Віншуем!

posted Oct 18, 2010, 11:45 AM by Belarusian Church
Нашая даражэнькая спадарыня Марыя Ганько, народжаная 25 красавіка 1930 году, уваходзіць у дзявяты дзясятак свайго жыцьця. Лёс жанчыны, без прысутнасьці якое цяжка ўявіць сабе дзейнасьць як Згуртаваньня, так і парафіі сьвятога Кірылы Тураўскага, узорны па ступені адданасьці той разнастайнай грамадзкай працы, якую яна выконвала (і выконвае!), цягнучы за сабой іншых, натхняючы, падтрымліваючы маладзейшых і навучаючы іх. Марыя Ганько заўсёды прынцыпова адстойвала сваю пазыцыю пры выкананьні тых ці іншых абавязкаў, якія ў бальшыні сваёй брала на свае далікатныя жаночыя плечы дабраахвотна. Адкуль такая самадданасьць, упартасьць, зацятасьць у справе падтрымкі беларускасьці ў нашым асяродку, удзелу ў нашым грамадзкім жыцьці? Тут, магчыма, паўплывалі два моманты. Паходжаньне, нялёгкія выпрабаваньні, што выпалі на долю спадарыні Марыі ў дзяцінстве й маладосьці, - і сустрэча ў Канадзе чалавека, зь якім у далейшым яна зьвязала ўсё сваё жыцьцё. Мікола Ганько й Марыя Ганько - дьзьве постаці, якія зрабілі істотны уплыў на фармаваньне духоўнасьці нацыянальна сьведамых беларусаў Канады. I без аднае, і без другой асобы немагчыма ўявіць сабе гісторыю беларускага руху ў гэтай краіне. 

Марылька - адна зь дзевяці дзяцей Тамаша Куляша зь вёскі Шчокаўшчына (гміна Хаценчыцы) Віленскага ваяводзтва (сёньня ВялейскІ раён Мінскае вобласьці). Шэсьць гектараў ворнае зямлі, два гектары лесу, чатыры каровы, дьзьве цялушкі... 3 самага маленства Марыля, як і астатнія дзеці, мусіла шмат дапамагаць бацькам па гаспадарцы - і кур даглядаць, і бульбу выкопваць. Пры гэтым і вучыцца таксама трэба было. 

Вясковы дзядьзька па мянушцы Штэды расказваў пра Амэрыку, дзе ён некалі быў на заробках. Што там высокія хаціны і аўта розныя са званочкамі. Менавіта гэтыя званочкі на машынах яе найбольш уразілі, і іншым разам, калі выпадала цяжкая праца, яна марыла, што возьме і ўцячэ ў Амэрыку, далей ад строгіх бацькоўскіх загадаў. 

У 1944 годзе матуля адпусьціла 14-гадовую Марыльку са швагерам, які зь сям'ёю вырашыў рухацца на захад, не чакаючы вяртаньня бальшавікоў. 

Вільня, Усходняя Прусія, Нямеччына, Бэрлін... На няшчасьце, яны апынуліся ў савецкай зоне акупацыі, адкуль людзей гналі назад на ўсход. Пашанцавала застацца ў Польшчы. Хаця да ўлады ў краіне прыйшлі камуністыя, але ж то была Польшча - не Савецкі Саюз. Атрымаўшы адукацыю ў школе, з 1955 году Марыя працавала ў кантрольна-тэхнічнай службе. 

Родны брат Марыі МІхась пачаў клікаць яе ў Канаду, куды ён выехаў у 1944 годзе. Спачатку страшна было й падумаць пра эміграцыю. Хацелася ў родную Беларусь. Мара пабачыць родную вёску зьдейсьнілася ў 1957-м. Рэчаіснасьць савецкага ладу жыцьця ацьвярозіла... I менавіта пасьля таго візыту Марыя рашылася ехаць у Канаду... 

Плыла на караблі, што насіў імя "Баторы", у гонар караля Рэчы Паспалітай, які з усіх гарадоў краіны асабліва любіў Горадню - наш беларускі горад. Чыста дзявочыя мары падчас падарожжа - ці знайду свайго суджанага, які ён будзе, ці адшукаецца тут добрая праца... 

У лістападзе 1960 году Марыя ступіла на доўгачаканую канадыйскую зямлю. 


...А Новы год яна ўжо сустракала разам з высокім прыгожым дзецюком на прозьвішча Ганько... 
...I ў адказ на прапанову Міколы стаць яго жонкай Марыя згадзілася... 
...Наперадзе чакалі дзесяцігодзьдзі шчасьлівага сумеснага жыцьця... 

Усё вышэйзгаданае пра сп. Марыю Ганько ўзята зь яе кніжкі "Каб сьведчылі пра Беларусь", выдадзенай у сэрыі "Бібліятэка Бацькаўшчыны" ў 2005 годзе (укладаньне Вольгі Іпатавай). Гэта найцікавейшы літаратурны твор пра мужа аўтаркі Міколу Ганько. 


Галоўная ўправа Згуртаваньня беларусаў Канады, Рада парафіі сьвятога Кірылы Тураўскага віншуюць даражэнькую Марыю Ганько з ...18-годзьдзем маладое добрае душы, за якую яе так любяць як парафіяне, так І сьвецкія людзі, што наведваюць нашую ўтульную Беларускую Хатку. Зычым здароўечка і добрага настрою! Нас многа, І калі кожны аддасьць Нашай Марыі часьцінку цеплыні свайго сэрца, то тое станецца найлепшым лекам для яе. 


Многія Лета, наша даражэнькая Марыя! Жывіце СТO ГOД !!!
Comments