„Адзін спадар, адна вера, адзін хрост”
(Эф. 4, 1-6) Штогод адзначаем сьвята Раства Хрыстовага. У сэнсе гістарычнай падзеі Раство здарылася толькі адзін раз, але Бог увесь час прыходзіць да нас. І за кожным разам мы павінны выйсьці Яму насустрач, бо Ён спаткае толькі чалавека, які дазволіць сябе спаткаць. Для хрысьціян усіх канфэсіяў перадкалядны перыяд — гэта час пільнасьці і чаканьня, каб не разьмінуцца з Богам. „Баюся, — пісаў блажэнны Аўгустын, — што Хрыстос будзе праходзіць побач, а я не запрашу Яго і больш ужо Ён да мяне ня вернецца”. Да сустрэчы дарагога госьця трэба належна ўнутрана падрыхтавацца і гэткі сэнс мае ў Праваслаўнай Царкве перадкалядны Пост. Аб гэтай патрэбе ўнутранага прабуджэньня а таксама супольнасьці ўсіх хрысьціян гаворыцца ў апостальскім чытаньні гэтай нядзелі: „Я, вязень у Госпадзе, малю вас хадзіць годна званьня, да якога вы пакліканы... З усёю пакорлівай мудрасьцяй і лагоднасьцяй, зь цярплівасьцяй, выбачаючы адзін аднаму ў міласьці, намагаючыся захаваць суцэльнасьць Духа ў зьвязе супакою. Адно цела і адзін дух, як вы і пакліканы да адной надзеі пакліканьня свайго. Адзін Спадар, адна вера, адзін хрост, адзін Бог і Айцец усіх, Які над усімі і праз усіх, і ўва ўсіх нас”, — пісаў Апостал Павал у Лісьце да эфэсцаў (4, 1-6). Праз хрост мы прышчэплены да Хрыста. Ён — Галава Царквы, мы — яго члены, Ён — вінаградная лаза, — мы веткі, Ён — пастыр, мы — Ягоная паства. „Ня буду вас называць слугамі, але сябрамі”, — гаворыць Хрыстос да сваіх вучняў. У момант хросту Бог прамаўляе да нас: „Ты — маё дзіцё, я сёньня цябе нарадзіў”. Гэткім чынам у акце хросту расьце і павялічваецца незвычайная сям’я дзяцей Божых, сярод якіх адно сэрца, адна думка і адзін Дух, які ажыўляе нас. У нас адна вера. Першай Царквою былі людзі, якія паверылі ў Хрыста слухаючы Яго навуку, бачучы Ягоныя цуды. Да іх далучыліся пакаленьні людзей, якія паверылі ў навуку Апосталаў і захоўвалі еднасьць ня кажучы, што я ад Паўла, я ад Кіфы або Апалона, бо ўсе былі Хрыстовы і Хрыстовай была Царква. І калі-б нават анёл зь неба прыйшоў і вучыў „ня верце”, папярэджваў Апостал. Зь цягам часу веру прынялі і мы і вызнаем веру Айцоў у Айца і Сына і Сьвятога Духа. Верым у „адну саборную, сьвятую і апостальскую Царкву”. Мы разыходзімся па сваіх канфэсійных храмах і молімся па-свойму, але гэта толькі вонкавыя формы. Якія-б не былі паміж намі адметнасьці і розьніцы, усё роўна ў нас „адзін хрост і адна вера”. У нас адзін Госпад і няма іншага акрамя Ісуса Хрыста. Ён — альфа і амэга, пачатак і канец. Ён — першародны сярод усяго стварэньня, ён — выкупіў нас цаною сваіх пакутаў, сьмерці і ўваскрэсеньня. Ён — Цар, для якога ўсё жыве. Перад ім кожны здасьць справаздачу са сваіх учынкаў добрых або дрэнных. Вызнаваць, што Хрыстос наш Госпад і Бог, гэта ня толькі лёзунг, але ўвесь зьмест жыцьця. Ён мае права распараджацца намі паводле Сваёй волі, а мы абавязаны выконваць яго запаветы. Сапраўдны хрысьціянін — гэта той, які любіць Яго больш за сваё жыцьцё і пакорліва вызнае Яго ў сваім сэрцы, бо адзін хрост, адна вера і адзін Госпад Ісус Хрыстос. Усё, што асноўнае ў хрысьціян — супольнае, аднак яны ўсё роўна падзеленыя. Як-жа прыкрае гэта мусіць быць для Хрыста, які маліўся, каб усе былі „адно”. Усе заяўляюць: мы — праваслаўныя, мы — каталікі, а мы — пратэстанты. Мы маем найстарэйшую традыцыю, мы ўчытваемся і трымаемся фундаманту Слова Божага, а мы маем Пятра. У багаслужбах усіх канфэсіяў гучаць малітвы, каб Хрыстос аб’яднаў нас, але ці-ж Ён павінен яшчэ раз памерці за нас? Ці-ж гэта Ён так падзяліў нас? Нас падзяліў грэх пыхлівасьці і недахопу любові. Калі-б хрысьціяне ўсіх канфэсіяў паспрабавалі наблізіцца да Хрыста, яны былі-б бліжэйшымі адзін аднаму. Мы ня ўмеем выйсьці паза наш эгацэнтрызм, не адрозьніваем важнага ад другараднага, бо ня ўмеем зьмірыцца з адметнасьцяй іншага чалавека. Заміж даказваць свае рацыі, трэба на каленях раскаяцца... Як-жа добра было-б, каб прыйшоў час, калі захоўваючы адметнасьць у другарадным, мы ўсе маглі-б без прадузятасьці і насьцярожанасьці прыйсьці ў праваслаўны храм, каб сярод іконаў і паху кадзіла ўслухацца ў цудоўныя сьпевы і паэзію багаслужбы. Іншым разам пайсьці ў касьцёл і ўключыцца ва ўпарадкаваную атмасфэру каталіцкай абраднасьці, а яшчэ іншым разам паслухаць цікавыя разважаньні на тэму Сьвятога Пісаньня ў пратэстанцкім зборы. Найлепш, аднак, каб надышоў час, калі згодна ўкленчым перад адным алтаром, каб прыняць адно Прычасьце. Гэта і будзе той бачны знак еднасьці, да якой гэтак усе імкнемся. Дабравешчаньне Прасьвятой Багародзіцы (Лук. 10, 38-42; 11, 27-28) Дабравешчаньне — дзень, у які наша Праваслаўная Царква адзначае адну з галоўных падзеяў у гісторыі чалавецтва і хрысьціянства. Сёньня — як сьпяваецца ў трапары — пачатак нашага збаўленьня, выяўленьне сьвету той таямніцы, якая спрадвечна была прадвызначана Богам для збаўленьня сьвету. Сын Божы становіцца сынам дзевы, якая знайшла ласку ў Бога. Аднак, што варта адзначыць, рашэньне належала да Марыі. Божы Пасланец цярпліва чакаў ейнай пастановы, пакуль яна не заявіла Арханёлу: „Хай будзе паводле слова Твайго”. Паводле Вучэньня Праваслаўнай Царквы, першая і асноўная мэта сужэнства — дасягненьне, з дапамогай любові, паўнаты быцьця ў Богу, зь якога ў сваю чаргу выплывае таксама неад’емнае прадоўжваньне жыцьця. Да сужэнства і ў прыватнасьці да мацярынства і бацькоўства Бог нікога не прымушае, гэтак як і Марыі, але прапануе, як гэта здарылася ў момант Дабравешчаньня. Кожнае мацярынства зьяўляецца прапановай з боку Бога і адказам з боку жанчыны. Рашэньне аб прыняцьці новага жыцьця прыпадае пераважна жанчыне, якая чамусьці лічыцца прыгажэйшым, але слабейшым полам. Аднак, яна не павінна вырашаць сама: побач зь ёю павінен стаяць каханы мужчына. Гэта аптымальны клімат для дару жыцьця, які здольны пераадолець усемагчымыя цяжкасьці і супярэчлівасьці лёсу. На самай справе якраз мужчына часьцей, бы Пілат, умывае рукі, уцякае, абражае маці свайго нашчадка або велікадушна абяцае плаціць алімэнты і ня робіць гэтага. Вось таму трэба з павагай схіліць галаву перад кожнай маці, якая прымае неацэнны дар жыцьця, бо жыцьцё — сапраўды найвышэйшая каштоўнасьць. З другога боку, Бог прапануе згоду на новае жыцьцё ў абставінах неаднойчы настолькі драматычных, складаных і нечаканых, што адказ жанчыны не заўсёды выкліканы любоўю і радасьцяй. Новае жыцьцё неаднойчы даруецца ў такіх экстрэмальных умовах, што будучая маці стаіць перад цяжкой дылемай, плача і нават праклінае. Дастаткова сабе ўявіць, што думалі цяжарныя жанчыны ў вастрозе або ў канцэнтрацыйных лягерах. Бываюць і такія выпадкі, калі новае жыцьцё зьвязана з кровазьмяшэньнем, згвалтаваньнем, псыхічнай хваробай бацькоў, калецтвам, дрэннымі ўмовамі жыцьця і так далей. У такіх выпадках можа ўзьнікнуць думка: ці Бог ведае, што робіць? Аднак-жа Ён заўсёды ведае, што робіць. Чалавек можа нечага не разумець, але і Бог ня мусіць яму выяўляць свае намеры. Нездарма сказана: „Мае думкі — ня вашы думкі і Мае шляхі — ня вашы шляхі”. Улічваючы нават гэтыя экстрэмальныя выпадкі, Царква ўсё роўна супраціўляецца абортам і шкадуе з прычыны неданашэньня. Яна лічыць, што нельга маўчаць, калі і ў нашай краіне штодзень без вайны гінуць малыя людзі, якія нават ня маюць магчымасьці супрацівіцца. На баку слабейшага павінен стаць кожны чалавек незалежна ад сваіх рэлігійных або палітычных перакананьняў. Царква называе аборт трагедыяй, забойствам ненароджанага чалавека, які зьяўляецца чалавекам і ў пяць гадоў, і ў пяць месяцаў і нават у пяць дзён. Царква лічыць, што ніякія тлумачэньні, такія як неспрыяльныя ўмовы для нараджэньня дзіцяці, ня маюць сэнсу. Мы ня ведаем, што будзе з намі праз паўгоду, але ўжо цяпер не даем дзіцяці ніякага шанцу, вырашаем ягоную будучыню не пытаючы яго... Мацярынства сапраўды супадае з самымі рознымі абставінамі. Некаторыя бязьдзетныя жанчыны няшчасныя з прычыны няплоднасьці сваёй або мужа: яны, не зважаючы на любыя кошты, цярпліва лечацца або рашаюцца на ўсынаўленьне чужога дзіцяці. Іншыя з жахам успрымаюць чарговую цяжарнасьць з думкай, што ў беднай сям’і прыбудзе лішні рот. Бываюць самотныя маці, якія зь істэрыяй і жахам, баючыся злых языкоў, адмоўна адказваюць на Божую прапанову, і тыя, якія не баяцца ні чалавечых кпінаў, ні клопатаў выхаваньня. Ёсьць таксама і такія жанчыны, якія, маючы дасканалыя ўмовы, тлумачаць, што „ня могуць сабе дазволіць мець дзіцё”, каб — барані Бог — не абцяжарваць сябе, не зламаць прафесійнай кар’еры, не патаўсьцець і пры нагодзе выказваюць іншыя падобныя глупствы. Прапанова прыняць новае жыцьцё — гэта запросіны да творчага супрацоўніцтва з Богам, якое ажыцьцяўляецца праз любоў. Гэта таксама найпрыгажэйшая прыгода, удзел у творчым працэсе, які вядзе да збаўленьня і вечнага жыцьця. Перад Раством Хрыстовым (Мацьв. 1, 1-25; 24, 37-44; Рым. 13, 11-14) Да сьвяткаваньня Раства Хрыстовага — Калядаў — вернікі рыхтуюцца саракадзённым постам. У багаслужбах гэтага падрыхтоўчага перыяду дамінуюць дзьве тэмы або два дзеяньні: прыход Госпада і пільнасьць. Бог прыходзіць і мы павінны выйсьці Яму насустрач. Бог ідзе да чалавека, але сустрэне толькі таго, хто дазволіць сябе сустрэць. Гэтыя два дзеяньні ўнушальна апісаны ў прытчы пра дзесяць дзеваў (Мацьв. 25, 6). Першы крок заўсёды належыць да Бога, ня толькі ў перадкалядны перыяд, але заўсёды. Гісторыя збаўленьня па сваёй сутнасьці зьяўляецца гісторыяй Божай ініцыятывы, успамінам пра Яго шматлікія прыходы да чалавека. У Евангельлі ставіцца націск ня столькі на сам факт прыходу Сына Чалавечага, колькі на абставіны гэтай падзеі. „Гэтак (неспадзявана як прыход злодзея і жахліва бы паводка) будзе выглядаць прыход Сына чалавечага”. Амаль усе прытчы Гасподнія ставяць слухача перад эсхаталягічнай пэрспектывай адначасова прымушаючы да неадкладнага прыняцьця рашэньня. У гэтым сэнсе ня маюць значэньня дыспуты біблістаў, ці Хрыстос меў на ўвазе хуткае вяртаньне, яшчэ пры жыцьці тагачаснага пакаленьня, ці далёкае ў часе. Пастанова, якой Ісус спадзяецца ад чалавека ў адказ на прадвесьце аб Сваім вяртаньні зьяўляецца асабістым рашэньнем канкрэтнага чалавека, а не ўсяго сьвету ці абстрактнай гісторыі. Яна заўсёды актуальная і непазьбежная для таго, хто слухае Ісусавых слоў. Калі толькі нехта схоча пачуць, дык у кожным слове Сьвятога Пісаньня гучыць перасьцярога, якую прарок накіраваў да Давіда: „Ты зьяўляешся гэтым чалавекам” (2 Цар. 12, 7). Інакш кажучы: гэта тычыцца і цябе. Тое, які лёс упаткае мяне ў момант прыходу Госпада, вырашаецца якраз цяпер. Гэты лёс залежыць ад адказу, які дам на Ягонае Слова, што падахвочвае мяне да пільнасьці, да гатоўнасьці, да жыцьця такога, як быццам бы Ён стаяў на парозе, бо на самай справе Ён ужо стаіць ля нашых дзьвярэй. Апостал Павал тлумачыць, у якім накірунку павінна пайсьці чалавечае рашэньне, якія набыць формы. Першае, што ён рэкамендуе, гэта „прачнуцца”. Сон сымбалізуе ня толькі стан чалавека, які жыве ў граху або забыўся пра Бога, але таксама стан нерашучасьці, кампрамісу, які акрэсьліваецца фразай „ні сюды ні туды”. Апостал заклікае: „Устань сьпячы і ўскрэсьні зь мёртвых і асьвяціць цябе Хрыстос” (Эф. 5,14). Быць разбуджаным, сьвядомым, з вачыма адкрытымі на прыняцьце сьвятла — гэта найлепшы каментарый да Ісусавага закліку: „Будзьце пільнымі!” Мэтафара, якую Апостал зьмясьціў у Лісьце да рымлянаў гучыць на першы погляд дзіўна, бо падахвочвае нас „надзець зброю сьвятла” (13, 12). Затым Павал паясьняе гэтыя словы кажучы: „Адзеньцеся ў Госпада Ісуса Хрыста і не дагаджайце целу пажадлівасьцямі” (13, 14). Зброяй сьвятла зьяўляецца Дух уваскрэслага Ісуса, адзіны, які можа дапамагчы пераадолець такія змрочныя ўчынкі, як нячыстасьць, свавольства, п’янства, спрэчкі і зайздрасьць. „Калі Духам будзеце забіваць цялесныя ўчынкі, будзеце жыць” (Рым. 8, 13), — дадае Апостал. Гэтыя словы Апостала сталіся для блажэннага Аўгустына канчатковым стымулам для павярненьня ў веру. Ён знаходзіўся ў сваім агародзе ў Мілане ў вырашальны момант унутранай барацьбы паміж „дзьвюма цягамі” (Піліп. 1, 23), калі пачуў таямнічы голас, які загадаў яму „тольле, лего” — бяры і чытай. Ён узяў Біблію, адкрыў і прачытаў словы Паўла, якія ўжо канчаткова прывялі да ягонага прабуджэньня. У іх Аўгустын знайшоў сьвятло, супакой сэрца і прыняў сваё рашэньне. Перадкаляднае чаканьне вельмі розьніцца ад чаканьня людзей Старога Запавету: яно — таксама ўспамін і прысутнасьць. Успамін таму, што Той, каго чакаем, ужо аднойчы прыйшоў і ў сьвята Раства будзем успамінаць гэту падзею. Прысутнасьць — бо Ён з намі ўвесь час у Сваім Слове і Сваім Эўхарыстычным Целе. Вось таму перадкаляднае чаканьне зьяўляецца радасным выйсьцем насупраць Таго, хто ідзе з намі і хто побач нас. „Бог з намі” (Мацьв. 1, 18-24) Тайна Раства Хрыстовага заключаецца ў тым, што Бог у Хрысьце Ісусе стаўся Эмануілам — „Богам з намі”. З „найвышэйшага Бога” стаўся Богам блізкім, Богам накіраваным на чалавека і пад гэтым новым імем будзе адгэтуль ведамы. Што гэта азначае? Бог быў з чалавекам заўсёды, ад самага стварэньня, аднак быў гэта дыялёг на адлегласьць, праз пасрэдніцтва прарокаў. Бога і чалавека аб’ядноўваў саюз цяжкі і неканчатковы. У Хрысьце Бог увайшоў паміж людзей, стаўся адным з нас, каб збавіць нас апынуўшыся ў нашай сытуацыі, удзельнічаючы ў нашай гісторыі. „Саюз” стаўся „новым і вечным”, бо абодва бакі — Бог і чалавек — сталіся „адной асобай”, адной і неразьдзельнай Істотай: Ісусам Хрыстом. Ісус Хрыстос зьяўляецца Эмануілам — „Богам з намі”: мы павінны добра запамятаць гэтае Імя, бо яно выказвае ўсю нашу веру ў Яго. Ісус — „Эману”, значыць: адзін з нас, наш брат „паводле цела з роду Давіда”, — як піша Апостал Павал у Лісьце да рымлянаў (1, 3). Ён таксама „Эль” — значыць: Бог. Ён Сын Чалавечы, але адначасова Сын Божы. Калі-б быў толькі „з намі”, але ня Богам, ня збавіў-бы нас, ня быў-бы Валадаром сьвету і гісторыі. Калі-б быў толькі Богам, але ня быў-бы „з намі”, Яго збаўленьне не цікавіла-б нас, застаўсяб Богам невядомым, недасягальным і далёкім ад чалавечых надзеяў. У гэтым заключаецца сапраўдная тайна хрысьціянства, якую мы павінны ясна пацьвердзіць у Сьвята Раства Хрыстовага. У гісторыі Царквы быў такі перыяд, калі ерась дакетаў пашырала перакананьне, што Ісус ня мог быць адным з нас, чалавекам падвергнутым законам прыроды, такім як народзіны, боль або сьмерць. Зараз назіраем адваротную сытуацыю: „А ўсё-такі ён чалавек і толькі чалавек”, — сьпявала Мадона ў мюзікле „Джызус Крайст супэрстар”, выказваючы думку шматлікіх сучасных чытачоў Евангельля. Многім цяжка прыняць да ведама евангельскую праўду, што Ісус Хрыстос — ня проста чалавек, але і Бог. Хрысьціяне не павінны быць абураны або абражаны такімі фальшывымі поглядамі. Хто сапраўды захапляецца Хрыстом і кахае Яго як чалавека, той хутка зразумее, што Ён — ня проста чалавек або прарок. Ня трэба таксама памяншаць чалавечай натуры Збавіцеля толькі таму, што некаторыя абмяжоўваюцца ёю. Больш за іншых верым, што Ён быў чалавекам падобным на нас ува ўсім, акрамя грэху, чалавекам, які спазнаў самаадрачэньне, стому, боязь, можа нават сумнеў, і напэўна боль ды пакуты. У Яго час таксама былі людзі, якія лічылі Яго звычайным прарокам. Аднак ад сваіх вучняў Хрыстос патрабуе больш і пытаецца: „А вы за каго лічыце Мяне?” На гэтае заўсёды актуальнае пытаньне Царква адказвае словамі Пятра: „Ты — Хрыстос, Сын Бога Жывога”, інакш кажучы, „Бог з намі”. Ці Хрыстос і зараз зьяўляецца „Богам з намі”? Ці быў ім у кароткі перыяд зямнога жыцьця паміж Віфляемам і Галгофай? Так, Ён з намі і сёньня, згодна Свайму абяцаньню: „Я з вамі праз усе дні да канца веку” (Мацьв. 28, 20). Праз Сваё ўваскрэсеньне Ён даў пачатак новаму ладу жыцьця: духоўнаму, нябачнаму, але сапраўднаму. Ісус Хрыстос той-жа „ўчора, сёньня і навекі”. Адказам на такую ўпэўненасьць веры можа быць толькі радасны вокліч Паўла: „Калі Бог з намі, хто-ж супраць нас? Хто адлучыць нас ад любові Божай?” (Рым. 8, 31-35). Адлучыцца ад Хрыста можам толькі мы самі. Гэта мы, на жаль, можам адвярнуцца сьпіной ад Хрыста, жыць так, быццам Ён ніколі не прыйшоў, быццам ніколі не прамаўляў да нас. Можам жыць толькі для саміх сябе, а не для Яго, Які за нас памёр і ўваскрос (2 Кар. 5, 15). Ніякая нам карысьць з таго, што Бог „з намі”, калі не захочам быць зь Ім, калі ня станем на Ягоным баку. Вось таму калядны перыяд зьяўляецца добрай нагодай, каб прыгадаць хрысьціянам іхныя маральныя абавязкі. Ірад хацеў забіць дзіця (Мацьв. 2, 13-15, 19-23) У другі дзень Калядаў, званым Саборам Прасьвятой Багародзіцы, у евангельскім чытаньні ўспамінаем пэрыпэтыі Сьвятой Сям’і: уцёкі ў Егіпет, вяртаньне і пасяленьне ў Назарэце. Евангельле прадстаўляе Хрыста як правобраз чалавека, якога лёс знаходзіцца ў руках іншых людзей. Распараджаюцца яны жыцьцём ня толькі дарослага, але і дзяцей у сваіх карысьлівых мэтах, зыходзячы зь меркаваньняў, зьвязаных з палітыкай і ейнымі патрабаваньнямі. Каментуючы гэты фрагмэнт нельга прамаўчаць той пашыранай зьявы ахвяроўваньня чалавечага жыцьця ў імя нейкай ідэалёгіі, або дзеля карысьці нейкай партыі, якая называецца абортамі... Перш чым пачнем асуджаць каго-небудзь мы павінны ўсьведаміць сваю ўласную адказнасьць — як хрысьціяне. Калі-б усе тыя, што змагаюцца з „дапушчальнымі і дармовымі” абортамі заўсёды баранілі жыцьцё, кожную яго форму перад любым гвалтам і пагрозамі, мы былі-б больш верагодныя ў вачах тых, хто выступае за дапушчальнасьць гэтага зла. Колькі разоў мы мелі нагоду шляхам угаворваньня, дапамогі або парады прадухіліць аборт. Колькі разоў тыя, што выступаюць у абарону ненароджаных і пікетуюць парляманты, дазваляюць гінуць ужо народжаным дзецям у выніку войнаў, голаду, эксплуатацыі і хваробаў. Сапраўды, ёсьць падставы для дакору сумленьня, бо бываюць сытуацыі, калі маючы магчымасьць зрабіць нешта добрае, мы ня робім гэтага. Аднак нельга дапусьціць, каб даўнейшыя і цяперашнія памылкі сталіся прычынай яшчэ страшнейшай памылкі, а менавіта замоўчваньня пытаньня лібэралізацыі або поўнага дазволу абортаў. Сёньня ўжо ніхто ня можа гаварыць, што аборт — гэта не сапраўднае і адназначнае забойства. „Чалавекам зьяўляецца таксама той, хто толькі становіцца чалавекам”, — гаварыў Тэртульян. Ніхто ў выніку ўсіх дыспутаў дагэтуль ня здолеў адхіліць навуковыя доказы таго, што эмбрыён з моманту зачацьця мае ўсё патрэбнае для далейшага разьвіцьця, калі толькі нехта звонку ня спыніць гэты працэс. Дзіцё ўжо ўва ўсіх дэталях запраграмаванае ўключна з колерам валасоў і вачэй. Значыць, не зьнішчаецца бясформенны канглямэрат клетак — як некаторыя цынічна цьвердзяць — але чалавечае жыцьцё, чыйсьці лёс. Ненароджанае дзіцё — яшчэ несьвядомае, але на добры лад такое-ж і толькі што народжанае немаўлятка. У гэтым сэнсе ў вочы кідаецца неверагодная двудушнасьць. Мы абураемся фактам, калі нехта кідае немаўлятка ў сьметніцу, калі дзіцё хворае або прададзенае дзеля атрыманьня органаў. Бацькі гатовы заплаціць вялізны выкуп за выкрадзенае дзіцё, але калі маем дачыненьне з абортам, наступае поўная цішыня, як быццам гэтае жыцьцё нявартае марнага граша. Але-ж ніводнае дзіцё ня родзіцца бязь ведама бацькоў, па ўласнай волі. Яго паклікае да жыцьця воля і акт любові двух людзей. Зьдзіўленьне выклікае таксама заканадаўства датычнае абортаў, якое ствараюць пераважна мужчыны. Адмаўляецца ўсіх правоў ня толькі сьвятару або лекару, але нават бацьку, які ўдзельнічаў у пачатку жыцьця і які адказны за яго. Такім чынам зьяўляюцца законы, якія пазбаўляюць мужчыну аднаго зь яго фундамантальных правоў — быць бацькам. Гаворыцца, што рашэньне павінна належаць выключна жанчыне. Пілат — мужчына — умывае рукі, спадзеючыся, што гэткім чынам пазьбегне адказнасьці за чарговае злоўжываньне. Ён ня бачыць, што пакідаючы жанчыне цяжар гэтага жахлівага рашэньня і зьвязанага зь ім дакору сумленьня, гэтым самым дапускаецца яшчэ горшая подласьць. Ён гаворыць бы Пілат: вазьмі, сама забі, бо я не хачу спляміць рук крывёю нявіннай істоты. Для верніка праблема на гэтым не канчаецца, бо тычыцца патаптаньня правоў яшчэ аднаго „бацькі”. Гэта не бацькі даюць дзіцяці душу, але Бог, Які для кожнага чалавека ўзнаўляе цуд стварэньня. Гаворачы пра аборты нельга ня ўлічваць гэтага. Аднак нас павінна хваляваць ня толькі наяўнасьць тых, хто праводзіць аборты, але тых, хто лёгкай рукою адабрае такую практыку. Калі існуе Бог, як у гэта верым, дык існуе і вечнае жыцьцё. Хай Бог крые тады тых, хто будзе вымушаны вытрымаць сумны позірк заўчасна забітых анёлкаў, якія добра будуць ведаць, хто вінаваты ў іхнай сьмерці, а хто не, хто дзейнічаў у роспачы, а хто забіў халаднакроўна, сьведама, падтрымоўваючы гэтым сілы зла або аддаючы перавагу праграме нейкай палітычнай партыі перад голасам Бога і сумленьня. Улічваючы складанасьць праблемы вернік ня можа абмежавацца сваім „не” абортам або праявам злачынства. Першым і галоўным канструктыўным падыходам да праблемы зьяўляецца адпаведная асьвета, каб лепш пазнаць і ацаніць сваю ўласную сэксуальнасьць. Абортаў дапускаюцца ў першую чаргу тыя, што ня ўмелі належна ўжываць сваю сэксуальнасьць, хто ўжываў яе, не азіраючыся на вынікі, аддзяляючы яе ад сапраўднай любові. Тыя, што ніколі сур’ёзна ня ставіліся да сваіх абавязкаў, якія выплываюць са статусу бацькі або маці. Вернік, сьвядомы таго, што гэтыя праблемы ўзьнікаюць не заўсёды па віне канкрэтных асоб і таму павінен ён імкнуцца разам з Царквою і з дапамогай навукі сумленна і пасьпяхова разьвязаць праблему нараджальнасьці. Абортаў проста будзе менш, калі менш будзе дзяцей, якіх ніхто не чакае і ня хоча. Многія, асабліва сярод элітаў грамадзтва, дапускаюцца абортаў па эгаістычных меркаваньнях, замілаваньні да лёгкага, свавольнага жыцьця без маральнай вуздэчкі. Многія іншыя, аднак, рашаюцца на аборт з прычыны цяжкой, матэрыяльнай сытуацыі, адсутнасьці жыльля, працы, зацкаваньня непрыязным асяродзьдзем. Кожныя бацькі могуць у сваім уласным жыцьці сутыкнуцца з такой сытуацыяй, калі іх непаўналетняя дачка зацяжарыць. У такім выпадку ад таго, што для іх важнейшае: ці гэтак званая добрая рэпутацыя, ці чалавечае жыцьцё, залежыць тое, якія яны хрысьціяне. Тых, хто сутыкнуўся з праблемай заўчаснага мацярынства, трэба спачатку зразумець, каб дапамагчы ім і не дапусьціць да такой трагічнай разьвязкі, якой зьяўляецца аборт — сьмяротнае пакараньне, накіраванае найперш супраць сябе, а потым уласнага дзіцяці. Калі чытаем евангельскае апавяданьне пра Ірада і калі згадваем усіх сучасных „Ірадаў”, не выпадае, аднак, жадаць ім зла, але таго, каб апамяталіся і жылі. Хай жывуць усе і ня будзе больш чуваць на зямлі плачу Рахіль. „Люд... убачыў вялікае сьвятло” (Мацьв. 4, 12-17) Чытаньне з 4-га разьдзелу Евангельля паводле Мацьвея абвяшчае вялікае сьвятло і невыказную радасьць. Хрыстос, прыйшоўшы на сьвет, прынёс людзям ня толькі дараваньне грахоў, але такcама сьвятло і радасьць. Такім чынам зьдзейсьнілася чарговае Божае абяцаньне са Старога Запавету. Прарок Ісая зьвяртаецца да галілеянаў, якіх у 732 годзе асырыйскі цар вёў у палон. Народ ішоў зьняволены і прыгнечаны да краіны сваёй ссылкі, ішоў у роспачы, быццам у цемры. І яму прарок прадказвае неспадзяванае сьвятло, канец няволі, радаснае вяртаньне на Радзіму: „Люд, што хадзіў у цемры, убачыў сьвятло вялікае і тым, што сядзелі ў краіне і цяні сьмерці, зазьзяла сьвятло... яны радаваліся перад Табою, як радуюцца ў жніво, як весяляцца ў часе падзелу здабытку” (Іс. 9, 2-3). Гэта таксама абяцаньне ўсяму чалавецтву, якое стогне, жывучы пад ярмом зла і ў няволі грэху, людзям згорбленым пад ярмом уласных выпрабаваньняў. Неўзабаве пасьля свайго хрышчэньня Хрыстос прыбыў у Капернаум у Галілеі, адкуль некалі яўрэяў вывезьлі ў палон. Прысутнасьць Хрыста менавіта ў гэтым месцы была для Евангеліста відавочным зьдзяйсьненьнем старадаўняга прароцтва . „Я — сьвятло сьвету” (Яан. 8, 12), — кажа Ён пра Сябе. Што азначае сьвятло? Гэта „дарога, праўда і перш за ўсё жыцьцё”. Хрыстос зьяўляецца дарогай і праўдай, значыць, гарантам дасягненьня мэты і спадарожнікам, адзіным, хто можа прывесьці да Бога. „Ніхто не прыходзіць да Айца інакш як толькі празь Мяне” (Яан. 14,6). З гэтай прычыны Ён таксама жыцьцё і канец зямнога пілігрымсттва, узанагарода і мэта людзкога існаваньня. Ён вызваляе нас з абдымкаў сьмерці. Сьвятло заўсёды асацыюецца з жыцьцём: пра нованароджанае дзіцё гаворыцца, што ўбачыла сьвятло. Хрыстос спалучае гэтыя дзьве каштоўнасьці і кажа пра Сябе: „Хто ідзе за Мною, будзе мець сьвятло жыцьця” (Яан. 8, 12). Хрыстос зьяўляецца таксама радасьцяй. Калі нарадзіўся, быў аб’яўлены як „вялікая радасьць, якая будзе ўсім людзям” (Лук. 2, 10). Сэнс Ягонага жыцьця, мабыць, заключаецца ў словах выказаных незадоўга да сьмерці: „Каб радасьць Мая была ў вас і каб радасьць ваша была поўнай” (Яан. 15, 11; 16, 24). Само слова „Евангельле” азначае „добрую навіну”, якая таксама асацыюецца з радасьцяй. „Я прыйшоў, каб прынесьці жыцьцё”, — кажа Ісус (Яан. 10, 10). Радасьць — гэта нішто іншае як жыцьцё і прытым — паўната жыцьця. Радасьць павінна квітнець усюды там, дзе пашыраецца Евангельле, нават калі-б яна мела быць „перапоўненая няшчасьцем” (параўнай: 2 Кар. 7, 4). Радасьць зьяўляецца прыкметай таго, што ў верніку жыве Сьвяты Дух, які ахвяроўвае „любоў, радасьць і мір” (Гал. 5, 22). Бязбожны сьвет кідае нам выклік ці самі ўмеем радавацца і ці іншых умеем учыніць такімі. Гэта выклік спрадвечны, як сама вера ў Бога. Ужо прарок Ісая некалькі стагодзьдзяў перад Хрыстом заўважыў гэты выклік кінуты паганцамі: „Сказалі браты вашы, якія вас ненавідзяць: пакажыце нам радасьць вашу” (Іс. 66, 5). Чаму-ж тады не заўсёды бываем радаснымі? Мабыць таму, што словы Евангельля яшчэ не дайшлі да нашых сэрцаў. Мы далей нагадваем тыя сумныя натоўпы, якія згорбленыя накіроўваліся ў палон. Падчас нядзельнай Сьвятой Літургіі ў нас павінна наступіць тая зьмена, пра якую гаворыць прарок Ісая. Прыходзячы ў храм, мы часткова нагадваем тых паняволеных, стомленых і заплаканых галілеянаў. Нас прыгнятаюць штодзённыя турботы і хваляваньні: мы ня ў змозе разьвязаць сваіх будзённых праблемаў і гатовы апусьціць рукі. Аднак менавіта храм зьяўляецца той лячэбніцай, якой заўсёды маем магчымасьць пакарыстацца. Пакідаючы храм, падмацаваныя Словам Божым, Споведзьдзю і Сьвятым Прычасьцем, мы павінны нагадваць тых, што з радасьцяй вяртаюцца са жніва, нясучы ў руках снапы (Пс. 126, 6). Трэба нам быць як тыя людзі, „якія напоўнілі сэрцы радасьцяй”, каб несьці яе сьвету як доказ зьдзейсьненага Хрыстом выкупленьня. Памятайма заўсёды аб цудоўным тэксьце Сьвятога Пісаньня: „Радасьць у Госпадзе вашым падмацаваньнем” (Неем. 8, 10). Таксама і сёньня наша моц перакананьня ў дачыненьні да сучаснага сьвету павінна асноўвацца на радасьці, якая плыве са слоў Гасподніх. „За каго людзі ўважаюць мяне” (Мацьв. 16, 13-20) Гэтага пытаньня, зь якім у Кесарыі Філіпавай Хрыстос зьвярнуўся да сваіх вучняў, ня можа пазьбегнуць ніводзін вернік. Кім на самай справе зьяўляецца той Ісус, Які за кожнай багаслужбай прамаўляе да нас і пра Якога мы столькі гаворым? На самай справе Ісус задаў Апосталам два пытаньні: „За каго людзі ўважаюць Мяне?” і „За каго вы мяне ўважаеце?” Першая частка пытаньня тычыцца людзей звонку, тых, якія пра Хрыста чулі або бачылі, аднак не далучыліся да Яго. На самай справе Хрыстос ня мусіў пытацца, за каго ўважаюць Яго людзі: гэтае пытаньне было патрэбнае вернікам. Дык за каго ўважаюць Хрыста сучасныя людзі. Паглядзім сьпярша зь якімі пачуцьцямі ставіцца да Ісуса моладзь, тая бунтарская, непадатлівая на аўтарытэты, моладзь скептычная, імпульсіўная, але адначасова поўная энтузіязму і энэргіі. Мабыць, найлепш пачуцьці маладых выказвае Магдаліна зь фільму „Джызус Крайст супэрстар”; для іх, дарэчы, зробленага. Гэты мюзікль паказвае Хрыста выключна як чалавека поўнага дылемаў, самотнага і стомленага, але адначасова чалавека, які не ідзе на кампрамісы, мае чыстыя намеры, які ня мае сьледу фальшу. Ён не пагарджае вельмі чалавечымі пачуцьцямі Магдаліны, але дастаткова толькі далікатнага ўплыву, каб зьмяніць яе і каб зь ейных вуснаў раздаўся вокліч бы нованароджанага дзіцяці: „Я — зьмененая, я — іншая”. Ці дастаткова толькі сказаць: „Гэта чалавек і толькі чалавек?” Мы пераконваемся, што гэта няпоўная праўда і зноў стаім перад дылемай: „Ісусе, хто Ты?” Ёсьць людзі, якія адказваюць гэтак, як дзьве тысячы гадоў таму: гэта прарок! Да такіх людзей належаць палітыкі, некаторыя памяркоўныя марксісты або дзеячы, якія вераць у магутнасьць чалавечага розуму і магчымасьць паляпшэньня сьвету. Яны гавораць пра Хрыста, як пра гістарычнага прарока, вялікага настаўніка, але не пра Божага прарока. Такія людзі прызнаюць, што Настаўнік з Назарэту адмяніў забабоны і боязі, даў людзям пачуцьцё высокай годнасьці, а таксама права голасу бедным, прыніжаным і эксплуатаваным, рыхтуючы іх да сарваньня аковаў і вызваленьня. „Ісус зьяўляецца палітычным пакутнікам, паколькі выступіў супраць улады. Зілотам, які змагаўся разам зь іншымі патрыётамі за вызваленьне сваёй Радзімы ад рымскага паняволеньня. Такім бачаць Хрыста ўсе ідэолягі рэвалюцыі і грамадзкіх пераўтварэньняў. Яшчэ іншы адказ на тое самае пытаньне даюць філёзафы і тэолягі. „Гэта свабодны чалавек, які на Вялікдзень заражае людзей Сваёй веліччу”, — кажа адзін зь філёзафаў, але, паводле яго, Ісус быў „атэістам”, які зьявіўся ў выніку „сьмерці Бога” і таму такі тэзіс немагчыма прыняць. Хрыстос — „поўны чалавек, які поўнасьцю ажыцьцявіў усе магчымасьці, якія стаялі перад чалавекам і таму можа быць узорным прыкладам чалавечага існаваньня”, — лічыць іншы філёзаф. „У Ім аб’явіўся найбольш дасканальна і канчаткова Бог, аднак Ён не зьяўляецца Богам, толькі тым, у кім Бог прабывае”, — лічаць яшчэ іншыя. Прыблізна такія адказы даюць сучасныя людзі. Калі-б Хрысту залежала толькі на тым, за каго ўважаюць Яго людзі, дык абмежаваўся-б толькі гэтай часткай пытаньня. Аднак, выяўляючы свой сапраўдны намер, Ён задае іншае пытаньне: „А за каго вы ўважаеце Мяне”, вы, якія Мяне ведаеце і якія прынялі Маё Слова? На самай справе мы ня мусім выдумляць новага адказу, паколькі ўвесь час актуальны адказ Пятра: „Ты —Хрыстос, Сын Бога Жывога”. У гэтых словах заключаецца ўся хрысталёгія. Гэты адказ паглыблялі Сьвятыя Айцы і Ўсяленскія Саборы, ён дайшоў да нас у выглядзе Сымбалю Веры: „Веру... у адзінага Госпада нашага Ісуса Хрыста, Сына Божага, Адзінароднага, народжанага з Айца перад усімі вякамі, Сьвятло ад Сьвятла, Бога праўдзівага ад Бога праўдзівага, нястворанага, але народжанага... Ён дзеля нас і дзеля нашага збаўленьня зышоў зь Неба і прыняў цела ад Духа Сьвятога і Марыі Дзевы і стаўся Чалавекам”. У сваіх малітвах і навучаньні Праваслаўная Царква бясконца нагадвае, што Ісус — ня толькі чалавек або прарок, але Бог, „Які з намі”. Такім чынам адказ на пытаньне кім для нас зьяўляецца Хрыстос дае вера, у адрозьненьне ад згаданых раней людзей, якія ня вераць, але „шукаюць”. Гэта могуць быць добрасумленныя пошукі: праз уласнае дасьведчаньне, розум або навуку, але ўсё роўна гэта толькі пошукі. Розьніца паміж двума адказамі дакладна такая, як паміж Трыма Валхвамі, якія ішлі ў Віфляем, і тымі, якія вярталіся адтуль. Першыя ішлі дакладна распытваючы пра Дзіцё, а другія, убачыўшы Яго, упалі перад Ім і пакланіліся прызнаючы ў Ім Бога. Аднак паўтараемы за Апосталам стандартны адказ становіцца мёртвым, калі яго безупынна не аднаўляць, не перажываць і „прышчапляць” наступнаму пакаленьню і культуры. Адказ, які сам у сабе жывы, ня будзе мець для нас значэньня, калі будзем яго машынальна паўтараць бы завучаны верш, калі яго не прысвоім і ён ня станецца часткай нас саміх. Мы ня можам хавацца за сьпіной іншых, паколькі Ісус пытае кожнага з нас асобна: „А за каго ты Мяне ўважаеш?” Тут пяройдзем да разважаньня пра сьведчаньне. Трэба сабраць нам пачуцьці ў дачыненьні да Хрыста, як зрабілі гэта вучні на другі дзень пасьля ўваскрэсеньня: „І мне таксама зьявіўся, я распазнаў Яго пры ламаньні хлеба. І ў нас сэрца пылала, калі мы размаўлялі зь Ім!” Гэтак нараджалася вера Царквы і гэтак за кожным разам адраджаецца і аднаўляецца празь веру вернікаў, на падабенства будынку, які ўвесь час новы, але абаперты на аднойчы пакладзеным фундаманце Апосталаў і Прарокаў і ўмацаваны Духам Сьвятым. Аднак трэба яшчэ раз вярнуцца да адказаў людзей, якія, як гаварылася, былі выявай пошукаў, а ня веры, дарогі, а ня мэты. Але ці-ж разьведваньне пра Дзіцё для нас, што ўжо знайшлі Дзіцё і Маці, непатрэбнае? Безумоўна не. Яно неабходнае для веры так, як неабходны плуг, каб узварушыць зямлю, перавярнуць скібы, дастаць зь зямлі схаваныя ў ёй рэсурсы, каб магла атрымаць паветра, дождж і, дзякуючы гэтаму, прынесла плён. Пошукі ажыўляюць веру, але перш за ўсё надаюць ёй форму. Хрыстос стаўся-б асобай, якая паступова зьблякла-б у цемры мінуўшчыны, калі-б людзі ўвесь час не задавалі сабе пытаньня хто Ён, калі-б не супастаўлялі Яго асобы з уласнымі праблемамі і ўсё новымі выклікамі, якія нясе час. Гэтую працу бязбожнікі міжвольна выконваюць для нас. Яны ўздымаюць усё новыя пытаньні, гэтым самым прымушаючы нас даваць на іх адказы. Колькі-ж праўдаў мы выявілі, дзякуючы засяроджаньню ўвагі толькі на чалавечай натуры Хрыста, або дзякуючы зьвязваньню Яго з гісторыяй праз прыхільнікаў Ісуса як „палітычнага пакутніка”. Усё гэта былі адказы толькі часткова праўдзівыя , недастатковыя, занадта залежныя ад патрабаваньняў і моды ў дадзеную эпоху і таму Царква слушна асудзіла іх як ерасі. Аднак, ці бяз гэтых галасоў, неаднойчы цынічных і правакацыйных, мы калі-небудзь прыйшлі-б да высновы, што хрысьціянін на Евангельлі павінен абапіраць сваю грамадзкую і палітычную дзейнасьць? Ці застанавіліся-б мы, у якой ступені „пасрэднік паміж Богам і людзьмі” быў сапраўды чалавекам, менавіта „чалавекам Ісусам Хрыстом?” (1 Цім. 2, 5). Яны затрымаліся на тым, як мелецца збожжа і нарыхтоўваюцца просфары, ужываныя ў час Сьвятой Літургіі. Аднак гэтак сябе паводзячы, яны дазволілі нам лепш зразумець утоеную асобу Хрыста і Яго боскасьць. Яны наблізіліся да Ісуса „ззаду”, дакранаючыся Ягонай вопраткі (Марк 5, 25), як жанчына, якая пакутавала кровацячэньнем. Мы ня можам мець упэўненасьці, ці і да іх не павернецца Хрыстос, адчуваючы, што яны спрабуюць дакрануцца да Яго празь Ягоную цялеснасьць і ці не дазволіць ім поўнасьцю зразумець Сябе? У Евангельлі гаворыцца, што Хрыстос загадаў вучням „нікому не гаварыць, што Ён — Збавіцель”, але гэтая забарона ўжо нас ня тычыцца. Тады маўчаньне было неабходнае, каб вучні захавалі для сябе „месіянскую таямніцу”, бо людзі яшчэ былі непадрыхтаваныя да яе прыняцьця. Сёньня наадварот. Нам, сваім вучням, Хрыстос загадвае гаварыць усім, што Ён — Месія, асабліва тым, якія надалей пытаюць: кім зьяўляецца Ісус з Назарэту? Бог кліча і заклікае (Марк. 1, 14-20) Большасьць людзей хацела-б пражыць жыцьцё як мага лягчэй і прыемней, без балясту непрыемных абмежаваньняў: гэтага нельга, гэта не выпадае... Аднак, нават прыналежнасьць да нейкай арганізацыі ўскладае на чалавека абавязкі і тое самае тычыцца веры. Пра веру сказана, што яна без учынкаў — мёртвая. Напэўна таксама зь ёю неад’емна зьвязана і малітва. Наша штодзённая малітва зьяўляецца гутаркай з Богам, але трэба адзначыць, што і Бог прамаўляе да чалавека: перш за ўсё праз створаны сьвет. Аўтар Кнігі Прамудрасьцяў зьдзіўляецца, чаму знайшліся людзі, якія бачучы навакольны сьвет, не адгадалі ў ім знакаў Вялікага Стваральніка. Вось там Бог вырашыў даць чалавеку іншы знак — Сваё Аб’яўленьне. Апостал Павал у Лісьце да яўрэяў гаворыць, што ўжо шмат разоў і ўсялякімі спосабамі Бог прамаўляў да бацькоў нашых праз прарокаў, аж нарэшце прамовіў праз Свайго Сына. Прароку Іону было даручана пайсьці у Ніневію, сталіцу магутнай Асырыі, каб заклікаць людзей да раскаяньня. Ён стаўся апосталам божай міласэрнасьці, хаця ня можа зразумець, чаму Бог гэтак лёгка дараваў Ніневіі. Узьнікае пытаньне: чаму Бог праз сваіх абраньнікаў бясконца мусіць зьвяртацца да чалавека? Ці-ж не дастаткова раз сказанага Слова, раз прынятага Хросту? Некаторым гэтага хапае: яны ўсведамляюць важнасьць і аўтарытэт сказанага Богам. Аднак чалавек любіць пастаяць на сваім і нават Богу сказаць „не”. Дык чыя віна, што мы ніколі не сустрэлі Бога? Пачынаючы з Кнігі Быцьця: „Дзе ты, Адаме?” (3, 9), ажно да Кнігі Адкрыцьця: „Вось стаю ля дзьвярэй сэрца і стукаю. Калі хто пачуе голас Мой і адчыніць дзьверы, увайду да яго і буду вячэраць зь ім” (3, 20), Бог шукаў чалавека і далей стукае ў нашы дзьверы. „Ты не шукаў-бы мяне, — гаворыць Бог у Паскаля. — Калі-б раней не знайшоў мяне”. „Калі-б я цябе раней не знайшоў”. Бога можна забыцца, адрачыся, пакінуць або здрадзіць, але Ён застаецца Збаўцам, верным Айцом назаўсёды. Сыну нельга перастаць быць Сынам, ні Айцу — Айцом. Зараз у пэрспектыве амаль двух тысячагодзьдзяў неаднойчы ставіцца пытаньне: як лепш — верыць ці не верыць? Гэта праўда, што вера дазваляе рэальна і ў адпаведных прапорцыях глядзець на сьвет і бачыць у ім усе каштоўнасьці: Бога, людзей і нават матэрыю. Яна ў разрозьненым сьвеце барацьбы за выжываньне пераконвае нас, што ўсе людзі — браты. Але і праўда, што многія людзі ўхіляюцца ад веры, таму што яна ставіць шматлікія патрабаваньні. Такім людзям вера зьяўляецца барыкадай, бо кажа: гэтага табе нельга, таго не рэкамендуецца. Такія людзі веру прадаюць за ўяўны спакой або выгаду. У кнізе Генрыка Сянкевіча поўны энтузіязму і захапленьня Вініцый тлумачыць Пэтронію, якой цудоўнай з’яўляецца хрысьціянская рэлігія і выказвае спадзяваньне, што ён, такі інтэлігэнтны і разумны чалавек, напэўна яе прыме. Аднак Пэтроній спакойна і цынічна адказаў: „Я не прыму яе, хаця-б у ёй была адна праўда і мудрасьць чалавечая і боская. Гэта патрабавала-б з майго боку намаганьняў, а я не люблю гэтага. Гэта патрабавала-б самаадрачэньня, а я не люблю ад нічога адмаўляцца”. Калі поўнасьцю нам адкрыецца Божае Слова, мы зразумеем Аб’яўленьне і тое, што Бог далёка лепшы, больш зычлівы і прыязны нам, чымсьці раней нам здавалася. Ён шукаў сяброўства ў людзей, шукаў нас тады, калі мы пакідалі бацькоўскую хату, чакаў вяртаньня, а калі вярталіся, чульліва сустракаў нас. Трэба шчыра прызнацца: мы ўсе неадродныя дзеці сваёй эпохі, усе заражаны супольнай хваробай жыцьцёвай выгады, як мага найлягчэйшага жыцьця. І таму што вера — цяжкая, яна ў небясьпецы. Яна патрабуе ад нас ня толькі прызнаць тое, да чаго ня можам дакрануцца, але і тое, што ёй трэба прысьвяціць шмат часу хаця-б для ўдзелу ў рэлігійных практыках, ня кажучы ўжо пра маральныя патрабаваньні. Усьведаміўшы ўсё гэта шмат каму хочацца пайсьці іншай дарогай. Ён, праўда, запэўнівае, што верыць у Бога, што Бог несумнена існуе, але не давярае Яго Слову. „Пакайцеся і верце ў Евангельле”, — заклікаў Хрыстос сваіх першых вучняў і слухачоў. Мы павінны менавіта адрозьніваць дзьве розныя рэчы: веру ў Евангельле і вернасьць Евангельлю. Мы верым ва ўсе зьмешчаныя ў Евангельлі словы і факты, але калі ня бачна гэтага ў жыцьці, дык такая вера мёртвая, гэта слова бяз гуку і факел без агню. Праўды толькі вядомыя, але не перажываныя, вера бязь вернасьці — гэта наагул ня вера. Бог самымі рознымі спосабамі прамаўляе да нас і кліча нас гэтак, як паклікаў першых вучняў. У адказ на гэты заклік Апосталы ня проста выявілі жаданьне, бо хацець — гэта мала. Яны адразу пакінулі сеткі і пайшлі за Ім. Тое самае тычыцца і нас. Трэба рушыць зь месца і прыняць гэтую новую, няведамую прапанову і гэта павінна быць пастанова імгненная і канчатковая. „Любіце ворагаў сваіх” (Мацьв. 5, 38-48) „Любіце ворагаў вашых, бласлаўляйце кляцьбітоў вашых, рабеце дабро ненавісьнікам вашым і маліцеся за крыўдзіцеляў і за ганіцеляў вашых”. Гэтыя словы прагучэлі ў той час, калі слухачы ня толькі добра ведалі прынцып „вока за вока, зуб за зуб”, але і лічылі яго абсалютна слушным. Несумнена, шмат хто падумаў: як-жа гэта так? заміж бараніцца настаўляць правую шчаку, калі цябе ўдараць у левую? Ніхто да Хрыста не абвяшчаў такіх радыкальных прынцыпаў: гэта была сапраўдня, евангельская рэвалюцыя. „Калі вы будзеце любіць тых, што любяць вас, якая вам узнагарода? Ці-ж ня гэтак робяць і паганцы? Будзьце дасканалыя ў практыкаваньні міласэрнасьці, будзьце гераічныя ў поўным прабачэньні, як гэта робіць ваш Айцец Нябесны”, — такі асноўны заклік Хрыста. Ці мы ўмеем быць такімі дасканалымі? Ці здольныя мы гэтак як Хрсытос на Крыжы прасіць: „Ойча, даруй ім”. Гэта нялёгкае заданьне, але такі якраз ідэал і мэта. Хрыстос не прапаведаваў мараль прыстасаваную да чалавека. Ён прыйшоў на сьвет, каб чалавека зрабіць падобным на Бога, а не Бога нагнуць да ўзроўню чалавека. Дзеля гэтага Ён пакінуў нам сродкі, якія аб’ектыўна перарастаюць нас саміх і нашы сьціплыя сілы: гэта Ягонае Слова, прыклад і ласка. Аб пасьпяховасьці гэтых сродкаў сьведчыць прыклад пакутнікаў, якія прабачалі сваім катам. „Госпадзе, не палічы ім грэху гэтага”, — клікаў першы пакутнік Сьцяпан (Дзеі. 7, 60). Аб гэтым сьведчыць прыклад шматлікіх людзей, якіх ня ведаем, але якія ўмелі перамагаць зло дабром, зьнявагі — прабачэньнем, гвалт — лагоднасьцяй. Няўжо хрысьціянамі могуць называцца толькі тыя нешматлікія героі? А што з усімі астатнімі? Астатнія, значыць усе мы, знаходзімся яшчэ на шляху да мэты, імкнемся да яе, адначасова ведаючы, што яна заўсёды будзе далей, чымсьці здолеем дайсьці. Аднак не зважаючы і на гэтае, мы таксама хрысьціяне, бо хрысьціянінам зьяўляецца ня толькі той, хто дасягнуў сьвятасьць, але і той, хто імкнецца да яе, хто падае, але ўстае, хто мусіць шэраг разоў прадпрымаць спробы прабачыць свайму брату, бо ня ўмее гэтага зрабіць раз і назаўсёды. Застаецца яшчэ пытаньне: якім быў-бы сьвет і міжчалавечыя адносіны, калі-б усе, згодна Хрыстоваму закліку, настаўлялі для ўдару другую шчаку? На жаль, ня ведаем як выглядаў-бы сьвет, бо чалавецтва ніколі не было дастаткова „Хрыстовым”, каб праверыць гэтае. Вядома толькі, што тыя, якія жылі і жывуць паводле Ісусавай парады „любіць ворагаў сваіх”, знаходзяць, дзякуючы гэтаму, унутраны мір, якога немагчыма дасягнуць адплачваючы паводле прынцыпу „вока за вока”. Іхная чалавечая годнасьць, якая ў момант зьнявагі выглядала на прыніжаную і растаптаную, якая была гатова выкрычаць свой гнеў, не была, аднак, прыніжана прабачэньнем, але наадварот — вельмі ўзбагацілася. Неаднойчы гэткім чынам можна здабыць адданых сяброў і прыхільнікаў. Сужэнствы, якія перажылі крызіс, выратаваліся і да сёньня шчасьлівыя дзякуючы прабачэньню. Дзякуючы яму мы становімся ўсё больш людзкімі. З другога боку, на штодзень можам назіраць вынікі таго, калі не выконваюцца прынцыпы, да якіх заклікаў Хрыстос. Ёсьць краіны, напрыклад на Блізкім Усходзе, дзе тэрарызм зьяўляецца адказам на зьнявагі і прыгнёт, а рэпрэсіі — адказам на тэрарызм. Там літаральна ажыцьцяўляецца прынцып „вока за вока і зуб за зуб” і гэта лічыцца палітычна разумным. Апостал Павал пісаў аднак, што „мудрасьць сьвету гэтага ёсьць дурнота перад Богам, як напісана: ловіць мудрых у хітрасьці іхнай” (1 Кар. 3, 19). Такія дзеяньні нічога не разьвязваюць, не разрываюць ланцуга зла, але павялічваюць зло і пагаршаюць сытуацыю. Помста правакуе рэванш і гэтак будзе, на жаль, да канца сьвету. Аднак мірэньне і кампраміс даюць лепшыя вынікі чымсьці працяглыя спрэчкі і судовыя працэсы. Можна адстаяць сваю пазіцыю, але прайграць нешта больш каштоўнае: магчымасьць паразуменьня і прымірэньня з другім чалавекам. Варта проста крыху страціць, каб ня страціць усё! Разыходжаньні паміж ідэалам і рэчаіснасьцяй не павінны зьнеахвочваць. Мы проста не павінны нагінаць Евангельле да рэчаіснасьці, але ажыцьцяўляць яго, пачынаючы са свайго найбліжэйшага акружэньня. Мы не павінны ўжо мець ворагаў. Хрыстос устараніў іх і зрабіў нашымі братамі. Ахвяра Хрыста — акт высакароднай уступчывасьці з боку Бога, але гэтая ўступчывасьць здабыла і далей здабывае Хрысту мільёны душаў. „На чым будуем?” (Мацьв. 7, 21-29) Хрысьціянін прызваны да росту з дапамогай ласкі і асабістага намаганьня ажно да часу дасягненьня сьпеласьці ў веры або „поўнага падабенства да Хрыста”. Гэта наш час, час адведзены нам дзеля самарэалізацыі. Гэтае заданьне Хрыстос прадстаўляе на прыкладзе пабудовы дому. Ён гаворыць, што „хто слухае Ягоныя словы і выконвае іх, прыпадобніцца да мужа разумнага, які збудаваў дом свой на камені, а кожны, хто слухае словы Ягоныя і не выконвае іх, прыпадобніцца да мужа неразважлівага, які паставіў свой дом на пяску”. Людзі будуюць вельмі шмат, неаднойчы зашмат, на чалавечых словах і дэклярацыях, на абяцаньнях палітыкаў, запэўненьнях сяброў або шлюбных прысягах мужа ці жонкі, але выяўляецца, што няварта было на іх абапірацца, бо гэтая падстава няўстойлівая бы пясок. Шмат таксама будуем на ўласных словах, прысягах і абяцаньнях, якіх аднак не выконваем, або на здагадках, якія аказваюцца памылковымі. У выніку — гэта таксама будаваньне на пяску. Прытча Хрыстовая ясная, сьціслая і вельмі красамоўная. Нам здаецца, што бачым, як гэтыя два дамы растуць, супраціўляюцца ветрам і навальніцам і нарэшце, як адзін зь іх ператвараецца ў кучу развалін, а другі застаецца непарушны. Хрыстос сьпярша дае тлумачэньне і толькі потым расказвае прытчу. Адразу гаворыць, хто будуе на камені і хто на пяску. Будаўнікі маюць шмат супольнага: і адны, і другія пазналі Ісуса і чулі Ягоныя словы. Аднак значэньне маюць ня проста любыя словы, але тыя, якія мы ператвараем у дзеяньне. Калі штосьці будзе толькі выслуханае, нават зь вялікай увагай, ніколі ня станецца фундамантам. Розьніца паміж будаўнікамі заключалася ў тым, што адзін ператварае словы Хрыста ў дзеяньне, а іншы — не. Адзін выконвае волю Айца, а іншы абмяжоўваецца толькі воклічам „Госпадзе, Госпадзе”, выстаўляючы прытым патрабаваньні толькі зза таго, што прамаўляе ад імя Ісуса. Гэтую прытчу можна назваць Евангельлем хрысьціянскай канкрэтнасьці і згоднасьці з вызнаванай верай: суладзьдзя паміж словамі і фактамі, паміж дэклярацыямі і жыцьцём. Гэтай прытчай Хрыстос пазбавіў нас ілюзіяў. Спрытнюгаў і тых, хто сваім красамоўствам здольны адчыніць любыя дзьверы, пазбавіў упэўненасьці, што нейкім чынам выкруцяцца ад адказнасьці. Брама, за якой знаходзіцца Бог і якая вядзе да Царства Нябеснага будзе адчынена толькі таму, хто выконвае волю Айца. „Ня кожны, хто гаворыць Мне Госпадзе, Госпадзе ўвойдзе ў Царства Нябеснае, толькі той, хто выконвае волю Айца”. Ня той, хто гаворыць, але той, хто робіць. Гэты апошні будуе на камені, бо каменем якраз воля Божая. Той, хто будуе на камені, ставіць дом салідны, прыгожы і гасьцінны. Не адчувае нават цяжару будаваньня, але хутчэй за ўсё радасьць, што пад яго дах прыходзіць Бог усякага суцяшэньня, каб згодна абяцаньню жыць у ім: „Хто любіць Мяне, той выконвае Маю навуку і Айцец Мой палюбіць яго і прыйдзем да яго і будзем прабываць зь ім” (Яан. 14, 23). Ветры, навальніцы, непагадзь, значыць, спакусы, цяжкасьці, непаразуменьні і пакуты не абмінуць такога верніка, бо Хрыстос ніколі не абяцаў сваім вучням бестурботнае жыцьцё, але ласку, якая дазваляе мужна перанесьці ўсе цяжкасьці. На некаторы час жыцьцёвыя вятры і навальніцы могуць пахіснуць вернікам і нават патапіць яго, але калі міне выпрабаваньне, ён далей будзе стаяць на сваім месцы, гэтак як дом на камені пасьля паводкі. Калі каменем, на якім можна будаваць, зьяўляецца воля Божая, дык яна „сталася целам”, матэрыялізавалася ў Ісусе Хрысьце. У Евангельлі маецца на ўвазе слова, якім зьяўляецца сам Ісус Хрыстос. Апостал Павал кажа: „Вы пабудаваны на фундаманце апосталаў і прарокаў, маючы краевугольным каменем самога Ісуса Хрыста” (Эф. 2, 20). Таксама Апостал Пётр называе Хрыста „краевугольным каменем”, каменем, на якім ахрышчаныя будуюцца як жывыя камяні (параўнай: 1 Пятр. 2, 5-6). Ён — уцялесьненае Слова, празь якое Бог выказваецца найбольш дасканала. Хрыстос зьяўляецца збавіцельным Словам Божым. Яно дазваляе нам пазнаць Бога, удасканаліць сябе і збавіць. Прыняць Слова Хрыстовае, значыць поўнасьцю прыняць Яго Самога: праўды, якія Ён аб’явіў, узор жыцьця, які Ён нам пакінуў, ласку, якую атрымоўваем у таінствах і, нарэшце, Яго Самога ў Таінстве Эўхарыстыі. Нельга гэтага зрабіць „трохі” або „часткова”. Пра такіх людзей сказана ў Сьвятым Пісаньні: „Ты ні халодны, ні гарачы” (Адкр. 3, 15). Толькі пад умовай поўнага прыняцьця Хрыстос станецца нашым фундамантам непадатлівым на дажджы, вятры і патокі. „Калі ня Госпад будуе дом, дарэмны намаганьні будаўнікоў”, — сказана ў Кнізе Псальмаў (127, 1). На камені Хрыстос пабудаваў дом для Божай сям’і, Сваю Царкву і сказаў, што „брамы пякельныя не адолеюць яе” (Мацьв. 16, 18). Як цудоўна прыгадаць гэтае абяцаньне, калі вакол Царквы безупынна лютуе бура і дзьме напорысты вецер супраціву. Царква выстаіць, калі ў ёй і на фундаманце Хрыста мы будзем дзень за днём будаваць сваё жыцьцё. Цудоўны ўлоў рыбы (Лук. 5, 1-11) „Настаўнік! мы працавалі цэлую ноч, але нічога не злавілі, але на Тваё слова закіну сетку”, — так сказаў зьнявераны Пётр пасьля бясплённай лоўлі рыб. Ён паслухаў Настаўніка і злавіў небывалую колькасьць рыбы. Гэтыя словы Апостала павінны быць таксама нашым эпіграфам у жыцьці поўным няўдачаў і паразаў. Калі яны ўвойдуць у нашу штодзённую малітву, калі імі будзем адказваць на Хрыстовыя заклікі, парады і запаветы, тады зьдзейсьніцца пералом у нашым шэрым, будзённым жыцьці, пачнецца час цудоўнага ўлову рыбы. Гэты ўлоў — посьпех у тым, што мы робім і што неаднойчы доўга не атрымоўваецца. Гэта таксама ўдача ў тым, да чаго былі пакліканы Апосталы ды іхныя пераймальнікі: у прыцягненьні людзей да Царквы словам і вернасьцю Евангельлю. Калі бачым перапоўненыя храмы або чытаем статыстыкі пра мільёны праваслаўных ды іншых хрысьціян ува ўсім сьвеце, ня трэба заўчасна захапляцца, бо і няма чым хваліцца. Прыблізна на сем мільярдаў усяго насельніцтва плянэты хрысьціяне ўсіх веравызнаньняў складаюць менш за яго чвэрць. Двух тысячагодзьдзяў не хапіла, каб ва ўсе канцы Зямлі данесьці Дабравесьце Хрыстовае. Значыць, або сілаў не хапае, або няздатныя для лоўлі сеткі. Падумаем аб тым, колькі людзей, а іх пераважная большасьць, ня ведаюць Хрыста, не паверылі ў Яго і не прынялі, або колькі тых, што нібыта вераць, але не жывуць паводле Ягоных запаветаў. Гэта тычыцца і нашай краіны. Хрыстос гаворыць нам гэтак, як перад Сваім Узьнясеньнем: „Ідзіце і навучыце ўсе народы... будзьце лаўцамі людзей”. Трэба, не апускаючы рук, бясконца выплываць на глыбокія воды і закідаць сетку. Рабіць гэта трэба цярпліва і пасьлядоўна, з пашанай для культуры, традыцыі і гісторыі народаў, з павагай для свабоды чалавека і зь верай, што прыйдзе час, калі сеткі будуць рвацца ад улову. Станецца гэта напэўна ў дзень, пра які сказана ў Кнізе Адкрыцьця: „Я глянуў і вось вялікі натоўп, якога ня мог зьлічыць, з усіх народаў і плямёнаў і моваў стаяў перад Тронам у белым адзеньні і з пальмавымі веткамі ў руках” (7, 9). Значэньне евангельскага аповеду зводзіцца ня толькі да місійнай дзейнасьці Царквы: гэта не ізаляваная сфэра дзейнасьці. Пастыры і місіянеры дзейнічаюць апіраючыся на веру і дасьведчаньне Божай моцы ў штодзённым жыцьці Царквы і сваім уласным штодзённым бытаваньні. Бясплённыя дні, месяцы і гады, што прайшлі, як быццам іх увогуле не было, дарэмныя намаганьні дзеля выхаваньня дзяцей, тая-ж самая няздольнасьць пераадолець уласныя дрэнныя звычкі і заганы... Адгэтуль бярэцца тая зьняверанасьць і апатыя: „Столькі працаваў і нічога не дасягнуў”. Безнадзейных сытуацыяў не бывае для Хрыстовых вучняў, калі-б нават мелі стомленыя рукі і пустыя сеткі. Як бы мы не разумелі лодку, зь якой прамаўляў Хрыстос — як Царкву, парафію, сям’ю або нават паасобнае чалавечае сэрца — неабходна памятаць, што вяслуе не Хрыстос, але людзі. Ён стаіць у лодцы, дае парады і ўказаньні, але стырно, вёслы і парусы даверліва перадаў у рукі чалавеку. І пакуль гэты вясьляр падпарадкоўваецца ягоным указаньням, лодка бясьпечная і плыве ў адпаведным напрамку. Чалавек можа аднак, незалежна ад Хрыстовых указаньняў, вызначыць сабе іншую мэту, паплыць у сваім напрамку, на воды сваіх схільнасьцяў. Тады Хрыстос пакідае такую лодку, бо не дазволіць, каб вялі мы яе ў дрэнным напрамку. Калі гэтак здарыцца, лодка пачынае дрэйфаваць. Хрыстос даручае Пятру, і ня толькі яму: плыві на глыбіню. Глыбіня небясьпечная, гэта ня пляж, яна для адважных. На глыбіні трэба цяжка працаваць. На яе выплывае толькі той, хто ставіць перад сабою штораз цяжэйшыя патрабаваньні. Такім чынам паглыбляецца і сваё ўнутранае жыцьцё насуперак хвалям чалавечых меркаваньняў і схільнасьцяў сьвету. На такой глыбіні ў нашай лодцы побач з намі Ісус Хрыстос, які кліча нас і вядзе да паўнаты дасканалага жыцьця. Бескарыснасьць (Лук. 6, 31-36) Каханаму чалавеку мы гатовы зрабіць усё, што можам. На жаль, сапраўдную любоў, бескарысную, якая „не зайдросьціць, не шукае свайго”, выяўляем толькі ў дачыненьні да блізкіх нам людзей. На зямлі, дзе прагучэлі словы „любіце непрыяцеляў сваіх”, зараз часьцей раздаецца вокліч „сьмерць за сьмерць” і раз-пораз выбухаюць бомбы. Ужо ў глыбокай старжытнасьці на Блізкім Усходзе існаваў і выконваўся закон „жыцьё за жыцьцё, вока за вока, зуб за зуб” (Вых. 21, 23). Гэта было строгае, недасканалае, але само ў сабе справядлівае правіла, бо дамагалася прапарцыянальнага пакараньня віны. Аднак Хрыстос адкінуў права на рэванш і заклікаў замяніць яго неверагодна цяжкім прынцыпам: „дабраслаўце тых, што вас праклінаюць і маліцеся за тых, што лаюць вас”. У старажытнасьці слова „бліжні” азначала таксама „блізкага”, „выбранага” чалавека, аднак у Хрыста гэта кожны чалавек незалежна ад расы, нацыянальнасьці і ўсякіх іншых розьніцаў. У згаданых словах Хрыста гаворыцца пра бескарыснасьць, каб даваць, пазычаць, рабіць дабро „нічога ўзамен не спадзяючыся”, не разьлічваючы на ўдзячнасьць або ўзнагароду. Асноўным аргумантам зьяўляецца бескарыснасьць самога Бога, які „добры для няўдзячных і дрэнных”. Робім іншым дабро, бо лічым сябе сынамі Божымі і братамі. Брат можа быць нам непрыязны і непрыемны, але з Божай волі — ён наш брат. Калі робячы дабро мы пры гэтым самазахапляемся сваёй дабрынёй, дык трэба перастаць гаварыць пра любоў. Тым болей разьлічваць на чыюсьці ўдзячнасьць — гэта не любоў, але звычайны бізнэс і прытым горшы за іншыя. Графіня фон Мэк шэраг гадоў матэрыяльна дапамагала кампазытару Пятру Чайкоўскаму. Яна бачыла ў ім таленавітага чалавека, якога творчасьць заслугоўвае падтрымкі. Магчыма, яна яго кахала як жанчына, але гісторыкі кажуць, што яны нават не сустрэліся. Для сябе графіня нічога не хацела ўзамен: яна дапамагала кампазытару ў крытычны перыяд жыцьця поўнасьцю бескарысна. Пра такую любоў Апостал Павал пісаў, што яна „не шукае свайго”. Калі ўспомнім сваё жыцьцё, убачым, што нам таксама ня раз нехта бескарысна дапамог. Нешта цалкам адваротнае прадставіў П. Рагозін у кніжцы „Сукупнасьць дасканаласьці”. Дзьве пенсіянеркі, сяброўкі зь дзяцінства, неяк пад старасьць зышліся і вырашылі жыць разам. Аднак здарылася ім паспрачацца і хаця вінаватая прасіла прабачэньня, пакрыўджаная сяброўка не хацела нават слухаць і пачала пералічваць усе заганы другой. Нарэшце са сьлязьмі ў вачах выкінула зь сябе горкую фразу: „Зь першага дня, калі ты пераехала да мяне жыць, я ведала, што ніякай карысьці мне ад цябе ня будзе”. Паводле Евангельля, іншы аргумант у карысьць бескарыснасьці наступны: што мы можам некаму ахвяраваць, чаго самі не атрымалі-б? Апостал Павал пытаецца: „Што ты маеш, чаго не атрымаў-бы, а калі атрымаў, чаму хвалішся?” Інакш кажучы, не ты даеш, але дае празь цябе Бог і той, хто лічыць сябе даўцам, зьяўляецца толькі сьведкам. Дзіўная справа: здавён-даўна чалавек цешыўся са спатканьня іншага чалавека і адначасова яму не давяраў. Людзі пазналі псыхалёгію жывёлаў, умеюць прадбачваць іхную рэакцыю, падзяліць на драпежныя і лагодныя, ведаюць, як абыходзіцца зь імі. Аднак сам чалавек застаецца загадкай. Ніколі не вядома як адрэагуе, якія ў яго намеры, пляны. Нават дзічына ня ўмее ненавідзець і зьядае адна адну з голаду. Чалавек-жа забівае зь нянавісьці, а ня з голаду, і нават не для прыемнасьці, але з прычыны жахлівай дваістасьці сваёй натуры. Бадай найгоршае, што нянавісьць выклікае контрнянавісьць. Прафэсар Адам Мальдзіс у кнізе „Беларусь у люстэрку мэмуарнай літаратуры 17-га стагодзьдзя” прыгадвае шляхецкія набегі на суседнія маёнткі з прычыны нейкай другараднай крыўды. Другі бок не заставаўся ў даўгу і нападаў на ворага, рэжучы нават ні ў чым не вінаватых прыгонных сялян. На згаданым Блізкім Усходзе пасьля чарговага тэракту наступае рэванш. Затым на хвалі ўсенароднага абурэньня нейкі тэрарыст-самазабойца падрывае сябе ў натоўпе ворагаў і зноў гінуць дзесяткі людзей. Калі-б на кожнае зло адказваць такім-жа злом, сьвет быў-бы вечным рухавіком — пэрпэтуум-мобіле — подласьці і зла. Гэта было-б зачараванае кола, зь якога няма выйсьця. Ад самага закліку да бескарыснай любові сьвет не ператварыўся ў аазіс любові і згоды. Добра, аднак, каб кожны ведаў, што мае быць губкай, якая ўсмоктвае ў сябе і гасіць зло сьвету ды ізаляцыйнай ватай, якая дае сьвету цішыню. Калі дзеля гэтага кожны з нас зробіць прынамсі нешта малое, сьвет будзе лепшы. Хрыстовае пакліканьне (Мацьв. 11, 28-30) У Евангельлі гаворыцца пра шэраг розных пакліканьняў: вучняў да апостальства, багатага юнака да адмаўленьня ад багацьця, гасьцей на вясельны банкет ды іншыя. Усе яны былі вельмі канкрэтныя і адрасаваныя да паасобных людзей. Аднак у Евангельлі паводле Мацьвея чытаем пра вельмі агульнае пакліканьне: „Прыйдзіце да Мяне ўсе струджаныя і прыгнечаныя і Я супакою вас. Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і лагоднага сэрца, і знойдзеце супакой душам вашым. Бо ярмо Маё любае і цяжар Мой лёгкі” (11, 28-30). У гэтым закліку не тлумачацца мэты і заданьні. Гаворыцца толькі: хто пойдзе за Хрыстом, той не расчаруецца, хто паслухае, той здабудзе найвышэйшую каштоўнасьць, станецца членам новай сям’і, зьведае смак гэтай прыналежнасьці, пакарыстаецца тымі прывілеямі, якія толькі Хрыстос можа прапанаваць чалавеку. Гэта каштоўнасьці, якія плывуць з заснаванага Ім Новага Запавету. Адсюль гэткі ясны і моцны заклік: „Прыйдзіце да Мяне ўсе”. Хрыстовы заклік станецца больш зразумелым, калі націск перанясем на словы „прыйдзіце да Мяне ўсе струджаныя і прыгнечаныя”. Калі Ісус вымаўляў гэтыя словы, перад вачыма меў прыгнечаны і замучаны народ. Гэта былі пераважна людзі, якія патрабавалі суцяшэньня і абнадзейваньня. Духоўная эліта народу, фарызэі і законьнікі ўсклалі на плечы народу незьлічоную колькасьць цяжараў, законаў і правілаў. Сфармалізаваная рэлігія патрабавала ад іх штодзённага выконваньня каля трох соцен запаветаў і дзьвесьце забаронаў. Гэтулькі правілаў прыдумалі старазаконныя настаўнікі, спасылаючыся на волю самога Бога, аднак ведаючы літару Закону яны самі згубілі яго сапраўдны сэнс. Гэта было ярмо звыш чалавечых сілаў і нават найбольш набожны чалавек ня змог ня толькі ўсё выканаць, але і належна асэнсаваць. Хрыстос меў перад сабою бедных, простых, эксплуатаваных і прыніжаных людзей, якіх сэрцы былі поўныя ўнутраных неладоў, нараканьня і горычы. Разумеючы іх крыўду і прыгнечанасьць Ісус асуджае фармалізм і рытуальную сьвятасьць духоўных настаўнікаў, якія „адцэджваюць камара, але праглынаюць вярблюда” (Мацьв. 23, 23-24). Сапраўдная сьвятасьць і веліч чалавека не заключаецца ў дробязным выконваньні шматлікіх, прыдуманых правілаў. Закон сам па сабе не зьяўляецца каштоўнасьцяй, але тое добрае, што выплывае зь яго выконваньня. „Не чалавек для суботы, але субота для чалавека”. Ідэалам зьяўляецца поўная любові самааддача і служэньне Богу. Хрыстос запрашае менавіта да такой службы, у такую абшчыну, дзе вярхоўным законам будзе шчырая любоў, а асноўным абавязкам — вера. У гэтай новай рэальнасьці „ярмо Хрыстовае будзе прыемным і цяжар лёгкім”. Хрыстос абяцае тое, аб чым гаварылі ўжо прарокі і мудрацы ў Старым Запавеце. „Усе сасмаглыя, ідзіце да вады і вы, што ня маеце серабра. Ідзіце, купляйце і ешце, ідзіце, купляйце бяз серабра”, — заклікаў Ісая (Іс. 55, 1). „Прыйдзіце, насыцьцеся хлебам маім і выпійце нарыхтаванага вам віна” (Прытч. 9, 5). „Прыступіце да Мяне... і насыцьцеся пладамі Маімі”, — гаворыцца ў Кнізе Сыраха (24, 21). Як-жа абнадзейваюць і суцяшаюць гэтыя заклікі і абяцаньні. Усе згаданыя дабрадзействы нарыхтаваныя тым, хто гатоў Яму служыць і быць дзяцьмі ў Яго адноўленым Царстве. Новае Царства ня будзе ўжо абцяжарваць вернікаў ярмом загадаў і правілаў, ня будзе толькі палохаць пеклам і пракляцьцем, але зьвяртаць увагу на дабрыню Бога і шчасьце, якое плыве са служэньня Яму. Ён, які Сам „ціхі і лагодны сэрцам”, запрашае да Сябе людзей поўнасьцю Яму адданых. Тым, хто прыме запросіны, абяцаецца „супакой душы”. Хто не жадае супакою і суцяшэньня, хто не сумуе за ўнутранай цішынёй, хто не хацеў-бы бяз боязяў і хваляваньняў прайсьці праз зямное жыцьцё? Мы таксама абцяжараны штодзённымі клопатамі, нястачамі і праблемамі, сярод якіх неабходны той праменьчык аптымізму і надзеі на лепшае, які дазваляе не ўсумніцца ўва ўсім і не апусьціць рук. Шукаем таксама нейкай гарантыі, нейкага запэўненьня і доказу таго, што напэўна праўдзівае тое, у што верым. Такое запэўненьне дае Хрыстос, які кажа: „Прыйдзіце да Мяне і Я дам супакой душам вашым”. Зерне Божага слова (Лук. 8, 5-15; Мацьв. 13, 1-23) „Як зыходзіць дождж і сьнег зь неба і не вяртаюцца туды, але пояць зямлю і даюць ёй сілу радзіць і расьціць, каб яна магла даць зерне таму, хто сее і хлеб таму, хто есьць: так будзе і слова Маё, што выходзіць з вуснаў маіх — яно ня вернецца да Мяне пустое, але споўніць волю Маю і будзе пасьпяховае ў тым, да чаго Я паслаў яго” (Іс. 55, 10-11). Гэтыя словы гучаць пераканаўча нават у наш час, а мусілі быць яшчэ больш зразумелыя ў часы Ісаі. Слухачамі былі людзі, якія не жылі ў трапічных лясах: яны змагаліся з пустыняй і ведалі ейную бясплённасьць. Гэта былі людзі, для якіх дождж быў сынонімам жыцьця. Такім чынам, калі падае Божае Слова, там расквітае жыцьцё: яно заўсёды прыносіць плён. Тое самае кажа Хрыстос: „Неба і зямля прамінуць, але словы мае не прамінуць” (Марк. 13, 31). У Паўлавым Лісьце да яўрэяў чытаем: „Слова Божае жывое і дзейснае і вастрэйшае за любы двусечны меч... няма стварэньня схаванага ад Яго, але ўсё яўнае і адкрытае перад вачыма Ягонымі: Яму дамо справаздачу” (4, 1213). Як дождж пранікае ў барозны, гэтак Божае Слова пранікае ў глыб сэрца, выяўляючы пачуцьці і думкі ды аблягчаючы прыняцьце пастановаў. Евангельле ідзе далей за прарока Ісаю і падкрэсьлівае, што Слова Божае само ў сабе пасьпяховае. Аднак дзякуючы сваёй свабодзе чалавек можа супрацівіцца яму і зрабіць дарэмным. Бязвартасным бывае і дождж, калі ўпадзе на каменьне. У гэтым заключаецца тая таямнічая ўзаемазалежнасьць паміж ласкай і вольнай воляй, паміж Божай усемагутнасьцяй і свабодай чалавека. Гэтак як сьвятло заўсёды аднолькавае, толькі расшчапляецца на розныя колеры ў залежнасьці ад таго, на што падае, гэтак і Божае Слова заўсёды жывое і пасьпяховае, толькі дае розныя вынікі і плады ў залежнасьці ад сэрцаў, на якія падае. Ісус прадставіў нам цэлы шэраг магчымасьцяў: сэрца павярхоўнае, неўраджайнае, камяністае і, нарэшце, добрае, адкрытае на прыняцьце Слова. Пэўна было-б цікава ведаць, да якой катэгорыі належыць наша сэрца. Ці належым да тых, што слухаюць, але забываюцца, паглынутыя іншымі справамі? А можа ўспрымаем Слова павярхоўна, бо такіх людзей найбольш? Пра такіх слухачоў Апостал Якуб кажа, што „яны ашукоўваюць саміх сябе” і прыраўноўвае іх да тых, што прыглядаюцца ў люстэрку: „Калі нехта толькі прыслухоўваецца слову, але не выконвае яго, нагадвае таго, хто глядзіць на адбіцьцё свайго натуральнага выгляду ў люстэрку. Ён паглядзеў, адышоў і зараз забыўся, як выглядаў” (Якуб. 1, 23-24). Засяродзім аднак увагу на станоўчым аспэкце сказанага ў апавяданьні пра сейбіта, на тым, што Божае Слова ўсё-ж такі знаходзіць шмат сэрцаў гатовых яго прыняць, шмат пладавітай зямлі. Несумнена такой добрай зямлёй была Прасьвятая Дзева Марыя, якая „прыняла словы і захоўвала ў сваім сэрцы” (Лук. 2, 19). Добрай зямлёй былі таксама Апосталы і вучні, якія, прыняўшы слова, абвяшчалі яго сьвету арашаючы ўласнай крывёю. Хто можа ў наш час зьяўляцца такой добрай зямлёй? Гэта перш за ўсё хрысьціянін, які прагне Божага Слова, слухае яго, разумее сьведамы таго, што „не адным хлебам жыве чалавек, але кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых” (Мацьв. 4, 4). Гэта той чалавек, які прытрымоўваецца слова ў сваім жыцьці, шляхам роздуму дае яму магчымасьць укараніцца ў ягоным сэрцы, каб асьвятляла ў час прыманьня рашэньняў, умацоўвала пастановы і ператварала ў дзеяньні прасякнутыя евангельскай закваскай. Інакш кажучы, каб прыносіла плён у шэсьцьдзесят або сто разоў, як гаворыцца ў заканчэньні прытчы. Наколькі мы будзем добрай зямлёй залежыць ад таго, як глыбока дазволім Евангельлю пранікнуць у сябе, ці будзем прымаць пастановы і выбіраць каштоўнасьці згодна зь яго запаветамі. Апостал Якуб невыпадкова прыраўноўвае Божае Слова да люстра. Яно не прынясе карысьці і ня зьменіць нас, калі прамільгнем перад ім сьпешна і няўважліва. Мы ў гэтым люстэрку павінны праглядацца. Павінны празь яго прызму паглядзець на сваё жыцьцё, бо люстэрка слова не затрымоўваецца на паверхні, але пранікае да мозгу касцей і адкрывае таямніцы сэрца, вядучы гэтым самым да зьменаў і аднаўленьня. Сабраныя ў храме мы нагадваем натоўп, які слухаў Хрыста стоячы на беразе. Тыя, што прагна лавілі кожнае зерне слова, былі накормлены таксама цудоўна размножаным хлебам. Прысутнасьць Хрыста Збаўцы сярод нас будзе поўная, калі прымем Яго ў Ягоным Слове і Таінстве, якім зьяўляецца Ягонае цела выдадзенае за жыцьцё сьвету. Трэба нам быць добрай зямлёю, гатовай з радасьцяй прыняць Таго, Хто зьяўляецца залогам жыцыця вечнага, Словам, якое сталася целам і пасялілася сярод нас. Дачка Яіра і хворая жанчына (Лук. 8, 41-56; Марк. 5, 22-43) Бываюць сытуацыі бяз выйсьця: прынамсі гэтак мы ўспрымаем сьмерць, невылечную хваробу або нешта, чаго ўжо — на нашу думку — немагчыма паправіць. Аднак мы яўна злоўжываем словам „немагчыма”, мяркуючы па сабе, бо Евангельле падкрэсьлівае: „Немагчымае ў людзей, магчымае ў Бога”. Пераканаліся ў гэтым двое людзей: ганарысты, самаўпэўнены начальнік сынагогі і нешчасьлівая, хворая жанчына, якая дакранулася да Хрыстовай вопраткі. На працягу дванаццаці гадоў яна несумнена шмат напакутавалася і шмат зразумела. Не памаглі ёй ні людзі, ні ўся маёмасьць, ня здолелі яе аздаравіць лекары, хаця хапала ім сумленьня выцягнуць ад няшчаснай жанчыны апошнія грошы. Яна ўся была свайго роду руінай: страціла здароўе, маёмасьць і нават надзею. Аднак пры ўсім гэтым яна выявілася багацейшай за ўвесь натоўп людзей, што акружаў Хрыста, бо мела больш веры за ўсіх астатніх. Відавочна сярод натоўпу людзей, што акружалі цудатворца, былі і хворыя, якія датыкаліся да Хрыста, часам машынальна, але ад гэтага ніхто не аздаравіўся. З гэтай жанчынай было інакш: уся сіла жыцьця, што засталася ў ёй, была кінута ў гэты адзіны прасьвет. Або сьмерць, або дотык. Усё полымя веры яна кінула ў гэты дотык, як быццам кідаючы ўсю сябе. Згару, але збаўлюся, і яна атрымала збаўленьне: у адно імгненьне яна ачуняла і стала на ногі. Агульнавядома, што асабісты кантакт зь нейкай незвычайнай індывідуальнасьцяй можа нас падмацаваць, суцешыць, схіліць да дзеяньня. Мы верым у аздараўляльныя сілы розных біяэнэргатэрапэўтаў, якіх дотык улівае ў нас нейкія жыцьцятворныя энэргіі. Аднак дакладна вядома, што бязь веры ў сваё аздараўленьне яно не бывае. Чалавек, які, як гаворыцца, „паў духам”, рэдка калі перамагае сваю немач. Не было-б цуду ўваскрэсеньня, калі-б ня верыў у яго начальнік сынагогі. Людзі заявілі Яіру: „Твая дачка памерла, навошта турбуеш Настаўніка”. У адрозьненьне ад начальніка сынагогі яны лічылі, што ўсё страчана, на ўсё ўжо запозна. Аднак Хрыстос супакоіў Яіра: „Ня бойся, толькі вер”. Сапраўдная вера заўсёды асноўваецца не нейкім Божым абяцаньні. Хрысьціянін сьведамы таго, што Бог прамовіў да яго асабіста і верыць, што Ён выканае Сваё абяцаньне, хаця па-чалавечы гэта выглядае непраўдападобна. Ён упэўнены таксама, што Бог дасьць яму дзеля гэтага неабходную сілу і магчымасьці. Апостал Пётр пайшоў па вадзе па загаду Ісуса ведаючы, што здолее зрабіць гэта (Мацьв. 14, 28). Вера ніколі ня дзейнічае ў сфэры немагчымага. Поле ейнага дзеяньня — краіна, якой межы пачынаюцца ў месцы, дзе канчаюцца магчымасьці і дзе падводзяць розум і зрок. Па-чалавечы кажучы, немагчымым было, каб Аўраам і Сара маглі мець дзіцё. Аднак Бог абяцаў ім, што будуць мець сына і гэтак здарылася. „Ён звыш надзеі, паверыў з надзеяй, што будзе айцом народаў, паводле сказанага: «Такое шматлікае будзе семя тваё». І не аслабеўшы ў веры, не зважаў на сваё стогадовае, ужо памярцьвелае цела, ні на памярцьвелае ўлоньне Сары. Не сумняваўся ў Божае абяцаньне нявераю, але ўзмоцніўся вераю і аддаў славу Богу, будучы ўпэўнены, што ўсё абяцанае Бог выканае” (Рым. 4, 18-21). Бог спецыялізуецца ў немагчымасьцях (Лук. 1, 37): што немагчымае ў людзей, магчымае ў Бога (Лук. 18, 27). Няма нічога немагчымага таксама для верніка (Марк. 9, 23). Ён усё можа ў тым, хто яго ўмацоўвае (Піліп. 4, 13). Вера неаднойчы здаецца неразумнай. З чалавечага гледзішча не было „разумна”, калі Аўраам пакінуў устабілізаванае жыцьцё ў горадзе Ур і пайшоў, ня ведаючы куды ідзе. Не было „разумным” з боку Ісуса Навіна атакаваць Ерыхон, ня маючы адпаведнай зброі (Навін. 6, 1-20). Сучасныя, цьвярозыя людзі сьмяяліся-б з такой неразважнасьці, з такога шаленства, але яно пасьпяховае. Атрымоўваецца, што вера — найбольш разумная рэч. Няўжо шаленствам можна назваць веру ў Таго, хто ня хлусіць, не падводзіць, не памыляецца? Давяраць Богу — найбольш слушнае і разумнае, што чалавек можа зрабіць. Аб гэтым пераканаліся ня толькі хворая жанчына і начальнік сынагогі. Сын наінскай удавы (Лук. 7, 11-16) Два прыклады крайняга, чалавечага гора прадстаўлены ў апавяданьні пра ўваскрэсеньне сына наінскай удавы: удаўства і страты адзінага дзіцяці. Жанчына, якую Хрыстос сустрэў у гарадзкой браме, страціла сьпярша мужа, якога ў свой час гэтак пакахала, што дзеля яго пакінула сваіх бацькоў і бацькоўскі дом і затым сына, які нарадзіўся ад гэтай любові і на якога яна пераліла ўсе свае пачуцьці і ўсклала ўсе спадзяваньні на старасьць. Гэта было для яе невыказнае гора і Хрыстос зьлітаваўся над удавою і адным уладным словам „устань” уваскрасіў ейнага сына. У сваёй сьвятарскай практыцы здаралася мне хаваць нават па некалькі нябожчыкаў у дзень. Сутыкаючыся гэтак часта са сьмерцяй чалавек становіцца нячулым на чужую трагедыю, свае абавязкі выконвае сур’ёзна, але без эмоцыяў. Былі аднак выпадкі, калі сьлёзы самі ціснуліся на вочы, а балючыя, супярэчлівыя думкі не давалі спаць. У аўтамабільнай катастрофе каля Беластока загінуў 43-гадовы бацька і 19-гадовая дачка. Маці і малодшы сын цяжка параненыя выжылі, але ў паховінах, калі дзьве труны з бацькам і дачкою стаялі побач, удзельнічаў толькі старэйшы сын, які ў той няшчасны дзень быў у арміі. Прысутныя на паховінах, нават цалкам чужыя людзі, заходзіліся ад плачу. Здавалася-б, лёс ужо горш ня можа абысьціся з гэтай сям’ёю, але аказалася, што можа. Недзе праз шэсьць месяцаў я ізноў хаваў 20-гадовага жаўнера, які ў час кароткатэрміновага водпуску з арміі ўтапіўся ў невялікай сажалцы недалёка ад хаты. Гэты выпадак запамятаўся мне як мала які. Не давалі мне спакою пытаньні: чаму мусіла гэтак здарыцца? што гэта такое: фатум, прадвызначэньне, а можа проста выпадковасьць? Шкада кожнага чалавека, але заўчасная сьмерць маладых, у росквіце сіл людзей асабліва хвалюе. З другога боку само сабою напрошваецца таксама іншае пытаньне: а ці бывае выпадковая або заўчасная сьмерць? Па чалавечаму меркаваньню многае ў жыцьці здараецца выпадкова, аднак вера адкідае ўсякую выпадковасьць зьяваў і падзеяў. Бяз Божай волі нічога ў сьвеце не бывае! „Ці жывем, ці паміраем — належым да Госпада”, — гаворыцца ў Пісаньні. Тое, што для нас неспадзяванае і выпадковае, Богу добра вядомае, загадзя Ім прадвызначанае і накіраванае да Яму толькі вядомай мэты. З другога боку нездарма гаворыцца: „Сьцеражонага Бог сьцеражэ”. Перакананьне, што свайго лёсу не пазьбегнем, можа выклікаць бесклапотнае, абыякавае стаўленьне да жыцьця і такім чынам чалавек сам, бы самазабойца, можа паскорыць сваю канчыну. Наадварот, мы павінны даражыць сваім жыцьцём як найвышэйшай каштоўнасцяй, прадбачваць небясьпеку і пазьбягаць яе. У многіх выпадках людзі самі вінаваты ў сваёй заўчаснай гібелі: яны не праявілі дастатковага ўяўленьня, абачлівасьці і асьцярожнасьці. Калі чалавек, якога несьлі да магілы, устаў пасьля аднаго дотыку і пачаў гаварыць, усіх ахапіў жах. Гэта ня быў першы цуд, якога сьведкамі яны былі, бо мелі ўбачыць шмат наступных. Якія-б яны не былі, трэба прызнаць, што найбольшым цудам зьяўляецца само Евангельле. „Бог наведаў народ свой”, — усклікнуў натоўп. Усё Евангельле расказвае пра Бога, які асабіста стаў сярод свайго народу, каб удзельнічаць у ягонай нядолі, каб спыніць жалобнае шэсьце чалавецтва, каб засмучанаму чалавеку сказаць „ня плач”, як гэта было ў выпадку наінскай удавы. Якое-ж шчасьце ўпаткала яе, што ў момант такой вялізнай страты на сваёй дарозе сустрэла Хрыста. Жыцьцё многіх з нас нагадвае бясконцы ланцуг стратаў, адно доўгае жалобнае шэсьце. Чалавек паступова разьвітваецца з маладосьцяй, здароўем, дабрабытам, марамі, жаданьнямі і надзеямі: увесь час нешта мусім выносіць на могілкі. Аднак добра, калі ў могільнікавай браме сустракаемся з Богам. Калі добраахвотна аддаем Яму тое, што Ён патрабуе ад нас, тады будзе нам вернута непараўнальна болей. Бог нічога не адбірае ў чалавека дарам, але заўсёды дае нешта ўзамен. Адбірае каштоўнае і добрае, каб заміж гэтага ахвяраваць яшчэ больш каштоўнае і лепшае. Таму бывае, што прыходзіцца страціць усё, каб знайсьці Бога. Наінскі юнак вярнуўся да жыцьця, каб у свой час ізноў памерці, але фізычнай, і добра, каб не духоўнай сьмерцяй. „Устань, хто сьпіць, і ўваскрэсьні зь мёртвых” (Эф. 5, 14), — гаворыць Хрыстос да ўсіх, хто памёр духоўнай сьмерцяй. „Ён вырваў нас з моцы цемры і перанёс у Сваё Царства”. У гэтых словах для верніка ўсё найбольш істотнае і таму збаўленьне залежыць ад іх прыняцьця. „ Апошнія будуць першымі” (Лук. 14, 1, 7-14) Кожны, хто бывае на банкетах або канфэрэнцыях, мог прыкмеціць тое, што здарылася ў хаце аднаго з фарызэяў. Бачучы як запрошаныя спрабуюць заняць лепшыя месцы, Хрыстос сказаў ім прытчу. Калі запросяць цябе на вясельле, не сядай на першае месца, каб не надарыўся нехта больш паважаны і каб гаспадар не папрасіў цябе ўступіць яму месца. „Прыйшоўшы, — сказаў Хрыстос, — сядай на апошняе месца, каб той, што прасіў цябе, падышоўшы сказаў: дружа! перасядзь вышэй, тады будзе табе пашана перад сядзячымі з табою. Бо кожны, хто сябе ўзвышае, будзе паніжаны, а хто сябе паніжае, будзе ўзвышаны”. Паводле Евангельля, пакора вырашае аб сапраўднай велічы чалавека. „Навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і лагоднага сэрца”, — заклікаў Хрыстос, Які ўсім Сваім жыцьцём даваў прыклад пакорлівасьці. Бог наагул, як кажа Дзева Марыя, „расьцярушыць пыхлівых задумамі сэрцаў сваіх, скіне дужых з пасадаў і павысіць прыніжаных”. Справядлівы Бог паклапоціцца, каб усе крыўды былі выпраўлены, няроўнасьці выраўнаны, а ўсе даўгі вернуты (Лук. 1, 51-53). Сьв. Францыск Асізскі гаварыў: „Чалавек зьяўляецца тым, кім ёсьць і нічым болей”. Пакора не пярэчыць празе велічыні, цераз якую чалавек хоча захаваць самога сябе, але зьяўляецца раўнавагай паміж розумам, які ведае сваё месца, і сэрцам, якое не прагне лішняга. Устаноўленай Богам меры нельга пераступаць, бо тады зоймем чужое месца і можам пачуць: дружа, перасядзь ніжэй! Пыхлівасьць зьяўляецца выявай дурноты. Яна разбурае парадак, якога беспакарана нельга разбураць. Апантаныя маніяй сваёй велічы нацысты разбурылі закадаваную ў сэрцы, устаноўленую Богам сыстэму каштоўнасьцяў і пралілі мора чалавечай крыві не дасягнуўшы шалёнай мэты панаваньня над сьветам. Колькі крыўдаў спрычыніла апантаная гонка за багацьцем і за высокімі пасадамі. Парадак, які абапіраецца на суб’ектыўнай праўдзе, без уліку правоў іншых людзей непазьбежна вядзе да бяды. Вось таму баімся людзей, якім не хапае пакоры, і паважаем вялікіх, якія адначасова былі пакорлівымі. Старажытны філёзаф, які сказаў: „Ведаю, што нічога ня ведаю”, заслугоўваў-бы пашаны, калі-б нават не сказаў нічога болей. Разумныя людзі чым больш ведаюць, тым яшчэ мацней перакананыя ў сваёй недасканаласьці і адгэтуль бярэцца іхная сьціпласьць. Калі некаму цяжка зьмірыцца са сваім сьціплым месцам у грамадзтве, незайздросным лёсам і пачуцьцём непаўнацэннасьці, хай ведае, што Бог памятае аб кожным з нас і „апошнія будуць першымі”. „Утоены скарб” (Мацьв. 13, 44-52) Пра Царства Божае Хрыстос вельмі часта гаварыў з дапамогай прытчаў: пра чалавека, які знайшоў у полі скарб, пра купца, які набыў каштоўную пэрлу або пра рыбака. І вось земляроб, працуючы ў полі, наткнуўся на закапаны скарб. Для тагачасных людзей падобны выпадак ня быў нічым надзвычайным, калі ўлічым звычай хаваць нябожчыкаў разам зь іх каштоўнасьцямі. Нават сёньня ў Палестыне выяўляюцца магілы з падобнымі скарбамі. Шчасьлівы селянін бяжыць дадому, прадае ўсё, што мае і купляе поле, каб авалодаць скарбам. Яго паводзіны маральна ня цалкам пахвальныя, але Хрысту ў прытчы гэта было другараднае. Ён зьвяртае ўвагу на рашэньне селяніна прадаць усё, што мае, магчыма мноства дробных, але дарагіх яму прадметаў, каб здабыць скарб. Падобную пастанову прыняў купец. Хрыстос даў слухачам зразумець, што купец гандляваў пэрламі і напэўна меў багатую іх калекцыю. Калі, аднак, убачыў пэрлу незвычайнай прыгажосьці, ён прадаў усю калекцыю, да якой несумнена быў прывязаны і набыў тую адну. У абодвух выпадках людзі стаялі перад выбарам. Яны выбралі лепшае за тое, што дагэтуль мелі, не зважаючы на вялікія кошты. Хрыстос таксама прапануе вернікам, каб выбіралі лепшае. Што аднак канкрэтна хоча нам у прытчах сказаць? Ён прыйшоў, каб прынесьці на зямлю Царства Нябеснае, значыць, таямнічую рэальнасьць, якая зьяўляецца праўдай і Божым жыцьцём, ахвяраваным людзям. Рэальнасьць, якая мае таксама бачны і канкрэтны выгляд заснаванай Ім Самім Царквы. Той рэальнасьці, якая на зямлі расьце дзякуючы веры, надзеі і любові ў спадзяваньні моманту, калі будзе перасаджана на неба, дзе станецца шчасьцем і жыцьцём вечным. Царства Нябеснае — гэта скарб, а нават адзіны скарб, адзіная вартая захадаў рэч. Яна настолькі важная, што хто яе мае, мае ўсё, нават калі-б не валодаў нічым болей: а хто яе ня мае, ня мае нічога, нават калі-б авалодаў усім сьветам. „Бо якая-ж карысьць чалавеку, калі ён авалодае ўсім сьветам, а душу сваю змарнуе” (Маць. 16, 26), — кажа Хрыстос. Дзеля такога скарбу варта ня толькі адмовіцца ад усяго іншага, але, паводле слоў Хрыстовых, варта ахвяраваць сваё жыцьцё, бо хто страціць яго дзеля Царства Нябеснага, знойдзе яго, а хто хоча яго захаваць, страціць (Мацьв. 10, 39). Калі гэта неабходнае, варта страціць нават руку або вока, бо лепш з адной рукой і з адным вокам увайсьці ў Царства, чымсьці з абодвума быць пазбаўленым яго і кінутым у пекла (параўн: Мацьв. 5, 29). Такім чынам, Царства Божае зьяўляецца тым адзіным, непаўторным скарбам. Калі прамінуць неба і зямля, або нават яшчэ раней, калі ўсе адыдзем з гэтай зямлі, тады застанецца толькі Царства Нябеснае, адчыненае або закрытае для нас у залежнасьці ад зробленага пры жыцьці выбару. Вось таму гэта адзіны, сапраўдны скарб. Аднак у прытчы гаворыцца, што гэта прыхаваны скарб, якога нялёгка знайсьці. Дастаткова падумаць, колькі людзей яшчэ не пазналі Евангельля і Царквы, хаця яны існуюць ужо амаль два тысячагодзьдзі. Аднак, на жаль, Царства Нябеснае — скарб утоены і прыхаваны таксама для хрысьціян, паколькі цяжка ім яго знайсьці. Яно — асаблівы скарб: не блішчыць, бы золата, каб выклікаць зайздрасьць, не абяцае прэстыжу і магутнасьці тым, хто яго здабудзе. Наадварот, ад уладальніка патрабуе штодня ўсё новай ахвярнасьці, самаадрачэньня, патрабуе прадаць усё іншае, каб атрымаць яго, нават калі ўсё адкінутае атрымаем назад яшчэ ў гэтым жыцьці ў каштоўнасьцях і радасьцях іншага кшталту. Яго вартасьць адчувае сэрца, яно зьмяшчаецца ў надзеі, што некалі пачуем вырашальныя словы: „Прыйдзіце блаславёныя Айца Майго, прыміце ў спадчыну Царства, падрыхтаванае вам ад стварэньня сьвету” (Мацьв. 26, 34). Хрыстовыя прытчы пераклаліся на канкрэтны, евангельскі прыклад з багатым юнаком. На яго пытаньне, што рабіць, каб дасягнуць жыцьця вечнага, Хрыстос адказаў: „Ідзі, прадай усё, што маеш, потым прыйдзі і ідзі сьледам за Мною” (Мацьв. 19, 16). „Пакінь усё, потым прыйдзі і ідзі сьледам за Мною”. Акрамя Царства Нябеснага, асоба Ісуса Хрыста таксама зьяўляецца рэальнасьцяй, дзеля дасягненьня якой трэба прадаць усё. Пайсьці за Ім, выбраць Яго за спадарожніка жыцьця і безупынна аднаўляць гэты выбар. Быць Яго вучнем азначае, што зрабілі мы добры выбар, адзіны, які гарантуе скарб у небе. Гэта момант, калі скарб прыходзіць да нас, каб схавацца ў нас, каб мы маглі яго ў сабе знайсьці. Прытча пра таленты (Мацьв. 25, 14-30; Лук. 19, 11-27) Беларускі клясык пісаў: „Бог ня роўна дзеле”. Людзі, бы дрэвы ў лесе, сапраўды неаднолькавыя і абсалютнай роўнасьці ва ўсім не бывае. Аднак калі скардзімся, што камусьці дадзена больш, варта падумаць, што ў першую чаргу трэба добра скарыстаць тое, што дадзена нам... Адабраць у беднага і даць багатаму ўспрымаецца як відавочная несправялівасьць, зь якой цяжка прымірыцца. Аднак рэакцыя прысутных на загад евангельскага гаспадара: „Вазьміце ў яго талент і дайце таму, у каго іх дзесяць” у апавяданьні Мацьвея была спакойная. У аналягічным аповедзе пра міны Евангеліст Лука згадвае аднак пра некаторы бунт, пачуцьцё крыўды. „Спадару! ён ужо мае дзесяць мінаў”, — сказалі прысутныя. Аднак пачулі яны ў адказ: „Кажу вам, што кожнаму, хто мае — дадзена будзе, а ў таго, хто ня мае, адымецца і тое, што мае”. І тады, і зараз такі падыход мог выклікаць сумненьні. Праўда, трэці слуга напэўна ня быў працавіты і прадпрымальны, але і ня быў ашуканцам. Атрыманы дар дбайна перахаваў і вярнуў гаспадару бяз страты. Праўда, ён нічога не прыдбаў, але і на гэта знойдзецца вытлумачэньне. Мы самі бачым вакол сябе людзей, якія відавочна нічога ня робяць і неяк жывуць. Сацыялізму зь яго нядбайным стаўленьнем да працы на сьвеце ўсё менш, але многім далей плацяць невядома за што: хіба што за саму прысутнасьць на працы і наша грамадзтва, на жаль, да гэтага прызвычаілася. Вось таму нялёгка пагадзіцца зь евангельскім пасланьнем, што кожны сам, на ўласную адказнасьць і ўласнымі сіламі, дбайна супрацоўнічаючы з ласкай, павінен разьвіваць дадзеныя яму здольнасьці і магчымасьці. Таленты — якія яны не былі-б — атрымаў кожны з нас. Гэта фізычная спраўнасьць, інтэлектуальныя здольнасьці, магчымасьці прыродныя або атрыманыя ў спадчыну. Атрымаў іх ад Бога — такія або іншыя — кожны чалавек і прытым не заслужана, але „паводле яго здольнасьці”. Гаворачы пра здольнасьць Хрыстос меў на ўвазе здольнасьць да адпаведнага іх скарыстаньня. Бог выразна патрабуе карысна „пусьціць у абарот” атрыманыя ад Яго дары: кожны талент адначасова ня дадзены выпадкова і ён зьяўляецца заданьнем. Каму дадзены прыгожы голас — хай сьпявае, у каго дар аратарства — хай прамаўляе. Не зрабіць нешта добрае, маючы дзеля гэтага магчымасьці, гэта проста ня лянота, але злачынства. Чалавек павінен распараджацца сваімі здольнасьцямі гэтак, каб атрымаць прыбытак шляхам асабістага намаганьня памнажаць яго. Гэта ў ніякім выпадку не заслуга — гэта абавязак. Да атрыманага дару можна паставіцца дваяка: або дар не прыняць, адкінуць, або да яго дарастаць, значыць, супрацоўнічаць з атрыманай ласкай гэтак, каб яна давала плён у нашым жыцьці і — цераз нас — у жыцьці нашых бліжніх. Плён павінны прынесьці ў першую чаргу боскія цноты: вера, надзея і любоў, але таксама такія дабрадзейнасьці, як цярплівасьць, стрыманасьць, лагоднасьць, паслужлівасьць, вернасьць ды іншыя станоўчыя рысы. Зразумела, для агульнага дабра мы абавязаны разьвіваць таксама нашы натуральныя таленты і здольнасьці. Такім чынам адбываецца тое, аб чым гаворыцца ў Евангельлі: „Кожнаму, хто мае, дададзена будзе”. Адначасова ня быць годным атрыманага дару раўназначнае з адмаўленьнем ад яго. У такога „адымецца і тое, што мае” . Калі нават у штодзённым жыцьці бывае інакш, дык Евангельле вучыць наступнага: у сэнсе збаўленьня не бывае ўсеагульнай адказнасьці, калі адзін за ўсіх — усе за аднаго. Кожны мусіць здаць справаздачу са свайго жыцьця, адказаць сам асабіста за свае добрыя або дрэнныя ўчынкі. Адказнасьць будзе розная ў залежнасьці ад дадзеных чалавеку магчымасьцяў і мы ня можам мець прэтэнзіяў, што аднаму дадзена больш, другому менш, а трэцяму цалкам мала. Важны асабісты ўклад прапарцыянальны да атрыманых дароў. Ніхто ня можа тлумачыцца, што не прадпрымаў дзейнасьці, баючыся рызыкі, лічачы, што не аплачваецца, або што хопіць атрыманы дар вярнуць. І нарэшце, ува ўсім важнае асабістае намаганьне. Зь першага разу не атрымоўваецца, але нельга апускаць рук. Паводле слоў Ціхана Задонскага, „сто гадоў бязьдзейнасьці ня вартыя добра скарыстанай адной гадзіны”. „Лепш пазьней чымсьці ніколі” (Мацьв. 21, 28-31) Усіх людзей на сьвеце можна падзяліць на тры катэгорыі: на тых, якія шмат гавораць, але мала або нічога ня робяць; на тых, якія і гавораць і робяць; і тых, што нічога не гавораць, але затое спакойна і плённа працуюць. Адсюль варта задаць сабе пытаньне: да якой групы мы належым або хацелі-б належаць? Дзьве вельмі розныя пазыцыі падкрэсьліў Хрыстос у прытчы пра двух сыноў гаспадара. У адказ на загад бацькі адзін з сыноў адказаў „не хачу”. Потым, мабыць, убачыўшы, што наагул няма каму працаваць, бяз энтузіязму, але з пачуцьця адказнасьці за бацькаву маёмасьць, усё-такі пайшоў. Другі сын наадварот: без ваганьня згадзіўся выканаць загад. Аднак праўдападобна ўсьведаміў, што на полі гарачыня, кошыкі зь вінаградам цяжкія, праца няўдзячная і аднастайная і ў выніку не пайшоў. У кожным з двух сыноў мы можам убачыць сябе. Многія вернікі нагадваюць сына, які абяцаў, але ня выканаў. Мы ня раз сказалі „так”, калі ішлі ў школу, паступалі на працу або жаніліся. Потым, аднак, уцякалі з урокаў, занядбоўвалі свае абавязкі, бо праца нецікавая, а грошы малыя, або жонка, якой абяцалі любоў і вернасьць, надакучыла і перастала нас цікавіць. На некаторы час такая тактыка ахвотнага абяцаньня можа прынесьці дывідэнды, удзячнасьць і рэпутацыю добрага, паслужлівага чалавека, але такая дыпляматычная гульня кароткатрывалая. У рэлігійным пляне, вуснамі нашых хросных бацькоў мы згадзіліся працаваць у вінаградніку, значыць, у Царкве. Потым ня раз казалі „так”, абяцаючы выправіць сваё жыцьцё пасьля споведзі, або засаромленыя сваімі ўчынкамі, але хутка вярталіся да старой практыкі. Вельмі часта гэтае „так” бывае шырмай для адмовы і робіць з нас крывадушнікаў, якія нібыта гатовы выканаць любую Божую волю, аднак на самай справе шукаюць выкруту і апраўданьня, якія зьнялі-б зь іх гэты абавязак. Вернікам увесь час пагражае небясьпека псыхалёгіі прывілеяванасьці, аўтаматычнага збаўленьня, якое нібыта належыцца нам за сам факт, што лічымся хрысьціянамі. Гэта сур’ёзная небясьпека, бо калі перастаем умацоўваць „нашае пакліканьне і выбар” (2 Пятр. 1, 10) дык і да нас можна будзе суаднесьці словы Хрыста: „Мытнікі і распусьніцы ўваходзяць перад вамі ў Царства Нябеснае” (Мацьв. 21, 32). Непасьлядоўнасьць, невыкананае абяцаньне ў канчатковым выніку вядзе да пройгрышу так у пляне звычайных міжчалавечых зносінаў, як і вечнасьці. Паводзіны сына, які хаця і не адразу, але ўсё-такі выканаў загад, значна лепшыя і больш годныя перайманьня, бо дзеяньні важнейшыя за словы. У жыцьці мы наслухаліся абяцаньняў многіх людзей, якія сьпярша падбадзёрылі і разбудзілі ў нас надзею, ад чаго потым было толькі большае расчараваньне. „Калі ты абяцаў, не адкладвай выкананьня... голас неразумнага ад многасьці словаў... а ты, як абяцаў, так і выканай... бо лепш, каб ты наагул не абяцаў, чымсьці абяцаў і ня споўніў”, — сказана ў Сьвятым Пісаньні (Экл. 5, 3-5). Хрыстос выразна заявіў, што „па пладах іхніх пазнаеце іх. Ня кожны, хто кажа Мне: «Госпадзе, Госпадзе!» увойдзе ў Царства Нябеснае, а той, хто выконвае волю Айца Майго, Які ў нябёсах” (Мацьв. 7, 20-21). Абяцаньні вельмі часта бываюць пустыя і, мабыць, таму ў японцаў існуе пагаворка: „За абяцаньне ня дзякуюць”. З другога боку, і гэта мае дачыненьне да евангельскага сына, бо нездарма таксама кажуць: „Лепш зрабіць пазьней, чымсьці ніколі”. Калі мы нечага ня выканалі сёньня, трэба гэта зрабіць прынамсі заўтра. Непаслухмяны сын нагадвае многіх сучасных людзей: незалежных, фанабэрыстых, напышлівых, незадаволеных усім, якія ўсё крытыкуюць і не прызнаюць аўтарытэту бацькоў, начальнікаў або Царквы. Аднак гэтыя людзі маюць адну істотную рысу: яны могуць свае паводзіны перадумаць, зьмяніць іх, шкадаваць аб дапушчанай памылцы. Гэта людзі, якія ўмеюць цьвяроза думаць, якія ўсьведамляюць сабе, што перадумовай збаўленьня зьяўляецца ня пыха і самаўпэўненасьць, але пакора. У іх ёсьць пачуцьцё абавязку, яны не раскідваюцца абяцаньнямі, якія нічога не каштуюць. У выніку яны марудна і паступова зь лягеру ўпартай апазыцыі ўсё-такі зьвяртаюцца да Бога і пераходзяць у лягер Ягоных прыхільнікаў. Прытча пра двух сыноў супадае зь іншай — пра пакліканьне гаспадаром работнікаў у вінаграднік (Мацьв. 20, 1-16). Гаспадар, значыць Бог, усім абяцаў аднолькавую ўзнагароду — Царства Нябеснае, хаця работнікі пачалі працу не ў адну пару. Неаднойчы чалавек мусіць шмат перанесьці, перадумаць і перажыць, і толькі пад вечар прыйсьці да высновы, да якой іншыя прыйшлі зранку. Галоўнае, што Бог прымае зробленае дзеля Яго ў любы час і таму „лепш зрабіць пазьней, чымсьці ніколі”. „Калі брат твой зграшыць — дакор бліжняму” (Мацьв. 18, 15-20) Са штодзённага назіраньня бачна, што крытычныя заўвагі у свой адрас успрымаюцца зь неахвотай і мала хто любіць іх. З другога боку, калі дакор або вымова адбываюцца ў евангельскім духу, магчыма гэта найбольш шчырая праява братэрскай любові. Ён тады выключае усякае жаданьне помсты або самавызначэньня, робіцца выключна для дабра іншага чалавека. „Калі брат твой зграшыць супроць цябе, ідзі і выкрый яго паміж табою і ім адным” (18, 15), — сказана ў Евангельлі. Адсюль бачна як павінен выглядаць сапраўдны дакор. Гэтым прынцыпам мы павінны кіравацца ў сямейным і працоўным жыцьці, сярод сяброў, у сваім штодзённым асяродзьдзі. „Калі брат твой зграшыць” можа азначаць таксама: калі твой муж, жонка, сын, швагер або работадаўца дапусьцяць памылку. Можна было-б сказаць, што нарэшце ў Евангельлі прагучэў нейкі просты і прыемны запавет. Бо ці-ж не блізкая нашай натуры ахвота некага аблаяць, зьвярнуць увагу на чужыя недахопы? Аднак на самай справе дакор зьяўляецца адной з найцяжэйшых рэчаў і, мабыць, таму ў здаровым выглядзе яго гэтак мала ў міжчалавечых адносінах. Хрыстос не падахвочвае нас, каб лавіць чалавека на яго памылках, абгаворваць, радавацца чужым промахам або публічна выяўляць нечыя памылкі крывадушна прытвараючыся, што вельмі нас яго ўчынак засмучае. Нам нагадваецца іншае: „Ідзі і выкрый яго паміж сабою і ім”. Знайдзі ў сабе сьмеласьць, глянь проста ў вочы і адкрыта скажы, што на тваю думку годнае асуджэньня, каб больш не рабіў гэтага або выправіў зробленае. Гэта зьвязана з рызыкай, што можаш яму зрабіць прыкрасьць. Ён можа адхіліць твае закіды, або сам скажа, што пра цябе думае. Не зьвяртай на гэта ўвагі: калі цябе паслухае, ты прыдбаў свайго брата. Калі-б сваім дзецям ты расказаў аб заганных учынках маці, або маці аб правінах дзяцей, або калі-б толькі намерваўся дакараць, але не зрабіў гэтага — не прыдбаў-бы, але страціў-бы свайго брата, або толькі ўмацаваў-бы ў дрэнных паводзінах. Калі-б муж і жонка напаміналі адзін аднаго ў духу евангельскай лагоднасьці, дык ня раз маглі-б прадухіліць небясьпечны ланцуг узаемных прэтэнзіяў, халоднасьці і жаданьня адыграцца, што нішчыць найлепшыя сужэнствы. Факт, што чалавек можа спакойна прыняць напамін, падмацоўвае і падбадзёрвае. Такім чынам лепшым, больш сьпелым становіцца і той, хто напамінае, і той, хто прымае напамін. У Сьвятым Пісаньні сказана: „Абражаны брат цяжэйшы для здабыцьця за крэпасьць” (Прытч. 18, 19). Неаднойчы пасьля такога дасьведчаньня адносіны паміж двума асобамі робяцца ясныя бы неба пасьля дажджу, яны бліжэйшыя адзін аднаму як ніколі дагэтуль. Акрамя напаміну проста ў вочы Евангельле гаворыць пра выпадкі, калі ўмяшацца павінна ўся грамада або Царква і прытым публічна. Царква атрымала ад Хрыста ўладу напамінаць сваіх паасобных членаў уключна з адлучэньнем ад сваёй абшчыны тых, хто ня хоча паправіцца: „Хай будзе як язычнік”. Гэтая моц Царквы пашырана на іншыя справы, дзякуючы ўладзе дадзенай Апосталам. „Каму даруеце грахі, будуць дараваны, а каму затрымаеце, будуць затрыманы”. Хрыстос сказаў, што Дух Сьвяты, зьявіўшыся на сьвет, „пераканае сьвет аб грэху” (Яан. 16, 8) і такое-ж заданьне спачывае на Царкве. Менавіта праз Царкву, якая абвяшчае Божае Слова, Сьвяты Дух пераканае сьвет аб грэху і дзякуючы Царкве адпускае і затрымоўвае грахі. Да Царквы адносіцца таксама слова сказанае прароку: „Я цябе прызначыў сторажам, каб чуючы з вуснаў Маіх напаміны, выконваў іх ад Майго Імя” (Езак. 33, 7-9). Стораж сьвету — абавязак амаль невыканальны. „Калі стораж бачыць, што прыходзіць меч і не дзьме ў трубу і народ не перасьцярожаны... віна за яго гібель спачне на сторажу” (Езак. 33, 6). Вось таму Царква ня можа маўчаць, хаця многія хацелі-б загнаць яе ў сьцены храмаў. Выяўленьне непарадку і заганаў у грамадзкім і прыватным жыцьці належыць да непасрэдных абавязкаў Царквы. Нямы і бездапаможны вартаўнік не патрэбны ні Богу, ні людзям. Аднак асноўная праблема ў іншым. Як пазнаць, калі Царква зьяўляецца сапраўдным Божым вартаўніком, які перадае Ягоную волю і суд над сьветам, а калі робіцца вартаўніком самой сябе, свайго мінулага або ўстаноўленага парадку? Звычайна гаворыцца, што Царква зьяўляецца вартаўніком, калі выказваецца на тэму веры і маралі, але перастае ім быць, калі закранае бытавыя, эканамічныя або палітычныя пытаньні. На першы погляд гэта праўда, аднак не заўсёды, паколькі нават у палітыцы трэба неаднойчы рабіць выбар у адпаведнасьці з сумленьнем. Трэба, каб кожны хрысьціянін намагаўся быць вартаўніком уважліва ўслуханым у Слова Божае і тады ўнутранае азарэньне Сьвятога Духа дапаможа яму распазнаць намеры ўлады. Калі яна запатрабуе гэтага, трэба быць ёй паслушлівым і падданым, не баючыся нават абвінавачаньняў у рабалепнасьці, але калі гэта неабходна, сьмела выступіць супраць злоўжываньням улады. Апостал Павал паказвае шлях, з дапамогай якога можна пераадолець кожны, любы канфлікт паміж паслухмянасьцяй і супрацівам. „Нікому нічога ня будзьце вінны акрамя ўзаемнай любові, бо хто любіць другога — выканаў закон” (Рым. 13, 8). Гэты прынцып павінен пашырацца і на напамін бліжняга. Блажэнны Аўгустын менавіта з братэрскім дакорам спалучае словы Паўла кажучы: „Любі і рабі, што хочаш. Калі маўчыш — маўчыш, калі гаворыш, калі напамінаеш, калі прабачаеш, усё гэта рабі кіруючыся любоўю. Будзь крыніцай любові, бо з гэтай крыніцы можа выплываць толькі дабро” (Тракт. ін Ёг. 7, 8). Трэба нам нястомна прасіць Госпада, Які сказаў, што знаходзіцца паміж намі, каб навучыў нас гэтай цяжкай формы любові, якая ўмее напамінаць, не адбіраючы надзеі, і змагацца са злом не абражаючы. |