РАЗЬДЗЕЛ 1
Як ужо многія пачалі складаць аповесьці пра добра вядомыя сярод нас падзеі, 2. як пераказалі нам тое ўсе, хто з самага пачатку быў сьведкамі і слугамі Слова, - 3. дык надумаўся і я, рупліва дасьледаваўшы ўсё з пачатку, па парадку апісаць табе, глыбокашаноўны Феафіле, 4. каб ты ўведаў цьвёрдую аснову таго вучэньня, у якім быў настаўлены. 5. У дні Ірада, цара Юдэйскага, быў сьвятар з Авіевай чаргі, імем Захар, і жонка ягоная з роду Ааронавага, імя ейнае ілізабэта. 6. Абое яны былі праведныя перад Богам, жывучы паводле ўсіх запаведзяў і ўстанаўленьняў Гасподніх беспахібна. 7. У іх ня было дзяцей, бо ілізабэта была няплодная, і абое былі ўжо ў сталым веку. 8. Аднаго разу, калі ён у парадку сваёй чаргі служыў перад Богам, 9. па жэрабі, як заведзена было ў сьвятароў, прыпала яму ўвайсьці ў храм Гасподні кадзіць, 10. а ўсё мноства людзей малілася звонку ў часе каджэньня, - 11. тады зьявіўся яму анёл Гасподні, стоячы па правы бок да ахвярніка кадзільнага, 12. і Захар, убачыўшы яго, сумеўся, і страх агарнуў яго. 13. Анёл жа сказаў яму: ня бойся, Захар, бо пачута малітва твая, і жонка твая ілізабета народзіць табе сына, і дасі яму імя Ян; 14. і будзе табе радасьць і весялосьць, і многія нараджэньню ягонаму ўзрадуюцца; 15. бо ён вялікі будзе перад Госпадам; ня будзе піць віна і сікеру, і Духам Сьвятым прасякнецца яшчэ ад улоньня маці сваёй; 16. і многіх з-паміж сыноў Ізраілевых наверне да Госпада Бога іхняга; 17. і пройдзе перад імі ў духу і ў сіле Ільлі, каб вярнуць сэрцы бацькоў дзецям, і непакорлівым лад думак праведнікаў, каб зьявіць Госпаду народ падрыхтаваны. 18. І сказаў Захар анёлу: па чым я пазнаю гэта? бо я стары, і жонка мая ў сталым веку. 19. Анёл сказаў яму ў адказ: я Гаўрыіл, стаю перад Богам, і пасланы гаварыць з табою і паведаміць табе гэта; 20. і вось ты будзеш маўчаць і ня зможаш гаварыць да таго дня, калі гэта збудзецца, за тое, што ты не паверыў словам маім, якія спраўдзяцца ў свой час. 21. Тым часам люд чакаў Захара і зьдзіўляўся, што ён марудзіў у храме. 22. А ён, выйшаўшы, ня мог гаварыць да іх; і яны зразумелі, што ён бачыў уяву ў храме; і ён рабіў ім знакі і заставаўся нямы. 23. А як скончыліся дні службы ягонай, вярнуўся ў дом свой. 24. Пасьля гэтых дзён зачала ілізабэта, жонка ягоная, і таілася пяць месяцаў, і казала: 25. так учыніў мне Гасподзь у дні тыя, калі паглядзеў на мяне, каб зьняць зь мяне ганьбу сярод людзей. 26. А на шостым месяцы пасланы быў анёл Гаўрыіл ад Бога ў горад Галілейскі, які называўся Назарэт, 27. да Дзевы, заручанай з мужам, імем Язэп, з дому Давідавага; а імя ў Дзевы: Марыя. 28. Анёл, увайшоўшы да Яе, сказаў: радуйся, Дабрадатная! Гасподзь з Табою; дабраславёная Ты сярод жанчын. 29. А Яна, угледзеўшы яго, сумелася ад словаў ягоных і разважала, што б гэта было за вітаньне. 30. І сказаў Ёй анёл: ня бойся, Марыя, бо Ты здабыла мілату ў Бога; 31. і вось, зачнеш ва ўлоньні, і народзіш Сына, і дасі Яму імя: Ісус; 32. Ён будзе вялікі і будзе названы Сынам Усявышняга; і дасьць Яму Гасподзь Бог пасад Давіда, бацькі Ягонага; 33. і будзе валадарыць над домам Якава вечна, і Царству Ягонаму ня будзе канца. 34. А Марыя сказала анёлу: як будзе гэта, калі Я мужа ня знаю? 35. Анёл сказаў Ёй у адказ: Дух Сьвяты сыйдзе на Цябе, і сіла Усявышняга ахіне Цябе; таму і народжанае Сьвятое назавецца Сынам Божым; 36. вось, і ілізабэта, сваячка Твая, называная няплоднаю, і яна зачала сына ў старасьці сваёй, і ёй ужо шосты месяц; 37. бо ў Бога не застанецца бясьсілым ніякае слова. 38. Тады Марыя сказала: вось, раба Гасподняя; хай будзе Мне паводле слова твайго. І адыйшоў ад Яе анёл. 39. І ўстаўшы, Марыя ў дні тыя, пасьпяшалася ў нагорную краіну, у горад Юдаў, 40. і ўвайшла ў дом Захара, і прывітала ілізабэту. 41. Калі ілізабэта пачула вітаньне Марыіна, варухнулася дзіцятка ў чэраве ў яе; і Елісавета напоўнілася Духам Сьвятым, 42. і ўсклікнула моцным голасам, і сказала: Дабраславёная Ты сярод жанчын, і дабраславёны плод улоньня Твайго! 43. І адкуль гэта мне, што прыйшла Маці Госпада майго да мяне? 44. Бо калі голас вітаньня Твайго дайшоў да слыху майго, варухнулася дзіцятка радасна ў чэраве маім. 45. і дабрашчасная Тая, Якая паверыла, бо збудзецца сказанае Ёй ад Госпада. 46. І сказала Марыя: праслаўляе душа Мая Госпада, 47. і ўзрадаваўся дух мой у Богу, Збаўцу Маім, 48. што дагледзеў Ён пакорлівасьць рабы Сваёй; бо ад сёньня будуць шчасьціць Мяне ўсе роды, 49. бо ўчыніў Мне веліч Магутны і сьвятое імя Ягонае, 50. і ласка Ягоная ў роды родаў да тых, што баяцца Яго; 51. зьявіў сілу рукі Сваёй; расьсеяў тых, што заносяцца думкамі сэрца свайго; 52. скінуў моцных з тронаў, і ўзвысіў пакорлівых; 53. галодных напоўніў дабром, а багатых пусьціў ані з чым; 54. прыгарнуў Ізраіля, слугу Свайго, памятаючы пра міласэрнасьць; 55. як казаў бацькам нашым, Абрагаму і семені ягонаму давеку. 56. А Марыя прабыла зь ёю каля трох месяцаў і вярнулася ў дом Свой. 57. А ілізабэце прысьпеў час радзіць, і яна нарадзіла сына. 58. І пачулі суседзі і родзічы ейныя, што прасьцёр Гасподзь ласку Сваю над ёю, і радаваліся зь ёю. 59. На восьмы дзень прыйшлі абрэзаць дзіця, і хацелі назваць яго імем бацькі ягонага, Захарам. 60. На гэта маці ягоная сказала: не; а назваць яго Янам. 61. І сказалі ёй: нікога няма ў радзіне тваёй, хто б называўся гэтым імем. 62. І пыталіся знакамі ў бацькі ягонага, як бы ён хацеў назваць яго. 63. Ён папрасіў дошчачку і напісаў: Ян імя яму. І ўсе зьдзівіліся. 64. І адразу разамкнуліся вусны ягоныя і язык ягоны, і ён загаварыў, славячы Бога. 65. І быў страх на ўсіх, што жылі вакол іх; і расказвалі пра ўсё гэта па ўсёй нагорнай краіне Юдэйскай. 66. Усе, хто чуў, паклалі гэта ў сэрца сваё і казалі: што будзе зь дзіцятка гэтага? І рука Гасподняя была зь ім. 67. І Захар, бацька Ягоны, напоўніўся Духам Сьвятым і прарочыў, кажучы: 68. Дабраславёны Гасподзь Бог Ізраілеў, што наведаў народ Свой і даў ратунак яму, 69. і паслаў моцнага выратавальніка нам, нашчадка Давіда, слугі Свайго, 70. як узьвясьціў вуснамі былых ад веку сьвятых прарокаў Сваіх, 71. што ўратуе нас ад ворагаў нашых; і ад рукі ўсіх ненавісьнікаў нашых; 72. учыніць міласэрнасьць бацькам нашым і ўспомніць сьвятую дамову Сваю, 73. прысягу, якою прысягаў Ён Абрагаму, бацьку нашаму, даць нам, 74. каб бяз страху, пасьля збавеньня ад рук ворагаў нашых, 75. мы служылі Яму ў сьвятасьці і праўдзе перад Ім ва ўсе дні жыцьця нашага. 76. А ты, дзіця, назавешся прарокам Усявышняга, бо ідзеш перад абліччам Госпада - падрыхтаваць шляхі Яму, 77. каб разумеў народ Ягоны ратунак у дараваньні грахоў іхніх, 78. праз шчырую міласэрнасьць Бога нашага, якой наведаў нас Усход з вышыні, 79. прасьвятліць тых, што сядзяць у цемры і цяні сьмяротным, скіраваць ногі нашыя на шлях міру. 80. А дзіця расло і мацавалася духам, і заставалася ў пустынях да дня зьяўленьня свайго Ізраілю.
РАЗЬДЗЕЛ 2
1. У тыя дні выйшаў ад кесара Аўгуста загад зрабіць перапіс па ўсёй зямлі. 2. Гэты перапіс быў першы ў праўленьне Квірынія Сірыяй. І пайшлі ўсе запісвацца, кожны ў свой горад. 3. Пайшоў таксама і Язэп з Галілеі, з горада Назарэта, у Юдэю, у горад Давідаў, называны Віфляемам, бо ён быў з дому і роду Давідавага, 5. запісацца з Марыяю, заручанаю яму жонкай, якая была цяжарная. 6. Калі ж былі яны там, настаў час радзіць Ёй; 7. і нарадзіла Сына Свайго першынца, і спавіла Яго, і паклала яго ў ясьлі, бо ня было ім месца ў гасьцініцы. 8. У той краіне былі на полі пастухі, якія трымалі начную варту каля статку свайго. 9. Раптам зьявіўся ім анёл Гасподні, і слава Гасподняя апраменіла іх; і спалохаліся страхам вялікім. 10. І сказаў ім анёл: ня бойцеся; я ўзьвяшчаю вам вялікую радасьць, якая будзе ўсім людзям: 11. бо сёньня нарадзіўся вам у горадзе Давідавым Збаўца, Які ёсьць Хрыстос Гасподзь; 12. і вось вам знак: вы знойдзеце Дзіця ў пялюшках, Яно ляжыць у ясьлях. 13. І раптоўна зьявілася з анёлам шматлікае войска нябеснае, славячы Бога і заклікаючы: 14. слава ў вышынях Богу, і на зямлі мір, і ў людзях добрая воля. 15. Калі анёлы адыйшлі ад іх на неба, пастухі сказалі адзін аднаму: хадзем у Віфляем і паглядзім, што там сталася, пра што абвясьціў нам Гасподзь. 16. І пасьпяшаўшыся, прыйшлі, і знайшлі Марыю і Язэпа, і Дзіцятка, Якое ляжала ў ясьлях. 17. А ўбачыўшы, расказалі пра тое, што было абвешчана ім пра Дзіцятка Гэтае. 18. І ўсе, хто чуў, дзівавалі з таго, што расказвалі ім пастухі. 19. А Марыя прымала ўсе словы гэтыя, складаючы ў сэрцы Сваім. 20. І вярнуліся пастухі, славячы і хвалячы Бога за ўсё тое, што чулі і бачылі, як ім сказана было. 21. Як прайшло восем дзён, калі трэба было абрэзаць Дзіцятка, далі яму імя Ісус, названае анёлам раней зачацьця Ягонага ва ўлоньні. 22. А калі споўніліся дні ачышчэньня іхняга паводле закона Майсеевага, прынесьлі Яго ў Ерусалім, каб явіць Госпаду, 23. як прадпісана ў законе Гасподнім, каб усякае дзіцятка мужчынскага полу, якое размыкае ўлоньне, было прысьвечана Госпаду; 24. і каб прынесьлі ў ахвяру, паводле сказанага ў законе Гасподнім, дзьве галубкі альбо два птушаняты галубіныя. 25. Тады быў у Ерусаліме чалавек, імем Сымон. Ён быў муж праведны і пабожны, чакаў суцяшэньня Ізраілевага; і Дух Сьвяты быў на ім. 26. Яму было прадказана Духам Сьвятым, што ён ня ўбачыць сьмерці, пакуль ня ўбачыць Хрыста Гасподняга. 27. І прыйшоў ён па натхненьні ў храм. І калі бацькі прынесьлі Дзіцятка Ісуса, каб выканаць над Ім законны абрад, 28. ён узяў Яго на рукі, праславіў Бога і сказаў: 29. сёньня адпускаеш раба Твайго, Уладыка, паводле слова Твайго, зь мірам; 30. бо бачылі вочы мае збавеньне Тваё, 31. якое Ты ўгатаваў перад абліччам усіх народаў, 32. сьвятло на асьвятленьне язычнікаў, і славу народу Твайго Ізраіля. 33. А Язэп і Маці Ягоная дзівавалі ад сказанага пра Яго. 34. І дабраславіў іх Сымон, і сказаў Марыі, Маці Ягонай: вось, ляжыць Гэты на ўпадак і на ўзвышэньне многіх у Ізраілі і на азнаку нязгодаў, - 35. і Табе Самой зброя пратне душу, - каб адкрыліся помыслы многіх сэрцаў. 36. І была таксама Ганна прарочыца, дачка Фануілава, з роду Асіравага, якая дажыла да глыбокай старасьці, пражыўшы з мужам ад дзявоцтва свайго сем гадоў, 37. удава гадоў васьмідзесяці чатырох, якая не адыходзіла ад храма, постам і малітваю служачы Богу дзень і ноч. 38. І яна, у тую самую гадзіну падышоўшы, славіла Госпада і казала пра Яго ўсім, хто чакаў ратунку ў Ерусаліме. 39. І калі яны зрабілі ўсё паводле закона Гасподняга, вярнуліся ў Галілею, у горад свой Назарэт. 40. А Дзіця расло і мацавалася духам, напаўняючыся мудрасьцю; і мілата Божая была на Ім. 41. Кожны год бацькі Ягоныя хадзілі ў Ерусалім на сьвята Пасхі. 42. І калі Яму было дванаццаць гадоў, прыйшлі яны таксама як звычайна ў Ерусалім на сьвята; 43. калі ж, пасьля заканчэньня дзён сьвята, вярталіся, застаўся Хлопчык Ісус у Ерусаліме; і не заўважылі таго Язэп і Маці Ягоная; 44. але думалі, што Ён ідзе зь іншымі; прайшоўшы ж дзённы шлях, пачалі шукаць Яго сярод родзічаў і знаёмых; 45. і не знайшоўшы Яго, вярнуліся ў Ерусалім, шукаючы Яго. 46. Праз тры дні знайшлі яго ў храме, сядзеў сярод настаўнікаў, слухаў іх і распытваў іх; 47. усе, хто слухаў Яго, зьдзіўляліся з розуму і адказаў Ягоных. 48. І ўбачыўшы Яго, зьдзівіліся; і Маці ягоная сказала Яму: Дзіця! што Ты зрабіў з намі? вось, бацька Твой і Я зь вялікаю скрухаю шукалі Цябе. 49. Ён сказаў ім: навошта было вам шукаць Мяне? ці вы ня ведалі, што Я павінен быць у тым, што належыць Айцу Майму? 50. Але яны не зразумелі сказаных Ім словаў. 51. І Ён пайшоў зь імі і прыйшоў у Назарэт; і быў у паслушэнстве ім. І Маці Ягоная захоўвала ўсе словы гэтыя ў сэрцы Сваім. 52. А Ісус мацаваўся ў мудрасьці і росьце і ў любові ў Бога і людзей.
РАЗЬДЗЕЛ 3
1. А ў пятнаццаты год праўленьня Тыверыя кесара, калі Понцій Пілат начальнічаў у Юдэі, Ірад быў тэтрархам у Галілеі, Піліп, брат ягоны, - тэтрархам у Ітурэі і Траханіцкай вобласьці, а Лісаній - тэтрархам у Авілінеі, 2. пры першасьвятарах Ганьне і Каяфе, быў голас Божы да Яна, сына Захара, у пустыні. 3. І ён пайшоў па ўсіх навакольлях Ярдана, прапаведуючы хрышчэньне пакаяньня на дараваньне грахоў, 4. як напісана ў кнізе слоў прарока Ісаі, які кажа: «голас таго, хто кліча ў пустыні: падрыхуйце шлях Госпаду, простымі зрабеце сьцежкі Яму; 5. кожны дол хай напоўніцца, і кожная гара і пагорак хай абнізяцца, крывізны выпрастуюцца, і няроўныя дарогі зробяцца гладкімі; 6. і ўбачыць кожная плоць ратунак Божы». 7. Ян люду, што прыходзіў хрысьціцца ў яго, казаў: выродзьдзе яхідніна? хто намовіў вас уцякаць ад будучага гневу? 8. прынясеце ж плады годныя пакаяньня, і ня думайце гаварыць самі сабе: «бацька ў нас Абрагам»; бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых узьвесьці дзяцей Абрагаму; 9. ужо і сякера пры корані дрэваў ляжыць: бо ўсякае дрэва, якое ня родзіць добрага плоду, сьсякаюць і кідаюць у вагонь. 10. І пыталіся ў яго людзі: што ж нам рабіць? 11. Ён сказаў ім у адказ: у каго дзьве адзежыны, той дай таму, хто ня мае; і ў каго ёсьць ежа, рабі тое самае. 12. Прыйшлі і мытнікі хрысьціцца і сказалі яму: Настаўнік! што нам рабіць? 13. Ён адказваў ім: нічога не патрабуйце больш вызначанага вам. 14. Пыталіся ў яго таксама і воі: а нам што рабіць? І сказаў ім: нікога ня крыўдзіце, не паклёпнічайце, і задавольвайцеся сваёй платай. 15. А калі люд быў у чаканьні, і ўсе думалі ў сэрцах сваіх пра Яна, ці ня Хрыстос ён, - 16. Ян усім адказваў: я хрышчу вас вадою, але ідзе Мацнейшы за мяне, у Якога я няварты разьвязаць рэмень на абутку; Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым і вагнём; 17. гарфа Ягоная ў руцэ Ягонай, і ён ачысьціць гумно Сваё і зьбярэ пшаніцу ў засекі Свае, а салому спаліць вагнём непагасным. 18. Шмат чаго іншага зьвеставаў ён народу, павучаючы яго. 19. А Ірад тэтрарх, дакараны ім за Ірадыяду, жонку братавую, і за ўсё, што зрабіў Ірад благога, 20. дадаў да ўсяго іншага і тое, што ўвязьніў Яна ў цямніцу. 21. А калі ахрысьціўся ўвесь народ, і Ісус, ахрысьціўшыся, маліўся, - адчынілася неба, 22. і Дух Сьвяты сышоў на Яго ў цялесным вобразе, як голуб, і быў голас зь нябёсаў, які прамовіў: Ты Сын Мой любасны; Цябе Я ўпадабаў! 23. Ісус, пачынаючы Сваё служэньне, быў гадоў трыццаці, і быў, як думалі, сын Язэпаў, Іліеў, 24. Мататаў, Левіінаў, Мэлхіеў, Янаеў, Язэпаў, 25. Мататыеў, Амосаў, Навумаў, Ясьлімаў, Нагееў. 26. Маатаў, Мататыеў, Сэмяіеў, Язэпаў, Юдаў, 27. Ёананаў, Рысаеў, Зарававэлеў, Салатыілеў, Нірыеў, 28. Мэлхіеў, Аддзіеў, Касамаў, ілмадамаў, Іраў, 29. Ёсіеў, іліезэраў, Ёрымаў, Мататаў, Лявіінаў, 30. Сымонаў, Юдаў, Язэпаў, Ёнанаў, іліякімаў, 31. Мэлеаеў, Маінанаў, Мататаеў, Натанаў, Давідаў, 32. Ясэеў, Авідаў, Ваозаў, Салмонаў, Наасонаў, 33. Амінадаваў, Арамаў, ісромаў, Фарэсаў, Юдаў, 34. Якаваў, Ісакаў, Абрагамаў, Тараў, Нахораў, 35. Сэрухаў, Рагаваў, Фалекаў, івераў, Салаў, 36. Каінанаў, Арфаксадаў, Сімаў, Ноеў, Ламэхаў, 37. Матусалаў, інохаў, Ярэдаў, Малелеілаў, Каінанаў, 38. іносаў, Сітаў, Адамаў, Божы.
РАЗЬДЗЕЛ 4
1. Ісус, поўны Духа Сьвятога, вярнуўся ад Ярдана і паведзены быў Духам у пустыню; 2. там сорак дзён Ён быў спакушаны д'яблам і нічога ня еў у гэтыя дні; а як прайшлі яны, напасьледак захацеў есьці. 3. І сказаў Яму д'ябал: калі Ты Сын Божы, дык загадай гэтаму каменю зрабіцца хлебам. 4. Ісус сказаў яму ў адказ: напісана, што «ня хлебам адным будзе жыць чалавек, а ўсякім словам Божым». 5. І ўзьвёўшы Яго на высокую гару, д'ябал паказаў Яму ўсе царствы сусьвету ў імгненьне часу, 6. і сказаў Яму д'ябал: табе дам уладу над ўсімі гэтымі царствамі і славу іх, бо яна аддадзена мне, і я, каму хачу, даю яе; 7. і вось, калі Ты паклонішся мне, дык усё будзе Тваё. 8. Ісус сказаў яму ў адказ: адыйдзі ад Мяне, сатана; напісана: «Госпаду Богу пакланяйся і Яму аднаму служы». 9. І павёў Яго ў Ерусалім, і паставіў Яго на крыле храма, і сказаў Яму: калі Ты Сын Божы, кінься адгэтуль уніз; 10. бо напісана: «анёлам Сваім накажа пра Цябе захаваць Цябе»; 11. і: «на руках панясуць Цябе, каб не спатыкнуўся Ты аб камень нагою Тваёю». 12. Ісус сказаў яму ў адказ: сказана: «не спакушай Госпада Бога Твайго». 13. І закончыўшы ўсё спакушэньне, д'ябал адышоў ад Яго да часу. 14. І вярнуўся Ісус у сіле духу ў Галілею; і разьнесьліся чуткі пра Яго па ўсёй навакольнай краіне. 15. Ён вучыў у сынагогах іхніх, і ўсе Яго ўслаўлялі. 16. І прыйшоў у Назарэт, дзе быў выхаваны, і ўвайшоў, па звычаі Сваім, у дзень суботні ў сынагогу, і ўстаў чытаць. 17. Яму падалі кнігу прарока Ісаі; і Ён, разгарнуўшы кнігу, знайшоў месца, дзе было напісана: 18. «Дух Гасподні на Мне; бо Ён памазаў Мяне зьвеставаць убогім і паслаў Мяне ацаляць зламаных сэрцам, прапаведаваць палонным вызваленьне, сьляпым празарэньне, адпусьціць спакутаваных на свабоду, 19. абвяшчаць год Гасподняга спрыяньня». 20. І загарнуўшы кнігу і аддаўшы слузе, сеў; і вочы ўсіх у сынагозе былі скіраваныя на Яго. 21. І Ён пачаў гаварыць да іх: сёньня спраўдзілася пісаньне гэтае, чутае вамі. 22. І ўсе засьведчылі Яму гэта, і дзівавалі са словаў мілаты, якія зыходзілі з вуснаў Ягоных, і казалі: ці не Язэпаў гэта сын? 23. Ён сказаў ім: вядома, вы скажаце Мне прыказку: лекару! ацалі самога сябе; зрабі і тут, у Тваёй бацькаўшчыне, тое, што, мы чулі, было ў Капернауме. 24. І сказаў: праўду кажу вам: ніякі прарок ня прымаецца ў сваёй бацькаўшчыне; 25. па праўдзе кажу вам: шмат удоваў было ў Ізраілі ў дні Ільлі, калі замкнута было неба тры гады і шэсьць месяцаў, так што зрабіўся вялікі голад па ўсёй зямлі; 26. і да ніводнай зь іх ня быў пасланы Ільля, а толькі да ўдавы ў Сарэпту Сідонскую; 27. шмат таксама было пракажоных у Ізраілі за прарока Ялісея, і ніводзін зь іх не ачысьціўся, апрача Нэемана Сірыяніна. 28. Пачуўшы гэта, усе ў сынагозе напоўніліся гневам; 29. і ўстаўшы, выгналі Яго прэч з горада і павялі на вяршыню гары, на якой горад іхні быў пабудаваны, каб скінуць Яго; 30. але Ён, прайшоўшы сярод іх, пайшоў. 31. І прыйшоў у Капернаум, горад Галілейскі, і вучыў іх у дні суботнія. 32. І зьдзіўляліся з вучэньня Ягонага, бо слова Ягонае было з уладаю. 33. Быў у сынагозе чалавек, які меў у сабе духа дэмана нячыстага, і той закрычаў зычным голасам: 34. кінь; што Табе да нас, Ісусе Назаранін? Ты прыйшоў загубіць нас; ведаю Цябе, Хто Ты, - Сьвяты Божы. 35. Ісус загразіў яму, сказаўшы: замоўкні і выйдзі зь яго. І дэман, паваліўшы таго пасярэдзіне сынагогі, выйшаў зь яго, ані не пашкодзіўшы яму. 36. І напала на ўсіх жудасьць, і разважалі паміж сабою; што гэта азначае, што Ён з уладаю і сілаю загадвае нячыстым духам, і яны выходзяць? 37. І разьнеслася чутка пра Яго па ўсіх навакольных мясьцінах. 38. Выйшаўшы з сынагогі, Ён увайшоў у дом Сымонаў; а Сымонава цешча была апанаваная моцнай гарачкаю; і прасілі Яго за яе. 39. Падышоўшы да яе, Ён загразіў гарачцы; і пакінула яе. Яна адразу ўстала і слугавала ім. 40. А як заходзіла сонца, усе, хто меў хворых на розныя хваробы, прыводзілі іх да Яго; і Ён, ускладаючы на кожнага рукі, ацаляў іх. 41. Выходзілі таксама і дэманы з многіх з крыкам і казалі: Ты Хрыстос, Сын Божы. А Ён забараняў ім расказваць, што яны ведаюць, што Ён Хрыстос. 42. А як настаў дзень, Ён выйшаў з дому, пайшоў у пустэльную мясьціну, і людзі шукалі Яго і, прыйшоўшы да Яго, затрымлівалі Яго, каб ня сыходзіў ад іх. 43. Але Ён сказаў ім: і іншым гарадам зьвеставаць Я павінен Царства Божае, бо на тое Я пасланы. 44. І прапаведаваў у сынагогах Галілейскіх.
РАЗЬДЗЕЛ 5
1. Аднойчы, калі люд ціснуўся да Яго, каб чуць слова Божае, а Ён стаяў каля возера Генісарэцкага, 2. убачыў Ён дзьве лодкі, якія стаялі на возеры; а рыбакі, выйшаўшы зь іх, вымывалі мярэжы. 3. Увайшоўшы ў адну лодку, якая была Сымонава, Ён прасіў яго адплыць крыху ад берагу, і сеўшы, вучыў людзей з лодкі. 4. А калі перастаў вучыць, сказаў Сымону: адплыві на глыбокае, і закіньце мярэжы свае для лову. 5. Сымон сказаў Яму ў адказ: Настаўнік! мы працавалі ўсю ноч і нічога не злавілі; але па слове Тваім закінем мярэжу. 6. Зрабіўшы гэта, яны злавілі вялікае мноства рыбы, і нават мярэжа ў іх рвалася. 7. І далі знак супольнікам, якія былі ў другой лодцы, каб прыйшлі пасобіць ім, і прыйшлі, і напоўнілі абедзьве лодкі, так што яны пачалі тануць. 8. Убачыўшы гэта, Сымон Пётр прыпаў да каленяў Ісуса і сказаў: выйдзі ад мяне, Госпадзе! бо я чалавек грэшны. 9. Бо жах агарнуў яго і ўсіх, хто быў зь Ім, ад гэтага ўлову рыбы, імі злоўленае; 10. таксама і Якава і Яна; сыноў Зевядзеевых, якія былі супольнікамі Сымону. І сказаў Сымону Ісус: ня бойся; ад сёньня будзеш лавіць людзей. 11. І выцягнуўшы абедзьве лодкі на бераг, пакінулі ўсё і пайшлі сьледам за Ім. 12. Калі Ісус быў у адным горадзе, прыйшоў чалавек увесь у праказе і, убачыўшы Ісуса, упаў ніцма, молячы Яго і кажучы: Госпадзе! калі хочаш, можаш мяне ачысьціць. 13. Ён працягнуў руку, дакрануўся да яго і сказаў: хачу, ачысьціся. І адразу праказа сышла зь яго. 14. І Ён загадаў яму нікому не расказваць, а пайсьці паказацца сьвятару і прынесьці ахвяру за ачышчэньне сваё, як загадаў Майсей, на сьведчаньне ім. 15. Але тым болей шырыліся чуткі пра Яго, і вялікае мноства людзей сьцякалася да Яго - слухаць і ацаляцца ў Яго ад хваробаў сваіх. 16. А Ён адыходзіў у пустэльныя мясьціны і маліўся. 17. Аднаго дня, калі Ён вучыў, і сядзелі тут фарысэі і законьнікі, якія прыйшлі з усіх мясцовасьцяў Галілеі і Юдэі і зь Ерусаліма, і сіла Гасподняя зьяўлалася ў ацаленьні хворых - 18. вось, прынесьлі нейкія на пасьцелі чалавека, які быў паралізаваны, і спрабавалі ўнесьці яго ў дом і пакласьці перад Ісусам; 19. і не знайшоўшы дзе пранесьці яго, з прычыны люднасьці, залезьлі на дах дома і праз дах апусьцілі яго з пасьцельлю на сярэдзіну перад Ісусам. 20. І Ён, бачачы веру іхную, сказаў чалавеку таму: даруюцца табе грахі твае. 21. Кніжнікі і фарысэі пачалі разважаць, кажучы: хто гэта, Які блюзьнерыць? хто можа дараваць грахі, апрача аднаго Бога? 22. Ісус, зразумеўшы намыслы іхнія, сказаў ім у адказ: што намышляеце ў сэрцах вашых? 23. што лягчэй сказаць: «даруюцца табе грахі твае», альбо сказаць: «устань і хадзі»? 24. але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі дараваць грахі, - сказаў Ён паралізаванаму: табе кажу: устань, вазьмі пасьцель тваю і ідзі ў дом твой. 25. І той адразу ўстаў перад імі, узяў, на чым ляжаў, і пайшоў у дом свой, славячы Бога. 26. І жах агарнуў усіх, і славілі Бога; і, поўныя страху, казалі: дзівосныя дзеі бачылі мы сёньня. 27. Пасьля гэтага Ісус выйшаў і ўбачыў мытніка, якога звалі Лявій, які сядзеў каля мытні, і кажа яму: ідзі за Мною. 28. І ён, пакінуўшы ўсё, устаў і пайшоў за Ім. 29. І зрабіў Яму Лявій у доме сваім бяседу вялікую; і там было мноства мытнікаў і іншых, якія ўзьляжалі зь імі. 30. А кніжнікі і фарысэі наракалі і казалі вучням Ягоным: навошта вы ясьце і п'яце з мытнікамі і грэшнікамі? 31. А Ісус сказаў ім у адказ: не здаровыя маюць патрэбу ў лекары, а хворыя; 32. Я прыйшоў заклікаць ня праведнікаў, а грэшнікаў да пакаяньня. 33. А яны сказалі Яму: чаму вучні Янавыя посьцяць часта і ўзносяць малітвы, таксама і фарысэйскія, а Твае ядуць і п'юць? 34. Ён сказаў ім: ці можаце прымусіць сыноў харомаў шлюбных пасьціцца, калі зь імі малады? 35. але прыйдуць дні, калі адымецца ў іх малады, і тады будуць пасьціцца у тыя дні. 36. Пры гэтым сказаў ім прытчу: ніхто ня прышывае латку да старой адзежыны, ададраўшы ад новай адзежыны; а інакш і новую падзярэ, і да старой не падыдзе латка ад новай. 37. І ніхто ня ўлівае маладога віна ў мяхі старыя; а інакш маладое віно парве мяхі, і само выцеча, і мяхі прападуць; 38. а маладое віно трэба ўліваць у мяхі новыя; тады зьберажэцца і тое і другое. 39. І ніхто, піўшы старое віно, не захоча адразу маладога; бо кажа: старое лепшае.
РАЗЬДЗЕЛ 6
1. У суботу, першую пасьля другога дня Пасхі, давялося Яму праходзіць засеянымі палямі, і вучні Ягоныя зрывалі калосьсе і елі, расьціраючы рукамі. 2. А некаторыя фарысэі сказалі ім: навошта вы робіце тое, чаго нельга рабіць у суботу? 3. Ісус ім сказаў у адказ: хіба вы ня чыталі, што зрабіў Давід, калі згаладаўся сам і тыя, што былі зь ім? 4. як ён увайшоў у дом Божы, узяў пакладныя хлябы, якіх нельга было есьці нікому, апрача адных сьвятароў, і еў, і даў тым, што былі зь ім? 5. І сказаў ім: Сын Чалавечы ёсьць гаспадар і суботы. 6. А давялося і ў другую суботу ўвайсьці Яму ў сынагогу і вучыць. Там быў чалавек, у якога правая рука была сухая. 7. А кніжнікі і фарысэі сачылі за Ім, ці не ацаліць у суботу, каб знайсьці абвінавачаньне супроць Яго. 8. Але Ён, ведаючы намыслы іхнія, сказаў чалавеку з сухою рукою: устань і выступі на сярэдзіну. І той устаў і выступіў. 9. Тады сказаў ім Ісус: спытаюся Я ў вас: што трэба рабіць у суботу? дабро ці зло? выратаваць душу, ці загубіць? Яны маўчалі. 10. І паглядзеўшы на іх усіх, сказаў таму чалавеку: падай руку тваю. Той так і зрабіў: і стала рука ў яго здаровая, як другая. 11. А яны дайшлі да шаленства і раіліся паміж сабою, што б ім зрабіць зь Ісусам. 12. У тыя дні ўзыйшоў Ён на гару памаліцца і прабыў усю ноч, молячыся Богу. 13. А як разьвіднела, паклікаў вучняў Сваіх і выбраў зь іх дванаццаць, якіх і назваў апосталамі: 14. Сымона, якога назваў Пятрам, і Андрэя, брата ягонага, Якава і Яна, Піліпа і Барталамея, 15. Мацьвея і Тамаша, Якава Алфеевага і Сымона, называнага Зілотам, 16. Юду Якаўлевага і Юду Іскарыёта, які потым стаўся прадажнікам. 17. І сыйшоў зь імі, стаў Ён на роўным месцы, і мноства вучняў Ягоных, і мноства люду з усёй Юдэі і зь Ерусаліма, і з прыморскіх мясьцінаў Тырскіх і Сідонскіх, 18. якія прыйшлі паслухаць Яго і ацаліцца ад хваробаў сваіх, таксама і тыя, што пакутавалі ад нячыстых духаў; і ацаляліся. 19. І ўвесь люд імкнуўся дакрануцца да Яго, бо ад Яго зыходзіла сіла і ацаляла ўсіх. 20. І Ён, узьвёўшы вочы Свае на вучняў Сваіх, казаў: дабрашчасныя ўбогія духам, бо ваша ёсьць Царства Божае. 21. Дабрашчасныя галодныя сёньня, бо насыціцеся. Дабрашчасныя, хто плача сёньня, бо засьмеяцеся. 22. Дабрашчасныя вы, калі зьненавідзяць вас людзі і калі адлучаць вас і будуць зьневажаць і зьняславяць імя вашае, як ганебнае, за Сына Чалавечага. 23. Радуйцеся ў той дзень і весялцеся, бо вялікая вам узнагарода на нябёсах. Так рабілі з прарокамі бацькі іхнія. 24. Але гора вам, багатыя! бо вы ўжо атрымалі сваё суцяшэньне. 25. Гора вам, перанасычаныя сёньня! бо спрагнеце з голаду. Гора вам, хто сьмяецца сёньня! бо заплачаце і загалосіце. 26. Гора вам, калі ўсе людзі будуць гаварыць пра вас добра, бо так рабілі зь ілжывымі прарокамі бацькі іхнія. 27. А вам, хто слухае, кажу: любеце ворагаў вашых, рабеце дабро ненавісьнікам вашым, 28. дабраслаўляйце кляцьбітоў вашых, і малецеся за напасьнікоў вашых. 29. Таму, хто ўдарыў цябе па шчацэ, падстаў і другую; і таму, хто адбірае ў цябе верхнюю вопратку, не заважай узяць і кашулю. 30. Кожнаму, хто просіць у цябе, давай, і з таго, хто ўзяў тваё, ня зысквай назад. 31. І як хочаце, каб з вамі рабілі людзі, так і вы рабеце зь імі. 32. І калі любіце тых, хто любіць вас, якая вам за тое падзяка? 33. І калі чыніце дабро тым, хто вам чыніць дабро, якая вам за тое падзяка? бо і грэшнікі тое самае чыняць. 34. І калі пазычаеце тым, ад каго спадзеяцеся зыскаць назад, якая вам за тое падзяка? бо і грэшнікі пазычаюць грэшнікам, каб спагнаць гэтулькі сама. 35. А вы любеце ворагаў вашых, і дабрачыньце, і пазычайце, не чакаючы нічога; і будзе вам узнагарода вялікая, і будзеце сынамі ‹сявышняга; бо Ён добры і да няўдзячных і да ліхіх. 36. Дык вось, будзьце міласэрныя, як і Айцец ваш міласэрны. 37. Ня судзеце, і ня будзеце суджаныя; не асуджайце, і ня будзеце асуджаныя; даруйце, і дараваныя будзеце; 38. давайце, і дасца вам: мераю добраю, утрэсенаю, умятаю і перапоўненаю адсыплюць вам ва ўлоньне ваша; бо якою мераю мерыце, такою самаю адмерыцца і вам. 39. Сказаў таксама ім прытчу: ці можа сьляпы вадзіць сьляпога? ці не абодва ўпадуць у яму? 40. Вучань ня бывае вышэй за свайго настаўніка; але, удасканаліўшыся, будзе кожны, як настаўнік ягоны. 41. Што ты глядзіш на парушынку ў воку брата твайго, а калоды ў сваім воку не адчуваеш? 42. Альбо, як можаш сказаць брату твайму: «браце! дай, я выму парушынку з вока твайго», калі сам ня бачыш калоды ў сваім воку! Крывадушнік! вымі сьпярша калоду са свайго вока, і тады ўбачыш, як выняць парушынку з вока брата твайго. 43. Няма добрага дрэва, якое б радзіла благі плод; і няма благога дрэва, якое б радзіла плод добры. 44. Бо ўсякае дрэва пазнаецца з плоду ягонага; бо ня зьбіраюць смокваў зь цярноўніку, і ня зьбіраюць вінаграду з хмызьняку. 45. Добры чалавек з добрага скарбу сэрца свайго выносіць добрае, а ліхі чалавек зь ліхога скарбу сэрца свайго выносіць ліхое; бо ад лішніцы сэрца маўляюць вусны ягоныя. 46. Што вы клічаце Мяне: «Госпадзе! Госпадзе!» і ня робіце таго, што Я кажу? 47. Кожны, хто прыходзіць да Мяне і слухае словы Мае і выконвае іх, скажу вам, на каго падобны: 48. ён падобны на чалавека, што будуе дом, які капаў, паглыбіўся і заклаў падмурак на камені, таму, калі сталася паводка, і вада націснула на гэты дом, дык не магла пахіснуць яго, бо ён пастаўлены быў на камені. 49. А хто слухае і ня выконвае, падобны на чалавека, які пабудаваў дом на зямлі без падмурка, які, калі націснула на яго вада, адразу абваліўся; і разбурэньне дома гэтага было вялікае.
РАЗЬДЗЕЛ 7
1. Калі Ён скончыў усе словы Свае люду, які слухаў, дык увайшоў у Капернаум. 2. У аднаго сотніка слуга, якім ён даражыў, быў хворы пры сьмерці. 3. Пачуўшы пра Ісуса, ён паслаў да Яго юдэйскіх старэйшынаў - прасіць Яго, каб прыйшоў ацаліць слугу ягонага. 4. І яны, прыйшоўшы да Ісуса, прасілі Яго моцна, кажучы: ён варты, каб Ты зрабіў дзеля яго гэта, 5. бо ён любіць народ наш і збудаваў нам сынагогу. 6. Ісус пайшоў зь імі. І калі Ён недалёка ўжо быў ад дома, сотнік прыслаў да Яго сяброў сказаць Яму: ня турбуйся, Госпадзе, бо я ня варты, каб Ты ўвайшоў пад мой дах; 7. таму і сябе самога не палічыў я вартым прыйсьці да Цябе; але скажы слова, і паправіцца слуга мой; 8. бо я і падуладны чалавек, але, маючы ў сябе ў падначаленьні вояў, кажу аднаму: «ідзі», і ідзе; і другому: «прыйдзі», і прыходзіць; і слузе майму: «зрабі тое», і робіць. 9. Пачуўшы гэта, Ісус зьдзівіўся яму і, павярнуўшыся, сказаў народу, які ішоў за Ім: кажу вам, што і ў Ізраілі не знайшоў Я такое веры. 10. Пасланцы, вярнуўшыся ў дом, знайшлі хворага слугу здаровым. 11. Пасьля гэтага Ісус пайшоў у горад, які называўся Наін, і зь Ім ішлі многія вучні Ягоныя і мноства людзей. 12. Калі ж Ён наблізіўся да гарадзкое брамы, тут выносілі памерлага, адзінага сына ў маці, а яна была ўдава; і шмат людзей ішло зь ёю з горада. 13. Убачыўшы яе, Гасподзь умілажаліўся зь яе і сказаў ёй: ня плач. 14. І падышоўшы, дакрануўся да мараў; тыя, што несьлі, спыніліся; і Ён сказаў: хлопча! табе кажу, устань. 15. Мёртвы, падняўшыся, сеў і пачаў гаварыць; і аддаў яго Ісус маці ягонай. 16. І ўсіх апанаваў страх, і славілі Бога, кажучы: вялікі прарок паўстаў сярод нас, і Бог наведаў народ Свой. 17. Такая пагалоска пра Яго разышлася па ўсёй Юдэі і па ўсім навакольлі. 18. І абвясьцілі Яну вучні ягоныя пра ўсё тое. 19. Ян, паклікаўшы двух вучняў сваіх, паслаў да Ісуса спытацца: ці Той Ты, Які павінен прыйсьці, ці чакаць нам другога? 20. Яны, прыйшоўшы да Ісуса, сказалі: Ян Хрысьціцель паслаў нас да Цябе спытацца: ці Той Ты, Які мае прыйсьці, ці чакаць нам другога? 21. А тым часам Ён многіх ацаліў ад хваробаў і немачаў і ад злых духаў, і многім сьляпым даў зрок. 22. І сказаў ім Ісус у адказ: ідзеце, скажэце Яну, што вы бачылі і чулі: сьляпыя робяцца відушчымі, кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца, глухія чуюць, мёртвыя ўваскрасаюць і ўбогім абвяшчаецца дабравесьце; 23. і дабрашчасны, хто не спакусіцца празь Мяне. 24. І калі пайшлі пасланцы Янавыя, Ён пачаў гаварыць людзям пра Яна: што глядзець хадзілі вы ў пустыню? ці ня трысьцінку, ветрам калыханую? 25. што ж глядзець хадзілі вы? ці не чалавека, у мяккія шаты апранутага? Але тыя, хто апранаецца пышна і раскошна жыве, яны пры дварах царскіх. 26. Што ж глядзець хадзілі вы? ці не прарока? Таму, кажу вам, нават больш, чым прарока. 27. Гэта той, пра якога напісана: «вось, Я пасылаю анёла Майго перад абліччам Тваім, які падрыхтуе шлях Твой перад Табою». 28. Бо кажу вам: сярод народжаных жанчынамі няма ніводнага прарока большага за Яна Хрысьціцеля; але найменшы ў Царстве Божым большы за яго. 29. І ўвесь народ, які слухаў, і мытнікі ўзьнесьлі Богу славу, ахрысьціўшыся хрышчэньнем Янавым; 30. а фарысэі і законьнікі адверглі волю Божую пра сябе, ня хрысьціўшыся ў яго. 31. Тады Гасподзь сказаў: з кім параўнаю людзей роду гэтага? і да каго яны падобныя? 32. яны падобныя да дзяцей, якія сядзяць на рынку, клічуць адно аднаго і кажуць: мы гралі вам на жалейцы, а вы не скакалі; мы сьпявалі вам песьні журботныя, а вы не галасілі. 33. Бо прыйшоў Ян Хрысьціцель, ні хлеба ня есьць, ні віна ня п'е; і кажаце: «у ім дэман». 34. Прыйшоў Сын Чалавечы, есьць і п'е; і кажаце: «вось чалавек, які любіць есьці і піць віно, прыяцель мытнікаў і грэшнікаў». 35. І апраўдана мудрасьць усімі дзецьмі яе. 36. Нехта з фарысэяў прасіў Яго паесьці зь ім ежы; і Ён, увайшоўшы ў дом фарысэя, узьлёг. 37. І вось, жанчына з таго горада, якая была грэшніца, даведаўшыся, што Ён узьляжыць у доме ў фарысэя, прынесла алавастравы посуд зь мірам; 38. і, стаўшы ззаду каля ног Ягоных і плачучы, пачала абліваць ногі Ягоныя сьлязьмі і абціраць валасамі галавы сваёй, і цалавала ногі Яму, і мазала мірам. 39. Бачачы гэта, фарысэй, які запрасіў Яго, сказаў сам сабе: калі б Ён быў прарок, дык ведаў бы, хто і якая жанчына дакранаецца да Яго, бо яна грэшніца. 40. Зьвярнуўшыся да яго, Ісус сказаў: Сымоне! Я маю нешта сказаць табе. Ён кажа: скажы, Настаўнік. 41. Ісус сказаў: у аднаго пазыкоўца было два даўжнікі: адзін вінен быў пяцьсот дынараў, а другі пяцьдзясят; 42. але як што яны ня мелі чым заплаціць, ён дараваў абодвум. Дык скажы, каторы зь іх болей палюбіць яго? 43. Сымон адказаў: думаю, той, каму больш даравана. Ён сказаў яму: правільна ты разважыў. 44. І абярнуўшыся да жанчыны, сказаў Сымону: ці бачыш ты гэтую жанчыну? Я прыйшоў у дом твой, і ты вады Мне на ногі ня даў: а яна сьлязьмі абліла Мне ногі і валасамі галавы свае абцерла. 45. Ты цалаваньня Мне ня даў; а яна, з той хвіліны, як Я прыйшоў, не перастае цалаваць Мне ногі. 46. Ты галавы Мне алеем не памазаў; а яна мірам намасьціла Мне ногі. 47. А таму кажу табе: даруюцца грахі ёй многія за тое, што яна палюбіла многа: а каму мала даруецца, той мала любіць. 48. А ёй сказаў: даруюцца табе грахі. 49. І тыя, што ўзьляжалі зь Ім, пачалі гаварыць самі сабе: хто гэта, што і грахі даруе? 50. А Ён сказаў жанчыне: вера твая ўратавала цябе; ідзі зь мірам.
РАЗЬДЗЕЛ 8
1. Пасьля гэтага Ён праходзіў па гарадах і селішчах, прапаведуючы і зьвястуючы Царства Божае, і зь Ім дванаццаць, 2. і некаторыя жанчыны, якіх Ён ацаліў ад злых духаў і хваробаў: Марыя, называная Магдалінаю, зь якое выйшлі сем дэманаў, 3. і Яна, жонка Хузы, домаўпраўцы Ірадавага, і Сусана, і многія іншыя, якія служылі Яму маёмасьцю сваёю. 4. А як сабралася многа людзей, і з усіх гарадоў жыхары сыходзіліся да Яго, Ён пачаў гаварыць прытчаю: 5. Выйшаў сейбіт сеяць насеньне сваё; і калі ён сеяў, іншае ўпала пры дарозе і было патаптана, і птушкі нябесныя падзяўблі яго; 6. а іншае ўпала на камень і, узыйшоўшы, засохла, бо ня мела вільгаці; 7. а іншае ўпала паміж цернямі, і вырасла церне і заглушыла яго; 8. а іншае ўпала на добрую зямлю і, узышоўшы, урадзіла плод стакротны. Сказаўшы гэта, абвясьціў: хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе! 9. А вучні Ягоныя спыталіся ў Яго: што азначала прытча гэтая? 10. Ён сказаў: вам дадзена ведаць таямніцы Божага Царства, а астатнім у прытчах, так што яны бачачы - ня бачаць і чуючы - не разумеюць. 11. Вось што азначае прытча гэтая: насеньне ёсьць слова Божае; 12. а што ўпала пры дарозе, гэта ёсьць слухачы, да якіх пасьля прыходзіць д'ябал і забірае слова з сэрца іхняга, каб яны ня ўверавалі і не ўратаваліся, 13. а што ўпала на камень, гэта тыя, якія, пачуўшы слова, прымаюць з радасьцю, але якія ня маюць кораня і часова веруюць, а ў час спакушэньня адпадаюцца; 14. а што ўпала ў церне, гэта тыя, якія слухаюць слова, але, адыходзячы, турботамі, багацьцем і асалодамі жыцьцёвымі заглушаюцца і плоду ня родзяць: 15. а што ўпала на добрую зямлю, гэта тыя, якія, пачуўшы слова, асяляюць яго ў добрым і чыстым сэрцы і родзяць плод у цярплівасьці. Сказаўшы гэта, Ён абвясьціў: хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе! 16. Ніхто, запаліўшы сьвечку, не накрывае яе пасудзінаю, альбо ня ставіць пад ложак, а ставіць на сьвечнік, каб уваходзячы, бачылі сьвятло. 17. Бо няма нічога таемнага, што ня выйшла б на яву, ні схаванага, што не зрабілася б вядомым і ня выкрылася б. 18. Дык вось, уважайце, як вы слухаеце: бо хто мае, таму дадзена будзе; а хто ня мае, у таго адымецца і тое, што ён думае мець. 19. І прыйшлі да Яго Маці і браты Ягоныя, і не маглі падысьці да Яго з прычыны люднасьці. 20. І далі знак Яму: Маці і браты Твае стаяць звонку, хочучы бачыць Цябе. 21. Ён сказаў ім у адказ: маці Мая і браты Мае - гэта слухачы слова Божага і выканаўцы яго. 22. Аднаго дня Ён увайшоў з вучнямі Сваімі ў лодку і сказаў ім: пераправімся на той бок возера. І выправіліся. 23. У час плаваньня іхняга Ён заснуў. На возеры падняўся бурны вецер, і залівала іх хвалямі, і яны былі ў небясьпецы. 24. І падышоўшы, разбудзілі Яго і сказалі: Настаўнік! Настаўнік! гінем. Але Ён, устаўшы, загразіў ветру і хваляваньню вады: і перасталі, і зрабілася цішыня. 25. Тады Ён сказаў ім: дзе вера ваша? А яны ў страху і зьдзіўленьні казалі адзін аднаму: хто ж гэта, што і вятрам загадвае і вадзе, і слухаюцца Яго? 26. І прыплылі ў краіну Гадарынскую, якая насупраць Галілеі. 27. Калі ж выйшаў Ён на бераг, сустрэў Яго адзін чалавек з горада, апанаваны дэманамі з даўняга часу, і ў вопратку не апранаўся, і жыў ня ў доме, а ў магілах. 28. Ён, убачыўшы Ісуса, закрычаў, упаў перад Ім і моцным голасам сказаў: што Табе да мяне, Ісусе, Сыне Бога ‹сявышняга? прашу Цябе, ня муч мяне. 29. Бо Ісус загадаў нячыстаму духу выйсьці з гэтага чалавека; бо ён доўгі час мучыў яго, так што яго вязалі ланцугамі і путамі, аберагаючы яго: але ён разрываў путы, і быў гнаны дэманам у пустыні. 30. Ісус спытаўся ў яго: як тваё імя? Той сказаў: «легіён», бо шмат дэманаў увайшло ў яго. 31. І яны прасілі Ісуса, каб не загадаў ім ісьці ў бездань. 32. А тут на гары пасьвіўся вялікі гурт сьвіней: і дэманы прасілі ў Яго, каб дазволіў ім увайсьці ў іх. Ён дазволіў ім. 33. Дэманы, выйшаўшы з чалавека, увайшлі ў сьвіней: і кінуўся гурт з урвішча ў возера, і патануў. 34. Пастухі, убачыўшы, што сталася, пабеглі і расказалі ў горадзе і ў селішчах. 35. І выйшлі пабачыць, што сталася; і прыйшоўшы да Ісуса, знайшлі чалавека, зь якога выйшлі дэманы; ён сядзеў каля ног Ісуса, апрануты і ў здаровым розуме: і жахнуліся. 36. А тыя, што бачылі, расказалі ім, як выздаравеў шаленец. 37. І прасіў у Яго ўвесь люд Гадарынскага навакольля сысьці ад іх, бо яны агорнутыя былі вялікім страхам. Ён увайшоў у лодку і вярнуўся. 38. А чалавек, зь якога выйшлі дэманы, прасіўся ў Яго, каб быць зь Ім. Але Ісус адпусьціў яго, сказаўшы: 39. вярніся ў дом твой і раскажы, што ўтварыў табе Бог. Ён пайшоў і абвяшчаў па ўсім горадзе, што ўтварыў яму Ісус. 40. А калі вярнуўся Ісус, люд прыняў Яго, бо ўсе чакалі Яго. 41. І вось, прыйшоў чалавек, якога звалі Яір, які быў начальнікам сынагогі: і ўпаўшы да ног Ісуса, прасіў Яго ўвайсьці да яго ў дом, 42. бо ў яго была адна дачка, гадоў дванаццаці, і тая была пры сьмерці. А калі Ён ішоў, люд націскаў на Яго. 43. І жанчына, якая пакутавала ад крывацечы дванаццаць гадоў, якая, патраціўшы на лекараў усю маёмасьць, ніводным не магла быць вылечана, - 44. падышоўшы ззаду, кранулася краю вопраткі Ягонай: і адразу цеча крыві ў яе перастала. 45. І сказаў Ісус: хто дакрануўся да Мяне? Калі ж усе адмовіліся, Пётр і ўсе, хто быў зь Ім, сказалі: Настаўнік! людзі атачаюць Цябе і націскаюць, - і Ты кажаш: «хто дакрануўся да Мяне»? 46. Але Ісус сказаў: дакрануўся да Мяне нехта: бо Я адчуваў сілу, якая выйшла зь Мяне. 47. Жанчына, бачачы, што яна ня ўтоілася, з трымценьнем падыйшла і, упаўшы перад Ім, абвясьціла Яму перад усімі людзьмі, зь якой прычыны дакранулася да Яго, і як адразу ацалілася. 48. Ён сказаў ёй: дзей, дачка! вера твая ўратавала цябе; ідзі зь мірам. 49. Калі Ён яшчэ гаварыў гэта, прыходзіць нехта з дому начальніка сынагогі і кажа яму: дачка твая памерла: не дакучай Настаўніку. 50. Але Ісус, пачуўшы гэта, сказаў яму: ня бойся, толькі веруй, і ўратаваная будзе. 51. А прыйшоўшы ў дом, не дазволіў увайсьці нікому, апрача Пятра, Яна і Якава, і бацькі дзяўчыны, і маці. 52. Усе плакалі і галасілі па ёй. Але Ён сказаў: ня плачце; яна не памерла, а сьпіць. 53. І сьмяяліся зь Яго, ведаючы, што яна памерла. 54. А Ён, выслаўшы ўсіх прэч і ўзяўшы яе за руку, усклікнуў: дзяўчына! устань! 55. І вярнуўся дух ейны; яна адразу ўстала; і Ён загадаў даць ёй есьці. 56. І зьдзівіліся бацькі ейныя. А Ён загадаў ім не расказваць нікому пра тое, што сталася.
РАЗЬДЗЕЛ 9
1. І склікаўшы дванаццаць, даў ім сілу і ўладу над усімі дэманамі, і лекаваць ад хваробаў, 2. і паслаў іх зьвеставаць Царства Божае і ацаляць хворых 3. і сказаў ім: нічога не бярэце ў дарогу: ні кія, ні торбы, ні хлеба, ні срэбра, і ня майце па дзьве вопраткі; 4. і ў які дом увойдзеце, там заставайцеся і адтуль выпраўляйцеся ў дарогу; 5. а калі дзе ня прымуць вас, дык, выходзячы з горада таго, абцярушэце і пыл з вашых ног у сьведчаньне на іх. 6. Яны пайшлі і праходзілі селішчамі, зьвястуючы і ацаляючы ўсюды. 7. Дачуўся Ірад тэтрарх пра ўсё, што рабіў Ісус, і зьдзіўляўся: бо адны казалі, што гэта Ян паўстаў зь мёртвых; 8. другія - што Ільля зьявіўся; а тыя, што адзін з старавечных прарокаў уваскрэс. 9. І сказаў Ірад: Яну я адцяў галаву; а хто Гэты, пра Якога я чую такое? І стараўся ўбачыць Яго. 10. Апосталы, вярнуўшыся, расказалі Яму, што яны зрабілі; і Ён, узяўшы іх з Сабою, адасобіўся ў пустэльнай мясьціне, непадалёк ад горада, называнага Бэтсаідаю. 11. Але людзі, даведаўшыся, пайшлі за Ім: і Ён, прыняўшы іх, гутарыў зь імі пра Царства Божае і ацаляў тых, каму было патрэбнае ацаленьне. 12. А дзень пачаў хіліцца да вечара. І прыступіўшы да Яго, дванаццаць казалі Яму: адпусьці людзей, каб яны пайшлі ў навакольныя селішчы і вёскі начаваць і дасталі ежы; бо што мы тут у пустэльнай мясьціне. 13. Але Ён сказаў ім: вы дайце ім есьці. Яны сказалі: у нас няма больш за пяць хлябоў і дзьве рыбіны; хіба што, нам трэба пайсьці купіць ежы на ўвесь гэты люд. 14. Бо іх было каля пяці тысяч чалавек. Але Ён сказаў вучням Сваім: пасадзеце іх радамі па пяцьдзясят. 15. І зрабілі так, і пасадзілі ўсіх. 16. А Ён, узяўшы пяць хлябоў і дзьве рыбіны і паглядзеўшы на неба, дабраславіў іх, пераламаў і даў вучням, каб раздаць людзям. 17. І елі і наеліся ўсе: і рэшты кавалкаў набралася ў іх дванаццаць кашоў. 18. Аднаго разу, калі Ён маліўся ў адасобленым месцы, вучні былі зь Ім, Ён спытаўся ў іх: за каго ўважаюць Мяне людзі? 19. Яны сказалі ў адказ, за Яна Хрысьціцеля, а некаторыя - за Ільлю: а іншыя кажуць, што адзін з старавечных прарокаў уваскрэс. 20. А Ён спытаўся ў іх: а вы за каго ўважаеце Мяне? Адказаў Пётр: за Хрыста Божага. 21. Але Ён строга загадаў ім нікому не казаць пра гэта, 22. сказаўшы, што Сын Чалавечы мае шмат адпакутаваць, і быць адкінутым старэйшынамі, першасьвятарамі і кніжнікамі, і быць забітым, і на трэйці дзень уваскрэснуць. 23. А да ўсіх прамовіў: калі хто хоча ісьці за Мною, адрачыся ад сябе і вазьмі крыж свой і ідзі за Мною; 24. бо, хто хоча душу сваю захаваць, той страціць яе: а хто страціць душу сваю дзеля Мяне, той захавае яе, 25. бо што карысьці чалавеку здабыць увесь сьвет, а сябе самога загубіць, альбо пашкодзіць сабе? 26. бо хто пасаромеецца Мяне і Маіх слоў, таго Сын Чалавечы пасаромеецца, калі прыйдзе ў славе Сваёй і Айцовай і сьвятых анёлаў. 27. Кажу бо вам па праўдзе: ёсьць сярод тых, што стаяць тут, такія, якія ня зьведаюць сьмерці, а ўжо ўгледзяць Царства Божае. 28. Пасьля гэтых словаў, дзён праз восем, узяўшы Пятра, Яна і Якава, узыйшоў Ён на гару памаліцца. 29. І калі маліўся, выгляд аблічча ў Яго зьмяніўся, і вопратка ў Яго зрабілася белая, бліскучая. 30. І вось, два мужы гутарылі зь Ім, якія былі Майсей і Ільля: 31. зьявіўшыся ў славе, яны казалі абодва пра зыход Ягоны, які яму належала зьдзейсьніць у Ерусаліме. 32. Пётр і астатнія зь ім змораныя былі сном: але прачнуўшыся, угледзелі славу Ягоную, і двух мужоў, што стаялі зь Ім. 33. І калі яны адыходзілі ад Яго, сказаў Пётр Ісусу: Настаўнік! добра нам тут быць: зробім тры палаткі, адну Табе, адну Майсею і адну Ільлю, - ня ведаючы, што казаў. 34. Калі ж ён казаў гэта, наплыло воблака і асланіла іх; і спалохаліся яны, калі ўвайшлі ў воблака. 35. І быў з воблака голас, які мовіў: Гэты ёсьць Сын Мой Любасны; Яго слухайце. 36. Калі быў гэты голас, застаўся Ісус адзін. І яны змоўчалі і нікому не казалі ў тыя дні пра тое, што бачылі. 37. А на другі дзень, калі яны сыйшлі з гары, сустрэла Яго шмат людзей. 38. Раптам нехта зь людзей усклікнуў: Настаўнік! малю Цябе зірнуць на сына майго, ён адзін у мяне: 39. яго вярэдзіць дух, і ён раптам ускрыквае, і курчыць яго, так што пускае пену; і ледзьве адступае ад яго, змучыўшы яго; 40. я прасіў вучняў Тваіх выгнаць яго, і яны не маглі. 41. А Ісус адказваючы, сказаў: о род няверны і разбэшчаны! дакуль буду з вамі і буду цярпець вас? прывядзі сюды сына твайго. 42. І калі той яшчэ ішоў, дэман кінуў яго на зямлю і пачаў калаціць; але Ісус загразіў нячыстаму духу, і ацаліў падлетка, і аддаў яго бацьку ягонаму. 43. І ўсе зьдзіўляліся зь велічы Божай. А калі ўсе зьдзіўляліся з усяго, што гаварыў Ісус, Ён сказаў вучням Сваім: 44. пакладзеце вы сабе ў вушы словы гэтыя: Сын Чалавечы будзе аддадзены ў рукі чалавечыя. 45. Але яны не зразумелі слова гэтага, і яно было замкнута ад іх, так што яны ня ўцямілі яго; а спытацца ў Яго пра гэтае слова баяліся. 46. І прыйшло ім на думку: хто б зь іх быў большы? 47. А Ісус, бачачы помысел сэрца іхняга, узяўшы дзіця, паставіў яго перад Сабою 48. і сказаў ім: хто прыме гэтае дзіця ў імя Маё, той Мяне прымае; а хто прыме Мяне, той прымае Таго, Хто паслаў Мяне; бо, хто з вас найменшы за ўсіх, той будзе вялікі. 49. Пры гэтым Ян сказаў: Настаўнік! мы бачылі чалавека, які імем Тваім выганяе дэманаў, і забаранілі яму, бо ён ня ходзіць з намі. 50. Ісус сказаў яму: не забараняйце; бо хто ня супроць вас, той за вас. 51. А калі набліжаліся дні ўшэсьця Ягонага ад людзей, Ён захацеў ісьці ў Ерусалім, 52. і паслаў вястуноў перад абліччам Сваім: і яны пайшлі і ўвайшлі ў селішча Самаранскае, каб падрыхтаваць для Яго; 53. але там ня прынялі Яго, бо Ён меў выгляд вандроўніка ў Ерусалім. 54. Бачачы гэта, вучні Ягоныя, Якаў і Ян, сказалі: Госпадзе! ці хочаш, мы скажам, каб вагонь сышоў зь неба і вынішчыў іх, як і Ільля зрабіў? 55. Але Ён, зьвярнуўшыся да іх, забараніў ім і сказаў: ня ведаеце, якога вы духу; 56. бо Сын Чалавечы прыйшоў ня губіць душы чалавечыя, а ратаваць. І пайшлі ў іншае селішча. 57. Сталася, што калі яны былі ў дарозе, нехта сказаў Яму: Госпадзе! я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў. 58. Ісус сказаў яму: лісы маюць норы, а птушкі нябесныя - гнёзды; а Сын Чалавечы ня мае, дзе прыхіліць галаву. 59. А другому сказаў: ідзі за Мною. Той сказаў: Госпадзе! дазволь мне сьпярша пайсьці і пахаваць бацьку майго. 60. Але Ісус сказаў яму: пакінь мёртвым хаваць сваіх мерцьвякоў; а ты ідзі, зьвястуй Царства Божае. 61. Яшчэ другі сказаў: я пайду за Табою, Госпадзе! але сьпярша дазволь мне разьвітацца з хатнімі маімі. 62. Але Ісус сказаў яму: ніхто, хто паклаў руку сваю на плуг і азіраецца назад, не надзейны для Царства Божага.
РАЗЬДЗЕЛ 10
1. Пасьля гэтага выбраў Гасподзь і іншых вучняў, і паслаў іх па двое перад абліччам Сваім у кожны горад і мясьціну, куды Сам хацеў ісьці, 2. і сказаў ім: жніва многа, а работнікаў мала; дык вось малеце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво Сваё. 3. Ідзеце! Я пасылаю вас, як ягнят сярод ваўкоў. 4. Не бярэце ні мяха, ні торбы, ні абутку, і нікога на дарозе ня вітайце. 5. У які дом увойдзеце, сьпярша кажэце: «мір дому гэтаму!» 6. і калі будзе там сын міру, дык спачыне на ім мір ваш; а калі не, дык да вас вернецца; 7. а ў доме тым заставайцеся, ежце і пеце, што ў іх ёсьць: бо працаўнік варты ўзнагароды за працу сваю, не пераходзьце з дому ў дом. 8. І калі прыйдзеце ў які горад, і прымуць вас, ежце, што вам дадуць; 9. і ацаляйце ў ім хворых, і кажэце ім: «наблізілася да вас Царства Божае». 10. А як прыйдзеце ў які горад, і ня прымуць вас, дык, выйшаўшы на вуліцу, скажэце: 11. «і пыл, прыліплы да нас ад вашага горада, абцярушваем вам; аднак жа ведайце, што наблізілася да вас Царства Божае». 12. Кажу вам, што Садоме ў дзень той будзе радасьней, чым гораду таму. 13. Гора табе, Харазіне! гора табе, Віфсаіда! бо, калі б у Тыры і Сідоне зьявіліся сілы, яўленыя ў вас, дык даўно б яны, седзячы ў вярэце і ў попеле, пакаяліся; 14. але і Тыру і Сідону радасьней будзе на судзе, чым вам. 15. І ты, Капернауме, што да неба ўзвысіўся, да пекла зрынешся. 16. Хто слухае вас, Мяне слухае, і хто вас цураецца, Мяне цураецца; а хто цураецца Мяне, цураецца Таго, хто паслаў Мяне. 17. Семдзесят вучняў вярнуліся з радасьцю і казалі: Госпадзе! і дэманы слухаюцца нас у імя Тваё. 18. А Ён сказаў ім: Я бачыў сатану, які ўпаў зь неба, як маланка; 19. вось, даю вам уладу наступаць на зьмеяў і скарпіёнаў і на ўсю сілу варожую, і нішто не пашкодзіць вам; 20. аднак жа таму ня радуйцеся, што духі слухаюцца вас: а радуйцеся таму, што імёны вашыя напісаны на нябёсах. 21. У тую хвіліну ўзрадаваўся духам Ісус і сказаў: слаўлю Цябе, Войча, Госпадзе неба і зямлі, што Ты ўтоіў гэта ад мудрых і ад разумных і адкрыў малым дзецям; праўда, Войча! бо такая была Твая воля. 22. І зьвярнуўшыся да вучняў, сказаў: усё перададзена мне Айцом Маім; і хто ёсьць Сын, ня ведае ніхто, апрача Айца, і хто ёсьць Айцец, ня ведае ніхто, апрача Сына, і каму Сын хоча адкрыць. 23. І зьвярнуўшыся да вучняў, сказаў ім асобна: дабрашчасныя вочы, якія бачаць тое, што вы бачыце! 24. бо кажу вам, што многія прарокі і цары хацелі бачыць, што вы бачылі, і ня ўбачылі, і чуць, што вы чулі, і ня чулі. 25. І вось, адзін законьнік устаў і, спакушаючы Яго, сказаў: Настаўнік, што мне рабіць, каб успадкаваць жыцьцьё вечнае? 26. А Ён сказаў яму: у законе што напісана? як чытаеш? 27. Той сказаў у адказ: «палюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсёю моцай тваёю, і ўсім разуменьнем тваім, і блізкага твайго, як самога сябе». 28. Ісус сказаў яму: слушна ты адказваў; так рабі і будзеш жыць. 29. Але той, хочучы апраўдацца, сказаў Ісусу: а хто мой блізкі? 30. На гэта сказаў Ісус: нейкі чалавек ішоў зь Ерусаліма ў Ерыхон і нарваўся на разбойнікаў, якія зьнялі зь яго вопратку, паранілі яго і пайшлі, пакінуўшы яго ледзь жывога. 31. З нагоды нейкі сьвятар ішоў тою дарогаю і, убачыўшы яго, прайшоў міма. 32. Гэтак сама і лявіт, быўшы на тым месцы, падышоў, паглядзеў і прайшоў міма. 33. А нейкі Самаранін, праязджаючы, знайшоў яго і, убачыўшы яго, пашкадаваў, 34. і падышоўшы, перавязаў яму раны, паліваючы алеем і віном; і, пасадзіўшы яго на свайго асла, прывёз яго ў гасьцініцу і паклапаціўся пра яго; 35. а на другі дзень, ад'язджаючы, дастаў два дынары, даў гаспадару гасьцініцы і сказаў яму: паклапаціся пра яго; і калі патраціш больш, я, калі вярнуся, аддам табе. 36. Хто з гэтых трох, думаеш ты, быў блізкі таму, што нарваўся на разбойнікаў? 37. Ён сказаў: той, які зрабіў яму міласьць. Тады Ісус сказаў яму: ідзі, і ты рабі гэтак сама. 38. У часе дарогі іхняй, прыйшоў Ён у адно селішча; тут жанчына, імем Марфа, прыняла Яго ў дом свой; 39. у яе была сястра, імем Марыя, якая села да ног Ісуса і слухала слова Ягонае. 40. А Марфа клапатала пра вялікае частаваньне, і падышоўшы, сказала: Госпадзе! ці Табе клопату няма, што сястра мая адну мяне пакінула служыць? скажы ёй, каб пасобіла мне. 41. А Ісус сказаў ёй у адказ: Марфа! Марфа! рупішся і завіхаешся ты занадта, 42. а адно толькі трэба, Марыя ж выбрала добрую долю, якая не адымецца ў яе.
РАЗЬДЗЕЛ 11
1. Сталася, што калі Ён у адным месцы маліўся, і перастаў, адзін вучань ягоны сказаў Яму: Госпадзе! навучы нас маліцца, як і Ян навучыў вучняў сваіх. 2. Ён сказаў ім: калі моліцеся, кажэце: «Войча наш, Які існы ў нябёсах! хай сьвяціцца імя Тваё; хай прыйдзе Царства Тваё; хай будзе воля Твая і на зямлі, 3. як на небе; хлеб наш надзённы давай нам на кожны дзень; 4. і даруй нам грахі нашыя, як і мы даруем кожнаму вінаватаму перад намі; і не дапусьці нас у спакусу, але ратуй нас ад ліхога». 5. І сказаў ім: уявім, што нехта з вас, маючы сябра, прыйдзе да яго апоўначы і скажа яму: дружа, пазыч мне тры хлябы, 6. бо сябра мой з дарогі зайшоў да мяне, і ў мяне няма чаго даць яму; 7. а той зь сярэдзіны скажа яму ў адказ: ня турбуй мяне, дзьверы ўжо замкнёныя, і дзеці мае на пасьцелі са мною; не магу ўстаць і даць табе. 8. Калі, кажу вам, ён ня ўстане і ня дасьць яму па прыязьні зь ім, дык па неадступнасьці ягонай, устаўшы, дасьць яму, колькі просіць. 9. І Я кажу вам: прасеце, і дасца вам; шукайце, і знойдзеце; стукайцеся, і адчыняць вам; 10. бо кожны просьбіт атрымлівае, і шукальнік знаходзіць, і хто стукаецца, таму адчыняць. 11. Які з вас бацька, калі сын папросіць у яго хлеба, падасьць яму камень? альбо калі папросіць рыбы, падасьць яму зьмяю, замест рыбы? 12. альбо, калі папросіць яйка, падасьць яму скарпіёна? 13. Дык вось, калі вы, ліхія, умееце даньні добрыя даваць дзецям вашым, тым болей Айцец Нябесны дасьць Духа Сьвятога тым, хто просіць у Яго. 14. Аднаго разу выгнаў Ён дэмана, які быў нямы; і калі дэман выйшаў, нямы загаварыў; і людзі зьдзівіліся. 15. А некаторыя зь іх казалі: Ён выганяў дэманаў сілаю вэльзэвула, князя дэманскага. 16. А іншыя, спакушаючы, патрабавалі ад Яго азнакі зь неба. 17. Але Ён, ведаючы намыслы іхнія, сказаў ім: усякае царства, якое разьдзялілася самое ў сабе, запусьцее, і дом, які разьдзяліўся сам у сабе, зруйнуецца. 18. А калі і сатана разьдзеліцца сам у сабе, дык як устоіць царства ягонае? а вы кажаце, што я сілаю вэльзэвулавай выганяю дэманаў. 19. І калі Я сілаю вэльзэвулавай выганяю дэманаў, дык сыны вашыя чыёй сілаю выганяюць іх? А таму яны будуць вам за судзьдзяў. 20. А калі Я пальцам Божым выганяю дэманаў, дык напэўна ж дасягнула да вас Царства Божае. 21. Калі дужы са зброяй ахоўвае свой дом, тады ў бясьпецы ягоная маёмасьць; 22. а калі дужэйшы за яго нападае на яго і пераможа яго, тады возьме ўсю зброю ягоную, на якую ён спадзяваўся, і падзеліць захопленае ў яго. 23. Хто не са Мною, той супроць Мяне; і хто ня зьбірае са Мною, той раскідае. 24. Калі нячысты дух выйдзе з чалавека, дык ходзіць па бязводных мясьцінах, шукаючы спакою, і не знаходзячы, кажа: вярнуся ў дом мой, адкуль выйшаў. 25. І прыйшоўшы, застае яго падмеценым і прыбраным; 26. тады ідзе і бярэ з сабою сем іншых духаў, люцейшых за сябе, і, увайшоўшы, жывуць там; і бывае чалавеку таму апошняе горш за першае. 27. Калі ж Ён казаў гэта, адна жанчына, узвысіўшы голас зь людзей, сказала Яму: дабрашчаснае ўлоньне, якое насіла Цябе, і саскі, якія Цябе кармілі! 28. А Ён сказаў: дабрашчасныя тыя, што слухаюць слова Божае і трымаюцца яго. 29. А калі люд пачаў сыходзіцца ў мностве, Ён пачаў гаварыць: род гэты ліхі; ён шукае азнакі, і азнака не даецца яму, апрача азнакі Ёны прарока; 30. бо, як Ёна быў азнакай Нінэвіцянам, так будзе Сын Чалавечы роду гэтаму. 31. Царыца Поўдня паўстане на суд з мужамі роду гэтага і асудзіць іх, бо яна прыходзіла з канца зямлі паслухаць мудрасьці Саламонавай; і вось тут больш за Саламона. 32. Нінэвіцяне ўстануць на суд з родам гэтым і асудзяць яго, бо яны пакаяліся праз прапаведаваньне Ёнавае, і вось, тут больш за Ёну. 33. Ніхто, запаліўшы сьвечку, ня ставіць яе ў патайным месцы, ні пад пасудзінаю, а на сьвечніку, каб, уваходзячы, бачылі сьвятло. 34. Сьветач целу ёсьць вока; дык вось, калі вока тваё будзе чыстае, дык і ўсё цела тваё будзе сьветлае; а калі яно будзе благое, дык і цела тваё будзе цёмнае. 35. Дык вось, глядзі: сьвятло, якое ў табе, ці ня ёсьць цемра? 36. А калі цела тваё ўсё сьветлае і ня мае ніводнай цямноціны, дык будзе сьветла ўсё так, як бы калі сьветач асьвятляў цябе зьзяньнем. 37. Калі Ён сказаў гэта, адзін фарысэй запрасіў Яго да сябе абедаць; Ён прыйшоў і ўзьлёг. 38. А фарысэй зьдзівіўся, убачыўшы, што Ён ня ўмыў рук перад абедам. 39. Але Гасподзь сказаў яму: вось вы, фарысэі, зьнешнасьць чары і місы ачышчаеце, а нутрына вашая поўная пахапнасьці і злахітрасьці. 40. Неразумныя! ці ж ня Той, Хто стварыў зьнешняе, старыў і ўнутранае? 41. Падавайце лепей міласьціну з таго, што ў вас ёсьць: тады ўсё будзе ў вас чыстае. 42. але гора вам, фарысэям, што даяце дзесяціну зь мяты, руты і ўсякай гародніны, і ня дбаеце пра суд і любасьць Божую: гэта трэба было рабіць, і таго не пакідаць. 43. Гора вам, фарысэям, што любіце ў сынагогах сядзець наперадзе і вітаньні на плошчах. 44. Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што вы - як магілы схаваныя, над якімі людзі ходзяць і ня ведаюць таго. 45. На гэта нехта з законьнікаў сказаў Яму: Настаўнік! кажучы гэта, Ты нас крыўдзіш. 46. Але Ён сказаў: і вам, законьнікам, гора, што ўскладваеце на людзей ёрмы непасільныя, а самыя і адным пальцам не кранаеце іх. 47. Гора вам, што будуеце могільнікі прарокам, якіх забілі бацькі вашыя: 48. гэтым самым вы сьведчыце пра дзеі бацькоў вашых і згаджаецеся зь імі; бо яны забілі прарокаў, а вы будуеце ім помнікі. 49. Таму і мудрасьць Божая сказала: пашлю да іх прарокаў і апосталаў, і зь іх адных заб'юць, а другіх прагоняць; 50. хай спагоніцца з роду гэтага кроў усіх прарокаў, пралітая ад стварэньня сьвету, 51. ад крыві Авеля да крыві Захара, забітага паміж ахвярнікам і храмам. Праўда, кажу вам, спагоніцца з роду гэтага. 52. Гора вам, законьнікам, што вы ўзялі ключ разуменьня: самыя не ўвайшлі і ўваходзіць перашкодзілі. 53. Калі Ён казаў ім гэта, кніжнікі і фарысэі пачалі заўзята падступацца да яго, вымагаючы ў Яго адказаў на многае, 54. цікуючы за Ім і стараючыся падлавіць што-небудзь з вуснаў Ягоных, каб зьвінаваціць Яго.
РАЗЬДЗЕЛ 12
1. Тым часам, калі сабраліся тысячы людзей, так што ціснулі адзін аднаго, Ён пачаў гаварыць спадчатку вучням Сваім: сьцеражэцеся закваскі фарысэйскай, якая ёсьць крывадушнасьць. 2. Няма нічога схаванага, што ня выкрылася б, і таемнага, чаго ня ўведалі б. 3. Таму, што вы сказалі ў цемры, тое ўчуецца на сьвятле; і што казалі на вуха ўсярэдзіне дома, тое будзе абвешчана з дахаў. 4. Кажу ж бо вам, сябрам Маім: ня бойцеся тых, што забіваюць цела і потым ня могуць нічога болей зрабіць; 5. а скажу вам, каго баяцца: бойцеся таго, хто, пасьля забойства, можа ўкінуць у геену; праўда, кажу вам, таго бойцеся. 6. Ці ж ня пяць маленькіх птушак прадаюцца за два асарыі? і ніводная зь іх не забытая ў Бога. 7. А ў вас і валасы на галаве ўсе палічаны. Дык вось, ня бойцеся: вы даражэйшыя за многіх маленькіх птушак. 8. Маўляю ж вам: кожнага, хто вызна Мяне перад людзьмі, і Сын Чалавечы вызнае перад анёламі Божымі; 9. а хто зрачэцца Мяне перад людзьмі, той зрачоны будзе перад анёламі Божымі. 10. І кожнаму, хто скажа слова на Сына Чалавечага, даравана будзе; а хто скажа блюзьнерства на Духа Сьвятога, таму не даруецца. 11. А як прывядуць вас у сынагогі, да начальстваў і ўладаў, ня турбуйцеся, як ці што адказваць, альбо што казаць; 12. бо Сьвяты Дух навучыць вас у тую самую хвіліну, што трэба казаць. 13. Нехта зь людзей сказаў Яму: Настаўнік! скажы брату майму, каб ён падзяліў са мной спадчыну, 14. А Ён сказаў чалавеку таму: хто паставіў Мяне судзіць альбо дзяліць вас? 15. Пры гэтым сказаў ім: глядзеце, сьцеражэцеся любазьдзірства, бо жыцьцё чалавека не залежыць ад лішку ў яго маёмасьці. 16. І сказаў ім прытчу: у аднаго багатага чалавека добра ўрадзіла поле; 17. і ён разважаў сам з сабою: што мне рабіць? няма куды мне сабраць плады мае. 18. І сказаў: вось што зраблю: паламаю засекі мае і збудую большыя, і зьбяру туды ўсё збожжа маё і ўсё дабро маё. 19. І скажу душы маёй: душа! шмат дабра ляжыць у табе на многія гады: пакайся, еж, пі, весяліся. 20. Але Бог сказаў яму: неразумны! гэтае ж ночы душу тваю забяруць у цябе; каму ж дастанецца тое, што ты назапасіў? 21. Так бывае з тым, хто зьбірае скарбы сабе, а не ад Бога багацее. 22. І сказаў вучням Сваім: таму кажу вам: ня турбуйцеся дзеля душы вашае, што вам есьці, ні для цела, у што апрануцца: 23. душа большая за ежу, і цела - за вопратку. 24. Паглядзеце на крумкачоў: яны ня сеюць, ні жнуць; няма ў іх ні сховішчаў, ні засекаў, і Бог корміць іх; наколькі ж бо вы лепшыя за птушак? 25. Ды і хто з вас, турбуючыся, можа дадаць сабе росту хоць на адзін локаць? 26. Дык вось, калі і найменшага зрабіць ня можаце, чаго ж турбуецеся за астатняе? 27. Паглядзеце на лілеі, як яны растуць: не працуюць, ні прадуць; але кажу вам што і Саламон ва ўсёй славе сваёй не апранаўся так, як кожная зь іх. 28. А калі траву польную, якая сёньня ёсьць, а заўтра будзе кінута ў печ, Бог так апранае, дык наколькі ж болей вас, малаверы. 29. Дык вось, ня шукайце, што вам есьці, альбо што піць, і ня турбуйцеся, 30. бо ўсяго гэтага шукаюць людзі сьвету гэтага; а ваш Айцец ведае, што вы маеце патрэбу ў гэтым; 31. а найболей шукайце Царства Божага, і гэта ўсё дадасца вам. 32. Ня бойся, малы статак! бо Айцец ваш меў добрую ласку даць вам Царства. 33. Прадавайце маёнткі вашыя і давайце міласьціну. Рыхтуйце сабе ўмясьцілішчы нелядашчыя, скарб нявычэрпны на нябёсах, куды злодзей не набліжаецца, і дзе моль не зьядае: 34. бо, дзе скарб ваш, там і сэрца вашае будзе. 35. Хай будзе паясьніца вашая аперазаная, і сьвяцільні гараць; 36. і вы будзеце падобныя на людзей, якія чакаюць вяртаньня гаспадара свайго зь вясельля, каб, калі прыйдзе і пастукаецца, адразу адчыніць яму. 37. Дабрашчасныя рабы тыя, якіх гаспадар, прыйшоўшы, застане чуйнымі; праўду кажу вам, ён апяражацца і пасадзіць іх, і падыходзячы, пачне служыць ім. 38. І калі прыйдзе ў другую варту, і ў трэцюю варту прыйдзе, і знойдзе іх так, дык дабрашчасныя рабы тыя. 39. Вы знаеце, што калі б ведаў гаспадар дому, а каторай гадзіне прыйдзе злодзей, дык чуваў бы і не дапусьціў бы падкапаць дом свой: 40. будзьце ж і вы гатовыя, бо ў якую гадзіну, ня думаеце, прыйдзе Сын Чалавечы. 41. Тады сказаў Яму Пётр: Госпадзе! ці нам Ты прытчу гэтую кажаш, ці ўсім? 42. Гасподзь жа сказаў: хто верны і разумны ўпраўнік, якога гаспадар паставіў над слугамі сваімі раздаваць ім у свой час меру хлеба? 43. Дабрашчасны раб той, якога гаспадар ягоны, прыйшоўшы, застане, што робіць так: 44. праўду кажу вам, што над усёй маёмасьцю сваёй паставіць яго. 45. А калі раб той скажа ў сэрцы сваім: «ня скора прыйдзе гаспадар мой», і пачне біць слуг і служанак, есьці і піць і напівацца, 46. дык прыйдзе гаспадар раба таго ў дзень, у які ён не чакае, і ў гадзіну, у якую ня думае, і пасячэ яго і пакладзе яму долю аднолькавую зь нявернымі. 47. А той раб, які ведаў волю гаспадара свайго, і ня быў гатовы, і не рабіў па волі ягонай, біты будзе моцна; 48. а які ня ведаў і зрабіў вартае пакараньня, біты будзе меней. І ад кожнага, каму дадзена шмат, шмат і спатрабуецца; і каму шмат даверана, з таго болей зышчуць. 49. Агонь прыйшоў Я зьвесьці на зямлю, і як хацеў бы, каб ён ужо загарэўся! 50. Хрышчэньнем павінен Я хрысьціцца; і як Я ўбольваюся, пакуль тое зьдзейсьніцца! 51. Ці думаеце вы, што Я прыйшоў даць мір зямлі? не, кажу вам, а разьдзяленьне; 52. бо ад сёньня пяцёра ў адным доме пачнуць дзяліцца: трое супроць двух, а двое супроць трох; 53. бацька будзе супроць сына, і сын супроць бацькі; маці супроць дачкі, і дачка супроць маці; сьвякроў супроць нявесткі сваёй, і нявестка супроць сьвякрові сваёй. 54. Сказаў жа і народу: калі вы бачыце хмару, што падымаецца з захаду, адразу кажаце: дождж будзе; і бывае так; 55. і калі дзьме паўднёвы вецер, кажаце: сьпёка будзе; і бывае. 56. Крывадушнікі! аблічча зямлі і неба апазнаваць умееце, як жа часу гэтага не пазнаяце? 57. Чаму ж вы і па саміх сабе не мяркуеце, што быць павінна? 58. Калі ты ідзеш з супраціўнікам сваім да начальства, дык па дарозе пастарайся вызваліцца ад яго, каб ён ня прывёў цябе да судзьдзі, а судзьдзя не аддаў цябе кату, а кат ня кінуў цябе ў цямніцу. 59. маўляю табе: ня выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі і апошняга гроша.
РАЗЬДЗЕЛ 13
1. У гэты час прыйшлі некаторыя і расказалі Яму пра Галілеянаў, чыю кроў Пілат зьмяшаў з ахвярамі іхнімі. 2. Ісус сказаў ім на гэта: ці думаеце вы, быццам гэтыя Галілеяне сталі грашнейшыя за ўсіх Галілеянаў, што так пацярпелі? 3. Не, кажу вам; але калі не пакаецеся, усе гэтак сама загінеце. 4. Альбо, ці думаеце, што тыя васямнаццаць чалавек, на якіх упала вежа Сілаамская і забіла іх, былі вінаватыя больш за ўсіх, хто жыве ў Ерусаліме? 5. Не, кажу вам; але калі не пакаецеся, усе гэтак сама загінеце. 6. І сказаў гэтую прытчу: нехта меў у сваім вінаградніку пасаджаную смакоўніцу, і прыйшоў шукаць плоду на ёй, і не знайшоў; 7. і сказаў вінаградару: вось, я трэйці год прыходжу шукаць плоду на гэтай смакоўніцы і не знаходжу; сьсячы яе, навошта яна і зямлю займае? 8. Але той сказаў яму ў адказ: спадару! пакінь яе і на сёлета, пакуль я акапаю яе і абкладу гноем: 9. ці ня ўродзіць плоду; калі ж не, налета сьсячэш яе. 10. У адной сынагозе Ён вучыў у суботу; 11. там была жанчына, якая васямнаццаць гадоў мела духа немачы: яна была скурчаная і не магла выпрастацца. 12. Ісус, угледзеўшы яе, падышоў і сказаў ёй: жанчына! ты вызваляешся ад ндужы тваёй. 13. І ўсклаў на яе рукі; і яна адразу выпрасталася і пачала славіць Бога. 14. Пры гэтым начальнік сынагогі, абураючыся, што Ісус ацаліў у суботу, сказаў люду: ёсьць шэсьць дзён, у якія можна рабіць: у тыя і прыходзьце ацаляцца, а ня ў дзень суботні. 15. Гасподзь сказаў яму ў адказ: крывадушнік! ці не адвязвае кожны з вас вала свайго альбо асла ад ясьляў у суботу, і ці не вядзе паіць? 16. а гэтую дачку Абрагамаву, якую зьвязаў сатана вось ужо васямнаццаць гадоў, ці ня трэба было вызваліць яе ад повязяў тых у дзень суботні? 17. І калі казаў Ён гэта, усе супраціўнікі Ягоныя пасароміліся; і ўвесь люд радаваўся за ўсе слаўныя дзеі Ягоныя. 18. А Ён сказаў: на што падобнае Царства Божае, і да чаго прыпадобню яго? 19. яно падобнае на зерне гарчычнае, якое, узяўшы, чалавек пасадзіў у садзе сваім: і вырасла, і зрабілася вялікім дрэвам, і птушкі нябесныя хаваліся ў гольлі яго. 20. Яшчэ сказаў: да чаго прыпадобню Царства Божае? 21. Яно падобнае на закваску, якую жанчына, узяўшы, паклала ў тры меры мукі, пакуль не закісла ўсё. 22. І праходзіў гарадамі і селішчамі, вучачы і кіруючыся да Ерусаліма. 23. Нехта сказаў Яму: Госпадзе! няўжо мала тых, што ратуюцца? А Ён сказаў ім: 24. імкнецеся ўвайсьці праз вузкую браму, бо, маўляю вам, многія паспрабуюць увайсьці і ня здолеюць. 25. Калі гаспадар дома ўстане і зачыніць дзьверы, тады вы, стоячы знадворку, пачняце стукаць у дзьверы і казаць: «Госпадзе! Госпадзе! адчыні нам», але Ён скажа вам у адказ: «ня ведаю вас, адкуль вы»; 26. тады пачняце казаць: «мы елі і пілі перад Табою, і на вуліцах нашых вучыў Ты». 27. Але Ён скажа: «кажу вам: ня ведаю вас, адкуль вы; адыдзеце ад Мяне ўсе, хто ўчыняе няпраўду». 28. Там будзе плач і скрыгат зубоў, калі ўбачыце Абрагама, Ісаака і Якава і ўсіх прарокаў у Царстве Божым, а сябе выгнанцамі. 29. І прыйдуць з усходу і з захаду, і поўначы і поўдня і ўзьлягуць у Царстве Божым. 30. І вось, ёсьць апошнія, што будуць першымі, і ёсьць першыя, што будуць апошнімі. 31. У той дзень прыйшлі некаторыя фарысэі і казалі Яму: выйдзі адгэтуль, бо Ірад хоча забіць Цябе. 32. І сказаў ім: ідзеце, скажэце гэтаму лісу: вось, выганяю нячыстых і аздараўляю сёньня і ў наступны дзень, і ў трэйці дзень скончу; 33. а зрэшты, мне трэба хадзіць сёньня, заўтра і ў наступны дзень, бо ня бывае, каб прарок загінуў па-за Ерусалімам. 34. Ерусаліме, Ерусаліме, што забіваеш прарокаў і камянямі пабіваеш пасланых да цябе! колькі разоў хацеў я сабраць дзяцей тваіх, як птушка птушанят сваіх пад крылы, і вы не схацелі! 35. Вось, застаецца вам дом ваш пусты, маўляю бо вам, што вы ня ўбачыце Мяне, пакуль ня прыйдзе час, калі скажаце: дабраславёны Той, Хто ідзе ў імя Госпада!
РАЗЬДЗЕЛ 14
1. Давялося Яму ў суботу прыйсьці ў дом аднаго начальніка фарысэйскага з'есьці хлеба, і яны цікавалі за Ім; 2. і вось, стаў перад Ім чалавек, які цярпеў ад вадзянкі. 3. З гэтай нагоды Ісус спытаўся ў законьнікаў і фарысэяў: ці дазваляецца лекаваць у суботу? 4. Яны маўчалі. І дакрануўшыся, ацаліў таго і адпусьціў. 5. Пры гэтым сказаў ім: калі ў каго-небудзь з вас асёл альбо вол упадзе ў калодзеж, ці ж не адразу і выцягне яго і ў суботу? 6. І не маглі запярэчыць яму на гэта. 7. А заўважаючы, як запрошаныя выбіралі першыя месцы, сказаў ім прытчу: 8. калі ты будзеш пакліканы кім-небудзь на вясельле, не сядай на першае месца, каб не надарыўся хто з запрошаных ім больш ганаровы за цябе, 9. і той, хто запрашаў цябе і яго, падышоўшы, не сказаў бы табе: «саступі яму месца»; і тады з сорамам павінен будзеш заняць апошняе месца. 10. А калі запрошаны будзеш, прыйшоўшы, сядай на апошняе месца, каб той, хто цябе запрасіў, падышоўшы, сказаў: «дружа! перасядзь вышэй»; тады будзе табе пашана перад тымі, хто сядзіць з табою: 11. бо кожны, хто ўзвышае сам сябе, паніжаны будзе, а хто паніжае сябе, узвысіцца. 12. Сказаў жа і таму, хто запрасіў Яго: калі спраўляеш абед альбо вячэру, ня кліч сяброў тваіх, ні братоў тваіх, ні родзічаў тваіх, ні суседзяў багатых, каб і яны цябе калі не паклікалі, і не дастаў бы ты аддачы. 13. Але калі спраўляеш гасьціну, кліч убогіх, калекаў, кульгавых, сьляпых, 14. і дабрашчасны будзеш, што яны ня могуць аддаць табе, бо аддасца табе ў дзень уваскрэсеньня праведных. 15. Пачуўшы гэта, нехта з тых, што ўзьляжалі зь Ім, сказаў Яму: дабрашчасны, хто з'есьць хлеба ў Царстве Божым! 16. А Ён сказаў яму: адзін чалавек зладзіў вялікую вячэру і склікаў многіх; 17. і калі настаў час бяседы, паслаў раба свайго сказаць запрошаным: ідзеце, бо ўжо ўсё гатова. 18. І пачалі ўсе, як бы змовіўшыся, перапрашацца. Першы сказаў яму: я купіў зямлю, і мне трэба пайсьці і агледзець яе; прашу цябе, прабач мне. 19. Другі сказаў: я купіў пяць пар валоў і іду выпрабаваць іх; прашу цябе, прабач мне. 20. Трэйці сказаў: я ажаніўся і таму не магу прыйсьці. 21. І вярнуўшыся, раб той данёс пра гэта гаспадару свайму. Тады, угневаўшыся, гаспадар дома сказаў рабу свайму: ідзі хутчэй па вуліцах і завулках горада, і прывядзі сюды ўбогіх, калекаў, кульгавых і сьляпых. 22. І сказаў раб: спадару! зроблена, як загадаў ты, і яшчэ ёсьць месца. 23. Гаспадар сказаў рабу: ідзі па дарогах і ўздоўж платоў і ўгавары прыйсьці, каб напоўніўся дом мой; 24. бо кажу вам, што ніхто з тых запрошаных ня з'есьць маёй вячэры: бо шмат пакліканых, ды мала выбраных. 25. Зь Ім ішло мноства людзей; і Ён, зьвярнуўшыся, сказаў ім: 26. калі хто прыходзіць да Мяне, і не зьненавідзіць бацькі свайго і маці, і жонкі і дзяцей, і сірот і сёстраў, а пры гэтым і самога жыцьця свайго, той ня можа быць Маім вучнем; 27. і хто не нясе крыжа свайго і ня ідзе за Мною, ня можа быць Маім вучнем. 28. Бо хто з вас, хочучы збудаваць вежу, ня сядзе сьпярша і не палічыць выдатакаў, ці мае ён, што трэба на будову яе, 29. каб, калі закладзе падмурак і ня зможа закончыць, усе, хто гэта бачыць, не пасьмяяліся зь яго, 30. кажучы: гэты чалавек пачаў будаваць і ня мог закончыць? 31. Альбо які цар, ідучы на вайну супроць іншага цара, ня сядзе і не параіцца папярэдне, ці моцны ён зь дзесяцьцю тысячамі стаць супроць таго, хто ідзе на яго з дваццацьцю тысячамі? 32. інакш, пакуль той яшчэ далёка, ён пашле да яго пасольства - прасіць міру. 33. Так кожны з вас, хто не адцураецца ўсяго, што мае, ня можа быць Маім вучнем. 34. Соль - добрая рэч; але калі соль страціць сілу, чым асаліць яе? 35. ні ў зямлю, ні ў гной ня прыдасца; прэч выкідаюць яе. Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!
РАЗЬДЗЕЛ 15
1. Наблізіліся да Яго ўсе мытнікі і грэшнікі слухаць Яго. 2. А фарысэі і кніжнікі наракалі, кажучы: Ён прымае грэшнікаў і есьць зь імі. 3. Але Ён сказаў ім наступную прытчу: 4. хто з вас, маючы сто авечак і згубіўшы адну зь іх, не пакіне дзевяноста дзевяцёх ў пустыні і ня пойдзе па прапалую, пакуль ня знойдзе яе? 5. А знайшоўшы, возьме яе на плечы свае з радасьцю; 6. і прыйшоўшы дамоў, пакліча сяброў і суседзяў і скажа ім; парадуйцеся са мною, я знайшоў маю прапалую авечку. 7. Маўляю вам, што так на нябёсах болей радасьці будзе за аднаго грэшніка, які каецца, чым за дзевяноста дзевяцёх праведнікаў, якія ня маюць патрэбы ў каяньні. 8. Альбо якая жанчына, маючы дзесяць драхмаў, калі згубіць адну драхму, не запаліць сьвечкі і не пачне месьці пакой і шукаць пільна, пакуль ня знойдзе? 9. А знайшоўшы, пакліча сябровак і суседак і скажа: парадуйцеся са мною, я знайшла згубленую драхму, 10. Так, кажу вам, бывае радасьць у анёлаў Божых і за аднаго грэшніка, які каецца. 11. Яшчэ сказаў: у аднаго чалавека было два сыны; 12. і сказаў малодшы бацьку: тата! дай мне належную мне долю маёмасьці. І бацька падзяліў ім маёмасьць. 13. Праз колькі дзён малодшы сын, сабраўшы ўсё, пайшоў у далёкі край і там распусьціў маёмасьць сваю, жывучы распусна. 14. А калі ён пражыў усё, настаў вялікі голад у той краіне, і ён апынуўся ў нястачы; 15. і пайшоў, прыстаў да аднаго жыхара той краіны, а той паслаў яго на палі свае пасьвіць сьвіньні; 16. і ён рады быў напоўніць чэрава сваё струкамі, якія елі сьвіньні, але ніхто не даваў яму. 17. Апамятаўшыся, сказаў: колькі парабкаў у бацькі майго маюць лішкі хлеба, а я паміраю з голаду! 18. Устану, пайду да бацькі майго і скажу яму: тата! я зграшыў супроць неба і перад табою, 19. і ўжо ня варты называцца сынам тваім; прымі мяне ў лік парабкаў тваіх. 20. Устаў і пайшоў да бацькі свайго. І калі ён быў яшчэ далёка, убачыў яго бацька ягоны і ўмілажаліўся; і пабегшы, упаў яму на шыю і пацалаваў яго. 21. А сын сказаў яму: тата! я зграшыў супроць неба і перад табою, і ўжо ня варты называцца сынам тваім. 22. А бацька сказаў рабам сваім: прынясеце найлепшую вопратку і апранеце яго, і дайце пярсьцёнак на руку яму і абутак на ногі; 23. і прывядзеце ўкормленае цяля і закалеце: будзем есьці і весяліцца, 24. бо гэты сын мой быў мёртвы і ажыў, прападаў і знайшоўся. І пачалі весяліцца. 25. А старэйшы сын ягоны быў на полі; і вяртаючыся, калі наблізіўся да дома, пачуў сьпевы і весялосьць; 26. і паклікаўшы аднаго слугу, спытаўся: што гэта такое? 27. Той сказаў яму: брат твой прыйшоў, і бацька твой закалоў укормленае цяля, бо прыняў яго здаровага. 28. Ён угневаўся і не хацеў увайсьці. А бацька, выйшаўшы, клікаў яго. 29. Але ён сказаў у адказ бацьку: вось, я столькі гадоў служу табе і ніколі не пераступаў загаду твайго, але ты ніколі ня даў мне і казьляняці, каб мне павесяліцца зь сябрамі маімі; 30. а калі сын твой, вось гэты, распусьціўшы маёмасьць сваю з блудніцамі, прыйшоў, ты закалоў яму ўкормленае цяля. 31. А ён сказаў яму: сыне мой! ты заўсёды са мною, і ўсё маё ёсьць тваё; 32. а з таго трэба было радавацца і весяліцца, што брат твой гэты быў мёртвы і ажыў, прападаў і знайшоўся.
РАЗЬДЗЕЛ 16
1. Сказаў жа і вучням Сваім: адзін чалавек быў багаты і меў упраўніка, на якога данесьлі яму, што распускае маёмасьць ягоную; 2. і паклікаўшы яго, сказаў яму: што гэта я чую пра цябе? 3. Тады ўпраўнік сказаў сам сабе: што мне рабіць? гаспадар мой адбірае ў мяне ўправу над домам: капаць не магу, прасіць саромеюся; 4. ведаю, што зрабіць, каб прынялі мяне ў дамы свае, калі адхілены буду ад управы над домам. 5. І паклікаўшы даўжнікоў гаспадара свайго, кожнага паасобку, сказаў першаму: колькі ты вінен гаспадару майму? 6. Той сказаў: сто мераў алею. І сказаў яму: вазьмі тваю расьпіску і сядай, хутчэй напішы: пяцьдзясят. 7. Потым другому сказаў: а ты колькі вінен? той сказаў: сто мераў пшаніцы. І сказаў яму: вазьмі тваю расьпіску і напішы: восемдзесят. 8. І пахваліў гаспадар упраўніка нявернага, што абачліва зрабіў; бо сыны веку гэтага здагадлівейшыя за сыноў сьвету ў сваім родзе. 9. І я кажу вам: набывайце сабе сяброў багацьцем няправедным, каб яны, калі зубожыцеся, прынялі вас у вечныя сялібы. 10. Верны ў малым і ў вялікім верны, а няверны ў малым няверны і ў вялікім. 11. Дык вось, калі вы ў няправедным багацьці ня былі верныя, хто даверыць вам сапраўднае? 12. І калі ў чужым ня былі верныя, хто дасьць вам вашае? 13. Ніякі слуга ня можа служыць двум гаспадарам, бо альбо аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць; альбо аднаму пачне рупліва дагаджаць, а пра другога ня дбаць. Ня можаце служыць Богу і мамоне. 14. Чулі ўсё гэта і фарысэі, якія былі срэбралюбцы, і яны сьмяяліся зь Яго. 15. Ён сказаў ім: вы аказваеце сябе праведнікамі перад людзьмі, але Бог ведае сэрцы вашыя: бо, што высока ў людзей, тое брыдота перад Богам. 16. Закон і прарокі да Яна; з гэтага часу Царства Божае зьвястуецца, і кожны з намогаю ўваходзіць у яго. 17. Але хутчэй неба і зямля мінуцца, чым адна рыска з закону прападзе. 18. Кожны, хто разводзіцца з жонкай сваёю і жэніцца зь іншаю, чыніць пералюб; і кожны, хто жэніцца з разьведзенай з мужам, чыніць пералюб. 19. Нейкі чалавек быў багаты, апранаўся ў парфіру і вісон і кожны дзень банкетаваў раскошна. 20. Быў таксама нейкі жабрак, на імя Лазар, які ляжаў каля варотаў ягоных ў струпах 21. і хацеў накарміцца крошкамі, што падалі са стала багацея, і сабакі праходзілі і лізалі струпы ягоныя. 22. Памёр жабрак і ўзьнесены быў анёламі на ўлоньне Абрагамавае; памёр і багаты, і пахавалі яго; 23. і ў пекле, ужо ў пакутах, ён узьвёў вочы свае, убачыў удалечыні Абрагама і Лазара на ўлоньні ягоным, 24. і загаласіўшы, сказаў: Войча Абрагаме! умілажалься сэрцам зь мяне і пашлі Лазара, каб умачыў канец пальца свайго ў ваду і ахаладзіў язык мой, бо я пакутую ў полымі гэтым. 25. Але Абрагам сказаў: дзіця! згадай, што ты атрымаў ужо добраснае тваё ў жыцьці тваім, а Лазар ліхое; і цяпер ён тут суцяшаецца, а ты пакутуеш; 26. і звыш таго паміж намі і вамі пакладзена вялізная прорва, так што тыя, хто хоча перайсьці адсюль да вас, ня могуць, гэтак сама і адтуль да нас не пераходзяць. 27. Тады сказаў ён: дык прашу цябе, войча, пашлі яго ў дом бацькі майго, 28. бо ў мяне пяць братоў: хай ён засьведчыць ім, каб і яны ня прыйшлі ў гэтае месца пакуты. 29. Абрагам сказаў яму: у іх ёсьць Майсей і прарокі; хай слухаюцца іх. 30. А ён сказаў: не, войча Абрагаме! але калі хто зь мёртвых прыйдзе да іх, пакаюцца. 31. Тады Абрагам сказаў яму: калі Майсея і прарокаў ня слухаюцца, дык, калі б хто і зь мёртвых уваскрэс, не павераць.
РАЗЬДЗЕЛ 17
1. Сказаў Ісус таксама вучням Сваім: немагчыма ня прыйсьці звадам, але гора таму, праз каго яны прыходзяць: 2. лепш было б яму, калі б мельны жарон павесілі яму на шыю і кінулі яго ў мора, чым калі б ён спакусіў аднаго з малых гэтых. 3. Глядзеце на сябе. Калі ж згрэшыць супроць цябе брат твой, ушчуй яго, і калі пакаецца, даруй яму. 4. і калі сем разоў на дзень згрэшыць супроць цябе і сем разоў на дзень навернецца, і скажа: каюся, - даруй яму. 5. І сказалі апосталы Госпаду: памнож у нас веру. 6. Гасподзь сказаў: калі б вы мелі веру зь зерне гарчычнае і сказалі смакоўніцы гэтай: вырвіся і перасадзіся ў мора, - дык яна паслухалася б вас. 7. Хто з вас, маючы раба, які арэ альбо пасьвіць, калі вернецца ён з поля, скажа яму: хадзі хутчэй, сядай за стол? 8. Наадварот, ці ня скажа яму: прыгатуй мне павячэраць і, падперазаўшыся, служы мне, пакуль буду есьці і піць, і потым еж і пі сам? 9. Ці будзе ён дзякаваць рабу гэтаму за тое, што ён выканаў загад? ня думаю. 10. Гэтак сама і вы, калі выканаеце ўсё загаданае вам, кажэце: мы рабы нічога ня вартыя, бо зрабілі, што павінны былі зрабіць. 11. Ідучы ў Ерусалім, Ён праходзіў паміж Самарыяй і Галілеяю. 12. І калі ўваходзіў Ён у адно селішча, сустрэлі Яго дзесяць чалавек пракажоных, якія спыніліся зводдаль, 13. і моцным голасам казалі: Ісусе Настаўнік, памілуй нас. 14. Убачыўшы іх, Ён сказаў ім: ідзеце, пакажэцеся сьвятарам. І пакуль яны ішлі, ачысьціліся. 15. А адзін зь іх, бачачы, што ацалёны, вярнуўся, моцным голасам услаўляючы Бога, 16. і ўпаў ніцма да ног Ягоных, дзякуючы Яму; і гэта быў Самаранін. 17. Тады Ісус сказаў: ці ня дзесяць ачысьціліся? дзе ж дзевяць? 18. як яны не вярнуліся ўзьнесьці славу Богу, апрача гэтага іншапляменца? 19. І сказаў яму: устань, ідзі; вера твая ўратавала цябе. 20. А як спыталіся ў Яго фарысэі, калі прыйдзе Царства Божае, адказваў ім: ня прыйдзе Царства Божае ўвачавідкі, 21. і ня скажуць: вось, яно тут, альбо: вось, там. Бо вось, Царства Божае ўнутры ў вас ёсьць. 22. Сказаў таксама вучням: прыйдуць дні, калі захочаце бачыць хоць адзін зь дзён Сына Чалавечага, і ня ўбачыце; 23. і скажуць вам: вось, тут, альбо: вось, там, - ня ідзеце і ня гневайцеся: 24. бо як маланка, што бліснула з аднаго краю неба, бліскае да другога краю неба, так будзе Сын Чалавечы ў дзень Свой. 25. Але сьпярша належыць Яму шмат адпакутаваць і быць адкінутым родам гэтым. 26. І як было ў дні Ноя, так будзе і ў дні Сына Чалавечага: 27. елі, пілі, жаніліся, выходзілі замуж, да таго дня, як увайшоў Ной у каўчэг, і прыйшоў патоп і зьнішчыў усіх. 28. Гэтак сама было і ў дні Лота: елі, пілі, куплялі, прадавалі, садзілі, будавалі; 29. але ў дзень, калі Лот выйшаў з Садомы, праліўся зь неба дождж агнявы і серны і вынішчыў усіх: 30. так будзе і ў той дзень, калі Сын Чалавечы адкрыецца. 31. У той дзень, хто будзе на даху, а рэчы ягоныя ў доме, той ня сыходзь узяць іх; і хто будзе на полі, таксама не вяртайся назад; 32. успамінайце жонку Лотаву. 33. Хто будзе ашчаджаць душу сваю, той загубіць яе; а хто загубіць яе, той ажывіць яе. 34. Маўляю вам: у тую ноч будуць двое на адной пасьцелі: адзін возьмецца, а другі пакінецца; 35. дзьве будуць малоць разам: адна возьмецца, а другая пакінецца: 36. двое будуць на полі: адзін возьмецца, а другі пакінецца. 37. На гэта сказалі Яму: дзе, Госпадзе? А Ён сказаў ім: дзе труп, там зьбяруцца і арлы.
РАЗЬДЗЕЛ 18
1. Сказаў ім таксама прытчу пра тое, што трэба заўсёды маліцца і ня падаць духам. 2. кажучы: у адным горадзе быў судзьдзя, які Бога не баяўся і людзей не саромеўся. 3. У тым самым горадзе была адна ўдава, і яна, прыходзячы да яго, казала: абарані мяне ад супраціўніка майго. 4. Але ён доўгі час не хацеў. А потым сказаў сам сабе: хоць і Бога не баюся і людзей не саромеюся, 5. але як што гэтая ўдава не дае мне спакою, абараню яе, каб яна ня прыходзіла больш дакучаць мне. 6. І сказаў Гасподзь: чуеце, што кажа судзьдзя няправедны? 7. Ці ж Бог не абароніць выбраных Сваіх, што галосяць да Яго дзень і ноч, хоць і марудзіць абараніць іх? 8. кажу вам, што падасьць ім абарону неўзабаве. А Сын Чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі? 9. Сказаў таксама да некаторых, якія былі ўпэўненыя ў сабе, што яны праведныя, і прыніжалі іншых, наступную прытчу: 10. два чалавекі ўвайшлі ў храм памаліцца: адзін фарысэй, а другі мытнік. 11. Фарысэй, стаўшы, маліўся сам сабе так: Божа! дзякую Табе, што я не такі, як іншыя людзі, рабаўнікі, крыўдзіцелі, блудадзеі, альбо як гэты мытнік: 12. пашчуся два разы на тыдзень, даю дзесяціну з усяго, што набываю. 13. А мытнік, стоячы воддаль, не адважваўся нават падняць вочы да неба; але, б'ючы сябе ў грудзі, казаў: Божа! будзь міласэрны да мяне, грэшніка! 14. Кажу вам, што гэты пайшоў у дом свой апраўданы болей, чым той: бо кожны, хто ўзьвялічвае сам сябе, паніжаны будзе, а хто паніжае сябе, узвысіцца. 15. Прыносілі да Яго і дзяцей, каб Ён дакрануўся да іх; а вучні, бачачы тое, забаранялі ім. 16. Але Ісус, паклікаўшы іх, сказаў: пусьцеце дзяцей прыходзіць да Мяне і не забараняйце ім, бо такіх ёсьць Царства Божае; 17. праўду кажу вам: хто ня прыме Царства Божага, як дзіця, той ня ўвойдзе ў яго. 18. І спытаўся ў Яго нехта з начальнікаў: Настаўнік добры! што мне рабіць, каб успадкаваць жыцьцё вечнае? 19. Ісус сказаў яму: што ты называеш Мяне добрым? Ніхто ня добры, як толькі адзін Бог. 20. Ведаеш запаведзі: ня чыні пералюбу; не забівай; ня крадзь; ня сьведчы ілжыва; шануй бацьку твайго і маці тваю. 21. А той сказаў: усё гэта захаваў я зь юнацтва майго. 22. Пачуўшы гэта, Ісус сказаў яму: яшчэ аднаго не хапае табе: усё, што маеш, прадай і раздай убогім, і мець будзеш скарб на нябёсах, і прыходзь, і ідзі сьледам за Мною. 23. А ён, пачуўшы гэта, засмуціўся, бо быў вельмі багаты. 24. Ісус, бачачы, як ён засмуціўся, сказаў: як цяжка багатым маетнікам увайсьці ў Царства Божае! 25. бо лягчэй вярблюду прайсьці празь ігольныя вушкі, чым багатаму ўвайсьці ў Царства Божае! 26. Тыя, што чулі гэта, сказалі: хто ж можа ўратавацца? 27. Але Ён сказаў: немагчымае людзям магчымае Богу. 28. А Пётр сказаў: вось, мы пакінулі ўсё і пайшлі сьледам за Табою. 29. Ён сказаў ім: праўду кажу вам: няма нікога, хто пакінуў бы дом, альбо бацькоў, альбо братоў, альбо сёстраў, альбо жонку, альбо дзяцей дзеля Царства Божага, 30. і не атрымаў бы намнога больш у гэты час, і ў век будучага жыцьця вечнага. 31. І адклікаўшы дванаццаць вучняў Сваіх, сказаў ім: вось, мы ўзыходзім у Ерусалім, і зьдзейсьніцца ўсё напісанае праз прарокаў пра Сына Чалавечага: 32. бо выдадуць Яго язычнікам і паглумляцца зь Яго, і зьняважаць Яго, і аплююць Яго, 33. і будуць біць і заб'юць Яго; і на трэйці дзень уваскрэсьне. 34. Але яны нічога з гэтага не зразумелі; словы гэтыя былі ім неспасьцігальныя, і яны не разумелі сказанага. 35. А калі падыходзіў Ён да Ерыхона, адзін сьляпы сядзеў пры дарозе, просячы міласьціны; 36. і пачуўшы, што міма яго праходзяць людзі, спытаўся: што гэта такое? 37. Яму сказалі, што Ісус Назарэй ідзе. 38. Тады ён закрычаў: Ісусе, Сыне Давідаў! памілуй мяне. 39. Тыя, што ішлі наперадзе, прымушалі яго маўчаць; але ён яшчэ мацней крычаў: Сыне Давідаў! памілуй мяне. 40. Ісус, спыніўшыся, загадаў прывесьці яго да Сябе. І калі той падышоў да Яго, спытаўся ў яго: 41. чаго ты хочаш ад Мяне? Ён сказаў: Госпадзе! каб мне бачыць. 42. Ісус сказаў яму: Бач! вера твая ўратавала цябе. 43. І ён адразу пачаў бачыць і пайшоў за Ім, славячы Бога. І ўвесь люд, бачачы гэта, узьнёс хвалу Богу.
РАЗЬДЗЕЛ 19
1. Потым Ісус увайшоў у Ерыхон і праходзіў празь яго. 2. І вось, нехта на імя Закхей, начальнік мытнікаў і чалавек багаты, 3. стараўся ўбачыць Ісуса, хт? Ён, але ня мог з-за людзей, бо малога быў росту; 4. і забегшы наперад, залез на смакоўніцу, каб убачыць Яго, бо Яму выпадала праходзіць міма яе. 5. Ісус, калі прыйшоў на гэтае месца, зірнуўшы, угледзеў яго і сказаў яму: Закхей! сыдзі хутчэй, бо сёньня трэба мне быць у цябе ў доме. 6. І ён пасьпешна сышоў і прыняў Яго з радасьцю. 7. І ўсе, бачачы тое, пачалі наракаць і казалі, што Ён зайшоў да грэшнага чалавека. 8. А Закхей, стаўшы, сказаў Госпаду: Госпадзе! палавіну маёмасьці маёй я аддам убогім і, калі каго чым пакрыўдзіў, аддам учатыракроць. 9. Ісус сказаў яму: сёньня прыйшло збавеньне дому гэтаму, бо і ён сын Абрагамаў; 10. бо Сын Чалавечы прыйшоў зыскаць і выратаваць тое, што загінула. 11. А калі яны слухалі гэта, дадаў прытчу: бо Ён быў блізь Ерусаліма, і яны думалі, што неўзабаве павінна адкрыцца Царства Божае. 12. Дык вось сказаў: нейкі чалавек высокага роду выпраўляўся ў далёкую краіну, каб атрымаць сабе царства і вярнуцца; 13. і паклікаўшы дзесяць рабоў сваіх, даў ім дзесяць мінаў і сказаў ім: пускайце іх у абарот, пакуль не вярнуся. 14. Але грамадзяне ненавідзелі яго і адправілі сьледам за ім пасольства, сказаўшы: ня хочам, каб ён валадарыў над намі. 15. І калі вярнуўся, атрымаўшы царства, загадаў паклікаць да сябе рабоў тых, якім даў серабро, каб даведацца, хто што набыў. 16. Прыйшоў першы і сказаў: гаспадару! міна твая прынесла дзесяць мінаў. 17. І сказаў яму: выдатна, добры раб! за тое, што ты ў малым быў верны, вазьмі пад управу дзесяць гарадоў. 18. Прыйшоў другі і сказаў: гаспадару! міна твая прынесла пяць мінаў. 19. Сказаў і гэтаму: і ты будзь над пяцьцю гарадамі. 20. Прыйшоў трэйці і сказаў: гаспадару! вось твая міна, якую я захоўваў, загарнуўшы ў хустачку; 21. бо я баяўся цябе, таму што ты чалавек жорсткі: бярэш, чаго ня клаў, і жнеш, чаго ня сеяў. 22. Гаспадар сказаў яму: тваімі вуснамі судзіцьму цябе, ліхі раб! ты ведаў, што я чалавек жорсткі, бяру, чаго ня клаў, і жну, чаго ня сеяў; 23. чаму ж ты не аддаў срэбра майго ў абарот, каб я, прыйшоўшы, атрымаў яго з прыбыткам? 24. І сказаў тым, што стаялі першыя: вазьмеце ў яго міну і дайце таму, які мае дзесяць мінаў. 25. І сказалі яму: гаспадару! у яго ёсьць дзесяць мінаў. 26. Кажу вам, што кожнаму, хто мае, дадзена будзе, а ў таго, хто ня мае, адымецца і тое, што мае; 27. а ворагаў маіх тых, якія не хацелі, каб я валадарыў над імі, прывядзеце сюды і набеце перада мною. 28. Сказаўшы гэта, Ён пайшоў далей, уваходзячы ў Ерусалім. 29. І калі наблізіўся да Віфагіі і Віфаніі, да гары, называнай Аліўнай, паслаў двух вучняў Сваіх, 30. сказаўшы: ідзеце ў селішча, што насупраць; увайшоўшы ў яго, знайдзеце маладога асла прывязанага, на якога ніхто зь людзей ніколі не садзіўся; адвязаўшы яго, прывядзеце; 31. і калі хто спытаецца ў вас: навошта адвязваеце?, скажэце яму так: ён патрэбен Госпаду. 32. Пасланыя пайшлі і знайшлі, як Ён сказаў ім. 33. А калі яны адвязвалі маладога асла, гаспадары ягоныя сказалі ім: навошта адвязваеце асьляня? 34. Яны адказвалі: ён патрэбен Госпаду. 35. І прывялі яго да Ісуса: і накінуўшы вопратку сваю на асьляня, пасадзілі на яго Ісуса. 36. І калі Ён ехаў, пасьцілалі вопратку сваю на дарозе. 37. А калі Ён наблізіўся да спуску з гары Аліўнай, усё мноства вучняў пачало ў радасьці шматгалоса славіць Бога за ўсе дзівосы, якія бачылі яны, 38. кажучы: дабраславёны Цар, Які ідзе ў імя Гасподняе! Мір на нябёсах і слава ў вышынях! 39. І некаторыя фарысэі з-паміж людзей сказалі Яму: Настаўнік! забарані вучням Тваім. 40. Але Ён сказаў ім у адказ: кажу вам, што калі яны замоўкнуць, дык камяні загалосяць. 41. І калі наблізіўся да горада, дык, гледзячы на яго, заплакаў па ім 42. і сказаў: о, калі б і ты хоць бы ў гэты твой дзень уведаў, што служыць міру твайму! але гэта схавана сёньня ад вачэй тваіх; 43. бо прыйдуць на цябе дні, калі ворагі твае абложаць цябе акопамі, і акружаць цябе, і сьціснуць цябе адусюль, 44. і зруйнуюць цябе, і заб'юць дзяцей тваіх у табе, і не пакінуць у табе каменя на камені, за тое, што ты не даведаўся часу адведзінаў тваіх. 45. І ўвайшоўшы ў храм, пачаў выганяць тых, што прадавалі ў ім, і тых, што куплялі, 46. кажучы ім: напісана: «дом Мой ёсьць дом малітвы: а вы зрабілі зь яго логва разбойнікаў». 47. І вучыў кожны дзень у храме. А першасьвятары і кніжнікі і старэйшыны народу намышлялі загубіць Яго, 48. і не знаходзілі, што б зрабіць зь Ім, бо ўвесь народ неадступна слухаў Яго.
РАЗЬДЗЕЛ 20
1. У адзін з тых дзён, калі Ён вучыў людзей у храме і зьвеставаў, падступіліся першасьвятары і кніжнікі з старэйшынамі 2. і сказалі Яму: скажы нам, якою ўладаю Ты гэта робіш, альбо хто Табе даў уладу такую? 3. Ён сказаў ім у адказ: і Я ў вас пра адно папытаюся, і скажэце Мне: 4. хрышчэньне Янава зь нябёсаў было, ці ад людзей? 5. А яны, разважаючы паміж сабою, казалі: калі скажам: зь нябёсаў, дык скажа: «чаму ж вы не паверылі яму?», 6. а калі скажам: «ад людзей», дык увесь люд паб'е нас камянямі, бо ён упэўнены, што Ян ёсьць прарок. 7. І адказвалі: ня ведаем адкуль. 8. Ісус сказаў ім: і Я не скажу вам, якою ўладаю гэта раблю. 9. І пачаў Ён гаварыць народу прытчу такую: адзін чалавек насадзіў вінаграднік і аддаў яго вінаградарам, і адлучыўся на доўгі час; 10. і ў свой час паслаў да вінаградараў раба, каб яны далі яму пладоў зь вінаградніка; але вінаградары, прыбіўшы яго, адаслалі ні з чым. 11. Яшчэ паслаў другога раба; але яны і гэтага, прыбіўшы і зганіўшы, адаслалі ні з чым. 12. І яшчэ паслаў трэйцяга; але яны і таго, пакалечыўшы, выгналі. 13. Тады сказаў гаспадар вінаградніка: што мне рабіць? пашлю сына майго любаснага; можа, убачыўшы яго, пасаромеюцца. 14. Але вінаградары, убачыўшы яго, разважалі паміж сабою, кажучы: гэта спадчыньнік; хадзем, заб'ём яго, і спадчына ягоная будзе наша. 15. І, вывеўшы яго вонкі зь вінаградніка, забілі. Што ж зробіць зь імі гаспадар вінаградніка? 16. Прыйдзе і загубіць вінаградараў тых і аддасьць вінаграднік іншым. Тыя, што чулі гэта, сказалі: хай ня будзе! 17. Але Ён, зірнуўшы на іх, сказаў: што азначае гэта, напісанае: «камень, які адкінулі будаўнікі, той самы зрабіўся каменем кутнім»? 18. Кожны, хто ўпадзе на той камень, разаб'ецца; а на каго ён упадзе, таго раздушыць. 19. І намышлялі тым часам першасьвятары і кніжнікі, каб накласьці на Яго рукі, але пабаяліся народу, бо зразумелі, што пра іх сказаў Ён гэтую прытчу. 20. І сочачы за Ім, падаслалі падступных людзей, якія прыкінуўшыся пабожнымі, падлавілі б Яго на якім-небудзь слове, каб перадаць Яго начальству і ўладзе правіцеля. 21. І яны спыталіся ў Яго: Настаўнік! мы ведаем, што Ты праўдзіва гаворыш і вучыш, і не зважаеш на аблічча, а праўдзіва шляху Божаму вучыш; 22. ці дазваляецца нам даваць падатак кесару, ці не? 23. А Ён, разгадаўшы злахітрасьць іхную, сказаў ім: што вы Мяне спакушаеце? 24. пакажэце Мне дынар: чыя на ім выява і надпіс? Яны адказвалі: кесаравыя. 25. Ён ім сказаў: дык аддайце кесару кесаравае, а Божае Богу. 26. І не маглі падлавіць Яго ў слове перад людзьмі і, зьдзівіўшыся з адказу Ягонага, замоўклі. 27. Тады падыйшлі некаторыя з садукеяў, што адмаўляюць уваскрэсеньне, і спыталіся ў Яго: 28. Настаўнік! Майсей напісаў нам, што калі ў каго памрэ брат, які меў жонку, і памрэ бязьдетны, дык брат ягоны павінен узяць ягоную жонку і адрадзіць семя брату свайму. 29. Было сем братоў: першы, узяўшы жонку, памёр бязьдзетны; 30. узяў тую жонку другі, і той памёр бязьдетны; 31. узяў яе трэйці, таксама і ўсе сямёра, і памерлі, не пакінуўшы дзяцей; 32. пасьля ўсіх памерла і жонка. 33. Дык вось, ва ўваскрэсеньні, катораму зь іх яна будзе жонкаю? бо сямёра яе мелі за жонку. 34. Ісус сказаў ім у адказ: дзеці веку гэтага жэняцца і выходзяць замуж; 35. а тыя, што спадобіліся дасягнуць таго веку і ўваскрэсеньня зь мёртвых, ні жэняцца, ні замуж ня выходзяць, 36. і памерці ўжо ня могуць, бо яны роўныя анёлам і ёсьць сыны Божыя, будучы сынамі ўваскрэсеньня; 37. а што мёртвыя ўваскрэснуць, і Майсей паказаў пры купіне, калі назваў Госпада Богам Абрагама і Богам Ісака і Богам Якава. 38. Бог жа ня ёсьць Бог мёртвых, а жывых, бо ў Яго ўсе жывыя. 39. На гэта некаторыя з кніжнікаў сказалі: Настаўнік! Ты добра сказаў. 40. І ўжо не адважваліся распытваць Яго ні пра што. А Ён сказаў ім: 41. як кажуць, Хрыстос ёсьць сын Давідаў? 42. А сам Давід кажа ў кнізе Псальмаў: «сказаў Гасподзь Госпаду майму: сядзі праваруч ад Мяне, 43. пакуль пакладу ворагаў Тваіх у падножжа ног Тваіх». 44. Дык вось, Давід Госпадам называе Яго: як жа Ён сын яму? 45. І калі слухаў увесь народ, Ён сказаў вучням Сваім: 46. Асьцерагайцеся кніжнікаў, якія любяць хадзіць у доўгім адзеньні і любяць вітаньні на сходах народных, сядзець наперадзе ў сынагогах, і ўзьляжаць наперадзе на гасьцінах, 47. якія паядаюць дамы ўдоваў і крывадушна доўга моляцца; яны прымуць тым большую асуду.
РАЗЬДЗЕЛ 21
1. І глянуўшы, Ён убачыў багатых, што клалі дары свае ў скарбонку; 2. убачыў таксама і бедную ўдаву, якая паклала туды дзьве лепты, 3. і сказаў: праўду кажу вам, што гэтая бедная ўдава больш за ўсіх паклала; 4. бо ўсе тыя ад лішку свайго паклалі Богу, а яна ад нястачы сваёй паклала ўвесь пражытак свой, які мела. 5. І калі некаторыя гаварылі пра храм, што ён упрыгожаны дарагімі камянямі і дарамі, Ён сказаў: 6. прыйдуць дні, у якія з таго, што вы тут бачыце, не застанецца каменя на камені; усё будзе разбурана. 7. І спыталіся ў Яго: Настаўнік! калі ж гэта будзе? і якая прыкмета, калі адбыцца павінна? 8. Ён сказаў: сьцеражэцеся, каб вас не ўвялі ў аблуду; бо многія прыйдуць пад імем Маім, кажучы, што гэта Я; і гэты час блізкі. Не хадзеце сьледам за імі. 9. А як пачуеце пра войны і смуты, не жахайцеся: бо гэта павінна быць раней; але не адразу канец. 10. Тады сказаў ім: паўстане народ на народ, і царства на царства; 11. будуць вялікія землятрусы месцамі, і голад і пошасьці, і вусьцішныя зьявішчы і вялікія азанакі зь неба. 12. Але раней за ўсё тое накладуць на вас рукі і будуць гнаць вас, выдаючы ў сынагогі і ў цямніцы, і паставяць перад царамі і правіцелямі за імя Маё, 13. а будзе гэта вам на сьведчаньне. 14. Дык вось, пакладзеце сабе на сэрца не абдумваць наперад, што адказваць; 15. бо Я дам вам вусны і мудрасьць, якой ня здолеюць супярэчыць, ні супрацьстаяць усе, хто супрацівіцца вам. 16. Выдадзены таксама будзеце і бацькамі і братамі, і родзічамі і сябрамі, і некаторых з вас заб'юць; 17. і будзеце зьненавіджаныя ўсімі за імя Маё; 18. але і волас з галавы вашай не прападзе. 19. Цярпеньнем вашым ратуйце душы вашыя. 20. Калі ж убачыце Ерусалім, абложаны войскам, тады ведайце, што наблізіўся заняпад яго: 21. тады ўсе, хто ў Юдэі, хай уцякаюць у горы; і хто ў горадзе, выходзь зь яго; і хто ў навакольлі, не ўваходзь у яго, 22. бо гэта дні помсты, хай збудзецца ўсё напісанае. 23. Ды гора цяжарным і тым, што кормяць грудзьмі ў тыя дні; бо вялікая будзе нягода на зямлі і гнеў на народ гэты: 24. і палягуць ад вострага меча, і павядуцца ў палон ва ўсе народы; і Ерусалім будзе таптаны язычнікамі, дакуль ня скончацца часы язычнікаў. 25. І будуць азнакі ў сонцы і ў месяцы і ў зорках, а на зямлі заняпад духу народаў і недаўмёнасьць; і мора зашуміць і забушуе; 26. людзі будуць здыхаць ад страху і чаканьня нягодаў, што пойдуць на сьвет, бо сілы нябесныя пахіснуцца. 27. І тады ўбачаць Сына Чалавечага, Які будзе ісьці на аблоках у сіле і славе вялікай. 28. А калі пачне гэта збывацца, тады схілцеся і падымеце галовы вашыя, бо набліжацьмецца збавеньне вашае. 29. І сказаў ім прытчу: паглядзеце на смакоўніцу і на ўсе дрэвы: 30. калі яны ўжо распускаюцца, дык, бачачы гэта, ведаеце самі, што ўжо блізка лета. 31. Так, і калі вы ўбачыце, што тое збываецца, ведайце, што блізка Царства Божае. 32. Праўду кажу вам: ня міне род гэты, як ўсё тое будзе: 33. неба і зямля мінуцца, а словы Мае ня мінуць. 34. Глядзеце ж за сабою, каб сэрцы вашыя не абцяжарваліся абжорствам і п'янствам і клопатам будным, і каб дзень той не застаў вас зьнянацку: 35. бо ён, як сетка, накрые ўсіх, хто жыве па ўсім улоньні зямным; 36. дык вось, чувайце ва ўсякі час і малецеся, і хай спадобіцеся ўнікнуць усіх гэтых будучых нягодаў і паўстаць перад Сынам Чалавечым. 37. Удзень Ён вучыў у храме; а ночы, выходзячы, праводзіў на гары, называнай Аліўнай. 38. І ўвесь люд з раніцы прыходзіў да Яго ў храм слухаць Яго.
РАЗЬДЗЕЛ 22
1. Набліжалася сьвята праснакоў, якое называлася Пасхаю; 2. і намышлялі першасьвятары і кніжнікі, як бы загубіць Яго, бо баяліся народу. 3. І ўвайшоў сатана ў Юду, празванага Іскарыётам, аднаго зь ліку дванаццацёх, 4. і ён пайшоў і гутарыў зь першасьятарамі і начальнікамі, як Яго выдаць ім. 5. Яны ўзрадаваліся і згадзіліся даць яму грошай; 6. і ён абяцаўся, і шукаў зручнага часу, каб выдаць Яго ім ня прылюдна. 7. І настаў дзень праснакоў, у які трэба было закалоць пасхальнае ягня; 8. і паслаў Ісус Пятра і Яна, сказаўшы: ідзеце, прыгатуйце нам есьці пасху. 9. А яны сказалі Яму: дзе скажаш нам прыгатаваць? 10. Ён сказаў ім: вось, пры ўваходзе вашым у горад сустрэнецца з вамі чалавек, які нясьціме збанок вады; ідзеце сьледам за ім у дом, у які ўвойдзе ён. 11. і скажэце гаспадару дома: Настаўнік кажа табе: дзе пакой, у якім бы Мне есьці пасху з вучнямі Маімі? 12. І ён пакажа вам сьвятліцу вялікую засланую; там прыгатуйце. 13. Яны пайшлі і знайшлі, як сказаў ім, і прыгатавалі пасху. 14. І калі настала гадзіна, Ён узьлёг, і дванаццаць апосталаў зь Ім, 15. і сказаў ім: вельмі хацеў Я есьці з вамі гэтую пасху раней Маіх пакутаў, 16. бо кажу вам, што ўжо ня буду есьці яе, пакуль яна ня ўчыніцца ў Царстве Божым. 17. І ўзяўшы чару і падзякаваўшы, сказаў: прымеце яе і падзялеце паміж сабою; 18. бо кажу вам, што ня буду піць ад плоду вінаграднага, пакуль ня прыйдзе Царства Божае. 19. І ўзяўшы хлеб і падзякаваўшы, пераламаў і падаў ім, кажучы: гэта ёсьць Цела Маё, якое за вас аддаецца; гэта выконвайце на ўспамін пра Мяне. 20. Таксама і чару пасьля вячэры, кажучы: гэтая чара ёсьць новы запавет у Маёй Крыві, якая за вас праліваецца; 21. і вось, рука прадажніка Майго са Мною за сталом; 22. у астатнім, Сын Чалавечы ідзе, як прадвызначана; але гора таму чалавеку, якім Ён выдаецца. 23. І яны пачалі пытацца адзін у аднаго, хто б зь іх быў той, які гэта зробіць. 24. А была і спрэчка паміж імі, хто зь іх павінен уважацца за большага. 25. Ён жа сказаў ім: цары валадараць над народамі і ўлады іхнія дабрадзеямі называюцца; 26. а вы ня так: але хто з вас большы, будзь як меншы, і начальнік будзь, як слуга. 27. Бо хто большы: той, хто ўзьлягае, ці хто слуга? Ці ня той, хто ўзьлягае? А Я сярод вас, як слуга. 28. Але вы трывалі са Мною ў гаротах Маіх, 29. і Я запавядаю вам, як запавядаў Мне Айцец Мой, Царства, 30. каб елі і пілі на бяседзе Маёй у Царстве Маім, і каб селі на пасадах судзіць дванаццаць каленаў Ізраілевых. 31. І сказаў Гасподзь: Сымоне! Сымоне! вось, сатана прасіў, каб сеяць вас як пшаніцу; 32. але Я маліўся за цябе, каб не зьмізарнела вера твая; і ты некалісь, навярнуўшыся, умацуй братоў тваіх. 33. Ён адказваў: Госпадзе! з Табою я гатовы і ў цямніцу і на сьмерць ісьці. 34. Але Ён сказаў: кажу табе, Пётр, не засьпявае певень сёньня, як ты тройчы зрачэшся, што ня ведаеш Мяне. 35. І сказаў ім: калі я пасылаў вас безь мяшка і бяз торбы і без абутку, ці мелі вы ў чым нястачу? Яны адказвалі: ні ў чым. 36. Тады Ён сказаў ім: але цяпер, хто мае мяшок, той вазьмі яго, таксама і торбу; а ў каго няма, прадай вопратку сваю і купі меч; 37. бо маўляю вам, што мусіць збыцца на Мне і гэтае напісанае: «і да зладзеяў залічаны». Бо тое, што пра Мяне, канчаецца. 38. Яны сказалі: Госпадзе! вось, тут два мечы. Ён сказаў ім: досыць. 39. І выйшаўшы пайшоў як звычайна на гару Аліўную; за Ім сьледам пайшлі і вучні Ягоныя. 40. А прыйшоўшы на месца, сказаў ім: малецеся, каб ня ўпасьці ў спакусу. 41. І Сам адышоў ад іх - як кінуць каменем, і, схіліўшы калені, маліўся, 42. кажучы: Войча! о, калі б Ты дабраволіў пранесьці чару гэтую міма Мяне! зрэшты, не Мая воля, а Твая хай будзе. 43. І зьявіўся Яму анёл зь нябёсаў і мацаваў Яго. 44. І ў змаганьні ўнутраным руплівей маліўся; і быў пот Ягоны, як кроплі крыві, што падалі на зямлю. 45. Устаўшы з малітвы, Ён прыйшоў да вучняў, і застаў іх у сьне ад смутку, 46. і сказаў ім: што вы сьпіце? устаньце і малецеся, каб ня ўпасьці ў спакусу. 47. Калі Ён яшчэ казаў гэта, паявіліся людзі, а наперадзе іх ішоў адзін з дванаццацёх, называны Юда, і ён падышоў да Ісуса, каб пацалаваць Яго. Бо ён такі даў ім знак: каго я пацалую, Той і ёсьць. 48. А Ісус сказаў яму: Юда ці цалаваньнем выдаеш Сына Чалавечага? 49. Тыя, што былі зь Ім, бачачы, да чаго ўсё ідзе, сказалі Яму: Госпадзе! ці ня ўдарыць нам мечам? 50. І адзін зь іх ударыў раба першасьвятаровага і адсек яму правае вуха. 51. Тады Ісус сказаў: пакіньце, даволі. І дакрануўшыся да вуха ягонага, загоіў яго. 52. А першасьвятарам і начальнікам храма і старэйшынам, якія сабраліся супроць Яго, сказаў Ісус: быццам на разбойніка выйшлі вы зь мечамі і каламі, каб узяць Мяне! 53. Кожны дзень бываў Я з вамі ў храме, і вы не падымалі на Мяне рук, а цяпер - ваш час і ўлада цемры. 54. Узяўшы Яго, павялі і прывялі ў дом першасьвятара. А Пётр ішоў сьледам зводдаль. 55. Калі яны расклалі агонь сярод двара і селі разам, сеў і Пётр паміж імі. 56. Адна служанка, убачыўшы яго каля агню і ўгледзеўшыся ў яго, сказала: гэты быў зь Ім. 57. Але ён адрокся ад Яго, сказаўшы жанчыне: я ня ведаю Яго. 58. Неўзабаве потым другі, убачыўшы яго, сказаў: і ты зь іх. Але Пётр сказаў гэтаму чалавеку: не. 59. Прайшло з гадзіну часу, яшчэ нехта настойліва казаў: сапраўды, і гэты быў зь Ім, бо ён Галілеянін. 60. Але Пётр сказаў таму чалавеку: ня ведаю, што ты кажаш. І адразу, калі яшчэ гаварыў ён, засьпяваў певень. 61. Тады Гасподзь, абярнуўшыся, паглядзеў на Пятра; і Пётр згадаў слова Госпада, як Ён сказаў яму: перш чым засьпявае певень, адрачэшся ад Мяне тройчы. 62. І выйшаўшы вонкі, горка заплакаў. 63. Людзі, якія трымалі Ісуса, зьдзекі чынілі зь Яго і білі Яго; 64. і накрыўшы Яго, білі Яго па твары і пыталіся ў Яго: скажы, хто выцяў Цябе? 65. І шмат іншай кляцьбы вымаўлялі супраць Яго. 66. І як настаў дзень, сабраліся старэйшыны народу, першасьвятары і кніжнікі, і ўвялі Яго ў свой сынедрыён, 67. і сказалі: ці Ты Хрыстос? скажы нам. Ён сказаў ім: калі скажу вам, вы не паверыце; 68. калі ж і спытаюся ў вас, ня будзеце адказваць Мне і не адпусьціце Мяне; 69. ад сёньня Сын Чалавечы сядзе праваруч сілы Божай. 70. І сказалі ўсе: дык Ты Сын Божы? Ён адказваў ім: вы кажаце, што Я. 71. А яны сказалі: якое яшчэ трэба нам сьведчаньне? бо мы самі чулі з вуснаў Ягоных!
РАЗЬДЗЕЛ 23
1. І паднялося ўсё мноства іх, і павялі Яго да Пілата, 2. І пачалі вінаваціць Яго, кажучы: мы знайшлі, што Ён разбэшчвае народ наш і забараняе даваць падатак кесару, называючы Сябе Хрыстом Царом. 3. Пілат спытаўся ў Яго: Ты Цар Юдэйскі? Ён сказаў яму ў адказ: ты кажаш. 4. Пілат сказаў першасьвятарам і народу: я не знаходжу ніякай віны ў Гэтым Чалавеку. 5. Але яны настойвалі, кажучы, што Ён бунтуе народ, вучачы па ўсёй Юдэі, пачынаючы ад Галілеі да гэтай мясьціны. 6. Пілат, пачуўшы пра Галілею, спытаўся: хіба Ён Галілеянін? 7. І даведаўшыся, што Ён з вобласьці Ірадавай, паслаў Яго да Ірада, які ў гэтыя дні быў таксама ў Ерусаліме. 8. Ірад, убачыўшы Ісуса, вельмі ўзрадаваўся, бо даўно жадаў бачыць Яго, таму што шмат чуў пра Яго і спадзяваўся ўбачыць ад Яго які-небудзь цуд, 9. і задаваў Яму многія пытаньні: але Ён нічога не адказваў яму. 10. А першасьвятары і кніжнікі стаялі і зацята вінавацілі Яго. 11. Але Ірад са сваімі воямі, прынізіўшы яго і паглуміўшыся зь Яго, апрануў яго ў сьветлую вопратку і паслаў назад да Пілата. 12. І спрыяціліся ў той дзень Пілат зь Ірадам паміж сабою, бо раней былі ў варожасьці адзін з адным. 13. А Пілат, склікаўшы першасьвятароў і начальнікаў і людзей, 14. сказаў ім: вы прывялі да мяне Чалавека Гэтага, што нібыта разбэшчвае люд; і вось, я пры вас расьсьледаваў і не знайшоў Чалавека Гэтага вінаватым ні ў чым тым, у чым вы Яго вінаваціце; 15. і Ірад таксама: бо я пасылаў Яго да яго; і нічога ня знойдзена ў Ім вартага сьмерці; 16. дык вось, пакараўшы Яго, адпушчу. 17. А яму і трэба было дзеля сьвята адпусьціць і аднаго вязьня. 18. Але ўвесь люд закрычаў: сьмерць Яму! а адпусьці нам Вараву. 19. Варава быў пасаджаны ў цямніцу за ўчыненую ў горадзе смуту і забойства. 20. Пілат зноў узвысіў голас, хочучы адпусьціць Ісуса. 21. Але яны крычалі: укрыжуй, укрыжуй Яго! 22. Ён трэйці раз сказаў ім: якое ж ліха ўчыніў Ён? я нічога вартага сьмерці не знайшоў у Ім; дык вось, пакараўшы Яго, адпушчу. 23. Але яны і далей зь вялікім крыкам дамагаліся, каб Ён быў укрыжаваны; і перамог крык іхні і першасьвятароў. 24. І Пілат разважыў рабіць паводле іхняе просьбы, 25. і адпусьціў ім пасаджанага за смуту і забойства ў цямніцу, якога яны прасілі; а Ісуса аддаў на іхную волю. 26. І калі павялі Яго, дык, захапіўшы нейкага Сымона Кірынеяніна, які ішоў з поля, усклалі на яго крыж, каб нёс за Ісусам. 27. І ішло за Ім вялікае мноства народу і жанчын, якія плакалі і галасілі па Ім. 28. А Ісус, зьвярнуўшыся да іх, сказаў: дочкі Ерусалімскія! ня плачце па Мне, а плачце па сабе і па дзецях вашых; 29. бо надыходзяць дні, калі скажуць: дабрашчасныя няплодныя, і ўлоньні, якія не радзілі, і грудзі, якія не кармілі! 30. Тады скажуць гарам: упадзеце на нас! і пагоркам: накрыйце нас! 31. бо, калі з зазелянелым дрэвам гэта робяць, дык з сухім што будзе? 32. Вялі зь Ім на сьмерць і двух зладзеяў. 33. І калі прыйшлі на месца, называнае Лобным, там укрыжавалі Яго і зладзеяў, аднаго з правага, а другога зь левага боку. 34. А Ісус сказаў: Войча! даруй ім, бо ня ведаюць, што робяць. І дзялілі адзежу Ягоную, кідаючы жэрабя. 35. І стаялі людзі і глядзелі. А насьміхаліся разам зь імі і начальнікі, кажучы: іншых ратаваў, хай уратуе Сябе Самога, калі Ён Хрыстос, выбранец Божы. 36. Таксама і воі глуміліся зь Яго, падыходзячы і падносячы Яму воцат 37. і кажучы: калі Ты Цар Юдэйскі, уратуй Сябе Самога. 38. І быў над Ім надпіс, напісаны словамі грэцкімі, рымскімі і гэбрэйскімі: Гэты ёсьць Цар Юдэйскі. 39. Адзін з павешаных зладзеяў ліхасловіў на Яго і казаў: калі Ты Хрыстос, уратуй Сябе і нас. 40. А другі наадварот сунімаў яго і казаў: ці ты не баішся Бога, калі і сам засуджаны на тое самае? 41. і мы засуджаныя справядліва, бо заслужанае паводле ўчынкаў нашых прынялі; а Ён нічога благога не зрабіў. 42. І сказаў Ісусу: спамяні мяне, Госпадзе, калі прыйдзеш у Царства Тваё! 43. І сказаў яму Ісус: праўду кажу табе: сёньня ж будзеш са Мною ў раі. 44. Было ж каля шостай гадзіны дня, і зрабілася цемра па ўсёй зямлі да гадзіны дзявятай: 45. і памеркла сонца, і завеса ў храме разадралася пасярэдзіне. 46. Ісус, усклікнуўшы вялікім голасам, сказаў: Войча! у рукі Твае аддаю дух Мой. І сказаўшы гэта, выпусьціў дух. 47. А сотнік, бачачы, што адбылося, уславіў Бога і сказаў: сапраўды Чалавек Гэты быў праведнік. 48. І ўвесь люд, што сыйшоўся на гэта відовішча, бачачы, што адбывалася, вяртаўся, б'ючы сябе ў грудзі. 49. А ўсе, хто ведаў Яго, і жанчыны, якія ішлі сьледам за Ім з Галілеі, стаялі воддаль і глядзелі на гэта. 50. Тады нехта, на імя Язэп, сябра рады, чалавек добры і праўдзівы, 51. які ня браў удзелу ў радзе і ў справе іхняй, з Арыматэі, горада Юдэйскага, які таксама чакаў Царства Божага, 52. прыйшоў да Пілата і прасіў Цела Ісусавага; 53. і зьняўшы Яго, ахінуў палатнінаю і паклаў яго ў магіле, высечанай у скале, дзе яшчэ ніхто ня быў пакладзены. 54. Дзень той быў пятніца, і настала субота. 55. Пасьледавалі таксама і жанчыны, якія прыйшлі зь Ісусам з Галілеі, і глядзелі магілу, і як ускладалася Цела Ягонае; 56. а вярнуўшыся, прыгатавалі пахошчы і масьці; і ў суботу засталіся ў спакоі паводле запаведзі.
РАЗЬДЗЕЛ 24
1. А ў першы дзень тыдня, вельмі рана, нясучы прыгатаваныя пахошчы, прыйшлі яны да магілы, і разам зь імі некаторыя іншыя; 2. але знайшлі камень адвалены ад магілы, 3. і ўвайшоўшы, не знайшлі Цела Госпада Ісуса. 4. Калі ж яны зьнедаўмяваліся з гэтага, раптам паўсталі перад імі два мужы ў строях бліскучых. 5. І калі яны былі ў страху і схілілі абліччы свае да зямлі, - сказалі ім: што вы шукаеце жывога сярод мёртвых? 6. Яго няма тут: Ён уваскрэс; успомніце, як Ён казаў вам, калі быў яшчэ ў Галілеі, 7. кажучы, што Сын Чалавечы мае быць аддадзены ў рукі людзям грэшным, і быць укрыжаваным, і на трэйці дзень уваскрэснуць. 8. І ўзгадалі яны словы Ягоныя 9. і, вярнуўшыся ад магілы, абвясьцілі ўсё гэта адзінаццацём і ўсім астатнім. 10. То была Магдаліна Марыя, і Яна, і Марыя, маці Якава, і іншыя зь імі, якія сказалі пра гэта Апосталам. 11. І здаліся ім словы іхнія пустымі, і не паверылі ім. 12. Але Пётр, устаўшы, пабег да магілы і, нахіліўшыся, убачыў толькі, што ляжаць палатніны, і пайшоў назад, сам сабе дзівуючы з таго, што сталася. 13. У той самы дзень двое зь іх ішлі ў селішча, што адлягала стадый на шэсьцьдзясят ад Ерусаліма, называнае імаус. 14. і размаўлялі паміж сабою пра ўсе гэтыя падзеі. 15. І калі яны размаўлялі і разважалі паміж сабою, Сам Ісус, наблізіўшыся, пайшоў зь імі; 16. але вочы ў іх былі заслоненыя, так што яны не пазналі Яго. 17. І Ён сказаў ім: пра што гэта вы, ідучы, разважаеце паміж сабою, і чаго вы засмучаныя? 18. Адзін зь іх, на імя Клеопа, сказаў Яму ў адказ: няўжо ты адзін з тых, што прыйшлі ў Ерусалім, ня ведаеш, што адбылося ў ім гэтымі днямі? 19. І сказаў ім: штоо Яны сказалі Яму: што было зь Ісусам Назаранінам, Які быў прарок, моцны ў дзеі і ў слове перад Богам і ўсім народам; 20. як выдалі яго першасьвятары і начальнікі нашыя на засуджэньне на сьмерць і ўкрыжавалі Яго; 21. а мы спадзяваліся былі, што Ён ёсьць Той, Хто павінен уратаваць Ізраіля; але разам з усім тым, ужо трэйці дзень сёньня, як гэта сталася; 22. але і некаторыя жанчыны з нашых падзівілі нас: яны былі раніцай каля магілы 23. і не знайшлі Цела Ягонага, і прыйшоўшы, маўлялі, што бачылі зьяўленьне анёлаў, якія кажуць, што Ён жывы; 24. і пайшлі некаторыя з нашых да магілы і засталі ўсё так, як і жанчыны казалі; але Яго ня бачылі. 25. Тады Ён сказаў ім: о, няцямныя і марудныя сэрцам, каб верыць ва ўсё, што прадказвалі прарокі! 26. Ці ж ня так і належала пацярпець Хрысту і ўвайсьці ў славу Сваю? 27. І пачаўшы ад Майсея, з усіх прарокаў тлумачыў ім сказанае пра Яго ва ўсім Пісаньні. 28. І наблізіліся яны да таго селішча, у якое ішлі; і Ён паказаў ім выглядам, што хоча ісьці далей; 29. але яны стрымлівалі яго, кажучы: застанься з намі, бо дзень ужо схіліўся на вечар. І Ён увайшоў і застаўся зь імі. 30. І калі Ён узьляжаў зь імі, дык, узяўшы хлеб, дабраславіў, пераламаў і падаў ім, 31. тады разамкнуліся ў іх вочы, і яны пазналі Яго; але Ён зрабіўся нябачны ім. 32. І яны сказалі адзін аднаму: ці ж не палала ў нас сэрца наша, калі Ён казаў нам на дарозе і калі тлумачыў нам Пісаньне? 33. І ўстаўшы ў тую самую хвіліну, вярнуліся ў Ерусалім, і знайшлі разам адзінаццаць апосталаў і тых, што былі зь імі, 34. якія казалі, што Гасподзь сапраўды ўваскрэс і зьявіўся Сымону. 35. І яны расказвалі пра здарэньне на дарозе, і як Ён быў пазнаны імі пры ламаньні хлеба. 36. Калі яны казалі пра гэта, Сам Ісус стаў сярод іх і сказаў ім: мір вам. 37. Яны, сумеўшыся і спалохаўшыся, падумалі, што бачаць духа; 38. але Ён сказаў ім: што бянтэжыцеся, і навошта такія думкі ўваходзяць у сэрцы вашыя? 39. Паглядзеце на рукі Мае і на ногі Мае; гэта - Я сам; дакранецеся да Мяне і разгледзьце; бо дух ня мае плоці і касьцей, як бачыце ў Мяне. 40. І сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і ногі. 41. А калі яны ад радасьці яшчэ ня верылі і дзіваваліся, Ён сказаў ім: ці ёсць у вас тут якая ежа? 42. Яны падалі Яму частку печанай рыбы і сотавага мёду. 43. І ўзяўшы, еў перад імі. 44. І сказаў ім: вось тое, пра што Я вам казаў, яшчэ калі быў з вамі, што належыць спраўдзіцца ўсяму, напісанаму пра Мяне ў законе Майсеевым і ў прароках і ў псальмах. 45. Тады адчыніў ім розум на ўразуменьне Пісаньняў 46. і сказаў ім: так напісана, і так належала адпакутаваць Хрысту і ўваскрэснуць зь мёртвых на трэйці дзень, 47. і абвешчаным быць у імя Ягонае пакаяньню і дараваньню грахоў ува ўсіх народах, пачынаючы зь Ерусаліма; 48. а вы сьведкі гэтага; 49. і я пашлю абяцанае Айцом Маім на вас; вы ж заставайцеся ў горадзе Ерусаліме, пакуль не прасякнецеся сілаю згары. 50. І вывеў іх вонкі з горада да Віфаніі і, падняўшы рукі Свае, дабраславіў іх. 51. І калі дабраславіў іх, пачаў аддаляцца ад іх і ўзносіцца на неба. 52. Яны пакланіліся яму і вярнуліся ў Ерусалім зь вялікаю радасьцю, 53. і былі заўсёды ў храме, славячы і дабраслаўляючы Бога. Амін |