РАЗЬДЗЕЛ 1
На другім годзе цара Дарыя, на шостым месяцы, у першы дзень месяца было слова Гасподняе праз Агея прарока Зарававэлю, сыну Салафіілеваму, упраўцу Юдэі, і Ісусу, сыну Ясэдэкаваму, вялікаму іярэю. 2. Так сказаў Гасподзь Саваоф: народ гэты кажа: «ня прыйшоў яшчэ час - будаваць дом Гасподні». 3. І было слова Гасподняе праз Агея прарока: 4. а вам самім час - жыць у дамах вашых упрыгожаных, тым часам як дом гэты ў запусьценьні? 5. Таму сёньня так кажа Гасподзь Саваоф: павярнеце сэрца ваша на дарогі вашыя. 6. Вы сееце многа, а зьбіраеце мала: ясьце, але ўнядосыць; п'яце, але не напіваецеся; апранаецеся, але не саграваецеся; заробнік платы зарабляе ў дзіравы кашалёк. 7. Так кажа Гасподзь Саваоф: павярнеце сэрца ваша на дарогі вашыя. 8. Узыдзеце на гару і насеце дрэвы і будуйце храм: і Я буду дабраволіць яму і праслаўлюся, кажа Гасподзь. 9. Чакаеце шмат, а выходзіць мала, і што прынесяце дамоў, тое Я разьвею. За што кажа Гасподзь Саваоф: за Мой дом, які ў запусьценьні, тым часам як вы бяжыце - кожны да свайго дома. 10. Якраз таму неба і зачынілася і не дае вам расы, і зямля не дае сваіх утвораў. 11. І я наклікаў суш на зямлю, на горы, на хлеб, на вінаградны сок, на алей і на ўсё, што родзіць зямля, і на чалавека і на быдла і на ўсякую ручную працу. 12. І паслухаліся Зарававэль, сын Салафіілеў, і Ісус, сын Ясэдэкаў, і ўвесь астатні люд голасу Госпада Бога свайго і слоў Агея прарока, як пасланага Госпадам Богам іхнім, і люд убаяўся Госпада. 13. Тады Агей, весьнік Гасподні, пасланы ад Госпада, сказаў люду: «Я з вамі! кажа Гасподзь». 14. І абудзіў Гасподзь дух Зарававэля, сына Салавіілевага, упраўцы Юдэі, і дух Ісуса, сына Ясэдэкавага, вялікага іярэя, і дух усёй рэшты людзей - і яны прыйшлі і пачалі рабіць працу ў доме Госпада Саваофа, Бога свайго, 15. на дваццаць чацьвёрты дзень шостага месяца, на другім годзе цара Дарыя.
РАЗЬДЗЕЛ 2
1. На сёмым месяцы, у дваццаць першы дзень месяца, было слова Гасподняе праз Агея прарока: 2. скажы цяпер Зарававэлю, сыну Салафіілеваму, упраўцу Юдэі, і Ісусу, сыну Ясэдэкаваму, вялікаму іярэю, і рэшце народу: 3. хто застаўся паміж вамі, які бачыў гэты дом у ранейшай ягонай славе, і якім вы бачыце яго цяпер? Ці ня ёсьць ён у вашых вачах як бы нічым? 4. Але падбадзёрся сёньня, Зарававэль, кажа Гасподзь, падбадзёрся, Ісусе, сыне Ясэдэкаў, вялікі іярэй! падбадзёрся, увесь народзе зямлі, кажа Гасподзь, і рабеце працу, бо Я з вамі, кажа Гасподзь Саваоф. 5. Запавет Мой, які Я заключыў з вамі пасьля выхаду вашага зь Егіпта, і дух Мой жыве сярод вас: ня бойцеся! 6. Бо так кажа Гасподзь Саваоф: яшчэ раз, - і гэта будзе неўзабаве, - Я патрасу неба і зямлю, мора і сушу, 7. і патрасу ўсе народы - і прыйдзе Жаданы ўсім народам, і напоўню дом гэты славаю, кажа Гасподзь Саваоф. 8. Маё срэбра і Маё золата, кажа Гасподзь Саваоф. 9. Слава гэтага апошняга храма будзе большая, чым ранейшага, кажа Гасподзь Саваоф; і на месцы гэтым Я дам мір, кажа Гасподзь Саваоф. 10. На дваццаць чацьвёрты дзень дзявятага месяца, на другім годзе Дарыя, было слова Гасподняе праз Агея прарока: 11. так кажа Гасподзь Саваоф: спытайся ў сьвятароў пра закон і скажы: 12. калі хто нёс сьвяшчэннае мяса ў крысе вопраткі сваёй і крысом сваім дакрануўся да хлеба, альбо да чаго-небудзь гатаванага, альбо да алею, альбо якой-небудзь ежы, - ці зробіцца гэта сьвяшчэнным? І адказвалі сьвятары і сказалі: не. 13. Потым сказаў Агей: а калі дакранецца да ўсяго гэтага хто-небудзь апаганены ад дакрананьня да мерцьвяка, ці зробіцца гэта нячыстым? І адказвалі сьвятары і сказалі: будзе нячыстае. 14. Тады адказваў Агей і сказаў: такі гэты народ, такое племя перад Мною, кажа Гасподзь, і такія ўсе дзеі рук іхніх! І што яны прыносяць там, усё нячыстае. 15. Цяпер павярнеце сэрца ваша на час ад гэтага дня і назад, калі яшчэ ня быў пакладзены камень на камень у храме Гасподнім. 16. Прыходзілі, бывала, да капіцы, якая можа прыносіць дваццаць мераў, і аказвалася толькі дзесяць; прыходзілі да чавільні, каб начэрпаць пяцьдзясят мераў з чавільні, а аказвалася толькі дваццаць. 17. Караў Я вас іржою і блякласьцю хлеба і градам усю працу рук вашых глуміў; але вы не зьвярталіся да Мяне, кажа Гасподзь. 18. Адвярнеце ж сэрца ваша на час ад гэтага дня і назад, ад дваццаць чацьвёртага дня дзявятага месяца, ад таго дня, калі закладзены быў храм Гасподні; адвярнеце сэрца ваша: 19. ці ёсьць яшчэ ў засеках насеньне? Дагэтуль ні вінаградная лаза, ні смакоўніца, ні гранатавае дрэва, ні масьліна не давалі плоду; а з гэтага дня я дабраслаўляю іх. 20. І было слова Гасподняе да Агея другі раз у дваццаць чацьвёрты дзень месяца, і сказана: 21. скажы Зарававэлю, упраўцу Юдэі: патрасу Я неба і зямлю; 22. і скіну троны царстваў і вынішчу сілу царстваў язычніцкіх, перакулю калясьніцы і тых, што сядзяць на іх, і скінутыя будуць коні і верхаўцы іхнія, кожны мечам другога. 23. У той дзень, кажа Гасподзь Саваоф, Я вазьму цябе, Зарававэль, сыне Салафіілаў, раб Мой, кажа Гасподзь, і буду трымаць цябе як пячатку, бо Я выбраў цябе, кажа Гасподзь Саваоф. |