ПРАДМОВА

З заморскага краю чулае сэрца рвецца на родныя гоні, а думка мкнецца у мінулае, шукаючы там супакою. Туга па роднай краіне мацнее на далёкай чужыне. 

И вспоминаю я свои былые годы, 
Как мирно здесь и счастливо я жил, 
Как улыбался я всем красотам природы 
И в дебрях с эхом говорил. 

(Апухтин). 

Польскі паэт Адам Міцкевіч моцна сумаваў па радзіме, як страціў яе, і свой жаль апісаў у наступных славах: 

Litwo! Ojczyzno moja! Ту jestes jak zdrowie. 
Ile cie trzeba cenic, ten tylko sie dowie, 
Kto cie stracii. Dzis pieknosc twa w calej ozdobie 
Widze i opisuje, bo teskne po tobie. 

("Pan Tadeusz"). 

Адам Міцкевіч радзіўся у Наваградчыне. За старадаўным звычаем ён назваў радзімую Наваградчыну Літвою. Але Наваградчына — з давен даўна зямля беларуская. З пакон вякоў тут жылі беларусы. Літвою празвалі яе таму, што тут некалі гаспадарылі літоускія князі, якія стварылі магутную дзяржаву — Вялікае Князьства Літоўскае. 

У ХУІ стагодзьдзі у Беларусь панаехалі чужынцы палякі ды сілаю забралі уладу у свае рукі. Праз трыста гадоў яны тут панавалі, але беларусаў палякамі зрабіць не маглі. 

Адам Міцкевіч паходзіў з беларускага роду, але польскае узгадаваньне зрабіла яго польскім шляхэцкім паэтам. Свайго прыгнечанага і забітага беларускага народу ён не зразумеў і не адчуў яго цярпеньня. 

Пры канцы XVIII стагодзьдзя Беларусь прылучылі да Расеі. За расейскіх часоў радзіўся беларускі паэт Якуб Колас. Праўдзівае яго прозьвішча было Міцкевіч, а імя Кастусь. З польскім Адамам Міцкевічам радніла яго Наваградчына і супольнае прозьвішча. У жылах іх абыдвох цякла беларуская кроў, а розныя нацыянальныя пераконаньні пачужылі іх меж сабою. 

Наваградчына — мая радзіма. Завітая была маёю нянькаю, а Нясьвіж — настаўнікам. Тут прашлі мае маладыя гады. Старэнькі дзед Макаш казаў мне сказкі пра былое, а Завітанскі лес разбудзіў у маім сэрцы любоў да красы прыроды ды навучыў Богу маліцца у адзіноце. Няраз вячэрняю парою ясныя зоркі мне тайну Божую вяшчалі і жар малітвы узмацнялі. У экстазе гарачай малітвы здавалася мне, што у нябёсах я бачу Бога. У Завітой я навучыўся верыць і маліцца. Адсюль жыцьцёвы шлях павёў мяне у шырокі сьвет служыць Богу й людзям у духоўным стане. 

Цяпер з далёкай чужыны думкі мае мкнуцца да роднага краю і памяць рысуе мілыя сэрцу незабытыя малюнкі радзімы. Прад вачыма ажываюць беларускія векавечныя пушчы і драмучыя лясы з багацтвам птушынага царства і розналікай зьвярыны, якія некалі вабілі польскіх каралёў і расейскіх цароў на паляваньне. Прыпамінаюцца неабсяжныя далі і старадаўныя шырокія гасьцінцы з сыпучымі пяскамі і плакучымі столетнімі бярэзінамі, пасажанымі па абапал дарогі. I хто не таптаў гэтыя гасьцінцы — дарогі на іх доўгім вяку? Былі тут татары й палякі, швэды й французы, немцы й расейцы. Кажды з іх нешта пакінуў беларусам: татары — бізун, палякі — халеру, французы — пранцы, немцы — штунду, расейцы — зьневагу маці у лаянцы. 

"Беларусь, Беларусь залатая", сьвежа зьвіняць словы юнацкай песьні і чаруюча дзеюць надушу, распаляючы вагонь любві да радзімы. Але каб моцна яе любіць, трэба беларусам радзіцца і беларусам памерці, бо хто аброс чужым мясам ня умее любіць Беларусі.
Comments