Дарагія сябры! 6 лістапада ў праваслаўнай Беларусі сьвята – Дзяды, альбо, як кажуць у народзе, Асяніны. У беларусаў Восеньскiя Дзяды - свята асаблівае, сямейнае. У гэты дзень памінаюць ўсіх продкаў, незалежна ад іх месца пахаваньня. З даўніх часоў у многіх раёнах Беларусі засталася традыцыя перад Дзядамі чыста прыбіраць хаты, мыцца ў лазні, рыхтаваць розныя рытуальныя стравы, якіх павінна быць ня меньш, як 7. Пасьля малітвы запрашаюць усіх продкаў на вячэру. Перад вячэрай у хаце адкрываюцца дзьверы, каб продкі маглі заходзіць і садзіцца за стол. Кожнай стравай дзеляцца зь дзядамі. Урачыстая памінальная вячэра доўжыцца даволі доўга, усе паводзяць сябе стрымана. Як лічылі раней, продкі ў гэты дзень прыходзяць, каб паглядзець, ці дастойна мы жывем, працягваем свой род. За сталом людзі дзеляцца добрымі ўспамінамі пра сваіх продкаў, пра іх мудрасьць, тыя ўчынкі, якімі можа ганарыцца не адно пакаленне гэтага роду. Так робіцца кожны год, так перадаецца інфармацыя дзецям, каб не забывалі сваіх каранёў, каб помнілі гісторыю свайго роду, каб ганарыліся ёю. У гэтую суботу ў нашай Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царкве Сьвятога Кірылы Тураўскага адбудзецца Багаслужба. Малебен па нашых продках адслужыць япіскап Наваградзкі і Паўночна-Амэрыканскі Сьвятаслаў. Прыходзьце, калі ласка, а 5-й гадзіне вечара разам зь дзеткамі і ўсімі роднымі людзьмі. Падчас Багаслужбы Ўладыка зачытае імёны ўсіх, каго Вы запісалі ў памінальную кніжку. Калі Вы ня зможаце прыйсьці – тэлефануйце, калі ласка, па нумару 416-530-1025, і Ўладыка Сьвятаслаў памоліцца за Вашых родных, што адыйшлі ў вечнасьць. А ў нядзелю, як заўсёды, Багаслужба пачынаецца а 10-й гадзіне раніцы. Шчасьця Вам! Рада парафіі Сьвятога Кірылы Тураўскага. Таронта, 2010 |
Царква Сьвятога Кірылы Тураўскага ў Таронта / Parish of St. Kiryla of Turau > Навіны Парахвіі Сьвятога Кірылы Тураўскага ў Таронта > Таронта Навіны Парахвіі Поўныя >