Зьмяненьне (Ператварэньне) Госпада - Спас

posted Aug 16, 2013, 7:05 PM by Belarusian Church   [ updated Nov 17, 2013, 5:22 PM ]
Шаноўныя вернікі Парафіі Сьвятога Кірылы Тураўскага ў Таронта!

У нядзелю, 18 жніўня 2013 л. Б. прыпадае перадсьвята Зьмяненьня (Ператварэньня) Госпадавага, таму ў гэты дзень у Парафіі Сьв. Кірылы Тураўскага ў Таронта будзе яго сьвяткаваньне. Пасьля сьвяточнае Літургіі паводле беларускае традыцыі будуць асьвячацца яблыкі, іншая садавіна і мёд.

“Яблычны Спас — старажытнае земляробчае сьвята, зьвязанае з высьпяваньнем пладоў. Адзначаецца 6 (19) жніўня. У хрысьціянскай традыцыі Яблычны Спас азначае сьвята Праабражэньня Гасподняга. У гэты дзень у храмах асьвячалі яблыкі і іншыя плады, пасля чаго дазвалялася іх ужываць: «Добра яблычка к Іспасу». Асьвечаныя яблыкі пакідалі на магілах блізкіх людзей. Да Яблычнага Спаса яблыкі (а таксама грушы, агрэст, струкавую гародніну) есьці забаранялася. Згодна з народным павер'ем, у гэты дзень Бог (ці Божая Маці) раздае на нябёсах усім памерлым дзеткам па яблычку, а таму дзіцяці, чыя маці каштавала іх раней дазволенага тэрміну, пачастунку не дастанецца.

У народзе Спас лічылі днём адлёту буслоў. Калі буслы пачыналі рыхтавацца да вылету ў вырай за тыдзень перад Спасам, чакалася, што зіма надыдзе раней і будзе марозная, а вясна цяплейшая; калі ж пасьля Спаса — восень будзе цёплая, зіма позьняя, а вясна халодная. Адлёт буслоў сьведчыў пра набліжэньне зімы, а прыказкі нагадвалі: «Спас — лета шась!», «Спас — бяры рукавіцы ў запас».

Да ўсходу сонца праводзілі абрад выгнаньня клапоў. «Прыйшоў Спас, штоб не было клапоў у вас!». Паколькі на тую пару з'яўляецца шмат аваднёў, таму ў Лельчыцкім раёне кажуць: «Прыйшоў Спас, то пабярэ чорт і нас».” – Вытрымкі зь Беларускай Вікіпедыі.

У валачобных песьнях сьпяваецца:

Сьвяты Спасік, пільны часік,
Жытцо возіць, Бога просіць: - 
“Перанясі, Божа, маё жытцо праз гумянцо.”
А сьвяты Іспас, старэнькі дзядок,
На восець садзіў, жыта малаціў.
Сьвяты Іспас яблыкі сьвеньціць.
Ён гнаі возіць, жыта пасьвяшчаіць.


Прыходзьце, калі ласка, у царкву а 10-й гадзіне раніцы разам зь дзеткамі і знаёмымі.


Парафіяльная Рада.
Таронта, 
Жнівень, 2013