Сьвяткаваньне дня нарозінаў Марыі Ганько

posted Oct 18, 2010, 11:52 AM by Belarusian Church
Сёньня на Прэстан авеню, што ў Скарбара, незвычайнае ажыўленьне. Аўта пад'яджаюць адна за другой. І людзі зь іх выходзяць незвычайна прыгожыя, з прасьветленымі тварамі. Цёплыя прывітаньні, цырымонныя пацалункі, усьмешкі. Але самае прывабнае й прыемнае - шмат хто з іх у найпрыгажэйшых і разнастайных беларускіх уборах. І нават дьзьвюх аднолькавых ня бачна... 


Спадарства з прыглушаным гоманам павольна накіроўваецца да хаціны пад нумарам 43. Першае, што сустракае незвычайнага для гэтае звычайнае канадыйскае вуліцы экіпіраваны гурт асобаў, - вялікі бел-чырвона-белы сьцяг, што зьвісае ад столі да самае падлогі веранды. Людзі падымаюцца па прыступках, адчыняюцца дзьверы ў хату і...хваля чалавечых пачуцьцяў абрынаецца на сталую кабету ў чырвонай камізэльцы. 


...Спадарыня Марыля Ганько ў дзень сваіх народзінаў сустракала гасьцей у сваёй хаце. Сёньня ейны юбілей, і шмат хто пажадаў павіншаваць нашую Марылю персанальна, выказаць добрыя словы Жанчыне. Так, менавіта Жанчыне з вялікае літары. 

Букет найпрыгаэжэйшых ружаў, зладжаны ў выглядзе бел-чырвона-белага сьцяга, прыгожы торт, прэзэнты й прэзэнцікі . Гучала ''Доўгія Лета!'', ''Сто лят!''. 


Спадарыня Марыля квітнела. Цёпла павіншавала яе сваім вершам вядомая беларуская пісьменьніца сп. Вольга Іпатава. 


Ранняя вясна. Цвітуць суніцы.
У дварах таронцкіх кветкі спрэс.
Ды часцей, відаць, Марыі сніцца,
Як цвіце каля Вілейкі бэз.

Ды і тут ўжо даўно радзіма...
І лятуць гады, нібы чмялі.
І каханы - той, што стаў адзіным – 
Спіць навечна ў гэтае зямлі.

У Марыі рукі залатыя,
І анёлы ў душы пяюць.
Сто гадоў, спадарыня Марыя,
Зычым Вам сягоння.
We love you! 

Прамова пра шлях імяніньніцы да Канады зь віншаваньнем ад імя Галоўнае ўправы Згуртаваньня беларусаў Канады й Рады Парафіі Сьв. Кірылы Тураўскага, з таксама жартоўнай вершаванай заключнай часткай расчулілі спадарыню Марылю да сьлёз. Яна ўжо адно й магла, што паўтарала: ''Дзякуй усім, вялікі вам дзякуй, даражэнькія...'' 


А потым былі жывыя беларускія сьпевы ў выкананьні Валянціны Шаўчэнкі. Ёй дапамагалі ўсе, хто здольны. А здольнымі аказаліся ўсе, хто знаходзіўся ў той час ва ўтульнай хатцы Ганькоў. Дарэчы, намаганьнямі Сяржука Паўзуна былі падабраныя сьпевы, пакладзеныя на кружэлкі, і набыты ДВД плэер, і усё тое было прэзэнтавана спадарыні Марылі, каб яна мела магчымасьць цешыцца такімі мілымі ейнаму сэрцу беларускімі мелёдыямі і фільмамі. 

Як і бывае ў такіх выпадках, пасьля афіцыйнае частцы госьці былі запрошаныя да гаспадарскага стала. Ну а які ж стол бяз чаркі! Добрыя тосты, смачны торт... 


Беларуская гамонка ў хаце, дзе ўсё дыхае беларушчынай, доўжылася яшчэ даволі працяглы час. 

Вялікая падзяка ўсім, хто спрычыніўся да наладжваньня такога цудоўнага сьвята для Гаспадыні хаткі з адрасам 43 Прэстан авеню. 


Алесь Кот, 
Таронта, 
Вясна, 2010 
Comments