3 лістапада 2013года ў Беларускім Грамадзка-Рэлігійным Цэнтары Таронта адбылося сьвяткаваньне Дзядоў. Пасьля Богаслужбы, праведзенай у царкве Сьвятога Кірылы Тураўскага пад кіраўніцтвам Першаярарха БАПЦ архіяпіскапа Сьвятаслава, у актавай залі Цэнтару адбыўся сход беларускае грамадзкасьці з нагоды 25 год падзеяў 1988 году. З расповедам на тэму ''Курапаты - Беларускі Народны Фронт - Незалежнасьць'' выступіў сакратар Парафіяльнае Рады Алесь Кот. Прамоўца яскрава высьвятліў і драматызм барацьбы за адкрыцьцё беларускай і сусьветнай грамадзкасьці праўды пра Курапаты , і супрацьстаяньне падчас закладваньня БНФ на сходзе ў Чырвоным касьцёле 19 кастрычніка , і асабліва трагізм сітуацыі на Дзяды 30 кастрычніка, калі беларусы ўпершынню ў сваёй найноўшай гісторыі сутыкнуліся з прамаскоўскай камуністычнай сыстэмай і атрымалі маральна-псіхалягічную перамогу. Вызначана роля Васіля Быкава і Зянона Пазьняка ў распачынаньні народнага руху за Адраджэньне і Незалежнасьць Беларусі. Таксама узгадана пра наведваньне Курапатаў у 1994 годзе прэзідэнтам ЗША Білам Клінтанам і ягонай сустрэчы са Старшынём БНФ Зянонам Пазьняком, пра абарону Народнага Мемарыялу сябрамі КХП-БНФ сёньня. Старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі Акадэміі навук Беларусі (у мінулым) кандыдат гістарычных навук Галіна Сяргеева спынілася на выніках і гістарычным вызначэньні дзейнасьці Беларускага Народнага Фронту ''Адраджэньне'', на палітычных дасягненьнях першае рэальнае апазіцыі той таталітарнай сыстэме ўлады, што панавала ў Беларусі па-за Саветамі і працягвае сваё панаваньне й па сёньняшні дзень, мімікраваўшыся ў форму аднаасобнае дыктатуры. Удзельнікам сходу былі прадэманстраваны некаторыя дакумэнты тых часоў, прэзентаваны шэраг кніг выдавецтва ''Беларускія Ведамасьці'', Варшава - Нью Ёрк - Вільня. Кожны прысутны атрымаў копію артыкула Зянона Пазьняка і Аўгена Шмыгалёва ''Курапаты - дарога сьмерці''. Ізноў сталася агучанай неабходнась не забывацца пра гісторыю Бацькаўшчыны, раз за разам узгадваць пра яе вызначальныя этапы, падзеі, асобаў. Бо, калі праўду не казаць, праўда зьнікне. Алесь Кот |
Царква Сьвятога Кірылы Тураўскага ў Таронта / Parish of St. Kiryla of Turau > Навіны Парахвіі Сьвятога Кірылы Тураўскага ў Таронта > Таронта Навіны Парахвіі Поўныя >