РАЗЬДЗЕЛ 1
Пачатак Дабравесьця Ісуса Хрыста, Сына Божага, 2. як напісана ў прарокаў: «вось, Я пасылаю анёла Майго перад Табою». 3. «Голас таго, хто кліча ў пустыні: падрыхтуйце шлях Госпаду, простымі зрабеце сьцежкі Яму». 4. Зьявіўся Ян, хрысьцячы ў пустыні і прапаведуючы хрышчэньне пакаяньня на дараваньне грахоў. 5. І выходзілі да яго ўся краіна Юдэйская і Ерусалімляне; і хрысьціліся ў яго ўсе ў рацэ Ярдане, спавядаючыся ў грахах сваіх. 6. А ў Яна была вопратка зь вярблюджага воласу і скураны пояс на паясьніцы ягонай, і еў акрыды і дзікі мёд. 7. І прапаведаваў, кажучы: ідзе за мною Мацнейшы за мяне, у Якога я ня варты, нахіліўшыся, разьвязаць рэмень абутку Ягонага; 8. я хрысьціў вас вадою, а Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым. 9. І было ў тыя дні, прыйшоў Ісус з Назарэта Галілейскага і хрысьціўся ў Яна ў Ярдане. 10. І калі выходзіў з вады, убачыў адразу Ян, як адчыніліся нябёсы, і Духа, як голуба, Які сыходзіў на Яго. 11. І голас быў зь нябёсаў: «Ты Сын Мой Любасны, Якога Я ўпадабаў». 12. І адразу пасьля гэтага Дух вядзе Яго ў пустыню. 13. І быў Ён там у пустыні сорак дзён, спакушаны сатаною, і быў са зьвярамі; і анёлы слугавалі Яму. 14. А пасьля таго, як прададзены быў Ян, прыйшоў Ісус ў Галілею, прапаведуючы Дабравесьце Царства Божага, 15. і кажучы, што прыйшоў час і наблізілася Царства Божае: пакайцеся і веруйце ў Дабравесьце. 16. А праходзячы каля мора Галілейскага, убачыў Сымона і Андрэя, брата ягонага, якія закідвалі мярэжы ў мора, бо яны былі рыбакі. 17. І сказаў ім Ісус: ідзеце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі людзей. 18. І яны адразу, пакінуўшы мярэжы свае, пайшлі за Ім. 19. І прайшоўшы адтуль далей, Ён угледзеў Якава Зевядзеевага і Яна, брата ягонага, таксама ў лодцы; яны ладзілі мярэжы, 20. і адразу заклікаў іх. І яны, пакінуўшы бацьку свайго Зевядзея ў лодцы з работнікамі, пайшлі за Ім. 21. І прыходзяць у Капернаум; і неўзабаве ў суботу ўвайшоў Ён у сынагогу і вучыў. 22. І зьдзіўляліся з вучэньня Ягонага, бо Ён вучыў іх як той, хто ўладу мае, а не як кніжнікі. 23. У сынагозе іхняй быў чалавек, апанаваны духам нячыстым, і закрычаў: 24. кінь, што Табе да нас, Ісусе Назаранін? Ты прыйшоў пагубіць нас! ведаю Цябе, хто Ты, Сьвяты Божы. 25. Але Ісус загразіў яму, кажучы: змоўкні і выйдзі зь яго. 26. Тады дух нячысты, скалануўшы яго і закрычаўшы зычным голасам, выйшаў зь яго. 27. І жахнуліся ўсе, і пыталіся адзін у аднаго: што гэта? што гэта за вучэньне новае, што Ён і духам нячыстым загадвае і яны слухаюцца Яго. 28. І хутка разышлася пра Яго пагалоска па ўсіх землях вакол Галілеі. 29. Выйшаўшы неўзабаве з сынагогі, прыйшлі ў дом Сымона і Андрэя зь Якавам і Янам. 30. А Сымонава цешча ляжала ў гарачцы; і адразу кажуць Яму пра яе. 31. Падышоўшы, Ён падняў яе, узяў яе за руку; і гарачка адразу пакінула яе, і яна пачала слугаваць ім. 32. А як зьмяркалася, калі заходзіла сонца, прыносілі да Яго ўсіх хворых і апанаваных дэманамі. 33. І ўвесь горад сабраўся да дзьвярэй. 34. І Ён ацаліў многіх, што цярпелі ад розных хваробаў; выгнаў шмат дэманаў і не дазваляў дэманам гаварыць, бо яны ведалі, што Ён Хрыстос. 35. А нараніцу, устаўшы на досьвітку, выйшаў і пайшоў у пустэльнае месца, і там маліўся. 36. Сымон і тыя, хто быў зь Ім, пайшлі за Ім; 37. і, знайшоўшы Яго, кажуць Яму: усе шукаюць Цябе. 38. Ён кажа ім: хадзем у бліжэйшыя селішчы і гарады, каб Мне і там зьвеставаць, бо Я на тое і прыйшоў. 39. І Ён зьвеставаў у сынагогах іхніх па ўсёй Галілеі, і выганяў дэманаў. 40. Прыходзіць да Яго пракажоны і, просячы Яго на каленях, кажа Яму: калі хочаш, можаш мяне ачысьціць. 41. Ісус, умілажаліўшыся зь яго, працягнуў руку, дакрануўся да яго і сказаў яму: хачу, ачысьціся. 42. Пасьля гэтага слова праказа адразу сыйшла зь яго, і ён стаўся чыстым. 43. І гнеўна выгаварыўшы яму, адразу прагнаў яго 44. і сказаў яму: глядзі, нікому нічога не кажы; а ідзі, пакажыся сьвятару і ахвяруй за ачышчэньне тваё, што загадаў Майсей, на сьведчаньне ім. 45. А ён, выйшаўшы, пачаў абвяшчаць і расказваць пра тое, што адбылося, так што Ісус ня мог ужо адкрыта ўвайсьці ў горад, а быў звонку, у мясьцінах пустэльных. І прыходзілі да Яго адусюль.
РАЗЬДЗЕЛ 2
1. Праз колькі дзён Ён прыйшоў у Капернаум і стала вядома, што Ён у доме. 2. Адразу сабраліся многія, так што ўжо і за дзьвярыма ня было месца, і Ён казаў ім слова. 3. І прыйшлі да Яго з паралізаваным, якога несьлі чацьвёра: 4. і, ня маючы як падысьці да Яго празь людзей, разабралі дах дома, дзе Ён быў і, пракапаўшыся, апусьцілі пасьцель, на якой ляжаў паралізаваны. 5. Ісус, як убачыў веру іхнюю, кажа пралізаванаму: дзіця! даруюцца табе грахі твае. 6. Тут сядзелі некаторыя кніжнікі і разважалі ў сэрцах сваіх: 7. Чаго Ён так блюзьнерыць? хто можа дараваць грахі, акрамя аднаго Бога? 8. Ісус, адразу пазнаўшы духам Сваім, што яны так разважаюць самі ў сабе, сказаў ім: навошта вы так разважаеце ў сэрцах вашых? 9. што лягчэй? альбо сказаць паралізаванаму: «даруюцца табе грахі?» альбо сказаць: «устань, вазьмі сваю пасьцель і хадзі?», 10. але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі дараваць грахі, - кажа паралізаванаму: 11. табе кажу: устань, вазьмі пасьцель тваю і ідзі ў дом твой. 12. Той адразу ўстаў і, узяўшы пасьцель, выйшаў перад усімі, так што ўсе дзіву даваліся і славілі Бога, кажучы: ніколі нічога такога мы ня бачылі. 13. І выйшаў Ісус зноў да мора; і ўсе людзі пайшлі да Яго, і Ён вучыў іх. 14. Праходзячы, убачыў Ён Лявія Алфеевага, які сядзеў каля мытні, і кажа яму: ідзі за Мною. І той, устаўшы, пайшоў за Ім. 15. І калі Ісус узьляжаў у доме ягоным, узьляжалі зь Ім і вучні Ягоныя і многія мытнікі і грэшнікі; бо шмат іх было, і яны ішлі сьледам за Ім. 16. Кніжнікі і фарысэі, убачыўшы, што Ён есьць з мытнікамі і грэшнікамі, казалі вучням Ягоным: як гэта Ён есьць і п'е з мытнікамі і грэшнікамі? 17. Пачуўшы, Ісус кажа ім: не здаровыя маюць патрэбу ў лекары, а хворыя; Я прыйшоў заклікаць ня праведнікаў, а грэшнікаў да пакаяньня. 18. Вучні Янавыя і фарысэйскія пасьцілі. Прыходзяць да Яго і кажуць: чаму вучні Янавыя і фарысэйскія посьцяць, а Твае вучні ня посьцяць? 19. І сказаў ім Ісус: ці могуць пасьціць сыны харомаў шлюбных, калі зь імі малады? Пакуль зь імі малады, ня могуць пасьціць; 20. але прыйдуць дні, калі адымецца ў іх малады, і тады будуць пасьціць у тыя дні. 21. Ніхто да старое адзежыны ня прышывае латкі зь нябеленага палатна: інакш зноў прышытае аддзярэцца ад старога, і дзірка будзе яшчэ горшая. 22. Ніхто ня ўлівае віна маладога ў мяхі старыя: інакш маладое віно парве мяхі, і віно выцеча, і мяхі прападуць; а віно маладое трэба ўліваць у мяхі новыя. 23. І давялося Яму ў суботу праходзіць засеянымі палямі, і вучні Ягоныя дарогаю пачалі зрываць калосьсе. 24. І фарысэі сказалі Яму: глядзі, што яны робяць у суботу, чаго нельга рабіць. 25. Ён сказаў ім: няўжо вы ніколі ня чыталі, што зрабіў Давід, калі меў патрэбу і згаладаўся сам і тыя, што былі зь ім? 26. Як увайшоў ён у дом Божы пры першасьвятары Авіятары і еў пакладныя хлябы, якіх нельга было есьці нікому акрамя сьвятароў, і даў тым, што былі зь ім? 27. І сказаў ім: субота дзеля чалавека, а не чалавек дзеля суботы; 28. таму Сын Чалавечы ёсьць гаспадар і суботы.
РАЗЬДЗЕЛ 3
1. І ўвайшоў зноў у сынагогу; там быў чалавек з высахлаю рукою. 2. І сачылі за Ім, ці не ацаліць яго ў суботу, каб зьвінаваціць Яго. 3. А Ён кажа чалавеку з сухою рукою: стань пасярэдзіне. 4. А ім кажа: ці належыць у суботу дабро чыніць, альбо зло чыніць? душу ўратаваць, альбо загубіць? Але яны маўчалі. 5. І з гневам на іх паглядзеўшы, смуткуючы па ачарсьцьвеньні сэрцаў іхніх, кажа таму чалавеку: працягні руку тваю. Той працягнуў, і стала рука ягоная здаровая, як другая. 6. Фарысэі, выйшаўшы, адразу зладзілі зь ірадыянамі нараду супраць Яго, як бы загубіць Яго. 7. Але Ісус з вучнямі Сваімі адышоў да мора, і за Ім пайшло мноства людзей з Галілеі, Юдэі, 8. Ерусаліма, Ідума і з-за Ярдана. І з навакольляў Тыра і Сідона, пачуўшы, што Ён рабіў, ішлі да Яго ў вялікім мностве. 9. І сказаў вучням Сваім, каб напагатове была Яму лодка, з прычыны шматлюдзтва, каб ня ціснулі на Яго. 10. Бо многіх Ён ацаліў, так што тыя, хто быў хворы, кідаліся да Яго, каб дакрануцца да Яго. 11. І духі нячыстыя, калі бачылі Яго, падалі перад Ім і крычалі: Ты - Сын Божы. 12. Але Ён строга выгаворваў ім, каб не адкрывалі Яго. 13. Потым узышоў на гару і паклікаў да Сябе, каго Сам хацеў; і пайшлі да Яго. 14. І паставіў дванаццацёх, каб зь Ім былі і каб пасылаць іх зьвеставаць, 15. і каб мелі яны ўладу ацаляць ад хваробаў і выганяць дэманаў: 16. паставіў Сымона, даўшы яму імя Пётр; 17. Якава Зевядзеевага і Яна, брата Якаўлевага, даўшы ім імёны Воанергес, гэта азначае, «сыны громавыя»; 18. Андрэя, Піліпа, Барталамея, Мацьвея, Тамаша, Якава Алфеевага, Тадэя, Сымона Кананіта 19. і Юду Іскарыёцкага, які і выдаў Яго. 20. Прыходзяць у дом; і зноў зьбіраецца люд, так што яны не маглі нават хлеба паесьці. 21. І пачуўшы, блізкія Ягоныя пайшлі забраць Яго, бо казалі, што Ён не ў сабе. 22. А кніжнікі, якія прыйшлі зь Ерусаліма, казалі, што Ён мае ў Сабе Вэльзэвула і што выганяе дэманаў сілаю дэманскага князя. 23. І паклікаўшы іх, казаў ім прытчамі: як можа сатана выганяць сатану? 24. Калі царства разьдзеліцца самое ў сабе, ня можа ўстояць царства тое; 25. і калі дом разьдзеліцца сам у сабе, ня можа ўстояць дом той; 26. і калі сатана паўстаў на самога сябе і разьдзяліўся, ня можа ўстояць, а настаў канец ягоны. 27. Ніхто, увайшоўшы ў дом дужага, ня можа зрабаваць рэчаў ягоных, калі сьпярша ня зьвяжа дужага, - і тады зрабуе дом ягоны. 28. Праўду кажу вам: дараваныя будуць сынам чалавечым усе грахі і блюзьнерствы, якімі б ні блюзьнерылі; 29. але хто будзе блюзьнерыць на Духа Сьвятога, таму ня будзе дараваньня вавекі, а падлягае ён вечнай асудзе. 30. Гэта сказаў Ён, бо казалі: у Ім нячысты дух. 31. І прыйшлі Маці і браты Ягоныя і, стоячы звонку, паслалі да Яго паклікаць Яго. 32. Каля Яго сядзеў люд. І сказалі Яму: вось, Маці Твая і браты Твае і сёстры Твае, вонкі, пытаюцца Цябе. 33. І адказаў ім: хто Маці Мая і браты Мае? 34. І азірнуўшы тых, што сядзелі вакол Яго, кажа: вось маці Мая і браты Мае; 35. бо, хто будзе выконваць волю Божую, той Мне брат і сястра і маці.
РАЗЬДЗЕЛ 4
1. І зноў пачаў вучыць каля мора; і сабралася да Яго мноства людзей, так што Ён увайшоў у лодку і быў на моры, а ўвесь люд быў на зямлі каля мора. 2. І вучыў іх прытчамі многа і ў вучэньні Сваім казаў ім: 3. слухайце: вось, выйшаў сейбіт сеяць; 4. і калі сеяў, сталася так, што іншае ўпала ўскрай дарогі, і наляцелі птушкі і падзяўблі тое; 5. іншае ўпала на камяністую мясьціну, дзе няшмат было зямлі, і неўзабаве ўзышло, таму што зямля была там ня глыбокая; 6. а калі ўзышло сонца, завяла і, як ня мела карэньня, засохла; 7. іншае ўпала на церне, і церне вырасла і заглушыла насеньне, яно не дало плоду; 8. а іншае ўпала на добрую зямлю і дало плод, які ўзыйшоў і вырас, і ўрадзіла тое трыццаць, тое шэсьцьдзясят і тое сто. 9. І сказаў ім: хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе! 10. Калі ж застаўся бязь людзей, усе, хто быў вакол Яго разам з дванаццацьцю, спыталіся ў Яго пра прытчу. 11. І сказаў ім: вам дадзена ведаць тайны Царства Божага, а тым, вонкавым, усё бывае ў прытчах, 12. каб яны сваімі вачыма глядзелі, і ня ўбачылі; сваімі вушамі чулі, і не ўразумелі, каб не навярнуліся, і не дараваны былі ім грахі. 13. І кажа ім: не разумееце гэтай прытчы? як жа вам уразумець усе прытчы? 14. Сейбіт слова сее. 15. Пасеянае ўскрай дарогі азначае тых, у якіх сеецца слова, але да якіх, калі пачуюць, адразу прыходзіць сатана і хапае слова, пасеянае ў сэрцах іхніх. 16. Такім самым чынам і пасеянае на камяністых мясьцінах азначае тых, якія, калі пачуюць слова, адразу з радасьцю прымаюць яго, 17. але ня маюць у сабе кораня і нясталыя; потым, калі настане ўціск і ганеньне за слова, адразу спакушаюцца. 18. Пасеянае ў церне азначае тых, што чуюць слова, 19. але ў якіх турботы веку гэтага, панада багацьця і іншыя жаданьні, уваходзячы ў іх, заглушаюць слова, і яно бывае бяз плоду. 20. А пасеянае на добрай зямлі азначае тых, якія слухаюць слова і прымаюць, і родзяць плод, адзін у трыццаць, другі ў шэсьцьдзясят, той ўстакроць. 21. І сказаў ім: ці на тое прыносіцца сьвечка, каб паставіць яе пад пасудзіну альбо пад ложак? ці не на тое, каб ставіць яе на сьвечніку? 22. Няма нічога таемнага, што ня выйшла б на яву; і нічога няма схаванага, што ня выйшла б наверх. 23. Калі хто мае вушы, каб чуць, няхай пачуе! 24. І сказаў ім: заўважайце, што чуеце: якою мераю мерыце, такою адмерана будзе вам і дададзена будзе вам, слухачам. 25. Бо, хто мае, таму дадзена будзе, а хто ня мае, у таго адымецца і тое, што мае. 26. І сказаў: Царства Божае падобнае на тое, як калі чалавек кіне насеньне ў зямлю, 27. і сьпіць, і ўстае ноччу і днём, і як насеньне ўзыходзіць і расьце, ня ведае ён; 28. бо зямля сама сабою родзіць спачатку зеляніну, потым колас, потым поўнае зерне ў коласе; 29. калі ж высьпее плод, адразу пасылае серп, таму што настала жніво. 30. І сказаў: да чаго прыпадобнім Царства Божае? альбо празь якую прытчу выявім яго? 31. Яно - як зерне гарчычнае, якое, калі сеецца ў зямлю, ёсьць найменшае з усіх зярнят на зямлі: 32. а як пасеяна, узыходзіць і робіцца большае за ўсякую траву, і пускае вялікае гольле, так што пад ценем ягоным могуць хавацца птушкі нябесныя. 33. І такімі многімі прытчамі прапаведаваў ім слова, колькі яны маглі чуць; 34. і бяз прытчы не казаў ім, а вучням сам-насам тлумачыў усё. 35. Увечары таго самага дня сказаў ім: пераправімся на той бок. 36. І яны, адпусьціўшы людзей, узялі Яго з сабою, як Ён быў, у лодку; зь Ім былі і іншыя лодкі. 37. І паднялася вялікая бура; хвалі білі ў лодку, так што яна ўжо напаўнялася вадою. 38. А Ён спаў на карме на ўзгалоўі. Яго будзяць і кажуць Яму: Настаўнік! няўжо Табе ня рупіць, што мы гінем? 39. І ўстаўшы, Ён загразіў ветру і сказаў мору: суйміся, перастань. І вецер аціх, і зрабілася вялікая ціша. 40. І сказаў ім: чаго вы такія палахлівыя? чаму ў вас няма веры? 41. І ўбаяліся страхам вялікім і гаварылі і паміж сабою: хто ж гэта, што і вецер і мора слухаюцца Яго?
РАЗЬДЗЕЛ 5
1. Прыйшлі на другі бераг мора, у краіну Гадарынскую. 2. І калі выйшаў Ён з лодкі, адразу сустрэў Яго чалавек, які выйшаў з магілаў, апанаваны нячыстым духам; 3. у яго было жытло ў магілах, і ніхто ня мог зьвязаць яго нават ланцугамі; 4. бо колькі разоў яго ні кавалі ў ланцугі і путы, але разрываў ланцугі і разьбіваў путы, і ніхто ня меў сілы ўтаймаваць яго; 5. заўсёды, уночы і ўдзень, у горах і магілах, крычаў ён і біўся аб каменьне. 6. А ўбачыўшы Ісуса здалёк, прыбег і пакланіўся Яму, 7. і, закрычаўшы моцным голасам, сказаў: што Табе да мяне? Ісусе, Сыне Бога Усявышняга! заклінаю Цябе Богам, ня муч мяне! 8. Бо Ісус сказаў яму: выйдзі, дух нячысты, з гэтага чалавека. 9. І спытаўся ў яго: як тваё імя? І той сказаў у адказ: легіён імя мне, бо нас многа. 10. І вельмі прасілі Яго, каб ня высылаў іх прэч з краіны той. 11. А пасьвіўся там пад гарою вялікі гурт сьвіней. 12. І прасіліся ў Яго ўсе дэманы, кажучы: пашлі нас у сьвіней, каб нам увайсьці ў іх. 13. Ісус адразу дазволіў ім. І нячыстыя духі, выйшаўшы, увайшлі ў сьвіней; і памкнуўся гурт з урвішча ў мора, а іх было каля дзьвюх тысяч; і патанулі ў моры. 14. А сьвінапасы паўцякалі і расказалі ў горадзе і ў вёсках. І жыхары выйшлі паглядзець, што сталася. 15. Прыходзяць да Ісуса і бачаць, што апантаны, у якім быў легіён, сядзіць і апрануты, і ў здаровым розуме; і спалохаліся. 16. А тыя, што бачылі, расказалі ім пра тое, як гэта здарылася з апантаным, і пра сьвіней. 17. І пачалі прасіць Яго, каб адышоў ад межаў іхніх. 18. І калі Ён увайшоў у лодку, апантаны прасіў Яго, каб быць зь Ім. 19. Але Ісус не дазволіў яму, а сказаў: ідзі дамоў да сваіх і раскажы ім, што ўчыніў з табою Гасподзь і як зь цябе ўмілажаліўся. 20. І пайшоў і пачаў зьвеставаць у Дзесяцігародзьдзі, што ўчыніў зь ім Ісус. І ўсе дзіваваліся. 21. Калі Ісус зноў пераправіўся ў лодцы на другі бераг, сабралася да Яго мноства людзей. Ён быў каля мора. 22. І вось, прыходзіць адзін з начальнікаў сынагогі, якога звалі Яір, і, убачыўшы Яго, падае ў ногі Яму 23. і ўмольна просіць Яго, кажучы: дачка мая пры сьмерці; прыйдзі і ўскладзі на яе рукі, каб яна ачуняла і засталася жывая. 24. Ісус пайшоў зь ім. За Ім сьледам ішло мноства людзей, і націскалі на Яго. 25. Адна жанчына, якая пакутавала ад крывацечы дванаццаць гадоў, 26. шмат нацярпелася ад многіх лекараў, патраціла ўсё, што было ў яе, і ня зыскала ніякай палёгкі, а самой толькі пагоршала, 27. дачуўшыся пра Ісуса, падышла ззаду ў натоўпе і кранулася вопраткі Ягонай; 28. бо казала: калі хоць да вопраткі Ягонай дакрануся, дык выздаравею. 29. І перастала адразу ў яе крывацеча, і яна адчула ў целе, што ачуняла ад хваробы. 30. А ў той самы час Ісус, адчуўшы Сам у Сабе, што выйшла зь Яго сіла, абярнуўся ў народзе і сказаў: хто крануўся Маёй вопраткі? 31. Вучні сказалі Яму: Ты бачыш, што людзі націскаюць на Цябе, і кажаш: «хто крануўся Мяне?». 32. Але Ён глядзеў навокал, каб убачыць тую, якая зрабіла гэта. 33. Жанчына ў страху і трымценьні, ведаючы, што зь ёю сталася, падышла, упала перад Ім і сказала Яму ўсю праўду. 34. А Ён сказаў ёй: дачка! вера твая ўратавала цябе; ідзі ў міры і будзь здаровая ад хваробы тваёй. 35. Калі Ён яшчэ гаварыў гэта, прыходзяць ад начальніка сынагогі і кажуць: дачка твая памерла; чаго яшчэ дакучаеш Настаўніку? 36. Але Ісус, пачуўшы гэтыя словы, адразу кажа начальніку сынагогі; ня бойся, толькі веруй. 37. І не дазволіў нікому ісьці сьледам за Ім, акрамя як Пятру, Якаву і Яну, брату Якава. 38. Прыходзяць у дом начальніка сынагогі і бачаць перапалох, і плачуць і голасам галосяць. 39. І ўвайшоўшы, кажа ім: чаго сумеліся і плачаце? дзяўчына не памерла, а сьпіць. 40. І сьмяяліся зь Яго. Але Ён, выслаўшы ўсіх, бярэ з Сабою бацьку і маці дзяўчыны і тых, што былі зь Ім, і ўваходзіць туды, дзе дзяўчына ляжала. 41. І ўзяўшы дзяўчыну за руку, кажа ёй: таліфа-кумі, што азначае: «Дзяўчына, табе кажу, устань». 42. І дзяўчына адразу ўстала і пачала хадзіць, бо была гадоў дванаццаці. І вялікаму дзіву даліся. 43. І Ён строга загадаў ім, каб ніхто пра гэта ня ведаў, і сказаў, каб ёй далі есьці.
РАЗЬДЗЕЛ 6
1. Ён выйшаў адтуль і прыйшоў на бацькаўшчыну Сваю; за Ім сьледам ішлі вучні Ягоныя. 2. Калі настала субота, Ён пачаў вучыць у сынагозе; і многія слухачы з подзівам казалі: адкуль у Яго гэта? што за мудрасьць дадзена Яму, і як такія дзівосы чыняцца рукамі Ягонымі? 3. ці не цясьляр Ён, сын Марыін, брат Якава, Ясіі, Юды і Сымона? ці ня тут сярод нас Ягоныя сёстры? І паняверыліся ў Ім. 4. А Ісус сказаў ім: ня бывае прарока без пашаны, хіба што на бацькаўшчыне сваёй і ў родзічаў і ў доме сваім. 5. І ня мог учыніць там ніякага цуду; толькі на нямногіх хворых усклаўшы рукі, ацаліў іх. 6. І зьдзіўляўся зь няверства іхняга. Потым хадзіў па навакольных селішчах і вучыў. 7. І, паклікаўшы дванаццацёх, пачаў пасылаць іх па двое і даў ім ўладу над нячыстымі духамі. 8. І наказаў ім нічога ня браць у дарогу, апрача аднаго кія: ні торбы, ні хлеба, ні медзі ў поясе, 9. а абувацца ў просты абутак і не насіць дзьвюх вопратак. 10. І сказаў ім: калі дзе ўвойдзеце ў дом, заставайцеся ў ім, пакуль ня выйдзеце з той мясьціны. 11. І калі хто ня прыме вас і ня будзе слухаць вас, дык, выходзячы адтуль, абцярушэце пыл з ног вашых, у сьведчаньне на іх. Праўду кажу вам: радасьней будзе Садоме і Гаморы ў дзень судны, чым таму гораду. 12. І яны пайшлі і зьвеставалі каяньне; 13. выганялі шмат дэманаў і многіх хворых мазалі алеем і ацалялі. 14. Цар Ірад, дачуўшыся пра Ісуса, - бо імя Ягонае стала слыннае, - казаў: гэта Ян Хрысьціцель паўстаў зь мёртвых, і таму цуды ўчыняюцца ім. 15. Іншыя казалі: гэта Ільля. А іншыя казалі: гэта прарок, альбо як адзін з прарокаў. 16. А Ірад, пачуўшы, сказаў: гэта Ян, якому я адцяў галаву, ён паўстаў зь мёртвых. 17. Бо гэты Ірад, паслаўшы, узяў Яна і ўвязьніў яго ў цямніцу за Ірадыяду, жонку Піліпа, брата свайго, бо ажаніўся зь ёю. 18. Бо Ян казаў Іраду: нельга табе мець жонку брата твайго. 19. А Ірадыяда, угневаўшыся на яго, хацела забіць яго; ды не магла. 20. Бо Ірад баяўся Яна, ведаючы, што ён муж праведны і сьвяты і пільнаваў яго; многае рабіў, слухаючыся яго, і з прыемнасьцю слухаў яго. 21. Настаў зручны дзень, калі Ірад, з нагоды ўгодкаў сваіх, даваў гасьціну вяльможам сваім, тысячнікам і старэйшынам Галілейскім, - 22. дачка Ірадыядзіна ўвайшла, скакала і дагадзіла Іраду і ўсім, што ўзьляжалі зь ім. Цар сказаў дзяўчыне: прасі ў мяне, чаго хочаш, і дам табе. 23. І запрысягнуўся ёй: чаго ні папросіш у мяне, дам табе, нават да палавіны майго царства. 24. Яна выйшла і спыталася ў маці сваёй: чаго прасіць? Тая адказала: галавы Яна Хрысьціцеля. 25. І яна адразу пайшла сьпешна да цара і прасіла, кажучы: хачу, каб ты даў мне цяпер жа ў місе галаву Яна Хрысьціцеля. 26. Цар замаркоціўся; але, дзеля прысягі і тых, што ўзьляжалі зь ім, не захацеў адмовіць ёй. 27. І адразу паслаўшы збраяносца, цар загадаў прынесьці галаву ягоную. 28. Той пайшоў, адцяў яму галаву ў цямніцы, і прынёс галаву ягоную ў місе і аддаў яе дзяўчыне, а дзяўчына аддала яе маці сваёй. 29. Вучні ягоныя, пачуўшы, прыйшлі і ўзялі цела ягонае і паклалі яго ў магілу. 30. І сабраліся апосталы да Ісуса і расказалі Яму ўсё, і што зрабілі, і чаму навучылі. 31. Ён сказаў ім: ідзеце вы адныя ў пустэльнае месца і адпачнеце крыху. Бо шмат прыходзіла і адыходзіла, так што і есьці ім ня было калі. 32. І выправіліся ў пустэльнае месца на лодцы адныя. 33. Люд убачыў, як яны выпраўляліся, і многія пазналі іх; і беглі туды пешыя з усіх гарадоў і апярэдзілі іх, і сабраліся да Яго. 34. Ісус, выйшаўшы, угледзеў мноства людзей і пашкадаваў іх, бо яны былі як авечкі без пастуха; і пачаў іх вучыць многа. 35. І як што часу мінула шмат, вучні Ягоныя, прыступіўшы да Яго, кажуць: месца тут пустэльнае, а час ужо позьні; 36. адпусьці іх, каб яны пайшлі ў навакольныя вёскі і селішчы і купілі сабе хлеба; бо ім няма чаго есьці. 37. Ён сказаў ім у адказ: вы дайце ім есьці. І сказалі Яму: хіба што нам пайсьці купіць хлеба дынараў на дзьвесьце і даць ім есьці? 38. Але Ён папытаўся ў іх: колькі ў вас хлябоў? Ідзеце, паглядзеце. Яны, даведаўшыся, сказалі: пяць хлябоў і дзьве рыбіны. 39. Тады загадаў ім пасадзіць усіх гуртамі на зялёнай траве. 40. І паселі радамі па сто і па пяцьдзясят. 41. Ён узяў пяць хлябоў і дзьве рыбіны, узьвёў вочы да неба, дабраславіў і разламаў хлябы і даў вучням Сваім, каб яны раздалі ім; і дзьве рыбіны падзяліў на ўсіх. 42. І елі ўсе і наеліся; 43. і набралі кавалкаў хлеба і рэшты ад рыбін дванаццаць поўных кашоў; 44. а было тых, што елі хлябы, каля пяці тысяч мужчын. 45. І адразу ж прымусіў вучняў Сваіх увайсьці ў лодку і выправіцца наперад на той бок да Віфсаіды, пакуль Ён адпусьціць людзей. 46. І адпусьціўшы іх, пайшоў на гару памаліцца. 47. Увечары лодка была пасярод мора, а Ён адзін на зямлі. 48. І ўбачыў іх у бядзе ў плаваньні, бо вецер ім быў супраціўны; а каля чацьвёртай варты ночы падышоў да іх, ідучы па моры, і хацеў прайсьці міма іх. 49. Яны, убачыўшы Яго, што ідзе па моры, падумалі, што гэта прывід, і закрычалі. 50. Бо ўсе бачылі Яго і перапалохаліся. І адразу загаварыў зь імі і сказаў ім: узбадзёрцеся; гэта Я, ня бойцеся. 51. І ўвайшоў да іх у лодку; і вецер аціх. І яны вельмі-вельмі зьдзіўляліся ў сабе і дзіву даваліся. 52. Бо не дайшлі розумам да цуду з хлябамі, таму што сэрца ў іх было скамянелае. 53. І пераправіўшыся, прыбылі ў зямлю Генісарэцкую і прысталі да берагу. 54. Калі выйшлі яны з лодкі, адразу жыхары, пазнаўшы Яго, 55. абеглі ўсё навакольле тое і пачалі на ложках прыносіць хворых туды, дзе, як чуваць было, Ён быў. 56. І куды ні прыходзіў Ён, ці то ў селішчы, ці то ў гарады, ці то ў вёскі, клалі хворых на плошчах і прасілі Яго, каб ім дакрануцца хоць да краю адзеньня Ягонага; і каторыя дакраналіся да Яго, ацаляліся.
РАЗЬДЗЕЛ 7
1. Сабраліся да Яго фарысэі і некаторыя з кніжнікаў, што прыйшлі зь Ерусаліма; 2. і ўбачыўшы некаторых вучняў Ягоных, што елі хлеб нячыстымі, то ж бо няўмытымі рукамі, дакаралі. 3. Бо фарысэі і ўсе Юдэі, сьледуючы наказу старцаў, не ядуць, не памыўшы старанна рук; 4. і, прыйшоўшы з торжышча, не ядуць, не абмыўшыся. Ёсьць і яшчэ шмат чаго іншага, чаго яны пастанавілі трымацца: глядзець, каб мылі чары, кубкі, катлы і ўслоны. 5. Потым пытаюцца ў Яго фарысэі і кніжнікі: навошта вучні Твае не трымаюцца наказаў старцаў, а няўмытымі рукамі ядуць хлеб? 6. Ён сказаў ім у адказ: добра прарочыў пра вас, крывадушных, Ісая, як напісана: «людзі гэтыя шануюць Мяне вуснамі, а сэрца іхняе далёка ад Мяне адлягае; 7. але марна шануюць Мяне, настаўляючы на вучэньні, запаведзі чалавечыя»; 8. бо вы, занядбаўшы запаведзь Божую, трымаецеся звычаю чалавечага, абмываньня кубкаў і чараў, і робіце шмат чаго іншага, да гэтага падобнага. 9. І сказаў ім: ці добра, што вы адмяняеце запаведзь Божую, каб датрымацца свайго звычаю? 10. Бо Майсей сказаў: «шануй бацьку свайго і маці сваюё; і: ёхто ліхасловіць бацьку альбо маці, сьмерцю хай памрэ». 11. А вы кажаце: хто скажа бацьку альбо маці: «корван (значыць, дар) Богу тое, чым бы ты ад мяне карыстаўся», - 12. таму вы ўжо дазваляеце нічога не рабіць бацьку свайму альбо маці сваёй, 13. ухіляючы слова Божае наказам вашым, які вы ўстанавілі; і робіце шмат чаго на гэта падобнага. 14. І паклікаўшы ўвесь люд, сказаў яму: слухайце Мяне ўсе і разумейце: 15. нішто, што ўваходзіць у чалавека звонку, ня можа апаганіць яго; а што выходзіць зь яго, тое апаганьвае чалавека. 16. Калі хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе! 17. І калі Ён ад людзей увайшоў у дом, вучні Ягоныя спыталіся ў Яго пра прычту. 18. Ён сказаў ім: няўжо і вы такія няцямныя? няўжо не разумееце, што нішто, што звонку ўваходзіць у чалавека, ня можа апаганіць яго? 19. бо ня ў сэрца ягонае ўваходзіць, а ў чэрава, і выходзіць вонкі, чым ачышчаецца ўсякая ежа. 20. Далей сказаў: тое, што выходзіць з чалавека, апаганьвае чалавека; 21. бо зь сярэдзіны, з сэрца чалавечага, выходзяць ліхія помыслы, пералюбы, распуста, забойствы, 22. крадзяжы, ліхвярства, злосьць, хітрына, непатрэбства, зайздросьлівае вока, блюзьнерства, пыха, безгалоўе. 23. Усё гэтае ліха зь сярэдзіны выходзіць, і апаганьвае чалавека, 24. І выправіўшыся адтуль, прыйшоў у межы Тырскія і Сідонскія; і ўвайшоўшы ў дом, не хацеў, каб хто даведаўся; але ня здолеў утоіцца. 25. Бо дачулася пра Яго жанчына, у якое дачка апанаваная была нячыстым духам, і прыйшоўшы прыпала да ног Ягоных; 26. а жанчына тая была язычніца, родам Сірафінікіянка; і прасіла Яго, каб выгнаў дэмана зь ейнай дачкі. 27. Але Ісус сказаў ёй: дай перш насыціцца дзецям; бо нядобра ўзяць хлеб у дзяцей і кінуць сабакам. 28. А яна сказала Яму ў адказ: так, Госпадзе; але і сабакі пад сталом ядуць крошкі ў дзяцей. 29. І сказаў ёй: за гэтае слова, ідзі; дэман выйшаў з тваёй дачкі. 30. І прыйшоўшы ў свой дом, яна ўбачыла, што дэман выйшаў і дачка ляжыць на пасьцелі. 31. Выйшаўшы зь межаў Тырскіх і Сідонскіх, Ісус зноў пайшоў да мора Галілейскага празь землі Дзесяцігародзьдзя. 32. Прывялі да яго глухога гугняўца і прасілі Яго ўскласьці на яго руку. 33. Ісус, адвёўшы яго ўбок ад людзей, уклаў пальцы Свае ў вушы яму і, плюнуўшы, дакрануўся да языка ягонага; 34. і ўзьвёўшы вочы да неба, уздыхнуў і сказаў яму: «Еффафа», што значыцца - «адчыніся». 35. І адразу адчыніўся ў яго слых, і разамкнуліся повязі ягонага языка, і пачаў гаварыць чыста. 36. І загадаў ім не казаць нікому. Але, колькі Ён ні забараняў ім, яны яшчэ больш разгалошвалі. 37. І вельмі-вельмі зьдзіўляліся і казалі: усё добра робіць: і глухіх робіць чуткімі і нямых - гаваркімі.
РАЗЬДЗЕЛ 8
1. У тыя дні, калі сабралася даволі многа народу і ня было чаго есьці, Ісус, паклікаўшы вучняў Сваіх, сказаў ім: 2. шкада мне людзей, бо ўжо тры дні застаюцца пры Мне, і няма чаго ім есьці; 3. калі няеўшых адпушчу іх дадому, аслабнуць у дарозе, бо некаторыя зь іх прыйшлі здалёку. 4. Вучні Ягоныя адказвалі Яму: адкуль мог бы хто ўзяць тут у пустыні хлябоў, каб накарміць іх? 5. І спытаўся ў іх: колькі ў вас хлябоў? Яны адказалі: сем. 6. Тады загадаў людзям узьлегчы на зямлю; і ўзяўшы сем хлябоў і ўзьнёсшы падзяку, пераламаў і даў вучням Сваім, каб яны раздалі; і яны раздалі людзям. 7. Было ў іх і крыху рыбак; дабраславіўшы, Ён загадаў раздаць і іх. 8. І елі і наеліся; і набралі рэшты кавалкаў сем кашоў. 9. Тых, што елі, было каля чатырох тысяч. І адпусьціў іх. 10. І адразу ўвайшоўшы ў лодку з вучнямі Сваімі, прыплыў у межы Далмануфскія. 11. Выйшлі фарысэі, пачалі зь Ім спрачацца, і патрабавалі ад Яго азнакі зь неба, спакушаючы Яго, 12. і Ён, глыбока ўздыхнуўшы, сказаў: навошта род гэты патрабуе азнакі? праўду кажу вам, ня дасца роду гэтаму азнакі. 13. І пакінуўшы іх, зноў увайшоў у лодку і паплыў на той бок. 14. Пры гэтым вучні Ягоныя забыліся ўзяць хлябоў, і акрамя аднаго хлеба ня мелі з сабою ў лодцы. 15. А Ён наказаў ім, кажучы: глядзеце, сьцеражэцеся закваскі фарысэйскай і закваскі Ірадавай. 16. І разважаючы паміж сабою, казалі: гэта азначае, што хлябоў няма ў нас. 17. Ісус, зразумеўшы, кажа ім: што разважаеце пра тое, што няма ў вас хлябоў? няўжо яшчэ ня цяміце і не разумееце? няўжо яшчэ скамянелае ў вас сэрца? 18. маючы вочы, ня бачыце? маючы вушы, ня чуеце? і не памятаеце? 19. калі Я пяць хлябоў разламаў на пяць тысяч чалавек, колькі поўных кашоў набралі вы кавалкаў? Кажуць Яму: дванаццаць. 20. А калі сем на чатыры тысячы, колькі кашоў набралі вы кавалкаў рэшты? Сказалі: сем. 21. І сказаў ім: як жа яшчэ не разумееце? 22. Прыходзіць у Віфсаіду; і прыводзяць да Яго сьляпога, і просяць, каб да яго дакрануўся. 23. Ён, узяўшы сьляпога за руку, вывеў яго зь селішча прэч і, плюнуўшы яму на вочы, усклаў на яго рукі, і спытаўся ў яго: ці бачыць што? 24. Той, зірнуўшы, сказаў: бачу людзей, што праходзяць, як дрэвы. 25. Потым зноў усклаў рукі на вочы яму, і загадаў яму зірнуць. І ён выздаравеў, і пачаў бачыць усё ясна. 26. І паслаў яго дамоў, сказаўшы: не заходзь у селішча і не расказвай нікому ў селішчы. 27. І пайшоў Ісус з вучнямі Сваімі ў селішчы Кесарыі Піліпавай. Па дарозе Ён пытаўся ў вучняў Сваіх: за каго ўважаюць Мяне людзі? 28. Яны адказвалі: за Яна Хрысьціцеля, а другія - за Ільлю, а іншыя - за аднаго з прарокаў. 29. Ён кажа ім: а вы за каго ўважаеце Мяне? Пётр сказаў Яму ў адказ: Ты - Хрыстос. 30. І строга наказаў ім, каб нікому не казалі пра Яго. 31. І пачаў вучыць іх, што Сын Чалавечы мае адпакутаваць; быць адкінутым старэйшынамі, першасьвятарамі і кніжнікамі, і забітым быць і на трэйці дзень уваскрэснуць. 32. І гаварыў пра гэта адкрыта. А Пётр, адклікаўшы Яго, пачаў пярэчыць Яму. 33. А Ён, абярнуўшыся і зірнуўшы на вучняў Сваіх, строга ўшчуў Пятра, сказаўшы: адыдзі ад Мяне, сатана, бо ты думаеш не пра тое, што Божае, а што чалавечае. 34. І паклікаўшы людзей з вучнямі Сваімі, сказаў ім: хто хоча ісьці за Мною, зрачыся сябе, і вазьмі крыж свой, і ідзі за Мною сьледам; 35. бо, хто хоча душу сваю ўратаваць, той страціць яе; а хто страціць душу сваю дзеля Мяне і Дабравесьця, той уратуе яе; 36. бо якая карысьць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь сьвет, а душы сваёй пашкодзіць? 37. альбо які выкуп дасьць чалавек за душу сваю? 38. бо, хто пасаромеецца Мяне і Маіх словаў у родзе гэтым распусным і грэшным, таго пасаромеецца і Сын Чалавечы, калі прыйдзе ў славе Айца Свайго са сьвятымі анёламі.
РАЗЬДЗЕЛ 9
1. І сказаў ім: праўду кажу вам: ёсьць сярод тых, што стаяць тут, такія, што не памершы яшчэ, ужо ўбачаць Царства Божае, што прыйшло ў сіле. 2. І, як мінула шэсьць дзён, узяў Ісус Пятра, Якава і Яна, і ўзьвёў на гару высокую асобна іх адных і перамяніўся перад імі: 3. адзеньне Ягонае зрабілася бліскучае, вельмі белае, як сьнег, як на зямлі бялільшчык ня можа выбеліць. 4. І зьявіўся ім Ільля з Майсеем: і гутарылі зь Ісусам. 5. Пры гэтым Пётр сказаў Ісусу: Равьві! добра нам тут быць; зробім тры палаткі: Табе адну, Майсею адну, і адну Ільлю. 6. Бо ня ведаў, што сказаць; таму што яны былі ў страху. 7. І зьявілася воблака, якое іх ахінула, і з воблака выйшаў голас, які сказаў: Гэты ёсьць Сын Мой Любасны; Яго слухайце. 8. І раптам, агледзеўшыся навокал, нікога больш з сабою ня бачылі, акрамя аднаго Ісуса. 9. Калі ж сыходзілі яны з гары, Ён не дазволіў нікому расказваць пра тое, што бачылі, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсьне зь мёртвых. 10. І яны стрымалі гэтае слова, пытаючыся адзін у аднаго, што азначае: уваскрэснуць зь мёртвых? 11. І спыталіся ў Яго: як жа кніжнікі кажуць, што Ільля мае прыйсьці раней? 12. Ён сказаў ім у адказ: праўда, Ільля павінен прыйсьці раней і падрыхтаваць усё; і Сын Чалавечы, як напісана пра Яго, мае шмат адпакутаваць і быць зьняважаным; 13. але кажу вам, што і Ільля прыйшоў, і зрабілі зь ім, што хацелі, як напісана пра яго. 14. Прыйшоўшы да вучняў, убачыў шмат людзей каля іх і кніжнікаў, што спрачаліся зь імі. 15. Адразу, убачыўшы Яго, усе людзі зьдзівіліся, і, падбягаючы, віталі Яго. 16. Ён спытаўся ў кніжнікаў: пра што спрачаецеся зь імі? 17. Адзін зь людзей сказаў у адказ: Настаўнік! я прывёў да Цябе сына майго, апанаванага духам нямым: 18. дзе ні хапае яго, кідае яго на зямлю, і ён пускае пену, і скрыгоча зубамі сваімі, і дранцьвее; казаў я вучням Тваім, каб выгналі яго, і яны не маглі. 19. Адказваючы яму, Ісус сказаў: о, род няверны! дакуль буду я з вамі? дакуль буду трываць вас? прывядзеце яго да Мяне. 20. І прывялі таго да Яго. Як толькі апантаны ўбачыў Яго, дух скалануў яго; ён упаў на зямлю і качаўся, пускаючы пену. 21. І спытаўся Ісус у бацькі ягонага: як даўно гэта дзеецца зь ім? Той сказаў: змалку; 22. і шмат разоў дух кідаў яго і ў вагонь і ў ваду, каб загубіць яго; але, калі што можаш, умілажалься з нас і памажы нам. 23. Ісус сказаў яму: калі хоць колькі можаш верыць, дык усё магчыма верніку. 24. І адразу хлопцаў бацька ўсклікнуў са сьлязьмі: веру, Госпадзе! памажы майму няверству. 25. Ісус, убачыўшы, што зьбягаюцца людзі, загразіў духу нячыстаму, сказаўшы яму: дух нямы і глухі! Я загадваю табе, выйдзі зь яго і больш не ўваходзь у яго. 26. І ўскрыкнуўшы і моцна скалануўшы яго, выйшаў; і ён зрабіўся як мёртвы, так што многія казалі, што ён памёр. 27. Але Ісус, узяўшы яго за руку, падняў яго; і ён устаў. 28. І як увайшоў Ісус у дом, вучні Ягоныя пыталіся ў Яго сам-насам: чаму мы не маглі выгнаць яго? 29. І сказаў ім: гэты род ня можа выйсьці інакш, як ад малітвы і посту. 30. Выйшаўшы адтуль, праходзілі праз Галілею: і Ён не хацеў, каб хто ведаў. 31. Бо вучыў Сваіх вучняў і казаў ім, што Сын Чалавечы аддадзены будзе ў рукі чалавечыя, і заб'юць Яго, і пасьля забойства на трэйці дзень уваскрэсьне. 32. Але яны не разумелі гэтых слоў, а спытацца ў Яго баяліся. 33. Прыйшоў у Капернаум; і калі быў у доме, спытаўся ў іх: пра што ў дарозе вы разважалі паміж сабою? 34. яны маўчалі, бо дарогаю разважалі паміж сабою, хто большы. 35. І сеўшы, паклікаў дванаццаць і сказаў ім: хто хоча быць першым, хай будзе з усіх апошнім і ўсім слугою. 36. І ўзяўшы дзіця, паставіў яго сярод іх і, абняўшы яго, сказаў ім: 37. хто прыме адно такое дзіця ў імя Маё, той прымае Мяне; а хто Мяне прыме, той не Мяне прымае, а Таго, Хто паслаў Мяне. 38. Ян пры гэтым сказаў: Настаўнік! мы бачылі чалавека, які імем Тваім выганяе дэманаў, а ня ходзіць за намі; і забаранілі яму, бо ня ходзіць за намі. 39. Ісус сказаў: не забараняйце яму; бо ніхто, хто ўчыніў цуд імем Маім, ня зможа так хутка пасьля ліхасловіць Мяне. 40. Бо, хто ня супроць вас, той за вас. 41. І хто напоіць вас кубкам вады ў імя Маё, бо вы Хрыстовыя, праўду кажу вам, ня страціць узнагароды сваёй. 42. А хто спакусіць аднаго з малых гэтых, што веруюць у Мяне, таму лепей было б, каб павесілі яму на шыю жарон і кінулі яго ў мора. 43. І калі спакушае цябе рука твая, адатні яе: лепш табе зьнявечанаму ўвайсьці ў жыцьцё, чым зь дзьвюма рукамі ісьці ў геену, у вагонь непагасны, 44. дзе чарвяк іхні не памірае, і вагонь ня гасьне. 45. І калі нага твая цябе спакушае, адатні яе: лепш табе ўвайсьці ў жыцьцё кульгаваму, чым зь дзьвюма нагамі быць укінутым у геену, у вагонь непагасны. 46. дзе чарвяк іхні не памірае, і вагонь ня гасьне. 47. І калі вока тваё цябе спакушае, вырві яго: лепш табе з адным вокам увайсьці ў Царства Божае, чым з двума вачмі быць укінутым у геену вогненную, 48. дзе чарвяк іхні не памірае, і вагонь ня гасьне. 49. Бо кожны вагнём асоліцца, і кожная ахвяра сольлю асоліцца. 50. Соль - добрая; але, калі соль не салёная будзе, чым вы яе паправіце? Майце ў сабе соль і мір майце паміж сабою.
РАЗЬДЗЕЛ 10
1. Выправіўшыся адтуль, прыходзіць у межы Юдэйскія за Ярданам. Зноў зьбіраюцца да Яго людзі; і паводле звычаю Свайго, Ён зноў вучыў іх. 2. Падышлі фарысэі і спыталіся, спакушаючы Яго: ці дазволена разводзіцца мужу з жонкаю? 3. Ён сказаў ім у адказ: што наказаў вам Майсей? 4. Яны сказалі: Майсей дазволіў пісаць разводны ліст і разводзіцца. 5. А Ісус сказаў ім у адказ: за жорсткае сэрца вашае ён напісаў вам гэтую запаведзь; 6. а ў пачатку стварэньня, Бог мужчыну і жанчыну стварыў іх. 7. Таму пакіне чалавек бацьку свайго і маці 8. і прылепіцца да жонкі сваёй, і будуць двое адною плоцьцю, так што яны ўжо ня двое, а адна плоць. 9. Дык вось, што Бог злучыў, таго чалавек хай не разлучае. 10. У доме вучні Ягоныя зноў спыталіся ў Яго пра тое самае. 11. Ён сказаў ім: хто разьвядзецца з жонкаю сваёю і ажэніцца з другою, той чыніць пералюб зь ёю; 12. і калі жонка разьвядзецца з мужам сваім і выйдзе за другога, пералюб чыніць. 13. Прыносілі да Яго дзяцей, каб Ён дакрануўся да іх; а вучні не дапускалі тых, што прыносілі. 14. Убачыўшы гэта, Ісус разгневаўся і сказаў ім: пусьцеце дзяцей прыходзіць да Мяне і не перашкаджайце ім, бо такім належыць Царства Божае; 15. праўду кажу вам: хто ня прыме Царства Божага, як дзіця, той ня ўвойдзе ў яго. 16. І абняўшы іх, усклаў рукі на іх і дабраслаўляў іх. 17. Калі выходзіў Ён у дарогу, падбег нехта, упаў перад Ім на калені і спытаўся ў Яго: Настаўнік Добры! што мне рабіць, каб успадкаваць жыцьцё вечнае? 18. Ісус сказаў яму: што ты называеш Мяне добрым? ніхто ня добры, толькі адзін Бог. 19. Ведаеш запаведзі: ня чыні пералюбу; не забівай; ня крадзь; ня сьведчы ілжыва; ня крыўдзі; шануй бацьку твайго і маці. 20. А ён сказаў Яму ў адказ: Настаўнік! Усё гэта захаваў я зь юнацтва майго. 21. Ісус, зірнуўшы на яго, палюбіў яго і сказаў яму: аднаго табе не стае: ідзі, усё, што маеш, прадай і раздай убогім і мець будзеш скарб на нябёсах; і прыходзь, і ідзі сьледам за Мною, узяўшы крыж. 22. А ён, ад гэтага слова сумеўшыся, адышоў замаркочаны, бо ў яго была вялікая маёмасьць. 23. І паглядзеўшы навакол, Ісус кажа вучням Сваім: як цяжка багатым маетнікам увайсьці ў Царства Божае! 24. Вучні жахнуліся ад словаў Ягоных. Але Ісус зноў кажа ім у адказ: дзеці! як цяжка тым, хто спадзяецца на багацьце, увайсьці ў Царства Божае! 25. лягчэй вярблюду прайсьці праз вушка іголкі, чым багатаму ўвайсьці ў Царства Божае. 26. А яны вельмі моцна зьдзіўляліся і гаварылі паміж сабою: хто ж можа ўратавацца? 27. Ісус, зірнуўшы на іх, кажа: людзям гэта немагчыма, але ня Богу; бо ўсё магчымае Богу. 28. І пачаў Пётр гаварыць Яму: вось, мы пакінулі ўсё і пайшлі сьледам за Табою. 29. Ісус сказаў у адказ: праўду кажу вам: няма нікога, хто пакінуў бы дом, альбо братоў, альбо сёстраў, альбо бацьку, альбо маці, альбо жонку, альбо дзяцей, альбо землі дзеля Мяне і Дабравесьця, 30. і не атрымаў бы сёньня, у час гэты, сярод ганеньняў, устакроць больш дамоў, і братоў, і сёстраў, і бацькоў, і мацярок, і дзяцей, і земляў, а ў веку будучым жыцьця вечнага; 31. а многія першыя будуць апошнімі, і апошнія першымі. 32. Калі былі яны ў дарозе, узыходзячы ў Ерусалім, Ісус ішоў паперадзе іх, а яны жахаліся і, ідучы сьледам за Ім, былі ў страху. Паклікаўшы дванаццаць, Ён зноў пачаў ім казаць пра тое, што будзе зь Ім: 33. вось, мы ўзыходзім у Ерусалім, і Сын Чалавечы выдадзены будзе першасьвятарам і кніжнікам, і засудзяць Яго на сьмерць, і выдадуць Яго язычнікам; 34. і паглумяцца зь Яго, і біцьмуць Яго, і аплююць Яго, і заб'юць Яго; і на трэйці дзень уваскрэсьне. 35. Тады падышлі да Яго сыны Зевядзеевыя, Якаў і Ян, і сказалі: Настаўнік! мы хочам, каб Ты зрабіў нам, чаго папросім. 36. Ён сказаў ім: чаго хочаце, каб Я зрабіў вам? 37. Яны сказалі Яму: дай нам сесьці ў Цябе, аднаму праваруч, а другому леваруч, у славе Тваёй. 38. Але Ісус сказаў ім: ня ведаеце, чаго просіце; ці можаце піць чару, якую Я п'ю, і хрысьціцца хрышчэньнем, якім Я хрышчуся? 39. Яны адказвалі: можам. А Ісус сказаў ім: чару, якую Я п'ю, будзеце піць, і хрышчэньнем, якім Я хрышчуся, будзеце хрысьціцца; 40. а даць сесьці ў Мяне праваруч і леваруч - не ад Мяне залежыць, а каму ўгатавана. 41. І пачуўшы, дзесяцёра пачалі абурацца Якавам і Янам. 42. А Ісус, паклікаўшы іх, сказаў ім: вы ведаеце, што тыя, хто лічацца князямі народаў, пануюць над імі, і вяльможы іхнія ўладараць над імі; 43. але ня так хай будзе паміж вамі: а хто хоча быць большым між вамі, хай будзе вам слугою; 44. і хто хоча між вамі быць першым, хай будзе ўсім рабом; 45. бо і Сын Чалавечы не на тое прыйшоў, каб Яму служылі, а каб паслужыць і аддаць душу Сваю як выкуп за многіх. 46. Прыходзяць у Ерыхон. І калі выходзіў Ён зь Ерыхона з вучнямі Сваімі і мноствам людзей, Варцімей, сын Цімееў, сьляпы сядзеў пры дарозе, жабруючы. 47. Пачуўшы, што гэта Ісус Назарэй, ён пачаў крычаць і казаць: Ісусе, Сыне Давідаў! памілуй мяне. 48. Многія змушалі яго замоўкнуць; але ён яшчэ мацней крычаў: Сыне Давіваў! памілуй мяне. 49. Ісус спыніўся і загадаў паклікаць яго. Клічуць сьляпога і кажуць яму: ня бойся, уставай, кліча цябе. 50. Ён скінуў зь сябе верхнюю вопратку, устаў і прыйшоў да Ісуса. 51. Адказваючы яму, Ісус спытаўся: чаго ты хочаш ад Мяне? Сьляпы сказаў Яму: Настаўнік! каб зноў бачыць. 52. Ісус сказаў яму: ідзі, вера твая ўратавала цябе. І той адразу пачаў бачыць і пайшоў за Ісусам па дарозе.
РАЗЬДЗЕЛ 11
1. Калі наблізіліся да Ерусаліма, да Віфагіі і Віфаніі, да гары Аліўнай, Ісус пасылае двух вучняў Сваіх 2. і кажа ім: ідзеце ў селішча, што проста перад вамі; уваходзячы ў яго, адразу знойдзеце маладога асла, на якога ніхто зь людзей не садзіўся; адвяжэце яго, прывядзеце; 3. і калі вам хто скажа: «Што гэта вы робіце?», адказвайце, што ён патрэбен Госпаду; і адразу пашле яго сюды. 4. Яны пайшлі, і знайшлі маладога асла, прывязанага каля варот пры дарозе, і адвязалі яго. 5. І некаторыя, што стаялі там, казалі ім: што робіце? навошта адвязваеце асьляня? 6. Яны адказвалі ім, як наказаў Ісус; і тыя адпусьцілі іх. 7. І прывялі да Ісуса асьляня, і ўсклалі на яго адзеньне сваё; Ісус сеў на яго. 8. А многія пасьцілалі адзеньне сваё на дарозе, а іншыя рэзалі вецьце з дрэваў і пасьцілалі на дарозе. 9. І тыя, што ішлі паперадзе і сьледам, усклікалі: асанна! дабраславёны Той, Хто ідзе ў імя Гасподняе! 10. дабраславёнае царства айца нашага Давіда, што ідзе ў імя Гасподняе! асанна ў вышынях! 11. І ўвайшоў Ісус у Ерусалім і ў храм; і агледзеўшы ўсё, як што час ужо быў позьні, выйшаў у Віфанію з дванаццацьцю. 12. На другі дзень, калі яны выйшлі зь Віфаніі, Ён схацеў есьці; 13. і, угледзеўшы здалёку смакоўніцу, пакрытую лісьцем, пайшоў, ці ня знойдзе чаго на ёй; але, падышоўшы да яе, нічога не знайшоў, апрача лісьця, бо яшчэ ня час быў зьбіраць смоквы. 14. І сказаў ёй Ісус: ад сёньня хай ніхто зь цябе ня есьць плоду вавек. І чулі гэта вучні Ягоныя. 15. Прыйшлі ў Ерусалім. Ісус, увайшоўшы ў храм, пачаў выганяць прадаўцоў і пакупцоў у храме; і сталы мяняйлаў і ўслоны прадаўцоў галубоў абярнуў; 16. і не дазваляў, каб хто пранёс праз храм якую-небудзь рэч. 17. І вучыў іх, кажучы: ці ж не напісана: ёдом Мой домам малітвы назавецца для ўсіх народаўё? - а вы зрабілі зь яго логва разбойнікаў. 18. Пачулі гэта кніжнікі і першасьвятары і шукалі, як бы загубіць Яго; бо баяліся Яго, таму што ўвесь люд зьдзіўляўся з вучэньня Ягонага. 19. А калі настаў вечар, Ён выйшаў з горада. 20. Раніцай, праходзячы міма, убачылі, што смакоўніца засохла да кораня. 21. І, прыгадаўшы, Пётр кажа Яму: Равьві! паглядзі, смакоўніца, якую Ты пракляў, усохла. 22. Ісус, адказваючы, кажа ім: 23. майце веру Божую. Бо праўду кажу вам: калі хто скажа гары гэтай: ёпадыміся і кінься ў мораё, і не засумняваецца ў сэрцы сваім, а паверыць, што збудзецца паводле словаў ягоных, - будзе яму, што ні скажа. 24. Таму кажу вам: усё, чаго ні будзеце прасіць у малітве, верце, што атрымаеце, - і будзе вам. 25. І калі стаіце на малітве, даруйце, калі што маеце на каго, каб і Айцец ваш нябесны дараваў вам грахі вашыя; 26. калі ж не даруеце, дык і Айцец ваш нябесны не даруе вам грахоў вашых. 27. Прыйшлі зноў у Ерусалім. І калі Ён хадзіў у храме, падышлі да Яго першасьвятары і старэйшыны 28. і казалі Яму: якою ўладаю Ты гэта робіш? і хто Табе даў уладу рабіць гэта? 29. Ісус сказаў ім у адказ: папытаюся і Я ў вас адно, адказвайце Мне, тады і Я скажу вам, якою ўладаю гэта раблю: 30. хрышчэньне Янава зь нябёсаў было, ці ад людзей? адказвайце Мне. 31. Яны ж разважалі паміж сабою: калі скажам «зь нябёсаў» - дык Ён скажа: «чаму ж вы не паверылі яму?» 32. а сказаць: «ад людзей», - баяліся народу; бо ўсе лічылі, што Ян сапраўды быў прарок. 33. І сказалі ў адказ Ісусу: ня ведаем. Тады Ісус сказаў ім у адказ: і Я не скажу вам, якою ўладаю гэта раблю.
РАЗЬДЗЕЛ 12
1. І пачаў гаварыць ім прытчамі: нейкі чалавек насадзіў вінаграднік, і абгарадзіў мурам, і выкапаў чавільню, і збудаваў вежу, і, аддаўшы яго вінаградарам, адлучыўся. 2. І паслаў у свой час да вінаградараў слугу - узяць у вінаградараў пладоў зь вінаградніка; 3. а яны, схапіўшы яго, білі і прагналі ні з чым. 4. Зноў паслаў да іх другога слугу; і таму камянямі разьбілі галаву і адпусьцілі яго з ганьбаю. 5. І зноў іншага паслаў: і таго забілі; і многіх іншых то білі, то забівалі. 6. І маючы яшчэ аднаго сына, любаснага яму, напасьледак паслаў і яго да іх, кажучы: пасаромеюцца сына майго. 7. Але вінаградары сказалі адзін аднаму: гэта спадкаемец; хадзем, заб'ем яго, і спадчына будзе нашая. 8. І схапіўшы яго, забілі і выкінулі прэч зь вінаградніка. 9. Што ж зробіць гаспадар вінаградніка? Прыйдзе і пакарае сьмерцю вінаградараў, і аддасьць вінаграднік іншым. 10. Няўжо вы ня чыталі гэтага ў Пісаньні: «камень, які адкінулі будаўнікі, той самы зрабіўся каменем кутнім: 11. гэта - ад Госпада, і ёсьць дзіўна ў вачах нашых»? 12. І памыкаліся схапіць Яго, але збаяліся люду; бо зразумелі, што пра іх сказаў прытчу; і пакінуўшы Яго, адышлі. 13. І пасылаюць да Яго некаторых фарысэяў і ірадыян, каб падлавіць Яго на слове. 14. А яны, прыйшоўшы, кажуць Яму: Настаўнік! мы ведаем, што Ты справядлівы і не стараешся дагадзіць каму-небудзь, бо не глядзіш ні на якія абліччы, а шчыра шляху Божаму вучыш; ці дазваляецца даваць падатак кесару, ці не? ці даваць нам, ці не даваць? 15. Але Ён, ведаючы іхнюю крывадушнасьць, сказаў ім: што спакушаеце Мяне? прынясеце Мне дынар, каб Мне бачыць яго. 16. Яны прынесьлі. Тады кажа ім: чыя гэта выява і надпіс? яны сказалі Яму: кесаравыя. 17. Ісус сказаў ім у адказ: аддавайце кесаравае кесару, а Божае Богу. І зьдзіўляліся зь Яго. 18. Потым прыйшлі да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрэсеньня, і спыталіся ў Яго, кажучы: 19. Настаўнік! Майсей напісаў нам: «калі ў каго памрэ брат і пакіне жонку, а дзяцей не пакіне, дык брат ягоны хай возьме жонку ягоную і адродзіць семя брату свайму». 20. Было сем братоў: першы ўзяў жонку, і паміраючы, не пакінуў дзяцей; 21. узяў яе другі, і памёр, і ён не пакінуў дзяцей; гэтак сама і трэйці. 22. Бралі яе за сябе сямёра, і не пакінулі дзяцей. Пасьля ўсіх памерла і жонка. 23. Дык вось ва ўваскрэсеньні, калі ўваскрэснуць, каму зь іх будзе яна за жонку? бо сямёра яе мелі за жонку. 24. Ісус сказаў ім у адказ: ці не праз гэта ўпадаеце вы ў памылку, ня ведаючы Пісаньняў, ні сілы Божай? 25. бо, калі зь мёртвых уваскрэснуць, ня будуць ні жаніцца, ні замуж выходзіць, а будуць, як анёлы на нябёсах. 26. А пра мёртвых, што яны ўваскрэснуць, хіба ня чыталі вы ў кнізе Майсеевай, калі Бог пры купіне сказаў яму: «Я Бог Абрагама і Бог Ісаака, і Бог Якава»? 27. Бог ня ёсьць Бог мёртвых, а Бог жывых. Дык вось вы дужа памыляецеся. 28. Адзін кніжнік, чуючы іхнія спрэчкі і бачачы, што Ісус хораша ім адказваў, падышоў і спытаўся ў Яго: якая першая з усіх запаведзяў? 29. Ісус адказваў яму: першая з усіх запаведзяў: «слухай, Ізраіль! Гасподзь Бог наш ёсьць Гасподзь адзіны; 30. і палюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім разуменьнем тваім, і ўсёю моцаю тваёю»: вось, першая запаведзь! 31. Другая падобная да яе: «палюбі блізкага твайго, як самога сябе»; іншае запаведзі большае за гэтыя няма. 32. Кніжнік сказаў Яму: Настаўнік! добра, праўду сказаў Ты, што адзін ёсьць Бог і няма іншага, апрача Яго; 33. і любіць Яго ўсім сэрцам, і ўсім розумам, і ўсёю душою, і ўсёю моцаю, і любіць блізкага, як самога сябе, ёсьць больш за ўсе ўсеспаленьні і ахвяры. 34. Ісус, бачачы, што ён разумна адказваў, сказаў яму: недалёка ты ад Царства Божага. Пасьля таго ніхто ўжо не адважваўся пытацца ў Яго. 35. Вучачы далей у храме, Ісус казаў: як кажуць кніжнікі, што Хрыстос ёсьць сын Давідаў? 36. Бо сам Давід сказаў у Духу Сьвятым: «сказаў Гасподзь Госпаду майму: сядзі праваруч Мяне, пакуль пакладу ворагаў Тваіх у падножжа ног Тваіх». 37. Дык вось сам Давід называе Яго Госпадам: як жа Ён сын Яму? І безьліч люду Яго слухалі з асалодаю. 38. І казаў ім у вучэньні Сваім: асьцерагайцеся кніжнікаў, якія любяць хадзіць у доўгім адзеньні і вітаньні на сходах народных, 39. сядзець наперадзе ў сынагогах і ўзьляжаць на першым месцы на гасьцінах; 40. гэтыя, што пажыраюць дамы ўдовіныя і напаказ доўга моляцца, прымуць найцяжэйшую асуду. 41. І сеў Ісус насупроць скарбонкі, і глядзеў, як люд кладзе грошы ў скарбонку. Многія багатыя клалі памногу. 42. А прыйшоўшы, адна бедная ўдава паклала дзьве лепты, што складае кадрант. 43. Паклікаўшы вучняў Сваіх, сказаў ім: праўду кажу вам, што гэтая бедная ўдава паклала болей за ўсіх, што клалі ў скарбонку; 44. бо ўсе клалі ад лішку свайго, а яна ад нястачы сваёй паклала ўсё, што мела, увесь пражытак свой.
РАЗЬДЗЕЛ 13
1. І калі выходзіў Ён з храма, кажа Яму адзін вучань Ягоны: Настаўнік! паглядзі, якія камяні і якія будынкі! 2. Ісус сказаў яму ў адказ: бачыш гэтыя вялікія будынкі? усё гэта будзе разбурана, так што не застанецца тут каменя на камені. 3. І калі Ён сядзеў на гары Аліўнай насупраць храма, пыталіся ў Яго асобна Пётр і Якаў, і Ян і Андрэй: 4. скажы нам, калі гэта будзе, і якая прыкмета, калі ўсё гэта павінна стацца? 5. Адказваючы ім, Ісус пачаў гаварыць: глядзеце, каб хто вас ня ўвёў у зман; 6. бо многія прыйдуць пад імем Маім, і будуць казаць, што гэта Я, і многіх увядуць у зман. 7. А як пачуеце пра войны і пра ваенныя чуткі, не жахайцеся: бо павінна тое быць: але гэта яшчэ не канец. 8. Бо паўстане народ на народ, і царства на царства; і будуць землятрусы па месцах, і будуць галады і смуты. Гэта пачатак хвароб. 9. Але вы зважайце на сябе: бо вас будуць выдаваць у судзілішчы, і біць у сынагогах, і перад валадарамі і царамі паставяць вас за Мяне, на сьведчаньне перад імі. 10. І ўсім народам наперад павінна быць абвешчана Дабравесьце. 11. Калі ж павядуць выдаваць вас, ня турбуйцеся загадзя, што вам сказаць, і не абдумвайце; а што дадзена будзе вам у тую часіну, тое і кажэце, бо ня вы будзеце гаварыць, а Дух Сьвяты. 12. І выдасьць брат брата на сьмерць, і бацька дзяцей; і паўстануць дзеці на бацькоў і заб'юць іх. 13. І будзеце зьненавіджаныя ўсімі за імя Маё; а хто перацерпіць да канца, уратуецца. 14. А калі ўгледзіце брыдоту спусташэньня, пра якую сказана праз прарока Данііла, якая паўстане, дзе ня трэба, - хто чытае, хай разумее, - тады хто будзе ў Юдэі, хай уцякаюць у горы; 15. а хто на даху, той ня сыходзь у дом і не ўваходзь узяць што-небудзь з дому свайго; 16. і хто ў полі, не вяртайся назад узяць вопратку сваю. 17. Гора цяжарным і тым, што кормяць грудзьмі ў тыя дні. 18. Малецеся, каб ня сталіся ўцёкі вашыя зімою. 19. Бо ў тыя дні будзе такі смутак, якога ня было ад пачатку стварэньня, якое ўчыніў Бог, нават да сёньня, і ня будзе. 20. І калі б Гасподзь не скараціў тых дзён, дык не ўратавалася б ніякая плоць; але дзеля выбраных, якіх Ён выбраў, скароціць тыя дні. 21. Тады, калі хто вам скажа: «вось, тут Хрыстосё, альбо: ёвунь, там», - ня верце. 22. Бо паўстануць ілжэхрысты ды ілжэпрарокі, і дадуць азнакі і цуды, каб увесьці ў зман, калі магчыма, і выбраных. 23. А вы зважайце. Вось, Я наперад сказаў вам усё. 24. Але ў тыя дні, пасьля смутку таго сонца памеркне, і месяц ня дасць сьвятла свайго; 25. і зоркі спадуць зь неба, і сілы нябесныя пахіснуцца. 26. Тады ўбачаць Сына Чалавечага, Які будзе ісьці на аблоках у сіле моцнай і ў славе. 27. І тады Ён пашле анёлаў Сваіх і зьбярэ выбраных Сваіх ад чатырох вятроў, ад краю зямлі і да краю неба. 28. Ад смакоўніцы вазьмеце падабенства: калі гольле ейнае ўжо мякчэе і пускае лісьце, дык ведайце, што блізка лета; 29. так і вы, калі ўбачыце, што збываецца тое, ведайце, што блізка, пры дзьвярах. 30. Праўду кажу вам: ня міне род гэты, як усё тое будзе. 31. Неба і зямля мінуцца, а словы Мае ня мінуць. 32. А пра дзень той або гадзіну ніхто ня ведае, ні анёлы нябесныя, ні Сын, а толькі Айцец. 33. Глядзеце, чувайце, малецеся; бо ня ведаеце, калі настане час гэты. 34. Падобна на тое, як калі б хто, ідучы ў дарогу і пакідаючы дом свой, даў слугам сваім уладу, і кожнаму сваю працу, і загадаў брамніку чуваць. 35. Дык чувайце ж; бо ня ведаеце, калі прыйдзе гаспадар дома, увечары, ці апоўначы, ці пры пеўнях, ці нараніцу; 36. каб, прыйшоўшы зьнянацку, не застаў вас у сьне. 37. А што вам кажу, кажу ўсім: чувайце.
РАЗЬДЗЕЛ 14
1. Праз два дні мелася быць сьвята Пасхі і праснакоў; і намышлялі першасьвятары і кніжнікі, як бы ўзяць Яго хітрасьцю і забіць; 2. але казалі: толькі ня ў сьвята, каб ня сталася абурэньня ў народзе. 3. І калі быў Ён у Віфаніі, у доме Сымона пракажонага, і ўзьляжаў, - прыйшла жанчына з алавастравай пасудзінай міра з нарду чыстага, каштоўнага, і, разьбіўшы пасудзіну, паліла Яму на галаву. 4. А некаторыя абурыліся і казалі паміж сабою: навошта гэтае марнатраўства міра? 5. бо можна было прадаць яго больш, чым за трыста дынараў, і раздаць убогім. І дакаралі яе. 6. Але Ісус сказаў: пакіньце яе; што яе бянтэжыце? яна добры ўчынак зрабіла дзеля Мяне. 7. Бо заўсёды ўбогіх маеце пры сабе, і калі захочаце, можаце ім дабрачыніць; а Мяне не заўсёды маеце. 8. Яна зрабіла, што магла: загадзя памазала Цела Маё на пахаваньне. 9. Праўду кажу вам: дзе ні будзе абвешчана Дабравесьце гэтае ў цэлым сьвеце, сказана будзе ў памяць пра яе, і пра тое, што зрабіла яна. 10. І пайшоў Юда Іскарыёт, адзін з дванаццацёх, да першасьвятароў, каб выдаць Яго ім. 11. А яны, пачуўшы, узрадаваліся і абяцаліся даць яму срэбранікі. І ён намышляў, як бы ў зручны час выдаць Яго. 12. У першы дзень праснакоў, калі калолі пасхальнае ягня, кажуць Яму вучні Ягоныя: дзе хочаш есьці пасху? мы пойдзем і прыгатуем. 13. І пасылае двух вучняў Сваіх і кажа ім: ідзеце ў горад: і сустрэнецца вам чалавек, які нясьціме збанок вады: пойдзеце сьледам за ім, 14. і куды ён увойдзе, скажэце гаспадару дома таго: «Настаўнік кажа: дзе пакой, у якім бы Мне есьці пасху з вучнямі Маімі?». 15. І ён пакажа вам сьвятліцу вялікую, засланую, гатовую; там прыгатуеце нам. 16. І пайшлі вучні ягоныя, і прыйшлі ў горад, і знайшлі, як сказаў ім; і прыгатавалі пасху. 17. Калі зьвечарэла, Ён прыходзіць з дванаццацьцю. 18. І калі яны ўзьляжалі і елі, Ісус сказаў: праўду кажу вам, адзін з вас, які есьць са Мною, выдасьць Мяне. 19. Яны засмуціліся і пачалі казаць Яму, адзін за адным: ці ня я? І другі: ці ня я? 20. А Ён сказаў ім у адказ: адзін з дванаццацёх, што мачае са Мною ў місцы. 21. Бо Сын Чалавечы ідзе, як пісана пра Яго; але гора таму чалавеку, якім Сын Чалавечы выдаецца: лепей было б таму чалавеку не радзіцца. 22. І калі яны елі, Ісус, узяўшы хлеб, дабраславіў, паламаў, даў ім і сказаў: прымеце, ежце; гэта Цела Маё. 23. І ўзяўшы чару, падзякаваўшы, падаў ім; і пілі зь яе ўсе. 24. І сказаў ім: гэта Кроў Мая новага запавету, за многіх праліваная. 25. Праўду кажу вам: Я ўжо ня буду піць ад плоду лазы вінаграднае да таго дня, калі буду піць новае віно ў Царстве Божым. 26. І засьпяваўшы пайшлі на гару Аліўную. 27. І кажа ім Ісус: усе вы запаняверыцеся ўва Мне ў гэтую ноч: бо напісана: «паражу пастыра, і расьсеюцца авечкі», 28. а пасьля ўваскрэсеньня Майго Я запабягу вас у Галілеі. 29. Пётр сказаў Яму: калі і ўсе запаняверацца, дык ня я. 30. І кажа яму Ісус: праўду кажу табе, што ты сёньня, гэтае ночы, перш чым двойчы засьпявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне. 31. Але ён яшчэ больш настойліва казаў: хоць бы прыпала мне і памерці з Табою, не адракуся ад Цябе. Тое самае і ўсе казалі. 32. Прыйшлі ў селішча, якое называлася Гефсіманія: і Ён сказаў вучням Сваім: пасядзеце тут, пакуль Я памалюся. 33. І ўзяў з Сабою Пятра, Якава і Яна; і пачаў смуткаваць і журыцца. 34. І сказаў ім: душа Мая смуткуе да сьмерці; пабудзьце тут, і чувайце. 35. І, адышоўшы крыху, упаў на зямлю і маліўся, каб, калі можна, мінула Яго гадзіна гэтая; 36. і казаў: Авва Войча! усё магчыма Табе; пранясі чару гэтую міма Мяне; але не чаго Я хачу, а чаго Ты. 37. Вяртаецца і знаходзіць, што яны сьпяць; кажа Пятру: Сымоне! ты сьпіш? ня мог ты чуваць аднае гадзіны? 38. чувайце і малецеся, каб не паддацца спакусе: дух бадзёры, а плоць нядужая. 39. І зноў адышоўшы маліўся, сказаўшы тое самае слова. 40. І вярнуўшыся, зноў знайшоў, што яны сьпяць: бо ў іх вочы ацяжэлі; і яны ня ведалі, што яму адказаць. 41. І прыходзіць трэйці раз і кажа ім: вы ўсё яшчэ сьпіце і спачываеце? годзе; настала гадзіна; вось, аддаецца Сын Чалавечы ў рукі грэшнікам; 42. устаньце, хадзем: вось наблізіўся той, хто выдае Мяне. 43. І адразу, як Ён яшчэ гаварыў, прыходзіць Юда, адзін з дванаццацёх, і зь ім мноства людзей зь мечамі і каламі, ад першасьвятароў і кніжнікаў і старэйшын. 44. А хто выдаваў Яго, даў ім знак, кажучы: каго я пацалую, Той і ёсьць; вазьмеце Яго, і вядзеце пільна. 45. І прыйшоўшы, адразу падышоў да Яго і кажа: Равьві, Равьві! І пацалаваў Яго. 46. А яны ўсклалі на Яго рукі свае і ўзялі Яго. 47. А адзін з тых, што стаялі тут, дастаў меч, ударыў раба першасьвятаровага і адсек яму вуха. 48. Тады Ісус сказаў ім: як на грабежніка выйшлі вы зь мечамі і каламі, каб узяць Мяне; 49. кожны дзень бываў Я з вамі ў храме і вучыў, і вы не ўзялі мяне; але хай збудуцца Пісаньні. 50. Тады, пакінуўшы Яго, усе паўцякалі. 51. Адзін хлопец, захінуўшыся па голым целе пакрывалам, ішоў сьледам за Ім; і воіны схапілі яго. 52. Але ён, пакінуўшы пакрывала, голы ўцёк ад іх. 53. І прывялі Ісуса да першасьвятара; і сабраліся да яго ўсе першасьвятары і старэйшыны і кніжнікі. 54. Пётр зводдаль ішоў сьледам за Ім, нават усярэдзіну двара першасьвятаровага; і сядзеў са службітамі, і грэўся каля вагню. 55. Бо многія сьведчылі ілжыва на Яго, але сьведчаньні гэтыя ня былі дастатковыя. 57. І некаторыя, устаўшы, сьведчылі ілжыва супроць яго; казалі: 58. мы чулі, як Ён казаў: «Я разбуру храм гэты рукатворны і праз тры дні ўзьвяду другі, нерукатворны». 59. Але і такое сьведчаньне іхняе ня было дастатковае. 60. Тады першасьвятар стаў пасярэдзіне і спытаўся ў Ісуса: што Ты нічога не адказваеш? што яны супроць Цябе сьведчаць? 61. Але Ён маўчаў і не адказваў нічога. Зноў першасьвятар спытаўся ў Яго і сказаў Яму: ці Ты Хрыстос, Сын Дабраславёнага? 62. Ісус сказаў: Я; і вы ўгледзіце Сына Чалавечага, Які сядзіць праваруч сілы і ідзе на аблоках нябесных. 63. Тады першасьвятар, разадраўшы адзеньне сваё, сказаў: навошта нам яшчэ сьведкі? 64. вы чулі блюзьнерства; як вам здаецца? А яны ўсе прызналі Яго вінаватым да сьмерці. 65. І некаторыя пачалі пляваць на Яго і, закрываючы твар Яму, біць Яго і казаць Яму: прароч. І слугі білі Яго па шчоках. 66. Калі Пётр быў на дварэ ўнізе, прыйшла адна служанка першасьвятаровая 67. і, убачыўшы Пятра, што ён грэецца, і ўгледзеўшы яго, сказала: і ты быў зь Ісусам Назаранінам. 68. Але ён адрокся, сказаўшы: ня ведаю і не разумею, што ты кажаш. І выйшаў на пярэдні двор; і засьпяваў певень. 69. Служанка, убачыўшы яго зноў, пачала казаць тым, што стаялі тут: гэты зь іх. 70. Ён зноў адрокся. Крыху пазьней тыя, што стаялі тут, зноў пачалі гаварыць Пятру: і праўда, ты зь іх; бо ты Галілеянін, і гаворка твая падобная. 71. А ён пачаў прысягаць і бажыцца: ня ведаю Чалавека гэтага, пра Якога кажаце. 72. Тады певень засьпяваў другі раз. І ўспомніў Пётр слова, сказанае яму Ісусам: «перш чым певень засьпявае двойчы, тройчы адрачэшся ад Мяне». І заплакаў.
РАЗЬДЗЕЛ 15
1. І адразу раніцай першасьвятары з старэйшынамі і кніжнікамі і ўвесь сынедрыён зрабілі нараду і, зьвязаўшы Ісуса, завялі і перадалі Пілату. 2. Пілат спытаўся ў Яго: Ты Цар Юдэйскі? А Ён сказаў яму ў адказ: ты кажаш. 3. І першасьвятары вінавацілі Яго ў многім. 4. А Пілат зноў спытаўся ў Яго: Ты нічога не адказваеш? бачыш, як многа супроць Цябе скаргаў. 5. Але Ісус і на гэта нічога не адказваў, так што Пілат зьдзіўляўся. 6. А на кожнае сьвята ён адпускаў ім аднаго вязьня, за якога прасілі. 7. Тады быў у кайданах нейкі Варава, са сваімі саўдзельнікамі, якія падчас бунту ўчынілі забойства. 8. І люд пачаў крычаць і прасіць у Пілата таго, што ён заўсёды рабіў ім. 9. Ён сказаў ім у адказ: ці хочаце, адпушчу вам Цара Юдэйскага? 10. Бо ведаў, што першасьвятары выдалі Яго з зайздрасьці. 11. Але першасьвятары падбухторылі людзей прасіць, каб адпусьціў ім лепей Вараву. 12. Пілат, адказваючы, зноў сказаў ім: а што хочаце, каб я зрабіў з Тым, Якога вы называеце Царом Юдэйскім? 13. Яны зноў закрычалі: укрыжуй Яго! 14. Пілат сказаў ім: якое ж ліха ўчыніў Ён? Але яны яшчэ мацней закрычалі: укрыжуй Яго! 15. Тады Пілат, хочучы дагадзіць людзям, адпусьціў ім Вараву, а Ісуса, бічаваўшы, аддаў на крыжаваньне. 16. А воіны завялі Яго ўсярэдзіну двара, гэта значыцца, у прэторыю, і сабралі цэлы полк; 17. і апранулі Яго ў пурпуру і, сплёўшы цярновы вянок, усклалі на Яго; 18. і пачалі вітаць Яго: радуйся, Цару Юдэйскі! 19. І білі яго па галаве кіем, і плявалі на Яго і, кленчачы, кланяліся Яму. 20. А калі насьмяяліся зь Яго, зьнялі зь Яго пурпуру, адзелі Яго ў Ягонае адзеньне і павялі Яго, каб крыжаваць Яго. 21. І прымусілі праходжага нейкага Кірынеяніна Сымона, бацьку Аляксандравага і Руфавага, які ішоў з поля, несьці крыж Ягоны. 22. І прывялі Яго на месца Галгофу, што азначае: «месца чарапоў». 23. І давалі яму піць віно зь сьмірнаю; але Ён ня ўзяў. 24. Тыя, што ўкрыжавалі Яго, дзялілі вопратку Ягоную, кідаючы жэрабя, каму што ўзяць. 25. Была гадзіна трэйцяя, і ўкрыжавалі Яго. 26. І быў надпіс віны Яго: Цар Юдэйскі. 27. Зь Ім укрыжавалі двух разбойнікаў, аднаго з правага, другога зь левага боку ад Яго. 28. І збылося слова Пісаньня: «і да зладзеяў залічаны». 29. Тыя, што праходзілі міма, зьневажалі Яго, ківаючы галовамі сваімі і кажучы: э! Той, Хто храм разбурае і за тры дні будуе! 30. уратуй Сябе Самога і сыйдзі з крыжа. 31. Падобна і першасьвятары з кніжнікамі, насьміхаючыся, казалі адзін аднаму: іншых ратаваў, а Сябе ня можа ўратаваць! 32. Хрыстос, Сын Ізраілеў, хай сыйдзе цяпер з крыжа, каб мы бачылі, і ўверуем. І ўкрыжаваныя зь Ім ганілі Яго. 33. А на шостай гадзіне настала цемра па ўсёй зямлі аж да гадзіны дзявятай. 34. На дзявятай гадзіне ўскрыкнуў Ісус моцным голасам: «Элоі, Элоі! ламма савахфані!», што азначае: «Божа, Божа Мой! чаму Ты Мяне пакінуў?». 35. Некаторыя, што стаялі тут, пачуўшы, казалі: вось, Ільлю кліча. 36. А адзін пабег, набраў у губку воцату і, насадзіўшы на кій, даваў Яму піць, кажучы: чакайце, паглядзім, ці прыйдзе Ільля зьняць Яго. 37. А Ісус, ускрыкнуўшы моцна, выпусьціў дух. 38. І завеса ў храме разадралася напалам, зьверху данізу. 39. Сотнік, які стаяў насупраць Яго, убачыўшы, што Ён, так ускрыкнуўшы, выпусьціў дух, сказаў: сапраўды Чалавек Гэты быў Сын Божы. 40. Былі тут і жанчыны, якія глядзелі здалёк; сярод іх была і Марыя Магдаліна, і Марыя, маці Якава меншага і Ясіі, і Саломія, 41. якія і тады, як Ён быў у Галілеі, ішлі сьледам за Ім і служылі Яму, і іншыя многія, што разам зь Ім прыйшлі ў Ерусалім. 42. І як ужо зьвечарэла, бо была пятніца, гэта значыць - перадсубоцьце, 43. прыйшоў Язэп з Арымафеі, знакаміты сябра рады, які і сам чакаў Царства Божага, адважыўся ўвайсьці да Пілата і прасіў Цела Ісусавага. 44. Пілат зьдзівіўся, што Ён ужо памёр; і паклікаўшы сотніка, спытаўся ў яго: ці даўно памёр? 45. І даведаўшыся ад сотніка, аддаў Цела Язэпу. 46. Ён, купіўшы палатно і зьняўшы Яго, ахінуў палатнінаю і паклаў у магіле, якая была высечана ў скале; і прываліў камень да магільных дзьвярэй. 47. А Марыя Магдаліна і Марыя Ясіева глядзелі, дзе Яго клалі.
РАЗЬДЗЕЛ 16
1. Як прайшла субота, Марыя Магдаліна і Марыя Якаўлева і Саломія купілі пахошчаў, каб ісьці - намасьціць Яго. 2. І даволі рана, у першы дзень тыдня, прыходзяць да магілы, на ўзыходзе сонца, 3. і гавораць паміж сабою: хто адваліць нам камень ад магільных дзьвярэй? 4. І зірнуўшы, бачаць, што камень адвалены; а ён быў досыць вялікі. 5. І ўвайшоўшы ў магілу, убачылі юнака, які сядзеў з правага боку, адзетага ў белыя шаты: і жахнуліся. 6. А ён кажа ім: не жахайцеся. Ісуса шукаеце Назараніна, укрыжаванага; Ён уваскрэс, Яго няма тут. Вось месца, дзе Ён быў пакладзены. 7. Але ідзеце, накажэце вучням Ягоным і Пятру, што Ён запабегне вас у Галілеі; там Яго ўгледзіце, як Ён сказаў вам. 8. І выйшаўшы, пабеглі ад магілы; іх апанаваў жах, і нікому нічога не сказалі, бо баяліся. 9. Уваскрэснуўшы рана ў першы дзень тыдня, Ісус зьявіўся спачатку Марыі Магдаліне, зь якое быў выгнаў сем дэманаў. 10. Яна пайшла і абвясьціла тым, што былі зь Ім, што плакалі і галасілі; 11. але яны, пачуўшы, што Ён жывы, і яна бачыла Яго, - не паверылі. 12. Пасьля гэтага зьявіўся ў іншым вобразе двум зь іх на дарозе, калі яны ішлі ў селішча. 13. І тыя, вярнуўшыся, абвясьцілі астатнім; але і ім не паверылі. 14. Нарэшце зьявіўся самім адзінаццацём, калі яны ўзьляжалі на вячэры, і дакараў іх за няверства і жорсткасьць сэрца, што не паверылі тым, якія бачылі Яго ўваскрэслага. 15. І сказаў ім: ідзеце па ўсім сьвеце і абвяшчайце Дабравесьце ўсяму стварэньню. 16. Хто будзе верыць і хрысьціцца, выратаваны будзе; а хто ня будзе верыць, асуджаны будзе. 17. Тым, што ўверуюць, дадзены будуць гэтыя азнакі: імем Маім будуць выганяць нячыстых, будуць гаварыць новымі мовамі; 18. будуць браць зьмей; і калі што сьмертагубнае вып'юць, не зашкодзіць ім; ускладуць рукі на хворых, і яны будуць здаровыя. 19. І так Гасподзь, пасьля гутаркі зь імі, узьнёсься на неба і сеў праваруч Бога. 20. А яны пайшлі і прапаведавалі ўсюды, пры Гасподнім садзеяньні і падмацаваньні слова наступнымі азнакамі. Амін. |