Шаноўныя вернікі! У суботу, 2 чэрвеня, праваслаўныя хрысціяне адзначаюць Траецкую бацькоўскую суботу. Традыцыя шанаваць у гэты дзень продкаў ідзе з даўніх часоў. У нашай царкве сьвятога Кірылы Тураўскага ў Таронце а 10-й гадзіне раніцы адбудзецца памінальная літургія і паніхіда. Калі Вы ня маеце магчымасьці прыйсьці – можаце патэлефанаваць па нумару:416-530-1025 і замовіць памінаньне імёнаў памерлых. У нядзелю - Тройца. А ў народзе сьвята называюць Сёмухай, бо гэта сёмая нядзеля пасьля Вялікадня, альбо Пяцідзесятніцай - пяцідзесяты дзень пасьля Ўваскрасеньня Хрыста. Бог Айцец паслаў Свайго Сына, Ісуса Хрыста, на зямлю дзеля навучэньня і асвячэньня, каб паказаць людзям шлях да вечнага выратаваньня. Бог Сьвяты Дух сыйшоў на апосталаў, а празь іх - на кожнага з людзей. Супольнасьць людзей, у якім прысутнічае Сьвяты Дух, ёсьць Царква. Кожны праваслаўны моліцца: “У імя Айца і Сына, і Духа Сьвятога ...”. Акрамя таго, у гэты дзень Бог даў апосталам магчымасьць гаварыць на розных мовах. Дзень Сьвятой Тройцы - адзін з самых блізкіх беларускім людзям хрысьціянскіх сьвятаў. Да гэтага часу канчаткова прачынаецца прырода, пасля доўгай зімы пачынаецца новае, паўнавартаснае і паўнакроўнае жыцьцё. Зялёны колер - сімвал абнаўлення, сімвал пачатку. На Сёмуху прыйнята ўпрыгожваць храмы і хаты галінкамі дрэваў, травою і кветкамі. Пасьля сьвяточнай Багаслужбы ў нядзелю, 3 чэрвеня, Ўладыка Сьвятаслаў запрашае ўсіх у нядзельную школу. Мы зможам паслухаць і задаць пытаньні пра царкоўныя звычаі, каноны, сьвяты. Прыходзьце, калі ласка, зь дзеткамі, сябрамі і знаёмымі. Таронта, 2012 |
Царква Сьвятога Кірылы Тураўскага ў Таронта / Parish of St. Kiryla of Turau > Навіны Парахвіі Сьвятога Кірылы Тураўскага ў Таронта > Таронта Навіны Парахвіі Поўныя >