб авалодаць ёю, зямля нячыстая, яна апаганена нячыстатою іншапляменных народаў, іх мярзотамі, якімі яны напоўнілі яе ад краю да краю ў паганьбеньнях сваіх.

12. Дык вось, дачок вашых не выдавайце за сыноў іхніх, і дачок іхніх не бярэце за сыноў вашых, і ня шукайце міру іхняга і дабра іхняга вавек, каб умацавацца вам і карміцца дабротамі зямлі той і перадаць яе ў спадчыну сынам вашым навечна.

13. І пасьля ўсяго, што спасьцігла нас за благія ўчынкі нашыя і за вялікую віну нашую - бо Ты, Божа наш, пашкадаваў нас не па меры беззаконьня нашага і даў нам такое збавеньне.

14. Няўжо мы зноў будзем парушаць запаведзі Твае і ўступаць у радство з гэтымі агіднымі народамі? Ці не прагневаешся Ты на нас нават да вынішчэньня нас, так што ня будзе ацалелых і ня будзе выратаваньня?

15. Госпадзе Божа Ізраілеў! праведны Ты. Бо мы ацалелі да гэтага дня; і вось мы ў беззаконьнях нашых перад абліччам Тваім, хоць пасьля гэтага не належала б нам стаяць перад абліччам Тваім.

 

РАЗЬДЗЕЛ 10

 

1. Калі Эздра маліўся і спавядаўся, плачучы і падаючы перад домам Божым, сышоўся да яго вялікі збор Ізраільцян, мужчын і жанчын і дзяцей, бо і народ моцна плакаў.

2. І адказваў Шэханія, сын Ехііла з сыноў Эламавых, і сказаў Эздру: мы зрабілі злачынства перад Богам нашым, што ўзялі жонак іншапляменных з народаў зямлі, але ёсьць яшчэ надзея Ізраілю ў гэтай справе;

3. складзём цяпер запавет з Богам нашым, што, па парадзе гаспадара майго і тых, якія схіляюцца перад запаведзямі Бога нашага, мы адпусьцім усіх жонак і народжаных імі, - і хай будзе па законе!

4. Устань, бо гэта твая справа, і мы з табою: узбадзёрся і дзей!

5. І ўстаў Эздра, і загадаў начальнікам над сьвятарамі, лявітамі і ўсім Ізраілем даць прысягу, што яны зробяць так. І яны прысягнулі.

6. І ўстаў Эздра і пайшоў ад дома Божага ў жытло Ёханана, сына Эліяшывы, і прыйшоў туды. Хлеба ён ня еў і вады ня піў, бо плакаў па злачынстве перасяленцаў.

7. І абвясьцілі ў Юдэі і ў Ерусаліме ўсім былым палонным, каб яны зьбіраліся ў Ерусаліме,

8. а хто ня прыйдзе праз тры дні, на ўсю маёмасьць таго, па вызначэньні начальнікаў і старэйшын, будзе накладзены заклён, і сам ён будзе адлучаны ад супольства перасяленцаў.

9. І сабраліся ўсе жыхары Юдэі і зямлі Веньямінавай у Ерусалім за тры дні. Гэта было на дзявятым месяцы, у дванаццаты дзень месяца. І сядзеў увесь народ на пляцы каля дома Божага, дрыжучы як ад гэтай дзеі, так і ад дажджу.

10. І ўстаў Эздра сьвятар і сказаў ім: вы ўчынілі злачынства, узяўшы сабе жонак іншапляменных, і тым павялічылі віну Ізраіля.

11. Дык вось, пакайцеся перад Госпадам Богам бацькоў вашых і выканайце волю Яго, і адлучэце сябе ад народаў зямлі і ад жонак іншапляменных.

12. І адказваў увесь сход, і сказаў гучным голасам: як ты сказаў, так і зробім.

13. Аднак жа народ шматлікі, і час цяпер дажджлівы, і няма магчымасьці стаяць на вуліцы. Ды і гэта справа не аднаго дня і ня двух, бо мы шмат у гэтай справе паграшылі.

14. Хай нашы начальнікі заступяць месца ўсяго супольства, і ўсе ў гарадах нашых, якія ўзялі жонак іншапляменных, хай прыходзяць сюды ў назначаны час і зь імі старэйшыны кожнага горада і судзьдзі яго, пакуль не адвернецца ад нас палкі гнеў Бога нашага за гэта.

15. Тады Ёнатан, сын Асаіла, і Яхзэя, сын Тыквы, сталі над гэтай дзеяй, і Мэшулам і Шаўтай лявіт былі за памочнікаў.

16. І зрабілі так выхадцы з палону. І вылучаны на гэта Эздра сьвятар, узначальнікі пакаленьняў, ад кожнага пакаленьня іх і ўсе яны названы паіменна. І зрабілі яны пасяджэньне ў першы дзень дзясятага месяца дасьледаваньня гэтай справы;

17. і закончылі дасьледаваньне пра ўсіх, хто ўзяў жонак іншапляменных, да першага дня першага месяца.

18. І знайшліся з сыноў сьвятарскіх, якія ўзялі жонак іншапляменных, - з сыноў Ісуса, сына Ёсэдэкавага, і братоў ягоных: Маасэя, Эліезэр, Ярыў, і Гэдалія;

19. і яны далі заруку, што адпусьцяць жонак сваіх, і што яны павінны прынесьці ў ахвяру барана за сваю віну;

20. і з сыноў Імэра: Хананій і Зэвадыя;

21. і з сыноў Харыма: Маасэя, Элія, Шэмая, Ехііл і Узія;

22. і з сыноў Пашхура: Элёэнай, Маасэя, Ісмаіл, Натанаіл, Ёзавад і Эласа;

23. і зь лявітаў: Ёзавад, Шымэй і Келая, ён жа Кліта, Патахія, Юда і Эліязэр;

24. і са сьпевакоў: Эльяшыў; і з брамнікаў: Шалум, Тэлем і Урый;

25. а зь Ізраільцян, - з сыноў Пароша: Рамая, Ізія, Малхія, Міямін, Элеазар, Малхія і Вэная;

26. і з сыноў Элама: Матанія, Захар, Ехіэль, Аудый, Ірэмот і Элія;

27. і з сыноў Зату: Льёэнай, Эльяшыў, Матанія, Ірэмот, Завад і Азіса;

28. і з сыноў Бэвая: Ёханан, Хананія, Забвай і Атлай;

29. і з сыноў Ванія: Мэшулам, Малух, Адая, Яшуў, Уэал і Ерамот;

30. і з сыноў Пахат-Моава: адна, Хэлал, Вэная, Маасэя, Матанія, Вэсэлііл, Бінуй і Манасія;

31. і з сыноў Харыма: Эліязэр, Ішыя, Малхія, Шэмая, Сімяон,

32. Веньямін, Малух, Шэмарыя;

33. і з сыноў Хашума: Матнай, Матата, Завад, Эліфэлфт, Ерамай, Манасія і Шымэй;

34. і з сыноў Ванія: Маадай, Амрам і Уэл,

35. Бэная, Бідэя, Келугі,

36. Ванэя, Мэрамот, Эльяшыў,

37. Матанія, Матнай, Яасай,

38. Ваній, Бінуй, Шымэй;

39. Шэлэмія, Натан, Адая,

40. Махнатбай, Шашай, Шарай,

41. Азарыэл, Шэлэміягу, Шэмарыя,

42. Шалум, Амарыя і Язэп;

43. і з сыноў Нэво: Еэл, Мататыя, Завад, Зэвіна, Ядай Ёэль і Бэная

44. Усе гэтыя ўзялі жонак іншапляменных, і некаторыя з гэтых жонак нарадзілі ім дзяцей.

Comments