Віншуем новую сям'ю

posted Nov 27, 2011, 8:13 PM by Belarusian Church
Парафія сьв. К. Тураўскага у Таронта цёпла павіншавала з жанімствам Юрку Акулу і яго жонку Сьюзан, якія спецыяльна прыехалі ў Таронта з Мантрэалю, каб разам з сябрамі парафіі адзначыць гэтую падзею.

Юрка Акула з жонкай Сьюзан 

Юрка Акула – сын заснавальніка Згуртавання Беларусаў Канады Кастуся Акулы, аднаго з найлепшых пісьменнікаў беларускай Канады, грамадскага дзеяча і выдаўца часопіса “Зважай!” Нядаўна Юрка зрабіў шчодрае ахвяраванне на рамонт будынка Беларускага грамадскага Цэнтра ў Таронта. Прыезд яго амаль супаў па часе з 86-годдзем ягонага бацькі (К. Акула нарадзіўся 16 лістапада 1925 г.), і таму прысутныя шмат часу ўдзялілі гаворцы пра значэнне гэтай сям’і ў жыцьці парафіі і ЗБК, а таксама асобе Кастуся Акулы. 

Ірына Варабей віньшуе маладую сям’ю

    З выступлення пісьменніцы Вольгі Іпатавай: “...Мы разам з Вамі ганарымся Вашім бацькам. Я пісала пра ягоную трылогію “Гараватка” і з задавальннем зрабіла даклад пра творчасць пісьменніка на ягоным 80-годдзі ў Таронта. Мы добра сябравалі, знаходзячы адно ў адным родныя душы, з’яднаныя любоўю да Беларусі і нялёгкай пісьменніцкай і грамадскай працай. Яму было пра што расказаць: удзельнік барацьбы з фашызмам( вайну закончыў у Італіі), заснавальнік Згуртавання беларусаў Канады, ён быў і выдаўцом газеты “Беларускі эмігрант”( 1948 г.), а таксама часапіса “Зважай!” Кнігі яго – “Змагарныя дарогі”, трылогія “Гараватка” (раманы “Дзярлівая птушка”, “Закрываўленае сонца” і “Беларусы, вас чакае зямля”) сталі значнай падзеяй ў літаратурным жыцці беларускай эміграцыі.” 

Падарункі уручае Марыя Ганько 

Пісьменніца і перакладчыца кнігі К. Акулы “Заўтра ёсьць ўчора”Ірына Варабей адзначыла: "....Нам вельмі прыемна бачыць вас у нашым Згуртаваньні, бо мы рады зьяўленьню ў ёй новай сям»і. Мы ўважаем сям'ю Юркі Акулы, сына нашага дарагога, паважанага сябра Кастуся Акулы, павелічэньнем нашае суполкі. Кастусь Акула быў -- не, я не магу вымаўляць "быў"; ён быў і ёсць зараз -- цудоўным чалавекам, яскравай постацьцю, геніяльным пісьменьнікам, які зрабіў вельмі значны ўнёсак ва ўсю беларускую культуру, ня толькі ў дасягненьні беларускай эміграцыі. І таму нашую павагу да яго мы, натуральна, пераносім на ягоных дзяцей, на ягоную сям'ю, і з вялікай пашанай ставімся і да вас, Юрка і Сьюзан, і ўважаем вас за сябраў нашае вялікае беларускае сям»і ў Канадзе. Калі я толькі прыехала ў Канаду, прыйшла ў Згуртаваньне, адразу пасябравала тут з Кастусём Акулам. Ён вельмі любіў, каб я прыязжала да яго ў госьці дахаты, любіў пачаставаць і пагаманіць пра ўсё, што нам разам цікава. І заўсёды, калі Юрка прыязжаў у Таронта ў бацькоўскі дом, Кастусь тэлефанаваў мне, запрашаў, маўляў, прыязжай, мой Юрка тут, і ты заходзь да нас. І мы сядалі за стол, частаваліся, гаманілі. І нашыя сустрэчы, нашае сяброўства сталіся тым натхненьнем для мяне, якое рэалізавалася ў маёй творчасьці. Я думаю, Кастусь быў бы вельмі шчасьлівым зьяўленьнем Юркавай сям'і, бо ён заўсёды вельмі хацеў, каб Юрка ажаніўся. І мне здаецца, ён зараз разам з намі, і бачыць усё, і вельмі ўсьцешаны ўсім, што тут адбываецца."

Шчыра і сардэчна павіншаваў маладых Алесь Кот. Падчас імпрэзы ён прачытаў словы, якія ўжо сталіся дакументам і былі прысвечаныя Кастусю Акулу:

“З г у р т а в а н ь н е Б е л а р у с а ў К а н а д ы
B e l a r u s a n C a n a d i a n A l l i a n c e
524 St Clarens Ave., Toronto, ON M6H 3W7
20 лістапада, 1993

Яго міласьці Спадару Кастусю Акулу

57 Riverdale Ave.
Toronto, ON M4K 1C2

Вельмі паважаны Спадар Акула,

34-ы Агульны Зьезд Згуртаваньня Беларусаў Канады, які адзначае й 45-я ўгодкі існаваньня ЗБК - першай у Канадзе беларускай нацыянальнай арганізацыі - гэтым выражае Вам, як закладчыку Згуртаваньня Беларусаў Канады, прызнаньне й падзяку.
Арганізацыю закладае не адна асоба, а група людзей, але заўсёды ў гэтай групе ёсьць адзін чалавек, што кіруе справай, гуртуе вакол сябе людзей, якія ўхваляюць закладзіны арганізацыі. Так было й з ЗБК.
З гэтай нагоды жадаем Вам здароўя й посьпехаў у Вашай літаратурнай працы.
Жыве Беларусь!”

Выступае Юрка Акула

Вяла сустрэчу намесніца старшыні парафіі Вольга Манькоўская. Спадарыня Марыя Ганько падрыхтавала для прысутных святочны абед.

У канцы сустрэчы з цёплымі словамі падзякі выступіў Юрка Акула.

Ю.Трубец 

Comments