Перадаю ў рукі чытачоў яшчэ адзін сьціплы зборнік рэлігійных гутарак. Гэтак, як
і ў папярэднім, азагалоўленым „Праўда вас вызваліць”, у ім сабраны некалькі
дзясяткаў тэкстаў на самыя розныя тэмы, якія зьявіліся на працягу некалькіх
гадоў. Гэта, па-першае, каментарыі на тэму 10-ці запаветаў, якія, на маю думку,
заўсёды актуальныя, якія быццам-бы ведаем, але нагадваць іх трэба бясконца.
Ёсьць гутаркі на тэмы евангельскіх нядзельных чытаньняў і, нарэшце, спроба
адказаць на некаторыя спрэчныя або супярэчлівыя пытаньні, якія ўзьнікаюць перад
вернікамі. Некаторыя гутаркі ў падобным варыянце прагучэлі з царкоўных амвонаў,
іншыя — у эфіры беларускай службы Радыё Свабода. Ужо некалькі гадоў ня маю
магчымасьці прамаўляць у храме, але суцяшэньне знаходжу ў словах Апостала:
„Нішто ня можа нас адлучыць ад любові Божае, што ў Хрысьце Ісусе” (Рым. 8, 39).
Ніхто ня можа забараніць маліцца, чытаць, думаць, разважаць і нават гаварыць,
калі толькі гэта ня ерась і ня шкоднае, і калі існуе ўнутраная патрэба
падзяліцца сваімі думкамі. У мяне такая ўнутраная патрэба заўсёды была. „Ад
паўнаты сэрца гавораць вусны” (Мацьв. 12, 34). Калі зьяўляецца сумнеў адносна
мэтазгоднасьці гэтай працы, прыгадваю павучэньне Апостала ягонаму вучню Цімафею:
„Няхай ніхто не пагарджае маладосьцяй тваёй... прапаведуй Слова, настойвай у
пару і не ў пару, дакарай, пагражай, умаляй з усякай доўгацярплівасьцяй і
навучаньнем.... уваходзь у сябе і ў навуку, трывай у гэтым, бо гэтак робячы і
сябе збавіш, і тых, хто слухаюць цябе” (2 Цім. 4, 2). а. Канстанцін Бандарук |