Вадохрышча

posted Jan 18, 2011, 5:01 PM by Belarusian Church
Шаноўныя сябры!

19 студзеня Праваслаўная Царква сьвяткуе Богаяўленьне, альбо Вадохрышча - адно з галоўных хрысціянскіх сьвятаў. Сьвятам Хрышчэньня сканчаюцца Калядныя сьвяты, якія працягваюцца з 7 па 19 студзеня.

Сьвята Богаяўленьня – гэта ўспамін хросту Ісуса Хрыста ў рацэ Ярдан. Ахрысьціў Божага Сына Ян Прадвесьнік, якога называюць Янам Хрысьціцелем. У той дзень Бог явіўся людзям у трох постацях.

Сьвята пачынаецца вечарам 18 студзеня, калі ўсе праваслаўныя адзначаюць Вадохрышчанскую Куцьцю.

Уся сям'я, як і перад Калядамі, зьбіраецца за сталом, да якога падаюцца толькі посныя стравы.

На Вадохрышча ў храмах служыцца чын асьвячэньня вады.
Сьвята Богаяўленьня мае сваё значэньне і ў народным календары, зь ім зьвязаныя шматлікія народныя традыцыі.
Вадохрышчанскай вадой лечаць хворых людзей. А калі акрапляеш кожны куток свайго жыльля - у хаце будзе парадак і супакой. Ёю асвячаюць поле перад сяўбою, вульлі, каб лепш вяліся пчолы.

Сьвятая вада многія гады захоўвае сваю сьвежасьць.
На Вадохрышча прыпадаюць самыя вялікія маразы, пасьля якіх зіма паступова пачынае паварочваць на лета. У народзе кажуць: ''Трашчы, не трашчы - а ўжо па Вадохрышчы’’.

У сераду, 19 лютага, ў царкве сьвятога Кірылы Тураўскага ў Таронта а 10-й гадзіне раніцы адбудзецца Сьвятая Літургія і Вялікае асьвячэньне вады.

Калі ласка, прыходзьце разам зь дзеткамі і роднымі. І не забудзьцеся прынесьці з сабою пустую бутэльку для сьвятой вады.

Сьвяточнага Вам настрою!
Comments