РАЗЬДЗЕЛ 1
Кніга роду Ісуса Хрыста, сына Давідавага, сына Абрагамавага. 2. Абрагам спарадзіў Ісака, Ісак спарадзіў Якава, Якаў спарадзіў Юду і братоў ягоных; 3. Юда спарадзіў Фарэса і Зару ад Тамары; Фарэс спарадзіў Эсрома; Эсром спарадзіў Арама; 4. Арам спарадзіў Амінадава; Амінадаў спарадзіў Наасона; Наасон спарадзіў Салмона; 5. Салмон спарадзіў Ваоза ад Рахавы; Ваоз спарадзіў Авіда ад Руты; Авід спарадзіў Ясея; 6. Ясей спарадзіў Давіда цара; Давід цар спарадзіў Саламона ад былой жонкі Урыевай; 7. Саламон спарадзіў Раваама; Раваам спарадзіў Авію; Авія спарадзіў Асу; 8. Аса спарадзіў Ёсафата; Ёсафат спарадзіў Ярама; Ярам спарадзіў Азію; 9. Азія спарадзіў Ёатама; Ёатам спарадзіў Ёзэкію; 10. Ёзэкія спарадзіў Манасію; Манасія спарадзіў Амона; Амон спарадзіў Ёсію; 11. Ёсія спарадзіў Ёакіма; Ёакім спарадзіў Еханію і братоў яго, пад час высяленьня вавілонскага. 12. Пасьля ж высяленьня вавілонскага Еханія спарадзіў Салатыіля; Салатыіль спарадзіў Зарававеля; 13. Зарававель спарадзіў Авіуда; Авіуд спарадзіў Эліякіма; Эліякім спарадзіў Азора; 14. Азор спарадзіў Садока; Садок спарадзіў Ахіма; Ахім спарадзіў Эліуда; 15. Эліуд спарадзіў Элеазара; Элеазар спарадзіў Матана; Матан спарадзіў Якава; 16. Якаў спарадзіў Язэпа, мужа Марыі, ад Якой нарадзіўся Ісус, Якога называюць Хрыстос. 17. І вось усіх пакаленьняў ад Абрагама да Давіда чатырнаццаць пакаленьняў; і ад Давіда да высяленьня вавілонскага чатырнаццаць пакаленьняў; і ад высяленьня вавілонскага да Хрыста чатырнаццаць пакаленьняў. 18. Нараджэньне Ісуса Хрыста было так: па заручынах Маці Яго Марыі зь Язэпам, перш чым сышліся яны, выявілася, што Яна мае ва ўлоньні ад Духа Сьвятога. 19. А Язэп, муж Яе, будучы праведны, не жадаючы зьняславіць Яе, хацеў употай адпусьціць Яе. 20. Калі ж надумаў ён гэта, - вось, анёл Гасподні ў сьне явіўся яму і сказаў: Язэпе, сыне Давідаў! ня бойся прыняць Марыю, жонку тваю; бо зачатае ў Ёй ёсьць ад Духа Сьвятога; 21. і народзіць Сына, і дасі Яму імя: Ісус, бо Ён уратуе людзей Сваіх ад грахоў іхніх. 22. А ўсё гэта сталася, каб збылося сказанае Госпадам праз прарока, які кажа: 23. «Вось, Дзева ва ўлоньні зачне; народзіць Сына, і дадуць Яму імя: Эмануіл, што азначае: з намі Бог». 24. Устаўшы ад сну, Язэп зрабіў, як загадаў яму анёл Гасподні, і прыняў жонку сваю 25. і ня знаў Яе, пакуль нарадзіла Сына Свайго першароднага, і Ён даў Яму імя: Ісус.
РАЗЬДЗЕЛ 2
1. Калі ж Ісус нарадзіўся ў Віфляеме Юдэйскім у дні цара Ірада, вось, мудрацы з усходу прыйшлі ў Ерусалім і кажуць: 2. дзе народжаны Цар Юдэйскі? бачылі бо мы зорку Яго на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму. 3. Пачуўшы гэта, цар Ірад занепакоіўся, і ўвесь Ерусалім зь ім. 4. І сабраўшы ўсіх першасьвятароў і кніжнікаў народных, пытаўся ў іх: дзе мбе нарадзіцца Хрыстос? 5. Яны ж сказалі яму: у Віфляеме Юдэйскім, так бо напісана праз прарока: 6. «І ты, Віфляеме, зямля Юдава, нічым ня меншы сярод ваяводстваў Юдавых, бо зь цябе выйдзе Правадыр, Які ўсьцеражэ народ мой Ізраіля». 7. Тады Ірад, употай паклікаўшы мудрацоў, выведаў у іх час зьяўленьня зоркі 8. і, паслаўшы іх у Віфляем, сказаў: ідзеце, добра разьведайце пра Дзіця і, як знойдзеце, накажэце мне, каб і я пайшоў пакланіцца Яму. 9. Яны, выслухаўшы цара, пайшлі. І вось, зорка, якую бачылі яны на ўсходзе, ішла перад імі, пакуль, прыйшоўшы, ня стала ўгары над месцам, дзе было Дзіця. 10. Угледзеўшы зорку, яны ўсьцешыліся радасьцю вельмі вялікай, 11. і, увайшоўшы ў дом, убачылі Дзіця з Марыяю, Маці Яго, і, упаўшы, пакланіліся Яму; і адкрыўшы скарбы свае, прынесьлі Яму дары: золата, ладан і сьмірну. 12. І ў сьне атрымаўшы наказ не вяртацца да Ірада, іншай дарогай адышлі ў краіну сваю. 13. Калі ж яны адышлі, - вось, анёл Гасподні яўляецца ў сьне Язэпу і кажа: устань, вазьмі Дзіця і Маці Ягоную, і ўцякай у Егіпет, і будзь там, пакуль не скажу табе, бо Ірад хоча шукаць Дзіцятка, каб загубіць Яго. 14. Ён устаў, узяў Дзіця і Маці Ягоную, і адышоў у Егіпет, 15. і быў там да Ірадавай сьмерці, каб збылося сказанае Госпадам праз прарока, які кажа: «З Егіпта паклікаў Я Сына Майго». 16. Тады Ірад, убачыўшы, што мудрацы ашукалі яго, разгневаўся надта і паслаў пазабіваць усіх дзетак у Віфляеме і ва ўсіх межах яго, ад двух гадоў і ніжэй, паводле часу, які выведаў у мудрацоў. 17. Тады збылося сказанае праз прарока Ерамію, які кажа: 18. «Голас у Раме чуцен, плач, і галашэньне, і лямант вялікі; Рахіль плача па дзецях сваіх і ня хоча суцешыцца; бо іх няма». 19. А як Ірад памёр, - вось, анёл Гасподні ў сьне яўляецца Язэпу ў Егіпце 20. і кажа: устань, вазьмі Дзіця і Маці Ягоную і ідзі ў зямлю Ізраілеву; бо памерлі тыя, што шукалі душы Дзіцяці. 21. Ён устаў, узяў Дзіця і Маці Ягоную і прыйшоў у зямлю Ізраілеву. 22. Але пачуўшы, што Архелай валадарыць ў Юдэі замест Ірада, бацькі свайго, пабаяўся туды ісьці; і атрымаўшы ў сьне наказ, адышоў у межы Галілейскія, 23. і, прыйшоўшы, пасяліўся ў горадзе, які называецца Назарэт, каб збылося сказанае праз прарокаў, што Ён Назарэем назавецца.
РАЗЬДЗЕЛ 3
1. У тыя дні прыходзіць Ян Хрысьціцель і прапаведуе ў пустыні Юдэйскай 2. і кажа: пакайцеся, бо наблізілася Царства Нябеснае. 3. Бо Ён Той, пра Каго сказаў прарок Ісая: «голас таго, хто кліча ў пустыні, падрыхтуйце шлях Госпаду, простымі зрабеце сьцежкі Яму». 4. А ў самога Яна была вопратка зь вярблюджага воласу і скураны пояс на паясьніцы ягонай; а ежай яму былі акрыды і дзікі мёд. 5. Тады выходзілі да яго Ерусалім і ўся Юдэя, і ўсё навакольле Ярданскае 6. і хрысьціліся ў Ярдане ў яго, спавядаючыся ў грахах сваіх. 7. Убачыўшы многіх фарысэяў і садукеяў, што ішлі да яго хрысьціцца, Ян сказаў ім: выродзьдзе яхідніна! хто вас намовіў уцякаць ад будучага гневу? 8. Прынясеце ж годны плод пакаяньня; 9. і ня думайце гаварыць самі сабе: «бацька ў нас Абрагам»; бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых узьвесьці дзяцей Абрагаму; 10. ужо і сякера пры корані дрэваў ляжыць: бо ўсякае дрэва, якое ня родзіць добрага плоду, сьсякаюць і кідаюць у вагонь; 11. я хрышчу вас вадою на пакаяньне; але Той, Хто ідзе за мною, мацнейшы за мяне; я ня варты панесьці абутак Ягоны; Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым і вагнём; 12. лапата Ягоная ў руцэ ў Яго, і Ён ачысьціць гумно Сваё, і зьбярэ пшаніцу Сваю ў засекі, а салому спаліць вагнём непагасным. 13. Тады прыходзіць Ісус з Галілеі на Ярдан да Яна хрысьціцца ў яго. 14. Ян жа стрымліваў Яго, кажучы: мне трэба ў Цябе хрысьціцца, а Ты прыходзіш да мяне? 15. Але Ісус сказаў у адказ яму: дапусьці цяпер, бо так належыць нам зьдзейсьніць ўсякую праведнасьць. Тады Ян дапускае Яго. 16. І ахрысьціўшыся, Ісус выйшаў адразу з вады; - і вось, адчыніліся Яму нябёсы, і ўбачыў Ян Духа Божага, Які сыходзіў, як голуб, і апускаўся на Яго. 17. І вось, голас зь нябёсаў прамовіў: Гэты ёсьць Сын Мой Любасны, Якога Я ўпадабаў.
РАЗЬДЗЕЛ 4
1. Тады Ісус быў паведзены Духам у пустыню, на спакушэньне ад д'ябла. 2. І, пасьціўшы сорак дзён і сорак начэй, напасьледак згаладаўся. 3. І падступіўся да Яго спакусьнік і сказаў: калі Ты Сын Божы, скажы, каб камяні гэтыя сталі хлябамі. 4. А Ён сказаў яму ў адказ: напісана: «ня хлебам адным будзе жыць чалавек, а ўсякім словам, якое зыходзіць з вуснаў Божых». 5. Тады бярэ Яго д'ябал у сьвяты горад і ставіць Яго на крыле храма, 6. і кажа Яму: калі Ты Сын Божы, кінься ўніз; бо напісана: «Анёлам Сваім накажа пра Цябе, і на руках панясуць Цябе, каб не спатыкнуўся Ты аб камень нагою Тваёю». 7. Сказаў яму Ісус: напісана яшчэ: «не спакушай Госпада Бога твайго». 8. Зноў бярэ Яго д'ябал на вельмі высокую гару, і паказвае Яму ўсе царствы сьвету і славу іх, 9. і кажа Яму: усё гэта Табе дам, калі ўпаўшы паклонішся мне. 10. Тады кажа яму Ісус: адыдзі ад мяне, сатана; бо напісана: «Госпаду Богу твайму пакланяйся, і Яму аднаму служы». 11. Тады пакідае Яго д'ябал, - і вось, анёлы прыступілі і слугавалі Яму. 12. Ісус, пачуўшы, што Ян аддадзены варце, адышоў у Галілею, 13. і, пакінуўшы Назарэт, прыйшоў і пасяліўся ў Капернауме прыморскім, у межах Завулонавых і Нэталімавых, 14. каб збылося сказанае праз прарока Ісаю, які кажа: 15. «Зямля Завулонава і зямля Нэталімава, на дарозе прыморскай за Ярданам, Галілея язычніцкая, 16. народ, што сядзеў у цемры, убачыў сьвятло вялікае, і ўсім, хто сядзеў у краіне і цяні сьмерці, зазьзяла сьвятло». 17. З таго часу Ісус пачаў прапаведаваць і казаць: пакайцеся, бо наблізілася Царства Нябеснае. 18. А праходзячы каля мора Галілейскага, угледзеў Ён двух братоў: Сымона, якога завуць Пятром, і Андрэя, брата ягонага, якія закідвалі мярэжы ў мора, бо яны былі рыбакі. 19. І кажа ім: ідзеце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі людзей. 20. І яны адразу, пакінуўшы мярэжы, пайшлі за Ім. 21. Адтуль прайшоўшы далей, угледзеў Ён іншых двух братоў, Якава Завядзеевага і Яна, брата ягонага, у лодцы з Завядзеем, бацькам іхнім, якія ладзілі мярэжы свае, і заклікаў іх. 22. І яны адразу, пакінуўшы лодку і бацьку свайго, пайшлі за Ім. 23. І хадзіў Ісус па ўсёй Галілеі, навучаючы ў сынагогах іхніх і прапаведуючы Дабравесьце Царства і ацаляючы ўсякую хваробу і ўсякую немач у людзях. 24. І прайшоў пра Яго погалас па ўсёй Сірыі; і прыводзілі да Яго ўсіх нямоглых, рознымі хваробамі і пакутамі ахопленых, і апанаваных дэманамі, і лунатыкаў, і спаралізаваных, і Ён ацаляў іх. 25. І за Ім ішло мноства люду з Галілеі і Дзесяцігародзьдзя, і зь Ерусаліма, і зь Юдэі, і з-за Ярдана.
РАЗЬДЗЕЛ 5
1. Убачыўшы люд, Ён узышоў на гару; і калі сеў, прыступілі да Яго вучні Ягоныя. 2. І, адкрыўшы вусны Свае, Ён вучыў іх, кажучы: 3. Дабрашчасныя ўбогія духам, бо іх ёсьць Царства Нябеснае. 4. Дабрашчасныя тыя, што плачуць, бо яны суцешацца. 5. Дабрашчасныя лагодныя, бо яны ўспадкуюць зямлю. 6. Дабрашчасныя тыя, хто жадае і прагне праўды, бо яны спатоляцца. 7. Дабрашчасныя міласэрныя, бо яны памілаваны будуць. 8. Дабрашчасныя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць. 9. Дабрашчасныя міратворцы, бо яны сынамі Божымі назавуцца. 10. Дабрашчасныя гнаныя за праўду, бо іх ёсьць Царства Нябеснае. 11. Дабрашчасныя вы, калі будуць вас ганьбіць і гнаць і ўсякім словам ліхім несправядліва зьневажаць за Мяне. 12. Радуйцеся і весялецеся, бо ўзнагарода ваша вялікая на нябёсах: так гналі прарокаў, што былі перад вамі. 13. Вы - соль зямлі. Калі ж соль страціць сілу, дык чым асоліш яе? Яна ўжо ні на што ня прыдатная, хіба што выкінуць яе прэч на патаптаньне людзям. 14. Вы - сьвятло сьвету: ня можа схавацца горад, які стаіць на версе гары. 15. І запаліўшы сьвечку, ня ставяць яе пад пасудзінаю, а на сьвечніку, і сьвеціць усім, хто ў доме. 16. Так няхай сьвеціць сьвятло ваша перад людзьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя ўчынкі і ўслаўлялі Айца вашага, Які ёсьць у нябёсах. 17. Ня думайце, што Я прыйшоў парушыць закон, альбо прарокаў: не парушыць прыйшоў Я, а зьдзейсьніць. 18. Бо праўду кажу вам: пакуль ня мінецца неба і зямля, ані ёта адна, ані рыска адзіная ня мінецца з закона, пакуль ня збудзецца ўсё. 19. Дык вось, хто парушыць адну з запаведзяў гэтых найменшых і навучыць гэтак людзей, той найменшым назавецца ў Царстве Нябесным; а хто выканае і навучыць, той вялікім назавецца ў Царстве Нябесным. 20. Бо, кажу вам, калі праведнасьць ваша не пераважыць праведнасьці кніжнікаў і фарысэяў, дык ня ўвойдзеце вы ў Царства Нябеснае. 21. Вы чулі, што сказана продкам: «не забівай; а хто заб'е, падпадае суду». 22. А Я кажу вам, што кожны, хто гневаецца на брата свайго марна, падпадае суду; хто ж бо скажа брату свайму «пусты чалавек», падпадае сынедрыёну*; а хто скажа «неразумны», падпадае геене вогненнай. 23. Дык вось, калі ты прынясеш дар твой да ахвярніка і ўспомніш там, што брат твой мбе нешта супроць цябе, 24. пакінь там дар твой перад ахвярнікам, і ідзі сьпярша памірыся з братам тваім, і тады прыйдзі і прынясі дар твой. 25. Мірыся з праціўнікам тваім хутчэй, пакуль ты яшчэ ў дарозе зь ім, каб не аддаў цябе праціўнік судзьдзі, а судзьдзя не аддаў цябе слузе, і ня ўкінуў цябе ў цямніцу; 26. праўду кажу табе: ня выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошняга кадранта**. 27. Вы чулі, што сказана продкам: «Ня чыні пералюбу». 28. А Я вам кажу, што кожны, хто глядзіць на жанчыну з пажадаю, ужо ўчыніў пералюб зь ёю ў сэрцы сваім. 29. Калі ж правае вока тваё спакушае цябе, вырві яго і кінь ад сябе; бо лепей табе, каб загінуў адзін з чэлесаў тваіх, а ня ўсё цела тваё было ўкінута ў геену. 30. І калі правая твая рука спакушае цябе, адатні яе і кінь ад сябе; бо лепей табе, каб загінуў адзін з чэлесаў тваіх, а ня ўсё цела тваё было ўкінута ў геену. 31. Сказана таксама, што, калі хто разьвядзецца з жонкаю сваёю, няхай дасьць ёй разводны ліст. 32. А Я вам кажу: кожны, хто разводзіцца з жонкаю сваёю, акрамя як з прычыны распусты, той даводзіць яе да пералюбу; і хто ажэніцца з разьведзенай, той чыніць пералюб. 33. Зноў жа чулі вы, што сказана продкам: «Не давай ілжывай прысягі, а выконвай прад Госпадам прысягі твае». 34. А Я вам кажу: не прысягай зусім: ні небам, бо яно - Трон Божы; 35. ні зямлёю, бо яна падножжа нагам Ягоным; ні Ерусалімам, бо ён горад Вялікага Цара; 36. ні галавою тваёю не прысягай, бо ня можаш ніводнай валасінкі зрабіць белаю альбо чорнаю. 37. А хай будзе слова ваша: «так - так», «не - не»; а што звыш гэтага, тое ад ліхога. 38. Вы чулі, што сказана: «Вока за вока, і зуб за зуб». 39. А Я кажу вам не працівіцца злому. Калі хто цябе ўдарыць па правай шчацэ тваёй, падстаў яму і другую; 40. і калі хто захоча судзіцца з табою і ўзяць у цябе кашулю, аддай яму і вопратку; 41. і калі хто цябе змусіць ісьці зь ім адно попрышча***, ідзі зь ім два. 42. Таму, хто просіць у цябе, дай і ад таго, хто хоча пазычыць у цябе, не адварочвайся. 43. Вы чулі, што сказана: «Любі блізкага твайго і ненавідзь ворага твайго». 44. А Я кажу вам: любеце ворагаў вашых, дабраслаўляйце кляцьбітоў вашых, рабеце дабро ненавісьнікам вашым і малецеся за крыўдзіцеляў вашых і за ганіцеляў вашых; 45. каб сталіся вы сынамі Айца вашага, Які ёсьць у нябёсах; бо Ён загадвае сонцу Свайму ўзыходзіць над ліхімі і добрымі і пасылае дождж на праведных і няправедных. 46. Бо, калі вы будзеце любіць тых, што любяць вас, якая вам узнагарода? Ці ж ня тое самае робяць і мытнікі****? 47. І калі вы вітаеце братоў вашых толькі, што асаблівага робіце? Ці ж ня гэтак тое самае робяць і язычнікі? 48. Дык вось, будзьце дасканалыя, як дасканалы Айцец ваш Нябесны.
* Сынедрыён - найвышэйшае судзілішча ** Кадрант - дробная манета *** Попрышча - 1000 крокаў **** Мытнік - зборшчык падаткаў
РАЗЬДЗЕЛ 6
1. Глядзеце, не выстаўляйце праведнасьці вашай перад людзьмі, каб яны бачылі вас: інакш няма вам узнагароды ад Айца вашага, Які ёсьць у нябёсах. 2. Дык вось, калі даеш міласьціну, ня трубі перад сабою, як робяць крывадушнікі ў сынагогах і на вуліцах, каб услаўлялі іх людзі. Праўду кажу вам: яны атрымліваюць узнагароду сваю. 3. У цябе ж, калі даеш міласьціну, няхай ня ведае левая рука твая, што робіць правая, 4. каб міласьціна твая была ў тайнасьці, і Айцец твой, Які бачыць у тайнасьці, аддасьць табе на яве. 5. І калі молішся, ня будзь, як крывадушнікі, што любяць у сынагогах і на рагах вуліц, стоячы, маліцца, каб выставіцца перад людзьмі. Праўду кажу вам, што яны атрымліваюць узнагароду сваю. 6. Ты ж, калі молішся, зайдзі ў пакой твой і, зачыніўшы дзьверы твае, памаліся Айцу твайму, Які ў тайнасьці; і Айцец твой, Які бачыць у тайнасьці, аддасьць табе на яве. 7. А молячыся, не гаварэце лішняга, бы язычнікі; бо яны думаюць, што ў мнагаслоўі сваім пачутыя будуць; 8. дык ня будзьце ж падобныя да іх; бо ведае Айцец ваш, у чым вы маеце патрэбу, раней, чым вы ў Яго папросіце. 9. Дык вось, малецеся так: Войча наш, Які ёсьць на нябёсах! Хай сьвяціцца імя Тваё; 10. хай прыйдзе Царства Тваё; хай будзе воля Твая як на небе, так на зямлі; 11. хлеб наш надзённы дай нам сёньня; 12. і даруй нам правіны нашыя, як і мы даруем вінаватым перад намі; 13. і не дапусьці нас да спакусы, але ратуй нас ад ліхога; бо Тваё ёсьць Царства і сіла і слава навекі. Амін. 14. Бо калі вы будзеце дараваць людзям правіны іх, дык даруе і вам Айцец ваш Нябесны; 15. а як ня будзеце дараваць людзям іх правінаў, дык і Айцец ваш не даруе вам правінаў вашых. 16. І калі посьціце, ня будзьце заняпалыя, як крывадушнікі; бо яны памрочваюць абліччы свае, каб паказаць сябе людзям посьнікамі. Праўду кажу вам, што яны атрымліваюць узнагароду сваю. 17. А ты, калі посьцішся, намасьці галаву тваю і ўмый аблічча тваё, 18. каб явіцца посьнікам не перад людзьмі, а перад Айцом тваім, Які ў тайнасьці; і Айцец твой, Які бачыць у тайнасьці, аддасьць табе на яве. 19. Ня зьбірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе моль і ржа нішчаць і дзе злодзеі падкопваюцца і крадуць: 20. а зьбірайце сабе скарбы на небе, дзе ні моль, ні ржа ня зьнішчаюць і дзе злодзеі не падкопваюцца і ня крадуць; 21. бо дзе скарб ваш, там будзе і сэрца ваша. 22. Сьвяцільня целу ёсьць вока. Дык вось, калі вока тваё будзе чыстае, дык усё цела тваё сьветлае будзе; 23. калі ж вока тваё будзе ліхое, дык усё цела тваё цёмнае будзе. І вось, калі сьвятло, якое ў табе, - цемра, дык якая ж цемра? 24. Ніхто ня можа служыць двум гаспадарам: бо альбо аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць; альбо аднаго пачне трымацца, а другім будзе пагарджаць. Ня можаце служыць Богу і мамоне*. 25. Таму кажу вам: ня турбуйцеся дзеля душы вашае, што вам есьці і што піць, ні дзеля цела вашага, у што апрануцца. Ці ж душа ня большая за ежу, і цела - за вопратку? 26. Зірнеце на птушак нябесных: яны ні сеюць, ні жнуць, ні зьбіраюць у засекі; і Айцец ваш Нябесны корміць іх. Ці ж вы не намнога лепшыя за іх? 27. Ды і хто з вас, турбуючыся, можа дадаць сабе росту хоць адзін локаць? 28. І пра вопратку што турбуецеся? Паглядзеце на лілеі польныя, як яны растуць: не працуюць, ні прадуць; 29. але кажу вам, што і Саламон ва ўсёй славе сваёй не апранаўся так, як кожная зь іх; 30. калі ж траву польную, якая сёньня ёсьць, а заўтра будзе кінута ў печ, Бог так апранае, наколькі ж болей вас, малаверы! 31. Дык вось, ня турбуйцеся і не кажэце: «што нам есьці?» альбо: «што піць?» альбо: «у што апрануцца?». 32. Бо ўсяго гэтага шукаюць язычнікі; ведае бо Айцец ваш Нябесны, што вы маеце патрэбу ва ўсім гэтым. 33. Шукайце ж найперш Царства Божага і праведнасьці Ягонай, і гэта ўсё дадасца вам. 34. Дык вось, ня турбуйцеся заўтрашнім днём, бо заўтрашні сам за сябе патурбуецца: досыць кожнаму дню свайго клопату.
* Мамона - багацьце
РАЗЬДЗЕЛ 7
1. Ня судзеце, каб і вас ня судзілі; 2. бо якім судом судзіце, такім вас судзіць будуць; і якою мераю мерыце, такою і вам будуць мерыць. 3. І што ты глядзіш на парушынку ў воку брата твайго, а калоды ў воку сваім не адчуваеш? 4. Альбо, як скажаш брату свайму: «Дай, я выму парушынку з вока твайго»; а вось у тваім воку калода? 5. Крывадушнік! вымі спачатку калоду са свайго вока, і тады ўбачыш, як выняць парушынку з вока брата твайго. 6. Не давайце сьвятога сабакам і ня кідайце пэрлаў вашых перад сьвіньнямі, каб яны не стапталі іх нагамі сваімі і, абярнуўшыся, не разадралі вас. 7. Прасеце, і дасца вам; шукайце, і знойдзеце; стукайцеся, і адчыняць вам; 8. бо кожны, хто просіць, атрымлівае, і, хто шукае, знаходзіць, і хто стукаецца, таму адчыняць. 9. Ці ёсьць сярод вас такі чалавек, які, калі папросіць сын ягоны ў яго хлеба, камень падаў бы яму? 10. і калі рыбы папросіць, зьмяю падаў бы яму? 11. Дык вось, калі вы, ліхія, умееце дары добрыя даваць вашым дзецям, тым болей Айцец ваш, Які ёсьць у нябёсах, дасьць даброты тым, хто просіць у Яго. 12. І вось усё, што хочаце, каб рабілі вам людзі, тое і вы рабеце ім; бо ў гэтым закон і прарокі. 13. Уваходзьце вузкаю брамаю; бо шырокая брама і прасторная дарога вядуць у пагібель, і многія ідуць імі; 14. бо вузкая брама і цесная дарога вядуць у жыцьцё, і нямногія знаходзяць іх. 15. Асьцерагайцеся ілжывых прарокаў, якія прыходзяць да вас у авечай адзежы, а ўсярэдзіне - ваўкі драпежныя; 16. па іхніх пладах пазнаеце іх. Ці ж зьбіраюць зь цярноўніку вінаград, альбо зь дзядоўніку смоквы? 17. Так усякае добрае дрэва родзіць і плады добрыя, а благое дрэва родзіць і плады благія: 18. ня можа добрае дрэва радзіць благія плады, ні дрэва благое радзіць плады добрыя. 19. Усякае дрэва, якое ня родзіць плоду добрага, сьсякаюць і кідаюць у вагонь. 20. Дык вось, па пладах іхніх пазнаеце іх. 21. Ня кожны, хто кажа Мне: «Госпадзе! Госпадзе!» увойдзе ў Царства Нябеснае, а той, хто выконвае волю Айца Майго, Які ёсьць у нябёсах. 22. Многія скажуць Мне ў той дзень: «Госпадзе! Госпадзе! ці не ад Твайго імя мы прарочылі? і ці не Тваім імем дэманаў выганялі? і ці не Тваім імем многія цуды ўчынялі?». 23. І тады абвяшчу ім: «Я ніколі ня знаў вас; адыдзеце ад Мяне, вы, што робіце беззаконьне». 24. Дык вось, кожны, хто слухае гэтыя словы Мае і выконвае іх, прыпадобніцца да мужа разумнага, які збудаваў свой дом на камені; 25. і паліўся дождж, і разьліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і рынуліся на той дом; і ён ня ўпаў, бо пастаўлены быў на камені. 26. А кожны, хто слухае гэтыя словы Мае і ня выконвае іх, прыпадобніцца да мужа неразважлівага, які паставіў свой дом на пяску; 27. і паліўся дождж, і разьліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і налеглі на дом той; і ён упаў, і было падзеньне яго вялікае. 28. І сталася, калі Ісус прамовіў гэтыя словы, дзівавалі людзі з вучэньня Яго, 29. бо Ён іх вучыў як той, хто мае ўладу, а не як кніжнікі і фарысэі.
РАЗЬДЗЕЛ 8
1. Калі Ён сышоў з гары, за Ім сьледам пайшло мноства людзей. 2. І вось, падышоў пракажоны і, кланяючыся Яму, сказаў: Госпадзе! калі хочаш, можаш мяне ачысьціць. 3. Ісус, працягнуўшы руку, дакрануўся да яго і сказаў: хачу, ачысьціся. І адразу ачысьціўся той ад праказы. 4. І кажа яму Ісус: глядзі, не кажы нікому; але ідзі, пакажыся сьвятару, і прынясі дар, аб якім загадаў Майсей, на сьведчаньне ім. 5. Калі ж увайшоў Ісус у Капернаум, падышоў да Яго сотнік і папрасіў у Яго: 6. Госпадзе! слуга мой ляжыць дома ў паралічы і моцна пакутуе, 7. Ісус кажа яму: Я прыйду і ацалю яго. 8. А сотнік сказаў Яму ў адказ: Госпадзе! я ня варты, каб Ты ўвайшоў пад мой дах; але скажы толькі слова, і выздаравее слуга мой; 9. бо і я чалавек падуладны; і, маючы ў сябе ў падначаленьні вояў, кажу аднаму: «ідзі», і прыходзіць; і слузе майму: «зрабі тое», і робіць. 10. Пачуўшы гэта, Ісус зьдзівіўся і сказаў тым, што ішлі за Ім: праўду кажу вам: і ў Ізраілі не знайшоў Я такое веры. 11. Кажу ж вам, што многія з усходу і з захаду прыйдуць і ўзьлягуць з Абрагамам, Ісаакам і Якавам у Царстве Нябесным; 12. а сыны царства будуць выкінуты ў цемру вонкавую, там будзе плач і скрыгат зубоў. 13. І сказаў Ісус сотніку: ідзі, і, як ты вераваў, хай будзе табе. І выздаравеў слуга ягоны ў тую ж гадзіну. 14. Прыйшоўшы ў дом Пятра, Ісус убачыў цешчу ягоную, якая ляжала ў гарачцы, 15. і дакрануўся да рукі яе, і пакінула яе гарачка; і ўстала яна і слугавала ім. 16. Калі ж зьвечарэла, прывялі да Яго многа людзей, апанаваных дэманамі: і Ён выгнаў духаў словам і ўсіх нядужых ацаліў; 17. каб збылося сказанае праз прарока Ісаю, які кажа: «Ён узяў на Сябе нашы немачы, і хваробы панёс». 18. Калі ж Ісус убачыў вакол Сябе мноства люду, загадаў вучням адплысьці на той бок. 19. І адзін кніжнік, падышоўшы, сказаў Яму: Настаўнік! я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў. 20. І кажа яму Ісус: лісы маюць норы, і птушкі нябесныя гнёзды; а Сын Чалавечы ня мае, дзе прыхіліць галаву. 21. А другі, з вучняў, сказаў Яму: Госпадзе, дазволь мне сьпярша пайсьці і пахаваць майго бацьку. 22. Але Ісус сказаў яму: ідзі за Мною, і пакінь мёртвым хаваць сваіх памерлых. 23. І калі ўвайшоў Ён у лодку, увайшлі за Ім вучні Ягоныя. 24. І вось, бура вялікая сталася на моры, ажно лодку захліствалі хвалі; а Ён спаў. 25. І вучні Ягоныя, падышоўшы да Яго, разбудзілі Яго і сказалі: Госпадзе! ратуй нас, гінем. 26. І кажа ім: чаго вы спалохаліся, малаверы? Тады, устаўшы, забараніў вятрам і мору, і сталася ціша вялікая. 27. А людзі, дзівуючыся, казалі: хто Гэты, што і вятры, і мора слухаюцца Яго? 28. І калі прыплыў Ён на другі бераг у краіну Гергесінскую, сустрэлі Яго, выйшаўшы з магіл*, двое апанаваных дэманамі, вельмі лютыя, так што ніхто ня мог праходзіць тою дарогаю. 29. І вось, яны закрычалі: што Табе да нас, Ісусе, Сыне Божы? прыйшоў Ты сюды дачасна мучыць нас. 30. А зводдаль ад іх пасьвіўся вялікі гурт сьвіней. 31. І дэманы прасіліся ў Яго: калі выганіш нас, дык пашлі нас у гурт сьвіней. 32. І Ён сказаў ім: ідзеце. І выйшлі яны, і пайшлі ў гурт сьвіней. І вось, кінуўся ўвесь гурт сьвіны з урвішча ў мора і загінуў у вадзе. 33. А пастухі паўцякалі і, прыйшоўшы ў горад, расказалі пра ўсё, і пра апанаваных дэманамі. 34. І вось, увесь горад выйшаў на сустрэчу Ісусу; і, убачыўшы Яго, прасілі, каб Ён адышоў ад іх межаў.
* Зь пячораў, дзе хавалі нябожчыкаў
РАЗЬДЗЕЛ 9
1. І Ён, увайшоўшы ў лодку, пераплыў у Свой горад. 2. І вось, прынесьлі да Яго паралізаванага, пакладзенага на пасьцелі. І ўбачыўшы веру іхнюю, Ісус сказаў паралізаванаму: мацуйся, сыне! даруюцца табе грахі. 3. І вось, некаторыя кніжнікі сказалі самі сабе: Ён блюзьнерыць. 4. А Ісус, ведаючы помыслы іхнія, сказаў: навошта вы намышляеце ліхое ў сэрцах вашых? 5. бо што лягчэй сказаць: «даруюцца табе грахі», альбо сказаць: «устань і хадзі»? 6. Але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі дараваць грахі, - тады кажа паралізаванаму: устань, вазьмі пасьцель тваю і ідзі дахаты. 7. І той устаў, узяў пасьцель сваю, і пайшоў дахаты. 8. А людзі, убачыўшы гэта, дзіву даліся і праславілі Бога, Які даў такую ўладу людзям. 9. Праходзячы адтуль, убачыў Ісус чалавека, што сядзеў на мытні, якога звалі Мацьвей, і кажа яму: ідзі за Мною. І ўстаў той і пайшоў за Ім. 10. І сталася, калі Ісус узьляжаў у доме, вось, многія мытнікі і грэшнікі прыйшлі і ўзьлеглі зь Ім і вучнямі Ягонымі. 11. І ўбачыўшы гэта, фарысэі сказалі вучням Ягоным: навошта Настаўнік ваш есьць і п'е з мытнікамі і грэшнікамі? 12. А Ісус, пачуўшы гэта, сказаў ім: не здаровыя маюць патрэбу ў лекары, а хворыя; 13. ідзеце, навучэцеся, што азначае: «міласьці хачу, а не ахвяры», бо Я прыйшоў заклікаць не праведнікаў, а грэшнікаў да пакаяньня. 14. Тады прыходзяць да Яго вучні Янавыя і кажуць: чаму мы і фарысэі посьцім многа, а Твае вучні ня посьцяцца? 15. І сказаў ім Ісус: ці могуць засмучацца сыны харомаў шлюбных, пакуль зь імі малады? Але прыйдуць дні, калі адымецца ў іх малады, і тады будуць пасьціцца. 16. І ніхто не прышывае латкі зь нябеленага палатна да старой адзежыны; бо зноў прышытае аддзярэцца ад старога, і дзірка будзе яшчэ горшая. 17. Ня ўліваюць таксама віна маладога ў мяхі старыя; а інакш дзяруцца мяхі, а віно маладое ўліваюць у новыя мяхі, і зьберагаецца і тое і другое. 18. Калі Ён ім гэта казаў, вось, прыйшоў нейкі начальнік і, кланяючыся Яму, казаў: дачка мая толькі што памерла; але прыйдзі, ускладзі на яе руку Тваю, і яна будзе жыць. 19. І ўстаўшы, Ісус пайшоў за ім, і вучні Ягоныя. 20. І вось, жанчына, якая дванаццаць гадоў пакутавала ад крывацечы, падышоўшы ззаду, кранулася краю вопраткі Ягонай, 21. бо яна казала сама сабе: калі толькі дакрануся да вопраткі Ягонай, выздаравею. 22. А Ісус, абярнуўшыся і ўбачыўшы яе, сказаў: мацуйся, дачка! вера твая ўратавала цябе. І выздаравела жанчына з таго часу. 23. А як прыйшоў Ісус у начальнікаў дом і ўбачыў жалейнікаў і зьбянтэжаны люд, 24. сказаў ім: выйдзіце; бо не памерла дзяўчына, а сьпіць. І насьміхаліся зь Яго. 25. Калі ж людзі былі высланы, Ён, увайшоўшы, узяў яе за руку, і дзяўчына ўстала. 26. І разьнеслася вестка пра гэта па ўсёй зямлі той. 27. І калі ішоў адтуль Ісус, ішлі за Ім двое сьляпых і крычалі: памілуй нас, Ісусе, Сыне Давідаў! 28. І калі Ён прыйшоў у дом, прыступілі да Яго сьляпыя. І кажа ім Ісус: ці верыце, што Я магу зрабіць гэта? Яны кажуць Яму: так, Госпадзе! 29. Тады Ён крануўся вачэй іхніх і сказаў: па веры вашай хай будзе вам. 30. І адкрыліся вочы ў іх; і строга наказаў ім Ісус: глядзеце, каб ніхто не даведаўся. 31. А яны, выйшаўшы, расказалі пра Яго па ўсёй зямлі той. 32. Калі ж тыя выходзілі, вось, прывялі да Яго чалавека нямога, апанаванага дэманам. 33. І калі дэман быў выгнаны, нямы пачаў гаварыць. І люд, дзіву даючыся, казаў: ніколі ня было такога явішча ў Ізраілі. 34. А фарысэі казалі: сілаю князя дэманскага выганяе Ён дэманаў. 35. І хадзіў Ісус па ўсіх гарадах і па селішчах, вучачы ў сынагогах іхніх, прапаведуючы Дабравесьце Царства і ацаляючы ўсякую хваробу і ўсякую немач у людзях. 36. Бачачы людзей, Ён умілажаліўся зь іх, бо яны былі зьнясіленыя і пакінутыя, як авечкі без пастуха. 37. Тады кажа вучням Сваім: жніва многа, ды работнікаў мала; 38. дык прасеце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво Сваё.
РАЗЬДЗЕЛ 10
1. І, паклікаўшы дванаццаць вучняў Сваіх, Ён даў ім уладу над нячыстымі духамі, каб выганяць іх, і ацаляць усякую хваробу і ўсякую немач. 2. А дванаццацёх апосталаў імёны вось такія: першы Сымон, якога называюць Пятром, і Андрэй, брат ягоны, Якаў Зевядзееў і Ян, брат ягоны. 3. Піліп і Барталамей, Тамаш і Мацьвей мытнік, Якаў Алфееў і Леўвей, празваны Тадэем, 4. Сымон Кананіт і Юда Іскарыёт, які і здрадзіў Яму. 5. Гэтых дванаццацёх паслаў Ісус і запавядаў ім, кажучы: на шлях язычнікаў не хадзеце і ў горад Самаранскі ня ўваходзьце; 6. а ідзеце найболей да пагіблых авечак дому Ізраілевага; 7. і ходзячы, прапаведуйце, што наблізілася Царства Нябеснае; 8. хворых ацаляйце, пракажоных ачышчайце, мёртвых уваскрашайце, дэманаў выганяйце; задарам атрымалі, задарам давайце. 9. Не бярэце з сабою ні золата, ні срэбра, ні медзі ў паясы свае, 10. ні торбы ў дарогу, ні дзьве вопраткі, ні абутку, ні кія. Бо хто працуе, той варты пракорму. 11. У які горад ці селішча вы ні ўвайшлі б, даведайцеся, хто ў ім годны, і там заставайцеся, пакуль ня выйдзеце; 12. а ўваходзячы ў дом, вітайце яго, кажучы: «мір дому гэтаму»; 13. і калі дом будзе годны, дык сыйдзе мір ваш на яго; калі ж ня будзе годны, дык мір ваш да вас вернецца. 14. А калі хто ня прыме вас і не паслухаецца слоў вашых, дык, выходзячы з дома, альбо з горада таго, абцярушэце пыл з ног вашых; 15. праўду кажу вам: лягчэй будзе зямлі Садомскай і Гаморскай у дзень судны, чым гораду таму. 16. Вось, Я пасылаю вас, як авечак сярод ваўкоў: дык вось, будзьце мудрыя, як зьмеі, і простыя, як галубы. 17. Сьцеражэцеся ж людзей: бо яны аддаваць будуць вас у судзілішчы і ў сынагогах сваіх біць будуць вас, 18. і павядуць вас да правіцеляў і да цароў за Мяне на сьведчаньне перад імі і язычнікамі. 19. Калі ж будуць выдаваць вас, ня турбуйцеся, як або што сказаць; бо дадзена будзе вам у той час, што сказаць; 20. бо ня вы будзеце гаварыць, а Дух Айца вашага гаварыць будзе ў вас. 21. І выдасьць брат брата на сьмерць, і бацька - сына; і паўстануць дзеці на бацькоў і заб'юць іх; 22. і будзеце зьненавіджаныя ўсімі за імя Маё; а хто вытрывае да канца, уратаваны будзе. 23. Калі ж будуць вас гнаць у адным горадзе, уцякайце ў другі, бо праўду кажу вам: не пасьпееце абысьці гарадоў Ізраілевых, як прыйдзе Сын Чалавечы. 24. Вучань ня вышэйшы за настаўніка, і слуга ня вышэйшы за гаспадара свайго. 25. Даволі вучню, каб ён быў, як настаўнік ягоны, і слузе, каб ён быў, як гаспадар ягоны. Калі гаспадара дома назвалі Вэльзэвулам, дык ці ня тым болей хатніх яго? 26. Дык вось, ня бойцеся іх: бо няма нічога схаванага, што ня выкрылася б, і таемнага, што ня было б уведана. 27. Што кажу вам у цемры, кажэце пры сьвятле; і што на вуха чуеце, прапаведуйце з дахаў. 28. І ня бойцеся тых, што забіваюць цела, але ж душы забіць ня могуць; а бойцеся болей Таго, Хто можа і душу, і цела загубіць у геене. 29. Ці ж ня дзьве маленькія птушкі прадаюцца за асарый*? І ніводная зь іх не ўпадзе на зямлю бяз волі Айца вашага; 30. а ў вас і валасы на галаве ўсе палічаны; 31. дык ня бойцеся: вы лепшыя за многіх маленькіх птушак. 32. Дык вось, кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, таго вызнаю і Я перад Айцом Маім, Які ёсьць у нябёсах; 33. а хто зрачэцца Мяне перад людзьмі, таго зракуся і Я перад Айцом Маім, Які ёсьць у нябёсах. 34. Ня думайце, што Я прыйшоў прынесьці мір на зямлю; ня мір прыйшоў Я прынесьці, а меч; 35. бо Я прыйшоў падзяліць чалавека з бацькам ягоным, і дачку з маці яе, і нявестку са сьвякрухай яе. 36. І ворагі чалавеку - хатнія ягоныя. 37. Хто любіць бацьку ці маці больш за Мяне, ня варты Мяне; і хто любіць сына ці дачку больш за Мяне, ня варты Мяне; 38. і хто не бярэ крыжа свайго і ня йдзе сьледам за Мною, той ня варты Мяне. 39. Хто зьберагае душу сваю, страціць яе; а хто страціў душу сваю за Мяне, зьберажэ яе. 40. Хто прымае вас, Мяне прымае; а хто Мяне прымае, прымае Таго, Хто паслаў Мяне; 41. хто прымае прарока ў імя прарока, узнагароду прарокавую атрымае; і хто прымае праведніка ў імя праведніка, узнагароду праведнікавую атрымае. 42. І хто напоіць аднаго з малых гэтых толькі кубкам халоднай вады ў імя вучня, праўду кажу вам, ня страціць узнагароды сваёй.
* Асарый - дробная манета
РАЗЬДЗЕЛ 11
1. І сталася, калі закончыў Ісус настаўленьні дванаццаці вучням Сваім, перайшоў адтуль вучыць і прапаведаваць у гарадах іхніх. 2. А Ян, пачуўшы ў цямніцы пра дзеі Хрыстовыя, паслаў двух вучняў сваіх 3. сказаць Яму: ці Той Ты, Які павінен прыйсьці, ці чакаць нам другога? 4. І сказаў ім Ісус у адказ: ідзеце, скажэце Яну, што чуеце і бачыце: 5. сьляпыя робяцца відушчымі і кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца і глухія чуюць, мёртвыя ўваскрасаюць, і ўбогія зьвястуюць, 6. і дабрашчасны той, хто не спакусіцца празь Мяне. 7. Калі ж пайшлі яны, Ісус пачаў гаварыць людзям пра Яна: што глядзець хадзілі вы ў пустыню? ці ня трысьцінку, ветрам калыханую? 8. Што ж глядзець хадзілі вы? ці не чалавека, у мяккія шаты апранутага? тыя, што носяць мяккія шаты, жывуць у харомах царскіх. 9. Што ж глядзець хадзілі вы? прарока? Так, кажу вам, нават больш, чым прарока. 10. Бо ён той, пра якога напісана: «вось, Я пасылаю анёла Майго перад абліччам Тваім, які падрыхтуе шлях Твой перад Табою». 11. Праўду кажу вам: сярод народжаных жанчынамі не паўставаў большы за Яна Хрысьціцеля; але найменшы ў Царстве Нябесным большы за яго. 12. Ад дзён жа Яна Хрысьціцеля да сёньня Царства Нябеснае дасягаецца сілаю, і тыя, што руплівасьць ужываюць, здабываюць яго; 13. бо ўсе прарокі і закон прадвясьцілі да Яна. 14. І калі хочаце прыняць, ён ёсьць Ільля, які мае прыйсьці. 15. Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе. 16. Да каго ж прыпадобню род гэты? Падобны ён да дзяцей, якія сядзяць на рынку і, зьвяртаючыся да сваіх сяброў, 17. кажуць: «мы гралі вам на жалейцы, а вы не скакалі; мы сьпявалі вам песьні журботныя, а вы не галасілі». 18. Бо прыйшоў Ян, ня есьць, ня п'е; і кажуць: «у ім дэман». 19. Прыйшоў Сын Чалавечы, есьць і п'е; і кажуць: «вось, чалавек, які любіць есьці і піць віно, прыяцель мытнікаў і грэшнікаў». І апраўдана мудрасьць дзецьмі яе. 20. Тады пачаў Ён дакараць гарады, у якіх найбольш праявіліся сілы Яго, бо яны не пакаяліся. 21. Гора табе, Харазіне! гора табе, Віфсаіда! бо калі б у Тыры і Сідоне явіліся сілы, яўленыя ў вас, дык даўно б яны ў вярэце і ў попеле пакаяліся; 22. але кажу вам: Тыру і Сідону лягчэй будзе ў дзень судны, чым вам. 23. І ты, Капернауме, што да неба ўзвысіўся, да пекла зрынешся; бо калі б у Садоме явіліся сілы, яўленыя ў табе, дык ён прастаяў бы па сёньняшні дзень; 24. але кажу вам, што зямлі Садомскай лягчэй будзе ў дзень судны, чым табе. 25. Тым часам, далей прамаўляючы, Ісус сказаў: слаўлю Цябе, Войча, Госпадзе неба і зямлі, што Ты ўтоіў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў тое дзецям; 26. так, Войча! бо такое было Тваё ўпадабаньне. 27. Усё Мне перададзена Айцом Маім, і ніхто ня ведае Сына, толькі Айцец; і Айца ня ведае ніхто, толькі Сын, і каму Сын хоча адкрыць. 28. Прыйдзеце да Мяне, усе струджаныя і прыгнечаныя, і Я супакою вас; 29. вазьмеце ярмо Маё на сябе і навучэцеся ад Мяне, бо Я лагодны і пакорлівы сэрцам; і знойдзеце спакой душам вашым; 30. бо ярмо Маё добрае, і цяжар Мой лёгкі.
РАЗЬДЗЕЛ 12
1. Тым часам праходзіў Ісус у суботу засеянымі палямі, а вучні Ягоныя згаладаліся і пачалі зрываць каласы і есьці. 2. Фарысэі, убачыўшы гэта, сказалі Яму: вось, вучні Твае робяць, чаго нельга рабіць у суботу. 3. А Ён сказаў ім: хіба вы ня чыталі, што зрабіў Давід, калі згаладаўся сам і тыя, што былі зь Ім? 4. Як ён увайшоў у дом Божы і еў паклбдныя хлябы, якіх нельга было есьці ні яму, ні тым, што зь ім былі, а толькі адным сьятарам? 5. Альбо ці ня чыталі вы ў законе, што ў суботы сьвятары ў храме парушаюць суботу, аднак не вінаватыя? 6. Але кажу вам, што тут нешта большае за храм; 7. калі б ведалі вы, што азначае: «міласьці хачу, але не ахвяры», не асудзілі б невінаватых; 8. бо Сын Чалавечы ёсьць Гаспадар і суботы. 9. І перайшоўшы адтуль, увайшоў Ён у сынагогу іхнюю. 10. І вось там быў чалавек з сухою рукою. І спыталіся ў Яго: ці можна ацаляць у суботы? - каб зьвінаваціць Яго. 11. А Ён сказаў ім: ці ёсьць сярод вас такі чалавек, што, маючы адну авечку, - калі яна ў суботу ўпадзе ў яму, - ня возьме і ня выцягне яе? 12. Наколькі ж чалавек лепшы за авечку! Таму можна ў суботу дабро рабіць. 13. Тады кажа чалавеку таму: працягні руку тваю. І той працягнуў; і стала яна здаровая, як другая. 14. А фарысэі выйшлі і раду мелі супраць Яго, як бы загубіць Яго. Але Ісус, даведаўшыся, пайшоў адтуль. 15. І пайшло за Ім сьледам багата людзей, і Ён ацаліў іх усіх 16. і забараніў ім расказваць пра Яго: 17. каб збылося сказанае праз прарока Ісаю, які кажа: 18. «Вось, Юнак Мой, Якога Я выбраў; Любасны Мой, Якога ўпадабала душа Мая. Ускладу Духа Майго на Яго і Ён суд народам абвесьціць; 19. не запярэчыць, ні залямантуе, і не пачуе ніхто на вуліцах голасу Ягонага; 20. трысьціны надламанай не пераломіць, і кнота, які тлее, не патушыць, пакуль не давядзе суд да перамогі; 21. і на імя Ягонае будуць спадзявацца народы». 22. Тады прывялі да Яго апанаванага дэманам сьляпога і нямога; і ацаліў яго, так што сьляпы і нямы пачаў гаварыць і бачыць. 23. І зьдзіўляўся ўвесь люд і казаў: ці ня гэта Хрыстос, Сын Давідаў? 24. А фарысэі, пачуўшы гэта, сказалі: Ён выганяў дэманаў няйначай, як Вэльзэвулам, князем дэманскім. 25. Але Ісус, ведаючы помыслы іхнія, сказаў ім: усякае царства, якое разьдзялілася самое ў сабе, запусьцее; і ўсякі горад альбо дом, які разьдзяліўся сам у сабе, ня ўстоіць. 26. І калі сатана сатану выганяе, дык ён разьдзяліўся сам у сабе, як жа ўстоіць царства ягонае? 27. І калі Я Вэльзэвулам выганяю дэманаў, дык сыны вашыя кім выганяюць? Таму яны вам судзьдзямі будуць. 28. Калі ж Я Духам Божым выганяю дэманаў, то дайшло да вас Царства Божае. 29. Альбо, як можа хто ўвайсьці ў дом дужага і рэчы яго зрабаваць, калі сьпярша ня зьвяжа дужага і тады дом яго зрабуе? 30. Хто не са Мною, той супраць Мяне; і хто ня зьбірае са Мною, той раскідае. 31. Таму кажу вам: усякі грэх і блюзьнерства даруюцца людзям; а супраць Духа блюзьнерства не даруецца людзям; 32. калі хто скажа слова на Сына Чалавечага, даруецца яму; а калі хто скажа на Духа Сьвятога, не даруецца яму ані ў гэтым веку, ані ў будучым. 33. Альбо прызнайце дрэва добрым і плод ягоны добрым; альбо прызнайце дрэва благім і плод ягоны благім; бо па плодзе дрэва пазнаецца. 34. Выродзьдзе яхідніна! як вы можаце добрае казаць, калі вы ліхія? Бо ад лішніцы сэрца вусны маўляюць. 35. Добры чалавек з добрай скарбніцы выносіць добрае; а ліхі чалавек зь ліхой скарбніцы выносіць ліхое. 36. Кажу ж вам, што за кожнае марнае слова, якое вымавяць людзі, дадуць яны адказ у дзень судны; 37. бо паводле слоў сваіх апраўдаешся, і паводле слоў сваіх асудзішся. 38. Тады адказалі некаторыя кніжнікі і фарысэі, кажучы: Настаўнік! хочам ад Цябе азнаку ўбачыць. 39. Ён ім сказаў у адказ: род падступны і пералюбны азнакі шукае; і азнака ня дасца яму, акрамя азнакі Ёны прарока; 40. бо як Ёна быў у чэраве ў кіта тры дні і тры ночы, так і Сын Чалавечы будзе ў сэрцы зямлі тры дні і тры ночы. 41. Нінэвіцяне ўстануць на суд з родам гэтым і асудзяць яго, бо яны пакаяліся праз пропаведзь Ёнаву; і вось, тут больш за Ёну. 42. Царыца поўдня паўстане на суд з родам гэтым і асудзіць яго, бо яна прыходзіла з канцоў зямлі паслухаць мудрасьці Саламонавай, і вось, тут больш за Саламона. 43. Калі нячысты дух выйдзе з чалавека, дык блукае па бязводных мясьцінах, шукаючы спакою, і не знаходзіць; 44. тады кажа: вярнуся ў дом мой, адкуль я выйшаў. І прыйшоўшы застае пусты, падмецены і прыбраны; 45. тады ідзе і бярэ з сабою сем іншых духаў, люцейшых за сябе, і ўвайшоўшы жывуць там; і бывае чалавеку таму апошняе горш за першае. Так будзе і роду гэтаму ліхому. 46. Калі ж Ён яшчэ прамаўляў да людзей, вось, Маці Яго і браты Яго стаялі звонку, хочучы гаварыць зь Ім. 47. І нехта сказаў Яму: вось Маці Твая і браты Твае звонку стаяць, хочучы гаварыць з Табою. 48. Ён жа ў адказ таму, хто гаварыў Яму, сказаў: хто маці Мая? і хто браты Мае? 49. І паказаўшы рукою Сваёю на вучняў Сваіх, сказаў: вось маці Мая і браты Мае; 50. бо хто будзе выконваць волю Айца Майго, Які ёсьць у нябёсах, той Мне брат, і сястра, і маці.
РАЗЬДЗЕЛ 13
1. Выйшаўшы таго ж дня з дома, Ісус сеў каля мора. 2. І сабралася да Яго мноства людзей, так што Ён увайшоў у лодку і сеў; а ўвесь люд стаяў на беразе. 3. І гаварыў ім шмат прытчамі, кажучы: вось, выйшаў сейбіт сеяць. 4. І калі сеяў ён, адно ўпала пры дарозе, і наляцелі птушкі і падзяўблі тое; 5. іншае ўпала на мясьціны камяністыя, дзе няшмат было зямлі, і неўзабаве ўзышло, таму што зямля была ня глыбокая. 6. А калі ўзышло сонца, завяла і, як ня мела карэньня, засохла; 7. іншае ўпала ў церне, і вырасла церне і заглушыла яго; 8. іншае ўпала на добрую зямлю і ўрадзіла плод: адно ў сто разоў, а другое ў шэсьцьдзясят, а тое ў трыццаць. 9. Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе! 10. І прыступіўшы, вучні сказалі Яму: чаму прытчамі гаворыш ім? 11. Ён сказаў ім у адказ: таму, што вам дадзена ведаць таямніцы Царства Нябеснага, а ім ня дадзена; 12. бо хто мае, таму дадзена будзе і памножыцца; а хто ня мае, у таго адымецца і тое, што мае; 13. дзеля таго прытчамі прамаўляю ім, што яны бачачы ня бачаць, і чуючы ня чуюць, і не разумеюць; 14. і збываецца над імі прароцтва Ісаі, якое кажа: «слыхам пачуеце, і не ўразумееце; і вачыма глядзець будзеце, і ня ўбачыце; 15. агрубела бо сэрца ў людзей гэтых, і вушыма цяжка чуюць, і вочы свае зьмежылі, каб ня ўгледзець вачыма, і вушыма не пачуць, і сэрцам не ўразумець, і ня зьвернуцца, каб Я ацаліў іх». 16. А вашы дабрашчасныя вочы, што бачаць; і вушы вашыя, што чуюць: 17. бо праўду кажу вам, што многія прарокі і праведнікі жадалі бачыць, што вы бачыце, і ня бачылі, і чуць, што вы чуеце, і ня чулі. 18. Але ж вы пачуйце прытчу пра сейбіта: 19. да кожнага, хто слухае слова пра Царства і не разумее, прыходзіць ліхадзей і крадзе пасеянае ў сэрцы ягоным: вось каго азначае пасеянае пры дарозе. 20. А пасеянае на камяністых мясьцінах азначае таго, хто чуе слова і адразу з радасьцю прымае яго; 21. але ня мае кораня ў сабе і нясталы: калі настане ўціск альбо ганеньне за слова, адразу спакушаецца. 22. А пасеянае ў церне азначае таго, хто чуе слова, але клопат веку гэтага і панада багацьця заглушае слова, і яно стаецца бясплодным. 23. А пасеянае на добрай зямлі азначае таго, хто чуе слова і разумее, які і плод прыносіць і дае адзін сто, другі шэсьцьдзясят, а той трыццаць. 24. Другую прытчу прапанаваў Ён ім, кажучы: Царства Нябеснае падобнае на чалавека, які пасеяў добрае насеньне на полі сваім; 25. калі ж людзі спалі, прыйшоў вораг яго і пасеяў куколь сярод пшаніцы, і пайшоў; 26. калі ўзышла рунь і завязала плод, тады зьявіўся і куколь. 27. Прыйшоўшы, рабы гаспадара дома сказалі яму: гаспадар! ці ж ня добрае насеньне пасеяў ты на полі тваім? адкуль жа на ім куколь? 28. А ён сказаў ім: варожы чалавек гэта зрабіў. А рабы сказалі яму: хочаш, мы пойдзем, выпалем яго? 29. А ён сказаў: не, каб, выбіраючы куколь, вы не павырывалі разам зь ім і пшаніцы; 30. пакіньце расьці разам тое і другое да жніва; а ў час жніва я скажу жняцам: зьбярэце перш куколь і зьвяжэце яго ў снапы, каб спаліць яго; а пшаніцу зьбярэце ў засекі мае. 31. Іншую прытчу прапанаваў Ён ім, кажучы: падобнае Царства Нябеснае на зерне гарчычнае, якое чалавек узяў і пасеяў на полі сваім, 32. якое, хоць меншае за ўсякае насеньне, але, калі вырастае, бывае большае за ўсякую траву і робіцца дрэвам, так што прылятаюць птушкі нябесныя і ўюць гнёзды ў гольлі яго. 33. Іншую прытчу сказаў Ён ім: падобнае Царства Нябеснае на закваску, якую жанчына ўзяўшы паклала ў тры меры мукі, пакуль не закісла ўсё. 34. Гэта ўсё казаў Ісус прытчамі люду, і бяз прытчы нічога не казаў ім, 35. каб збылося сказанае праз прарока, які кажа: «Разамкну ў прытчах вусны Мае; выкажу ўтоенае ад стварэньня сьвету». 36. Тады Ісус, адпусьціўшы людзей, увайшоў у дом. І прыступіўшы да Яго, вучні Яго сказалі: растлумач нам прытчу пра куколь на полі. 37. А Ён ім сказаў у адказ: сейбіт добрага насеньня ёсьць Сын Чалавечы; 38. поле ёсьць сьвет; добрае насеньне гэта - сыны Царства, а куколь - сыны ліхога; 39. вораг, які пасеяў яго, ёсьць д'ябал; жніво ёсьць сканчэньне веку, а жняцы - анёлы. 40. А таму, як зьбіраюць куколь і агнём паляць, гэтак сама будзе пры сканчэньні веку гэтага: 41. пашле Сын Чалавечы анёлаў Сваіх, і зьбяруць з Царства Яго ўсе спакусы і тых, што чыняць беззаконьне, 42. і ўкінуць іх у печ вогненную; там будзе плач і скрыгат зубоў; 43. тады праведныя зазьзяюць, як сонца, у Царстве Айца іх. Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе! 44. Яшчэ падобнае Царства Нябеснае на скарб, схаваны на полі, які, знайшоўшы, чалавек утоіў, і ў радасьці ад гэтага ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе поле тое. 45. Яшчэ падобнае Царства Нябеснае на купца, які шукае прыгожых пэрлаў, 46. які, знайшоўшы адзін шматкаштоўны пэрл, пайшоў і прадаў усё, што меў, і купіў яго. 47. Яшчэ падобнае Царства Нябеснае на нерат, закінуты ў мора і поўны рыбы ўсялякага роду, 48. які, калі ён напоўніўся, выцягнулі на бераг і, сеўшы, добрае склалі ў начыньне, а благое кінулі прэч. 49. Так будзе пры сканчэньні веку: выйдуць анёлы і аддзеляць ліхіх з асяродзьдзя праведных, 50. і ўкінуць іх у печ вогненную: там будзе плач і скрыгат зубоў. 51. Сказаў ім Ісус: ці зразумелі вы гэта ўсё? Яны кажуць яму: так, Госпадзе! 52. А Ён сказаў ім: таму ўсякі кніжнік, навучаны Царству Нябеснаму, падобны на гаспадара дома, які выносіць са скарбніцы сваёй новае і старое. 53. І сталася, калі скончыў Ісус прытчы гэтыя, пайшоў адтуль. 54. І прыйшоўшы на бацькаўшчыну Сваю, вучыў іх у сынагозе іхняй, так што яны зьдзіўляліся і казалі: адкуль у Яго гэтая мудрасьць і сілы? 55. ці не цесьляроў Ён Сын? ці не Ягоную Маці завуць Марыя, і браты Яго Якаў і Ёсій, і Сымон і Юда? 56. і сёстры Яго ці ня ўсе сярод нас? адкуль жа ў Яго ўсё гэта? 57. І паняверыліся ў Ім. А Ісус сказаў ім: ня бывае прарока без пашаны, хіба што толькі на бацькаўшчыне сваёй, і ў доме сваім. 58. І ня ўчыніў там многіх цудаў з-за няверства іхняга.
РАЗЬДЗЕЛ 14
1. У той час Ірад тэтрарх пачуў погалас пра Ісуса 2. і сказаў служкам сваім: гэта Ян Хрысьціцель; ён паўстаў зь мёртвых, і таму цуды ўчыняюцца ім. 3. Бо Ірад, узяўшы Яна, зьвязаў яго і пасадзіў у цямніцу празь Ірадыяду, жонку Піліпа, брата свайго; 4. таму што Ян казаў яму: нельга табе мець яе. 5. І хацеў яго забіць, але пабаяўся народу, бо яго ўважалі за прарока. 6. А ў дзень народзін Ірада, скакала дачка Ірадыяды перад усімі і дагадзіла Іраду; 7. таму ён пад прысягаю абяцаў ёй даць, чаго толькі яна ні папросіць. 8. А яна, падбухтораная маці сваёю, сказала: дай мне тут у місе галаву Яна Хрысьціцеля. 9. І засмуціўся цар; але дзеля прысягі і тых, што ўзьляжалі зь ім, загадаў даць ёй, 10. і паслаў адцяць Яну галаву ў цямніцы. 11. І прынесьлі галаву яго ў місе, і далі дзяўчыне; а яна занесла маці сваёй. 12. А вучні яго, прыйшоўшы, узялі яго цела і пахавалі яго; 13. І пачуўшы, адплыў Ісус адтуль на лодцы ў пустэльнае месца адзін; а люд, пачуўшы пра тое, пайшоў за Ім з гарадоў пяшком. 14. І выйшаўшы, Ісус убачыў мноства людзей і пашкадаваў іх, і ацаліў хворых іх. 15. Калі ж зьвечарэла, прыступілі да Яго вучні Ягоныя і сказалі: пустэльная тут мясьціна, і час ужо позьні; адпусьці людзей, каб яны пайшлі ў селішчы і купілі ежы сабе. 16. Але Ісус сказаў ім: ня трэба ім ісьці, вы дайце ім есьці. 17. Яны ж кажуць Яму: у нас тут толькі пяць хлябоў і дзьве рыбіны. 18. Ён сказаў: прынясеце іх Мне сюды. 19. І загадаў народу ўзьлегчы на траву і, узяўшы пяць хлябоў і дзьве рыбіны, узьвёў вочы ў неба, дабраславіў, разламаў і даў хлябы вучням, а вучні - народу. 20. І елі ўсе, і наеліся; і набралі рэшты кавалкаў дванаццаць кашоў поўных; 21. а тых, што елі, было каля пяці тысяч чалавек, апроч жанчын і дзяцей. 22. І адразу прымусіў Ісус вучняў Сваіх увайсьці ў лодку і выправіцца раней за Яго на той бок, пакуль Ён адпусьціць людзей. 23. І адпусьціўшы людзей, Ён узышоў на гару сам-насам памаліцца; і калі зьвечарэла, застаўся там адзін. 24. А лодка была ўжо на сярэдзіне мора, і яе біла хвалямі, бо вецер быў супраціўны. 25. А ў чацьвёртую варту ночы пайшоў да іх Ісус, ідучы па моры. 26. І вучні, убачыўшы Яго, што ішоў Ён па моры, сумеліся і казалі: гэта прывід; і ад страху закрычалі. 27. Але Ісус адразу загаварыў зь імі і сказаў: падбадзёрцеся; гэта Я, ня бойцеся. 28. Пётр сказаў Яму ў адказ: Госпадзе! калі гэта Ты, загадай мне прыйсьці да Цябе па вадзе. 29. А Ён сказаў: ідзі. І выйшаўшы з лодкі, Пётр пайшоў па вадзе, каб падысьці да Ісуса. 30. але, бачачы моцны вецер, спалохаўся і, пачаўшы тануць, закрычаў: Госпадзе! уратуй мяне. 31. Ісус адразу, працягнуўшы руку, падтрымаў яго і кажа яму: малаверны! навошта ты засумняваўся? 32. І калі ўвайшлі яны ў лодку, вецер аціх. 33. А тыя, што ў лодцы былі, падышлі, пакланіліся Яму і сказалі: сапраўды, Ты Сын Божы. 34. І пераправіўшыся, прыбылі ў зямлю Генісарэцкую. 35. І, пазнаўшы Яго, жыхары той мясьціны паслалі ва ўсё навакольле тое і прынесьлі да Яго ўсіх хворых, 36. і прасілі Яго, каб толькі дакрануцца да краю адзеньня Ягонага; і каторыя дакраналіся, ацаляліся.
РАЗЬДЗЕЛ 15
1. Тады прыходзяць да Ісуса Ерусалімскія кніжнікі і фарысэі і кажуць: 2. навошта вучні Твае парушаюць звычай старцаў? бо ня ўмываюць рук сваіх, калі ядуць хлеб. 3. А Ён сказаў ім у адказ: навошта і вы парушаеце запаведзь Божую дзеля звычаю вашага? 4. Бо Бог запаведаў, сказаўшы: шануй бацьку і маці; і: хто ліхасловіць бацьку альбо маці, сьмерцю хай памрэ. 5. А вы кажаце: калі хто скажа бацьку альбо маці: «дар Богу - тое, чым бы ты ад мяне карыстаўся», 6. той можа і не ўшанаваць бацьку альбо маці сваю; такім чынам вы скасавалі запаведзь Божую дзеля звычаю вашага. 7. Крывадушнікі! добра прарочыў пра вас Ісая, кажучы: 8. «Набліжаюцца да Мяне людзі гэтыя вуснамі сваімі і шануюць Мяне языком; а сэрца іхняе далёка адлягае ад Мяне; 9. але марна шануюць Мяне, навучаючы вучэньням, запаведзям чалавечым». 10. І паклікаўшы люд, сказаў яму: слухайце і разумейце: 11. ня тое, што ўваходзіць у вусны, апаганьвае чалавека; а што выходзіць з вуснаў, тое апаганьвае чалавека. 12. Тады вучні Ягоныя, прыступіўшы, сказалі Яму: ці ведаеш, што фарысэі, пачуўшы слова гэтае, запаняверыліся? 13. А Ён сказаў у адказ: усякая расьліна, якую не Айцец Мой Нябесны пасадзіў, выкараніцца, 14. пакіньце іх: яны - сьляпыя павадыры сьляпых; а калі сьляпы сьляпога вядзе, дык абодва ў яму ўпадуць. 15. А Пётр сказаў Яму ў адказ: растлумач нам прытчу гэтую. 16. Ісус сказаў: няўжо і вы яшчэ ня маеце разуменьня? 17. ці яшчэ не разумееце, што ўсё, што ўваходзіць у вусны, праходзіць у чэрава і праз кішку выходзіць? 18. а што выходзіць з вуснаў - з сэрца выходзіць; і гэта апаганьвае чалавека; 19. бо з сэрца выходзяць ліхія намыслы, забойствы, пералюбы, распуста, крадзяжы, ілжывыя сьведчаньні, зьнявагі: 20. гэта апаганьвае чалавека; а есьці няўмытымі рукамі - не апаганьвае чалавека. 21. І выйшаўшы адтуль, адышоў Ісус у межы Тырскія і Сідонскія. 22. І вось, жанчына Хананэянка, выйшаўшы з тых мясьцін, закрычала Яму: памілуй мяне, Госпадзе, Сыне Давідаў, дачку маю цяжка мучыць дэман. 23. Але Ён не адказаў ёй ні слова. І вучні Ягоныя, прыступіўшы, прасілі Яго, кажучы: адпусьці яе, бо крычыць за намі. 24. А Ён сказаў у адказ: Я пасланы толькі да пагіблых авечак дому Ізраілевага. 25. А яна, падышоўшы, кланялася Яму, кажучы: Госпадзе! памажы мне. 26. А Ён сказаў у адказ: нядобра - узяць хлеб у дзяцей і кінуць шчанятам. 27. Яна ж сказала: так, Госпадзе! але і шчаняты ядуць крошкі, якія падаюць са стала гаспадароў іхніх. 28. Тады Ісус сказаў ёй у адказ: жанчына! вялікая вера твая, хай станецца табе, як ты хочаш. І выздаравела яе дачка ў тую ж гадзіну. 29. Перайшоўшы адтуль, прыйшоў Ісус да мора Галілейскага і, узышоўшы на гару, сеў там. 30. І прыступіла да Яго мноства людзей, маючы з сабою кульгавых, сьляпых, нямых, зьнявечаных і іншых многіх, і паклалі іх да ног Ісусавых; і Ён ацаліў іх, 31. так што людзі зьдзіўляліся, бачачы, як нямыя гавораць, зьнявечаныя здаравеюць, кульгавыя ходзяць і сьляпыя бачаць; і праслаўлялі Бога Ізраілевага. 32. А Ісус, паклікаўшы вучняў Сваіх, сказаў ім: шкада Мне людзей, бо ўжо тры дні застаюцца пры Мне, і няма чаго ім есьці; і адпусьціць іх няеўшых не хачу, каб не аслаблі ў дарозе. 33. І кажуць Яму вучні Ягоныя: адкуль нам узяць у пустыні столькі хлябоў, каб накарміць столькі людзей? 34. І кажа ім Ісус: колькі ў вас хлябоў? А яны адказалі: сем, і трошкі рыбак. 35. І загадаў людзям узьлегчы на зямлю. 36. І, узяўшы сем хлябоў і рыбы, узьнёс падзяку, пераламаў і даў вучням Сваім, а вучні - людзям. 37. І елі ўсе, і наеліся; і набралі рэшты кавалкаў сем кашоў поўных; 38. А тых, што елі, было чатыры тысячы чалавек, акрамя жанчын і дзяцей. 39. І адпусьціўшы народ, Ён увайшоў у лодку і прыбыў у межы Магдалінскія.
РАЗЬДЗЕЛ 16
1. І падступіліся фарысэі і садукеі і, спакушаючы, прасілі Яго паказаць ім азнаку зь неба. 2. А Ён сказаў ім у адказ: вечарам вы кажаце: будзе пагода, бо неба агністае; 3. і раніцай: сёньня непагадзь, бо неба агніста-хмарнае. Крывадушнікі! аблічча неба вы ўмееце адрозьніваць, а азнакаў часу ня можаце? 4. Род ліхі і пералюбны азнакі шукае, і азнака ня дасца яму, акрамя азнакі Ёны прарока. І пакінуўшы іх, адышоў. 5. І перапраўляючыся на другі бок, вучні Ягоныя забыліся ўзяць хлябоў. 6. Ісус сказаў ім: глядзеце, сьцеражэцеся закваскі фарысэйскай і садукейскай. 7. Яны ж разважалі самі сабе, кажучы: хлябоў мы не ўзялі. 8. Уразумеўшы гэта, Ісус сказаў ім: што разважаеце самі сабе, малаверныя, што хлябоў не ўзялі? 9. Няўжо яшчэ не разумееце і не памятаеце пра пяць хлябоў на пяць тысяч, і колькі кашоў вы набралі? 10. Ні пра сем хлябоў на чатыры тысячы, і колькі кошыкаў набралі? 11. Як не разумееце, што не пра хлябы Я сказаў вам: «сьцеражэцеся закваскі фарысэйскай і садукейскай»? 12. Тады яны зразумелі, што Ён сказаў асьцерагацца не закваскі хлебнай, а вучэньня фарысэйскага. 13. А прыйшоўшы ў межы Кесарыі Піліпавай, Ісус пытаўся ў вучняў Сваіх, кажучы: за каго людзі ўважаюць Мяне, Сына Чалавечага? 14. Яны сказалі: адны за Яна Хрысьціцеля, другія за Ільлю, а тыя за Ерамію альбо за аднаго з прарокаў. 15. Ён кажа ім: а вы за каго ўважаеце Мяне? 16. І Сымон Пётр сказаў у адказ: Ты - Хрыстос, Сын Бога Жывога. 17. І Ісус сказаў яму ў адказ: дабрашчасны ты, Сымоне, сыне Ёнаў, бо ня плоць і кроў адкрылі табе гэта, а Айцец Мой, Які ёсьць у нябёсах; 18. і Я кажу табе: ты Пётр*, і на камені гэтым Я збудую Царкву Маю, і брамы пякельныя не адолеюць яе. 19. І дам табе ключы Царства Нябеснага: і што зьвяжаш на зямлі, тое будзе зьвязана ў нябёсах; і што разьвяжаш на зямлі, тое будзе разьвязана ў нябёсах. 20. Тады Ісус загадаў вучням Сваім, каб нікому не казалі, што Ён ёсьць Хрыстос. 21. З таго часу Ісус пачаў адкрываць вучням Сваім, што Ён мусіць ісьці ў Ерусалім і шмат выцерпець ад старэйшын і першасьвятароў і кніжнікаў, і мае быць забіты, і на трэйці дзень уваскрэснуць. 22. І, адвёўшы Яго, Пётр пачаў пярэчыць Яму, кажучы: міласэрны Ты, Госпадзе! Хай ня будзе гэтага з Табою! 23. А Ён, абярнуўшыся, сказаў Пятру: адыдзі ад Мяне, сатана! ты Мне спакуса, бо думаеш не пра тое, што Божае, а што чалавечае. 24. Тады Ісус сказаў вучням Сваім: калі хто хоча ісьці за Мною, хай адрачэцца ад сябе і возьме крыж свой і ідзе за Мною; 25. Бо хто хоча душу** сваю ўратаваць, той страціць яе; а хто страціць душу сваю дзеля Мяне, той знойдзе яе; 26. бо якая карысьць чалавеку, калі ён увесь сьвет здабудзе, а душу сваю змарнуе? альбо які выкуп дасьць чалавек за душу сваю? 27. Бо прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Айца Свайго з анёламі Сваімі, і тады аддасьць кожнаму паводле спраў ягоных. 28. Праўду кажу вам: ёсьць сярод тых, што стаяць тут, такія, што не скаштуюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць Сына Чалавечага, як Ён ідзе ў Царстве Сваім.
* Пётра - камень ** Жыцьцё
РАЗЬДЗЕЛ 17
1. І праз шэсьць дзён узяў Ісус Пятра, Якава і Яна, брата ягонага, і ўзьвёў іх на гару высокую адных, 2. і перамяніўся перад імі, і зазьзяла аблічча Ягонае, як сонца, а ўбраньне Ягонае стала белае, як сьвятло. 3. І вось, явіліся ім Майсей і Ільля, і зь Ім гутарылі. 4. Азваўшыся, Пётр сказаў Ісусу: Госпадзе! добра нам тут быць; калі хочаш, зробім тут тры намёты: Табе адзін, і Майсею адзін, і адзін Ільлю. 5. Калі ён яшчэ гаварыў, вось, воблака сьветлае асланіла іх; і вось, голас з воблака мовіў: Гэты ёсьць Сын Мой Любасны, Якога Я ўпадабаў; Яго слухайце. 6. І пачуўшы, вучні ўпалі ніцма і вельмі перапалохаліся. 7. І прыступіўшы, Ісус дакрануўся да іх і сказаў: устаньце і ня бойцеся. 8. А ўзьвёўшы вочы свае, яны нікога ня ўбачылі, акрамя аднаго Ісуса. 9. І калі сыходзілі яны з гары, Ісус загадаў ім, кажучы: нікому не кажэце пра бачанае, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсьне зь мёртвых. 10. І спыталіся ў Яго вучні Ягоныя, кажучы: як жа кніжнікі кажуць, што Ільля мае прыйсьці раней? 11. Ісус сказаў ім у адказ: Ільля сапраўды прыйдзе раней і падрыхтуе ўсё; 12. але кажу вам, што Ільля ўжо прыйшоў, і не пазналі яго, а зрабілі зь ім, што хацелі; так і Сын Чалавечы мае пацярпець ад іх. 13. Тады зразумелі вучні, што Ён пра Яна Хрысьціцеля казаў ім. 14. І калі прыйшлі яны да люду, падышоў да Яго чалавек і, укленчыўшы перад Ім, 15. сказаў: Госпадзе! памілуй сына майго; ён лунатык і цяжка пакутуе, бо часта падае ў вагонь і часта ў ваду; 16. я прыводзіў яго да вучняў Тваіх, і яны не маглі ацаліць яго. 17. А Ісус сказаў у адказ: о, род няверны і разбэшчаны! дакуль буду з вамі? дакуль буду трываць вас? прывядзеце яго да Мяне сюды. 18. І забараніў яму Ісус; і выйшаў зь яго дэман; і выздаравеў хлопец у тую ж хвіліну. 19. Тады вучні, прыступіўшы да Ісуса асобна, сказалі: чаму мы не маглі выгнаць яго? 20. А Ісус сказаў ім: ад няверства вашага; бо праўду кажу вам: калі вы будзеце мець веру з гарчычнае зерне і скажаце гары гэтай: «перайдзі адсюль туды», і яна пяройдзе; і нічога ня будзе немагчымага вам. 21. Гэты ж род выганяецца толькі малітваю і постам. 22. У той час, як былі яны ў Галілеі, сказаў ім Ісус: аддадзены будзе Сын Чалавечы ў рукі чалавечыя, 23. і заб'юць Яго, і на трэйці дзень уваскрэсьне. І засмуціліся яны вельмі. 24. Калі ж прыйшлі яны ў Капернаум, дык падышлі зьбіральнікі дыдрахмаў* да Пятра і сказалі: Настаўнік ваш ці ня дасьць дыдрахмы? 25. Ён кажа: так. І калі ўвайшоў ён у дом, дык Ісус, папярэдзіўшы яго, сказаў: як табе здаецца, Сымоне? цары зямныя з каго бяруць мыта ці падатак? ці з сыноў сваіх, ці з чужых? 26. Кажа Яму Пётр: з чужых. Сказаў яму Ісус: значыцца, сыны свабодныя; 27. але каб нам не спакусіць іх, ідзі на мора, закінь вуду, і першую рыбіну, якая зловіцца, вазьмі; і, адкрыўшы рот ёй, знойдзеш статыр**; вазьмі яго і дай за Мяне і за сябе.
* Дыдрахма - дзьве драхмы - пэўная даніна на храм ** Статыр - чатыры драхмы
РАЗЬДЗЕЛ 18
1. У той час прыступілі вучні да Ісуса, кажучы: хто ж большы ў Царстве Нябесным? 2. І паклікаўшы дзіця, Ісус паставіў яго сярод іх 3. і сказаў: праўду кажу вам, калі не навернецеся і ня будзеце, як дзеці, ня ўвойдзеце ў Царства Нябеснае; 4. дык вось, хто ўпакорыцца, як гэтае дзіця, той большы ў Царстве Нябесным; 5. і хто прыме адно такое дзіця ў імя Маё, той Мяне прымае; 6. а хто спакусіць аднаго з малых гэтых, што веруюць у Мяне, таму лепей было б, каб павесілі жарон млынскі на шыю яго і ўтапілі яго ў глыбіні марской. 7. Гора сьвету ад спакусаў, бо павінны прыйсьці спакусы; але гора таму чалавеку, празь якога спакусы прыходзяць. 8. Калі ж рука твая, альбо нага твая спакушае цябе, адатні яе і кінь ад сябе: лепш табе ўвайсьці ў жыцьцё бяз рукі альбо без нагі, чым зь дзьвюма рукамі і дзьвюма нагамі быць укінутым у вагонь вечны; 9. і калі вока тваё спакушае цябе, вырві яго і кінь ад сябе: лепш табе з адным вокам ў жыцьцё ўвайсьці, чым з двума вачыма быць укінутым у геену вогненную. 10. Глядзеце, не пагарджайце ніводным з малых гэтых; бо кажу вам, што анёлы іх на нябёсах заўсёды бачаць аблічча Айца Майго Нябеснага. 11. Бо прыйшоў Сын Чалавечы вышукаць і выратаваць пагіблае. 12. Як вам здаецца? Калі б у нейкага чалавека было сто авечак і заблудзілася адна зь іх; ці не пакіне ён дзевяноста дзевяцёх ў горах і ці ня пойдзе тую шукаць, што заблудзілася? 13. і калі дасца знайсьці яе, дык, праўду кажу вам, ён радуецца за яе болей, чым за дзевяноста дзевяць, што не заблудзіліся. 14. Так няма волі Айца вашага Нябеснага, каб загінуў адзін з малых гэтых. 15. А калі згрэшыць супроць цябе брат твой, ідзі і выкрый яго паміж табою і ім адным; калі паслухаецца цябе, дык здабыў ты брата твайго; 16. калі ж не паслухаецца, вазьмі з сабою яшчэ аднаго альбо двух, каб вуснамі двух альбо трох сьведкаў пацьвердзілася кожнае слова; 17. калі ж не паслухаецца іх, скажы царкве; а калі і царквы не паслухаецца, дык няхай будзе ён табе, як язычнік і мытнік. 18. Праўду кажу вам: што вы зьвяжаце на зямлі, тое будзе зьвязана на небе; і што разьвяжаце на зямлі, тое будзе разьвязана на небе. 19. Праўду таксама кажу вам, што калі двое з вас пагодзяцца на зямлі прасіць за любую справу, дык чаго б ні папрасілі, будзе ім ад Айца Майго, Які ёсьць у нябёсах; 20. бо дзе двое альбо трое сабраныя ў імя Маё, там Я сярод іх. 21. Тады прыступіў Пётр і сказаў Яму: Госпадзе! колькі разоў дараваць брату майму, які грэшыць супроць мяне? ці да сямі разоў? 22. Кажа яму Ісус: не кажу табе: «да сямі», а да сямі разоў па семьдзесят. 23. Таму Царства Нябеснае падобнае на цара, які захацеў зрахавацца з рабамі сваімі. 24. Калі ён пачаў рахавацца, прывялі да яго аднаго, хто быў вінен яму дзесяць тысяч талянтаў; 25. а як ён ня меў, чым заплаціць, дык уладар ягоны загадаў прадаць яго, і жонку ягоную, і дзяцей, і ўсё, што ён меў, і заплаціць. 26. Тады раб той упаў і, кланяючыся яму, казаў: «уладару! пацярпі на мне, і ўсё табе заплачу». 27. Уладар, зьлітаваўшыся з раба таго, адпусьціў яго і доўг дараваў яму. 28. А раб той, выйшаўшы, знайшоў аднаго з субратоў сваіх, які вінен яму быў сто дынараў, і, схапіўшы яго, душыў, кажучы: «аддай мне, што вінен». 29. Тады субрат ягоны ўпаў да ног яму, умольваў яго і казаў: «пацярпі на мне, і ўсё аддам табе». 30. Але той не схацеў, а пайшоў і ўвязьніў яго ў цямніцу, пакуль не аддасьць доўгу. 31. Субраты ягоныя, убачыўшы тое, засмуціліся вельмі, і прыйшоўшы расказалі ўладару свайму пра ўсё, што было. 32. Тады ўладар ягоны заклікае яго і кажа: «ліхі раб, увесь доўг той я дараваў табе, бо ўпрасіў ты мяне; 33. ці ня варта было і табе памілаваць субрата твайго, як і я цябе памілаваў?». 34. І, угневаўшыся, уладар ягоны аддаў яго кбтам, пакуль не аддасьць яму ўсяго доўгу свайго. 35.Так і Айцец Мой Нябесны зробіць з вамі, калі не даруеце кожны брату свайму ад сэрца свайго правінаў ягоных.
РАЗЬДЗЕЛ 19
1. І сталася, калі Ісус закончыў словы гэтыя, дык выйшаў з Галілеі і прыйшоў у межы Юдэйскія, па той бок Ярдана. 2. За Ім сьледам пайшло шмат людзей, і Ён ацаліў іх там. 3. І падступіліся да Яго фарысэі і, спакушаючы Яго, казалі Яму: ці з усякай прычыны дазволена чалавеку разводзіцца з жонкай сваёю? 4. Ён сказаў ім у адказ: ці ня чыталі вы, што Творца спачатку стварыў іх мужчынаю і жанчынаю? 5. І сказаў: таму пакіне чалавек бацьку і маці і прылепіцца да жонкі сваёй, і будуць двое плоцьцю адною, 6. так што яны ўжо ня двое, а адна плоць. Значыцца, што Бог злучыў, таго чалавек хай не разлучае. 7. Яны кажуць Яму: як жа Майсей запаведаў даваць разводны ліст і разводзіцца зь ёю? 8. Ён кажа ім: Майсей, з прычыны жорсткага сэрца вашага, дазволіў вам разводзіцца з жонкамі вашымі; а спачатку ня было так. 9. Але Я кажу вам: хто разьвядзецца з жонкаю сваёю не за распусту і ажэніцца з другою, той чыніць пералюб; і хто ажэніцца з разьведзенай, пералюб чыніць. 10. Кажуць Яму вучні Ягоныя: калі такі абавязак чалавека перад жонкаю, дык лепш не жаніцца. 11. А Ён сказаў ім: ня ўсе разумеюць слова гэтае, а каму дадзена, 12. бо ёсьць скапцы, якія з лона матчынага нарадзіліся так; і ёсьць скапцы, якія выпакладаны людзьмі; і ёсьць скапцы, якія зрабілі самі сябе скапцамі дзеля Царства Нябеснага. Хто можа ўцяміць, няхай уцяміць. 13. Тады прыведзены былі да Яго дзеці, каб Ён усклаў на іх рукі і памаліўся; а вучні забаранялі ім. 14. Але Ісус сказаў: пусьцеце дзяцей і не заважайце ім прыходзіць да Мяне, бо такім належыць Царства Нябеснае. 15. І ўсклаўшы на іх рукі, пайшоў адтуль. 16. І вось, адзін нейкі, падышоўшы, сказаў Яму: Настаўнік Добры! што зрабіць мне добрага, каб мець жыцьцё вечнае? 17. А Ён сказаў яму: што ты называеш Мяне добрым? Ніхто ня добры, толькі адзін Бог. Калі ж хочаш увайсьці ў жыцьцё вечнае, трымайся запаведзяў. 18. Кажа Яму: якіх? А Ісус сказаў: не забівай; ня чыні пералюбу; ня крадзь; ня сьведчы ілжыва; 19. шануй бацьку і маці; і: любі блізкага твайго, як самога сябе. 20. Кажа Яму юнак: усё гэта захаваў я зь юнацтва майго: чаго яшчэ не хапае мне? 21. Сказаў яму Ісус: калі хочаш дасканалым быць, ідзі, прадай маёмасьць тваю і раздай убогім; і мець будзеш скарб на нябёсах; і прыходзь, і ідзі сьледам за Мною. 22. Пачуўшы слова гэтае, юнак адышоў замаркочаны, бо ў яго была вялікая маёмасьць. 23. А Ісус сказаў вучням Сваім: праўду кажу вам, што цяжка багатаму ўвайсьці ў Царства Нябеснае; 24. і яшчэ кажу вам: лягчэй вярблюду прайсьці празь ігольныя вушкі, чым багатаму ўвайсьці ў Царства Божае. 25. Пачуўшы гэта, вучні Ягоныя вельмі зьдзівіліся і сказалі: дык хто ж можа ўратавацца? 26. А Ісус паглядзеў і сказаў ім: людзям гэта немагчыма, а Богу ўсё магчыма. 27. Тады Пётр, адказваючы, сказаў Яму: вось, мы пакінулі ўсё і пайшлі сьледам за Табою; што ж будзе нам? 28. А Ісус сказаў ім: праўду кажу вам, што вы, хто пайшоў сьледам за Мною, - у новым жыцьці, калі сядзе Сын Чалавечы на троне славы Сваёй, сядзеце і вы на дванаццаці тронах судзіць дванаццаць каленаў Ізраілевых; 29. і кожны, хто пакіне дамы, альбо братоў, альбо сёстраў, альбо бацьку, альбо маці, альбо жонку, альбо дзяцей, альбо землі дзеля імя Майго, атрымае ў сто разоў больш і ўспадкуе жыцьцё вечнае. 30. А многія першыя будуць апошнімі, і апошнія першымі.
РАЗЬДЗЕЛ 20
1. Бо Царства Нябеснае падобнае на гаспадара дома, які выйшаў на досьвітку наняць работнікаў у вінаграднік свой. 2. І, згадзіўшы работніка па дынары ў дзень, паслаў іх у вінаграднік свой. 3. І выйшаўшы каля трэйцяй гадзіны, ён убачыў іншых, якія стаялі на рынку бяз працы, 4. і ім сказаў: ідзеце і вы ў вінаграднік мой, і што справядліва будзе, дам вам. Яны пайшлі. 5. Зноў выйшаўшы каля шостай і дзявятай гадзіны, зрабіў тое самае. 6. А, выйшаўшы каля адзінаццатай гадзіны, ён знайшоў іншых, якія стаялі бяз працы, і кажа ім: што вы тут стаіце цэлы дзень бяз працы? 7. Яны кажуць яму: ніхто не наняў нас. Ён кажа ім: ідзеце і вы ў вінаграднік мой, і што справядліва будзе, атрымаеце. 8. А калі зьвечарэла, кажа гаспадар вінаградніка наглядчыку свайму: пакліч работнікаў і аддай ім плату, пачаўшы з апошніх да першых. 9. І тыя, што прыйшлі каля адзінаццатай гадзіны, атрымалі па дынары. 10. Тыя, што прыйшлі першыя, думалі, што болей атрымаюць; але атрымалі і яны па дынары. 11. І атрымаўшы, пачалі наракаць на гаспадара дома 12. і казалі: гэтыя апошнія адну гадзіну працавалі, і ты зраўняў іх з намі, а мы ж перанесьлі цяготу дня і сьпёку. 13. А ён у адказ сказаў аднаму зь іх: дружа! я ня крыўджу цябе; ці ж не за дынар ты дамовіўся са мною? 14. вазьмі сваё ды ідзі; я ж хачу гэтаму апошняму даць што і табе; 15. хіба я ня маю ўлады рабіць што хачу ў сваім? ці вока тваё зайздросьлівае ад таго, што я добры? 16. Так будуць апошнія першымі, і першыя апошнімі; бо шмат пакліканых, ды мала выбраных. 17. І, уваходзячы ў Ерусалім, Ісус адвёў дванаццацёх вучняў асобна і дарогаю сказаў ім: 18. вось, мы ўзыходзім у Ерусалім, і Сын Чалавечы, выдадзены будзе першасьвятарам і кніжнікам, і засудзяць Яго на сьмерць; 19. і выдадуць Яго язычнікам на ганьбаваньне і біцьцё і крыжаваньне; і на трэйці дзень уваскрэсьне. 20. Тады прыступіла да Яго маці сыноў Зевядзеевых з сынамі сваімі, кланяючыся і чагосьці просячы ў Яго. 21. Ён жа сказаў ёй: чаго ты хочаш? Яна кажа Яму: скажы, каб селі гэтыя два сыны мае адзін праваруч, а другі леваруч ад Цябе ў Царстве Тваім. 22. Ісус сказаў у адказ: ня ведаеце, чаго просіце; ці можаце піць чару, якую Я буду піць, альбо хрышчэньнем, якім Я хрышчуся, хрысьціцца? Яны кажуць Яму: можам. 23. І кажа ім: чару Маю будзеце піць, і хрышчэньнем, якім Я хрышчуся, будзеце хрысьціцца; але даць сесьці ў Мяне праваруч і леваруч не ад Мяне залежыць, а каму ўгатавана Айцом Маім. 24. Пачуўшы гэта, дзесяцёра вучняў абурыліся на двух братоў. 25. Ісус жа, паклікаўшы іх, сказаў: вы ведаеце, што князі народаў пануюць над імі, і вяльможы валадараць над імі. 26. Але ня так хай будзе паміж вамі: а хто хоча між вамі большым быць, хай будзе вам слугою; 27. і хто хоча між вамі быць першым, хай будзе вам рабом; 28. бо Сын Чалавечы ня прыйшоў, каб Яму служылі, а каб паслужыць і аддаць душу Сваю як выкуп за многіх. 29. І калі выходзілі яны зь Ерыхона, за Ім сьледам ішло мноства людзей. 30. І вось, двое сьляпых, што сядзелі пры дарозе, пачуўшы, што Ісус ідзе міма, пачалі крычаць: памілуй нас, Госпадзе, Сыне Давідаў! 31. А людзі змушалі іх маўчаць; але яны яшчэ галасьней закрычалі: памілуй нас, Госпадзе, Сыне Давідаў! 32. Ісус, спыніўшыся, паклікаў іх і сказаў: што вы хочаце, каб Я зрабіў вам? 33. Яны кажуць Яму: Госпадзе! каб адкрыліся вочы нашыя. 34. Ісус жа, умілажаліўшыся, дакрануўся да вачэй іхніх; і адразу вочы іх пачалі бачыць, і яны пайшлі за Ім.
РАЗЬДЗЕЛ 21
1. І калі наблізіліся да Ерусаліма і прыйшлі ў Віфагію да гары Аліўнай, тады Ісус паслаў двух вучняў, 2. сказаўшы ім: ідзеце ў селішча, што проста перад вамі; і адразу знойдзеце асьліцу прывязаную і маладога асла зь ёю; адвязаўшы, прывядзеце да Мяне. 3. І калі вам хто скажа што-небудзь, адказвайце, што яны патрэбныя Госпаду; і адразу пашле іх. 4. А ўсё гэта было, каб збылося сказанае праз прарока, які гаворыць: 5. «скажэце дачцэ Сыёнавай: вось, Цар твой ідзе да цябе лагодны, седзячы на асьліцы і маладым асьле, сыне пад'ярэмнай». 6. Вучні пайшлі і зрабілі так, як загадаў ім Ісус, 7. прывялі асьліцу і маладога асла і паклалі на іх вопратку сваю, і Ён сеў паверх яе. 8. Мноства людзей пасьцілалі вопратку сваю на дарозе, а іншыя рэзалі вецьце з дрэў і пасьцілалі на дарозе; 9. а люд, які ішоў сьпераду і сьледам, усклікаў: асанна* Сыну Давідаваму! Дабраславёны Той, Хто ідзе ў імя Гасподняе! Асанна ў вышынях! 10. І калі ўвайшоў Ён у Ерусалім, увесь горад узрушыўся і пыталіся і казалі: хто гэта? 11. А люд казаў: Гэта Ісус, Прарок з Назарэта Галілейскага. 12. І ўвайшоў Ісус у храм Божы і выгнаў усіх тых, што прадавалі і куплялі ў храме, і сталы мяняйлаў перакуліў і ўслоны прадаўцоў галубоў, 13. і сказаў ім: напісана: «дом Мой домам малітвы назавецца»; а вы зрабілі зь яго логава разбойнікаў. 14. І прыступілі да Яго ў храме сьляпыя і кульгавыя, і Ён ацаліў іх. 15. А першасьвятары і кніжнікі, убачыўшы цуды, якія Ён учыніў, і дзяцей, якія ўсклікалі ў храме і казалі: «асанна Сыну Давідаваму», абурыліся. 16. і сказалі Яму: ці чуеш, што яны кажуць? А Ісус кажа ім: так! хіба вы ніколі ня чыталі: «з вуснаў дзетак і немаўлят Ты ўчыніў хвалу?». 17. І пакінуўшы іх, выйшаў з горада ў Віфанію і правёў там ноч. 18. А раніцай, вяртаючыся ў горад, схацеў есьці. 19. І, угледзеўшы пры дарозе адну смакоўніцу, падышоў да яе і, нічога на ёй не знайшоўшы, акрамя толькі лісьця, кажа ёй: хай ня будзе больш ад цябе плоду вавек. І адразу ўсохла смакоўніца. 20. Убачыўшы гэта, вучні зьдзівіліся і казалі: як гэта адразу ўсохла смакоўніца? 21. А Ісус сказаў ім у адказ: праўду кажу вам: калі будзеце мець веру і не спаняверыцеся, ня толькі зробіце тое, што зроблена са смакоўніцай, але, калі і гары гэтай скажаце: «падыміся і кінься ў мора», - будзе; 22. і ўсё, чаго ні папросіце ў малітве зь вераю, атрымаеце. 23. І калі прыйшоў Ён у храм і вучыў, падступіліся да Яго першасьвятары і старэйшыны народу і сказалі: якою ўладаю Ты гэта робіш? і хто Табе даў такую ўладу? 24. Ісус сказаў ім у адказ: папытаюся і Я ў вас адно; калі пра тое скажаце Мне, і Я вам скажу, якою ўладаю гэта раблю. 25. Хрышчэньне Янава адкуль было: зь нябёсаў, ці ад людзей? яны ж разважалі паміж сабою: калі скажам: «зь нябёсаў», дык Ён скажа нам: «чаму ж вы не паверылі яму?», 26. а калі скажам: «ад людзей», - баімося народу, бо ўсе ўважаюць Яна за прарока. 27. І сказалі ў адказ Ісусу: ня ведаем. Сказаў ім Ён: і Я вам не скажу, якою ўладаю гэта раблю. 28. А як вам здаецца? У аднаго чалавека было два сыны; і ён, падышоўшы да першага, сказаў: сыне! ідзі, сёньня працуй у вінаградніку маім. 29. Але ён сказаў у адказ: «не хачу», а пасьля, раскаяўшыся, пайшоў. 30. І, падышоўшы да другога, ён сказаў тое самае. Гэты сказаў у адказ: «іду, гаспадар». І не пайшоў. 31. Каторы з двух выканаў бацькаву волю? Кажуць Яму: першы. Кажа ім Ісус: праўду кажу вам, што мытнікі і распусьніцы паперад вамі ідуць у Царства Божае. 32. Бо прыйшоў да вас Ян шляхам праведнасьці, і вы не паверылі яму, а мытнікі і распусьніца паверылі яму; вы ж, і бачыўшы гэта, не раскаяліся пасьля, каб паверыць яму. 33. Выслухайце іншую прытчу. Быў адзін гаспадар дома, які насадзіў вінаграднік: і мурам абгарадзіў яго, і выкапаў у ім чавільню і збудаваў вежу, і аддаў яго вінаградарам, і адлучыўся. 34. А калі надышоў час пладоў, ён паслаў сваіх слуг да вінаградараў узяць плады свае. 35. Вінаградары, схапіўшы слуг ягоных, каго набілі, каго забілі, а каго каменьнем пабілі. 36. Зноў паслаў ён іншых слуг, больш чым раней; і зь імі ўчынілі тое самае. 37. Нарэшце паслаў ён да іх сына свайго, кажучы: пасаромеюцца сына майго. 38. Але вінаградары, убачыўшы сына, сказалі адзін аднаму: гэта спадкаемца; хадзем, заб'ем яго і завалодаем спадчынай ягонай: 39. І схапіўшы яго, вывелі вонкі зь вінаградніка і забілі. 40. І вось, калі прыйдзе гаспадар вінаградніка, што зробіць ён з гэтымі вінаградарамі? 41. Кажуць яму: ліхадзеяў гэтых аддасьць на лютую сьмерць, а вінаграднік аддасьць іншым вінаградарам, якія аддаваць будуць яму плады ў свой час. 42. Ісус кажа ім: няўжо вы ніколі ня чыталі ў Пісаньні: «камень, які адкінулі будаўнікі, той самы зрабіўся каменем кутнім: гэта - ад Госпада, і ёсьць дзіўна ў вачах нашых»? 43. Таму кажу вам, што адымецца ад вас Царства Божае, і дадзена будзе народу, які прыносіць плады ягоныя. 44. І той, хто ўпадзе на гэты камень, разаб'ецца; а на каго ён упадзе, таго раздушыць. 45. І чуючы прытчы Ягоныя, першасьвятары і фарысэі зразумелі, што Ён пра іх гаворыць; 46. і памыкаліся схапіць Яго; але пабаяліся люду, бо Яго ўважалі за прарока.
* Асанна - выратаваньне
РАЗЬДЗЕЛ 22
1. І ў адказ Ісус зноў прамовіў да іх у прытчах, кажучы: 2. падобнае Царства Нябеснае на чалавека-цара, які справіў вясельле сыну свайму 3. і паслаў рабоў сваіх клікаць запрошаных на вясельле; і не хацелі прыйсьці. 4. Зноў паслаў іншых рабоў, сказаўшы: скажэце запрошаным: «вось я прыгатаваў абед мой, цяляты мае і што ўкормлена, заколата, і ўсё гатова; прыходзьце на вясельле». 5. Але яны, ня даўшы ўвагі, пайшлі, хто на поле сваё, а хто да гандлю свайго. 6. Астатнія ж, схапіўшы рабоў ягоных, зьняважылі і забілі іх. 7. І пачуўшы, цар той угневаўся, і, паслаўшы войскі свае, вынішчыў забойцаў тых і горад іхні спаліў. 8. Тады кажа ён рабам сваім: вясельле гатова, а запрошаныя ня былі вартыя. 9. Дык вось, ідзеце на ростані і ўсіх, каго спаткаеце, клічце на вясельле. 10. І рабы тыя, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго толькі знайшлі, і благіх і добрых; і напоўнілася вясельле бяседнікамі. 11. Цар, увайшоўшы паглядзець на бяседнікаў, убачыў там чалавека, апранутага не ў вясельныя строі, 12. і кажа яму: дружа! як ты ўвайшоў сюды не ў вясельных строях? А той маўчаў. 13. Тады сказаў цар слугам: зьвязаўшы яму рукі і ногі, вазьмеце яго і выкіньце ў цемру вонкавую: там будзе плач і скрыгат зубоў; 14. бо шмат пакліканых, ды мала выбраных. 15. Тады фарысэі пайшлі і дамаўляліся, як падлавіць Яго на слове. 16. І пасылаюць да Яго вучняў сваіх зь ірадыянамі, кажучы: Настаўнік! мы ведаем, што Ты справядлівы, і шляху Божаму праўдзіва вучыш, і не стараешся дагадзіць каму-небудзь, бо не глядзіш на абліччы; 17. дык вось скажы нам: як Табе здаецца? ці дазваляецца даваць падатак кесару, ці не? 18. Але Ісус, убачыўшы зламыснасьць іхнюю, сказаў: што спакушаеце Мяне, крывадушнікі? 19. пакажэце Мне манету, якою плаціцца падатак. Яны прынесьлі Яму дынар. 20. І кажа ім: чыя гэта выява і надпіс? 21. І кажуць Яму: кесаравы. Тады кажа ім: дык аддавайце кесарава кесару, а Божае Богу. 22. Пачуўшы гэта, яны зьдзівіліся і пакінуўшы Яго, пайшлі. 23. У той дзень падступіліся да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрэсеньня, і спыталіся ў Яго: 24. Настаўнік! Майсей сказаў: «калі хто памрэ, ня маючы дзяцей, хай возьме брат ягоны жонку ягоную і адродзіць семя брату свайму». 25. Было ў нас сем братоў: першы, ажаніўшыся, памёр і, ня маючы дзяцей, пакінуў жонку сваю брату свайму; 26. гэтак сама і другі, і трэйці, нават да сёмага; 27. а пасьля ўсіх памерла і жонка. 28. Дык вось, ва ўваскрэсеньні, катораму зь сямёх будзе яна за жонку? бо ўсе мелі яе? 29. Ісус сказаў ім у адказ: памыляецеся, ня ведаючы Пісаньняў, ні сілы Божай; 30. бо ва ўваскрэсеньні ні жэняцца, ні выходзяць замуж, а жывуць, як анёлы Божыя на нябёсах. 31. А пра ўваскрэсеньне мёртвых ці ня чыталі вы сказанага вам Богам: 32. «Я Бог Абрагама, і Бог Ісаака, і Бог Якава»? Бог ня ёсьць Бог мёртвых, а жывых». 33. І пачуўшы, люд зьдзіўляўся з вучэньня Ягонага. 34. А фарысэі, пачуўшы, што Ён прывёў садукеяў у маўчаньне, сабраліся разам. 35. І спытаўся адзін зь іх, законьнік, спакушаючы Яго і кажучы: 36. Настаўнік! якая запаведзь найбольшая ў законе? 37. Ісус жа сказаў яму: «палюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім разуменьнем тваім»; 38. гэта найбольшая і першая запаведзь; 39. а другая падобная да яе: «палюбі блізкага твайго, як самога сябе»; 40. на гэтых дзьвюх запаведзях грунтуецца ўвесь закон і прарокі. 41. Калі ж сабраліся фарысэі, спытаўся ў іх Ісус: 42. што вы думаеце пра Хрыста? чый Ён сын? Кажуць Яму: Давідаў. 43. Кажа ім: як жа Давід, з натхненьня, Госпадам Яго называе, калі кажа: 44. «Сказаў Гасподзь Госпаду майму: сядзі праваруч ад Мяне, пакуль пакладу ворагаў Тваіх у падножжа ног Тваіх»? 45. Дык вось, калі Давід называе Яго Госпадам, як жа Ён сын яму? 46. І ніхто ня мог адказаць Яму ні слова; і не адважваўся ўжо ніхто з таго дня дапытвацца ў Яго.
РАЗЬДЗЕЛ 23
1. Тады Ісус прамовіў да люду і вучняў Сваіх, 2. кажучы: на Майсеевым пасадзе селі кніжнікі і фарысэі; 3. дык вось, усё, што яны кажуць вам захоўваць, рабеце і захоўвайце; а паводле ўчынкаў іхніх не рабеце, бо яны гавораць, і ня робяць: 4. зьвязваюць цяжары важкія і непасільныя і ўскладаюць на плечы людзям, а самі ня хочуць і пальцам зрушыць іх; 5. а ўсе справы свае робяць дзеля таго, каб бачылі іх людзі; пашыраюць філактэрыі* свае ды павялічваюць кутасы на адзеньні сваім; 6. а таксама любяць узьляжаць наперадзе на гасьцінах, і наперадзе сядзець у сынагогах, 7. і вітаньні на плошчах, і каб людзі клікалі іх: «Настаўнік! настаўнік!» 8. А вы не называйцеся настаўнікамі, бо адзін у вас Настаўнік - Хрыстос, а ўсе вы - браты; 9. і айцом сабе не называйце нікога на зямлі, бо адзін у вас Айцец, Які на нябёсах; 10. і не называйцеся правадырамі, бо адзін у вас Правадыр - Хрыстос. 11. Большы з вас хай будзе вам слуга: 12. бо хто ўзвышае сябе, той паніжаны будзе; а хто паніжае сябе, той узвысіцца. 13. Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што зачыняеце Царства Нябеснае перад людзьмі; бо самі не ўваходзіце, і тых, што ўваходзяць, ня пускаеце ўвайсьці. 14. Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што паядаеце дамы ўдоваў і напаказ доўга моліцеся: за тое прымеце тым большую асуду. 15. Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што праходзіце мора і сушу, каб прыдбаць хоць аднаго нававерца; і калі гэта здараецца, робіце яго сынам геены, двойчы горшым за вас. 16. Гора вам, павадыры сьляпыя, што кажаце: «калі хто прысягне храмам, дык нічога; а калі прысягне золатам храма, дык вінаваты». 17. Неразумныя і сьляпыя! што большае: золата, ці храм, які асьвячае золата? 18. і: «калі хто прысягне ахвярнікам, дык нічога; а калі прысягне дарам, які на ім, дык вінаваты». 19. Неразумныя і сьляпыя! што большае: дар, ці ахвярнік, які асьвячае дар? 20. Дык вось, хто прысягне ахвярнікам, прысягае ім і ўсім, што на ім; 21. і той, што прысягае храмам, прысягае ім і Тым, Хто жыве ў ім; 22. і той, хто прысягае небам, прысягае тронам Божым і Тым, Хто сядзіць на ім. 23. Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што даяце дзесяціну зь мяты, анісу і кмену, і адкінулі важнейшае ў законе: суд, міласьць і веру; гэта трэба было рабіць, і таго не пакідаць. 24. Павадыры сьляпыя, што адцэджваеце камара, а вярблюда праглынаеце! 25. Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што ачышчаеце зьнешнасьць кубка і місы, а ўсярэдзіне яны поўныя пахапнасьці і няпраўды. 26. Фарысэй сьляпы! ачысьці сьпярша сярэдзіну кубка і місы, каб чыстая была і зьнешнасьць іхняя. 27. Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што прыпадабняецеся да павапленых магіл, якія звонку здаюцца прыгожымі, а ўсярэдзіне поўныя касьцей мёртвых і ўсякага бруду; 28. так і вы зьнешне здаяцеся людзям праведнымі, а ўсярэдзіне поўныя крывадушнасьці і беззаконьня. 29. Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што будуеце магільніцы прарокам і ўпрыгожваеце помнікі праведнікам. 30. і кажаце: «калі б мы былі ў дні бацькоў нашых, дык ня былі б саўдзельнікамі іхнімі ў праліваньні крыві прарокаў»; 31. тым самым вы самі сьведчыце супроць сябе, што вы сыны тых, якія забілі прарокаў; 32. дапаўняйце ж меру бацькоў вашых. 33. Зьмеі, выродзьдзе яхідніна! як унікнеце вы асуджэньня ў геену? 34. Таму, вось, Я пасылаю да вас прарокаў, і мудрых, і кніжнікаў; і некаторых зь іх вы заб'яце і ўкрыжуеце, а некаторых будзеце біць у сынагогах вашых і гнаць з горада ў горад; 35. каб апала на вас уся кроў праведная, пралітая на зямлі, ад крыві Авеля праведнага да крыві Захарыі, сына Варахіевага, якога вы забілі паміж храмам і ахвярнікам. 36. Праўду кажу вам: усё гэта ападзе на род гэты. 37. Ерусаліме, Ерусаліме, што забіваеш прарокаў і каменьнем пабіваеш пасланых да цябе! колькі разоў хацеў Я сабраць дзяцей тваіх, як птушка зьбірае птушанят сваіх пад крылы, і вы не схацелі! 38. Вось, застаецца вам дом ваш пусты. 39. Бо кажу вам: ня ўбачыце Мяне ад сёньня, пакуль ня ўсклікнеце: «дабраславёны Той, Хто ідзе ў імя Гасподняе!».
* Філактэрыі - павязкі на лобе і на руках з словамі закона
РАЗЬДЗЕЛ 24
1. І выйшаўшы, Ісус ішоў ад храма. І прыступілі вучні Ягоныя, каб паказаць Яму будынкі храма. 2. Ён жа сказаў ім: ці бачыце ўсё гэта? Праўду кажу вам: не застанецца тут каменя на камені; усё будзе разбурана. 3. Калі ж сядзеў Ён на гары Аліўнай, дык прыступілі да Яго вучні асобна, кажучы: скажы нам, калі гэта будзе? і якая азнака Твайго прыходу і сканчэньня веку? 4. І ў адказ Ісус сказаў ім: глядзеце, каб хто вас ня ўвёў у зман; 5. бо многія прыйдуць пад імем Маім і будуць казаць: «я Хрыстос», - і многіх увядуць у зман. 6. Таксама пачуеце пра войны і ваенныя чуткі. Глядзеце, не жахайцеся; бо павінна ўсё тое быць. Але гэта яшчэ не канец: 7. бо паўстане народ на народ і царства на царства; і будзе голад і пошасьці, і землятрусы месцамі. 8. А ўсё гэта - болесны пачатак. 9. Тады будуць выдаваць вас на пакуты і забіваць вас; і вы будзеце зьненавіджаныя ўсімі народамі за імя Маё. 10. І тады спакусяцца многія; і адзін аднаго будуць выдаваць, і зьненавідзяць адзін аднаго; 11. і многія ілжэпрарокі паўстануць і ўвядуць у зман многіх; 12. і ад памнажэньня беззаконьня ахалоне любоў у многіх; 13. а хто выцерпіць да канца, уратуецца. 14. І абвешчана будзе гэтае Дабравесьце Царства па ўсім сьвеце, на сьведчаньне ўсім народам; і тады прыйдзе канец. 15. Дык вось, калі ўгледзіце брыдоту спусташэньня, пра якую сказана праз прарока Данііла, якая паўстане на сьвятым месцы, - хто чытае, хай разумее, - 16. тады хто будзе ў Юдэі, хай уцякаюць у горы; 17. і хто на даху, той хай ня сыходзіць узяць што-небудзь з дома свайго; 18. і хто ў полі, той хай не вяртаецца назад, каб узяць вопратку сваю. 19. Гора ж цяжарным і тым, што кормяць грудзьмі ў тыя дні! 20. Малецеся, каб ня сталіся ўцёкі вашы зімою, альбо ў суботу; 21. бо тады будзе вялікі смутак, якога ня было ад пачатку сьвету да сёньня, і ня будзе. 22. І калі б не скараціліся тыя дні, дык не ўратавалася б ніякая плоць; але дзеля выбраных скароцяцца тыя дні. 23. Тады калі хто скажа вам: «вось, тут Хрыстос», альбо «там», - ня верце; 24. бо паўстануць ілжэхрысты ды ілжэпрарокі і дадуць азнакі і вялікія цуды, каб увесьці ў зман, калі ўдасца, і выбраных. 25. Вось, Я наперад сказаў вам. 26. Значыцца, калі скажуць вам: «вось Ён у пустыні», - ня выходзьце; «вось, Ён у патайных пакоях», - ня верце; 27. бо, як маланка бліскае з усходу і відна бывае аж да захаду, такі будзе прыход Сына Чалавечага; 28. бо дзе будзе труп, там зьбяруцца арлы. 29. І раптам, пасьля смутку дзён тых, сонца памеркне, і месяц ня дасьць сьвятла свайго, і зоркі спадуць зь неба, і сілы нябесныя пахіснуцца; 30. і тады зьявіцца азнака Сына Чалавечага на небе; і тады заплачуць усе плямёны зямныя і ўбачаць Сына Чалавечага, Які будзе ісьці на аблоках нябесных зь сілаю і славаю вялікай; 31. і пашле анёлаў Сваіх з трубою громагучнаю, і зьбяруць выбраных Ягоных ад чатырох вятроў, ад краю нябёсаў да краю іх. 32. Ад смакоўніцы вазьмеце падабенства: калі гольле яе ўжо мякчэе і пускае лісьце, ведаеце, што блізка лета; 33. так і вы, калі ўбачыце ўсё гэта, ведайце, што блізка, пры дзьвярах. 34. Праўду кажу вам: ня міне род гэты, як усё тое будзе; 35. неба і зямля мінуцца, а словы Мае ня мінуць; 36. а пра дзень той і гадзіну ніхто ня ведае, ні анёлы нябесныя, а толькі Айцец Мой адзін; 37. але як было ў дні Ноя, так будзе і ў прыход Сына Чалавечага, 38. бо як у дні перад патопам елі, пілі, жаніліся і выходзілі замуж да таго дня, як увайшоў Ной у каўчэг, 39. і не разумелі, пакуль ня прыйшоў патоп і не забраў усіх, - так будзе і прыход Сына Чалавечага; 40. тады будуць двое на полі: адзін возьмецца, а другі пакінецца; 41. дзьве будуць малоць у жорнах: адна возьмецца, а другая пакінецца. 42. Дык чувайце ж, бо ня ведаеце, у якую гадзіну Гасподзь ваш прыйдзе. 43. Але гэта вы знаеце, што калі б ведаў гаспадар дома, у якую варту прыйдзе злодзей, дык чуваў бы і ня даў бы падкапаць дома свайго. 44. Таму і вы будзьце гатовыя, бо ў якую гадзіну ня думаеце, Сын Чалавечы прыйдзе. 45. Хто ж верны і разумны раб, якога гаспадар ягоны паставіў над слугамі сваімі, каб даваў ім ежу ў свой час? 46. Дабрашчасны той раб, якога гаспадар ягоны, прыйшоўшы застане, што робіць так; 47. праўду кажу вам, што над усім маёнткам сваім паставіць яго. 48. А калі скажа ліхі раб той ў сэрцы сваім: «ня хутка прыйдзе гаспадар мой», 49. і пачне біць субратоў сваіх, і есьці і піць з п'яніцамі, - 50. дык прыйдзе гаспадар раба таго ў дзень, у які ён не чакае, і ў гадзіну, у якую ня ведае, 51. і разатне яго напалам, і вызначыць яму аднолькавую долю з крывадушнікамі: там будзе плач і скрыгат зубоў.
РАЗЬДЗЕЛ 25
1. Тады ўпадобніцца Царства Нябеснае дзесяцём дзевам, якія, узяўшы сьвяцільні свае, выйшлі сустрэць маладога. 2. пяць зь іх было неразумных і пяць мудрых; 3. неразумныя, узяўшы сьвяцільні свае, не ўзялі з сабою алею; 4. а мудрыя ўзялі алею ў пасудзінах разам зь сьвяцільнямі сваімі; 5. і калі малады замарудзіўся, дык задрамалі ўсе і паснулі. 6. Але апоўначы крык пачуўся: «вось, малады ідзе, выходзьце на сустрэчу яму». 7. Тады ўсталі ўсе дзевы тыя і паправілі сьвяцільні свае. 8. А неразумныя мудрым сказалі: «дайце нам алею вашага, бо сьвяцільні нашыя гаснуць». 9. А мудрыя сказалі ў адказ: «каб ня сталася недахопу і ў нас і ў вас, ідзеце лепей да прадаўцоў і купеце сабе». 10. Калі ж пайшлі яны купляць, прыйшоў малады, і гатовыя ўвайшлі зь ім на вясельле, і зачыніліся дзьверы. 11. Пасьля прыходзяць і астатнія дзевы і кажуць: «спадару! спадару! адчыні нам». 12. Ён жа сказаў ім у адказ: «праўду кажу вам: ня ведаю вас». 13. Дык вось, чувайце; бо ня ведаеце ні дня, ні гадзіны, у якую прыйдзе Сын Чалавечы. 14. Гэтак і чалавек нейкі, адыходзячы, заклікаў рабоў сваіх і даручыў ім маёмасьць сваю: 15. і аднаму даў пяць талянтаў, другому два, таму адзін, кожнаму паводле ягонай сілы; і адразу адышоў. 16. Той, хто атрымаў пяць талянтаў, пайшоў: ужыў іх у справу і набыў другія пяць; 17. гэтак сама і той з двума набыў другія два; 18. а той, хто атрымаў адзін талянт, пайшоў і закапаў яго ў зямлю і схаваў серабро гаспадара свайго. 19. Па доўгім часе прыходзіць гаспадар рабоў тых і зводзіць зь імі рахунак. 20. І той, хто атрымаў пяць талянтаў, падышоўшы, прынёс другія пяць талянтаў і кажа: «Гаспадар! пяць талянтаў ты даў мне; вось, другія пяць талянтаў я набыў на іх». 21. Сказаў жа яму гаспадар ягоны: «добра, раб добры і верны! у малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасьць гаспадара твайго». 22. Падышоў таксама і той, што атрымаў два талянты, і сказаў: «гаспадар! два талянты ты даў мне; вось, другія два талянты набыў я на іх». 23. Сказаў жа яму гаспадар ягоны: «добра, раб добры і верны! у малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасьць гаспадара твайго». 24. Падышоў і той, што атрымаў адзін талянт, і сказаў: «гаспадар! я ведаў цябе, што ты чалавек жорсткі, жнеш, дзе ня сеяў, і зьбіраеш, дзе не рассыпбў; 25. і пабаяўшыся, пайшоў і схаваў талянт твой у зямлі; вось табе тваё». 26. Гаспадар жа ягоны сказаў яму ў адказ: «ліхі раб і гультай! ты ведаў, што я жну, дзе ня сеяў, і зьбіраю, дзе не рассыпбў; 27. таму трэба было табе аддаць серабро маё гандлярам, і я, прыйшоўшы, атрымаў бы маё з прыбыткам. 28. Дык вось вазьмеце ў яго талянт і дайце таму, хто мае дзесяць талянтаў, 29. бо кожнаму, хто мае, дасца і памножыцца, а ў таго, хто ня мае, адымецца і тое, што мае; 30. а нягоднага раба выкіньце ў цемру вонкавую: там будзе плач і скрыгат зубоў». (Сказаўшы гэта, усклікнуў: хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!). 31. Калі ж прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Сваёй і ўсе сьвятыя анёлы зь Ім, тады сядзе на троне славы Сваёй, 32. і зьбяруцца перад Ім усе народы; і аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў; 33. і паставіць авечак праваруч ад Сябе, а казлоў - леваруч. 34. Тады скажа Цар тым, якія праваруч ад Яго: «Прыйдзеце, дабраславёныя Айца Майго, прымеце ў спадчыну Царства, угатаванае вам ад стварэньня сьвету: 35. бо быў галодны Я, і вы далі Мне есьці; быў сасьмяглы, і вы напаілі Мяне; быў падарожны, і вы прынялі Мяне; 36. быў голы, і вы адзелі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; у цямніцы быў, і вы прыйшлі да Мяне. 37. Тады праведнікі скажуць Яму ў адказ: «Госпадзе! калі мы бачылі Цябе галоднага і накармілі? альбо сасьмяглага і напаілі? 38. калі ж мы бачылі Цябе падарожнага і прынялі? альбо голага і адзелі? 39. калі ж мы бачылі Цябе хворага, альбо ў цямніцы, і прыйшлі да цябе?». 40. І Цар скажа ім у адказ: «праўду кажу вам: як што зрабілі вы гэта аднаму з братоў Маіх меншых, дык зрабілі Мне». 41. Тады скажа і тым, якія леваруч ад Яго: «ідзеце ад Мяне, праклятыя, у вагонь вечны, угатаваны д'яблу і анёлам ягоным: 42. бо быў галодны Я, вы не далі Мне есьці; быў сасьмяглы, і вы не напаілі Мяне; 43. быў падарожны, і не прынялі Мяне; быў голы, і не адзелі Мяне; хворы і ў цямніцы, і не адведалі Мяне». 44. Тады і яны скажуць яму ў адказ: «Госпадзе, калі мы бачылі Цябе галоднага, альбо сасьмяглага, альбо падарожнага, альбо голага, альбо хворага, альбо ў цямніцы, і не паслужылі Табе?» 45. Тады скажа ім у адказ: «праўду кажу вам: як што вы не зрабілі гэтага аднаму з гэтых меншых, дык не зрабілі Мне». 46. І пойдуць гэтыя на пакуты вечныя, а праведнікі ў жыцьцё вечнае.
РАЗЬДЗЕЛ 26
1. І сталася: калі прамовіў Ісус усе словы гэтыя, дык сказаў вучням Сваім: 2. вы ведаеце, што праз два дні Пасха будзе, і Сын Чалавечы выданы будзе на крыжаваньне. 3. Тады сабраліся першасьвятары і кніжнікі і старэйшыны народу ў двор першасьвятара, якога звалі Каяфа, 4. і дамовіліся ўзяць Ісуса хітрасьцю і забіць; 5. але казалі: толькі ня ў сьвята, каб ня сталася абурэньня ў народзе. 6. Калі ж Ісус быў у Віфаніі, у доме Сымона пракажонага, 7. прыступіла да Яго жанчына з алавастравай пасудзінай міра шматкаштоўнага і ліла яму на галаву, калі Ён узьляжаў за сталом. 8. Убачыўшы, вучні Ягоныя абурыліся і казалі: навошта такое марнатраўства? 9. бо можна было б прадаць гэтае міра за вялікія грошы і даць убогім. 10. Але Ісус, зразумеўшы гэта, сказаў ім: што бянтэжыце жанчыну? Яна добры ўчынак зрабіла дзеля Мяне; 11. бо заўсёды ўбогіх вы маеце пры сабе, а Мяне не заўсёды маеце; 12. бо, выліўшы гэтае міра на Цела Маё, яна падрыхтавала Мяне да пахаваньня; 13. праўду кажу вам: дзе ні будзе абвешчана Дабравесьце гэтае ў цэлым сьвеце, сказана будзе ў памяць яе і пра тое, што зрабіла яна. 14. Тады адзін з дванаццацёх, якога звалі Юда Іскарыёт, пайшоў да першасьвятароў 15. і сказаў: што вы дасьце мне, і я вам выдам Яго? Яны прапанавалі яму трыццаць срэбранікаў; 16. і з таго часу ён шукаў зручнай нагоды выдаць Яго. 17. У першы ж дзень праснакоў прыступілі вучні да Ісуса і сказалі яму: дзе хочаш, каб мы прыгатавалі Табе есьці пасху? 18. Ён жа сказаў: ідзеце ў горад да такога і такога і скажэце яму: «Настаўнік кажа: час мой блізкі, у цябе ўчыню пасху з вучнямі Маімі». 19. І зрабілі вучні, як загадаў ім Ісус, і прыгатавалі пасху. 20. Калі ж зьвечарэла, Ён узьлёг з дванаццацьцю вучнямі; 21. І калі яны елі, сказаў: праўду кажу вам, што адзін з вас выдасьць Мяне. 22. Яны вельмі засмуціліся і пачалі казаць Яму, кожны зь іх: ці ня я, Госпадзе? 23. А Ён сказаў у адказ: хто апусьціў са Мною руку ў місу, той выдасьць Мяне; 24. зрэшты, Сын Чалавечы ідзе, як пісана пра Яго; але гора таму чалавеку, якім Сын Чалавечы выдаецца: лепей было б чалавеку гэтаму не радзіцца. 25. У адказ жа Юда, які выдаў Яго, сказаў: ці ня я, Равьві? Ісус кажа яму: ты сказаў. 26. А калі яны елі: Ісус, узяўшы хлеб і дабраславіўшы, паламаў і, раздаючы вучням, сказаў: прымеце, ежце: гэта Цела Маё. 27. І ўзяўшы чару, і падзякаваўшы, падаў ім і сказаў: пеце зь яе ўсе; 28. бо гэта Кроў Мая новага запавету, за многіх праліваная дзеля дараваньня грахоў. 29. Кажу ж вам, што ад сёньня ня буду піць ад плоду гэтага вінаграднага да таго дня, калі буду піць з вамі новае віно ў Царстве Айца Майго. 30. І засьпяваўшы, пайшлі на гару Аліўную. 31. Тады кажа ім Ісус: усе вы запаняверыцеся ўва Мне ў гэтую ноч, бо напісана: «пакараю пастыра, і расьсеюцца авечкі». 32. А пасьля ўваскрэсеньня Майго сустрэну вас у Галілеі. 33. У адказ жа Пётр сказаў Яму: калі і ўсе запаняверацца ў Табе, я не запаняверуся. 34. Сказаў яму Ісус: праўду кажу табе, што гэтае ночы, перш чым засьпявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне. 35. Кажа Яму Пётр: хоць бы прыпала мне і памерці з Табою, не адракуся ад Цябе. Падобнае і ўсе вучні казалі. 36. Потым прыходзіць зь імі Ісус у мясьціну, званую Гефсіманія, і кажа вучням: пасядзеце тут, пакуль Я пайду, памалюся там. 37. І ўзяўшы Пятра і абодвух сыноў Зевядзеевых, пачаў смуткаваць і журыцца. 38. Тады кажа ім Ісус: душа Мая смуткуе да сьмерці; пабудзьце тут і чувайце са Мною. 39. І адышоўшы крыху, упаў на аблічча Сваё, маліўся і казаў: Войча Мой! калі магчыма, хай абміне Мяне чара гэтая: але не як Я хачу, а як Ты. 40. І прыходзіць да вучняў і застае, што яны сьпяць, і кажа Пятру: ці так не змаглі вы адну гадзіну чуваць са Мною? 41. чувайце і малецеся, каб не паддацца спакусе: дух бадзёры, а плоць нядужая. 42. Яшчэ, адышоўшы другі раз, маліўся, кажучы: Войча Мой! калі ня можа чара гэтая абмінуць Мяне, каб Мне ня піць яе, хай будзе воля Твая. 43. І прыйшоўшы, застаў, што зноў яны сьпяць, бо ў іх вочы ацяжэлі. 44. І пакінуўшы іх, адышоў зноў і памаліўся трэйці раз, тое самае слова сказаўшы. 45. Тады прыходзіць да вучняў Сваіх і кажа ім: вы ўсе яшчэ сьпіце і спачываеце; вось, наблізілася гадзіна, і Сын Чалавечы аддаецца ў рукі грэшнікаў; 46. устаньце, хадзем: вось наблізіўся той, хто прадае Мяне. 47. І калі яшчэ гаварыў Ён, вось, Юда, адзін з дванаццацёх, прыйшоў, і зь ім мноства людзей зь мечамі і каламі, ад першасьвятароў і старэйшын народных. 48. А хто выдаваў Яго, даў ім знак, кажучы: каго я пацалую, Той і ёсьць, вазьмеце Яго. 49. І, адразу падышоўшы да Ісуса, сказаў: радуйся, Равьві! І пацалаваў Яго. 50. Ісус жа сказаў яму: дружа, чаго ты прыйшоў? Тады падышлі, і паклалі рукі на Ісуса, і ўзялі Яго. 51. І вось, адзін з тых, што былі зь Ісусам, працягнуўшы руку, дастаў меч свой і, ударыўшы раба першасьвятаровага, адсек яму вуха. 52. Тады кажа яму Ісус: вярні меч твой у месца ягонае, бо ўсе, што возьмуць меч, ад мяча і загінуць; 53. альбо думаеш, што Я не магу цяпер упрасіць Айца Майго, і Ён дасьць Мне больш за дванаццаць легіёнаў анёлаў? 54. як жа збудуцца Пісаньні, што так павінна быць? 55. У тую гадзіну сказаў Ісус народу: быццам на разбойніка выйшлі вы зь мечамі і каламі ўзяць Мяне; кожны дзень з вамі сядзеў Я, вучачы ў храме, і вы ня бралі Мяне. 56. А ўсё гэта было, каб збыліся пісаньні прарокаў. Тады ўсе вучні, пакінуўшы Яго, паўцякалі. 57. А тыя, што ўзялі Ісуса, завялі Яго да Каяфы першасьвятара, куды сабраліся кніжнікі і старэйшыны. 58. А Пётр ішоў сьледам за Ім зводдаль, да двара першасьвятаровага і ўвайшоўшы ў сярэдзіну, сеў са слугамі, каб бачыць канец. 59. Першасьвятары і старэйшыны і ўвесь сынедрыён шукалі ілжывага сьведчаньня супроць Ісуса, каб аддаць Яго на сьмерць; 60. і не знаходзілі; і хоць шмат ілжывых сьведкаў прыходзіла, не знайшлі. Але нарэшце прыйшлі два лжывыя сьведкі 61. і сказалі: Ён казаў: «магу разбурыць храм Божы і за тры дні збудаваць яго». 62. І ўстаўшы, першасьвятар сказаў Яму: чаму нічога не адказваеш, што яны супроць Цябе сьведчаць? 63. А Ісус маўчаў. І першасьвятар сказаў Яму: заклінаю Цябе Богам жывым, скажы нам, ці Ты Хрыстос, Сын Божы? 64. Кажа яму Ісус: ты сказаў; нават маўляю вам: ад сёньня ўгледзіце Сына Чалавечага, што сядзіць праваруч сілы і ідзе на аблоках нябесных. 65. Тады першасьвятар разадраў адзеньне сваё і сказаў: Ён блюзьнерыць. Навошта яшчэ нам сьведкі? Вось, вы чулі блюзьнерства Ягонае! 66. Як вам здаецца? А яны сказалі ў адказ: варты сьмерці. 67. Тады плявалі Яму ў твар і тузалі Яго; а іншыя білі па шчоках. 68. і казалі: скажы нам, Хрысьце, хто ўдарыў Цябе? 69. А Пётр сядзеў звонку на дварэ. І падышла да яго адна служанка і сказала: і ты быў зь Ісусам Галілеянінам. 70. Але ён адрокся перад усімі, сказаўшы: ня ведаю, што ты кажаш. 71. А калі ён выходзіў за браму, убачыла яго другая, і кажа тым, што былі там: і гэты быў зь Ісусам Назарэем. 72. І зноў адрокся ён, прысягнуўшы: я ня ведаю Гэтага Чалавека. 73. Крыху пазьней падышлі тыя, што стаялі, і сказалі Пятру: сапраўды і ты зь іх, бо і гаворка твая выдае цябе. 74. Тады ён пачаў прысягаць і бажыцца: я ня ведаю Гэтага Чалавека. І тут жа засьпяваў певень. 75. І згадаў Пётр словы, сказаныя яму Ісусам: перш чым засьпявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне. І выйшаўшы вонкі, плакаў горка.
РАЗЬДЗЕЛ 27
1. Калі ж настала раніца, зрабілі нараду ўсе першасьвятары і старэйшыны народу супраць Ісуса, каб аддаць Яго на сьмерць: 2. і зьвязаўшы Яго, завялі і перадалі яго Понцію Пілату, намесьніку. 3. Тады Юда, які выдаў Яго, убачыўшы, што засудзілі Яго, і раскаяўшыся, аддаў трыццаць срэбранікаў першасьвятарам і старэйшынам, 4. кажучы: зграшыў я, прадаўшы кроў нявінную. Яны ж сказалі: што нам да таго? глядзі сам. 5. І кінуўшы срэбранікі ў храме, ён адышоў; і пайшоўшы, павесіўся. 6. Першасьвятары, узяўшы срэбранікі, сказалі: не дазваляецца класьці іх у храмавую скарбніцу, бо гэта цана крыві. 7. І зрабіўшы нараду, купілі на іх поле ганчара для пахаваньня чужынцаў; 8. таму і называецца поле тое «полем крыві» па сёньняшні дзень; 9. тады збылося сказанае праз прарока Ерамію, які кажа: і ўзялі трыццаць срэбранікаў, цану Ацэненага, Якога ацанілі сыны Ізраілевыя, 10. і далі іх за поле ганчара, як сказаў мне Гасподзь. 11. Ісус жа стаў перад намесьнікам. І спытаўся ў Яго намесьнік, кажучы: Ты Цар Юдэйскі? А Ісус сказаў яму: ты кажаш. 12. І калі вінавацілі Яго першасьвятары і старэйшыны, Ён нічога не адказваў. 13. Тады кажа Яму Пілат: ці ня чуеш, колькі сьведчаць супроць Цябе? 14. І не адказваў яму на ніводнае слова, так што намесьнік вельмі зьдзіўляўся. 15. А на сьвята намесьнік меў звычай выпускаць народу аднаго вязьня, якога б хацелі. 16. Быў тады ў іх вядомы вязень, званы Варава. 17. І вось, як сабраліся яны, сказаў ім Пілат: каго хочаце, каб я выпусьціў вам: Вараву ці Ісуса, Якога завуць Хрыстом? 18. Бо ведаў, што з зайздрасьці выдалі Яго. 19. Тым часам, як сядзеў ён на судовым месцы, жонка ягоная паслала яму сказаць: не рабі нічога Праведніку Таму, бо я сёньня ў сьне шмат адцярпела за Яго. 20. Але першасьвятары і старэйшыны падбухторылі люд прасіць Вараву, а Ісуса загубіць. 21. Тады намесьнік сказаў у адказ: каго хочаце з двух, каб я выпусьціў вам? Яны сказалі: Вараву. 22. Кажа ім Пілат: што ж мне зрабіць зь Ісусам, Якога завуць Хрыстом? Кажуць яму ўсе: хай будзе ўкрыжаваны! 23. А намесьнік сказаў: якое ж ліха ўчыніў Ён? Але яны яшчэ мацней крычалі: хай будзе ўкрыжаваны! 24. Пілат, бачачы, што нічога не дапамагае, а неспакой расьце, узяў вады і ўмыў рукі перад людзьмі, кажучы: невінаваты я ў крыві Праведніка Гэтага; глядзеце самі. 25. І, адказваючы, увесь люд сказаў: Кроў Ягоная на нас і на дзецях нашых. 26. Тады выпусьціў ім Вараву, а Ісуса, біўшы, аддаў на крыжаваньне. 27. Тады воіны намесьнікавы, узяўшы Ісуса ў прэторыю, сабралі на Яго цэлы полк, 28. і разьдзеўшы Яго, надзелі на Яго пурпуру; 29. і, сплёўшы вянок зь цёрну, усклалі на галаву Яму і далі Яму ў правую руку кій, і, укленчыўшы перад Ім, кпілі зь Яго, кажучы: радуйся, Цар Юдэйскі! 30. і плявалі на Яго і, узяўшы кій, білі па галаве Яго. 31. І калі назьдзекаваліся зь Яго, зьнялі зь Яго пурпуру і апранулі Яго ў адзежу Ягоную, і павялі Яго на крыжаваньне. 32. Выходзячы, спаткалі яны аднаго Кірынеяніна, імем Сымон: яго і прымусілі несьці крыж Ягоны. 33. І прыйшоўшы на месца, якое называецца Галгофа, што азначае «месца чарапоў», 34. далі Яму піць воцату, зьмяшанага з жоўцю; і, пакаштаваўшы, не хацеў піць. 35. Тыя, што ўкрыжавалі Яго, дзялілі вопратку Ягоную, кідаючы жэрабя; 36. і, седзячы, вартавалі Яго там; 37. і зьмясьцілі над галавою Ягонай надпіс зь віною Яго: Гэты ёсьць Ісус, Цар Юдэйскі. 38. Тады ўкрыжавалі зь Ім двух разбойнікаў: аднаго па правы бок, а другога па левы. 39. А тыя, што міма праходзілі, зьневажалі Яго, ківаючы галовамі сваімі 40. і кажучы: Ты, што разбураеш храм і за тры дні будуеш! уратуй Сябе Самога. Калі Ты Сын Божы, сыйдзі з крыжа. 41. Падобна і першасьвятары з кніжнікамі і старэйшынамі і фарысэямі, насьміхаючыся, казалі: 42. іншых ратаваў, а Самога Сябе ня можа ўратаваць. Калі Ён Цар Ізраілеў, хай цяпер сыйдзе з крыжа, і ўверуем у Яго; 43. спадзяваўся на Бога: хай цяпер выбавіць Яго, калі Ён угодны Яму. Бо Ён сказаў: Я Божы Сын. 44. Таксама і разбойнікі, укрыжаваныя зь Ім, зьневажалі Яго. 45. Ад шостай жа гадзіны цемра настала па ўсёй зямлі да гадзіны дзявятай. 46. а каля дзявятай гадзіны ўскрыкнуў Ісус моцным голасам, кажучы: Ілі, Ілі! ламб савахвані? што азначае: Божа Мой, Божа Мой! чаму Ты Мяне пакінуў? 47. Некаторыя, што стаялі там, чуючы гэта, казалі: Ільлю кліча Ён. 48. І адразу пабег адзін зь іх, узяў губку, намачыў у воцат і, насадзіўшы на кій, даваў Яму піць; 49. а другія казалі: пастой; пабачым, ці прыйдзе Ільля ўратаваць Яго. 50. А Ісус, зноў ўскрыкнуўшы моцным голасам, выпусьціў дух. 51. І вось, завеса храма разадралася напалам, зьверху данізу; і зямля здрыганулася: і каменьне раскалолася; 52. і магілы расчыніліся; і многія целы памерлых паўсталі; 53. і выйшаўшы з магілаў пасьля ўваскрэсеньня Ягонага, увайшлі ў сьвяты горад і явіліся многім. 54. А сотнік і тыя, што зь ім вартавалі Ісуса, бачачы землятрус і ўсё, што адбылося, перапалохаліся вельмі і казалі: сапраўды Ён быў Сын Божы. 55. Там былі таксама і глядзелі здалёк многія жанчыны, якія ішлі сьледам за Ісусам з Галілеі, служачы Яму; 56. сярод іх былі Марыя Магдаліна і Марыя, маці Якава і Ёсіі, і маці сыноў Зевядзеевых. 57. Калі ж зьвечарэла, прыйшоў багаты чалавек з Арыматэі, імем Язэп, які таксама вучыўся ў Ісуса; 58. ён, прыйшоўшы да Пілата, прасіў Цела Ісусавага. Тады Пілат загадаў аддаць Цела. 59. І ўзяўшы Цела, Язэп абгарнуў яго чыстым палатном 60. і паклаў яго ў новай сваёй магіле, якую высек у скале; і прываліўшы вялікі камень да дзьвярэй магілы, адышоў. 61. Была ж там Марыя Магдаліна і другая Марыя, якія сядзелі насупраць магілы. 62. На другі дзень, які ідзе за пятніцай, сабраліся першасьвятары і фарысэі да Пілата 63. і казалі: спадару! мы ўспомнілі, што ашуканец той, яшчэ калі быў жывы, сказаў: «праз тры дні ўваскрэсну»; 64. дык вось, загадай вартаваць магілу да трэйцяга дня, каб вучні Ягоныя, прыйшоўшы ўначы, ня ўкралі Яго і не сказалі народу: «уваскрэс зь мёртвых», і будзе апошняе ашуканства горшае за першае. 65. А Пілат сказаў ім: маеце варту; ідзеце, ахоўвайце, як ведаеце. 66. Яны пайшлі і ахоўвалі магілу, прыклаўшы пячатку да каменя і паставіўшы варту.
РАЗЬДЗЕЛ 28
1. Як прайшла субота, на сьвітаньні першага дня тыдня, прыйшла Марыя Магдаліна і другая Марыя паглядзець магілу. 2. І вось, зрабіўся вялікі землятрус, бо анёл Гасподні, які сышоў зь неба, прыступіўшы, адваліў камень ад уваходу ў магілу і сядзеў на ім; 3. выгляд жа ягоны быў, як маланка, і ўбраньне ягонае белае, як сьнег. 4. І ад страху перад ім затрымцелі вартаўнікі, і сталі як мёртвыя. 5. Анёл жа, прамаўляючы да жанчын, сказаў: ня бойцеся вы; бо ведаю, што вы шукаеце Ісуса ўкрыжаванага; 6. няма Яго тут; Ён уваскрэс, як сказаў; падыдзеце, пабачце месца, дзе ляжаў Гасподзь; 7. ды ідзеце хутчэй, скажэце вучням Ягоным, што Ён уваскрэс зь мёртвых і сустрэне вас у Галілеі: там Яго ўбачыце; вось я сказаў вам. 8. І пайшоўшы сьпешна ад магілы, яны са страхам і радасьцю вялікаю пабеглі паведаміць вучням Ягоным; 9. калі ж ішлі яны паведаміць вучням Ягоным, і вось, Ісус сустрэў іх і сказаў: радуйцеся! І яны, прыступіўшы, абхапілі ногі Ягоныя і пакланяліся Яму. 10. Тады кажа ім Ісус: ня бойцеся; ідзеце, паведаміце братам Маім, каб ішлі ў Галілею, і там яны ўбачаць мяне. 11. А калі яны ішлі, дык некаторыя з варты, увайшоўшы ў горад, паведамілі першасьвятарам усё, што адбылося. 12. І яны, сабраўшыся са старэйшынамі і зрабіўшы нараду, немалыя грошы далі воінам, 13. кажучы: скажэце, што вучні Ягоныя, уначы прыйшоўшы, укралі Яго, калі мы спалі; 14. і калі чуткі пра гэта дойдуць да намесьніка, мы пераканаем яго і вас ад няпрыемнасьці ўратуем. 15. Яны ж, узяўшы грошы, зрабілі, як навучаныя былі. І пранеслася слова гэтае сярод Юдэяў аж да сёньняшняга дня. 16. Адзінаццаць жа вучняў пайшлі ў Галілею, на гару, куды загадаў ім Ісус; 17. і, убачыўшы Яго, пакланіліся Яму; а другія засумняваліся. 18. І, прыступіўшы, Ісус сказаў ім: дадзена Мне ўсякая ўлада на небе і на зямлі: 19. дык ідзеце, навучайце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца і Сына і Сьвятога Духа, 20. вучачы іх выконваць усё, што Я запаведаў вам; і вось, Я з вамі ва ўсе дні да сканчэньня веку. Амін. |