РАЗЬДЗЕЛ 1
Першую кнігу напісаў я табе, Феафіле, пра ўсё, што Ісус рабіў і чаму вучыў ад пачатку 2. аж па той дзень, калі Ён узьнёсься, даўшы праз Духа Сьвятога наказы Апосталам, якіх Ён выбраў, 3. якім зьявіў Сябе жывога пасьля цярпеньняў Сваіх з многімі слушнымі доказамі, сорак дзён паказваючыся ім і апавядаючы пра Царства Божае; 4. і, сабраўшы іх, Ён загадаў ім: не адлучайцеся зь Ерусаліма, а чакайце абяцанага ад Айца, пра што вы чулі ад Мяне; 5. бо Ян хрысьціў вадою, а вы, празь нямнога дзён пасьля будзеце ахрышчаны Духам Сьвятым. 6. Пасьля гэтага яны, сыйшоўшыся, пыталіся ў Яго, кажучы: ці ня гэтым часам, Госпадзе, аднаўляеш Ты царства Ізраілю? 7. А Ён сказаў ім: ня вам ведаць часіны ці поры, якія Айцец назначыў Сваёй уладай; 8. а вы прымеце сілу, як зыйдзе на вас Дух Сьвяты, і будзеце Мне за сьведкаў у Ерусаліме і ва ўсёй Юдэі і Самарыі і нават па край зямлі. 9. Сказаўшы гэта, Ён узьнёсься на вачах у іх, і воблака ўзяло Яго з вачэй іхніх. 10. І калі яны глядзелі на неба падчас ўшэсьця Ягонага, раптам сталі перад імі два мужы ў белым убраньні 11. і сказалі: мужы Галілейскія! што вы стаіце і глядзіце на неба? Гэты Ісус, што ўзьнёсься ад вас на неба, прыйдзе гэтак сама, як вы бачылі Яго, калі ўзносіўся на неба. 12. Тады яны вярнуліся ў Ерусалім з гары, якая называецца Аліўнай, што блізь Ерусаліма, адлеглай на дзень суботні хады. 13. І як прыйшлі, увайшлі ў сьвятліцу, дзе і заставаліся, Пётр і Якаў, Ян і Андрэй, Піліп і Тамаш, Барталамей і Мацьвей, Якаў Алфееў і Сымон Зілот, і Юда, брат Якаваў; 14. усе яны аднадушна былі ў малітве і ў маленьні, зь некаторымі жанчынамі і Марыяю, Маці Ісусавай, і з братамі Ягонымі. 15. І ў тыя дні Пётр, стаўшы сярод вучняў, сказаў - 16. (а было ж сабралася людзей каля ста дваццаці) - мужы браты! мелася спраўдзіцца тое, што ў Пісаньні прадказаў Дух Сьвяты вуснамі Давідавымі пра Юду, які навёў тых, што схапілі Ісуса; 17. бо ён быў залічаны да нас і атрымаў пакліканьне да служэньня гэтага; 18. але набыў зямлю несправядлівай цаною і, калі зрынуўся, раскалолася чэрава ягонае, і вывернуліся вантробы ягоныя; 19. і гэта сталася вядома ўсім жыхарам Ерусаліма, так што зямля тая на айчыннай іхняй мове названа Акелдамб, што азначае «зямля крыві». 20. А ў кнізе Псальмаў напісана: «хай двор ягоны пусткаю стане, і ў ім хай жывога ня будзе», і: «пасад ягоны іншы хай прыйме». 21. Дык трэба, каб адзін з тых, што былі з намі праз увесь той час, калі заставаўся і гутарыў з намі Гасподзь Ісус, 22. пачынаючы ад хрышчэньня Янавага па той дзень, калі Ён узьнёсься ад нас, быў разам з намі сьведкам уваскрэсеньня Яго. 23. І паставілі двух: Язэпа, якога звалі Варсавам, празванага Юстам, і Мацьвія, 24. і памаліліся і сказалі: Ты, Госпадзе, Сэрцаведзе ўсіх, пакажы з гэтых двух аднаго, якога Ты выбраў, 25. прыняць пакліканьне гэтага служэньня і апостальства, ад якога адпаўся Юда, каб ісьці ў сваё месца. 26. І кінулі на іх жэрабя, і выпала жэрабя Мацьвію, і ён далучаны да адзінаццаці апосталаў.
РАЗЬДЗЕЛ 2
1. Калі настаў дзень Пяцідзясятніцы, усе яны былі аднадушна разам. 2. І раптам зрабіўся шум зь неба, як бы ад павеву моцнага ветру, і напоўніў увесь дом, дзе яны былі. 3. І зьявіліся ім языкі падзеленыя, як бы вогненныя, і апусьціліся па адным на кожнага зь іх. 4. І напоўніліся ўсе Духам Сьвятым і пачалі гаварыць на іншых мовах, як Дух даваў ім вяшчаць. 5. А ў Ерусаліме былі Юдэі, людзі набожныя, з усякага народу пад нябёсамі. 6. Калі зрабіўся гэты шум, сабраліся людзі, і захваляваліся, бо кожны чуў іх, што гавораць на ягонай мове. 7. І ўсе зьдзіўляліся і дзівавалі, кажучы паміж сабою: гэтыя, што гавораць, ці ня ўсе Галілеяне? 8. Як жа мы чуем кожны сваю мову, у якой нарадзіліся, 9. Парфяне і Мідзяне і Эламіты, і жыхары Месапатаміі, Юдэі і Кападокіі, Понта і Асіі, 10. Фрыгіі і Памфіліі, Егіпта і частак Лівіі, што мяжуюцца з Кірынеяй, і прышлыя з Рыма, Юдэі і празеліты*, 11. Крыцяне і Аравіцяне, - чуем іх, як гавораць нашымі мовамі пра вялікія дзеі Божыя? 12. І зьдзіўляліся ўсе і недаўмёна казалі адзін аднаму: што гэта азначае? 13. А іншыя, насьміхаючыся, казалі: яны апіліся салодкім віном. 14. А Пётр, стаўшы з адзінаццацьцю, узвысіў голас свой і прамовіў да іх: мужы Юдэйскія і ўсе, хто жыве ў Ерусаліме! гэта хай будзе вам вядома, і слухайце словы мае: 15. яны не апіліся, як вы думаеце, бо цяпер трэйцяя гадзіна дня; 16. а гэта ёсьць прадказанае прарокам Ёілем: 17. «І будзе ў апошнія дні, кажа Бог, вылью ад Духа Майго на ўсякую плоць; і будуць прарочыць сыны вашыя і дочкі вашыя; і хлопцы вашыя будуць бачыць відзежы, і старцы вашыя снамі на розум наставяцца; 18. і на рабоў Маіх і на рабыняў Маіх у тыя дні вылью ад Духа Майго, і будуць прарочыць. 19. І дам цуды на небе ўгары і азнакі на зямлі ўнізе, кроў і вагонь і куродым: 20. сонца абернецца ў цемру, і месяц у кроў, перш чым настане дзень Гасподні, вялікі і прасьветлены. 21. І будзе: кожны, хто пакліча імя Гасподняе, уратуецца». 22. Мужы Ізраільскія! выслухайце словы гэтыя: Ісуса Назарэя, Мужа, засьведчанага вам ад Бога сіламі і цудамі і азнакамі, якія Бог утварыў празь Яго сярод вас, як і самі ведаеце, 23. Яго, паводле пэўнае рады і з прадбачаньня Божага выдадзенага, вы ўзялі і, прыбіўшы цьвікамі рукамі беззаконьнікаў, забілі; 24. але Бог уваскрэсіў Яго, разарваўшы повязі сьмерці, бо ёй немагчыма было ўтрымаць Яго. 25. Бо Давід кажа пра Яго: «бачыў я перад сабою Госпада заўсёды; бо Ён праваруч мяне, каб Я не пахіснуўся. 26. Таму ўзрадавалася сэрца маё, і ўзьвесяліўся язык мой; нават і плоць мая супакоіцца ў спадзяваньні, 27. бо Ты не пакінеш душы мае ў пекле і не дасі Сьвятому Твайму пабачыць тленьне. 28. Ты даў мне спазнаць дарогу жыцьця; Ты напоўніш мяне радасьцю прад абліччам Тваім». 29. Мужы браты! хай будзе дазволена адважна сказаць вам пра Давіда-прабацьку, што ён і памёр і пахаваны, і магіла ягоная ў нас па сёньняшні дзень; 30. а будучы прарокам і ведаючы, што Бог клятвай абяцаў яму ад плоду сьцёгнаў ягоных ўзьвесьці Хрыста ў плоці і пасадзіць на прастоле ягоным, 31. ён раней сказаў пра ўваскрэсеньне Хрыстовае, што не пакінута душа Ягоная ў пекле, і плоць Ягоная ня бачыла тленьня. 32. Гэтага Ісуса Бог уваскрэсіў, чаго ўсе мы сьведкі. 33. І вось Ён быў узьнесены правіцаю Божаю і, прыняўшы ад Айца абяцаньне Сьвятога Духа, выліў тое, што вы сёньня бачыце і чуеце. 34. Бо Давід ня ўзышоў на нябёсы, а сам кажа: «сказаў Гасподзь Госпаду майму: сядзі праваруч Мяне, 35. пакуль не пакладу ворагаў у падножжа ног Тваіх». 36. Дык цьвёрда ведай, увесь дом Ізраілеў, што Бог зрабіў Госпадам і Хрыстом Гэтага Ісуса, Якога вы ўкрыжавалі. 37. Чуючы гэта, яны ўмілаваліся сэрцам і сказалі Пятру і астатнім апосталам: што нам рабіць, мужы браты? 38. А Пётр сказаў ім: пакайцеся, і хай ахрысьціцца кожны з вас у імя Ісуса Хрыста на дараваньне грахоў, - і атрымаеце дар Сьвятога Духа; 39. бо вам належыць абяцаньне і дзецям вашым і ўсім далёкім, каго толькі пакліча Гасподзь Бог наш. 40. Ды многімі іншымі словамі ён сьведчыў і ўмаўляў, кажучы: ратуйцеся ад роду гэтага распуснага, упарцістага. 41. І вось тыя, якія прыхільна прынялі слова ягонае, ахрысьціліся, і далучылася таго дня душ каля трох тысяч; 42. і яны ўвесь час заставаліся ў навуцы апосталаў, у абыходзе і ў ламаньні хлеба і ў малітвах. 43. І быў страх у кожнай душы; і многа цудаў і азнакаў чынілася праз апосталаў у Ерусаліме. 44. А ўсе вернікі былі разам і ўсё ў іх было супольнае: 45. і прадавалі дастаткі свае і ўсякую маёмасьць, і надзялялі ўсіх гледзячы па патрэбе кожнага; 46. і кожны дзень аднадушна заставаліся ў храме і, ламаючы па дамах хлеб, прымалі страву ў радасьці і ў шчырасьці сэрца, 47. праслаўляючы Бога і маючы любоў усяго народу. А Гасподзь штодня дадаваў царкве тых, хто ратаваўся.
* Навернутыя зь язычнікаў
РАЗЬДЗЕЛ 3
1. Пётр і Ян ішлі разам у храм а дзявятай гадзіне малітвы. 2. І быў чалавек, кульгавы ад улоньня маці ягонай, якога насілі і садзілі кожнага дня каля дзьвярэй храма, што называліся Прыгожымі, прасіць міласьціны ў тых, што ўваходзілі ў храм; 3. ён, убачыўшы Пятра і Яна каля ўваходу ў храм, прасіў у іх міласьціны. 4. Пётр зь Янам, прыгледзеўшыся да яго, сказаў: зірні на нас. 5. І той пільна глядзеў на іх, спадзяючыся атрымаць ад іх што-небудзь. 6. Але Пётр сказаў: срэбра і золата няма ў мяне, а што маю, тое даю табе: у імя Ісуса Хрыста Назарэя ўстань і хадзі. 7. І, узяўшы яго за правую руку, падняў; і раптам умацаваліся ў таго ступакі і калені, 8. і, ускочыўшы, устаў, і пачаў хадзіць, і ўвайшоў зь імі ў храм, пахаджаючы і падскокваючы, і славячы Бога, 9. і ўсе людзі бачылі, як ён хадзіў і славіў Бога; 10. і пазналі яго, што гэта быў той самы, які сядзеў каля Прыгожых дзьвярэй храма дзеля міласьціны, і напоўніліся жахам і зьдзіўленьнем з таго, што сталася зь ім. 11. І як што аздароўлены кульгач не адступаўся ад Пятра і Яна, дык увесь люд у зьдзіўленьні зьбегся да іх у прытвор, называны Саламонавым. 12. Убачыўшы гэта, Пётр сказаў люду: мужы Ізраільскія! што дзівуецеся з гэтага, або чаго глядзіце на нас, быццам мы сваёй сілаю і пабожнасьцю зрабілі так, што ён ходзіць. 13. А Бог Абрагамаў і Ісаакаў і Якаваў, Бог бацькоў нашых праславіў Сына Свайго Ісуса, Якога вы прадалі і Якога зракліся перад абліччам Пілата, калі ён судзіў адпусьціць Яго. 14. Але Сьвятога і Праведнага вы адцураліся, і прасілі памілаваць чалавека-душагуба, 15. а Пачынальніка Жыцьця забілі; Гэтага Бог уваскрэсіў зь мёртвых, і мы сьведкі таго. 16. І празь веру ў імя Ягонае, імя Ягонае ўмацавала гэтага, якога вы бачыце і ведаеце, і вера, якая ад Яго, дала яму ацаленьне гэтае перад ўсімі вамі. 17. А цяпер, я ведаю, браты, што вы як і начальнікі вашыя, зрабілі гэта празь несьвядомасьць; 18. А Бог так учыніў, як прадвяшчаў вуснамі ўсіх Сваіх прарокаў - пацярпець Хрысту, так і выканаў. 19. Дык пакайцеся і навярнецеся, каб загладзіліся грахі вашыя, 20. хай прыйдуць часіны лагоды ад аблічча Гасподняга, і хай пашле Ён наканаванага вам Ісуса Хрыста, 21. Якога неба павінна было прыняць да часу зьдзяйсьненьня ўсяго, што казаў Бог вуснамі ўсіх сьвятых Сваіх прарокаў ад веку. 22. Майсей сказаў бацькам: «Гасподзь Бог ваш паставіць вам з братоў вашых Прарока, як мяне; слухайцеся Яго ва ўсім, што Ён ні будзе казаць вам; 23. і будзе, што кожная душа, якая не паслухаецца Прарока Таго, зьнішчыцца з народу». 24. І ўсе прарокі ад Самуіла і пасьля яго, колькі іх ні вяшчалі, таксама абвясьцілі наперад дні гэтыя. 25. Вы сыны прарокаў і запавету, які запавядаў Бог бацькам вашым, кажучы Абрагаму: «і ў семені тваім дабраславяцца ўсе плямёны зямныя». 26. Бог, уваскрэсіўшы Сына Свайго Ісуса, да вас першых паслаў Яго дабраславіць вас, адхіляючы кожнага з вас ад ліхіх дзеяў вашых.
РАЗЬДЗЕЛ 4
1. Калі яны прамаўлялі да людзей, да іх падступіліся сьвятары і начальнікі варты пры храме і садукеі, 2. угневаныя, што яны вучаць людзей і прапаведуюць у Ісусе ўваскрэсеньне зь мёртвых. 3. і наклалі на іх рукі і аддалі іх пад варту да раніцы; бо ўжо зьвечарэла. 4. Многія з тых, што слухалі слова, уверавалі; і было такіх людзей лікам каля пяці тысяч. 5. На другі дзень сабраліся ў Ерусаліме начальнікі іхнія і старэйшыны і кніжнікі, 6. і Анна першасьвятар і Каяфа і Ян і Аляксандр і іншыя з роду першасьвятарскага, 7. і, паставіўшы іх пасярэдзіне, пыталіся: якою сілаю альбо якім імем вы зрабілі гэта? 8. Тады Пётр, прасякнуты Духам Сьвятым, сказаў ім: начальнікі людзкія і старэйшыны Ізраільскія! 9. калі ў нас пытаюцца сёньня адказу за дабрачынства чалавеку нядужаму, як ён здаровы стаўся, 10. дык хай будзе вядома ўсім вам і ўсяму народу Ізраільскаму, што імем Ісуса Хрыста Назарэя, Якога вы ўкрыжавалі, Якога Бог уваскрэсіў зь мёртвых, Ім пастаўлены ён перад вамі здаровы: 11. Ён - камень, пагарджаны вамі будаўнікамі, але ён зрабіўся галавою вугла, і няма ні ў кім іншым ратунку; 12. бо няма другога імя пад небам, дадзенага людзям, якім належала б нам уратавацца. 13. Убачыўшы адвагу Пятра і Яна і зьмеціўшы, што яны людзі някніжныя і простыя, яны зьдзіўляліся; тым часам пазнавалі іх, што былі яны зь Ісусам; 14. але бачачы ацаленага чалавека, які стаяў зь імі, нічога сказаць не маглі насуперак. 15. І, загадаўшы ім выйсьці з сынедрыёна, раіліся паміж сабою, 16. кажучы: што нам зрабіць з гэтымі людзьмі? бо ўсім, хто жыве ў Ерусаліме, вядома, што яны ўчынілі на яве цуд, і мы ня можам аспрэчыць гэтага; 17. але, каб больш не раскрылася гэта ў народзе, з пагрозай забаронім ім, каб не казалі пра імя гэтае нікому зь людзей. 18. І, паклікаўшы іх, загадалі ім зусім не прапаведаваць і ня вучыць у імя Ісуса. 19. Але Пётр і Ян сказалі ім у адказ: памяркуйце, ці справядліва перад Богам - слухацца вас болей, чым Бога? 20. Мы ня можам не гаварыць пра тое, што бачылі і чулі. 21. А тыя, прыстрашыўшы, адпусьцілі іх, не знайшоўшы магчымасьці пакараць іх, з прычыны людзей, бо ўсе славілі Бога за тое, што адбылося; 22. бо больш за сорак гадоў было таму чалавеку, зь якім сталася гэтае дзіва выздараўленьня. 23. Адпушчаныя, яны прыйшлі да сваіх і пераказалі, што казалі ім першасьвятары і старэйшыны. 24. А яны, выслухаўшы, аднадушна ўзвысілі голас да Бога і сказалі: Валадару Божа, Які стварыў неба і зямлю і мора і ўсё, што ў іх! 25. Ты вуснамі бацькі нашага Давіда, раба Твайго, сказаў праз Духа Сьвятога: «чаго бунтуюць язычнікі, і народы намышляюць марнасьць? 26. Паўсталі цары зямныя, і князі сабраліся разам супраць Госпада і супраць Хрыста Яго, 27. бо сапраўды сабраліся ў горадзе гэтым супраць Сьвятога Сына Твайго Ісуса, памазанца Твайго, Ірад і Понцій Пілат зь язычнікамі і народам Ізраільскім, 28. каб зрабіць тое, чаму быць наканавала рука Твая і рада Твая. 29. І сёньня, Госпадзе, глянь на пагрозы іхнія і дай рабам Тваім з усёй сьмеласьцю гаварыць слова Тваё, 30. тады як Ты прасьціраеш руку Тваю на гаеньне і на тварэньне азнакаў і цудаў імем Сьвятога Сына Твайго Ісуса. 31. І, як памаліліся, здрыганулася месца, дзе яны былі сабраліся, і ўсе прасякнуліся Духам Сьвятым і абвяшчалі слова Божае сьмела. 32. А ў мноства людзей, што ўверавалі, было адно сэрца і адна душа; і ніхто нічога з дастаткаў сваіх не называў сваім, а ўсё ў іх было супольнае. 33. Апосталы зь вялікаю сілай сьведчылі пра ўваскрэсеньне Госпада Ісуса Хрыста; вялікая мілата была на ўсіх іх. 34. Ня было сярод іх анікога ў нястачы; бо ўсе, хто валодаў землямі альбо дамамі, прадаючы іх, прыносілі грошы ад продажу 35. і клалі да ног апосталаў; і кожнаму давалася, у чым хто меў патрэбу. 36. Так Ёсія, празваны апосталамі Варнавам, - што азначае «сын суцяшэньня», лявіт, родам Кіпрэец, 37. у якога была свая зямля, прадаўшы яе, прынёс грошы і паклаў да ног апосталаў.
РАЗЬДЗЕЛ 5
1. А адзін чалавек, якога звалі Ананія, з жонкаю сваёю Сапфіраю, прадаўшы маёмасьць, 2. прыхаваў з цаны, зь ведама жонкі сваёй, а пэўную частку прынёс і паклаў да ног апосталаў. 3. Але Пётр сказаў: Ананія! навошта ты дазволіў сатане ўкласьці ў сэрца тваё думку сказаць няпраўду Духу Сьвятому і ўтоіць з цаны за зямлю? 4. Чым ты валодаў, ці ж не тваё было, і набытае з продажу ці ж не ў тваім валоданьні было? навошта ж паклаў ты гэта ў сэрцы тваім? ты няпраўду сказаў ня людзям, а Богу. 5. Пачуўшы гэтыя словы, Ананія ўпаў бяз духу; і вялікі страх ахапіў усіх, хто чуў гэта. 6. І ўстаўшы, юнакі падрыхтавалі яго да пахаваньня і вынесьлі і пахавалі. 7. Гадзіны праз тры пасьля гэтага ўвайшла і жонка ягоная, ня ведаючы, што сталася. 8. А Пётр спытаўся ў яе: скажы мне, ці за столькі прадалі вы зямлю? Яна сказала: так, за столькі. 9. Але Пётр сказаў ёй: навошта змовіліся вы спакусіць Духа Гасподняга? Вось, каля дзьвярэй ногі тых, што пахавалі мужа твайго; і цябе вынесуць. 10. Раптам яна ўпала каля ног ягоных і выпусьціла дух, і юнакі, увайшоўшы, знайшлі яе мёртвую, вынесьлі і пахавалі каля мужа ейнага. 11. І вялікі страх агарнуў усю царкву і ўсіх, што чулі гэта. 12. А рукамі апосталаў учыняліся ў народзе многія азнакі і цуды; і ўсе аднадушна заставаліся ў прытворы Саламонавым; 13. і ніхто староньні не адважваўся падступіцца да іх, а людзі славілі іх. 14. А вернікаў болей і болей далучалася да Госпада, мноства мужчын і жанчын, 15. так што выносілі хворых на вуліцы і клалі на пасьцелях і ложках, каб хоць цень Пятра, калі ён праходзіў, асяніў каго зь іх. 16. Сыходзіліся таксама ў Ерусалім многія з навакольных гарадоў, нясучы хворых і нячыстымі духамі апантаных, і ацаляліся ўсе. 17. А першасьвятар і зь ім усе, сутная ерась садукейская, напоўніліся зайздрасьцю, 18. і наклалі рукі свае на апосталаў, і ўвязьнілі іх у грамадзкую цямніцу. 19. Але анёл Гасподні ўначы адчыніў дзьверы цямніцы і, вывеўшы іх, сказаў: 20. ідзеце і, стаўшы, кажэце ў царкве люду ўсе гэтыя словы жыцьця. 21. Яны, паслухаўшыся, увайшлі раніцай у царкву, і вучылі. Тым часам першасьвятар і хто зь ім, прыйшоўшы, склікалі сынедрыён і ўсіх старэйшын з сыноў Ізраілевых, і паслалі ў цямніцу прывесьці апосталаў. 22. Але служкі, калі прыйшлі, не знайшлі іх у цямніцы і вярнуўшыся данесьлі, 23. кажучы: цямніцу мы знайшлі замкнутую з усёй перасьцярогаю і вартаю, якая стаяла каля дзьвярэй; але, калі адчынілі, не знайшлі ў ёй нікога. 24. Калі пачулі гэтыя словы першасьвятар, начальнік варты і астатнія першасьвятары, не разумелі, што б гэта азначала. 25. А нехта прыйшоў і данёс ім, кажучы: вось, мужы, якіх вы ўвязьнілі ў цямніцу, стаяць у царкве і вучаць людзей. 26. Тады начальнік варты пайшоў са служкамі і прывёў іх бяз прымусу, бо баяліся людзей, каб не пабілі іх камянямі; 27. а прывёўшы іх, паставілі ў сынедрыёне; і спытаўся ў іх першасьвятар, кажучы: 28. ці не забаранілі мы вам строга вучыць у імя гэтае? І вось вы напоўнілі Ерусалім вучэньнем вашым, і хочаце навесьці на нас кроў Таго Чалавека. 29. А Пётр і апосталы ў адказ сказалі: трэба слухацца болей Бога, чым людзей; 30. Бог бацькоў нашых уваскрэсіў Ісуса, Якога вы забілі, павесіўшы на дрэве. 31. Яго Бог узвысіў правіцаю Сваёю ў Пачынальніка і Збаўцу, каб даць Ізраілю пакаяньне і дараваньне грахоў; 32. Сьведкі Яму ў гэтым мы і Дух Сьвяты, Якога Бог даў тым, хто паслухмяны Яму. 33. Чуючы гэта, яны расьпіраліся ад гневу і намышлялі забіць іх. 34. Устаўшы ў сынедрыёне, адзін фарысэй, якога звалі Гамалііл, законатлумач, паважаны ўсім народам, загадаў вывесьці апосталаў на кароткі час, 35. а ім сказаў: мужы Ізраільскія! падумайце самі сабе пра людзей гэтых, што вам зь імі рабіць. 36. Бо незадоўга да гэтага прыйшоў Фэўда, выдаючы сябе за кагосьці вялікага, і да яго прыстала каля чатырохсот чалавек; але ён быў забіты, і ўсе, што слухаліся яго, расьсеяліся і зьніклі, 37. пасьля яго ў час перапісу зьявіўся Юда Галілеянін і павёў за сабою даволі многа людзей; але ён загінуў, і ўсе, што слухаліся яго, рассыпаліся; 38. і сёньня, кажу вам, адступецеся ад людзей гэтых і пакіньце іх; бо калі гэтае пачынаньне і гэтая дзея - ад людзей, дык яно разбурыцца, 39. а калі ад Бога, дык вы ня можаце разбурыць яго; сьцеражэцеся, каб вам ня стацца і богапраціўцамі. 40. Яны паслухаліся яго і, паклікаўшы апосталаў, білі іх і, забараніўшы ім гаварыць пра імя Ісуса, адпусьцілі іх. 41. А яны пайшлі з сынедрыёна, радыя, што за імя Госпада Ісуса мелі гонар прыняць зьнявагу; 42. і кожны дзень у царкве і па дамах не пераставалі вучыць і зьвеставаць пра Ісуса Хрыста.
РАЗЬДЗЕЛ 6
1. Тымі днямі, калі намножылася вучняў, пачалі Эліністы* наракаць на Габрэяў за тое, што ўдовы іхнія занядбаныя ў штодзённай раздачы міласьціны. 2. Тады дванаццаць апосталаў, паклікаўшы многа вучняў, сказалі: нягожа нам, занядбаўшы слова Божае, рупіцца пра застольлі. 3. Дык вось, браты, выберыце спаміж сябе сем мужоў абазнаных, напоўненых Сьвятым Духам і мудрасьцю; іх паставім на гэтую службу; 4. а мы ўвесь час будзем у малітве і ў служэньні словам. 5. І спадабалася гэтая прапанова ўсёй грамадзе; і выбралі Сьцяпана, мужа, поўнага веры і Духа Сьвятога, і Піліпа, і Прохара і Міканора, і Цімона і Пармена, і Мікалая Антыахійца, навернутага зь язычнікаў; 6. іх паставілі перад апосталамі, і яны, памаліўшыся, усклалі на іх рукі; 7. і слова Божае расло, і лік вучняў даволі памнажаўся ў Ерусаліме; і зь сьвятароў вельмі многія ўпакорыліся веры. 8. А Сьцяпан, поўны веры і сілы, учыняў вялікія цуды і азнакі ў народзе. 9. Некаторыя з так званае сынагогі Лібертынцаў і Кірынейцаў і Александрыйцаў і некаторыя з Кілікіі і Асіі ўступілі ў спрэчку са Сьцяпанам; 10. але не маглі ўстояць супраць мудрасьці і Духу, Якім ён прамаўляў. 11. Тады падбухторылі яны некаторых сказаць: мы чулі, як ён казаў блюзьнерчыя словы на Майсея і на Бога. 12. І ўзбурылі люд і старэйшын і кніжнікаў і напаўшы схапілі яго і павялі ў сынедрыён, 13. і паставілі ілжывых сьведкаў, якія казалі: гэты чалавек не перастае гаварыць блюзьнерчыя словы на сьвятое месца гэтае і на закон; 14. бо мы чулі, як ён казаў, што той Ісус Назарэй зруйнуе месца гэтае і зьменіць звычаі, якія перадаў нам Майсей. 15. І ўсе, хто сядзеў у сынедрыёне, гледзячы на яго, бачылі аблічча ягонае, як аблічча анёла.
* Габрэі зь язычніцкіх краін
РАЗЬДЗЕЛ 7
1. Тады сказаў першасьвятар: ці так гэта? 2. А ён сказаў: мужы браты і бацькі! паслухайце. Бог славы зьявіўся бацьку нашаму Абрагаму ў Месапатаміі, да перасяленьня яго ў Харан, 3. і сказаў яму: выйдзі зь зямлі тваёй і з радзіны тваёй і з дома бацькі твайго, і ідзі ў зямлю, якую пакажу табе. 4. Тады ён выйшаў зь зямлі Халдэйскай і пасяліўся ў Харане; а адтуль, пасьля сьмерці бацькі ягонага, перасяліў яго Бог у гэтую зямлю, дзе вы цяпер жывяце; 5. і ня даў яму на ёй спадчыны ні на ступак нагі, а абяцаўся даць яе на валоданьне яму нашчадкам ягоным пасьля яго, калі ён яшчэ быў бязьдзетны. 6. І сказаў яму Бог, што нашчадкі ягоныя будуць прыхаднямі ў чужой зямлі і будуць у рабстве і прыгнёце гадоў чатырыста. 7. Але Я, сказаў Бог, учыню суд над тым народам, у якога яны будуць у рабстве; і пасьля таго яны выйдуць і будуць служыць Мне на гэтым месцы. 8. І даў яму запавет абразаньня. Пасьля гэтага ён спарадзіў Ісаака і абрэзаў яго восьмага дня; а Ісаак спарадзіў Якава, а Якаў - дванаццаць патрыярхаў. 9. Патрыярхі з зайздрасьці прадалі Язэпа ў Егіпет; але Бог быў зь ім, 10. і выбавіў яго ад усіх уціскаў ягоных, і дараваў мудрасьць яму і ўпадабаньне фараона, цара Егіпецкага, і той паставіў яго начальнікам над Егіптам і над усім домам сваім. 11. І прыйшоў голад і вялікі смутак на ўсю зямлю Егіпецкую і Ханаанскую, і бацькі нашыя не знаходзілі, чым пракарміцца. 12. А Якаў, пачуўшы, што ёсьць пшаніца ў Егіпце, паслаў туды бацькоў нашых першым разам; 13. а як прыйшлі яны другім разам, Язэп адкрыўся братам сваім і вядомы стаў фараону род Язэпаў. 14. Язэп, паслаўшы, паклікаў бацьку свайго Якава і ўсю радзіну сваю, семдзесят пяць душ. 15. Якаў перайшоў у Егіпет, і памёр сам і бацькі нашыя; 16. і перанесены былі ў Сіхем і пакладзены ў магілу, якую купіў Абрагам за цану серабра ў сыноў Эмора Сіхемавага. 17. А як наблізіўся час збыцца абяцаньню, за якое прысягнуў Бог Абрагаму, народ разрастаўся і множыўся ў Егіпце, 18. аж пакуль ня прыйшоў новы цар, які ня ведаў Язэпа; 19. гэты, намысьляючы ліхое супроць роду нашага, уціскаў бацькоў нашых, вымушаючы іх кідаць дзяцей сваіх, каб ня выжывалі. 20. У гэты час нарадзіўся Майсей і быў да спадобы Богу; тры месяцы яго кармілі ў доме бацькі ягонага, 21. А як выкінулі, узяла яго дачка фараонава і выхавала яго ў сябе як сына. 22. І навучылі Майсея ўсёй мудрасьці Егіпецкай і быў моцны ў словах і дзеях. 23. А як споўнілася яму сорак гадоў, запала яму ў серца адведаць братоў сваіх, сыноў Ізраілевых. 24. І, убачыўшы, як крыўдзілі аднаго, заступіўся і адпомсьціў за пакрыўджанага, забіўшы Егіпцяніна. 25. Ён думаў, зразумеюць браты яго, што Бог рукою ягонаю дае ім збавеньне; але яны не зразумелі. 26. На другі дзень, калі некаторыя зь іх сварыліся, ён зьявіўся і схіляў іх да згоды, кажучы: вы - браты; навошта крыўдзіце адзін аднаго? 27. А той, што крыўдзіў блізкага, адштурхнуў яго, кажучы: хто цябе паставіў начальнікам і судзьдзёю над намі? 28. Ці ня хочаш ты забіць і мяне, як учора забіў Егіпцяніна? 29. Ад гэтых словаў Майсей уцёк і стаўся прыхаднем у зямлі Мадыямскай, дзе нарадзіліся ад яго два сыны. 30. Як мінула сорак гадоў, зьявіўся яму ў пустыні, дзе гара Сынайская, анёл Гасподні ў полымі вогненнага цярновага куста. 31. Майсей убачыўшы зьдзівіўся з уявы; а калі падыходзіў разгледзець, быў яму голас Гасподні: 32. Я Бог бацькоў тваіх, Бог Абрагамаў і Бог Ісаакаў і Бог Якаваў. Майсей, ахоплены страхам, не адважыўся глядзець. 33. І сказаў яму Гасподзь: скінь абутак з ног тваіх, бо месца, на якім ты стаіш, ёсьць зямля сьвятая. 34. Бачу Я ўціск народу Майго ў Егіпце і чую стогны ягоныя, і сышоў выбавіць яго; дык ідзі ж, Я пашлю цябе ў Егіпет. 35. Гэтага Майсея, якога яны адцураліся, сказаўшы: хто цябе паставіў начальнікам і судзьдзёю? - яго Бог рукою анёла, што зьявіўся яму ў цярновым кусьце, паслаў начальнікам і ратаўніком. 36. Ён вывеў іх, учыніўшы цуды і азнакі ў зямлі Егіпецкай і ў Чэрмным моры і ў пустыні за сорак гадоў. 37. Гэта той Майсей, які сказаў сынам Ізраілевым: Прарока паставіць вам Гасподзь Бог ваш з братоў вашых: Яго слухайце. 38. Гэта той самы, які быў на сходзе ў пустыні з анёлам, што гаварыў зь ім на гары Сынаі, і з бацькамі нашымі, і які прыняў жывыя словы, каб перадаць нам, 39. якому бацькі нашыя не хацелі быць паслухмянымі, а адмовіліся ад яго і павярнуліся сэрцамі сваімі да Егіпта, 40. сказаўшы Аарону: зрабі нам багоў, якія б ішлі наперадзе нас, бо з Майсеем, які вывеў нас зь зямлі Егіпецкай, ня ведаем, што здарылася. 41. І зрабілі ў тыя дні цяля, і прынесьлі ахвяру ідалу, і весяліліся перад творам рук сваіх. 42. А Бог адвярнуўся і пакінуў іх служыць войску нябеснаму, як напісана ў кнізе прарокаў: «дом Ізраілеў! Ці прыносілі вы Мне заколатае і ахвяры за сорак гадоў у пустыні? 43. Вы прынялі скінію Малохаву і зорку бога вашага Рэмфана, выявы, якія вы зрабілі, каб пакланяцца ім: і я перасялю вас за Вавілон». 44. Скінія сьведчаньня была ў бацькоў нашых у пустыні, як загадаў Той, Хто сказаў Майсею зрабіць яе паводле ўзору, ім бачанага. 45. Бацькі нашыя зь Ісусам, узяўшы яе, унесьлі ў валоданьні народаў, прагнаных Богам ад аблічча бацькоў вашых. Так было да дзён Давідавых; 46. гэты знайшоў мілату перад Богам і маліў, каб знайсьці жытло Богу Якаваму. 47. А Саламон збудаваў Яму дом. 48. Але ‹сявышні не ў рукатворных храмах жыве, як кажа прарок: 49. «неба - трон Мой, і зямля - падножжа ног Маіх; які дом збудуеце Мне, кажа Гасподзь, альбо якое месца на адпачынак Мой? 50. Ці ж не Мая рука стварыла ўсё гэта?». 51. Цьвёрдахрыбетныя! людзі зь неабрэзанымі сэрцамі і вушамі! вы заўсёды працівіцеся Духу Сьвятому, як бацькі вашыя, так і вы: 52. каго ж бо з прарокаў ня гналі бацькі вашыя? яны забілі прадвесьнікаў прышэсьця Праведніка, прадажнікамі і забойцамі Якога сталіся сёньня вы, 53. вы, якія прынялі ўстанаўленьнем анёльскім закон, і не захавалі. 54. Слухаючы гэта, яны рваліся сэрцамі і скрыгаталі на яго зубамі. 55. А Сьцяпан, напоўнены Духам Сьвятым, паглядзеўшы на неба, убачыў Божую славу і Ісуса, Які стаяў праваруч Бога, 56. і сказаў: вось, бачу я нябёсы расчыненыя і Сына Чалавечага, Які стаіць праваруч Бога. 57. Але яны, закрычаўшы моцным голасам, затыкалі вушы свае, і аднадушна кінуліся на яго, 58. і, вывеўшы за горад, пачалі біць яго камянямі. А сьведкі паклалі сваю адзежу да ног юнака, якога звалі Саўлам. 59. І білі камянямі Сьцяпана, які маліўся і казаў: Госпадзе Ісусе! прымі дух мой! 60. І, схіліўшы калені, усклікнуў моцным голасам: Госпадзе! ня лічы ім грэху гэтага! І, сказаўшы гэта, спачыў.
РАЗЬДЗЕЛ 8
1. А Саўл ухваляў забойства яго. У тыя дні паўстала вялікае ганеньне на царкву ў Ерусаліме, і ўсе, апрача апосталаў, расьсеяліся па розных месцах Юдэйскіх і Самарыйскіх. 2. А Сьцяпана пахавалі мужы богабаязныя і ўчынілі вялікі плач па ім. 3. А Саўл глуміў царкву і, заходзячы ў дамы і, выцягваючы мужчын і жанчын, аддаваў у цямніцу. 4. А тым часам тыя, што расьсеяліся, хадзілі і зьвеставалі слова. 5. Так Піліп прыйшоў у горад Самарыйскі і прапаведаваў ім Хрыста; 6. народ аднадушна слухаў, што гаварыў Піліп, і чуў і бачыў, якія ён тварыў цуды; 7. бо нячыстыя духі з многіх апанаваных імі выходзілі зь вялікім крыкам, а многія паралізаваныя і кульгавыя ацаляліся. 8. І была радасьць вялікая ў тым горадзе. 9. А быў у горадзе адзін чалавек, якога звалі Сымон, які перад тым вядзьмарыў і зьдзіўляў люд Самарыйскі, удаючы зь сябе кагосьці вялікага; 10. яго слухалі ўсе, ад малога да вялікага, кажучы: гэты ёсьць вялікая сіла Божая. 11. А слухалі яго таму, што ён доўгі час зьдзіўляў іх чарадзействамі. 12. Але калі паверылі Піліпу, які зьвеставаў пра Царства Божае і пра імя Ісуса Хрыста, дык хрысьціліся і мужчыны і жанчыны. 13. Увераваў і сам Сымон і ахрысьціўшыся не адыходзіў ад Піліпа; і, бачачы, як тварыліся вялікія сілы і азнакі, дзіву даваўся. 14. Апосталы, якія былі ў Ерусаліме, пачуўшы, што Самаране прынялі слова Божае, паслалі да іх Пятра і Яна, 15. якія прыйшоўшы памаліліся за іх, каб прынялі Духа Сьвятога: 16. бо Ён ня зыходзіў яшчэ ні на кога зь іх, а толькі былі яны ахрышчаны ў імя Госпада Ісуса; 17. тады ўсклалі рукі на іх, і яны прынялі Духа Сьвятога. 18. А Сымон, убачыўшы, што праз ускладаньне рук апосталаў падаецца Дух Сьвяты, прынёс ім грошы, 19. кажучы: дайце і мне ўладу гэтую, каб той, на каго Я ўскладу рукі, прымаў Духа Сьвятога. 20. Але Пётр сказаў яму: срэбра тваё хай будзе на згубу з табою, бо ты намысьліў дар Божы здабыць на грошы. 21. Няма табе ў гэтым часткі і долі, бо сэрца тваё няслушнае перад Богам; 22. дык пакайся ў гэтым грэху тваім і маліся Богу: можа, даруецца табе намысел сэрца твайго; 23. бо бачу цябе поўнага жоўці горкай і ў путах няпраўды. 24. А Сымон сказаў у адказ: памалецеся вы за мяне Госпаду, каб не спасьцігла мяне анішто з таго, што вы сказалі. 25. А яны, засьведчыўшы і ўзьвясьціўшы слова Гасподняе, пайшлі назад у Ерусалім і ў многіх селішчах Самарыйскіх прапаведавалі Дабравесьце. 26. А Піліпу анёл Гасподні сказаў: устань і ідзі на поўдзень, на дарогу, якая вядзе зь Ерусаліма ў Газу, на тую, якая пустая. 27. Ён устаў і пайшоў; і вось, муж Эфіопскі, кажэнік, вяльможа Кандакіі, царыцы Эфіопскай, ахоўца ўсіх яе скарбаў, які прыязджаў у Ерусалім на пакланеньне, 28. вяртаўся і, седзячы на калясьніцы сваёй, чытаў прарока Ісаю. 29. Дух сказаў Піліпу: падыдзі і прыстань да гэтае калясьніцы. 30. Піліп падышоў і, пачуўшы, што ён чытае прарока Ісаю, сказаў: ці разумееш, што чытаеш? 31. Ён сказаў: як магу разумець, калі хто не наставіць мяне? І папрасіў Піліпа ўзысьці і сесьці зь ім. 32. А месца зь Пісаньня, якое ён чытаў, было гэтае: «як авечку, вялі Яго на закол, і, як ягня, перад стрыгалём ягоным, маўчыць, так Ён не размыкаў вуснаў Сваіх; 33. у прыніжэньні Яго суд Ягоны адбыўся, а род Яго хто высьветліць? бо забіраецца ад зямлі жыцьцё Ягонае». 34. А кажэнік сказаў Піліпу ў адказ: прашу цябе сказаць: пра каго прарок кажа гэта? ці пра сябе, ці пра каго іншага? 35. Піліп разамкнуў вусны свае і, пачаўшы з гэтага Пісаньня, апавядаў яму пра Ісуса. 36. Тым часам, едучы па дарозе, яны прыехалі да вады, і кажэнік сказаў: вось, вада: што перашкаджае мне ахрысьціцца? 37. А Піліп сказаў яму: калі верыш ад шчырага сэрца, можна. Той сказаў у адказ: веру, што Ісус ёсьць Сын Божы. 38. І загадаў спыніць калясьніцу; і сышлі абодва ў ваду, Піліп і кажэнік; і ахрысьціў яго. 39. А калі яны выйшлі з вады, Дух Гасподні падхапіў Піліпа, і кажэнік ужо ня бачыў яго, і паехаў сваёю дарогаю, радуючыся. 40. А Піліп апынуўся ў Азоце і, як праходзіў, зьвеставаў усім гарадам, пакуль прыйшоў у Кесарыю.
РАЗЬДЗЕЛ 9
1. А Саўл, яшчэ дышучы грозьбамі і забойствам на вучняў Гасподніх, прыйшоў да першасьвятара 2. і выпрасіў у яго пісьмы ў Дамаск сынагогам, каб, калі знойдзе каго, хто сьледуе гэтаму вучэньню, і мужчын і жанчын, зьвязаўшы, прыводзіць у Ерусалім. 3. Калі ж ён ішоў і набліжаўся да Дамаска, раптам асьвятліла яго зьзяньне зь неба; 4. ён упаў на зямлю і пачуў голас, які казаў яму: Саўле, Саўле, што ты гоніш Мяне? 5. Ён сказаў: хто Ты, Госпадзе? А Гасподзь сказаў: Я Ісус, Якога ты гоніш. Цяжка табе ісьці супраць ражна. 6. Ён, у страху і жудасьці, сказаў: Госпадзе! што загадаеш мне рабіць? І Гасподзь сказаў яму: устань ды ідзі ў горад; і сказана будзе табе, што табе трэба рабіць. 7. А людзі, якія ішлі зь ім, стаялі здраньцьвелыя, чуючы голас, але нічога ня бачачы. 8. Саўл падняўся зь зямлі, і з расплюшчанымі вачыма нікога ня бачыў; і павялі яго за руку і прывялі ў Дамаск; 9. і тры дні ён ня бачыў, і ня еў і ня піў. 10. У Дамаску быў адзін вучань, якога звалі Ананія; і Гасподзь, зьявіўшыся, сказаў яму: Ананія! Той сказаў: я, Госпадзе. 11. А Гасподзь сказаў яму: устань ды ідзі на вуліцу, так званую Простую, і спытайся ў Юдавым доме Тарсяніна, якога завуць Саўл: ён цяпер моліцца 12. і бачыў ва ўяве мужа, імем Ананія, які прыйшоў да яго і ўсклаў на яго руку, каб ён зноў бачыў. 13. Ананія адказваў: Госпадзе! Я чуў ад многіх пра гэтага чалавека, колькі ліха зрабіў ён сьвятым Тваім у Ерусаліме; 14. і тут мае ад першасьвятароў уладу вязаць усіх, хто заклікае імя Тваё. 15. Але Гасподзь сказаў яму: ідзі, бо ён ёсьць Мой выбраны посуд, каб абвяшчаць імя Маё перад народамі і царамі і сынамі Ізраілевымі; 16. і Я пакажу яму, колькі ён мусіць адпакутаваць за імя Маё. 17. Ананія пайшоў і ўвайшоў у дом і, усклаўшы на яго рукі, сказаў: браце Саўле! Гасподзь Ісус, што зьявіўся табе на дарозе, якою ты ішоў, паслаў мяне, каб ты зноў бачыў і напоўніўся Духам Сьвятым. 18. І адразу нібы луска апала з вачэй ягоных, і раптам ён зноў пачаў бачыць і, устаўшы, ахрысьціўся 19. і, паеўшы, умацаваўся. І быў Саўл некалькі дзён з вучнямі ў Дамаску; 20. і адразу пачаў прапаведаваць у сынагогах пра Ісуса, што Ён ёсьць Сын Божы. 21. І ўсе, хто чуў, зьдзіўляліся і казалі: ці ня той гэта самы, які гнаў у Ерусаліме тых, што заклікалі імя гэтае, ды і сюды прыйшоў па тое, каб вязаць іх і весьці да першасьвятароў? 22. А Саўл усё больш і больш умацоўваўся і бянтэжыў Юдэяў, якія жылі ў Дамаску, даводзячы, што Гэты ёсьць Хрыстос. 23. А як мінула даволі часу, Юдэі змовіліся забіць яго. 24. Але Саўл дазнаўся пра гэты намысел іхні; а яны дзень і ноч пільнавалі каля брамы, каб забіць яго. 25. А вучні ўначы, узяўшы яго, спусьцілі з мура ў каш§. 26. Саўл прыйшоў у Ерусалім і стараўся прыстаць да вучняў; але ўсе баяліся яго, ня верачы, што ён вучань. 27. А Варнава, узяўшы яго, прыйшоў да апосталаў і расказаў ім, як на дарозе ён бачыў Госпада, і што сказаў яму Гасподзь, і як ён у Дамаску адважна прапаведаваў у імя Ісуса. 28. І заставаўся ён зь імі, уваходзячы і выходзячы, у Ерусаліме, і адважна прапаведаваў імя Госпада Ісуса. 29. Гутарыў ён таксама і спрачаўся з Эліністамі; а яны замахі рабілі забіць яго. 30. Браты, даведаўшыся пра гэта, адправілі яго ў Кесарыю і правялі ў Тарс. 31. А цэрквы па ўсёй Юдэі, Галілеі і Самарыі былі ў спакоі, удасканальваючыся і ходзячы ў страху Гасподнім, і ў суцяшэньні Сьвятога Духа множыліся. 32. Сталася, што Пётр, абыходзячы ўсіх, зайшоў да сьвятых, якія жылі ў Лідзе; 33. Там знайшоў ён аднаго чалавека, якога звалі Энэй, што ўжо восем гадоў ляжаў у пасьцелі ў палярушы. 34. Пётр сказаў яму: Энэй! ацаляе цябе Ісус Хрыстос; устань з пасьцелі тваёй. І той адразу ўстаў. 35. І бачылі ўсе яго, хто жыў у Лідзе і ў Сароне, якія і навярнуліся да Госпада. 36. У Ёпіі была адна вучаніца, якую звалі Тавіта, што азначае: Сарна; яна была поўная добрых учынкаў і чыніла шмат міласьціны. 37. Сталася тымі днямі, што занядужала і памерла; яе абмылі і паклалі ў сьвятліцы. 38. А як што Ліда недалёка ад Ёпіі, дык вучні, дачуўшыся, што Пётр там, паслалі да яго двух чалавек прасіць, каб ён не забавіўся прыйсьці да іх. 39. Пётр устаў і пайшоў зь імі; і калі ён прыйшоў, увялі яго ў сьвятліцу, і ўсе ўдовы ў сьлёзах сталі перад ім, паказваючы кашулі і сукенкі, якія рабіла Сарна, жывучы зь імі. 40. Пётр выслаў усіх з пакоя і, укленчыўшы, памаліўся і, зьвярнуўшыся да цела, сказаў: Тавіта! устань. І яна расплюшчыла вочы свае і, убачыўшы Пятра, села. 41. Ён, падаўшы ёй руку, падняў яе і, паклікаўшы сьвятых і ўдоваў, паставіў яе перад імі жывую. 42. Гэта стала вядома па ўсёй Ёпіі, і многія ўверавалі ў Госпада. 43. І шмат дзён перабыў ён у Ёпіі ў нейкага Сымона-гарбара.
РАЗЬДЗЕЛ 10
1. У Кесарыі быў адзін чалавек, якога звалі Карнілій, сотнік з кагорты, называнай Італійскай, 2. пабожны і богабаязны з усім домам сваім, ён рабіў шмат міласьціны людзям і заўсёды маліўся Богу. 3. Ён ва ўяве ясна бачыў каля дзявятай гадзіны дня анёла Божага, які ўвайшоў да яго і сказаў яму: Карнілій! 4. А ён, зірнуўшы на яго і спалохаўшыся, сказаў: што, Госпадзе? Анёл адказваў яму: малітвы твае і міласьціны твае ўзгадаліся перад Богам; 5. дык пашлі людзей у Ёпію і пакліч Сымона, якога завуць Пятром: 6. ён гасьцюе ў нейкага Сымона-гарбара, чый дом каля мора; ён скажа табе, што табе трэба рабіць. 7. Калі анёл, які гаварыў з Карніліем, адышоў, дык ён, паклікаўшы двух сваіх слуг і набожнага воіна з тых, што былі пры ім, 8. і расказаўшы ім усё, паслаў іх у Ёпію. 9. На другі дзень, калі яны ішлі і набліжаліся да горада, Пётр каля шостай гадзіны ўзышоў на дах дома памаліцца. 10. І адчуў ён голад, і захацеў есьці; пакуль гатавалі, найшла на яго жарсьць, 11. і бачыць адчыненае неба і нейкі посуд, які апускаецца да яго, нібы вялікае палатно, прывязанае за чатыры рагі і апусканае на зямлю; 12. у ім былі ўсякія чатырногі зямныя, зьвяры, плазуны і птушкі нябесныя. 13. І быў голас яму: устань, Пётр, закалі і еж. 14. Але Пётр сказаў: не, Госпадзе! я ніколі ня еў нічога паганага або нячыстага. 15. Тады другі раз быў голас яму: што Бог ачысьціў, таго не ўважай за нячыстае. 16. Гэта было тройчы - і посуд зноў падняўся на неба. 17. Калі ж Пётр раздумваў сам сабе, што б такое азначаў гэты відзеж, што ён бачыў, - вось, мужы, пасланыя Карніліем, распытаўшыся пра дом Сымонаў, спыніліся каля варот, 18. і, гукнуўшы, спыталіся: ці тут Сымон, якога завуць Пятром? 19. Тым часам, як Пётр разважаў пра відзеж, Дух сказаў яму: вось, трох чалавек шукаюць цябе; 20. устань, сыйдзі і йдзі зь імі, зусім не сумняваючыся; бо Я паслаў іх. 21. Пётр, сыйшоўшы да людзей, прысланых да яго ад Карнілія, сказаў: я той, каго вы шукаеце; дзеля якой справы прыйшлі вы? 22. А яны сказалі: Карнілій сотнік, чалавек дабрачынны і богабаязны, шанаваны ўсім народам Юдэйскім, атрымаў ад сьвятога анёла наказ паклікаць цябе ў дом свой і паслухаць словаў тваіх. 23. Тады Пётр, запрасіўшы іх, пачаставаў; а назаўтра, устаўшы, пайшоў зь імі, і некаторыя браты Ёпійскія пайшлі зь ім. 24. На другі дзень прыйшлі яны ў Кесарыю. А Карнілій чакаў іх, склікаўшы родзічаў і сваіх блізкіх сяброў. 25. Калі Пётр уваходзіў, Карнілій сустрэў яго і пакланіўся, прыпаўшы да ног ягоных. 26. А Пётр падняў яго, кажучы: устань; я таксама чалавек. 27. І, гутарачы зь ім, увайшоў і знайшоў многа сабраных. 28. І сказаў ім: вы ведаеце, што Юдэю забаронена зносіцца або збліжацца зь іншапляменцам; але мне Бог адкрыў, каб я не ўважаў ніводнага чалавека за паганага альбо нячыстага; 29. таму я, будучы пакліканы, і прыйшоў безь пярэчаньня; і вось, пытаюся: на якую дзею вы клікнулі мяне? 30. Карнілій сказаў: з чацьвёртага дня я пасьціўся да цяперашняй гадзіны і а дзявятай гадзіне маліўся ў сваім доме; і вось, паўстаў перада мною муж у сьветлым адзеньні 31. і кажа: Карнілій! пачута малітва твая і міласьціны твае спамянуліся перад Богам; 32. дык пашлі ў Ёпію і пакліч Сымона, якога завуць Пятром: ён гасьцюе ў доме гарбара Сымона каля мора; ён прыйдзе і скажа табе. 33. Адразу паслаў я да цябе, і ты добра зрабіў, што прыйшоў: цяпер мы ўсе стаім перад Богам, каб выслухаць усё, што наказана табе ад Бога. 34. А Пётр разамкнуў вусны і сказаў: у ісьціне спазнач, што Богу не абліччы спадобныя, 35. а ў кожным народзе той, хто богабаязны і робіць па праўдзе, да спадобы Яму. 36. Ён паслаў сынам Ізраілевым слова, зьвястуючы мір празь Ісуса Хрыста; Гэты ёсьць Гасподзь усіх. 37. Вы ведаеце, што адбывалася па ўсёй Юдэі, пачынаючы ад Галілеі, пасьля хрышчэньня, прапаведаванага Янам: 38. як Бог Духам Сьвятым і моцай памазаў Ісуса з Назарэта, і Ён хадзіў, дабро ўчыняючы і ацаляючы ўсіх, паняволеных д'яблам, бо Бог быў зь Ім; 39. і мы сьведкі ўсяго, што зрабіў Ён у краі Юдэйскім і ў Ерусаліме, і што нарэшце Яго забілі, павесіўшы на дрэве. 40. Гэтага Бог уваскрэсіў на трэйці дзень, і даў Яму зьяўляцца, 41. не ўсяму людзтву, а сьведкам, сьпярша Богам выбраным, нам, якія зь Ім елі і пілі пасьля ўваскрэсеньня Яго зь мёртвых; 42. і Ён наказаў нам прапаведаваць людзям і сьведчыць, што Ён ёсьць вызначаны Богам Судзьдзя жывым і мёртвым. 43. Пра Яго ўсе прарокі сьведчаць, што ўсякі, хто верыць у Яго, атрымае дараваньне грахоў імем Ягоным. 44. Калі Пётр яшчэ гаварыў, Дух Сьвяты зыйшоў на ўсіх, хто слухаў слова. 45. І вернікі з абрэзаных, што прыйшлі зь Пятром, зьдзівіліся, што дар Сьвятога Духа выліўся і на язычнікаў; 46. бо чулі, як рознымі мовамі гаварылі яны і славілі Бога. Тады Пётр сказаў: 47. хто можа забараніць ахрысьціцца вадою тым, якія, як і мы, атрымалі Сьвятога Духа? 48. І наказаў ім ахрысьціцца ў імя Ісуса Хрыста. Потым яны прасілі яго пабыць у іх некалькі дзён.
РАЗЬДЗЕЛ 11
1. Дачуліся апосталы і браты, якія былі ў Юдэі, што і язычнікі прынялі слова Божае. 2. І калі Пётр прыйшоў у Ерусалім, абрэзаныя дакаралі яго, 3. кажучы: ты хадзіў да людзей неабрэзаных і еў зь імі. 4. А Пётр пачаў ім пераказваць па парадку, кажучы: 5. у горадзе Ёпіі я маліўся і ў жарсьці бачыў уяву: сыходзіў нейкі посуд, нібы вялікае палатно, за чатыры рагі апусканае зь неба, і спусьцілася да мяне; 6. я паглядзеў у яго і, разглядваючы, убачыў чатырногаў зямных, зьвяроў, плазуноў і птушак нябесных. 7. І пачуў я голас, які сказаў мне: устань, Пётр, закалі і еж. 8. А я сказаў: не, Госпадзе, нішто паганае альбо нячыстае ніколі не ўваходзіла ў вусны мае. 9. І адказваў мне голас другі раз зь неба: што Бог ачысьціў, таго ты не ўважай за нячыстае. 10. Гэта было тройчы; і зноў узьнялося ўсё на неба. 11. І вось, у тую ж самую часіну трох чалавек, пасланых з Кесарыі да мяне, спыніліся перад домам, дзе быў я. 12. Дух сказаў мне, каб я ішоў зь імі, зусім не сумняваючыся; пайшлі са мною і гэтыя шэсьць братоў, і мы прыйшлі ў дом таго чалавека. 13. Ён расказаў нам, як ён бачыў у доме сваім анёла (сьвятога), які стаў і сказаў яму: пашлі ў Ёпію людзей і пакліч Сымона, якога завуць Пятром; 14. ён скажа табе словы, якімі ўратуешся ты і ўвесь дом твой. 15. А калі я пачаў прамаўляць, зыйшоў на іх Дух Сьвяты, як і на нас спачатку. 16. Тады ўзгадаў я слова Госпада, як Ён казаў: Ян хрысьціў вадою, а вы будзеце ахрышчаны Духам Сьвятым. 17. І вось, калі Бог даў ім такі самы дар, як і нам, што ўверавалі ў Госпада Ісуса Хрыста, дык хто ж я, каб мог усупрацівіцца Богу? 18. Выслухаўшы гэта, яны супакоіліся і праславілі Бога, кажучы: відаць, і язычнікам даў Бог пакаяньне ў жыцьцё. 19. Тым часам тыя, што расьсеяліся ад ганеньняў, якія былі пасьля Сьцяпана, пайшлі да Фінікіі і Кіпра і Антыахіі, нікому не прапаведуючы слова, апрача Юдэяў. 20. А былі сярод іх і некаторыя Кіпрэйцы і Кірынейцы, якія, прыйшоўшы ў Антыахію, прамаўлялі да Элінаў, зьвястуючы Госпада Ісуса. 21. І была рука Гасподняя зь імі, і вялікае мноства ўвераваўшы навярнуліся да Госпада. 22. Дайшло слова пра іх да царквы Ерусалімскай, і даручылі Варнаву ісьці ў Антыахію. 23. Ён, як прыйшоў і ўбачыў мілату Божую, узрадаваўся і ўгаворваў усіх намерамі сэрца трымацца Госпада; 24. бо ён быў муж добры і поўны Духа Сьвятога і веры. І прыхілілася многа людзей да Госпада. 25. Потым Варнава пайшоў у Тарс шукаць Саўла і, знайшоўшы яго, прывёў у Антыахію. 26. Цэлы год зьбіраліся яны ў царкве і вучылі многа людзей; і вучні ў Антыахіі ўпяршыню пачалі называцца хрысьціянамі. 27. Тымі днямі прыйшлі зь Ерусаліма ў Антыахію прарокі. 28. І адзін зь іх, якога звалі Агаў, устаўшы, перш абвясьціў Духам, што па ўсім сьвеце будзе вялікі голад, які і быў пры кесары Клаўдзіі; 29. тады вучні пастанавілі, кожны паводле дастатку свайго, паслаць дапамогу братам, якія жывуць у Юдэі, 30. што і зрабілі, паслаўшы сабранае да прасьвітараў праз Варнаву і Саўла.
РАЗЬДЗЕЛ 12
1. Тым часам цар Ірад падняў рукі на некаторых людзей царквы, каб зрабіць ім ліха, 2. і забіў Якава, брата Янавага, мечам; 3. а ўбачыўшы, што гэта даспадобы Юдэям, сьледам за тым узяў і Пятра, - тады былі дні праснакоў, - 4. і, затрымаўшы яго, пасадзіў у цямніцу і загадаў чатыром чацьверыкам воінаў вартаваць яго, маючы намер пасьля Пасхі вывесьці яго да людзей. 5. І так Пятра вартавалі ў цемры; тым часам царква рупліва малілася за яго Богу. 6. Калі ж Ірад хацеў вывесьці яго, у тую ноч Пётр спаў паміж двума воінамі, скаваны двума ланцугамі, і ахова каля дзьвярэй вартавала цямніцу. 7. І вось, анёл Гасподні стаў перад ім, і сьвятло азарыла цямніцу; анёл, штурхнуўшы Пятра ў бок, разбудзіў яго і сказаў: устань хутчэй! І ланцугі апалі з рук ягоных. 8. І сказаў яму анёл: падперажыся і абуйся. Ён зрабіў так. Пасьля кажа яму: апрані адзежу тваю і ідзі за мною. 9. Пётр выйшаў і рушыў усьлед за ім, ня ведаючы, што тое, што робіць анёл, ёсьць сапраўднае, а думаючы, што бачыць уяву. 10. Мінуўшы першую і другую варту, яны падышлі да жалезнае брамы, што вяла ў горад, якая сама адчынілася ім; яны выйшлі, і прайшлі адну вуліцу, калі раптам анёла ня стала зь ім. 11. Тады Пётр, апамятаўшыся, сказаў: цяпер я бачу напраўду, што Гасподзь паслаў анёла Свайго і выбавіў мяне з рукі Ірада і ад усяго, чаго чакаў люд Юдэйскі. 12. І, агледзеўшыся, прыйшоў да дома Марыі, маці Яна, якога звалі Маркам, дзе многія сабраліся і маліліся. 13. А калі Пётр пастукаўся ў браму, дык выйшла паслухаць служанка, якую звалі Рода; 14. І, пазнаўшы Пятроў голас, ад радасьці не адчыніла брамы, а ўбегшы абвясьціла, што Пётр стаіць каля брамы. 15. А тыя сказалі ёй: ці ў сваім ты розуме? Але яна стаяла на сваім. А яны казалі: гэта анёл ягоны. 16. Тым часам Пётр стукаўся; калі ж адчынілі, дык убачылі яго і зьдзівіліся. 17. А ён, даўшы рукою знак, каб маўчалі, расказаў ім, як Гасподзь вывеў зь цямніцы, і сказаў: перакажэце ўсё гэта Якаву і братам. Пасьля выйшаў і пайшоў у іншую мясьціну. 18. Калі настаў дзень, паміж воінамі ўсчалася вялікая трывога: што сталася зь Пятром; 19. а Ірад, пашукаўшы яго і не знайшоўшы, судзіў вартавых і загадаў пакараць іх сьмерцю; потым ён выправіўся зь Юдэеі ў Кесарыю і там заставаўся. 20. Ірад быў у гневе на Тырыйцаў і Сіданійцаў: а яны, змовіўшыся, прыйшлі да яго і схіліўшы на свой бок Уласта, пасьцельніка царскага, прасілі міру, бо іх вобласьць кармілася з царскай. 21. У назначаны дзень Ірад, убраўшыся ў царскія строі, сеў на судзілішчы перад людзьмі і гаварыў да іх; 22. а люд крычаў: гэта голас Бога, а не чалавека! 23. Але раптам анёл Гасподні паразіў яго за тое, што ён ня ўзьнёс хвалы Богу; і ён заедзены чарвякамі, сканаў. 24. А слова Божае расло і пашыралася. 25. А Варнава і Саўл, выканаўшы даручэньне, вярнуліся зь Ерусаліма (ў Атныахію), узяўшы з сабою і Яна, якога звалі Маркам.
РАЗЬДЗЕЛ 13
1. У Антыахіі ў тамтэйшай царкве былі некаторыя прарокі і настаўнікі: Варнава, і Сымон, якога звалі Нігер, і Луцый Кірынеец, і Манаіл, выхаваны разам зь Ірадам тэтрархам, і Саўл. 2. Калі яны служылі Госпаду і пасьціліся, Дух Сьвяты сказаў: даручэце Мне Варнаву і Саўла на дзею, да якое Я іх паклікаў. 3. Тады яны, папасьціўшыся і памаліўшыся і ўсклаўшы на іх рукі, адпусьцілі іх. 4. Тыя, пасланыя Духам Сьвятым, сыйшлі ў Селяўкію, а адтуль адплылі на Кіпр, 5. і, быўшы ў Саламіне, прапаведавалі слова Божае ў сынагогах Юдэйскіх; а мелі яны пры сабе і Яна для служэньня. 6. Праўшоўшы ўвесь востраў да Пафа, знайшлі яны аднаго чарадзея ілжэпрарока, Юдэя, якога звалі Варысус, 7. які быў з праконсулам Сергіем Паўлам, мужам разумным. Той, паклікаўшы Варнаву і Саўла, пажадаў пачуць слова Божае. 8. А Яліма чарадзей, - так тлумачыцца імя ягонае, - пярэчыў ім, стараючыся адвярнуць праконсула ад веры. 9. Але Саўл, ён жа і Павал, напоўніўся Духам Сьвятым і паглядзеўшы на яго, 10. сказаў: о, поўны ўсякае хітрыны і ўсякага зладзейства сыне д'яблаў, вораг усякай праўды! ці не перастанеш ты зводзіць з роўных дарог Гасподніх? 11. І цяпер, вось, рука Гасподняя на цябе: ты асьлепнеш і ня ўбачыш сонца да часу. І раптам напалі на яго морак і цемра, і ён, паварочваючыся то туды, то сюды, шукаў павадыра. 12. Тады праконсул, усачыўшы, што адбылося, увераваў, зьдзіўлены вучэньнем Гасподнім. 13. Адплыўшы з Пафа, Павал і ўсе, хто былі зь ім, прыбылі ў Пэргію, у Памфілію; але Ян, адлучыўшыся ад іх, вярнуўся ў Ерусалім. 14. А яны, ідучы з Пэргіі, прыбылі ў Антыахію Пісідыйскую і, увайшоўшы ў сынагогу ў дзень суботні, селі. 15. Пасьля чытаньня закона і прарокаў начальнікі сынагогі паслалі сказаць ім: мужы браты! калі ў вас ёсьць слова настаўленьня да люду, кажэце. 16. Павал, устаўшы і даўшы знак рукою, сказаў: мужы Ізраільскія і ўсе, хто баіцца Бога! паслухайце: 17. Бог народу гэтага выбраў бацькоў нашых і ўзвысіў гэты народ у бытнасьць у зямлі Егіпецкай, і рукою ўзьнесенай вывеў іх зь яе, 18. і каля сарака гадоў часу карміў іх у пустыні; 19. і, зьнішчыўшы сем народаў у зямлі Ханаанскай, падзяліў ім у спадчыну зямлю іхную, 20. і пасьля гэтага, каля чатырохсот пяцідзесяці гадоў, даваў ім судзьдзяў да прарока Самуіла; 21. потым прасілі яны цара, і Бог даў ім Сайла, сына Кісавага, мужа з роду Веньямінавага: так прайшло гадоў сорак. 22. Адхіліўшы яго, паставіў ім царом Давіда, пра якога і сказаў, пасьведчыўшы: «знайшоў Я мужа па сэрцы Маім, Давіда» сына Ясеевага, які спраўдзіць усе хаценьні Мае». 23. Зь ягоных жа нашчадкаў Бог паводле абяцаньня ўзьвёў Ізраілю Збаўцу Ісуса. 24. Перад самым зьяўленьнем Яго Ян прапаведаваў хрышчэньне пакаяньня ўсяму народу Ізраільскаму. 25. А пры канцы свайго шляху Ян казаў: за каго ўважаеце мяне? я ня Той; але вось, ідзе за мною, у Якога я ня варты разьвязаць абутак на нагах. 26. Мужы браты, дзеці роду Абрагамавага, і ўсе богабаязныя сярод вас! вам паслана слова збаўленьня гэтага. 27. Бо жыхары Ерусаліма і начальнікі іхнія, не пазнаўшы Яго і засудзіўшы, спраўдзілі словы прарочыя, чытаныя кожнае суботы, 28. і, не знайшоўшы ў Ім ніякай віны, вартае сьмерці, прасілі Пілата забіць Яго; 29. а калі выканалі ўсё напісанае пра Яго, дык, зьняўшы з дрэва, паклалі Яго ў магілу. 30. Але Бог уваскрэсіў Яго зь мёртвых; 31. Ён шмат дзён паяўляўся перад тымі, якія выйшлі зь Ім з Галілеі ў Ерусалім і якія сёньня - сьведкі Яго перад людзьмі. 32. І мы зьвястуем вам, што абяцаньне, дадзенае бацькам, Бог выканаў нам, дзецям іхнім, уваскрэсіўшы Ісуса, 33. як і ў другой псальме напісана: «Ты Сын Мой: Я сёньня Цябе нарадзіў». 34. А што ўваскрэсіў Яго зь мёртвых, так што Ён ужо не абярнуўся ў тло, пра гэта сказаў так: «Я дам вам нязьменныя міласьціны, абяцаныя Давіду». 35. Таму і ў іншым месцы кажа: «не дасі Сьвятому Твайму ўбачыць тленьне». 36. Давід у свой час паслужыўся волі Божай, спачыў, і далучыўся да бацькоў сваіх, і ўбачыў тленьне; 37. а Той, Каго Бог уваскрэсіў, ня ўбачыў тленьня. 38. Дык вось, хай будзе ведама вам, мужы браты, што дзеля Яго абвяшчаецца вам дараваньне грахоў; 39. і ва ўсім, у чым вы не маглі апраўдацца законам Майсеевым, апраўдваецца Ім кожны веруючы. 40. Глядзеце ж, каб ня прыйшло на вас тое, што прадказана ў прарокаў: 41. «глядзеце, пагарднікі, падзівуйцеся і счэзьніце; бо я чыню дзею ў дні вашыя, дзею, якой не паверылі б вы, калі б хто расказаў вам». 42. Калі яны выходзілі (з Юдэйскай сынагогі), прасілі язычнікі іх гаварыць пра тое самае ў другую суботу. 43. Калі ж сход быў распушчаны, многія Юдэі і богашаноўцы, навернутыя зь язычнікаў, пайшлі сьледам за Паўлам і Варнавам, якія, размаўляючы зь імі, угаворвалі іх заставацца ў ласкавай мілаце Божай. 44. У другую суботу амаль увесь горад сабраўся слухаць слова Божае; 45. але Юдэі, убачыўшы люд, напоўніліся зайздрасьцю і, выступаючы супроць і ліхасловячы, пярэчылі таму, што казаў Павал. 46. Тады Павал і Варнава мужна сказалі: вам першым трэба было абвясьціць слова Божае; але як вы адкідаеце яго і самі сябе робіце нявартымі вечнага жыцьця, дык вось, мы зьвяртаемся да язычнікаў: 47. Бо так наказаў нам Гасподзь: «Я паставіў цябе за сьветач язычнікам, каб ты быў ратункам да краю зямлі». 48. Язычнікі, чуючы гэта радаваліся і славілі слова Гасподняе, і ўверавалі ўсе, хто быў наперад вызначаны ў вечнае жыцьцё. 49. І слова Гасподняе шырылася па ўсёй краіне. 50. але Юдэі, падбухторыўшы пабожных уплывовых жанчын і першых у горадзе людзей, пачалі ганеньне на Паўла і Варнаву, і выгналі іх з сваіх межаў. 51. А яны, абцярушыўшы на іх пыл з ног сваіх, пайшлі ў Іканію. 52. А вучні напаўняліся радасьцю і Духам Сьвятым.
РАЗЬДЗЕЛ 14
1. У Іканіі яны ўвайшлі разам у Юдэйскую сынагогу і гаварылі так, што ўверавала вялікае мноства Юдэяў і Элінаў. 2. А Юдэі, якія ня верылі, падбілі і ўзбурылі супраць братоў сэрцы язычнікаў. 3. Але яны прабылі там досыць доўга, мужна дзеючы ў імя Госпада, Які, у сьведчаньне слову мілаты Сваёй, тварыў рукамі іхнімі азнакі і цуды. 4. Тым часам люд у горадзе падзяліўся: і адны былі на баку Юдэяў, а другія на баку апосталаў. 5. Калі ж язычнікі і Юдэі са сваімі начальнікамі кінуліся на іх, каб зьняважыць і пабіць іх каменьнем, 6. яны, дазнаўшыся пра гэта, адышлі ў Лікаонскія гарады Лістру і Дэрвію і ў іхняе навакольле, 7. і там дабравесьцілі. 8. У Лістры адзін чалавек, не валодаючы нагамі, сядзеў, бо кульгавы быў ад улоньня маці сваёй, і ніколі не хадзіў. 9. Ён слухаў прамоўцу Паўла, які, зірнуўшы на яго і ўбачыўшы, што ён мае веру на атрыманьне ацаленьня, 10. сказаў гучным голасам: табе кажу ў імя Госпада Ісуса Хрыста: стань на ногі твае проста! І той адразу ўскочыў і пачаў хадзіць. 11. А люд, убачыўшы, што зрабіў Павал, узвысіў свой голас, кажучы па-лікаонску: багі ў вобразе чалавечым зышлі да нас. 12. І называлі Варнаву Зэўсам, а Паўла Гермэсам, бо ён начальнічаў у слове, 13. а жрэц ідала Зэўса, пастаўленага перад іхнім горадам, прывёўшы да брамы валоў і прынёсшы вянкі, хацеў разам з народам прынесьці ахвяры. 14. Але апосталы Варнава і Павал, пачуўшы пра гэта, разадралі сваё адзеньне і, кінуўшыся ў народ, зычным голасам казалі: 15. мужы! што гэта вы робіце? і мы - падобныя на вас людзі, і зьвястуем вам, каб вы навярнуліся ад гэтых марных да Бога жывога, Які стварыў неба і зямлю і мора і ўсё, што ў іх; 16. Які ў мінулых пакаленьнях дапусьціў усім народам хадзіць сваімі шляхамі, 17. хоць і не пераставаў сьведчыць пра Сябе добрымі дзеямі, даючы нам зь неба дажджы і поры ўраджайныя і напаўняючы ежай і радасьцю сэрцы нашыя. 18. І кажучы гэта, яны ледзьве ўгаварылі людзей ня прыносіць ім ахвяры і ісьці кожнаму дамоў. Тым часам як яны, застаючыся там, вучылі, 19. з Антыахіі і Іканіі прыйшлі некаторыя Юдэі і, калі апосталы адважна прапаведавалі, пераканалі людзей адступіцца ад іх, кажучы: яны ня кажуць нічога праўдзівага, а ўсё хлусяць. І падбухторыўшы люд, пабілі Паўла камянямі і вывалаклі за горад, думаючы, што ён мёртвы. 20. Калі ж вучні сабраліся каля яго, ён устаў і пайшоў у горад, і на другі дзень адышоў з Варнавам у Дэрвію. 21. Абвясьціўшы Дабравесьце гэтаму гораду і прыдбаўшы многа вучняў, яны пайшлі назад празь Лістру, Іканію і Антыахію, 22. мацуючы душы вучням, умаўляючы заставацца ў веры і павучаючы, што праз многія скрухі належыць нам увайсьці ў Царства Божае. 23. А рукапаклаўшы ім прасьвітараў у кожнай царкве, яны памаліліся з постам і перадалі іх Госпаду, у Якога ўверавалі. 24. Потым, прайшоўшы празь Пісідыю, прыйшлі ў Памфілію; 25. і, прапаведаўшы слова Гасподняе ў Пэргіі, выйшлі ў Аталію, 26. а адтуль адплылі ў Антыахію, адкуль былі аддадзены мілаце Божай на дзею, якую і справілі. 27. Дабраўшыся туды і склікаўшы царкву, яны расказалі пра ўсё, што Бог учыніў зь імі і як Ён адчыніў дзьверы веры язычнікам; 28. і заставаліся там не малы час з вучнямі.
РАЗЬДЗЕЛ 15
1. Некаторыя, што прыйшлі зь Юдэі, вучылі братоў: калі не абрэжацеся паводле абраду Майсеевага, ня можаце ўратавацца. 2. Калі ж пачаліся нязгоды і немалое змаганьне ў Паўла і Варнавы зь імі, дык пастанавілі Паўлу і Варнаву і некаторым іншым зь іх выправіцца ў гэтай справе да апосталаў і прасьвітараў у Ерусалім. 3. І вось, праведзеныя царквою, яны праходзілі Фінікію і Самарыю, расказваючы пра наварот язычнікаў, і рабілі вялікую радасьць ва ўсіх брацтвах. 4. А як прыйшлі ў Ерусалім, яны былі прынятыя царквою, апосталамі і прасьвітарамі, і абвясьцілі ўсё, што Бог учыніў зь імі, і як адчыніў дзьверы веры язычнікам. 5. Тады паўсталі некаторыя з фарысэйскай ерасі, якія ўверавалі, і казалі, што трэба абразаць язычнікаў і наказаць трымацца закона Майсеевага. 6. Апосталы і прасьвітары сабраліся на разгляд гэтай справы. 7. Пасьля доўгага разважаньня Пётр, устаўшы, сказаў ім: мужы браты! вы ведаеце, што Бог ад першых дзён абраў з нас мяне, каб з вуснаў маіх язычнікі пачулі слова Дабравесьця і ўверавалі; 8. і Знаўца Сэрцаў Бог даў ім сьведчаньне, даўшы ім Духа Сьвятога, як і нам; 9. і не паклаў ніякае розьніцы паміж намі і імі, вераю ачысьціўшы сэрцы іхнія. 10. Чаго ж вы цяпер спакушаеце Бога, каб ускласьці на шыі вучняў ярмо, якога не маглі несьці ні бацькі нашыя, ні мы? 11. Але мы верым, што мілатою Госпада Ісуса Хрыста ўратуемся, як і яны. 12. Тады змоўк увесь сход і слухаў Варнаву і Паўла, якія расказвалі, якія азнакі і цуды ўтварыў Бог празь іх сярод язычнікаў. 13. А пасьля таго, як яны змоўклі, пачаў прамову Якаў і сказаў: мужы браты! паслухайце мяне: 14. Сымон вытлумачыў, як Бог на пачатку дагледзеў язычнікаў, каб скласьці зь іх народ у імя Сваё; 15. і з гэтым згодныя словы прарокаў, як напісана: 16. «потым вярнуся і аднаўлю скінію Давідаву заняпалую, і тое, што ў ёй разбурана, узнаўлю, і папраўлю яе, 17. каб знайшлі Госпада астатнія людзі і ўсе народы, паміж якімі абвесьціцца імя Маё, кажа Гасподзь, Які творыць усё гэта». 18. Вядомыя Богу спрадвеку ўсе справы Ягоныя. 19. Таму я лічу, што ня сьлед заважаць тым язычнікам, якія да Бога зьвяртаюцца, 20. а напісаць ім, каб яны ўстрымаліся ад апаганенага ідаламі, ад распусты, ад душанага і крыві, і каб не рабілі іншым таго, чаго ня зычаць сабе: 21. бо закон Майсееў старажытных родаў па ўсіх гарадах мае прапаведнікаў ягоных і чытаецца ў сынагогах кожнае суботы. 22. Тады апосталы і прасьвітары з усёю царквою разважылі, выбраўшы спаміж сябе мужоў, паслаць іх у Антыахію з Паўлам і Варнавам, менавіта: Юду, якога празвалі Варсавам, і Сілу, мужоў начальных сярод братоў, 23. напісаўшы і ўручыўшы ім наступнае: апосталы і прасьвітары і браты братам зь язычнікаў у Антыахіі, Сірыі і Кілікіі: радавацца. 24. Таму што мы пачулі, што некаторыя, выйшаўшы ад нас, устрывожылі вас сваімі казанямі і пахіснулі вашыя душы, кажучы, што трэба абразацца і трымацца закона, чаго мы ім не даручалі; 25. дык мы, сабраўшыся, аднадушна разважылі паслаць да вас выбраных мужоў зь любаснымі нашымі Варнавам і Паўлам, 26. людзьмі, якія аддалі душы свае за імя Госпада нашага Ісуса Хрыста. 27. І вось мы паслалі Юду і Сілу, якія высьветляць вам тое самае і словамі. 28. Бо заўгодна Сьвятому Духу і нам не ўскладаць на вас ніякага цяжару болей, апрача гэтага неабходнага: 29. устрымлівацца ад ідалаахвярнага і крыві, і душанага і распусты, і не рабіць іншым таго, чаго сабе ня зычыце; трымаючыся гэтага, добра зробіце. Будзьце здаровыя». 30. І вось пасланцы прыйшлі ў Антыахію і, склікаўшы людзей, уручылі пісьмо. 31. А яны, прачытаўшы, узрадаваліся настаўленьню гэтаму. 32. Юда і Сіла, якія таксама былі прарокі, шчодрым словам далі настаўленьне братам і ўмацавалі іх. 33. Пабыўшы там якісь час, яны зь мірам адпушчаны былі братамі да апосталаў; 34. але Сілу надумалася застацца там, а Юда вярнуўся ў Ерусалім. 35. А Павал і Варнава жылі ў Антыахіі, навучаючы і зьвястуючы, разам зь іншымі многімі, слова Гасподняе. 36. Па пэўным часе Павал сказаў Варнаву: хадзем зноў, наведаем братоў нашых ва ўсіх гарадах, у якіх мы прапаведалі слова Гасподняе, як яны жывуць. 37. Варнава хацеў узяць з сабою Яна, якога звалі Маркам, 38. але Павал разважыў ня браць з сабою таго, хто адстаў ад іх у Памфіліі і не пайшоў зь імі на дзею, на якую яны былі пасланыя. 39. Адгэтуль і сталася крыўда, так што яны разлучыліся адзін з адным; і Варнава, узяўшы Марка, адплыў на Кіпр; 40. а Павал, выбраўшы сабе Сілу, выправіўся, даручаны братамі мілаце Божай, 41. і праходзіў Сірыю і Кілікію, умацоўваючы цэрквы.
РАЗЬДЗЕЛ 16
1. Дайшоў ён да Дэрвіі і Лістры. І вось, там быў адзін вучань, якога звалі Цімафеем, маці ў якога была Юдэйка навернутая, а бацька Элін, 2. і пра якога сьведчылі браты, што былі ў Лістры і Іканіі. 3. яго захацеў Павал ўзяць з сабою; і ўзяўшы, абрэзаў яго дзеля Юдэяў, якія былі ў тых мясьцінах; бо ўсе ведалі пра бацьку ягонага, што ён быў Элін. 4. А праходзячы праз гарады, яны наказвалі вернікам выконваць пастановы, складзеныя апосталамі і прасьвітарамі ў Ерусаліме. 5. І цэрквы мацаваліся вераю і штодня ўзрасталі ў ліку. 6. Прайшоўшы праз Фрыгію і Галатыйскую краіну, яны ня былі дапушчаны Духам Сьвятым прапаведаваць слова ў Асіі. 7. Дайшоўшы да Місіі, намерыліся ісьці ў Віфанію, але Дух не дапусьціў іх. 8. Абмінуўшы Місію, сышлі яны ў Трааду. 9. І была ноччу ўява Паўлу: стаў нейкі муж, Македонец, просячы ў яго і кажучы: прыйдзі ў Македонію і памажы нам. 10. Пасьля гэтай уявы адразу мы пастанавілі сабе выправіцца ў Македонію, разумеючы, што заклікаў нас Гасподзь зьвеставаць там. 11. І вось, выправіўшыся з Траады, мы напрасткі прыбылі ў Самафракію, а на другі дзень у Неапаль, 12. а адтуль у Філіпы: гэта першы горад у той частцы Македоніі, калонія; у гэтым горадзе мы прабылі некалькі дзён. 13. А ў дзень суботні мы выйшлі за горад да ракі, дзе звычайна назначалася быць маленьню, і сеўшы, гутарылі з жанчынамі, якія там сабраліся. 14. І адна жанчына з горада Фіятыр, якую звалі Лідзія, гандлярка парфіраю, шаноўніца Бога, слухала; і Гасподзь расхінуў сэрца ейнае слухаць тое, што казаў Павал. 15. Калі ж ахрысьцілася яна і дамашнія ейныя, дык прасіла ў нас, кажучы: калі вы прызналі мяне вернаю Госпаду, увайдзеце ў дом мой і жывеце ў мяне. І пераканала нас. 16. Сталася так, што, калі мы ішлі ў малітоўны дом, сустрэлася нам адна служанка, апантаная духам вяшчунскім, якая вяшчунствам давала вялікі прыбытак гаспадарам сваім. 17. Ідучы за Паўлам і за намі, яна крычала, кажучы: гэтыя людзі - рабы Бога ‹сявышняга, якія абвяшчаюць нам шлях збавеньня. 18. Гэтак рабіла яна многа дзён. Павал, абурыўшыся, павярнуўся і сказаў духу: імем Ісуса Хрыста загадваю табе выйсьці зь яе. І дух выйшаў у тую ж хвіліну. 19. Тады гаспадары ейныя, бачачы, што прапала надзея на прыбытак іхні, схапілі Паўла і Сілу, і павалаклі на плошчу да начальнікаў. 20. І, прывёўшы іх да ваяводаў, сказалі: гэтыя людзі, Юдэі, падбухторваюць наш горад 21. і прапаведуюць звычаі, якіх нам, Рымлянам, ня трэба ні прымаць, ні выконваць. 22. Людзі таксама паўсталі на іх; а ваяводы, сарваўшы зь іх вопратку, загадалі біць іх кіямі 23. і, даўшы ім шмат удараў, кінулі ў цямніцу, загадаўшы ахоўніку цямніцы пільна вартаваць іх; 24. атрымаўшы гэтакі загад, ён кінуў іх ва ўнутраную цямніцу і ногі ім ушчаміў у калоду. 25. Пад поўнач Павал і Сіла, молячыся, славілі песьняй Бога; а вязьні слухалі іх. 26. Раптам стаўся вялікі землятрус, так што захістаўся падмурак цямніцы; адразу адчыніліся ўсе дзьверы, і на ўсіх кайданы паслаблі. 27. Ахоўнік цямніцы, прачнуўшыся і ўбачыўшы, што дзьверы цямніцы адчыненыя, дастаў меч і хацеў закалоць сябе, думаючы, што вязьні ўцяклі. 28. Але Павал абвясьціў гучным голасам, кажучы: не рабі сабе ніякае шкоды, бо ўсе мы тут. 29. Той папрасіў вагню, убег у цямніцу і ў трымценьні прыпаў да Паўла і Сілы, 30. і, вывеўшы іх вонкі, сказаў: дабрадзеі мае! што мне рабіць, каб уратавацца? 31. А яны сказалі: веруй у Госпада Ісуса Хрыста, і ўратуешся ты і ўвесь дом твой. 32. І абвясьцілі слова Гасподняе яму і ўсім, хто быў у доме ў яго. 33. І, узяўшы іх у тую гадзіну ночы, ён абмыў раны іхнія і без адкладу ахрысьціўся сам і ўсе ягоныя; 34. і прывёўшы іх у дом свой, участаваў іх вячэрай і ўзрадаваўся з усім домам сваім, што ўвераваў у Бога. 35. А як настаў дзень, ваяводы паслалі гарадзкіх служак сказаць: адпусьці тых людзей. 36. Ахоўнік вязьніцы аб'явіў пра гэта Паўлу: ваяводы прыслалі адпусьціць вас, дык вось, выйдзіце зараз і ідзеце зь мірам. 37. Але Павал прамовіў да іх: нас, рымскіх грамадзянаў, бяз суду прылюдна білі і кінулі ў цямніцу, а цяпер употайкі выпускаюць? не, хай прыйдуць і самі выведуць нас. 38. Гарадзкія служкі пераказалі гэтыя словы ваяводам, і тыя спалохаліся, пачуўшы, што гэта рымскія грамадзяне, 39. і, прыйшоўшы, перапрасіліся ў іх і, вывеўшы, прасілі пакінуць горад. 40. А яны, выйшаўшы зь цямніцы, прыйшлі ў Лідзію і, убачыўшы братоў, вучылі іх, і выправіліся.
РАЗЬДЗЕЛ 17
1. Прайшоўшы праз Амфіполь і Апалонію, яны прыйшлі ў Фесалоніку, дзе была Юдэйская сынагога. 2. Павал, як звычайна, увайшоў да іх і тры суботы гаварыў зь імі паводле Пісаньняў, 3. адкрываючы і даказваючы ім, што мусіў Хрыстос пацярпець і ўваскрэснуць зь мёртвых, і што Гэты Хрыстос ёсьць Ісус, Якога я прапаведую вам. 4. І некаторыя зь іх уверавалі і далучыліся да Паўла і Сілы, - як безьліч з шаноўцаў Бога Элінаў, так і знакамітых жанчын нямала. 5. А Юдэі, якія не ўверавалі, пазайздросьціўшы і пабраўшы з плошчы многіх нягодных людзей, сабраліся натоўпам і бунтавалі горад і, падступіўшы да дома Ясона, дамагаліся вывесьці іх да людзей. 6. А не знайшоўшы іх, павалаклі Ясона і некаторых братоў да гарадзкіх начальнікаў з крыкам, што гэтыя сусьветныя падбухторшчыкі прыйшлі і сюды, 7. а Ясон прыняў іх, і ўсе яны ўчыняюць насуперак загадам кесаравым, уважаючы іншага за цара, Ісуса. 8. І ўстрывожылі людзей і начальнікаў горада, якія слухалі гэта, 9. але гэтыя, атрымаўшы заруку ад Ясона і іншых, адпусьцілі іх. 10. А браты адразу ўначы адправілі Паўла і Сілу ў Вэрыю, прыбыўшы куды, яны пайшлі ў сынагогу Юдэйскую. 11. Тутэйшыя былі больш дабрамысныя за Фесалоніцкіх: яны прынялі слова з усёй шчырасьцю, дзень у дзень разьбіраючы Пісаньні, ці так яно акурат ёсьць. 12. І многія зь іх уверавалі, і з Элінскіх знакамітых жанчын і з мужчын нямала. 13. Але калі Фесалоніцкія Юдэі даведаліся, што і ў Вэрыі прапаведана Паўлам слова Божае, дык прыйшлі і туды, узрушаючы і бунтуючы людзей. 14. Тады браты адразу адпусьцілі Паўла, быццам ідзе ён да мора; а Сіла і Цімафей засталіся там. 15. Паўлавыя праваднікі давялі яго да Афінаў і, атрымаўшы наказ да Сілы і Цімафея, каб яны хутчэй прыйшлі да яго, выправіліся. 16. Чакаючы іх у Афінах, Павал узрушыўся духам, убачыўшы гэты горад поўны ідалаў. 17. І вось ён разважаў у сынагозе зь Юдэямі і з богашаноўцамі і штодня на плошчы з выпадковымі. 18. Некаторыя эпікурэйскія і стаічныя філосафы пачалі спрачацца зь ім; і адны казалі: «што хоча сказаць гэты марнаслоў?», а другія: «здаецца, ён прапаведуе чужых божышчаў», бо ён зьвеставаў ім Ісуса і ўваскрэсеньне. 19. І, узяўшы яго, прывялі ў аэрапаг і казалі: ці можам мы ведаць, што гэта за новае вучэньне, якое ты прапаведуеш? 20. Бо нешта дзіўнае ўкладваеш ты ў вушы нашыя; таму хочам ведаць, што гэта такое? 21. А ўсе Афіняне і аселеныя ў іх чужынцы нічым так ахвотна не займалі час, як тым, каб гаварыць або слухаць што-небудзь новае. 22. І Павал, стаўшы сярод аэрапага, сказаў: Афіняне! з усяго бачу я, што вы неяк адмыслова набожныя. 23. Бо, прыходзячы і аглядаючы вашыя сьвятыні, я знайшоў і ахвярнік, на якім напісана: «невядомаму Богу». Вось Яго, Якога вы, ня ведаючы, шукаеце, я прапаведую вам: 24. Бог, Які стварыў сьвет і ўсё, што ў ім, Ён, будучы Госпадам неба і зямлі, не ў рукатворных храмах жыве 25. і не вымагае служэньня рук чалавечых, быццам маючы ў нечым патрэбу, а Сам дае ўсяму жыцьцё і дыханьне і ўсё. 26. З адной крыві Ён вывеў увесь род чалавечы, каб жыў ён на ўсім улоньні зямлі, назначыўшы наперад вызначаныя часіны і межы іхнія пражываньню, 27. каб яны шукалі Бога, ці не адчуюць Яго, і ці ня знойдуць, хоць Ён і не далёка ад кожнага з нас: 28. бо мы Ім жывём і рухаемся і існуем, як і некаторыя з вашых паэтаў казалі: «мы Ягоныя і род». 29. І вось мы, будучы родам Божым, не павінны думаць, што Боства падобнае да золата, альбо срэбра, альбо каменя, увасобленага ў твор мастацтва і выдумкі чалавечай. 30. І вось, пакідаючы часіны няведаньня, Бог сёньня наказвае людзям усім усюды пакаяцца; 31. бо Ён вызначыў дзень, у які будзе справядліва судзіць сьвет праз загадзя вызначанага Ім Мужа, даўшы доказ усім, уваскрэсіўшы Яго зь мёртвых. 32. Пачуўшы пра ўваскрэсеньне зь мёртвых, адны насьміхаліся, а другія казалі: пра гэта паслухаем цябе іншым часам. 33. І тады Павал выйшаў з асяродзьдзя іхняга. 34. А некаторыя мужы, прыстаўшы да яго, уверавалі; сярод іх быў Дыянісій Арэапагіт і жанчына, якую звалі Дамар, і іншыя зь імі.
РАЗЬДЗЕЛ 18
1. Пасьля гэтага Павал, пакінуўшы Афіны, прыйшоў у Карынф; 2. і, знайшоўшы нейкага Юдэя, якога звалі Акіла, родам з Понта, які нядаўна прыйшоў зь Італіі, і Прыскілу, жонку ягоную, - бо Клаўдзій загадаў усім Юдэям пакінуць Рым, - пайшоў да іх, 3. і, як што быў аднаго рамяства, застаўся ў іх і працаваў: бо рамяство ў іх было - рабіць намёты. 4. А кожнай суботы ён прамаўляў у сынагозе і пераконваў Юдэяў і Элінаў. 5. А калі прыйшлі з Македоніі Сіла і Цімафей, дык Павал быў пануканы духам сьведчыць Юдэям, што Ісус ёсьць Хрыстос. 6. А як што яны ўпарціліся і ліхасловілі, дык ён, абтросшы вопратку сваю, сказаў да іх: кроў ваша на галовах вашых; я чысты; сёньня іду да язычнікаў. 7. І пайшоў адтуль, і прыйшоў да аднаго шанавальніка Бога, якога звалі Юст, дом якога быў каля сынагогі. 8. А Крысп, начальнік сынагогі, увераваў у Госпада з усім домам сваім, і многія Карынфяне, слухаючы, уверавалі і ахрысьціліся. 9. А Гасподзь у начной уяве сказаў Паўлу: ня бойся, а прамаўляй і не змаўкай, 10. бо Я з табою, і ніхто ня зробіць табе ліха; бо ў Мяне многа людзей у гэтым горадзе. 11. І ён заставаўся там год і шэсьць месяцаў, навучаючы іх слову Божаму. 12. Тым часам, у часы праконсульства Галіёна ў Ахаі, напалі Юдэі аднадушна на Паўла і прывялі яго на судзілішча, 13. кажучы, што ён вучыць людзей шанаваць Бога не па законе. 14. Калі ж Павал хацеў адкрыць вусны, Галіён сказаў Юдэям: Юдэі! калі б якая-небудзь была крыўда, або ліхі намысел, дык я меў бы прычыну выслухаць вас; 15. але калі ідзе спрэчка пра вучэньне і пра імёны і пра закон ваш, дык разьбірайцеся самі: я не хачу быць судзьдзёю ў гэтым. 16. І прагнаў іх ад судзілішча. 17. А ўсе Эліны, схапіўшы Сасьфена, начальніка сынагогі, білі яго перад судзілішчам; а Галіёна зусім не турбавала гэта. 18. Павал, пабыўшы яшчэ колькі дзён, разьвітаўся з братамі і адплыў у Сырыю, - і зь ім Акіла і Прыскіла, - абстрыгшы галаву ў Кенхрэях паводле зароку. 19. Дабраўшыся да Эфэса, пакінуў іх там, а сам увайшоў у сынагогу і гутарыў з Юдэямі. 20. Калі ж яны прасілі яго пабыць у іх даўжэй, ён не згадзіўся, 21. а разьвітаўся зь імі, сказаўшы: мне трэба мусова правесьці блізкае сьвята ў Ерусаліме; а да вас я вярнуся зноў, калі будзе заўгодна Богу. І выправіўся з Эфэса; (Акіла ж і Прыскіла засталіся ў Эфэсе). 22. Пабыўшы ў Кесарыі, ён прыйшоў у Ерусалім, прывітаў царкву і адышоў у Антыахію. 23. І забавіўшыся там нейкі час, выйшаў і праходзіў па чарзе краіну Галатыйскую і Фрыгію, мацуючы ўсіх вучняў. 24. Адзін Юдэй, якога звалі Апалос, родам з Александрыі, муж красамоўны і абазнаны ў Пісаньнях, прыйшоў у Эфэс. 25. Ён быў настаўлены ў пачатках шляху Гасподняга і, палаючы духам, прамаўляў і вучыў пра Госпада слушна, знаючы толькі хрышчэньне Янавае. 26. Ён пачаў адважна прамаўляць у сынагозе. Пачуўшы яго, Акіла і Прыскіла прынялі яго і яшчэ ясьней прасьвятлілі яму шлях Гасподні. 27. А калі ён намерыўся ісьці ў Ахаю, дык браты напісалі тамтэйшым вучням, каб прынялі яго; і ён, прыбыўшы туды, шмат паспрыяў тым, хто ўвераваў, мілатою: 28. бо ён цьвёрда выкрываў Юдэяў прылюдна, даводзячы Пісаньнямі, што Ісус ёсьць Хрыстос.
РАЗЬДЗЕЛ 19
1. Калі Апалос быў у Карынфе, Павал, абышоўшы горныя землі, прыйшоў у Эфэс і знайшоў там некаторых вучняў 2. і сказаў ім: ці прынялі вы Сьвятога Духа, увераваўшы? А яны сказалі яму: мы нават і ня чулі, ці ёсьць Дух Сьвяты. 3. Ён сказаў ім: у што ж вы хрысьціліся? Яны адказвалі: у Янава хрышчэньне. 4. Павал сказаў: Ян хрысьціў хрышчэньнем пакаяньня, кажучы людзям, каб веравалі ў Таго, Хто ідзе пасьля яго, гэта значыцца, у Хрыста Ісуса. 5. Пачуўшы гэта, яны хрысьціліся ў імя Госпада Ісуса, 6. і, калі Павал усклаў на іх рукі, зышоў на іх Дух Сьвяты, і яны пачалі гаварыць іншымі мовамі і прарочылі. 7. Усіх іх было чалавек з дванаццаць. 8. Прыйшоўшы ў сынагогу, ён не бяз страху прапаведаваў тры месяцы, гутарыў і сьведчыў пра Царства Божае. 9. А калі некаторыя ўгневаліся і ня верылі, ліхасловячы шлях Гасподні перад людзьмі, дык ён, пакінуўшы іх, вылучыў вучняў і кожны дзень прапаведаваў у школе нейкага Тырана. 10. Гэта доўжылася да двух гадоў, так што ўсе жыхары Асіі чулі казань пра Госпада Ісуса, як Юдэі, так і Эліны. 11. А Бог тварыў шмат цудаў Паўлавымі рукамі, 12. так што на хворых ускладвалі хусткі і паясы зь цела ягонага, і іх пакідалі хваробы, і злыя духі выходзілі зь іх. 13. Нават некаторыя вандроўныя заклінальнікі Юдэйскія пачалі заклікаць імя Госпада Ісуса над тымі, што былі апанаваныя злымі духамі, кажучы: заклінаем вас Ісусам, Якога Павал прапаведуе. 14. Гэта рабілі нейкія сем сыноў Юдэйскага першасьвятара Скевы. 15. Але злы дух сказаў у адказ: Ісуса ведаю, і Павал мне вядомы, а вы хто? 16. І кінуўся на іх чалавек, у якім быў злы дух, і, адолеўшы іх, узяў над імі такую сілу, што яны, голыя і пабітыя, выбеглі з таго дома. 17. Гэта стала вядома ўсім Юдэям і Элінам, што жылі ў Эфэсе, і напаў страх на ўсіх іх, і слаўлена было імя Госпада Ісуса; 18. А многія з тых, што ўверавалі, прыходзілі, спавядаючыся і адкрываючы ўчынкі свае. 19. А з тых, што займаліся чарадзействам, даволі многія, пазьбіраўшы кнігі свае, спалілі іх перад усімі; і палічылі цэны іх, і выйшла іх на пяцьдзясят тысяч драхмаў. 20. З такою сілаю ўзрастала і перамагала слова Гасподняе. 21. Калі ж гэта зьдзейсьнілася, Павал пастанавіў у духу, прайшоўшы Македонію і Ахаю, ісьці ў Ерусалім, сказаўшы: пабыўшы там, я павінен пабачыць і Рым. 22. І паслаўшы ў Македонію двух, што служылі яму, Цімафея і Эраста, сам на нейкі час застаўся ў Асіі. 23. У той час падняўся немалы бунт супроць шляху Гасподняга; 24. бо нейкі срэбранік, якога звалі Дзімітрый, які ўзводзіў срэбныя храмы Артэміды і даваў рамесьнікам немалы прыбытак, 25. склікаўшы іх і іншых такіх рамесьнікаў, сказаў: сябры! вы ведаеце, што на гэтым рамястве палягае добры дастатак наш; 26. тым часам вы бачыце і чуеце, што ня толькі ў Эфэсе, але амаль ва ўсёй Асіі гэты Павал сваімі пераконваньнямі затлуміў нямала людзей, кажучы, што робленыя рукамі людзкімі - не багі; 27. А гэта нам пагражае тым, што ня толькі рамяство нашае заняхаіцца, але і храм вялікай багіні Артэміды ў нішто абернецца, і зьнішчыцца веліч тае, якую шануе ўся Асія і ўвесь сьвет. 28. Выслухаўшы гэта, яны споўніліся лютасьці і пачалі крычаць, кажучы: вялікая Артэміда Эфэская! 29. І ўвесь горад напоўніўся смутай; схапіўшы Македонцаў Гаія і Арыстарха, спадарожнікаў Паўлавых, яны аднадушна памкнуліся на відовішча. 30. Калі ж Павал хацеў выйсьці да людзей, вучні не дазволілі яму; 31. таксама і некаторыя Асійскія начальнікі, якія былі сябрамі ягонымі, паслалі да яго прасіць - не паказвацца на відовішчы. 32. Тым часам адны крычалі адно, а другія другое; бо сход быў бязладны, і большая частка людзей ня ведала, дзеля чаго сабраліся. 33. На прапанову Юдэяў зь люду выбралі нейкага Аляксандра. Даўшы знак рукою, Аляксандр хацеў гаварыць да людзей. 34. Калі ж даведаліся, што ён Юдэй, дык закрычалі ўсе ў адзін голас, і каля дзьвюх гадзін крычалі: вялікая Артэміда Эфэская! 35. А захавальнік парадку, уціхамірыўшы людзей, сказаў: мужы Эфэскія! які чалавек ня ведае, што горад Эфэс ёсьць служнік вялікай багіні Артэміды і Дыяпэта? 36. А калі супраць гэтага няма чым запярэчыць, дык трэба вам супакоіцца і не рабіць неабачліва; 37. а вы прывялі гэтых мужоў, якія ні храма Артэмідынага не абакралі, ні багіні вашай ня бэсьцілі; 38. Калі ж Дзімітрый і іншыя зь ім рамесьнікі маюць скаргу на каго-небудзь, дык ёсьць судовыя сходы, і ёсьць праконсулы: няхай скардзяцца адзін на аднаго; 39. а калі вы дамагаецеся чагосьці іншага, дык гэта вырашыцца ў законным сходзе; 40. бо нам ёсьць небясьпека, - за тое, што сталася сёньня, нам паставяць у віну смуту, бо няма аніякае прычыны, якою мы маглі б апраўдаць такую зборню. Сказаўшы гэта, ён распусьціў сход.
РАЗЬДЗЕЛ 20
1. Калі спыніўся бунт, Павал, паклікаўшы вучняў і даўшы ім настаўленьні і разьвітаўшыся зь імі, выйшаў у Македонію. 2. Прайшоўшы тыя землі і наставіўшы вернікаў шчодрымі словамі, прыйшоў у Эладу; 3. Там прабыў ён тры месяцы; калі ж, з прычыны ўзрушэньня супраць яго Юдэяў ён хацеў выправіцца ў Сырыю, дык прыйшло яму на думку вярнуцца праз Македонію. 4. Зь ім сьледавалі да Асіі Сасіпатр Піраў, Вэрыянін, і Фесалонікійцы Арыстарх, Сэкунд, і Гаій Дэрвянін і Цімафей, і Асійцы Тыхік і Трахім. 5. Яны, апярэдзіўшы, чакалі нас у Траадзе. 6. А мы пасьля дзён праснаковых адплылі зь Філіпаў і дзён за пяць прыбылі да іх у Трааду, дзе прабылі сем дзён. 7. У першы ж дзень тыдня, калі вучні сабраліся на ламаньне хлеба, Павал, намерыўшыся выправіцца на другі дзень, гутарыў зь імі і прадоўжыў слова да поўначы. 8. У сьвятліцы, дзе мы сабраліся, было многа сьвяцільнікаў. 9. Падчас доўгай гутаркі Паўлавай адзін юнак, якога звалі Яўціх і які сядзеў на акне, забыўся ў глыбокім сьне і, пахіснуўшыся, сонны выпаў уніз з трэйцяга паверха і падняты быў мёртвы. 10. Павал, сышоўшы, прыпаў да яго і, абняўшы яго, сказаў: ня трывожцеся, бо душа ягоная ў ім. 11. Падняўшыся ўгору і разламаўшы хлеб і з'еўшы, гутарыў доўга, аж да сьвітаньня, і потым пайшоў. 12. Тым часам хлопца прывялі жывога, і нямала ўцешыліся. 13. Мы пайшлі наперад на карабель і паплылі ў Ас, каб забраць адтуль Паўла; бо ён так загадаў нам, маючы ў намеры сам ісьці пеша. 14. а калі ён сышоўся з намі ў Асе, дык, узяўшы яго, мы прыбылі ў Матыліну. 15. І адплыўшы адтуль, на другі дзень мы спыніліся насупраць Хіёса, а яшчэ на другі прысталі да Самоса і, пабываўшы ў Трагіліі, на другі дзень прыбылі ў Міліт; 16. бо Паўлу надумалася абмінуць Эфэс, каб не замарудзіцца яму ў Асіі, таму што ён сьпяшаўся, калі можна, у дзень Пяцідзясятніцы быць у Ерусаліме. 17. А зь Міліта паслаўшы ў Эфэс, ён заклікаў прасьвітараў царквы, зь першага дня, калі прыйшоў у Асію, увесь час быў з вамі, 19. працуючы Госпаду з усякай пакорнай мудрасьцю і многімі сьлязьмі, сярод спакушэньняў, якія выпалі мне празь ліхія намыслы Юдэяў; 20. як я не прапусьціў нічога карыснага, пра што вам не прапаведаваў бы і чаму ня вучыў бы вас прылюдна і ў дамах, 21. абвяшчаючы Юдэям і Элінам пакаяньне перад Богам і веру ў Госпада нашага Ісуса Хрыста. 22. І вось, сёньня я пабуджаны Духам іду ў Ерусалім, ня ведаючы, што там здарыцца са мною; 23. толькі Дух Сьвяты ва ўсіх гарадах сьведчыць, кажучы, што кайданы і пакуты чакаюць мяне. 24. Але я ні на што не зважаю і не даражу сваім жыцьцём, толькі б з радасьцю зьдзейсьніць абавязак мой і служэньне, якое я прыняў ад Госпада Ісуса, прапаведаваць Дабравесьце мілаты Божай. 25. І сёньня, вось, я ведаю, што ўжо не пабачыце болей аблічча майго ўсе вы, сярод якіх хадзіў я, прапаведуючы Царства Божае. 26. Таму сьведчу вам у дзень сёньняшні, што чысты я ад крыві ўсіх; 27. бо я ня ўхіляўся абвяшчаць вам усю волю Божую. 28. Дык вось, пільнуйце сябе і ўвесь статак, у якім Дух Сьвяты паставіў вас ахавальнікамі, пасьвіць Царкву Госпада і Бога, якую Ён здабыў Сабе Крывёю Сваёю. 29. Бо я ведаю, што пасьля адыходу майго ўвойдуць да вас лютыя ваўкі, якія не шкадуюць статку; 30. і з вас саміх паўстануць людзі, якія будуць казаць навыварат, каб павесьці вучняў за сабою. 31. Таму чувайце, памятаючы, што я тры гады дзень і ноч бесьперастанку са сьлязьмі вучыў кожнага з вас. 32. І сёньня даручаю вас, браты, Богу і слову мілаты Ягонай, Які можа станавіць вас болей і даць вам спадчыну з усімі асьвечанымі. 33. Ні срэбра, ні золата, ні ўбраньня я ні ад кога не зажадаў: 34. самі ведаеце, што патрэбам маім і патрэбам тых, што былі са мною, паслужылі рукі мае гэтыя. 35. Ва ўсім паказаў я вам, што, працуючы, трэба падтрымліваць слабых і памятаць словы Госпада Ісуса, бо Ён Сам сказаў: «больш дабрашчасна - даваць, чым браць». 36. Сказаўшы гэта, ён стаў на калені свае і з усімі імі памаліўся. 37. Тады вялікі плач быў ва ўсіх, і, прыпадаючы Паўлу на грудзі, цалавалі яго, 38. смуткуючы найболей ад сказанага ім слова, што ўжо не пабачаць аблічча ягонага. І праводзілі яго да карабля.
РАЗЬДЗЕЛ 21
1. Калі ж мы, разьвітаўшыся зь імі, адплылі, дык напрасткі прыйшлі ў Кос, на другі дзень у Радос і адтуль у Патару; 2. і, калі знайшлі карабель, што плыў у Фінікію, узышлі на яго і адплылі. 3. Калі паказаўся Кіпр, мы пакінулі яго зьлева і паплылі ў Сірыю, і прысталі ў Тыры, бо тут было трэба скласьці грузы з карабля; 4. і, знайшоўшы вучняў, прабылі там сем дзён; яны праз Духа казалі Паўлу, каб ён не хадзіў у Ерусалім. 5. Правёўшы гэтыя дні, мы выйшлі і пайшлі і нас праводзілі ўсе з жанчынамі і дзецьмі аж за горад; а на беразе, укленчыўшы, памаліліся. 6. І, разьвітаўшыся паміж сабою, мы ўзышлі на карабель, а яны вярнуліся дамоў. 7. А мы, адбыўшы плаваньне, прыбылі з Тыра ў Пталемаіду, дзе, прывітаўшы братоў, прабылі ў іх адзін дзень. 8. А на другі дзень Павал і мы, хто быў зь ім, выйшаўшы, прыйшлі ў Кесарыю і, увайшоўшы ў дом Піліпа прапаведніка, аднаго зь сямёх дыяканаў, засталіся ў яго. 9. У яго былі чатыры дачкі, дзяўчаты-прарочыцы. 10. Тым часам, як мы многа дзён заставаліся ў іх, прыйшоў зь Юдэі нейкі прарок, якога звалі Агаў, 11. і, увайшоўшы да нас, узяў пояс Паўлаў і, зьвязаўшы сабе рукі і ногі, сказаў: так кажа Дух Сьвяты: мужа, чый гэта пояс, гэтак зьвяжуць у Ерусаліме Юдэі і перададуць у рукі язычнікам. 12. Калі ж мы пачулі гэта, дык і мы і тамтэйшыя прасілі, каб ён ня ішоў у Ерусалім. 13. Але Павал у адказ сказаў: што вы робіце? чаго плачаце і засмучаеце сэрца маё? я ня толькі хачу быць вязьнем, але гатовы памерці ў Ерусаліме за імя Госпада Ісуса. 14. А калі мы ня здолелі ўгаварыць яго, дык супакоіліся, сказаўшы: хай будзе воля Гасподняя! 15. Пасля гэтых дзён, падрыхтаваўшыся, пайшлі мы ў Ерусалім; 16. з намі ішлі і некаторыя вучні з Кесарыі, праводзячы нас да аднаго даўняга вучня, Мнасана Кіпрыйца, у якога можна было нам жыць. 17. як прыйшлі мы ў Ерусалім, браты гасьцінна прынялі нас. 18. На другі дзень Павал прыйшоў з намі да Якава; прыйшлі і ўсе прасьвітары. 19. Павітаўшы іх, Павал расказваў падрабязна, што стварыў Бог у язычнікаў служэньнем ягоным. 20. А яны, выслухаўшы, праславілі Бога і сказалі яму: бачыш, браце, колькі тысяч Юдэяў уверавалі, і ўсе яны - шчырыя слугі закона; 21. а пра цябе наслухаліся яны, быццам ты ўсіх Юдэяў, якія жывуць сярод язычнікаў, вучыш адступацца ад Майсея, кажучы, каб яны не абразалі дзяцей сваіх і ня трымаліся звычаяў. 22. Дык што ж гэта? Пэўна, зьбярэцца народ; бо дачуюцца, што ты прыйшоў. 23. Зрабі ж, што мы скажам табе: ёсьць у нас чатыры мужы, якія маюць на сабе зарок. 24. Узяўшы іх, ачысьціся зь імі і прымі на сябе выдаткі на ахвяру за іх, каб абстрыглі сабе галаву, - і ўведаюць усе, што чутае імі пра цябе несправядлівае, а што і сам ты жывеш згодна з законам. 25. А пра язычнікаў, якія ўверавалі, мы пісалі, пастанавіўшы, каб яны нічога такога не пільнаваліся, а толькі ўстрымалі сябе ад ідалаахвярнага, ад крыві, ад душанага і ад распусты. 26. Тады Павал, узяўшы тых мужоў і ачысьціўшыся зь імі, на другі дзень увайшоў у храм і абвясьціў заканчэньне дзён ачышчэньня, калі павінна быць прынесена за кожнага зь іх ахвяра. 27. Калі ж сем дзён канчаліся, тады Асійскія Юдэі, убачыўшы яго ў храме, падбухторылі ўсіх людзей і наклалі на яго рукі, 28. закрычаўшы: мужы Ізраільскія, памажэце! Гэты чалавек усіх і ўсюды настаўляе супроць народу і закона і месца гэтага; да таго ж і Элінаў дапусьціў у храм і спаганіў сьвятое месца гэтае. 29. Бо папярэдне яны бачылі зь ім у горадзе Трахіма Эфэсяніна і думалі, што Павал яго ўвёў у храм. 30. Увесь горад узрушыўся, і пазьбягаліся ўсе людзі; і, схапіўшы Паўла, павалаклі яго з храма, і адразу ж замкнуты былі дзьверы. 31. Калі ж яны хацелі забіць яго, да тысячніка кагорты дайшла вестка, што ўвесь Ерусалім узбунтаваўся; 32. ён, адразу ўзяўшы воінаў і сотнікаў, рушыў на іх; а яны, убачыўшы тысячніка і воінаў, перасталі біць Паўла; 33. тады тысячнік, падышоўшы, узяў яго і загадаў закаваць яго двума ланцугамі, і пытаўся: хто ён і што зрабіў? 34. А людзі адны крычалі адное, а другія другое; ён жа, ня могучы з прычыны ўзрушэньня даведацца нічога пэўнага, загадаў весьці яго ў крэпасьць. 35. А калі ён быў на лесьвіцы, дык воіны мусілі несьці яго, бо ў натоўпе была вялікая сьціжма; 36. бо мноства людзей ішло сьледам і крычала: сьмерць яму! 37. Перад уваходам у крэпасьць Павал сказаў тысячніку: ці можна мне сказаць табе нешта? А той сказаў: ты ўмееш па-Грэцку? 38. Дык ці ня ты той Егіпцянін, які напярэдадні ўчыніў бунт і зьвёў у пустыню чатыры тысячы чалавек разбойнікаў? 39. А Павал сказаў: я Юдэй, Тарсянін, грамадзянін вядомага Кілікійскага горада; прашу цябе, дазволь мне гаварыць да людзей. 40. І калі той дазволіў, Павал, стоячы на лесьвіцы, даў знак рукою людзям і, калі настала глыбокая моўча, пачаў прамаўляць па-Габрэйску так:
РАЗЬДЗЕЛ 22
1. Мужы браты і бацькі! выслухайце цяпер маё апраўданьне перад вамі. 2. Пачуўшы, што ён загаварыў зь імі па-Габрэйску, яны яшчэ больш аціхлі. Ён сказаў: 3. я Юдэй, нарадзіўся ў Тарсе Кілікійскім, выгадаваны ў гэтым горадзе ў нагах у Гамалііла, рупліва настаўлены ў бацькоўскім законе, шчыры слуга Божы, як і ўсе вы сёньня. 4. Я нават да сьмерці гнаў пасьлядоўнікаў гэтага вучэньня, вяжучы і аддаючы ў цямніцу і мужчын і жанчын, 5. як засьведчаць пра мяне першасьвятар і ўсе старэйшыны, ад якіх і пісьмы ўзяў да братоў у Дамаску, я ішоў, каб тамтэйшых прывесьці ў аковах у Ерусалім на катаваньне. 6. І калі я быў у дарозе і падыходзіў да Дамаска, пад полудзень раптам азарыла мяне вялікае сьвятло зь неба. 7. Я ўпаў на зямлю і пачуў голас, які казаў мне: Саўле! Саўле! чаго ты гоніш Мяне? 8. Я адказваў: хто Ты, Госпадзе? Ён сказаў мне: Я Ісус Назарэй, Якога ты гоніш. 9. Тыя, што былі са мною, бачылі сьвятло і перапалохаліся, але голасу Таго, Хто гаварыў да мяне, ня чулі. 10. Тады я сказаў: Госпадзе! што мне рабіць? А Гасподзь сказаў мне: устань і ідзі ў Дамаск, і там табе сказана будзе ўсё, што назначана табе рабіць. 11. А як што я ад славы сьвятла таго асьлеп, дык тыя, хто быў са мною, за руку прывялі мяне ў Дамаск. 12. Нехта Ананія, муж пабожны паводле закона, пахвалёны ўсімі Юдэямі, што жывуць у Дамаску, 13. прыйшоў да мяне і, падышоўшы, сказаў мне: браце Саўле! будзь зноў відушчы! І я адразу ўбачыў яго. 14. А ён сказаў мне: Бог бацькоў нашых наперад выбраў цябе, каб ты ўведаў волю Ягоную, убачыў Праведніка і пачуў голас з вуснаў Ягоных, 15. бо ты будзеш Яму за сьведку перад усімі людзьмі ў тым, што ты бачыў і чуў; 16. дык вось, чаго ж ты марудзіш? устань, ахрысьціся і змый грахі твае, заклікаўшы імя Госпада Ісуса. 17. Калі ж я вярнуўся ў Ерусалім і маліўся ў храме, упаў я ў жарсьць, 18. і ўгледзеў Яго, і Ён сказаў мне: пасьпяшайся і выйдзі хутчэй зь Ерусаліма, бо ня прымуць тут твайго сьведчаньня пра Мяне. 19. Я сказаў: Госпадзе! ім вядома, што я веруючых у Цябе кідаў у цямніцы і пабіваў у сынагогах, 20. і, калі пралівалася кроў Сьцяпана, сьведкі Твайго, я там стаяў, ухваляў забойства яго і вартаваў адзеньне забойцаў ягоных. 21. І Ён сказаў мне: ідзі; Я пашлю цябе далёка да язычнікаў. 22. Да гэтага слова слухалі яго; а пасьля гэтага паднялі крык, кажучы: зьнішчы зь зямлі такога! бо ня варта яму жыць. 23. Тым часам як яны крычалі, шпурлялі вопратку і кідалі пясок у паветра, 24. тысячнік загадаў увесьці яго ў крэпасьць, загадаўшы бічаваць яго, каб выведаць, зь якое прычыны так крычалі супроць яго. 25. Але калі расьцягнулі яго рэмнямі, Павал сказаў сотніку: хіба вам дазволена бічаваць рымскага грамадзяніна, ды і бяз суду? 26. Пачуўшы гэта, сотнік падышоў і данёс тысячніку, кажучы: глядзі, што ты хочаш рабіць? гэты чалавек - рымскі грамадзянін. 27. Тады тысячнік, падышоўшы да яго, сказаў: скажы мне, ты рымскі грамадзянін? Ён сказаў: так. 28. Тысячнік адказваў: я за вялікія грошы набыў гэта грамадзянства, А Павал сказаў: а я і нарадзіўся ў ім. 29. Тады адразу адступіліся ад яго тыя, што хацелі яго катаваць; а тысячнік, даведаўшыся, што ён рымскі грамадзянін, перапалохаўся, што зьвязаў яго. 30. На другі дзень, хочучы ўпэўніцца ў праўдзе, за што вінавацяць яго Юдэі, вызваліў яго з ланцугоў і загадаў сабрацца першасьвятарам і ўсяму сынедрыёну і, вывеўшы Паўла, паставіў яго перад імі.
РАЗЬДЗЕЛ 23
1. Павал, паглядзеўшы на сынедрыён, сказаў: мужы браты! Я ўсім шчырым сумленьнем жыў перад Богам па сёньняшні дзень. 2. А першасьвятар Ананія загадаў тым, што перад ім стаялі, біць яго па вуснах. 3. Тады Павал сказаў яму: Бог цябе біцьме, сьцяна павапленая! ты сядзіш, каб судзіць па законе, і, насуперак закону, загадваеш біць мяне. 4. А тыя, што перад ім стаялі, сказалі: першасьвятара Божага бэсьціш? 5. Павал сказаў: я ня ведаў, браты, што ён першасьвятар; бо напісана: «начальніка ў народзе тваім ліхім словам ня гань». 6. Павал, даведаўшыся, што тут адна частка - садукеі, а другая - фарысэі, узвысіў голас у сынедрыёне: мужы браты! Я фарысэй і сын фарысэя; за надзею і ўваскрэсеньне мёртвых я суд прымаю. 7. І калі сказаў ён гэта, узьнікла нязгода паміж фарысэямі і садукеямі, і зборня падзялілася. 8. Бо садукеі кажуць, што няма ўваскрэсеньня, ні анёла, ні духа, а фарысэі прызнаюць і тое і другое. 9. Усчаўся вялікі крык, і ўстаўшы, кніжнікі фарысэйскага боку даводзілі, кажучы: нічога благога мы не знаходзім у гэтым чалавеку; калі ж дух альбо анёл казаў яму, ня будзем пярэчыць Богу. 10. Але як што разлад узмацніўся, дык тысячнік, баючыся, каб яны не разарвалі Паўла, загадаў воінам сысьці, узяць яго спаміж іх і завесьці ў крэпасьць. 11. У другую ноч Гасподзь, зьявіўшыся яму, сказаў: мацуйся, Паўле; бо як ты сьведчыў за Мяне ў Ерусаліме, так трэба табе сьведчыць і ў Рыме. 12. А як разьвіднела, некаторыя Юдэі склалі змову, і прысягнулі ня есьці і ня піць, пакуль не заб'юць Паўла; 13. а было больш за сорак такіх, што так прысягнулі; 14. яны, прыйшоўшы да першасьвятароў і старэйшын, сказалі: мы клятваю запрысягнуліся ня есьці нічога, пакуль не заб'ём Паўла; 15. Дык вось сёньня вы з сынедрыёнам дайце знак тысячніку, каб ён заўтра вывеў яго да вас, быццам вы хочаце ўважлівей дасьледаваць справу ягоную; а мы, перш чым ён наблізіцца, гатовыя забіць яго. 16. Пачуўшы пра намысел гэты, сын сястры Паўлавай прыйшоў і, увайшоўшы ў крэпасьць, папярэдзіў Паўла. 17. А Павал, паклікаўшы аднаго сотніка, сказаў: завядзі гэтага хлопца да тысячніка, бо ён мае нешта сказаць яму. 18. Той, узяўшы яго, прывёў да тысячніка і сказаў: вязень Павал, паклікаўшы мяне, прасіў завесьці да цябе гэтага хлопца, які мае нешта сказаць табе. 19. Тысячнік, узяўшы яго за руку і адышоўшыся зь ім убок, пытаўся: што такое маеш ты сказаць мне? 20. Ён адказваў, што Юдэі змовіліся прасіць у цябе, каб ты заўтра вывеў Паўла ў сынедрыён, быццам яны хочуць уважлівей дасьледаваць справу ягоную. 21. Але ты ня слухайся іх; бо яго пільнуюць больш за сорак чалавек зь іх, што запрысягнуліся ня есьці і ня піць, пакуль не заб'юць яго; і яны цяпер гатовыя, чакаюць твайго рашэньня. 22. Тады тысячнік адпусьціў хлопца, сказаўшы: нікому не кажы, што ты паведаміў мне гэта. 23. І, паклікаўшы двух сотнікаў, сказаў: падрыхтуйце мне воінаў пешых дзьвесьце, конных семдзесят і стралкоў дзьвесьце, каб з трэйцяй гадзіны ночы ішлі ў Кесарыю; 24. падрыхтуйце таксама аслоў, каб, пасадзіўшы Паўла, пераправіць яго да правіцеля Фелікса. 25. Напісаў і пісьмо такога зьместу: 26. «Клаўдзій Лісій глыбокашаноўнаму правіцелю Феліксу - радавацца; 27. гэтага чалавека Юдэі схапілі і гатовыя былі забіць; я, прыйшоўшы з воінамі, адабраў яго, даведаўшыся, што ён рымскі грамадзянін; 28. Потым, хочучы даведацца, за што зьвінавацілі яго, прывёў яго ў сынедрыён іхні 29. і выявіў, што яго вінавацяць за спрэчныя думкі адносна закону іхняга, але няма ў ім ніякае віны, вартае сьмерці альбо кайданоў. 30. А як да мяне дайшло, што Юдэі намышляюць ліхое на гэтага чалавека, я адразу паслаў яго да цябе, загадаўшы і скаржнікам гаварыць на яго перад табою; будзь здаровы». 31. І вось воіны, паводле загаду, узяўшы Паўла, павялі сярод ночы ў Антыпатрыду, 32. а на другі дзень, пакінуўшы конных ісьці зь ім, вярнуліся ў крэпасьць. 33. А тыя, прыйшоўшы ў Кесарыю і аддаўшы пісьмо правіцелю, перадалі яму і Паўла. 34. Правіцель, прачытаўшы пісьмо, спытаўся, зь якой ён вобласьці, і, даведаўшыся, што з Кілікіі, сказаў: 35. я выслухаю цябе, калі зьявяцца твае скаржнікі. І загадаў яму быць пад вартаю ў Ірадавай прэторыі.
РАЗЬДЗЕЛ 24
1. Празь пяць дзён прыйшоў першасьвятар Ананія з старэйшынамі і зь нейкім прамоўцам Тэртулам, якія скардзіліся правіцелю на Паўла. 2. Калі ж яго паклікалі, Тэртул пачаў вінаваціць яго, кажучы: 3. заўсёды і ўсюды з падзякаю шчыраю прызнаём мы, што табе, глыбокашаноўны Феліксе, абавязаны мы вялікім мірам, і дбаньню твайму - добрым ладам гэтага народу. 4. Але, каб дужа не дакучаць табе, прашу цябе выслухаць нас коратка з уласьцівай табе паблажлівасьцю. 5. Мы лічым гэтага чалавека пошасьцю грамадзтва, падбухторшчыкам бунту сярод Юдэяў, якія жывуць на сьвеце, і правадніком Назарэйскай ерасі, 6. які адважыўся нават апаганіць храм, мы ўзялі яго і хацелі судзіць яго паводле нашага закона. 7. Але тысячнік Лісій, прыйшоўшы, зь вялікім гвалтам забраў яго з рук нашых і паслаў да цябе, 8. загадаўшы і нам, скаржнікам яго, ісьці да цябе; ты можаш сам, разабраўшыся, даведацца ад яго пра ўсё тое, у чым мы вінавацім яго. 9. І Юдэі пацьвердзілі, сказаўшы, што гэта так. 10. А Павал, калі правіцель даў яму знак гаварыць, адказваў: ведаючы, што шмат гадоў справядліва судзіш народ гэты, я тым свабодней буду бараніць маю справу. 11. Ты можаш даведацца, што ня больш як дванаццаць дзён таму назад я прыйшоў у Ерусалім на пакланеньне; 12. і ні ў сьвяцілішчы, ні ў сынагогах, ні ў горадзе яны ня бачылі, каб я з кім спрачаўся альбо падбухторваў людзей на бунт, 13. і ня могуць даказаць таго, у чым цяпер вінавацяць мяне; 14. а ў тым прызнаюся табе, што паводле вучэньня, якое яны называюць ерасьсю, я сапраўды служу Богу бацькоў маіх, верачы напісанаму ў законе і прароках, 15. маючы спадзяваньне на Бога, што будзе ўваскрэсеньне мёртвых, праведных і няправедных, чаго і самі яны чакаюць; 16. так і сам дбаю заўсёды, каб мець беззаганнае сумленьне перад Богам і людзьмі; 17. праз многа гадоў я прыйшоў, каб прынесьці міласьціну народу майму і ахвяры; 18. пры гэтым знайшлі мяне ачышчанага ў храме ня зь людзьмі і ня з бунтам; 19. а гэта былі некаторыя Асійскія Юдэі, якім варта было б стаць прад табою і зьвінаваціць мяне, калі што маюць супроць мяне; 20. альбо хай гэтыя самі скажуць, якую знайшлі яны ўва мне няпраўду, калі я стаў перад сынедрыёнам, 21. бадай што толькі тое адно слова, якое ўголас вымавіў я, стоячы сярод іх, што за вучэньне пра ўваскрэсеньне мёртвых судзіце вы сёньня мяне. 22. Выслухаўшы гэта, Фелікс адклаў іхнюю справу, дакладна даведаўшыся пра гэты шлях, сказаўшы: калі прыйдзе тысячнік Лісій, я выведаю ўсё пра гэта вучэньне. 23. А Паўла загадаў сотніку вартаваць, але ня ўціскаць яго і не забараняць нікому зь яго блізкіх служыць яму альбо адведваць яго. 24. Празь некалькі дзён Фелікс, прыйшоўшы з Друзілаю, жонкаю сваёю, Юдэйкаю, паклікаў Паўла, і слухаў яго пра веру ў Ісуса Хрыста. 25. І як той гаварыў пра праўду, пра ўстрымлівасьць і будучы суд, дык Фелікс вельмі перапалохаўся і адказваў: цяпер ідзі, а калі выберу час, паклічу цябе. 26. Пры гэтым спадзяваўся ён, што Павал дасьць яму грошай, каб адпусьціў яго: таму часта яго выклікаў і гутарыў зь ім. 27. але праз два гады на Феліксава месца заступіў Порцый Фэст; хочучы дагадзіць Юдэям, Фелікс пакінуў Паўла ў кайданах.
РАЗЬДЗЕЛ 25
1. Фэст, прыбыўшы ў вобласьць, праз тры дні выправіўся з Кесарыі ў Ерусалім. 2. Тады першасьвятар і самыя знакамітыя Юдэі зьявіліся да яго са скаргай на Паўла і перконвалі яго, 3. просячы, каб ён зрабіў ласку, выклікаў яго ў Ерусалім; і ліхое задумалі - забіць яго ў дарозе. 4. Але Фэст адказваў, што Павал у Кесарыі пад вартаю, і што ён сам неўзабаве падасца туды. 5. І вось, сказаў ён, каторыя з вас могуць, няхай пойдуць са мною, і калі ёсьць што за гэтым чалавекам, хай зьвінавацяць яго. 6. Пабыўшы ў іх ня болей як восем ці дзесяць дзён, вярнуўся ў Кесарыю, і на другі дзень, сеўшы на суднае месца, загадаў прывесьці Паўла. 7. Калі ён зьявіўся, пасталі навокал Юдэі, якія прыйшлі зь Ерусаліма, і ўзводзілі на Паўла многія цяжкія абвінавачаньні, якіх не маглі даказаць. 8. А ён у апраўданьне сваё сказаў: я ня ўчыніў ніякага злачынства ні супраць закона Юдэйскага, ні супраць храма, ні супраць кесара. 9. Фэст, хочучы дагадзіць Юдэям, сказаў у адказ Паўлу: ці хочаш ісьці ў Ерусалім, каб я там судзіў цябе за гэта? 10. Павал сказаў: я стаю перад судом кесаравым, дзе мяне і належыць судзіць; Юдэяў я нічым не пакрыўдзіў, як і ты добра ведаеш; 11. бо, калі не мая праўда і зрабіў што-небудзь вартае сьмерці, дык не зракуся памерці; а калі нічога таго няма, у чым гэтыя вінавацяць мяне, дык ніхто ня можа выдаць мяне ім; патрабую суду кесаравага. 12. Тады Фэст, пагутарыўшы з радай, адказваў: ты спатрабаваў суду кесаравага, да кесара і выправішся. 13. Празь некалькі дзён цар Агрыпа і Вэрэніка прыбылі ў Кесарыю павіншаваць Фэста. 14. І як яны правялі там шмат дзён, дык Фэст выклаў цару справу Паўлаву, кажучы: тут ёсьць чалавек, пакінуты Феліксам у кайданах, 15. на якога, у бытнасьць маю ў Ерусаліме, скардзіліся першасьвятары і старэйшыны Юдэйскія, дамагаючыся засудзіць яго. 16. Я адказваў ім, што ў Рымлян няма звычаю выдаваць якога-небудзь чалавека на згубу, перш чым абвінавачаны будзе мець скаржнікаў перад сабою і атрымае свабоду абараняцца ад абвінавачаньня. 17. Калі ж яны прыйшлі сюды, дык, бяз усякага адкладу, на другі дзень, сеў я на суднае месца і загадаў прывесьці таго чалавека. 18. Абступіўшы яго, скаржнікі не назвалі ніводнай віны ягонай, якое я чакаў; 19. але яны мелі пэўныя спрэчкі зь ім пра іхняе богашанаваньне і пра нейкага мёртвага Ісуса, пра Якога Павал сьцьвярджаў, што Ён жывы. 20. Ня быўшы пэўны ў рашэньні гэтага пытаньня, я сказаў: ці ня хоча ён пайсьці ў Ерусалім і там прыняць суд у гэтым? 21. Але як што Павал патрабаваў, каб яго пакінулі на разгляд Аўгустаў, дык я загадаў трымаць яго пад вартаю да таго часу, як адпраўлю яго да кесара. 22. Агрыпа ж сказаў Фэсту: хацеў бы і я паслухаць гэтага чалавека. Заўтра ж, адказваў той, пачуеш яго. 23. На другі дзень, калі Агрыпа і Вэрэніка прыйшлі зь вялікаю пышнасьцю і ўвайшлі ў судовы намёт з тысячнікамі і знакамітымі грамадзянамі, па загадзе Фэста прыведзены быў Павал. 24. І сказаў Фэст: цару Агрыпе і ўсе прысутныя з намі мужы! вы бачыце таго, супроць якога ўсё мноства Юдэяў прыступаліся да мяне ў Ерусаліме і тут і крычалі, што ён не павінен больш жыць; 25. але я палічыў, што ён не зрабіў нічога вартага сьмерці, і як што ён сам дамагаўся суду ў Аўгуста, дык я рашыўся паслаць яго да кесара. 26. Я ня маю нічога пэўнага напісаць пра яго кесару; таму прывёў яго да вас, і найперш да цябе, цару Агрыпе, каб, пасьля разгляду, было мне што напісаць; 27. бо мне здаецца, неразважліва паслаць вязьня і не паказаць абвінавачаньняў на яго.
РАЗЬДЗЕЛ 26
1. Агрыпа сказаў Паўлу: дазваляецца табе гаварыць за сябе. Тады Павал, прасьцёршы руку, пачаў гаварыць у сваю абарону: 2. цару Агрыпе! лічу сябе шчасьлівым, што сёньня магу бараніцца перад табою ва ўсім, у чым вінавацяць мяне Юдэі, 3. тым болей, што ты ведаеш усе звычаі і спрэчныя думкі Юдеяў. Таму прашу цябе выслухаць мяне шчырадушна. 4. Жыцьцё маё зь юнацтва майго, якое спачатку праводзіў я сярод народу майго ў Ерусаліме, ведаюць усе Юдэі; 5. яны здаўна ведаюць пра мяне, калі захочуць засьведчыць, што я жыў фарысэем паводле найстражэйшага ў нашым веравызнаньні вучэньня. 6. І сёньня я стаю перад судом за надзею на абяцаньне, дадзенае ад Бога нашым бацькам, 7. выкананьне якога спадзяюцца пабачыць нашыя дванаццаць родаў, рупліва служачы Богу дзень і ноч: за гэтую вось надзею, цару Агрыпе, вінавацяць мяне Юдэі. 8. Што ж? Няўжо вы за неверагоднае ўважаеце, што Бог уваскрашае мёртвых? 9. Праўда, і я быў думаў, што мне трэба шмат дзейнічаць супраць імя Ісуса Назарэя; 10. гэта я і рабіў у Ерусаліме; атрымаўшы ўладу ад першасьвятароў, я многіх сьвятых замыкаў у цямніцу і, калі забівалі іх, я падаваў за тое свой голас; 11. і ва ўсіх сынагогах я шмат разоў мучыў іх і прымушаў зьневажаць Ісуса і, бязь меры лютуючы супраць іх, прасьледаваў нават і ў чужых гарадах. 12. Дзеля гэтага ідучы ў Дамаск з уладаю і даручэньнем ад першасьвятароў, 13. сярод белага дня на дарозе я ўбачыў, цару, зь неба сьвятло, большае за сонечнае зьзяньне, якое азарыла мяне і ўсіх, што ішлі са мною. 14. Усе мы ўпалі на зямлю, і я пачуў голас, які гаварыў мне па-Габрэйску: Саўле! Саўле! што ты гоніш Мяне? цяжка табе ісьці супраць ражна. 15. Я сказаў: хто Ты, Госпадзе? Ён сказаў: я Ісус, Якога ты гоніш. 16. Але ўстань і стань на ногі твае; бо Я на тое і зьявіўся табе, каб паставіць цябе слугою і сьведкам таго, што ты бачыў і што я адкрыю табе, 17. вызваляючы цябе ад народу Юдэйскага і язычнікаў, да якіх Я цяпер пасылаю цябе 18. адкрыць вочы ім, каб яны навярнуліся зь цемры ў сьвятло і ад улады сатаны да Бога, і празь веру ў Мяне атрымалі дараваньне грахоў і долю з асьвечанымі. 19. Таму, цару Агрыпе, я не супрацівіўся нябеснай уяве, 20. а спачатку жыхарам Дамаска і Ерусаліма, потым усёй зямлі Юдэйскай і язычнікам прапаведаваў, каб яны пакаяліся і навярнуліся да Бога, учыняючы дзеі, вартыя пакаяньня. 21. За гэта схапілі мяне Юдэі ў храме і спрабавалі разарваць. 22. Але, атрымаўшы дапамогу ад Бога, я да сёньня стаю, сьведчачы малому і вялікаму, нічога ня кажучы, акрамя таго, пра што прарокі і Майсей казалі, што гэта будзе, 23. гэта значыцца, што Хрыстос меў адпакутаваць і, паўстаўшы першы зь мёртвых, абвясьціць сьвятло народу Юдэйскаму і язычнікам. 24. Калі ён так бараніўся, Фест гучным голасам сказаў: шалееш ты, Паўле! вялікая вучонасьць даводзіць цябе да вар'яцтва. 25. Не, глыбокашаноўны Фесьце, сказаў ён, я не шалею, а кажу словы ісьціны і здаровага сэнсу: 26. бо ведае пра гэта цар, перад якім і гавару сьмела; я зусім ня веру, каб ад яго было што-небудзь з гэтага ўтоена; бо гэта не ў закутку адбывалася; 27. ці верыш, цару Агрыпе, прарокам? Ведаю, што верыш. 28. Агрыпа сказаў Паўлу: ты мала што не ўгаворваеш мяне зрабіцца хрысьціянінам. 29. Павал сказаў: маліў бы я Бога, каб хай меней, хай болей, ня толькі ты, а і ўсе, хто слухае мяне сёньня, зрабіліся такімі, як я, але бяз гэтых кайданаў. 30. Калі ён сказаў гэта, цар і правіцель, Вэрэніка і, хто зь імі сядзеў, усталі 31. і, адышоўшыся ўбок, казалі паміж сабою, што гэты чалавек нічога вартага сьмерці альбо кайданаў ня чыніць. 32. І сказаў Агрыпа Фесту: можна было б вызваліць гэтага чалавека, калі б ён не дамагаўся суду ў кесара. Таму і рашыўся правіцель паслаць яго да кесара.
РАЗЬДЗЕЛ 27
1. А калі пастанавілі нам плысьці ў Італію, дык перадалі Паўла і некаторых іншых вязьняў сотніку Аўгуставай кагорты, якога звалі Юліем. 2. Мы ўзышлі на Адраміцкі карабель і выправіліся, маючы плысьці каля Асійскіх мясьцінаў; з намі быў Арыстарх, Македонец зь Фесалонікі. 3. На другі дзень прысталі да Сідона; Юлій, абыходзячыся з Паўлам чалавекалюбна, дазволіў яму схадзіць да сяброў і скарыстацца іх дбаньнем. 4. Выправіўшыся адтуль, мы прыплылі да Кіпра, з прычыны супраціўных вятроў, 5. і, пераплыўшы мора насупраць Кілікіі і Памфіліі, прыбылі ў Міры Лікійскія. 6. Там сотнік знайшоў Александрыйскі карабель, які плыў у Італію, і пасадзіў нас на яго. 7. Павольна плывучы многа дзён і, ледзь параўняўшыся з Кнідам, з прычыны неспрыяльнага нам ветру, мы падплылі да Крыта каля Саломы; 8. і, ледзь зь цяжкасьцю мінуўшы яго, прыбылі да адной мясьціны, якая называлася Добрыя Прыстані, паблізу якое быў горад Ласея. 9. Але як мінула багата часу, і плаваньне было ўжо небясьпечнае, бо і пост ужо мінуўся, дык Павал раіў, 10. кажучы ім: мужы! бачу я, што плаваньне будзе цяжкае і зь вялікай шкодаю ня толькі грузу і караблю, але і нашаму жыцьцю. 11. Але сотнік больш давяраўся стырніку і гаспадару карабля, чым Паўлавым словам. 12. А як што прыстань была няпрыдатная пад зімаваньне, дык многія радзілі плысьці адтуль, каб, калі можна, дайсьці да Фініка, прыстані Крыцкае, што насупраць паўднёва-заходняга і паўночна-заходняга ветру, і там зазімаваць. 13. Павеяў паўднёвы вецер, і яны, падумаўшы, што ўжо дасягнулі жаданага, выправіліся і паплылі паблізу Крыта. 14. Але неўзабаве падняўся на іх вецер бурны, які называецца эўраклідон. 15. Карабель падхапіла, так што ён ня мог супрацівіцца ветру, і мы насіліся, аддаўшыся хвалям. 16. І, набегшы на адну выспачку, якая называецца Клаўдай, мы ледзьве маглі ўтрымаць лодку; 17. падняўшы яе, пачалі шукаць дапаможнага сродку і абвязваць карабель; баючыся, каб ня сесьці на мялізну, спусьцілі ветразь і так насіліся. 18. На другі дзень, з прычыны вялікае буры, пачалі выкідваць груз. 19. а на трэйці мы сваімі рукамі павыкідалі з карабля рэчы. 20. Але як многа дзён ня відаць было ні сонца, ні зорак, а бура набірала ў моцы, дык нарэшце зьнікла ўсякая надзея на нашае выратаваньне. 21. І як доўга ня елі, дык Павал, стаўшы сярод іх, сказаў: мужы! трэба было паслухацца мяне і не адыходзіць ад Крыта, чым бы і ўніклі мы гэтых нягодаў і шкоды; 22. а цяпер умаўляю вас падбадзёрыцца духам, бо ніводная душа з вас не загіне, а толькі карабель; 23. бо анёл Бога, Якому належу я і Якому служу, зьявіўся мне сёньня ўначы 24. і сказаў: ня бойся! Паўле! табе трэба паўстаць перад кесарам, і вось, Бог дараваў табе ўсіх, што плывуць з табою. 25. Таму падбадзёрцеся духам, мужы, бо я веру Богу, што будзе так, як мне сказана: 26. нам выпадае быць выкінутымі на якую-небудзь выспу. 27. У чатырнаццатую ноч, як насіла нас па Адрыятычным моры, пад поўнач, карабельнікі пачалі здагадвацца, што набліжаюцца да нейкай зямлі, 28. і, памераўшы глыбіню, знайшлі дваццаць сажняў; пасьля, адплыўшыся трохі, памералі зноў, і было ўжо пятнаццаць сажняў. 29. Баючыся, каб не наскочыць на камяністае дно, кінулі з кармы чатыры якары, і чакалі дня. 30. А калі карабельнікі хацелі ўцячы з карабля і спускалі на мора лодку, удаючы, быццам хочуць кінуць якары з носа, 31. Павал сказаў сотніку і воінам: калі яны не застануцца на караблі, вы ня зможаце ўратавацца. 32. Тады воіны абсеклі вяроўкі ў лодкі, і яна ўпала. 33. На досьвітку Павал угаворваў усіх прыняць ежу, кажучы: сёньня чатырнаццаты дзень, як вы ў чаканьні, застаяцеся бязь ежы, ня еўшы нічога; 34. Таму прашу вас прыняць ежу: гэта паспрыяе ратунку вашага жыцьця; бо ні ў кога з вас не прападзе волас з галавы. 35. Сказаўшы гэта і ўзяўшы хлеб, ён падзякаваў Богу перад усімі і, разламаўшы яго, пачаў есьці. 36. Тады ўсе падбадзёрыліся і таксама прынялі ежу; 37. а было ўсіх нас на караблі дзьвесьце семдзесят шэсьць душ. 38. І наеўшыся, пачалі аблягчаць карабель, выкідаючы пшаніцу ў мора. 39. Калі настаў дзень, зямлі не пазнавалі, а ўбачылі толькі нейкую затоку зь нізкім берагам, да якога і адважыліся, калі можна, прыстаць з караблём. 40. І падняўшы якары, рушылі морам і, адвязаўшы стырно і падняўшы малы ветразь па ветры, пакіравалі да берага. 41. Наплылі на касу, і карабель сеў на мялізну: нос угруз і стаў нярухомы, а карма разьбівалася сілаю хваляў. 42. А воіны змовіліся былі пазабіваць вязьняў, каб каторы, выплыўшы, ня ўцёк. 43. Але сотнік, хочучы ўратаваць Паўла, утрымаў іх ад тога намеру і загадаў тым, хто ўмее плаваць, першым скакаць і выйсьці на зямлю, 44. а астатнім ратавацца каму на дошках, каму на чым-колечы ад карабля. І такім чынам усе ўратаваліся на зямлю.
РАЗЬДЗЕЛ 28
1. А калі ўратаваліся, тыя, што былі з Паўлам, даведаліся, што востраў называецца Меліт. 2. Іншапляменцы прынялі нас вельмі чалавекалюбна: бо яны, з прычыны дажджу і холаду, расклалі вогнішча і прынялі ўсіх нас. 3. Калі ж Павал набраў многа хмызу і клаў на вагонь, выскачыла ад жару зьмяюка і павісла на руцэ ў яго. 4. Іншапляменцы, калі ўбачылі павіслую на руцэ ў яго зьмяю, казалі адзін аднаму: праўда, чалавек гэты - забойца, калі яму, уратаванаму ў моры, суд Божы не пакідае жыцьця. 5. Але ён, абтросшы зьмяю ў вагонь, не зазнаў аніякае шкоды. 6. Яны чакалі былі, што ён пухнуць пачне, альбо што раптам упадзе мёртвы; але, чакаючы доўга і ўбачыўшы, што ня сталася зь ім ніякай бяды, думку зьмянілі і казалі, што ён - Бог. 7. Навакол той мясьціны былі валоданьні першага чалавека вострава, называнага Публіем; ён прыняў нас і тры дні гасьцінна частаваў. 8. Публіеў бацька ляжаў, пакутуючы ад гарачкі і ад болю ў жываце: Павал увайшоў да яго, памаліўся і, усклаўшы на яго рукі свае, ацаліў яго. 9. Пасьля гэтай падзеі і астатнія на востраве, хто быў хворы, прыходзілі і былі вылечаны. 10. І рабілі нам шмат гонару, і на дарогу далі ўсё патрэбнае. 11. Праз тры месяцы мы адплылі на Александрыйскім караблі, пад знакам Дыяскураў, які зімаваў на тым востраве, 12. і, прыплыўшы ў Сыракузы, пабылі там тры дні; 13. адтуль адплыўшы, прыбылі ў Рыгію; а празь дзень, як павеяў паўднёвы вецер, прыбылі на другі дзень у Путэол, 14. дзе знайшлі братоў і былі ўпрошаныя пабыць у іх сем дзён, і потым паплылі мы ў Рым. 15. Тамтэйшыя браты, дачуўшыся пра нас, выйшлі нам насустрач да Апіевай плошчы і трох гасьцініц; убачыўшы іх, Павал падзякаваў Богу і падбадзёрыўся духам. 16. А як прыйшлі мы ў Рым, дык сотнік перадаў вязьняў ваеначальніку, а Паўлу дазволена жыць адасоблена з воінам, які вартаваў яго. 17. Праз тры дні Павал склікаў самых знакамітых Юдэяў і, калі яны сышліся, прамовіў да іх; мужы браты! не зрабіўшы нічога супраць народу ці бацькоўскіх звычаяў, я ў кайданах зь Ерусаліма перададзены ў рукі Рымлянам; 18. яны, судзіўшы мяне, хацелі даць волю, бо няма ўва мне ніякай віны, вартае сьмерці; 19. але як што Юдэі не паразумеліся, дык я мусіў патрабаваць суду ў кесара, зрэшты, ня дзеля таго, каб зьвінаваціць у чым-небудзь народ мой; 20. з гэтай прычыны я і склікаў вас, каб пабачыцца і пагутарыць з вамі, бо за надзею Ізраілеву абложаны я гэтымі кайданамі. 21. А яны сказалі яму: мы ні пісьмаў ня мелі пра цябе зь Юдэі, ні з вандроўных братоў ніхто не паведаміў пра цябе і не сказаў нічога благога. 22. Зрэшты, нам пажадана пачуць ад цябе, як ты думаеш; бо вядома нам, што пра гэта вучэньне ўсюды спрачаюцца. 23. І прызначыўшы дзень яму, вельмі многія прыйшлі да яго ў гасьцініцу; і ён з раніцы да вечара выкладаў ім вучэньне пра Царства Божае і пераконваў іх за Ісуса, прыводзячы сьведчаньні з закона Майсеевага і прарокаў. 24. І адны пераконваліся ад словаў ягоных, а другія ня верылі. 25. Ня маючы згоды паміж сабою, яны адыходзілі, калі Павал сказаў ім наступныя словы: добра Дух Сьвяты сказаў бацькам нашым праз прарока Ісаю: 26. «ідзі да народу гэтага і скажы: слыхам пачуеце, і не ўразумееце; і вачыма глядзецьмеце, і ня ўбачыце; 27. агрубела бо сэрца ў людзей гэтых, і цяжка чуюць вушыма, і зьмежылі вочы свае, хай ня ўгледзяць вачыма, і не пачуюць вушыма, і сэрцам не ўразумеюць, і не навернуцца, каб Я ацаліў іх». 28. Дык вось, хай вам будзе вядома, што збавеньне Божае паслана язычнікам: яны і пачуюць. 29. Калі ён сказаў гэта, Юдэі пайшлі, многа спрачаючыся паміж сабою. 30. І жыў Павал цэлыя два гады на сваім утрыманьні і прымаў усіх, хто прыходзіў да яго, 31. прапаведуючы Царства Божае і вучачы пра Госпада Ісуса Хрыста з усякай адвагаю без забароны. |